#Article 1: Менск (4815 words)


Менск — сталіца і найбольшае места Беларусі, на рацэ Сьвіслачы пры ўтоку ў яе ракі Нямігі. Адміністрацыйны цэнтар Менскай вобласьці і Менскага раёну, аднак не ўваходзіць у іх склад. Геаграфічныя каардынаты (нулявы кілямэтар): 53° 54' 8 пн. ш., 27° 33' 41 у. д. Плошча 348,85 км². Насельніцтва на 2020 год — 2 020 600 чалавек. Знаходзіцца за 70 км на паўночны захад ад геаграфічнага цэнтру Беларусі. Вузел чыгунак на Берасьце, Вільню, Гомель, Маскву, аўтамабільных дарог на Воршу, Віцебск, Лагойск, Маладэчна, Ашмяны, Берасьце, Слуцак, Гомель, Магілёў і іншыя.

Менск — даўняе маґдэбурскае места і цэнтар гістарычнага рэґіёну. Належыць да ліку старадаўніх местаў Усходняй Эўропы. Сталіца ўдзельнага княства, найбольшага ў Вялікім Княстве Літоўскім ваяводзтва і Беларускай Народнай Рэспублікі. У наш час палітычны, эканамічны, сацыяльны, культурны і навуковы цэнтар Беларусі. Тут захаваліся падмуркі старажытнай царквы на Замчышчы, царква Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла, комплекс жаночага і мужчынскага базылянскіх манастыроў Сьвятога Духа, Траецкі манастыр базылянак, комплексы кляштараў бэрнардынак з касьцёлам Зьвеставаньня Найсьвяцейшай Панны Марыі і бэрнардынаў з касьцёлам Сьвятога Язэпа (абодва ў стылі віленскага барока), фраґмэнты езуіцкага калеґіюму і касьцёл Імя Найсьвяцейшай Панны Марыі, забудова Траецкага і Ракаўскага прадмесьцяў, гасьціны двор, палацы Празьдзецкіх і Ваньковічаў, помнікі архітэктуры XII—XIX стагодзьдзяў. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаліся меская ратуша (адноўлена), кляштарныя комплексы францішканаў з касьцёлам Сьвятога Антонія, кармэлітаў з касьцёлам Сьвятой Марыі Магдалены і баніфратаў з касьцёлам Сьвятога Яна, помнікі архітэктуры XVI—XIX стагодзьдзяў, зруйнаваныя расейскімі ўладамі. Значную частку мясцовых славутасьцяў зьнішчылі за савецкімі часам: забудову і культурны пласт замка, царкву Сьвятога Духа (рэнэсанс, адноўлена на захаваных падмурках), кляштарныя комплексы бэнэдыктынак з касьцёлам Сьвятога Войцеха (віленскага барока) і дамініканаў з касьцёлам Сьвятога Тамаша Аквінскага, вежу і большую частку езуіцкага калегіюму, Халодную сынагогу (ґотыка), палацы Радзівілаў і Сапегаў, Юбілейную капліцу, забудову вуліцы Нямігі, помнікі гісторыі і архітэктуры XI—XIX стагодзьдзяў.

На думку большасьці сучасных дасьледнікаў, тапонім Менск утварыўся ад назвы невялікай ракі Менкі (Мені, Мены) паводле найбольш старажытнай мадэлі — уласная назва ракі + суфікс -ск. Увогуле, у айканіміі этнічных беларускіх зямель суфікс -ск (-цак) ёсьць глыбока традыцыйнай рэліктавай зьявай, якая падкрэсьлівае самабытнасьць беларускага народа і старажытнасьць тэрыторыі яго расьсяленьня. Такі суфікс адзначаецца з IX—X стагодзьдзяў, у тым ліку ў назвах двух найстаражытнейшых местаў Полацку і Смаленску, засьведчаных летапісамі пад 862 і 863 гадамі. Звыш паловы гарадоў з назвамі на -ск, памянёных у летапісах XI стагодзьдзя, прыпадае менавіта на зону фармаваньня беларусаў, дзе гэты суфікс выяўляе прадуктыўнасьць і ў наступныя стагодзьдзі. Кожнае трэцяе беларускае места зь ліку занесеных у «Сьпіс рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх» канца XIV стагодзьдзя сканчаецца на -ск (-цак).

Назва ракі Менкі, відаць, мае балцкае паходжаньне (магчыма, мае зьвязкі зь летувіскім menkos — 'невялікі, слабы, неглыбокі'). Таксама выказвалася думка, што назва ракі ўтварылася ад слова мень, якое азначае рыбу мянтуз або іншыя гладкія і сьлізістыя рыбы.

Іншыя меркаваньні існавалі і пра паходжаньне назвы места. Паводле першага зь іх, яна ўтварылася ад слова мяняць (абмен, мена). Аднак тагачасны гандаль ня меў такіх маштабаў, каб даць імя замку, збудаванаму ў 1063 годзе і ўпершыню памянёнаму пад 1067 годам. Апроч таго, аддзеяслоўныя назоўнікі з асновай «мяняць» у тапаніміцы не сустракаюцца. Яшчэ адна вэрсія грунтавалася на народным паданьні, паводле якога заснавальнікам Менску быў вядзьмар-асілак Мянеск, што збудаваў на месцы цяперашняга места свой млын, дзе малоў муку з каменьня. На гэтай падставе выказвалася думка, што імя Мянеска і такім чынам назва места мае зьвязак з індаэўрапейскім этымонам *men — «мяць, расьціраць», што адпавядае асноўным функцыям Мянеска ў паданьні. Аднак само паданьне (як і іншыя падобныя паданьні) зьявілася пазьней за заснаваньне места як спроба тлумачэньня яго назвы, таму імя Мянеск ёсьць другасным да назвы Менску. Тым часам наяўнасьць у мянескавым млыне сямі колаў, разьмешчаных паміж правым і левым берагам Сьвіслачы, знаходзіць выразныя паралелі ў беларускім фальклёрным матэрыяле.

Традыцыйная гістарычная назва места — Менск, цяперашняя афіцыйная — Мінск. У нарматыўным даведніку «Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь» традыцыйная гістарычная назва Менск фіксуецца як варыянтная. Гэта значыць, што пры жаданьні мясцовых жыхароў і ўладаў яна можа стаць нарматыўнай.

У Іпацьеўскім летапісе места ўпамінаецца пад 1067 годам пад назвамі Мѣньск, Мѣнескь. У пазьнейшым Радзівілаўскім летапісе назвы Меньск і Менеск пішуцца бязь яць, праз «е». З канца XV ст. зьяўляецца назва Менск бязь мяккага знаку. Аднак яшчэ ў XVI—XVII стагодзьдзях працягвала шырока выкарыстоўвацца форма Менеск. У ліставаньні 1656 году менскага ваяводы Фёдара Арсеньева з маскоўскім гаспадаром Аляксеем Міхайлавічам на адной старонцы граматы словы Менеск, Менск, Менскага сустракаюцца 18 разоў і ніводнага разу Мінск. У дзьвюх адпісках таго ж ваяводы назвы тыпу Менеск, Менск, Менского пов (ету) сустракаюцца 12 разоў і толькі аднойчы напісана Мінской пов. У адпісцы ваяводы Якаўлева 1657 году датычна сойміка менскай шляхты таксама выкарыстоўваюцца толькі форма Менск. Адсюль вынікае, што беларуская шляхта карысталася толькі гэтай назвай. У Баркулабаўскім летапісы места ўпамінаецца 6 разоў, зь якіх 5 — у форме Менск і адзін Мінск.

Увогуле, першую фіксацыю назвы Мінск (Mynsko) дасьледнікі адзначаюць у лацінамоўнай канцылярскай кнізе пад 1502 годам. Пазьней у польскамоўных дакумэнтах XVІ—XVІІ стагодзьдзяў усё часьцей ужываецца транскрыпцыя Minsk. Прафэсар катэдры беларускай філялёґіі Варшаўскага ўнівэрсытэту А. Абрэмска-Яблоньска пераканаўча паказала, што назва Мінск зьявілася пад уплывам польскага Мінска Мазавецкага на грунце польскай адміністрацыйнай і моўнай экспансіі. Цалкам форма Мінск (Міньск) замяняе Менск у афіцыйных дакумэнтах толькі ў XVIII ст. разам з выцісканьнем старабеларускай мовы з афіцыйнага дзяржаўнага ўжытку. З гэтых жа польскіх дакумэнтаў і мапаў па падзелах Рэчы Паспалітай яе мэханічна перанесьлі ў расейскія дакумэнты і мапы.

У канцы XVІІІ ст. напісаньне Мінск трывала замацавалася ў афіцыйных расейскамоўных дакумэнтах, у той жа час у народнай гаворцы ўжывалася толькі форма Менск. Гэты факт засьведчылі этноґраф Павал Шпілеўскі ў нататках пра свае падарожжы і гісторык Аляксандар Ельскі ў Ґеаґрафічным слоўніку Каралеўства Польскага і іншых славянскіх краёў, выдадзеным у 1885 годзе. З 1916 году ў асяродзьдзі праґрэсіўнай беларускай інтэліґенцыі замацавалася назва Менск Беларускі. Яна захоўвалася ў часы нямецкай і польскай акупацыяў, выкарыстоўвалася ў дакумэнтах эміґрацыйных беларускіх урадаў.

Традыцыйную гістарычную назву Менск прынялі ў Беларускай Народнай Рэспубліцы, гэтая назва выкарыстоўвалася ў дзяржаўных дакумэнтах. У Беларускай ССР яна стала нарматыўнай і выкарыстоўвалася ва ўсіх афіцыйных дакумэнтах, а таксама на дзяржаўным радыё. У 1930-я гады назву Менск ужывалі паўсюдна ў Беларусі, яна была звыклай і натуральнай жыхарам рэспублікі.

Дакладная дата заснаваньня Менску невядомая. Паводле археаляґічных зьвестак, найбольш старажытныя паселішчы на тэрыторыі сучаснага места існавалі яшчэ ў IX ст., калі даліну ракі Сьвіслачы засялялі плямёны крывічоў і дрыгавічоў. Каля 980 году гэтая тэрыторыя ўвайшла ў склад Полацкага княства.

Першы пісьмовы ўпамін пра Менск датуецца 1067 годам і зьмяшчаецца ў Аповесьці мінулых часоў, калі злучаныя войскі князёў Яраславічаў (кіеўскага — Ізяслава, пераяслаўскага — Сьвятаслава і чарнігаўскага — Усевалада) спалілі горад у час вайны з Усяславам Полацкім. Месца і час узьнікненьня Менску ў наш час выклікаюць дыскусіі: адныя дасьледнікі (А. Ясінскі, Г. Штыхаў і інш.) лічаць, што горад утварыўся яшчэ ў даславянскія часы на рацэ Менцы, за 16 км на захад ад сучаснага цэнтру места, дзе захаваўся комплекс археаляґічных помнікаў, і быў перанесены на цяперашняе месца па 1085 годзе, калі яго ў другі раз спалілі кіеўскія войскі. На думку іншых дасьледнікаў, дзяцінец (пазьней Менскі замак) збудавалі на правым беразе ракі Сьвіслачы пры ўтоку ў яе ракі Нямігі напярэдадні падзеяў 1067 году дзеля абароны паўднёвых межаў Полацкага княства.

У канцы XI — пачатку XII стагодзьдзяў Менск стаў сталіцай удзельнага княства. Першым князем менскім быў Глеб Усяславіч, потым княствам валодалі ягоныя нашчадкі Глебавічы. У 1116 годзе Менск вытрымаў амаль 2-месячную аблогу войскаў кіеўскага князя Ўладзімера Манамаха, але ў 1119 годзе горад захапілі і далучылі да Кіева. Князя Глеба Ўсяславіча зьняволілі ў кіеўскай вязьніцы, дзе ён і памёр. Зь сярэдзіны XII ст. Менск зноў стаў сталіцай незалежнага княства, менскія князі вялі барацьбу за геґемонію ў Полацкай зямлі і неаднакроць займалі полацкі сталец. Палітычнае ўзвышэньне і зручнае ґеаґрафічнае становішча спрыялі эканамічнаму росту Менску і яго пераўтварэньню ў рамесна-гандлёва цэнтар.

У XIII ст. узмацніліся зьвязкі Менскага княства з Наваградкам, пазьней — зь Вільняй і Трокамі. Зь сярэдзіны 1240-х гадоў, на запрашэньне мясцовых баяраў, у Наваградку пачаў княжыць Міндоўг, што паспрыяла ўтварэньню Вялікага Княства Літоўскага. Пад 1326 годам упамінаецца, што ў Ноўгарадзе ў складзе пасольства вялікага князя літоўскага Гедыміна быў князь менскі Васіль. У грамаце 1387 году Менск выступае другім (пасьля Полацку) вялікім местам у цэнтральнай і ўсходняй частках сучаснай Беларусі. У 1390 годзе вялікі князь Ягайла заснаваў на Траецкай Гары першы касьцёл. Паводле дакумэнтаў канца XVI ст., у Менску таксама было 10 прыходзкіх цэркваў і 4—5 манастырскіх.

У 1505 годзе Менск захапілі і спалілі крымскія татары, ацалеў толькі замак. У 1508 годзе ў час бунта М. Глінскага Менск вытрымаў амаль месячную аблогу, пазьней ваколіцы места 3—4 разы спусташалі маскоўскія войскі (апошні ў 1519 годзе). У 1547 годзе вялізны пажар зьнішчыў Менскі замак і амаль усё места, вынікам чаго сталася пераплянаваньне Менску зь пераносам мескага цэнтру на Новае, або Высокае Места. У сярэдзіне XVI ст. у месьце было 300 двароў, 35 вуліцаў і завулкаў. У 1564 годзе ў Менску ўзьнікла кальвінісцкая супольнасьць. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў места стала сталіцай Менскага ваяводзтва, найбольшага ў Вялікім Княстве Літоўскім. У склад ваяводзтва ўваходзілі 60 местаў і мястэчак.

У вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай 3 ліпеня 1655 году Менск захапіла маскоўскае войска. За наступныя чатыры гады акупацыі места вельмі моцна пацярпела ад рабаваньняў і амаль спусьцела. У 1656 годзе поп Маскоўскага патрыярхату Іван, які ў гэты час быў у Менску, напісаў ліст свайму гаспадару Аляксею Міхайлавічу, у якім прасіў грошай, а таксама засьведчыў, што акупацыйная маскоўская залога:

У 1697 годзе Менск моцна пацярпеў ад пажару. За часамі Вялікай Паўночнай вайны (1700—1721) празь места некалькі разоў у 1706—1708 і 1720 гадох праходзілі расейскія і швэдзкія войскі. У 1708 годзе ў Менску была маравая пошасьць і вялікі пажар. Нават у сярэдзіне XVIII ст. гэтыя падзеі адбіваліся на ўзроўні сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця места.

У 1713 годзе рэзыдэнцыя езуітаў у Менску атрымала статус калегіюму — навучальнай установы, што давала адукацыю на ўзроўні гуманітарнага ўнівэрсытэту. У 1749 годзе побач зь езуіцкім касьцёлам збудавалі аптэку зь лябараторыяй (першая меская аптэка адкрылася яшчэ ў 1659 годзе). Па скасаваньні ордэна езуітаў у 1773 годзе, калегіюм пераўтварылі ў сьвецкую навучальную ўстанову — Менскую гімназію. На 1775 год у Менску было больш за 400 двароў (у канцы XVIII ст. — да 1000 двароў), на 1790 год — больш за 40 вуліцаў і завулкаў. У 1783 годзе зьявіўся першы плян забудовы места. Згодна з пастановай магістрату 1786 году, на ўсіх будынках ўсталявалі нумары. У 1791 годзе ў Менску адкрыўся шпіталь войска Вялікага Княства Літоўскага. У 1790-я гады ў месьце было 89 крамаў, штогод праводзіліся 2 кірмашы, якія цягнуліся каля 2 тыдняў. У канцы XVIII ст. у Менску пачалі выступаць прафэсійныя тэатральныя калектывы (у 1825 годзе пад мескі тэатар адмыслова адрэстаўравалі палац Радзівілаў на Высокім Рынку).

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Менск апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе стаў адміністрацыйным цэнтрам Менскай губэрні. 14 траўня 1795 году расейскія ўлады скасавалі Магдэбурскае права, а 29 сьнежня 1796 году — даравалі месту новы герб зь дзьвюхгаловым арлом.

У 1793 годзе ўтварылася Менская япархія Маскоўскага патрыярхату, 28 студзеня 1798 году — Менская дыяцэзія Рымска-Каталіцкай царквы, адкрылася каталіцкая духоўная сэмінарыя (дзейнічала да 1869 году). У 1799 годзе ў месьце зьявілася першая муніцыпальная лякарня. На 1800 год у Менску было 1009 дамоў, зь іх 39 мураваных. У 1803 годзе ўтварыўся аркестар, які выступаў з публічнымі канцэртамі ў мескім парку, а ў сьвяточныя дні — на галерэі ратушы.

У вайну 1812 году 8 ліпеня ў Менск увайшлі францускія войскі. 27 ліпеня места стала цэнтрам дэпартамэнту адноўленага Напалеонам Вялікага Княства Літоўскага. Адміністрацыйная рада Менскага дэпартамэнту наладзіла выпуск першай мескай газэты «Тымчасовая газэта Менская» (). 16 лістапада места зноў занялі расейскія войскі.

У 1839 годзе, нягледзячы на гвалт з боку ўладаў Расейскай імпэрыі, прадстаўнікі менскіх уніятаў адмовіліся далучацца да Маскоўскага патрыярхату. 9 лютага 1852 году, нягледзячы на забарону расейскіх уладаў, на сцэне Менскага мескага тэатру адбылася прэм’ера першай беларускамоўнай опэры «Ідылія» на музыку С. Манюшкі і К. Крыжаноўскага, лібрэта напісаў В. Дунін-Марцінкевіч. У 1857 годзе на загад расейскага цара Мікалая I у Менску зьнішчылі будынак мескай ратушы і прылеглы да яе сквэр зь векавых пірамідальных таполяў. Паводле ўспамінаў відавочцаў, ратушу зруйнавалі з наступнай прычыны:

У 1863—1870 гадох у зьвязку з нацыянальна-вызвольным паўстаньнем царскія ўлады ўвялі ў Менску ваеннае становішча. Нягледзячы на гэта, месьцічы ўзялі актыўны ўдзел у выступленьні. У 1866 годзе па здушэньні паўстаньня расейскія ўлады перайменавалі большасьць цэнтральных вуліцаў Менску (агулам 17 назваў), што зьявілася шараговым захадам царызму ў палітыцы маскалізацыі беларусаў і змаганьні з нацыянальна-вызвольным рухам. Іншым кірункам гэтай палітыкі стала руйнаваньне расейскімі ўладамі помнікаў сакральнай архітэктуры: у 2-й палове XIX ст. яны зьнішчылі мураваныя касьцёлы баніфратаў, кармэлітаў і францішканаў, зьнявечылі касьцёлы бэрнардынаў і дамініканаў, перабудавалі ў маскоўскім стылі Духаўскую і Петрапаўлаўскую цэрквы.

У 1871 годзе празь Менск прайшла чыгунка Варшава — Масква. У 1873 годзе пачаў дзейнічаць Менскі камэрцыйны банк, у месьце зьявіўся водаправод. У 1890 годзе ў Менску наладзілі тэлефонную сувязь, а з 1896 году пачала дзейнічаць першая на Беларусі тэлефонная станцыя агульнага карыстаньня. 10 траўня 1892 году адбылося ўрачыстае адкрыцьцё конкі — першага мескага грамадзкага транспарту. У 1895 годзе ў Менску адкрылася мэтэастанцыя, а 12 студзеня 1895 году — электрастанцыя. 26 верасьня 1891 году ў Мескім садзе адбыўся палёт аэранаўта Драўніцкага на паветраным шары і ягоны спуск на парашуце ўласнага вырабу. На 1897 год у Менску было 7476 будынкаў, зь іх 2110 мураваных, 140 вуліцаў і завулкаў; дзейнічалі 18 сакральных будынкаў.

У 1870—1880-я гады ў Менску дзейнічалі народніцкія гурткі. 7 красавіка 1876 году адбыўся страйк працоўных чыгуначных майстэрняў, першы ў Менску. 28 траўня 1889 году ў газэце «Минскій листокъ» упершыню надрукавалі беларускую паэму «Тарас на Парнасе». У 1898 годзе ў месьце адбыўся першы зьезд РСДРП, у 1900 годзе ўтварылася Сацыял-дэмакратыя Каралеўства Польскага і Літвы. 18 студзеня 1900 году адбылася першая ў Менску вулічная дэманстрацыя працоўных. У час рэвалюцыі 1905 году 16 лютага адбылася палітычная дэманстрацыя і страйк навучэнцаў сярэдніх навучальных установаў; 18 кастрычніка царскія ўлады расстралялі мітынг на Прывакзальным пляцы (Курлоўскі расстрэл); 8 сьнежня адбыўся ўсеагульны страйк у Менску. 1 сьнежня 1906 году ў Менску ўтварылася беларускае кніжнае аб’яднаньне «Мінчук».

За часамі Першай сусьветнай вайны ў 1915 годзе Менск стаў прыфрантавым местам. Дзейнічаў Менскі аддзел Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны. Па Лютаўскай рэвалюцыі 1917 году тут утварыўся Менскі Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў. У красавіку — ліпені ў Менску адбыліся зьезды беларускіх нацыянальных арганізацыяў, беларускіх нацыянальных арганізацыяў і партыяў. 20 красавіка (3 траўня) 1917 году жыхары места ўпершыню змаглі ўрачыста адзначыць гадавіну прыняцьця Канстытуцыі 3 траўня.

У лістападзе 1917 году ў Менску ўтварыўся каардынацыйны цэнтар беларускага нацыянальна-вызвольнага руху — Вялікая беларуская рада. 5 сьнежня ў месьце распачаўся Першы Ўсебеларускі кангрэс. У ноч з 17 на 18 сьнежня (паводле старога стылю) бальшавікі разагналі зьезд. 18 сьнежня дэлегаты Рады Ўсебеларускага кангрэсу, у складзе 56 чалавек на чале зь Язэпам Лёсікам, патаемна сабраліся ў чыгуначным дэпо пад аховай рабочай дружыны і пастанавілі падпарадкаваць сабе Цэнтральную Беларускую Вайсковую Раду (ЦБВР), а таксама выдзелілі з свайго складу кіроўны орган — Выканаўчы Камітэт Рады Ўсебеларускага кангрэсу. Ён стаў юрыдычным і маральным пераемнікам усёй улады, якая належала Першаму Ўсебеларускаму кангрэсу. Выканкам Усебеларускага кангрэсу атрымаў даручэньне, як толькі будзе магчымым, узяць уладу на Беларусі ў свае рукі і рыхтавацца да гэтага вырашальнага моманту.

У 1936 годзе савецкія ўлады ўзарвалі Духаўскую царкву, унікальны помнік архітэктуры эпохі Рэнэсансу. У 1937—1941 гадох ува ўрочышчы Курапатах, што непадалёк ад Менску, бальшавікі-сталіністы расстралялі паводле розных ацэнак ад 30 000 да 250 000 (або значна больш) жыхароў Беларусі. Сярод іншага савецкія ўлады фізычна і духоўна зьнішчылі 32 менскія гісторыкі, а іхныя працы выдалілі з навуковых бібліятэк. Увогуле, была поўнасьцю зьніштожаная беларуская гістарычная школа.

У Другую сусьветную вайну з 28 чэрвеня 1941 да 3 ліпеня 1944 году Менск знаходзіўся пад нямецкай акупацыяй. Места было практычна ўшчэнт зруйнаванае агульнымі намаганьнямі нацыстаў і бальшавікоў. Аднак найбольш каштоўныя помнікі архітэктуры Менску савецкія ўлады зьнішчылі ў паваенныя часы: у 1950 годзе яны ўзарвалі дамініканскія касьцёл і кляштар, на аднаўленьне якіх напярэдадні атрымалі кантрыбуцыю ад Нямеччыны, у 1951 годзе — зьнявечылі езуіцкі касьцёл і зьнішчылі частку калегіюму зь вежай, у 1950-я гады скапалі замкавую гару і вывезьлі яе за межы места, у сярэдзіне 1960-х гадоў — зьнішчылі бэнэдыктынскія касьцёл з кляштарам, Халодную сынагогу (адзіны ў Менску помнік архітэктуры готыкі) і забудову вуліцы Нямігі, у 1984 годзе — зьнішчылі будынак першага мескага тэатру (колішні палац Радзівілаў).

У 2004 годзе ў Менску адбудавалі зруйнаваную расейскімі ўладамі ратушу, у 2011 годзе — зруйнаваную савецкімі ўладамі царкву Сьвятога Духа.

Знаходзіцца на паўднёва-ўсходніх схілах Менскага ўзвышша. Сярэдняя вышыня над узроўнем мора 220 м. Найбольш прыпаднятая частка месьціцца ў раёне Кальварыі. Яе абсалютная вышыня 280,4 м. Найніжэйшая адзнака (181,4 м) знаходзіцца на паўднёвым усходзе места ў абалоне Сьвіслачы ў раёне Чыжоўкі.

Клімат мерна-кантынэнтальны з значным уплывам атлянтычнага марскога паветра (з частымі цыклёнамі). Сярэдняя гадавая тэмпэратура паветра 5,4 °C. Значныя ваганьні сярэдняй тэмпэратуры ў сэзоны: ад −7,3 °C у трэцяй дэкадзе студзеня да +18 °C у другой-трэцяй дэкадах ліпеня. У апошнія час азначылася выразная тэндэнцыя да падвышэньня тэмпэратуры ў зімовы пэрыяд.

У сярэднім за год выпадае 646 мм ападкаў, зь якіх 1/3 прыпадае на халодны і 2/3 на цёплы пэрыяд. 12% ападкаў — цьвёрдыя, 13% — мяшаныя, 75% — вадкія.

Каля места праходзіць водападзел Балтыйскага і Чорнага мораў. Празь Менск цячэ рака Сьвіслач (прыток ракі Бярэзіны), у якую ў межах места ўпадаюць яшчэ шэсьць невялікіх рэчак. Усе яны належаць да Чарнаморскага вадазбору. Водна-зялёны дыямэтар Менску ўтвараюць вадасховішчы Дразды, Крыніца, Чыжоўскае, Камсамольскае і іншыя, Вялейска-Менская і Сьляпянская водныя сыстэмы.

Рэспубліканскі цэнтар радыяцыйнага кантролю і маніторынгу навакольнага асяродзьдзя кантралюе сярэднія дзённыя канцэнтрацыі цьвёрдых часьцінак РМ-10, дыяксыду азоту, узровень фармальдэгіду, дыяксыду вугляроду, дозы гама-выпраменьваньня. У 2014 годзе выкіды ў паветра сталіцы склалі 185 тыс. тонаў, зь іх 160 тыс. т (звыш 85%) ад транспарту.

Цяперашнія афіцыйныя раёны Менску — штучныя негістарычныя ўтварэньні савецкага часу, межы якіх не супадаюць з гістарычнымі мясцовасьцямі места. Яны маюць безаблічныя (а часам, увогуле, палітызаваныя ў духу расейскай камуністычнай прапаганды) назвы, нададзеныя без уліку мясцовых беларускіх тапанімічных традыцыяў.

У зьвязку з значным павелічэньнем насельніцтва места (218 тыс. чалавек) пастановай ЦВК БССР ад 17 сакавіка 1938 году ўтвараліся Сталінскі (з 2 лістапада 1961 году — Заводзкі), Варашылаўскі (з 2 лістапада — Савецкі) і Кагановіцкі (з 20 ліпеня 1957 году — Кастрычніцкі) раёны. Пазьней колькасьць адміністрацыйных раёнаў узрасла да дзевяці:

Населеныя пункты, што ўвайшлі ў склад Менску: Азярышча (1973), Бараноўшчына (1978), Будзілава (1959), Весьнінка (1974), Вольшава (1959), Весялоўка (1974), Вялікае Сьціклева (1959), Вялікая Сьлепня (1966), Глінішча (1986), Грэбелька (1967), Дворышча (1959—1967), Дражня (1959), Дразды (1978), Зацішша (2 вёскі, 1959—1965), Зялёны Луг (1976), Калёнія (1959), Карзюкі (1972), Козырава (1934), Крупцы (1972), Курасоўшчына (1965), Лошыца-1 (1986), Лошыца-2 (1959), Малая Сьляпянка (1981), Малы Трасьцянец (1992), Маляўкі (1967), Маляўшчына (1969), пасёлак Мірны (1972), Міхалова (1987), Мядзьведжына (1978), Навінкі (2004), Пабалоцьце (1972), Пасёлак птушкафабрыкі імя Крупскай (1974), Піянерская (1972), Пятроўшчына (1978), Сакалянка (1959), Серабранка (1980), Сталовая (1959), Сьляпянка (1959), Траскаўшчына (1978), пасёлак Труд (1959), Уручча (1978), Усход (1962), Чыжоўка (1967), Чырвоная Слабада (1967), Шчотаўка (1959), Шэпічы (1959), Юрэвічы (1959).

Згодна зь перапісам 1999 году, паводле нацыянальнасьці ў Менску было 79,3% беларусаў, 15,7% расейцаў, 2,4% палякаў, 1% украінцаў, 0,6% габрэяў, 0,1% летувісаў, 0,1% татараў, 0,1% цыганаў і іншых. Згодна зь перапісам 2009 году беларусы складалі 79,3%, расейцы — 10%, украінцы — 1,5%, іншыя — 9,2%.

У Менску працуе 818 навучальных установаў — ад дашкольных да вышэйшых. Пад кіраваньнем камітэту па адукацыі Менгарвыканкаму знаходзіцца 760 адукацыйных установаў, у ліку якіх 405 установаў  дашкольнай адукацыі, 27 — прафэсійна-тэхнічнай адукацыі, 24 — пазашкольнай адукацыі і выхаваньня. У сетцы ўстановаў агульнай сярэдняй адукацыі функцыянуе 251 установа, у тым ліку 2 ліцэі, 2 гімназіі-каледжы, 34 гімназіі, 10 пачатковых школаў, 4 школы-садкі, 184 агульнаадукацыйныя школы, 5 школаў-інтэрнатаў, 6 вячэрніх школаў. У 2010—2011 навучальным годзе працавалі 2 беларускамоўныя садкі і 135 дашкольных групаў зь беларускай мовай навучаньня.

Дзеля навучаньня і выхаваньня дзяцей з асаблівасьцямі псыха-фізычнага разьвіцьця існуе дыфэрэнцыяваная сетка ўстановаў і структураў спэцыяльнай адукацыі: 8 спэцыяльных школаў (школаў-інтэрнатаў), 9 Цэнтраў карэкцыйна-разьвівальнага навучаньня і рэабілітацыі, інтэграваныя і спэцыяльныя клясы ў 93-х сярэдніх школах; у 262 дашкольных установах спэцыяльныя групы, пункты карэкцыйна-пэдагагічнай дапамогі і інтэграваныя групы.

З мэтай арганізацыі вольнага часу навучэнцаў і студэнцкай моладзі функцыянуюць 13 раённых цэнтраў пазашкольнай працы, Менскі дзяржаўны палац дзяцей і моладзі, дзяржаўны турыстычна-экалягічны цэнтар, 7 спартовых дзіцяча-юнацкіх школаў алімпійскага рэзэрву, 9 дзіцяча-юнацкіх клюбаў фізычнай падрыхтоўкі.

У Менску працуе 31 вышэйшая і 27 сярэдніх спэцыяльных навучальных установаў. Найбольш пашыранай і запатрабаванай зьяўляецца дзённая форма навучаньня, паводле якой займаецца 2/3 студэнтаў.

У наш час нацыянальная вышэйшая школа рыхтуе адмыслоўцаў у 360 спэцыяльнасьцяў і ў больш за 1000 кірунках і спэцыялізацыях.

Вышэйшыя навучальныя ўстановы (дзяржаўныя):

У Менску знаходзіцца Нацыянальная акадэмія навук Беларусі.

Сыстэма дзяржаўнай аховы здароўя места Менску ў наш час складаецца з 12 стацыянарных лекавых установаў для дарослага насельніцтва, 4 дзіцячых клінічных лякарняў, 9 дыспансэраў, мескага радзільнага дому, 2 цэнтраў рэабілітацыі дзяцей, лякарні паліятыўнага лекаваньня «Хосьпіс», 33 мескіх паліклінік для дарослага насельніцтва, дзьвюх мэдычных амбуляторыяў, 18 дзіцячых паліклінік, кансультатыўна-дыягнастычнага цэнтру, цэнтру плястычнай хірургіі і касмэталёгіі. Стаматалягічнае аблугоўваньне жыхароў ажыцьцяўляецца ў 11 мескіх стаматалягічных паліклініках, мескай дзіцячай стаматалягічнай паліклініцы, ААТ «9-я стаматалягічная паліклініка», УП «Мэдычная ініцыятыва». Апроч таго, стаматалягічную дапамогу атрымліваюць у 16 мескіх дарослых і 12 мескіх дзіцячых паліклініках. На прадпрыемствах і ўва ўстановах места функцыянуюць 13 мэдычных і 161 фэльчарскіх пунктаў здароўя. У 64 амбуляторна-паліклінічных установах функцыянуюць дзённыя стацыянары на 1473 ложкі, у 14 мескіх паліклініках — хатнія стацыянары.

Хуткая і неадкладная дапамога ажыцьцяўляецца сіламі 146 брыгадаў мескай станцыі хуткай мэдычнай дапамогі.

Менск валодае багатай гістарычна-культурнай, духоўнай і інтэлектуальнай спадчынай. Архітэктурныя помнікі, музэі, тэатральна-канцэртная сфэра, разьвітая сетка культурна-асьветніцкіх установаў, плеяда таленавітых, высокапрафэсійных дзеячоў мастацтва складаюць велізарны культурна-творчы патэнцыял, невычэрпныя магчымасьці для разьвіцьця духоўнага жыцьця месьцічаў.

Агулам у сыстэму культуры сталічнага і дзяржаўнага падпарадкаваньня ўваходзяць 12 тэатраў, 120 бібліятэк, 18 музэяў, 36 установаў клюбнага тыпу, 8 вышэйшых і сярэдніх спэцыяльных навучальных установаў, 27 дзіцячых школаў мастацтваў, больш за 10 канцэртных арганізацыяў і самастойных творчых калектываў.

Музэі: Беларускі дзяржаўны музэй гісторыі Вялікай Айчыннай Вайны, Дзяржаўны музэй гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўны літаратурны музэй Янкі Купалы, Дзяржаўны літаратурны музэй Якуба Коласа, Нацыянальны гістарычны музэй Рэспублікі Беларусь, Нацыянальны мастацкі музэй Рэспублікі Беларусь, Менскі літаратурны музэй Максіма Багдановіча, Менскі літаратурны музэй Петруся Броўкі, Менскі мэмарыяльны музэй Заіра Азгура, музэй гісторыі беларускай літаратуры, Менскі музэй сучаснага выяўленчага мастацтва, Менскі музэй гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Менскі музэй гісторыі мэдыцыны, Менскі музэй прыроды і экалёгіі Рэспублікі Беларусь, Музэй ваеннай гісторыі Рэспублікі Беларусь, Менскі музэй Ваньковічаў, Дом-музэй 1-га зьезду РСДРП.

Тэатры: Нацыянальны акадэмічны тэатар імя Янкі Купалы, Нацыянальны акадэмічны тэатар балету Рэспублікі Беларусь, Нацыянальны акадэмічны тэатар опэры Рэспублікі Беларусь, Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатар імя Максіма Горкага, Беларускі дзяржаўны музычны тэатар, Беларускі дзяржаўны тэатар лялек, Беларускі рэспубліканскі тэатар юнага гледача, Менскі малы тэатар, Новы драматычны тэатар, тэатар сатыры і гумару «Хрыстафор», Рэспубліканскі тэатар беларускай драматургіі, тэатар кінаактора, Моладзевы тэатар эстрады, Беларускі паэтычны тэатар аднаго актора «Зьніч», тэатар Беларускага войска.

Кінатэатры: «Аўрора», Аўтакінатэатар, «Беларусь», «Берасьце», Дом Кіно, «Дружба», «Камсамолец», «Кастрычнік», «Кіеў», «Масква», «Мір», «Перамога», «Піянэр», «Ракета», «Салют», «Цэнтральны», «Электрон»

Працуюць: Беларуская дзяржаўная філярмонія, Менскі цырк, кінастудыя «Беларусьфільм», Менскі заапарк. 11 дамоў культуры, 9 палацаў культуры, у тым ліку Палац Рэспублікі. 8 народных тэатраў.

На 2007 год у Менску было 3519 спартовых збудаваньняў, у тым ліку 18 вялікіх стадыёнаў, 664 спартовыя залі, 57 плавальных басэйнаў, 6 манэжаў, 5 спартовых будынкаў са штучным лёдам, 138 стралковых ціраў. У ліку найбольшых: Менскі палац спорту, «Менск-Арэна», палац воднага спорту, футбольны манэж, Менскі лядовы палац спорту, палац тэнісу, стадыёны «Дынама», «Трактар», спартовы аздараўленчы комплекс «Алімпійскі» і інш.

Жыхары Менску маюць доступ да этэрнага, кабэльнага і спадарожнікавага тэлебачаньня. Трансьлююцца нацыянальныя і замежныя тэлеканалы, з апошніх пераважаюць каналы Расейскай Фэдэрацыі. На тэрыторыі места можа весьціся прыём зь некалькіх спадарожнікаў, сярод якіх Astra 1, Hot Bird, Sirius і іншыя.

Працуюць два мясцовыя тэлеканалы: СТВ і 8 канал.

Паводле вынікаў дасьледаваньня якасьці жыцьця, праведзенага ў 215 местах сьвету міжнароднай кампаніяй Мэрсэр — Mercer’s 2008 Quality of Living survey, Менск займае найніжэйшае месца — 183-е.

У 2007 годзе ў сярэднім на аднаго жыхара стала прыпадаць 19 кв.м жылой плошчы, што складала парог здаровага жыльля. У 2012 годзе ў сярэднім на жыхара прыпадала 19,5 кв.м. жылой плошчы.

Першаасновай Менску быў дзядзінец XI ст., што месьціўся ў нізіне, пры ўтоку ракі Нямігі ў Сьвіслач. У першапачатковы пэрыяд на фармаваньне плянавальнай структуры места істотна ўплывала пераважная трасіроўка міжмескіх гандлёвых шляхоў з захаду і паўднёвага захаду (Горадня, Берасьце) на паўночны ўсход (Віцебск, Смаленск). Цэнтрам Менску стаў замак і разьмешчаны паблізу гандлёвы пляц трыкутнай канфігурацыі (Нізкі Рынак). Уздоўж ракі Нямігі, па Няміскім пасадзе праз пляц і далей, на левым беразе Сьвіслачы Траецкай Гарой праходзіла галоўная, найбольш старажытная вуліца. Потым, у XVI ст., у выніку буйнамаштабнага будаўнічага мерапрыемства на суседнім узгорку ўтварыўся новы мескі цэнтар, рэгулярна сплянаваны ўва ўласьцівых эпосе Адраджэньня традыцыях прастакутны пляц (Высокі Рынак). У XVII—XVIII стагодзьдзях умацаваньні места ахоплівалі замак і паўкальцо земляных валоў і равоў з паўднёвага, найбольш слабага боку. У межах Менску канца XVIII ст., нягледзячы на клясыцыстычнае пераплянаваньне, захаваўся агульны характар гістарычнага пляну і абрысы многіх вуліцаў. За яго межамі ў першай палове XIX ст. значная тэрыторыя атрымала новую прастакутную плянавальную сыстэму. У другой палове XIX — пачатку XX стагодзьдзяў на тэрыторыі места фэўдальнай эпохі і, галоўным чынам, за яго межамі інтэнсіўна складвалася капітальная грамадзкая і жылая забудова, якая фармавала цэнтральную частку Менску, разнастайная па сваіх функцыянальных тыпах і мастацкіх асаблівасьцях. Апроч таго, у зьвязку з тэрытарыяльным ростам места ў пэрыяд імклівага разьвіцьця капіталістычных адносінаў узьніклі таксама і пэрыфэрыйныя жылыя і прамысловыя раёны, у тым ліку прадмесьці з драўлянай сядзібнай забудовай. Яшчэ ў 1920—1930-я гады цэнтар Менску ўяўляў сабой цэласнае і буйнамаштабнае гістарычна-будаўнічае ўтварэньне, якое сынтэзавала ў сабе культурную спадчыну розных эпохаў, хаця і тады зьнішчаліся каштоўныя грамадзкія будынкі.

У паваенныя дзесяцігодзьдзі архітэктурнай творчасьці на шкале каштоўнасьцяў культурная спадчына апынулася на апошнім месцы. Як і ўва ўсякім іншым месьце Беларусі, знос каштоўных будынкаў у многім тлумачыўся адвольнымі, малаабгрунтаванымі адносінамі да нацыянальнай архітэктурнай спадчыны, адсутнасьцю ў гэтых выпадках прыватнай уласнасьці на мескую нерухомасьць. Зь вялікай колькасьці помнікаў сакральнай архітэктуры, што існавалі ў XVIII — пачатку XX стагодзьдзяў, да нашага часу зьберагліся толькі адзінкі. Савецкія ўлады ператварылі сэрца места часоў Полацкага княства і станаўленьня Вялікага Княства Літоўскага ў транспартную разьвязку ў некалькіх узроўнях, як наземных, так і падземных, у зьвязку з чым адбылося грунтоўнае зьнішчэньне архітэктурнай спадчыны на паверхні зямлі і археалягічнай — у культурным пласьце.

Мэтады далейшай рэканструкцыі гістарычнага раёну Менску, апроч рэстаўрацыі і прыстасаваньня помнікаў пад розныя ўстановы, новага будаваньня і ўпарадкаваньня мусяць улічваць і неабходнасьць дакумэнтальнага, поўнага ўзнаўленьня страчаных аб’ектаў. Гэта датычыцца ня толькі такіх славутасьцяў, як ратуша і Духаўская царква ў Высокім Месьце, але і звычайных гістарычных будынкаў.

На 2012 год назваў вуліцаў у гонар пісьменьнікаў у Менску было больш, чым ува ўсякім іншым месьце Беларусі.

Да нашага часу з урбананімічнай спадчыны цэнтральнай часткі Менску гістарычныя назвы захавалі вуліцы Залатая Горка, Замкавая, Кальварыйская, Нова- і Старавіленская, Няміга і Ракаўская. 17 сакавіка 2010 году мескія ўлады вярнулі вуліцы Зыбіцкай гістарычную назву як афіцыйную (за расейскім і савецкім панаваньнем — Гандлёвая вуліца).

Менск — найбольшы прамысловы цэнтар Беларусі. Тут знаходзяцца такія буйныя зборачныя прадпрыемствы, як Менскі трактарны завод, што выпускае каля 8—10% ад сусьветнага рынку колавых трактароў, а таксама завод Амкадор — вытворца дарожна-будаўнічай і іншай спэцыялізаванай тэхнікі ды абсталяваньня. Менск — буйны вытворца дарожнай тэхнікі, найбольшыя прадпрыемствы ў гэтай галіне — Менскі аўтамабільны завод, што выпускае вялікагрузную аўтамабільную, аўтобусную, тралейбусную і прычапную тэхніку. Менскі завод колавых цягачоў VOLAT і вытворца дызэльных рухавікоў ММЗ. У пачатку 1990-х гадоў на базе рамонтнага трамвайна-тралейбуснага заводу ўтварылася новае прадпрыемства — «Белкамунмаш», якое цяпер зьяўляецца адным з найбуйнейшых у СНД вытворцаў электратранспарту.
 
Апроч буйных транспартных прадпрыемстваў, існуе шэраг высокатэхнічных прадпрыемстваў, як фабрыка высокадакладнай оптыкі «Цэйс-БелОМА» і лазэраў ЛЭМТ. Вытворца тэлевізійнай тэхнікі «Гарызонт», побытавай тэхнікі «Атлянт» і вадка-крышталічных экранаў ды мікрасхемаў «Інтэграл».

Менск зьяўляецца буйным транспартным цэнтрам. Пасажыраперавозкі забясьпечваюцца разьвітай сеткай грамадзкага транспарту. Таксама Менск зьяўляецца найбольшым транспартным вузлом Беларусі. Ён разьмяшчаецца на скрыжаваньні транспартных калідораў, якія злучаюць Расею з Польшчай і Ўкраіну ў Прыбалтыкай. На Менск прыпадае каля 30% чыгуначных пасажыраперавозак, 20% аўтамабільных грузаперавозак па ўвозе і 40% па вывазе.

Апроч менскага мэтрапалітэну, сетка грамадзкага транспарту налічвае больш за 167 аўтобусных і больш за 64 тралейбусных маршрутаў, дзейнічае трамвай і сетка маршрутных таксі. З 2011 году ажыцьцяўляецца праект па стварэньні менскай гарадзкой электрычкі — сеткі маршрутаў чыгуначнага грамадзкага транспарту ў межах Менску і бліжэйшага прыгараду.

Грамадзкі транспарт Менску актыўна разьвіваецца. У пэрыяд 2004—2007 гадоў былі закупленыя 820 новых аўтобусаў, больш за 430 тралейбусаў, 53 трамваі. Уся наземная тэхніка зьяўляецца прадукцыяй беларускіх прадпрыемстваў: МАЗ (аўтобусы, тралейбусы), «Нёман» (прыгарадныя аўтобусы), «Белкамунмаш» (тралейбусы, трамваі).

Мэтрапалітэн у Менску адкрыўся ў 1984 годзе і налічваў 8 станцыяў: ад «Інстытуту Культуры» да «Маскоўскай». У 1995 годзе дзейнічалі дзьве лініі, агульная колькасьць станцыяў на якіх складала 15. Цяпер дзьве лініі налічваюць 29 станцыяў і іх агульная працягласьць складае 38,3 км. Пачалося будаваньне трэцяй лініі, якая зьвяжа цэнтар места з паўднёвымі і паўночнымі раёнамі.

Вагоны мэтрапалітэну ў Беларусі не вырабляюцца і імпартуюцца з Расеі.

Менск абслугоўваюць два аэрапорты — «Мінск-1», разьмешчаны недалёка ад цэнтру места, і «Нацыянальны аэрапорт Мінск», які знаходзіцца за 40 км ад Менску, але адміністрацыйна належыць да яго. У аэрапорты выконваюць рэгулярныя рэйсы 18 авіякампаніяў.

Менск — пэрспэктыўны цэнтар турызму міжнароднага значэньня. У месьце створаныя турыстычныя зоны Верхні горад, Лошыцкі сядзібна-паркавы комплекс, турыстычныя маршруты «Музэі Менску», «Менск тэатральны», «Менск археалягічны», «Помнікі забудовы места XVIII — пач. XX стст.», «Менск — сталіца Рэспублікі Беларусь», «Горад на Менцы» і іншыя.

У Менску налічваецца 5 ахоўных зонаў: Траецкае прадмесьце, Ракаўскае прадмесьце, Высокае Места, Новае Места, у межах якіх ахоўваюцца аб’екты даваеннае пабудовы. Каля былога Замчышча сфармавалася ахоўная зона гістарычна-культурнае спадчыны.

У Менску разьмяшчаюцца практычна ўсе прадстаўніцтвы краінаў, зь якімі Беларусь мае дыпляматычныя дачыненьні. Тут знаходзяцца больш за 40 замежных амбасадаў, 2 Генэральныя кансуляты, 9 ганаровых кансулятаў, прадстаўніцтвы міжнародных арганізацыяў (ААН, АБСЭ, МВФ, ЮНІСЭФ і іншыя). Апроч Менску, дыпляматычныя ўстановы іншых краінаў у Беларусі разьмяшчаюцца толькі ў Берасьці (консульскі пункт Манголіі, Генэральныя кансуляты Рэспублікі Польшча, Расейскай Фэдэрацыі і Ўкраіны), Горадні (Генэральныя кансуляты Летувіскай Рэспублікі і Рэспублікі Польшча) і ў Віцебску (кансулят Латвійскай Рэспублікі).

На 2014 год Менск мае 17 местаў-сяброў.




#Article 2: Гісторыя (232 words)


Гісто́рыя (ад  — «расказ пра мінулае, пра пазнанае») — комплекс грамадзкіх навук, што вывучае мінулае чалавецтва. Гэта агульны тэрмін, які адносіцца да мінулых падзеяў, а таксама ў ягонае азначэньне ўваходзіць выкрыцьцё, збор, арганізацыю і прадстаўленьне інфармацыі аб гэтых падзеях. Гэты панятак уключае касьмічную, геалягічную і арганічную гісторыі, але часьцяком у агульным маецца на ўвазе гісторыя чалавецтва. Навукоўцы, якія займаюцца вывучэньнем і ўпарадкаваньнем ведаў па гісторыі называюцца гісторыкамі. Падзеі гісторыі, якія адбываліся да часоў пісьмовага запісу лічацца перадгісторыяй.

Гісторыя падзяляецца паводле глябальнай праблематыцы на сусьветную гісторыю і гісторыю асобных краін і народаў (напрыклад, гісторыя Беларусі). Паводле пэрыядызацыі вылучаюць гісторыю першабытнага ладу, старажытнага сьвету, Сярэднявечча, новага часу, найноўшага часу, сучаснасьці. Паводле галінаў досьледаў гісторыя падзяляецца на ваенную, палітычную, эканамічную гісторыі ды іншыя. Гісторыя розных бакоў культуры, навукі і тэхнікі вывучаецца гістарычнымі разьдзеламі адпаведных навук (гісторыя тэатру, гісторыя матэматыкі ды іншыя). Гісторыя можа зьяўляецца складоваю часткаю групы гуманітарных навук, што вывучае пэўны рэгіён (напрыклад, афрыканістыка), народ (сыналёгія) ці групу народаў (славяназнаўства).

На сёньня няма агульнапрынятай структуры гістарычнай галіны. Ейны склад залежыць ад тэарэтычных прынцыпаў і традыцыяў, прынятых сярод гісторыкаў. У гістарычную галіну ведаў уваходзяць асобныя разьдзелы, дапаможныя гістарычныя дысцыпліны і спэцыяльныя гістарычныя навукі.

Дзеля зручнасьці вывучэньня гісторыі чалавецтва ў цэлым яна падзяляецца на часткі, на аснове ўліку аб’ектыўнага ходу разьвіцьця грамадзтва.

Самастойнае месца ў гістарычнай галіне ведаў займаюць ейныя арганічныя часткі — спэцыяльныя гістарычныя навукі:

Таксама да гістарычнай навукі адносяцца дапаможныя або спэцыяльныя гістарычныя дысцыпліны:




#Article 3: Разбор шляхты (1176 words)


Разбо́р шля́хты — комплекс мерапрыемстваў, праведзеных уладамі Расейскай імпэрыі па вэрыфікацыі і скарачэньні шляхецкага стану былога Вялікага Княства Літоўскага.

Пасьля анэксіі земляў былога ВКЛ улады Расейскай імпэрыі сутыкнуліся з праблемаю вялікага колькаснага складу прывілеяванага стану на новадалучаных землях. Агульная колькасьць шляхты складала 7—8% усяго насельніцтва ВКЛ. Маёмасны і сацыяльны статус прывілеяванага стану былога ВКЛ быў вельмі стракаты і не адпавядаў існуючаму расейскаму разуменьню статусу двараніна Расейскай імпэрыі. Адразу пасьля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай расейскія ўлады пачалі праводзіць мерапрыемствы па выключэньні маламаёмаснай шляхты з прывілеяванага стану.

Паводле найвышэй зацьверджанага даклада ад 13 верасьня 1772 году беларускага генэрал-губэрнатара З. Р. Чарнышова шляхце было ўказана падаць у губэрнскія гарады сьпісы з доказамі свайго дваранства. У адмысловым ордэры дзеля перапіса насельніцтва Магілёўскаму і Пскоўскаму губэрнатарам генэрал-губэрнатар растлумачыў, што яны павінны загадаць шляхце падаць празь земскія суды ў губэрнскія канцэлярыі сьпісы асобаў усіх дваранскіх сем’яў з падрабязным апісаньнем паходжаньня родаў, гербаў, з усімі пасьведчаньнямі й дакумэнтамі. Зазначалася, што бяз царскай волі ніхто надалей ня мае права лічыць сябе шляхцічам і карыстацца шляхецкімі правамі. Паводле ўказа ад 14 чэрвеня 1773 году шляхта вымушана была чыніць вывады свайго шляхецтва ў Верхніх правінцыйных земскіх судах.

У час Рэвізіі 1772—1774 гадоў шмат чыншавай і служылай шляхты было запісана ў склад сялянаў. Ніжэйшыя пласты шляхецкага стану — зямяне, баяры панцырныя і іншыя — былі запісаныя ў пагалоўныя сялянскія сьпісы. «Новыя» сяляне былі абкладзены падушнай подацьцю й рэкруцкім наборам. Праўда, ўказам ад 31 траўня 1789 году загадана ня браць рэкрутамі асобаў, якія даводзяць сваё паходжаньне. Здаралася, што асобы атрымлівалі вывады ў Дваранскіх дэпутацкіх сходах, але іх не выкрэсьлівалі з рэвіскіх казак і не вызвалялі ад аплаты падушнага падатку. Імпэратар Павал I указам ад 4 сьнежня 1796 году пастанавіў, што выданьне дыплёмаў на дваранства можа быць «выключна ад самадзержнай улады, Богам нам дараванай», дваранскія сходы ня мелі больш права выдаваць дыплёмы асобам, запісаным у аклад, выдадзеныя дыплёмы павінны былі быць адабраныя. Урэшце ўказ ад 20 верасьня 1802 году канчаткова ўсталяваў, што гэткія асобы могуць быць выключаны з акладу толькі паводле ўказу Сэнату.

Пасьля выданьня Даравальнай граматы дваранству 1785 году аформіліся карпаратыўныя правы дваранства Расейскай імпэрыі, усе дваране павінны былі быць унесеныя ў дваранскія радаводныя кнігі, для чаго яны павінны прадставіць доказы паходжаньня. Радаводныя кнігі падзяляліся на 6 частак, 4-я зь іх адводзілася для дваранаў замежнага паходжаньня. Аднак, нягледзячы на лёгіку, шляхта з ВКЛ упісвалася не ў яе, а ў іншыя часткі. Ад шляхты патрабаваліся доказы не паводле існаваўшай у ВКЛ юрыдычнай сыстэмы, а паводле прынцыпаў расейскага заканадаўства.

Указ ад жніўня 1800 году ўсталяваў тэрмін для доказу паходжаньня ў два гады, за які ўсе шляхцічы мусілі зрабіць вывады свайго шляхецтва ў Дваранскіх дэпутацкіх сходах.

Указ ад 25 верасьня 1800 году пацьвердзіў чыншавай шляхце даўнія правы, але шляхтаю ўважаліся толькі асобы, запісаныя ў шляхецкіх казках па Рэвізіі 1795 году. Указамі ад 1 студзеня 1808 году і 6 сакавіка 1808 году было загадана, каб чыншавая шляхта прадставіла доказы свайго паходжаньня. Пасьля правядзеньня Рэвізіі 1811 году ўказам ад 29 сакавіка 1812 году было загадана прызнаваць шляхецкую годнасьць толькі за тымі асобамі, продкі якіх былі ў ёй зацьверджаныя.

На Камісію, што праводзіла Рэвізію 1816, указам ад 20 студзеня 1816 ускладзены быў абавязак разбору правоў асобаў, якія называлі сябе шляхтаю, з гледзішча ўпісаньня апошніх ў шляхецкія рэвіскія казкі 1795. З разгляду была выключана шляхта, якая мела дэкрэты вывадаў ДДС і чакала разгляду справаў у Гэрольдыі Сэнату; яны звычайна ўлічваліся як дваране. Права пакідаць у стане шляхты ці выключаць зь яго Сэнат перадаў губэрнатарам. Асобы, пазбаўленыя шляхецкіх правоў, запісваліся вольнымі хлебаробамі (вольнымі хлебапашцамі), дзяржаўнымі сялянамі ці мяшчанамі. Трэба адзначыць дзіўны выбар аднаго са станаў дзеля запісу шляхты — вольных хлебапашцаў. У Расеі гэты стан быў створаны 20 лютага 1803 для запісу былых прыгонных сялянаў, адпушчаных уладальнікамі. Некалькімі ўказамі 23 верасьня 1817, 16 лістапада 1820, 22 лістапада 1820, 21 чэрвеня 1821 Сэнат нагадваў пра хутчэйшае завяршэньне разбораў шляхты. Указ 8 чэрвеня 1826 растлумачваў парадак пераводу ў склад асобаў, няправільна прылічаных да чыншавай шляхты. Паводле палажэньня ад 11 ліпеня 1828 і ўказа ад 14 траўня 1830 шляхцічы, якія не прадставілі доказаў шляхецтва, павінны быць запісаныя ў мяшчане ці ў казённые пасяляне.

Пасьля Паўстаньня 1830—1831 Камітэту Заходніх губэрняў між іншым даручалася разабрацца з праблемамі шляхецкага стану. Паводле закона ад 19 кастрычніка 1831 «Аб разборы шляхты ў заходніх губэрнях і аб уладкаваньні гэтага роду людзей», дзе зазначалася, што многія шляхцічы «па недахопу аселасьці і ўласнасьці, і па ладу жыцьця … найбольш схільны былі да паўстаньня і злачынных дзеяньняў супраць законнай улады», шляхецкі стан былога ВКЛ быў падзелены на дваранаў і адмыслова створаныя станы аднадворцаў Заходніх губэрняў і грамадзянаў Заходніх губэрняў (адпаведна месца жыхарства ў сельскай мясцовасьці або ў гарадах і мястэчках). Дваранамі прызнаваліся толькі асобы, зацьверджаныя ў адпаведнай годнасьці Гэрольдыяй. На аднадворцаў распаўсюджвалася рэкруцкая павіннасьць, грамадзянам дазвалялася пазьбегнуць яе, заплаціўшы 1 000 рублёў. Абодва новыя станы мусілі сплочваць асабістыя падаткі й несьці службы.

У 1832 Гэрольдыі загадана правесьці рэвізію дэкрэтаў вывадаў Дваранскіх дэпутацкіх сходаў. Сэнат указам ад 11 лістапада 1832 загадаў падзяліць асобаў, належных «да былой шляхты», на тры разрады:

У 1842 была праведзена адмысловая Рэвізія ў Заходніх губэрнях, якой падлягалі аднадворцы, грамадзяне і юдэі.

Паводле ўказа ад 17 сакавіка 1847 шляхта, якая не прадставіла ў тэрмін пасямейных сьпісаў, павінна быць запісаная ў стан дзяржаўных сялянаў, а тыя, хто падалі — у аднадворцы і грамадзяне. Але практычна гэтае зьдзейсьнена не было. Асобы, не зацьверджаныя ў дваранстве, паводле закона ад 23 студзеня 1847 пазбаўляліся права купляць зямлю зь сялянамі.

Указам ад 1 жніўня 1857 шляхцічы, якія да гэтага часу не былі зацьверджаныя ў дваранстве і прапусьцілі тэрмін дзеля запісу ў аклад, былі падзелены паміж наступнымі станамі. Асобы, якія валодалі зямлёю, аднесены да сялянаў-уласьнікаў; а тыя, якія валодалі зямлёю ў дзяржаўных вёсках, — да дзярж. сялянаў; асобаў, якія жылі на памешчыцкай зямлі, запісвалі вольнымі людзьмі. У Рэвізіі 1858 яны фігуруюць як вольныя хлебапашцы, гэткім чынам яны былі запісаныя ў стан, які юрыдычна ўжо не існаваў (быў ліквідаваны ў 1848). Неаселых шляхцічаў запісвалі на выбар у сяляне альбо да гарадзкіх станаў, акрамя грамадзянаў. Фактычна ўсе былі запісаныя ў стан мяшчанаў. Гэты закон не закранаў шляхту, якая раней была запісана ў якасьці аднадворцаў і грамадзянаў.

Пасьля Паўстаньня 1863—1864 гадоў уведзены новыя абмежаваньні ў прынцыпах доказу і атрыманьня дваранства. Указ ад 10 сьнежня 1865 забараняў «палякам», гэта значыць католікам, набываць маёнткі.

Указам ад 19 студзеня 1866 усе шляхцічы, якія не даказалі свайго дваранства, уключаныя ў склад сялянаў ці мяшчанаў.

Станы аднадворцаў і грамадзянаў Заходніх губэрняў былі скасаваныя паводле закона ад 19 лютага 1868. Аднадворцы былі прылічаныя да сялянаў, а грамадзянам даваўся год на выбар прыпісацца да сялянаў або мяшчанаў. Гэта быў канчатковы акт юрыдычнай ліквідацыі шляхецкага стану былога ВКЛ.

Хоць юрыдычна адбылася поўная ўніфікацыя станаў у Беларусі з астатняй тэрыторыяй Расейскай Імпэрыі, але ў многіх установах дзяржаўнага кіраваньня, найперш у Скарбовых палатах, працягваўся статыстычны ўлік і кантроль за «былой польскай шляхтай». Працягвала дзейнічаць забарона на набыцьцё зямлі. Толькі ўказам ад 4 сакавіка 1899 дазволена дваранам і мяшчанам католікам, якія асабіста займаліся земляробствам, купляць зямлю, але каб агульная колькасьць яе не перавышала 60 дзесяцінаў. Пасьля Рэвалюцыі 1905 указам ад 1 траўня 1905 дазволена католікам купляць зямельную ўласнасьць, але толькі ў католікаў; набыцьцё зямлі ў асобаў інш. веравызнаньня абмяжоўвалася зноў жа 60 дзесяцінамі і іншымі ўмовамі. Гэтыя абмежаваньні доўжыліся да канца існаваньня Расейскае Імпэрыі.




#Article 4: Берасьце (4138 words)


Бе́расьце — места ў Беларусі, на рацэ Бугу пры ўтоку ў яго ракі Мухаўца. Адміністрацыйны цэнтар Берасьцейскай вобласьці і Берасьцейскага раёну. Плошча 145,27 км². Насельніцтва на 2020 год — 339 700 чалавек. Знаходзіцца за 349 км ад Менску. Вузел аўтамабільных і чыгуначных кірункаў на Варшаву, Менск, Лунінец, Ковель, Беласток. Канцавы порт на Дняпроўска-Бужанскім канале. Аэрапорт.

Берасьце — старажытнае места, якое атрымала Магдэбурскае права другім у Вялікім Княстве Літоўскім (пасьля Вільні), цэнтар гістарычнага рэгіёну. Месца правядзеньня нарады дзеля падрыхтоўкі да пераможнай Грунвальдзкай бітвы. У 1553 годзе староста берасьцейскі Мікалай Радзівіл «Чорны» заснаваў тут першую на тэрыторыі сучаснай Беларусі друкарню. У 1596 годзе ў катэдральнай царкве Сьвятога Мікалая праваслаўныя Рэчы Паспалітай аднавілі еднасьць з каталікамі. Пры будаваньні крэпасьці ў 1-й палове XIX ст. улады Расейскай імпэрыі зьнішчылі архітэктурны ансамбль гістарычнага цэнтру (старажытны замак, 10 сакральных будынкаў, мураваны комплекс Рынку з ратушай і палац князёў Чартарыйскіх, помнікі архітэктуры Вялікага Княства Літоўскага XVI—XVIII стагодзьдзяў), а само места перанесьлі на ўсход. Да нашага часу захаваліся толькі руіны комплексу кляштару бэрнардынак з касьцёлам Беззаганнага Зачацьця Найсьвяцейшай Панны Марыі ў стылі віленскага барока, помнік архітэктуры XVIII ст., які патрабуе неадкладнай кансэрвацыі і рэстаўрацыі, а таксама падмуркі калегіюму езуітаў і базылянскай царквы Сьвятых Пятра і Паўла. За часамі Першай сусьветнай вайны ў 1918 годзе тут склалі мірную дамову, згодна зь якой бальшавікі перадалі Нямецкай імпэрыі практычна ўсю тэрыторыю сучаснай Беларусі. За часамі Другой сусьветнай вайны ў Берасьцейскай крэпасьці абараняліся сьпярша польскія, потым савецкія войскі. Адзінае места Беларусі, якое ў 1939 годзе сьпярша захапілі войскі Трэцяга Райху, аднак згодна з пактам Молатава — Рыбэнтропа ўрачыста перадалі СССР, вынікам чаго стаў супольны нацысцка-савецкі вайсковы парад.

Тапонім Берасьце утварыўся ад слова бе́раст (бе́расьць), якое азначае 'від вязу'. Значэньне мае хутчэй за ўсё зборнае — бераставы гай. Таксама выказвалася меркаваньне, што назва места магла паходзіць ад слова бяроста — 'бярозавая кара'.

Традыцыйная гістарычная назва места — Берасьце, цяперашняя афіцыйная — Брэст. У нарматыўным даведніку «Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь» традыцыйная гістарычная назва Берасьце фіксуецца як варыянтная. Гэта значыць, што пры жаданьні мясцовых жыхароў і ўладаў яна можа стаць нарматыўнай. 

Упершыню места ўпамінаецца ў «Аповесьці мінулых гадоў» пад назваю Берестье — Бе́расьце (у некаторых выданьнях можна сустрэць варыянт Бярэсьце, аднак традыцыйнаму вымаўленьню мясцовых жыхароў адпавядае менавіта Бе́расьце). Варыянты гістарычнага напісаньня назвы места: Берестье, Бересте, Бересть. З утварэньнем Рэчы Паспалітай пачала выкарыстоўвацца назва Берасьце Літоўскае (), каб пазьбегнуць блытаніны з польскім местам Бжэсьцем Куяўскім (). У лацінамоўных дакумэнтах назвы абодвух местаў перадаваліся як Brest, вытворны прыметнік — як Brestensis, радзей Brescensis, часам Brzestensis. Старажытная лацінская форма, відаць, ёсьць вытворнай ад назвы польскага Бжэсьця (Берасьця). У сучаснай лацінскай мове, якая выкарыстоўваецца як богаслужбовая і навуковая мова Каталіцкае царквы, аднавілі поўнагалосную форму тапоніму: дакумэнты Берасьцейскай уніі выйшлі ў 1970 годзе пад назовам «Documenta Unionis Berestensis eiusque Auctorum (1590–1600)». На эўрапейскіх мапах XVII–XVIII стагодзьдзяў Берасьце пазначалася як Brizestije (Антвэрпэн, 1612), Breßia al Brie∫tz (Амстэрдам, 1632), Bres∫ia (Амстэрдам, 1661), Brzesc (Лёндан, 1799).

Па падзелах Рэчы Паспалітай зьявілася расейская форма назвы места — Брестъ-Литовскъ, хоць даволі працяглы час паралельна ўжывалася форма Бржестъ. Адной з магчымых крыніцаў расейскай формы Брест разглядаюцца дакумэнты часоў вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667), у якіх датычна Берасьця пасьлядоўна ўжываецца назва Бресть жаночага роду. Перад пачаткам Першай сусьветнай вайны жыхары места хадайнічалі перад Дзяржаўнай Думай Расейскай імпэрыі аб вяртаньні гістарычнай назвы Берестье (). У выдадзеным у Берасьці Я. Хмялеўскім даведніку «Календарь-Справочникъ гор. Брестъ-Литовска на 1912 годъ» адзначаецца, што традыцыйная гістарычная назва захоўвалася ў мясцовых сялянаў: «Тамъ почти нельзя услышать Брестъ, а о составном названіи Брестъ-Литовскъ множество Полѣсскихъ крестьянъ даже не подозрѣваетъ».

У дзяржаўных дакумэнтах Беларускай Народнай Рэспублікі пасьлядоўна ўжывалася традыцыйная гістарычная назва Берасьце. Па далучэньні да міжваеннай Польскай Рэспублікі ў 1921 годзе места атрымала назву Берасьце над Бугам (Brześć nad Bugiem), якая праіснавала да 1939 году. Тым часам у Беларускай ССР да палітычнай рэформы беларускага правапісу 1933 году і ў беларускай дыяспары на Захадзе да сёньня ўжываюць спрадвечную назву — Берасьце. Па далучэньні Заходняй Беларусі да СССР зь верасьня да 4 сьнежня 1939 году места афіцыйна ў дакумэнтах называлася Брэст-Літоўск. У час акупацыі Берасьця Трэцім Райхам назва места ў нямецкамоўных дакумэнтах і шыльдах часьцей за ўсё пісалася як Brest-Litowsk.

Цяперашняя афіцыйная назва Брэст ня мае ў сабе кораню, ад якога пайшло першапачатнае імя места, і ў беларускай мове застаецца ізаляванай і чужароднай. Беларускі мовазнаўца Вінцук Вячорка паказвае на тое, што ад гэтай формы немагчыма ўтварыць натуральную назву жыхароў места (у выпадку «брастаўчанаў» не існуе неабходнага для яе ўтварэньня прыметніка «брэстаўскі»). Увогуле, паводле тлумачэньня філёлягаў, форма Брэст зьявілася ў выніку памылковай трансьлітарацыі з польскай мовы праз пасярэдніцтва расейскай і ёсьць прыкладам маскалізацыі праз палянізацыю. Польскі варыянт назвы Brześć перанесьлі ў расейскую спачатку як Бржесть, што пазьней трансфармавалася ў Брест і ўжо па 1939 годзе ў цяперашнюю афіцыйную беларускую назву Брэст. Гэтую трансфармацую назвы ў расейскай мове зафіксавалі лічбы аб баявых дзеяньнях у ваколіцах места расейскага палкаводца А. Суворава і іншых расейскіх чыноўнікаў: спачатку пісалі Бржесць, Бржесть, пазьней Бржест і Брест. 

Назвы на іншых мовах у розныя часы: ; ; , ; ; , .

Паселішча на месцы сучаснага Берасьця існавала значна раней за першы вядомы ўпамін гораду ў пісьмовых крыніцах. Яно належала старажытнаму германскаму племені готаў. У III—IV стагодзьдзях насельніцтва беларускага Пабужжа ўтварала адзінства з носьбітамі вельбарскай культуры. На землі Пабужжа насельніцтва гэтай культуры пранікла каля 160—180-х гадоў і захоўвалася да 350—375 гадоў улучна. У 1960-я гады ў час будаўнічых працаў на тэрыторыі сучаснага Берасьця, на правым беразе Мухаўца, археолягі знайшлі некалькі могільнікаў вельбарскай культуры, якая атаясамляецца з гоцкімі плямёнамі. Найбольш поўна з гэтых гоцкіх могільнікаў дасьледавалі могільнік Берасьце-Трышын. Археоляг Ю. Кухарэнка выявіў і дасьледаваў тут 70 пахаваньняў. У 2015 годзе ў Берасьці ў мікрараёне Кавалёве, пры будаваньні дарогі на вуліцы Луцкай, выпадкова выявілі яшчэ адзін грунтовы могільнік першай паловы першага тысячагодзьдзя нашай эры, які займаў плошчу каля 2 га. Паводле археоляга Аляксандра Башкова, які дасьледаваў 8 ацалелых пахаваньняў на плошчы 100 м2, гэты археалягічны помнік жалезнага веку мае шмат агульнага з помнікам вельбарской культуры Берасьцем-Трышынам. Пазьней гэтая тэрыторыя стала месцам інтэнсіўных кантактаў славянскага і балцкага (яцьвягі) насельніцтва.

Першыя гістарычныя зьвесткі пра Берасьце зьмяшчаюцца ў «Аповесьці мінулых гадоў» і датуюцца 1019 (1017) годам. Старажытнае гарадзішча знаходзілася на невялікім мысе, які ўтварыўся на сутоцы Мухаўца з Бугам. Места ўзьнікла як гандлёвы цэнтар і фартэцыя. Ягонаму росту спрыяла вельмі зручнае геаграфічнае становішча на шляху паміж Усходам і Захадам. У ХІ—ХІІІ стагодзьдзях Берасьце было ў валоданьні тураўскіх, кіеўскіх і ўладзімерска-валынскіх князёў. Адно зь нешматлікіх беларускіх местаў, якое захапілі і зьнішчылі войскі татара-манголаў.

У 1319 годзе за вялікім князем Гедымінам Берасьце далучылася да Вялікага Княства Літоўскага. Па сьмерці вялікага князя Кейстута, местам авалодаў кароль польскі Ягайла. У 1380-я гады Вітаўт пры дапамозе тэўтонскіх рыцараў і наёмнікаў адбіў Берасьце ў Ягайлы. Рыцарамі камандаваў князь Ланкастэрскі — у будучым ангельскі кароль Генрык Чорны.

Берасьце мела вялікае геапалітычнае значэньне. Празь места праходзіў важны старажытны камунікацыйны і гандлёвы шлях з усходу на захад Эўропы (Via Regia — Каралеўская дарога) і адна зь яго дзьвюх частак з паўночнага ўсходу на паўднёвы захад з Вільні ў Кракаў (Via Jagellonica — Ягелонскі шлях), якая атрымала назву Вялікая (Берасьцейская) дарога. Гэта стала адной з падставаў таго, што 8—9 сьнежня 1409 году ў Берасьці адбылася таемная нарада паміж каралём польскім Ягайлам і вялікім князем літоўскім Вітаўтам, на якой яны пастанавілі супольна выступіць супраць рыцараў Тэўтонскага ордэна. Сярод запрошаных на нарадзе прысутнічаў і кіпчацкі султан Саладзін (Джэлал ад-Дзін), які таксама абяцаў падтрымку. На нарадзе ў Берасьці ўладары разглядзелі і ўзгаднілі стратэгічна-тактычныя пытаньні будучай летняй кампаніі 1410 году. Вынікам Берасьцейскай нарады 1409 году і распрацаванага на ёй пляну стала перамога пад Грунвальдам (1410 год), у якой брала ўдзел і Берасьцейская харугва.

У 1413 годзе Берасьце стала цэнтрам староства ў складзе Троцкага ваяводзтва і паводле прывілея належала да галоўных местаў Вялікага Княства Літоўскага. У 1500 годзе Берасьце разрабавалі крымскія татары. У 1507 годзе вялікі князь выдаў прывілей берасьцейскім жыдам. З 1520 году Берасьце стала цэнтрам павету, а з 1555—1566 гадоў — ваяводзтва.

У ХVІ ст. Берасьце — адно з найбольшых местаў Вялікага Княства Літоўскага. У гэты час дасягаюць значнага росквіту рамесныя цэхі. У першай палове ХVІІ ст. у месьце існавала 16 рамесных цэхаў — ганчарскі, злотніцкі, гарбарскі, кавальскі і інш. У 1553 годзе староста берасьцейскі Мікалай Радзівіл «Чорны» заснаваў тут кальвінскі збор і першую на тэрыторыі сучаснай Беларусі друкарню, якая ў 1563 годзе выдала Берасьцейскую, альбо Радзівілаўскую (кальвінскую) Біблію (на польскай мове). На той час гэта было адно з найлепшых, па-мастацку аздобленых друкаваных выданьняў у Вялікім Княстве Літоўскім і Каралеўстве Польскім. Агулам у Берасьцейскай друкарні было выдадзена каля 40 кніг. У 1558 годзе ў Берасьце выдалі канцыянал «Песьні хвал боскіх» (друкар Ян Зарэмба), з чым зьвязваюць пачатак нотадрукаваньня на тэрыторыі сучаснай Беларусі. У 1569 годзе ў месьце адкрылася першая аптэка. 1 сьнежня 1588 году канцлер Леў Сапега скончыў у Берасьці сваю працу над трэцяй рэдакцыяй Статута Вялікага Княства Літоўскага 1588 году, які завяршыў кадыфікацыю права ў дзяржаве. У прадмове-звароце да новаабранага караля і вялікага князя Жыгімонта Вазы і ўсіх станаў Вялікага Княства Літоўскага стаіць уласнаручны подпіс канцлера з дакладна пазначанымі месцам і датай зьяўленьня дакумэнту: «Писан у Берестью лета от нароженья сына Божьего 1588 месяца декабря, 1 дня». Падрыхтаваны Л. Сапегам і зацьверджаны каралём Статут 1588 году юрыдычна замацаваў фактычную адасобленасьць Вялікага Княства Літоўскага ад Каралеўства Польскага ў рамках хаўруснай дзяржавы Рэчы Паспалітай, нягледзячы на супраціў гэтаму палякаў па падпісаньні акту Люблінскай уніі. Гэты Статут дзейнічаў да 1840 году.

У 1591 годзе з ініцыятывы кашталяна берасьцейскага Адама Пацея (пазьней — біскупа і ўніяцкага Кіеўскага мітрапаліта) пры катэдральнай царкве Сьвятога Мікалая ўтварылася брацтва, пры якім існавала школа, дзе выкладаньне вялося на беларускай мове. У 1592—1595 гадох у ёй працаваў настаўнікам выдатны пэдагог і царкоўны дзяяч, гуманіст-асьветнік Лаўрэнці Зізаній.

У ХІV—ХVIII стагодзьдзях у Берасьці існавалі касьцёлы і кляштары аўгустынаў, бэрнардынаў, брыгітак, дамініканаў, трынітарыяў, цэрквы і манастыры. Ад 1615 году ў Берасьці зьявілася езуіцкая місія, пры якой з 1633 году дзейнічаў езуіцкі калегіюм. У ХVІІ ст. у калегіюме навучаўся, а потым быў намесьнікам рэктара філёзаф Казімер Лышчынскі, які за свой недапісаны трактат «Аб неіснаваньні Бога» (у другой, недапісанай частцы якога меў зьняпраўдзіць свае папярэднія тэзы) быў пакараны сьмерцю і спалены ў 1689 годзе на пляцы Старога Места ў Варшаве.

У 1648 годзе Берасьце разбурылі казакі Б. Хмяльніцкага, у гэты ж час адбыліся паўстаньні месьцічаў. У 1653 годзе ў Берасьці засядаў Сойм Рэчы Паспалітай. За часамі Паўночнай вайны ў 1657 годзе места захапілі і спалілі швэды. 13 студзеня 1660 году Берасьцем авалодалі маскоўскія войскі пад камандаю Хаванскага, якія выразалі ў захопленым замку каля 1,7 тыс. чал., а само места цалкам зьнішчылі. У 1661 годзе Берасьце вызвалілі войскі Вялікага Княства Літоўскага. У 1665—1666 гадох у месьце працавала мынца, якая за год выпусьціла медных шэлегаў (гэтак званых барацінак) на суму больш чым 2,5 мільёну злотых.

Берасьце зьведала значныя спусташэньні ў часы Вялікай Паўночнай вайны 1700—1721 гадоў, зруйнаванае места вызвалілі на чатыры гады амаль ад усіх дзяржаўных павіннасьцяў. З ХVIII ст. існавала асобная Берасьцейская грэка-каталіцкая япархія, а ў 1726 годзе ўтварылася Берасьцейская рымска-каталіцкая дыяцэзія. У эканамічных адносінах места было галоўным рачным портам на Бугу, а ў канцы ХVIII ст. падскарбі А. Тызэнгаўз заснаваў тут суконную мануфактуру. У 1792 годзе Берасьце на некаторы час стала апорным пунктам Таргавіцкай канфэдэрацыі. За часамі паўстаньня 1794 году расейскія акупацыйныя войскі на чале з А. Суворавым разьбілі аддзелы паўстанцаў пад камандай Ю. Серакоўскага і захапілі места.

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Берасьце апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі. Расейскія ўлады скасавалі Магдэбурскае права, а само места, ранейшую сталіцу ваяводзтва, ператварылі ў цэнтар павету. З 1799 году Берасьце ўваходзіла ў склад Літоўскай губэрні, а з 1801 году — у Гарадзенскую губэрню. У 1817 годзе ў Берасьці было 17 мураваных і 446 драўляных будынкаў. У 1822 годзе, паводле зьвестак вайскова-тапаграфічнага Дэпо, у месьце было «10 мураваных цэркваў і 3 драўляныя, 550 дамоў, у тым ліку 17 мураваных, жыхароў абодвух плоцяў да 7800 чалавек, зь іх жыдоў мужчынскай плоці 3392, жаночай 3525». Асноўнай крыніцай даходу месьцічаў былі гандаль і рыбная лоўля.

Першыя пляны і праекты будаваньня крэпасьці на месцы старажытнага Берасьця зьявіліся ўжо адразу па падзелах Рэчы Паспалітай, што аднак захоўвалася ў таямніцы ад саміх месьцічаў. З 1830-х гадоў улады Расейскай імпэрыі пачалі будаваць умацаваньні на месцы старога места. Калі плян пабудовы крэпасьці афіцыйна зацьвердзілі, у Берасьці пачаліся частыя пажары: такім чынам расейскія ўлады ачысьцілі тэрыторыю пад пабудову крэпасьці. Пры гэтым кампэнсацыі за зруйнаваную дзеля пабудовы крэпасьці маёмасьць жыхарам Берасьця максымальна заніжалі і доўгі час адмаўляліся выплачваць, што супярэчыла законам самой Расейскай імпэрыі. Людзі мусілі цягам доўгіх гадоў весьці судовыя працэсы і пры гэтым многія атрымалі толькі частку ад ужо заніжаных сумаў або не атрымлівалі грошай, увогуле. Само места перанесьлі на дзьве з паловай вярсты на ўсход. Тых, хто праз заніжаныя або, увогуле, нявыплачаныя кампэнсацыі ня змог пераехаць да прызначанага тэрміну, высялялі прымусова з дапамогай паліцыі. Месьцічы мусілі прадаваць радзінныя рэліквіі і ўпрыгожваньні, каб выжыць. Захаваліся дакумэнтальныя сьведчаньні, што першы час людзі ў новым месьце жылі ў зямлянках. 

На 1860 год у Берасьці было 55 мураваных і 757 драўляных будынкаў. З 1870-х гадоў места стала значным чыгуначным вузлом. Апроч чыгункі, важную ролю ў жыцьці Берасьця адыгрываў рачны порт, толькі ў 1857 годзе гандлёвы абарот яго дасягаў амаль 1 млн рублёў. На загад віленскага генэрал-губэрнатара ад 19 жніўня 1866 году на падставе ўказу расейскага Сэнату ад 15 красавіка таго ж году ў Берасьці, а таксама ў Горадні, Кобрыні, Пружанах і Слоніме з мэтай больш жорсткага кантролю над мясцовым самакіраваньнем замест магістрату ўтваралася гарадзкая дума ().

За часамі Першай сусьветнай вайны ў ноч з 25 на 26 жніўня (паводле новага стылю, 12/13 жніўня — паводле старога стылю) 1915 году Берасьце занялі войскі Нямецкая імпэрыі. Калі да пачатку вайны жыхароў было каля 57 тысячаў, то на момант здачы места засталося толькі некалькі дзясяткаў чалавек. Усё насельніцтва Берасьця — хто пад узьдзеяньнем расейскай антынямецкай прапаганды, хто пад прымусам казакаў — мусіла было пакінуць места і падацца ў глыб Расейскай імпэрыі. Чыгуначных вагонаў для эвакуацыі хапіла толькі на невялікую колькасьць мяшчанаў. Большасьці ж берасьцейскіх сем’яў, якія мусілі былі пакінуць свае дамы і нажытую гадамі маёмасьць, давялося дабірацца ў цэнтральныя раёны імпэрыі на ўласных падводах і пехатою, многія на гэтым шляху загінулі ад голаду і хваробаў. Расейскае войска пры адступленьні мела загад падарваць фарты Берасьцейскай крэпасьці і масты, а само места — спаліць. Многія будынкі ў Берасьці былі зруйнаваныя і спаленыя спэцыяльнымі камандамі расейскай арміі, тым часам у цытадэлі крэпасьці яны збольшага засталіся цэлыя. З 3670 мескіх будынкаў цалкам або ў значнай ступені пацярпела 2500.

З 9 (22) сьнежня 1917 да 3 сакавіка 1918 году ў Берасьці ў будынках на тэрыторыі крэпасьці праходзілі мірныя перамовы паміж Савецкай Расеяй і Нямеччынай, у выніку чаго адбылося падпісаньне Берасьцейскага міру, які ня ўлічваў інтарэсаў беларусаў. 4 сакавіка 1918 году ўрад Украінскай Народнай Рэспублікі абвясьціў Берасьце сваёй часткай. 

Першыя авіяўдары па Берасьці былі зьдзейсьненыя войскамі нацысцкай Нямеччыны ўжо 2 верасьня 1939 году. Тады было скінута 10 бомбаў, якія пашкодзілі Белы палац у крэпасьці. 9 верасьня 1939 году ў Берасьце прыехала калёна аўтамабіляў з Варшавы з польскімі ўраднікамі. У гэты ж дзень места зноў бамбардавалі нацысты. Неўзабаве гітлераўцы падыйшлі да Берасьця. 14 верасьня 1939 году пачалося абарона крэпасьці польскім войскам, у ходзе якой былі адбітыя 7 нямецкіх атак, пры гэтым людзкія страты з боку абаронцаў склалі каля 40%. У гэтых баях бралі ўдзел шмат мясцовых рэзэрвістаў. 17 верасьня польскія войскі адступілі на поўдзень у бок Тэрэспалю, у Берасьцейскай крэпасьці засталіся дабраахвотнікі.

Нягледзячы на тое, што Берасьцем авалодалі немцы, згодна з пактам Молатава-Рыбентропа — сакрэтным пагадненьнем паміж нацысцкай Нямеччынай і камуністычным СССР аб разьмежаваньні сфэраў уплыву — 22 верасьня 1939 году места перайшло пад кіраваньне Чырвонай арміі. У гэты ж дзень у Берасьці адбыўся супольны савецка-нацысцкі парад, які прымалі нямецкі генэрал Гудэрыян і савецкі вайскавод Крывашэін. У час параду нямецкія і савецкія камандуючыя абмяняліся сьцягамі.

Па далучэньні да БССР 4 сьнежня 1939 году Берасьце стала адміністрацыйным цэнтрам вобласьці. 22 чэрвеня 1941 году колішнія хаўрусьнікі напалі на СССР, першы ўдар прыйшоўся на Берасьце. Да 30 чэрвеня цягнулася арганізаваная абарона Берасьцейскай крэпасьці, па чым засталіся ізаляваныя агмені супраціву (большасьць зь якіх ліквідавалі на працягу наступнага тыдня) і адзінкавыя байцы. Апошні абаронца крэпасьці П. Гаўрылаў трапіў у палон 23 ліпеня.

З пачаткам нямецкай акупацыі Берасьце некалькі разоў мяняла сваю адміністрацыйную прыналежнасьць. На пачатку акупацыі 1 жніўня 1941 году места і ўся тагачасная Берасьцейская вобласьць БССР, як і Беластоцкая вобласьць, былі далучаныя да Ўсходняй Прусіі і ўваходзілі ў склад Беластоцкай акругі. Але ўжо 1 верасьня 1941 году тэрыторыю Беларускага Палесься (Берасьцейская, Пінская і Палеская вобласьці) разам Берасьцем далучылі да Райхскамісарыяту «Ўкраіна». Генэральны камісар Беларусі Вільгельм Кубэ лічыў памылкай улучэньне поўдня Беларусі ў склад Райхскамісарыяту «Ўкраіна» і на нарадзе гебітскамісараў у Менску ў красавіку 1943 году выказваў сваю нязгоду зь перадачай апошняму «значнай часткі тэрыторыі Паўднёвай Беларусі», а таму прапаноўваў райхскамісару Ўкраіны Эрыху Коху перанесьці лінію падзелу да «пінскіх балот». Аднак гэтае пытаньне вырашала кіраўніцтва іншых установаў Трэцяга Райху, у першую чаргу Галоўнае камандаваньне сухапутных войскаў і кіраўніцтва міністэрства па занятых усходніх тэрыторыях. Менавіта райхсміністар Альфрэд Розэнбэрг вызначыў мяжу паміж Украінай і Беларусьсю на поўнач ад Прыпяці, бо такі падзел, хоць і не адпавядаў інтарэсам ваеннага кіраўніцтва, але забясьпечваў Райхскамісарыят «Украіна» лесам і дрэваматэрыяламі, а таксама ствараліся ўмовы для выкарыстаньня сыстэмы каналаў Прыпяці і чыгункі Берасьце — Гомель. 

У час нацыстоўскай акупацыі Берасьця ў месьце дзейнічалі групы камуністычнага, камсамольскага, антыфашысцкага падпольляў, а таксама Палескай акругі Арміі Краёвай. У сьнежні 1941 году нямецкія акупанты зьмясьцілі жыдоў у гета, дзе абсалютную большасьць забілі цягам 1942 году (на 1941 год жыды складалі 72% насельніцтва места). Пад нямецкай акупацыяй Берасьце знаходзілася па 28 ліпеня 1944 году.

У паваенны пэрыяд у межы Берасьця ўвайшлі навакольныя вёскі: Адамкова, Бярозаўка 1-я, Бярозаўка-2-я (усе 1958 год), Бярозаўка (1968 год), Валынка (у 1921—1939 гадох называлася Траўгутава), Вулька Падгародзкая, Гузьні (абедзьве ў 1968 годзе), Дуброўка (1979 год), Кавалёва (1958 год), Кацельня Падгародзкая (1968 год), Кацінбор (1979 год), Крушына (1968 год), Лысая Гара (1958 год), Пугачова (1979 год), Рэчыца, Трышын (абедзьве ў 1968 годзе); Паўднёвы пасёлак (1958 год).

З 1990 году Берасьце — адзін з шасьці абласных цэнтраў незалежнай Беларусі. Тут разьмясьціліся Генэральныя кансуляты Рэспублікі Польшча, Расейскай Фэдэрацыі і Ўкраіны. З 1991 году працуе мытня «Заходні Буг». У 1996 годзе ўтварылася свабодная эканамічная зона Берасьце.

Берасьце стала адным з цэнтраў пратэстаў 2020 году. 10 жніўня тут праходзілі сутыкненьні супрацоўнікаў АМАП з пратэстоўцамі, у час якіх карнікі ўжывалі сьветлашумавыя шашкі. 11 жніўня ў Берасьці быў паранены ўдзельнік пратэстаў Генадзь Шутаў. Яго ў крытычным стане перавялі ў шпіталь Міністэрства абароны, дзе 19 жніўня ён памёр. 16 жніўня 2020 году ў Берасьці прайшоў Марш за свабоду.

Берасьце разьмяшчаецца ў межах заходняй часткі Беларускага Палесься — Берасьцейскім Палесьсі. Рэльеф роўны, вызначаецца разьмяшчэннем на Высокаўскай раўніны, а таксама далінамі рэк. Даліны рэк у межах места шырокія, у раёне крэпасьці яны злучаюцца. Абсалютныя вышыні ад 123 м (вышыня зрэзу Бугу) да 130 м, з слабым зьніжэньнем да абалоны Мухаўца. 

Мэтэаназіраньні ў Берасьці вядуцца з 1834 году. Клімат — мерны кантынэнтальны. Праз уплыў марскіх паветраных масаў у месьце назіраецца мяккая зіма і ўмерана цёплае лета. Цыклёны, якія зьяўляюцца прычынай гэтага, перамяшчаюцца з Атлянтычнага акіяна з захаду на ўсход. Сярэдняя тэмпэратура студзеня −2,6 °C, ліпеня +19,3 °C. Гадавая колькасьць ападкаў 609 мм. Сярэднегадавая тэмпэратура паветра складае +8,2 °C, сярэднегадавая хуткасьць ветру — , сярэднегадавая вільготнасьць паветра — 76 %. Вэгетацыйны пэрыяд працягваецца 214 дзён.

Штогод у сярэднім 160 дзён ідзе дождж, 68 дзён — сьнег. Туманы назіраюцца ў сярэднім 33 дні, навальніцы — 27 дзён.

Гідраграфічная сытуацыя вызначаецца рэкамі Бугам (праходзіць на паўднёва-заходняй ускраіне Берасьця) і Мухаўцом, які ўпадае ў Буг і перасякае места з усходу на захад. У межах Берасьця рака Мухавец утварае шматлікія затокі, старыцы і выспы. У забудаванай частцы места разьмяшчаецца некалькі невялікіх сажалак. У абалонах рэк існуе разьвітая сыстэма мэліярацыйных каналаў, прымеркаваных пераважна да паўднёвай ускраіны.

У складзе зямель Берасьця лясныя масівы і дрэўна-хмызьняковая расьліннасьць займаюць 20,2 %, ворныя землі — 12,2, землі пад воднымі аб’ектамі, лугамі і балотамі — 5, 5,2 і 1,7 % адпаведна, пад забудовай, дарогамі і камунікацыямі — 28,5 %. Места разьмяшчаецца ў атачэньні лесапаркавай зоны, якая займае плошчу 2500 га.

У межах Берасьця знаходзяцца больш за 40 ахоўных відаў (у тым ліку 24 віды расьлінаў і каля 20 відаў хрыбетных жывёлаў). Такія лічбы ідуць побач з колькасьцю ахоўных відаў на асабліва ахоўных прыродных тэрыторыях.

Цяперашнія афіцыйныя раёны Берасьця — штучныя негістарычныя ўтварэньні савецкага часу, межы якіх не супадаюць з гістарычнымі мясцовасьцямі места. Яны маюць безаблічныя русіфікацыйныя («Маскоўскі раён») і палітызаваныя ў духу расейскай камуністычнай прапаганды («Ленінскі раён») назвы, нададзеныя без уліку мясцовых беларускіх тапанімічных традыцыяў.

Мікрараёны: Адамкова, Аркадыя, Бярозаўка, Валынка (з Кацельняй Баярскай і Пелчыцамі), Вулька (разам з Вулькай Падгародзкай і Сояй), Вычулкі, Граеўка, Дуброўка, Задворцы Новыя, Задворцы Старыя, Кіеўка, Кавалёва, Казловічы, Кацін бор, Красны двор, Лысая гара, Паўднёвы (Траўгутова, Дубіньнікі), Плоска, Пугачова, Рэчыца, Трышын, Усход (Гузьні, Крушына). Цэнтральная частка сучаснага Берасьця ахоплівае колішнія мясцовасьці Тапалёва (тут збудавалі новы цэнтар места ў сярэдзіне XIX ст.), вядомае яшчэ зь сярэднявечча прадмесьце Шпановічы, разьмешчанае ўздоўж правага берагу ракі Мухаўца і Інтэнданцкі гарадок, збудаваны ў 1875—1880 гадох.

Агулам у розныя часы да Берасьця далучылі каля 30 населеных пунктаў, аднак з прычыны іх рознай велічыні і ў выніку нядбайнага стаўленьня уладаў да захаваньня тапанімічнай спадчыны ня ўсе яны сталі асобнымі мікрараёнамі і адзначаныя на мапе сучаснага места.

Зьвесткі паводле вынікаў перапісу 2009 году:

Вышэйшыя навучальныя ўстановы:

Сярэднія спэцыяльныя навучальныя ўстановы:

Прафэсійна-тэхнічныя навучальныя ўстановы:

У Берасьці працуюць 13 бібліятэк, дзейнічае тэатар драмы і музыкі, лялечны тэатар, кінатэатар «Беларусь», праходзіць міжнародны тэатральны фэстываль «Белая вежа» і фэстываль беларускага нацыянальнага кіно. У рэпэртуары Берасьцейскага лялечнага тэатру сёньня каля 30 спэктакляў для дзяцей і сем’яў.

У Берасьце выдаваліся газэты «» (да 2018: закрылася з-за эканамічных чыньнікаў) і «Брестская газета» (да 2021: усе беларускія друкарні адмовіліся друкаваць) (недзяржаўныя выданьні, якія ўваходзяць у склад «Асацыяцыі выдаўцоў рэгіянальнай прэсы „“»), выдаюцца дзяржаўныя «Брестский вестник», «Вечерний Брест», «Народная трыбуна», «Зара», «Духоўны веснік».

Вядуцца трансьляцыі Беларускага Радыё Рацыя (99,2 FM) і Берасьцейскага радыё (104,8 FM), Берасьцейскай тэлерадыёкампаніі (ТРК-Берасьце)
і «Буг-ТВ» (камэрцыйны канал).

У Берасьці працуюць 18 дзіцяча-юнацкіх спартовых школ. Берасьцейскі лядовы палац спорту. У мікрараёне Кіеўка разьмешчаны стадыён «Лякаматыў». У абласным спартовым комплексе «Берасьцейскі» адбываюцца трэнаваньні і гульні футбольнага клюбу «Дынама». Найбольшую славу гораду прынёс гандбольны клюб БГК імя Мяшкова. Легкаатлетка зь Берасьця Юлія Несьцярэнка стала алімпійскай чэмпіёнкай у бегу.

У 1945—1948 гадох супрацоўнікі інстытуту «Белдзяржпраект» распрацавалі генэральны плян аднаўленьня і рэканструкцыі Берасьця (плян удакладняўся і карэктаваўся архітэктарам Г. Парсаданавым да 1953 году). Генэральны плян вызначаў кірунак разьвіцьця Берасьця на 2 паваенныя дзесяцігодзьдзі і прадугледжваў удасканаленьне яго плянавальнай структуры, разьбіваў усю тэрыторыю места на плянавальныя раёны, якія, у сваю чаргу, дзяліліся на прамысловыя і жылыя раёны, мікрараёны. Берасьце разьвівалася ва ўсходнім (раёны Кіеўка і Усход), паўночным (Адамкава — Рэчыца — Граеўка) і часткова паўднёвых кірунках. Прадугледжвалася аднаўленьне, рэканструкцыя і ўпарадкаваньне цэнтру места і галоўных магістраляў. Як адміністрацыйна-грамадзкі цэнтар Берасьця забудоўваўся яго цэнтральны пляц. У цэнтры ўзводзіліся 4—5-і павярховыя дамы (архітэктары А. Сувораў, З. Леўчанка), праводзіліся рэканструкцыя чыгуначнага вакзалу (1956), вялося будаваньне ўнівэрсальнай крамы (1955) і гатэлю «Буг» (1958). 

Згодна з новым генэральным плянам разьвіцьця Берасьця, распрацаваным у інстытуце «Белдзяржпраект» (архітэктары Ю. Глінка, Я. Ліневіч, А. Гарбачоў) і зацьверджаным у 1965 годзе, далейшае разьвіцьцё места адбывалася ва ўсходнім кірунку: ствараўся ўсходні прамысловы вузел, вялося будаваньне найбуйнейшага раёну Ўсходу, які складаўся з 7 мікрараёнаў і грамадзкага цэнтру. У 1970-я гады пачалося засваеньне зямель пад жылую забудову ў паўднёвым кірунку (левабярэжная частка ракі Мухаўца). Паўднёвы жылы раён разьлічваўся на 70—80 тысячаў жыхароў і складаўся з 6 мікрараёнаў. У пачатку 1970-х гадоў у Берасьці сфармалася 6 раёнаў, дзе вялося будаваньне жытла: паўднёвы, цэнтральны, усходні, Граеўскі, Адамкова—Рэчыца і раён Камянецкай шашы. Паводле праекту пляну цэнтру Берасьця 1968 году (архітэктары В. Анікір, Г. Трушнікава) сфармаваўся ансамбль грамадзкіх будынкаў у раёне цэнтральнага пляцу, праводзілася рэканструкцыя цэнтральных вуліцаў.

У 1985 годзе Беларускі навукова-дасьледчы і праектны інстытут урбаністыкі распрацаваў праект рэгенэрацыі гістарычнай часткі Берасьця, які прадугледжваў захаваньне пляну, што склаўся гістарычна, як помніка ўрбаністыкі. Гэты праект стаў першым досьведам у сэрыі праектаў рэгенэрацыі гістарычных местаў Беларусі. У зьвязку з будаваньнем прадпрыемстваў паўднёвага прамысловага вузла ў 1980-я гады зьявіўся новы раён места — паўднёва-ўсходні (з 1983 году забудоўваецца мікрараён Паўднёвы Ўсход-3). У паўднёвым прамысловым вузьле разьмяшчаецца машынна-будаўнічае аб’яднаньне.

У 1992 годзе Беларускі навукова-дасьледчы і праектны інстытут урбаністыкі распрацаваў чарговы генэральны плян Берасьця (галоўны архітэктар А. Зайцава), які прапануе канцэпцыю комплекснага разьвіцьця места. Умовы плянавальнага разьвіцьця дазваляюць пашырэньне Берасьця ў паўночным і паўднёвым кірунках.

На 2012 год Берасьце было адзіным местам Беларусі, дзе існавалі вуліцы, названыя ў гонар птушак.

Берасьце — буйны прамысловы цэнтар Беларусі. Сёньня ў месьце працуе больш за 50 прадпрыемстваў прамысловасьці, у тым ліку электрамэханічны і электралямпавы заводы, завод газавага абсталяваньня «Брэстгазаапарат», прадпрыемства «Цветатрон» па вытворчасьці мікраэлектронікі, прадпрыемствы лёгкай і харчовай прамысловасьці і малочны камбінат ААТ «Савачкаў прадукт».

Берасьце — адзін з найважнейшых транспартных вузлоў Беларусі. У 1981 годзе тут зьявіліся першыя тралейбусы, у 2000-я гады колькасьць тралейбусных маршрутаў места дасягнула васьмі.

За 12 кілямэтраў на паўночны ўсход ад Берасьця знаходзіцца аэрапорт Брэст (міжнародны код — BQT), уведзены ў эксплюатацыю ў 1976 годзе. У 1986 годзе Берасьцейскаму аэрапорту надалі статус міжнароднага, магчымы пасажырапаток складае 400 чалавек у гадзіну.

Берасьце — пэрспэктыўны цэнтар турызму Беларусі міжнароднага значэньня.

З савецкіх часоў сымбалем места стаў мэмарыяльны комплекс «Берасьцейская крэпасьць», урачыстае адкрыцьцё якога адбылося 25 верасьня 1971 году. Будаваньне мэмарыялу ажыцьцяўлялася пад кіраўніцтвам народнага архітэктара СССР У. А. Караля.

Музэі: Археалягічны музэй «Берасьце», Берасьцейскі абласны краязнаўчы музэй, Музэй абароны Берасьцейскай крэпасьці, музэй «Выратаваныя мастацкія каштоўнасьці», Музэй гісторыі горада Берасьця, Мастацкі музэй Берасьця, музэй чыгуначнай тэхнікі, музэй «5 форт» (у пэрспэктыве — музэй «Гісторыя фартыфікацыі і ўзбраеньня»), музэй авіяцыі і касманаўтыкі (у мікрараёне Ўсход).




#Article 5: Магілёў (3550 words)


Магілёў — места ў Беларусі, на рацэ Дняпры пры ўтоку ў яе ракі Дубравенкі. Адміністрацыйны цэнтар Магілёўскай вобласьці і Магілёўскага раёну. Плошча 110,5 км². Насельніцтва на 2020 год — 357 100 чалавек. Знаходзіцца за 201 км на ўсход ад Менску. Вузел чыгунак на Асіпавічы, Воршу, Жлобін, Крычаў, аўтамабільных дарог на Бабруйск, Віцебск, Гомель, Менск і іншыя, рачны порт.

Магілёў — магдэбурскае места гістарычнай Аршаншчыны (частка Віцебшчыны), старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага, цэнтар праваслаўнага хрысьціянства. 9 чэрвеня 1661 году атрымаў роўныя правы з сталіцай — Вільняй — за гераізм, выяўлены ў часе паўстаньня супраць маскоўскіх акупантаў. У 1930-я гады разглядалася магчымасьць пераносу ў Магілёў сталіцы Беларускай ССР. Да нашага часу тут захаваліся комплекс манастыра Сьвятога Мікалая ў стылі самабытнага магілёўскага барока, дом купца Анташкевіча, Узьвіжанская царква (пацярпела ад маскоўскай перабудовы), комплекс кляштару кармэлітаў з касьцёлам Сьвятога Станіслава і калегіюм езуітаў ў стылі барока, архірэйскі і арцыбіскупскі палацы, мэмарыяльная арка і Фарны касьцёл у стылі клясыцызму, помнікі архітэктуры XVII—XIX стагодзьдзяў. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаліся мураваныя мескія брамы: Ветраная, Алейная, Каралеўская і Дубровенская, помнікі архітэктуры XVII—XVIII стагодзьдзяў, зруйнаваныя расейскімі ўладамі. Значную частку мясцовых славутасьцяў зруйнавалі за савецкім часам: цэрквы Божага Яўленьня, Прачыстай Багародзіцы і Покрыва Багародзіцы (магілёўскае барока), царкву Сьвятога Спаса (віленскае барока), мескую ратушу, касьцёл Сьвятога Францішка Ксавэрыя і Анёлаў-Ахоўнікаў пры калегіюме езуітаў і комплекс кляштару бэрнардынаў з касьцёлам Сьвятога Антонія (барока), лютэранскую кірху, цэрквы Сьвятой Тройцы, Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла і Сьвятога Ёсіфа (клясыцызм), помнікі архітэктуры XVII—XIX стагодзьдзяў.

Тапонім Магілёў, відаць, мае патранамічнае паходжаньне — ад асабістага імя Магіла, якое ў сваю чаргу ўтварылася ад адпаведнай славянскай асновы. Выказваліся таксама меркаваньні пра зьвязак тапоніму з канкрэтнай гістарычнай асобай — галіцкім князем Львом Данілавічам Могіем («Магутным Ільвом»), які нібыта збудаваў у 1267 годзе замак у сутоцы рэк Дубравенкі і Дняпра (археалягічныя раскопкі ня выявілі гэтага ўмацаваньня). Некаторыя дасьледнікі лічаць, што назва Магілёва паходзіць ад імя князя полацкага Льва Ўладзімеравіча (Льва Магутнага).

Народнае паданьне зьвязвае назву места зь імём асілка Машэкі, над магілай якога насыпалі вялікі курган, названы «Магілаю Льва» (захавалася ўрочышча Машакоўка). Народны паэт Беларусі Янка Купала апрацаваў гэтую легенду ў аднайменную паэму (пры гэтым у паэме выкарыстоўваецца варыянт «Магі́леў»). Паводле «Запісак ігумена Арэста», у старажытнасьці на месцы Магілёва быў стан разбойнікаў (іхнага атамана звалі Магіла) і шматлікія магілы забітых імі людзей, каля якіх узьнікла вёска Магілка.

Варыянты напісаньня назвы места лацінай на мапах XVI—XVII стагодзьдзяў: Mohilou (1595 год), Mohilovum або Mohilow (1613 год).

Паводле археалягічных раскопак, старажытнае паселішча існавала на месцы Задубравенскага пасаду яшчэ ў XII ст. Апроч таго, на гары Магіла знаходзілася даўняе ўмацаваньне. У пачатку XIII ст. Магілёў, відаць, быў цэнтрам фэўдальнай сядзібы-вотчыны і выконваў функцыі фартэцыі. Паводле Магілёўскай хронікі, складзенай у XVIII—XIX стагодзьдзях, Магілёў у якасьці места заснавалі 24 сакавіка 1267 году. У пачатку XIV ст. места далучылася да Вялікага Княства Літоўскага, дзе стала цэнтрам воласьці.

Першы пісьмовы ўпамін пра Магілёў зьмяшчаецца ў «Сьпісе гарадоў далёкіх і блізкіх», якія датуецца канцом XIV ст. У гэты час места знаходзілася ў валоданьні каралевы Ядвігі, жонкі караля і вялікага князя Ягайлы. У 1431 годзе яно перайшло да вялікага князя Сьвідрыгайлы, а ў 1503 годзе — да вялікай княгіні Алены Іванаўны.

У XV ст. Магілёў стаў значным цэнтрам гандлю, тут працавала ўласная мытня. Пад 1447 годам упамінаецца Спаская царква. У пачатку XVI ст. места ўвайшло ў склад Аршанскага павету Віцебскага ваяводзтва.

У зьвязку з стратай Смаленску ў 1514 годзе і пераходам яго на стагодзьдзе пад уладу Маскоўскай дзяржавы, многія тамтэйшыя купцы перабраліся ў Магілёў. Праз гэта неаднаразова (у 1518, 1519 і 1535 гадох) ягоныя ваколіцы цярпелі ад рабаўніцкіх набегаў маскоўскіх захопнікаў, аднак самім местам яны авалодаць ня здолелі. У 1526 годзе скончылася будаваньне новага замка. У 1561 годзе места атрымала права на войтаўства.

На 1577 год у Магілёве быў 1261 жылы дом (на 1588 год — 1500 жылых дамоў). У Інфлянцкую вайну 27 чэрвеня 1581 году маскоўскія захопнікі цалкам зьнішчылі Задубравенскі пасад, спалілі 10 будынкаў у Пакроўскім пасадзе, але штурм Старога места і замка быў безвыніковым. Пад 1588 годам упершыню ўпамінаецца тутэйшы рымска-каталіцкі касьцёл. Недзе ў 1590—1592 гадох у Магілёве адкрылася агульнадукацыйная брацкая школа, у якой вывучалі старабеларускую і лацінскую мовы. У 1594—1604 гадох ішло будаваньне першага мураванага будынка — Фарнага касьцёла. 13 сьнежня 1595 году казацкія загоны С. Налівайкі спалілі каля 40% забудовы Магілёва, у тым ліку некалькі цэркваў, і зьнішчылі значную колькасьць месьцічаў. Захавалася паведамленьне пра тыя падзеі:

У 1601—1633 гадох завяршылася будаваньне разьвітай абарончай сыстэмы мескіх умацаваньняў з трох лініяў абароны. Першую лінію складаў замак — «Высокае места», другая лінія ўмацаваньняў — Кругавы (альбо Бліжні) вал — ахоплівала Старое места і мела чатыры брамы, трэцяя лінія абароны — Палявы (Дальні, Кругавы) вал — у розныя часы мела розныя памеры і колькасьць брамаў. На 1604 год тэрыторыя Магілёва падзялялася на 15 сотняў. У межах Старога места (Нагорскі пасад) знаходзіліся Астроская і Нагорская сотні, за імі ва ўсходнім кірунку разьмяшчалася Ледзькаўская сотня, на правабярэжжы Дняпра (Пакроўскі пасад) — Курдзенееўская, Перахрысьценская, Слабодзкая, Грыўлянская, Выганская і Бярозаўская сотні, за Дубравенкай (Задубравенскі пасад) — Папінская, Трысьненская, Каскоўская, Дабраслаўская сотні, за Дняпром (Задняпроўскі пасад) — Траецкая і Лупалаўская сотні.

У пачатку XVII ст. Магілёў стаў адным з найбольшых местаў Вялікага Княства Літоўскага (у 1604 годзе налічваў 2211 дамоў, 18 цэхаў), меў права на правядзеньне штогод двух кірмашоў. У 1616 годзе пры Магілёўскім брацтве пачала працаваць друкарня, у якой у XVII—XVIIІ стагодзьдзях надрукавалі каля 40 кнігаў. Праз 2 гады адбылося Магілёўскае паўстаньне 1618 году супраць прымусовага ўвядзеньня царкоўнай уніі. У выніку ў 1632 годзе тут заснавалі адзіную ў той час на Беларусі праваслаўную япархію, якая не далучылася да Уніі. У сярэдзіне XVII ст. умацаваньні Старога места налічвалі 4 брамы — Алейную, Ветраную, Каралеўскую і Дубравенскую; у Палявым вале, які атачаў Новае места, стаяла 8 драўляных брамаў — Курдзенеўская (Гваздоўка), Лядвееўская, Шклоўская дальняя, Віленская, Уструшненская, Трысьненская, Быхаўская, Папінская.

З пачаткам вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай у 1654 годзе магілёўцы здалі места маскоўскім захопнікам. Аднак 1 лютага 1661 году ў выніку народнага паўстаньня месьцічы зьнішчылі акупацыйную залогу. За выяўленую ў час паўстаньня мужнасьць 9 чэрвеня 1661 году кароль і вялікі князь Ян Казімер ўраўнаваў у правах Магілёў зь Вільняй. Апроч таго, места атрымала новы герб «у блакітным полі тры срэбныя мескія вежы, у адчыненай сярэдняй браме — рыцар з узьнятым мячом, а над ім герб — Пагоня». У гэты час у Магілёве налічвалася каля 30 тысячаў дамоў, у тым ліку 10 тысячаў належалі жыдам; вуліцы былі брукаваныя дзікім камнем, існавала шмат гандлёвых радоў. У 1681 годзе на Рынку ўзьвялі новую мураваную ратушу (першая была драўлянай і знаходзілася на вуліцы Ветранай). У XVIII ст. у месьце дзейнічаў шпіталь, які знаходзіўся каля Алейнай брамы.

У Вялікую Паўночную вайну (1700—1721) Магілёў сьпярша занялі расейскія, а потым швэдзкія войскі. 8 (19) ліпеня 1708 году, пабачыўшыя дагэтуль шмат пакутаў ад расейцаў, магілёўцы хлебам-сольлю сустракалі швэдаў і іх караля, урачыста ўехаўшага ў места празь Віленскую браму, а бурмістар Магілёва ўручыў манарху на чырвоным рушніку сымбалічны ключ ад места Аднак за гэта Магілёў заплаціў вельмі дорага: 8 верасьня 1708 году расейскія войскі на загад маскоўскага гаспадара Пятра I цалкам спалілі места. На 1745 год у Магілёве быў 1301 будынак, працавалі некалькі цагельняў — «Антона Апоці», «паноў Батвіньнікаў», «Дарошкі з братам Сапрончыкаў». На тэрыторыі пасадаў знаходзіліся «ізба цэху шавецкага… цэх гарбарскі… дом цэхавы пякарскі… цэх шавецкі», непадалёку ад царквы Сьвятога Міколы — «цэх алейніцкі». Тут жылі злотнікі (ювэліры), алейнікі, дойліды, бондары, хлебнікі, багамазы (іканапісцы), шкляры, шаўцы і кавалі. На 1756 год дзейнічалі 9 цэркваў і 2 манастыры, 2 уніяцкія цэрквы (Дальняя Ўваскрасеньня Хрыстова і Покрыва Багародзіцы), 6 касьцёлаў і 3 кляштары (кармэлітаў, езуітаў і бэрнардынаў). На 1765 год у месьце налічвалася 1879 будынкаў.

У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772 год) Магілёў апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе стаў цэнтрам аднайменнай губэрні. 22 лістапада 1773 году тут разьмясьціўся цэнтар Беларускай рымска-каталіцкай дыяцэзіі, пры якой адкрыліся сэмінарыя і акадэмія. У 1780 годзе ў месьце адбылася сустрэча паміж імпэратрыцай расейскай Кацярынай II і імпэратарам аўстрыйскім Ёзэфам, у гонар чаго заклалі саборную царкву Сьвятога Ёсіфа. У 1781 годзе расейскія ўлады даравалі Магілёву новы герб, таксама з выявай Пагоні. У канцы ХVІІІ ст. у месьце было 22 вуліцы, 32 завулкі, 2000 будынкаў; працавалі 33 прадпрыемствы, у тым ліку 22 гарбарныя, 7 піваварных, 2 цагельні, 2 вадзяныя млыны, каля 240 крамаў, праводзілася 3 кірмашы на тыдзень.

У 1809 годзе на базе народнай вучэльні (дзейнічала з 1789 году) адкрылася Магілёўская гімназія. У ходзе вайны 1812 году места на пэўны час занялі францускія войскі. У 1838 годзе пачала выдавацца газэта «Могилевские губернские ведомости». У 1848—1856 гадох празь места прайшла шаша, у 1902 годзе — Пецярбурска-Адэская чыгунка. У 1867 годзе ў Магілёве заснавалі музэй, у 1888 годзе завяршылася будаваньне мескага тэатру. У 1879 годзе зьявіўся водаправод. У часе Ўсерасейскага перапісу 1897 году 12 847 магілёўцаў (або 29,79% ад усіх месьцічаў) назвалі роднай мовай беларускую, што было найвышэйшым паказьнікам сярод усіх местаў на этнічнай тэрыторыі беларусаў.

За часамі Першай сусьветнай вайны ў жніўні 1915 — лютым 1918 году ў Магілёве знаходзілася Стаўка Вярхоўнага галоўнакамандуючага, тут спыняўся маскоўскі гаспадар Мікалай II. У лютым 1918 году места занялі войскі Нямецкай імпэрыі.

У Другую сусьветную вайну ў ліпені 1941 году Магілёў занялі войскі Трэцяга Райху. Акупанты стварылі Лупалаўскі лягер сьмерці, гета ў раёне Дубравенкі, перасыльны лягер для ваеннапалонных. Загінула 70 тысячаў чалавек. У Магілёве дзейнічала падпольле. У ноч з 27 на 28 траўня 1943 году места бамбавала савецкая авіяцыя. У час бамбаваньня загінула ня толькі каля 4 тысячаў нямецкіх салдатаў, але і шмат цывільнага насельніцтва: магілёўцы гінулі цэлымі сем’ямі, большасьць зь іх хавалі ў братэрскіх магілах. 123 сям’і з тых хто выжыў, але найбольш пацярпеў, атрымаў кампэнсацыю ад нямецкіх уладаў у выглядзе прадуктаў, тканіны і іншых рэчаў. У час гэтага бамбаваньня было таксама зьнішчана шмат помнікаў сакральнай і грамадзянскай архітэктуры, асабліва ў гістарычным цэнтры. У чэрвені 1944 году места занялі савецкія войскі 2-га Беларускага фронту ў час Магілёўскай апэрацыі. 

У паваенны час Магілёў часткова адбудавалі. У 1946 годзе тут адкрыўся першы аўтобусны маршрут, у 1970 годзе адбыўся пуск тралейбуса. 

У 2005 годзе гістарычны герб Магілёва атрымаў афіцыйны статус, хаця ён шырока выкарыстоўваўся ўжо з пачатку 1990-х гадоў. З 25 па 31 сакавіка 2018 году ў месьце прайшоў шэраг мерапрыемстваў, прысьвечаных сьвяткаваньню 100-годзьдзя Беларускай Народнай Рэспублікі, у тым ліку экскурсія па гарадзкіх мясьцінах, зьвязаных з БНР і канцэрт з удзелам мясцовага гурта Lis, а таксама Юрася Несьцярэнкі і Андруся Такінданга. Раней была пададзена заяўка на інфармацыйны пікет у цэнтры места, аднак улады прапанавалі перанесьці яго на стадыён (вуліца Чалюскінцаў), удалечыні ад людных вуліцаў, таму арганізатары ня сталі яго праводзіць. 16 жніўня 2020 году ў Магілёве прайшоў Марш за свабоду.

Тэрыторыя Магілёва падзяляецца ракой Дняпром на дзьве няроўныя і неаднолькавыя паводле рэльефу часткі. Правабярэжная частка — паката-ўзгорыстае плято, якое абрываецца крутым уступам у даліне Дняпра. Левабярэжная частка разьмяшчаецца ў даліне ракі Дняпра, на яго абалоннай тэрасе. У тэктанічных адносінах тэрыторыя места разьмяшчаецца ў межах Маскоўскай упадзіны.

Даледавіковыя асадкавыя пароды выходзяць на дзённую паверхню ў агаленьні рэк у выглядзе чацьвярцічных адкладаньняў. Яны зьяўляюцца ападкамі мораў палеазойскай і мэзазойскай эраў, што неаднаразова пакрывалі тэрыторыю сучаснай Магілёўскай вобласьці. Карэнныя пароды ў межах места залягаюць пад моцнай тоўшчай чацьвярцічных адкладаньняў.

З чацьвярцічнымі адкладаньнямі зьвязваюць наяўнасьць у навакольлях Магілёва карысных выкапняў — лесавідных і альвіальных суглінкаў, што ідуць на выраб цэглы. Пад суглінкамі ляжаць пяскі, што зьмяшчаюць жвір, які здабываецца для будаўнічых патрэбаў. Валуны, што знаходзяцца ў пясках, служаць для пакрыцьця дарог. Кварцавыя пяскі зьяўляюцца сыравінай для вытворчасьці шкла, сылікатнай цэглы, бэтону. У крэйдавых адкладаньнях сустракаюцца фасфарыты. У абалоне Дняпра, паблізу Палыкавічаў, існуюць значныя паклады балотных жалезных руд.

На тэрыторыі Магілёва цякуць з поўначы на поўдзень і ўпадаюць у Дняпро справа невялікая рака Дубравенка (з прытокам Струшняй) і ручай Дзебра. У межах места Дубравенка працякае старой добра распрацаванай далінай, шырынёй да 150 м. Крутыя схілы карэннага берага падымаюцца на 18—20 м, праразаюцца шматлікімі ярамі. Рэчышча ракі моцна мэандыруе і падмывае карэнныя берагі. Паблізу вусьця схілы Дубравенкі маюць шматлікія сьляды аплывін і апоўзьняў. У цяперашні час гэтыя працэсы тармозяцца ненатуральнымі насаджэньнямі дрэваў і кустоў ці тэхнічным спосабам (забіўка сваяў, цэмэнтаваньне водаадводаў і г. д.). Узімку рака амаль не памяншае свой дэбэт, замярзае толькі ў найбольш моцныя маразы, ды і то не цалкам, заўсёды застаюцца праталіны. Пры паслабленьні марозу ўтвораны лёд зноў растае, паводкі на Дубравенцы звычайна праходзяць хутка, за некалькі дзён. Пасьля таго, як выйдзе зь берагоў Дняпро, Дубравенка ў нізоўях амаль спыняе цячэньне, яе падпіраюць воды Дняпра.

Струшня — прыток Дубравенкі, які пачынаецца 2 вытокамі ў раёне станцыі Магілёў II зь невялікіх лагчынаў. У межах места даліна ракі мае крутыя схілы і шырыню днішча 5—7 м. Ніжэй за элеватар у Струшню справа ўпадае ручай, пасьля чаго пачынаецца ягоны бесьперапынны вадаток, які хутка расьце за кошт крыніцаў. Набліжаючыся да вусьця, даліна Струшні прыкметна пашыраецца і ўступае ў крутыя, моцна падзеленыя схілы, складзеныя друзлымі пародамі, схільнымі да працэсаў апоўзьняў і асыпкаў.

Дзебра — правы прыток Дняпра. Цалкам працякае ў межах места. Пачынаецца ў раёне станцыі Магілёў III з плоскай лагчыны, дзе калісьці было балота. На ўсім працягу даліна Дзебры добра выражаная. Схілы крутыя, сфармаваныя друзлымі пародамі, моцна падзеленыя і зрэзаныя ярамі.

На тэрыторыі Магілёва ёсьць сажалкі — Пашкаўская і Любуская і азёры Сьвятое і Пячэрскае (штучнае).

За 6 км на паўночны ўсход ад Магілёва з шчыліны здабываюць сульфатна-хлярыдныя, кальцыева-натрыевыя воды сярэдняй мінэралізацыі, рэкамэндаваныя для лячэньня страўнікава-кішачных захворваньняў. За 15 км на паўднёвы захад — сульфатныя магніева-кальцыевыя маламінэралізаваныя воды, якія выкарыстоўваюцца ў якасьці лекавых сталовых водаў пры страўнікава-кішачных захворваньнях. За 5 км на поўнач — маламінэралізаваныя сульфатныя магніева-кальцыевыя воды.

Клімат Магілёва ўмерана-кантынэнтальны. Больш за 100 дзён у год няма сонца. У сярэднім у зімовым месяцы няма сонца 17—20 дзён. Найбольш халодны месяц — студзень. Вясна пачынаецца ў канцы сакавіка, калі сярэднесутачная тэмпэратура паветра становіцца плюсавой. Лета цёплае, сонечнае. Дажджы ў асноўным ліўневыя, кароткатэрміновыя. Сярэдняя тэмпэратура найбольш цёплага месяца — ліпеня — +18 градусаў, у чэрвені і жніўні на 1,5 градуса ніжэй, чым у ліпені. Агулам у летнія месяцы ў сярэднім бывае 22 гарачыя дні зь сярэднесутачнай тэмпэратурай вышэй за +20 градусаў. Восень пачынаецца пры пераходзе сярэдняй сутачнай тэмпэратуры паветра праз +10 градусаў (22 верасьня) да меншага значэньня і завяршаецца пры пераходзе праз 0 градусаў (14 лістапада). У першай палове восені шмат сонечных дзён, для другой паловы найбольш характэрна пахмурнае надвор’е з зацяжнымі імжачымі дажджамі.

Для Магілёва, як і для ўсёй Беларусі, характэрна высокая адносная вільготнасьць, якая ў кастрычніку — сакавіку перавышае 80 % і такой застаецца ў начныя часы астатніх месяцаў, толькі ўдзень паніжаецца да 50—60 %. Агулам за год у месьце бывае 134 вільготныя дні (зь вільготнасьцю больш як 80 %) і толькі 12 сухіх (вільготнасьць хаця бы на кароткі час роўная ці ніжэйшая за 30 %). 62 % часу году над местам захоўваецца пахмурнае неба, 22 % — яснае. У астатні час пануе зьменная воблачнасьць. У сярэднім за год выпадае 679 мм ападкаў, адзначаецца 182 дні з ападкамі. 2/3 ападкаў прыпадае на красавік — кастрычнік. З агульнай колькасьці ападкаў 72 % выпадае ў вадкім выглядзе, 15 % — у цьвёрдым і 13 % — у мяшаным.

Сярэдняя шматгадовая велічыня атмасфэрнага ціску ў раёне мэтэаралягічнай станцыі Магілёў — 745 мм рт. сл. (993 гПа). Зьмяненьні ціску на працягу году невялікія. Зь зьмяненьнем ціску зьвязана ўзмацненьне ветру. Вятры ўсіх кірункаў амаль раўнападобныя, у халодны пэрыяд году трохі пераважаюць паўднёвыя і паўднёва-ўсходнія, летам — паўночна-заходнія, восеньню — заходнія. Максымальная хуткасьць ветру — 25—30 м/с. Туманы бываюць 65 дзён за год.

У Магілёве і навакольлі жывуць 200 відаў хрыбетных, зь якіх 25 сысуноў, каля 100 птушак, больш за 20 відаў рыб, 8 земнаводных, 3 віды паўзуноў, а таксама больш як 300 відаў бесхрыбетных.

Сярод сысуноў лесапарку сустракаюцца вавёрка, крот, вожык, на ўскрайках места сустракаецца заяц, вядомыя выпадкі заходу ў места лася, янотападобнага сабакі. З драпежнікаў сустракаюцца гарнастай, чорная тхара, ласка. Часам у межах места на вадаёмах зьяўляюцца бабры. Шматлікія пацукі (чорны і шэры), мышы (свойская, палявая, лясная), палёўка (рыжая, звычайная).

Багатая арнітафаўна. Па колькасьці асобін першае месца належыць вераб’ям (палявы, дамавы), часьцей сустракаюцца галкі, гракі, вароны, сарокі, сініцы, шпакі, сустракаецца голуб шызы, на абалонных азёрах-старыцах — вадаплаўныя. Узімку ў места прылятаюць сойкі, сьнягіры, сьвістаці. У парках і садах жывуць: дрозд-рабіньнік, зяблік, мухалоўка-стракатка, салавей, канаплянка, зелянушка, садавая слаўка, шчыгол, гарыхвостка. У навакольлі места гняздуюцца белы бусел, палявы жаваранак, зязюля, круцігалоўка, у абалоне Дняпра — чайка звычайная, берагавая ластаўка, пліска белая, кнігаўка і іншыя пароды.

Рыбы прадстаўлены некалькімі сем’ямі. Пераважаюць карпавыя: плотка, верхаводка, лешч, карась, ялец. Сустракаюцца акунь, шчупак, галец.

З паўзуноў і земнаводных водзяцца вужы, яшчаркі, жабы, рапухі.

У месьце і навакольлі сустракаюцца прадстаўнікі жывёльнага сьвету, якія занесены ў Чырвоную кнігу і патрабуюць аховы. З адзначаных для Магілёўшчыны ахоўных жывёлаў у прыгараднай зоне могуць сустракацца: з сысуноў — барсук; з птушак — чорнавальлёвая гагара, звычайны зімародак, звычайная пустальга, шэры саракуш; зь земнаводных і паўзуноў — балотная чарапаха, мядзянка; з рыб у Дняпры і ягоных прытоках — рыбец, вусач; з вусякоў — матылі.

У Магілёве дзейнічаюць установы вышэйшай адукацыі:

З 1970 году працуе акадэмічны Інстытут тэхналёгіі мэталаў, які вядзе набор у асьпірантуру і дактарантуру. 

Дзейнічае таксама Магілёўская гарадзкая спэцыялізаваная дзіцяча-юнацкая школа алімпійскага рэзэрву № 4 і Магілёўскі абласны цэнтар алімпійскага рэзэрву па грабных відах спорту.

З 1990-х гадоў у Магілёве праводзяцца міжнародныя фэстывалі духоўнай музыкі «Магутны Божа», эстрадны «Залаты шлягер» і інш. З 2006 году праводзіцца моладзевы тэатральны форум «М@rt.кантакт».

У Магілёве 19 масавых бібліятэк, у тым ліку Цэнтральная, 10 дзіцячых, 4 мяшанага тыпу, абласная зь дзіцячым аддзелам.

У Магілёве ёсьць футбольны клюб «Дняпро» (раней — «Дняпро-Трансмаш»).

Раней таксама існавалі футбольныя клюбы «Тарпэда-Кадзіна» (вышэйшая ліга, першая ліга), «Савіт» (вышэйшая ліга, першая ліга).

З урбананімічнай спадчыны цэнтральнай часткі Магілёва да нашага часу гістарычныя назвы захавалі толькі вуліцы Архірэйскі Вал, Быхаўская, Віленская (частка), Левая і Правая Дубравенка, а таксама завулкі Брамны і Пажарны.

У XVII—XVIII стагодзьдзях Магілёў стаў рамесна-гандлёвым цэнтрам, які меў гандлёвыя зьвязкі зь местамі Масковіі, Украіны, Польшчы, Прыбалтыкі. У 1783—1784 гадох дзейнічалі 33 прамысловыя прадпрыемствы, у т.л. 22 гарбарныя, 7 бровараў, 2 цагельныя заводы, 2 млыны. 3 адкрыцьцём Бярэзінскага каналу ў 1805 годзе — буйны рачны порт. Разьвіцьцё прамысловасьці паскорылася ў другой палове XIX стагодзьдзя. У 1854 годзе ў Магілёве дзёйнічалі 27 цагельных заводаў, 4 мукамольна-крупадзёрныя прадпрыемствы, 34 маслабойні, разьвіваліся лесапільная, ганчарная, броварная, сьвечачная, тытунёвая і іншыя галіны прамысловасьці; у 1859 годзе — 189 прадпрыемстваў, каля 2500 рамесьнікаў; у 1885 годзе — 124 прадпрыемствы, у т.л. пенькатрапальная мануфактура, тытунёвыя прадпрыемствы, бровар; у 1897 годзе — 220 прадпрыемстваў. У 1877 годзе ў месьце правялі водаправод, у 1878 годзе — тэлефон. На пачатку XX стагодзьдзя ў Магілёве зьявілася лінія конкі. У 1910 годзе збудавалі электрастанцыю, у 1913 годзе — чыгуна-медналіцейны завод, у 1915 годзе — Магілёўская панчошная фабрыка. У 1912 годзе на 170 прадпрыемствах Магілёва працавала 712 работнікаў. У 1919 годзе дзейнічалі чыгуналіцейна-мэханічны, маслабойны, 2 мылаварныя заводы, бровар, лесапільні і гарбарныя прадпрыемствы, тытунёвая і гільзавая фабрыкі, электрастанцыя, гардрукарня.

У 1920—1930-х гадох Магілёў ператварыўся ў буйны прамысловы і культурны цэнтар БССР. У 1926—1921 гадох пачала дзейнічаць кандытарская фабрыка «10-ы Кастрычнік», у 1930 годзе — гарбарны завод, у 1932 годзе — трубаліцейны завод, завод мэталічных вырабаў. У 1929—1930 гадох тут збудавалі першае на Беларусі прадпрыемства хімічнай прамысловасьці — фабрыку штучнага шоўку. У 1926—1932 гадох збудавалі чыгунку Рослаў — Крычаў — Магілёў — Асіпавічы, у 1931 годзе адкрылася прыстань на рацэ Дняпры. У 1934 годзе адбыўся ўвод у эксплюатацыю мескіх аўтобусных маршрутаў. У 1933—1937 гадох збудавалі заводы: аўтарамонтны, клеявы, цагельны, мэблевую фабрыку. У 1940 годзе ў Магілёве 210 прамысловых прадпрыемстваў, каля 13 тысячаў работнікаў. У пачатку Нямецка-савецкай вайны значную частку прамысловага абсталяваньня заводаў і фабрык эвакуявалі. Нямецкія акупанты зьнішчылі амаль усе прамысловыя прадпрыемствы.

Па вяртаньні савецкай улады ў Магілёве пачалі аднаўляцца даваенныя і будавацца новыя прадпрыемствы. У 1945 годзе аднавілі мэталаапрацоўчы камбінат (з 1958 году завод «Электрарухавік»), у 1949 годзе пачалося будаўніцтва заводу натуральнага каўчуку (у 1952 годзе рэарганізаваны ў рэгенэратарны завод). У 1950-я гады Магілёў стаў местам машынабудаваньня, мэталюргіі, хіміі. 3 1960 году працуе фабрыка мастацкіх вырабаў. 3 1963 году тут працуе стужкаткацкая фабрыка, з 1967 году — ліфтабудаўнічы завод, з 1968 году — камбінат сынтэтычнага валакна, камбінат сылікатных вырабаў. 3 1970 году ў Магілёве праклалі тралейбусныя маршруты. Разьвітыя машынабудаваньне (завод транспартнага машынабудаваньня «Магілёўтрансмаш», ВА «Тэхнапрыбор», «Зэніт» і інш.), хімічная (вытворчае аб’яднаньне «Хімвалакно», рэгенэратарны завод і інш.), лёгкая (прадпрыемствы «Магатэкс», «Вясьнянка», фабрыкі швачная, «Сьвітанак» і інш.), харчовая (камбінаты мясны, малочны, завод напояў, хлебазавод і інш.) прамысловасьць. Працуюць прадпрыемствы будаўнічых матэрыялаў, чорнай мэталюргіі, мэталаапрацоўкі (Магілёўскі завод вентыляцыйных загатовак і інш.), дрэваапрацоўчая прамысловасьці.

Дзейнічае СЭЗ Магілёў.

Магілёў — значны транспартны вузел. Дзейнічае чыгуначны вакзал, ад якога адыходзяць цягнікі ў чатырох кірунках: Аршанскім, Асіпавіцкім, Жлобінскім, Крычаўскім. За 20 км на паўночны захад ад гораду, каля вёскі Ермалавічы, знаходзіцца аэрапорт «Магілёў». У цэнтры места знаходзіцца аўтавакзал Магілёў, зь якога выпраўляюцца міжмескія, прымескія і частка мескіх аўтобусных маршрутаў.

У месьце ёсьць вялікая сетка грамадзкага транспарту.

У Магілёве працуе каля 130 аўтобусаў 42 маршрутаў, якія абслугоўваюцца РУДМАП «Аўтобусны парк №1». Аснова рухомага складу аўтобусы марак Ікарус, МАЗ, ПАЗ, BOGDAN-Радзіміч, Mercedes-Benz. На аўтобусы прыпадае 45,5% пасажырскіх перавозак у месьце.

Тралейбусны рух адкрыўся 19 студзеня 1970 году. У наш час дзейнічае 12 маршрутаў, якія абслугоўваюцца МГКУП «Гарэлектратранспарт», на іх працуе каля 110 тралейбусаў марак ЗІУ і АКСМ. На тралейбусы прыпадае 43,5% пасажырскіх перавозак у месьце.

На 39 маршрутах працуе каля 630 аўтобусаў малой умяшчальнасьці марак Ford, Mercedes, ГАЗ-Газэль ды іншыя. На маршрутныя таксоўкі прыпадае 11% пасажырскіх перавозак. Некаторыя мескія маршруты маюць канцавыя прыпынкі ў прымескіх населеных пунктах.

Цяперашнія афіцыйныя раёны Магілёва — штучныя негістарычныя ўтварэньні савецкага часу, межы якіх не супадаюць з гістарычнымі мясцовасьцямі места. Яны маюць палітызаваныя ў духу расейскай камуністычнай прапаганды назвы, нададзеныя без уліку мясцовых беларускіх тапанімічных традыцыяў.

Магілёў падзяляецца на 2 адміністрацыйныя раёны: Ленінскі і Кастрычніцкі, якія ўтварыліся 25 сьнежня 1962 году згодна з Указам Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету БССР. Таксама да 2003 году існаваў Цэнтральны раён, утвораны ў 1979 годзе.

Магілёў — пэрспэктыўны цэнтар турызму Беларусі міжнароднага значэньня. Гасьцініцы: «Магілёў», «Турыст», «Космас-Корт», «Кім», «Ліра», «Севяранка», «Сігнал», гасьцініца ААТ «Магілёўхімвалакно».




#Article 6: Віцебск (3905 words)


Ві́цебск — места ў Беларусі, на рацэ Дзьвіне пры ўтоку ў яе Віцьбы і Лучосы. Адміністрацыйны цэнтар Віцебскага гарсавету, раёну і вобласьці. Плошча 96,73 км². Насельніцтва на 2020 год — 364 800 чалавек. Знаходзіцца за 300 км ад Менску, непадалёк ад граніцы з Расеяй. Вузел чыгунак на Маскву, Санкт-Пецярбург, Воршу, Полацак і аўтамабільных дарог. Аэрапорт (пункт пропуску празь дзяржаўную граніцу), рачны порт.

Віцебск — даўняе магдэбурскае места, адно з найстарэйшых у Беларусі. Колішняя сталіца ўдзельнага княства, цэнтар гістарычнага рэгіёну і старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага. У наш час прэтэндуе на неафіцыйны статус культурнай сталіцы краіны. Тут захаваліся меская ратуша, царква Зьвеставаньня Багародзіцы, царква Покрыва Багародзіцы на Маркаўшчыне, манастыр базылянаў, комплекс кляштару трынітарыяў з касьцёлам Апекі Найсьвяцейшай Панны Марыі, касьцёл Сьвятой Барбары і палац Кудзіновічаў, помнікі архітэктуры XII—XIX стагодзьдзяў. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаліся царква Сьвятых Барыса і Глеба на Пескаваціку, комплекс кляштару дамініканаў з касьцёлам Сьвятога Міхала Арханёла і Фарны касьцёл, помнікі архітэктуры XVIII ст., зруйнаваныя расейскімі ўладамі, а таксама цэрквы саборная Прачыстай Багародзіцы (адноўлена), Уваскрасеньня Хрыстова на Рынку (адноўлена), Узьвіжаньня Сьвятога Крыжа, Божага Яўленьня, Уваскрасеньня Хрыстова на Заручаўі, Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла, Сьвятога Яна Хрысьціцеля, Сьвятога Спаса, Раства Хрыстова, Сьвятога Духа і Сьвятой Тройцы, комплекс езуіцкага калегіюма з касьцёлам Сьвятога Язэпа, кляштарныя комплексы бэрнардынаў з касьцёлам Сьвятога Антонія і піяраў з касьцёлам Маці Божай Шкаплернай, помнікі архітэктуры XVII—XIX стагодзьдзяў, зьнішчаныя савецкімі ўладамі. Калі на пачатак XIX стагодзьдзя Віцебск упрыгожвала 11 унікальных твораў віленскага барока (другое месца пасьля Вільні), то па расейскім і савецкім панаваньні зь іх захаваўся толькі адзін у перабудаваным выглядзе.

Тапонім «Віцебск» утварыўся ад назвы ракі Віцьбы паводле найбольш старажытнай мадэлі — уласная назва ракі + суфікс -ск. Увогуле, у айканіміі этнічных беларускіх зямель суфікс -ск (-цак) зьяўляецца глыбока традыцыйнай рэліктавай зьявай, якая падкрэсьлівае самабытнасьць беларускага народа і старажытнасьць тэрыторыі яго расьсяленьня. Такі суфікс адзначаецца з IX—X стагодзьдзяў, у тым ліку ў назвах двух найстаражытнейшых местаў Полацку і Смаленску, засьведчаных летапісамі пад 862 і 863 гадамі. Звыш паловы гарадоў з назвамі на -ск, памянёных у летапісах XI стагодзьдзя, прыпадае менавіта на зону фармаваньня беларусаў, дзе гэты суфікс выяўляе прадуктыўнасьць і ў наступныя стагодзьдзі. Кожнае трэцяе беларускае места зь ліку занесеных у «Сьпіс рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх» канца XIV стагодзьдзя сканчаецца на -ск (-цак).

Існуе некалькі меркаваньняў датычна паходжаньня гідроніму «Віцьба». На думку географа Вадзіма Жучкевіча, у аснове назвы ракі славянскае паняцьце «віць» — вільготнае месца, багна — у спалучэньні з фармантам -ба, што надае прыналежнасьць да месца. Гісторык Аляксей Сапуноў сьцьвярджаў, што Віцьба атрымала назву ад уласных лукавінаў, паміж якімі яна мусіла «віцца». Лінгвіст Уладзімер Тапароў аспрэчваў славянскую вэрсію паходжаньня назвы ракі і апэляваў да шчыльнага балцкага гідранімічнага фону ў басэйне Дзьвіны. На яго думку, назва «Віцьба» — балцкая, а найбольш аўтэнтычнай формай трэба лічыць раньняе «Відба» (і адпаведна «Відбеск»). Балцкую першакрыніцу дасьледнік рэканструяваў у выглядзе Vid-up- «Сярэдняя рака» і параўноўваў з балцкімі назвамі тыпу Vidupe (у Латвіі) і Выцебець (у басэйне Акі, каля Выцебеці нямала назваў-дубляў кшталту ракі Сярэдняй).

Іншыя варыянты напісаньня назвы места ў гістарычных крыніцах: Витепск, Видбеск, Видебск, Витепеск, Витьбеск. У нямецкіх хроніках упамінаецца пад назвай Вітэнбеке (). У гаворках Віцебшчыны таксама сустракаюцца варыянты Віцемск, Вітэбск, Вытэбск, Віцімськ

Датаваньне першага пісьмовага ўпаміну пра Віцебск няпэўнае. Паводле легенды зь Віцебскага летапісу, складзенага ў XVIII ст., горад у 974 годзе заклала княгіня кіеўская Вольга, аднак вядома, што яна памерла яшчэ ў 969 годзе. З гэтай прычыны на сёньняшні дзень паміж гісторыкамі вядзецца спрэчка: як імаверную дату заснаваньня называюць 947 год (паводле «Аповесьці мінулых часоў» у 947 годзе Вольга наведвала міжрэчча Дзьвіны і Дняпра і ўтварыла тут пагосты для збору даніны, у тым ліку на рэках Мсьце і Лузе, магчыма тады зьявіўся пагост і на Віцьбе — Віцебск), а таксама 914 год.

У Х—ХІІІ стагодзьдзях Віцебск займаў важнае месца на «шляху з варагаў у грэкі». У 1021 годзе князь кіеўскі Яраслаў Уладзімеравіч перадаў места разам з Усьвятам князю полацкаму Брачыславу Ізяславічу пры складаньні міру.

Па сьмерці князя полацкага Ўсяслава Чарадзея (1101 год) Віцебск стаў сталіцай удзельнага княства. Першым князем віцебскім быў Сьвятаслаў Усяславіч, пазьней местам і княствам валодалі ягоныя нашчадкі Васількавічы. У 1167 годзе князь менскі Валадар Глебавіч узяў Віцебск у аблогу, а ў 1196 годзе каля места адбылася бітва аб’яднаных сілаў полацкіх і чарнігаўскіх князёў з смаленскімі князямі. Полацкія князі перамаглі і вярнулі сабе Віцебскае княства. З 1318 году тут княжыў Яраслаў Васільевіч, які аддаў сваю адзіную дачку Марыю замуж за князя крэўскага Альгерда.

Па сьмерці князя Яраслава (1320 год) Віцебск паводле спадчыны перайшоў да вялікага князя Альгерда і такім чынам далучыўся да Вялікага Княства Літоўскага. У 1341 годзе тутэйшыя жыхары на чале з Альгердам дапамаглі Пскову супраць крыжакоў. З 1345 году места знаходзілася ў валоданьні Андрэя Альгердавіча.

Паводле гістарычных крыніцаў, у 1351 годзе ў Віцебску завяршылася будаваньне княскага палаца і муравана-драўляных Верхняга і Ніжняга замкаў, даўжыня сьценаў якіх складала 1,75 км. У канцы XІV ст. места апынулася ў цэнтры міжусобнай барацьбы паміж сынамі і суродзічамі Альгерда за права валоданьня гэтым важным стратэгічным пунктам. Верхні і Ніжні замкі неаднаразова супрацьстаялі шматлікім і працяглым аблогам. 15 ліпеня 1410 году віцебская харугва ўзяла ўдзел у Грунвальдзкай бітве.

У XV—XVІ стагодзьдзях Віцебск стаў буйным гандлёвым і рамесным цэнтрам. На 1441 год ён уваходзіў у лік 15 найбольшых местаў Вялікага Княства Літоўскага.

Паводле ўстаўной граматы вялікага князя Казімера 1444 году Віцебск атрымаў абмежаванае самакіраваньне, таксама грамата фактычна зафіксавала аўтаномію Віцебскай зямлі. Надалей у XVІ ст. места атрымала некалькі прывілеяў, якія гарантавалі недатыкальнасьць зямельных уладаньняў фэўдалаў і мяшчанаў, правы бязмытнага гандлю і вольнага выезду ў межах дзяржавы.

У 1508 годзе на базе Віцебскага намесьніцтва ўтварылася ваяводзтва. 17 сакавіка 1597 году кароль і вялікі князь Жыгімонт Ваза надаў месту Магдэбурскае права і герб: «у блакітным полі пагрудная выява Ісуса Хрыста, пад якой чырвоны меч». Вытрымка з адпаведнага вялікакняскага прывілею:

У 2-й палове XVІ — пачатку XVІІ стагодзьдзяў у Віцебску ўтварылася супольнасьць кальвіністаў, у якую ўваходзілі заможныя месьцічы і сябры магістрату. Адначасна ў месьце распачалі сваю дзейнасьць праваслаўныя брацтвы, якія спрыялі захаваньню беларускай мовы і культуры.

Ад пачатку XVІ ст. Віцебск неаднаразова (у 1502, 1516, 1519, 1534 і 1536 гадох) цярпеў ад агрэсіі Маскоўскай дзяржавы, войскі якой спусташалі ваколіцы места, забівалі і бралі ў палон ягоных жыхароў. У Інфлянцкую вайну маскоўскія захопнікі двойчы бралі Віцебск у аблогу (у 1562 і 1568 гадох), зьнішчаючы ягоныя пасады і ваколіцы. У 1602 годзе вяртаючыся дадому з вайны Рэчы Паспалітай з Швэцыяй места абрабавалі запароскія казакі:

З пачаткам вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) Віцебскі замак па амаль 3-месячнай аблозе захапіла 20-тысячнае войска маскоўскіх ваяводаў і ўкраінскіх казакаў. У баях загінула большасьць месьцічаў, значная частка шляхты і жыдоў трапіла ў палон. Акупанты прымусова вывезьлі ў Маскву нямала тутэйшых рамесьнікаў. Толькі ў 1667 годзе Віцебск, згодна з умовамі замірэньня, вярнулі Вялікаму Княству Літоўскаму. Паводле тагачаснага інвэнтару ў месьце было тры замкі — Верхні (Горны), дзе знаходзіўся палац ваяводы, Ніжні (Дольны) і Ўзгорскі. Замкі стаялі ў атачэньні муроў з 20 вялікімі і 3 малымі вежамі. Неўзабаве ў Віцебску адкрыўся езуіцкі калегіюм (1682 год). У Вялікую Паўночную вайну (1700—1721) 28 верасьня 1708 году на загад Пятра I места спалілі расейскія войскі. Згарэлі замкі, ратуша, крамы, усе пасады, 12 цэркваў і 4 касьцёлы. 3 гэтага часу пачаўся заняпад эканомікі места.

Па аднаўленьні ў 2-й палове XVІІІ ст. Віцебск сваёй велічынёю стаў другім (пасьля Магілёва) местам на тэрыторыі сучаснай Беларусі. У 1764 годзе яго ўраўнавалі ў правох з сталіцай — Вільняй, тут пачалося будаваньне новай мураванай ратушы (скончылася ў 1775 годзе).

У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772 год) Віцебск апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе стаў цэнтрам правінцыі (у 1796 годзе цэнтар Беларускай, з 1802 году Віцебскай губэрні). У 1781 годзе расейскія ўлады зацьвердзілі новы герб места з «Пагоняй» на бел-чырвона-белым фоне. У 1803 годзе на загад з Санкт-Пецярбургу ўсе мескія прывілеі накіравалі ў Сэнат на рэвізію, з тых часоў няма зьвестак пра іхнае месца знаходжаньня. У 1777 годзе ў Віцебску пачало працаваць першае прамысловае прадпрыемства — гарбарня, у 1797 годзе — губэрнская друкарня. У 1804 годзе адкрылася гімназія. У вайну 1812 году з 16 ліпеня да 26 кастрычніка места займалі францускія войскі.

На 1825 год у Віцебску працавалі 10 прадпрыемстваў, 135 крамаў, 8 корчмаў, 150 шынкоў, 6 навучальных установаў, места ўпрыгожвалі 24 сакральныя будынкі розных канфэсіяў. У 1826 годзе ўтварылася Беларускае вольнае эканамічнае таварыства, з 1845 году пачаў сваю дзейнасьць мескі тэатар.

За часамі нацыянальна-вызвольнага паўстаньня ў 1863 годзе група гімназістаў і канцылярскіх урадоўцаў спрабавала пакінуць Віцебск і далучыцца да паўстанцкіх аддзелаў, але іх затрымалі ўлады. Расейцы абвясьцілі ў месьце ваеннае становішча.

У 1866 годзе празь Віцебск прайшла Рыга-Арлоўская чыгунка, пазьней чыгуначныя лініі злучылі места з Масквой, Берасьцем, Санкт-Пецярбургам і Кіевам. З 1874 году пачало сваю дзейнасьць Віцебскае навуковае таварыства лекараў. У 1881—1882 гадох тутэйшы фатограф Сігізмунд Юркоўскі першым у сьвеце разьлічыў і сканструяваў імгненны фатаграфічны затвор, апісаньне якога апублікаваў у часопісе «Фатограф».

На 1887 год у Віцебску было каля 2,8 тыс. будынкаў, працавалі 3 друкарні і 2 лякарні. На 1891 год у месьце было 22 навучальныя ўстановы, 5 бібліятэк, чытальня. У 1893 годзе тут адкрыўся царкоўна-археалягічны музэй, заснаваны з ініцыятывы Е. Раманава і А. Сапунова. Паводле зьвестак за 1895 год, у Віцебску налічвалася 650 мураваных і 7200 драўляных будынкаў, 2 тэатры, 3 друкарні, 8 кнігарань, 4 бібліятэкі і каля 80 прамысловых прадпрыемстваў. У 1897 годзе Бэльгійскае акцыянэрнае таварыства збудавала ў Віцебску электрастанцыю, а ў 1898 годзе — першую на Беларусі трамвайную лінію з электрычнай цягай. Апроч таго, у цэнтры места праклалі водаправод.

У 1905 годзе ў Віцебску адкрыўся першы кінатэатар. З 1910 году пачаў сваю дзейнасьць першы на Беларусі настаўніцкі інстытут. 20 красавіка (3 траўня) 1917 году жыхары места ўпершыню змаглі ўрачыста адзначыць гадавіну прыняцьця Канстытуцыі 3 траўня.

У 1926 годзе ў Віцебску адкрыўся Тэатар імя Якуба Коласа, які сьпярша зваўся II Беларускім дзяржаўным тэатрам. У 1920-я гады сфармавалася творчая мастацкая школа, якая ў сусьветнай мастацтвазнаўчай літаратуры атрымала назву «Віцебскай школы абстракцыянізму» (Ю. Пэн, М. Шагал, К. Малевіч). У гэты ж час у Віцебску пачало дзейнічаць краязнаўчае таварыства, якое выдавала зборнік «Віцебшчына». Сябры мастацкай сэкцыі таварыства зьбіралі ўзоры народнага мастацтва, рабілі замалёўкі помнікаў архітэктуры і інш.

У Другую сусьветную вайну з 11 ліпеня 1941 да 26 ліпеня 1944 году Віцебск знаходзіўся пад нямецкай акупацыяй. У верасьні 1941 году ў месьце заснавалі канцлягер «Пяты полк», дзе да канца нямецкай акупацыі забілі 75 тыс. ваеннапалонных і 4 тыс. віцяблянаў.

Тэрыторыя Віцебску разьмяшчаецца на пагорыстай мясцовасьці на заходніх адгор’ях Віцебскага ўзвышша, прарэзанага ярамі, глыбіня якіх 10—12, месцамі да 40 м. Рака Дзьвіна перасякае места ў выглядзе падковы з паўночнага захаду на паўднёвы захад далінай, якая глыбока ўразаецца і дзеліцца на левабярэжную пагорыстую, з глыбокімі ярамі частку і правабярэжную — з больш роўным рэльефам. Максымальныя ваганьні вышыняў у межах Віцебску каля 80 м, найбольш характэрныя да 20 м. Абсалютная вышыня ад 125 м над узроўнем мора (урэз Дзьвіны ў месцы сутокі з Лучосай), да 204 м (на ўсходняй ускраіне места). У рэльефе Віцебску і навакольля выдзяляюцца глыбока ўрэзаныя даліны Дзьвіны, Віцьбы, Лучосы. У заходняй частцы места на адносна роўным рэльефе правабярэжжа вылучаецца Юр’ева горка з абсалютнай вышынёй больш за 175 м.

Віцебск — найбольш паўночны абласны цэнтар Беларусі, ён знаходзіцца ў межах 55—56 пн. ш. Клімат мерна кантынэнтальны, адметны мерна цёплым летам (сярэдняя тэмпэратура ліпеня +17°, +20 °C) і мерна халоднай зімой (сярэдняя тэмпэратура студзеня −8°, −10 °C).

     

На тэрыторыі Віцебску і яго аглямэрацыі цячэ Дзьвіна і яе прытокі Лужасьнянка і Шэвінка (правыя), Віцьба і Лучоса (левыя, упадаюць у межах местах). Гушчыня рачной сеткі складае 0,45 км./км². Паводле воднаму рэжыму рэкі належаць да раўнінных зь перавагай сьнегавога жыўленьня, маюць невялікія схілы (каля 1,2 %) і хуткасьці плыні.

Дзьвіна, якая цячэ глыбока ўрэзанай далінай, перасякае Віцебск шырокай дугой. У цэнтральнай частцы места рака цячэ з поўначы на поўдзень. Шырыня Дзьвіны ў межах Віцебску 110—150 м, шырыня даліны — 200—300 м, схілы крутыя, прарэзаны крутымі ярамі.

Цяперашні афіцыйны адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел Віцебску застаўся з савецкага часу. Места падзяляецца на 3 раёны:

У Віцебску выдзяляюць наступныя мікрараёны:

У Віцебску працуе больш за 50 школаў, ліцэяў і гімназіяў, 8 сярэдніх спэцыяльных навучальных установаў, 11 прафэсійна-тэхнічных вучэльняў. Вышэйшую адукацыю атрымліваюць у чатырох дзяржаўных ВНУ:

Пры Віцебскай дзяржаўнай музычнай вучэльні імя І. Салерцінскага працуе філія Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, апроч таго працуе філія недзяржаўнага Інстытуту сучасных ведаў імя А. М. Шырокава.

Інстытут тэхнічнай акустыкі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі вядзе набор у асьпірантуру і дакатарантуру.

Ахову здароўя віцяблянаў ажыцьцяўляе сетка мэдычных установаў, у якіх працуе каля 2800 лекараў. Агульная магутнасьць стацыянараў складае 4960 ложкаў, магутнасьць амбуляторна-паліклінічных установаў складае каля 10 000 наведваньняў у зьмену.

Лекавальна-прафіляктычныя ўстановы ўлучаюць чатыры мескія тэрытарыяльна-мэдычныя аб’яднаньні. У іх ліку дарослыя і дзіцячыя паліклінікі, жаночыя кансультацыі і мескі стацыянар. Функцыянуюць таксама 16 асобных лекавальна-прафіляктычных установаў, 5 абласных мэдычных дыспансэраў, 2 цэнтры санітарна-гігіенічнага і прафіляктычнага кірунку, Абласны дыягнастычны цэнтар, разгалінаваная сетка дзяржаўных і прыватных апатэк.

Пашыраецца сетка прыватных мэдычных установаў, у якіх працуюць высокакваліфікаваныя адмыслоўцы.

Віцебск — буйны культурны цэнтар Беларусі. У ім праводзяцца штогадовыя фэстывалі «Славянскі базар у Віцебску», «Белая амфара», «Art-sessio», музычны конкурс імя І. Салерцінскага, музычны фэстываль «Менестрэль».

У месьце дзейнічаюць філярмонія, 24 бібліятэкі, 6 музэяў, 2 школы мастацтваў, 14 выстаўных заляў, палацаў і дамоў культуры. Дзейнічаюць 2 прафэсійныя тэатры:

Віцебск называюць местам мастакоў. Гэта даніна мастацкім традыцыям, закладзеным стваральнікам першай прыватнай школы малярства і малюнку Юдалем Пэнам, першымі вольнымі дзяржаўнымі майстэрнямі — пачынальнікамі Віцебскай мастацкай школы. У наш час віцебская арганізацыя Беларускага саюза мастакоў налічвае больш за 100 чалавек, якія працуюць у розных жанрах і відах мастацтва. У асноўным — гэта выпускнікі мастацка-графічнага факультэту ВДУ імя П. Машэрава, тэхналягічнага ўнівэрсытэту і Беларускай акадэміі мастацтваў. Пэрыядычна лядзяцца выставы твораў самадзейных мастакоў і майстроў народнага мастацтва.

У Віцебску разьмяшчаецца больш за 780 фізкультурна-спартовых збудаваньняў, у тым ліку: Цэнтральны спартовы комплекс, палац зімовых відаў спорту, 167 спартовых заляў, 41 плавальны басэйн (у тым ліку міні-басэйны), больш за 340 спартовых пляцовак, 12 лыжных базаў, 17 стралковых ціраў, 32 спартовыя палі для гульняў.

У наш час у месьце працуе 23 спартовыя ўстановы (ДЮСШ і СДЮШАР), дзе праходзяць агульнафізычную й спэцыялізаваную падрыхтоўку 9130 навучэнцаў па 50 відах спорту, зь якіх 37 зьяўляюцца алімпійскімі.

Штогод у Віцебску праводзіцца больш за 200 спартовых спаборніцтваў мескага, нацыянальнага і міжнароднага ўзроўню ў 50 відах спорту, у тым ліку міжнародныя турніры на прызы алімпійскіх чэмпіёнаў Т. Івінскай-Белашапка (баскетбол), В. Яноўскага (бокс), І. Каныгіна (грэцка-рымская барацьба) і Т. Лазаковіч (спартовая гімнастыка).

Футбольны клюб ФК Віцебск удзельнічае ў Вышэйшай лізе Беларусі. Існуе хакейны клюб ХК Віцебск.

Выдаюцца газэты «Віцьбічы», «» і «Віцебскі праспэкт», жыдоўскі часопіс «Мішпоха». Апроч агульнанцыянальных, трансьляцыя вядуць рэгіянальныя тэлеканалы «Віцебск» і «Скіф», а таксама радыёстанцыя «Віцебск».

Працуе рэгіянальны сучасная штодзённая інтэрактыўная он-лайн-газэта «Народныя навіны Віцебску».

Першаасновай Віцебску было гарадзішча (Замкавая гара) на высокім узгорку, вакол якога ў IX — пачатку X стагодзьдзя ўзьніклі тры паселішчы. У X—XIII стагодзьдзях сфармаваўся старажытны горад — дзядзінец, да якога далучаўся пасад. У XII стагодзьдзі за часамі Віцебскага княства тут збудавалі гасьціны двор і царкву Зьвеставаньня. У 2-й палове XIII — пачатку XIV стагодзьдзяў плянавальная структура складалася з двух умацаваных замкаў: Верхняга (былы дзядзінец) і Ніжняга (былы пасад), да якіх далучаліся неўмацаваныя слабоды — Узгорская (поўнач), Заручаўская (поўдзень), Задунаўская (усход), Задзьвінская (захад). У пачатку XVI стагодзьдзя ў выніку ўмацаваньня драўлянымі сьценамі Ўзгорская слабада пераўтварылася ў трэці замак — Узгорскі. Кожны замак меў замкнёную плянавальную структуру з сваім кампазыцыйным цэнтрам, усе тры замкі мелі шчыльныя зьвязкі. Уяўленьне пра плян і забудову Віцебску XVII стагодзьдзя дае ўнікальны графічны дакумэнт — «Рысунак» 1664 году. У гэты час тут існавалі гасьціны двор, Духаўская, Міхайлаўская, Сімяонаўская, Спаская і Ўвядзенская цэрквы, палац Агінскага і іншыя будынкі. Сфармавалася драўляная Віцебская школа дойлідзтва.

Рэгулярныя пляны Віцебску распрацоўваліся ў канцы XVIII — пачатку XIX стагодзьдзя, да канца XIX стагодзьдзя іх часткова рэалізавалі. Плянавальна места падзялялася на тры часткі: Узгорскую (паміж Дзьвіной і Віцьбай), Заручаўскую (паміж Віцьбай і Ручаём), Задзьвінскую (на процілеглым правым беразе Дзьвіны). Сфармаваўся разьвіты грамадзкі цэнтар, які складаўся зь двух пляцаў: Рынку і Саборнага. У ансамбль Саборнага пляцу ўваходзілі касьцёл Сьвятога Язэпа і калегіюм езуітаў, будынак акруговага суду. Рынак фармавалі ратуша, Уваскрасенская царква, касьцёл Сьвятога Антонія і кляштар бэрнардынаў. На высокім беразе Дзьвіны ў стылі барока збудавалі палац Кудзіновічаў, пазьней перабудаваны ў стылю клясыцызму. З адкрыцьцём чыгункі ўтварыўся Прывакзальны пляц, дзе ўзьвялі будынак чыгуначнага вакзала (1866 год) і праклалі новую вуліцу Вакзальную, якая падыходзіла да моста церазь Дзьвіну (першапачаткова драўлянага, з 1867 году — мураванага) і зьвязала левабярэжную і правабярэжную часткі места. У 1897 годзе ў Віцебску збудавалі электрастанцыю, у 1898 годзе ў цэнтры праклалі дзьве лініі трамвая на электрычнай цязе (першы ў Беларусі). Новая жылая забудова ўзьнікла за лініяй чыгункі, што значна пашырыла Задзьвінскую частку. У 1890 годзе распрацавалі новы праектавы плян. Сярод грамадзкіх будынкаў вылучаліся: мужчынская гімназія (1880, зьнішчаная ў 1975 годзе), будынак пазямельна-сялянскага банку, будынак духоўнай вучэльні.

Першы генэральны плян рэканструкцыі Віцебску зьявіўся ў 1938 годзе. Ён вызначыў пэрспэктывы далейшага разьвіцьця места з улікам гістарычных асаблівасьцяў. У пачатку 1930-х гадоў пачалося комплекснае мураванае будаваньне селішчаў каля буйных прамысловых прадпрыемстваў. На галоўных магістралях места збудавалі 4-павярховыя жылыя дамы камунальнага тыпу, дзе ў адным будынку аб’ядноўваліся жылыя і грамадзкія памяшканьні. Прыкладам новага тыпу грамадзкага будынка стаў клюб мэталістых. У першыя паваенныя дзесяцігодзьдзі Віцебск аднаўляўся і разьвіваўся паводле генэральных плянаў 1946 году, яго карэкцыі 1956 году, новага генэральнага пляну 1966 году. У гэты пэрыяд збудавалі чыгуначны вакзал, гатэль «Дзьвіна», Палац культуры, будынак Беларускага Дзяржаўнага акадэмічнага тэатру, Усходні прамысловы вузел. У 1970—80-я гады разьвіцьцё места ажыцьцяўлялася паводле генэральных плянаў 1975 і 1982 гадоў. Плянавальную структуру сфармавалі сем плянавальных раёнаў. Асноўным раёнам жылога будаваньня стаў Паўднёва-ўсходні (з 1980 году ўзводзіліся 5—9—12-павярховыя жылыя дамы і грамадзкія будынкі ў мікрараёнах Поўдзень-1, Поўдзень-2, Поўдзень-3 і інш.). У 1974 годзе скончылі ансамбль пляцу Перамогі, утварылі пляц Тысячагодзьдзя Віцебску (гістарычны Тэатральны пляц). У 1970—1980-я гады будаваліся шматлікія шматпавярховыя жылыя дамы, сярод грамадзкіх будынкаў — новыя карпусы інстытутаў, дванаццаціпавярховы гатэль «Віцебск», корпус праектна-канструктарскага бюро АСУ, будынак філіі інстытуту «Белдзяржпраект», сямнаццаціпавярховы інтэрнат абутковай фабрыкі, Палац культуры прафсаюзаў, комплекс вышынных будынкаў інтэрнатаў на праспэкце Перамогі, кінатэатар «Брыганціна» і летні амфітэатар. Церазь Віцьбу збудавалі тры новыя пешаходныя масты, церазь Дзьвіну — два транспартныя.

Цэнтральная частка Віцебску захавала гістарычны плян XVI—XVII стагодзьдзяў, мураваную забудову і асобныя помнікі гісторыі і архітэктуры XVIII — пачатку XX стагодзьдзяў. Асноўнымі структурнымі восямі гістарычнага цэнтру служаць дзялянкі мэрыдыянальнага і шыротнага мескіх дыямэтраў. У большай ступені гістарычная забудова лякалізуецца ўздоўж мэрыдыянальнага кірунку — гістарычнай Вялікай вуліцы. На перакрыжаваньні восяў знаходзіцца тэрыторыя былых адміністрацыйнага і ратушнага пляцаў. Вежа ратушы — адзіная вэртыкаль калісьці разьвітога шматвежавага сылюэту Віцебску. Жылыя і грамадзкія будынкі XVIII — пачатку XX стагодзьдзя фармуюць забудову гістарычных Узгорскай, Падзьвінскай, Багародзіцкай, Палацавай, Тэатральнай і іншых вуліцаў, на асобных дзялянках разьмешчаную суцэльным фронтам, а дзе-нідзе — больш рэдка, напрыклад у Задзьвіньні.

Гістарычны цэнтар Віцебску спазнаў значныя страты: з 28 помнікаў сакральнай архітэктуры, якія фармавалі ўнікальныя панарамныя віды места, захаваліся толькі два, «заціснутыя» новай забудовай. Некаторыя помнікі зруйнавалі ў 1930-я гады, многія пацярпелі ў час Другой сусьветнай вайны, па якой іх не аднавілі, іншыя — зьнішчылі ў працэсе паваеннай рэканструкцыі места. Савецкія ўлады зьнішчылі помнікі барока, які складалі ансамбль ратушнага і адміністрацыйнага пляцаў — езуіцкі касьцёл і карпусы калегіюма, бэрнардынскі касьцёл з кляштарнымі будынкамі, што існавалі яшчэ ў канцы 1950-х гадоў, а таксама Ўваскрасенскую царкву (аўноўлена). Зьнішчылі гасьціны двор, які далучаўся да бэрнардынскага касьцёла. Цалкам разбурылі галоўную дамінанту места — базылянскую царкву (адноўлена) і разьмешчаную насупраць, на правым беразе Дзьвіны Богаяўленскую царкву. Ад своеасаблівай групы з трох помнікаў сакральнай архітэктуры на тэрыторыі Ніжняга замка — царквы Зьвеставаньня, Фары і дамініканскага касьцёла захаваліся толькі руіны царквы (адноўлена). Да найбольш істотных страт належыць таксама знос Духаўскай царквы на высокім плято, якая цудоўна ўспрымалася з розных бакоў, здвоеных дамінантаў у Задзьвіньні — Мікольскай царквы і піярскага касьцёла. У 1970-я гады савецкія ўлады зьнішчылі вялікую групу жылых і грамадзкіх будынкаў XVIII — начатку XX стагодзьдзя каля Рынку з усходняга боку гістарычнай Вялікай вуліцы, чыя недастатковая шырыня ўскладняла рух грамадзкага транспарту. Такім чынам традыцыйна замкнёная прастора вуліцы апынулася раскрытай на ляндшафтавую зону, што неправамерна ва ўмовах гістарычнага места. Без патрэбы зруйнавалі групу будынкаў XVIII — пачатку XX стагодзьдзя на гістарычнай Задунаўскай вуліцы, сярод якіх — будынак школы пры езуіцкім калегіюме. Апроч таго, зьнішчылі манумэнтальны гістарычны будынак на вуліцы Замкавай, у якім разьмяшчаўся пэдагагічны інстытут.

Пры канцы XV ст. першая ў Віцебску вуліца атрымала назву Прабойнай і пралягала на месцы ААТ «Віцебскі ўнівэрмаг» (вуліца Замкавая, д. 19). У 1522 годзе другая вуліца атрымала назву Вялікай дарогі вулічнай (цяпер Замкавая вуліца). У 1592 годзе зьявілася Вялікая Ілямніцкая вуліца ў гонар вёскі, у бок якой пралягала (цяпер вуліца Леніна). У XVII ст. зьявіліся вуліцы ў гонар заняткаў месьцічаў (Ганчарная) і прадпрыемстваў (Сьвечачная і Канатная). На пляне места 1838 году было 60 вуліцаў і завулкаў. Пры правядзеньні перапісу насельніцтва выявілі яшчэ 16 назваў. У 2-й палове XIX ст. узьніклі вуліцы ў гонар дзяржаўных дзеячоў. На пляне Віцебску 1904 году налічвалася 350 вуліцаў і завулкаў. У 1922 годзе — каля 400 назваў. У 1920-я гады правялі шырокае перайменаваньне вуліцаў (Палацавая стала Савецкай, Генэральская — Сялянскай), якое паўтаралася яшчэ двойчы ў XX стагодзьдзі. Па Другой сусьветнай вайне пры адбудове разбуранага места зьявіліся нумарныя вуліцы: ад 1-й да 24-й Гарадоцкай і 12 вуліцаў Молатава. На 2012 год у Віцебску налічвалася каля 900 вуліцаў. З 11 вуліцаў, названых у гонар жанчынаў, 4 працягвалі насіць імя намесьніцы камісара асьветы РСФСР Надзеі Крупскай (2-я, 4-я і 6-я, завулак Крупскай). Найкарацейшая вуліца мела працягласьць 300 мэтраў.

Да нашага часу з урбананімічнай спадчыны цэнтральнай часткі Віцебску гістарычныя назвы захавалі толькі вуліцы Залатагорская, Замкавая і Пакроўская.

Гістарычныя мясцовасьці Віцебску: Вострая Магіла, Гутароўшчына, Духаўская гара, Задзьвіньне, Задунаўе, Замкавая гара, Заручаўе, Зьвярынец, Кстоўская гара, Лукішкі, Маркаўшчына, Ніжні замак, Пескавацік, Плоская гара, Прачысьценская гара, Прысмушкі, Русь (Рускі пасад), Узгор’е (Узгорскі замак), Юр’ева горка, Ялагі.

У межах места разьмяшчаецца свабодная эканамічная зона «Віцебск». Яе вытворчая тэрыторыя забясьпечваецца ўсімі інжынэрнымі камунікацыямі, улучна з пад’язнымі аўтамабільнымі і чыгуначнымі шляхамі. Будынкі і зямельныя дзялянкі здаюцца рэзыдэнтам на ўмовах доўгатэрміновай арэнды. Сярэдняя колькасьць удзельнікаў замежных гандлёвых апэрацыяў у Віцебску большая за 500, зь іх каля 45 — буйныя прамысловыя прадпрыемствы. Суб’екты гаспадараньня ажыцьцяўляюць вонкавыя эканамічныя зьвязкі з 40 дзяржавамі сьвету. Экспартныя пастаўкі ідуць на рынкі больш 30 краінаў бліжняга і далёкага замежжа. Асноўнымі гандлёвымі партнэрамі зьяўляюцца Расейская Фэдэрацыя, Нямеччына, Польшча, Латвія, Летува, Украіна і Малдова.

У Віцебску працуюць прадпрыемствы машынабудаваньня і мэталаапрацоўкі («Візас», «Вістан» і іншыя). Электронную прамысловасьць прадстаўляцюь ААТ «Віцязь», ААТ «ВЗРД „Маналіт“», ААТ «Віцебскі прыборабудаўнічы завод» і іншыя. Сярод прадпрыемстваў лёгкай прамысловасьці вылучаюцца Віцебскае панчошна-трыкатажнае прадпрыемства імя «КІМ», РУП «Вітэкс», СТАА «Белвест», СТАА «Марка». Працуюць таксама прадпрыемствы хімічнай («Вітпляст»), харчовай (ААТ «Віцебскае малако», УВП «Віцебскі кандытарскі камбінат „Віцьба“» і іншыя), дрэваапрацоўчай і будаўнічых матэрыялаў галін прамысловасьці.

Тасунак паміж рознымі галінамі прамысловасьці Віцебску: лёгкая прамысловасьць 42,2%, харчовая прамысловасьць 23,6%, машынабудаўнічая і мэталаапрацоўчая прамысловасьць 21,0%, вытворчасьць будаўнічых матэрыялаў 6,8%, дрэваапрацоўчая прамысловасьць 4,8%, іншыя галіны прамысловасьці 1,6%.

На верасень 2013 году ў Віцебску налічвалася 170 500 занятых, сярэдні заробак якіх складаў 5,139 млн рублёў ($567).

Віцебск — буйны транспартны вузел на паўночным усходзе Беларусі. За 5 км на ўсход праходзіць магістраль . У самім месьце знаходзіцца скрыжаваньне наступных аўтамабільных шляхоў: магістраль  (Менск — Віцебск), дарогі:  (Віцебск — Полацак — пункт пропуску Бігосава (граніца Латвіі)),  (Віцебск — Лёзна — Завольша),  (Віцебск — Сянно — Талачын),  (Віцебск — Ворша),  (Віцебск — Сураж — Стайкі),  (Віцебск — Гарадок). У наш час вядзецца будаваньне заходняй дзялянкі аб’язной колцавай аўтамабільнай дарогі вакол Віцебску.

Віцебск зьяўляецца вузлом чыгунак на Смаленск, Санкт-Пецярбург, Гомель, Полацак. Чыгуначны вакзал (1954 г., арх. Б. Мезенцаў) абслугоўвае пасажыраў як далёкага, так і прымескага кірункаў. У 2010 годзе завяршылася рэканструкцыя будынка чыгуначнага вакзала і прылеглай тэрыторыі.

У Віцебску знаходзяцца аўтавакзал і прымеская аўтастанцыя. Аўтобусныя маршруты злучаюць места з Бэрлінам, Дзьвінскам, Масквой, Рыгай, Санкт-Пецярбургам, а таксама шматлікімі паселішчамі Беларусі.

За 10 км на ўсход ад места знаходзіцца аэрапорт Віцебск. У мінулым зь яго праводзіліся рэгулярныя авіярэйсы на Менск і Маскву.

Мескі грамадзкі транспарт Віцебску:

Віцебск — пэрспэктыўны цэнтар турызму міжнароднага значэньня. У пачатку XX ст. тут жылі і працавалі Марк Шагал, Казімер Малевіч. Цяпер у месьце працуе дом-музэй і мастацкі музэй Марка Шагала з сталай экспазыцыяй. Апроч таго, працуюць Віцебскі абласны краязнаўчы музэй, Віцебскі літаратурны музэй (на рэканструкцыі), Віцебскі мастацкі музэй, Віцебскі музэй воінаў-інтэрнацыяналістаў і Віцебскі абласны музэй Героя Савецкага Саюза Міная Піліпавіча Шмырова.

Дзейнічаюць Віцебская аматарская астранамічная абсэрваторыя, батанічны сад і заапарк.




#Article 7: Гомель (2465 words)


Го́мель — места ў Беларусі, на рацэ Сажы. Адміністрацыйны цэнтар гарсавету, раёну і вобласьці. Насельніцтва на 2020 год — 510 300 чалавек, другі колькасьцю насельніцтва ў краіне. Знаходзіцца за 301 км ад Менску, непадалёк ад граніцы з Украінай. Чыгуначны вузел з кірункамі на Жлобін, Каленкавічы, Бабруйск, Чарнігаў. Порт на Сажы. Аэрапорт (пагранічны пункт пропуску).

Гомель — магдэбурскае места гістарычнай Рэчышчыны (Панізоўя), старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага. Да нашага часу тут захаваліся збудаваныя ў стылі клясыцызму палацава-паркавы комплекс Румянцавых і Паскевічаў, сядзіба Крушэўскіх, цэрквы Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла і Сьвятога Ільлі, помнікі архітэктуры XVIII—XIX стагодзьдзяў. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаліся клясыцыстычныя ратуша, гасьціны двор, касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі, царква Сьвятой Тройцы і Вялікая сынагога, помнікі архітэктуры XIX ст., зруйнаваныя савецкімі ўладамі.

Існуе некалькі вэрсіяў паходжаньня тапоніму «Гомель»:

Апрача цяперашняй, гістарычныя крыніцы зьмяшчаюць наступныя варыянты напісаньня назвы места: Гом, Гомей, Гом’е,Гомій і Гомін сустракаліся тамака і іншыя (памылковыя) формы — Гомглій, Гомой, Гобля, Хемль. На многіх эўрапейскіх мапах XVII — пачатку XX стагодзьдзяў тапонім перадаваўся лацінкаю як Homel. Варыянты назвы на іншых мовах: , . Традыцыйная беларуская трансьлітарацыя — Homiel.

У XII—XVII стагодзьдзях Гомель быў моцным цэнтрам абароны Панізоўя. Умацаваньні зь земляным валам і найпрасьцейшым частаколам зьявіліся тут ужо ў XI стагодзьдзі, пазьней вал шматразова дасыпаўся. Археалягічныя дасьледаваньні, якія праводзіліся ў мескім парку ў пачатку 1990-х гадоў, паказалі, што першыя паселішчы радзімічаў былі тут у IX—X стагодзьдзях.

Першы пісьмовы ўпамін пра Гомель зьмяшчаецца ў Іпацьеўскім летапісе і датуецца 1142 годам: «И слышавъ уже билися Ольговичи у Переяславля съ стрыемъ его с Вячеславомъ и съ братомъ его Изяславомъ. И поиде на волость ихъ и взя около Гомия». У той час горад знаходзіўся ў складзе Чарнігаўскага княства. Каля 1157 году князь смаленскі Расьціслаў Мсьціславіч выкарыстаў барацьбу за кіеўскі сталец і ўчыніў выправу на Чарнігаўскае княства «и взя около Гомия волость их всю», але неўзабаве чарнігаўскія князі вярнулі Гомель. У 1159 годзе тут ратаваўся ад міжусобіцаў князь кіеўскі Ізяслаў Давыдавіч. Паводле археалягічных зьвестак, горад значна пацярпеў ал Ардынскай навалы.

У 1335 годзе Гомель далучыўся да Вялікага Княства Літоўскага і з гэтых часоў жыў лёсам пагранічнага замка на паўднёва-ўсходняй ускраіне дзяржавы, займаў важнае месца ў абарончым поясе замкаў Панізоўя. Разам з Старадубам быў часткаю «ўдзелу» князя Патрыкія Нарымунтавіча, пляменьніка Альгерда. У 1406—1419 гадох местам кіраваў вялікакняскі намесьнік, потым ім валодалі: Свідрыгайла (да 1435 году), уцекач з Маскоўскага княства князь Васіль Бароўскі (1436—1452), які пазьней вярнуўся дадому. З 1452 году Гомель зноў у руках састарэлага Сьвідрыгайлы. Па ягонай сьмерці места перайшло да зьбеглых князёў мажайскіх, адмова якіх у 1499 годзе ад прыняцьця каталіцтва прывяла да доўгай барацьбы за валоданьне местам. У гэтую барацьбу ў 1500 годзе ўмяшаўся маскоўскі гаспадар, у якога мажайскія ўцекачы знайшлі падтрымку.

У чэрвені 1535 году войскі Вялікага Княства Літоўскага пад камандаю гетмана вялікага Юр’я Радзівіла ўзялі Гомель у аблогу. Вялікі князь Жыгімонт Стары паставіў задачу: «И естли б Бог милый допомог напервей замку Гомья достати, або огнем его спалити, приказуем вам: […] двадцать человеков, с топоры, которыи бы мели тот замок Гомей зарубити, поки войски наши оттоль не выйдуть, штобы теж люди Московскии не впередили». Тым часам у ніводным зь вядомых на сёньня дакумэнтаў няма сьведчаньняў таго, што вялікі князь аддаў войску загад спаліць Гомель, калі яму не адчыняць брамы. Таго ж году Жыгімонт Стары заснаваў Гомельскае староства як асобнае дзяржаўнае ўтварэньне ў складзе гаспадарскіх Падняпроўскіх воласьцяў. Пастановай вялікага князя ў 1537 годзе мяшчане Гомля і ўся воласьць вызваляліся ад «роблення замку Гомейского на 1 год… под тым обычаем иж они не мели до году одного замку рубити и ничего в нем оправовати, хиба естли бы которые кгонты в замку опали, або дощчка ся где оторвала, то мели за ся прибити и направити». У гэты час замак меў моцны абарончы вал, драўляныя шмат’ярусныя вежы, сьцены-гародні з баявой галерэяй — «блянкаваньнем», а таксама ўяздную браму з пад’ёмным мастом — «узводам», перакінутым праз роў. З замку ішоў патаемны падземны ход да Сажу, адкуль у час аблогі бралі ваду. З 1561 году, разам з умацаваньнямі замка, упамінаюцца і ўмацаваньні места — лініі ўласна мескай фартыфікацыі. Гомель атачаўся земляным валам, наверсе якога стаялі драўляныя вежы і сьцены-гародні. Уезд і выезд ажыцьцяўляліся праз брамы: Чачэрскую, Магілёўскую, Рэчыцкую і Водную, якая выводзіла на мескую гандлёвую прыстань. Перад валам ішоў глыбокі абарончы роў зь перакінутым празь яго пад’ёмнымі мастамі, падведзенымі да брамаў.

За часамі вайны Рэчы Паспалітай з Маскоўскай дзяржавай у 1614—1615 гадох у Гомельскім замку бесьперапынна знаходзілася невялікая залога, якая налічвала 40 казакаў і 40 жаўнераў. Іх падтрымлівала мескае рушаньне. У 1633 годзе Гомель бараніўся ад казацкіх сотняў Булгакава і Ярмоліна, якія таксама ня здолелі захапіць замак. У кастрычніку 1648 году ўкраінскія казакі на чале з палкоўнікам Главацкім і беларускія сяляне занялі места, абрабаваўшы шляхту і заможных людзей. Мяшчане амаль што ўсе «паказачыліся». Аднак загон Главацкага быў у Гомлі нядоўга, яго адклікаў да Ўкраіны Багдан Хмяльніцкі. Па Корсунскай бітве 1649 году з дапамогаю часткі мяшчанаў Гомель захапілі казакі палкоўніка Нябабы. Але Збароўскі мір дазволіў гетману вялікаму Янушу Радзівілу сканцэнтраваць дастатковую колькасьць войска дзеля аднаўленьня цэнтральнай улады ў Гомлі, Чачэрску і іншых местах. У чэрвені 1651 году палкоўнік Нябаба накіраваў загоны Забелы і Окшы на Гомель. Спачатку тут было 7 тысячаў казакаў, а пазьней падыйшло яшчэ 10 тысячаў. Места абаранялі вялікая наёмная залога (на чале з капітанам Мантгомэры) і мясцовае апалчэньне. 13 чэрвеня была першая спроба ўзяць замак з дапамогаю падкопаў і штурму, але ж абаронцы вытрымалі. Пазьней Нябаба тэрміновым лістом на некаторы час адазваў казакаў ад Гомля. Пры канцы чэрвеня 1651 году яны зноў узялі места ў аблогу. Але да залогі прыйшло падмацаваньне і яна ўтрымалася.

У чэрвені 1654 году, у самым пачатку вайны паміж Маскоўскай дзяржавай з Рэччу Паспалітай, да Гомля з Ноўгараду-Северскага падышло войска наказнога атамана Залатарэнкі. Яно налічвала 20 тысячаў конных і пешых ратнікаў. Войска Залатарэнкі без асаблівых намаганьняў пераадолела мескія ўмацаваньні і падыйшло да замку. Паставіўшы навокал яго і па суседніх узгорках гарматы, казакі пачалі аблогу. За ўвесь час ад пачатку аблогі да 11 ліпеня яны чатыры разы хадзілі на штурм, але ўсе прыступы былі марнымі. Абложаныя таксама чынілі вылазкі ў адказ. Разумеючы, што гамельчукі сваёй упартасьцю «всей Литве и войскам ее сердца и смелости додают», Залатарэнка зьвярнуўся да абложаных ад імя цара і Багдана Хмяльніцкага з прапановай здацца, але тыя «гордо и сурово» адмовіліся. Тады казакі ўцягнулі некалькі невялікіх гарматаў на Спаскую царкву, што стаяла за Гамеюком непадалёк ад замка. Страляючы распаленымі ядрамі, яны выклікалі ў замку пажар. Вылазка з мэтай ліквідацыі гэтай артылерыйскай пазыцыі скончылася для абложаных няўдачай. Неўзабаве казакі знайшлі і ўзарвалі патайны ход да вады, што ў рэшце прадвызначыла лёс замку. У выніку 13 жніўня 1654 году, па больш як паўтарамесячнай аблозе, жыхары места мусілі здацца. Вайна 1654—1667 гадоў моцна адбілася на стане Гомля. Аднак замак, калі ўлічваць зьвесткі 1666 году, ён усё яшчэ захоўваў сваю моц.

У 1670 годзе Гомель атрымаў Магдэбурскае права. На 1681 год тут было 165 дымоў. З пачатку XVIII ст. у Гомлі дзейнічаў касьцёл, з 1717 году пры царкве Сьвятога Міколы — базылянскі манастыр. Апроч таго, у Спасавай Слабадзе, што месьцілася каля замка, уцекачы-стараверы заснавалі манастыр. Вядома, што ўладальнік Гомельскага староства князь Міхал Чартарыйскі ў 1737 годзе збудаваў у месьце новы моцны дубовы замак зь вежамі і сьценамі, у якіх былі шматлікія байніцы, паглыбіў ровы і паправіў пад’ёмны мост. У 1764 годзе расейскія карныя войскі спалілі слабаду старавераў каля Гомля, а яе жыхароў вывезьлі ў Расею. На 1765 год у месьце налічвалася 206 дымоў.

У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772 год) Гомель апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Рэчыцкай правінцыі Магілёўскай губэрні. Кацярына II падаравала магдэбурскае места Пятру Румянцаву «для увеселения». Апошні загадаў разабраць вежы і сьцены драўлянага замка, зрыць валы. У 1785 годзе, паводле праекту Б. Растрэльлі, на іхнім месцы пачалі будаваць мураваны палац. Румянцаў, не жадаючы прысутнасьці ў Гомлі павятовых чыноўнікаў, дамогся ператварэньня паселішча ў прыватнаўласьніцкае мястэчка пры ўмове пабудовы ім новага места, дзе б разьмясьціўся павятовы цэнтар. Пазьней Гомель увайшоў у склад Беліцкага павету. Румянцаў у 1777—1786 гадох збудаваў новы павятовы цэнтар (Новая Беліца) на левым беразе ракі Сож, за 3 вярсты ад Гомля. У 1793 годзе на беразе Сажа збудавалі Ільлінскую царкву. У 1809—1819 гадох паводле праекту архітэктара Д. Кларка вялося будаваньне Петрапаўлаўскага сабора. 8 лістапада 1819 году ў Гомлі адкрылася першая ў Расейскай імпэрыі лянкастарская школа. Апроч таго, у месьце існавалі гімназія (з 1797 году), гасьціны двор, шкляны, кафляны, сьпіртавы заводы, ткацкая і прадзільная фабрыкі, трывалы драўляны мост праз Сож. У 1822 годзе завяршылася ўзьвядзеньне касьцёла.

У 1852 годзе новы ўладар князь Іван Паскевіч перавёў павятовы цэнтар у Гомель (павет пераназвалі ў Гомельскі) і абвясьціў Новую Беліцу заштатным местам, а ў 1854 годзе яе далучылі да Гомля ў якасьці прадмесьця (цяпер — Навабеліцкі раён). На падставе гербу Новай Беліцы, дараванага ёй у 1781 годзе, распрацавалі герб Гомля, зацьверджаны ў 1856 годзе. За часамі Паскевіча адкрыліся шкляная мануфактура, цукровы завод (1832 год), сьвечачны завод (1840 год), крупарушка (1853 год), некалькі канатных і лесапільных прадпрыемстваў, царкоўна-прыходзкая аднаклясная вучэльня (у Новай Беліцы, 1835 год), народная вучэльня (1841 год). У 1850 годзе праз Гомель прайшла шашэйная дарога Санкт-Пецярбург — Адэса і першая ў Расейскай імпэрыі тэлеграфная лінія Санкт-Пецярбург — Севастопаль, у 1873 годзе — Лібава-Роменская чыгунка, у 1888 годзе — Палеская чыгунка. На 1854 год у месьце было 1219 будынкаў. Гомель значна пацярпеў ад пажару ў 1856 годзе, калі згарэла 540 будынкаў. У 1857 годзе праз раку збудавалі аркавы мост. У 1873 годзе пачало ўжывацца газавае асьвятленьне, у 1879 годзе — брукаваньне вуліцаў.

Да 1913 году Гомель стаў буйным прамысловым цэнтрам, найбольшымі прадпрыемствамі места былі мэханічныя майстэрні Лібаўска-Роменскай чыгункі і запалкавая фабрыка «Везувий». У Першую сусьветную вайну 1 сакавіка 1918 году Гомель занялі нямецкія войскі, пазьней — украінскія войскі Сымона Пэтлюры.

У Другую сусьветную вайну з 19 жніўня 1941 да 23 лістапада 1943 году Гомель знаходзіўся пад нямецкай акупацыяй. У 1961 годзе места атрымала прыродны газ. У 1962 годзе адбыўся пуск першага тралейбуса.

Гомель падзяляецца на 4 раёны

Далучаныя населеныя пункты: 0 красавіка 1948 году — вёскі Ціценкі і Верхняе Брылёва; 7 кастрычніка 1957 году — вёскі Прудок і Якубоўка, а таксама пасёлак Чапаева; 25 ліпеня 1960 году — вёска Ляшчынец; 30 сьнежня 1961 году — вёска Ніжняе Брылёва; 25 ліпеня 1963 году — вёскі Паўлава, Масьцішча, Хутар; 29 сакавіка 1968 году — пасёлак Сонечны і вёска Падгорная; 6 сакавіка 1972 году — пасёлак Чырвоны Кастрычнік; 23 лютага 1983 году — пасёлак Спадарожнік Сьвету, вёскі Новая Мільча і Старая Мільча; 12 траўня 1983 году — пасёлак Будзёнаўскі; 2007 году — вёскі Давыдаўка і Хутар; 2010 год — вёска Чырвоны Маяк Улукаўскага сельсавету (гэтым рашэньнем плошчу Гомля павялічылі на 770 га).

Паводле перапісу насельніцтва Беларусі ў 2009 годзе насельніцтва Гомля складала 482 652 чалавекі, што адпавядае сярэдняй шчыльнасьці насельніцтва 3684 чал./км². Паводле плоці было 219 068 мужчынаў (45,39%) і 263 584 жанчыны (54,61%). Паводле нацыянальнага складу насельніцтва разьмяркоўвалася наступным чынам: беларусы — 402 634 чалавекі (83,42%), расейцы — 52 373 чалавекі (10,85%), украінцы — 15 010 чалавек (3,11%), астатнія складаюць 2,62% насельніцтва. У XIX ст. больш за палову насельніцтва Гомля складалі габрэі, што было зьвязана з устаноўленай расейскім урадам мяжой аселасьці габрэяў. На пачатак 1941 году ў Гомлі жыло каля 50 тыс. габрэяў (30% насельніцтва), у апошнюю вайну большасьць мясцовых габрэяў зьнішчылі нацысты.

У Гомлі працуюць 5 унівэрсытэтаў і 2 інстытуты:

Набор у асьпірантуру і дактарантуру ажыцьцяўлялі Інстытут мэханікі мэталапалімэрных сыстэмаў імя Ўладзімера Белага (ІММС) і Інстытут лесу Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (НАНБ). У асьпірантуру — Інстытут радыябіялёгіі НАНБ.

Дзейнічаюць краязнаўчы музэй, драматычны тэатар, экспэрымэнтальны моладзевы тэатар-студыя, тэатар лялек і цырк.

Праводзяцца фэстывалі: міжнародны інструмэнтальнай музыкі «Рэнэсанс гітары», харэаграфічнага мастацтва «Сожскі карагод», рэгіянальны харавога мастацтва «Пявучае поле» і інш.

У Гомлі існуюць клюбы гістарычнай рэканструкцыі эпохі Высокага Сярэднявечча, Позьняга Сярэднявечча і Другой сусьветнай вайны. Дзейнасьць клюбаў падтрымліваецца інтэрнэт-форумам «Гомельскі Гістарычны Форум. Мэтады прыкладнай гісторыі.»

Гомельскія клюбы гістарычнай рэканструкцыі эпохі Сярэднявечча (у парадку ўзьнікненьня):

Рэканструкцыя эпохі Другой сусьветнай вайны ў Гомлі прадстаўлена падпадзяленьнем «Пошук» ваенна-патрыятычнага клюбу «Гонар» і прыватнымі асобамі.

З урбананімічнай спадчыны цэнтральнай часткі Гомля да нашага часу гістарычныя назвы захавалі вуліцы Артылерыйская, Валатаўская, Веткаўская, Ірынінская, Кніжная, Прывакзальная, Рагачоўская і Шпітальная.

За 2008 год прамысловы комплекс Гомля вырабіў прадукцыі на 4188,0 млрд рублёў. Станам на пачатак 2008 году ў месьце налічвалася 126 прамысловых прадпрыемстваў, зь іх 49 (38,9 %) дзяржаўнай формы ўласнасьці, 77 (61,1 %) — недзяржаўнай, у тым ліку 37 (29,4 %) — акцыянэрныя таварыствы, 4 (3,2 %) — замежная ўласнасьць, 10 (7,9 %) — мяшаная ўласнасьць з замежным удзелам, 26 — іншыя.

Найбольшую ўдзельную вагу ў агульным аб’ёме вытворчасьці маюць:

Найбольшыя прадпрыемствы: ВА «Гомсельмаш», ЗЛІН, завод гандлёвага абсталяваньня, вагонарамонтны завод, станкабудаўнічы завод ім. Кірава, завод вымяральных прыбораў, завод «Цэнтраліт», кандытарская фабрыка «Спартак», Гомельскі мясакамбінат, Гомельскі тлушчавы камбінат, ВА «Гомельдрэў», ААТ «Гомельбудматэрыялы», Гомельскі хімзавод, завод хімічных вырабаў, завод хімічнай крэйды, завод плястмасавых вырабаў, ВА «Крышталь», РУП «Гомельскі лікёрагарэлачны завод», ААТ «Гомельшпалеры», ААТ «Камінтэрн», радыёзавод, ВА «Беларуснафта», ВА «Гомельшкло», аўтарамонтны завод, «Гомельхлебапрадукт».

Грамадзкі транспарт у Гомлі прадстаўляюць тралейбусы, аўтобусы, маршрутныя таксі. Тралейбусная сетка Гомля адкрылася 20 траўня 1962 году і налічвае 28 маршрутаў (з улікам іх разнавіднасьцяў). Тралейбусны маршрут № 16 адкрыўся 8 верасьня 2007 году па пракладаньні кантактнай сеткі вуліцай Мазурава. Працягласьць вулічнай сеткі з транспартнымі лініямі складае каля 74 км, а агульная працягласьць тралейбусных шляхоў — 475 км. Апошнія маршруты: №23 — Хімзавод — Валатава (09.2010), №4 — Крыстал — Валатава (09.2013). Рухомы склад прадстаўлены машынамі АКСМ-201, АКСМ-321, АКСМ-213, АКСМ-101, ЗИУ-682.

Колькасьць аўтобусных маршрутаў — 62 агульнай працягласьцю 666 кілямэтраў, для шэрагу маршрутаў існуюць экспрэс-варыянты. Рухомы склад — галоўным чынам аўтобусы МАЗ-105, МАЗ-107, МАЗ-103, Ікарус-280,  МАЗ-104, МАЗ-203, МАЗ-206, МАЗ-215. На экспрэс-маршрутах выкарыстоўваюцца аўтобусы Багдан-А092. Апошні маршрут: №50 — ЗЛіН — 104 мкр. Дзейнічае 24 лініяў  маршрутных таксі, на лініях працуюць пераважна мікрааўтобусы Ford Transit, Газэль, Mercedes.

Прымескае і міжмескае аўтобуснае злучэньне ажыцьцяўляецца з аўтавакзалу. Аўтобусныя маршруты злучаюць Гомель з усімі местамі вобласьці і ўсімі абласнымі цэнтрамі Беларусі (акрамя Горадні)і Берасьця, зь неабласных гарадоў у іншых абласьцях з Горкамі, Наваполацкам, Столінам, Пінскам, Бабруйскам, Салігорскам, Баранавічамі, Крычавам, Касьцюковічамі, а таксама з гарадамі за мяжой Чарнігавам, Кіевам, Трускаўцом, Масквой, Берасьцем, Арлом, Навазыбкавам, Клімава, Клінцамі, Брэмэнам, Франкфуртам-на-Майне, Ціраспалем, Палтавай, Харкавам, Мікалаевам, Старадубам.

Чыгуначныя маршруты далёкага прытрымліваньня злучаюць Гомель з шматлікімі местамі Беларусі, Расеі і Ўкраіны. Цягнікі далёкага прытрымліваньня з Гомля ходзяць да Менску, Масквы (як праз Смаленск, так і праз Бранск), Санкт-Пецярбурга, Горадні, Берасьця, Полацку (празь Віцебск), Калінінграда, Шчорса, Чарнігава, Адлера (праз Варонеж). Бесьперасадкавыя вагоны ідуць да Валгаграда, Адлера (праз Харкаў), Мурманску, Карагандау, Іркуцку. Транзытныя цягнікі далёкага прытрымліваньня, як рэгулярныя, так і сэзоннага курсаваньня злучаюць Гомель, апрача пералічаных местаў, з Адэсай, Сімфэропалем, Кіевам, Анапай, Эўпаторыяй, Кіславодзкам, Дняпром, Хэрсонам, Фэадосіяй.

У 1996 годзе здадзены ў эксплюатацыю прымескі вакзал, разьмешчаны побач з вакзалам далёкага прытрымліваньня. Прымескае чыгуначнае злучэньне ажыцьцяўляецца ў межах Гомельскай вобласьціі з расейскім местам Навазыбкаў.

Міжнародны аэрапорт «Гомель» у савецкі час штодня абслугоўваў сотні пасажыраў, рэйсы ажыцьцяўляліся ў розныя канцы СССР. Цяпер рэгулярныя рэйсы штотыднёвы ажыцьцяўляюцца ў Калінінград. У 2005 і 2007 гадох адкрывалася злучэньне паводле маршруту Гомель-Масква-Гомель, аднак празь некалькі месяцаў яго скасавалі празь нізкую пасажыраплынь. Таксама ў 2007 годзе латвійская авіякампанія «Air Baltic» выконвала рэйсы паводле маршруту Рыга-Гомель-Рыга. Нягледзячы на нядрэнную колькасьць прададзеных квіткоў, 14 студзеня 2008 году і гэты рэйс быў скасаваны. Да 2011 году існавалі штодзённыя рэйсы на Менск, якія ажыцьцяўляліся кампаніяй «Гомельавія». Пасьля закрыцьця «Гомельавія» рэйсы на Калінінград выконвае «Белавія».

Гомель — пэрспэктыўны цэнтар турызму Беларусі міжнароднага значэньня. Гатэлі: «Гомель», «Верас», «Дынама», «У палёт», «Кастрычніцкая», «Сож», «Турыст», гасьцінічны комплекс «Уют», Гомельскага дзяржаўнага цырку, «Навучальна-мэтадычны цэнтар прафсаюзаў».




#Article 8: Бабруйск (2344 words)


Бабру́йск — места ў Беларусі, на рацэ Бярэзіне пры ўтоку ў яе ракі Бабруйкі. Адміністрацыйны цэнтар Бабруйскага раёну Магілёўскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год — 217 546 чалавек. Знаходзіцца за 110 км ад Магілёва. Вузел чыгунак на Асіпавічы, Жлобін, Рудабелку і аўтамабільных дарог на Менск, Гомель, Магілёў, Каленкавічы, Слуцак, Рагачоў. Порт на рацэ Бярэзіне.

Бабруйск — магдэбурскае места гістарычнай Рэчыччыны (Панізоўя), адзін з цэнтраў рэгіёну, старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага. Да нашага часу тут захаваўся збудаваны ў стылі барока касьцёл езуітаў, помнік архітэктуры XVIII ст, часткова зруйнаваны расейскімі ўладамі дзеля будаваньня фартэцыі. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаліся езуіцкі калегіюм і Фарны касьцёл, помнікі архітэктуры XVII—XVIII стагодзьдзяў, зруйнаваныя расейскімі ўладамі, а таксама клясыцыстычная царква ў фартэцыі, помнік архітэктуры XIX ст, зруйнаваны савецкімі ўладамі.

Паводле пашыранага меркаваньня, тапонім «Бабруйск» утварыўся ад назвы ракі Бабруйкі. Тым часам гідронім паходзіць ад слова «бабёр».

Варыянты напісаньня назвы места ў гістарычных крыніцах: Бобровск, Бобруеск, Бобрусек; на іншых мовах , , , .

Паводле археалягічных зьвестак, старажытнае паселішча на месцы сучаснага Бабруйску існавала ўжо ў V—VI стагодзьдзях. Апроч таго, на падставе знаходак каменных прыладаў можна выказаць здагадку, што людзі маглі жыць у гэтай мясцовасьці яшчэ ў каменным веку. Тым часам першы пісьмовы ўпамін пра Бабруйск зьмяшчаецца ў прывілеі вялікага князя Ягайлы і датуецца 27 красавіка 1387 году. Гэты дакумэнт пацьвярджаў правы Скіргайлы на валоданьне сярод іншых земляў і Бабруйскай воласьцю, якая складалася зь «Виленской и Троцкой половицы». З 1392 году места падпарадкоўвалася вялікаму князю Вітаўту. Тут знаходзілася рэзыдэнцыя вялікакняскага намесьніка, які падначальваўся ваяводу віленскаму. Да гэтага ж часу адносяцца першыя зьвесткі пра замак і гарадзкія ўмацаваньні.

У канцы XV — пачатку XVI стагодзьдзяў Бабруйск неаднаразова быў захоплены й спалены татарамі. Таксама места моцна пацярпела ад войскаў Маскоўскай дзяржавы ў часе войнаў 1507—1508 і 1534—1537 гадоў. У пачатку 1508 году яго захапіў Міхал Глінскі. З XVI стагодзьдзя Бабруйск перадаваўся ў часовае кіраваньне найбольш магутных шляхецкіх родаў. Паводле рэвізіі 1560 году, былі ўнармаваныя павіннасьці месьцічаў, перамераныя ворныя землі места. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў Бабруйск увайшоў у склад Рэчыцкага павету Менскага ваяводзтва. У 2-й палове XVI стагодзьдзя ў месьце дзейнічала Мікольская царква, пры якой існавала праваслаўнае брацтва. У 1618 годзе ў Бабруйску зьявіліся нясьвіскія езуіты, якія заснавалі тут сваю рэзыдэнцыю.

Паводле інвэнтару 1626 году, у Бабруйску было 409 двароў, 15 вуліцаў, 2 завулкі, 75 крамаў, цэрквы сьвятога Міколы і Ільлі, касьцёл Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла. Места атачаў земляны вал з драўлянымі сьценамі, ўмацаванымі двухпавярховымі вежамі (агулам каля 10). Існавала 5 брамаў: Кісялёўская, Падольная, Прудовая, Сьвіслацкая й Слуцкая. У 1639 годзе кароль і вялікі князь Уладзіслаў дазволіў месьцічам штогод праводзіць 2 кірмашы па 2 тыдні кожны, а таксама пацьвердзіў ўсе ранейшыя прывілеі пачынаючы ад 1561.

У кастрычніку 1648 году Бабруйск захапіў казацкі загон атамана Паддубскага. Пры дапамозе часткі жыхароў захопнікі перабілі шляхту і патапілі старосту ў Бярэзіне. У лютым 1649 году места вызваліла войска гетмана Януша Радзівіла, які жорстка расправіўся з казакамі. За часамі вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) у лютым 1655 году казакі наказнога гетмана Івана Залатарэнкі захапілі і спалілі Бабруйск, а жыхароў — забілі. Паводле Гадзяцкае дамовы 1658 году, Бабруйск пераходзіў у пажыцьцёвае валоданьне казацкаму палкоўніку Івану Нячаю. У 1665 году казакі зноў спалілі места.

З 2-е паловы XVII стагодзьдзя Бабруйск называлі мястэчкам, у 1671 годзе тут было 170 дамоў. Паселішча моцна пацярпела ў Вялікую Паўночную вайну (1700—1721), калі ў 1708 годзе празь яго праходзілі швэдзкія й расейскія войскі. У пачатку 1790-х гадоў тут было 1884 жыхары, 314 дамоў. Па першым падзеле Рэчы Паспалітай (1772 год) сюды з Рэчыцы перанесьлі паседжаньні павятовых судоў і соймікаў, а таксама перавялі архіў Рэчыцкага павету.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Бабруйск апынуўся ў складзе Расейскае імпэрыі. У часе паўстаньня Т. Касьцюшкі 1794 году яго на некаторы час вызваліла з-пад расейскай улады войска палкоўніка Стэфана Грабоўскага.

У 1795 годзе Бабруйск стаў цэнтрам павету Менскае губэрні. 22 студзеня 1796 году ён атрымаў уласны герб: на срэбным полі гербавай тарчы намаляваныя карабельная шчогла і «да яе крыжападобна прыстаўленыя два вырабленыя для шчоглаў дрэвы». У 1800 году зьявіўся першы праектны плян Бабруйску. Паводле гэтага пляну места забудоўвалася да 1810 году.

Новы пэрыяд гісторыі Бабруйску мае зьвязак з будаваньнем фартэцыі. Яе ўзьвядзеньне пачалося ўлетку на загад Аляксандра I ад 10 жніўня 1810 году. 4 чэрвеня 1811 году над фартэцыяй узьнялі расейскі сьцяг. Яна лічылася наймацнейшай і непрыступнай і прылічалася да першаклясных вайсковых умацаваньняў на тэрыторыі Расейскае імпэрыі. Узьвядзеньне фартэцыі вялося ў два этапы. Першы этап ажыцьцяўляўся ўва ўмовах набліжэньня вайны з Францыяй. Фартэцыя будавалася паводле праекту інспэктара Інжынэрнага корпусу расейскага войска Карла Опэрмана. Да пачатку вайны 1812 году пасьпелі збудаваць пяць асноўных бастыёнаў, частку ўнутраных будынкаў, насыпаць валы і выкапаць равы. У пэрыяд вайны 1812 году камандуючы 2-е расейскае арміі князь Пётр Багратыён па баях з францускімі войскамі пад абаронай умацаваньняў Бабруйскае фартэцыі здолеў даць адпачынак сваім жаўнерам, перафармаваць за кошт гарнізону фартэцыі найбольш парадзелыя аддзелы, пакінуць хворых і параненых, папоўніць запасы і пасьпяхова злучыцца з 1-м войскам пад камандаю Барклая-дэ-Толі. Чатыры месяцы фартэцыя была ў аблозе. Другі этап будаваньня прыйшоўся на 1812—1836 гады. За гэты час тэрыторыя фартэцыі павялічылася, зьявіліся дадатковыя бастыёны й вежы, у тым ліку ў 1822 годзе — знакаміты форт «Фрыдрых Вільгельм».

З Бабруйскам маюць зьвязак падзеі дзекабрысцкага руху ў Расеі. У фартэцыі расквартавалі 9-ю пяхотную дывізію, сярод афіцэраў якой былі сябры таемных таварыстваў. Менавіта тут у траўні 1823 году распрацавалі плян узброенага паўстаньня, які прадугледжваў арышт цара Аляксандра ў час агляду войскаў у фартэцыі. Аўтарамі праекту выступалі афіцэры — Сяргей Мураўёў-Апостал, Міхаіл Бястужаў-Румін, Іван Павала-Швяйкоўскі. Аднак кіраўнікі паўстаньня адхілі гэты плян. У фартэцыі служылі, а пазьней адбывалі пакараньне за ўдзел у сьнежаньскім паўстаньні, Васіль Нораў, Васіль Дзіваў, Міхайла Бадзіска, Міхайла Пушчын (камэндант крэпасьці ў 1865—1869 гадох) і іншыя. У другой палове XIX стагодзьдзя Бабруйская фартэцыя згубіла сваё стратэгічнае прызначэньне і ў 1886 годзе стала складам. Праз год фартыфікацыю зьнялі з уліку як стратэгічную адзінку, тут разьмясьціўся дысцыплінарны батальён для ніжніх чыноў.

У XIX стагодзьдзі хутка разьвіваліся гандаль і прамысловасьць Бабруйску, да чаго прычыніліся ўзьвядзеньне фартэцыі, Маскоўска-Варшаўскае шашы й Лібава-Роменскае чыгункі. Гэта спрыяла эканамічнаму ўздыму, прытоку капіталу й павелічэньню насельніцтва. Запрацавалі шматлікія майстэрні і заводы: лесапільныя, цагляныя, вінакурныя, тытунёвыя, маслабойныя, сьвячныя. У 1889 годзе выпусьціў першую прадукцыю медна-жалезакацельны завод. Галоўным багацьцем і прадметам гандлю быў лес, сьпірт, мёд, шкло, яблыкі. На мяжы XIX—XX стагодзьдзяў у Бабруйску пашыралася сетка навучальных установаў: працавалі прагімназія, прыхадзкая вучэльня і шэраг дзяржаўных і прыватных мужчынскіх і жаночых гімназіяў. Мэдычнае абслугоўваньне месьцічаў ажыцьцяўлялі вайсковы шпіталь і лякарня жыдоўскага таварыства. У пачатку XX ст. налічвалася 3500 будынкаў, два пляцы і 36 вуліцаў. Бабруйск быў вядомы яшчэ й як буйны выдавецкі цэнтар. У месьце працавалі некалькі прыватных друкарняў, якія выдавалі кнігі на расейскай мове й ідышы. Выходзілі такія газэты, як «Бобруйский курьер», «Бобруйский листок», «Бобруйская жизнь» і іншыя. У 1883 годзе ў Бабруйску дзейнічала суполка арганізацыі «Народная воля». У 1898 у тутэйшай бундаўскай друкарні выйшаў Маніфэст I зьезду РСДРП.

У 1914 годзе каля Бабруйску прайшла лінія фронту. У гэты пэрыяд у ім дысьлякавалася каля 30 вайсковых частак.

У перадваенныя гады Бабруйск быў даволі значным вайсковым аб’ектам. Тут дысьлякаваўся штаб і часткі 47-га стралковага корпусу, большасьць частак 121-е стралковае дывізіі, 174-асобны зэнітны артылерыйскі дывізіён, вайскова-трактарная вучэльня, акруговыя склады. Аднак у першыя дні вайны ў месьце засталася малаважная частка войскаў.

У Другую сусьветную вайну ў выніку імклівага наступу нямецкіх танкавых дывізіяў 28 чэрвеня 1941 году Бабруйск захапілі нямецкія войскі. Тым ня менш, на пачатку ліпеня 1941 году ў навакольлі места адбылася бітва, якая сталася часткай Смаленскае бітвы. У Бабруйску стварылі лягеры для ваеннапалонным, дзе агулам за тры гады акупацыі зьнішчылі тут каля 44 тысячаў вайскоўцаў. Першыя падпольныя антыфашысцкія групы зьявіліся ў канцы ліпеня 1941 году. У месьце дзейнічала 17 падпольных групаў, якія бесьперапынна падтрымлівалі зьвязак з падпольнымі аддзеламі. 24 чэрвеня 1944 году войскі правага крыла першага Беларускага фронту пад камандаю генэрала К. Ракасоўскага пачалі Бабруйскую наступальную апэрацыю. 27 чэрвеня ўьварылася шчыльнае кольца атачэньня: у «Бабруйскім катле» апынуліся шэсьць варожых дывізіяў дзявятае палявое арміі суперніка колькасьцю каля 40 тысячаў чалавек. 29 чэрвеня ў Бабруйск увайшлі савецкія войскі.

У 1944 годзе ўтварылася Бабруйская вобласьць, скасаваная аднак у 1954 годзе. У паваенны час пачалося актыўнае будаваньне новых прадпрыемстваў: завод гумава-тэхнічных вырабаў (1952 год), мясакамбінат (1956 год), завод трактарных дэталяў і агрэгатаў (1959 год), футравая фабрыка (1960 год), малочны завод (1967 год). Да пачатку 1960-х гадоў у Бабруйску ў асноўным разьвівалася дрэваапрацоўчая прамысловасьць. У 1960 годзе пачалося будаваньне Шыннага камбіната, на якім 1 студзеня 1972 году вырабілі першую пакрышку.

У 2006 годзе ў Бабруйску прайшоў фэстываль-кірмаш «Дажынкі».

Дзейнічаюць 9 нацыянальна-культурных аб’яднаньняў і іх арганізацыйных структураў:

У Бабруйску дзейнічаюць 20 рэлігійных суполак пяці канфэсіяў:

Бабруйск — цэнтар Бабруйскае праваслаўнае япархіі, утворанай у 2004. Яна ахоплівае Асіпавіцкі, Бабруйскі, Быхаўскі, Глускі, Качэрыцкі, Клічаўскі раёны. На тэрыторыі крэпасьці знаходзіцца жаночы праваслаўны манастыр.

Касьцёл Беззаганнага Зачацьця Найсьвяцейшай Панны Марыі зьяўляецца цэнтрам створанага ў 1744 годзе і адноўленага ў 2006 годзе Бабруйскага дэканату, які ахоплівае Асіпавіцкі, Бабруйскі, Глускі, Качэрыцкі, Клічаўскі раёны. У XVII—XVIII стагодзьдзях у месьце існавала Бабруйская езуіцкая акадэмія.

Дзейнасьць рэлігійных суполак і пытаньні міжканфэсійных адносінаў асьвятляюцца ў гарадзкіх друкаваных сродках масавай інфармацыі. Тры гарадзкія газэты маюць сталыя рубрыкі (дадаткі).

У Бабруйску працуюць 27 сярэдніх, 2 базавыя і 2 вячэрнія агульнаадукацыйныя школы, 3 гімназіі (у тым ліку Славянская гімназія), 3 дзіцячыя музычныя школы, дзіцячая мастацкая школа, 12 дзіцяча-юнацкіх спартовых школаў і клюбаў, школа-каледж мастацтваў, дом мастацкае творчасьці для дзяцей і юнацтва, дзіцяча-юнацкі цэнтар вандраваньняў і краязнаўства «Бабраня», станцыя юных натуралістаў, цэнтар карэкцыйнага навучаньня і рэабілітацыі, дзіцячы сацыяльны прытулак, цэнтар выхаваўчае працы «Росквіт», цэнтар юных турыстаў «Вандроўнік».

Шырокае прадстаўніцтва мае сярэдняя спэцыяльная і прафэсійная адукацыя. У Бабруйску ёсьць 7 каледжаў (аўтатранспартны, аграрна-эканамічны, гандлёва-эканамічны, машынабудаўнічы, тэхналягічны, будаўнічы, мастацкі) і 2 тэхнікумы (мэханіка-тэхналягічны і лесатэхнічны), Бабруйская вучэльня алімпійскага рэзэрву.

Апроч таго ў Бабруйску 2 філіі вышэйшых навучальных установаў — Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўнівэрсытэту (утвораная 1 кастрычніка 1997 году) і Прыватнага інстытуту кіраваньня і прадпрымальніцтва.

У Бабруйску праводзіцца больш за 500 культурных мерапрыемстваў на год. З найбольш вядомых можна адзначыць фэсты народнага мастацтва «Вянок сяброўства» (міжнародны) і харэаграфіі «Ля вытокаў танца» (рэгіянальны), а таксама міжнародны пленэр па кераміцы «Art-Жыжаль».

Апроч таго, шматлікія творчыя калектывы з Бабруйску бяруць удзел у розных міжнародных фэстах, такіх як «Мэрцышор», «Каліново літо на Дніпрі», «Спивограй», «Крымская хваля», «Славенія». У 2006 тут прайшоў рэспубліканскі фэстываль-кірмаш «Дажынкі».

У Бабруйску на сталай аснове дзейнічаюць некалькі дзясяткаў творчых калектываў, зь якіх можна адзначыць ансамбль танца «Прыгажосьць», харэаграфічныя калектывы «Бабраня», «Крынічка», «Чабарок», «Званочкі», ансамблі «Бобруйскія музыкі», «Весялуха», тэатар «Служкі трох муз», тэатар песьні «Шына-най», заслужаны ансамбль танцу Рэспублікі Беларусь «Юнацкасьць» Палацу мастацтваў Бабруйску, ансамблю танцу «Зязюлечка» Цэнтру выхаваўчае працы «Росквіт».

Бабруйскі тэатар драмы і камэдыі мае статус Магілёўскага абласнога тэатру. Заснаваны ў 1970 годзе. Названы ў гонар Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча — клясыка беларускае літаратуры, заснавальніка беларускае драматургіі.

У 2008 годзе адзначалася 200-годзьдзе з дня нараджэньня пісьменьніка і ў гонар гэтага ў Бабруйску праходзіў Міжнародны фэст нацыянальнае драматургіі, у якім прымалі ўдзел 12 тэатраў зь Беларусі, Расеі, Украіны, Малдовы і Латвіі.

Дзейнічае Бабруйскі краязнаўчы музэй, экспазыцыя якога распавядае пра археалёгію краю, гістарычнае разьвіцьцё ў складзе Вялікага княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай і Расейскае імпэрыі, гандлёвае і прамысловае разьвіцьцё ў дасавецкі пэрыяд, рэвалюцыю 1917 году, пэрыяды НЭПу, калектывізацыі і індустрыялізацыі, падзеі ў гады нямецка-савецкай вайны, узнаўленьне і паваеннае разьвіцьцё краю, гісторыю гораду ў сучасны пэрыяд, этнаграфію, культуру і прыроду краю.

У Бабруйску працуюць 10 бібліятэк: цэнтральная гарадзкая імя Максіма Горкага, гарадзкая №8 імя Эўфрасіньні Полацкай, гарадзкая імя Аляксандра Пушкіна, гарадзкая № 4 імя Барыса Мікуліча, гарадзкая № 7 імя Алі Шагенцукава, цэнтральная дзіцячая імя Аркадзя Гайдара, дзіцячая №6 імя Мікалая Астроўскага, дзіцячая №5, гарадзкія №12 і №16.

Дзейнічаюць 2 кінатэатры: адназальны «Таварыш» (500 месцаў, Dolby Surround) і дзьвюхзальны «Мір» (276 і 220 месцаў).

Спартовая і фізкультурная інфраструктура Бабруйску ўлучае лядовы палац «Бабруйск-Арэна», конна-спартовы клюб «Ломаў», водна-спартовы комплекс «Лясны», 3 стадыёны, 2 плавальныя басэйны (і каля дваццаці міні-басэйнаў), каля 100 спартовых заляў, каля 300 вулічных спартовых пляцовак. У горадзе ёсьць уласныя футбольны і хакейны клюбы, таксама ладзяцца міжнародныя і рэспубліканскія спаборніцтвы.

Лядовы палац «Бабруйск-Арэна» будаваўся з 2006 году і адкрыўся 31 траўня 2008 году. Ёмістасьць палаца складае 7 тысячаў чалавек і ён зьяўляецца найбольшым лядовым палацам у Беларусі. «Бабруйск-Арэна» зьяўляецца хатнім стадыёнам адноўленага хакейнага клюбу «Шыньнік» (Бабруйск), каманда якога зьяўлялася шматразовым чэмпіёнам БССР па хакеі. Пачынальна з сэзону 2008/2009 выступае ў Экстралізе Беларусі, у выніку рэгулярнага чэмпіянату заняў 10-е месца (не заслужыўшы такім чынам права гуляць у плэй-офф чэмпіянату). Акрамя таго, ХК «Шыннік» (Бабруйск) зьяўляецца базавым для моладзевае (да 20 гадоў) зборнае Беларусі. Таксама ў палацы ладзяцца масавыя катаньні на каньках.

У горадзе ёсьць уласны футбольны клюб «Белшына Бабруйск» (заснаваны ў 1977 годзе, у 1993—1995 гадох зваўся «Шыньнік»). Хатнія гульні праводзіць на стадыёне «Спартак» (ёмістасьць 3700 месцаў). Клюб зьяўляецца чэмпіёнам і срэбным прызэрам, а таксама двухразовым бронзавым прызэрам чэмпіянату Беларусі, трохразовым ўладальнікам Кубку Беларусі. У цяперашні час выступае ў першай лізе чэмпіянату Беларусі па футболе.

У Бабруйску праводзяцца міжнародныя (па міні-футболе і самба) і рэспубліканскія (два па грэка-рымскім дужаньні — памяці генэрал-маёра Бахарава і на прызы Ліштвана) турніры, спартакіяда па дзюдо, этапы рэспубліканскіх кубкаў па роварным спорце, драгрэйсынгу і турыстычна-прыкладным шматбор’і, а таксама лёгкаатлетычныя спаборніцтвы памяці генэрал-маёра Бахарава (больш за 1500 удзельнікаў у 2008 годзе) і чэмпіянат Беларусі па більярдзе.

З урбананімічнай спадчыны Бабруйску да нашага часу гістарычныя назвы захавалі толькі вуліца Менская і завулак Пажарны.

Да будаваньня расейскай фартэцыі ў Бабруйску існавалі Рынак, дзе знаходзіліся Фарны касьцёл і касьцёл езуітаў, а таксама вуліцы Падольная (каралеўская двор), Сьвіслацкая (калегіюм езуітаў і каралеўскі сад), Прудовая, Кісялёўская (царква Прачыстай Багародзіцы), Ільлінская (царква Ільлі Прарока), Капыльнічавая (замкавы гасьціны двор) і Парыцкая «за ракой Баброўкай».

Працуе больш за 40 прамысловых прадпрыемстваў вытворчасьці будаўнічых матэрыялаў, хімічнае, машынабудаўнічае, мэталаапрацоўчае, дрэваапрацоўчае, лёгкае, харчовае прамысловасьці.

Структура і спэцыялізацыя прамысловае вытворчасьці Бабруйску:

Таксама ў Бабруйску разьмяшчаецца адзін з двух у Беларусі гідролізных заводаў (другі — у Рэчыцы).

Бабруйск — найбольшы транспартны вузел сярод местаў Беларусі, якія не зьяўляюцца абласнымі цэнтрамі. Месьцічаў перавозяць 2 тралейбусныя лініі (адзіны зь местаў, што не зьяўляюцца абласнымі цэнтрамі, у якім ёсьць тралейбус), каля 30 аўтобусных лініяў, больш за 70 лініяў маршрутных таксовак. У месьце ёсьць аўтавакзал, 2 чыгуначныя станцыі: «Бабруйск» (пасажырская) і «Бярэзіна» (грузавая), порт на рацэ Бярэзіне. Раней існаваў аэрапорт.

Праз Бабруйск праходзіць галіна B панэўрапейскага транспартнага калідору IX (Калінінград — Вільня — Менск — Кіеў — Адэса).

Цэнтар турызму дзяржаўнага значэньня. Гасьцініцы «Бабруйск», «Юбілейная», «Фэнікс», «Турыст» (узьведзеная ў 2006 годзе, 198 месцаў). Бальнеагразевы курорт «Бабруйск» (санаторыя імя Леніна, санаторыя-прафілякторыя «Фандок» і санаторна-аздараўленчы комплекс «Шыньнік»), дзіцячая санаторыя «Вясёлка».

Бабруйск — вядомы цэнтар ганчарнага промыслу, г. зв. бабруйскай керамікі.




#Article 9: Барысаў (934 words)


Бары́саў — места ў Беларусі, на рацэ Бярэзіне. Адміністрацыйны цэнтар Барысаўскага раёну Менскай вобласьці. Плошча 46 км². Насельніцтва на 2018 год — 143 051 чалавек. Знаходзіцца за 71 км на паўночны ўсход ад Менску, на аўтамабільнай дарозе Менск — Масква. Чыгуначная станцыя на лініі Менск — Ворша. Буйны прамысловы і культурны цэнтар краіны.

Барысаў — магдэбурскае места на мяжы гістарычных Меншчыны і Аршаншчыны, старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага. Да нашага часу тут захаваліся збудаваныя ў стылі клясыцызму касьцёл Нараджэньня Найсьвяцейшай Панны Марыі і скарбніца, помнікі архітэктуры пачатку XIX ст.

Тапонім «Барысаў» утварыўся ад імя полацкага князя Рагвалода-Барыса Ўсяславіча, пра што сьведчыць аснова (Барыс) і фармант (аў).

Паводле зьвестак В. Тацішчава паселішча заснаваў князь полацкі Рагвалод-Барыс у 1102 годзе (згодна зь іншымі зьвесткамі — князь кіеўскі Яраслаў Мудры у 1032 годзе).

Старажытнае гарадзішча месьцілася на левым беразе ракі Бярэзіны. Тым часам найбольш стары пісьмовы ўпамін пра Барысаў як горад Полацкага княства зьмяшчаецца ў Лаўрэнцеўскім летапісе і датуецца 1127 годам.

У XIII—XIV стагодзьдзях у Барысаве будаваўся замак, прыкладна ў той жа час места далучылася да Вялікага Княства Літоўскага. У 2-й палове XIV ст., імаверна, адбыўся перанос Барысава зь першапачатковага месца (цяпер — гарадзішча ў вёсцы Старабарысаў) на новае, за 4 км ніжэй плыньню Бярэзіны. Новы драўляны замак збудавалі на высьпе ў абалоне ракі, налева ад яе галоўнага рэчышча, прыблізна за 1,5 км на паўночны захад ад сучаснага аўтамабільнага моста. У канцы XIV ст. Барысаў разам з навакольнай воласьцю падпарадкоўваўся беспасярэдне вялікаму князю Вітаўту, які ў 1396 годзе выдаў «борысовцам» адмысловы прывілей, дзе вызначаў парадак прыёмкі і ўліку мядовай даніны.

У 1413 годзе Барысаў стаў цэнтрам воласьці Віленскага ваяводзтва. У вайну з Маскоўскай дзяржавай (1500—1503) у 1500 годзе тут знаходзілася стаўка вялікага князя Аляксандра, а ў наступную вайну з Масковіяй (1512—1522) у 1514 годзе — месца збору войскаў Вялікага Княства Літоўскага (у Барысаве знаходзілася стаўка вялікага князя Жыгімонта Старога). 27 жніўня 1514 году году Канстантын Астроскі разьбіў каля места перадавыя аддзелы маскоўскіх захопнікаў.

У 1563 годзе кароль і вялікі князь Жыгімонт Аўгуст надаў Барысаву Магдэбурскае права, а 10 жніўня 1565 году — мескі герб: «у белым (срэбраным) полі меская брама а дзьвюх вежах, над якой зьмяшчалася выява Сьвятога Пятра з ключом у правай руцэ». У 1569 годзе Барысаў як цэнтар староства перайшоў зь Менскага павету Менскага ваяводзтва ў Аршанскі павет Віцебскага ваяводзтва. Маёнтак знаходзіўся ў валоданьні Агінскіх, пазьней Радзівілаў.

На 1732 год у Барысаве было 9 вуліцаў, на 1764 год — 230 будынкаў. 14 чэрвеня 1792 году кароль і вялікі князь Станіслаў Аўгуст Панятоўскі пацьвердзіў мескі герб: «у срэбным полі брама, паміж дзьвюма вежамі над брамай постаць сьвятога Пётры з двума ключамі ў руцэ».

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Барысаў апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе з 1795 году стаў цэнтрам павету Менскай губэрні. У вайну 1812 году ў канцы чэрвеня места занялі францускія войскі, аднак 26—29 лістапада каля Барысава расейскія войскі нанесьлі ім значную паразу ў часе пераправы цераз раку Бярэзіну. На 1825 год у месьце было 319 будынкаў (зь іх 1 мураваны), на 1854 год — 600 будынкаў, дзейнічалі касьцёл, 2 царквы, сынагога і 5 малітоўных дамоў, працавалі 70 крамаў.

На 1863 год у Барысаве быў 601 жылы дом, дзейнічалі касьцёл, 2 царквы, 8 сынагогаў і малітоўных дамоў, працавалі 70 крамаў, 5 гарбарных, піваварны і цагельны заводы. У 1871 годзе праз Барысаў прайшла Маскоўска-Берасьцейская чыгунка; на правым беразе Бярэзіны ўзьнікла чыгуначная станцыя, а пры ёй — паселішча Новабарысаў, злучанае з старым местам драўляным мостам. На 1878 год — 1188 будынкаў (зь іх 5 мураваных), дзейнічалі 2 царквы (1 мураваная), касьцёл (мураваны) і сынагога, працавалі павятовая і прыходзкая вучэльні, 2 піваварных і лесапільны заводы, 5 корчмаў. Паводле вынікаў перапісу 1897 году, працавалі паштова-тэлеграфная кантора, 2 лякарні, меская вучэльня, жаночы пансіён, 215 крамаў, 9 заводаў.

У 1901 і 1910 гадох Барысаў моцна пацярпеў ад пажараў. На 1904 год у месьце было 27 вуліцаў і завулкаў, 2 пляцы, 1868 жылых дамоў (зь іх 73 мураваныя), 244 газавыя ліхтары, 11 фабрык і заводаў, 59 рамесных майстэрняў, банк, 2 натарыяльныя канторы, паштова-тэлеграфная кантора, 6 заезных двароў, 11 корчмаў і харчэўняў, 10 гасьцініцаў, 2 друкарні, бібліятэка-чытальня, чытальня, 8 школаў (17 настаўнікаў, 404 вучні), 2 лякарні, 2 аптэкі і 5 аптэных магазынаў. Штогод праводзіліся 4 кірмашы. На 1910 год тут было больш за 1520 двароў, 32 прамысловыя прадпрыемствы, зь іх найбольшыя — запалкавыя фабрыкі «Вікторыя» і «Бярэзіна», 2 лесапільныя заводы, гута, вінакурня, паперня «Папірус», паравы млын, працавалі 112 крамаў, ніжэйшая лясная школа, мужчынская гімназія, жаночая прагімназія, мэтэастанцыя. 

За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 году Барысаў занялі нямецкія войскі.

У Другую сусьветную вайну з 2 ліпеня 1941 да 1 ліпеня 1944 году Барысаў знаходзіўся пад нямецкай акупацыяй.

У Барысаве працуюць філія Інстытуту кіраваньня і прадпрымальніцтва, 3 сярэднія спэцыяльныя навучальныя ўстановы, 3 прафтэхвучэльні, політэхнічны ліцэй, 2 гімназіі (1 гімназія пераназваная ў сярэднюю школу), 24 сярэднія, музычная, мастацкая і харэаграфічная школы.

Мэдычнае абслугоўваньне насельніцтва ажыцьцяўляюць 4 лякарні, 7 паліклінікаў, 3 дыспансэры, станцыя пераліваньня крыві, хуткай дапамогі, 2 санітарна-эпідыміялягічныя, 32 пункты аховы здароўя.

Дзейнічаюць 4 бібліятэкі, дом культуры, 3 кінатэатры, народны тэатар. У Барысаве знаходзіцца філія Дзяржаўнага архіву Менскай вобласьці.

У Барысаве існуе рэгіянальны інфармацыйна-аналітычны сайт ex-Press, выдаюцца наступныя газэты: незалежная «Борисовские новости»; дзяржаўная «Адзінства»; краязнаўчая «Гоман Барысаўшчыны». Існуе таксама дзьве тэлекампаніі: «СКІФ» і «СВЕТ ТВ».

Мескі стадыён мае акрэдытацыю для правядзеньня міжнародных футбольных матчаў. БАТЭ Барысаў — шматразовы чэмпіён Беларусі па футболе. У 2014 годзе адкрыўся новы стадыён «Барысаў-Арэна».

З урбананімічнай спадчыны Барысава да нашага часу гістарычныя назвы захавалі вуліцы Ганчарная, Паштовая і Правабярэжная. У інвэнтары 1732 году ўпамінаецца Спаская вуліца.

Прадпрыемствы лясной, дрэваапрацоўчай, машынабудаўнічай і мэталаапрацоўчай, харчовай, швацкай, хімічнай і хіміка-фармацэўтычнай прамысловасьці, вытворчасьці будаўнічых матэрыялаў і інш.

Барысаў — папулярны цэнтар турызму. Дзейнічае Барысаўскі аб’яднаны музэй.

Гасьцініцы: «Бярэзіна», ААТ «БАТЭ», РУП «Барысаўскі завод агрэгатаў», «Экран». Санаторыя «Бярэзіна».

Помнікі: князю Барысу, «Батарэі» вайны 1812 году, савецкім танкістам і інш.




#Article 10: Кобрынь (892 words)


Ко́брынь — места ў Беларусі, на сутоках Мухаўцу, Кобрынкі і канала Боны. Адміністрацыйны цэнтар Кобрынскага раёну Берасьцейскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год — 53 177 чалавек. Знаходзіцца за 52 км на ўсход ад Берасьця. Чыгуначная станцыя на лініі Берасьце — Гомель. Вузел аўтамабільных дарог на Менск, Берасьце, Пінск, Ковель, Маларыту.

Кобрынь — магдэбурскае места гістарычнай Берасьцейшчыны, колішняя сталіца ўдзельнага княства, старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага. Да нашага часу тут захаваліся збудаваныя ў стылі барока манастыр Сьвятога Спаса і царква Сьвятога Мікалая (часткова зруйнаваная расейскімі ўладамі ў выніку маскоўскай перабудовы), касьцёл Спачыну Найсьвяцейшай Панны Марыі ў стылі клясыцызму і забудова гістарычнага Рынку, помнікі архітэктуры XVIII—XIX стагодзьдзяў.

Існуе некалькі вэрсіяў паходжаньня тапоніму «Кобрынь». На думку географа В. Жучкевіча, назва места ўтварылася ад імя зьніклага народу «обры», які паводле старажытных летапісаў насяляў Заходняе Палесьсе. Згодна зь меркаваньнем І. Сташэўскага тапонім утварыўся праз засваеньне кельцкага імя Кобрунус, тым часам А. Трубачоў адкідаў кельцкае паходжаньне як неабгрунтаванае і тлумачыў слова «Кобрынь» як вынік складаньня прэфіксу -к са стараславянскім -брьние (бруд).

У пісьмовых гістарычных крыніцах часоў Вялікага Княства Літоўскага места ўпамінаецца вылучна пад назвай Кобрынь, гэтак жа яго называлі мясцовыя жыхары. Цяперашняя афіцыйная назва «Кобрын» — калькаваньне з расейскай мовы.

Першы пісьмовы ўпамін пра Кобрынь як уладаньне князёў ўладзімерска-валынскіх зьмяшчаецца ў Іпацьеўскім летапісе і датуецца 1287 году:

У пачатку XIV стагодзьдзя Кобрынь далучыўся да Вялікага Княства Літоўскага. З 1366 году ён знаходзіўся ў валоданьні вялікага князя Альгерда. У XIV стагодзьдзі на месцы старажытнага дзядзінца і пасаду збудавалі драўляныя замкі (існавалі да канца XVIII стагодзьдзя). У 1404 годзе места стала сталіцай княства, што знаходзілася ў валоданьні Рамана Ратненскага, пачынальніка роду князёў Кобрынскіх. Пад 1465 годам упершыню ўпамінаецца Спаскі манастыр. У 1-й палове XVI стагодзьдзя ў месьце збудавалі касьцёл.

У 1519 годзе Кобрынь стаў цэнтрам староства, а ў 1520 годзе — сталіцай павету Падляскага ваяводзтва. З 1532 году места знаходзілася ў валоданьні каралевы і вялікай княгіні Боны Сфорцы, за якой юрыдычна аформілася Кобрынская эканомія і распачаліся мэліярацыйныя працы (канал каралевы Боны). На 1563 год, паводле рэвізіі, у Кобрыні было 377 двароў; асноўныя вуліцы — Астрамецкая, Балоцкая, Берасьцейская, Пінская, Ратненская, Чаравачыцкая; дзейнічалі касьцёл, 3 цэрквы, Спаскі манастыр. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў места страціла павятовы статус і ўвайшло ў склад Берасьцейскага павету Берасьцейскага ваяводзтва.

У 1586 годзе Кобрынь перайшоў да каралевы і вялікай княгіні Ганны Ягелонкі, дачкі Боны Сфорцы і Жыгімонта Старога, якая адрозьнівалася актыўнасьцю ў палітычных і гаспадарчых справах. 10 сьнежня 1589 году яна надала месту Магдэбурскае права, а таксама пячатку і герб: «у срэбным полі выява сьвятых Ганны і Марыі зь немаўлём Езусам на руках». Ганна асабіста ўручыла жыхарам прывілей, падпісаны нядаўна абраным каралём і вялікім князем Жыгімонтам Вазам. У 1596 годзе Спаскі манастыр прыняў Унію.

У пачатку XVII стагодзьдзя ў Кобрыні было больш за 1,5 тыс. жыхароў, каля 500 дамоў. На 1597 год места складалася з асноўнай тэрыторыі і Замухавецкага прадмесьця, налічвала 550 сядзібных пляцаў. У цэнтры быў Рынак з ратушай і 32 пляцамі забудовы. У 1626 годзе адбыўся Кобрынскі сабор, пры Спаскім манастыры адкрылася школа.

У 2-й палове XVII — пачатку XVIII стагодзьдзяў Кобрынь значна пацярпеў ад ваенных канфліктаў і прыйшоў у заняпад. З прычыны страты эканамічнага значэньня ў 1766 годзе яго перавялі ў стан мястэчкаў. У 1784 годзе тут знаходзіўся кароль і вялікі князь Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, які накіроўваўся на адкрыцьцё Каралеўскага канала. На 1790 год у месьце было 360 дамоў. У 1791 годзе Кобрынь зноў стаў сталіцай павету. 14 верасьня 1794 году расейскія акупацыйныя войскі А. Суворава разьбілі пад Дывінам перадавыя аддзелы паўстанцаў Т. Касьцюшкі і занялі места.

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Кобрынь апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе стаў цэнтрам павету. Імпэратрыца расейская Кацярына II падаравала колішняе магдэбурскае места Сувораву.

У вайну 1812 году 27 ліпеня пад Кобрынем расейскія войскі здабылі першую перамогу над арміяй Напалеона. На 1817 год тут было 326 будынкаў, зь іх 4 камяніцы. У 1845 годзе месту даравалі новы, расейскі герб. У 1882 годзе пачаўся рух на лініі Палескае чыгункі Пінск — Жабінка, у Кобрыні зьявілася чыгуначная станцыя. У 1895 годзе пажар зьнішчыў траціну места. У пачатку ХХ ст. у Кобрыні было 25 камяніцаў і 1202 драўляных будынкаў, дзейнічалі 2 цэрквы, касьцёл, сынагога і некалькі юдэйскіх малітоўных школаў, працавалі павятовая вучэльня, прыходзкая вучэльня з жаночай зьменай, прыватная жаночая 1-клясная вучэльня, жыдоўская жаночая вучэльня і некалькі хедараў.

За часамі Першай сусьветнай вайны ў 1915 годзе Кобрынь занялі войскі Нямецкай імпэрыі.

Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году Кобрынь апынуўся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе стаў цэнтрам павету Палескага ваяводзтва.

У 1939 годзе Кобрынь увайшоў у БССР, дзе ў 1940 годзе стаў цэнтрам раёну. У Другую сусьветную вайну з 23 чэрвеня 1941 да 20 ліпеня 1944 году места знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху.

У Кобрыні працуюць 9 сярэдніх, базавая, музычная і 2 спартовыя школы, школа-інтэрнат.

Мэдычнае абслугоўваньне насельніцтва ажыцьцяўляе меская лякарня.

Дзейнічаюць 2 бібліятэкі, 2 кінатэатры, дом культуры.

Плян і забудова Кобрыня маюць шматвекавую гісторыю. Пры ўтоку рэчкі Кобрынкі ў Мухавец у старажытнасьці заклалі першае ўмацаваньне, на якім пазьней збудавалі Верхні і Ніжні замкі. У канцы XVIII—XIX стагодзьдзяў цэнтар Кобрыня забудоўваўся цаглянымі двухпавярховымі жылымі дамамі, ніжнія паверхі якіх прызначаліся для крамаў і майстэрань.

З урбананімічнай спадчыны Кобрыня да нашага часу гістарычныя назвы захавалі вуліца Мікольская (яшчэ адна гістарычная назва — Астрамецкая) і пляц Замкавы.

Прадпрыемствы машынабудаўнічай, харчовай, лёгкай, будаўнічых матэрыялаў прамысловасьці.

Кобрынь — цэнтар турызму дзяржаўнага значэньня. Дзейнічае Кобрынскі ваенна-гістарычны музэй імя Суворава (у адбудаванай сядзібе Губэрня), створаны за савецкім часам. Расейскі вайскавод Сувораў атрымаў места ў асабістую ўласнасьць па здушэньні паўстаньня за аднаўленьне незалежнасьці Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў.




#Article 11: Пінск (2653 words)


Пінск — места ў Беларусі, на сутоках Піны і Прыпяці. Адміністрацыйны цэнтар Пінскага раёну Берасьцейскай вобласьці. Плошча 4736 га. Насельніцтва на 2020 год — 126 300 чалавек. Знаходзіцца за 180 км на ўсход ад Берасьця. Вузел аўтамабільных дарог на Івацэвічы, Лунінец, Столін і Янаў. Чыгуначная станцыя на лініі Берасьце — Лунінец, рачны порт.

Пінск — даўняе магдэбурскае места, цэнтар гістарычнага рэгіёну, старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага. У наш час мае неафіцыйны статус сталіцы Палесься, тут налічваецца 44 гістарычна-культурныя каштоўнасьці, у тым ліку комплексы кляштараў францішканаў з касьцёлам Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі і бэрнардынаў з касьцёлам Сьвятога Міхала Арханёла, калегіюм езуітаў, касьцёл Сьвятога Караля Барамэя, палац Бутрымовічаў і прыдарожная капліца, помнікі архітэктуры барока і клясыцызму XVII—XVIII стагодзьдзяў. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаўся замак Вішнявецкіх, зруйнаваны расейскімі ўладамі, а таксама касьцёлы Сьвятога Станіслава (віленскае барока) і Сьвятога Дамініка (барока), Вялікая сынагога (рэнэсанс) і капліца на Рынку, помнікі архітэктуры XVII—XVIII стагодзьдзяў, зьнішчаныя савецкімі ўладамі.

Паводле пашыранага меркаваньня, тапонім «Пінск» утварыўся ад назвы ракі Піны. Тым часам няма адназначнасьці датычна паходжаньня гідроніму: на думку географа В. Жучкевіча, ён утварыўся ад славянскай асновы «пін», сэнсавае значэньне якой — прыпынак, прыстань, вір у рацэ, гаць. Існуюць таксама і іншыя тэорыі, найбольш пашыраныя зь якіх: «Піна» ад «пена», што пляскалася на ўзьбярэжжы; «Піна» ад лацінскага «пінус» — «хвоя», хвоі ў вялікай колькасьці расьлі на берагах рэчкі.

Варыянты напісаньня назвы места ў гістарычных крыніцах: Пиньск, Пинеск.

Першы пісьмовы ўпамін пра Пінск («Пінеск») зьмяшчаецца ў «Аповесьці мінулых часоў» і датуецца 1097 годам. Узьнікненьне гораду ў XI ст. пацьвярджаюць археалягічныя зьвесткі. Да XII ст. ён уваходзіў у склад Тураўскага княства.

У 1174 годзе Пінск стаў сталіцай удзельнага княства. У летапісах упамінаюцца князі пінскія: Яраслаў (1183 год) і Яраполк (1190 год). На той час горад меў гандлёвыя зьвязкі з Валыньню, Сярэднім Падняпроўем і Паўночным Прычарнамор’ем.

У XIII ст. Пінск стаў цэнтрам Пінска-Тураўскай япархіі. Пад 1263 годам упершыню ўпамінаецца царква пры манастыры ў прадмесьці Лешчы — рэлігійным і асьветніцкім цэнтры Піншчыны.

У пачатку XIV ст. Пінскае княства далучылася да Вялікага Княства Літоўскага. Неўзабаве ў самім месьце збудавалі замак. З 1320 году тут княжыў Нарымонт, які ў 1348 годзе загінуў у бітве з крыжакамі. У 1396 годзе будучы вялікі князь Жыгімонт I Кейстутавіч заснаваў у Пінску касьцёл францішканаў. На 1471 год у месьце валадарыла княгіня Марыя — удава Сямёна Алелькавіча, які вёў свой род ад Ґедзіміна. Вялікая колькасьць яе дароўных грамат дазваляюць спасылацца на першыя пісьмовыя ўпаміны вёсак Піншчыны.

У 1521 годзе вялікі князь Жыгімонт Стары перадаў Пінск сваёй жонцы вялікай княгіні Боне, якая пачала актыўна праводзіць аграрныя пераўтварэньні на Палесьсі. У 1527 годзе сьцены Пінскага замка спынілі апошні набег татараў на Літву. З 1539 году места стала цэнтрам староства.

У сярэдзіне XVI ст. у Пінску было 27 вуліцаў і 800 двароў, а таксама магутная сыстэма ўмацаваньняў. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў места стала сталіцай павету Берасьцейскага ваяводзтва. 12 студзеня 1581 году кароль і вялікі князь Стэфан Баторы надаў Пінску Магдэбурскае права (пацьвярджалася ў 1589, 1633, 1650, 1785 гадох) і герб: «у чырвоным полі шчыта залаты лук са стралой і нацягнутай цецівой». Неўзабаве тут збудавалі ратушу.

Па складаньні Берасьцейскай уніі (1596 год) утварылася Тураўска-Пінская грэка-каталіцкая япархія. У 1636—1675 гадох у месьце збудавалі мураваныя езуіцкія касьцёл і калегіюм. У 1648 годзе на Запарожжы пачалося паўстаньне Хмяльніцкага, якое набыла характар рэлігійнай вайны. Хваляваньні дайшлі і да Пінску, але іхных удзельнікаў разам з казакамі разьбіў гетман польны Януш Радзівіл. У сярэдзіне XVII ст. места было важным цэнтрам гандлю, тут праходзіў шлях з Балтыі да паўднёвых местаў Каралеўства Польскага.

У вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) 5 кастрычніка 1655 году маскоўскі ваявода Валконскі заняў Пінск, разрабаваў яго і спаліў разам з навакольнымі слабодамі. Пазьней у 1660—1664 гадох места неаднаразова трымала аблогу казацкіх і маскоўскіх загонаў, якія 25 чэрвеня 1660 году зноў узялі яго штурмам.

У 1705 годзе князь Міхал Сэрвацы Вішнявецкі і ягоная жонка Кацярына заснавалі ў Пінску кляштар бэрнардынаў (праіснаваў да 1832 году). У Вялікую Паўночную вайну ў 1706 годзе кароль Швэцыі Карл XII заняў места, разрабаваў і спаліў яго. Разбурэньні спазнаў і бастыённы замак у прадмесьці Караліне, збудаваны сьпярша для маршалка вялікага і перададзены пазьней князям Вішнявецкім. У 1710 годзе ў Пінску, Парахонску, Плешчыцах, Марозавічах, Лапаціне, Калбах спыняўся Васіль Тацішчаў — аўтар пяцітомавай «Гісторыі Расейскай», навуковец, дыплямат, асьветнік, падарожнік, дзяржаўны дзяяч XVIII стагодзьдзя. Таго ж году на Піншчыне на загад маскоўскага гаспадара Пятра I ён зладзіў вытворчасьць 30 гарматаў і 7 суднаў.

У 1729—1746 гадох пры Пінскім езуіцкім калегіюме працавала друкарня. У 1750—1782 гадох на паўночна-ўсходняй ускраіне прадмесьця Караліна манахі-камуністы збудавалі мураваны касьцёл, вядомы цяпер пад тытулам Караля Барамэя. У 1784 годзе ў Пінску спыняўся кароль і вялікі князь Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, які прысутнічаў на цырымоніі закладкі Палаца Бутрымовічаў і наведаў таксама вёскі Лапаціна, Горнава і Альбрэхтова. У 1787 годзе пачалося будаваньне мураванага касьцёла пры кляштары дамініканаў. 1 ліпеня 1791 году распачала працу Пінская генэральная кангрэгацыя, мэтай якой зьяўлялася ўтварэньне аўтакефальнай праваслаўнай царквы Каралеўства Польскага і Вялікага Княства Літоўскага. Аднак другі і трэці падзелы Рэчы Паспалітай не дазволілі зьдзейсьніцца гэтым плянам.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Пінск апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе з 1795 году атрымаў статус павятовага места Менскага намесьніцтва. У 1804 годзе на землях зямяніна Рыдзеўскага знайшлі вялікі манэтны скарб.

У сярэдзіне XIX ст. Пінск стаў буйным цэнтрам гандлю, тут працавалі 2 гарбарні, завод апрацоўкі медзі, піваварня, тытунёвая фабрыка. млын. У 1857 годзе ў месьце адкрылася гімназія, пераўтвораная ў 1878 годзе ў рэальную вучэльню. У 1865 годзе муж і жонка Фляросы заснавалі ў Пінску лякарню. У 1882 годзе празь места прайшла паўднёвая лінія Палескіх чыгунак. У 1885 годзе распачалі працу суднарамонтны і мэханічны завод, у 1892 годзе — запалкавая фабрыка «Прагрэс — Вулькан».
 
У пачатку ХХ ст. у Пінску было 5 лякарняў, 3 аптэкі, 3 царквы, мужчынскі манастыр, 2 касьцёлы, 2 сынагогі, паштова-тэлеграфная кантора, турэмны замак, 22 фабрыкі і заводы з 1100 працоўнымі; станцыя Палескай чыгункі, суднаходзтва па Прыпяці. Апрача грузавой прыстані, існавала параходная пасажырская зь лініямі Пінск — Кіеў, Пінск — Любяшоў і Пінск — Целяханы. У месьце працавалі Азоўска-Данскі камэрцыйны банк, рэстарацыя, тэатар, рэальная вучэльня, жаночая гімназія, 6 прыходзкіх школаў, 2 пачатковыя вучэльні, 2 прыватныя гімназіі, 3 прыватныя пачатковыя навучальныя ўстановы, мужчынская духоўная вучэльня, кнігарні, фатаграфіі, крамы і розныя адміністрацыйныя ўстановы. У сакавіку 1904 году ў Пінску зьявілася тэлефонная сетка (на 1910 год яе паслугамі карысталіся 196 абанэнтаў). У лістападзе 1911 году ў месьце пачаліся першыя сэансы кінэматографу. У 1912—1914 гадох у Пінску жыў і працаваў народны паэт Беларусі Якуб Колас. 

У Першую сусьветную вайну 15 верасьня 1915 году места занялі нямецкія войскі. 20 лістапада 1917 году адбылося абвяшчэньне Ўкраінскай Народнай Рэспублікі з прэтэнзіяй у тым ліку на Пінск, які знаходзіўся пад кантролем Нямеччыны. 27 студзеня (9 лютага) 1918 году ў Берасьці падпісалі мір паміж Нямеччынай і Аўстрыяй з аднаго боку, і УНР з другога, паводле якога УНР вызнавалася зь Пінскам у сваім складзе. 3 сакавіка 1918 году ў Берасьці немцы падпісалі Берасьцейскі мір з бальшавікамі, паводле якога Савецкая Расея прызнавала УНР і ўсе ўмовы папярэдняга нямецка-ўкраінскага міру, то бок Савецкая Расея прызнавала Пінск у складзе УНР. Зь лютага-сакавіка 1918 году Нямеччына дазволіла УНР ствараць органы і арганізацыі ў Пінску пад сваім кантролем.

У 1939 годзе Пінск увайшоў у БССР, у кастрычніку таго ж году савецкія карныя органы расстралялі або вывезьлі ў Катынь больш за 500 палякаў і беларусаў. Васіль Корж і ягоныя паплечнікі з НКВД бралі ўдзел у забойстве людзей. 4 сьнежня 1939 году места стала цэнтрам Пінскай вобласьці (існавала да 1 жніўня 1954 году). У Другую сусьветную вайну з 4 ліпеня 1941 да 14 ліпеня 1944 году Пінск знаходзіўся пад нямецкай акупацыяй. 18 студзеня 1943 году салдаты Арміі Краёвай у час узброенага выступу вызвалілі зь мясцовай турмы некалькіх партызанаў.

Пінск стаіць у вусьці ракі Піны, якая ўпадае ў Прыпяць і аддзяляе места ад прылеглых балотаў. У старажытнасьці балоты былі адзінай прыроднай абаронай ад захопнікаў. Раней Піна і Струмень (які палешукі завуць верхняй плыньню Прыпяці), зьліваліся насупраць старога замка. Рэчышча ракі ў межах Пінску зрэзанае, шырыня складае 35—55 мэтраў.

Пінск атачае лесапаркавая зона «Лугі». На тэрыторыі места знаходзіцца некалькі паркаў (у тым ліку парк культуры і адпачынку і дзіцячы гарадок) і сквэраў. Краявід навакольных тэрыторыяў галоўным чынам антрапагенны — сельскагаспадарчыя землі, лецішчы, сустракаюцца асобныя лясныя масівы (хвоя, бяроза і іншыя).

Пінск разьмяшчаецца ў зоне ўмерана кантынэнтальнага клімату. Праз уплыў марскіх паветраных масаў тут мяккая зіма і ўмерана цёплае лета. Цыклёны, якія зьяўляюцца прычынай гэтага, перамяшчаюцца з Атлянтычнага акіяну з захаду на ўсход. Сярэдняя тэмпэратура студзеня складае −4,5 °C, ліпеня 18,5 °C. Гадавая колькасьць ападкаў — каля 630 мм. Колькасьць дзён з тэмпэратурай вышэйшай за нуль складае 253. У сярэднім назіраецца 165 дзён з ападкамі.

Паводле зьвестак перапісу 1999 году, сярод насельніцтва Пінску больш за 85% беларусаў, каля 9% расейцаў, каля 3,5% украінцаў, каля 1% палякаў, каля 0,15% жыдоў.

У Пінску функцыянуюць 35 дзіцячых дашкольных установаў. Дзейнічаюць 3 пазашкольныя ўстановы: Мескі экалягічны цэнтар навучэнцаў, Цэнтар тэхнічнай і мастацкай творчасьці навучэнцаў, Цэнтар дзіцячага і юнацкага турызму.

У месьце працуюць 14 сярэдніх школаў і 3 гімназіі, 2 музычныя школы, дзіцячая харэаграфічная школа, школа выяўленчага мастацтва.

У Пінску працуюць 7 сярэдніх спэцыяльных навучальных установаў:

Атрыманьне вышэйшай адукацыі забясьпечвае Палескі дзяржаўны ўнівэрсытэт.

Мэдычнае абслугоўваньне насельніцтва Пінску ажыцьцяўляе некалькі спэцыялізаваных установаў аховы здароўя. У месьце дзейнічае УАЗ «Пінская цэнтральная паліклініка» (1 філія), УАЗ «Пінская цэнтральная лякарня» (1 філія), УАЗ «Дзіцячая лякарня» (1 філія), УАЗ «Міжраённы радзільны дом» (2 філіі), УАЗ «Стаматалягічная паліклініка» (1 філія).

У месьце маюцца філіі наступных установаў: «Міжраённы скурна-вэнэралягічны дыспансэр», «Міжраённы псыханэўралягічны дыспансэр», «Міжраённы супрацьсхотны дыспансэр», «Міжраённы наркалягічны дыспансэр», «Станцыя пераліваньня крыві», «Спэцыялізаваны дом дзіцяці», «Станцыя хуткай мэдычнай дапамогі»

Дзяржаўны санітарны нагляд у забесьпячэньні санітарна-эпідэмічнага дабрабыту насельніцтва ажыцьцяўляе ДУ «Пінскі занальны цэнтар гігіены і эпідэміялёгіі».

На 2013 год Пінск быў на 1-м месцы ў Берасьцейскай вобласьці па ліку хворых на алькагалізм, вірус імунадэфіцыту чалавека і нарказалежнасьць. Палову хворых на ВІЧ складалі нарказалежныя асобы. 85 % дурманаў, якімі калоліся, прыгатавалі з насеньня маку. У выніку Савет дэпутатаў Пінску ўхваліў забарону на расьпіваньне сьпіртовых напояў у грамадзкіх месцах да яе ўвядзеньня ўрадам Беларусі. Таксама Пінск стаў першым горадам Беларусі, дзе ААН укараніла мэтадонавую праграму, па якой на 2013 год займалася каля 60 нарказалежных.

У Пінску дзейнічаюць мескі Дом культуры, Палац культуры «Трыкатажнік», Дом культуры ЗАТ «Пінскдрэў», дзяржаўны Музэй Беларускага Палесься, мескі парк культуры і адпачынку, Палескі драматычны тэатар, меская кінавідэасетка (кінатэатар «Перамога», відэатэка), кінавідэапракат, меская канцэртная заля. У месьце працуюць тэатар-студыя «Дыяген» і народны моладзевы тэатар «Візаві».

Дзейнічае цэнтралізаваная бібліятэчная сыстэма, у якую ўваходзяць: цэнтральная бібліятэка для дарослых, дзіцячая бібліятэка і 7 філіяў з агульным кніжным фондам у 600 тысячаў асобнікаў. У 1986 годзе адкрылася дзіцячая бібліятэка, у фондах якой больш за 100 тысячаў кніг.

У месьце налічваецца больш за 100 калектываў мастацкай самадзейнасьці: харавыя, харэаграфічныя, тэатральныя, інструмэнтальныя, вакальныя, эстрадна-цыркавыя. 34 калектывы маюць званьне «народны» і «ўзорны». Дзейнічае 5 навучальных установаў, дзе навучаецца больш за 1,5 тысячы навучэнцаў, вучэльня мастацтваў, дзіцячыя музычныя школы №1, №2, дзіцячая харэаграфічная школа, дзіцячая школа выяўленчага мастацтва.

Раз у два-тры гады ў канцы вясны — пачатку лета ў Пінску праходзіць Міжнародны фэст фальклёру «Палескі карагод». У апошні месяц зімы ў месьце традыцыйна праходзяць творчыя сустрэчы пад агульнай назвай «Лютаўскія музычныя вечары». Раз на два рокі ў красавіку праходзіць традыцыйнае сьвята гітарнай музыкі «Каралеўская фіеста». Таксама раз на два гады ў траўні праходзіць музычнае сьвята «Віват, баян!» Улетку ці напачатку восені ў навакольлях Пінску праходзіць міжнародны мотафэст «Пінск».

Пінск — адно з найлепшых спартовых местаў Беларусі, у 2009 годзе ён заняў 2 месца ў гэтай намінацыі.

У Пінску разьмяшчаецца Спэцыялізаваная дзіцяча-юнацкая школа алімпійскага рэзэрву ў вясьлярных відах спорту, выхаванцы якой — алімпійскія чэмпіёнкі 1996 году Тамара Давыдзенка, Яраслава Паўловіч. Тры чэмпіянаты Эўропы па мотаболе прымаў за апошнія паўтара дзесяцігодзьдзі спартовы комплекс БЕЛАСТТ.

На 1 студзеня 2003 году ў Пінску было 128 спартовых збудаваньняў, у тым ліку 3 стадыёны з трыбунамі, 50 спартовых заляў, 2 басэйны, 11 міні-басэйнаў, 38 прыстасаваных памяшканьняў. У спартовых школах места займаліся каля 30 тыс. юных спартоўцаў па 15 відах спорту. Апроч таго, у месьце працуе шахава-шашкавы клюб.

Унівэрсальны спартовы комплекс «Хваля», які ўмясьціўся на плошчы 32740 м², аб’ядноўвае ў сабе футбольны стадыён з трыбунамі, мэдычна-аднаўленчы цэнтар, лёдавую арэну, басэйны і ўнівэрсальную спартовую залю. Адначасна наведваць яго могуць больш за 5000 чалавек. Спартовае збудаваньне ўяўляе сабою 2-3-павярховы комплекс з аб’ёмаў розных формаў і памераў.

Увод у эксплюатацыю лёдавай арэны «Хваля» адбыўся 29 сьнежня 2007 году. Унікальнасьць яе ў тым, што тут упершыню ў Беларусі выкарыстоўваюцца гнута-клееныя драўляныя аркі пад дахам. Асноўныя парамэтры арэны адпавядаюць эўрапейскім стандартам: шырыня лёдавага пакрыцьця — 29 м, даўжыня — 60 м. Агульная плошча — 8450 м², колькасьць гледачоў — звыш 600 чалавек.

Басэйны прызначаюцца ня толькі для студэнцкіх заняткаў, але і для ўсіх жыхароў Пінску. Пры неабходнасьці спаборніцтва могуць глядзець каля 500 чалавек. Стадыён мае сучаснае інжынэрнае абсталяваньне, яго трыбуны разьлічаны на больш за 3000 гледачоў.

У Пінску ёсьць уласны футбольны клюб «Хваля» (заснаваны ў 1987 годзе, меў назву «Камунальнік» у 1989—1996 гадох і «Пінск-900» у 1997—2005 гадох). Хатнія гульні праводзіць на стадыёне «Хваля» (умяшчальнасьцю 3100 месцаў). Срэбны прызэр чэмпіянату Беларусі ў першай лізе, а таксама 4-разовы бронзавы прызэр чэмпіянату Беларусі. За 18 сэзонаў, праведзеных у чэмпіянатах і Кубках Беларусі, «Хваля» згуляла 497 матчаў: 238 перамогаў, 94 нічыі, 165 паразаў, розьніца мячоў 806:597 (на 1 студзеня 2009).

Найбольш тытуляваны клюб Беларусі, заснаваны ў 1979 годзе. 17-разовы чэмпіён Беларусі, 6-разовы срэбны прызэр, 16 разоў здабываў кубак Беларусі, срэбны прызэр чэмпіянату Ўсходне-Эўрапейскай лігі 2007 году, бронзавы прызэр 2006 году.

Архітэктурнае аблічча Пінску складвалася з XVI ст.: у гэты час існавалі Траецкі мост, 2 брамы, 14 цэркваў, 3 манастыры (Лешчанскі, Варварынскі і Богаяўленскі) і 2 кляштары (францішканаў і дамініканаў). У XVII—XVIII стагодзьдзяў сфармаваўся архітэктурны цэнтар места: тут збудавалі мураваныя езуіцкі касьцёл і калегіюм, дамініканскі і кармэліцкі кляштары, ратушу, палац Бутрымовічаў, кляштар бэрнардынаў, у прадмесьці Караліне — замак, касьцёл Караля Варамэя. Паводле інвэнтара 1660-х гадоў, павялічылася колькасьць брамаў (Віленская, Берасьцейская, Спаская, Парканавая, Гарадзкая і Ўладычная).

Аснову ўнутранага пляну Пінску склалі мескія вуліцы, крыніцамі назваў якіх служылі асабістыя імёны князёў і месьцічаў, геаграфічныя назвы, прыродныя ўмовы мясцовасьці, рамесныя заняткі часткі мяшчанаў, нацыянальная прыналежнасьць жыхароў. Яшчэ з XVI ст. упамінаюцца асобныя пінскія вуліцы: Вялікая Спаская, Замкавая, Вароўская і іншыя. Вуліцы выбрукоўваліся лесам, што было асабліва важна ўва ўмовах вялікай забалочанасьці мескай тэрыторыі. Брукоўка на цэнтральных вуліцах Пінску зьявіліся ў канцы XIX ст. Да нашага часу ў месьце захавалася частка ягонага даўняга радыяльна-паўкольцавага пляну.

У розныя часы ў Пінску таксама існавалі вуліцы Багушэўская, Гарадзішчанская, Дзіміскоўская, Калатынаўская, Ляўльдзінская, Міхайлаўская, Нашацкая, Плашчан, Старадаўняя, Страпковічаў, Сьцяпанаўская, Тынная і Юлдзінская. Паводле перапісу 1874 году, у месьце таксама існавалі завулак Катлярскі, вуліцы Вішнявецкая, Глініцкая і Северска-Папярочная.

З урбананімічнай спадчыны Пінску да нашага часу гістарычныя назвы захавалі вуліцы Агародная, Агароднінная, Акопавая, Альбрэхтаўская, Адама Міцкевіча, Ахоўская, Берасьцейская, Бульварная, Валавая, Вербная, Віленская, Вольская, Вузкая, Вясёлая, Гаёвая, Гарбарская, Гарохаўская, Гранічная, Завальная, Заводзкая, Згода, Зялёная, Кавальская, Кароткая, Кафляная, Кіеўская, Кляновая, Лугавая, Лунінецкая, Наваградзкая, Навасельская, Новая, Палеская, Папярочная, Паўлаўская, Простая, Рамесная, Садовая, Спакойная, Спартовая, Стараганчарная, Равецкая, Сухая, Топальная, Уладзімерская, Фабрычная, Чыгуначная, Ясельдоўская, Ясная.

Гістарычныя мясцовасьці Пінску: Гарадзішча, Пабярэжжа, Вярыга, Каралін, Лешча.

У Пінску разьмяшчаюцца прадпрыемствы машынабудаўнічай, лёгкай, дрэваапрацоўчай, харчовай, будаўнічых матэрыялаў, мікрабіялягічнай прамысловасьці. У 2012 годзе прадпрыемствы ЗАТ «Пінскдрэў» забясьпечылі траціну прамысловай вытворчасьці Пінску. Звыш 40 % гарадзкога бюджэту забясьпечылі падаткі ад больш як 600 малых і сярэдніх прадпрыемстваў і каля 5000 індывідуальных прадпрымальнікаў, зарэгістраваных у Пінску.

Пінск — значны чыгуначны, аўтамабільны, рачны транспартны вузел. Працуюць два аўтапаркі (пасажырскі і грузавы), некалькі аўтамабільных базаў. Эксплюатацыяй ракі Піны займаецца РУЭСП «Дняпроўска-Бускі водны шлях». У сфэры чыгуначнага транспарту працуе «Досьледны завод шляхавых машынаў».

Грамадзкі транспарт у Пінску — аўтобусы і маршрутныя таксі. Аўтобусная сетка Пінску адкрылася 10 жніўня 1946 году і налічвае цяпер 21 маршрут. Рухомы склад — галоўным чынам аўтобусы МАЗ-105, МАЗ-107, МАЗ-103 і Ikarus-280. Прыгараднае і міжгароднае аўтобуснае злучэньне ажыцьцяўляецца з аўтавакзалу. Аўтобусныя маршруты злучаюць Пінск зь Берасьцем, Горадняй, Менскам і іншымі вялікімі местамі Беларусі.

Чыгуначная станцыя «Пінск» адкрылася ў 1884 годзе. Чыгуначныя маршруты злучаюць Пінск з шматлікімі местамі Беларусі, Ўкраіны і Расеі. Цягнікі далёкага руху ходзяць празь Пінск да Менску, Смаленску, Масквы, Гомелю, Віцебску, Кіева, Сімфэропаля. Празь места праходзяць маршруты прымескіх цягнікоў: Берасьце — Лунінец, Дарагічын — Лунінец і іншыя.

Пінск — пэрспэктыўны цэнтар турызму Беларусі міжнароднага значэньня. У колішнім кляштары езуітаў працуе Музэй Беларускага Палесься.

Гатэлі: «Аэліта»; «Прыпяць»; «Спорт»; «Хваля»

Пінск зьяўляецца другім колькасьцю захаваных помнікаў архітэктуры ў Беларусі местам пасьля Горадні. Цягам стагодзьдзяў у Пінску ўзводзіліся помнікі грамадзянскай і сакральнай архітэктуры, у якіх ня толькі захоўваліся мясцовыя традыцыі і рысы Палескага дойлідзтва папярэдніх эпохаў, але і выкарыстоўваліся дасягненьні эўрапейскай архітэктуры.




#Article 12: Набілітацыя (234 words)


Набіліта́цыя, (ад  — знаць) — наданьне шляхецтва асобе простага стану.

У Заходняй Эўропе вядома з 13 ст., у ВКЛ — з часоў Вялікага князя Вітаўта (1392—1430). Вядомы акт набілітацыі ў 1436 годзе польскім Каралём Уладзіславам III ліцьвіна Івана Слушкі з наданьнем яму гербу «Волга» (у далейшым род Слушкаў карыстаўся гербам «Астоя»).

З пачатку 16 ст. набілітацыі ў ВКЛ сталі звычайнаю зьяваю. У Статут ВКЛ 1566 быў унесены спэцыяльны артыкул «О простых людех, кгдыж повышеня чести и станов за годностями заслугами могут меть». Пасьля Люблінскай уніі 1569 на Сойме 1578 прынятая канстытуцыя, каб кароль плябеяў ня ўзводзіў у шляхецтва, адно толькі па прадстаўленьні Рады ВКЛ ці ў войску за мужнасьць. Гэта паўплывала на фармулёўку артыкула ў Статуце ВКЛ 1588 «О непривлащенье вольностей шляхетских людем простого стану». Паводле яго набілітацыя праводзілася толькі «за явными значными и рицерскими послугами, мужством, оказаным против неприятелем нашим».

На Сойме 1601 зацьверджанае палажэньне, паводле якога набілітацыя праводзілася Каралём толькі па прадстаўленьні Сэнату і Пасольскай ізбы, а ў войску — гетманам. Каб не было таемных набілітацый, сапраўднымі лічыліся толькі тыя, што адзначаныя ў спэцыяльных соймавых канстытуцыях. На Каранацыйным Сойме 1633 забароненыя прыватныя адопцыі (прыём у гэральдычны род прадстаўнікоў іншых станаў). Паводле канстытуцыі 1643 набілітаваныя сем’і на працягу трох пакаленьняў ня мелі права займаць урадаў і спраўляць пасольстваў.

Значнае пашырэньне атрымала практыка набілітацыі ў час панаваньня Караля і Вялікага Князя Станіслава Аўґуста (1764—1795), калі было набілітавана ў 2 разы больш асобаў, чым яго папярэднікамі з 1601.




#Article 13: Зямяне (135 words)


Зямя́не, Зямля́не, ( ад ziemia — зямля) — катэгорыя ваенна-служылага насельніцтва ВКЛ, саслоўе пры фэадальным стане.

Зямяне павінны былі плаціць чынш і каняўшчыну, але ў выпадку вайны іх ня сплочвалі, а мусілі ставаць з канём і рыштункам у войска. Зямяне не выступалі пад павятоваю харугваю, а толькі ў атрадзе пана. У адрозьненьне ад шляхты ня ўдзельнічалі ў сойміках. Да пачатку XVIII стагодзьдзя зямяне як асобная катэгорыя амаль зусім зьніклі, увайшлі ў склад шляхты альбо сялян, трымаўшых зямлю на чыншавым праве.

Пасьля падзелаў Рэчы Паспалітай зямяне былі абкладзены падушным падаткам, але ў меншым памеры, чым сяляне. Аднак часта зямян былі пісаны ў рэвізіі як сяляне. Многія зямяне даказвалі сваё паходжаньне перад дваранскімі дэпутацкімі сходамі як шляхцічы, пасьля гэтага ўлічваліся сярод шляхты. У рэвізію 1834 году зямяне не вылучаліся як асобная група і надалей улічваліся як сяляне.




#Article 14: Ворша (2291 words)


Во́рша — места ў Беларусі, у вярхоўі Дняпра пры ўтоку ў яго ракі Аршыцы. Адміністрацыйны цэнтар Аршанскага раёну Віцебскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год — 115 052 чалавекі. Знаходзіцца за 93 км ад Віцебску. Вузел чыгунак (лініі на Менск, Магілёў, Крычаў, Смаленск, Віцебск, Лепель) і аўтамабільных дарог.

Ворша — магдэбурскае места, цэнтар гістарычнага рэгіёну (частка Віцебшчыны), старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага. Да нашага часу тут захаваўся збудаваны ў стылі магілёўскага барока комплекс Куцеінскага Богаяўленскага манастыра з царквой Сьвятой Тройцы, барокавыя езуіцкі калегіюм, манастыр базылянаў, кляштары бэрнардынаў, трынітарыяў і францішканаў, барокава-клясыцыстычны дамініканскі касьцёл Сьвятога Язэпа, помнікі архітэктуры XVII—XIX стагодзьдзяў. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаліся мураваны замак, касьцёлы Сьвятога Міхала Арханёла (езуіцкі) і Найсьвяцейшай Панны Марыі (бэрнардынскі), помнікі архітэктуры XV—XVIII стагодзьдзяў, зруйнаваныя расейскімі ўладамі. Значную частку мясцовых славутасьцяў зьнішчылі за савецкімі часам: комплекс Куцеінскага Прачысьценскага манастыра ў стылі магілёўскага барока, касьцёлы Сьвятога Антонія (францішканскі) і Найсьвяцейшай Тройцы (трынітарскі), цэрквы Раства Багародзіцы, базылянскую Покрыва Багародзіцы (віленскае барока) і могілкавую Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла, помнікі архітэктуры XVII—XVIII стагодзьдзяў.

На думку географа В. Жучкевіча, тапонім Ворша ўтварыўся ад назвы ракі Ршы (сьпярша так звалі цяперашнюю Аршыцу). Тым часам гідронім можна прымеркаваць да часта ўжываных назваў Ржа, Ржанка. Таксама існуе меркаваньне, што тапонім мае балцкае (ад найменьня ляшчыны) або фінска-вугорскае паходжаньне (у перакладзе «вада, якая бяжыць у рэчышчы» — рака).

Да нашага часу адбылася натуральная трансфармацыя назвы места: пачатковае Рша (Ръшa) праз форму Арша́ і далейшы перанос націску на першы склад аформілася ў мясцовых гаворках і беларускай мове (клясычны правапіс) з устаўным зычным «в» — Ворша. Цяперашняе афіцыйнае напісаньне назва места — Орша. Беларускі мовазнаўца Вінцук Вячорка паказвае на тое, што пачатковае «О-» ў форме Орша немагчыма вымавіць з прыназоўнікам «у» — «у Оршы», што відаць, гістарычна прычынілася да зьяўленьня прыстаўнога «В-». Увогуле, далучэньне «в-» да словаў з пачатковымі «о-» ёсьць правілам для ўласнабеларускай лексыкі (вобмаль, Восіп, Вольга, вох, вой), тым часам пачатковае «О-» — часты індыкатар небеларускасьці назвы (Ош, Омск і іншае).

Дзядзінец старажытнай Воршы (плошча 0,57 га) разьмяшчаецца ў пры ўтоку ракі Аршыцы ў Дняпро, дзе археолягі выявілі паселішчы бронзавага і жалезнага вякоў. Як адзін з памежных фарпостаў на ўсходных рубяжах Полацкай зямлі Ворша ўзьнікла, імаверна, каля 1021 году, калі князь кіеўскі Яраслаў Мудры саступіў князю полацкаму Брачыславу Ізяславічу Віцебск і Ўсьвяты.

Першы пісьмовы ўпамін пра Воршу (пад назвай Ръша) месьціцца ў «Аповесьці мінулых гадоў» і датуецца 1067 годам: 10 ліпеня сюды прыехаў Усяслаў Чарадзей на перамовы з кіеўскімі князямі, аднак яны парушылі існыя дамоўленасьці і ўзялі полацкага князя ў палон. Згодна зь зьвесткамі археалягічных раскопак, у тыя часы на месцы Воршы існавала невялікае паселішча, якое ўзьнікла на Шляху з варагаў у грэкі.

Паміж 1101 і 1116 гадамі князь менскі Глеб Усяславіч збудаваў тут фартэцыю. Адначасна мусіла вырасьці і места. З XII ст. — у складзе Смаленскага княства. У XIII ст. у сваім маёнтку каля Воршы жыў князь Андрэй Кабыла, далёкім нашчадкам якога (паводле меркаваньня М. Карамзіна і У. Караткевіча) быў маскоўскі гаспадар Міхаіл Фёдаравіч — заснавальнік дынастыі Раманавых.

З пачатку княжаньня ў Віцебску Альгерда (1320 год) Ворша далучылася да Вялікага Княства Літоўскага як цэнтар намесьніцтва ў Віцебскім княстве. З ініцыятывы вялікага князя ў 1-й палове XIV ст. вакол места ўзьвялі абарончыя ўмацаваньні, а ў 1398—1407 гадох ужо на загад Вітаўта тут збудавалі мураваны замак. Аршанская харугва брала ўдзел у Грунвальдзкай бітве (15.7.1410). З дакумэнтаў XV ст. вядома, што ў месьце дзейнічала мытня.

У вайну Маскоўскай дзяржавы зь Вялікім Княствам Літоўскім (1512—1522) непадалёк ад Воршы 8 верасьня 1514 году адбылася адна з найбольшых бітваў пачатку XVI ст. на тэрыторыі Эўропы, у выніку якой абаронцы Вялікага Княства Літоўскага перамаглі колькасна большае войска маскоўскіх захопнікаў. Пра гэтую перамогу ў 1520—1530-я гады невядомы мастак напісаў першую ўва Ўсходняй Эўропе батальную карціну (захоўваецца ў Нацыянальным музэі Польшчы). Яе копію можна пабачыць у Аршанскім дамініканскім касьцёле.

У 1555 годзе вядомы палітычны і рэлігійны дзяяч Мікалай Радзівіл «Чорны» заснаваў у Воршы першы на тэрыторыі сучаснай Беларусі пратэстанцкі закон кальвіністаў. Неўзабаве аршанцы стварылі праваслаўнае брацтва, зацьверджанае вялікім князем Жыгімонтам Вазам у 1592 годзе, а ў 1649 годзе ў месьце пры царкве Раства Багародзіцы пачала працаваць брацкая праваслаўная школа.

У 1558 годзе М. Струбіч надрукаваў мапу «Вялікага Княства Літоўскага, Лівоніі і Маскоўскага княства», на якой упершыню значылася Ворша. У наступным 1559 годзе места атрымала частковае самакіраваньне (абраны войт і 6 памочнікаў), а ў 1577 годзе аршанцы дамагліся права збудаваць гасьціны двор і васкабойню, а прыбыткі ад іх пускаць на «потребы местские». У XVI ст. праз Воршу прайшоў буйны гандлёвы шлях — Вялікі галоўны гасьцінец, места стала сталіцай Аршанскага павету Віцебскага ваяводзтва.

У 1573 годзе ў Воршы зьявіліся езуіты, якія пры дапамозе Льва Сапегі ў 1616 годзе адкрылі тут свой калегіюм. З 1740 году калегіюм меў статус вышэйшай навучальнай установы. Тут выкладалі філязофію, граматыку, паэтыку, рыторыку, лёгіку. Пры калегіюме працавала музычная бурса і школьны тэатар. Аршанскі калегіюм езуітаў дзейнічаў да 1820 году.

У вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) маскоўскае войска зруйнавала Воршу. У 1661 годзе Вальны сойм вынес адмысловую пастанову аб наданьні палёгак месту ў зьвязку з ваеннымі спусташэньнямі.

У XVI—XVIII стагодзьдзях у Воршы вялося маштабнае сакральнае будаваньне: касьцёл (1604 год) і калегіюм (1609 год), касьцёлы і кляштары бэрнардынаў (1636 год), дамініканаў (1649 год), францішканаў (1680 год), базылянаў (1758 і 1774 гады), трынітарыяў (1714 год), Куцеінскі Прачысьценскі манастыр (1631 год), царква Сьвятога Ільлі (1505 год), касьцёл Сьвятога Антонія (1680 год) і іншыя.

У XVII ст. Ворша стала адным з мастацкіх цэнтраў Беларусі; тут працавалі вядомыя разьбяры, цесьляры, ювэліры, бройнікі і мастакі. У 1630—1655 гадох пры Куцеінскім манастыры дзейнічала друкарня асьветніка Сьпірыдона Собаля, у якой выйшла больш за 20 кнігаў на кірыліцы. Наклад некаторых выданьняў дасягаў 500 экзэмпляраў. Найбольш вядомыя кнігі: «Букварь», «Молитвослов», «Псалтырь».

У XVII—XVIII стагодзьдзях Ворша мела аблічча манастырскага места. Амаль палову яе земляў займалі кляштары і манастыры, частка зь якіх знаходзілася па-за межамі места. 11 кляштараў і манастыроў зь велічнымі вежамі касьцёлаў і бліскучымі купаламі цэркваў надавалі Воршы асабліва ўзьнёслы выгляд. Двухпавярховыя камяніцы для жыльля манахаў панавалі над драўлянымі аднапавярховымі дамамі аршанцаў. Для невялікага места такое архітэктурнае спалучэньне было рэдкай адметнасьцю.

У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772 год) Ворша апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе стала цэнтрам Аршанскай правінцыі (з 1802 году — павету) Магілёўскай губэрні. У 1776 годзе расейскія ўлады пазбавілі места Магдэбурскага права. У гэты час тут было 309 будынкаў. У 1778 годзе зьявіўся праект пераплянаваньня Воршы, які прадугледжваў рэгуляваньне вулічнай сеткі, узбуйненьне кварталаў, стварэньне непадалёк ад цэнтру новага пляцу з гасьціным дваром і адміністрацыйнымі ўстановамі. 16 жніўня 1781 году месту даравалі новы расейскі герб «верхняя частка гербу на залатым полі герб Расеі, ніжняя частка — на блакітным полі пяць стрэл». У 1812 годзе ў Воршы выявілі ўнікальны помнік пісьменнасьці — «Аршанскае Дабравесьце», якое датуецца XII—XIII стагодзьдзямі.

У вайну 1812 году французы занялі Воршу і пры адступленьні спалілі яе. Мескім інтэндантам ў час францускага панаваньня быў Анры Бэйль, пазьней ужо вядомы як францускі пісьменьнік Стэндаль. За часамі вайны ў Воршы збудавалі 2 масты цераз Дняпро. Новы плян забудовы места зацьвердзілі толькі ў 1848 годзе.

У 1880 годзе ў Воршы працавала 5 навучальных установаў, а ў пачатку XX ст. — ужо 9 (657 навучэнцаў). З 1881 году пачаўся рэгулярны пасажырскі рух ракою да Магілёва. У гэты час у Воршы было 815 драўляных і 22 мураваныя будынкі, 163 крамаў. У пачатку 1890 году ў месьце працавала 15 прамысловых прадпрыемстваў (ільнотрапальнае, гарбарнае, крухмальнае, цагельнае, піваварнае і інш.), 9 навучальных установаў (657 вучняў у 1894 годзе), лякарня, 6 лекараў, 2 аптэкі, 3 бібліятэкі, 2 кнігарні, друкарня. Адкрыліся новыя ўстановы: тэлеграфная станцыя (1869 год) і меская публічная бібліятэка (1899 год), з 1906 году — рэальная вучэльня, з 1911 году — жаночая настаўніцкая сэмінарыя. З 1915 году выдавалася газэта «Оршанский вестник».

У канцы XIX — пачатку XX стагодзьдзяў у Воршы апрацоўвалі лён і скуру, выраблялі крухмал, цэглу, піва, працавалі мэханічныя і жалезаліцейныя майстэрні. У месьце вялася здабыча вапняку. Ворша славілася вапнай так, што аршанцы доўгі час мелі мянушку «вапеньнікі». На рацэ Дняпро працавала прыстань, якая мела вялікае значэньне ў жыцьці места. Праз прыстань праходзілі грузавыя і пасажырскія параходы (штогод каля 100 суднаў). Існавалі рэгулярныя кірункі руху да Магілёва.

За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым — кастрычніку 1918 году Воршу займалі нямецкія войскі. У 1917—1920 гадох у месьце дзейнічалі органы і арганізацыі розных палітычных сілаў.

У 1950—1970-я гады савецкія ўлады зьнішчылі царкву Покрыва Багародзіцы і манастыр базылянаў, царкву Раства Багародзіцы, францішканскі касьцёл Сьвятога Антонія, Куцеінскі манастыр Прачыстай Багародзіцы, іншыя помнікі сакральнай архітэктуры, амаль цалкам зруйнавалі гістарычную забудову XVII—XX стагодзьдзяў. На месцы старажытнага места паўстала пустэча.

Ворша знаходзіцца на паўднёвым усходзе Віцебскай вобласьці прыкладна за 180 км на ўсход ад Менску, за 120 км  на захад ад Смаленску, за 70 км на поўнач ад Магілёва і за 93 км на поўдзень ад абласнога цэнтру Віцебску. Геамарфалягічныя ўмовы тэрыторыі места характаразуюцца яго разьмяшчэньнем у межах Аршанскага ўзвышша Аршанска-Магілёўскай раўніны, і адначасна, даліны ракі Дняпра і яго прытокаў Аршыцы і Адрова. Гэтыя чыньнікі абумовілі ўзгорысты рэльеф зь вялікімі перападамі вышыняў, якія дасягаюць у заходняй частцы места 12—13 м, ува ўсходняй — 20 м. Сярэдняя вышыня над ўзроўнем мора складае каля 180 мэтраў.

Найбольш высокая частка Воршы — раён вуліцы Дамініканскай, дзе абсалютная адзнака вышыні складае 192,14 м. Больш роўная паверхня — гэта раён паміж чыгуначнымі станцыямі Ворша-Ўсходняя і Ворша-Заходняя. Агульны ўхіл тэрыторыі места ідзе ў бок рэчышчаў Дняпра, Аршыцы і Адрова, агульная даўжыня якіх у межах Воршы перавышае 6 км. Добра выражаны рэльеф практычна поўнасьцю забясьпечвае паверхневы сьцёк з тэрыторыі места. У даліне Дняпра знаходзіцца Аршанская мінэральная крыніца.

У ваколіцах Воршы растуць хваёвыя, яловыя, мяшаныя і дробналісьцевыя лясы.

У Воршы працуюць 22 агульнаадукацыйныя сярэднія школы, 2 спэцыяльныя школы, гімназія, агульнаадукацыйны ліцэй (у Барані), 2 вячэрнія школы, навучальна-прамысловы камбінат (НПК), 44 дзіцячыя дашкольныя ўстановы. Сярэднюю адукацыю ў месьце атрымліваюць каля 18 тысячаў вучняў. Працуюць 3 школы мастацтваў і 5 спартовых школаў.

У месьце працуюць пэдагагічны, мэханіка-эканамічны і мэдычны каледжы, каледж (былы тэхнікум) чыгуначнага транспарту, а таксама 3 ПТВ і 2 ліцэі. Найбольш значныя ўстановы:

Дзейнічае Аршанская філія Інстытуту бізнэсу і мэнэджмэнту тэхналёгіяў БДУ.

У Воршы дзейнічаюць 3 паліклінікі для дарослых, 2 паліклінікі для дзяцей, 2 мескія лякарні, 1 радзільны дом, 2 жаночыя кансультацыі, 2 стаматалягічныя паліклінікі.

У канцы XX ст. у Воршы раптоўна ўзрасла колькасьць анкалягічных захворваньняў. Афіцыйныя мэдычныя ўлады ніяк не камэнтуюць гэты факт і нават замоўчваюць яго. Між тым толькі ў 2004 годзе фіксавалася 500 новых хворых на рак (у 1987 годзе такіх было менш за 100). Адна з вэрсіяў — уплыў на здароўе жыхароў Воршы радыёвыпраменьваньня ад РЛС ракетнай вайсковай часткі, якая знаходзілася амаль на мяжы места ў беспасярэдняй блізкасьці ад мікрараёнаў 1 і 2.

У Воршы дзейнічае 10 бібліятэк: цэнтральная меская імя А. Пушкіна (заснаваная ў 1899 годзе), 3 дзіцячыя і 6 філіяў. У месьце ёсьць 2 паркі адпачынку, 6 палацаў і дамоў культуры, кінатэатар «Перамога».

Ворша — радзіма беларускага рок-гурта «Пані Хіда», некалькіх калектываў мастацкай самадзейнасьці і творчасьці.

Штогод у Воршы праходзяць літаратурныя чытаньні, прысьвечаныя знакамітаму аршанцу Ўладзімеру Караткевічу.

У Воршы існуе мескі стадыён, 4 стадыёны, шмат спартовых заляў, 5 басэйнаў. У 5 ДЮСШ займаецца спортам больш за паўтары тысячы юнакоў і дзяўчат.

Ворша мае свае спартовыя каманды:

Раней існаваў жаночы гандбольны клюб «Ворша». З Воршы паходзяць срэбны (1994) і бронзавы (1988) прызэр Алімпійскіх гульняў Ігар Жалязоўскі (канькабежны спорт), 3-разовая чэмпіёнка сьвету Людміла Бядрыцкая (барацьба самба), чэмпіён сьвету Ігар Сумнікаў (роварны спорт).

У Воршы працуюць «Аршанскае радыё» (5 разоў на тыдзень, апроч серады і нядзелі) і тэлеканал «Скіф» (штодзённая трансьляцыя ідзе з 1992 году), выдаюцца газэты:

З урбананімічнай спадчыны Воршы да нашага часу гістарычныя назвы захавалі вуліцы Васкрасенская, Дамініканская і Замкавая.

Гістарычныя мясцовасьці Воршы: Зааршыньне (Зааршынны пасад), Задняпроўе, прадмесьце Куцейна (Куцеінская слабада), Ільлінская слабада, Надняпроўе (Надняпроўскі пасад).

Ворша — буйны прамысловы цэнтар Беларусі. У месьце працуе 25 прадпрыемстваў машынабудаваньня, мэталаапрацоўкі, лёгкай прамысловасьці, будаўнічых матэрыялаў, прадпрыемствы мясной, малочнай і харчовай галінаў вытворчасьці.

Найбольшае прадпрыемства места — РУП ВГП «Аршанскі льнокамбінат» (заснаваны ў 1930 годзе). Ягоная доля ў мескай вытворчасьці складае прыкладна 50%. Камбінат зьяўляецца адзіным у Беларусі і найбуйнейшым у краінах СНД прадпрыемствам вытворчасьці ільняных тканінаў і вырабаў зь іх.

Найстарэйшым прадпрыемствам Воршы зьяўляецца РУПП «Станкабудаўнічы завод „Чырвоны барацьбіт“», заснаваны ў 1900 годзе.

Ворша — буйны транспартны і найперш чыгуначны вузел Беларусі.

Аршанскі чыгуначны вакзал знаходзіцца на ўскраіне места. З Воршы адыходзяць цягнікі ў 6 кірунках, асноўныя зь якіх: Масква — Бэрлін, Санкт-Пецярбург — Кіеў. Першая чыгунка Смаленск — Берасьце прайшла праз Воршу ў 1871 годзе. У 1902 годзе пачаўся рух на чыгунцы Новасакольнікі — Жлобін, у 1923 годзе адкрылася лінія Ворша — Крычаў, а ў 1927 годзе — Ворша — Лепель. Праз Аршанскі чыгуначны вузел праходзяць 85 пасажырскіх цягнікоў і адыходзяць 66 мясцовых.

У склад Аршанскай філіі Беларускай чыгункі ўваходзяць лякаматыўнае і вагоннае дэпо. Аршанская чыгунка мае рэйказварачны цягнік і рамонтны цягнік дзеля ліквідацыі вынікаў аварыяў на чыгунцы.

Ворша знаходзіцца на перакрыжаваньні аўтамабільных шляхоў на Менск, Магілёў, Крычаў, Смаленск, Віцебск, Лепель. Аўтавакзал месьціцца ў цэнтры места. Таксама працуюць 2 аўтакасы. З Воршы адыходзяць прымескія і міжмескія аўтобусныя маршруты ў кірунках на Горкі, Магілёў, Дуброўна, Віцебск, Менск.

Грамадзкі транспарт улучае 16 мескіх аўтобусных маршрутаў. Значную частку пасажыраў абслугоўваюць мікрааўтобусы ў якасьці маршрутных таксі. Доля маршрутных таксі ў пасажырскіх перавозках Воршы складае 40%.

Ворша — цэнтар турызму нацыянальнага значэньня, уваходзіць у турыстычны маршрут «Абаронцы і вызваліцелі Віцебскага краю».

Спыніцца можна ў гасьцініцы «Ворша», санаторыі-прафілякторыі Аршанскага льнокамбінату, турыстычна-аздараўленчым прыватным УП «Ворша».

У месьце дзейнічаюць Аршанскі мэмарыяльны музэй К. Заслонава, Аршанскі музэй гісторыі і культуры места, Аршанскі музэй У. Караткевіча, Аршанскі этнаграфічны музэй «Млын», Аршанскі музэй драўлянай скульптуры разьбяра С. Шаўрова, меская выстаўная заля.

На тэрыторыі Воршы знаходзіцца геалягічны помнік прыроды дзяржаўнага значэньня — агаленьне горных пародаў «Ворша».

Апроч таго, статус гістарычна-культурных каштоўнасьцяў маюць мост цераз замкавы роў (1902 год), культурны пласт уздоўж вуліцы Менскай, культурны пласт пасаду Зааршыньня (у бок заводу «Чырвоны барацьбіт»), падмурак царквы Покрыва Багародзіцы пры базылянскім манастыры.

Пры рэканструкцыі Воршы напярэдадні фэсту «Дажынкі» (2004—2008 гады) мескія ўлады, нягледзячы на пратэсты грамадзкасьці, зьнішчылі некалькі будынкаў — помнікаў гісторыі і архітэктуры. Сярод іх дом №19 на вуліцы Менскай (уваходзіў у Дзяржаўны сьпіс гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, помнік грамадзянскай архітэктуры апошняй чвэрці XVIII ст.), драўляны будынак XIX ст. (колішні Дом рамёстваў), афіцына езуіцкага кляштару — помнік архітэктуры XVII—XVIII стагодзьдзяў, прывакзальны гатэль канца ХІХ ст., чыгуначная школа 1905 году пабудовы, частка жылога корпусу Куцеінскага манастыра (XVII—XVIII стагодзьдзі).

Нарадзіліся ў Воршы:




#Article 15: Ашмяны (1228 words)


Ашмя́ны — места ў Беларусі, на рацэ Ашмянцы. Адміністрацыйны цэнтар Ашмянскага раёну Гарадзенскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год — 16 835 чалавек. Знаходзяцца за 220 км на паўночны ўсход ад Горадні, за 17 км ад чыгуначнай станцыі Ашмяны (лінія Маладэчна — Вільня); на аўтамабільнай дарозе Маладэчна — Вільня. У пагранічнай зоне Беларусі і Летувы.

Ашмяны — даўняе магдэбурскае места, цэнтар гістарычнага рэгіёну (частка Віленшчыны), старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага. Да нашага часу тут захаваліся касьцёлы францішканскі Найсьвяцейшай Панны Марыі ў стылі позьняй готыкі і Фарны Сьвятога Міхала Арханёла ў стылі рэнэсансу і нэабарока (віленскага барока), помнікі архітэктуры XV—XIX стагодзьдзяў.

Існуе некалькі меркаваньняў пра паходжаньне тапоніму Ашмяны. Паводле адных дасьледнікаў, назва места ўтварылася ад летувіскага слова Ašmenys, што значыць «вастрыё» або ад летувіскага «akmenas» — камень, згодна з другімі — яна мае фінска-вугорскае паходжаньне і перакладаецца на беларускаю мову як «мядзьведзь». Існуе і іншае тлумачэньне: у крыжацкіх летапісах захавалася слова «asschemynne» — места з драўлянымі пабудовамі.

У хроніках тэўтонскіх рыцараў упамінаюцца як Aschemynne, на мапе Вялікага Княства Літоўскага працы Тамаша Макоўскага (1613 год) значацца як Oßmiana. У сучасных беларускамоўных публікацыях часам сустракаюцца варыянты назвы Ашмяна́, Ашме́на (, ; ). Традыцыйнае напісаньне назвы места лацінскімі літарамі і афіцыйная трансьлітарацыя — Ašmiany.

Першы пісьмовы ўпамін пра Ашмяны як замак у Віленскім княстве зьмяшчаецца ў «Хроніцы Літоўскай і Жамойцкай» і датуецца 1341 годам (ёсьць меркаваньні, што паселішча існавала яшчэ ў XI ст.). У гэты час яны знаходзіліся ў валоданьні вялікага князя Гедыміна і паводле спадчыны перайшлі да ягоных сыноў.

У 1384—1385 гадох Ашмяны спрабаваў захапіць Тэўтонскі Ордэн, што мусіла быць пачаткам зьнішчэньня княства Ягайлы, аднак выправа скончылася няўдачай. У канцы XIV стагодзьдзя паселішча, імаверна, атрымала статус места ад вялікага князя Вітаўта. У 1398 годзе біскуп віленскі Андрэй упамянуў у тэстамэнце тутэйшы касьцёл (які менавіта, у дакумэнце ня значыцца; гэты ўпамін часам зьвязваюць з парафіяльным касьцёлам Сьвятога Духа, а часам — з францішканскім Найсьвяцейшай Панны Марыі).

У 1402 годзе крыжакі зноў напалі на Ашмяны, але сустрэлі рашучы супраціў і мусілі зыйсьці ў бок Меднікаў. У 1413 годзе места ўвайшло ў склад Віленскага ваяводзтва і да сярэдзіны XV стагодзьдзя зьяўлялася рэзыдэнцыяй вялікіх князёў. 8 сьнежня 1432 году пад Ашмянамі адбылася бітва паміж войскамі Жыгімонта і Сьвідрыгайлы, у якой апошні пацярпеў сакрушальную паразу. Пад 1497 годам упершыню ўпамінаецца тутэйшы францішканскі канвэнт, які відаць, існаваў і раней, хоць у даведніках часам памылкова датуюць зьяўленьне ў Ашмянах манахаў-францішканаў 1505 годам.

У 1519 годзе маскоўскія захопнікі спалілі і ўшчэнт разбурылі Ашмяны. За часамі Рэфармацыі Мікалай Радзівіл «Руды» (1512—1588) заснаваў тут кальвінскі збор, места стала адным з найвядомейшых цэнтраў кальвінізму ў Вялікім Княстве Літоўскім. Паводле інвэнтару за 1551 год, у Ашмянах жыло 46 радзінаў мяшчанаў. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў места стала цэнтрам павету Віленскага ваяводзтва, з 1569 году — цэнтрам староства. У склад староства ўваходзіла самі Ашмяны (з ратушай, Рынкам і вуліцамі Гальшанскай, Папярэчнай, Сьвятадухаўскай, Віленскай, Жупранскай), а таксама вёскі Аляны, Гінеўцы, Павяжы і Сьвяты Дух.

У XVII стагодзьдзі Ашмяны неаднойчы (у 1655, 1661 і 1677 гадох) вызваляліся ад падаткаў з прычыны разбурэньняў, учыненых маскоўскімі захопнікамі. У 1667 годзе земскі пісар А. Пачобут-Адляніцкі фундаваў кляштар дамініканаў (зь ліквідаванага расейскімі ўладамі касьцёла Найсьвяцейшай Тройцы ў 1873 годзе збудавалі капліцу на мескіх могілках). У 1683 годзе кароль і вялікі князь Ян Сабескі надаў месту прывілей на Магдэбурскае права, які ў наш час лічыцца першым дакладна вядомым прывілеем Ашмянам падобнага кшталту.

На 1740 год, паводле інвэнтару Ашмянскага староства, месту належалі 50 валокаў зямлі, існаваў Рынак (10 мяшчанскіх будынкаў, шляхецкая карчма і двор, касьцёл і кляштар дамініканаў, парафіяльны касьцёл з плябаніяй і шпіталем), вуліцы Гальшанская (13 будынкаў), Папярэчная (4 будынкі ішляхецкі двор), Віленская (10 будынкаў), Сьвятога Духа (4 будынкі), Жупранская (25 будынкаў), млын на рацэ Ашмянка. На 1772 год у Ашмянах былі старосьцінскі двор («замак»), млын, драўляная ратуша з крамамі на Рынку, 89 мяшчанскіх двароў, шляхецкі двор. На 1791 год у месьце налічвалася 142 будынкі. 22 траўня 1792 году кароль і вялікі князь Станіслаў Аўгуст Панятоўскі надаў Ашмянам прывілей на вольнасьць мяшчанаў ад гродзкага, земскага і дворнага прысуду з правам мець свой магістрат і суд пад кіраўніцтвам бурмістраў і лаўнікаў, а таксама герб: «срэбнае поле шчыта падзелена на тры часткі: у правай — рука з залатымі шалямі, у левай — тарк, паміж імі ў дольнай частцы чырвонае цялё». За часамі паўстаньня Т. Касьцюшкі 1794 году ў месьце знаходзіўся штаб паўстанцкага войска Я. Ясінскага, друкавалася адозва да расейскіх войскаў. 1 траўня і 8 ліпеня тут адбыліся баі паўстанцаў з расейскімі карнікамі.

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Ашмяны апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе сталі цэнтрам павету Віленскай губэрні. Новыя ўлады ліквідавалі Магдэбурскае права і перадалі места расейскаму генэрал-маёру Канчалаву (былі ў прыватнай уласнасьці да 2 лютага 1837 году).

За часамі вызвольнага паўстаньня (1830—1831) жыхары Ашмянаў вызвалілі места з-пад расейскай улады, аднак у красавіку 1831 году царскія карнікі спалілі паселішча і забілі значную частку ягоных жыхароў. У 1845 годзе Ашмяны атрымалі новы расейскі герб: «мядзьведзь на зяленым полі, зьверху Пагоня». На 1848 год у месьце было 346 будынкаў, працавалі 3 гарбарні, 35 крамаў, 2 лякарні на 52 месцы, павятовая вучэльня (30 вучняў, 2 настаўнікі). У часе нацыянальна-вызвольнага паўстаньня (1863—1864) у ваколіцах Ашмянаў дзейнічалі паўстанцкія аддзелы З. Мінейкі, Г. Чаховіча, К. Ясевіча. Паводле вынікаў перапісу 1897 году, у Ашмянах было 10 прамысловых прадпрыемстваў (4 гарбарні, бровар, фабрыка мінэральных вод, медаварня, саладоўня, тытунёвая фабрыка, вадзяны млын). 

За часамі Першай сусьветнай вайны ў 1915 годзе места занялі войскі Нямецкай імпэрыі.

З кастрычніка 1920 году Ашмяны ўваходзілі ў склад Сярэдняй Літвы, з 1922 году — у склад міжваеннай Польскай Рэспубліцы. На 1927 год тут існавалі касьцёл, сынагога, гімназія, народны тэатар, інфэкцыйная лякарня, дом састарэлых, меская электрастанцыя, прыватныя заводы і фабрыкі (сьпіртусовых напояў, дражджавы, гарбарны, лесапільны), прыватны аптэчны склад, аптэка, лазьня, фатаграфія, крама, каапэратывы «Прагрэс», «Земляроб», таварыства польскага настаўніцтва, аб’яднаньне сельскагаспадарчага і прамысловага гандлю.

У 1939 годзе Ашмяны ўвайшлі ў БССР, дзе ў 1940 годзе сталі цэнтрам раёну Вялейскай , з 1944 году — Маладэчанскай, з 1960 году — Гарадзенскай вобласьці. У Другую сусьветную вайну з 25 чэрвеня 1941 да 7 ліпеня 1944 году места знаходзілася пад нямецкай акупацыяй, з 1 красавіка 1942 году — у генэральнай акрузе Летува (Generalbezirk Litauen).

У 2006 годзе афіцыйна зацьвердзілі герб Ашмянаў, распрацаваны на аснове яго гістарычнага варыянту 1792 году.

У склад адукацыйнай сыстэмы Ашмянаў уваходзяць установы адукацыі «Ашмянскі дзяржаўны аграрна-эканамічны каледж», «Ашмянскі дзяржаўны прафесійны аграрна-тэхнічны каледж», «Дзяржаўная гімназія № 1 г. Ашмяны», «Ашмянская дзяржаўная агульнаадукацыйная школа-інтэрнат», «Навучальна-пэдагагічны комплекс ясьлі-сад-сярэдняя агульнаадукацыйная школа», 3 сярэднія школы, дзяржаўная ўстанова «Навучальна-пэдагагічны комплекс ясьлі-сад-базавая агульнаадукацыйная школа», 2 дзяржаўныя ўстановы адукацыі «Дашкольны цэнтар разьвіцьця дзіцяці», цэнтар пазашкольнай работы, цэнтар дзіцяча-юнацкага турызму і краязнаўства, навучальна-спартовая ўстанова «Ашмянская дзіцяча-юнацкая спартовая школа», цэнтар карэкцыйна-разьвіцьцёвага навучаньня і рэабілітацыі, установа адукацыі «Ашмянскі дзяржаўны сацыяльна-пэдагагічны цэнтар».

У 2009 годзе ўсе ўстановы адукацыі атрымалі статус юрыдычных асобаў. У верасьні 2011 году адзін з 4 першых клясаў сярэдняй школы № 2 (вул. Школьная, д. 1), заснаванай 20 студзеня 1952 году, стаў беларускамоўным.

Дзейнічаюць дом культуры і кінатэатар.

На заходняй мяжы Ашмянаў знаходзіцца траса для мотакросу, на якой з савецкіх часоў праводзяцца міжнародныя спаборніцтвы.

З урбананімічнай спадчыны Ашмянаў да нашага часу гістарычныя назвы захавалі вуліцы Барунская, Гальшанская, Зарэчная і Францішканская, Францішканскі завулак.

Прадпрыемствы харчовай, радыётэхнічнай прамысловасьці, вытворчасьць будаўнічых матэрыялаў.

Апроч таго, у Ашмянах працуюць чатыры аддзелы банкаў, 4 страхавыя кампаніі, друкарня.

У 2013 годзе аўстрыйскі інвэстар заявіў пра пляны збудаваць у Ашмянах завод вытворчасьці дражджавога экстракту.

Праз Ашмяны праходзіць 9-ы транспартны эўрапейскі калідор. Знаходзяцца за 130 км на паўночны захад ад Менску, за 55 км на поўдзень ад Вільні. Чыгуначнае злучэньне праз станцыю Ашмяны (за 17 км ад места).

У месьце дзейнічае Ашмянскі краязнаўчы музэй імя Ф. Багушэвіча. Спыніцца можна ў гасьцініцы «Ашмяны».




#Article 16: Полацак (1704 words)


По́лацак — места ў Беларусі, на рацэ Дзьвіне пры ўтоку ў яе ракі Палаты. Адміністрацыйны цэнтар Полацкага раёну Віцебскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год — 84 597 чалавек. Знаходзіцца непадалёк ад Наваполацку, разам зь якім складае г. зв. Полацкі рэгіён, за 100 км на паўночны захад ад Віцебску. Чыгуначны вузел, празь які праходзяць лініі на Маладэчна, Віцебск, Невель, Дзьвінск; вузел аўтамабільных шляхоў. Паводле адной з вэрсіяў, тут знаходзіцца геаграфічны цэнтар Эўропы.

Полацак — найстарэйшы горад крывічоў і сталіца першай дзяржавы на беларускай этнічнай тэрыторыі. Даўняе магдэбурскае места і цэнтар гістарычнага рэгіёну, старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага. У наш час — турыстычны цэнтар міжнароднага значэньня, які прэтэндуе на неафіцыйны статус культурнай сталіцы краіны. Тут захаваліся царква саборная Сьвятой Соф'і ў стылі віленскага барока, комплекс Спаскага манастыра з царквой Сьвятога Спаса, калегіюм езуітаў, комплекс Богаяўленскага манастыра з царквой Божага Яўленьня, комплекс кляштару бэрнардынаў з касьцёлам Сьвятой Ганны і жылы корпус кляштару францішканаў, помнікі архітэктуры XI—XIX стагодзьдзяў. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаліся меская ратуша, манастыр базылянаў і францішканскі касьцёл Сьвятога Антонія Падуанскага, помнікі архітэктуры XVII—XVIII стагодзьдзяў, зруйнаваныя расейскімі ўладамі, а таксама царква Сьвятой Параскевы Пятніцы, царква Сьвятых Барыса і Глеба, рэзыдэнцыя полацкіх мітрапалітаў з царквой Узьвіжаньня Сьвятога Крыжа, комплекс кляштару дамініканаў з касьцёлам Маці Божай Ружанцовай, езуіцкі касьцёл Сьвятога Стэфана (віленскае барока) і могілкавы касьцёл Магілы Гасподняй і Францішка Ксавэрыя, помнікі архітэктуры XII—XIX стагодзьдзяў, зруйнаваныя савецкімі ўладамі.

Тапонім Полацак утварыўся ад назвы ракі Палаты. Тым часам гідронім, відаць, мае балцкае паходжаньне ад асноваў «pal» або «palte» — балота, лужына, з далейшай славянскай асыміляцыяй. Варыянты напісаньня назвы места ў гістарычных крыніцах: Полоцк, Полоцъкъ, Полотскъ,
Полотескъ, Полтескъ, Плтескъ, Полческъ. У нямецкіх хроніках паселішча ўпамінаецца як Плоцэке, у скандынаўскіх сагах — Pallteskiuborg, Palteskia.

У сучаснай беларускай мове (клясычны правапіс) старажытны тапонім аформіўся з устаўным «а» ў канцавым спалучэньні -цк — Полацак, што адпавядае традыцыйнаму вымаўленьню мясцовых жыхароў. Пісьмовае выкарыстаньне гэтай формы пачалося ў канцы XIX ст. у новым беларускім правапісе, які грунтаваўся на фанэтычным прынцыпе. Пазьней у 1920-я гады форма Полацак як нарматыўная пачала шырока ўжывацца ў БССР да палітычнай рэформы беларускага правапісу 1933 году, а таксама ў Заходняй Беларусі да падзеяў 1939 году. Складальніца афіцыйнага даведніка «Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь» мовазнаўца Валянціна Лемцюгова прызнае, што форма Полацак ужываецца ў вуснай мове беларусаў на працягу многіх стагодзьдзяў. Разам з тым яна сьцьвярджае, што гэтая форма не вытлумачваецца фанэтычнымі законамі беларускай мовы. Тым часам мовазнаўца Юрась Бушлякоў паказваў на тое, што ўстаўны гук [а] у назвах местаў адпавядае ўстаўным гукам [э] і [о] у шэрагу беларускіх словаў: Зьміцер, вецер, вузел, журавель, карабель, бабёр, віхор і іншых. Цяперашняе афіцыйнае напісаньне назвы места — Полацк (). У нарматыўным даведніку «Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь» форма Полацак фіксуецца як варыянтная. Гэта значыць, што пры жаданьні мясцовых жыхароў і ўладаў яна можа стаць нарматыўнай. 

Упершыню Полацак ўпамінаецца ў «Аповесьці мінулых часоў» пад 862 годам у зьвязку зь дзяльбою гарадоў наўгародзкім князем Рурыкам і зьяўляецца, такім чынам, найстарэшым горадам на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Гэта быў буйны палітычны цэнтар племені крывічоў, сталіца княства.

Полацкае княства бесьперапынна ўдзельнічала ў міжусобнай барацьбе паміж рускімі князямі, ад якой вельмі цярпелі горад і яго жыхары. Так, у часе чарговай міжусобнай вайны, якая ў летапісах датуецца 980 годам, Полацак захапіла і спаліла войска князя Ўладзімера. Гэта пацьвярджаецца зьвесткамі археалягічных дасьледаваньняў, якія зафіксавалі сьляды пажару, датаванага канцом X стагодзьдзя.

Найвышэйшага ўздыму старажытны Полацак дасягнуў за часамі Ўсяслава Брачыславіча (княжыў у 1044—1101 гадох), вядомага як «Чарадзей». У гэты пэрыяд у горадзе збудавалі Сафійскі сабор. Па сьмерці Ўсяслава Полацкае княства ўвайшло ў пэрыяд фэўдальнай раздробленасьці.

Станаўленьне ў Полацкім княстве першага прадстаўніка літоўскай дынастыі Таўцівіла адбылося ў 1250-я гады, імаверна, у выніку пагадненьня паміж палачанамі і князем. Трапіўшы ў сфэру ўплыву Вялікага Княства Літоўскага, Полацак актыўна ўдзельнічаў у рэалізацыі ягонай замежнай палітыкі ў дачыненьні да суседніх зямель: Інфлянтаў, Ноўгарада, Пскова, Смаленску. Пры гэтым Полацак ня страціў свайго значэньня: ён стаў адным з найбольшых мескіх цэнтраў Вялікага Княства Літоўскага і нават канкураваў з сталіцай — Вільняй. Асноўныя правы і прывілеі жыхароў места замацаваў абласны прывілей, выдадзены вялікім князем Вітаўтам.

Зь першай паловы XVI ст. Полацак стаў арэнай баявых дзеяньняў паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Маскоўскай дзяржавай. Практычна ў кожную такую вайну маскоўскія захопнікі праводзілі аблогу места, 3 або 4 разы яны палілі ягоныя гандлёва-рамесныя пасады.

Полацак значна пацярпеў у Інфлянцкую вайну, асноўныя баявыя дзеяньні якой прыйшліся на тэрыторыю ваяводзтва. У 1563 годзе, па аблозе, якая працягвалася некалькі тыдняў, Полацак захапіла маскоўскае войска на чале з Іванам IV Тыранам. Толькі праз 15 гадоў кароль і вялікі князь Стэфан Баторы вызваліў места.

У вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1632—1634) 16 чэрвеня 1633 году маскоўскія войскі захапілі і спалілі Полацак. У 1654 годзе, з разьвязваньнем чарговай вайны супраць Рэчы Паспалітай, Полацак зноў апынуўся пад маскоўскай акупацыяй. На гэты раз, у выніку шматтыднёвай аблогі, 16 чэрвеня 1654 году места мусіла здацца ўсходнім захопнікам. У 1667 годзе, згодна з Андрусаўскім пагадненьнем, Полацак вярнуўся да Вялікага Княства Літоўскага. Праз вайну ён апынуўся ў ліку найбольш пацярпелых літоўскіх местаў (колькасьць насельніцтва скарацілася на 93%).

За часамі Вялікай Паўночнай вайны (1700—1721) у Полацку знаходзілася расейскае войска на чале зь Пятром I, які ўчыніў разьню уніяцкіх сьвятароў у мурах саборнай царквы Сьвятой Соф’і і ператварыў яе ў парахавы склад. Неўзабаве выбух зьнішчыў найбольш старажытную хрысьціянскую царкву Беларусі. У 1706 годзе ўжо швэдзкае войска заняло места, спаліла і разрабавала яго.

Усе гэтыя войны і разбурэньні прывялі да паступовага заняпаду Полацку і страты ім ранейшага значэньня.

У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 годзе асноўная, правабярэжная частка Полацку апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, у Пскоўскай губэрні, а ў выніку другога падзелу (1793 год) — задзьвінская частка.

Полацак стаў арэнаю жорсткіх баёў у вайну 1812 году. Тэрыторыя колішняга ваяводзтва апынулася на шляху адступленьня расейскай арміі на чале з Барклаем дэ Толі. У памяць пра тыя падзеі адзін з мастоў праз Палату мае назву Чырвоны.

Яшчэ 10 чэрвеня 1812 году адбылося ўрачыстае адкрыцьцё Полацкай акадэміі, якая ўтварылася на базе езуіцкага калегіюму. Аднак у зьвязку з паходам Напалеона заняткі ў ёй пачаліся толькі 8 студзеня 1813 году. Гэта была першая вышэйшая навучальная ўстанова на тэрыторыі сучаснай Беларусі з усімі правамі ўнівэрсытэту. Акадэмія мела тры факультэты: тэалягічны, моваў і літаратураў, філязофіі і вольных навук. Тут пад кіраўніцтвам сарака прафэсараў займалася каля шасьцісот студэнтаў. З аўдыторыяў акадэміі пачалі свой шлях гісторык, археоляг і этнограф Канстантын Тышкевіч, астраном і філёзаф Якуб Накцыяновіч, пісьменьнік Юзэф Масальскі. У полацкай альма-матэр навучаўся мастак Валенці Ваньковіч. Яе дыплём атрымаў аўтар славутага «Шляхціча Завальні», адзін з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры Ян Баршчэўскі.

Дэмакратычныя навучальныя ўстановы сталі на захопленых Расеяй землях магутнай духоўнай апазыцыяй калянізатарам. Полацкую прафэсуру зьвінавацілі ў выхоўваньні антыўрадавых настрояў, і ў 1820 годзе з царскай канцылярыі выйшаў указ: «Полоцкую академию и подведомственные ей училища упразднить».

У 1835 годзе на базе езуіцкай акадэміі і піярскай вучэльні адкрыўся Полацкі кадэцкі корпус (праіснаваў да 1918 году). У 1839 годзе ўлады Расейскай імпэрыі і Маскоўскі патрыярхат правялі ў месьце сабор, які ліквідаваў Грэцка-Каталіцкую Царкву. У 1860-я гады ў Полацку працавалі тытунёвая фабрыка, гарэлкавы завод. На 1885 год — 28 прадпрыемстваў (130 работнікаў). Значнае месца ў разьвіцьці Полацку займаў гандаль, пашырэньню якога спрыяла адкрыцьцё ў 1866 руху на лініі Дынабург — Полацак Рыга-Арлоўскай чыгункі. На 1860 год у месьце працавалі 122 крамы, на 1865 — 456. У 1872 годзе адкрылася настаўніцкая сэмінарыя.

У пачатку XX стагодзьдзя праз Полацак праклалі другую чыгуначную лінію, у месьце працавалі жаночая дзяржаўная гімназія, 6 вучэльняў рознага профілю, 5 царкоўна-прыходзкіх школаў, Талмуд-Тора. У 1903—1904 гадох тут было 288 рамесных майстэрняў (1198 работнікаў, у 1909 годзе — 2060 работнікаў).

За часамі Першай сусьветнай вайны ў 1915 годзе, у выніку няўдачаў расейскай арміі, Полацак фактычна стаў прыфрантавым местам. 21 лістапада 1918 году яго занялі нямецкія войскі.

У Другую сусьветную вайну з 16 ліпеня 1941 да 4 ліпеня 1944 году Полацак знаходзіўся пад акупацыяй Трэцяга Райху. Па аднаўленьні савецкай улады 20 верасьня 1944 году ўтварылася Полацкая вобласьць, але ўжо праз 10 гадоў 8 студзеня 1954 году, яе ліквідавалі. У наступныя дзесяцігодзьдзі Полацак імкліва разьвіваўся. У 1957 годзе тут збудавалі шклозавод, а ў 1958 годзе побач зь местам зьявіўся прамысловы гігант Наваполацак. 

У Полацку месьціцца Гістарычна-філялягічны факультэт і факультэт інфармацыйных тэхналёгіяў Полацкага дзяржаўнага ўнівэрсытэту (астатнія — у Наваполацку). Установы сярэдняй спэцыяльнай адукацыі: Полацкі дзяржаўны аграрна-эканамічны каледж, Полацкі гандлёва-тэхналягічны каледж Белкаапсаюзу, Полацкі дзяржаўны лясны каледж, Полацкі педагагічны каледж УА «ВДУ імя П. М. Машэрава», Полацкі дзяржаўны прафэсійна-тэхнічны каледж, Полацкі дзяржаўны прафэсійны ліцэй будаўнікоў, Полацкі дзяржаўны прафэсійны ліцэй хімікаў.

Апроч таго, працуюць Нацыянальная гімназія, 15 сярэдніх, музычная, мастацкая і 2 спартовыя (у тым ліку алімпійскага рэзэрву) школы, 31 дашкольная ўстанова.

Дзейнічаюць Цэнтар нацыянальнай культуры і рамёстваў, кінатэатар, філія Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатру імя Якуба Коласа (з 2003 году), 3 палацы культуры, 21 бібліятэка.

У Полацку функцыянуюць наступныя ўстановы:

Мясцовы футбольны клюб — «Полацак».

З урбананімічнай спадчыны Полацку да нашага часу гістарычныя назвы захавалі вуліцы Міхайлаўская і Стралецкая, завулак Млынавы і праезд Замкавы. З усіх вуліцаў гістарычнага цэнтру Полацку савецкія ўлады не перайменавалі толькі дзьве: Гогаля і Талстога. Адпаведныя назвы гэтыя вуліцы атрымалі ў выніку перайменаваньня расейскімі ўладамі гістарычных Вакзальнай і Прабойнай вуліцаў.

Гістарычныя мясцовасьці: Верхні Замак, Ніжні Замак, Вялікі Пасад, Запалоцьце, Спас, Задзьвіньне, Востраў, Бельчыца, Экімань, Струньне.

Прадпрыемствы хімічнай, машынабудаўнічай і мэталаапрацоўчай, лёгкай, харчовай, будаўнічых матэрыялаў, паліграфічнай прамысловасьці.

Апроч таго, дзейнічае Полацкая ЦЭС.

Полацак — буйны транспартны вузел Віцебскай вобласьці. Празь места праходзяць аўтамабільныя дарогі  (Полацак — Браслаў),  (Віцебск — Полацак — граніца Латвіі),  (Полацак — Расоны),  (Полацак — Глыбокае — граніца Летувы) і  (Лепель — Полацак — Юхавічы).

Полацак мае рэгулярнае аўтобуснае злучэньне з Рыгай, Менскам, Віцебскам, Лепелем, Браславам і іншымі местамі Беларусі.

Полацак — чыгуначны вузел з кірункамі на Віцебск, Рыгу, Маладэчна і Невель. Пасажырскія цягнікі злучаюць места з Гомелем, Масквой, Менскам, Паставамі. Мае прымескае злучэньне з найбліжэйшымі местамі.

За савецкім часам Дзьвіной курсавалі пасажырскія катэры. У наш час рачныя пасажырскія перавозкі не ажыцьцяўляюцца.

Полацак — пэрспэктыўны цэнтар турызму Беларусі міжнароднага значэньня.

Дзейнічае Нацыянальны Полацкі гістарычна-культурны музэй-запаведнік, які аб’ядноўвае Полацкі краязнаўчы музэй, Полацкі музэй беларускага кнігадрукаваньня, Полацкі музэй-бібліятэку Сімяона Полацкага, Музэй традыцыйнага ткацтва Паазер’я, Полацкі музэй баявой славы, Полацкі музэй гісторыі архітэктуры Сафійскага сабора, Полацкі дзіцячы музэй, музэй Тусналобавай-Марчанка, Полацкі дом Пятра I, Полацкую стацыянарную выстаўку «Шпацыраваньне па Ніжнепакроўскай», Мастацкую галерэю.

У месьце рэгулярна праводзіцца міжнародны фэстываль арганнай музыкі «Званы Сафіі», міжнародны фэстываль старажытнай і сучаснай камэрнай музыкі, фэст сярэднявечнай культуры «Рубон». Спыніцца можна ў гатэлі «Дзьвіна» або гасьцінічным комплексе «Славянскі». За 2011 год у Полацку пабывалі звыш 250 000 турыстаў і 55 000 паломнікаў, якія выдаткавалі 2,1 млрд рублёў ($375 тыс.).




#Article 17: Столін (568 words)


Сто́лін — места ў Беларусі, на рацэ Гарыні. Адміністрацыйны цэнтар Столінскага раёну Берасьцейскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год — 13 460 чалавек. Знаходзіцца за 245 км на ўсход ад Берасьця, за 7 км ад чыгуначнай станцыі Гарынь (лінія Лунінец — Сарны). Аўтамабільныя дарогі на Пінск і Давыд-Гарадок.

Столін — даўняе мястэчка гістарычнай Піншчыны (частка Берасьцейшчыны, на захадзе Палесься), старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага. Да нашага часу тут захаваўся парк «Манькавічы» пры колішняй сядзібе Радзівілаў, а таксама Галоўная сынагога ў стылі клясыцызму, помнік архітэктуры XVIII ст. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаліся збудаваныя ў стылі клясыцызму драўляная Прачысьценская царква і мураваны касьцёл, помнікі архітэктуры XIX ст., зруйнаваныя савецкімі ўладамі.

На думку географа В. Жучкевіча, тапонім «Столін» утварыўся ад славянскага паняцьця «стольны, сталічны» (гэтак часам называлі галоўную сядзібу ці галоўнае паселішча таго або іншага фэўдала). На думку некаторых дасьледнікаў, паходжаньне назвы Століна магло абумовіць разьмяшчэньне старажытнага паселішча на высокім абрывістым беразе ракі.

Таксама існуе некалькі паданьняў пра паходжаньня тапоніму «Столін»:

Першы пісьмовы ўпамін пра Столін (сяло Стольна) зьмяшчаецца ў «Пісцовай кнізе Пінскага і Клецкага княстваў» і датуецца 1555 годам. У XVI—XVIII стагодзьдзях Столні меў статус мястэчка і ўваходзіў у склад Пінскага павету Берасьцейскага ваяводзтва. Маёнтак знаходзіўся ў валоданьні Саламярэцкіх, Вішнявецкіх, Пацеяў, Солтанаў, Скірмунтаў і іншых. Тут існаваў драўляны замак.

З пачаткам вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) 20 верасьня 1655 году казакі І. Залатарэнкі і князя Дзьм. Валконскага захапілі і спалілі Столін. Пры вызваленьні Пагарыньня войскамі Вялікага Княства Літоўскага на подступах да мястэчка адбылася няўдалая для іх бітва. Па гэтых падзеях замак прыйшоў у заняпад.

З 1791 году ўваходзіў у склад Пінска-Зарэчнага павету Берасьцейскага ваяводзтва, а ў 1792 годзе стаў сталіцай Запінскага павету.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Столін апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі. Новыя ўлады скасавалі Запінскі павет і панізілі статус паселішча да цэнтру воласьці Пінскага павету.

У 1794 годзе ў Століне збудавалі цагляную сынагону (помнік архітэктуры класыцызму). У 1815 годзе на ахвяраваньні мясцовых жыхароў і столінскага шляхцюка Каэтана Каржанеўскага ў мястэчку збудавалі новую цагляную царкву, асьвечаную ў 1846 годзе пад тытулам Сьвятой Тройцы. У 1816 годзе ў Століне адкрылася першая ў Беларусі школа ўзаемнага навучаньня, у якой вывучалі асновы аграноміі. У 1827 годзе цагляная сынагога пацярпела ад пажару. У 1863 годзе пачала дзейнічаць земская народная вучэльня. На 1886 год у мястэчку быў 121 двор (паводле вынікаў перапісу 1897 году — 250 двароў); дзейнічалі царква, сынагога, 4 юдэйскія малітоўныя дамы, капліца; існавалі валасная ўправа, земская народная вучэльня, конная паштовая станцыя, вінакурны і чайны заводы, карчма, 20 крамаў; насельніцтва займалася земляробствам і жывёлагадоўляй, рыбнай лоўляй, сплавам лесу. У 1912 годзе адкрылася першая лякарня. У 1915 годзе ў Столін з захопленага немцамі Пінску пераехала павятовая адміністрацыя.

У 1939 годзе Столін увайшоў у БССР, дзе ў 1940 годзе стаў цэнтрам раёну Пінскай, з 1954 году — Берасьцейскай вобласьці. У Другую сусьветную вайну з 12 ліпеня 1941 да 7 ліпеня 1944 году места знаходзілася пад нямецкай акупацыяй.

Места Столін, вёскі Манькавічы, Белавуша і Рыбнікі прадстаўляюць сабой адну населеную аглямэрацыю ўздоўж шашы  з насельніцтвам каля 19 тысячаў чалавек.

У Століне працуюць гімназія, 2 сярэднія, дзіцяча-юнацкая спартовая школы, школа мастацтваў, дом дзіцячай творчасьці, 4 дашкольныя ўстановы, аграрна-эканамічны каледж.

Мэдычнае абслугоўваньне насельніцтва ажыцьцяўляе тэрытарыяльнае мэдычнае аб’яднаньне.

Дзейнічаюць 2 бібліятэкі, дом культуры, дом рамёстваў.

З урбананімічнай спадчыны Століна да нашага часу гістарычную назву захавала толькі Пінская вуліца. У тэлефонным даведніку 1939 году ўпамінаюцца Пэрлавая і Ясная вуліцы.

Прадпрыемствы харчовай прамысловасьці.

Дзейнічае Столінскі краязнаўчы музэй. Спыніцца можна ў гатэлі «Гарынь».

У Століне знаходзіцца батанічны помнік прыроды дзяржаўнага значэньня (закладзены ў 1886)— піхты каўкаскія.




#Article 18: Тураў (2022 words)


Ту́раў — места ў Беларусі, на рацэ Прыпяці. Уваходзіць у склад Жыткавіцкага раёну Гомельскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год — 2765 чалавек. Знаходзіцца за 25 км на паўночны захад ад места і чыгуначнай станцыі Жыткавічаў. Аўтамабільныя дарогі на Давыд-Гарадок, Жыткавічы, Лельчыцы. Рачная прыстань.

Тураў — найстарэйшы горад дрыгавічоў і сталіца адной зь першых дзяржаваў на беларускай этнічнай тэрыторыі. Места гістарычнай Піншчыны (частка Берасьцейшчыны, на захадзе Палесься), колішняя сталіца графства і старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага. Да нашага часу тут захавалася Замчышча, помнік археалёгіі XII ст., а таксама драўляная царква Ўсіх Сьвятых, помнік архітэктуры XIX ст. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучалася мураваная абарончая вежа, помнік архітэктуры XIII ст., зруйнаваны расейскімі ўладамі.

У наш час існуе два найбольш вядомыя тлумачэньні паходжаньня тапоніму «Тураў». Першае зьвязвае назву паселішча з імем вараскага князя Тура, які лічыцца ягоным заснавальнікам і ўпамінаецца ў «Аповесьці мінулых часоў» пад 980 годам. Зрэшты, гэта адзіная летапісная згадка пра «заморскага» Тура (Туры) як заснавальніка і першага ўладара гораду. У 1880 годзе япіскап менскі і тураўскі Яўгені ў «Нарысе гісторыі Турава», прыкладзеным да выданьня твораў Кірылы Тураўскага, пісаў, што ў народнай гаворцы «які-небудзь Турдаў, Турбенд і інш. мог называцца і проста Тур». Таксама ён зазначыў, што існаваньне імя Тур у пэўных сфэрах усходнеславянскага грамадзтва пацьвярджаецца, відаць, назвай царквы Турава бажніца ў старажытным Кіеве, якая ўпамінаецца ў летапісе пад 1146 годам.

Другое пашыранае тлумачэньне найменьня Тураў узыходзіць да назвы дзікага быка тура. Так, этнограф Павал Шпілеўскі лічыў, што летапіснае сьцьверджаньне пра нейкага заморскага Тура (Туры) як заснавальніка і першага гаспадара Турава — даніна народнай легендзе. Сваю думку дасьледнік даводзіў наступным чынам: «па-першае, мы сустракаем масу назваў сёлаў, вёсак, рэк, палёў, урочышчаў і г. д. з коранем „тур“ на ўсёй прасторы славянскіх пасяленьняў, і выводзіць гэтыя назвы не ад славянскага, а ад вараскага кораня — неверагодна; па-другое, у землях дрыгавічоў было мноства тураў, на якіх палявалі кіеўскія князі, напр., Уладзімер Манамах…».

Як адзначаюць А. Крывіцкі і М. Саскевіч, назву «тур» фіксуюць старажытныя пісьмовыя помнікі (напрыклад, буй-тур Усевалада ў «Слове аб палку Ігаравым»), у паўднёвых і заходніх славян захаваліся ўтварэньні ад гэтае назвы сярод найменьняў жывёл, расьлінаў, у тапаніміцы, у асобных песьнях, былінах і інш. Тым ня менш, дасьледнікі лічаць гэтую гіпотэзу «занадта спрошчанай і гістарычнай слаба матываванай».

Аляксандар Крывіцкі і Мікалай Саскевіч выводзяць назву паселішча ад зарослай цяпер пратокі ад Прыпяці ў в. Пагост, разьмешчанай непадалёк ад утоку ў Прыпяць ракі Сьцьвіга. Дасьледнікі адзначаюць, што паводле ўспамінаў старэйшых жыхароў памянёнай вёскі, яшчэ ў даваенныя часы Тур была досыць шырокай і дастаткова глыбокай пратокай, якая была часткаю гаспадарскае воднае сыстэмы Пагоста: пратока была важнаю прыстаньню на Прыпяці і Сьцьвізе адначасна, асабліва пры сплаве лесу. Старажытная пратока Тур мела асаблівае значэньне для падтрыманьня комплексу жыльлёвых, гаспадарчых, абарончых, абрадавых і іншых групаў збудаваньняў тагачасных насельнікаў Турава праз разгалінаваную водную сыстэму. На думку дасьледнікаў, такое гідранімічнае паходжаньне назвы зьяўляецца «больш блізкім да рэальных падзеяў таго часу» і родніць Тураў з паўночным Полацкам.

Існуюць таксама і менш вядомыя тлумачэньні найменьня Тураў. Некаторыя выводзяць гэтую назву ад слова «тура́» (тур) — «вежа», іншыя мяркуюць, што на месцы, дзе ўзьнік Тураў, у язычніцкай старажытнасьці было капішча — месца пакланеньня нейкаму паважанаму ідалу-заступніку Туру. Аднак наяўнасьць асобнага славянскага божышча пад гэтаю назваю А. Прохараў лічыць «не зусім абгрунтаванаю».

Таксама існуе і іншая мясцовая легенда пра паходжаньне Турава: у часе набегаў нейкіх «туркаў» адзін зь іх, перабіраючыся па тонкім лёдзе на кані недзе там, дзе потым паўстаў Тураў, праваліўся пад лёд і ўтапіўся (паводле іншай вэрсіі — толькі згубіў сваю багатую шапку), аднак, на думку А. Крывіцкага і М. Саскевіча, гэта адвольны народны жарт, пабудаваны на сугуччы найменьня «Тур» і слова «турак».

Першы пісьмовы ўпамін пра Тураў зьмяшчаецца ў «Аповесьці мінулых часоў» і датуецца 980 годам: «бе бо Рогволод перешел из заморья имяше волость свою Полотьске, а Тур Турове, от него же Туровици прозвашаяся».

Старажытны горад узьнік на сутоках рэк Язды і Струменя, прытокаў Прыпяці, якая ў сваю чаргу ўпадае ў Дняпро, а ён — у Чорнае мора. Гэты рачны шлях здаўна быў вядомы вікінгам, якія актыўна карысталіся ім для гандлю з Канстантынопалем.

Першым вядомым тураўскім князем быў Сьвятаполк, сын кіеўскага князя Ўладзімера, пад чыёй уладай знаходзілася Русь, у тым ліку і Тураўскае княства. Сьвятаполк заняў тураўскі сталец у 988 годзе. Неўзабаве ў 1005 годзе ўтварылася Тураўскае біскупства.

XII—XIII стагодзьдзі — час росквіту Турава. Горад меў магутную лінію ўмацаваньняў. У той час тут было каля 40 (паводле паданьняў — 75—80) цэркваў і манастыроў. Сярод іх былі прынамсі, дзьве саборныя цэрквы: Прачыстай Багародзіцы і Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла. Існавалі прынамсі, два, а магчыма, што тры манастыры: Мікольскі мужчынскі, жаночы сьвятой вялікамучаніцы Варвары, япіскапскі Барысаглебскі (першы ўпамін у сярэдзіне ХІІ ст.). Магчымае, але малаімавернае існаваньне саборнай царквы Сьвятой Соф’і. У канцы XIII ст. у Тураве збудавалі мураваную абарончую вежу (разабраная ў XIX ст.). У гэтыя часы ў горадзе жыў вядомы асьветнік Кірыла Тураўскі. У 1158 годзе Тураў вытрымаў дзесяцітыднёвую аблогу паўднёварускіх князёў і такім чынам атрымаў незалежнасьць ад Кіева, а ў 1160 годзе — трохтыднёвую аблогу валынскіх князёў. Узімку 1241 году горад поўнасьцю зруйнавалі мангола-татары. Менавіта тады, як сьведчыць паданьне, быў закіданы немаўлятамі славуты калодзеж Тура, па чым на працягу сямі гадоў зь яго струменіла жаночае малако.

Пэрыяд дабрабыту скончыўся ў выніку некалькіх фэўдальных канфліктаў, а па тым як рачны гандлёвы шлях страціў сваю актуальнасьць (Эўропа і Бізантыя былі зьвязаныя ў абыход Кіева) Тураў страціў асноўную сваю прывабнасьць.

Тураўскае княства ў пэрыяд фэўдальнай раздробленасьці падзялілася на некалькі ўдзельных княстваў — Тураўскае, Пінскае, Слуцкае, Клецкае і іншыя — і страціла сваё значэньне. У гэты час хутка рос Пінск, які апярэджваў у сваім гаспадарчым разьвіцьці Тураў.

У XII—XIV стагодзьдзях пачалося аб’яднаньне абшараў колішніх Полацкага, Тураўска-Пінскага і Смаленскага княстваў вакол Наваградку. Далучэньне Турава да Вялікага Княства Літоўскага адбылося ў 1320-я гады. У першай траціне XIV ст. спынілася старажытная дынастыя тураўскіх князёў, у выніку чаго места перайшло да вялікіх князёў літоўскіх (у 1430 годзе — у валоданьні вялікага князя Сьвідрыгайлы Альгердавіча). З XV ст. Тураў знаходзіўся ў складзе Троцкага ваяводзтва і належаў князям Глінскім.

З канца XV ст. крымскія татары неаднойчы ўчынялі рабаўнічыя набегі на тэрыторыю сучаснай Беларусі. У 1497 годзе яны забілі непадалёку ад Мазыру мітрапаліта кіеўскага і ўсяе Русі Макарыя. У час вайны 1500—1503 гадоў з Маскоўскай дзяржавай Іван III неаднаразова інструктаваў Менглі-Гірэя, каб крымскія загоны накіроўваліся ў бок Слуцку, Турава, Пінску з мэтай аслабіць усходнія межы Вялікага Княства Літоўскага. Карыстаючыся тым, што асноўныя сілы Вялікага Княства ваявалі ў гэты час з Масквой, крымчакі неаднаразова спусташалі літоўскія землі. Увосень 1502 году яны перайшлі Прыпяць і пачалі рабаваць ваколіцы Турава і Пінску. Славуты слуцкі князь Сямён Алелькавіч перахапіў крымчакоў за 6 міль ад Бабруйску і ўшчэнт разьбіў іх, вызваліўшы вялікі палон.

У 1507 годзе фэўдалы, якія шукалі хаўрусу з Масквой і нярэдка адкрыта пераходзілі на бок Маскоўскай дзяржавы, узьнялі паўстаньне пад кіраўніцтвам Міхала Глінскага. Аднак у 1508 годзе паўстаньне пацярпела паразу. Па тым, як М. Глінскі зьбег у Маскоўскае княства, Тураў перайшоў да Канстантына Астроскага, які заняўся ягоным узнаўленьнем. У 1521 годзе места паўторна разбурылі татары, і Астроскія мусілі яшчэ раз будаваць на Замкавай гары ўмацаваны замак — апошні, рэшткі якога захаваліся да XIX ст. і апісваліся вядомым падарожнікам Паўлам Шпілеўскім. Астроскія кіравалі Туравам больш за стагодзьдзе (з 1508 да 1621 году), пакуль яго не аддалі ў якасьці выкупу за княжну з роду Сапегаў.

У выніку адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформы 1565—1566 гадоў Тураў увайшоў у склад Пінскага павету Берасьцейскага ваяводзтва. У гэты час места складалася з асноўнай часткі і двух прадмесьцяў — Заяцэльля і Запясочча.

У вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) маскоўскія захопнікі некалькі разоў спусташалі Тураў. Масква ажыцьцяўляла свае даўнія пляны захапіць Літву і распачала крывавую вайну, якая забрала больш за палову насельніцтва Вялікага Княства. У ліпені 1654 году казакі, наляцеўшы на вёскі і мястэчкі Тураўшчыны, «сялян мучылі, насьмерць забівалі, маёмасьць іх усю забіралі, іншыя вёскі агнём палілі…» Пазьней сюды прыходзіў казацкі полк нейкага Грышкі Чорнага. Казакі зьяўляліся тут і разам з маскоўскімі ратнікамі. У верасьні 1654 году на Тураўскую і Сьмядынскую (ніжэй плыньню Прыпяці) воласьці напала маскоўскае войска. Паводле заявы тураўскага падстаросты Хведара Ляўковіча, чужынцы «ня толькі ў дамах сялянскіх што змаглі адшукаць забралі, але, сялян у лясах знаходзячы, некаторых насьмерць пазамучвалі…» 24 верасьня яны «да апошняй халупы» спалілі вёскі Верасьніцу, Букчу, Глінную, Храпін, Колкі, і спустошылі дзясяткі іншых. Забіралі ўсё да драбніцы. У Астражанцы і Сьмядыні замардавалі нават папоў, у Гліннай сьвятога айца расстралялі, а недамучаных людзей жывых засыпалі зямлёй. Целы мерцьвякоў выкідвалі з дамавінаў. Урэшце, пагаспадарыўшы ў апусьцелым Тураве, захопнікі пакінулі яго, а мяшчанам, якія паразьбягаліся, ды ўсёй воласьці сказалі вяртацца ў места, запэўніўшы, што чапаць іх ня будуць. Аднак 30 кастрычніка, калі людзі вярнуліся, на іх накінулася варожае войска. Хапалі ўсё ў хатах, рынкавых каморах, а найбольш — «вымучвалі» ў жыхароў грошы. Некалькі чалавек пры гэтым забілі. Вялізны статак кароў (за 6 тысячаў) быў адагнаны ва Ўкраіну. Неўзабаве войска Вялікага Княства Літоўскага пад камандаю Януша Радзівіла вызваліла Тураў. Па выгнаньні маскоўскіх захопнікаў у Тураве засталося толькі 111 дымоў, тады як у 1648 годзе іх было 401.

У XVIII ст. Тураўскі маёнтак зваўся графствам, хоць ягоныя ўладальнікі не былі графамі. Паводле зьвестак за 1790 год, у Тураве было 497 дымоў.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Тураў апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі. Часткай Тураўскага маёнтку ў гэты час валодаў граф, маршалак Галоўнага Літоўскага трыбуналу Іван Салагуб. Другую частку, якая належала дзяржаве, расейскія ўлады перадалі як узнагароду за шчырую службу генэралу Селябіну. У Тураве ў той час налічвалася каля пяцісот будынкаў, было сем цэркваў і сынагога. У 1793 годзе ангельская акцыянэрная кампанія Піта і Форстэра купіла ў Салагуба лясныя ўгодзьдзі і пачала па-драпежніцку секчы лес і адпраўляць яго Прыпяцьцю, Дняпром і Бугам за мяжу. Пра злачынства даведаліся ў Пецярбургу, і ў 1800 годзе выйшаў спэцыяльны ўказ імпэратара Паўла I, які прадпісаў ліквідаваць дамову і ўзяць маёнтак у дзяржаўны скарб.

Згодна з імянным царскім ўказам ад 6 верасьня 1795 году ў краі пачала працаваць паштовая сувязь. Паштовая дарога прайшла ад Мазыру да Давыд-Гарадку праз Жыткавічы (8 коней, 4 паштальёны), Тураў (тое самае) і далей празь Ленін (тое самае).

Новыя беды і разбурэньні прынесла краю расейска-француская вайна. Ваенныя спусташэньні абязьлюджвалі цэлыя мясцовасьці. У 1812—1817 гадох насельніцтва Турава з прычыны голаду зьменшылася амаль на тры чвэрці. У 1834 годзе мястэчка пацярпела ад пажару, у якім згарэла 5 цэркваў. Паўстаньне Кастуся Каліноўскага не ахапіла край, хоць хвалі яго, глухія зьвесткі пра змагароў за лепшую долю супраць іншаземных прыгнятальнікаў даходзілі і сюды. Паводле ўспамінаў мясцовых жыхароў, у тутэйшых непраходных лясах і балотах хаваліся рэшткі разьбітага ў 1864 годзе войска паўстанцаў. У 1865 годзе ў Тураве выявілі старажытнае эвангельле.

На 1886 год у Тураве было 370 двароў, дзейнічалі 3 царквы, капліца, сынагога і 3 юдэйскія малітоўныя дамы. На 1892 год у мястэчку было каля 500 дамоў. Паводле вынікаў перапісу 1897 году, у Тураве было 667 двароў, дзейнічалі 4 царквы, касьцёл, капліца і сынагога, працавалі пошта, фатаграфія, прыстань, цагельня, 2 хлебазапасныя магазыны, 50 крамаў і 4 карчмы, штогод праводзіўся 2 кірмашы. У аднайменным фальварку дзейнічаў паравы млын. На 1909 год — 675 двароў.

У кастрычніку 1917 — лютым 1918 году ў Тураве ўсталявалася савецкая ўлада, у лютым 1918 — сьнежні 1918 году — нямецкія акупанты і гетманаўская ўлада, у сьнежні 1918 — жніўні 1919 году — зноў савецкая ўлада, з жніўня 1919 да 15 ліпеня 1920 году — польская ўлада. 18 ліпеня 1920 году ў месьце канчаткова замацаваліся саветы. На 1924 год тут было 856 двароў.

У 1924—1962 гадох Тураў быў цэнтрам раёну (з 1939 году — у складзе Мазырскай вобласьці). У 1926 годзе ў мястэчку жыло 5393 чалавекі (на тысячу жыхароў — 55 рамесьнікаў). Да 1939 году насельніцтва мястэчка ў выніку войнаў, масавых рэпрэсіяў павялічылася толькі на 46 чалавек. Згодна з указам Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету БССР ад 27 верасьня 1938 году, Тураў атрымаў афіцыйны статус пасёлку гарадзкога тыпу.

У Другую сусьветную вайну ўлетку 1941 году яго захапілі нямецкія войскі, а ўжо ў кастрычніку пачало сваю дзейнасьць савецкае падпольле. 5 ліпеня 1944 году ў места ўвайшлі савецкія войскі. У 1962 годзе Тураўскі раён ліквідавалі, а само мястэчка ўвайшло ў склад Жыткавіцкага раёну.

Паблізу Турава ёсьць азёры Аблуква, Галава, Плішчын, працякаюць рэкі Глушыца, Перадоль, Струмень, Язда.

У Тураве працуюць 2 сярэднія і музычная школы, дашкольная ўстанова.

Мэдычнае абслугоўваньне насельніцтва ажыцьцяўляе местачковая лякарня.

Дзейнічаюць 2 дамы культуры, 3 бібліятэкі.

Выдаецца газэта «Вольныя навіны».

Дзейнічаюць Тураўскі краязнаўчы музэй і Тураўскі музэй прыроды.

У Тураве зацьвердзілася першая япіскапская катэдра ў Літве з часоў князя кіеўскага Ўладзімера. Места было цэнтрам праваслаўя ў Літве. У XVI ст. на Тураўшчыне налічвалася каля 80 цэркваў і два саборы. Практычна ўсе яны былі згубленыя ў час шматлікіх войнаў.




#Article 19: Шацілавічы (1222 words)


Шаці́лавічы (з 1961 году — Сьветлаго́рск)  — места ў Беларусі, на рацэ Бярэзіне. Адміністрацыйны цэнтар Шацілавіцкага раёну Гомельскай вобласьці. Плошча 25 км². Насельніцтва на 2018 год — 67 453 чалавекі. Знаходзіцца за 110 км на захад ад Гомелю; чыгуначная станцыя Сьветлагорск-на-Бярэзіне на лініі Жлобін — Каленкавічы, вузел аўтамабільных дарог на Бабруйск, Жлобін, Гомель, Каленкавічы. Рачная прыстань.

Шацілавічы — старажытная вёска гістарычнай Рэчыччыны (Панізоўя). Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаўся драўляны касьцёл Сьвятога Крыжа, помнік архітэктуры XIX ст., зруйнаваны савецкімі ўладамі.

Гістарычная назва паселішча — Шацілавічы, якую пазьней дзеля спрашчэньня перарабілі ў Шацілкі. Існуе меркаваньне, што форма Шацілкі зьяўляецца размоўным скаротам ад Шацілавічаў і не адпавядае мясцовай тапанімічнай традыцыі.

Тапонім Шацілавічы мае патранамічнае паходжаньне ад прозьвішча Шаціла. Тым часам прозьвішча, імаверна, паходзіць ад беларускага слова «шаць» — добрае, прыгожае месца, у слоўніку расейскай мовы У. Даля — «гара сярэдняй велічыні».

У канцы 1980-х гадоў актывісты гістарычна-культурнай суполкі «Поўня» распачалі ў мясцовым друку кампанію за вяртаньне месту гістарычнай назвы Шацілавічы, але савецкія ўлады адкінулі гэтую прапанову. У наш час прапануецца вярнуць месту традыцыйную гістарычную назву Шацілавічы (Шацілкі) у якасьці афіцыйнай.

Упершыню Шацілкавічы ўпамінаюцца ў XV ст. як вёска ў Бабруйскай воласьці Троцкага ваяводзтва. 15 ліпеня 1560 году вялікі князь Жыгімонт Аўгуст выдаў прывілей на маёнтак Шацілінскі Востраў (), які па папярэднім ўладальніку Рамане Шаціле перадаваўся зямяніну Ждану Манкевічу за выкананьне вайсковай службы. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў вёска ўвайшла ў Рэчыцкі павет Менскага ваяводзтва.

Паводле археалягічных зьвестак, у канцы XVI — XVII стагодзьдзях паселішча пашырылася за межы Шацілінскага Вострава, і разьмяшчалася ўздоўж Горвальскага тракту. У 1634 годзе шляхціч Пётар Сулятыцкі падараваў езуітам пляц, якія збудавалі тут каля 1650 году драўляны касьцёл, утрымлівалі місіянэрскі пункт (раней заснаваньне касьцёла датавалі 1638 годам, але гэта не пацьвердзілася). У 1639 годзе сяло Шацілавічы ўпамінаецца ў вопісе Парыцкага двара Бабруйскага староства, у гэтым час тут было 17 сялянскіх двароў (у вопіс ня ўносіліся шляхецкія двары). У вопісе 1684 году ў Шацілавічах існаваў шляхецкі двор Манкевічаў і 3 сялянскія двары.

У 1744 годзе ў сьпісе каталіцкіх парафіяў значацца Шацілкі, у Карпілавіцкай парафіі Бабруйскага дэканату Віленскай дыяцэзіі. У 1766 годзе ў Шацілавічах упамінаецца мытны страж, які адносіўся да Глускай галоўнай мытнай каморы.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Шацілавічы апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Парыцкай воласьці Бабруйскага павету Менскай губэрні (у 1795—1796 гадох называлася Менскім намесьніцтвам). У 1795 годзе ўпамінаюцца вёска і ваколіца Шацілкі, у якіх разам было 30 двароў. У 1800 годзе ў Шацілавічах 20 шляхецкіх і 3 сялянскія двары. Праваслаўны прыход адносіўся да царква Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла ў вёсцы Чыркавічах (1879 год). У 1890 годзе ў Шацілавічах было 49 двароў, працавала прыстань. Паводле вынікаў перапісу 1897 году, тут было 62 двары, дзейнічаў касьцёл, працавалі кузьня і крупаршука. Побач існавала аднайменная гаспадарчая сядзіба.

У пачатку XX стагодзьдзя існавалі аднайменныя ваколіца (70 двароў) і маёнтак (1 двор). На 1908 год — вёска (70 двароў) і фальварак. У 1915 годзе побач з Шацілавічамі прайшла чыгунка, пачала працаваць чыгуначная станцыя Шацілкі. У 1916 годзе ў Шацілавічах упамінаецца аднаклясная народная вучэльня. Паводле перапісу 1917 году, на чыгуначнай станцыі Шацілках было 13 двароў.

З 31 ліпеня 1920 году Шацілавічы зноў у адноўленай БССР, дзе яны 20 жніўня 1924 году сталі цэнтрам сельсавету (да 1960 году) ў новаўтвораным Парыцкім раёне, які ўваходзіў у Бабруйскую акругу (існавала да 26 ліпеня 1930 году), а потым: ад 20 лютага 1938 году — у Палескай, з 20 красавіка 1944 году — у Бабруйскай, з 8 студзеня 1954 году — у Гомельскай вобласьці. Чыгуначную станцыю Шацілкі ўлучылі ў Чыркавіцкі сельсавет Парыцкага раёну. На 1926 год у Шацілавічах працавалі 2 воўначоскі, паравы млын, крупарушка. У 1920-я — 1930-я гады мястэчка было адным з цэнтраў лесасплаву на рацэ Бярэзіне. У 1929—1932 гадох на базе кузьні ўтварылася суднабудаўнічая арцель, потым пераўтвораная ў вэрф (цяпер — завод зборнага жалезабэтону). На 1930 год у Шацілавічах было 155 двароў. 27 верасьня 1938 году статус паселішча панізілі да вёскі.

У Другую сусьветную вайну з 7 жніўня 1941 да 27 лістапада 1943 году Шацілавічы знаходзіліся пад нямецкай акупацыяй. У час вайны на суднавэрфе і чыгуначнай станцыі дзейнічалі савецкія падпольныя групы.

У 1954—1958 гадох у Шацілавічах збудавалі Васілевіцкую ДРЭС (цяпер — Сьветлагорская ЦЭЦ). 30 сьнежня 1956 году Шацілавічы атрымалі афіцыйны статус пасёлку гарадзкога тыпу, з 9 чэрвеня 1960 году — цэнтар Парыцкага раёну. 29 ліпеня 1961 году савецкія ўлады перайменавалі Шацілавічы (на той час — афіцыйна Шацілкі) у Сьветлагорск і надалі ім статус гораду раённага падпарадкаваньня, Парыцкі раён перайменавалі ў Сьветлагорскі. З 7 сакавіка 1963 да 4 студзеня 2002 году Шацілавічы мелі афіцыйны статус гораду абласнога падпарадкаваньня.

Знаходзіцца на раўніне Гомельскага Палесься, за 110 км на захад ад Гомля (адлегласьць да Гомля аўтамабільнымі шляхамі — 113 км (праз Рэчыцу)), за 220 км ад Менску.

Стаіць на рацэ Бярэзіне (прытока ракі Дняпра). На поўнач, за ракой знаходзіцца выспа Востры Рог і гідралягічных заказьнік мясцовага значэньня Выдрыца, на ўсход — азёры Глухое і Дзеравянка.

Клімат мерна кантынэнтальны, сярэдняя тэмпэратура паветра студзеня — −6,6 ºС, ліпеня — 18,4 ºС, сярэдняя колькасьць ападкаў — 602 мм у год.

Дзейнічаюць 2 праваслаўныя царквы, касьцёл, новаапостальская царква.

У Шацілавічах працуюць 11 агульнаадукацыйных школ, гімназія (былая школа № 7), міжшкольны навучальна-вытворчы камбінат; вечаровая сярэдняя школа. Дзейнічаюць цэнтар карэкцыйнага разьвіцьця; дом дзіцячай і юнацкай творчасьці, цэнтар пазашкольнай працы, міжшкольны экалягічны цэнтар; 3 дзіцяча-юнацкія спартовыя школы (1 зь іх — алімпійскага рэзэрву); дзіцячая музычная школа, дзіцячая школа мастацтваў. Ёсьць аўтамабільная школа. Працуюць 2 прафэсійна-тэхнічныя навучальныя ўстановы; індустрыяльны каледж.

У Шацілавічах дзейнічаюць 8 бібілятэка, дом культуры, музэй гісторыі места, мастацкая галерэя імя Г. Пранішнікава. У месьце ўтварыліся рок-гурты Органы сну (1996 год) і Relikt (2001 год).

Выдаюцца газэты «Ранак-плюс», «Сьветлагорскія навіны», «Светлогорский бизнес».

У Шацілавічах ёсьць дзьве спартовыя школы (ДЮСШ1, ДЮСШ «Алімп»). ДЮСШ1 мае наступныя аддзелы: грэцка-рымскае барацьбы, тхэквандо, боксу, баскетболу, плаваньня. ДЮСШ «Алімп» спэцыялізуецца на лёгкай атлетыцы.

У месьце ёсьць наступныя спартовыя збудаваньні і пляцоўкі: стадыёны (3), лёгкаатлетычны манэж (1), спартовыя залі (49), плавальныя басэйны (1), міні-басэйны ў дзіцячых садох (10), іншыя залі і пляцоўкі (школьныя спартовыя залі і г. д.) (202).

Чыгунка, аўтамагістралі і лясныя масівы падзяляюць Шацілавічы на 3 плянавальныя раёны: паўночны і паўднёвы, забудаваныя шматпавярховымі дамамі, і заходні з забудовай сядзібнага тыпу. У цэнтры 2—3- і 5—9-павярховыя будынкі. Яго галоўнай вышыннай дамінантай зьяўляецца 16-павярховы жылы дом. Існуюць 7 мікрараёнаў.

Сярод прамысловых прадпрыемстваў — вытворчае аб’яднаньне «Хімвалакно», Шацілавіцкі цэлюлёзна-кардонны камбінат (ЦКК), цеплаэлектрацэнтраль, завод жалезабэтонных вырабаў і канструкцыяў, завод жалезабэтонных вырабаў будаўнічага трэсту, завод зборнага жалезабэтону, управа буравых работ, фабрыка мастацкіх вырабаў, друкарня, хлебазавод.

Вузел аўтамабільных дарог на Бабруйск, Жлобін, Гомель, Каленкавічы. Чыгуначная станцыя на лініі Жлобін — Каленкавічы, ёсьць аўтобусная станцыя. Праз Шацілавічы праходзіць чыгуначная магістраль Санкт-Пецярбург — Кішынёў.

Працуе аўтобусны парк № 5, аўтобусы якога ходзяць па 17 мескіх маршрутах, а таксама маршрутныя і легкавыя таксі.

У месьце — грузавая прыстань (Бабруйскага рачнога порта) на рацэ Бярэзіне.

У Шацілавічах працуюць музэй гісторыі места, дом рамёстваў (дэкаратыўна-прыкладное мастацтва), карцінная галерэя «Традыцыя» імя Германа Пранішнікава.

Помнікі: помнік-звон воінам, якія загінулі пры вызваленьні Шацілавічаў ад нацысцкіх акупантаў (усталяваны ў 2005 годзе на месцы ранейшага помніка); Алея герояў — помнікі воінам, якія атрымалі званьні Герояў пры вызваленьні раёну ад нацысцкіх акупантаў; помнік землякам, якія загінулі ў розных войнах — на гарадзкой набярэжнай; помнік Раману Шацілу — заснавальніку і першапасяленцу Шацілавічаў (усталяваны ў 2006 годзе).

На ўсходняй ускраіне Шацілавічаў захавалася тэрыторыя былога баярскага (шляхецкага) двара «Шацілінскі востраў» (XIII — канец XVIII стагодзьдзя).

Раман Шаціла — першы жыхар Шацілавічаў, вядомы паводле пісьмовай крыніцы (1560 год), меў у карыстаньні маёнтак Шацілінскі Востраў. У 2006 годзе ў цэнтры Шацілавічаў паставілі помнік, правобразам якога зьяўляецца Р. Шаціла. Скульптура ўвасабляе ў сябе заснавальнікаў і першапасяленцаў Шацілавічаў (першы ў Беларусі помнік заснавальнікам паселішча).




#Article 20: Койданаў (846 words)


Ко́йданаў (з 1932 году — Дзяржы́нск) — места ў Беларусі, на рацэ Няцечцы. Адміністрацыйны цэнтар Койданаўскага раёну Менскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год — 27 839 чалавек. Знаходзіцца за 38 км на паўднёвы захад ад Менску, на чыгуначнай лініі (станцыя Койданава) і аўтамабільнай дарозе Менск — Баранавічы.

Койданаў — даўняе магдэбурскае мястэчка гістарычнай Меншчыны, колішняя сталіца графства, старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага. Да нашага часу тут захаваўся драўляны касьцёл Сьвятой Ганны ў стылі барока, помнік архітэктуры XVIII ст., часткова зруйнаваны савецкімі ўладамі. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаліся кальвінскі збор і замак, помнікі архітэктуры XVI—XVII стагодзьдзяў, зьнішчаныя савецкімі ўладамі.

Традыцыйная гістарычная назва места — Койданаў. Гэты тапонім, імаверна, утварыўся ад імя татарскага ваяра Койдана (Кайдана), войскі якога нібыта разьбіў непрыяцель пад легендарным Крутагор’ем у XIII стагодзьдзі Паводле іншага меркаваньня, назва места паходзіць ад імя татарскага вайскавода, які калісьці жыў у гэтых мясьцінах. Ён наняўся ў канцы XIV — пачатку XV стагодзьдзяў у войска Вялікага Княства Літоўскага і меў тут сваю рэзыдэнцыю.

Форма Койданава () пачала шырока ўжывацца ў выніку перайначваньня тапоніму на расейскі манер. 29 ліпеня 1932 году савецкія ўлады перайменавалі Койданаў у «Дзяржынск» у гонар Ф. Дзяржынскага, аднаго з арганізатараў чырвонага тэрору.

Назва «Дзяржынск» () не зьяўляецца ўнікальнай: места з такой жа назвай існуе ў Ніжагародзкай, з назвай «Дзяржынскі» () — у Маскоўскай вобласьці Расеі. Пасёлак Дзяржынск — у Іркуцкай, Дзяржынскі — у Варонескай і Новасыбірскай абласьцях Расеі.

У наш час прапануецца вярнуць месту традыцыйную гістарычную назву Койданаў у якасьці афіцыйнай.

Афіцыйнай датай заснаваньня сучаснага Койданава лічыцца 1146 год, калі паселішча ўпамінаецца пад назвай Крутагор’е ў паданьні пра старую Пакроўскую драўляную царкву. Аднак сучасныя энцыкляпэдычныя даведнікі разглядаюць гэтыя зьвесткі толькі як імаверныя і датуюць першы дакладны пісьмовы ўпамін 1442 годам.

У ХІІ стагодзьдзі Койданаў увайшоў у склад Полацкага, пазьней Менскага княства. Да ХІІІ стагодзьдзя завяршылася ўзьвядзеньне драўлянага замка.

У XIV стагодзьдзі Койданаў далучыўся да Вялікага Княства Літоўскага. У розныя часы маёнтак знаходзіўся ў валоданьні Гедзімінавічаў, Вярэйскіх, Гаштольдаў, Радзівілаў. У 1439 годзе Міхал Жыгімонтавіч заснаваў тут касьцёл Сьвятой Ганны. У пачатку XVI стагодзьдзя Койданаў пацярпеў ад набегаў татараў (у 1502 і 1503 гадох). У 1542 годзе ён стаў цэнтрам староства, пазьней графства.

У 1550—1831 гадох Койданаў атрымаў вядомасьць значнага асяродку пашырэньня кальвінізму. Каля 1564 году Мікалай Радзівіл «Руды» збудаваў тут драўляны кальвінскі збор (з 1613 году — мураваны), а таксама плябанію, школу і шпіталь. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў паселішча ўвайшло ў склад Менскага павету Менскага ваяводзтва. У 1588 годзе Койданаў атрымаў статус мястэчка. У гэты час тут было 120 дымоў, замак, кальвінскі збор, ратуша, касьцёл, Рынак, 2 карчмы, 4 вадзяныя млыны. Існавала 6 вуліцаў: Віленская, Менская, Плябанская, Рубяжэвіцкая, Слуцкая, Станькаўская. Кароль і вялікі князь Жыгімонт Ваза дазволіў праводзіць 2 вялікія кірмашы: на Грамніцы (2 лютага) і Сёмуху і штотыднёвы торг. Пазьней кірмашы таксама зьбіраліся на Юр’я (23 красавіка) і Пакровы (1 кастрычніка). Паводле зьвестак на 1620 год, у цэнтры мястэчка знаходзіўся чатырохкутны Рынак, забудаваны дамамі рамесьнікаў і гандляроў; на пляцы было 5 крамаў, карчма і 23 мяшчанскія двары; агулам налічвалася 110 двароў.

Аднаўленьне Койданава ішло марудна. У 2-й палове XVIII стагодзьдзя тут збудавалі новы драўляны касьцёл Сьвятой Ганны. На 1791 год у мястэчку было 134 дымы.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Койданаў апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе стаў цэнтрам воласьці Менскага павету Віленскай губэрні. У 1796 годзе мястэчка атрымала герб: «выява галінак дуба і алівы». У вайну 1812 году 15 лістапада войскі Расейскай імпэрыі разьбілі аддзел, сфармаваны зь мясцовых і францускіх жаўнераў. У 1871 годзе празь мястэчка прайшла чыгунка, адкрыўся 2-павярховы вакзал. У канцы XIX — пачатку XX стагодзьдзя у Койданаве дзейнічалі кальвінскі збор, касьцёл, царква, сынагога; працавалі народная і меская вучэльні, 2 юдэйскія малітоўныя школы, багадзельня, больш за 30 крамаў, паравы млын, шапавальні, бровары; штогод праводзілася 6 кірмашоў.

За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 году Койданаў занялі войскі Нямецкай імпэрыі.

У 1930 годзе савецкія ўлады зачынілі касьцёл і ліквідавалі каталіцкую парафію ў Койданаве. 15 сакавіка 1932 году паселішча атрымала статус места. 29 ліпеня 1932 году бальшавікі зьмянілі назву места на Дзяржынск — ад прозьвішча заснавальніка савецкай карнай сыстэмы Дзяржынскага; чыгуначная станцыя захавала старую назву. У Другую сусьветную вайну з 28 чэрвеня 1941 да 7 ліпеня 1944 году Койданаў знаходзіўся пад акупацыяй Трэцяга Райху.

У Койданаве працуюць СПТВ, 4 сярэднія школы, музычная і дзіцячая спартовая школы, дом школьніка, 8 дашкольных установаў.

Мэдычнае абслугоўваньне насельніцтва ажыцьцяўляе меская лякарня.

Дзейнічаюць дом культуры, кінатэатар.

Паводле генэральнага пляну 1948 году прадугледжвалася карэнным чынам зьмяніць аблічча места. Неўзабаве адбыўся ўвод у эксплюатацыю 12 прамысловых прадпрыемстваў, збудаваныя адміністрацыйныя будынкі, будынкі дома культуры, кінатэатра, пошты, радыёвузла, 2 школаў; 40 двухпавярховых жылых дамоў, адкрыўся стадыён, на месцы старажытнага замка — клінічнае паселішча.

Сучаснае места займае абодва берагі ракі Няцечы. Галоўная плянавальная вось — вул. Ленінская, на якой сфармаваўся цэнтральны пляц — грамадзкі цэнтар з адміністрацыйнымі будынкамі. Бульвар злучае пляц з гандлёвым цэнтрам (гістарычная частка места на рагу вуліцаў К. Маркса і Ленінскай). Цэнтральная частка, а таксама вуліца Менская і набярэжная ракі забудоўваюцца шматпавярховымі жылымі дамамі.

У Койданаве знаходзяцца маторарамонтны і мэханічны заводы, ільнозавод, кравецкая і тэкстыльная фабрыкі, прадпрыемствы харчовай прамысловасьці. Непадалёк ад места разьмяшчаюцца торфабрыкетны і крэйда-вапняковы заводы.

Дзейнічаюць Койданаўскі гістарычна-краязнаўчы музэй і Беларускі дзяржаўны архіў кінафотафонадакумэнтаў.

У 1996 годзе ў цэнтры Койданава паставілі помнік у гонар легендарнага 850-годзьдзя заснаваньня «Крутагор’я-Койданава-Дзяржынску».




#Article 21: Наваградак (1375 words)


Нава́градак — места ў Беларусі, каля вытоку ракі Валоўкі. Адміністрацыйны цэнтар Наваградзкага раёну Гарадзенскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год — 29 424 чалавекі. Знаходзіцца за 162 км на ўсход ад Горадні, за 24 км ад чыгуначнай станцыі Наваельня (лінія Ліда — Баранавічы).

Наваградак — першая сталіца Вялікага Княства Літоўскага, даўняе магдэбурскае места і цэнтар гістарычнага рэгіёну. Да нашага часу тут захаваліся замак вялікіх князёў, гара Міндоўга, царква Сьвятых Барыса і Глеба, манастыр базылянаў, Фарны касьцёл, касьцёл Сьвятога Міхала Арханёла, комплекс кляштару францішканаў з касьцёлам Сьвятога Антонія, дом-музэй Адама Міцкевіча, помнікі гісторыі і архітэктуры XIII—XIX стагодзьдзяў. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаліся меская ратуша, Замкавая царква, комплексы калегіюму езуітаў з касьцёлам Беззаганнага Зачацьця Найсьвяцейшай Панны Мар і кляштару баніфратаў, помнікі архітэктуры XIV—XVIII стагодзьдзяў, зруйнаваныя расейскімі ўладамі, а таксама палац Радзівілаў, Вялікая сынагога, кляштары дамініканаў і дамініканак, помнікі архітэктуры XVII—XVIIII стагодзьдзяў, зруйнаваныя савецкімі ўладамі.

Традыцыйная гістарычная назва места — Нава́градак. Тапонім утварыўся ад дзьвюх асноваў — «новы» і «гарадок». Варыянты напісаньня назвы ў гістарычных крыніцах — Новогород, Новгородок, Новогородок, Новый Городок, Новгород-Литовский і інш. — сьведчаць пра тое, што недзе паблізу існаваў стары гарадзкі цэнтар акругі. Магчыма, ім было гарадзішча Радагошча. Галіцка-Валынскі летапіс дакумэнтальна пацьвярджае, што народная назва Наваградак узыходзіць да XIII ст., а форма Новагародак, якая дала назву Навагрудак (праз прамежкавую — Навагродак), узьнікла пазьней (дзесьці ў XVI ст.) пад уплывам польскай мовы.

Назва Нава́градак адпавядае традыцыйнаму беларускаму вымаўленьню, тым часам цяперашняя афіцыйная форма Навагру́дак утварылася не ў выніку натуральнай трансфармацыі тапоніма, а праз мэханічны перанос  сьпярша (па 1795 годзе) у , і толькі потым (па 1933 годзе) — у русіфікаваны савецкі моўны стандарт. У нарматыўным даведніку «Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь» традыцыйная гістарычная назва Наваградак фіксуецца як варыянтная. Гэта значыць, што пры жаданьні мясцовых жыхароў і ўладаў яна можа стаць нарматыўнай.

Паводле археалягічных дасьледаваньняў, у канцы Х ст. на тэрыторыі сучаснага места ўзьнікла старажытнае паселішча, умацаванае да сярэдзіны ХI стагодзьдзя Першы імаверны пісьмовы ўпамін пра Наваградак датуецца 1044 годам, аднак некаторыя дасьледнікі ставяць гэтае сьцьверджаньне пад сумнеў.

Як сьведчаць археалягічныя зьвесткі, у ХII ст. Наваградак складаўся зь дзядзінца (Замкавая гара), вакольнага гораду і пасаду. У ХIII—XIV стагодзьдзях ён быў цэнтрам удзельнага княства, пад 1235 годам упамінаецца князь Ізяслаў Наваградзкі.

Зь сярэдзіны 1240-х гадоў, на запрашэньне мясцовых баяраў, у Наваградку пачаў княжыць Міндоўг, што паспрыяла ўтварэньню Вялікага Княства Літоўскага. У 1249—1242 гадох галіцка-валынскія князі ў кааліцыі зь Інфлянцкім ордэнам учынілі некалькі ваенных выправаў, што прымусіла Міндоўга пайсьці на прымірэньне з ордэнам. У 1253 годзе ад імя Папы Рымскага ён каранаваўся ў Наваградку на караля Літвы (першы і апошні такі тытул у гісторыі Вялікага Княства Літоўскага). Аднак у 1254 годзе сын Міндоўга Войшалк склаў ад імя бацькі мір з Галіцка-Валынскім княствам і перадаў места Раману Данілавічу. У 1258 годзе ў выніку разрыву міру Войшалк зноў пачаў княжыць у Наваградку. У барацьбе супраць Галіцка-Валынскага княства і жамойцкіх князёў ён аб’яднаў вакол сябе Пінскую зямлю, Нальшчаны і Дзяволту.

Наваградак неаднаразова (у 1250-я, 1274, 1276 і 1277 гады) цярпеў ад набегаў мангола-татараў і іх хаўрусьнікаў — дружынаў галіцка-валынскіх князёў, пазьней (у 1314, 1321, 1341, 1390 і 1394 гады) сюды ўчынялі свае выправы крыжакі. Апроч таго, на места рабілі набегі крымскія татары (апошнія адбыліся ў 1505—1506 гадох).

З 1329 году Наваградак знаходзіўся ў валоданьні Карыята, па 1358 годзе — ягонага сына Фёдара, з 1386 году — Карыбута. У 1392 годзе места было адным з цэнтраў вялікакняскага дамэну. У канцы XIV — пачатку XV стагодзьдзяў вялікі князь Вітаўт пасяліў у
Наваградку і ягоных ваколіцах татараў.

Яшчэ ў 1316 годзе Наваградак стаў цэнтрам незалежнай ад Масквы Літоўскай мітраполіі, якая ахоплівала праваслаўную царкву Вялікага Княства Літоўскага і Галіцыі (да 1330 году). У 1415 годзе тут на саборы праваслаўных япіскапаў мітрапалітам літоўскім абралі Рыгора Цамблака. У 1422 годзе ў Наваградзкім фарным касьцёле адбыўся шлюб караля польскага Ягайлы з Соф’яй Гальшанскай, які даў пачатак дынастыі Ягелонаў. У 1428 годзе Вітаўт запісаў места разам з навакольнымі вёскамі ў пажыцьцёвае валоданьне сваёй жонцы Юліяне.

У студзені 1507 году Наваградак стаў сталіцай ваяводзтва. 26 ліпеня 1511 году вялікі князь Жыгімонт Стары надаў месту Магдэбурскае права, якое пацьвярджалася ў 1562, 1595 і 1776 гады. У 1518 і 1534 гадох Наваградак пацярпеў у выніку войнаў Маскоўскай дзяржавы зь Вялікім Княствам Літоўскім. На 1568 год тут дзейнічалі 10 цэркваў. З XVI ст. места стала адным з цэнтраў Рэфармацыі. З 1581 году тут праходзілі паседжаньні Галоўнага Трыбуналу. Па Берасьцейскай уніі (1596 год) Літоўская мітрапаліцкая катэдра стала грэцка-каталіцкай.

У 1648 годзе Наваградак пацярпеў ад набегаў казакаў. З пачаткам вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай у верасьні 1655 годзе яго захапіла маскоўскае войска А. Трубяцкога. Па вызваленьні, у 1661 годзе вялікі князь у зьвязку з ваеннымі спусташэньням скасаваў для Наваградку выплату падаткаў тэрмінам на 4 гады. У Вялікую Паўночную вайну (1700—1721) у 1706 годзе швэдзкія войскі занялі места і зруйнавалі замак.

Ваенныя падзеі XVI—XVIII стагодзьдзяў і іншыя катаклізмы (пажары 1578, 1599, 1613, 1652 гадоў, найбольш моцны — у 1751 годзе, калі згарэлі 167 дамоў, 4 касьцёлы, ратуша і канцылярыя ваяводы; эпідэміі 1590, 1592, 1603, 1708 гадоў) прывялі Наваградак да палітычнага і эканамічнага заняпаду. У канцы XVIII ст. у месьце дзейнічалі 3 цэрквы, 5 касьцёлаў, 6 кляштараў, сынагога і мячэт.

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Наваградак апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе ў 1796 годзе стаў цэнтрам павету Слонімскага намесьніцтва (з 1801 году Гарадзенскай, з 1842 году Менскай губэрні). 24 сьнежня 1798 году ў самім месьце або ў блізкім да яго Завосьсю нарадзіўся паэт Адам Міцкевіч.

У вайну 1812 году па заняцьці Наваградку Напалеонам зь мясцовых жыхароў сфармаваўся 19-ы ўланскі полк літоўскіх войскаў. На 1817 год у месьце было 428 драўляных і 9 мураваных жылых дамоў.

За часамі вызвольнага паўстаньня 22 ліпеня 1831 году Наваградак з-пад расейскай улады на пэўны час вызваліў аддзел Ю. Кашыца і М. Межаеўскага. Па ліквідацыі дамініканскай школы (1834) царскія ўлады адкрылі 5-клясную вучэльню, пераўтвораную ў 1858 годзе ў Наваградзкую гімназію. На 1837 год у Наваградку было 4 небрукаваныя і 9 брукаваных вуліцаў і завулкаў. За часамі нацыянальна-вызвольнага паўстаньня ў месьце сфармавалася паўстанцкая арганізацыя на чале з У. Борзабагатым.

У 1862 годзе ў Наваградку заснавалі кафляны завод, у 1888 годзе — банк, у 1895 годзе — друкарню. Паводле перапісу 1897 году, у месьце былі 723 жылыя дамы; дзейнічалі саборная царква, царква, касьцёл, сынагога і мячэт; працавалі меская вучэльня з аддзяленьнем для дзяўчынак, жыдоўская прыватная вучэльня, паштовая станцыя, 25 крамаў у гандлёвых радах і 62 асобныя крамы, цагельны, ганчарны, мылаварны і 2 ганчарна-кафляныя заводы, 8 гатэляў і 6 заезных двароў, 20 корчмаў і піцейных дамоў.

У 1905 годзе ў Наваградку зьявіліся першыя вулічныя газавыя ліхтары. На 1910 год у месьце было 76 мураваных і 1074 драўляныя будынкі, на 1914 год — 6 навучальных установаў.

За часамі Першай сусьветнай вайны 22 верасьня 1915 году Наваградак занялі войскі Нямецкай імпэрыі. У гэты час тут збудавалі электрастанцыю, правялі тэлефанізацыю і праклалі вузкакалейку.

У 1939 годзе Наваградак увайшоў у БССР, дзе ў 1940 годзе стаў цэнтрам раёну Баранавіцкай вобласьці (з 1954 году ў Гарадзенскай вобласьці). У Другую сусьветную вайну зь ліпеня 1941 да 8 ліпеня 1944 году места знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху ў складзе Генэральнага Камісарыяту «Беларусь», дзе было цэнтрам Наваградзкай акругі. У гэты часманашкі з Ордэну Сьвятой Сям’і з Назарэту зладзілі на просьбу бацькоў падпольнае вывучэньне дзяцей польскай мовы і гісторыі. Падпольная школа спыніла сваё існаваньне па тым, як 1 жніўня 1943 году 11 манашак, у тым ліку галоўную арганізатарку школы, расстралялі нацысты.

У Наваградку працуюць 6 сярэдніх школаў; 2 гімназіі; 1 вучэльня. Апроч гэтага, у месьце ёсьць два каледжы:

Мэдычнае абслугоўваньне насельніцтва ажыцьцяўляюць меская лякарня і 4 паліклінікі.

Дзейнічаюць дом культуры, 4 бібліятэкі, 2 кінатэатры.

Выдаецца газэта «Новае жыццё».

З урбананімічнай спадчыны Наваградку да нашага часу гістарычную назву захавала толькі вуліца Замкавая.

Гістарычныя мясцовасьці Наваградку: Віктарын, Калёнія, Пярэсека, Рацэўля.

У Наваградку працуюць прадпрыемствы машынабудаваньня і мэталаапрацоўкі, харчовай, лёгкай прамысловасьці і вытворчасьць будаўнічых матэрыялаў.

Наваградак — буйны вузел аўтамабільных шляхоў. На цэнтральным мескім пляцы перакрыжоўваюцца наступныя аўтамабільныя дарогі:  (Баранавічы — Наваградак — Іўе),  (Любча — Наваградак — Зьдзецел),  (Парачаны (ад ) — Наваградак — Нясьвіж). З усходняга, паўднёвага і заходняга боку места маецца колцавая аб’язная аўтамабільная дарога.

Пасажырскія перавозкі ў Наваградку і ваколіцах ажыцьцяўляе УП «Аўтобусны парк №5».

Наваградак — пэрспэктыўны цэнтар турызму міжнароднага значэньня і краязнаўства. У месьце штогод праводзіцца фэст сярэднявечнай культуры «Наваградзкі замак». За 2010 год Наваградак наведалі каля 23 тыс. турыстаў (4 турысты на 5 жыхароў за год).

Плянавалася, што ў 2009 годзе ў Наваградку паставяць помнік каралю Вялікага Княства Літоўскага Міндоўгу (у наш час працягваецца збор сродкаў). Конная статуя ў паўтара натуральнага памеру, вырабленая з бронзы, мусіць разьмясьціцца ў гістарычным цэнтры места. Праект кампазыцыі распрацаваў вядомы менскі скульптар Генадзь Буралкін.




#Article 22: Дзяржава (636 words)


Дзяржа́ва, панства — арганізацыя палітычнай улады грамадзтва, што займае пэўную тэрыторыю, мае ўласную сыстэму кіраваньня, а таксама валодае ўнутраным і вонкавым сувэрэнітэтам. На цяперашні момант уся сухапутная частка плянэты Зямля, за выняткам Антарктыды, падзеленая паміж прыкладна 200 дзяржавамі. Дзяржава ёсьць палітычнай арганізацыяй з цэнтралізаваным урадам, які падтрымлівае манаполію на законнае прымяненьне сілы ў межах пэўнай тэрыторыі. Некаторыя дзяржавы маюць фэдэратыўны прынцып будовы ці ўдзельнічаюць у фэдэральным зьвязе. Таксама некаторыя краіны могуць быць суб’ектам вонкавага сувэрэнітэту або гегемоніі, калі канчатковы сувэрэнітэт мае іншая дзяржава.

Часьцяком зьвяртаюцца да панятку «сувэрэнная дзяржава» — тып дзяржавы, які характарызуецца сувэрэнітэтам, увасабляе ў сабе сувэрэнітэт нацыянальнасьцяў і народа. Сувэрэнная дзяржава ёсьць адмысловай палітыка-тэрытарыяльнай арганізацыяй, якая валодае сувэрэнітэтам спэцыяльнага апарата кіраваньня й прымусу й здольная падаваць сваім паводзінам агульнаабавязковы характар.

Тэрмін звычайна выкарыстоўваецца ў прававым, палітычным, а таксама сацыяльным кантэкстах. Адзінага й агульнапрызнанага вызначэньня панятку «дзяржава» не існуе ані ў навуцы, ані ў міжнародным праве.

На 2005 год не існуе юрыдычнага вызначэньня дзяржавы, прызнанага ўсімі краінамі сьвету. Арганізацыя Аб’яднаных Нацыяў, хоць і зьяўляецца найбуйнейшай міжнароднай арганізацыяй, ня мае паўнамоцтваў сьцьвярджаць, што штосьці зьяўляецца дзяржавай.

Адзін зь нешматлікіх дакумэнтаў, што даюць вызначэньне тэрміну «дзяржава» ў міжнародным праве, гэта Канвэнцыя Мантэвідэо, падпісаная ў 1933 годзе некалькімі амэрыканскімі дзяржавамі. СССР і Беларусь яе не падпісвалі.

Першапачаткова любая дзяржава выконвала трыадзіную задачу:

Зь цягам разьвіцьця грамадзкіх адносінаў зьявілася магчымасьць больш цывілізаваных паводзінаў дзяржавы. Прырода дзяржавы й ейнае становішча ў палітычнай сыстэме выклікаюць наяўнасьць шэрагу спэцыфічных функцыяў, якія адрозьніваюць яе ад іншых палітычных інстытутаў. Функцыямі дзяржавы завуцца асноўныя кірункі ейнай дзейнасьці, зьвязаныя з сувэрэнітэтам дзяржаўнай улады. Ад функцыяў адрозьніваюцца мэты й задачы дзяржавы, якія адлюстроўваюць асноўныя кірункі абранай тым або іншым урадам або рэжымам палітычнай стратэгіі, сродкі ейнай рэалізацыі.

Функцыі дзяржавы клясыфікуюцца:

Асноўнай клясыфікацыяй зьяўляецца падзел функцыяў дзяржавы на ўнутраныя й вонкавыя. Да ўнутраных функцыяў дзяржавы ставяцца:

Да вонкавых функцыяў дзяржавы ставяцца:

Таксама праводзіцца падзел паміж дзейнасьцю па выпрацоўцы палітычных рашэньняў і дзейнасьцю па выкананьні гэтых рашэньняў, то бок дзяржаўнаму кіраваньню.

На ліпень 2011 году ў сьвеце існавала 194 дзяржавы, прызнаных абсалютнай большасьцю (больш за 2/3) іншых дзяржаваў. Зь іх у ААН ўваходзіць 193 дзяржавы-чальца.

Ватыкан як сувэрэнная тэрыторыя Сьвятога Пасаду мае палітычную сыстэму, падобную дзяржаве, але дзяржавай у поўным разуменьні дадзенага тэрміна не зьяўляецца. Ён афіцыйна прызнаны большасьцю дзяржаваў як сувэрэнная тэрыторыя, але не зьяўляецца чальцом ААН. Сталым назіральнікам у ААН зьяўляецца Сьвяты Пасад — унікальны сувэрэнны пэрсона () у міжнародным праве. Дыпляматычныя адносіны дзяржаваў усталёўваюцца не з Ватыканам, а са Сьвятым Пасадам, і ўсе замежныя дыпляматычныя місіі акрэдытаваныя пры Дзяржаўным сакратарыяце Сьвятога Стальцу.

Каля дзясятка дзяржаўных утварэньняў зьяўляюцца фактычна самастойнымі дзяржавамі, але альбо не прызнанымі іншымі дзяржавамі, альбо прызнанымі недастатковай колькасьцю іншых дзяржаваў, і іхны статут з-за гэтага спрэчны. Зь іншага боку, дзьве краіны (а таксама адно квазі-дзяржаўнае ўтварэньне) прызнаныя вельмі шматлікімі дзяржавамі, але фактычна не зьяўляюцца незалежнымі. Іхны статус не ўрэгуляваны. У шматлікіх частках сьвету існуюць і іншыя рэгіёны, насельніцтва якіх змагаецца за прызнаньне іхнай самастойнай дзяржаўнасьці.

Нарэшце, асобнымі асобамі або групамі людзей абвешчаныя таксама віртуальныя дзяржавы, якія ня маюць этнічнай, тэрытарыяльнай і гістарычнай легітымнасьці, а часьцяком — і тэрыторыі. Статус і катэгорыя некаторых тэрыторыяў і ўтварэньняў ня могуць быць адназначна ідэнтыфікаваныя. Таксама Эўразьвяз і Саюзная дзяржава Расеі і Беларусі маюць прыкметы дзяржавы й канфэдэрацыі, аднак у міжнародным праве не разглядаюцца як дзяржава або суб'ект міжнароднага права.

Дзяржавы, якія маюць вельмі малую тэрыторыю або колькасьць насельніцтва, мянуюць карлікавымі дзяржавамі. Моцныя незалежныя дзяржавы, якія валодаюць значнай перавагай над іншымі дзяржавамі, а таксама сталых чальцоў Савета Бясьпекі ААН называюць вялікімі дзяржавамі. Вялікія дзяржавы, якія валодаюць значнай перавагай над іншымі дзяржавамі, мянуюць звышдзяржавамі. Дзяржавы, якія валодаюць ядзернай зброяй, мянуюць ядзернымі дзяржавамі.

У апошнія гады ў міжнароднай палітычнай практыцы ўжываецца тэрмін «недзеяздольныя дзяржавы» (), якім абазначаюцца дзяржавы, улады якіх ня здольныя кантраляваць цэласнасьць тэрыторыі, палітычную, эканамічную, крымінагенную, дэмаграфічную сытуацыю ў краіне. Да іх адносяць, у прыватнасьці, Самалі, Зымбабвэ, Чад, Ірак. Фактычна, размова ідзе ў такіх выпадках аб адсутнасьці дзяржавы.




#Article 23: Аўстрыя (1458 words)


Рэспу́бліка А́ўстрыя, А́ўстрыя ( ) — краіна ў Цэнтральнай Эўропе. Мяжуе зь Нямеччынай і Чэхіяй на поўначы, Славаччынай і Вугоршчынай на ўсходзе, Славеніяй і Італіяй на поўдні, Швайцарыяй і Ліхтэнштайнам на захадзе. У Аўстрыі мяшкуюць амаль 9 мільёнаў чалавек. Тэрыторыя краіны складае 83,879 км². Ляндшафт вельмі гарысты, бо на большай частцы краіны знаходзяцца Альпы, то бок толькі 32% краіны знаходзіцца на вышыні меншай за 500 мэтраў ад узроўня мора, а самы высокі пункт складе 3,798 мэтраў. Большасьць насельніцтва размаўляе на мясцовых баварскіх дыялектах нямецкай мовы ў якасьці роднай мовы, а стандартная нямецкая мова зьяўляецца афіцыйнай мовай краіны. Да іншых рэгіянальных адносяцца вугорская, градзішчанска-харвацкая і славенская мовы.

Аўстрыя зьяўляецца фэдэратыўнай рэспублікай з парлямэнцкай прадстаўнічай дэмакратыяй, у якую ўваходзяць дзевяць фэдэратыўных земляў. Сталіцай і найбуйнейшым горадам краіны зьяўляецца Вена, насельніцтвам якой складае больш за 1,8 мільёнаў жыхароў. Да іншых буйных гарадоў адносяцца Грац, Лінц, Зальцбург і Інсбрук. Аўстрыя стала вызначаецца як адна з самых заможных краінаў у сьвеце паводле СУП на душу насельніцтва. У краіне назіраецца даволі высокі ўзровень жыцьця. Паводле вынікаў 2018 году Аўстрыя заняла 20-ы радок у сьпісе індэксу разьвіцьця чалавечага патэнцыялу ў сьвеце. Рэспубліка абвесьціла сталы нэўтралітэт у зьнешнепалітычных справах у 1955 годзе. З таго ж году Аўстрыя стала чальцом Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў. У 1995 годзе краіна ўвайшла ў Эўрапейскі Зьвяз. Аўстрыя зьяўляецца адным з заснавальнікаў АЭСР. У 1995 годзе Аўстрыя далучылася да Шэнгенскага пагадненьня, а ў 1999 годзе адмовілася ад ўласнай нацыянальнай валюты і перайшла на выкарыстаньне эўра ў якасьці сродку аплаты.

Землі сучаснай Аўстрыі былі адваяваныя рымлянамі ў кельтаў ў 15 годзе да н. э. У 788 годзе тэрыторыя была ўключана ў імпэрыю Карла Вялікага. Назву «Аўстрыя» ўпершыню згадваецца ў дакумэнце ад 1 лістапада 996 году.

Дом Габсбургаў, з праўленьнем якога зьвязаны росквіт Аўстрыйскага дзяржавы, прыйшоў да ўлады ў XIV стагодзьдзі, а з 1438 па 1806 гады эрцгерцагі аўстрыйскія насілі тытул імпэратара Сьвятой Рымскай імпэрыі.

З 1156 году Аўстрыя — герцагства, з 1453 — эрцгерцагства, з 1804 — імпэрыя Габсбургаў, у 1867—1918 гг. — Аўстра-Вугоршчына (дуалістычная — двуадзіная манархія). Аўстрыйская Рэспубліка ўтварылася ў лістападзе 1918 году пасьля распаду Аўстра-Вугорскай манархіі. У 1938 адбылося яе гвалтоўнае, але разам з тым мірнае далучэньне да нацысцкай Нямеччыны (аншлюс). Пасьля Другой сусьветнай вайны Аўстрыя часова страціла незалежнасьць, будучы падзеленай на чатыры акупацыйныя зоны паміж Францыяй, ЗША, Вялікабрытаніяй і СССР.

Перамовы аб аднаўленьні незалежнасьці пачаліся ў 1947, але толькі ў 1955 Аўстрыя зноў стала цалкам незалежнай дзяржавай па Дзяржаўнай дамове ад 15 траўня 1955. У кастрычніку таго ж году прыняты закон аб пастаянным нэўтралітэце Аўстрыі.

Аўстрыя зьяўляецца фэдэральнай краінай якая аб’ядноўвае дзевяць самастойных земляў. Такая структура была зацьверджана паводле канстытуцыі 1920 году, зь некаторымі радагаваньнямі ў 1929 годзе. Надчас уваходжаньня ў склад Трэцяга Райху сыстэма была скасавана, аднак зноўку адноўлена ў 1945 годзе. Кіраўніком краіны зьяўляецца фэдэральны прэзыдэнт, які абіраецца на 6 гадоў. Урад узначалены фэдэральным канцлерам, міністры назначаюцца прэзыдэнтам. Парлямэнт Аўстрыі ёсьць дзьвюхпалатны Фэдэральны сход, які складаецца з Фэдэральнай рады і Нацыянальнай рады, якія базуюцца ў Вене. Фэдэральная рада складаецца з 64 дэпутатаў, якія абіраюцца парлямэнтамі земляў. Землі прадстаўлены рознай колькасьцю дэпутатаў (ад 3 да 12) у залежнасьці ад колькасьці насельніцтва. Нацыянальная рада складаецца з 183 дэпутатаў, якія абіраюцца паводле прапарцына-сьпісачнай сыстэмы.

На вяршыні судовай улады знаходзіцца канстытуцыйны суд, які можа аказваць значны ўплыў на палітычную сыстэму краіны праз скасаваньне законаў і пастановаў, якія былі складзены не ў адпаведнасьці з канстытуцыяй. З 1995 году Эўрапейскі суд можа адмяніць аўстрыйскія рашэньні па ўсіх пытаньнях, вызначаных у законах Эўрапейскага Зьвязу. Аўстрыя таксама ажыцьцяўляе рашэньні Эўрапейскага суду па правах чалавека, бо Эўрапейская канвэнцыя па правах чалавека зьяўляецца часткай аўстрыйскае канстытуцыі. Аўстрыя мае 10 галасоў у Радзе Эўрапейскага Зьвязу і 18 месцаў у Эўрапейскім парлямэнце. У Эўрапейскай камісіі Аўстрыя была прадстаўлена з 1995 па 2004 год Францам Фішарам (раней міністар сельскай гаспадаркі), а з 2004 году Бэніта Фэрэра-Вальднэрам (раней міністар замежных справаў Аўстрыі). Палітычная будова краіны заснавана на канстытуцыі ад  кастрычніка 1920 году.

Увесну 2017 году пасьля распаду вялікай кааліцыі была абвешчаны датэрміновыя выбары ў парлямэнт, якія прайшлі ў кастрычніку 2017 году. Аўстрыйская народная партыя (АНП) са сваім новым маладым лідэрам Сэбастыянам Курцам атрымала 31,5% галасоў. Другое месца заняла Сацыял-дэмакратычная партыя (СДП) з паказчыкам у 26,9% галасоў. Трэці радок атрымала Партыя Свабоды Аўстрыі (ПСА), якая атрымала 26 галасоў. У выніку сфармавалася кааліцыя паміж правацэнтрысцкай АНП і правапапулясцкай ПСА, а новым канцлерам краіны стаў Сэбастыян Курц.

Аўстрыя не ўваходзіць у вайсковыя блёкі і зьяўляецца нэўтральнай краінай. Падчас канфліктаў у краінах суседняй Югаславіі, у краіне ўздымалася пытаньне аб парушэньні нэўтральнасьці і неабходнасьці ўвайсьці ў склад НАТО. Але ўрад Аўстрыі не пайшоў на зьмены і краіна надалей прытрымліваецца нэўтральнасьці. Аўстрыйскія ўзброеныя сілы рыхтуюцца выключна да абароны краіны.

У склад Аўстрыі ўваходзяць дзевяць земляў: Бургенлянд, Карынтыя, Ніжняя Аўстрыя, Верхняя Аўстрыя, Зальцбург, Штырыя, Тыроль, Форарльбэрг, Вена.

Аўстрыя зьяўляецца горнай краінай, большая частка краіны разьмяшчаецца ў Альпах. З агульнай плошчы краіны (84 000 км²), толькі чацьвёртая частка мае раўнінны рэльеф, і толькі 32% плошчы Аўстрыі знаходзіцца ніжэй 500 мэтраў над узроўнем мора. Самая высокая частка краіны знаходзіцца ў Альпах на захадзе Аўстрыі, самая нізкая на раўнінах на ўсходзе.

Аўстрыю можна падзяліць на пяць частак. Большай зь якіх будуць Аўстрыйскія Альпы (62% ад агульнай плошчы краіны), Аўстрыйскія ўзгор’і Альпаў і Карпатаў (12% тэрыторыі), Усходняя частка, якая прылягае да раўніны Панон (12% тэрыторыі), другая горная частка (ніжэйшая за Альпы), знаходзіцца на поўначы краіны, вядомая як аўстрыйскае плято, знаходзіцца ў цэнтральнай Багеміі і займае каля 10% краіны, астатняя раўнінная частка вакол Вены займае 4% плошчы.

На тэрыторыі Аўстрыі разьмяшчаюцца чатыры экарэгіёны: цэнтральна-эўрапейскія зьмешаныя лясы, панонскія зьмешаныя лясы, аўстрыйскія хваёвыя і зьмешаныя лясы і шырокаліставыя лясы.

Эканоміка Аўстрыі заснаваная па прынцыпах рынкавай гаспадаркі. Гэта адна з самых разьвітых краінаў Эўропы, а таксама ўваходзіць у дзясятку самых багатых краінаў сьвету (калі лічыць стасунак СУП на душу насельніцтва). Падаткі складаюць 43% нацыянальнага прыбытку, што крыху ніжэй, чым у скандынаўскіх краінах. Узровень беспрацоўя вагаецца ад 4,4% да 6,8%. Каэфіцыент Джыні, які адлюстроўвае рознасьць прыбыткаў паміж багатымі і беднымі складае 29 і зьяўляецца адным з самых нізкіх у сьвеце. Сукупны ўнутраны прадукт у 2002 годзе склаў 200,7 млрд эўра, вытворчасьць СУП на 1 занятага (вытворчасьць працы) — 58,3 тыс. эўра.

Інфляцыя ў Аўстрыі адна з самых нізкіх (каля 1,8%), індэкс спажывецкіх цэнаў 2002 году да 1996 году склаў 108,8, а агулам па Эўрапейскім Зьвязе — 110,8.

Прыкладна 2,2% СУП прыходзіцца на сельскую гаспадарку, 32,3% на прамысловасьць, 65,5% — сфэра паслугаў, транспарт, банкаўскі і страхавы сэктар. Трэцяя частка аб’ёму прамысловай вытворчасьці прыходзіцца на дзяржаўны сэктар эканомікі.

Тым ня менш у Аўстрыі існуюць праблемы ў сельскай гаспадарцы зьвязаныя з эўрапейскай інтэграцыяй. Коштавая палітыка, якая праводзіцца Эўрапейскім Зьвязам у галіне сельскагаспадарчай вытворчасьці прывяла да таго, што 69% усіх сельскагаспадарчых земляў аказаліся нерэнтабэльнымі.

У гарадах жыве 77% насельніцтва Аўстрыі, чвэрць зь іх жыве ў сталіцы краіны — Вене. 88,6% насельніцтва — нямецкамоўныя аўстрыйцы, зь якіх 4% карыстаецца алеманскай мовай, астатнія — баварскай. 14,5% насельніцтва Аўстрыі складаюць эмігранты гэта адзін з самых вялікіх паказчыкаў у Эўропе, большы ён толькі ў Люксэмбургу і Швайцарыі. Большасьць эмігрантаў прыехала з Сэрбіі, Чарнагорыі, Турэччыны і Нямеччыны.

Сучасныя межы Аўстрыі былі вызначаны Сэн-Жэрмэнскай дамовай у 1919 годзе, у некаторых жыхароў Аўстрыі да нашых дзён засталіся сваякі ў суседняй Чэхіі, Славаччыне і Вугоршчыне.

Афіцыйнай мовай Аўстрыі зьяўляецца нямецкая мова, ёй карыстаюцца ўсе жыхары краіны, нягледзячы на нацыянальнасьць. Аднак вызначаецца ўласны, аўстрыйскі дыялект.

Аўстрыя зрабіла вялікі ўнёсак у розныя формы мастацтва, у першую чаргу сярод у музыку. Краіна шырока вядома дзякуючы шматлікім выбітным кампазытарам, якія маюць непасрэднае датыченьне да Аўстрыі, як то Франц і Ёзэф Гайдн, Фэрэнц Ліст, Франц Шубэрт, Антон Брукнэр, Ёган Штраўс-старэйшы і Ёган Штраўс-малодшы, а таксама чальцоў Другой венскай школы, як то Арнольд Шэнбэрг, Антон Вэбэрн і Альбан Бэрг. Самым знакамітым прадстаўніком краіны зьяўляецца Вольфганг Амадэй Моцарт, які нарадзіўся ў Зальцбургу, у незалежнай эпархіі Сьвятой Рымскай імпэрыі, якая пазьней увайшла ў склад Аўстрыі. Вялікую частку сваёй кар’еры Моцарт правёў у Вене.

Вена доўгі час зьяўляецца важным цэнтрам эўрапейскай музыкі. У XVIII і XIX стагодзьдзя шмат кампазытараў заахвоціліся перабрацца ў Вену, бо гэтаму садзейнічалі Габсбургі, што зрабіла Вену сапраўднай эўрапейскай сталіцай клясычнай музыкі. У эпоху барока, славянскія і вугорскія народныя музычныя традыцыі спарадзілі пэйўны ўплыў на аўстрыйскую музыку. Аднак статус Вены як музычнага цэнтру пачаў уздымацца яшчэ ў пачатку XVI стагодзьдзя. Людвіг ван Бэтговэн большую частку свайго жыцьця правёў у Вене. У цяперашні час нацыянальны гімн Аўстрыі, аўтарства якога належыць Моцарту, быў абраны ў якасьці дзяржаўнага пасьля Другой сусьветнай вайны, замяніўшы традыцыйны аўстрыйскі гімн Ёзэфа Гайдна.

Сярод аўстрыйскіх мастакоў і архітэктараў варта вылучыць мастоў Фэрдынанда Георга Вальдмюлера, Рудольфа фон Альта, Ганса Макарта, Густава Клімта, Оскара Какошка, Эгана Шыле, Карла Моля і Фрыдэнсрайха Гундэртвасэра, фатографаў Інге Морат і Эрнста Гааса, а таксама архітэктараў Ёгана Бэрнгарда Фішэра фон Эрляха, Ота Вагнэра, Адольфа Лёоса і Ганса Голяйна.

Свой унёсак у разьвіцьцё сусьветнай літаратуры зрабілі аўстрыйскія паэты, пісьменьнікі і раманісты. Да вядомых раманістаў можна аднесьці Артура Шніцлера, Штэфана Цвайга, Томаса Бэрнгарда, Робэрта Музыля. Вядомымі аўстрыйскімі паэтамі зьяўляюцца Георг Тракль, Франц Вэрфэль, Франц Грыльпарцэр, Райнэр Марыя Рыльке, Адальбэрт Штыфтэр, Карл Краўс, а таксама дзіцячая аўтарка Эва Ібатсан.




#Article 24: Янка Купала (2272 words)


Я́нка Купа́ла (сапр. — Іва́н Даміні́кавіч Луцэ́віч; ; в. Вязынка, цяпер Маладэчанскі раён, Менская вобласьць, Беларусь — 28 чэрвеня 1942) — клясык беларускае літаратуры, паэт, драматург, публіцыст, заснавальнік (разам зь Якубам Коласам) новае беларускае літаратуры і беларускае літаратурнае мовы. Народны паэт Беларусі (1925). Акадэмік АН Беларусі і АН Украіны (1929). Ляўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1941) за зборнік «Ад сэрца».

Творчасьць Купалы прызнаецца за летапіс жыцьця беларускага народу, адбітак яго нацыянальнага характару і сьветаразуменьня. У сваіх сатырычных камэдыях «Паўлінка» (1912) і «Тутэйшыя» (1922), драмы «Раскіданае гняздо» (1913) выявіў духоўную прыгажосьць і маральныя заганы розных сацыяльных супольнасьцяў беларускага грамадзтва, складаны гістарычны лёс народу і самабытнасьць беларускае культуры. У раньняй паэзіі, блізкай да фальклёру сваёй вобразнасьцю, адлюстраваў цяжкую долю беларускага народу, адметныя рысы яго гістарычнага шляху і характару, сьветаўспрыманьня (зборнікі вершаў «Гусьляр», 1910; «Шляхам жыцьця», 1913; паэмы «Адвечная песьня», 1908; «Сон на кургане», 1910; «Магіла льва», 1913) і іншыя.

З 1944 году дзейнічае Дзяржаўны літаратурны музэй Янкі Купалы. У гонар паэта ў 1957 годзе была заснаваная Літаратурная прэмія імя Янкі Купалы. З 1995 году сыстэматычна праводзяцца штогадовыя Купалаўскія чытаньні — прафэсійны форум для абмеркаваньня навуковых дасягненьняў і праблемаў купалазнаўства. У 1996 годзе быў створаны Міжнародны фонд Янкі Купалы. Імем паэта названы Нацыянальны акадэмічны тэатар імя Янкі Купалы, Гарадзенскі дзяржаўны ўнівэрсытэт імя Янкі Купалы, парк у Менску і станцыя менскага мэтрапалітэну.

Нарадзіўся 7 ліпеня 1882 году (па новым стылі) у фальварку Вязынка пад Менскам (цяпер у Маладэчанскім раёне Менскай вобласьці). Бацькі — Дамінік Ануфрыевіч Луцэвіч і Бянігна Іванаўна Валасевіч — належалі да дробнай зьбяднелай шляхты, арандавалі зямлю ў памешчыцкіх фальварках. Пры хрышчэньні 12 ліпеня 1882 году ў Радашкавіцкім касьцёле Івана Луцэвіча запісалі дваранінам, але пазьней паводле афіцыйных дакумэнтаў ён належаў да мяшчан. У 1898 годзе Купала закончыў Бяларуцкае народнае вучылішча. Пасьля сьмерці бацькі ў 1902 годзе працаваў на гаспадарцы, таксама на пасадах хатняга настаўніка, пісара ў судовага сьледчага ў Радашкавічах (1903), практыканта на бровары ў Яхімоўшчыне і іншых.

Першыя творы Купалы — некалькі сэнтымэнтальных вершаў на польскай мове, надрукаваных ў 1903—1904 гадох у часопісе «Ziarno» пад псэўданімам «К-а». Першы верш на беларускай мове — «Мая доля» (датуецца 15 ліпеня 1904 году). Першае беларускамоўнае выступленьне ў друку — публікацыя 15 траўня 1905 году ў газэце «Северо-Западный край» верша «Мужык». Першая публікацыя ў беларускамоўнай прэсе — верш «Касцу», надрукаваны ў «Нашай Ніве» 11 траўня 1907 году. Улетку таго ж году ў «Нашай Ніве» зьяўляюцца й іншыя творы Купалы. Яго раньнім вершам уласьцівае падабенства да фальклёру й беларускай паэзіі XIX стагодзьдзя.

На працягу 1906—1907 гадоў пішуцца паэмы «Зімою», «Нікому», «Адплата каханьня», 18 сьнежня 1908 году «Наша Ніва» публікуе паэму «У Піліпаўку». У тым жа годзе скончана праца над паэмамі «Адвечная песьня» і «За што?». Тэмаю гэтых твораў стала сацыяльная несправядлівасьць ды прыгнёт.

Восеньню 1908 году Купала пераяжджае ў Вільню, дзе супрацоўнічае з рэдакцыяй «Нашай Нівы». У віленскі пэрыяд узьнікаюць шмат шырокавядомых потым вершаў — «Маладая Беларусь», «Заклятая кветка», «Адцьвітаньне» ды іншыя, некаторыя зь іх друкуе «Наша Ніва».

У 1908 годзе ў Пецярбургу ў выдавецтве «Загляне сонца і ў наша аконца» выходзіць першы зборнік Купалы пад назвай «Жалейка». У кастрычніку таго ж году санкт-пецярбурскі камітэт па справах друку пры міністэрстве ўнутраных справаў вырашае канфіскаваць зборнік як антыдзяржаўны і прыцягнуць аўтара і выдавецтва да адказнасьці. Цаною нямалых клопатаў арышт з кнігі быў зьняты, аднак у 1909 годзе наклад кнігі паўторна канфіскаваны па загадзе віленскага генэрал-губэрнатара Кршывіцкага. Каб не зашкодзіць афіцыйнай рэпутацыі «Нашай Нівы», Купала кідае працу ў рэдакцыі.

У сьнежні 1909 году Купала падаецца ў Пецярбург. Там ён ад 1909 да 1913 году вучыцца на курсах Аляксандра Сяргеевіча Чарняева пры Пецярбурскім унівэрсытэце, дзе выкладалі вядомыя пецярбурскія вучоныя. 8 ліпеня 1910 году асобнай кніжкай выходзіць паэма Купалы «Адвечная песьня», а 13 кастрычніка 1910 году — другі яго зборнік «Гусьляр». У зьмешчаных у зборніку вершах гучаць заклікі да абуджэньня нацыянальнай годнасьці ды змаганьня за волю, але ж вершы з адкрытымі заклікамі да паўстаньня («Зваяваным» і іншыя) былі выкрэсьленыя са зборніку перад выданьнем, каб пазьбегнуць цэнзуры. У траўні 1910 году завершаная паэма «Курган», а ў жніўні таго ж году — драматычная паэма «Сон на кургане», адзін з найбольш значных твораў паэта, сымбалічная выява беднаснага становішча ў тагачаснай Беларусі, спроба вылучыць яго глыбінныя прычыны. Асобным выданьнем паэма выйшла ў 1912 годзе там жа, ў Пецярбургу.

У 1911—1913 гадох Купала ўлетку наведвае маці й сясьцёр у Беларусі, у фальварку Акопы. 3 чэрвеня 1912 году ён завяршыў свой першы сцэнічны твор — камэдыю «Паўлінка», якая ў наступным годзе была выдадзена ў Пецярбургу, а потым і пастаўлена на сцэне — спачатку ў Пецярбургу, потым у Вільні, нарэшце летам 1913 году ў Радашковічах. На спэктаклях прысутнічаў сам аўтар. У чэрвені 1913 году там жа, ў Акопах, завершана гістарычная паэма «Бандароўна», сьледам за ёю — паэмы «Магіла льва», «Яна і я», а таксама сцэнічны жарт «Прымакі».

Вясной 1913 году быў выдадзены трэці зборнік Купалы — «Шляхам жыцьця». У вершах, што склалі гэты зборнік, у адрозьненьне ад папярэдніх двух, прыметны значны ўплыў эстэтыкі мадэрну й сымбалізму. Сярод іншых твораў у зборніку была зьмешчана драматычная паэма «На папасе».

Верасьнем 1913 году датуецца цэнтральны твор у дарэвалюцыйнай творчай спадчыне Купалы — драма «Раскіданае гняздо». Ў ёй на прыкладзе адной сялянскай сям’і, якая застаецца безь зямлі й прытулку, адлюстраваная трагедыя беларускага народу. Купала ставіць перад сваімі героямі праблему выбару: вечнаму маўкліваму трываньню ды прыстасаваньню да абставінаў супрацьпастаўляецца ўтапічная ідэя «вялікага сходу», як адзіны паратунак ад несправядлівасьці. П’еса была пастаўлена на сцэне толькі ў 1917 годзе, пасьля рэвалюцыі, а надрукавана яшчэ пазьней — у 1919 годзе ў Вільні.

Увосень 1913 году Купала вяртаецца ў Вільню, дзе спачатку працуе сакратаром Беларускага выдавецкага таварыства, а потым ізноў супрацоўнічае з «Нашай Нівай». З 7 сакавіка 1914 году газэта выходзіць за подпісам Купалы як рэдактара. Адначасова ён дапамагае Максіму Багдановічу ды Канстанцыі Буйло ў выданьні зборнікаў іх паэзіі.

У жніўні 1914 году пачынаецца першая сусьветная вайна, і Купала зь верасьня па сьнежань 1914 году працуе над цыклям антываенных вершаў «Песьні вайны». Таксама ён піша артыкулы ў «Нашай Ніве», накіраваныя супраць вайны. За артыкул «Думкі» Купала меўся быць прыцягнуты да судовай адказнасьці, але з прычыны набліжэньня фронту да Вільні ды пачатку эвакуацыі суд не адбыўся. У верасьні 1915 году Купала пераяжджае зь Вільні ў Акопы.

У канцы верасьня 1915 году ён едзе ў Маскву, там вучыцца ў Народным унівэрсытэце імя А. Л. Шаняўскага. Там жа ён 23 студзеня 1916 году жэніцца з Уладзіславай Францаўнай Станкевіч ды пераяжджае ў Менск. У студзені 1916 году Купала прызываецца ў армію, трапляе ў дарожна-сапёрны атрад, які знаходзіўся ў Менску, а летам таго ж году быў пераведзены ў Полацак. Час нямецкай акупацыі правёў у Смаленску. З 1916 да восені 1918 году ніводнага твора ён не напісаў. У кастрычніку-сьнежні 1918 году стварае нізку вершаў-заклікаў, якая стане яго водгукам на падзеі тых гадоў — рэвалюцыі, акупацыі, абвяшчэньне БНР: «Час!», «На сход!», «Пчолы», «Званы» і іншыя. Атрымлівае пасьведчаньне грамадзяніна Беларускай Народнай Рэспублікі за №1042.

Купала вяртаецца ў Менск у студзені 1919 году. 25 жніўня выйшаў першы нумар рэдагаванай Купалам газэты «Звон». Ён піша новыя вершы і друкуе шматлікія артыкулы на тэмы нацыянальнага адраджэньня ды змаганьня за волю, адначасова перакладае на беларускую мову «Слова пра паход Ігараў». 24 чэрвеня 1920 году быў наладжаны банкет з нагоды 15-годзьдзя літаратурнай творчасьці Купалы. На ім паэт выступіў з прамовай, тэкст якой да 1988 году ня быў апублікаваны.

На пачатку 20-х гадоў, пасьля абвяшчэньня БССР, Купала працуе намесьнікам загадчыка літаратурна-выдавецкага аддзела Наркамасьветы БССР, рэдагуе часопіс «Вольны сьцяг», дапамагае ўтварэньню Інстытута беларускай культуры, сапраўдным чальцом якога быў абраны ў 1922 годзе (па ўтварэньні на базе Інбелкульту Акадэміі навук у 1928 годзе Купала стаў акадэмікам). У сакавіку 1921 году Янка Купала быў пад хатнім арыштам. У яго на кватэры быў зроблены ператрус, а архіў адвезены ў ГПУ. У 1922 годзе выходзіць зборнік «Спадчына», які складаецца як з новых вершаў, так і са створаных падчас першай сусьветнай вайны. Вершы «Паўстань з народу нашага, прарок…» і «Жыды!» былі выдаленыя са зборніку з цэнзурных меркаваньняў. У 1923 годзе падрыхтаваў літаратуразнаўчы слоўнік «Практыка і тэорыя літаратурнага мастацтва», які ўвайшоў у сэрыю «Беларускай навуковай тэрміналёгіі», выдаванай Інбелкультам.

У 1924 годзе друкуе паэму «Безназоўнае», у якой усхваляе барацьбу за незалежнасьць папярэдніх гадоў і заклікае не спыняць змаганьня, замацоўваць ужо дасягнутае і пакінуць пасьля сябе цалкам вольную Беларусь. У 1925 годзе паэт атрымлівае тытул Народнага паэта БССР. Летам 1926 году ў часопісе «Полымя», што прыйшоў на зьмену «Адраджэньню», была надрукаваная нізка вершаў, многія зь якіх былі пратэстнымі і трапілі пад строгую забарону: «Царскія дары», «Каб», «Акоў паломаных жандар…» і іншыя.

У 1927 годзе Купала ўзначальвае літаратурную суполку «Полымя», якая аб’яднала пісьменьнікаў-«адраджэнцаў». 7 лістапада 1927 году беларускія газэты друкуюць паэму Купалы «З угодкавых настрояў», прысьвечаную 10-годзьдзю кастрычніцкага перавароту. У паэме ўхваляюцца падзеі кастрычніка 1917 году з надзвычай вялікім патасам, празь які праглядае яўная насьмешка.

Падчас візыту ў Чэхаславаччыну ў 1927 прадстаўнік эміграцыйнага ўраду БНР патаемна прапанаваў Купалу палітычны прытулак у Чэхіі. Паэт адмовіўся, спаслаўшыся на сваякоў у Беларусі.

У наступныя гады пачынаецца хваля рэпрэсіяў сярод творчай інтэлігенцыі, і Купала, як і шмат іншых беларускіх ды расейскіх паэтаў, прымушаны пісаць на замову ўлады ўхвальныя вершы на тэмы «будаўніцтва сацыялізму». Ён шмат разоў выклікаўся на допыты па справе контррэвалюцыйнай арганізацыі «Саюз вызваленьня Беларусі» (СВБ), якая ў рэальнасьці не існавала. 20 лістапада 1930 году, ня вытрымаўшы зьдзекаў, Купала робіць спробу самагубства, але застаецца жывы. 21 лістапада першы сакратар Цэнтральнага камітэту Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі Канстантын Гей запатрабаваў «дабіцца» ад Купалы «выступленьня з асуджэньнем усіх сваіх твораў» і «арыштаваных па справе „СВБ“». 22 лістапада ў лісьце да старшыні Цэнтральнага выканаўчага камітэту Беларускай ССР Аляксандра Чарвякова Купала заявіў: «Я ў ніякай контаррэвалюцыйнай арганізацыі ня быў», і прасіў «рэабілітаваць мяне», вырваўшы «верш, зьмешчаны ў зборніку». Лежучы ў шпіталі, канчаткова зломлены, падпісвае г. зв. «Адкрыты ліст Я. Купалы» з адрачэньнем ад нацыянальнай ідэі. У гэтым лісьце, надрукаваным у газэце «Зьвязда» 14 сьнежня 1930 году, Купала «шчыра» раскайваецца ў контр-рэвалюцыйнай дзейнасьці, у сваёй ідэйна-натхняючай ролі ў беларускім нацыянальна-дэмакратычным руху. У 1935 годзе Купала разам з дэлегацыяй савецкіх журналістаў і пісьменьнікаў наведвае Славаччыну, у прыватнасьці жывапіснае мястэчка Сьвяты Юр.

Творчасьць Купалы 30-х гадоў складаецца з прасавецкіх вершаў ды артыкулаў, пазбаўленых мастацкае вартасьці, апроч цыклу вершаў 1935 году, створаных у вёсцы Ляўкі («Сонцу», «Лён», «Дарогі» і іншыя), паэмы «Над ракою Арэсай» (1933), прысьвечанай калектывізацыі, паэмы «Барысаў» (1934) і паэмы «Тарасова доля» (1939) памяці Тараса Шаўчэнкі. У лістападзе 1937 г., акурат пасьля «Вялікага расстрэлу», Купала напісаў 8 слупкоў верша да 20-ай гадавіны кастрычніцкага перавароту 1917 году ў Расеі пад пагрозай расстрэлу Якуба Коласа і сваякоў. Зь вершаў 30-х гадоў быў складзены зборнік «Ад сэрца» (1940), за які Купала ў 1941 годзе атрымаў Сталінскую прэмію ў галіне літаратуры і мастацтва.

Другая сусьветная вайна застала Купалу ў Коўне, дзе 22 чэрвеня 1941 году ён спыніўся па дарозе з Рыгі, вяртаючыся са зьезду пісьменьнікаў савецкай Латвіі. Забраўшы зь Менску жонку, пісьменьнік зьехаў у Маскву, а адтуль напрыканцы кастрычніка эвакуяваны ў Печышчы (Татарстан). Ён стварае шэраг вершаў — зваротаў да свайго народу, у якіх заклікае да барацьбы з акупантамі: «Беларускім партызанам», «Зноў будзе шчасьце мець і волю…», «Паўстаў народ…» і іншыя.

Галоўнаю прычынаю ўсіх трох вэрсіяў сьмерці Янкі Купалы маглі стаць чуткі пра прысваеньне ў акупаваным Менску адной з вуліцаў імя Івана Луцэвіча. Ціск НКУС і пастаянныя даносы на паэта пра ягоныя сувязі з нацыстамі, падагрэтыя гэтымі чуткамі, уплывалі на псыхалягічны стан паэта і маглі стацца прычынаю забойства. Хоць насамрэч менская вуліца была названая ў гонар Івана Луцкевіча. А вуліца імя Янкі Купалы магла зьявіцца ў Менску яшчэ да вайны, аднак тагачасны сакратар ЦК КПБ Панцеляймон Панамарэнка выкрасьліў з партыйнай пастановы прозьвішча паэта, унесенае з фармулёўкай «на прапанову працоўных».

Адносна непрацяглы дарэвалюцыйны пэрыяд творчай актыўнасьці Янкі Купалы (1907—1913 гг.) зьяўляецца найбольш плённым ў ягонай літаратурнай біяграфіі. Менавіта ў гэтыя гады выходзіць тры зборнікі вершаў («Жалейка», 1908; «Гусьляр», 1910 і «Шляхам жыцьця», 1913) і тры з чатырох яго драматычных твораў (п’есы «Паўлінка», 1912; «Прымакі», 1913; «Раскіданае гняздо», 1913).

У гэты ж час Купала стварае трынаццаць з 18 сваіх паэмаў. Умоўна Купалавы паэмы гэтага пэрыяду падзяляюць на раньнія («Зімою», «Нікому», «Калека», «Адплата каханьня», усе 1907 г.), фальклёрна-рамантычныя («Курган», 1910; «Бандароўна», «Магіла льва», «Яна і я», усе 1913 г.), драматычныя («Адвечная песьня», 1908; «Сон на кургане», 1910; «На папасе», 1913) і апавядальныя («У Піліпаўку», «За што?», абедзьве 1908 г.).

Асэнсаваньнем неадназначных лёсавызначальных падзеяў у жыцьці беларускага грамадзтва ў першыя пасьлярэвалюцыйныя гады прасякнуты зборнік вершаў «Спадчына» (1922), трагікамэдыя «Тутэйшыя» (1922), рамантычная паэма «Безназоўнае» (1924), лірыка-публіцыстычная паэма «З угодкавых настрояў» (1927).

Апошнія паэмы Купалы «Над ракою Арэсай» (1933), «Барысаў» (1934), «Тарасова доля» (1939) і зборнік вершаў «Ад сэрца» (1940) сталі сьведчаньнем трагічнага спыненьня творчага ўздыму паэта, пазбаўленага магчымасьці ствараць свабодна.

Значную частку літаратурнай спадчыны Янкі Купалы ўтварае ягоны перакладчыцкі набытак. Зь пяці моваў (расейскай, украінскай, польскай, францускай і нямецкай) Купала пераклаў 92 творы 36 аўтараў (у тым ліку 9 невядомых), зь іх 71 верш, 15 паэмаў ці ўрыўкаў зь іх, опэрнае лібрэта «Галька» С.Манюшкі, драму «Эрас і Псіха» Е. Жулаўскага і інш. Найчасьцей зьвяртаўся да творчасьці Т.Шаўчэнкі (пераклаў 26 твораў), М.Канапніцкай (12), М.Някрасава (6), А.Міцкевіча (5) і Ул. Сыракомлі (5). Дзякуючы Купалу па-беларуску загучалі «Слова аб палку Ігаравым» (прозай і вершам), «Інтэрнацыянал», паэма А.Пушкіна «Медны коньнік» ды іншыя творы.

Творы Купалы перакладзены на 117 моваў сьвету.

На 2012 год паводле вершаў Янкі Купалы стварылі звыш 200 сьпеўных твораў.

Дасьледаваньню жыцьця і творчасьці, захаваньню літаратурнай спадчыны беларускага песьняра прысьвечана праца Літаратурнага музэю Янкі Купалы ў Менску, філій музэю ў Вязынцы, Ляўках, Харужынцах (філіял «Акопы»), Яхімоўшчыне, дзейнасьць Міжнароднага фонду Янкі Купалы.

Імём Янкі Купалы названыя Інстытут мовы і літаратуры Нацыянальнай Акадэміі Навук Беларусі (разам з імём Якуба Коласа), Гарадзенскі дзяржаўны ўнівэрсытэт (1957 г.), вуліца, парк і станцыя мэтро ў Менску, мэмарыяльныя запаведнікі ў Вязынцы і Ляўках, ляндшафтны заказьнік у Акопах, праспэкт у Горадні. У 1959 годзе пачала прысуджацца Літаратурная прэмія імя Янкі Купалы (ад 1965 году прэмія мае статус дзяржаўнай).

Папулярызацыю ведаў пра жыцьцё і творчасьць першага народнага паэта Беларусі маюць на мэце Купалаўскія чытаньні. За апошнія гады чытаньні сталі галоўным прафэсійным форумам для абмеркаваньня навуковых дасягненьняў і праблемаў купалазнаўства.

У дзень нараджэньня паэта ў 2012 годзе Google зьмяніла свой лягатып на Doodle з партрэтам Купалы для карыстальнікаў зь Беларусі і беларускай вэрсіі пашукавіка.




#Article 25: N.R.M. (555 words)


N.R.M. (Незале́жная Рэспу́бліка Мро́я) — беларускі рок-гурт. Заснаваны ў 1994 годзе ўдзельнікамі рок-гурту «Мроя».

Гурт быў створаны ў 1994 годзе на падмурку гурту «Мроя». Зьмена назвы была зьвязаная з пажаданьнем адысьці ад стэрэатыпаў, зьвязаных з «Мрояй», і пачаць граць новую музыку на новым узроўні. Альбом «Пашпарт грамадзяніна N.R.M.» (1998) стаў самай папулярнай працай гурту. Песьні зь яго (асабліва «Песьня пра каханьне» й «Паветраны шар») сталі сапраўднае культавымі сярод нацыянальна-арыентаванай моладзі. З тых часоў N.R.M. застаецца самым папулярным рок-гуртам у Беларусі.

Альбом «Try čarapachi» (2000) стаў якасным пераходам гурту на новую ступень у працы над музыкай. Зьлёгку зьмянілася музыка й стылістыка тэкстаў, што стала прычынай адыходу некаторых старых аматараў гурту й зьяўленьня шматлікіх новых. Музыка стала цяжэйшай, тэксты — больш глыбокімі й актуальнымі. Наагул альбом значна болей прафэсійны за папярэднія. Адной з самых гітовых песень N.R.M. стала «Try čarapachi», безь якой цяпер не абыходзіцца ніводны канцэрт.

З 2000 году ўдзельнікі сталі больш свайго часу выдзяляць на працу ў іншых музычных праектах (у выніку чаго амаль уся рок-сцэна Беларусі так ці іначай зьвязаная з удзельнікамі гурту N.R.M.), таму альбомы сталі зьяўляцца радзей, і колькасьць сольных канцэртаў паменшылася.

З 2002 году пачалі цыркуляваць чуткі аб хуткім развале гурту. Ускосна на гэта паказваў той факт, што з таго часу не было выдана ніводнага новага альбому (толькі дзьве новыя песьні на «Справаздачы 1994—2004»).

На працягу наступных трох гадоў гурт працягваў актыўную канцэртную дзейнасьць. Адбыліся шматлікія выступы за мяжой: у Польшчы, Нямеччыне, Славаччыне, Швэцыі. У Беларусі гурт уваходзіў у сьпіс забароненых, таму канцэрты адбываліся рэдка й у паўпадпольных умовах. За 2006 год не адбылося ніводнага афіцыйнага канцэрту і не было магчымасьці рэклямаваць канцэрты, але музыкі зьявіліся на зборным шоў у падтрымку выпуску сэрыі складанак «Песьні свабоды», на які сабраліся ўдзельнікі Neuro Dubel, Крама, Indiga, Hair Peace Salon і шэрагу іншых знакамітых беларускіх рок-калектываў, які адбыўся на плошчы Бангалор 25 жніўня 2006 году.

У 2007 годзе быў выдадзены шосты студыйны альбом «06». Ён быў запісаны, па словах Лявона Вольскага, пад уплывам палітычных падзеяў вясны 2006 году. Альбом «06» складзены з рознастылёвых песьняў і вылучаецца тым, што пры запісу былі выкарыстаныя новыя для гурту інструмэнты — віялянчэль, мандаліна, клявішы. Акрамя таго, ўпершыню песьні выконвае ня толькі Лявон Вольскі, але і астатнія ўдзельнікі гурту й нават дзіцячы хор.

Пазьней у 2007 годзе гурт быў выкрэсьлены са сьпісу забароненых, што дало яму мажлівасьць выступаць зь легальнымі канцэртамі па ўсяе Беларусі, чым гурт і займаўся, праводзячы актыўную канцэртную дзейнасьць цягам ўсяго 2008 году.

На «Рок-каранацыі» ў лютым 2011 году гурт выступіў у новым складзе — безь Лявона Вольскага. Увесь 2011 год гурт выступаў безь яго, прэзэнтаваў новую песьню «Аўтарадыё» ў падтрымку зачыненай радыёстанцыі і рыхтаваў песьні да новага альбому пад працоўнай назвай «ДПБЧ».

У 2013 годзе N.R.M. выдалі новы дыск пад назвай «Д. П.Б. Ч.». Альбом існуе на вініле, на CD і ў лічбавым фармаце 24/48 на флэшцы. Альбом быў запісаны ўласнымі сіламі за ўласны кошт. Гэта сёмы студыйны альбом гурта пасьля амаль шасьцігадовага перапынку.

Супольны арт-праект N.R.M. і Паўла Альтхамэра ўдзельнічаў у Бэрлінскім біенале сучаснага мастацтваМенская частка мастацкай акцыі «Прамень Сонца» прайшла ў клюбе «Юла». У межах Жэшаўскага фэстывалю «Эўрапейскі стадыён культур» / «Europejski Stadion Kultury 2013» песьня «Прамень» была выканана з польскім рок-гуртом «Myslovitz»Вэрсія гуральскай народнай песьні «Кузьнічка» прыняла ўдзел у нацыянальным адборачным туры «Эўравізія-2012». Песьня «Ты маўчыш, я маўчу» была напісана, як жэст салідарнасьці з «Аўтарадыё». У першапачатковай вэрсіі выконвалася разам з праграмным дырэктарам «Аўтарадыё» Ірынай Львовай




#Article 26: Васіль Быкаў (963 words)


Васі́ль Уладзі́меравіч Бы́каў (19 чэрвеня 1924, Бычкі Ўшацкага раёну Віцебскай вобласьці — 22 чэрвеня 2003) — выдатны беларускі пісьменьнік і грамадзкі дзяяч, удзельнік нямецка-савецкай вайны. Народны пісьменьнік БССР (1980).

Большасьць твораў — аповесьці пра нямецка-савецкую вайну, дзеяньне якіх адбываецца падчас нямецка-савецкай вайны і ў якіх паказаны маральны выбар чалавека ў найболей драматычныя моманты жыцьця.

Нарадзіўся ў вёсцы Бычкі Ўшацкага раёну Віцебскай вобласьці. Маці — Ганна Рыгораўна, бацька — Уладзімер Фёдаравіч, звычайныя беларускія сяляне. Ганна Рыгораўна памерла восеньню 1984 году, калі ёй было больш за 90 гадоў. Дзяцінства Васіля Быкава прайшло ў родных мясьцінах.

Першым мастацкім творам, зь якім пазнаёміўся Васіль Быкаў, стала апавяданьне Міхася Лынькова «Гой». Зь дзяцінства захапляўся паэзіяй Янкі Купалы і творчасьцю Якуба Коласа. Акрамя беларускай літаратуры Быкаў зь дзяцінства знаёміўся і з замежнымі аўтарамі (Майн Рыд, Жуль Вэрн, Джэк Лёндан і інш.).

Як сьведчыць сястра пісьменьніка Валянціна, Васіль яшчэ ў школе спрабаваў пісаць апавяданьні і вершы, але ў тыя гады больш моцнай была цяга да маляваньня. Пасьля заканчэньня 9 клясы ў Кублічах Быкаў паступіў на мастакоўскае аддзяленьне Віцебскай мастацкай вучэльні. Потым быў пераведзены на скульптурнае аддзяленьне. Аднак, доўга там не правучыўся, паколькі ў 1940 годзе былі адмененыя стыпэндыі. Васіль вярнуўся назад у Кублічы, дзе скончыў сярэднюю школу.

Калі Нямеччына напала на СССР у 1941 годзе, ён знаходзіўся ва Ўкраіне, зьбіраўся паступаць у індустрыяльны інстытут у горадзе Шостка (Сумская вобласьць). Спачатку сямнаццацігадовы Быкаў трапіў у інжынэрны батальён, капаў траншэі, пасьля пайшоў добраахвотнікам у Чырвоную Армію. Удзельнічаў у цяжкіх баях на Паўднёва-Заходнім фронце. Быў двойчы паранены. Потым вучыўся ў пяхотнай вучэльні ў Саратаве. Навучаньне ў вайсковай вучэльні звычайна цягнулася 2 гады, аднак, у сувязі з патрабаваньнямі ваеннага часу скарацілася да 1 году. У кастрычніку 1943 году Васіль Быкаў скончыў вучэльню, атрымаўшы званьне малодшага лейтэнанта, і працягнуў удзел у баях (Украіна, Румынія, Аўстрыя) да самай перамогі.

На Кіраваградчыне ёсьць брацкая магіла, у якой Быкаў значыўся пахаваным. Да бацькоў прыйшла пахавальная, у якой паведамлялася, што іх сын, камандзір стралковага ўзводу лейтэнант Быкаў Васіль Уладзімеравіч забіты 10 студзеня 1944 году, пахаваны на цэнтральных могілках вёскі Вялікая Севярынаўка Кіраваградзкай вобласьці.

Пасьля дэмабілізацыі ў 1947 годзе працаваў мастаком у гарадзенскіх мастацкіх майстэрнях. У 1949 годзе яго зноў прызвалі ў войска, дзе Быкаў праслужыў яшчэ 6 гадоў і ў 1955 годзе звольніўся ў запас і прыехаў у Горадню.

У 1956—1972 гадах — літсупрацоўнік, затым літкансультант газэты «Гродзенская праўда», у 1972—1978 гадах — сакратар Гарадзенскага абласнога аддзяленьня СП БССР. У 1974 годзе Васіль Быкаў узнагароджаны Дзяржаўнай прэміяй СССР за аповесьці «Абэліск» і «Дажыць да сьвітаньня».

У 1978 годзе пераехаў у Менск. Некалькі разоў абіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савету БССР, з 1989 году — народны дэпутат СССР. У 1990 годзе абраны прэзыдэнтам Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына». Ганаровы грамадзянін Ушацкага раёну Віцебскай вобласьці. Сябра СП СССР з 1959 году. З 1980 году — народны пісьменьнік БССР. У 1993 падпісаў «Ліст 42-х» Барысу Ельцыну.

Яшчэ за савецкім часам яго творы былі перакладзеныя на розныя мовы, прычым большасьць перакладаў на расейскую мову была зробленая самім пісьменьнікам.

Нападкі на Васіля Быкава, якія пачаліся на радзіме ў сярэдзіне 1990-х гадоў, і стан здароўя сталі прычынай выезду за мяжу. На працягу некалькіх гадоў Васіль Быкаў жыў спачатку ў Фінляндыі, затым у Нямеччыне і Чэхіі. У Чэхіі перанёс апэрацыю, і вярнуўся на Бацькаўшчыну толькі за месяц да сьмерці. Памёр пісьменьнік 22 чэрвеня 2003 году. Пахаваны на Ўсходніх могілках Менску.

Веравызнаньне Быкава было ўніяцкім.

Пачынаўся творчы шлях Васіля Быкава з апавяданьняў «У першым баі» і «У той дзень», якія ў 1949 годзе на расейскай мове былі зьмешчаныя ў газэце «Гродзенская праўда». Тады яны аказаліся незаўважанымі шырокай літаратурнай грамадзкасьцю.

Значны грамадзкі рэзананс мелі апавяданьні Васіля Быкава на роднай мове, надрукаваныя ў 1956—1957 і наступных гадах, і асабліва яго аповесьць «Жураўліны крык», якая прынесла празаіку заслужанае прызваньне. Пазьней яно было замацавана вялікім посьпехам «Трэцяй ракеты» (1961), якая ў 1962 годзе публікавалася адначасова ў «Маладосці» і ў «Дружбе народов».

Да найбольш папулярных раньніх аповесьцяў Быкава належыць «Альпійская балада» (1963). Яна шмат перакладалася на замежныя мовы, часта выдавалася ня толькі ў Беларусі, але і ў іншых савецкіх рэспубліках. На аснове аповесьці створаны кінафільм, некалькі тэатральных спэктакляў, інсцэніроўка для радыё, балет, пастаўлены ў Менску і Чалябінску, опэра, пастаўленая ў Харкаве, сымфонія.

У шмат якіх адносінах паваротнай для Быкава стала аповесьць «Мёртвым не баліць» (1965). Пісьменьнік разгарнуў апавядальную плынь у двух часавых плянах, спалучыўшы паказ некаторых аспэктаў ваеннай пары з прамым выхадам да трапяткой сучаснасьці. Быкаў адштурхоўваўся ад таго, што перажыў сам. Ён ня раз падкрэсьліваў, што твор мае шмат аўтабіяграфічнага, грунтуецца на нявыдуманай падзейнай канве.

У 1968 годзе была завершаная аповесьць «Праклятая вышыня», якая таксама стваралася на матэрыяле добра вядомай пісьменьніку франтавой рэчаіснасьці, на аснове тых падзеяў, у якіх ён сам прымаў удзел.

Патас чалавечнасьці выразна гучыць у «Круглянскім мосце» (1968) — першай аповесьці з партызанскага цыклю, усьлед за якой былі напісаныя «Сотнікаў», «Абеліск», «Воўчая зграя», «Пайсці і не вярнуцца».

Новы этап у творчым разьвіцьці Васіля Быкава адкрыла аповесьць «Сотнікаў» (1970), адзін з самых дасканалых і глыбокіх твораў ня толькі ў самога пісьменьніка, але і ва ўсёй шматнацыянальнай савецкай літаратуры пра вайну. Паводле прызнаньня аўтара, «Сотнікаў» пісаўся адносна лёгка, бо выношваўся доўга, грунтоўна асэнсоўвалася яго ідэя, шматразова прадумваліся многія сюжэтныя павароты, загадзя дэталёва распрацоўваўся фінал.

Высокую ацэнку грамадзкасьці атрымала аповесьць «Знак бяды» (1982). У газэце «Правда» яна характарызавалася як кніга-падзея, якая нікога не пакінула абыякавым. Быкаўская мера праўдзівасьці і чалавечнасьці выразна адчуваецца ў рамане «Кар’ер» (1986).

Акрамя аповесьцяў, якія складаюць аснову створанай Васілём Быкавым мастацкай эпапэі народнага гераізму ў гады нямецка-савецкай вайны, а часткова і ў іншыя пэрыяды нашага жыцьця, празаік напісаў шэраг таленавітых апавяданьняў. Спрабаваў свае сілы і ў драматургіі. Яго п’есы (у прыватнасьці «Апошні шанц») ставіліся ў Маскве, Менску, Горадні. У Латвіі па гэтай п’есе быў створаны тэлеспэктакль.

З 2003 г. у Горадні па вул. Савецкая, д. 31 на сядзібе гарадзкога аб’яднаньня вэтэранаў працуе музэй Васіля Быкава, які па сьмерці пісьменьніка стварыў кандыдат пэдагагічных навук і дацэнт Мікалай Мельнікаў.

Імем Васіля Быкава названыя вуліцы ў Баранавічах, Горадні, Ждановічах, Жлобіне, Лельчыцах, Пружанах, Смалявічах, Фаніпалі.




#Article 27: Заслаўе (795 words)


Засла́ўе — места ў Беларусі, на рацэ Сьвіслачы пры ўтоку яе ў Заслаўскае вадасховішча. Уваходзіць у склад Менскага раёну Менскай вобласьці. Плошча 14,2 км². Насельніцтва на 2018 год — 15 661 чалавек. Знаходзіцца за 27 км ад Менску; чыгуначная станцыя «Беларусь» на лініі Менск — Маладэчна.

Заслаўе — места гістарычнай Меншчыны, колішняя сталіца графства (раней — сталіца ўдзельнага княства), старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага. Да нашага часу тут захаваліся руіны замка, былы кальвінскі збор у стылі рэнэсансу і касьцёл Найсьвяцейшай Панны Марыі ў стылі віленскага барока, помнікі архітэктуры XVI—XVIII стагодзьдзяў. Дзейнічае гістарычна-культурны запаведнік.

Паводле паданьня, кіеўскі князь Уладзімер Сьвятаславіч назваў паселішча ў гонар сына полацкай князёўны Рагнеды Рагвалодаўны Ізяслава, які зь мячом заступіўся за маці.

Варыянты напісаньня назвы места ў гістарычных крыніцах: Заслаў, Ізяслаў, Ізяслаўль, Жэслаўль, Жаслаўль. Дзеля адрозьненьня ад украінскага Заслаўя на Валыні, часам ужывалася ўдакладненьне Заслаўе Літоўскае.

Згодна з археалягічнымі зьвесткамі, у X ст. на правым беразе Сьвіслачы існавала неўмацаванае паселішча, населенае пераважна крывічамі. Каля 985 году за 1 км ад яго ўзьнікла гарадзішча «Замэчак». На мяжы XI—XII стагодзьдзяў на тэрыторыі правабярэжнага паселішча ўзьвялі дзядзінец, па чым насельнікі пакінулі «Замэчак».

Летапіснае паданьне прыпісвае заснаваньне Заслаўя ў 985—986 гадох князю кіеўскаму Ўладзімеру Сьвятаславічу, які перадаў горад сваёй жонцы Рагнедзе Рагвалодаўне і сыну Ізяславу. Пад 1127 годам упершныю ўпамінаецца Ізяслаўскае княства ў зьвязку з нападам князя кіеўскага Мсьціслава Ўладзімеравіча на Полацкую зямлю.

У канцы XIII ст. Заслаўе далучылася да Вялікага Княства Літоўскага, дзе стала вялікакняскім местам. У 1345 годзе вялікі князь Кейстут перадаў паселішча свайму малодшаму брату Яўнуту Гедымінавічу, нашчадкі якога зваліся князямі Заслаўскімі (Жэслаўскімі). За часамі фэўдальнай вайны (1432—1439) у 1434 годзе Сьвідрыгайла захапіў і спаліў места, а ягоных жыхароў узяў у палон.

У 1539 годзе Заслаўе перайшло ў валоданьне Глябовічаў. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў места ўвайшло ў склад Менскага павету Менскага ваяводзтва. У 2-й палове XVI ст. тут пры кальвінскім зборы працавалі школа і друкарня, у якой Сымон Будны надрукаваў Біблію ў 1574 годзе. У пачатку XVII ст. кальвінскі збор пераасьвяцілі ў касьцёл Сьвятога Міхала Арханёла. У 1625 годзе ў Заслаўі збудавалі касьцёл Найсьвяцейшай Панны Марыі, таксама дзейнічала царква. З XVІІ ст. места стала сталіцай графства, якое аб’ядноўвала 4 староствы.

З пачаткам вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай у 1655 годзе маскоўскія захопнікі спалілі Заслаўе, цалкам зруйнавалі мураваныя замкавыя брамы і палац. У 1678 годзе паселішча перайшло да Сапегаў. У 1684 годзе (паводле іншых зьвестак, яшчэ ў 1676 годзе) К. Сапега і ягоная жонка Крыстына заснавалі тут дамініканскі кляштар. Паводле інвэнтару, на 1698 год у месьце было 89 дымоў (апроч, відаць, касьцельнай юрыдыкі), 4 вуліцы і Рынак.

У 1753 годзе Заслаўе перайшло ў валоданьне падканцлера Антонія Празьдзецкага. У 1772 годзе кароль і вялікі князь Станіслаў Аўгуст Панятоўскі надаў месту прывілей на правядзеньне 4 кірмашоў штогод, а таксама штотыднёвых таргоў. У 2-й палове XVIII ст. працавалі цагельня і суконная фабрыка.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Заслаўе апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе стала цэнтрам воласьці Менскага павету. Статус паселішча панізілі да мястэчка. У 1850-я гады існаваў аднайменны маёнтак Прушынскіх.

За ўдзел у нацыянальна-вызвольным паўстаньні (1863—1864) расейскія ўлады канфіскавалі Заслаўе ў ягоных гаспадароў Прушынскіх. У 1873 годзе празь мястэчка прайшла Лібава-Роменская чыгунка, адкрылася станцыя Ізяслаў. На 1904 год працавалі 2 школы, лякарня на 10 ложкаў, аптэка, пошта; дзейнічалі 2 царквы і касьцёл. 

За часамі Першай сусьветнай вайны у лютым 1918 году Заслаўе занялі войскі Нямецкай імпэрыі.

У 1985 годзе Заслаўе зноў атрымала статус места. 26 студзеня 1987 году места вывелі з складу Менскага раёну і аднесьлі да афіцыйнай катэгорыі гарадоў абласнога падпарадкаваньня. 1 студзеня 2007 году Заслаўе зноў улучылі ў склад Менскага раёну як адміністрацыйна-тэрытарыяльную адзінку, а фінансавы аддзел места далучылі да фінансавага аддзелу Менскага райвыканкаму

У Заслаўі працуюць 3 сярэднія і музычная школы, спартовая школа-інтэрнат, 5 дашкольных установаў.

Мэдычнае абслугоўваньне насельніцтва ажыцьцяўляе меская лякарня.

Дзейнічаюць 2 бібліятэкі, дом культуры, цэнтар вольнага часу «Світанак».

Заслаўе падзяляецца на тры архітэктурна-плянавальныя часткі, або мікрараёны. Адна зь іх — гістарычны цэнтар. Тут знаходзіцца вялікая частка гістарычна-археалягічнага запаведніку, а таксама будынкі індывідуальнай, галоўным чынам старой, забудовы, адміністрацыя места, установы сацыяльна-культурнага і побытавага прызначэньня: дом культуры, бібліятэка, дом сямейных імпрэзаў, агульнаадукацыйная сярэдняя і музычная школы, адмысловая школа-інтэрнат, камбінат побытавага абслугоўваньня, атэлье, крамы, лякарня, аптэка.

Другі мікрараён уяўляе сабой вытворчы, сацыяльна-побытавы і жылы комплекс Беларускай занальнай досьледнай станцыі птушкагадоўлі. Трэці мікрараён месьціцца за чыгуначнай магістральлю і зьяўляецца прамысловым цэнтрам Заслаўя. У гэтай зоне збудавалі вялікую колькасьць шматпавярховых жылых будынкаў, крамаў, дзьве агульнаадукацыйныя сярэднія школы, дом дзіцячай творчасьці, тры дашкольныя ўстановы.

З урбананімічнай спадчыны Заслаўя да нашага часу гістарычныя назвы захавалі вуліцы Вакзальная, Вялікая (іншая гістарычная назва — Менская), Замкавая, Паштовая і Рынкавая (таксама называлася Замкавай). Гістарычны Рынак цяпер называецца Рынкавым пляцам (афіцыйна — Рынкавай плошчай).

Прадпрыемствы харчовай, паліграфічнай, дрэваапрацоўчай, хімічнай, будаўнічых матэрыялаў прамысловасьці.

Заслаўе — цэнтар турызму дзяржаўнага значэньня. 31 сьнежня 1986 году ўтварыўся Гістарычна-культурны запаведнік «Заслаўе», у 2001 годзе музэй-запаведнік атрымаў статус дзяржаўнай установы.

У 2014 годзе ў месьце паставілі помнік князю Ізяславу.




#Article 28: Міхась Лынькоў (523 words)


Міха́сь Ці́ханавіч Лынько́ў (30 лістапада 1899 — 21 верасьня 1975) — беларускі пісьменьнік. Народны пісьменьнік БССР (1962).

Нарадзіўся ў вёсцы Зазыбы (цяпер Лёзьненскі раён, Віцебская вобласьць) у сям’і чыгуначніка. У 1913 г. вучыўся ў Рагачоўскай настаўніцкай сэмінарыі. З пачатку Першай сусьветнай вайны працаваў настаўнікам у в. Ліпінічы (цяпер Буда-Кашалёўскі раён, Гомельская вобласьць). Па прыходзе нямецкага войска ў 1918 г. браў удзел у партызанскім руху. Пасьля прызыву ў жніўні 1919-га — у польска-савецкай вайне пры паходзе Чырвонай арміі на Варшаву. Затым ваяваў пад Старадубам (Гомельская губэрня, Расейская СФСР) ды Ноўгарад-Северскім (Украіна). Пазьней служыў у атрадзе па барацьбе з голадам у Паволжы, на Урале і ў Заходняй Сыбіры. З жніўня 1922 г. настаўнічаў у Сьвержанскай 7-гадовай школе (Рагачоўскі павет, Гомельская губ.). Улетку 1925 г. стаўся сакратаром рэдакцыі бабруйскай газэты «Камуніст», а неўзабаве яе адказным рэдактарам. У 1926 г. пачаў пісаць свае першыя апавяданьні «Над Бугам», «Чыгунныя песьні», «Манчжур», «Гой», «Крот», «Журавель мой, журавель», «Андрэй Лятун» ды «Квартырмайстар Будай». У 1930-м заняў пасаду галоўнага рэдактара Дзяржаўнага выдавецтва БССР ды далучыўся да Беларускай асацыяцыі пралятарскіх пісьменьнікаў. У 1933—1941 гг. быў рэдактарам часопіса «Полымя рэвалюцыі». З 1938 па 1948 г. узначальваў Саюз пісьменьнікаў БССР. У 1939 г. займаў пасаду рэдактара газэты «Беларуская зьвязда». У 1940-м выдаў зборнік апавяданьняў «Сустрэчы». Ад часу нямецкага нападу на СССР рэдагаваў газэту «За Савецкую Беларусь». Выдаў зборнік «Астап» (1944). Пасьля другой сусьветнай вайны працаваў у Інстытуце літаратуры Акадэміі навук БССР. У 1958 г. выдаў раман «Векапомныя дні», за які ў 1968-ым атрымаў Дзяржаўную прэмію БССР імя Якуба Коласа.

Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР у 1940—75. Узнагароджаны трыма ордэнамі Леніна (1949, 1955, 1969), трыма ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сьцяга (1939, 1959, 1967), ордэнам Кастрычніцкай Рэвалюцыі (1974), ордэнам Чырвонай Зоркі (1943), мэдалямі.

Сям’я М. Лынькова (жонка і сын) была расстраляная немцамі ў верасьні 1941 г. у Старадароскім раёне. У 1946 годзе Янка Маўр напісаў апавяданьне «Завошта?», у аснову якога лёг гэты трагічны факт.

Дэбютаваў вершам у 1919 гаду (смаленская газэта «Борьба»), першыя апавяданьні — у 1926 гаду (бабруйская газэта «Камуніст» і зборнік бабруйскага філіяла «Маладняка» — «Уздым»). Выйшлі зборнікі прозы «Апавяданьні» (1927), «Гой» (1929), «Андрэй Лятун» (1930), «Саўка-агіцірнік» (1933), «На вялікай хвалі» (1934), «Баян» (1935), «Сустрэчы» (1940), «Астап» (1944), «Апошні зьверыядавец» (аповесьць, 1930), «За акіянам» (нататкі, апавяданьні, нарысы, 1962), раман «На чырвоных лядах» (1934) і раман-эпапея ў 4 кнігах «Векапомныя дні» (1958, 2-е перапрацаванае выданьне ў 1969), нарыс «Герой Савецкага Саюза Канстанцін Заслонаў» (1944), апавяданьне «Агні Танганьікі» (1957), «Выбраныя творы» (1931, 1934, 1952), «Выбраныя апавяданьні» (1938, 1941, 1947), Зборы твораў у 4-х (1967—68) і ў 8 тамах (1981—85).

Для дзяцей выдадзены кнігі «Пра сьмелага ваяку Мішку і яго слаўных таварышаў» (1937), «Міколка-паравоз» (1937, аповесьць экранізавана ў 1957), «Янка-парашутыст» (1937), «Ядвісін дуб» (1940), «Апавяданьні» (1946, 1948, 1960, 1966, 1973, 1974, 1988).

М. Лынькову належаць літаратуразнаўчыя працы «Беларуская літаратура за 30 год» (1948, на беларускай і рускай мовах), «Вобраз Сталіна ў беларускай мастацкай літаратуры» (1950), «Якуб Колас» (1952), «Летапіс эпохі: Беларускай савецкай літаратуры пяцьдзесят год» (1968), зборнік артыкулаў «Літаратура і жыцьцё» (1978), кніга «Публіцыстыка» (1980).

Пераклаў на беларускую мову асобныя творы М. Горкага, М. Ціханава і інш.

Узнагароджаны трыма ордэнамі Леніна, трыма ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сьцяга, ордэнам Чырвонай Зоркі і мэдалямі. Народны пісьменьнік БССР (1962). Ляўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа (1968) за раман «Векапомныя дні».

Імя М. Лынькова носіць вуліца ў Менску.




#Article 29: Сьпіс краінаў і тэрыторыяў па альфабэце (619 words)


__БЯЗЬ_ЗЬМЕСТУ__ 

Аамынь (Кітай) -
Абхазія (Грузія) -
Аб’яднаныя Арабскія Эміраты -
Азэрбайджан -
Альбанія -
Альжыр -
Аляндзкія астравы (Фінляндыя) -
Аман -
Амэрыканскае Самоа (ЗША) -
Амэрыканскія малыя аддаленыя выспы (ЗША) -
Ангельшчына -
Ангілья (Злучанае Каралеўства) -
Ангола -
Андора -
Антыгуа і Барбуда -
Аргентына -
Армэнія -
Аруба -
Аўганістан -
Аўстралія -
Аўстрыя

Багамы -
Балівія -
Банглядэш -
Барбадас -
Батсвана -
Баўгарыя -
Бахрэйн -
Беларусь -
Босьнія і Герцагавіна -
Бразылія -
Брунэй -
Брытанская тэрыторыя ў Індыйскім акіяне -
выспа Бувэ (Нарвэгія) -
Буркіна-Фасо -
Бурундзі -
Бутан -
Бэліз -
Бэльгія -
Бэнін -
Бэрмудзкія астравы

Вануату -
Ватыкан -
Віетнам -
Віргінскія астравы (Злучанае Каралеўства) -
Віргінскія астравы (ЗША) -
Вугоршчына -
Вэнэсуэла

Габон -
Гаіці -
Гамбія -
Гана -
Гандурас -
Ганконг (Кітай) -
Гаяна -
Гвадэлюпа (Францыя) -
Гватэмала -
Гвінэя -
Гвінэя-Бісаў -
Гернсі (Злучанае Каралеўства) -
Гібральтар (Злучанае Каралеўства) -
Гішпанія -
Грузія -
Грэнада -
Грэнляндыя (Данія) -
Грэцыя -
Гуам (ЗША) -
Гэрд і Макдоналд, астравы (Аўстралія)

Дамініка -
Дамініканская Рэспубліка -
Данія -
Джыбуці -
Джэрзі (Злучанае Каралеўства)

Емэн

Замбія -
Заходняя Сахара (Марока) -
Зымбабвэ -
Злучанае Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірляндыі -
Злучаныя Штаты Амэрыкі

Ізраіль -
Інданэзія -
Індыя -
Ірак -
Іран -
Ірляндыя, рэспубліка -
Ісьляндыя -
Італія

Каба-Вэрдэ -
Казахстан -
Кайманавы астравы (Злучанае Каралеўства) -
Какосавыя (Кілінг) выспы (Аўстралія) -
Калюмбія -
Камбоджа -
Каморскія астравы -
Камэрун -
Канада -
Карэя, Паўднёвая -
Карэя, Паўночная -
Катар -
Кенія -
Кіпр -
Кірыбаці -
Кітай -
Рэспубліка Кітай (Тайвань) -
Конга, Дэмакратычная Рэспубліка -
Конга, Рэспубліка -
Коста-Рыка -
Кот д’Івуар -
Куба -
Кувэйт -
Кука, астравы (Злучанае Каралеўства) -
Кыргыстан

Лаос -
Латвія -
Лесота -
Летува -
Лібан -
Лібія -
Лібэрыя -
Ліхтэнштайн -
Люксэмбург

Мадагаскар -
Маёта, выспа (Францыя) -
Мазамбік -
Макао (Кітай) -
Малаві -
Малайзія -
Малдова -
Малі -
Мальдыўскія астравы -
Мальта -
Манака -
Манголія -
Мансэрат (Злучанае Каралеўства) -
Марока -
Мартыніка -
Маршалавы астравы -
Марыянскія паўночныя астравы (ЗША) -
Маўрыцы -
Маўрытанія -
Мікранэзія -
М’янма -
Мэксыка -
Мэн, востраў

Намібія -
Нарвэгія -
Науру -
Нігер -
Нігерыя -
Нідэрляндзкія Антылы -
Нідэрлянды -
Нікарагуа -
Ніуе (Новая Зэляндыя) -
Новая Зэляндыя -
Новая Каледонія (Францыя) -
Востраў Норфалк (Аўстралія) -
Нэпал -
Нямеччына

Пакістан -
Палаў -
Палестынская аўтаномія -
Панама -
Папуа-Новая Гвінэя -
Парагвай -
Партугалія -
Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка -
Паўднёвая Георгія і Паўднёвыя Сэндвічавыя астравы -
Паўночная Македонія –
Піткейрна, астравы -
Польшча -
Прыднястроўе (Малдова) -
Пуэрта-Рыка -
Пэру

Расея -
Раства, востраў -
Руанда -
Румынія -
Рэюньён (Францыя)

Саламонавы астравы -
Сальвадор -
Самалі -
Самоа -
Сан-Марына -
Сан-Тамэ і Прынсыпі -
Саудаўская Арабія -
Славаччына -
Славенія -
Судан -
Сурынам -
Сўазілэнд -
Сырыя -
Сынгапур -
Сьвятая Гэлена, востраў -
Сьвятая Люсія -
Сьвяты Вінцэнт і Грэнадзіны -
Сьвяты Кітс і Нэвіс -
Сьера-Леонэ -
Сэйшэлы -
Сэнэгал -
Сэн-П’ер і Мікелён -
Сэрбія

Таджыкістан -
Тайлянд -
Такелаў -
Танзанія -
Тога -
Тонга -
Трынідад і Табага -
Тувалу -
Туніс -
Туркмэністан -
Турэччына -
Усходні Тымор -
Тэркс і Кэйкас, астравы

Уганда -
Узбэкістан -
Украіна -
Уругвай -
Ушэсьця, востраў

Ўоліс і Футуна, астравы -
Ўэйлз

Фарэрскія астравы -
Фіджы -
Філіпіны -
Фінляндыя -
Фолклэндзкія астравы -
Француская Гвіяна -
Француская Палінэзія -
Францускія Паўднёвыя і Антарктычныя тэрыторыі -
Францыя

Харватыя

Цэнтральна-Афрыканская Рэспубліка

Чад -
Чарнагорыя -
Чылі -
Чэхія

Шатляндыя -
Швайцарыя -
Швэцыя -
Шпіцбэрген і Ян Маен -
Шры-Ланка

Эгіпет -
Эквадор -
Экватарыяльная Гвінэя -
Эрытрэя -
Эстонія -
Этыёпія

Ямайка -
Японія -
Ярданія




#Article 30: Прыродазнаўчыя навукі (172 words)


Прыро́дазна́ўчыя наву́кі — навукі, якія прадметам вывучэньня маюць прыроду. Традыцыйна супрацьпастаўляюцца гуманітарным навукам, прадмет якіх мае каштоўнасную афарбоўку (В. Дыльтэй). Сярод прыродазнаўчых навук цэнтральнае месца займае фізыка, у рэчышчы якой склаўся навуковы мэтад і якая зьяўляецца агульным тэарэтычным грунтам дзеля пабудовы й разуменьня хіміі, біялёгіі, геалёгіі, астраноміі і іншых. Матэматыка ў Эўклідавых «Пачатках» паўстала таксама як навука прыродазнаўчая, а менавіта як апісальная навука аб прасторы — аб наяўным; але далейшае разьвіцьцё і фармалізацыя надалі матэматыцы інструмэнтальнае вымярэньне, пераўтварыўшы яе ў навуку аб мажлівым.

Існуюць пяць галіны прыродазнаўства, то бок астраномія, біялёгія, хімія, навукі пра Зямлю і фізыка. Гэтыя навукі адрозьніваюцца ад гуманітарных навук, як то мовазнаўства, антрапалёгія, літаратуразнаўства, а таксама фармальных навук, як то матэматыка і лёгіка. Нягледзячы на іхныя адрозьненьні, гэтыя навукі часам перасякаюцца. Напрыклад, сацыяльныя навукі і біялёгія перасякаюцца пры вывучэньні чалавека як арганізмаў, а таксама матэматыка рэгулярна выкарыстоўваецца ва ўсіх натуральных навуках.

Разам з традыцыйным выкарыстаньнем, прыродазнаўства можа ахопліваць натуральную гісторыю, якая ўзьнікла ў XVI стагодзьдзі, і засяроджвацца на апісаньнях і клясыфікацыях расьлінаў, жывёл, мінэралаў і іншых прыродных аб’ектаў.




#Article 31: Навука (960 words)


Наву́ка— сфэра чалавечай дзейнасьці, накіраваная на выпрацоўку й тэарэтычную сыстэматызацыю аб’ектыўных ведаў аб рэчаіснасьці. У старэйшым і вузкім значэньні, як то на думку Арыстотэля, навука ставіцца да дакладных ведаў пра сябе, што можна было бы лягічна й рацыянальна растлумачына, паколькі клясычная навука старажытнасьці была цесна зьвязана зь філязофіяй. Пачынаючы з XVII стагодзьдзя натурфілязофія, якую сёньня называюць натуральнай навукай, разглядаецца як асобная галіна ад філязофіі. Тым ня менш, слова «навука» працягвае выкарыстоўвацца ў шырокім сэнсе, які абазначае пэўнае веданьне аб тэме, гэтак жа яна да гэтага часу выкарыстоўваецца ў сучасных умовах.

У вузкім сэнсе слова «навука» ўжывалася такімі навукоўцамі, як то Ёган Кеплер, Галілео Галілей і Ісак Ньютан, калі яны пачалі распрацоўку законаў прыроды. У гэты пэрыяд панятак з большага ставіўся да натуральнай філязофіі, як то натуральныя навукі. Цягам XIX стагодзьдзя слова «навука» стала ўсё больш зьвязаным з навуковым мэтадам, дысцыплінаваным падыходам да вывучэньня прыроднага сьвету, у тым ліку фізыкі, хіміі, геалёгіі й біялёгіі.

Навука ў шырокім сэнсе існавала да сучаснай эпохі, і ў многіх старажытных цывілізацыях, але сучасная навука настолькі розьніца па свайму падыходу й посьпехам у выніках, што цяпер вызначаецца ў строгім сэнсе гэтага тэрміну. Нашмат раней, чым у сучасную эпоху, яшчэ адным важным паваротным пунктам стала разьвіцьцё клясычнай натуральнай філязофіі ў Старажытнай Грэцыі.

Назапашваньне навуковых ведаў пачынаецца са зьяўленьнем цывілізацыяў і пісьменнасьці, то бок вядомыя дасягненьні старажытных цывілізацыяў (старажытнаэгіпецкай, мэсапатамскай ды іншых), у розных галінах, аднак ва ўмовах панаваньня міталягічнай і перадрацыянальнай сьвядомасьці гэтыя посьпехі не выходзілі за эмпірычныя й практычныя рамкі. Гэтак, напрыклад, Старажытны Эгіпет славіўся сваімі ведамі ў галіне геамэтрыі, але калі ўзяць старажытнаэгіпецкі падручнік геамэтрыі, то там можна ўбачыць толькі набор практычных рэкамэндацыяў, выкладзеных дагматычным чынам. Паняткі, тэарэмы, аксіёмы й асабліва доказы ў ім зусім адсутнічаюць.

Можна лічыць, што падмурак клясычнай навукі быў закладзены ў Старажытнай Грэцыі, пачынаючы прыкладна з VI стагодзьдзя да н. э., калі на зьмену міталягічнаму мысьленьню ўпершыню прыйшло мысьленьне рацыяналістычнае. Эмпірыя, шмат у чым запазычаная грэкамі ў эгіпцянаў і бабілянянаў, дапаўняецца навуковай мэтадалёгіяй, як то ўсталёўваюцца правілы лягічных развагаў, уводзіцца панятак гіпотэзы, зьяўляецца цэлы шэраг геніяльных прасьвятленьняў, як то тэорыя атамізму. Асабліва важную ролю ў распрацоўцы й сыстэматызацыі як мэтадаў, гэтак і саміх ведаў згуляў Арыстотэль. Адрозьненьне антычнай навукі ад сучаснай складалася ў ейным абстрактным характары, то бок панятак экспэрымэнту ў іх адсутнічаў, а навукоўцы не імкнуліся злучаць навуку з практыкай, за рэдкімі выключэньнямі. Збольшага, гэта тлумачыцца тым, што грэцкая філязофія меркавала, што гісторыя цыклічна паўтараецца, і разьвіцьцё навукі бессэнсоўна, бо яно непазьбежна скончыцца крызісам гэтай навукі.

Распаўсюджаньне ў Эўропе хрысьціянства скасавала погляд на гісторыю, як на паўтаральныя пэрыяды й стварыла высокаразьвітую багаслоўскую навуку, пабудаваную на правілах лёгікі. Аднак, пасьля падзелу цэркваў у 1054 годзе, у заходняй частцы абвастрыўся крызіс багаслоўя. Тады цікавасьць да эмпірычнага оку навукі была цалкам адкінута, а навука стала зводзіцца да тлумачэньня аўтарытэтных тэкстаў і разьвіцьця фармальна-лягічных мэтадаў у асобе схалястыкі. Аднак працы антычных навукоўцаў, якія атрымалі статус аўтарытэтных данесьлі асновы антычнай навукі да Новага Часу, паслужыўшы рэальным падмуркам, на якім быў закладзены будынак сучаснай навукі.

Сучаснае экспэрымэнтальнае прыродазнаўства зарадзілся толькі ў канцы XVI стагодзьдзя. Ягонае зьяўленьне было падрыхтавана пратэстанцкай Рэфармацыяй і каталіцкай Контрарэфармацыяй, калі пад пытаньне былі пастаўлены самыя асновы сярэднявечнага сьветапогляду. Гэтак жа як Мартын Лютэр і Жан Кальвін перапрацавалі рэлігійныя дактрыны, працы Мікалая Капэрніка й Галілео Галілея прывялі да адмовы ад астраноміі Пталямэя, а працы Андрэаса Вэзаліюса й ягоных пасьлядоўнікаў унесьлі істотныя папраўкі ў мэдыцыну. Гэтыя падзеі паклалі пачатак працэсу, які цяпер мае назоў навуковай рэвалюцыі.

Тэарэтычнае абгрунтаваньне новай навуковай мэтодыкі належыць Фрэнсісу Бэкану, які абгрунтаваў у сваім «Новым арганоне» пераход ад традыцыйнага дэдуктыўнага падыходу, то бок ад агульнай абстрактнай здагадкі ці аўтарытэтнага меркаваньня да прыватнага факту, да падыходу індуктыўнасьці. Зьяўленьне сыстэмаў Дэкарта й асабліва працы Ньютана, якія былі цалкам пабудаваны на экспэрымэнтальным веданьні, засьведчылі канчатковы разрыў мэтадаў і падыходаў да навукі. Апублікаваньне ў 1687 годзе «Матэматычных пачаткаў натуральнай філязофіі» працы Ісака Ньютана стала кульмінацыяй навуковай рэвалюцыі й спарадзіла ў Заходняй Эўропе беспрэцэдэнтны ўсплёск цікавасьці да навуковых публікацыяў.

Разам з XVIII стагодзьдзем прыйшла «эпоха Асьветніцтва». На базе навукі, створанай Ньютанам, Дэкартам, Паскалем і Ляйбніцам, адбывалася разьвіцьцё сучаснай матэматыкі й прыродазнаўства новымі пакаленьнямі навукоўцаў.

Навуковая рэвалюцыя ў прыродазнаўстве прывяла да пераменаў у філязофіі й грамадзкіх навуках, разьвіцьцё якіх у гэты пэрыяд перастала залежаць ад багаслоўскіх спрэчак. Імануіл Кант і Дэйвід Г’юм паклалі пачатак сьвецкай філязофіі, а Вальтэр і распаўсюджваньне атэізму цалкам адхілілі царкву ад вырашэньня філязофскіх пытаньняў для ўсё больш шматлікіх плястоў насельніцтва Эўропы. Працы Адама Сьміта заклалі асновы сучаснай эканомікі, а амэрыканская й француская рэвалюцыі стварылі сучаснае палітычнае ўладкаваньне сьвету.

Новыя навуковыя веды вельмі рэдка прыводзяць да вялізных зьменаў у нашым разуменьні. На думку псыхоляга Кейта Станавіча, гэта можа быць за празмернага выкарыстаньня СМІ такіх словаў, як то «прарыў», што вядзе ўяўленьня грамадзкасьцю таго, што навука стала даказвае ўсё, што Станавіч лічыў сапраўды ілжывым. Незважаючы на тое, што ёсьць такія вядомыя выпадкі, як то тэорыя рэлятыўнасьці, якая патрабуе поўнага пераасэнсаваньня будовы сьвету, у асноўным гэта ёсьць крайнім выключэньнем. Веды ў галінах навукі дасягаюцца шляхам паступовага сынтэзу інфармацыі з розных экспэрымэнтаў, рознымі дасьледчыкамі, у розных галінах навукі, гэта больш падобна на ўзыходжаньне, чым скачок. Тэорыі адрозьніваюцца па ступені, у якой яны былі правераныя, а таксама іхнага прызнаньня ў навуковых колах і супольнасьцях. Напрыклад, геліяцэнтрычная тэорыя, тэорыя эвалюцыі, і мікробная тэорыя да гэтага часу носіць назву «тэорыя», хоць на практыцы яны лічацца сапраўднымі.

Для ажыцьцяўленьня навуковай дзейнасьці звычайна патрабуецца спэцыяльная адукацыя. У Беларусі такую адукацыю даюць Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт ды аддзелы асьпірантуры вышэйшых навуковых установаў. Навуковая праца вядзецца калектывамі, якія аб’ядноўваюцца ў інстытуты ды акадэміі (напрыклад, Нацыянальная акадэмія навук Беларусі). Дасягненьне посьпехаў у навуцы спалучаецца з прысуджэньнем акадэмічных ступеняў. У эўрапейскай сыстэме адукацыі герархія навуковых ступеняў наступная: бакаляўр, магістар, доктар філязофіі. У СССР і, адпаведна, Беларусі, спачатку прысуджаецца ступень кандыдата навук, потым доктара навук. Фармальным працягам гэтай герархіі зьяўляецца абраньне спачатку сябрам-карэспандэнтам, потым правадзейным акадэмікам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Неабходным этапам разьвіцьця навукі зьяўляецца абмен навуковымі ведамі.




#Article 32: Мікола Ермаловіч (757 words)


Міко́ла Іва́навіч Ермало́віч (29 красавіка 1921, вёска Малыя Навасёлкі, Койданаўскі раён Менскай вобласьці — 5 сакавіка 2000, Менск) — беларускі гісторык, публіцыст, пісьменьнік і паэт. Выкарыстоўваў псэўданімы: Сымон Беларус, М. Ермолов, Я. Мікалаеў, Мікола Наваселец, М. Ярмолаў.

У 1938 годзе скончыў Койданаўскую сярэднюю школу й паступіў на беларускае аддзяленьне літаратурнага факультэту Менскага пэдінстытуту, дзе да пачатку 2-й сусьветнай вайны скончыў тры курсы. З прычыны дрэннага зроку быў вызвалены ад службы ў савецкай арміі. Быў эвакуяваны й працаваў настаўнікам расейскай мовы й літаратуры ў в. Лабаскі Мардоўскай АССР. У 1943 годзе вяртаецца ў Беларусь, дзе ў 1943—1944 гадох працаваў настаўнікам у Суражы Віцебскай вобласьці, у 1944—1946 — у Койданаве Менскай вобласьці. З 1946 годзе аднаўляе навучаньне ў пэдінстытуце, які скончвае ў 1947, а ў 1947—1948 гадох вучыўся ў асьпірантуры пры пэдінстытуце.

У 1948—1955 працаваў старэйшым выкладчыкам беларускай літаратуры ў Маладэчанскім настаўніцкім інстытуце. Да 1957 загадваў мэтадычным кабінэтам Маладэчанскага абласнога інстытуту ўдасканаленьня настаўнікаў, пасьля чаго па стане здароўя выйшаў на пэнсію. Чалец Саюзу беларускіх пісьменьнікаў з 1989. Жыў у Маладэчне.

Актыўную літаратурную дзейнасьць распачаў у 1948 годзе. Выступаў ў друку з крытычнымі й літаратуразнаўчымі артыкуламі, гістарычнымі нарысамі. Друкаваўся ў маладэчанскай раённай газэце, альманаху «Нарач», газэтах «Звязда», «Літаратура і мастацтва», «Голас Радзімы», часопісах «Полымя», «Нёман», «Маладосць», навуковых зборніках. У 1963 Ермаловіч распачынае выдаваць рукапісны самавыдавецкі часопіс «Падснежнік», чатыры выпускі якога выйшлі да 1964. Вынікам дасьледніцкай працы было напісаньне ў 1968 кнігі «Па слядах аднаго міфа» (доўгі час хадзіла самвыдатам, афіцыйна выданая ажно ў 1989 годзе). У 1970 выйшла кніга «Дарагое беларусам імя», у 1990 — дасьледаваньне «Старажытная Беларусь: Полацкі і Новагародскі перыяды», у 1994 — «Старажытная Беларусь: Віленскі перыяд», у 2000 — «Беларуская дзяржава Вялікае Княства Літоўскае».

У 1975 Ермаловіч узнаўляе выпуск «Падснежніка», але з новым назовам «Гутаркі», да 1976 выйшла блізу 50 выпускаў. «Гутаркі» шматразова перадрукоўваліся, перапісваліся, распаўсюджваліся сярод беларускай інтэлігенцыі. «Гутаркі» выдаваліся Ермаловічам пад псэўданімам Сымон Беларус. Назву «Гутарка» аўтар абраў таму, што ў ХІХ ст. «гутаркі» былі найбольш пашыраным жанрам нелегальнага друку. У сваім выданьні Ермаловіч зьмяшчаў творы, што не маглі быць апублікаваныя ў афіцыйным друку з прычыны сацыяльнай і палітычнай накіраванасьці. Аўтар рыхтаваў матэрыялы ў Менску (у Дзяржаўнай бібліятэцы БССР), друкаваў у Маладэчне на друкарцы, а потым перадаваў Яўгену Куліку дзеля памнажэньня. Нумар выходзіў прыкладна раз на тыдзень.

Мікола Ермаловіч — прыхільнік новай беларускай рамантычнай плыні гістарыяграфіі, што супярэчыла афіцыйным савецкім канцэпцыям гісторыі Беларусі. Працы Ермаловіча ў значнай ступені паўплывалі на фармаваньне сучаснай грамадзкай думкі й гістарыяграфіі Беларусі. Паводле палітычных матываў галоўныя канцэптуальныя працы Ермаловіча не маглі зьяўляцца ў афіцыйным друку. Таму рукапісы Ермаловіча ў 1970—1980-х хадзілі ў непадцэнзурным друку. Самвыдавецкім чынам памнажалася праца «Па слядах аднаго міфа: Ці было літоўскае заваяванне Беларусі?». Гэтаксама-ж памнажаліся й працы М. Ермаловіча, апублікаваныя ў афіцыйным друку. Так, да прыкладу, рабіліся фотакопіі з працы Ермаловіча «Балцкія плямёны» (газэта «Голас Радзімы», 05.11.1981). У машынапісным выглядзе пашыралася праца «У духу застойнага часу». Той артыкул Ермаловіч напісаў адказам на артыкул В. Мялешкі й З. Капыскага «Фактам вопреки» («Советская Белоруссия», 28.07.1987). Пасьля таго, як рэдакцыя «Советской Белоруссии» адмовілася друкаваць яго, артыкул распаўсюджваўся ў машынапісных копіях. Пазьней быў апублікаваны ў «Студэнцкай думцы» №3 за 1989 год.

Альтэрнатыўнае бачаньне гісторыі Беларусі выклікала раздражненьне ўлады, некалькі разоў на кватэру да Ермаловіча супрацоўнікі КДБ прыносілі позвы з патрабаваньнем зьявіцца й разабрацца з «извечной самостоятельностью белорусов». Гістарычныя творы Ермаловіча ляжалі неапублікаванымі ў рэдакцыях часопісаў, нягледзячы на тое, што гэныя працы былі вельмі папулярныя ды ў вялікай колькасьці пашыраліся самвыдатам. Толькі ад часу «перабудовы» сьвет пабачылі некалькі працаў Ермаловіча.

Асаблівую ўвагу надаваў палітычнай гісторыі старажытных земляў Беларусі. Дэталёва разглядзеў падзеі IX—ХIII стагодзьдзяў на падставе аналізу гістарычных першакрыніцаў. Выступіў са спробай абвяржэньня савецкай (у прыватнасьці, летувіскай і расейскай) гістарыяграфіі ўтварэньня ВКЛ, якая падае схему стварэньня гэтае дзяржавы ў выніку заваёўных выправаў летувісаў у сучасным сэнсе (насамрэч плямёнаў аўкштайтаў, якія былі толькі часткай пазьнейшага этнагенэзу летувісаў) на беларускія землі ў 2-й палове ХIII ст. Зхарактарызаваў Вялікае Княства Літоўскае як беларускую дзяржаву. Разам з гэтым выступіў са спробай абвяржэньня археалягічных і летапісных сьведчаньняў, што памяшчалі летапісную Літву на аўкштайцкіх землях, прапанаваўшы канцэпцыю, паводле якой гэтая тэрыторыя, згодна са зьвесткамі тапаніміі, месьцілася на поўдзень ад верхняга Нёману.

З самага пачатку існаваньня БНФ М. Ермаловіч, з 1988 году, падтрымаў адраджэнскую дзейнасьць. Ён прымаў удзел у першым зьезьдзе БНФ у 1989 годзе ў Вільні. У 1990 годзе прыняў прапанову кіраўніцтва Нацыянал-дэмакратычнай партыі Беларусі далучыцца да яе дзейнасьці й стаў адзін з трох яе сустаршыняў.

Найбольшы ўнёсак у дзейнасьць НДПБ Мікола Іванавіч зрабіў як ідэоляг. Наогул гэтая старонка яго дзейнасьці зусім невядомая сучасьнікам. Ні пра ўдзел гісторыка ў стварэньні ідэалёгіі нацыянальнай дэмакратыі, ні пра працу на пасадзе сустаршыні ў самай правай партыі Беларусі пачатку 1990-х Нацыянальна-дэмакратычнай партыі (НДПБ) — амаль нідзе нават неўзгадваецца.

Машынапісы:

Друкаваныя:




#Article 33: Алесь Адамовіч (289 words)


 

Але́сь Адамо́віч (Аляксандар Міхайлавіч; 3 верасьня 1927, вёска Канюхі, Капыльскі раён, Беларуская ССР — 26 студзеня 1994, Масква) — беларускі літаратар, крытык, літаратуразнавец, грамадзкі дзяяч. Чалец-карэспандэнт Акадэміі навук БССР (1980), доктар філялягічных навук, прафэсар.

Нарадзіўся ў вёсцы Канюхі (Капыльскі раён) у сям’і служачых. З 1928 году сям’я пражывала ў пасёлку Глуша Бабруйскага раёну. У 1942 годзе вучыўся ў сярэдняй школе, быў сувязным, а з 1943 году — баец партызанскага атраду імя Кірава Менскага злучэньня. У 1944—1945 гг. вучыўся ў Ленінагорскім горна-мэталюргічным тэхнікуме (Алтайскі край).

У 1945 годзе паступіў на філялягічны факультэт БДУ, які скончыў у 1950 годзе. У 1953 годзе абараніў кандыдацкую дысэртацыю па тэме «Язык романа „Третье поколение“ и индивидуальный литературно-художественный стиль Кузьмы Чорного» з прысуджэньнем вучонай ступені кандыдата філялягічных навук. Пасьля заканчэньня асьпірантуры ўнівэрсытэту працаваў там жа на катэдры беларускай літаратуры.

З 1954 працаваў у Інстытуце літаратуры Акадэміі навук БССР. У 1976—1983 гг. — загадчык сэктара літаратурных сувязяў гэтага інстытуту. У 1962—1966 гг. вучыўся ў Маскве на Вышэйшых сцэнарных курсах. У 1964—1966 гг. працаваў выкладчыкам беларускай літаратуры ў МДУ імя М. В. Ламаносава. З 1966 году аднавіў працу ў Інстытуце літаратуры. У 1982 годзе ў складзе дэлегацыі БССР удзельнічаў у рабоце XXXVII сэсіі Генэральнай Асамблеі ААН.

З 1987 году — дырэктар НДІ кінамастацтва (Масква). Ад 1989 да 1991 году — Народны дэпутат СССР ад Саюзу кінэматаграфістаў. Сябра Беларускага ПЭН-цэнтру з 1989 г. Быў чальцом Часовай Камісіі Вярхоўнага Савету БССР па ацэнцы дзейнасьці службовых і іншых адказных асобаў у сувязі зь ліквідацыяй наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.

Ляўрэат прэміі Міністэрства абароны СССР (1974), Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа (1976, за «Хатынскую аповесьць»), ордэнаў Айчыннай вайны II ступені, Працоўнага Чырвонага Сьцяга, «Знак Пашаны». Узнагароджаны мэдалямі.

У Маскве знаходзіцца Памятная шыльда Алесю Адамовічу на доме, у якім ён жыў. Дом знаходзіцца ў самым цэнтры гораду па адрасе Вялікі Казіхінскі завулак 17 буд. 1.




#Article 34: Кастусь Каліноўскі (1306 words)


Касту́сь Каліно́ўскі (Вінцэ́нт Канстанці́н Каліно́ўскі;  — ) — лідэр беларускага нацыянальнага вызвольнага руху, рэвалюцыянэр-дэмакрат, публіцыст і паэт. Адзін з кіраўнікоў нацыянальна-вызвольнага паўстаньня 1863—1864 гадоў. Нацыянальны герой Беларусі.

У наш час Кастусь Каліноўскі лічыцца адным з найбольш вядомых прадстаўнікоў беларускай нацыі ў сьвеце.

Шляхецкі род Каліноўскіх гербу «Калінова» вядзе сваю гісторыю з канца XV стагодзьдзя. Прадстаўнікі роду на працягу амаль ста гадоў валодалі маёнткам Калінавым каля Бранску Падляскага, на памежжы Вялікага Княства Літоўскага і Каралеўства Польскага, аднак прадалі яго ў 2-й палове XVIII стагодзьдзя.

Нарадзіўся на беларускай этнічнай тэрыторыі ў вёсцы Мастаўлянах на гістарычнай Гарадзеншчыне у сям’і Сымона (Сямёна) Каліноўскага, безьзямельнага шляхціча, уладальніка невялікай ткацкай мануфактуры, і Вэранікі з Рыбінскіх, якая памерла, калі сыну было 5 гадоў. Прыняў хрост  ў Ялоўскім парафіяльным касьцёле пад імём Вінцэнт.

У 1847—1852 гадох навучаўся ў Сьвіслацкай павятовай вучэльні. У 1856 году пераехаў у бацькаў фальварак Якушоўку (у валоданьні Каліноўскіх з 1849 году), дзе дапамагаў у гаспадарчых клопатах і, відаць, займаўся самаадукацыяй. Вялікі ўплыў на К. Каліноўскага меў старэйшы брат Віктар, які навучаўся ў Маскоўскім унівэрсытэце і дасьледваў на даручэньне Віленскай археалягічнай камісіі старадаўнія беларускія рукапісы.

У 1856 годзе паступіў на юрыдычны факультэт Пецярбурскага ўнівэрсытэту, які скончыў праз чатыры гады з навуковай ступеньню кандыдата права. У час навучаньня ўва ўнівэрсытэце браў удзел у дзейнасьці нелегальных студэнцкіх гурткоў, у прыватнасьці групы студэнцкага зямляцтва «Агул», разам з братам быў сябрам таемнай вайскова-рэвалюцыйнай арганізацыі афіцэраў Генэральнага штабу, якую ачольвалі Зыгмунт Серакоўскі і Яраслаў Дамброўскі.

Атрымаўшы 17 лютага 1861 году ўнівэрсытэцкі дыплём, зрабіў спробу ўладкавацца на працу ў Вільні ў адміністрацыю мясцовага генэрал-губэрнатара У. Назімава, каб адразу тут распачаць рэвалюцыйную дзейнасьць па стварэньні сеткі кансьпіратыўных групаў для работы сярод будучых удзельнікаў паўстаньня. Лічыцца, што на гэты час прыпадае знаёмства К. Каліноўскага з будучаю нарачонай Марыяй Ямант. 2 сакавіка 1861 году на імя Віленскага генэрал-губэрнатара падаў заяву наступнага зьместу: «Скончыўшы курс навук у імпэратарскім С.-Пецярбурскім унівэрсытэце паступіць на службу, маю гонар пакорна прасіць Ваша Высокаправасхадзіцельства ўзычыць мне магчымасьць служыць пад высокім начальствам Вашага Высокаправасхадзіцельства».

Уладкаваньню на працу спрыяў ад’ютант У. Назімава Людвік Зьвяждоўскі, аднак спробы апынуліся марнымі і напачатку вясны 1861 году К. Каліноўскі вярнуўся на Гарадзеншчыну, распачаўшы стварэньне рэвалюцыйнай арганізацыі.

Паводле сваіх ідэйных перакананьняў быў рэвалюцыйным дэмакратам, выступаў за скіданьне самаўладзтва, скасаваньне абшарніцкага землеўладаньня. Лічыў, што толькі шырокі ўдзел у будучым паўстаньні сялянства можа забясьпечыць перамогу. У гэтым рэчышчы вёў агітацыйную працу.

Улетку 1862 году разам з паплечнікамі з Гарадзенскай рэвалюцыйнай арганізацыі Фэліксам Ражанскім, Станіславам Сангінам і Валерам Урублеўскім распачаў выпуск «Мужыцкай праўды» — першай у гісторыі газэты на беларускай мове. Агулам выйшла 7 нумароў гэтай нелегальнай газэты. Яна выкрывала палітыку імпэрскіх уладаў, тлумачыла сытуацыю ў краіне, выкрывала падман царскага маніфэсту аб скасаваньні прыгону, заклікала сялянаў да змаганьня. Сфармуляваў ідэю дэмакратычнай народнай дзяржавы:

Кожны нумар «Мужыцкай праўды» быў нязьменна падпісаны псэўданімам «Яська-гаспадар з-пад Вільні». Браў асабісты ўдзел у пашырэньні газэты: развозіў яе па вёсках, раскідваў па дарогах.

У кастрычніку 1862 году ў час канфлікту з палякамі паўстаў нумар «Мужыцкай праўды», які аднак зь нейкіх прычынаў не надрукавалі. Гэты варыянт зьяўляецца ўнікальным і вылучаецца з усяе сэрыі, бо тлумачыць сялянам, як раней называлася іхная краіна і якую назву мае тутэйшы народ:

У 1862 годзе ўжо ўваходзіў у склад Літоўскага правінцыйнага камітэту (ЛПК) — цэнтральнага органу падрыхтоўкі паўстаньня ў колішнім Вялікім Княстве Літоўскім, а ўвосень таго ж году стаў яго старшынём. Стаяў на чале найбольш пасьлядоўных рэвалюцыянэраў, якіх адрозна ад лібэралаў («белых») звалі «чырвонымі». Гэты кірунак вызвольнага руху прадугледжваў дэмакратычную рэспубліку, перадачу зямлі сялянам, самавызначэньне народаў былой Рэчы Паспалітай. «Белыя» ж бачылі галоўнай мэтай паўстаньня толькі аднаўленьне Рэчы Паспалітай у межах 1772 году.

Аднак старшынстваваў ў віленскім паўстанцкім камітэце нядоўга. Неўзабаве па выбуху паўстаньня, спужаўшыся перарастаньня выступленьняў у сялянскую вайну, варшаўскі цэнтар і мясцовыя абшарнікі дамагліся роспуску ЛПК. К. Каліноўскага накіравалі на родную Гарадзеншчыну на пасаду паўстанцкага камісара ваяводзтва.

Актыўная праца К. Каліноўскага ўва ўмовах паўстаньня на пасадзе ваяводзкага камісара паспрыяла таму, што менавіта на Гарадзеншчыне інсургенты мелі найбольш баяздольную, магутную арганізацыю, прыцягнулі да змаганьня шмат сялянаў.

У чэрвені 1863 году з прычыны масавых арыштаў мусіў вярнуцца ў Вільню, дзе дзейнічаў пад кансьпірацыйнымі прозьвішчамі Макарэвіч, Чарнецкі, Хамовіч, Хамуціўс на кватэры Ямантаў у доме Шышкіна на Вялікай вуліцы. Тут ён зноў узяў цэнтральнае кіраваньне ў свае рукі. Сустракаўся з найбольш блізкімі і праверанымі людзьмі, праводзіў нарады рэвалюцыйнага ўраду.

Гэта была адна з найгалоўнейшых кансьпіратыўных явак К. Каліноўскага. Апісаньне кватэры Ямантаў і яго тутэйшай дзейнасьці захавалася збольшага ў паказаньнях арыштаваных рэвалюцыянэраў Віленскай асобай сьледчай камісіі. Гэтак Вітальд Парфяновіч апісвае кватэру наступным чынам: «У пакоі справа ад дзьвярэй знаходзілася канапа, пры ёй стол і два крэслы, далей стаяла камода, акно справа ад канапы выходзіла ў галерэю».

Па сваім арышце 24 сакавіка 1864 году сакратар К. Каліноўскага Ільдэфонс Мілевіч сьведчыў пра побыт кіраўніка паўстаньня ў кватэры ўжо арыштаваных Ямантаў: «З Каліноўскім я сустракаўся некалькі разоў ў Юзэфа Яманта… У Ямантаў Каліноўскі ў маёй прысутнасьці ні з кім з пабочных асобаў не сустракаўся. Аднойчы толькі ў бытнасьць маю і Каліноўскага ў Ямантаў прыходзіў Шадурскі і, паклікаўшы Каліноўскага, размаўляў зь ім некаторы час ў пярэдім пакоі… … Да саміх Ямантаў часьцей за ўсё прыходзілі сваякі — лекар Радзевіч (служыць на чыгунцы), родны брат жанатага з дачкой Яманта , замужняя дачка (Ямантаў), Людвіка Радзевіч, і Дзваноўскі, акрамя таго былі яшчэ некаторыя знаёмыя Ямантам жанчыны, але прозьвішчы іх мне невядомыя».

Цёзка па прозьвішчы Юзэф Каліноўскі пра віленскую яўку рэвалюцыянэра ўспамінаў: «У канцы жніўня ці ў пачатку верасьня (1863 году) я зь ім (Кастусём Каліноўскім) зноў спаткаўся на Нямецкай вуліцы, ён запрасіў мяне ў кватэру Ямантаў… З таго часу я сустракаўся з Каліноўскім у той жа кватэры… Пры ўваходзе ў кватэру Ямантаў трэба было пастукаць. У тыя часы, калі я ў ёй бываў, дзьверы адчыняў ці сам Каліноўскі, ці Далеўскі…».

Людвіка Ямант у сваіх «Успамінах» называла прозьвішчы многіх рэвалюцыянэраў, якія ў тыя часы шчыльна супрацоўнічалі з К. Каліноўскім: 

У канцы ліпеня 1863 году на кватэры Ямантаў адбылася сустрэча з родным братам польскага пісьменьніка Балеслава Пруса — Лявонам Главацкім. У якасьці камісара народнага ўраду той прыяжджаў з Варшавы ў Вільню, каб абмеркаваць супярэчнасьці, якія ўзьніклі паміж кіраўнікамі паўстаньня на Беларусі і ў Польшчы.

Спрабуючы рэанімаваць паўстаньне, выдаў «Прыказ да народу зямлі літоўскай і беларускай». Аднак дзеяньні былі запозьненымі, паўстаньне ў Беларусі ўжо захлынулася ў крыві. Асноўныя сілы паўстанцаў былі разьбітыя карнікамі.

З восені 1863 году сканцэнтраваў намаганьні на назапашваньні сілаў для новага выступленьня ўвесну. Але, выдадзены здраднікам, камісарам Магілёўскай губэрні Вітаўтам Парфяновічам, яго ў ноч на 29 студзеня 1864 году схапілі царскія жандары ў Сьвятаянскіх мурах (побач з касьцёлам Сьвятых Янаў), дзе хаваўся пад імем Ігната Вітажэнца.

У час сьледзтва і суду трымаўся надзвычай мужна. На прапанову палегчыць свой лёс, назваўшы адрасы і імёны паплечнікаў, адказаў:

Царскі ваенна-палявы суд прыгаварыў К. Каліноўскага да расстрэлу. Аднак вядомы сваей жорсткасьцю ў здушэньні паўстаньня расейскі генэрал Мураўёў-вешальнік выказаўся за павешаньне. Неўзабаве гэты вырак учынілі на Лукіскім пляцы ў Вільні.

З царскага астрогу перадаў на волю свой запавет беларускаму народу — «Ліст з-пад шыбеніцы»:

Паводле сучасных дасьледнікаў, думкі К. Каліноўскага пра неабходнасьць змаганьня за сваю Бацькаўшчыну, выказаныя ім у «Пісьмах з-пад шыбеніцы», можна лічыць пачатковым афармленьнем беларускай нацыянальнай ідэі.

Улады Расейскай імпэрыі збаяліся паломніцтва да магілы Кастуся Каліноўскага, таму яго таемна разам зь яшчэ 20 пакаранымі сьмерцю паўстанцамі пахавалі на Замкавай гары ў Вільні, за мурамі расейскага вайсковага гарнізону. Парэшткі закапалі пакалечанымі, зь зьвязанымі ззаду рукамі, а целы пасыпалі вапнай, каб ускладніць ідэнтыфікацыю. Магілы зраўнялі зь зямлёй і зрабілі на іх месцы пляцоўку гуляць у крыкет («лапту») для расейскіх вайскоўцаў. У Першую сусьветную вайну па тым як расейскія войскі пакінулі Вільню, жыхары места адзначылі крыжам прыкладнае месца масавага пахаваньня. У 1940 годзе па заняцьці Вільні бальшавікам гэты крыж зруйнавалі, а само месца занядбалі.

У 2016 годзе на Замкавай гары здарыліся два апоўзьні, зьявілася патрэба ўмацаваць схілы. Перад правядзеньнем земляных працаў гару дэталёва дасьледавалі археолягі, якія выявілі не вядомыя раней магілы. У 2017 годзе навукоўцы выказалі здагадку пра тое, што знойдзеныя парэшткі могуць належаць удзельнікам паўстаньня. У сакавіку 2019 году дасьледнікі пацьвердзілі ідэнтыфікацыю парэшткаў К. Каліноўскага мэтадам вылучэньня астатніх, а таксама праз супастаўленьне веку, мэтаду сьмяротнага пакараньня і параўнаньня чэрапу з фатаздымкам.




#Article 35: Археалёгія (748 words)


Археалёгія (ад грэцкага αρχαιος — «старажытны» + лёгія λογος — «слова», «вучэньне») — навука, што вывучае гісторыю грамадзтва па матар’яльных парэштках жыцьця і дзейнасьці людзей — рэчавых (археалягічных) помніках. Дасьледуе ў комплексе старажытныя помнікі (стаянкі, паселішчы, могільнікі, сьвяцілішчы, майстэрні і інш.), рэчы і іх катэгорыі (прылады працы, прадметы побыту, матэрыялы духоўнай культуры), выяўленыя ў час археалягічных раскопак, узнаўляе сацыяльна-эканамічную гісторыю эпох, што недастаткова або зусім не адлюстравана ў пісьмовых крыніцах, дасьледуе шэраг пытаньняў, якія вывучаюцца і сумежнымі навукамі — этнаграфіяй, антрапалёгіяй, палеанталёгіяй і інш.; цесна зьвязаная з дапаможнымі гістрычнымі дысцыплінамі — нумізматыкай, сфрагістыкай, эпіграфікай. Археалёгія падзяляецца па эпохах (каменны век, бронзавы век, жалезны век, сярэднявечча), часам па крыніцах, культурна-гістарычных абласьцях, этнічных прыкметах (скіфскі пэрыяд, антычныя дзяржавы, славянская археалёгія). Паводле храналягічнага і тэрытарыяльнага падзелу своеасаблівых рыс помнікаў вылучаюцца так званыя археалягічныя культуры. Важным пытаньнем зьяўляецца клясыфікацыя і датаваньне здабытых пры раскопках рэчаў. У археалёгіі выкарыстоўваюць спэцыфічныя мэтады дасьледаваньня: параўнальна-тыпалягічны мэтад (вызначэньне культурнай прыналежнасьці і храналёгіі рэчаў шляхам параўнаньня з аналягічнымі, але ўжо вядомымі), стратыграфічныя (умовы заляганьня культурнага пляста археалягічных помнікаў адносна геалягічных напляставаньняў і іншых плястоў), статыстычны (улік масавых знаходак аднолькавага прызначэньня), а таксама розныя мэтады археалягічнага датаваньня. Важны мэтад дасьледаваньня археалягічных помнікаў — картаграфічны. Асобная галіна археалёгіі — падводная археалёгія — вывучае старажытныя і сярэднявечныя помнікі, што апынуліся пад вадой (у азёрах, рэках, марах). Археалягічныя матэрыялы дапаўняюцца пісьмовымі крыніцамі.

Да XIX стагодзьдзя архэалёгія вывучала антычнасьць і мела мастацтвазнаўчы характар. У краінах Заходняй Эўропы цікавасьць да нацыянальнай гісторыі, у тым ліку да архэалёгіі, асабліва ўзмацніліся пасьля Вялікай францускай рэвалюцыі 1789-1792 гадоў, якая спрыяла абуджэньню нацыянальнай самасьвядомасьці. З павелічэньнем колькасьці археалягічных матэрыялаў пачаліся спробы іх клясыфікацыі. У 1836 годзе дацкі археоляг Крыстыян Томсэн падзяліў помнікі першабытнай эпохі на каменны, бронзавы і жалезны вякі. Джон Лебак падзяліў каменны век на палеаліт і нэаліт. Гэтую клясыфікацыю паглыбіў Енс Ворса, які вызначыў храналёгію бронзавага веку паводле абрадаў пахаваньня. З гэтага часу архэалёгія становіцца навуковай дысцыплінай. З 2-й пал. XIX стагодзьдзя ва ўсіх краінах сьвету праводзіліся ахэалягічныя дасьледаваньні:  распрацаваныя храналягічная і пэрыядычная сыстэмы, навуковыя мэтады раскопак; адбываліся археалягічныя зьезды і кангрэсы. У 1869-83 францускі археоляг Габрыель дэ Мартылье падзяліў палеаліт на пэрыяды: шэльскі, ашэльскі, муст'ерскі, салютрэйскі, мадленскі. У Эўрапе адкрытыя эгейская цывілізацыя дагамэраўскай Грэцыі (Генрых Шліман, Артур Эванз), на Усходзе — шумерская і бабілёнская культуры. Швэдзкі архэоляг Оскар Мантэліус разьмеркаваў старажытныя рэчы па тыпах, якія пазьней зьвязаў у эвалюцыйныя рады, і, такім чынам, стаў заснавальнікам параўнальна-тыпалягічнага мэтаду. У пачатку XX стагодзьдзя чэскі археоляг Любар Нідэрле надрукаваў збор славянскіх старажытнасьцяў і даказаў агульныя рысы культур славян. Дзякуючы дасьледаваньням Аляксея Ўварава, Дзьмітрыя Самаквасава, Льва Іваноўскага, Уладзімера Сізова, Аляксандра Сьпіцына ўзьнікла славяна-руская археалёгія.

На Беларусі археалягічныя раскопкі пачаліся напрыканцы XVIII стагодзьдзя, археалягічныя помнікі дасьледавалі Тэадор Нарбут, Зарыян Даленга-Хадакоўскі, Канстантын і Яўстах Тышкевіч, Адам Кіркор, Еўдакім Раманаў, Уладзімер Завітневіч, Вандалін Шукевіч, Міхаіл Кусьцінскі, Мікалай Турбін, Генрых Татур, Леў Лазарэвіч-Шапялевіч, Зыгмунт Глёгэр, М. Фурсаў, С. Чалоўскі і інш. На актывізацыю археалагічных дасьледаваньняў паўплываў 9-ы археалагічны зьезд у Вільні (1893 г.).

У 1925 годзе пры Інбелкульце створана гістарычна-археалягічная камісія, у 1927 годзе адкрыта катэдра археалёгіі (з 1929 году археалягічная камісія ў Інстытуце гісторыі Бел АН, з 1932 году сэкцыя археалёгіі). У даваенны час археалягічныя дасьледаваньні праводзілі Аляксандар Ляўданскі, Канстантын Палікарповіч, Сяргей Дубінскі, Аляксандар Каваленя, Ісак Сербаў. У 1930-я многія археолягі рэпрэсаваныя і загінулі (Ляўданскі, Дубінскі, Каваленя і інш.). У Заходняй Беларусі археалягічныя раскопкі праводзілі Уладзімер Галубовіч, Г. Цэгак-Галубовіч і інш. У 1944 годзе ў Інстытуце гісторыі створаны сэктар археалёгіі, з 1980 году аддзел археалёгіі з сэктарам, у 1986 годзе — сэктары пераўтвораныя ў аддзелы.

У 1973 годзе створаная катэдра археалёгіі, этнаграфіі і дапаможных дысцыплін у БДУ. Беларускія археолягі выявілі каля 1300 помнікаў каменнага і бронзавага вякоў, вызначылі іх прыналежнасьць да археалягічных культур (У. Будзько, Уладзімер Ісаенка, Міхась Чарняўскі, Уладзімер Ксяндзоў, А. Калечыц, Эдвард Зайкоўскі і інш.), праводзілі мэтанакіраванае вывучэньне помнікаў, культур і этнічных утварэньняў жалезнага веку (Аляксей Мітрафанаў, Леанід Побаль, Кліменці Шут, Валянтына Вяргей, Міхаіл Лашанкоў і інш.).

Дасьледаваньні беларускіх археолягаў дапамаглі ўзнавіць працэс фармаваньня усходне-славянскіх племянных аб'яднаньняў (дрыгавічоў, крывічоў, радзімічаў), гісторыю старажытных гарадоў (Васіль Тарасенка, Георгі Штыхаў, Эдуард Загарульскі, Пётар Лысенка, Яраслаў Зьвяруга, Міхась Ткачоў, Зянон Пазьняк, Тацяна Бубенька, Вольга Ляўко, Леанід Калядзінскі, Валянтын Собаль, Юры Заяц і інш.), матэрыяльную культуру сельскага насельніцтва (Л. Дучыц, Я. Рыер, В. Багамольнікаў, Тацяна Каробушкіна і інш.). У 1990-я актыўна вывучаліся позьнесярэдневечныя помнікі XIV-XVIII стагодзьдзяў (Алег Трусаў, Аляксандар Краўцэвіч, Валеры Шаблюк, І. Чарняўскі і інш.). Археалягічныя дасьледаваньні на Беларусі праводзілі супрацоўнікі Інстытутаў археалёгіі і гісторыі матэрыяльнай культуры Расейскай АН (Леанід Аляксееў, Іван Арцёменка, Фрыда Гурэвіч, Ніна Гурына, Юры Кухарэнка, В. Мельнікоўская, Павал Рапапорт, Г. Салаўёва, Э. Сымановіч, Валянцін Сядоў, Пятра Трацьцякова і інш.).




#Article 36: Высокі друк (106 words)


Высо́кі друк:

У вытворчасьці гравюры высокім друкам завецца тэхналёгія, пры якой паверхню друкарскай формы гравіруюць (выразаюць канаўкі). На паверхню валікам альбо тампонам наносіцца фарба, якая не трапляе ў канаўкі. Да формы прыціскаецца папера, на якой атрымоўваецца адбітак паверхні пакрыты незафарбаванымі лініямі.

Па гэткай тэхналёгіі ствараецца дрэварыт, лінагравюра, гравюра на гіпсе, гравюра на кардоне і цынкагравюра.

У паліграфіі высокі друк — адзін са спосабаў друку, пры якім адбітак друкуецца з формы, якая мае выступаючыя (друкуючыя) і паглыбленыя (прабельныя) элемэнты. Да пачатку 1990-х найбольш пашыраны спосаб друку кніг, часопісаў і газэт, пры якім тэкст набіраўся зь літар. Разам з афсэтным друкам выкарыстоўваецца для друку паштовых марак з-за сваёй таннасьці.




#Article 37: Напалеон Орда (1127 words)


Напалео́н О́рда (11 лютага 1807, Варацэвічы, Пінскі павет, Менская губэрня, Расейская імпэрыя — 26 красавіка 1883, Варшава, Расейская імпэрыя) — беларускі і польскі мастак, кампазытар, пісьменьнік.

Напалеон Орда атрымаў вядомасьць стварэньнем сыстэматызаваных сэрыяў архітэктурна-гістарычных пэйзажаў, якія зафіксавалі былую славу, веліч і культуру беларускага, летувіскага, польскага і ўкраінскага народаў. Да нашых дзён дайшло 1060 малюнкаў мастака, якія пераважна захоўваюцца ў музэях Польшчы і Ўкраіны. Апроч таго, існуе 136 літаграфіяў яго твораў, якія хутчэй за ўсё не захаваліся. У яго малюнках — пэйзажы большасьці краінаў Эўропы, а таксама шматлікіх месцаў Польшчы, Беларусі, Летувы і Ўкраіны.

Н. Орда захапляўся музыкай. Сябраваў з Ф. Шапэнам, спачатку займаўся пад яго кіраўніцтвам, пасьля чаго ўжо сам выдатна граў на фартэпіяна і нават выкладаў. Адзін сэзон (1847) зьяўляўся дырэктарам Італьянскай опэры ў Парыжы. Быў асабіста знаёмы і сябраваў з А. Міцкевічам, І. Дамейкам, Ф. Лістам.

Нарадзіўся 11 лютага 1807 году ў радавым маёнтку Варацэвічы Пінскага павету Менскай губэрні (цяпер вёска ў Янаўскім раёне на Берасьцейшчыне) у сям’і палескай шляхты. Яго бацька — Міхал, паводле адукацыі інжынэр-фартыфікатар, амаль увесь час працаваў на будаўніцтве дарог і каналаў, у час падзелаў Рэчы Паспалітай зьяўляўся маршалкам Кобрынскага павету.

Пачатковую адукацыю мастак атрымаў у родным доме. Зь існых крыніц дакладна невядома ці былі ў іх доме гувэрнэры, хутчэй за ўсё так, але галоўным яго выхавальнікам і дарадцай на працягу ўсяго жыцьця была маці — Юзафіна — дачка пінскага судзьдзі й мечніка Тадэвуша Бутрымовіча. Яна валодала францускай мовай і была таленавітай піяністкай. Першыя ўрокі ігры на фартэпіяна будучаму кампазытару дала менавіта яна.

У 1819 годзе (у аўтабіяграфіі самога Н. Орды — у 1818 годзе, аднак лічыцца, што гэтую дату ён адмыслова сказіў на сьледзтве) паступіў у Сьвіслацкую гімназію. У гэты час у гімназіі пачалі стварацца навуковыя гурткі, удзельнікі каторых стваралі таемныя студэнцкія таварыствы. У адно з такіх таварыстваў — «Заране», якое было зьвязана з рэвалюцыйным «Таварыствам ваенных сяброў», уступіў Напалеон. Назва арганізацыі паходзіла ад формы сходаў гімназістаў, якія патаемна зьбіраліся надвячоркам, калі ўзыходзілі зоркі.

Напрыканцы вучобы Орды ў гімназіі «Заране» трапілі пад увагу паліцыі. Жандары схапілі шэраг выпускнікоў, якіх абвінавацілі ў дзяржаўнай здрадзе. У адносінах да Н. Орды і ягоных сяброў былі ўжытыя захады тлумачальнага характару, якія адпаведны сьледчы камітэт палічыў дастатковымі для вынішчэньня духу «рэвалюцыйнай заразы». Гімназістаў вызвалілі ад сьледзтва, але іх справы захоўваліся ў сэйфах царскай ахранкі.

Атрымаўшы дыплём з выдатнымі адзнакамі, 17-гадовы Напалеон вярнуўся дамоў. Пачалася яго падрыхтоўка да паступленьня ў Віленскі ўнівэрсытэт.

У 1823 г., пасьпяхова вытрымаўшы іспыты прыёмнай камісіі, паступіў у Віленскі ўнівэрсытэт, на фізыка-матэматычнае аддзяленьне. Напалеон, які ўжо атрымаў «пачатковае палітычнае выхаваньне» ў гімназіі, ва ўнівэрсытэце адразу апынуўся ў гушчы студэнцкага руху. Пагатоў ў гэты час ва ўнівэрсытэце ўжо дзейнічалі шматлікія таемныя таварыствы, у тым ліку філяматаў і філярэтаў, апошнія з каторых ужо набылі грамадзка-палітычнае адценьне. Віленскі ўнівэрсытэт падчас вучобы ў ім будучага мастака стаў калыскай будучых арганізатараў і ўдзельнікаў паўстаньня 1830—1831 гг., у якім брала ўдзел амаль трэцяя частка студэнтаў.

Тры гады стараннай вучобы дазволілі Напалеону ўвайсьці ў лік выдатнікаў, але актыўная дзейнасьць у таемных таварыствах не засталася па-за пільным зрокам паліцэйскіх — у ліпені 1826 г. ён разам зь дзесяцьцю сябрамі па вучобе і палітычнай барацьбе былі арыштаваныя і выключаныя з унівэрсытэту.

У Парыжы, на эміграцыі Напалеон Орда пачаў перакладаць паэзію аўтараў-ліцьвінаў на францускую. Выдаў першы, у 1856 годзе, падручнік польскай мовы для замежнікаў.

Вызначыўся Орда і ў галіне літаратурнай дзейнасьці: пісаў шматлікія артыкулы пра выдатных людзей і цікавыя мясьціны. У 1839 годзе Напалеон Орда прыняты ў Польскае гістарычна-літаратурнае таварыства. Сябра Адама Міцкевіча, ён быў ягоным папулярызатарам. У ліку знаёмых Н. Орды былі таксама Тургенеў, Бальзак, Стэндаль, Расіні, Вэрдзі.

Піяніст і кампазытар Напалеон Орда ў сярэдзіне 1840-х гадоў быў дырэктарам Італьянскай опэры ў Парыжы. Разам зь сябрам Фрыдэрыкам Шапэнам ён багата зрабіў для папулярызацыі нашай айчыннай музычнай культуры ў Эўропе.
 
Музычныя творы самога Н. Орды, асабліва палянэзы, мазуркі і вальсы, вылучаюцца самабытным і віртуозным стылем. Напалеон Орда ствараў рамансы і песьні на словы С. Вітніцкага і А. Плуга, выдаў «Альбом твораў польскіх кампазытараў» (1838). Н. Орда быў аўтарам славутай «Граматыкі музыкі», што выйшла ў 1873 годзе ды была высока ацэненая Станіславам Манюшкам, які лічыў Н. Орду сваім настаўнікам.

Падчас вучобы ў Сьвіслацкай гімназіі Напалеон Орда далучыўся да таемнага студэнцкага таварыства «Заране». А падчас вучобы ў Віленскім унівэрсытэце ён прыцягваўся да палітычнага дазнаньня. Унівэрсытэту здольны студэнт ня скончыў — у 1827 годзе быў адлічаны за прыналежнасьць да таемнага студэнцкага таварыства. Пасьля арышту і 15-месячнага турэмнага зьняволеньня вярнуўся ў родныя Варацэвічы, але застаўся пад наглядам паліцыі, і завяршыў сваю адукацыю самастойна.

Падчас паўстаньня 1830—1831 гадоў Н. Орда камандаваў партызанскім атрадам. Ён стаў урэшце стралком чацьвертага палку коннай гвардыі Літоўскага корпусу ў Польшчы і нават вызначыўся ў бітве пад Коцкам, за што атрымаў вышэйшую ўзнагароду — ордэн Залатога крыжа (Virtuti Militari) і чын капітана паўстанцкай арміі.

Пасьля задушэньня паўстаньня эміграваў у Францыю, дзе правёў 24 гады свайго жыцьця. Вярнуўся толькі ў 1856 годзе па амністыі, жыў у родных Варацэвічах. А напярэдадні паўстаньня К. Каліноўскага зноў сур’ёзна заняўся маляваньнем.

У Парыжы Н. Орда атрымаў мастацкую адукацыю ў студыі вядомага майстра архітэктурнага пэйзажу , які і вызначыў яго мастацкі жанр. Для сваёй творчасьці Напалеон Орда выбраў тэхніку алоўкавага малюнка, падмаляванага акварэльлю, гуашшу ці сэпіяй, якой дасканала валодаў. Менавіта гэтая тэхніка маляваньня дазваляла апэратыўна і найбольш дакладна адлюстраваць натурны архітэктурны краявід ва ўмовах падарожжа.

Першыя мастацкія вандроўкі Напалеона Орды адбыліся яшчэ падчас эміграцыі. У 1840-1844 гадах ён наведаў  Ангельшчыну, Шатляндыю, Нідэрлянды, Партугалію і нават Альжыр. Адтуль іх было прывезена нямала малюнкаў, якія зараз захоўваюцца ў Нацыянальным музэі ў Кракаве.

З 1873 году Напалеон Орда распачаў манумэнтальную справу — выданьне малюнкаў ўласным коштам у «Album Widoków Historycznych». Было выдадзена толькі 260 літаграфіяў у васьмі сэрыях альбому (каля 120 па беларускіх губэрнях). Малюнкі, зробленыя ў арыгінальнай тэхніцы алоўка і акварэлі, пераводзіліся літографам Аляізам Місяровічам на камень і друкаваліся ў літаграфічнай майстэрні  ў Варшаве.

Традыцыйна лічыцца, што малюнкі Орды вызначаюцца дакумэнтальнасьцю і з гэтай прычыны маюць велізарную каштоўнасьць для дасьледнікаў архітэктуры, рэстаўратараў. Але, насамрэч, калі параўноўваць малюнкі з тымі будынкамі, што захаваліся, добра відаць шматлікія недасканаласьці і пэрспэктыўныя хібы. Гэта тлумачыцца тым, што Напалеон Орда ня быў прафэсійным мастаком (усяго толькі два гады навучаньня архітэктурнаму пэйзажу) і сам лічыў сябе аматарам: «… і, як ведаеш, быў мастаком-аматарам» — напісаў ён у 1876 годзе ў лісьце да Ігната Дамэйкі. Больш за тое, апошнія дасьледаваньні арыгінальных малюнкаў Орды паказалі сьвядомыя зьмены аўтарам кампазыцый і архітэктурных аб’ектаў, калі аўтар назнарок не маляваў так, як гэта было ў рэчаіснасьці. Сапраўды, многія помнікі захаваліся толькі ў ягоных акварэлях ды малюнках, таму маюць вялікае значэньне для гісторыкаў архітэктуры. Але абапірацца на малюнкі як на крыніцу для рэстаўрацыі немагчыма.

Апошнія гады жыцьця Напалеон Орда падарожнічаў па Галіччыне, Келецкіх, Сувалскіх і Варшаўскіх землях, працягваў шмат маляваць. У 1883 годзе раптам захварэў і памёр у адным са шпіталяў Варшавы. Пахаваны ў радавым склепе на радзіме ў Янаве. Аб гэтым ён прасіў у сваім запавеце.

У горадзе Янаве (Берасьцейская вобласьць) Напалеону Орду ўсталяваны помнік, які стварыў скульптар Іван Голубеў.

Імем Орды названыя вуліцы ў Менску і Горадні.




#Article 38: Чарнобыльская катастрофа (1191 words)


Чарнобыльская катастрофа — радыяцыйная аварыя, што адбылася 26 красавіка 1986 году на Чарнобыльскай АЭС ва Ўкраінскай ССР (цяпер Украіна). Выбух і наступны за ім пажар спрычынілі масавы выкід (5,2 млн тэрабэкерэляў) радыяактыўных рэчываў у атмасфэру, якія распаўсюдзіліся на большую частку Эўропы. У захадах стрымліваньня радыяактыўнага забруджваньня і прадухіленьня шырэйшай катастрофы задзейнічалі звыш 880 тыс. ліквідатараў катастрофы, што каштавала каля 18 млрд рублёў і стала моцным ударам па эканоміцы СССР.

Здарэньне адбылося падчас выпрабаваньняў абсталяваньня АЭС групай Аляксандра Акімава 26 красавіка 1986 на чацьвёртым рэактары Чарнобыльскай атамнай станцыі. Раптоўны выкід атамнай энэргіі, наступная за ім спроба аварыйнага адключэньня рэактара і паўторнае павышэньне магутнасьці спрычынілі пашкоджаньне гермэтычнай абалонкі, што выклікала сэрыю выбухаў. У выніку гэтых падзеяў агаліліся графітавыя стрыжні, якія пры кантакце з паветрам пачалі расьпякацца. Запачаткаваныя ад выбуху клубы пажару ўтварылі надзвычай радыяактыўнае воблака, якое перамяшчалася над большай часткай СССР і Эўропы. Цягам 1986—2000 гадоў, 350 400 чалавек былі эвакуяваныя з найбольш моцна забруджаных тэрыторыяў Беларусі, Украіны і Расеі. Паводле афіцыйных пасьлясавецкіх зьвестак, каля 60% радыяактыўных ападкаў аселі на тэрыторыі Беларусі.

Катастрофа выклікала скептычнае стаўленьне да бясьпечнасьці савецкай ядзернай індустрыі і ядзернай энэргетыкі ўвогуле, што запаволіла яе разьвіцьцё на некалькі гадоў і прымусіла савецкае кіраўніцтва стаць менш засакрэчаным у дачыненьні да ядзерных працэдураў. Для Расеі, Украіны і Беларусі гэты інцыдэнт зазначыў пачатак працяглай дэкантамінацыі і грашовых выдаткаў на лячэньне пацярпелых ад Чарнобыльскай катастрофы.

Чарнобыльская АЭС (ЧАЭС) разьмешчаная на тэрыторыі Ўкраіны паблізу гораду Прыпяць, за 18 км ад гораду Чарнобыль, за 16 км ад мяжы з Рэспублікай Беларусь і за 110 км ад Кіева.

Да часу катастрофы на ЧАЭС выкарыстоўваліся чатыры рэактары РБМК-1000 (рэактар вялікай магутнасьці канальнага тыпу) з электрычнай магутнасьцю 1000 МВт (цеплавая магутнасьць 3200 МВт) кожны. Яшчэ два аналягічныя рэактары будаваліся па суседзтве. ЧАЭС вырабляла прыкладна дзясятую частку электраэнэргіі Украінскай ССР.

Прыкладна ў 1:24 26 красавіка 1986 году на 4-м энэргаблёку Чарнобыльскай АЭС адбыўся выбух, які цалкам разбурыў рэактар. Будынак энэргаблёку часткова абваліўся, пры гэтым загінулі 2 чалавекі — Валер Хадамчук (апэратар помпаў Галоўнага цыркуляцыйнага насосу; цела ня знойдзена, завалена пад абломкамі двух 130-тонавых барабан-сэпаратараў) і Ўладзімер Шашанок (супрацоўнік пуска-наладкавага аддзелу; памёр ад пералому хрыбетніка і шматлікіх апёкаў а 6:00 у Прыпяцкай МСЧ, раніцай 26-га красавіка). У розных памяшканьнях і на даху пачаўся пажар. Пасьля рэшткі актыўнай зоны расплавіліся. Сумесь з расплаўленага мэталу, пяску, бэтону і часьцінак паліва расьцяклася па падрэактарных памяшканьнях і там застыла. У выніку катастрофы адбыўся выкід у навакольнае асяродзьдзе радыёактыўных рэчываў, у тым ліку нуклідаў урану, плютону-240 (пэрыяд паўраспаду 6537 гадоў), ёду-131 (пэрыяд паўраспаду 8 дзён), цэзу-134 (пэрыяд паўраспаду 2 гады), цэзу-137 (пэрыяд паўраспаду 33 гады), стронцу-90 (пэрыяд паўраспаду 28 гадоў). У рэактары энэргаблёка № 4 Чарнобыльскай АЭС на час выбуха было 192 тоны ўзбагачанага ўрана (98% — уран-238, 2% — уран-235). Выбух выкінуў у навакольнае асяродзьдзе звыш 3,5% (6,72 тоны) гэтай масы ў выглядзе гарачых часьцінак і аэразоляў.

Калектыўны подзьвіг зьдзейсьнілі 28 байцоў-пажарнікаў у першую гадзіну пасьля катастрофы на ЧАЭС 26 красавіка 1986 году. Асабліва тады адзначыўся майстар спорту СССР старэйшы лейтэнант Васіль Ігнаценка, кандыдат у майстры спорту лейтэнант унутранай службы Віктар Кібянок, першаразраднік лейтэнант унутранай службы Уладзімер Правік, маёр унутранай службы Леанід Цялятнікаў і шмат іншых.

Забруджваньню падвергнулася больш  км² на тэрыторыі Беларусі (прыкладна 70%), Расеі і Ўкраіны. Радыяактыўныя рэчывы распаўсюджваліся ў выглядзе аэразоляў, якія паступова асаджваліся на паверхню зямлі. Высакародныя газы расьсеяліся ў атмасфэры і не рабілі ўнёсак ў забруджваньне прылеглых да станцыі рэгіёнаў. Забруджваньне было вельмі нераўнамерным, яно залежала ад кірунку ветру ў першыя дні пасьля катастрофы. Найболей моцна забруджваліся вобласьці, у якіх у гэты час прайшлі дажджы. Вялікая частка стронцу і плютону выпала ў межах 100 км ад станцыі, бо яны ўтрымоўваліся ў асноўным у буйнейшых часьціцах. Ёд і цэз распаўсюдзіліся на шырэйшую тэрыторыю.

З пункта гледжаньня ўзьдзеяньня на насельніцтва ў першыя тыдні пасьля катастрофы найбольшую небясьпеку ўяўляў радыяактыўны ёд-131 з параўнальна малым пэрыядам паўраспаду (восем дзён) і радыяактыўны тэлюр. У цяперашні час (і ў бліжэйшыя дзесяцігодзьдзі) найбольшую небясьпеку ўяўляюць ізатопы стронцу-90 і цэзу-137 з пэрыядам паўраспаду каля 30 гадоў. Найбольшыя канцэнтрацыі цэзу-137 выяўленыя ў павярхоўным пласьце глебы, адкуль ён пападае ў расьліны й грыбы. Забруджваньню таксама падвяргаюцца казуркі і жывёлы, якія імі сілкуюцца. Радыяактыўныя ізатопы плютону і амэрыцу захаваюцца ў глебе на працягу сотняў, а магчыма і тысячаў гадоў, аднак іх колькасьць па-за межамі зоны адчуджэньня нязначная. Тым ня менш, некаторыя экспэрты лічаць, што праблемы, зьвязаныя з забруджваньнем трансуранавымі элемэнтамі, патрабуюць дадатковага вывучэньня. У выніку бэта-распаду Pu-241 на радыяактыўна забруджаных тэрыторыях адбываецца ўтварэньне радыяактыўнага ізатопу амэрыцу-241 (Am-241). У цяперашні час унёсак гэтага ізатопу ў агульную альфа-актыўнасьць складае 50%. Рост актыўнасьці глеб, забруджаных трансуранавымі ізатопамі, за кошт Am-241 будзе працягвацца да 2060 г. і яго ўнёсак складзе 66,8%. У прыватнасьці, у 2086 годзе альфа-актыўнасьць глебы на забруджаных плютонам тэрыторыях Рэспублікі Беларусь будзе ў 2,4 разы вышэй, чым у пачатковы пасьляаварыйны пэрыяд.

У гарадах асноўная частка небясьпечных рэчываў назапашвалася на роўных участках паверхні: на лужках, дарогах, дахах. Пад узьдзеяньнем ветру і дажджоў, а таксама ў выніку дзейнасьці людзей, ступень забруджваньня моцна зьнізілася і цяпер узроўні радыяцыі ў большасьці месцаў вярнуліся да фонавых значэньняў. У сельскагаспадарчых абласьцях у першыя месяцы радыяактыўныя рэчывы адкладаліся на лісьці расьлінаў і на траве, таму забруджваньню падвяргаліся траваядныя жывёлы. Затым радыёнукліды разам з дажджом або апалым лісьцем патрапілі ў глебу, і цяпер яны паступаюць у сельскагаспадарчых расьлінах, у асноўным праз каранёвую сыстэму. Узроўні забруджваньня ў сельскагаспадарчых раёнах значна зьнізіліся, аднак у некаторых рэгіёнах колькасьць цэзу ў малацэ ўсё яшчэ можа перавышаць дапушчальныя значэньні. Гэта адносіцца, напрыклад, да Гомельскай і Магілёўскай абласьцей у Беларусі, Бранскай вобласьці ў Расеі, Жытомірскай і Ровенскай вобласьці ва Ўкраіне.

Значнаму забруджваньню падвергнуліся лясы. З-за таго, што ў лясной экасыстэме цэз стала рэцыркулюе, а не выводзіцца зь яе, узроўні забруджваньня лясных прадуктаў, такіх як грыбы, ягады і дзічына, застаюцца небясьпечнымі. Узровень забруджваньня рэк і большасьці азёраў у цяперашні час нізкі. Аднак у некаторых «замкнёных» азёрах, зь якіх няма сьцёку, канцэнтрацыя цэзу ў вадзе і рыбе яшчэ на працягу дзесяцігодзьдзяў можа ўяўляць небясьпеку.

Забруджваньне не абмежавалася 30-кілямэтровай зонай. Было адзначана падвышанае ўтрыманьне цэзу-137 у лішайніку і мясе аленяў у арктычных абласьцях Расеі, Нарвэгіі, Фінляндыі і Швэцыі. З-за павышэньня радыяцыйнага фону прыйшлося адсяліць шэраг вёсак па-за 30-цікілямэтровай зонай адчуджэньня (у Гомельскай і Магілёўскай абласьцях Беларусі і Бранскай вобласьці Расеі).

Забруджваньне цэзам-137 закранула 66% плошчы краіны (звыш 130 тыс. км²), у тым ліку са шчыльнасьцю вышэйшай за 1 Ci/км² амаль 20% сельскагаспадарчых угодзьдзяў (звыш 18 тыс. км²) і чвэрць лесу (амаль 20 тыс. км²).

За 27 гадоў плошча адчужэньня і адсяленьня скарацілася на 15,6% да 2661 км². У абарот вярнулі амаль 170 км² земляў. Па-ранейшаму не выкарыстоўваюцца 2400 км². На 1 студзеня 2013 году забруджанымі цэзам-137 заставаліся 14,5% плошчы краіны (30 100 км²), у тым ліку 11,1% сельскагаспадарчых земляў (9819 км²) і 18,6% лесу (15 046 км²) Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь. 69,3% такіх земляў (20 860 км²) мелі шчыльнасьць забруджваньня 1—5 Ci/км², 21,9% (6600 км²) — 5—15 Ci/км², 7,4% (2220 км²) — 15—40 Ci/км², 1,4% (420 км², зь іх 370 км² у Гомельскай вобласьці і 50 км² у Магілёўскай) — больш за 40 Ci/км².

Асноўная частка Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалягічнага запаведніка (плошча — 2160,93 км², Гомельская вобласьць) застанецца па-за гаспадарчым карыстаньнем нават у аддаленай будучыні праз забруджваньне глебы доўгажывучымі ізатопамі плютону і амэрыцу са шчыльнасьцю да 5 Ci/км².

На пачатак 2016 году на забруджаных тэрыторыях знаходзіцца 2371 населены пункт (зь іх 28 гарадоў і мястэчак), дзе пражывае 1141,8 тысячы чалавек (12% насельніцтва Беларусі).




#Article 39: Максім Багдановіч (4827 words)


Максі́м Ада́мавіч Багдано́віч (, Менск — , Ялта) — беларускі паэт, празаік, публіцыст, дасьледчык, літаратуразнавец, перакладчык, клясык беларускае літаратуры. Адзін са стваральнікаў беларускае літаратуры й сучаснае літаратурнае беларускае мовы. Распачынальнік традыцыі беларускага мастацкага перакладу. Нізка «Места» з адзінага прыжыцьцёвага зборніка паэта «Вянок» зьяўляецца першым узорам урбаністычнае лірыкі ў новай беларускай паэзіі. Спадчына Максіма Багдановіча ўвайшла ў залаты фонд беларускае культуры.

Вэрсыфікацыйная дзейнасьць Максіма Багдановіча ўзбагаціла беларускую паэзію на такія нязнаныя дагэтуль клясычныя ўзоры вершаскладаньня, як санэт, трыялет, танка, рубай, рандо, рэндэль, тэрцына і інш. Доктарка філялягічных навук і прафэсар МДУ Ала Шэшкен параўноўвае Максіма Багдановіча з Аляксандрам Пушкіным па месцы, якое ён займае ў беларускай літаратуры, трансфармаваўшы паэтычны досьвед эўрапейскае літаратуры на нацыянальную глебу. Выключнае пачуцьцё гармоніі і меры, у дачыненьні да паэтычнае спадчыны, уласьцівае абодвум паэтам, заўважыў паэт і дасьледчык беларускае літаратуры Ніл Гілевіч.

Максім Багдановіч заклаў пачатак беларускае літаратурнае прафэсійнае крытыкі. Гісторыка-літаратурная канцэпцыя Максіма Багдановіча найбольш поўна раскрылася ў яго працах «Кароткая гісторыя беларускай пісьменнасьці XVI сталецьця», «За сто лет», «Новый период в истории белорусской литературы» и «Белорусское возрождение». На палажэньнях, выказаных у літаратуразнаўчых артыкулах «Глыбы і слаі» і «За тры гады» грунтавалася навуковая гісторыя беларускае літаратуры ў будучым. Максім Багдановіч-крытык выступаў на беларускай, расейскай і ўкраінскай мовах, папулярызуючы дасягненьні маладое беларускае літаратуры, аналізуючы ўкраінскую паэзію і пытаньні гісторыі расейскае літаратуры. Большасьць крытычных матэрыялаў на расейскай мове друкаваліся ў 1913—1916 гг. у яраслаўскай газэце «Голас».

Нарадзіўся ў Менску ў сям’і пэдагога ды навукоўца Адама Ягоравіча Багдановіча (1862—1940) ды Марыі Апанасаўны Мякоты герба Курч (1869—1896) на Траецкай гары па Аляксандраўскай вуліцы (цяпер вул. М. Багдановіча) у доме Каракозава, дзе зьмяшчалася тады 1-я прыходзкая вучэльня і настаўніцкая кватэра Адама Багдановіча. У 1892 годзе сям’я перабралася ў Горадню, дзе Адам Багдановіч атрымаў працу ў Сялянскім пазямельным банку. У Горадні, як і ў Менску, у Багдановічаў зьбіралася шмат людзей, пераважна інтэлігенцыя. Гучалі дэклямацыі літаратурных твораў, сьпевы, вяліся дыскусіі. Там, у кастрычніку 1896 ад сухотаў памірае маці паэта. Дзяцей бярэцца даглядаць сястра Адама Ягоравіча Багдановіча — Марыя Ягораўна.

Страта маці стала для Максіма Багдановіча стратай Радзімы: у лістападзе 1896 году Адам Багдановіч зь дзецьмі пераязджае ў Ніжні Ноўгарад. Тут Максім чуў беларускія казкі, песьні, прымаўкі. Бацька аддаваў шмат увагі сваім сынам, дзякуючы яму яны палюбілі літаратуру. У адным зь лістоў да сябра Максім адзначаў:

Мяне выхоўваў бацька. Неяк я паказваў вам яго бібліятэку. У ёй усё ёсьць істотнае, што зьявілася калі б там ні было ў літаратуры ўсяго сьвету. Мы зь дзяцінства праходзілі гэтую сусьветную школу… Зразумела, галоўная ўвага зьвярталася на славянскія літаратуры…

У пачатку 1899 году бацька Максіма бярэ шлюб зь сястрой жонкі Максіма Горкага Аляксандрай Паўлаўнай Волжынай. У канцы году яна памірае ад родаў, пакінуўшы яшчэ адну сірату — сына Аляксандра, які рос у сям’і М. Горкага і памёр у Крыме ад дызэнтырыі ў чатырохгадовым узросьце.

Пачаў Максім пісаць па-беларуску з 10—11 год. У 1902 годзе ён паступіў у Ніжагародзкую мужчынскую гімназію. Падчас рэвалюцыі 1905 году прымае ўдзел у бунтах, ладжаных гімназістамі. У 1906 годзе хросная маці Максіма В. Сёмава выпісвае для яго газэту «Наша Доля», а потым і «Нашу Ніву». У канцы году Багдановіч дасылае беларускія кнігі й газэты ў Ніжагародзкую турму рэвалюцыянэру беларускага паходжаньня Сьцяпану Зенчанку.

У чэрвені 1908 году Багдановічы зноўку пераяжджаюць — гэтым разам у Яраслаўль. Там Максім Багдановіч піша першыя лірычныя вершы: «Над магілай», «Прыйдзе вясна», «На чужыне», якія былі апублікаваныя ў «Нашай ніве». Там жа друкуюцца вершы «Краю мой родны! Як выкляты богам…», у якім выразна прагучала тэма сацыяльнага прыгнёту й нацыянальнага адраджэньня беларусаў; кароткае вершаванае лірычнае апавяданьне «Зь песьняў беларускага мужыка» — рэалістычная імпрэсія, поўная веры ў творчыя сілы народу; вершы «Цемень», «Пугач», «Разрытая магіла», а таксама пераклады з Гайнрыха Гайнэ, Фрыдрыха Шылера.

Першым зь перакладаў дасланых у рэдакцыю «Нашай Нівы» быў верш З. Ю. Сьвятагора «Дзьве песьні», які пайшоў у друк з папраўкамі ў мове Я.Купалы, але зь іншым подпісам: у карэктуры Ядвігін Ш. падпісаў верш прыдуманым ім для Максіма Багдановіча псэўданімам «Максім Крыніца». Ён пісаў:

У наступных лістах да рэдакцыі газэты паэт пратэставаў, што яго перарабілі ў Максіма Крыніцу

У 1909 годзе Максім захварэў на сухоты. Скончыўшы ў 1911 годзе гімназію, Максім Багдановіч наведвае Вільню, знаёміцца з Вацлавам Ластоўскім, Антонам і Іванам Луцкевічамі ды іншымі дзеячамі беларускага Адраджэньня. Мешкаючы ў Вільні, малады паэт азнаёміўся ў прыватным музэі братоў Луцкевічаў з калекцыямі старажытных рарытэтаў і пад іх уражаньнем напісаў верш «Слуцкіе ткачыхі». У гэтым творы аўтар распавядае сумную гісторыю прыгонных ткачых, паэтызуе ўмельства майстрых ткаць залатыя паясы, куды яны дадаюць «заміж пэрсыдзкага ўзора цьвяток радзімы васілька».

Тамака ж Багдановіч знаёміцца з патрыярхам беларускага нацыянальнага адраджэньня Браніславам Эпімах-Шыпілам, зь якім ён пасьля будзе весьці ліставаньне. У лістападзе 1911 году, знаходзячыся ўжо ў Яраслаўлі, Багдановіч будзе пісаць у рэдакцыю альманаха «Маладая Беларусь» ліст з просьбай надрукаваць два ягоныя вершы разам зь невялікім літаратуразнаўчым нарысам пра санэтную форму дасланых вершаў. Напрыканцы свайго ліста паэт не абміне ўвагай свайго віленскага знаёмага: «Паклон п. Шыпіле — пазнаёміліся ў Вільні».

У тым жа годзе Максім Багдановіч меў намер паступіць у Пецярбурскі ўнівэрсытэт на філялягічны факультэт, але празь недахоп грошай і сыры клімат сталіцы вяртаецца ў Яраслаўль, паступіўшы ў Дзямідаўскі юрыдычны ліцэй. Падчас вучобы супрацоўнічае ў яраслаўскай газэце «Голос»; шмат піша, друкуецца ў розных расейскіх і беларускіх выданьнях, набывае вядомасьць.

У той пэрыяд былі напісаныя вершаваныя лірычныя апавяданьні «Ў вёсцы» і «Вэроніка». Абодва — даніна захапленьню паэта жанчынай. Паэтычнае апісаньне глыбокіх пачуцьцяў жанчыны да дзіцяці, уласьцівых нават маленькай дзяўчынцы — ідэйная задума твору «Ў вёсцы». Фабула «Вэронікі» — успамін аб дзяўчынцы, якая непрыкметна для аўтара, «ў красе свае вясны» вырасла, абудзіўшы ў душы паэта першае каханьне, а зь ім — цягу да ідэальнага, прыгожага, да паэзіі. Музай для Максіма Багдановіча паслужыла Ганна Какуева, сястра яго аднаклясьніка, таленавітая піяністка. У гэты ж пэрыяд пішуцца вершы «Ўчора шчасьце толькі глянула нясьмела», «Больш за ўсё на сьвеце жадаю я» і твор лірыкі любоўных перажываньняў — верш «Раманс». Тады ж былі створаныя вершы, якія потым склалі цыклі «Старая Беларусь», «Места», «Згукі бацькоўшчыны», «Старая спадчына». Асноўным зьместам твораў была барацьба за гуманістычныя ідэалы, на першы плян выходзіла тэма паднявольнага жыцьця беларускага народу, моцна гучалі ідэі нацыянальна-вызваленчай барацьбы супраць царскай імпэрыі.

У пэрыяд 1909—1913 гадоў паэт перакладае на беларускую вершы Авідыюса, Гарацыюса, францускага паэта Поля Вэрлена. Апрача таго, у гэты пэрыяд Максім Багдановіч займаецца распрацоўкай канцэпцыі гісторыі разьвіцьця беларускае літаратуры ад старажытнасьці да пачатку XX стагодзьдзя. Гэта знайшло адлюстраваньне ў артыкулах «Глыбы і слаі» (надрукаваным у «Нашай Ніве»), «Кароткая гісторыя беларускай пісьменнасьці да XVI сталецьця», «За сто лет. Нарыс гісторыі беларускай пісьменнасьці» і «Новый период в истории белорусской литературы».

У Вільні на пачатку 1914 году, у друкарні Марціна Кухты, пры грашовае падтрымцы Магдалены Радзівіл, накладам 2000 асобнікаў выдадзены адзіны прыжыцьцёвы зборнік твораў Максіма Багдановіча «Вянок» (на тытуле пазначаны 1913 г.) з прысьвячэньнем: «Вянок на магілу С. А. Полуяну (памёр 8 красавіка 1910 г.)», якое зрабіў Вацлаў Ластоўскі, не ўзгадняючыся з аўтарам. Пасьля Багдановіч ухваліў яго ініцыятыву. Зборнік зьмяшчаў 92 вершы і 2 паэмкі, разьмешчаныя на 120 старонках, якія былі аб’яднаныя па нізках: «Малюнкі і сьпевы», «Думы» і «Мадонны». У лістах да выдаўцы былі меркаваньні дапоўніць «Мадоннаў» нізкай «Каханьне і сьмерць» (13 вершаў) і да 5 перакладаў зь нізкі «Старая спадчына» дадаць 22 пераклады з Поля Вэрлена і ўтварыць разьдзел «З чужой глебы». Аднак кніга выйшла без дапаўненьняў і без пасьляслоўя «Ізноў пабачыў я сялібы» да паэмы «Вэроніка». У сваім укарочаным выглядзе «Вянок» Багдановіча застаецца клясычнай кнігай паэзіі, але ён, натуральна, у такім варыянце ніяк не выражае агульнае першаснае задумы паэта, якая сыходзіла па ўзору дантавай «Боскай камэдыі» з траічнасьці як асноўнага кампазыцыйнага пранцыпу пабудовы твора мастацтва, з імкненьня пазнаць сьвет у яго дыялектычнай сутнасьці, гарманічнасьці, разьвіцьці.У поўным зборы вершаў М. Багдановіча 1992—1995 гг. выдаўцы выправілі ўсе вышэй пералічаныя страты, аднак, тым самым, парушыўшы гістарычную праўду.

У сваіх «Успамінах аб М. Багдановічу» Вацлаў Ластоўскі апавядаў гісторыю стварэньня «Вянка»:

За некалькі месяцаў пасьля выезду зь Вільні Максім Багдановіч адаслаў у рэдакцыю «Нашай Нівы» рукапіс, у якім былі сабраныя яго вершы, пад загалоўкам «Кніжка выбраных вершаў» з просьбай выпусьціць асобнай кніжачкай. Рукапіс гэты праляжаў у рэдакцыі больш за паўгады, бо не было грошай, каб надрукаваць яго. І толькі ў 1913 годзе былі дабыты грошы на надрукаваньне рукапісу

Па словах Ластоўскага, на надрукаваньне «Вянка» Іван Луцкевіч выдаткаваў 150 рублёў, а падчас набору Вацлаў Іваноўскі і Іван Луцкевіч знайшлі «яшчэ нейкую суму» грошай ад Магдалены Радзівіл. У падзяку да княгіні на тытульным аркушы кнігі было пастаноўлена разьмясьціць знак лебедзя, што азначала герб Завішаў (Магдалена Радзівіл з дому Завішанка):

Рысунак на акладку даў я са свайго сабрання. Гэты рысунак у 1905 годзе зрабіў адзін з вучняў (не памятаю яго прозвішча) Штыгліцаўскай школы. Рысунак напамінае крыху вянок, дзеля гэтага я і пастанавіў, карыстаючы правамі выдаўца, надпісаць на кніжцы да аўтарскага яшчэ і свой агаловак — «Вянок». Выходзіла нязгорш: «Вянок, кніжка выбраных вершау»

У 1914 годзе ў «Нашай Ніве» №8 была зьмешчаная нататка, якая мела назву: «Песьняр красы». Гэта была першая рэцэнзія на зборнік «Вянок», напісаў яе Антон Луцкевіч: «…не грамадзкія тэмы займаюць галоўным чынам паэта: ён перш за ўсё шукае частае красы, вершы яго, кожны формай падыходзіць да думкі»

Тэма сьмерці ў Максіма прайшла праз усё яго творчае жыцьцё. «Амур і сумны і прыгожы стаіць з павязкай на вачах ля склепу…» Паэт верыў у вечнае жыцьцё. Верш «На могілках» мае магічную сілу, як сама сьмерць. Гэтыя «Думы», «Вольныя думы» Максіма Багдановіча насычаны хрысьціянскім спакоем, пачуцьцём боскай несьмяротнасьці. Ён увесь час размаўляе з зоркамі, зь небам, углядаецца ўвысь, не пад ногі. Самы моцны верш па сіле ўзьдзеяньня «Прыйдзецца, бачу, пазайздросьціць бяздольнаму Марку».

У гэты пэрыяд паэт піша цыкл вершаў «На ціхім Дунаі. Вершы беларускага складу», паэму «Максім і Магдалена», іншыя творы. Пісаў Максім Багдановіч вершы й на расейскай мове, як «Зачем грустна она была», «Я вспоминаю Вас такой прекрасной, стройной», «Зелёная любовь», «Осенью». Да гэтага часу адносяцца й пераклады на беларускую твораў А. Пушкіна й Э. Вэрхарна.

Акрамя таго, у расейскім і ўкраінскім друку зьяўляюцца публіцыстычныя артыкулы Максіма Багдановіча на расейскай мове, прысьвечаныя пытаньням гісторыі літаратуры, нацыянальным і грамадзка-палітычным праблемам; выходзяць гістарычныя і краязнаўча-этнаграфічныя брашуры, а таксама літаратуразнаўчыя рэцэнзіі, фэльетоны.

У сьнежні 1915 году Багдановіч паехаў у Маскву, каб наведаць беларускага гісторыка Ўладзімера Пічэту. Беларускі дасьледчык паўплываў на погляды паэта, якія ён выказаў у артыкуле «Белорусское возрождение».

Максім Багдановіч падтрымліваў цесную сувязь зь Яраслаўскай беларускай радай, якая аб’ядноўвала бежанцаў-беларусаў Першае сусьветнае вайны.

Улетку 1916 году, скончыўшы ліцэй, Максім Багдановіч вярнуўся ў Менск, дзе жыў на кватэры Зьмітрака Бядулі. Хоць ён быў ужо цяжка хворы, але ўладкаваўся на працу ў губэрнскай харчовай камісіі, шмат працаваў, а ўвесь вольны час аддаваў літаратурнай творчасьці.

У гэты час Максім Багдановіч напісаў такія творы, як «Страцім-лебедзь» і «Пагоня».

У 1991 вакальна-інструмэнтальным ансаблем «Песьняры» быў выдадезны альбом «Вянок» з пакладзенымі на музыку вершамі паэта. Альбом зьмяшчаў 13 песьняў: «Ой, чаму я стаў паэтам», «Краю мой родны! Як выкляты Богам…», «Максім і Магдалена», «Па над белым пухам вішняў», «На чужыне», «Эмигрантская», «Вянок», «Лявоніха», «Слуцкія ткачыхі», «Зорка Вэнэра», «Пагоня», «Вэраніка», «Прывет табе, жыццё на волі…». Таксама словы паэта былі пакладзеныя на музыку беларускім мужчынскім хорам пад кіраўніцтвам Мікалая Равенскага, камэрным мужчынскім хорам «Унія» й інш.

У лютым 1917 году сябры паэта сабралі грошы, каб ён мог ехаць у Крым лячыцца ад сухотаў. Але лячэньне не дапамагло. Памёр Максім Багдановіч на досьвітку 25 траўня 1917 году ва ўзросьце 25 гадоў.

Максіма Багдановіча пахавалі ў Ялце на трэці дзень сьмерці па праваслаўнаму абраду на Новых гарадзкіх могілках (цяпер Старыя гарадзкія могілкі). У дзень сьмерці паэта, яго бацька — Адам Багдановіч — знаходзіўся ў службовай камандзіроўцы ў Сымфэропалі. Ён пісаў:

Скончался он 12 (25) мая, но я известие об этом получил на 4-й день после его смерти. Он не дал хозяйке моего адреса, не желая меня тревожить. После его смерти она нашла мой Ярославский адрес и телеграфировала по этому адресу, а пока пришла телеграмма из Ярославля был уже четвертый день. Я тотчас на автомобиле отправился в Ялту. Но он уже был похоронен…

Похоронили его на ялтинском кладбище, что недалеко от Николаевской улицы по направлению к горам, на самой окраине кладбища внизу, в 3 саженях от окраины, близ дороги, со стороны противоположной к морю, т.е. со стороны гор. В головах поставлен небольшой белый крест с надписью на жестяной табличке его имени (студент Максим Адамович Багданович) и когда он скончался.

У 1924 годзе на яго магіле быў усталяваны помнік з чатырма радкамі зь вершу паэта «Паміж пяскоў Эгіпэцкай зямлі…». 20-я гады мінулага стагодзьдзя былі эпохай атэізму, таму стары крыж на ялцінскай магіле быў зьнішчаны, а на ягоным месцы зьявіўся помнік з шэра-брунатнага вапняку з чырвонай зоркай, які й стаяў там да 2003 году, калі на магіле паэта быў усталяваны помнік скульптараў — бацькі, сына Льва й Сяргея Гумілеўскіх.

На пачатку 1980-х гадоў уздымалася пытаньне пераносу праху паэта зь Ялты ў Менск, але арганізатары не атрымалі афіцыйнага адказу.

Сярод папер, што засталіся пасьля нябожчыка, былі знойдзены матэрыялы для беларускага буквара, над якім ён, мабыць, працаваў у апошні час. А на крэсьле ля самога ложка — кніга, і на ёй кароткі, у адну страфу верш, перадсьмяротнае прызнаньне, унікальнае ў сваім родзе ва ўсёй сусьветнай паэзіі.

Багдановіч дэбютуе як пісьменьнік у 1907 годзе — часопiс «Наша Ніва» друкуе ягонае апавяданьне «Музыка». У той самы год друкуюцца «Прыйдзе вясна», «Ноч», «На чужыне», «Над магілай». У пачатку 1914 году ў Вільні выйшаў ягоны паэтычны зборнік «Вянок» (на тытулу кнігі стаіць 1913 год, але ў тым годзе яе выдаць не пасьпелі). Аўтар паэмаў «Мушка-зелянушка і камарык — насаты тварык» (1914), «Максім і Магдалена» (1915), «Страцім-лебедзь» (1916). Стварыў шмат узораў грамадзянскае, пэйзажнае, філязофскае лірыкі; напісаў шмат мілосных вершаў, прысьвечаных Ганьне Какуевай (яраслаўскай знаёмай паэта, у якую ён быў закаханы); пісаў і друкаваўся як на беларускай, так і на расейскай мове. Багдановіч упершыню ў беларускай літаратуры ўжыў формы санэту, трыялету, рандо і іншыя клясычныя вершаваныя формы, вэрлібр. Выступаў у прэсе як публіцыст, друкаваў шматлікія крытычныя артыкулы ды літаратурныя агляды. На паэзію Багдановіча паўплывалі творы францускіх сымбалістаў, расейскіх акмэістаў, аднак ён імкнуўся да стварэньня ўласнабеларускай паэзіі, арганічнага зьліцьця беларускіх ды іншаземных традыцыяў, заклікаў у сваіх артыкулах «трымацца народнай песьні, як сьляпы трымаецца плота». Творы беларускага паэта перакладзены на два дзясяткі моваў сьвету (сярод іх такія распаўсюджаныя, як ангельская, гішпанская, нямецкая, польская, расейская, украінская, француская і вугорская), публікаваліся ў Вялікабрытаніі, Нямеччыне, Польшчы, Расеі, Францыі, Югаславіі й іншых краінах. Яшчэ ў 1950-я гады ў Маскве быў выдадзены вялікі зборнік яго выбраных твораў на расейскай мове ў перакладзе лепшых савецкіх паэтаў.

Па шырыні і разнастайнасьці творчага дыяпазону дзейнасьць Максіма Багдановіча ў галіне беларускага мастацкага перакладу зьяўляецца беспрэцэдэнтнай. Паэт пераклаў на беларускую мову вершы Поля Вэрлена, Эміля Вэрхарна, Гайнрыха Гайнэ, Аляксандра Пушкіна, Авідыюса, Гарацыюса і іншых замежных паэтаў, на расейскую — творы Янкі Купалы, Тараса Шаўчэнкі, Івана Франко. Максім Багдановіч быў першым сярод беларускіх пісьменьнікаў, хто так востра і глыбока актуалізаваў мэтазгоднасьць і патрэбу далучэньня беларускае літаратуры да сусьветнае, галоўным чынам эўрапейскае літаратуры. На фармаваньне мэтаду перакладчыцкай практыкі Максіма Багдановіча зрабілі ўплыў набыткі ў галіне мастацкага перакладу, пакінутыя А. Пушкіным, М. Міхайлавым, М. Горкім, І. Франко, В. Самійленкам, а таксама Ф. Багушэвічам, В. Дуніным-Марцінкевічам.

У сваім праграмным крытычным артыкуле «Забыты шлях», напісаным у 1915 годзе Максім Багдановіч абгрунтовае актуальнасьць беларускага мастацкага перакладу для новае беларускае літаратуры:

Намагаючыся зрабіць нашу паэзію не толькі мовай, але і духам, і складам твораў шчыра беларускай, мы зрабілі б цяжкую памылку, калі б кінулі тую вывучку, што нам давала сьветавая (найчасьцей еўрапейская) паэзія. Гэта апошняя праца павінна ісьці поўным ходам. Было б горш, чым нядбальствам, нічога не ўзяць з таго, што соткі народаў праз тысячы год сабіралі ў скарбніцу сьветавой культуры. Але занасіць толькі чужое, не разьвіваючы свайго, — гэта яшчэ горш: гэта знача глуміць на­родную душу. Да таго ж адны жабракі могуць праз усё жыцьцё толькі браць. Трэба ж і нам, беручы чужое, калі-нікалі даць нешта сваё. А свайго, як мы бачым, мы давалі меней, чым маглі.

Творчы перакладчыцкі мэтад Максіма Багдановіча абумоўліваецца ўстаноўкай на дасягеньне адэкватнай перадачы зьместу і формы арыгінала. Паэт не прымаў і ніколі не выкарыстоўваў у практычнай дзейнасьці падрадкоўны, літаральны пераклад верша. Сваю пазыцыю да літаральнага перакладу Максім Багдановіч выказваў у рэцэнзіі на расейскі пераклад зборніка вершаў Тэафіля Гацье «Эмалі і камеі», зроблены Мікалаем Гумілёвым:

Т. Готье занимает одно из самых почтенных мест во французской поэзии. Поэтому можно лишь приветствовать попытку Н. Гумилева познакомить нашу читающую публику совершеннейшими произведениями этого «ювелира слова» […] Главное достоинство стихотворений Т. Готье, как известно, заключается в изяществе отделки всегда безукоризненного стиха […] и именно эта черта творчества Готье нашла себя в переводах Н. Гумилёва наиболее внимательное отношение. Но при всем том разбираемая книга имеет один убийственный недостаток: то, что в ней искусно, в то же время и весьма искусственно. В ней очень много мастерства и мало поэзии. В ее тщательно отточеных стихах не чувстуется «веяния духа живого», все они красивы, но холодны […] Что касается отдельных промахов переводчика, то можно иной раз посетовать на него за стремление к буквальной передаче подлинника. Фраза «И дьявол кожу ей дубил», употребленная при описании Кармен, очень близка к оригиналу, но в то же время и очень смешна.

Маючы добрыя лінгвістычныя здольнасьці, Максім Багдановіч вывучыў і дастаткова глыбока засвоіў лацінскую, нямецкую, францускую мовы, валодаў мовамі славянскіх народаў, а таму мог абыйсьціся без падрадкоўніка і працаваць непасрэдна з тэкстам арыгінала. Беларускі дасьледчык мастацкага перакладу Леанід Казыра выказвае думку, што «ніхто зь беларускіх пісьменьнікаў ні да Багдановіча, ні пасьля яго так шырока не выкарыстоўваў у сваёй арыгінальнай творчасьці антычных матываў, тэм, вобразаў, сюжэтаў і форм». У галіне перакладчыцкай дзейнасьці імкненьне Максіма Багдановіча адаптаваць узоры антычнае паэзіі да беларускага верша знайшло сваё ўвасабленьне ў перастварэньні твораў Гарацыюса і Авідыюса, а менавіта трыццатай оды «Exegi monumentum» («Помнік») з трэцяй кнігі одаў Гарацыя, якую паэт пераклаў нязнаным датуль у беларускай паэзіі аўтэнтычным асклепідаўскім вершам арыгіналу, і дзвух фрагмэнтаў з «Мэтамарфозаў» Авідыюса з назвамі «Грамада зорак „Карона“» і «Ікар і Дэдал», у якіх паэту ўдалося дакладна ўзнавіць зьмест, інтанацыю і стыль арыгінала.

Разам зь Янкам Купалам, Якубам Коласам, іншымі пісьменьнікамі-перакладчыкамі нашаніўскай пары Максім Багдановіч далучаецца да перакладу нямецкае паэзіі, у прыватнасьці творчай спадчыны Гайнрыха Гайнэ й Фрыдрыха Шылера. Дасьледчык беларуска-нямецкіх літаратурных сувязей Уладзімер Сакалоўскі сьцьвярджае, што:

Вершы Г. Гейнэ захапілі аўтара «Вянка» страснасцю лірычнага пачуцця, глыбокім пранікненнем у самыя інтымныя зрухі чалавечай душы, філасофскім зместам, вялікім гуманізмам, саркастычным выкрыццём людскіх заган, урэшце, дасканаласцю формы, меладычнасцю, блізкасцю да народнай песні

У 1909 г. на старонках «Нашай Нівы» быў апублікаваны першы Багдановічавы перакладны верш Гайнрыха Гайнэ — «У паўночным краю на кургане». Праз год у гэтай газэце быў зьмешчаны пераклад верша Фрыдрыха Шылера «Хочаш сябе ты пазнаць». Пяць іншых перакладзеных вершаў Гайнэ — «Азра», «Дзяцюк шчыра любіць дзяўчыну», «Калі любоў замучыць», «Калі маеш шмат чаго», «Гайнрых» — былі апублікаваныя толькі ў 1927 годзе ў першым акадэмічным зборы твораў Максіма Багдановіча. Ацэньваючы Багдановічавы пераклады Гайнрыха Гайнэ й Фрыдрыха Шылера, Уладзімер Сакалоўскі сьцьвярджае:

Багдановічаўскія пераклады твораў Г. Гейнэ і Ф. Шылера хаця і маюць некаторыя выдаткі, што больш залежалі ад часу, чым ад самога перакладчыка, сталі, як і ўся спадчына беларускага паэта, класічнымі.

Асноўнае месца ў перакладчыцкай спадчыне Максіма Багдановіча займае француская паэзія. Яна прадстаўленая 22 творамі Поля Вэрлена і адным санэтам Алексіса-Фэлікса Арвэра. Характэрна, што аўтар «Вянка» вельмі даражыў перакладамі з Вэрлена і нават ставіў іх вышэй за некаторыя свае арыгінальныя вершы. Пра гэта сьведчыць ліст паэта ад 29 ліпеня 1912 г. у рэдакцыю «Нашай нівы»:

Паночкі! Надумаўся я памясьціць у зборніках і пераклады з Верлена, каторыя раней надаслаў у Піцер. Пераклады да арыгінала блізкія, і, калі я магу іх справядліва ацаніць, — добрыя […] Ва ўсякім разе пераклады Верлена больш вартыя друку, чым гэтыя трафарэты, да ліку каторых трэба прыпісаць і в(ерш) «Шмат у нашым жыцці ёсць дарог…» […] Усе пераклады (калі Верлена Вам аддадуць) трэба памясьціць у канцы кнігі як чацьвёрты аддзел з іменем «З чужой глебы»: I. З Верлена II. З іншых паэтаў. […] Ізноў прашу,— друкуйце заменш дрэні, заклінаючы п. Антонія іменем европеізма, культурнасьці і т.д., а п. Ластоўскага іменем мадэрнізма і т.д.

На Максіма Багдановіча паўплывала дасканаласьць вэрленаўскае літаратурнае тэхнікі, гарманічнасьць яго верша, дзе ўсе выяўленчыя сродкі скіраваныя на тое, каб падкрэсьліць гукавую арганізацыю, рытмічную выразнасьць і музычнасьць. Гэтыя тэзы перагукаліся з мэтамі беларускага паэта аб узбагачэньні, разьвіцьці і ўдасканаленьні фармальных магчымасьцей беларускае паэзіі. Словы францускага паэта «De la musique avant toute chose!» () былі ўзятыя Багдановічам у якасьці эпіграфа да верша «Па-над белым пухам вішняў…». Пры перастварэньні вэрленаўскіх вершаў, вядучым прынцыпам перакладчыцкай дзейнасьці для Максіма Багдановіча быў прынцып максымальнай набліжанасьці да арыгінала. Прынцып гэты рэалізуецца як пры перадачы зьместу, лексыкі, так і стылю, фармальных асаблівасьцей першатвора.

Архіў рукапісаў паэта захоўваўся ў яго бацькі, але падчас штурму Яраслаўля ў 1918 годзе пацярпеў ад пажару: хоць Адам Багдановіч здолеў уратаваць рукапісы ад поўнага зьнішчэньня, частка іх значна абгарэла.

У 1927 годзе, праз 10 гадоў пасьля сьмерці паэта, Валянцінам Волкавым быў створаны «Партрэт Максіма Багдановіча», які цяпер захоўваецца ў Нацыянальным мастацкім музэі РБ. У 1991—1995 гадох выдадзены поўны збор твораў паэта ў трох тамох. Працуюць музэі Багдановіча ў Менску, Горадні, Яраслаўлі; імя паэта носяць вуліцы ва ўсіх абласных цэнтрах Беларусі, у Ніжнім Ноўгарадзе, Яраслаўлі й Ялце, школы й бібліятэкі ў розных беларускіх гарадох. Яму прысьвечаны опэра «Зорка Вэнэра» (Юры Семяняка — Алесь Бачыла) ды опэра «Максім» (Ігар Палівода — Леанід Пранчак). У 1991 годзе імя Максіма Багдановіча ўнесенае ў каляндарны сьпіс ЮНЭСКО «Гадавіны выдатных асоб і падзеяў».

У красавіку 2008 году Маскоўскі дзяржаўны гістарычны музэй пагадзіўся перадаць 6 паўнавартасных паясоў Слуцкай мануфактуры, якія натхнілі Максіма Багдановіча на стварэньне верша «Слуцкіе ткачыхі» ў прыватным беларускім музэі братоў Луцкевічаў. Дамова аб экспазыцыі слуцкіх паясоў у Нацыянальным мастацкім музэі была падпісаная толькі на год.

У 1991 годзе ў Менску вуліца была перайменаваная ў гонар Максіма Багдановіча. Да гэтага мела назву: Максіма Горкага (з 1963 году), Камунальная, Аляксандраўская, Траецкая, Віленская, Вялікая Барысаўская. Пачынаецца ад пл. 8 сакавіка й доўжыцца да вул. Кальцова. Ідзе паралельна праспэкту Незалежнасьці, працягласьць 6 км.

Кватэра А. Я. Багдановіча разьмяшчалася па вуліцы Аляксандраўскай, 25, у доме Гурэвіча. 27 лістапада 1891 году (паводле старога стылю) тут нарадзіўся Максім, будучы беларускі паэт. Дом стаяў на ўчастку цяперашняй вуліцы М. Багдановіча насупраць сквэру каля опэрнага тэатра.

Імем паэта таксама названа вуліца ў Горадні.

У красавіку 2008 году, у адпаведнасьці з рашэньнем Менгарвыканкаму, помнік клясыку беларускае літаратуры быў адпраўлены на рэстаўрацыю. Замест помніка плянавалася ўсталяваць фантан. Такое рашэньне ўладаў выклікала абурэньне лідэраў беларускае апазыцыі ў эміграцыі, якія параўноўвалі дэмантаж помніка Багдановіча са зьніманьнем бел-чырвона-белага сьцяга пасьля рэфэрэндуму 1995 году.

У чэрвені 2008 помнік быў усталяваны наноў на рагу вуліцы Максіма Багдановіча і плошчы Парыскай камуны. Адносна былога месцазнаходжаньня помнік перанесьлі на 150 мэтраў на паўночны захад, бліжэй да месца нараджэньня паэта, і павярнулі тварам да Сьвіслачы ў кірунку паміж домам на вуліцы М. Багдановіча, 27 і Сувораўскай вайсковай вучэльняй.

Улетку 1911 году Максім Багдановіч напісаў два цыклі вершаў: «Старая Беларусь» і «Места» (усяго 17 вершаў) і дзьве паэмы «Ў вёсцы» і «Вэроніка», калі жыў у маёнтку Лычкоўскіх, у Ракуцёўшчыне (цяпер у Красьненскім сельсавеце Маладэчанскага раёну).

Музэіфікацыя ракуцёўшчынскіх месцаў пачалася ў 1970-х гадах. У чэрвені 1977 году па прапанове супрацоўнікаў Менскага абласнога краязнаўчага музэю ў вёсцы быў усталяваны помнік — два валуны: адзін як вечная сьвечка памяці, на другім — выбіты радкі з «Санэту» М. Багдановіча. У 1981 годзе каля помніка беларускімі пісьменьнікамі быў пасаджаны «Максімаў сад».

З 1983 году на мяжы ліпеня й жніўня зьбіраюцца аматары беларускае культуры. Вёску Ракуцёўшчына, дзе калісьці адпачываў Максім Багдановіч, у гэтыя дні прыхільнікі яго творчасьці ператвараюць у вялікую фэстывальную пляцоўку.

Пасьля пажару ў музэі Максіма Багдановіча ў в. Ракуцёўшчына было згублена каля 70 ўнікальных экспанатаў.

Літаратурны музэй Максіма Багдановіча адчыніўся ў 1991 годзе ў Траецкім прадмесьці ў Менску, у двухпавярховым доме XIX стагодзьдзя. Акрамя таго, у Менску захаваўся дом, у якім жыў Максім Багдановіч (вуліца Рабкораўская, 19), дзе разьмешчаны філіял яго музэю — «Беларуская хатка» (па назьве літаратурнага гуртка, у якім удзельнічаў паэт). Аўтарам мастацкае канцэпцыі музэю стаў мастак Эдуард Агуновіч, які за рэалізацыю сваёй задумы быў узнагароджаны Дзяржаўнай прэміяй Рэспублікі Беларусь.

Музэй падзяляецца на пяць заляў:

Экспазыцыя пачынаецца з мастацкай работы Пятра Драчова «Менск 1891 году», якая ўяўляе сабой рэканструкцыю старажытнага цэнтру Менску — Верхняга гораду. Над панарамай — герб Менску, які быў нададзены гораду ў 1591 годзе.

Дамінанта першае залі — стэнд з матэрыяламі беларускіх фальклярыстаў (Я. Чачота, Е. Раманава, П. Шэйна), якія перадаюць настрой першых цыкляў «Вянка». У цэнтры стэнда кніга — этнаграфічны нарыс Адама Багдановіча «Пережитки древнего миросозерцания у белоруссов» (Горадня, 1895 год).

Мастацкае афармленьне залі: гіпсавая лепка на столі часткова паўтарае арнамэнт ручніка; вырабы з саломы нагадваюць Зьмяінага Цара, русалчыны косы, лясныя, балотныя й палявыя кветкі. Ручнік маці сымбалізуе памяць аб Бацькаўшчыне. Над ім зьмешчаны два здымкі Маскіма: арыгінал — Максім з братамі й цёткай Марыяй (Ніжні Ноўгарад); муляж-выкадроўка ў круглай рамцы ў павялічаным выглядзе.

Кампазыцыйным ядром залі зьяўляецца графічны шэраг з 12-ці постацей рэлігійных і культурных дзеячаў старажытнае Беларусі. Другі — фатаздымачныя выявы беларускіх дзеячаў XIX — пачатку XX стагодзьдзяў. Экспанаты-сымбалі — слуцкі пояс і Трэці Статут Вялікага Княства Літоўскага.

У гэтай залі дзьве асноўныя дамінанты — зборнік «Вянок» на асобным стэндзе й стэнд-ніша з экспанатамі, у якіх увасоблена творчае крэда «песьняра творчае красы».

Таксама экспануюцца «Вянкі» з аўтографам паэта, падараваныя цёткам — Марыі й Магдалене, а таксама стрыечнае сястры Ганьне Гапановіч. Захоўваецца ў музэі й «Вянок», які належаў паэту Ўладзімеру Дубоўку.

Экспануецца «Вянок» з аўтографам-прысьвячэньнем Нюце Гапановіч. Зборнік паказаны ў скураной зь цісьненьнем аправе на асобным стэндзе. Малюнак з вокладкі «Вянка», зроблены ў 1905 годзе невядомым беларускім мастаком (вучнем Штыгліцкай школы, паводле ўспамінаў В. Ластоўскага) паўтораны на стэндзе.

Стэнд-ніша ў сваім цэнтры зьмяшчае здымак М. Багдановіча 1911 году, з двух бакоў ад яго «Наша Ніва» з «Апавяданьнем аб іконьніку й залатары» і «Калядная пісанка» з апавяданьнем «Апокрыф». Экспанатам-сымбалем зьяўляецца рэпрадукцыя гравюры «Хрыстос, які пастукаўся» (XIX ст.), што належала самаму блізкаму сябру паэта — Дыядору Дзябольскаму. Гэта ілюстрацыя да «Апокрыфа» — стылізаванага апавяданьня, напісанага ў форме эвангельскіх прыпавесьцяў.

Гэтая заля адрозьніваецца ад папярэдніх увядзеньнем двух інтэр’ерных вузлоў з асабістымі рэчамі Ганны Какуевай і Ганны Гапановіч.

Промні дзённага сьвятла трапляюць у залю праз паліхромныя (сьветлых колераў) вітражы з выявамі каласоў і васількоў. Крыжовая кампазыцыя, утвораная лепкай на столі (цёмна-малінавы крыж), падзяляе залю на тры ўмоўныя часткі й яднае дамінанты залі: гравюру «Сыкстынская Мадонна»; рукапісны зборнік «Зеленя», прысьвечаны Нюце Гапановіч (у авальнай з пазалотай нішы); партрэт Ганны Какуевай. Крыж на столі злучае гравюру са зборнікам «Вянок» у трэцяй залі, яны знаходзяцца на адной экспазыцыйнае лініі.

Гравюра «Сыкстынская Мадонна» — фрагмэнт твору эпохі Адраджэньня — Рафаэля Санты (геліягравюра). Аўтар — Ханфштайнгль (1804—1877). «Мадонна» была падараваная Максімам Горкім; верагодна падчас шлюбу Адама Багдановіча з Аляксандрай Волжынай. Пад гравюрай зьмешчаны фатаздымак Марыі Багдановіч з Максімам (1892—1893).

Сярод мэмарыяльных рэчаў Г. Какуевай вылучаецца вялікі партрэт Ані ў маленстве. Гэты партрэт бачыў М. Багдановіч у гасьцёўні Какуевых, дзе зьбіралася моладзь і Ганна грала на фартэпіяна.

Сярод здымкаў, дакумэнтаў, асабістых рэчаў Ганны Гапановіч цэнтральнае месца належыць рукапіснаму зборніку «Зеленя». Зборнік зьмешчаны ў авальнай нішы разам са здымкам Ганны Гапановіч. Гэта невялікі сшытак у лінейку, трошкі пацямнелы ад часу. На першай старонцы напісана: «Максим Богданович. „Зеленя“. Стихи. Перевод с белорусского автора. — Ярославль, 1909,13 гг.». Арыгінал «Зелені» захоўваўся з 1914 году ў Ганны Гапановіч, а пасьля яе сьмерці (1941) — у яе сястры Веры і, нарэшце, у Натальлі Кунцэвіч, якая й перадала яго ў дар музэю ў 1981 годзе. Гэта адзін зь першых экспанатаў музэю.

На століку каля кутняга стэнда са здымкам цёткі Марыі ў беларускім народным адзеньні й маленькай Наташай Кунцэвіч экспануецца дзіцячая цацка — мядзьведзь Васенька. Гэтага мядзьведзіка 22-гадовы Максім Багдановіч падараваў, у адзін з прыездаў зь Яраслаўля ў Ніжні Ноўгарад, двухгадовай пляменьніцы Наташы — унучцы цёткі Магдалены. Падарунак Натальля Кунцэвіч зьберагла й перадала ў музэй. Гэта адна з рэчаў, якую трымаў у руках Максім Багдановіч.

Атмасфэра трагізму апошніх месяцаў жыцьця паэта, нязбытнасьць мар і жаданьняў у пятай залі перадаюцца праз сымболіку экспанатаў і складанае мастацкае вырашэньне. У параўнаньні з папярэднімі, гэтая заля менш насычаная экспанатамі. Лепка й мэталёвая аздоба на столі й сьценах праз ідэю і вобраз Страцім-Лебедзя адлюстроўваюць тэму нязьдзейсьненых задум.

Памёр паэт уначы 25 траўня (12 траўня паводле старога стылю). Памінальную службу адправілі ў саборы Аляксандра Неўскага. На магіле паставілі белы крыж. Гадзіньнік паэта, які адлічыў апошнія хвіліны ягонага жыцьця, падараваны Максіму бацькам пасьля заканчэньні гімназіі, экспануецца пад партрэтам.

У жніўні 2008 году калекцыянэр беларускага паходжаньня Леанід Закс перадаў у дар музэю 20 графічных работ мастакоў-авангардыстаў XIX—XX стагодзьдзяў. Усе гэтыя мастакі мелі дачыненьне да Беларусі й наведвалі Віцебск, таму ён вырашыў перадаць творы беларускаму музэю. Выстава гэткіх карцінаў мела назву «Беларусі зь любоўю» і працягвалася з 26 жніўня па 27 верасьня 2009 году.

З 1986 году адчынены музэй у Горадні, у якім жыла сям’я Багдановічаў. З 1 студзеня 1995 году музэй працуе як самастойная ўстанова культуры. Літаратурны аддзел быў разьмешчаны ў 4-х пакоях дома (плошча экспазыцыі 56 м²). У гэтым доме з 1892 па 1896 год жыў М. Багдановіч (у 1965 годзе на доме была ўсталявана мэмарыяльная шыльда). Паводле іншых зьвестак сям’я Максіма Багдановіча жыла ў адным з суседніх дамоў.

Да стварэньня музэйнае калекцыі ў Горадні прыклала руку й беларуская паэтка Ларыса Геніюш. Былі перададзеныя нават яе вышыванкі, на якіх валошкі — кветкі, што так падабаліся Максіму. Але рарытэтны зборнік вершаў Багдановіча «Вянок» 1913 году выданьня Ларыса вырашыла пакінуць у спадчыну свайму сыну Юрку, што жыў за мяжой. Пасьля сьмерці паэткі яе сын зьбіраўся перавезьці «Вянок» у Польшчу, але пад пагрозай канфіскацыі зборніка на польскае мяжы, вырашыў пакінуць у спадчыну музэю й яго.

Экспазыцыя мае залі: партрэтная галерэя знакамітых людзей; літаратурна-грамадзкі рух канца XIX — пачатку XX стагодзьдзяў; гарадзенскі пэрыяд жыцьця сям’і Багдановічаў. Ёсьць чатыры мэмарыяльныя пакоі: кабінэт бацькі, пакой маці, дзіцячы пакой, гасьцёўня, а таксама аддзел «Гарадзеншчына літаратурная: мінулае і сучаснае».

У 2008 годзе адкрыўся дом-музэй Максіма Багдановіча ў Яраслаўлі.

Мэмарыяльны музэй разьмешчаны ў невялікай драўлянае хаце па вул. Чайкоўскага, 21-а, у якой з 1908 па 1916 гг. жыла сям’я Максіма Багдановіча. З 1996 году на базе музэю працуе Цэнтар Беларускае культуры. Там магчыма пачуць беларускія песьні, пачытаць кнігі беларускіх аўтараў, азнаёміцца з выданьнямі беларускае прэсы. У Цэнтры ладзяцца Дні нацыянальнае беларускае кухні, музычныя й паэтычныя вячэры, сьвяты, прысьвечаныя знамянальным датам у гісторыі Беларусі.




#Article 40: Янка Маўр (394 words)


Я́нка Маўр (сапраўднае імя Іва́н Міха́йлавіч Фёдараў; 10 траўня 1883 (29 красавіка па старым стылі), Лібава (Латвія) — 3 жніўня 1971, Менск) — беларускі пісьменьнік, аўтар апавяданьняў, аповесьцяў і раманаў для дзяцей і моладзі.

Заслужаны дзяяч культуры БССР (1968). Ляўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларускай ССР (1968). Чалец УКП(б) з 1950 году. Чалец СП СССР (1934).

Нарадзіўся ў сям’і сталяра. Дзяцінства правёў на радзіме маці — у вёсцы Лебянішкі Ковенскай губэрні (цяпер Летува). Скончыў пачатковую, затым рамесную навучальню ў Коўне. У 1899 паступіў у Панявескую настаўніцкую сэмінарыю. Быў выключаны за ўдзел у гуртку рэвалюцыйнай моладзі. У 1903 здаў экстэрнам іспыт і атрымаў званьне настаўніка пачатковай школы.

Працаваў памочнікам настаўніка ў Новым Месцы (Летува), у вёсцы Бытча на Барысаўшчыне. У 1906 удзельнічаў у нелегальным зьезьдзе рэвалюцыйна настроеных настаўнікаў у в. Мікалаеўшчына. Разам з Якубам Коласам і іншымі актыўнымі ўдзельнікамі быў аддадзены пад суд, пазбаўлены права выкладаць у школе й узяты пад нагляд паліцыі. У 1909 годзе ўступіў у царкоўны шлюб. Пераехаў у в. Турэц. Толькі ў 1911 Я. Маўр працаўладкаваўся выкладчыкам геаграфіі й гісторыі ў Менскую прыватную гандлёвую школу.

Пасьля Кастрычніцкай рэвалюцыі працаваў у школе, у Рэспубліканскім саюзе работнікаў асьветы, у Наркамаце асьветы БССР, у Беларускім дзяржаўным выдавецтве. З 1930 на творчай працы.

Сын Янкі Маўра — акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Фёдар Фёдараў. Дачка Янкі Маўра была жонкай сына Якуба Коласа.

Янка Маўр памёр 3 жніўня 1971 году. Пахаваны ў Менску на Ўсходніх могілках.

Дэбютаваў у 1923 фэльетонамі ў газэце «Савецкая Беларусь» і ленінградзкім часопісе «Бэгемот». Зь першым апавяданьнем выступіў у друку ў 1926 (часопіс «Беларускі піянэр»). Аўтар кнігаў аповесьцяў, апавяданьняў «Чалавек ідзе» (1927), «У краіне райскай птушкі» (1928, 1983), «Сын вады» (1928), «Палескія рабінзоны» (1930, аповесьць экранізаваная ў 1935), «Сьлёзы Тубі» (1930), «Аповесьць будучых дзён» (1932), «ТВТ» (1934), «Вакол сьвету» (1947), «Шлях зь цемры» (1948), «Апавяданьні» (1951), «Аповесьці і апавяданьні» (выбранае, 1954), «Фантамабіль прафэсара Цылякоўскага» (часопіс «Маладосьць», 1954—1955), «Аповесьці і апавяданьні» (1969), апавяданьня «Цётка Эмілія» (1954), байкі «Пекла» (1929), рамана «Амок» (1930).

Аўтар п’есы «Памылка» (апублікаваная й пастаўлена ў 1940), аднаактовак «Хата з краю» (1941), «Балбатун» (1946). Пераклаў на беларускую мову асобныя творы Г. К. Андэрсэна, , , А. Чэхава, Р. Кіплінга, М. Твэна, Ж. Вэрна, В. Гюго, , , .

Узнагароджаны двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сьцяга, ордэнам «Знак Пашаны» й мэдалямі. Заслужаны дзяяч культуры БССР (1968). Ляўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (пасьмяротна, 1972) за аповесьці «Чалавек ідзе», «У краіне райскай птушкі», «Сын вады», «Палескія рабінзоны», «ТВТ», «Шлях зь цемры», раман «Амок».




#Article 41: Кандрат Крапіва (2039 words)


Кандра́т Крапіва́ (сапраўднае імя Кандра́т Кандра́тавіч Атрахо́віч; 5 сакавіка 1896 (22 лютага па старым стылі), в. Нізок, Менская губэрня — 7 студзеня 1991, Менск) — беларускі драматург, паэт, сатырык, народны пісьменьнік БССР (1956), перакладчык расейскай і замежнай клясыкі.

Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Бацька — Кандрат Міхайлавіч Атраховіч. З васьмярых братоў і сясьцёр, што нарадзіліся раней за Кандрата, у жывых засталіся толькі дзьве сястры, прычым адна хутка памерла. У 14 гадоў Кандрат, як узгадвае сам, «пайшоў за плугам і касой».

Вучыўся ў царкоўнапрыходзкай школе ў вёсцы Нізок, якую скончыў праз 4 гады. Адукацыя была невялікая, але чытаць, пісаць, лічыць навучыўся. У гэты час у сям’і здарылася няшчасьце — памерла маці, і бацька вырашыў другі раз жаніцца і аддаць сына вучыцца далей.

Адзін год вучыўся ва Ўзьдзенскай народнай вучэльні, потым паступіў у 2 клясу 4-кляснай гарадзкой вучэльні ў Стоўпцах, зь якой праз два гады перавёўся ў такую ж вучэльню ў Койданаве. Такі перавод Крапіва тлумачыў тым, што ў Стоўпцах была бедная бібліятэка, не было чаго чытаць, а ў Койданаве бібліятэка была значна багацейшая. У Койданаўскай вучэльні пачаткоўца заўважыў і падтрымаў яго творы настаўнік літаратуры Іван Міхайлавіч Тоўсьцік. Гэта і падштурхнула маладога аўтара і далей займацца вершаскладаньнем. Адзін са сваіх вершаў даслаў у часопіс «Жизнь для всех». Празь месяц атрымаў адказ, у якім сьцьвярджалася, што верш друкавацца ня будзе, паколькі ён не дастаткова мастацкі. Пасьля гэтага юнак перастаў пісаць, закінуў літаратурную творчасьць на 8 гадоў.

Пасьля заканчэньня Койданаўскай вучэльні ў 1913 годзе вярнуўся ў родныя мясьціны, улетку працаваў па гаспадарцы, дапамагаў бацьку, сям’і, касіў, хадзіў за плугам і за бараною. Восеньню, пазычыўшы ў суседа тры рублі на дарогу, выправіўся ў Менск, дзе здаў экстэрнам экзамэн на званьне народнага настаўніка. Аднак быў ужо кастрычнік, заняткі ўжо пачаліся, і ўсе пасады настаўнікаў былі занятыя, таму свабоднага месца для Кандрата не знайшлося. Зіму ён правёў дома, з бацькам езьдзіў на розныя заработкі, а на вясну і лета ўладкаваўся працаваць на цагельню. Увосень 1914 г. атрымаў месца настаўніка ў пачатковай земскай школе ў вёсцы Мнішаны на Меншчыне. Адпрацаваў год і быў мабілізаваны ў армію для ўдзелу ў Першай сусьветнай вайне. У сакавіку 1916 году скончыў Гатчынскую школу прапаршчыкаў. Вясну і лета 1916 году праслужыў у 38-м запасным батальёне ў горадзе Асташкаве. Удзельнічаў у баях на Румынскім фронце ў кастрычніку 1916 году. Зімой 1917 году захварэў на брушны тыф. Як настаўнік у лютым 1918 дэмабілізаваны. Настаўнічаў у вёсцы Каменка на Ўзьдзеншчыне.

У 1919 годзе ажаніўся зь дзяўчынай са сваёй вёскі Нізок Аленай Махнач. Неўзабаве ў іх нарадзіўся сын, які, аднак, пражыў нядоўга. Яму не пасьпелі нават даць імя.

У 1920—1923 — камандзір у Чырвонай Арміі. У той жа час зноў зьвярнуўся да літаратурнай творчасьці. Дасылаў свае творы (нататкі, фэльетоны, вершы) у «Красноармейскую правду». Пісаў пра тое, што бачыў, адчуваў, сам перажываў, што яго хвалявала. Пісаў пра рэальныя справы, сапраўдныя жыцьцёвыя падзеі найчасьцей у гумарыстычным і сатырычным пляне. Гэтыя рысы ў творчасьці пісьменьніка пазьней стануць асноўнымі, вызначальнымі. 1922 год быў для аўтара даволі плённым. Толькі «Савецкая Беларусь» апублікавала 20 яго вершаў і вершаваных фэльетонаў. З 1924 зноў настаўнічаў на Ўзьдзеншчыне ў пасёлку Астравок.

У 1925 пераехаў у Менск, дзе яго ўладкавалі інструктарам Цэнтральнага бюро краязнаўства пры Інстытуце беларускай культуры. 25 верасьня 1925 году падаў заяву аб прыёме на пэдагагічны факультэт БДУ. Тады ж на заяву была накладзена рэзалюцыя аб залічэньні Крапівы студэнтам унівэрсытэту. Падчас вучобы ў БДУ пісьменьнік ня толькі старанна вучыўся. На той час ён шмат пісаў і публікаваў твораў. Займаўся таксама і навукова-дасьледчыцкай работай. У 1926—1927 гг. напісаў вялікую па памерах і значную па вартасьці працу па вуснай народнай творчасьці «Беларускія прыказкі». У ёй Крапіва раскрыў функцыі прыказкі і прымаўкі, паказаў іх прызначэньне і ролю, асабліва для літаратурнай творчасьці.

Быў чальцом літаратурнага аб’яднаньня «Маладняк» (да 1926). Крапіва быў чальцом камісіі па скліканьні Першага ўсебеларускага зьезду «Маладняка», выконваў іншыя даручэньні кіраўніцтва гэтага аб’яднаньня. Разам з тым дзейнасьць «Маладняка» пачынала ўсё больш не задавальняць Крапіву. У выніку група аўтараў, у тым ліку і Крапіва, падала заяву аб выхадзе з «Маладняка» і хадайніцтва аб дазволе ўтварыць новае літаратурнае аб’яднаньне «Ўзвышша».

Скончыў літаратурна-лінгвістычнае аддзяленьне пэдагагічнага факультэту БДУ ў 1930 г.. Працаваў інструктарам Цэнтральнага бюро краязнаўства пры Інбелкульце (1925—1926), загадчыкам аддзелу ў часопісе «Полымя рэвалюцыі» (1932—1936). Удзельнічаў у паходзе Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь (1939), у савецка-фінскай вайне (1939—1940). На пачатку нямецка-савецкай вайны працаваў у франтавых газэтах «За Савецкую Беларусь», «Красноармейская правда», у 1943—1945 рэдагаваў сатырычную газэту-плякат «Раздавім фашысцкую гадзіну». У 1945—1947 — рэдактар часопіса «Вожык», у 1947—1952 загадчык сэктару мовазнаўства Інстытуту мовы і літаратуры АН БССР, дырэктар Інстытуту мовазнаўства АН БССР (1952—1956).

У 1946 годзе ў складзе дэлегацыі БССР удзельнічаў у працы I сэсіі Генэральнай асамблеі ААН. У 1956 — студзені 1982 году — віцэ-прэзыдэнт АН БССР. Са студзеня 1982 па сакавік 1989 году — вядучы навуковы супрацоўнік-кансультант у аддзеле лексыкалёгіі і лексыкаграфіі Інстытуту мовазнаўства імя Якуба Коласа АН БССР. Доктар філялягічных навук, акадэмік АН БССР. Неаднаразова абіраўся дэпутатам (1947—1990), старшынём ВС БССР. Сябра Саюзу пісьменьнікаў СССР (з 1934 году).

Памёр 7 студзеня 1991 году, пахаваны на Ўсходніх могілках Менску.

Пачынаў пісаць Атраховіч на расейскай мове. У гарадзкой вучэльні асобныя жартоўныя радкі, эпіграмы спрабаваў і па-беларуску. Яго першы друкаваны твор — фэльетон у вершах «Жили-были», быў апублікаваны ў газэце «Красноармейская правда» ў 1922 годзе. Неўзабаве Крапіва стаў пісаць і па-беларуску. Дэбютаваў у «Савецкай Беларусі» 23 траўня 1922 году. Ён выступіў з сатырычным вершам «Сваты» (яго падзагаловак «К Генуэскай канфэрэнцыі»). Сам Крапіва адзначаў, што знайшоў сябе толькі тады, калі пачаў пісаць па-беларуску і друкавацца ў газэце «Савецкая Беларусь». Сатырычная накіраванасьць, востры гумар, актуальнасьць, выразная клясавая пазыцыя выявіліся ў кнігах малых сатырычных формаў.

Кандрат Атраховіч становіцца Кандратам Крапівой. Псэўданім Крапівы тлумачыцца ў аднайменным вершы «Крапіва», які быў надрукаваны 28 сьнежня 1922 году ў газэце «Савецкая Беларусь»:

Вершаваныя фэльетоны, сатырычныя куплеты, байкі ўсё часьцей зьяўляюцца на старонках беларускіх газэт і часопісаў пад гэтым псэўданімам. На працягу ўсяго свайго творчага жыцьця Кандрат Крапіва ня раз вяртаецца да жанру сваіх раньніх гадоў — байкі. Байкі, як і сатырычныя вершы, зьяўляюцца пад уражаньнем нейкіх фактаў, падзей, канкрэтных прычынаў.

Кандрат Крапіва любіў сваім вершаваным радком выступаць у ролі адкрытага прапагандыста, агітатара. Прытым ня толькі вялікіх, глябальных ідэяў, а нярэдка і зусім зямных, бытавых рэчаў. Работу агітатара, прапагандыста Крапіва спалучаў з асьветніцтвам. Звычайна вельмі вобразна абмаляваўшы той ці іншы выпадак або зьяву, у пераважнай большасьці падаўшы яе ў камэдыйна-гумарыстычным ці сатырычным пляне, пісьменьнік нярэдка ў канцы твору дае своеасаблівае рэзюмэ, у якім кляйміць заганную рэч або зьвяртаецца да чытачоў з парадай ці заклікам.

Вершы на антырэлігійную тэму займаюць вельмі значнае месца ў раньняй творчасьці Крапівы. Крапіва выводзіў на асьмяяньне шарлатанства, дурман, прымхі, павер’і. У раньні пэрыяд свайго літаратурнага творчасьці Крапіва пасьпяхова працаваў і ў галіне літаратурнай прозы. У гэтым кірунку яго асноўным жанрам стаў сатырычны аповед.

Зь сярэдзіны 20-х гг. Крапіва зьвяртаецца да вершаваных твораў буйной формы. У 1925 годзе ён пачынае і ў наступным годзе заканчвае вялікую паэму «Біблія».

З кастрычніка 1931 году па чэрвень 1932 году Крапіва працаваў над раманам «Мядзведзічы». Асобнымі разьдзеламі раман друкаваўся ў «Полымі рэвалюцыі» ў 1932—1933 гг. Яшчэ да завяршэньня часопіснай публікацыі «Мядзведзічы» ў 1932 годзе выйшлі асобным выданьнем. Рэдагаваў кнігу Міхась Лынькоў. У пачатку 1930-х гадоў Кандрат Крапіва зьвярнуўся да драматургіі. Першым драматычным творам пісьменьніка была псыхалягічная драма «Канец дружбы», у якой падымаліся складаныя маральна-этычныя праблемы. Свой першы драматычны твор Крапіва пісаў з чэрвеня па сьнежань 1933 году.

Першы ваенны твор «Проба агнём» датуецца 1943 годам. У беларускай драматургіі гэта быў першы твор, які расказаў пра падзеі сучаснай вайны.

Нават у сталым узросьце не пераставаў тварыць, апошні твор — мэлядрама «На вастрыі» — быў напісаны ва ўзросьце 86 гадоў у 1982 годзе.

У прадмове да апошняй прыжыцьцёвай кнігі Кандрата Крапівы «Калючы строй», якая выйшла ў 1989 годзе ў выдавецтве «Мастацкая літаратура», вядомы беларускі пісьменьнік і літаратуразнаўца Іван Навуменка пісаў: «Калі б Кандрат Крапіва нават не напісаў сваіх драм і сатырычных камэдыяў, рамана „Мядзьведзічы“, то аднымі толькі сваімі байкамі, сатырычнымі вершамі ён заняў бы адно зь першых месцаў у беларускай літаратуры». І крыху ніжэй растлумачыў: «Гэта такі згустак вострага народнага розуму, варожага сьмеху, абсьмейваньня зла і зацьвярджэньня дабра, якіх да Крапівы ня ведала беларуская літаратура».

Творы Кандрата Крапівы перакладзены на многія мовы сьвету. Сам пісьменьнік добра вядомы як перакладчык расейскай і замежнай клясыкі. Ён пераклаў на беларускую мову асобныя працы Карла Маркса, Фрыдрыха Энгельса, Уладзімера Леніна, творы Ўільяма Шэксьпіра, Дзяніса Фанвізіна, Івана Крылова, Аляксандра Пушкіна, Мікалая Гогаля, Аляксандра Астроўскага, Антона Чэхава, Уладзімера Маякоўскага, Аляксандра Твардоўскага, Тараса Шаўчэнкі і іншых.

Да жанру байкі Крапіва зьвярнуўся ў 1922 годзе, калі пачаў пісаць па-беларуску. Асаблівы росквіт Крапівы-байкапісца прыпадае на 1925—1929 гг., калі была напісаная большая частка самых вядомых яго твораў у гэтым жанры. Паводле тэматыкі байкі Крапівы можна падзяліць на 4 групы:

Гэты падзел даволі ўмоўны, хоць сярод твораў існуе пэўная розьніца нават у эмацыйным гучаньні.

Амаль паралельна з паэтычнымі творамі Крапіва пачаў пісаць і прозу. Першае вядомае апавяданьне «Вясна» было напісанае ў 1922 годзе. У наступныя гады ў друку пэрыядычна зьяўляюцца творы прозы — як правіла, невялікія апавяданьні. Яны публікуюцца ў часопісах «Маладняк», «Узвышша», «Чырвоны сейбіт», а затым выходзяць у сьвет асобнымі зборнікамі. Найбольш плённы і ўраджайны пэрыяд пісьменьніка ў прозе прыпадае на 20-30-я гг.

У 1939 годзе Крапіва напісаў сатырычную камэдыю «Хто сьмяецца апошнім». Падштурхнулі да стварэньня гэтай п’есы матэрыялы Пленуму ЦК ВКП (б), які прайшоў у студзені 1938 году. Камэдыю асабіста рэдагаваў 1-ы сакратар ЦК Кампартыі Беларусі Панцеляймон Панамарэнка.

У пэрыяд нямецка-савецкай вайны Крапіва працаваў і над сатырычнай камэдыяй «Мілы чалавек», якая выйшла ў сьвет у першыя пасьляваенныя месяцы. Падзеі ж яе зьвязаныя з вайной, хоць сама «прывязка» іх да часу ня вельмі моцная і грунтуецца толькі на абставінах драматычнага твора. Пастаноўку п’есы рыхтаваў Беларускі тэатар імя Янкі Купалы. Упершыню спэктакль быў паказаны 31 жніўня 1945 году.

Аўтар кніг сатыры і гумару «Асьцё» (1925), «Крапіва» (1925, 4-е перапрац. і дап. выд. 1932), «Біблія» (1926), «Байкі» (1927), «Ухабы на дарозе» (1930), «Пра нашых шкоднікаў, папоў ды ўгоднікаў» (1930), «Хвядос — Чырвоны нос» (1931, вершаваная казка), «Калючы строй» (1932), «Выбраныя байкі» (1932), «Выбраныя вершы» (1935), «Выбраная сатыра» (1938), «Выбраныя творы» (1941, 1947, 1948), «Сьмех і гнеў» (1946), «Сатыра і гумар» (1954), «Жаба ў каляіне» (1957), «Байкі, вершы, п’есы» (1960), «Сорак баек» (1966), «Вершы і байкі» (1967, 1990), «Байкі і вершы» (1971), «Пучок жыгучкі» (1973), а таксама кніжкі для дзяцей «Загадкі дзеда Кандрата».

Аб сатыры, яе ролі і значэньні, увогуле аб задачах пісьменьніка Крапіва выказаўся ў артыкулах «Думкі пра сатыру» (1929) і «Што мне рупіць» (1933). Артыкулы зьяўляюцца як бы падагульненьнем літаратурнага вопыту.

Аўтар п’есаў «Канец дружбы» (апублікаваная і пастаўленая ў 1934), «Партызаны» (апублікавана і пастаўлена ў 1937), «Хто сьмяецца апошнім» (апублікавана і пастаўлена ў 1939, па сцэнарыі аўтара пастаўлены ў 1954 г. аднайменны кінафільм), «Проба агнём» (апублікавана і пастаўлена ў 1943), «Валодзеў гальштук» (1945, пастаўлена ў 1946, аднаактоўка), «Мілы чалавек» (1945, 1956, пастаўлена ў 1946), «З народам» (апублікавана і пастаўлена ў 1948), «Пяюць жаваранкі» (апублікавана і пастаўлена ў 1950, па сцэнарыі аўтара пастаўлены ў 1953 г. аднайменны кінафільм), «Зацікаўленая асоба» (апублікавана і пастаўлена ў 1953), «Людзі і д’яблы» (апублікавана і пастаўлена ў 1958), «Брама неўміручасьці» (1973, пастаўлена ў 1974), «На вастрыі» (1982, пастаўлена ў 1983).

Выдаў зборнікі прозы «Апавяданьні» (1926), «Людзі-суседзі» (1928), «Жывыя праявы» (1930), раман «Мядзьведзічы» (кн. 1, 1932), нарыс «Герой Савецкага Саюза Міхаіл Сільніцкі» (1943). Выдадзены Збор твораў у 3-х (1956), 4-х (1963), 5-ці (1974—1976), Выбраныя творы ў 2 тамах (1986).

Вялікі ўклад Кандрат Крапіва як навуковец зрабіў у беларускае мовазнаўства. Крапіва быў рэдактарам Курсу сучаснай беларускай літаратурнай мовы, які ў трох частках быў апублікаваны на мяжы 50-60-х гг, двухтомнай апісальна-нарматыўнай Граматыкі беларускай мовы. Таксама Крапіва быў добрым знаўцам беларускай лексыкаграфіі.

Аўтар літаратуразнаўчых і крытычных артыкулаў, лінгвістычных працаў, адзін з навуковых рэдактараў (з Я.Коласам і П.Глебкам) «Русско-белорусского словаря» (1953), навуковы рэдактар «Беларуска-расейскага слоўніка» (1962, выданьне 2-е перапрацаванае і дапоўненае ў 1988—1989), «Русско-белорусского словаря» (выданьне 2-е, перапрацаванае і дапоўненае, 1982), «Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы» ў 5 тамах (1977—1984) і інш. Выдатны знаўца беларускай мовы, Крапіва ўзначальваў Тэрміналягічную камісію Беларускай Савецкай Энцыкляпэдыі, непасрэдна займаўся распрацоўкай тэрміналёгіі ў розных галінах навукі. Кандрат Крапіва — акадэмік НАН Беларусі, доктар філялягічных навук.

Разам з Р. І. Аванэсавым і Ю. Ф. Мацкевіч выпусьціў працу «Лінгвістычная геаграфія і групоўка беларускіх гаворак» (1968—1969).

Герой Сацыялістычнай Працы (1975). Узнагароджаны чатырма ордэнамі Леніна, ордэнамі Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Чырвонага Сьцяга, Працоўнага Чырвонага Сьцяга, Айчыннай вайны II ступені, Чырвонай Зоркі, Дружбы народаў і мэдалямі. Народны пісьменьнік БССР (1956). Заслужаны дзеяч навукі БССР (1978). Тройчы ляўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР: у 1941 за п’есу «Хто сьмяецца апошнім», у 1951 за п’есу «Пяюць жаваранкі», у 1971 — за комплекс прац у галіне беларускай лінгвагеаграфіі. Ляўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы (1974) за п’есу «Брама неўміручасьці».

Паводле твораў «Хто сьмяецца апошнім» і «Пяюць жаваранкі» зьнятыя аднайменныя фільмы.




#Article 42: Францішак Багушэвіч (3766 words)


Франці́шак Бэнэды́кт Багушэ́віч ( — ) — беларускі паэт, адзін з інсургентаў падчас паўстаньня 1863—1864 гадоў. Прадстаўнік грамадзкае думкі Беларусі, адзін з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры, яе клясык; псэўданімы: Мацей Бурачок, Сымон Рэўка з-пад Барысава. Літаратурная творчасьць і грамадзкая дзейнасьць Ф. Багушэвіча абуджалі нацыянальную самасьвядомасьць беларусаў. Яго ідэйная спадчына зьявілася фундамэнтам ідэалёгіі беларускага нацыянальна-вызваленчага руху пачатку XX стагодзьдзя.

Францішак Багушэвіч нарадзіўся ў фальварку Сьвіраны, каля Вільні (сучасная Летува) у сям’і выхадцаў з дробнай шляхты Казімера і Канстанцыі (у дзявоцтве — Галаўня) Багушэвічаў. Доўгі час лічылася, што двор гэты арандаваўся бацькам паэта. Але Сьвіраны належалі Галаўням, з роду якіх паходзіла маці, Канстанцыя. Яна і паехала да сваіх бацькоў-дзядоў нараджаць ім чарговага ўнука (першым быў сын Уладзіслаў-Антон, старэйшы за Францішка на чатыры гады).

У пэрыяд паміж 1841 і 1846 гг. сям’я перабралася ў спадчынны маёнтак Кушляны Ашмянскага павету, які належаў Багушэвічам зь сярэдзіны XVIII ст. Паводле купчай, запісанай у актавыя гродзкія кнігі Ашмянаў 13 сакавіка 1749 г., продак паэта Антон Багушэвіч за 450 польскіх злотых «набыў маёнтак Кушляны або Мігуцяны» зь сялянамі ад Кунцэвічаў.

Перш чым прапісацца на Ашмяншчыне, род Багушэвічаў на пачатку XVIII ст. абжываўся ў Полацкім ваяводзтве. Паводле архіўных матэрыялаў, 7 чэрвеня 1729 г. Міхал Савіцкі падпісаў дарчую, згодна зь якой маёнтак Шкірлава або Бароўшчына зь вёскамі Хвашчаны і Мышкавічы (разам зь сялянамі) у Полацкім ваяводзтве падараваў швагру свайму Юрыю Аўгусьцінаву Багушэвічу і яго сыну Казімеру, а іншых яго сыноў Антона і Францішка Багушэвіча «грашыма адарыў».

Продкі Ф. Багушэвіча перабіваліся ня толькі зь зямельнага арандатарства, але служылі і ў войску (прадзед Казімер у 1783 г. атрымаў чын ротмістра Ашмянскага павету, Аляксандар стаў ротмістрам Літоўскай кавалерыі). Бацька ж паэта жыў выключна зь зямлі і паводле «ўводнага акта» ад 1 ліпеня 1837 г. стаў валодаць маёнткам Кушляны з 34 сялянскімі душамі.

Родзічы паэта яшчэ ў канцы XVIII ст. (па рэвізіі 1795) былі запісаныя шляхтай Віленскай губэрні, а ў 1830 і 1845 іх шляхецкія прывілеі пацьвердзіў сэнат геральдыі. Уладзіслаў Антон (1835 г. нар.), Францішак Бэнэдыкт (1840 г. нар.), Валяр’ян Язэп (1841 г. нар.) і Апалінар (1846 г. нар.), сыны Казімера і Канстанцыі Багушэвічаў былі запісаныя ў першую кнігу мясцовай геральдыі. Першым вядомым продкам быў Яраслаў Багушэвіч (у 7-м калене), які ў 1570-я гады валодаў трыма маёнткамі ў Ашмянскім павеце — Караваеўшчына, Камароўшчына і Гладаўшчына.

Дзіцячыя гады пісьменьніка прайшлі ў асяродзьдзі блізкім да сялянскага.

Пачатковую адукацыю Ф. Багушэвіч атрымаў у Віленскай гімназіі, якую скончыў 26 ліпеня 1861 году. Падчас навучаньня асаблівую цікавасьць выказваў да славянскіх моваў, матэматыкі і заканадаўства. Яшчэ гімназістам Ф. Багушэвіч не застаўся абыякавым да гісторыі і культуры краю, усталяваў сувязі з музэем старажытнасьцяў у Вільні, перадаўшы туды ў 1865 г. некалькі прадметаў краязнаўча-археалягічнага характару.

У тым жа годзе паступіў у Пецярбурскі ўнівэрсытэт на фізыка-матэматычны факультэт, аднак праз 2 месяцы быў выключаны за ўдзел у студэнцкіх хваляваньнях.

Вярнуўся на радзіму, працаваў настаўнікам у в. Доцішкі Лідзкага павету (цяпер — Вярэнаўскі раён) у школцы, адкрытай уладальнікам маёнтка Аляксандрам Зьвяровічам. Уступіў у мясцовае рэвалюцыйнае таварыства «пянтковічаў».

Актыўны ўдзельнік паўстаньня 1863—1864 гадоў, быў паранены ў баі ў Аўгустоўскіх лясах. Яго бацька, сястра і брат Апалінар дапамагалі рэвалюцыянэрам.

Ратуючыся ад рэпрэсіяў, вымушаны быў хавацца, а потым пераехаў ва Ўкраіну. 7 траўня 1865 году ён падаў заяву з просьбай аб навучаньні ў Нежынскім юрыдычным ліцэі. Яго прашэньне аб вызваленьні ад аплаты за навучаньне не было задаволенае «з прычыны адсутнасьці вакансіяў». Нежын быў абраны Багушэвічам невыпадкова: падчас яго вучобы тут працаваў старшым лектарам родзіч па маці Аляксандар Галаўня. Новасьпечаны ліцэіст імкнуўся зарабляць на жыцьцё рэпэтытарствам.

Вучоба скончылася 26 ліпеня 1868 г. 17 жніўня, калі Багушэвічу выпісвалі атэстат, ён ужо знаходзіўся на службе ў Чарнігаве, адкуль у 1869 г. перавёўся ў Кралявецкі павет (цяпер Сумская вобласьць) судовым сьледчым. Праз два гады (за гэты час ён папрацаваў у Старадубскім павеце) зноў быў у Чарнігаве, але не затрымаўся надоўга, яшчэ раз зьмяніўшы месца працы: 21 ліпеня 1871 г. загадам Міністэрства юстыцыі ён быў прызначаны судовым сьледчым у Гразявецкі павет Валагодзкай губэрні. Праз год ён вяртаецца ва Ўкраіну, каб сем месяцаў папрацаваць старшым сьледчым Барзьнянскага павету і перайсьці на службу ў Канатоп.

У 1883 годзе каранацыя новага імпэратара Аляксандра III суправаджалася шырокай амністыяй: тысячы паўстанцаў, у тым ліку Багушэвіч, вярнуліся на радзіму. 2 лютага 1884 годзе ён падаў прашэньне ў Нежынскі акруговы суд з просьбай звольніць са службы — фактычна, пайсьці ў адстаўку. Кавалер ордэна Сьв. Станіслава 3-й ступені, калескі саветнік, падарваў да гэтага часу здароўе, не нажыў капіталу і пад старасьць спрабаваў зарабляць прыватнай адвакацкай практыкай. 25 сакавіка Ф. Багушэвіч вяртаецца ў горад сваёй маладосьці — Вільню. Цяпер ужо не адзін, а з жонкай Габрыеляй з дому Шклёнікаў, мянчанкай, зь якой узяў шлюб у 1874 г., меў дачку Канстанцыю (Туньку) і сына Тамаша Вільгельма.

Працаваў у судовай палаце. Асноўнымі кліентамі яго былі сяляне і гарадзкая бедната. Пісаў артыкулы ў часопіс «Kraj» («Край») па-польску. Менавіта ў віленскі пэрыяд разгарнулася яго літаратурная і публіцыстычная дзейнасьць.

Дарункам лёсу была для Францішка Багушэвіча спадчына, атрыманая ім пасьля сьмерці варшаўскага сваяка Тадэвуша ў 1896. Паэт здолеў разьлічыцца з пазыкамі, адбудаваць нанова занядбаную бацькоўскую сядзібу ў Кушлянах. 20 траўня 1898 Ф. Багушэвіч напісаў заяву на фактычнае вызваленьне ад абавязкаў прысяжнага паверанага пры Віленскім акруговым судзе. Ён кінуў службу ў царскім судзе, дзе насьпеў востры канфлікт зь некаторымі калегамі і начальствам, каб аддацца творчай працы.

Пасьля звальненьня жыў у в. Кушляны (цяпер Смаргонскі раён), дзе і памёр. Пахаваны ў вёсцы Жупраны Ашмянскага раёну.

Вытокі творчасьці Ф. Багушэвіча ў грамадзкім жыцьці Беларусі, цесна зьвязаныя з фальклёрам, а таксама з найлепшымі эстэтычнымі традыцыямі славянскай паэзіі.

Першымі вядомымі паэтычнымі спробамі Францішка Багушэвіча лічаць знойдзеныя ў Львове вершы на польскай мове: «Новы 1886 год», «Прывід надзеі», «Хто гэта?» («Nowy rok 1886», «Widmo nadziei», «Kto to?»), напісаныя ў 1885—1886 г. Верш «Nowy rok 1886» — узор альбомнай лірыкі сярэдняга гатунку; верш «Kto to?» уяўляе сабой палітычную сатыру на аднаго з тагачасных дзяржаўных мужоў — магчыма Бісмарка. І толькі «Widmo nadziei» вылучаецца сваім настроем і ўзьлётам духу, як філязофская спроба асэнсаваць высокія паняцьці чалавечага быцьця. У архіве Я. Карловіча захаваўся аўтограф байкі Ф. Багушэвіча на беларускай мове «Воўк, ягня, авечка» (па зьместу, 1886). Відаць, польскамоўныя спробы паэта не на шмат апярэджвалі беларускамоўныя.

Першае вядомае публічнае выступленьне Багушэвіча-літаратара адбылося 4 красавіка 1885 на старонках польскага часопісу «Край» («Kraj»), што выдаваўся ў Пецярбурзе. Віленскі карэспандэнт пісаў пра эканамічны крызыс, гаспадарчае жыцьцё і судовую практыку ў Паўночна-Заходніх губэрнях. За сем гадоў (1885—1891) «Край» зьмясьціў больш за паўсотні артыкулаў і нататак, якія дасылаў Францішак Багушэвіч, падпісваючы іх рознымі псэўданімамі: Huszicz (утворана ад скарачэньня прозьвішча), Ten, Tamten, Demos і інш. Яго віленскія допісы саркастычныя і балюча-праўдзівыя, статыстычна-інфармацыйныя і ярка публіцыстычныя. Празь іх выкоўвалася, сталела, удасканальвалася майстэрства Багушэвіча-публіцыста. Выступленьні Ф. Багушэвіча на старонках «Краю» ў канцы 1880-х спыніліся і амаль канчаткова перарваліся. Разрыў супрацоўніцтва трэба разумець як нежаданьне пісьменьніка падтрымліваць згодніцкую палітыку, да якой схіляліся польскія лібэральныя дзеячы.

Увосень 1891 году ў Кракаве выходзіць першы зборнік паэта «Дудка беларуская» пад псэўданімам Мацей Бурачок. Пры жыцьці паэта пад псэўданімамі былі надрукаваныя вершаваны зборнік «Смык беларускі» (Познань, 1894) і апавяданьне «Тралялёначка» (Кракаў, 1892).

Лёс іншых твораў Багушэвіча — зборнікаў «Скрыпачка беларуская» і «Беларускія апавяданьні Бурачка» дагэтуль нявысьветленыя. У некаторых нэкралёгах па аўтару згадвалася, што кніжка пасьпела выйсьці ў сьвет і нават з партрэтам аўтара, але ніводнага асобніка выданьня дагэтуль ня выяўлена. Польскі літаратар Люцыян Узэмбла ў адным са сваіх артыкулаў напісаў нават пра зьмест «Скрыпачкі»: «Складаюць яе выдатныя творы, напісаныя таленавіта: маналёгі байка, сялянская элегія, зьедлівая аповесьць».

У 1906 г. выдавецтва «Загляне сонца і ў наша ваконца» паведамляла на старонках «Нашай Нівы», што ў хуткім часе зьбіраецца выдаць «Скрыпачку», але ўрэшце, гэта так і не было зроблена. Пра тое, што рукапіс «Скрыпачкі» меў прафэсар Браніслаў Эпімах-Шыпіла, захавалася нямала сьведчаньняў, найбольш аўтарытэтнае сярод якіх — сьведчаньне яго асабістага знаёмага прафэсара Міхаіла Піятуховіча. Пасьля высылкі Эпімах-Шыпілы ў пачатку 1930-х гг. зь Менску ў Ленінград, лёс рукапісу невядомы. Ва ўсялякім выпадку, у Беларускую акадэмію навук рукапіс ня быў перададзены разам зь яго бібліятэкай..

Акрамя «Скрыпачкі беларускай», не дайшоў да нас таксама і зборнік «Беларускія апавяданьні Бурачка», які за год да сьмерці паэта быў здадзены ў Віленскую губэрнскую друкарню. «Наша ніва» друкавала апавяданьні менавіта з гэтага зборніка.

Выступаючы ад імя ўсяго працоўнага беларускага народу, Францішак Багушэвіч быў пераважна ідэалягічным прадстаўніком сялянства. Зь сялянствам, а таксама з дэмакратычнай інтэлігенцыяй зьвязваў ён свае вызваленчыя ідэалы. Жывымі і яркімі паўсталі ў яго творах вобразы сялянаў Аліндаркі («Кепска будзе»), Петрука Пантрука («У судзе»), Ануфрыя Скірдзеля («Баляда»), Мацея («Хрэсьбіны Мацюка») і інш. Сацыяльныя пытаньні востра ставяцца ў вершах «Бог ня роўна дзеле», «Не цурайся», «Ахвяра». Цыкл «Песьні» (зборнік «Смык беларускі») — узор выкарыстаньня беларускай народнай песьні і насычэньня яе сацыяльным і філязофскім зьместам. З болем чуючы, як «зьвякаюць ланцугі на людцах», са смуткам гледзячы на «зямельку сьлязьмі залітую», паэт верыў у часіну, калі «перастанем плакаць мы над сваёй доляй»..

Багатая і разнастайная яго спадчына ў жанравых адносінах: паэма («Кепска будзе!»), вершаванае апавяданьне, блізкае формай да гутарак («У астрозе», «Быў у чысцы», «Свая зямля»), публіцыстычны маналёг («Мая душа», «Дурны мужык, як варона»), філязофскі роздум («Праўда», «Думка»), верш-прысьвячэньне («Яснавяльможнай пані Арэшчысе»), байка («Воўк і авечка»), сатыра («Праўдзівая гісторыя аб замучаным дукаце»), апрацоўка народнай казкі («Хцівец і скарб на сьвятога Яна») і інш. Ф. Багушэвічу належаць і першыя ў беларускай літаратуры празаічныя творы. Апавяданьні «Сьведка», «Палясоўшчык», «Дзядзіна» зьместам і формай зьвязаныя з народнай гумарэскай; «Тралялёначка» бліжэй да літаратурнай традыцыі, тут увасобленае расслаеньне беларускай вёскі, вясковыя багацеі, што прыйшлі на зьмену радавітым панам.

У творчасьці Ф. Багушэвіча таленавіта спалучаныя гісторыка-філязофскае і мастацкае асэнсаваньне лёсу беларускага народу, ва ўвесь голас гучаць матывы нацыянальнага адраджэньня. Палітычнае і грамадзкае крэда паэта найбольш выразна выказанае ў прадмове да зборніка «Дудка беларуская», дзе выкладзеныя погляды на беларускую мову як на мову «нам ад Бога даную», «для нас сьвятую». Ф. Багушэвіч лічыў мову «адзежай душы», асновай існаваньня нацыі, клікаў шанаваць родную мову, «каб ня ўмерлі». У прадмове акрэсьленыя вехі гісторыі краю з часу ВКЛ, у якім Беларусь была «як тое зярно ў гарэху», прыблізна вызначана яе тэрыторыя («ад Вільні да Мазыра, ад Віцебска за малым не да Чарнігава, дзе Горадня, Менск, Магілёў, Вільня і шмат іншых мястэчак і вёсак…»).

Сьветапогляд і ідэйныя перакананьні адлюстроўвалі насьпелыя патрэбы нацыянальнага адраджэньня і разьвіцьця народаў, пазбаўленых сваіх сувэрэнных правоў на самастойнае грамадзкае і духоўна-культурнае існаваньне, адбудову сваёй дзяржавы. У публіцыстычных прадмовах (напрыклад, да зборніка «Дудка беларуская») і праграмных вершах Ф. Багушэвіча выказаныя асноватворныя прынцыпы ідэалёгіі нацыянальнага вызваленьня. Праблему мовы ён вылучае як асноўную праблему нацыянальнага жыцьця, лічыў нацыянальную мову найважнейшай формай выяўленьня духоўнасьці народу, найбольш устойлівай, асноўнай прыкметай нацыі.

Моцным і шматгранным было ідэйна-творчае ўзьдзеяньне Ф. Багушэвіча на пасьлядоўнікаў. Яго спадчыну насьледавалі ў сваёй творчай дзейнасьці А. Гурыновіч, Цётка, Я. Купала, Я. Колас, Я. Ціхінскі.

Багушэвіч пісаў і друкаваў свае творы лацінкай. Цяпер яны выдаюцца кірыліцаю, таму сучасны чытач ня можа ўявіць усіх асаблівасьцяў Багушэвічавага пісьма, спосабы перадачы паэтам беларускай фанэтыкі лацінкай. Так, зваротная часьціца -цца перадаецца як -tca — zdajetca, razlijetca, śmiajetca (у рукапісах паэта часьціца гэтая пасьлядоўна пішацца -cca, але пры наборы «Дудкі беларускай» яе ня стала). Мяккае беларускае в (вясёлы, весела, вясельле) у Багушэвіча цьвёрдае — wasoły, wasoła, wasele. На радзіме Багушэвіча, у Кушлянах, прынамсі так і гавораць. Зь яго родных гаворак і форма miłości (мілосьці), radości (радосьці); дыялектныя канчаткі ў давальным і месным склонах у назоўнікаў першага скланеньня: awieczca, na dudca, pry darożce, u chatce, pa reczca. У друкаваных лацінкаю творах амаль не перадаецца падаўжэньне зычных: hranie, powitanie, zboże (выключэньне — plamienniach, zdarennie). Пад уплывам польскай мовы альбо дыялектаў Багушэвіч піша: afiara — сучаснае ахвяра, afiarujuczy (ахвяруючы), fala (хваля); часам не перадае дзеканьне: dwie, dmie («Хрэсьбіны Мацюка»), razadmie, ledwie («Сватаны»); непасьлядоўна ўжывае прыстаўное w: u wastrozie, nawuki — nauki, wajczym — ajczym («Дурны мужык, як варона»). Больш-менш пасьлядоўна перадае Багушэвіч мяккасьць зычных перад наступным зычным: aśminki (асьмінкі), imość (імасьць), gości (госьці), адмоўе не як ня: niaznaisz, niawiedaisz. Лацінская графіка дазваляла Багушэвічу перадаваць выбухное г: szmygnuŭ.

Мова пісьменьніка ўвабрала ў сябе важныя стыхіі ўсяго нацыянальнага, пачынаючы ад гукавога афармленьня лексычных адзінак і канчаючы структурай фразы. Найбольш значная рыса Багушэвіча-мастака — пранікненьне ў глыбіні слова, раскрыцьцё яго гістарычна абумоўленых сэнсавых і гістарычных адценьняў, дзякуючы якім яно становіцца першаэлемэнтам літаратуры, ёмістай характаралягічнай дэтальлю пры абмалёўцы пэўных зьяваў рэчаіснасьці, прадметаў, а таксама пры стварэньні вобразаў.

Галоўны герой у літаратурнай спадчыне пісьменьніка — селянін, таму аўтар «надзвычай сьмела і зь непараўнальнай дасканаласьцю стылізаваў мову сваіх твораў пад мову апавядальніка селяніна, дасягаючы пры гэтым глыбокага адзінства формы і зьместу» . Мастак цалкам прытрымліваецца народнай эстэтыкі слова, імкнецца да максымальнай сэнсавай самастойнасьці кожнай моўнай адзінкі. Вось, напрыклад, некаторыя дзеясловы: Каб жыта ўдалося («Мая дудка»); Па судах агалеў («Як праўды шукаюць»); Унадзіўся надта ён [ураднік] лазіць па хатах («У судзе»). Трапнасьць выдзеленых словаў абумоўленая глыбокім веданьнем жыцьця, назіральнасьцю і вопытам пісьменьніка.

На народную словатворчасьць зарыентаваныя ў мове Багушэвіча афіксальныя і бязафіксныя ўтварэньні. Ён ужывае чыста фальклёрныя, народна-паэтычныя формы словаў з суфіксамі суб’ектыўнай ацэнкі: Хмаркі цёмныя, мае братанькі // Вецер гоне вас без дарожанькі, // І нідзе ж для вас няма хатанькі..// адпачнеце аж у Божанькі («Хмаркі»). Словы з суфіксамі суб’ектыўнай ацэнкі сустракаюцца і ў празаічных творах (у апавяданьні «Трылялёначка» — паненачка, сіротачка, кузынка, кузінятачка, дзіцятка, цяньклявенкая, драбнюсенькая і інш.).

Лёгка і натуральна ўпісваюцца ў агульную моўную палітру твораў Багушэвіча дзеяслоўныя ўтварэньні тыпу: закасіўся, заараўся: Да навукі ён не браўся // Закасіўся, заараўся («Дурны мужык, як варона»); Пераеўся хлеб да крышкі («Кепска будзе»). Хораша служаць майстру слова гукапераймальныя дзеясловы-выклічнікі, якія абазначаюць імгненнае аднаразовае дзеяньне: Калі дзьверы «скрыпель». а я «шусьць» празь людзей, // Ды на двор, ды ў карчму, да кабылы барзьдзей («У судзе»); Аж пан хап за рукі, трэсь мяне па твары («Скацінная апека»). Імкнучыся максымальна прыблізіць мову сваіх твораў да мовы селяніна, Багушэвіч шырока выкарыстоўвае прастамоўную лексыку з грубаватай эмацыянальнай афарбоўкай: А брахаў дык брахаў і сябе ўсё хваліў («У судзе»); Морду круце набок і за кудлы трасе («Быў у чысцы»). падобныя лексычныя адзінкі былі патрэбныя аўтару, як архітэктурная дэталь у збудаваньні, — гэта ўзоры народнай словатворчасьці, заснаваныя на канкрэтна-пачуцьцёвым, а не паняційным успрыманьні рэчаіснасьці, таму і абагульненьні ў такой мове мастацка-вобразныя, а не абстрактна-паняційныя.

Усё самае выразнае і лепшае ўвабраў пісьменьнік з народных моўных глыбіняў, з фальклёру. Гэта традыцыйна-народныя эпітэты: Той куртаты зашчыт, як кадзіла, памог («У судзе»); А кума ж была праворна («Кепска будзе»); разгалінаваная сыстэма мэтафараў: Бедна ж мая хатка расьселася з краю («Мая хата»); [Гора] улезла ў хату («Гора»); каб умеў кіраваць я пяром («Не цурайся»); мэтанімія і сынэкдаха: Тут кажух. і шынель, і бурнос, лапсардак, // І сурдут, і мундзір… («У судзе»).

Ф. Багушэвіч часта карыстаўся параўнаньнем. Амаль у кожны верш ці апавяданьне ён увёў трапныя і арыгінальныя параўнаньні. Сярод іх, як і ў фальклёры, пераважаюць г. зв. лякальныя адзінкі, пабудаваныя на супастаўленьні са зьявамі і прадметамі навакольнага жыцьця: Каб скакалі горы…// Як паны на балі («Мая дудка»); Скрабуць шкуру нажом, як на боты тавар («Быў у чысцы»). Большасьцю параўнаньняў мастак падкрэсьліваў сутнасьць сацыяльнай вобразнай псыхалёгіі. Паэт спачувае селяніну, які маркотны, як магіла («Кепска будзе»); цянюсенькі, як той кнот («Бог ня роўна дзеле»); паважае чалавека працы, што пры спрыяльных умовах гэтак жа, як і пан, кніжку б счыркаў, як папар («не цурайся»). Гнеўную, сатырычную накіраванасьць маюць аўтарскія параўнаньні пры абмалёўцы пана, у якога рукі, як падушкі, // Як кісель дрыжыць жывот («Бог ня роўна дзеле»), кашуля…// як той сьнег, як папер («Не цурайся»). Багушэвіч выкарыстоўвае менавіта такія параўнальныя звароты, якія ў цесным узаемадзеяньні зь іншымі моўнымі сродкамі набываюць дадатковыя сэнсавыя адценьні.

Шырока прадстаўлены ў творах Ф. Багушэвіча фразэалягізмы, якія надаюць мове сакавітасьць, нацыянальную самабытнасьць. Пераважаюць агульнавядомыя ўстойлівыя словазлучэньні зь ярка выражаным прастамоўным адценьнем: У сьведкі ўлезьці, ні села — ні пала («Як праўды шукаюць»); Зборшчык, як дым той, лезе ў вочы («Баляда»). Часам у творы арганічна ўключаюцца прыказкі і прымаўкі, утвараючы адпаведны стылявы калярыт: Смачны жабе гарэх, бо зубоў Бог не даў («У судзе»). Глыбока авалодаўшы фразэалягічнымі скарбамі роднай мовы, паэт ня толькі выкарыстаў гатовае, але і сам стварыў афарыстычныя выслоўі: І авечка, хоць дурная, // А воўка ж пазнае! («Воўк і авечка»); Не надта ж свабодна ў гэтай свабодзе («Быў у чысцы»).

Багацьце мовы Багушэвіча ярка праяўляецца ў сынаніміцы. Выкарыстоўваючы цэлую сыстэму найменьняў прадметаў і зьяваў, аўтар робіць мову дынамічнай, калярытнай. Слова селянін мае эквіваленты — мужык, наш брат, гаспадар, браце мой, братцы, бядота, дзеці Зямлі-маткі. Надзвычай багатая ў пісьменьніка дзеяслоўная сынанімія. Два і больш блізкія па значэньні словы, а таксама словазлучэньні пісьменьнік часта разьмяшчае адно за адным (градацыя) ці празь некалькі лексычных адзінак, каб узмацніць сэнсавае ці эмацыянальна-экспрэсіўнае значэньне: Іх, закіпеў той князь, аж зароў, // Аж вылупіў вочы, счырванеў ён, як кроў… («Хрэсьбіны Мацюка»); Каб душа балела, гледзячы на долю, // Каб сэрца шчымела і рвалася з болю? («Праўда»).

Паўтор словаў, словазлучэньняў і сказаў — адзін з эфэктыўных сынтаксычных прыёмаў у мове мастацкіх твораў. У Багушэвіча ён сустракаецца неаднаразова: Гаварыў, гаварыў, ажно піць захацеў («У судзе»); А ўсе піша, піша, піша // І нагой усё калыша, // Пісаў, пісаў, даў другому («Кепска будзе») і інш. Пісьменьнік выкарыстоўваў традыцыйна-фальклёрныя прыёмы двух- або трохразовага паўтору для ўзмацненьня экспрэсіі выказваньня, падкрэсьліваньня лейтматыву якой-небудзь думкі ці ідэі. У некаторых вершах ён цалкам арыентаваўся на фальклёрныя ўзоры (напрыклад, «Песьні» са зборніка «Смык беларускі»). Тут спэцыфічныя для фальклёру рытарычныя фігуры, словазлучальныя структуры, вонкавыя афармленьні, жывыя размоўныя інтанацыі — найважнейшыя элемэнты эстэтыкі пісьменьніка.

Ф. Багушэвіч жыў і пісаў у той час, калі яшчэ не былі выпрацаваныя адзіныя агульнанацыянальныя моўныя нормы. У яго творах, як і ў творах іншых пісьменьнікаў 2-й паловы ХІХ ст., яскрава адлюстраваліся агульныя заканамернасьці разьвіцьця беларускай літаратурнай мовы. Побач з агульнаўжывальнай лексыкай сустракаюцца тэрытарыяльна абмежаваныя словы: наўда (карысьць), ройсты (кусты на балоце), ляк (страх), цёнгле (заўсёды), гілёс (балота) і іншыя. Сустракаюцца таксама непасьлядоўныя напісаньні, нематываваныя запазычаньні, адхіленьні ад агульнапашыраных фанэтычных і марфалягічных зьяваў.. Тым ня менш, трэба прызнаць, што творчасьць Багушэвіча ў значнай ступені садзейнічала працэсу разьвіцьця беларускай мовы.

Дасьледчык гісторыі беларускага нацыянальнага руху ў XIX — пачатку XX ст. Павал Церашковіч лічыць, што Багушэвіч сфармуляваў беларускую нацыянальную ідэю ці ня ў самай радыкальнай форме. Прадмову да «Дудкі» можна лічыць тыповым нацыянальным маніфэстам.

На думку беларускага гісторыка Алеся Смаленчука літаратурная дзейнасьць Багушэвіча моцна паўплывала на афармленьне беларускай культурнай традыцыі. Яго з поўным правам можна назваць адным з тых «філялягічных падбухторшчыкаў», ролю якіх у нацыянальных працэсах вельмі ацэньваў Бэнэдыкт Андэрсан

Вядомы беларускі дзеяч ксёндз Адам Станкевіч напісаў наступнае:

Міхал Эльвіра Андрыёлі намаляваў алейны партрэт Францішка Багушэвіча й яго жонкі.

Сябар Багушэвіча Зыгмунт Нагродзкі, які меў краму сельскагаспадарчых прыладаў у Вільні, надзяляў «Дудкай беларускай» сваіх пакупнікоў-сялянаў.

Будучы кіраўнік польскай дзяржавы Юзаф Пілсудзкі ў маладосьці асабіста кіраваў кантрабандай «Дудкі беларускай» з Кракава на Беларусь.

Беларускі дзяяч Лявон Вітан-Дубейкаўскі ў часе адбудовы аднаго з касьцёлаў на Магілёўшчыне пазнаёміўся з маладым мясцовым сьвятаром, які адкрыў для яго беларускую літаратуру. Першаю беларускаю кнігаю для архітэктара стала «Дудка беларуская». Захоплены вершамі, Дубейкаўскі, разам са сваім сябрам, перапісваў іх і завучваў на памяць.

Цалкам напамяць ведаў «Дудку беларускую» Алесь Гарун.

Зь лёгкай рукі Багушэвіча, пачынаючы з 1891 году, калі зьяўляецца першае выданьне «Дудкі беларускай», штогод зьяўляюцца кнігі на беларускай мове.

Багушэвіч, акрамя стварэньня літаратурных твораў, займаўся і лексыкаграфічнай працай. Па даручэньні Яна Карловіча ён ствараў картатэку беларускіх словаў.

Сын Францішка Багушэвіча стаў крайнім польскім шавіністам і адмовіўся аддаць зацікаўленым асобам архіў бацькі.

Польскі дасьледчык Рышард Радзік адзначае, што: «У кніжцы твораў Багушэвіча, якая налічвае больш за 200 старонак, польскія тэксты складаюць больш чым палову аб’ёму».

Пры жыцьці творы Францішка Багушэвіча ў царскай Расеі былі пад забаронай. Яны былі выдадзеныя асобнымі кнігамі і лістоўкамі ў час рэвалюцыі 1905—1907, аднак у 1908 на іх накладзены арышт.

У Савецкай Беларусі ўпершыню выдадзеныя ў 1922 («Дудка беларуская»). Аднак у канцы 1920-х—1930-я гады ў БССР творчасьць Ф. Багушэвіча была абвешчаная буржуазна-кулацкай, нацыяналістычнай, да 1940 яго кнігі не друкаваліся. 3 чэрвеня 1937 г. Галоўліт БССР выдаў загад № 33, паводле якога віленскія, ковенскія і нават БССР-аўскія выданьні твораў Ф. Багушэвіча павінныя былі спальвацца

У Заходняй Беларусі імя паэта было сьцягам барацьбы за сацыяльнае і нацыянальнае вызваленьне, выходзілі яго кнігі, навуковыя працы пра творчасьць паэта. Творы Францішка Багушэвіча ў Заходняй Беларусі перавыдаваліся пяць разоў, пры гэтым «Дудка» перавыдавалася чатыры разы (1921, 1927 і два выданьні ў 1930 г.) — большай папулярнасьцю карысталіся толькі творы Якуба Коласа. «Смык» і «Дудка» былі выдадзены ў міжваеннай Летуве ў Коўне ў 1922 г. Міністэрствам беларускіх справаў у Летуве. У Вялікую Айчынную вайну вершы Ф. Багушэвіча друкаваліся ў газэце «Савецкая Беларусь», іх патрыятычныя радкі клікалі змагацца за волю і незалежнасьць Беларусі.

Захаваўся сямейны альбом Багушэвічаў (Нацыянальны музэй Беларусі), лісты да Я. Карловіча (ЦДГА Літвы, Аддзел рукапісаў Львоўскай дзяржаўнай навуковай бібліятэкі імя В. Стафаніка), Э. Ажэшкі (Інстытут літаратурных дасьледаваньняў Польскай АН), А. Карповіча (Аддзел рукапісаў Цэнтральнай бібліятэкі АН Літвы). Гэта важныя дакумэнтальныя сьведчаньні сьветапогляду паэта, гісторыі напісаньня паасобных твораў і выданьня «Дудкі беларускай», матэрыяльных умоваў і абставінаў яго жыцьця.

Аляксандар Памідораў і Лявон Вольскі запісалі песьню на словы верша Багушэвіча «Немец» для таго, каб асучасьніць паэзію клясыка.

На месцы пахаваньня Багушэвіча, могілках каля касьцёла ў вёсцы Жупраны сям’ёй і сябрамі паэта быў усталяваны драўляны крыж, які прастаяў да 1940 г.

На магілу паэта былі ўскладзеныя жалобныя вянкі зь вялікіх палотнішчаў з надпісамі «Мацею Бурачку ад мужычкоў-беларусаў», «Змоўклі песьні тыя, што іграў на дудцы», «Паэту і прыяцелю ад сялянаў і рамесьнікаў» (па-польску), «Цнатліваму і заслужонаму».

У 1901 годзе ў інтэр’еры Жупранскага касьцёла ўстаноўленая белая мармуровая пліта, зробленая віленскім скульптарам Я. Арасімовічам, з надпісам «FRANCISZKOWI BOGUSZEWICZOWI 1840—1900 PRZYJACIELE» ().

Камень Багушэвіча знаходзіцца ва ўрочышчы Лысая гара, што непадалёк ад вёскі Кушляны (Смаргонскі раён). Ля валуна Багушэвіч сустракаўся зь сябрамі, хаваў пад ім рукапісы і забароненыя публікацыі. На бакавой грані каменя сябрамі клясыка беларускай літаратуры быў высечаны надпіс «PAMIECI MACIEJA BURACZKA 1900 R» (Памяці Мацея Бурачка 1900 г.).

У савецкі час імя Багушэвіча было прысвоенае калгасу, цяпер — СВК у Ашмянскім раёне (1951), Жупранскай сярэдняй школе (1962), Ашмянскаму краязнаўчаму музэю (1953).

У 1958 годзе ў Жупранах устаноўлены бюст Багушэвіча, аўтарам якога зьяўляецца скульптар Заір Азгур. 22 сакавіка 1970 году ў Жупранах адкрыўся Музэй Францішка Багушэвіча, дзе захоўваюцца каля 300 экспанатаў, якія датычацца жыцьця літаратурнага клясыка. У мясцовым касьцёле сьвятых апосталаў Пятра і Паўла ў 1990 годзе адкрытая мэмарыяльная дошка памяці Ф. Багушэвіча.

Ягоным імем названая адна з плошчаў Менску (з 2000 г.) і вуліца ў Горадні.

Сяргей Адашкевіч у 1980-х гадах стварыў бюст «Францішак Багушэвіч». Яўген Ціхановіч у 1980 годзе напісаў «Партрэт Францішка Багушэвіча». Мікола Купава стварыў каляровыя лінарыты «Партрэт зачынальніка новай беларускай літаратуры Францішка Багушэвіча» (1976) і «Францішак Багушэвіч 1840—1900», таксама лінарыт «Францішак Багушэвіч» (1976). Уладзімер Мелехаў для помніка «Змагарам за родную мову» адліў барэльеф «Францішак Багушэвіч» (2004).

Багушэвічаўскія мясьціны ўшаноўваюцца і па-за межамі сучаснай Беларусі. Так, ва Ўкраіне, у горадзе Нежыне, на будынку дзе ён вучыўся, усталяваная мэмарыяльная дошка. Ягоным імем названыя вуліцы ў гарадох Канатопе і Нежыне.

У незалежнай Летуве памятныя дошкі былі ўсталяваныя ў вёсках Сьвіраны і Савічуны Віленскага раёну, у Савічунах — на будынку разьмешчанай каля вуліцы Багушэвіча (з 2001 г.) бібліятэкі, якая таксама носіць імя Францішка Багушэвіча. Імем беларускага паэта была названа адна з вуліцаў у Савічунах (1997 г.).

У верасьні 2010 году ў Вільні, на будынку па вуліцы Arklių, 18 (Конскай), які стаіць на месцы былога дома, дзе з 1884 па 1898 гады жыў Францішак Багушэвіч, адбылося адкрыцьцё яшчэ адной мэмарыяльнай дошкі. Ва ўрачыстай цырымоніі ўпершыню за многія гады ўзялі ўдзел як беларуская грамада і мэр Вільні, гэтак і прадстаўнікі афіцыйнага Менску на чале з тагачасным міністрам культуры Паўлам Латушкам.




#Article 43: Талін (1275 words)


Та́лін () — сталіца і галоўны марскі порт Эстоніі. Ён разьмешчаны на ўсходнім узьбярэжжы Балтыйскага мора, на паўднёвым беразе Талінскай затокі Фінскага заліва, у 80 км на поўдзень ад Хэльсынкі, на ўсход ад Стакгольма і на захад ад Санкт-Пецярбургу. З XIII стагодзьдзя па 1918 год і на кароткі час падчас нацысцкай акупацыі Эстоніі з 1941 па 1944 год, горад быў вядомы як Рэвэль. Талін займае плошчу ў 159,2 км² і мае насельніцтва ў 444 215 чалавек. Прыкладна 33% ад агульнай колькасьці насельніцтва Эстоніі жыве ў Таліне.

Талін быў заснаваны ў 1248 годзе, але самыя раньнія чалавечыя паселішчы датуюцца 5000 гадоў таму, што робіць яго адным з найстарэйшых гарадоў Паўночнай Эўропы. У 1219 годзе пасьля пасьпяховага налёту на чале з каралём Даніі Вальдэмарам II навакольлі былі захоплены данцамі, а затым пераходзіў пад скандынаўскі, нямецкі і расейскі кантроль. Дзякуючы свайму стратэгічнаму разьмяшчэньню, горад стаў буйным гандлёвым цэнтрам, асабліва з XIV да XVI стагодзьдзя, калі ён пашырыў свой уплыў у Ганзэйскім зьвязе.

Стары горад Таліна зьяўляецца адным з найбольш добра захавалых сярэднявечных гарадоў Эўропы. Ён быў ўнесены ў сьпіс Сусьветнай спадчыны ЮНЭСКО. Талін зьяўляецца буйным палітычным, фінансавым, культурным і адукацыйным цэнтрам Эстоніі. Часьцяком яго называюць Сыліконавай далінай Эўропы, мае найбольшую колькасьць стартапаў на чалавека ў Эўропе і зьяўляецца радзімай многіх міжнародных кампаніяў, у тым ліку Skype. Талін быў культурнай сталіцай Эўропы ў 2011 годзе, разам з Турку, што месьціцца ў Фінляндыі.

Мяркуецца, што назва «Tallinn (a)» у эстонскай мове ідзе ад словаў «taani linn» («дацкі град»), «tali linn» («зімовы град») або «talu linn» («дом, сядзіба-замак»). Корань «linna» азначае тое ж самае, што і расейскі «град» або нямецкі «burg» — напачатку значыла «крэпасьць», а цяпер выкарыстоўваецца для фармаваньня назваў гарадоў.

Паселішча, якое існавала на месцы цяперашняга Таліна, упершыню згадваецца ў 1154 годзе, у працы арабскага географа Аль-Ідрысі як Quoluwany, які ахарактарызаваў яго як «маленькі горад, хутчэй падобны на цьвердзь», адзначыўшы пры гэтым вялікую гавань. У расейскіх летапісах крэпасьць згадваецца як Калыванаў.

У 1219 годзе захоплены датчанамі. «Лівонская кроніка» Генрыха Латвійскага абвяшчае, што летам 1219 г. вялікае войска пад камандаваньнем самога караля Вальдэмара II (Waldemar II) высадзіліся на бераг у зямлі Равала, і датчане «разьмясьціліся ў Лінданісе, які раней быў гарадзішчам раваласцаў, і разбурылі старыя гарадзішчы, і сталі іншае, новае будаваць».

Стаўшы дацкім, горад перажываў пастаянныя набегі эстаў і нямецкага Ордэну мечаносцаў, які да гэтага часу ўжо авалодаў тэрыторыямі сучаснай Латвіі і сучаснай паўднёвай Эстоніі.

У 1227 годзе Рэвэль быў захоплены мечаносцамі. У 1238—1346 гадох зноў належаў Даніі. У 1346 годзе Данія прадала сваю частку Эстляндыі вялікаму магістру Тэўтонскага ордэна, які неўзабаве перадаў яе ландмайстэру Тэўтонскага ордэна ў Лівоніі. У 1347 годзе гораду Рэвэль былі пацьверджаны ягоныя прывілеі.

Пачатак XV — сярэдзіна XVI стагодзьдзя — залаты век старажытнага Рэвэлю: горад уваходзіў у склад Ганзейскай лігі і граў важную ролю ў рэгіёне Балтыйскага мора. Эканамічны ўздым тых часоў спрыяў ня толькі грунтоўнаму ўмацаваньню межаў гораду, але таксама стварыў усе перадумовы для актыўнай творчасьці — стварэньня архітэктурных і мастацкіх каштоўнасьцяў. Аднак паслабленьне Лівонскага ордэну і эканамічны заняпад падчас Лівонскай вайны прывялі да страты горадам былога значэньня.

У 1561—1710 гадох Рэвэль у складзе Швэцыі. У гэты пэрыяд горад перажываў новы ўздым, пашырылася дзейнасьць талінскіх рамесьнікаў, зьявіліся першыя мануфактуры. Атрымаў распаўсюд рэфармацыйны рух. Вырасла колькасьць навучальных установаў, да канца швэдзкага пэрыяду большасьць мяшчанаў валодалі граматай. Зьявіліся друкарні. У 1637 годзе была выдадзена першая кніга на эстонскай мове.

У 1710 годзе падчас Вялікай Паўночнай вайны горад быў заваяваны Расеяй. 18 жніўня 1710 году да гораду падступілі расейскія войскі пад кіраўніцтвам генэрала Р. Х. Боўра і захапілі горад 30 верасьня 1710 году падчас аблогі актыўных баявых дзеяньняў не вялося. Да пачатку 1711 году ў горадзе памерла ад чумы каля 15 тысячаў чалавек.

Пасьля заканчэньня Вялікай Паўночнай вайны Рэвэль хутка чуняе, нягледзячы на тое, што галоўным цэнтрам Расейскай імпэрыі на Балтыцы пасьля Санкт-Пецярбургу стала Рыга. Да канца XIX стагодзьдзя пачалося бурнае разьвіцьцё рэвэльскай прамысловасьці, узрасло значэньне порту.

У 1918 годзе ў Рэвэлі была абвешчаная незалежнасьць Эстоніі. Аднак па ўмовах Берасьцейскай мірнай дамовы (артыкул IV) паміж Нямеччынай і бальшавікамі, што прыйшлі ў 1917 годзе да ўлады ў Расеі, краіна была акупаваная немцамі.

У 1919 годзе Рэвэль упершыню атрымаў сучасную эстонскую назву — Талін ().

Падчас Вызваленчай вайны 1918—1920 гадоў маладая Эстонская рэспубліка прыняла ўдзел у паходзе на Петраград белагвардзейскай Паўночна-Заходняй арміі — усяго 20 тысячаў штыкоў і шабляў: 17 500 расейцаў і 2,5 тысячы эстонцаў. Пасьля закулісных перамоваў з бальшавікамі з кастрычніка 1919 году (у разгар баёў за Петраград), паразы Паўночна-Заходняй арміі і інтэрнаваньня яе на тэрыторыі Эстоніі, 2 лютага 1920 году была падпісаная Тартуская мірная дамова паміж РСФСР і Эстоніяй — Талін стаў сталіцай дзяржавы, прызнанае ў гэты момант толькі ўрадам Савецкай Расеі.

З 1925 году афіцыйнай назвай гораду стала форма Tallinna. У 1933 годзе была вернутая назва Tallinn.

У пэрыяд незалежнасьці Талін разьвіваўся ў цэлым даволі пасьпяхова. Былі заснаваныя Талінскі пэдагагічны і Талінскі політэхнічны інстытуты, Акадэмія мастацтваў. Буйныя прадпрыемствы эпохі Расейскай імпэрыі, арыентаваныя пераважна на расейскі рынак, у 1920-я гады былі альбо зачыненыя, альбо перапрафіляваныя. У пачатку 1920-х гадоў вялікае значэньне для гораду меў транзыт савецкіх грузаў, які ў 1924 годзе дасягнуў максымуму (346 тыс. тон), але пасьля падаўленьня паўстаньня эстонскіх камуністаў 1 сьнежня 1924 году аб’ём транзытных перавозак ужо ў наступным годзе скараціўся ў 2,6 разы, а да 1938 году да 1,6 тыс. тон. Зь сярэдзіны 1930-х гадоў пасьля выхаду з найцяжэйшага эканамічнага крызісу 1929—1933 гадоў пачаўся ўздым прамысловасьці.

У выніку падпісаньня сакрэтнага дадатковага пратаколу аб разьмежаваньні сфэраў інтарэсаў да Дамовы пра ненапад паміж Нямеччынай і СССР ад 23 жніўня 1939 году ў тым ліку і Эстонія была аднесена да сфэры інтарэсаў СССР. 6 жніўня 1940 году Эстонія была далучана да СССР, і Талін стаў сталіцай Эстонскай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (ЭССР).

У гады Другой сусьветнай вайны горад быў моцна разбураны. Савецкія войскі абаранялі Талін 23 дні — з 5 па 28 жніўня 1941 году, пасьля чаго вымушаны былі яго пакінуць 9, і 10 сакавіка 1944 году савецкая авіяцыя нанесла бомбавы ўдар па нямецкіх войсках, разьмешчаных у горадзе.

Вызвалены ад нямецкай акупацыі і акупаваны савецкімі войскамі 22 верасьня 1944 году падчас Талінскай апэрацыі. 7 траўня 1984 году ўказам Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету СССР «за мужнасьць і стойкасьць, праяўленыя працоўнымі гораду ў барацьбе зь нямецкімі захопнікамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, посьпехі, дасягнутыя ў гаспадарчым і культурным будаўніцтве», Талін узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны I ступені.

У 1988 годзе ў Таліне паўстаў першы ў СССР антыкамуністычны грамадзка-палітычны рух Народны фронт. З 1991 году, пасьля распаду СССР і па сапраўдны момант Талін — сталіца незалежнай дзяржавы Эстонія. У 1997 годзе гістарычная частка Таліна — Старое места — быў уключаны ў сьпіс Сусьветнай спадчыны ЮНЭСКО.

У Таліне маюцца 3 унівэрсытэты і некалькі вышэйшых школаў.

Унівэрсытэты Таліну:

Вышэйшыя школы:

У Таліне базуюцца футбольныя клюбы: «Аякс», «Флёра», «Левадыя».

Насельніцтва Таліну налічвае 440 тыс. чалавек (ацэнка на сакавік 2016). Па стане на лістапад 2006 году ў Таліне пражывала 399 180 зарэгістраваных жыхароў, у 2012 годзе — адпаведна 417 741 чалавек.

За арганізацыю грамадзкага транспарту ў Таліне адказвае Талінскі дэпартамэнт транспарту. У горадзе дзейнічаюць сыстэмы аўтобуснага паведамленьня (57 маршрутаў), трамвайнага (4 маршруты) і тралейбуснага (8 маршрутаў), якія злучаюць усе часткі гораду і найбліжэйшыя навакольлі. Аплата вырабляецца з дапамогай прадаплочаных квіткоў, якія можна купіць у кіёсках ці ў вадзіцеля (даражэй).

З 2004 году, уладальнікі эстонскай ID-карткі могуць набываць электронны квіток, выкарыстоўваючы інтэрнэт, тэлефон, банкаматы або за гатоўку.

Зь першага студзеня 2013 году праезд у аўтобусах, тралейбусах і трамваях для зарэгістраваных жыхароў гораду — бясплатны. Жыхары ўсё роўна павінныя набываць бясплатны электронны квіток. Такі квіток існуе ці то ў выглядзе адмысловай транспартнай плястыкавай карткі, альбо можа быць прывязаны да іншае карткі, што дазваляе бескантактную валідацыю — напрыклад, ISIC.

Паромны рух, які злучае Талін і Хэльсынкі, дазволіў жыхарам абедзьвюх гарадоў выпраўляцца па танныя закупкі, што прывяло да зьяўленьня такога азначэньня, як Тальсынкі.

На 2012 г. захавалася каля 2 км гарадзкіх муроў зь 50 вежамі, якіх на пачатак 16-га ст. было 3 км.
 




#Article 44: Інтэрнэт (224 words)


Інтэрнэ́т (Internet) — глябальная інфармацыйная сыстэма, часткі якой лягічна ўзаемазьвязаныя адно з адным пры дапамозе адзінай адраснай прасторы, заснаванай на выкарыстаньні пратаколу IP і маршрутызацыі пакетаў зьвестак. Інтэрнэт складаецца з мноства ўзаемна зьвязаных кампутарных сетак і забясьпечвае аддалены доступ да кампутараў, электроннай пошты, дошак аб’яваў, базаў зьвестак, дыскусійных груп і г. д. Інтэрнэт утварае сусьветны інфармацыйны асяродак і зьяўляецца фізычнай асновай для Сусьветнага павуціньня.

Пры ўжываньні слова «Інтэрнэт» у гутарковай мове часьцей за ўсё маецца на ўвазе Сусьветнае павуціньне і даступная ў ім інфармацыя, а не сама фізычная сетка.

Слова паходзіць ад ангельскага выразу INTERconnected NETworks (узаемазьвязаныя сеткі). Па-беларуску слова «Інтэрнэт» звычайна пішуць зь вялікай літары, але існуе тэндэнцыя пісаць гэтае слова з малой літарай «інтэрнэт» (што раюць таксама некаторыя мовазнаўцы). Беларускі сынонім слова «інтэрнэт» — «сеціва».

Пачаткам інтэрнэту лічыцца стварэньне сеткі Міністэрства абароны ЗША ARPANET напачатку кастрычніка 1969 году. У 1983 годзе ў ARPANET пачаў выкарыстоўвацца пратакол TCP/IP. У 1992 годзе ў Амстэрдаме (Нідэрлянды) заснавалі Эўрапейскі цэнтар міжсецявога дапасаваньня. 30 красавіка 1993 г. інтэрнэт абвясьцілі агульнадаступным і бясплатным для ўсіх карыстальнікаў. 2 лістапада 2006 году колькасьць вэб-сайтаў дасягнула 100 мільёнаў.

Футуралёгія інтэрнэ́ту — вобласьць навуковых ведаў, якая вызначае пэрспэктывы разьвіцьця сеткавай інфармацыйнай прасторы.

Сэ́рвэр інтэрнэ́ту — кампутар, падлучаны да сеціва, альбо працуючая на ім праграма, якае дае праграмам-кліентам доступ да разнастайных рэсурсаў.

Кожны сэрвэр, падлучаны да інтэрнэту, мае два адрасы: лічбавы IP-адрас і сымбальны дамэнны адрас.

Асноўнымі тыпамі сэрвэраў зьяўляюцца:




#Article 45: Мроя (397 words)


Мроя — беларускі рок-гурт.

Гурт «Мроя» заснаваны ў 1981 годзе студэнтамі другога курсу Менскай мастацкай вучэльні Лявонам Вольскім ды Ўладзімерам Давыдоўскім. Вольскі сьпяваў ды граў на польскім сынтэзатары-іёніцы, Давыдоўскі спачатку граў на бас-гітары, потым — на барысаўскай «Фарманце». Неўзабаве да гурту далучыўся школьны знаёмы Давыдоўскага Юрась Ляўкоў, які пачаў граць на бас-гітары. Потым далучыўся аднагрупнік Вольскага Алег Дземідовіч і пачаў граць на барабанах. Гурт спачатку ўзяў назву «Эскалатор». Першы канцэрт адбыўся 7 лістапада 1981 году. Спачатку песьні ствараліся й выконваліся па-расейску, але паступова гурт перайшоў на беларускія песьні. Музычны стыль фармаваўся пад уплывам такіх гуртоў, як The Beatles ды «Машина времени». Рэпэтыцыі праводзіліся спачатку ў цесным пакойчыку ў вучэльні, потым у розных службовых памяшканьнях (нават у вёсцы Дзегцяроўка). У 1984 годзе «Мроя» выступіла з вулічным канцэртам у Траецкім прадмесьці, на якім прысутнічаў Піт Паўлаў. У 1985 годзе пасьля заканчэньня вучэльні Лявона, Уладзімера ды Алега забралі на тэрміновую службу ў войска. Улетку 1986 году гурт сабраўся зноў. На першых этапах гурт запісаў некалькі альбомаў на магнітных касэтах, актыўна канцэртаваў, рэпетыцыі праходзілі ў сутанэньнях Дому літаратара. У 1987 годзе Талака зладзіла паход супраць будаўніцтва Дзьвінскай ГЭС, у якім прынялі ўдзел і музыкі Мроі. За гэты ўдзел іх пазбавілі магчымасьці рэпетаваць у доме літаратара. У 1989 годзе — падчас перабудовы «Мроя» запісала кружэлку на перасоўнай студыі «Мэлёдыя» «Дваццаць восьмая зорка», гукарэжысэрам якога быў Аляксандар Шцільман. Пасьля зыходу Ўладзімера Давыдоўскага 10 верасьня 1989 году тры гады ў гурце граў Венедыкт Конеў-Пятушкевіч. 24 верасьня 1989 году гурт выступіў на фэстывалі «Чырвона рута» ў Чарнаўцах, дзе выканалі песьні «Шмат», «Аўстралійская полька» ды «Мама-мафія». Напрацягу 1992—1993 гадоў у гурце зьмянілася некалькі гітарыстаў, якія не адпавядалі стылістыцы «Мроі». У 1993 годзе пры дапамозе Згуртаваньня беларусаў сьвету на кампакт-касэтах выйшла складанка «Выбраныя песьні 1989—1993», у якую ўвайшлі новыя песьні. Часткова з-за рознагалосьсяў у самім гурце, часткова з-за канкурэнцыі з боку іншых — больш маладых гуртоў у верасьні 1994 годзе ўдзельнікі «Мроі» прыпыняюць працу з-за фармальных прычын. Праз пэўны час было прынятае рашэньне ўзяць назву гурта N.R.M. і зьмяніць музычны стыль.

У 2009 годзе на юбілейным, 20-м «Басовішчы» гурт часова адрадзіўся дзеля выкананьня стосу старых песьняў у аўтэнтычнай вопратцы. У гэтым жа годзе BMA-group зрабіла перавыданьне альбому «Дваццаць восьмая зорка» на CD, у якое ўключыла дзьве дадатковыя песьні і відэа з канцэрту ў 1993-м годзе.

Усе альбомы студыйныя. Першыя два альбомы пазьней не выдаваліся.

У праект «Рок супраць рэвалюцыяў» увайшлі дзьве песьні, якія ня трапілі ў альбомы, у запісе ўдзельнічаў Піт Паўлаў.




#Article 46: Францішак Скарына (9837 words)


Франці́шак Скары́на (1470, Полацак —  1551, Прага) — беларускі і ўсходнеславянскі першадрукар, філёзаф-гуманіст, пісьменьнік, грамадзкі дзяяч, прадпрымальнік і навуковец-лекар. Перакладчык і выдавец на беларускую рэдакцыю царкоўнаславянскай мовы кнігаў Бібліі.

Нарадзіўся ў сям’і заможнага купца ў Полацку, буйным гандлёвым і вытворчым цэнтры Вялікага Княства Літоўскага, дзе імаверна атрымаў першапачатковую адукацыю. У 1504 годзе паступіў ў Кракаўскую акадэмію, дзе атрымаў ступень бакаляўра. У 1512 годзе ў Падуанскім унівэрсытэце атрымаў ступень доктара мэдыцыны. Пераехаў у Прагу, дзе 6 жніўня 1517 году выдаў першую друкаваную беларускую кнігу — «Псалтыр», а таксама яшчэ 19 выданьняў. Працягнуў выдавецкую дзейнасьць у Вільні, дзе надрукаваў «Малую падарожную кніжыцу» ў 1522 годзе і «Апостал» у 1525 годзе.

Францішак Скарына лічыцца адным з найбольш выдатных гістарычных дзеячоў Беларусі. Імя асьветніка носяць найвышэйшыя дзяржаўныя ўзнагароды — мэдаль і ордэн, Гомельскі ўнівэрсытэт, цэнтральная бібліятэка, пэдагагічная вучэльня, гімназія № 1 у Полацку, гімназія № 1 у Менску, недзяржаўнае грамадзкае аб’яднаньне «Таварыства беларускай мовы» і іншыя арганізацыі і аб’екты. У гонар першадрукара ў розных краінах пастаўлены помнікі, зроблены скульптурныя і маляўнічыя выявы.

У беларускіх выданьнях сустракаюцца дзьве формы імя Скарыны — Францішак і Францыск, а таксама зьняпраўджанае ў наш час гіпатэтычнае імя Георгі. Форма Францішак пасьлядоўна ўжываецца ў працах часоў беларусізацыі і выданьняў беларускага замежжа, а таксама сустракаецца ў пэўных сучасных аўтараў. У савецкіх працах, выдадзеных па палітычнай рэформе беларускага правапісу 1933 году ўжываецца імя «Георгій» як асноўнае або дадатковае. У 1946 годзе назву «Георгій Скарына» атрымала драматычная паэма Міхася Клімковіча, у 1951 годзе — гістарычны раман Міколы Садковіча і Яўгена Львова. У 1960-я гады паралельна пачынае ўжывацца форма Францыск. У 1967 годзе Акадэмія навук БССР прыняла кампрамісную пастанову: пры скарочаным найменьні пісаць «Францыск Скарына», а пры поўным — «Францыск (Георгій) Скарына». З гэтага часу форма Францыск пераважае ў афіцыйных выданьнях, яна ж выкарыстоўваецца на помніках і ў афіцыйных назвах.

Сам Скарына ў сваіх першых выданьнях выкарыстоўваў форму «Францишек». У прадмове да Псалтыры 1517 году гаворыцца: «… я, Францишек Скаринин сын с Полоцка», — тая ж форма сустракаецца ў прадмовах да кнігі Ёва, Выслоўях Саламонавых і ў віленскай Псалтыры. У актах Вялікага Княства Літоўскага на беларускай мове Скарыну называюць толькі «Франъцышак» або «Франъцышъко». Аднак пазьней першадрукар пачаў ужываць формы «Франциско» (у назоўным склоне), «Франциском» (у творным склоне), «Франциска» (у родным склоне), якія агулам выкарыстоўваюцца больш за 100 разоў. Форма «я, Франциско Скорина» сустракаецца ў прадмове да першай кнігі Царстваў, такі подпіс мае партрэт асьветніка ў праскіх выданьнях. У творным склоне імя («… выложена Франциском Скориною») сустракаецца каля 50 разоў, у родным склоне («Повелением, працею и выкладом… Франциска Скоринина сына») каля 64 разоў. У Літоўскай і Кароннай мэтрыках, актах Кракаўскага і Падуанскага ўнівэрсытэтаў імя асьветніка на лацінскай мове даецца як Franciscus. У праскіх дакумэнтах 1538—1539 гадоў фігуруе Francisco welisch gartner. У чэскамоўным дакумэнце Скарыну завуць František і Franc.

Тым часам форма «Францискъ» у назоўным склоне, увогуле, не фіксуецца ў выданьнях Скарыны. Гэтую форму рэканструяваў савецкі гісторык мовы А. Жураўскі. Ён сьцьвярджаў, што такую форму імя Скарыны трэба лічыць «асноўнай, афіцыяльнай», а Франциско (Францышко) — «дамашняй, сямейнай, гутарковай». Аднак мовазнаўца Вінцук Вячорка паказвае на тое, што выразнага проціпастаўленьня так званых афіцыйных і гутарковых формаў імёнаў у беларускай традыцыі не было, гэта больш характэрна для расейскай традыцыі. Увогуле, форма імя Франциск арыентуе на расейскую мову, у якой так называюць заходнехрысьціянскіх сьвятых. Апроч таго, спалучэньне «ФранцыСКСКарына» зьўляецца немілагучным і цяжкавымоўным.

На думку В. Вячоркі, ужываньне Скарынам лацінізаванай формы імя (Франциско) тлумачыцца імкненьнем наблізіць яго кірылічнае напісаньне да лацінскага, якім першадрукар мусіў запісвацца ў час знаходжаньня ў замежжы. Гэта можна параўнаць з адаптацыяй у Заходняй Эўропе імя Міколы Гусоўскага ( — Нікалаўс Гусавіанус) або вялікіх князёў Жыгімонтаў ( — Сігізмундус). Тым часам беларускі традыцыйны іменаслоў ня ведае формы Францыск. Пагатоў у дакумэнтах XVI—XVII стагодзьдзяў гэтае імя фіксуецца толькі ў форме Францішак з вытворнымі. У новай беларускай традыцыі таксама ёсьць толькі форма Францішак з вытворнымі. Імя Францішак насілі многія беларускія культурныя і грамадзкія дзеячы новага часу: Францішак Багамолец, Францішак Савіч, Францішак Багушэвіч, Францішак Аляхновіч, Францішак Бартуль і іншыя. Ёсьць галерэя пэрсанажаў твораў беларускае літаратуры — ад Пранцішка з камэдыі «Модны шляхцюк» Каруся Каганца да Пранціся Пустарэвіча, героя Купалавай «Паўлінкі», і Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега з раману Л. Рублеўскай. Сярод беларускіх літаратурных псэўданімаў — Францішак Вядзьмак-Лысагорскі (Ніл Гілевіч), Францішак Хлус (Уладзіслаў Ахроменка).

У 1875 годзе А. Петрушкевіч выказаў гіпотэзу, што сапраўдным імем Скарыны было Георгі, а імя Францішак ён адмыслова ўзяў, каб паступіць у Кракаўскі ўнівэрсытэт. Гэтая здагадка грунтавалася на копіі адзінага дакумэнту — прывілею караля і вялікага князя Жыгімонта Старога ад 21 кастрычніка 1532 году. У ім Скарына адзін раз называецца як Georgij Franciscij Skorina, тым часам у тым жа дакумэнце асьветнік упамінаецца яшчэ пяць разоў, але толькі адным імем — Franciscus або Francisco. У 1925 годзе польскі дасьледнік Генрык Лаўмянскі, аналізуючы яшчэ адзін акт 1532 году — грамату Жыгімонта Старога — зьвярнуў увагу, што асьветнік там называецца egregius Franciscus Skorina de Polocko, і выказаў здагадку, што пісар у дакумэнце пераблытаў імя Georgius і прыметнік egregius — шаноўны, слаўны. У 1995 годзе беларускі гісторык і кнігазнавец Георгі Галенчанка знайшоў арыгінальны тэкст прывілея, у якім вядомы фрагмэнт «з Георгіем» меў наступны выклад: «… egregium Francisci Scorina de Poloczko artium et medicine doctoris». Такім чынам, адзінае дакумэнтальнае абгрунтаваньне імя Георгі зьявілася ў выніку памылкі перапісьніка. Тым часам сьцьверджаньне, што Скарыне трэба было прыхаваць «праваслаўнае» імя Георгі, адмаўляецца актамі Кракаўскага ўнівэрсытэту. Так, у зімовым сэмэстры 1504 году, калі Скарына паступаў ва ўнівэрсытэт, сярод абітурыентаў было 10 Георгіяў (сярод іх і Георгі, сын Якава з Ваўкавыску) і толькі тры Францішкі, у тым ліку і сам Скарына. Апроч таго, каталікі шанавалі Сьвятога Юрыя (менавіта форма Юры, а не Георгі адпавядае беларускай народнай традыцыі) ня меней за Сьвятога Францішка. У Віленскім катэдральным касьцёле алтар Сьвятога Юрыя існаваў з 1428 году, а сам сьвяты разам з Казімерам і Мікалаем лічыўся заступнікам Вільні. Хоць хроснае імя Скарыны застаецца дагэтуль невядомым, аднак у наш час старая гіпотэза, што Скарына ў хрышчэньні быў Георгіем, у сьвятле новых дакумэнтальных адкрыцьцяў не вытрымлівае крытыкі.

На думку дасьледнікаў, прозьвішча «Скарына» ўтварылася ад старажытнага слова «скора» (скура) або «скорина» (скарынка). Іван Насовіч у «Слоўніку беларускай гаворкі» піша, што скарына — гэта верхняя корка выпечанага хлеба, і прыводзіць наступную фразу: «Скорину поломай да положи въ капусту». Ён жа называе словы скарынка і скарыначка ў значэньні хлебная корка («Дай убогому скорынку»). У аналягічным значэньні слова скарынка даецца ў Тлумачальным слоўніку сучаснай беларускай мовы. Аднак, хутчэй за ўсё, прозьвішча асьветніка паходзіць ад царкоўнаславянскага слова скора, што значыла шкура, мех, сырая скура. Так, яшчэ «Аповесьць мінулых гадоў» апавядае пра даніну, якую драўляне плацілі «медомъ и скорою». Падобна называлася і прафэсія ў Вялікім Княстве Літоўскім. Дакумэнт зь Літоўскай мэтрыкі ад 10 красавіка 1473 року паведамляе пра наданьне «Яну, конюшему Виленьскому, шесть человек: Юрко скаринич, Иван скаринич, Левон скаринич, Рожай конокормец». Пра тое ж паведамляе і запіс «Князю Евлашку Телятине два человека скориничи: Гридко и Хотян». Напэўна, слова скарыніч азначала ня прозьвішча, а прафэсію. І бацька, і брат Францішка гандлявалі пушнінай і скурамі. Род заняткаў, відаць, быў спадчынным, і магчыма, што адзін з продкаў сям’і рамесьнік-скарыніч, разбагацеў і пачаў займацца гандлем.

Дакладная дата нараджэньня Францішка Скарыны дагэтуль застаецца невядомай, усе вэрсіі грунтуюцца на супастаўленьні ўнівэрсытэцкіх актаў. Скарына паступіў у Кракаўскі ўнівэрсытэт у 1504 годзе, а ў акце Падуанскага ўнівэрсытэту 1512 году ён называецца «маладым чалавекам». Пётар Уладзімераў адносіў час нараджэньня да апошняй чвэрці XV ст., думаў, што калі Скарына ў 1504 годзе паступіў у Кракаўскі ўнівэрсытэт, яму было ня менш за 14 гадоў. Гэтай даты трымаюцца амаль усе дасьледнікі жыцьця асьветніка. Мікалай Алексютовіч лічыў час нараджэньня Скарыны каля 1485—1490 гадоў, таксама як і С. Майхровіч і С. А. Падокшын, гэтую ж дату прапаноўваюць энцыкляпэдычныя слоўнікі. В. Віслоцкі сьцьвярджаў, што абітурыент для паступленьня ўва ўнівэрсытэт, мусіў дасягнуць 14-гадовага веку. Вядомыя аднак выпадкі, калі студэнтамі станавіліся раней: так, гісторык Ян Длугаш, матэматык Станіслаў Гжэпскі і паэт Мікалай Рэй ува ўнівэрсытэт паступілі ў 13-гадовым веку. Аднак многія юнакі станавіліся студэнтамі ў больш сталым веку: настаўнік Скарыны Ян з Глогава стаў студэнтам у 17 гадоў, Мікалай Капэрнік — у 18, ягоны настаўнік Войцех з Брудзева — у 22, граматык Ежы зь Легніцы — у 30, а вядомы італьянскі гуманіст Філіп Калімах — у 35 гадоў. Уладзімер Пічэта лічыў, што 14-гадовы век быў надта малы для Скарыны, трымаючыся даты нараджэньня каля 1485 году, гэтай вэрсіі прытрымліваўся і Неміроўскі. У 1925 годзе Мікалай Шчакаціхін зьвязаў дату нараджэньня з выдавецкім знакам асьветніка (сонца з паўмесяцам), які сустракаецца на 26 выявах, і палічыў, што нараджэньне Скарыны прыйшлося на сонечнае зацьменьне. Паводле гэтай вэрсіі, Францішак Скарына нарадзіўся 6 сакавіка 1486 году.

Першыя зьвесткі пра полацкіх Скарынаў датуюцца пачаткам 1440-х гадоў, калі полацкі купец Грыдка Скарына прадаў рыскаму купцу Герке ў крэдыт болей за беркавец воску, а пры атрыманьні аплаты ў Рызе быў схоплены Герке і два тыдні прабыў у кайданах. З гэтага можна зрабіць выснову, што полацкі род Скарынаў даволі стары і ўжо да сярэдзіны XV ст. даволі заможны. У 1492 годзе ў пераліку прэтэнзіяў вялікага князя маскоўскага Івана Васілевіча да вялікага князя Аляксандра ўспамінаецца Лук’ян Скарына, які разам зь іншым палачанінам абрабаваў вялікалуцкага купца. Магчыма, названы Лук’ян тоесны Луку Скарыне — бацьку Францішка, які ўспамінаецца пазьнейшымі дакумэнтамі. Старэйшага брата Францішка — Івана Скарыну — каралеўскі дэкрэт называе адначасна віленскім мешчанінам і палачанінам.

Нарадзіўся ў 1470 годзе у Полацку ў сям’і купца Лукі Скарыны. Імя асьветніка ў пасьляслоўях ягоных выданьняў абявязкова суправаджае «с Полацька», «из славного града Полоцька», «с Полоцка града», «из града Полоцька». З архіўных крыніц вядома, што купец Лука Скарына меў у Полацку ўласную зямлю і гандлёвую справу, якая перайшла ў спадчыну старэйшаму сыну Івану. У ягоных камэрцыйных апэрацыях удзельнічаў і малодшы Францішак, што дазваляла яму вучыцца за мяжой і, мабыць, пазьней часткова фінансаваць сваё праскае і віленскае кнігавыдаўніцтва. Памёр бацька, імаверна, каля 1511—1512 гадоў: акты Падуанскага ўнівэрсытэту за 1512 г. называюць Францішка «русінам… сынам нябожчыка пана Лукі».

Імаверна, першапачатковую адукацыю Францішак Скарына атрымаў у Полацку. Тут або ў сталіцы Вялікага Княства Вільні вывучаў і далейшыя школьныя навукі, авалодаў лацінскай мовай. У Вялікім Княстве Літоўскім лаціну вывучалі ў трывіяльных і трывіяльна-квадрыяльных школах, якія існавалі пры парафіяльных касьцёлах, а таксама ў школах пры каталіцкіх біскупскіх катэдрах і школах пры мужчынскіх кляштарах. Зьвесткі пра Полацкі кляштар бэрнардынаў-абсэрвантаў прысутнічаюць у хроніцы польскага гісторыка Яна з Каморава (1465—1536), згодна зь якой кляштар у Полацку быў заснаваны ў 1498 року, пасьля гэтага ў каталіцтва навярнулася да 1000 палачанаў. Аднак Полацкая рэвізія 1552 року нічога не паведамляе пра каталіцкія кляштары; а ў капітальнай працы польскага гісторыка Антоні Карбовяка «Гісторыя адукацыі і школ у Польшчы», дзе скрупулёзна зафіксаваныя ўсе вядомыя аўтару навучальныя ўстановы, зьвесткі пра полацкія школы таксама адсутнічаюць.

Сям’я Скарыны мела цесныя сувязі зь Вільняй, бацька асьветніка гандляваў тут мяхамі і скураю. Старэйшы брат Францішка Іван некаторы час жыў у сталіцы, у дакумэнтах ён названы «мешчанінам віленскім». У сталіцы здаўна існавала школа пры біскупскай катэдры, у другой палове XV ст. яна неаднаразова згадваецца ў актах віленскага капітула. Аб віленскай «щоле», якая падрыхтавала яго да паступленьня ў Кракаўскі ўнівэрсытэт, згадвае ў 1477 року каралеўскі пісар Адам Якубаў, паведамляючы, што «из детинства ест при щоле виленской ласкаве ховался». Паводле сьцьверджаньня А. Карбавяка, катэдральная школа да пачатку XV ст. была адзінай навучальнай установай у Вільні, і толькі ў 1513 року пробашч парафіяльнага касьцёлу Сьвятога Яна атрымаў дазвол на адкрыцьцё другой віленскай школы. Пры катэдральнай школе выкладалі катэхізіс, а таксама трывіяльныя прадметы — граматыку, рыторыку і лёгіку. Выпускнікі школы нядрэнна размаўлялі лацінскай мовай і, калі жадалі, звычайна працягвалі сваю адукацыю ў Кракаўскім унівэрсытэце.

У зімовы сэмэстар 1504 году Францішак Скарына паступіў на навучаньне ў Кракаўскую акадэмію на факультэт вольных мастацтваў або філязофіі. Заснаваная яшчэ ў 1364 року Казімерам Вялікім, акадэмія славілася як адзін з асноўных цэнтраў эўрапейскай астраноміі і астралёгіі, матэматыкі, праўных і гуманітарных навук. У 1400 року кароль Ягайла абнавіў і значна пашырыў установу, якая атрымала сваю другую назву — Ягелонскі ўнівэрсытэт. За 77 гадоў (1433—1510) у яго запісаліся больш за 17 тысячаў абітурыентыў, больш за 8 тысячаў зь якіх былі іншаземцамі.

Унівэрсытэт меў тры асноўныя факультэты: багаслоўскі, юрыдычны і мэдычны. Каб паступіць на адзін зь іх, абітурыент меў прайсьці навучаньне на факультэце вольных мастацтваў. Сьпярша шкаляр вывучаў цыкль «трывіюм» (граматыка, рыторыка і лёгіка), потым «квадрырыюм» (арытмэтыка, геамэтрыя, астраномія і музыка). Правучыўшыся два, радзей тры гады, студэнт мог здаць экзамэны і атрымаць найніжэйшую навуковую ступень бакаляўра, што рабілі, аднак, далёка ня ўсе студэнты. За 77-гадовы пэрыяд ступень бакаляўра атрымалі толькі крыху больш за 4 тысячы студэнтаў (23,7%), а наступную ступень магістра — толькі 822 чалавекі (4,7% ад агульнай колькасьці абітурыентаў).

Выкладчыкі Кракаўскага ўнівэрсытэту былі добра вядомыя ў Эўропе сваёй навуковай і адукацыйнай дзейнасьцю. Рэктарам унівэрсытэту ў 1505/06 навучальным годзе быў  (1457—1523), які спэцыялізаваўся ў галіне мэдыцыны. Ён быў прыдворным лекарам каралёў Уладзіслава і Жыгімонта Старога, ягоная брашура аб прафіляктыцы чумы вытрымала пяць перавыданьняў, а «Трактат аб дзьвюх Сарматыях» (Кракаў, 1517) стаў на доўгія часы крыніцай ведаў эўрапейцаў пра Вялікае Княства Літоўскае і Маскоўскую дзяржаву. Ня менш знакамітым быў прафэсар Ян з Глогава (1445—1507), у якога Скарына слухаў лекцыі па «Другой аналітыцы» Арыстотэля і па лягічных творах , і які стаў настаўнікам многіх будучых навукоўцаў, у тым ліку Мікалая Капэрніка. Шматлікія працы прафэсара друкаваліся ў Кракаве, Ляйпцыгу, Страсбургу і выкарыстоўваліся як навучальныя дапаможнікі для студэнтаў. Лекцыі па арытмэтыцы і музыцы чытаў  з Олькушу (каля 1470—1540), добра вядомы сваім сучасьнікам трактатам «Аб рэформе рымскага календара».  (каля 1470—1519) чытаў лекцыі амаль па ўсіх прадметах факультэту вольных мастацтваў, ягоны падручнік па філязофіі прыроды перавыдаваўся 5 разоў, а ў працы «Ўводзіны ў касмаграфію Пталемэя» (1512) упершыню ў Польшчы была зьмешчаная геаграфічная мапа, на якой быў пазначаны нядаўна адкрыты кантынэнт — Амэрыка. Працы прафэсараў акадэміі сыстэматычна публікаваліся ў кракаўскай друкарні Яна Галера. Няма сумненьня, што ў Кракаве Францішак Скарына ўсьвядоміў навучальныя і асьветніцкія магчымасьці друкаванай кнігі.

У 1504/1505 навучальным годзе, калі Францішак стаў студэнтам, ува ўнівэрсытэт паступіў 291 чалавек, зь іх 141 — ураджэнцы Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага, а 150 — з-за мяжы. З 291 абітурыентаў вучоную ступень атрымалі 60 юнакоў, у тым ліку і Скарына. Праз 2 гады, то бок мінімальны час для студэнтаў філязофскага факультэту, у 1506 годзе ён вытрымаў экзамэн на ступень бакаляўра вольных мастацтваў. У прамацыйнай кнізе ўнівэрсытэту захаваўся наступны запіс: «У год Пана 1506, падчас дэканства Леанарда з Добшыц, бакаляўра кананічнага права… У тым жа годзе … у бліжэйшы дзень пасьля сьвята Сьв. Люцыі, на якое прыпадае сухаядзеньне, асобы, узьведзеныя ў ступень бакаляўра, былі разьмеркаваныя ў наступным парадку месцаў: Мацьвей зь Семнійклоп, Андрэй з Зынты, Яган з Гараў, Тамаш з Падляшша, Францішак з Полацку, ліцьвін, Павал з Марыенборгу (прэфэкт, ён жа староста), Яган з Шкокі, Андрэй з Стжэльна, Якаў з Эльбінгу, Яган з Марыенборгу, Яган з Фраўштату, Конрад з Монтэрэгіё, Яган з Ураціслава, Валянцін з Нова Віла, Андрэй з Пакосту». Гэта адбылося 14 сьнежня 1506 року. З усіх студэнтаў, якія атрымаўшых ступень бакаляўра разам са Скарынам, захаваліся зьвесткі толькі пра Андрэя з Пакосту, які потым застаўся пры ўнівэрсытэце, чытаў тут лекцыі, а пазьней стаў гнезьненскім вікарыем і пракуратарам.

Невядома, дзе Скарына знаходзіўся ў 1507—1512 гады. Падуанскія дакумэнты называюць Скарыну доктарам вольных навук і прафэсарам. Каб атрымаць гэтае званьне, неабходна было здаць магістарскі экзамэн. Дзеля гэтага бакаляўру патрэбна было два гады. Згодна са статутам Падуанскага ўнівэрсытэту, сушукальнік доктарскай ступені, каб быць дапушчаным да экзамэну, меў праслухаць трохгадовы курс лекцыяў, а потым на працягу году займацца лекарскай практыкай пад наглядам вядомага лекара. Існуюць меркаваньні, што ён скончыў унівэрсытэт у Празе, дзе атрымаў ступень доктара філязофіі. Але больш лягічна дапусьціць, што ён атрымаў доктарскі дыплём у Кракаве, дзе дзейнічалі 2 катэдры мэдыцыны (бяз права даваць доктарскія дыплёмы). Лёс мог прывесьці Скарыну ў які-небудзь італьянскі ўнівэрсытэт: у самую Падую ці ў Балёньню.

Запіс у акце Падуанскага ўнівэрсытэту 9 лістапада 1512 году сьведчыць пра тое, што ён быў сакратаром караля «Дацыі» («secretarii regis Datiae»). Першыя дасьледаваньні распачаў Антоні Флароўскі, які выказаў здагадку, што гукарка ідзе пра Данію. Навуковец зьвярнуўся ў дзяржаўны архіў у Капэнгагене з просьбай пашукаць дакумэнты пра Скарыну. У 1937 року ён атрымаў адказ ад дырэктара архіву, які паведамляў, што ніякіх згадак пра Скарыну ў дакумэнтах першых дзесяцігодзьдзяў XVI ст. ён не знайшоў. Потым Флароўскі напісаў румынскаму гісторыку , які ў адказ паведамляў, што назва Дакія ў дачыненьні да румынскіх княстваў XVI ст. амаль не выкарыстоўвалася, і што ніводны з румынскіх ваяводаў таго часу каралём сябе не называў. Тым ня менш, Флароўскі працягваў лічыць, што Скарына мог быць зьвязаны з Валахіяй, прыводзячы ў доказ сьцьверджаньне пра румынскі кнігадрук у 1508—1512 гадох і пра тое, што ў Карлавым унівэрсытэце навучалася нямала юнакоў з тых земляў.

Пётар Уладзімераў лічыў, што Скарына быў сакратаром караля Даніі, да якога ўлетку 1509 року кароль польскі і вялікі князь літоўскі Жыгімонт Стары адправіў дэлегацыю дзеля падпісаньня дамовы аб сяброўстве. У якасьці доказу ён прыводзіў факт знаходкі ў Капэнгагене асобніку «Малой падарожнай кніжкі». Знаходжаньне Францішка Скарыны ў Капэнгагене супала з ажыўленьнем стасункаў Даніі з Польшчай і ВКЛ, бо рэзка ўскладніліся ейныя стасункі са Швэцыяй. Дацкі кароль, магчыма, улічваў, што Францішак Скарына, акрамя веданьня лацінскай мовы, валодаў рускай мовай, якой на той час называлі беларускую мову, — дзяржаўнай мовай ВКЛ.

Менш абгрунтаванай падаецца вэрсія, быццам «Дацыяй» ёсьць валаскія землі, дзе на той час зараджалася кірылічнае кнігадрукаваньне. Сама назва Дакія ў XVI ст. выкарыстоўвалася як да Даніі, дык і да Валахіі. Настаўнік Скарыны Мацей зь Мехава ў «Трактаце аб двух Сарматыях» пісаў: «Скандынавія знаходзіцца на паўночным захадзе, за Германскім морам, у суседзтве з Дакіяй, пад уладай дакійскага гаспадара, на адлегласьці многіх міляў ад Скіфіі», пэўна разумеючы Данію. У той жа час у польскай дакумэнтацыі XVI ст. тэрмін Дакія адносілі па большай частцы да Трансыльваніі, а ў 1512 року кароль Жыгімонт узяў шлюб з дачкой трансыльванскага князя Стэфана.

Не пазьней за восень 1512 году Францішак Скарына прыбыў у Італію, у Падую, каб атрымаць ступень доктара мэдыцыны. Падуанскі ўнівэрсытэт, заснаваны яшчэ ў 1222 року, прыцягваў да сябе прафэсараў і студэнтаў з розных краінаў Эўропы. Да часу Скарынавага прыезду ўва ўнівэрсытэце прайшлі навучаньне ня менш за 36 тысячаў студэнтаў, зь іх каля 16 тысячаў былі іншаземцамі. Унівэрсытэт меў чатыры факультэты: свабодных мастацтваў, права, мэдыцыны і багаслоўя. Мэдычны факультэт, атрымаўшы самастойнасьць у XIV стагодзьдзі, меў асаблівую міжнародную папулярнасьць. Так, у 1501—1503 гадох у Падуі вывучаў мэдыцыну і права Мікалай Капэрнік.

Скарына прыехаў у Падую ў цяжкі для места час. Вэнэцыянская рэспубліка, у склад якой уваходзіла Падуя, знаходзілася ў стане вайны з Сьвятой Рымскай імпэрыяй і Папскай дзяржавай. У 1509 року аб’яднаныя войскі імпэратара Максіміліяна і Папы Юліюса II аблажылі места, якое, тым ня менш, аблогу вытрымала. Унівэрсытэт жа ў сувязі з ваеннымі падзеямі 1509—1516 рокаў быў практычна закрыты. Аднак доктарскія экзамэны ўнівэрсытэцкая калегія ўсё ж прымала: так, праз шэсьць дзён пасьля Скарыны экзамэн на ступень доктара права трымаў Мікаля Гозій з Сыракузаў.

Можна меркаваць, што грунтоўную мэдычную адукацыю Скарына атрымаў у Кракаве, дзе дзейнічалі 2 катэдры мэдыцыны, якія, аднак, не давалі доктарскія дыплёмы, або ў самой Падуі ці ў Балёнскім унівэрсытэце. 5 лістапада 1512 году Рада дактароў мэдычнай калегіі Падуанскага ўнівэрсытэту дапусьціла Скарыну без аплаты да экзамэнаў на ступень доктара мэдыцыны.

Актавая дакумэнтацыя ўнівэрсытэту захавалася даволі добра. Яшчэ каля 1740 году канцлер факультэту свабодных мастацтваў Джузэпе Марыя Міната сабраў старыя акты ў 37-томны звод, да якога быў прыкладзены старанна складзены паказальнік. На жаль, імя дактаранта пададзена з памылкай: «Luca Porina di Poloczko», як і час абароны. У канцы XVIII стагодзьдзя абат Франчэска Дарыгеля склаў сьпіс усіх дактароў, што абаранілі дысэртацыі ўва ўнівэрсытэце. У рукапісе, які захоўваецца ў бібліятэцы ўнівэрсытэту дагэтуль, імя асьветніка перададзенае дакладна. Сьпіс Дарыгелі дасьледаваў  у пошуках палякаў, што навучаліся ўва ўнівэрсытэце.  на падставе сьпісаў адшукаў акты і апублікаваў іх па-лацінску ў 1892 годзе. У 1937 годзе запіс адшукаў і паведаміў пра гэта Антоні Флароўскі, які рыхтаваў сваю знаходку да друку, але з прычыны Другой сусьветнай вайны ня здолеў зрабіць гэтага. У 1960 годзе Янка Садоўскі паўторна адкрыў дакумэнт, а потым і апублікаваў. У 1961 годзе ў Рыме выйшаў у сьвет факсыміле арыгіналу, лацінскі тэкст і беларускі пераклад. Акты дазваляюць дакладна апісаць усе цырымоніі, зьвязаныя з наданьнем Францішку Скарыне доктарскай ступені.

У першым акце апавядаецца пра пасяджэньне калегіі дактароў вольных мастацтваў і мэдыцыны, якое адбылося ў  5 лістапада 1512 року а 10-й гадзіне раніцы. Адкрыў сход віцэ-прыёр калегіі Тадэа Мусаці, які ва ўступным слове прадставіў кандыдата: «Францішак, ён сын нябожчыка Лукі Скарыны з Полацку, русін». Потым у залю запрасілі Скарыну, ён «пакорліва і пачціва прасіў дапусьціць яго да экзамэнаў па мэдыцыне». Потым калегія прыступіла да абмеркаваньня. Выступы, паводле акту, былі шматлікімімі. Канечна пытаньне вырашалася галасаваньнем, якое было адзінагалосным — усе дактары выказаліся за тое, каб дапусьціць Скарыну да экзамэнаў.

Экзамэн праходзіў у два этапы. Спачатку суіскальнік павінен быў прайсьці сумоўе і дыскусію, якія паказвалі ягоную падрыхтаванасьць да наступнага экзамэну. Папярэдні іспыт адбыўся 6 лістапада 1512 году а 3-й гадзіне апоўдні. Паводле акту, Скарына «бліскуча адказаў па памяці і абверг прад’яўленыя яму пярэчаньні; выдатна аргумэнтуючы, ён паказаў сябе з найлепшага боку». Дыскусію вялі прафэсары-экзамэнатары Францыска дэ Ноаліс, Ераніма а Муля, Барталямэа Барызона і Ераніма дэ Ўрбіна пад старшынствам віцэ-прыёра Тадэа Мусаці, акрамя таго ў касьцёле прысутнічалі яшчэ 8 дактароў. Калегія прызнала, што Францішак Скарына «варты быць дапушчаным да асаблівага экзамэну па мэдыцыне».

Уласна экзамэн адбыўся 9 лістапада 1512 году ў палацы біскупа. Аднак гэта была хутчэй загадзя падрыхтаваная парадная цырымонія, бо пытаньне з прысваеньнем ступені было вырашанае яшчэ 6 лістапада. Сярод ганаровых гасьцей былі біскуп Аргеліскі Паўлё Забарэльлё, віцэ-рэктар унівэрсытэту, доктар мэдыцыны і свабодных мастацтваў Францыска Фульманэльлі з Вэроны, названы ў акце «выдатным навукоўцам», а таксама «высокашаноўны ў Хрысьце айцец і пан доктар Сыкст» — гэта быў ні хто іншы, як кардынал , пляменьнік папы Юліюса ІІ. Скарыне зноў прапанавалі пытаньні па мэдыцыне. Паводле дакумэнта, «пан магістар Францішак, сын нябожчыка пана Лукі Скарыны з Полацку, русін, на прапанаваныя яму раніцай гэтага дня пытаньні па мэдыцыне бліскуча адказваў па памяці і адхіліў выказаныя яму пярэчаньні, выдатна аргумэнтуючы, ён праявіў сябе найлепшым чынам. У сувязі з гэтым усімі там прысутнымі вучонымі з агульнай згоды ён быў ацэнены як падрыхтаваны і варты быць дапушчаным да асобага экзамэну па мэдыцыне».

Пасьля гэтага Тадэа Мусаці абвясьціў Францішка Скарыну доктарам мэдыцыны, а Барталямэа Барызона ўручыў доктарскую мантыю і берэт, у якіх Скарына і адлюстраваны на сваім вядомым партрэце, зьмешчаным у двух праскіх выданьнях. У канцы акту пералічаныя імёны 24 прафэсараў Падуанскага ўнівэрсытэту. Менавіта ў гэтым акце (а потым і на палях зборніка Джузэпэ Міната) Скарына названы «secretarii regis Datis».

Падуанскі ўнівэрсытэт захаваў памяць пра Францішка Скарыну. У адну з аўдыторыяў, названай Залай сарака, перанесьлі катэдру, зь якой, як лічыцца, чытаў лекцыі Галілеа Галілей, а таксама зьмясьцілі сорак партрэтаў найбольш знакамітых выхаванцаў унівэрсытэту. Партрэты напісаныя тэмпэрай на палатне і разьмешчаныя ў два шэрагі. Партрэт Скарыны знаходзіцца ў другім шэрагу: зьлева ад яго выява знакамітага польскага паэта Яна Каханоўскага, справа — маскоўскага лекара . Акрамя Скарыны ў залі знаходзіцца выява яшчэ аднаго чалавека, зьвязанага зь Беларусяй — караля і вялікага князя Стэфана Баторыя. Партрэты намаляваныя ў 1940-х гадох італьянскім мастаком Джакама даль Форна. Скарына выяўлены ў чырвонай доктарскай мантыі, па-над якой накінуты аблямаваны мехам плашч. Пад мантыяй белая кашуля з вышытым каўнерам. Галава не пакрытая, бачны высокі лоб зь вялікімі залысінамі. На правай руце — чорная пячатка. Выява на партрэце ніякага падабенства зь вядомым партрэтам на гравюры ня мае. У верхняй частцы партрэту зьмешчаны надпіс: «Franciscus Skoryna de Poloczko 1512».

Па падуанскім трыюмфе зьвесткі пра Францішка Скарыну зноўку губляюцца на пяць гадоў. Стаўшы доктарам мэдыцыны, ён атрымаў магчымасьць займацца лекарскай практыкай, добра аплачваным заняткам, што дазваляў фінансаваць выдавецкую дзейнасьць, якая наўрад ці была прыбытковай. Тым ня меней, як асабліва выключны лекар Скарына сябе не зарэкамэндаваў. Магчыма, працаваў ён і настаўнікам, бо «доктарам мастацтваў» у тыя часы называлі і настаўніка гуманітарных навук — філялёгіі, паэтыкі, красамоўства і іншых. Не адкідаецца, што шчыраваў ён на ніве асьветніцтва на радзіме. На карысьць гэтай здагадкі сьведчыць выдатнае веданьне ім жывой гаворкі сваіх бацькоў — старабеларускай літаратурнай і штодзённай гутарковай мовы. Відаць, у гэты час ён пачаў перакладаць Біблію.

Пэрыяд 1513—1516 гадоў у жыцьці Скарыны не асьветлены дакумэнтальнымі зьвесткамі, але менавіта ў гэты час ён надумаў пачаць кнігадрукаваньне. Безумоўна, яго ў гэтых намерах падтрымлівалі землякі зь Вільні, Полацку, беларускія купцы, сябры віленскага магістрата. Не выклікае сумневаў, што ў 1510-х гадох Францішак наведаў Вялікае Княства Літоўскае — Вільню, Полацак, іншыя гарады і заручыўся падтрымкай суайчыньнікаў.

У Чэхіі кнігадрукаваньне пачалося ў 1468 року, яшчэ пры жыцьці Ёгана Гутэнбэрга. Дакладна не вядомае месца, дзе Скарына друкаваў уласныя кнігі: магчыма, асьветнік пры падтрымцы віленскіх мэцэнатаў Якуба Бабіча і Багдана Онькава заснаваў у Празе ўласную друкарню. Дасьледнікі лічаць, што Скарына арандаваў адну з праскіх тыпаграфіяў разам з абсталяваньнем і пэрсаналам, які рабіў асноўную тыпаграфскую працу. У сваіх выданьнях Скарына часта паведамляе: «Выложена працею і вытиснена повелением», гэта значыць, што пераклад зроблены ўласна Скарынам, а друкавалі выданьне іншыя асобы на ягонае повеление.

Да кожнай кнігі Францішак Скарына пісаў прадмову, у якой распавядаў пра гісторыю стварэньня кнігі, разважаў пра яе зьмест. Агульны аб’ём выданьняў — 1200 аркушаў, зь іх у 1517 годзе надрукаваныя 324 аркушы, у 1518 годзе — 352, у 1519 годзе — 524. За такі кароткі тэрмін немагчыма падрыхтаваць да выданьня тэксты кніг і выканаць тэхнічныя задачы іхнага мастацкага афармленьня (ілюстрацыі, застаўкі, буквіцы, каляровы друк і г.д.). Значыць, хутчэй за ўсё ў 1517 годзе ён ужо меў рукапіс поўнай Бібліі ў сваім перакладзе. Пра гэта ўскосна сьведчаць сьпісы Скарынавых перакладаў, якія не ўвайшлі ў ягоную друкаваную Біблію. У Празе ён не пасьпеў выдаць кнігі прарокаў, апрача прарока Данііла, і кнігі Новага Запавету.

Каля 1520 году Францішак Скарына пераехаў у сталіцу Вялікага Княства Літоўскага Вільню. Існуе меркаваньне, што ягоны прыезд быў выкліканы падрыхтоўкай да друку толькі што прынятага Статуту, які вялікі князь абяцаў надрукаваць «вялікай колькасьцю кніг бітымі літарамі». Друк так і не адбыўся, але мяркуецца, што шрыфт для выданьня быў адліты, ён пазьней выкарыстоўваўся для набору «Малой падарожнай кніжкі» і «Апостала».

У пачатку 1520-х Скарына заснаваў у доме Якуба Бабіча першую ўва Ўсходняй Эўропе друкарню. У ёй каля 1522 году Скарына выдаў «Малую падарожную кніжыцу», якая ўлучае 21 тэкст: «Псалтыр», «Часасловец», «Акафіст жываноснай труне Гасподняй», «Канон жываноснай труне Гасподняй», «Акафіст арханёлу Міхаілу», «Канон арханёлу Міхаілу», «Акафіст Яну Прадвесьніку», «Канон Яну Прадвесьніку», «Акафіст Багародзіцы», «Канон Багародзіцы», «Акафіст апосталам Пятру і Паўлу», «Канон апосталам Пятру і Паўлу», «Акафіст цудатворцу Міколу», «Канон цудатворцу Міколу», «Акафіст крыжу Гасподняму», «Канон крыжу Гасподняму», «Акафіст Ісусу», «Канон Ісусу», «Шасьцідневец», «Канон пакаяльны», «Пасьлядоўнасьць царкоўнага збору». У сакавіку 1525 асобным выданьнем выйшаў «Апостал». Некаторыя часткі «Малой падарожнай кніжыцы», магчыма, выдаваліся асобнымі выпускамі.

У Вільні Скарына выконваў функцыі сакратара віленскага біскупа Яна з князёў літоўскіх. У самым раньнім дакумэнце, датаваным кастрычнікам 1523 году, ён названы «egregio et honorabilibus Francisco Phisico» (гэта значыць «паважаны і шаноўны Францішак Фізык», гэтым тытулам звычайна характарызавалі дактароў мэдыцыны). 20 сакавіка 1526 году «egregio viro Francisco, medicinae doctore» (паважаны муж, пан Францішка, доктар мэдыцыны) удзельнічаў пры рэгістрацыі граматы на заснаваньне касьцёлу ў мястэчку Вяйсеях.

У другой палове 1520-х гадоў Францішак Скарына ажаніўся з Маргарытай, удавою чальца Віленскага магістрата Юрыя Адверніка, які, пэўна, быў адным з фундатараў Скарынавай друкарні. Упершыню пра Маргарыту стала вядома Пятру Ўладзімераву, які яшчэ ў 1888 годзе надрукаваў акт 1529 року. У тым акце падаецца пастанова караля Жыгімонта на скаргу віленскіх жыхароў Марціна Субачовіча і Мікалая, сына Багдана Чупрына. Адказчыкам у справе была «Малкгорета, жоне доктора Францышъка Скоринина, которая перед тым была за рядцою виленьским Юрем Одверником».

Скарына пасяліўся ў Маргарытавай камяніцы на Нямецкай вуліцы непадалёк ад палацу князёў Слуцкіх. Якія-кольвек зьвесткі пра тое, што Скарына меў у Вільні ўласны дом, адсутнічаюць. Імаверна, усе сродкі ён аддаваў на выдавецкую справу. Фінансавае становішча асьветніка палепшылася пасьля таго, як ягоная жонка Маргарыта перамагла ў судовым працэсе са сваякамі за ейны віленскі дом (1529 год).

Гэтая справа пачалася ў 1523 годзе яшчэ пры жыцьці Юрыя Адверніка і тычылася дома «в месте Виленьском, который лежит на Рынку подле дому Иванова Плешывцова и Василева Воропанева», а таксама іншай маёмасьці — «иншое имене и статъки». Большасьць дасьледнікаў лічаць, што Адвернік фінансаваў кнігавыдавецкую дзейнасьць Скарыны. Да 1529 року ўсе першапачатковыя ўдзельнікі скаргі памёрлі, Юры Адвернік памёр пасьля кастрычніка 1525 году. Справа выявілася працяглай: спачатку яе разглядаў мескі суд, пасьля войт з бурмістрамі і райцамі, потым да справы далучыўся ўплывовы біскуп Ян з князёў Літоўскіх, у якога Скарына быў лекарам і сакратаром. Істцы спасылаліся на тэстамэнт Дароты Станіслававы, які быў безь пячаткі і які, згодна з скаргай, «зламал судом своим князь Ян, бискуп виленский». Пастанова караля была на карысьць Маргарыты: «тот дом доктора Францышъка Скорины Маркгорете держати и въжывати супокойне на вечные часы». Акт быў падпісаны ў прысутнасьці самога Скарыны, біскупа Яна і іншых Паноў-рады.

Акрамя гэтага акту «Маргарэта, суўласьніца выдатнага мужа Францішка, называемага доктар Скарынін» успамінаецца яшчэ ў познаньскім акце ад 23 кастрычніка 1529 року. Дакумэнтальных пацьверджаньняў пра сьмерць Маргарыты няма, аднак у пазьнейшых архіўных матэрыялах з 1532 року ейнае імя ня згадваецца. Вялікі пажар у Вільні летам 1530 року спустошыў дзьве траціны места. Магчыма, у тым пажары загінула і жонка Скарыны.

У адной з кніг вядомага славіста Бартала Копітара, надрукаванай у Вене ў 1839 року, апублікаваны артыкул «Гістарычнае пытаньне пра доктара мэдычнага факультэту Прагі Францішка Скарыну, які чыніў падкопы супраць доктара Марціна Лютэра». У артыкуле апавядаецца, як у 1525 року спачатку Мэлянхтон, а потым Лютэр пазнаёміліся зь нейкім доктарам Францішкам, які зачараваў іх сваёй вучонасьцю і манэрамі. Аднак неўзабаве Лютэр спалохаўся папярэджваньняў сваіх сяброў ды пакінуў Вітэнбэрг, а ў магістрат напісаў просьбу затрымаць доктара і ўжыць да яго катаваньне. Францішак, аднак, зачараваў і сяброў магістрата, і тыя адпусьцілі яго.

Копітар сьцьвярджаў, што тым доктарам быў Францішак Скарына. Тым ня менш, Копітар лічыў сваё сьцьверджаньне гіпотэзай, якая магла стаць фактам толькі пасьля знаходкі ў архівах Вітэнбэргу дакумэнтаў зь імем Скарыны. Не паведамляе Копітар і пра крыніцу, на падставе якой ён зрабіў выснову пра сустрэчу Лютэра і Скарыны, мімалётам спасылаючыся на Зэкендорфа, які «прытрымліваўся іншага погляду пра гэты інцыдэнт». Зэкендорф у сваёй працы паведамляе пра нейкага жыдоўскага доктара з Польшчы, які спрабаваў атруціць Лютэра. Доктара схапілі, аднак сам Лютэр пажадаў, каб злачынцу не катавалі, а адпусьцілі. Згодна з Зэкендорфам падзея адбылася ў 1525 року, а імя доктара мэдыцыны не паведамляецца. Аднак у адным зь лістоў Лютэра барону Шварцэнбэргу ад 21 сьнежня 1524 року згадваецца «доктар Францішак», зь якім рэфарматар быў у добрых дачыненьнях. Знаёмства з доктарам працягвалася да верасьня 1525 року, калі Лютэр пераехаў у Таргаў пасьля апісанага інцыдэнту.

Дасьледнікі лічаць, што пад загадкавым доктарам ня крыецца асоба Францішка Скарыны, які таго ж 1525 року надрукаваў у Вільні «Апостала», а ў сакавіку 1526 року прысутнічаў пры зацьвярджэньні граматы князя Юрыя Слуцкага біскупам Янам.

Пасьля друку «Апостала» Скарына спыняе друкавецкую дзейнасьць. Адной з прычынаў дасьледнікі называюць вялікі пажар у Вільні 2 сакавіка 1530 року, які зьнішчыў дзьве траціны гораду, у тым ліку катэдральны касьцёл, палац біскупа Яна і, магчыма, дом Якуба Бабіча, у якім знаходзілася тыпаграфія, а таксама дом на Рынку, які належаў жонцы асьветніка Маргарыце. У 1536 року пакідае віленскую катэдру заступнік Скарыны біскуп Ян.

Як лічаць дасьледнікі (Антоні Флароўскі, , Сымон Брага, Віктар Дарашкевіч), у канцы 1520 — пачатку 1530-х рокаў Скарына мог наведаць Маскву з мэтай пашырэньня сваіх выданьняў. Гэтыя меркаваньні грунтуюцца на тэксьце граматы Жыгімонта Аўгуста 1552 року: «… калі ў валадараньне нашага богададзенага бацькі нейкі ягоны падданы, вядомы набожным намерам, вырашыўшы надрукаваць і выдаць на рускай мове Сьвятое Пісаньне, прыбыў да маскавітаў, гэтыя кнігі былі публічна спаленыя па загадзе князя, таму што былі выдадзеныя падданым рымскай царквы і ў месцах, якія падлягаюць ейнай уладзе». Грамата была надрукаваная ў 1862 року аўстрыйскім гісторыкам Ёзэфам Фідлерам, а ў 1888 року варшаўскі дасьледнік Восіп Пярвольф адзначыў, што ў грамаце гутарка вядзецца пра Скарыну. Вэрсію падрабязна абгрунтаваў Антоні Флароўскі. Вэрсія лічыцца магчымай, у напружаных сацыяльна-палітычных абставінах у Маскоўскай дзяржаве, дзе яшчэ былі памятныя наўгародзка-пскоўскія ерасі зь іхнім вольным тлумачэньнем біблейскіх тэкстаў і з канца XV стагодзьдзя існаваў свой афіцыйны звод Бібліі. У 1525 року ў Маскве быў асуджаны Максім Грэк, якому былі вядомыя выданьні Скарыны, і ў працах якога існуюць тэкстуальныя супадзеньні з праскімі кнігамі Царстваў, а таксама вялікая колькасьць беларусізмаў.

У ліпені 1529 году ў Познані памёр брат Францішка Скарыны Іван, які прыехаў туды гандляваць скурамі; адразу ў мескі суд былі пададзеныя пазовы, у якіх быў і пазоў Францішка Скарыны. Адказчыкам выступаў пляменьнік Скарыны Раман. 26 кастрычніка 1529 року адбыўся суд, пасьля якога крэдыторы атрымалі ў кошт кампэнсацыі маёмасьць нябожчыка Івана (пераважна скуры), а Францішак Скарына, «як галоўны апекун паважанай Маргарыты», «зьявіўшыся асабіста», заявіў, што вызваляе Рамана Іванавіча ад прэтэнзіяў на суму ў 204 копы літоўскіх грошай «назаўсёды і навечна», атрымаўшы ў пакрыцьцё доўгу 23 500 скураў. Такім чынам, на той момант прэтэнзіі крэдытораў да нябожчыка Івана Лукіча Скарыны былі ўладжаныя.

У 1530 годзе Скарына з пэўных прычынаў апынуўся ў Караляўцы. Пра гэта стала вядома пасьля публікацыі ў 1918 годзе  чатырох дакумэнтаў 1530 року прускага герцага Альбрэхта Старэйшага, васала Польшчы і пляменьніка караля Жыгімонта Старога. У першым лісьце ад 16 траўня да віленскага ваяводы Гаштольда Альбрэхт выказвае высокае меркаваньне пра таленты Скарыны, «найвыдатнейшага мастацтва, якое ён дэманструе зь дзіўным бляскам і досьведам, атрыманым, відаць, дзякуючы шматгадовым працам і вандроўкам з мэтай атрыманьня мноства ведаў, мы літасна прылічылі яго да кругу нашых падданых». Такім чынам, герцаг Альбрэхт наблізіў асьветніка да свайго двара і фактычна залічыў яго да шляхецкага стану. Альбрэхт хадайнічае перад Гаштольдам «наконт асабістых справаў і маёмасьці, астаўленых у Вільні разам з жонкай і дзецьмі» і просіць, каб «доктар Францішак… ня быў пакінуты на волю лёсу». Другі дакумэнт — падарожная грамата ад той жа даты, адрасаваная «ўсім і кожнаму паасобку». Трэці дакумэнт ад 18 траўня адрасаваны Віленскаму магістрату, ягоны сэнс — таксама просьба ў спрыяньні Скарыне. У чацьвертым лісьце ад 26 траўня А. Гаштольду Альбрэхт скардзіцца, што Скарына «тайна зьвёў з сабой юдэя і нашага друкара, …пакінуўшы мноства зьнямоглых і недалечаных…». Відаць, гэта было зьвязана з пашырэньнем у 1529—1530-х гадох у Прускім герцагстве пандэміі . Дасьледнікі мяркуюць, што паездка магла быць зьвязана з судовымі спрэчкамі з сваякамі жонкі, а таксама з плянамі Альбрэхта выданьня літаратуры ў інтарэсах пратэстантызму ў Караляўцы, дзе Скарына мог працаваць як лекар. Пасьля вяртаньня ў Вільню Скарына меў намер абнавіць свой друкарскі рыштунак, дзеля чаго і вывез з Прусіі друкара.

У пачатку 1530-х гадоў матэрыяльнае становішча Францішка Скарыны пагоршылася, памерлі амаль усе айчынныя апекуны ягоных пачынаньняў: Якуб Бабіч, Багдан Онькаў, Рыгор Адвернік. 5 лютага 1532 году кароль Жыгімонт загадам наказаў затрымаць Скарыну і зьняволіць яго на скаргу варшаўскіх жыдоў Лазара і Майсея. Скарга тычылася даўгоў нябожчыка Івана, а таксама маёмасьці, якую, паводле іхняга меркаваньня, «доктар Францішак, ягоны брат, узяў сабе», «зьбег зь места Вільны, пераяжджае з аднаго месца ў іншае». Наступны дакумэнт ад 12 красавіка паведамляе пра суму доўга і пра тое, што Майсей упаўнаважвае Якубу Бжоску ўзыскаць з «доктара Скарыны» суму па скарзе. У сярэдзіне красавіка Францішка Скарыну, які прыехаў у Познань, пасадзілі ў вязьніцу. Ягоны пляменьнік Раман адразу прыехаў з Гданьску і 26 красавіка заявіў у магістраце, што паколькі, паводле сьведчаньня самога жыда, доўг быў зроблены ягоным бацькам, то і адказваць павінен ён сам. На новае разьбіральніцтва ні варшаўскі жыд, ні ягоны ўпаўнаважаны не зьявіліся. Раман патрабаваў, каб Скарыну вызвалілі з турмы, заявіўшы, што мае неабходную маёмасьць дзеля сплату доўгу, калі ягоная справядлівасьць будзе даведзеная судом, а таксама ўнёс заклад. Майсей зьвярнуўся да караля са скаргай, на якую быў даны новы загад ад 2 траўня, у апошнім Жыгімонт загадаў не вызваляць Скарыну. 24 траўня пляменьнік Скарыны Раман просіць у караля Жыгімонта загаду аб вызваленьні Францішка. Тым часам, хутчэй за ўсе дзякуючы пратэкцыі Яна з князёў Літоўскіх, справа пачала карэнным чынам зьмяняцца. У новым загадзе ад 24 траўня кароль, даведаўшыся, што «Францішак Скарына ёсьць вельмі паважаным і маёмасным чалавекам, што нічога з рэчаў брата ня мае, і што існуюць спадчыньнікі … Івана Скарыны», загадваў «неадкладна вызваліць названага Францішка Скарыну». 17 чэрвеня Францішак Скарына, «зьявіўшыся асабіста» ў магістрат, праз свайго паверанага Мацея Лонгія прад’явіў загад і патрабаваў, каб у суд вызвалі Майсея ці ягонага паверанага, зь якіх ён патрабаваў кампэнсацыю за ўрон, прычынены ня толькі яму, але і «паважанаму пану і ўладыку, біскупу віленскаму». Судовую справу закрылі два каралеўскія загады. 21 лістапада кароль загадваў, каб Францішка Скарыну «пазбавілі ад нападак і дамаганьняў» за даўгі ягонага брата. Спэцыяльная грамата 25 лістапада таго ж году падкрэсьлівала заслугі Скарыны, ягоную «дабрачыннасьць, незвычайную вучонасьць у мастацтве мэдыцыны, дасьведчанасьць і ўменьне». Таксама «выдатны і слаўны Францішак Скарына з Полацку» быў вызвалены з-пад юрысдыкцыі мескіх і земскіх судоў, браўся пад каралеўскую «ахову і апеку». У грамаце кароль адзначыў, што зрабіў гэта, «далучаючыся да шчырых просьбаў некаторых нашых дарадцаў».

Такім чынам, працэс скончыўся для асьветніка шчасна, хоць яму і давялося правесьці некалькі месяцаў у познаньскай турме. Віленскі біскуп Ян, у якога Скарына служыў сакратаром і лекарам, заставаўся на пасадах да 1535 року, пасьля чаго быў пераведзены ў Познань, дзе неўзабаве памёр. Яшчэ раз імя Францішка Скарыны згадвалася ў судовай справе двух зяцёў Івана Скарыны, якая разглядалася ў Полацку 4 кастрычніка 1535 року. Суд пастанавіў перадаць Міхно Аўсяньнікаву «дворышча, што в замъку Полоцъком суть», аднак прызнаў, што ў маёмасьці ёсьць і «часть доктора Франъцышка Скорыны», за якой, пры наяўнасьці прэтэнзіяў, доктару трэба будзе зьвярнуцца да Аўсяньнікава. Францішка Скарыны, аднак, у той час ужо не было ў краіне. Спалучэньне розных абставінаў і адсутнасьць выразнай сацыяльнай падтрымкі вымусілі Францішка Скарыну пакінуць ВКЛ і ад’ехаць у Прагу.

Дакладна не вядома, чаму Францішак Скарына пакінуў ВКЛ: судовыя скаргі скончыліся для яго шчасна, а сам ён атрымаў шматлікія прывілеі, якія паляпшалі ягоны маёмасны стан. Асьветнік мог працягваць службу ў біскупа Яна і выдавецкую дзейнасьць. Лічыцца, што віленская друкарня магла ацалець пасьля злашчаснага пажару 1530 року, бо гравіраваная на дрэве арнамэнтыка Скарыны выкарыстоўвалася ў віленскіх тыпаграфіях яшчэ шмат часу па Скарынавай сьмерці. Магчыма, пэўную ролю ў ад’езьдзе згуляла моравая пошасьць 1530—1533 рокаў.

У 1535 року кароль Чэхіі і Вугоршчыны Фэрдынанд надумаў стварыць у Празе батанічны сад, аднак у краіне не знайшлося садоўніка зь неабходнымі ведамі. Пошукі садоўнікаў далі плён: у чэрвені 1538 року ў садзе ўжо працавалі чатыры мужчыны і жанчына. У «Пераліку прац па італьянскім садзе ў чэрвені 1538 року» названае імя «Францыска, італьянскага садоўніка» (Franciscus welischer gartner), яшчэ раз імя «майстра Францыска» згадваецца ў лісьце ад 27 чэрвеня 1538 року. Гэтым садоўнікам быў сам Францішак Скарына, бо ў грамаце Фэрдынанда ад 29 студзеня 1552 року згадваецца «памерлы доктар Францішак Рус Скарынін з Полацку, наш садоўнік». «Італьянскім садоўнікам» яго называлі, мабыць, паводле ягонага падуанскага дыплёму доктара мэдыцыны.

Паводле данясеньняў службоўцаў Багемскай канторы, Скарына працаваў там без асаблівай ахвоты, але добрасумленна. У сваю чаргу камора затрымлівала яму заробкі. У красавіку 1539 року запазычанасьць перад Францішкам склала каля 200 гульдэнаў, таму Скарына надумаў зьвярнуцца асабіста да караля. У лісьце ад 21 ліпеня таго ж году кароль загадвае «разьлічыцца зь ім, і каб вы яго больш не затрымлівалі». Такім чынам, беларускі асьветнік працаваў батанікам на Градчанах да 1539 року.

Чэскі храніст  паведамляў пра пажар у Празе 2 чэрвеня 1541 году, у якім сярод іншых асобаў у доме адміністратара праскай эпархіі Яна з Пухава згарэлі «кухарка Магдалена, а таксама хлопчык Францішак, сын колішняга доктара Руса». Дасьледнікі, як то Антоні Флароўскі ды іншыя, тлумачылі гэты летапісны фрагмэнт у тым сэнсе, што Скарына памёр каля 1540—1541 гадоў, а ягоны малы сын загінуў у гэтым пажары. Аднак калі слова «колішні» тлумачыць не ў дачыненьні да «нябожчыка», а «доктара», альбо ягонага чэскага значэньня — «настаўніка», дык словы Гаека «nekdy doktora Rusa» трэба перакладаць не як «памерлага доктара Руса», а як «доктара Руса, які некалі жыў у Празе». У гэтым тлумачэньні Скарына служыў настаўнікам у «казацеля» (прапаведніка) ксяндза Яна, які мог кіраваць адной з каталіцкіх школаў. У такім выпадку асьветніка спасьцігла яшчэ адное няшчасьце — гібель сына.

Найбольш імаверна, што Скарына памёр у канцы 1551 году або ў студзені 1552 году. Захавалася «давераная грамата» караля Фэрдынанда I, выдадзеная 29 студзеня 1552 году:

Кароль задаволіў гэтую просьбу і загадаў усім службовым асобам Чэскага каралеўства дапамагаць Сімяону Скарыну ў такой справе. Сярод спадчыны асьветніка названыя кнігі ды іншыя паперы. У тым жа годзе Марцін Онкавіч і лаўнік віленскага магістрату купец Тоўсьцік абвясьцілі пра свае прэтэнзіі адносна «рэчаў і маёмасьці… пакінутых пасьля сьмерці доктара Францішка Скарыны і ацэненых у 150 коп у літоўскай манэце».

Аднак існуюць вэрсіі, што Скарыны не было ў жывых ужо да 1541 року, гэтая дата найчасьцей сустракалася ў савецкіх энцыкляпэдычных слоўніках.

Месца пахаваньня беларускага першадрукара невядомае. Сімяон Скарына ўзяў ад бацькі ў спадчыну і ягоную прафэсію: чэскі храніст  паведамляў, што старэйшы сьвятар Іржы Чэтл да сваёй сьмерці (22 траўня 1577 року) «карыстаўся паслугамі доктара, нейкага паляка Сімяона, па прозьвішчы Рус, з Полацку». Прозьвішча паходзіць ад «рускі» — у тагачасным сэнсе «беларус», а «паляк» — звычайны анахранізм, бо ўсіх жыхароў Рэчы Паспалітае ў Эўропе часам называлі палякамі. Апошнім разам імя Сімяона Скарыны згадваецца чэскім дасьледнікам садова-паркавага мастацтва : ён згадвае пра «старога садавода Руса з Полацку Шымона Русака», «якога з-за яго нядужасьці паслаў ягамосьць пан у 1584 року лячыцца ў Добры Водзе, каля » — места ў паўднёвай Чэхіі.

У 2017 року дасьледнік Адам Мальдзіс выказаў здагадку, што Скарына мог быць пахаваны ў  ў Чэскім Крумлаве на поўдні Чэхіі.

Пасьля знаёмства з лацінскімі, чэскімі, старажытнаюдэйскімі і царкоўнаславянскімі тэкстамі Бібліі ў 1517—1519 гадох Францішак Скарына пракамэнтаваў і надрукаваў кірыліцай у Празе 23 кнігі Бібліі пад агульным загалоўкам «Библия руска, выложена доктором Франциском Скориною из славного града Полоцька, богу ко чти и людем посполитым к доброму научению». Доўгі час сярод лінгвістаў вялася дыскусія пра мову, на якую ён пераклаў кнігі: на беларускую рэдакцыю царкоўнаславянскай мовы ці на царкоўны стыль старабеларускай мовы. Беларускія лінгвісты прыйшлі да высновы, што мова перакладаў Бібліі Францішка Скарыны — гэта беларуская рэдакцыя царкоўнаславянскай мовы, дзе маецца пэўны ўплыў гутарковай беларускай, чэскай і польскай моваў.

Заснаваньне беларускага кнігадрукаваньня стала вяршыняй духоўнай дзейнасьці Францішка Скарыны, найбольш выразным і яскравым пралогам беларускага Адраджэньня 1-й паловы XVI стагодзьдзя. У друкаванай кнізе Скарына бачыў невычарпальныя магчымасьці духоўнай асьветы народа, выхаваньня высокіх хрысьціянскіх, маральных і грамадзянскіх якасьцей, усё большага далучэньня і актыўнага ўзаемадзеяньня з эўрапейскім культурна-гістарычным соцыюмам. Відаць, доўгія падарожжы па краінах з разьвітым кнігадрукаваньнем (Польшча, асабліва Італія, Чэхія й інш.), знаёмства з друкаванай кнігай, якая з канца XV стагодзьдзя ўсё ў большых маштабах пранікала на землі ВКЛ, спрыялі ягоным плянам, а падтрымка беларускіх мяшчанаў Вільні і Полацку забясьпечыла іхняе ажыцьцяўленьне. У адрозьненьне ад Польшчы, дзе ў той час значныя колы духавенства і вярхоўная ўлада не падтрымлівалі падобных праектаў (як раней Швайпольта Фіёля ў канцы XV стагодзьдзя), дзе існавала значная манапалізацыя друкарскай справы, больш падыходзіла для рэалізацыі ягоных плянаў Чэхія. Менавіта ў Празе Скарына ў асноўным завяршыў свой пераклад і камэнтаваньне тэкстаў Бібліі на падставе лацінскіх, чэскіх, старажытнагабрэйскіх і царкоўна-славянскіх крыніц і ў 1517—1519 гадох выдаў 23 кнігі Старога Запавету. Віленскія выданьні 1520-х гг. — «Малая падарожная кніжка» і Апостал — больш зьвязаныя з традыцыйнай беларускай і ўсходнеславянскай кніжнасьцю (з выняткам некаторых дадаткаў, арнамэнтыкі і камэнтароў Скарыны) і выдаваліся на царкоўнаславянскай мове. У Вільні Францішак Скарына ў адрозьненьне ад Прагі меў сваю друкарню ў доме найстаршага бурмістра Якуба Бабіча каля Рынку і больш актыўна займаўся беспасярэднімі друкарскімі справамі.

Кнігі Скарыны вылучаюцца высокімі выдавецкімі і друкарскімі якасьцямі. Беларускае кнігадрукаваньне адразу пачалося з высокага эўрапейскага ўзроўню. Рэнэсансныя выданьні Ф. Скарыны, адметныя мастацкім, гравюрным, арнамэнтальным упрыгожваньнем, шрыфтам і іншымі кампанэнтамі выдавецкай эстэтыкі і майстэрства, былі арыентаваныя на ўсе пласты беларускага насельніцтва. Яны вылучаліся практычнымі памерамі, а камэнтары разьлічаныя на ўспрыняцьце кніжнай прамудрасьці простым («паспалітым») людам «языка рускага» (беларускай і іншых усходнеславянскіх моваў). 3 гэтай мэтай ён тлумачыў на палёх кнігі архаічныя царкоўнаславянскія словы «рускай мовай». Іншыя маргіналіі Скарыны павінны былі падкрэсьліць духоўнае адзінства Сьвятога Пісаньня. 3 замежных, магчыма, славянскіх выданьняў ён запазычыў падзел псальмаў на вершы, што да яго сустракалася толькі ў цэцінскіх выданьнях 1495 року і вэнэцыянскіх Бажыдара Вукавіча.

Кнігі Скарыны зрабілі вялікі ўплыў на разьвіцьцё духоўнай культуры Беларусі і Ўкраіны, стымулявалі ўзьнікненьне кнігадрукаваньня ў Маскоўскай дзяржаве, пашыраліся ў шматлікіх рукапісных копіях. Арнамэнтальныя матэрыялы Віленскай друкарні Скарыны да 1652 г. выкарыстоўваліся ў выданьнях найбуйнейшай беларускай друкарні — Віленскай брацкай друкарні і ейнае філіі — Еўінскай друкарні, а некаторыя праскія ініцыялы сустракаюцца ў выданьнях Астроскай друкарні ўва Ўкраіне ў канцы XVI ст.

Невядома, хто супрацоўнічаў са Скарынам у ягонай выдавецкай і друкарскай дзейнасьці. На думку дасьледнікаў, шматлікія рэнэсансныя гравюры праскіх выданьняў выконваліся прадстаўнікамі розных мастацкіх школ пры ўдзеле самога Францішка (партрэт Скарыны да кнігі «Ісус Сірахаў» і «Царствы»). У Віленскай друкарні, безумоўна, працавалі і беларускія мастакі, гравэры, рамесьнікі, друкары.

Маргінальныя запісы XVI—XVIII стагодзьдзяў на кнігах Скарыны сьведчаць пра іхняе актыўнае выкарыстаньне рознымі пластамі беларускіх і замежных чытачоў: купцамі, сьвятарамі, настаўнікамі, вучнямі, тагачаснай адукаванай элітай, гарадзкім патрыцыятам, усходнехрысьціянскімі манахамі й інш.

Свае пераклады біблейскіх тэкстаў Скарына рабіў на падставе дзьвюх крыніц: царкоўнаславянскага тэксту і чэскай Бібліі 1506 году. Менавіта з прычыны асаблівасьцяў чэскага перакладу, якія перайшлі і ў скарынаўскія кнігі, апошнія былі адрынутыя Праваслаўнай і Каталіцкай цэрквамі.

Францішак Скарына зрабіў істотны ўнёсак у разьвіцьцё беларускай літаратуры. Ён значна пашырыў межы і магчымасьці традыцыйных літаратурных жанраў — прадмоваў, сказаньняў і пасьляслоўяў.

У нарацыях пісьменьніка адлюстроўваюцца пераважна падзеі старажытнай гісторыі. Так, прадмова да кнігі «Юдыт» утрымлівае літаратурна апрацаваныя гістарычныя сюжэты пра блізкаўсходнія царствы старажытных часоў. У творах Ф. Скарыны ў бэлетрызаваным стылі апісваюцца найбольш значныя царкоўныя саборы, дэталёва паведамляецца пра дзяржаўных асобаў, многіх філёзафаў і рэлігійных дзеячоў.

Пісьменьнік на старонках прадмоваў і сказаньняў стварыў яскравыя і запамінальныя вобразы рэальных гістарычных асобаў — цара Саламона, Юдыты, Аляксандра Македонскага, філёзафа Філёна, апосталаў Пятра і Паўла. Ф. Скарына акцэнтаваў увагу пераважна на дзейнасьці гістарычных пэрсанажаў, паказваў значнасьць іхніх справаў і веліч учынкаў.

Асабліва калярытны вобраз эгіпецкага цара Пталямэя Філядэльфа, створаны Ф. Скарынам у прадмове да кнігі «Ісус Сірахаў». Пісьменьнік зьвяртае ўвагу на дзейнасьць Пталямэя па пашырэньні кніжных ведаў, мудрасьці і філязофіі, дэталёва апісвае запрашэньне ім зь Ерусаліму ў Александрыю 72 навукоўцаў дзеля перакладу кніг з габрэйскай на грэцкую мову. Ф. Скарына паведамляе пра захапленьне Пталямэя кнігамі, створаную ім унікальную Александрыйскую бібліятэку, дзе той сабраў звыш сарака тысячаў рарытэтных кніг. Пісьменьнік паказвае асьветніцкую місію цара Пталямэя арнамэнтаванымі і ўзьнёслымі словамі: «Таковый убо был милосник наукы и мудрости, иже болей избрал оставнти в науце и в книгах вечную славу и паметь свою, нежели во тленных великих царскых сокровищах».

Характэрная адзнака творчага мэтаду Ф. Скарыны — рэгулярнае акрэсьленьне сваёй місіі перакладчыка і выдаўца. Ён нязьменна паказваў на асьветніцкія матывы і адукацыйнае прызначэньне сваёй творчай працы, у аснове якой — пашырэньне ведаў, мудрасьці, навукі, добрых нораваў. Так, пра высакародную і гуманістычную скіраванасьць сваёй працы над кнігай «Ісус Сірахаў» Ф. Скарына пісаў: «Прото ж и я, для похвалы Божией и для посполитого доброго и розмноженыя мудросты, уменыя, опатрености, разуму и науце, приложил есм працу выложити книгу сию на рускый язык, елика бо прежде писана быша к нашему научению».

Беларускі першадрукар выявіў сябе як майстар паэтычнага слова. У прадмовах да кніг «Ёў», «Выхад» і «Эстэр» зьмешчаныя некалькі цікавых рыфмаваных радкоў, якія ня страцілі свайго мастацкага і духоўна-маральнага значэньня да нашага часу.

Першы паэтычны твор Ф. Скарыны — вершаванае чатырохрадкоўе на тытуле кнігі «Ёў» (1517):

У вершаванай форме паэт сьцісла, але надзвычай дакладна сфармуляваў прызначэньне свайго выданьня. Гэты верш — адзін з найбольш раньніх узораў беларускай вэрсыфікацыі. У ягонай структуры прыкметныя яшчэ даволі значныя адступленьні ад усталяваных сылябічных нарматываў. Тут захаваная колькасная суразьмернасьць сумежных радкоў, адпаведны ўздым і спад інтанацыі перад і пасьля цэзуры, парнасьць рыфмоўкі (славе — похвале, веселию — научению). Істотна, што выкарыстаная Ф. Скарынам рытмічная суаднесенасьць радкоў — 16:15, 15:14 дазваляла лёгка запомніць верш, зьяўлялася эстэтычна прывабнай і дасканалай.

Другі вершаваны твор Ф. Скарыны «Веруй у Бога адзінага» зьмешчаны ў прадмове да кнігі «Выхад» (каля 1519):

Верш напісаны ў адпаведнасьці зь лёгікай біблейных Дзесяці прыказаньняў Майсеявых, але даступнай для беларускага чытача мовай. У гэтым вершы адыход аўтара ад прынцыпаў сылябізму яшчэ больш відавочны: з усіх пяці двувершаў толькі трэці захоўвае васьміскладоўнік, усе астатнія маюць розную мэтрычную структуру. У выніку кожны двуверш зьяўляецца па сутнасьці завершанай інтанацыйна і сынтаксічна структурнай адзінкай. Верш мае пераважна паралельную рыфму і адметную рытмічную структуру — 9:12, 9:7, 9:9, 7:11, 10:11, — даволі мілагучную і лёгкую для чытацкага ўспрыманьня.

Трэці верш Ф. Скарыны зьмешчаны ў канцы прадмовы да кнігі «Эстэр» (1519):

Паводле зьместу прыведзенае чатырохрадкоўе — гэта апрацоўка старажытнага мудраслоўя, у якім гучыць заклік да чалавека пазьбягаць злых учынкаў. Верш зьнітаваны паэтычнай думкай, зьвязанай з канкрэтным сюжэтам і павышанай эмацыйнасьцю. Пра гэта сьведчыць і графічнае вылучэньне страфы ў канцы прадмовы. Дзеля рытмічнай арганізацыі вершу паэт ужывае суаднесенасьць радкоў — 11:5, 13:7.

Такім чынам, першыя паэтычныя творы Ф. Скарыны — гэта няроўнаскладовыя, дасылябічныя вершы, у якіх сустракаецца ізасылябізм — роўнаскладовасьць у межах вершаванага пэрыяду. Мэтрыка вершаў Ф. Скарыны цалкам адпавядае моўна-фанэтычным асаблівасьцям беларускай мовы. Яны напісаныя паводле прынцыпаў танічнай і сыляба-танічнай моўных сыстэмаў.

Вершаваныя ўстаўкі ў прадмовах Ф. Скарыны выконвалі важныя эстэтычныя функцыі. Паэтычныя радкі стваралі ўзьнёслае ўспрыманьне ўсёй кнігі, абуджалі эмоцыі і глыбокія пачуцьці ў чытача, рыхтавалі яго да сустрэчы зь незвычайным, таямнічым, прыгожым.

Паэтычны талент Ф. Скарыны выявіўся на ніве гімнаграфіі — духоўных вершаў у гонар Бога, Маці Божай, сьвятых, якія ён апублікаваў у «Малой падарожнай кніжыцы». Ф. Скарына пераклаў і творча перапрацаваў творы старажытных паэтаў-гімнографаў — Ёсіфа Песьняпісца, Яна Дамаскіна, Рамана Мілагучнага.

У «Малой падарожнай кніжыцы» сярод мноства духоўных песнапеньняў ёсьць два акафісты, якія ўтрымліваюць імянныя акравершы Ф. Скарыны, што сьведчыць пра гімнаграфічныя здольнасьці паэта. Так, «Акафіст Ісусу» зьмяшчае акраверш: «Делал доктор Скоринич Францыскус». Як паказаў аналіз, гэты твор быў складзены зь перапрацаваных частак песнапеньняў папярэдніх гімнографаў.

Францішак Скарына першым сярод усходніх славян падрыхтаваў сыстэматызаваны кодэкс кананічных біблейных кніг, пра што сьведчыць дакладны пералік і вызначэньне місіі кожнай зь іх у «Прадмове да ўсёй „Бібліі“». Асьветнік слушна вылучыў чатыры асноўныя жанрава-тэматычныя групы кніг, што складалі «Біблію», пра што ён пісаў у прадмове да «Першай кнігі Царстваў»: першая група — законы, навукі і суды Божыя, другая — гістарычныя і летапісныя кнігі, трэцяя — «кнігі аб мудрасьці, розуме і навуцы Старога і Новага запаветаў», чацьвёртая — кнігі прароцтваў і ўяўленьняў.

Ф. Скарына асабіста ажыцьцявіў пераклад надрукаваных ім кніг «Бібліі». У прадмове да «Першай кнігі Царстваў» ён літаральна пісаў: «О сих всех книгах, мною на руски язык ново выложенных и о именах их ширей, в предисловнах от мене на кожныи роздельно положенных, выписано знойдеши».

Пры перакладзе «Бібліі» Ф. Скарына абапіраўся на глыбокі філялягічны аналіз папярэдніх выданьняў і выкарыстоўваў старадрукі. Рыхтуючы да друку тэксты Сьвятога Пісаньня, асьветнік грунтоўна займаўся іхнімі глыбокімі тэксталягічнымі апрацоўкамі, экзегетыкай і герменэўтыкай — камэнтаваньнем біблейных кніг, тлумачэньнем незразумелых месцаў на палёх, што зьяўляецца адным з вызначальных кампанэнтаў ягонага творчага мэтаду.

Пра ўласныя філялягічныя прынцыпы і характар апрацоўкі біблейных кніг ён паведамляў у прадмове да «Псалтыра»: «Так же положил есми на боцех некоторыи слова для людей простых, не рушаючи самое „Псальтыри“ ни в чем же. Яко суть „онагри“ и „геродеево жиліще“ и „хлябне“ и иные слова, которые суть в „Псалтыри“ неразумные простым людем. Найдуть е на боцех русским языком, что которое слово знаменуеть. Теже розделил есми вси псалмы на стихи по тому, яко ся в ыных языцех делить».

Францішак Скарына зыходзіў з таго, што ў тэксьце «Бібліі» існуюць два сэмантычныя ўзроўні: першы — літаральны, зьнешні і другі — унутраны, глыбінны, духоўны. Асьветнік даводзіў, што ня толькі асобныя выказваньні, але нават кожнае слова ў «Бібліі» мае свой унутраны, патаемны сэнс, які патрабуе тлумачэньня, пэўнага духоўнага напружаньня. «Написаны суть воистнну сие книги внутрь духовне е, разумеющим о тайнах превеликих Божиих». Такім чынам, ён узаконьваў алегарызм, прытрымліваючыся думкі, што ўнутраны сэнс «Бібліі» здольныя зразумець пераважна духоўныя асобы, адукаваныя людзі. Ф. Скарына ўказваў таксама і на выключную важнасьць літаральнага, вонкавага аспэкту біблейнага дыскурсу. На ягоную думку, зьнешні бок, літаральнае прачытаньне «Бібліі» адрасаваныя простым людзям: «Написаны теж и зовнутрь, понеже не толико докторове а люди вченые в них разумеють, но всякий прстый и посполитый, чтучи их или слухючи, может поразумети, что ест потребно к душному спасенню его». Ф. Скарына ўвасьлед за эвангелістам Мацьвеем лічыў, што просты чалавек можа ўбачыць у Сьвятым Пісьме тое, што нярэдка застаецца неўспрынятым і добра адукаванымі людзьмі.

Выданьні Скарыны зьяўляюцца ўнікальнымі помнікамі сьвецкай рэнэсанснай біблейскай пісьменнасьці. Іхняе месца ў эўрапейскім і беларускім культурна-гістарычным працэсе вызначаецца гістарычнымі ўмовамі, традыцыямі, своеасаблівасьцю і агульным узроўнем духоўнага разьвіцьця Беларусі і ўсходнеславянскіх земляў ВКЛ. Разам з тым яны адлюстроўваюць і асабістыя рысы выдаўца, ягоную духоўную адоранасьць і непаўторнасьць, веліч ягонага подзьвігу.

Біблія Скарыны не адпавядае поўнасьцю ніводнаму зь вядомых рукапісных ці друкаваных зводаў Сьвятога Пісаньня. Яна адыходзіць ад царкоўных традыцыяў ня столькі сваім складам і зьместам (дзе многа кананічнага), колькі агульнай накіраванасьцю, жывым духам і сьвецкай хрысьціянскай прыўзьнятасьцю, грамадзкімі, нацыянальна-патрыятычнымі, гуманістычнымі і асьветніцкімі тэндэнцыямі. Творы Скарыны непарыўна і арганічна зьвязаныя зь ягонымі выданьнямі, тэмамі і накіраванасьцю ягонай духоўнай дзейнасьці. Яны ўяўляюць сабой сукупнасьць уступных, заключных і камэнтуючых матэрыялаў, якія дастасаваны да адпаведных біблейскіх кніг і ствараюць зь імі і з усёй Бібліяй разам арганічную цэласьць. Асноўную ролю адыгрываюць «предьсловия» і блізкія да іх па функцыях «сказания». У праскіх выданьнях 21 прадмова і 4 сказаньні, у віленскіх — адпаведна 2 і 21. Большасьць дасьледнікаў адносіць прадмовы і сказаньні да адной жанравай разнавіднасьці, на думку іншых (Уладзімер Конан, Віктар Дарашкевіч, Алесь Яскевіч) — сказаньні бліжэй да пазьнейшых беларускіх пропаведзяў, казаньняў. Яны звычайна больш сьціслыя, адрозьніваюцца сваёй стылістыкай, красамоўствам, насычаныя багаслоўскай рыторыкай.

Кнігі Скарыны прызначаліся для прыватнага і сямейнага чытаньня, выкарыстаньня ў царкоўных службах і сьвецкіх бібліятэках. Францішак Скарына ўлічваў адсутнасьць у ВКЛ і ўсёй Усходняй Эўропе разьвітай кніжна-пісьмовай традыцыі па перапісваньні біблейскіх зводаў, недастатковае знаёмства зь імі сьвецкіх і нават царкоўных колаў. Асобныя рукапісныя зводы Бібліі («Генадзіеўская Біблія» 1499, «Дзясятаглаў» Мацея Дзясятага 1502—1507, «Пяцікніжжа» дзяка Фёдара 1514) не былі прызначаныя для пашырэньня, і толькі вынаходніцтва друку адчыніла перад ёй шырокія пэрспэктывы. Каб пазьбегнуць спрошчанага, памылковага ўспрыняцьця Бібліі, Скарына імкнуўся ў простай і зразумелай форме камэнтаваць біблейскія тэксты, падаваць зьвесткі пра гістарычныя, побытавыя, багаслоўскія, моўныя рэаліі. У тэалягічным кантэксьце асноўнае месца ў прадмовах і сказаньнях Скарыны займала г. зв. экзагеза — тлумачэньне алегарычнага зьместу кніг Старога Запавету як прадвесьця і прароцтва новазапаветных падзей, перамогі хрысьціянства ў сьвеце і надзеі на вечнае духоўнае выратаваньне. Комплекс прадмоваў і сказаньняў дапаўняюць каляфоны — пасьляслоўі зь некаторымі выходнымі зьвесткамі і г. зв. надпісаньні — сьціслыя ўступныя камэнтары да частак кожнай кнігі.

Дасьледнікі адзначаюць стылявы і жанравы сынкрэтызм асноўных твораў Францішка Скарыны, дасканаласьць выяўленчых сродкаў, публіцыстычнасьць, экспрэсіўнасьць, прытчавы і алегарычны характар, багацьце гістарычных, філязофскіх, тэалягічных камэнтароў, сугучнасьць узьнёслай моўнай стылістыкі кніг Бібліі.

У творах Скарыны своеасабліва сынтэзаваліся антычныя і сярэднявечныя традыцыі з ідэалёгіяй эўрапейскага Адраджэньня, хрысьціянскі гуманізм з рэнэсансава-гуманістычнымі ўяўленьнямі. Патрыятычныя пачуцьці, ягоныя намаганьні спрыялі ўсебаковаму духоўнаму і грамадзкаму разьвіцьцю Айчыны і не супярэчаць поглядам на гісторыю чалавецтва, права, заканадаўства, звычаі і традыцыі іншых народаў. Ён далёкі ад рэлігійнага фанатызму, ваяўнічага місіянэрства. Ягоныя канфэсійныя погляды вызначаюцца талерантнасьцю, а ў праскіх выданьнях — нават пэўнай неакрэсьленасьцю. Сучасныя дасьледнікі зьвяртаюць шмат увагі на характарыстыку асьветніцкіх імкненьняў Скарыны, ягоную павагу да сьвецкіх навук, кніжнай справы, літаратуры, мастацтва, пісьменства, духоўных здабыткаў старажытных часоў і эпохі Адраджэньня.

Францішак Скарына высока ацэньваў выдатных дзеячоў антычнага сьвету, знакамітых біблейскіх герояў, пазытыўна ставіўся да сучаснага яму караля і вялікага князя Жыгімонта Старога. У сыстэме Боскай герархічнай пабудовы сьвету і зямной грамадзкай гісторыі Скарына аналізаваў вядомую сярэднявечнай тэалёгіі антыномію: «закон прыражоны» (Боскі) і «закон пісаны». Ідэі праўнай дзяржаўнасьці, справядлівага і маральнага вяршэнства законаў у тыя часы былі надзвычай актуальнымі. Менавіта тады быў распрацаваны і зацьверджаны першы агульнадзяржаўны збор законаў — Статут Вялікага Княства Літоўскага 1529 году, які сыстэматызаваў і рэгуляваў асноўныя сфэры сацыяльных і праўных стасункаў. Апалёгія «прыражонага закона» ў Скарыны — гэта праекцыя ідэальнай мадэлі праўнай арганізацыі грамадзтва, заснаванай на Боскіх і хрысьціянскіх прыказаньнях. «Закон прироженый в том наболей соблюдаем бываеть: то чинити иным всем, что самому любо ест от иных всех, и того не чинити иным, чего сам не хошевди от иных имети». «Закон пісаны», па словах Скарыны, быў таксама дараваны ад Бога ў Сьвятым Пісаньні, а пазьней устаноўлены ад людзей праз царкоўныя саборы і земскія законы. Скарына ня бачыў неабходнасьці ў параўнаньні пісаных законаў розных краінаў і народаў. Для яго больш істотныя асноўныя пастулаты права, іхняя блізкасьць і падабенства да «прыражонага закона». Як абгрунтаваньне станава-манархічнага ладу, удасканаленьня земскага заканадаўства ўспрымалася сучасьнікамі, ягонае апісаньне старажытных правоў і статутаў, заключаных у біблейскіх кнігах: права паспалітае, язычніцкае, царскае, рыцарскае, мескае, марское, купецкае і інш.

Кнігі Скарыны сьведчаць пра істотныя зьмены ў разьвіцьці духоўных і этнаінтэграцыйных працэсаў на Беларусі, асэнсаваньні гістарычнага і культурна-моўнага адзінства беларускай народнасьці. Традыцыйнасьць этнагістарычных вызначэньняў у Скарыны — «Русь», «руская мова», «Бівлія руска» — не пярэчаць таму, што ў сваіх выданьнях ён меў на ўвазе перш за ўсё Русь айчынную, уласна беларускія землі зь іхным насельніцтвам, традыцыямі і культурай. Яскравым пацьверджаньнем этнагістарычнай і патрыятычнай сьвядомасьці Скарыны зьяўляецца ягонае замілаваньне Полацкам і Полаччынай. Яно напаўняе ягоныя агульнапатрыятычныя ўяўленьні канкрэтным зьместам — любоўю да сваёй малой радзімы, сям’і. Францішак Скарына адзначаў: «Понеже от прирождения звери, ходящие в пустыни, знають ямы своя, птици, летающие по воздуху, ведаюць гнёза своя; рибы, плавающие по морю и в реках, чують виры своя; пчёлы и тым подобная боронять ульев своих, — тако ж и люди, и где зродилися и ускормлены суть по Бозе, к тому месту великую ласку имають». Адсюль і палкае жаданьне Скарыны служыць свайму народу, пашыраць хрысьціянскія і рэнэсансава-гуманістычныя погляды, натхняць на асабістую і грамадзкую актыўнасьць, дасканаласьць, спасьціжэньне высокіх сэнсаў зямнога быцьця і Боскіх запаветаў.

Палітычныя і сацыяльныя погляды Скарыны складаліся пад узьдзеяньнем рэальных працэсаў, што адбываліся на Беларусі, у ВКЛ, Польшчы, іншых эўрапейскіх краінах. Ягоным палітычным ідэалам была моцная і асьветная манархічная ўлада, якая падтрымлівае хрысьціянскую справядлівасьць, законнасьць, правасудзьдзе, мірныя зносіны з суседзямі, спрыяе разьвіцьцю духоўнай культуры, гандлю, рамяства. Ідэальнымі правіцелямі Скарына лічыў старажытных грэцкіх і рымскіх кіраўнікоў і заканадаўцаў: Салёна, Нуму Пампіліюса, Лікурга, эгіпецкага фараона Пталямэя IV Філяпатара. На ягоную думку, манарх павінен быць набожным, мудрым, адукаваным, дабрачынным, чулым, а таксама справядлівым да сваіх падданых. Сацыяльныя адносіны Скарына таксама ацэньваў хрысьціянскімі прынцыпамі: не адмаўляючы існаваньня клясавых процілегласьцяў, лічыў, што ўзаемаадносіны паміж «богатыми» і «убогими» павінны складвацца на аснове «братолюбия» і «друголюбия». Значная ўвага да пытаньняў права, ролі народаў у выпрацоўцы законаў, ідэяў справядлівасьці, роўнасьці ўсіх людзей перад законам сьведчыць пра тое, што ён быў занепакоены рэальным становішчам справаў на сваёй Радзіме, зьявамі сацыяльнай дыскрымінацыі, фэўдальнай анархіі, свавольства.

Скарына зьявіўся выразьнікам ідэалёгіі, духоўных патрэбаў месьцічаў Беларусі (пераважна купцоў і рамесьнікаў). Сьветапогляд Скарыны тлумачыўся ня толькі тыповымі рысамі эпохі, але і культурна-гістарычнымі абставінамі. На сьветапогляд Скарыны паўплывалі народна-этычныя і эстэтычныя, а таксама літаратурныя традыцыі. У цэнтры ўвагі знаходзілася праблема чалавека і грамадзтва. Скарына разглядаў і вырашаў пытаньні сэнсу жыцьця, духоўнага сьвету, годнасьці чалавека, паходжаньня маральных уяўленьняў, агульнага і індывідуальнага дабра. Ён сьцьвярджаў самакаштоўнасьць чалавечага жыцьця, але не адвяргаў і веры ў жыцьцё на тым сьвеце. Этыка Скарыны арыентуе чалавека на грамадзка-карыснае зямное жыцьцё, служэньне «пожитку посполитому», маральнае ўдасканаленьне, «абы, начившися мудрости», людзі «добре живучи на свете». Праблемы сэнсу жыцьця і найвышэйшага дабра разглядаліся ў прадмовах да шматлікіх кніг, у тым ліку да кніг Выслоўяў Саламона, Ісуса Сірахава, Эклезіяста.

Духоўная спадчына Францішка Скарыны была асэнсаваная і ў значнай ступені ўспрынятая і разьвітая наступнымі пакаленьнямі беларускіх мысьляроў, гуманістаў-асьветнікаў. Супастаўленьне праўных ідэяў Скарыны са зьместам Статуту 1529 року дазваляе зрабіць выснову пра практычнае ўвасабленьне некаторых ідэяў асьветніка ў заканадаўстве.

У наш час у 11 краінах сьвету захоўваюцца 520 асобнікаў праскіх і віленскіх выданьняў Францішка Скарыны. У Беларусі іх 28 (5,4%). Ува Ўкраіне захоўваецца 47 кніг, у Польшчы — таксама 28. Найбольшая колькасьць выданьняў Скарыны цяпер знаходзіцца ў Расеі — 352 асобнікі або 68% усіх вядомых кніг. Адной з прычынаў вывазу кніжнай спадчыны Скарыны ў Расею была дзейнасьць графа Мікалая Румянцава, якому ўлады Расейскай імпэрыі па падзелах Рэчы Паспалітай падаравалі магдэбурскі Гомель. Дзеля напаўненьня ўласнай калекцыі ён стварыў агентурную сетку, якая на землях колішняга Вялікага Княства Літоўскага арганізавала вышук каштоўных кніг у прыватных і манастырскіх кнігазборах. Вядома, што пры жыцьці Румянцава ягоны кнігазбор налічваў 140 кніг, выдадзеных Францішкам Скарынам. Па 1917 годзе гэтая калекцыя стала асновай для Расейскай дзяржаўнай бібліятэкі.

Увогуле, на пачатак XX ст. на тэрыторыі Беларусі не засталося арыгіналаў кніг Скарыны. Толькі ў 1925 годзе Дзяржаўная і ўнівэрсытэцкая бібліятэка БССР (будучая Нацыянальная бібліятэка) набыла 10 выдадзеных у Празе кніг у ленінградзкага бібліяфіла Камарніцкага. Гэтая колькасьць заставалася нязьменнай да 2017 году, калі «Белгазпрамбанк» выкупіў для сваёй прыватнай калекцыі «Малую падарожную кніжыцу» (18 кніг у адным пераплёце).

Імя Францішка Скарыны носяць дзяржаўныя ўзнагароды Беларусі — мэдаль і ордэн, а таксама Гомельскі ўнівэрсытэт, цэнтральная бібліятэка, пэдагагічная вучэльня, гімназія № 1 у Полацку, гімназія № 1 у Менску, недзяржаўнае грамадзкае аб’яднаньне «Таварыства беларускай мовы», многія вуліцы ў местах і мястэчках Беларусі. 26 траўня 2009 году Полацкі гарадзкі савет дэпутатаў няпярэдадні імпрэзы з 1147-годзьдзя гораду пастанавіў пераназваць праспэкт Карла Маркса ў гонар Францішка Скарыны. Апроч таго імем Ф. Скарыны назвалі беларускую школу ў Вільні, малую плянэту № 3283 (1979 QA10) Сонечнай сыстэмы і Віцебскую абласную прэмію для друкаваных СМІ.

У 1946 годзе Міхась Клімковіч напісаў драматычную паэму «Георгій Скарына», у 1951 годзе з такой назвай зьявіўся гістарычны раман Міколы Садковіча і Яўгена Львова. У 1969 годзе выйшаў фільм «Я, Францыск Скарына». У 1990 годзе Дзьмітры Смольскі напісаў опэру «Францыск Скарына» (лібрэта Сьвятланы Клімковіч).

У 1974 годзе ў Полацку адкрылі першы ў сьвеце помнік Ф. Скарыну. Апроч таго помнікі першадрукару стаяць у Менску (каля Нацыянальнай бібліятэкі, у сквэры Янкі Купалы, у дворыку БДУ), Лідзе, Празе (побач — памятны валун, прывезены зь Беларусі), Вільні і Калінінградзе. Мэмарыяльныя дошкі Скарыну ёсьць у Менску (вул. Карла Маркса, на мурах былой амбасады Італіі), Падуі (на мурах Падуанскага ўнівэрсытэту), Вільні і Празе (каля ратушы).

Жыцьцё і дзейнасьць Ф. Скарыны вывучае комплексная навуковая дысцыпліна — скарыназнаўства.




#Article 47: Бітва пад Воршай (2079 words)


Бі́тва пад Во́ршай, Арша́нская бітва (8 верасьня 1514) — найбуйнейшая бітва вайны Маскоўскай дзяржавы зь Вялікім Княствам Літоўскім 1512—1522 гадоў паміж літоўскім і маскоўскім войскамі на рэчцы Крапіўне, за 5 км ад Воршы.

Аршанская бітва — адна з найбуйнейшых бітваў на тэрыторыі Эўропы ў пач. XVI ст. Перамога ў ёй дала Вялікаму Княству Літоўскаму магчымасьць вярнуць захопленыя супраціўнікам Дуброўна, Амсьціслаў і Крычаў. Пасьля бітвы да 1518 году не адбывалася ўварваньня на Беларусь маскоўскіх войскаў (за выняткам асобных набегаў).

У наш час перамога пад Воршай разглядаецца як адна зь першых у шэрагу трыюмфаў беларускае зброі — Сінія Воды, Грунвальд, Кірхгольм, бітва пад Клецкам.

Увосень 1512 году Маскоўская дзяржава распачала новую вайну за землі, якія лічыла «спрадвеку сваімі» () — сучасныя Беларусь і Ўкраіну, хоць яны ўваходзілі ў склад Вялікага Княства Літоўскага й пад уладаю Масквы ніколі не былі.

Фарпостам Вялікага Княства Літоўскага на ўсходзе быў адміністрацыйны цэнтар аднайменнага ваяводзтва горад Смаленск. Двойчы з пачатку вайны (у 1512 і 1513) ён вытрымаў маскоўскія атакі. У трэці раз велізарнае 80-тысячнае войска маскавітаў, папоўненае наймітамі з заходнеэўрапейскіх краінаў, узяло яго ў аблогу ў ліпені 1514. Па гарадзкіх умацаваньнях амаль бесьперапынна білі трыста гарматаў. 1 жніўня ваявода Юры Салагуб капітуляваў пасьля месячнае аблогі і абстрэлу.

Натхнёны посьпехам маскоўскі князь Васіль ІІІ кінуў свае войскі ўглыб Літвы. Неўзабаве ўсьлед за Смаленскам захопнікі ўзялі Крычаў, Амсьціслаў і Дуброўну. Пра ўпэўненасьць маскоўскага валадара ў перамозе сьведчыць ягоны загад сваім ваяводам ў часе адной з застоліцаў: «войскі літоўскія й польскія з каралём да Масквы як быдла пугамі гнаць».

Такім чынам зьявілася небясьпека існаваньню Вялікага Княства Літоўскага.

Вялікі князь Жыгімонт Стары здолеў сабраць пад свае сьцягі ў Менску крыху болей за 35 тысячаў ваяроў. Тут былі 16 тысячаў коньнікаў паспалітага рушаньня Вялікага Княства пад камандаваньнем славутага гетмана Канстантына Астроскага, 14 тысячаў польскіх конных жаўнераў, 3000 найманай пяхоты й 2500 шляхцічаў-добраахвотнікаў з Польшчы. Жыгімонт з чатырохтысячным войскам застаўся ў Барысаве, а асноўныя сілы (больш за 30 тыс. чал.) на чале з К. Астроскім рушылі насустрач маскоўскім захопнікам. Атрадамі войскаў камандавалі Ю. Радзівіл, Ю. С. Алелькавіч, Я. Сьвярчоўскі і інш., значную яго колькасьць складалі літоўскія ваяры.

Агульная колькасьць маскоўскага коннага войска пад камандаваньнем ваяводы баярына Івана Андрэевіча Чалядніна складала 80 тысячаў чалавек. Баярын князь Міхаіл Іванавіч Булгакаў-Голіца, фармальна падпарадкаваны яму, самастойна камандаваў сваімі палкамі. Войска цалкам складалася з коньніцы фэўдальнага апалчэньня. Мелася артылерыя нявызначанага складу й колькасьці, але бязь цяжкіх гарматаў.

Пасьля некалькіх паразаў (пры канцы жніўня адбыліся сутычкі на рэках Бярэзіне, Бабры і Друці) маскоўскія военачальнікі адвялі войскі на левы бераг Дняпра і спыніліся паміж Воршай і Дуброўнай на ўзгорках каля вёсак Пугайлава і Рукліна, на рэчцы Крапіўне. Такім чынам, для рухаў свайго непрыяцеля маскоўскія ваяводы пакідалі прастору ў лукавіне Дняпра каля Воршы і спадзяваліся ў вальнай бітве разьбіць колькасна слабейшае войска ВКЛ і скончыць вайну.

Войска ВКЛ падышло да Дняпра 7 верасьня каля Воршы, і Астроскі, не зважаючы на сілы бакоў, таксама пастанавіў даць вальную бітву. Каб не перапраўляцца пад абстрэлам, Астроскі правёў дэманстрацыйны манэўр зь пераправай цераз Дняпро на вачах маскавітаў некалькіх тысячаў коньнікаў. Тым часам асноўная частка войска ўвечары была перасунутая віцебскай дарогай на поўнач, а ўночы на 8 верасьня ўпотай пераправілася на левы бераг двума пантоннымі мастамі і бродам аршанскай крэпасьці. Пасьля гэтага войска сканцэнтравалася каля вёскі Пашына. Тут і адбылася вырашальная бітва.

Чаляднін даведаўся пра пераправу са спазьненьнем і не згадзіўся з прапановай сваіх ваяводаў атакаваць ужо перапраўленую частку войска ВКЛ. Лічыцца, што Чаляднін спадзяваўся на вялікую колькасную перавагу і жадаў бітвы адразу з усім войскам Астроскага.

Ваявода Іван Чаляднін вырашыў адным ударам пакончыць зь літоўскім войскам і ў сваёй перамозе не сумняваўся:

Палкі Канстантына Астроскага пачалі шыхтавацца насупраць стану маскавітаў уначы з 7 на 8 верасьня. Яны занялі пазыцыі абапал яру, які ішоў ад вёскі Пугайлава да пераправы праз Дняпро. Наперадзе свайго войска гетман паставіў два конныя гуфы (палкі), свой і каронны В. Сампаліньскага, паміж якімі разьмяшчалася ўзброеная пальнай зброяй (стрэльбамі і пішчалямі) пяхота. Вершнікі стаялі і ў другой лініі: літоўскі полк Ю. Радзівіла і польскі Я. Сьвярчоўскага. Флангі трымалі па тры дапаможныя (рэзэрвовыя) палкі (харугвы) коньніцы зь лягчэйшым узбраеньнем. Акурат на правым краі на ўзьлеску гетман прыхаваў пад заслонаю пяхоты артылерыю (рушніцы і самапалы).

Войска Маскоўскай дзяржавы было пастаўлена ў тры лініі. Наперадзе стаў полк перадавой варты, у цэнтры — вялікі полк (на фронце шырынёй 5 км), на правым флянгу — полк правай рукі, на левым, каля в. Рукліна — полк левай рукі. На пагорку ў цэнтры за вялікім палком стаяў полк тылавой стражы (рэзэрв). Баявыя парадкі маскоўскага войска былі расьцягнутымі ў спадзяваньні на ахоп і акружэньне больш малалікага войска ВКЛ.

Бітва распачалася ў полі на беразе Дняпра ў тры кілямэтры ўздоўж ракі, за 200—400 мэтраў ад берага ў першай фазе бою і за тры з паловай кілямэтры ў другой ягонай фазе, за пяць вёрстаў ад Воршы а 9 гадзіне раніцай 8 верасьня 1514 году. Углыбкі абодвух франтоў поле бою таксама складала прыблізна тры кілямэтры, пры гэтым ня ўсе войскі займалі гэтую прастору — частка іх уводзілася ў бой паступова.

 
На досьвітку маскоўскія ваяводы Чаляднін і Булгакаў-Голіца павялі палкі ў першую атаку. К. Астроскі зьвярнуўся да сваіх ваяроў з кароткай прамовай: «Мужныя рыцары! Няхай доблесьць і мужнасьць вашы будуць вартыя слаўных бацькаў!..» — і загадаў конным палкам павольна рухацца наперад. Гэты рух маскоўскія ваяводы палічылі за сыгнал да атакі і ў сваю чаргу перайшлі ў агульны наступ. Маскоўскі полк правай рукі князя Голіцы ўдарыў на левае крыло войска ВКЛ. Полк левай рукі наступаў на правае крыло войска ВКЛ, але безь вялікага імпэту, што дазволіла Астроскаму вызваліць там частку сіл. Іншыя палкі былі пасланыя ў абыход.

Войска ВКЛ на сваім левым крыле адбіла атаку і перайшло ў контратаку, атрымаўшы падмацаваньне. Полк цяжкіх латнікаў Сампаліньскага прайшоў перад фронтам і ўдарыў на маскоўскі полк правай рукі з флянгу.

Няўдача першай атакі ня надта зьбянтэжыла Чалядніна й Голіцу: у іх была амаль трохразовая перавага — 80 тысячаў супроць 30. Такая самаўпэўненасьць саслужыла ваяводам дрэнную службу. Яны кепска ўзаемадзейнічалі й нават не лічылі патрэбным дапамагаць адзін аднаму. Калі ваяры Астроскага ўдарылі па палкох Булгакава-Голіцы, Чаляднін ад бою ўхіліўся, а калі ўдар абрынуўся на ягоных ваяроў, Голіца адплаціў тым самым.

Спроба абысьці войска Вялікага Княства Літоўскага і наляцець з тылу не ўдалася, і пасьля паўдня маскоўскія ваяводы кінулі на супраціўніка галоўныя сілы. Сеча дасягнула найвышэйшага напалу. Гетман быў сярод сваіх жаўнераў.

Удалым манэўрам пад выглядам адступленьня К. Астроскі ўцягнуў супраціўніка ў пагоню і вывеў яго пад агонь сваіх замаскаваных гарматаў. Чаляднін кінуў у перасьледаваньне ўсе свае сілы. Але выявілася, што ўцёкі коньніцы ВКЛ былі загадзя ўмоўленай хітрасьцю, якая вывела пагоню маскоўскага войска на стралкова-артылерыйскую засаду. Шматразовыя залпы гармат і пішчаляў нанесьлі ўдары па палкох Булгакава-Голіцы і ўшчэнт разьбілі іх, частка ваяроў трапіла ў палон, рэшта кінулася наўцёкі. Таксама былі разгромленыя і палкі Чалядзіна.

У маскоўскім войску пачалася паніка, многія з уцекачоў загінулі ў Дняпры і Крапіўне. Зацятае перасьледаваньне і жорсткае вынішчэньне ўцекачоў цягнулася да заходу сонца, а часам і назаўтра. За некаторымі з уцекачоў гналіся на 8 літоўскіх міль (каля 60 км). Адныя ўцякалі ў лясы, другія — у балоты. Вада ў Крапіўне пачырванела ад крыві ды, паводле паданьня, выйшла зь берагоў, бо целы мноства забітых загацілі раку.

Страты войска Вялікага Княства Літоўскага падаюцца заходнімі гісторыкамі як «невялікія» — 4 вялікія паны, каля 500 рыцараў (або 400 рыцараў і простых жаўнераў), невядомая колькасьць простых жаўнераў.

Летапісы й хронікі паведамляюць, што маскоўская раць страціла забітымі блізу 40 тысячаў. Вялікі князь Жыгімонт Стары у сваіх лістах да эўрапейскіх удадароў, у тым ліку да лівонскага ляндмайстра Тэўтонскага ордэну пра Аршанскую перамогу, пісаў, што літоўцы ўзялі ў палон 8 (з 11) вярхоўных ваяводаў (у тым ліку Чаляднін і Булгакаў-Голіца), 37 другарадных кіраўнікоў і 1,5 тысячы баяраў, усяго забітых і паланёных расейцаў, было 30 тысячаў з 80-тысячнага войску.

У рукі пераможцаў трапіў маскоўскі абоз, пальная зброя, баявыя сьцягі. Захопленых коней і палову вайсковага абозу Канстантын Астроскі раздаў сваім ваярам у падзяку за мужнасьць. Сярод трафэяў знайшлі і тысячы кайданоў, якія Васіль ІІІ падрыхтаваў для ліцьвінаў.

Прыгаломшаны весткаю пра поўны разгром свайго войска Васіль ІІІ абвясьціў, што для яго «той, хто трапіў у палон, — мёртвы», і кінуў іх на вырак лёсу. Булгакаў-Голіца вярнуўся ў Масковію толькі ў 1552 годзе.

Як пісаў вядомы гісторык М. Карамзін у сваёй працы «История государства Российского»:

Аршанская бітва была адной з найбуйнейшых у Эўропе ў пачатку ХVІ стагодзьдзя. У Нюрнбэргу гэтай падзеі быў прысьвечаны асобны друкаваны аркуш. Пасьля гэтай перамогі літоўскае войска пачало вяртаць занятыя маскавітамі гарады: Друцак, Дуброўну, Крычаў, Амсьціслаў.

Дзякуючы ўдалай дыпляматычнай палітыцы Вялікага Княства Літоўскага пачаў развальвацца накіраваны супраць Польшчы й ВКЛ таемны альянс Масковіі ды эўрапейскіх дзяржаваў. На Венскім зьезьдзе 1515 году Ягелоны і Габсбургі дасягнулі поўнага ўзаемаразуменьня, Лівонская канфэдэрацыя трапіла пад уплыў Вялікага Княства Літоўскага. У Эўропе пачаў складацца нэгатыўны выгляд Маскоўскае дзяржавы. Крымскія татары, уражаныя перамогаю пад Воршай, на два гады спынілі набегі на Вялікае Княства і павярнулі сваіх коней у бок Масковіі.

Аднак асноўная мэта кампаніі — вяртаньне ў склад Вялікага Княства Літоўскага Смаленску — засталася недасяжнай з шэрагу прычынаў:

У выніку аблога была беспасьпяховай, і Смаленск разам з шэрагам іншых тэрыторыяў (агулам 23 тысячы км²) паводле дамовы 1522 году застаўся ў складзе Маскоўскае дзяржавы.

У сьнежні 1514 году вялікі гетман Канстантын Астроскі трыюмфальна ўступіў у сталіцу дзяржавы Вільню. У гонар перамогі на ягоныя сродкі там збудавалі праваслаўныя храмы Сьвятой Тройцы й Сьвятога Мікалая, якія захаваліся дагэтуль.

У гонар Аршанскага трыюмфу выйшлі брашуры лацінскаю і нямецкаю мовамі, у якіх кароль Жыгімонт І і папскі нунцы Пізо апавядалі пра бітву Папу Рымскаму Льву Х. У самой апостальскай сталіцы Рыме прайшло ўдзячнае набажэнства за аршанскі трыюмф. У другой палове 1514 году ў Нюрнбэргу выйшаў адмысловы лісток з апісаньнем бітвы, перавыдадзены ў 1515 годзе.

Пра славутую перамогу апавядалі руска-літоўскія і, асабліва, польскія хронікі, найперш Б. Вапоўскага, М. Бельскага, М. Стрыйкоўскага, Ю. Дэцыя. У іх Аршанская бітва параўноўвалася зь перамогаю рымскага вайскавода Сцыпіёна Афрыканскага над славутым картагенскім вайскаводам Ганібалам пры Замі (202 год да нашай эры), называлі князя Канстантына І «Сцыпіёнам руськім». Бітву занатавалі таксама маскоўскія і наўгародзкія летапісы.

Аршанская бітва пакінула глыбокі сьлед у тагачаснай беларускай, украінскай і польскай літаратуры. У Валынскім кароткім летапісе зьмяшчаецца «Пахвала князю Астроскаму» — сапраўдны літаратурны твор, узбагачаны прыкладамі і цытатамі з Бібліі і старажытнай гісторыі. К. Астроскі параўноўваецца зь біблейскім героем Авіем, сынам Раваама, які ваяваў зь дзесяцьцю каленамі Ізраільскімі і за адзін дзень забіў 500 000 дужых людзей. Пахвала заканчваецца ўслаўленьнем караля Жыгімонта і князя К. Астроскага:

Празь некалькі гадоў пасьля перамогі невядомы майстар (хутчэй за ўсё ўдзельнік бітвы, вучань вядомага мастака Люкаса Кранаха Старэйшага) стварыў жывапіснае батальнае палатно, на якім у характэрнай для сярэднявечнага жывапісу кантынуацыйнай манеры адлюстроўваюцца ўсе эпізоды сечы, якія быццам адбываюцца адначасна. На карціне, што захоўваецца цяпер у Нацыянальным музэі ў Варшаве, на коп’ях літоўскай кавалерыі можна ўбачыць дзяржаўны сьцяг Вялікага Княства Літоўскага з выявай Пагоні і баявыя флюгеры з чырвонай паласой на белым тле, перакрыжаванай каля тронка другой чырвонай паласой. Гэта — сьцяг Сьвятога Юрыя, які, хутчэй за ўсё, зрабіўся прататыпам бел-чырвона-белага сьцяга.

Аршанская бітва ўвайшла ў эўрапейскія хрэстаматыі з ваеннай гісторыі як узор удалай тактыкі змаганьня з намнога перасяжнымі сіламі ворага, як прыклад вырашальнага ўплыву таленту і майстэрства вайсковага начальніка на вынік баталіі.

Бітва пад Воршай вывучалася ў вайсковых вучэльнях дарэвалюцыйнай Расеі. Як узор баявога майстэрства яна разглядаецца ў Расейскай ваеннай энцыкляпэдыі 1914 году. Першым у беларускіх падручніках інфармацыю пра бітву напісаў Вацлаў Ластоўскі. У БССР пра бітву пад Воршай у сваіх падручніках пісалі Ўсевалад Ігнатоўскі і Мітрафан Доўнар-Запольскі. «Кароткі нарыс гісторыі Беларусі» Ігнатоўскага меў чатыры выданьні ў 20-я гады ХХ ст. (1-е выд. — 1919 г.; 2-е і 3-е выд. — 1921 г. і 4-е выд. — 1926 г.). Пасьля сталінскіх рэпрэсіяў бітва ў падручніках ня згадвалася, і пісаць пра яе пачалі толькі пасьля распаду СССР.

Вацлавам Ластоўскім была запісаная народная песьня пра бітву, упершыню надрукаваная ў 1918 годзе ў кнізе «Выпісы зь беларускай літаратуры» разам зь некаторымі іншымі фальклёрнымі творамі. Аднак гістарычнасьць і народнасьць песьні сучаснымі гісторыкамі ставіцца пад сумнеў, бо ніякіх спасылак на крыніцу Ластоўскі не прывёў, таксама не было пазначанае месца, дзе была запісаная песьня. Гэтая песьня адсутнічае ў шматлікіх фальклёрных зборніках XIX—XX ст. Гісторыкі Яўхім Карскі й Канстантын Кабашнікаў адзначаюць, што беларускаму фальклёру не ўласьцівыя гераічныя песьні з дэталізаваным апісаньнем гістарычных падзеяў.
Песьня пашырылася ў друку за часамі беларусізацыі ў БССР, яна была надрукаваная ў кнізе Максіма Гарэцкага «Гісторыя беларускай літаратуры» ў разьдзеле «Гістарычныя песьні», якая мела статус вучэбнага дапаможніка. Пасьля згортваньня беларусізацыі й пачатку сталінскіх рэпрэсіяў песьня перастала друкавацца. У 1944 годзе песьня была перадрукаваная ў кнізе Язэпа Найдзюка «Беларусь учора і сяньня», якая прызначалася нацысцкімі ўладамі ў якасьці школьнага падручніка для акупаваных беларускіх тэрыторыяў. Пасьля распаду СССР песьня як «беларуская народная» друкавалася ў навукова-папулярных працах Уладзімера Арлова, Генадзя Сагановіча, Вітаўта Чаропкі.

Пад Воршай, на гістарычным месцы Аршанскае бітвы 1514 году — левым беразе Дняпра, штогод адбываецца фэст «Аршанская бітва», у якім бяруць удзел вядомыя беларускія пісьменьнікі, мастакі, барды, музычныя выканаўцы, рыцарскія клюбы.




#Article 48: Матэматыка (264 words)


Матэма́тыка (, ад μάθημα — навука, вывучаць) — лягічная дэдуктыўная навука, якая вывучае абстрактныя структуры (напр. колькасьць, форма), вызначаныя пры дапамозе аксіёмаў, выкарыстоўваючы сымбальную лёгіку. Асобныя структуры матэматыкі паходзяць з прыродазнаўчых навук, у асноўным зь фізыкі, але матэматыкі стварылі таксама шэраг іншых канцэпцыяў менавіта для ўнутраных патрэбаў гэтае навукі. Існуе шэраг меркаваньняў сярод матэматыкаў і філёзафаў на конт дакладнага аб’ёму вывучэньня матэматыкі і ейнага вызначэньня.

Матэматыкі шукаюць і вызначаюць матэматычныя сыстэмы, каб выкарыстаць іх пры сфармуляваньнях новых гіпотэзаў. Матэматыкі вызначаюць праўдзівасьць або памылковасьць гіпотэзаў праз матэматычныя доказы. Калі матэматычныя структуры добра мадэлююць рэальныя зьявы, матэматычныя развагі могуць даць уяўленьне або прагноз аб прыродных працэсах. Дзякуючы выкарыстаньню абстракцыі і лёгікі, матэматыкі робяць падлік, вылічэньне, вымярэньне і сыстэматычнае вывучэньне формаў і рухаў фізычных аб’ектаў. Практычная матэматыка выкарыстоўвалася чалавекам яшчэ да існаваньня пісьмовых справаздачаў на гэты конт. Дасьледаваньні, неабходныя для вырашэньня матэматычных задачаў, могуць заняць гады ці нават стагодзьдзі.

Матэматыка выкарыстоўваецца ва ўсім сьвеце ў якасьці найважнейшага інструмэнту ў многіх галінах навукі і чалавечай дзейнасьці. Прыкладная матэматыка, зьвязаная з ужываньнем матэматычных ведаў у іншых абласьцёх матэматыкі, натхняе на стварэньне новых матэматычных адкрыцьцяў, што прывяло да разьвіцьця цалкам новых матэматычных дысцыплінаў, як то статыстыка і тэорыя гульняў.

Па адной з самых шырокіх клясыфікацыяў, матэматыка падзяляецца на тры асноўныя галіны:

Узроўнем ніжэй ляжыць матэматычная лёгіка, якая прапануе аксіяматычнае абгрунтаваньне структуры й вываду матэматычных ведаў і зьяўляецца фундамэнтам для ўсяго будынку матэматыкі.

Аксіёма — Велічыня — Геамэтрычная фігура — Лік — Мноства — Тэарэма

Бясконцасьць — Зьменная — Ліміт — Парамэтар — Роўнасьць — Формула — Функцыя

Альгебра — Арытмэтыка — Геамэтрыя — Дыскрэтная матэматыка — Камбінаторыка — Лінейная альгебра — Матэматычны аналіз — Матэматычная лёгіка — Трыганамэтрыя — Тэорыя графаў — Тэорыя групаў — Тэорыя гульняў — Тэорыя імавернасьцяў — Тэорыя лікаў — Тэорыя мностваў — Тапалёгія




#Article 49: Лік (686 words)


Лік — адзін з асноўных паняткаў матэматыкі. Ён паходзіць з даўніх часоў і паступова пашыраецца адпаведна таму, як пашыралася сфэра чалавечай дзейнасьці і зьяўляліся новыя праблемы, што патрабавалі колькаснага апісаньня і вывучэньня.

Здагадкі пра першыя лікі зьявіліся ў дагістарычны час, калі чалавеку спатрэбілася лічыць прадметы. Паступова паняцьце «шмат» зрушвалася на «больш за два», «больш за тры», «больш за сем», «больш за сорак» і гэтак далей. Так быў уведзены натуральны шэраг (). Выкарыстаньне «эталённага мноства» (каменьчыкі, вузельчыкі і падобныя), пачало фармавацца абстрактнае паняцьце ліка.

У Старажытным Эгіпце выкарыстоўваліся простыя (аліквотныя) дробы, то бок дробы выгляду . Значна больш дробы, як і увогуле матэматычныя веды, былі разьвітыя ў Старажытным Міжрэччы. У Грэцыі лікам быў «збор адзінак», то бок толькі натуральны лік. Грэкі ведалі дробы і ўмелі апэраваць зь імі, але не адносілі cтасункі да лікаў. У 3 стагодзьдзі нашай эры Дыяфант упершыню пачынае разглядаць адмоўныя лікі, але пакуль толькі як дапаможную прыладу. У прыватнасьці, калі падчас разьвязаньня раўнаньняў ён атрымоўвае дадатныя і адмоўныя адказы, вынікам ён пакідае толькі дадатны лік. У яго працах дробы ўжо таксама адносяцца да лікаў, і нават зьяўляецца паняцьце пра ірацыянальныя лікі.

Толькі ў 16 стагодзьдзі Сыман Стывэн уключае ірацыянальныя лікі ў шэраг лікаў. З асьцярожнасьцю ён адносіць туды і адмоўныя лікі, але па-ранейшаму называе адмоўныя карані альгебраічнага раўнаньня «фіктыўнымі». Геамэтрычную трактоўку адмоўным лікам даюць Жырар і Дэкарт. Канцэпцыя адзінага паняцьця рэчаіснага ліка цалкам перамагла толькі ў 17 стагодзьдзі ў працах Валіса і Ньютана. Тады ж ірацыянальныя лікі пачынаюць дзяліць на альгебраічныя і трансцэндэнтныя.

Першае згадваньне уяўных лікаў сустракаецца у Карданы ў сярэдзіне 16 стагодзьдзя. Некалькі гадоў пазьней Рафаэль Бамбэлі пачынае разьвіваць тэорыю уяўных лікаў. У 17 стагодзьдзі ўжо шматлікія матэматыкі разумеюць карыснасьць уяўных лікаў, але ставяцца да іх толькі як да прылады, як раней да адмоўных.

Тэорыя адмоўных лікаў не задавальняла матэматыкаў, і у 18 стагодзьдзі працягваюцца спробы ўвесьці і абгрунтаваць апэрацыі зь імі, але стварыць лягічна завершаную тэорыю не атрымалася ні ў аднаго навукоўца. Першыя тэорыі адмоўных лікаў былі распрацаваныя ў другой трэці 19 стагодзьдзі Гамільтанам і Грамсанам.

Уяўныя лікі , якія выкарыстоўваліся матэматыкамі як нейкая зручная прылада, былі складаныя для зразуменьня, таму што ня мелі геамэтрычнай інтэрпрэтацыі. Поўнае геамэтрычнае вытлумачэньне прывёў Каспар Вэсэль у канцы 18 стагодзьдзя. Нажаль, гэтая праца стала вядомай толькі ў канцы 19 стагодзьдзі, калі была перакладзена на францускую мову. Для прыняцьця ўяўнага ліку асноўную ролю згуляў Гаўс у пачатку 19 стагодзьдзя.

У 1853 Гамільтан пашырае паняцьце ліка да кватэрніонаў , адмовіўшыся ад камутатыўнасьці, а неўзабаве Грэйўс, Кэлі і Кіркман даюць новае абагульненьне — актаніёны (актавы) , якія не валодаюць яшчэ і уласьцівасьцю асацыятыўнасьці.

Такім чынам, мноствы лікаў суадносяцца наступным чынам:

Натуральны шэраг  і асноўныя апэрацыі складаньне, адыманьне, множаньне і дзяленьне вядомы з старажытных часоў. Іх можна разглядваць ў аксыёматыцы Пеаны. На натуральных ліках карэктна зададзеныя толькі апэрацыі складаньня і множаньня.

Пашырэньне натуральнага шэрага па апэрацыі адыманьня дае шэраг цэлых лікаў . Пашырэньне яго па апэрацыі дзяленьня дае мноства рацыянальных лікаў .

Цяпер усе апэрацыі (за выключэньнем дзяленьня на нуль) зададзеныя карэктна. Але на рацыянальных ліках немагчыма зьдзейсьніць пераход да ліміта. Замыканьне мноства  дае шэраг  рэчаісных лікаў.

Альгебраічнае замыканьне , то бок дадаваньне мноства каранёў паліномаў з рэчаіснымі каэфіцыентамі, дае камплексную плоскасьць . Далей пашырэньне да гіпэркамплексных лікаў дае мноства кватэрніёнаў , на якім адсутнічае камутатыўнасьць, а потым мноства актавіёнаў (актаў, альгебру Кэлі) , на якім адсутнічае асацыятыўнасьць. Наступнае пашырэньне магчыма толькі з стратай дыстрыбутыўнасьці і ня мае практычнага сэнсу.

Для прадстаўленьня натуральнай лічбы ў памяці кампутара, яно звычайна пераводзіцца ў двайковую сыстэму зьлічэньня. Для ўяўленьня адмоўных лічбаў выкарыстоўваецца г. зв. дадатковы код лічбы, які атрымліваецца шляхам даданьня адзінкі да інвэртаванага прадстаўленьня модуля дадзенай адмоўнай лічбы ў двайковай сыстэме зьлічэньня.

Прадстаўленьне сапраўдных лічбаў у памяці кампутара мае некаторыя абмежаваньні зьвязаныя з сыстэмай зьлічэньня, якая выкарыстоўваецца, а таксама абмежаванасьцю аб’ёму памяці, якая выдзяляецца пад лічбы. Сапраўдныя лічбы звычайна прадстаўляюцца ў выглядзе лічбай з плавальнай коскай. пры гэтым толькі некаторыя з сапраўдных лічбаў могуць быць прадстаўленыя ў памяці кампутара дакладным значэньнем, у той час як астатнія лічбы прадстаўляюцца набліжанымі значэньнямі. У найбольш распаўсюджаным фармаце лічба з плавальнай коскай прадстаўляецца ў выглядзе пасьлядоўнасьці бітаў, частка зь якіх кадыруе сабой мантысу лічбы, іншая частка — паказальнік ступені, і яшчэ адзін біт выкарыстоўваецца для пазначэньня знака лічбы.




#Article 50: Гедзімінавічы (2668 words)


Ґедзімі́навічы  — кіроўная дынастыя ў Вялікім Княстве Літоўскім і супольная назва для родаў, якія паходзяць ад родапачынальніка — вялікага князя Ґедзіміна.

Дынастыя правіла ў Вялікім Княстве Літоўскім у 1316—1440, зь сярэдзіны 15 стагодзьдзя кіроўная лінія дынастыі вядома пад імём Ягайлавічы (Ягелоны).

У прыведзеным сьпісе паказана паходжаньне родаў ад прадстаўнікоў дынастыі. Вялікія Князі Літоўскія ў 1316—1440 пазначаны вялікімі літарамі.

 ГЕДЗІМІН (?? у праваслаўі Пракопі), * каля 1275, † канец 1341, зіма
 Вялікі Князь 1316—1341.
 x1(?) Віда
 x2(?) Вольга
 невядома зь якога шлюбу
  ├─Манівід, † 1342?
  │  Князь Кернаўскі і Слонімскі.
  ├─Нарымунт-Глеб, * каля 1294, † бітва над Страваю 2 лютага 1348
  │  Князь у Ноўгарадзе Вялікім (кастрычнік 1333-1335). Князь Полацкі (1338). Князь Пінскі (1341).
  │  Нашчадкі выступаюць пад агульным імём — князі Пінскія.
  │  ├─Міхаіл
  │  │  Князь Пінскі (сяр. 14 ст.).
  │  │  ├─Васіль Міхайлавіч Нарымонтавіч, Васіль Пінскі, † верасень 1390
  │  │  │  Пан«» Мсьціслаўскі (1352). Князь Пінскі (1355).
  │  │  │  x Ульяна, (х2 Манівід), дачка Сьвятаслава Іванавіча, князя Смаленскага
  │  │  │  ├─Фядзюшка
  │  │  │  └─Дзьмітры Васільевіч Друцкі, * каля 1330, † 1380
  │  │  │     х Настасься, (х2 князь Карыбут-Дзьмітры Альґердавіч),
  │  │  │     │ дачка Алега Іванавіча, Вялікага Князя Разанскага
  │  │  │     └─Андрэй Друцкі, * каля 1370, † бітва на Ворскле 12 жніўня 1399
  │  │  │        Сыны памерлі раней 1411 ?
  │  │  └─Сямён Міхайлавіч Друцкі
  │  │     └─Нашчадкі — князі Друцкія (Ґедзімінавічы).
  │  │        Падрабязьней глядзець у асобным артыкуле, тамака-ж і пра ўсе лініі князёў Друцкіх.
  │  ├─Аляксандар, † пасьля 1338, раней 1386
  │  ├─Юры «Нос» Белзкі, † пасьля 1398
  │  │  Князь Крэмянецкі (1352). Князь Белзкі (1352?-1377, 1390-1392). Князь Холмскі (1366-1377).
  │  │  Князь Пінскі (1398).
  │  │  ├─Раман Юр’евіч, † бітва на Шалоне 1398, □ Порхаў, царква сьв. Спаса
  │  │  └─Іван Юр’евіч «Нос» Белзкі, † бітва на Ворскле 12 жніўня 1399
  │  │     └─Аляксандар «Нос», † пасьля 1436
  │  │        Князь Луцкі (1431, атрымаў ад Сьвідрыґайлы).
  │  └─Патрыкей, † пасьля 1408
  │     Князь у Ноўгарадзе Вялікім (1383-1386, 1397/8-…). Князь Старадубскі.
  │     Выехаў у Вялікае Княства Маскоўскае ў 1396.
  │     ├─Аляксандар Патрыкеевіч Старадубскі
  │     │  Князь Старадубскі (1388-1406), Карэцкі (пасьля 1407).
  │     │  ├─Агрыпіна / Аграфена
  │     │  │  х князь Андрэй Дмітрыевіч Мажайскі і Вярэйскі
  │     │  ├─Сямён Карэцкі
  │     │  │  Зьехаў у Вялікае Княства Маскоўскае.
  │     │  │  ├─Даніла Карэцкі
  │     │  │  │  └─Багдан Карэцкі
  │     │  │  │     └─Іван Карэцкі, † маладым
  │     │  │  └─Валох Карэцкі
  │     │  └─Васіль Карэцкі, † пасьля 1443
  │     │     └─Нашчадкі — князі Карэцкія.
  │     ├─Юры Патрыкеевіч
  │     │  Зьехаў у Вялікае Княства Маскоўскае. Баярын і ваявода.
  │     │  х княжна Марыя Васільеўна, дачка Васіля І Дзьмітрыевіча, Вялікага Князя Маскоўскага
  │     │  ├─Васіль Юр’евіч Патрыкееў, † маладым
  │     │  │  ├─Іван Васільевіч «Булгак», † сакавік 1498
  │     │  │  │  Паводле іншай гіпотэзы, ён сын князя Васіля Карэцкага.
  │     │  │  │  х княжна N. Забалоцкая, дачка князя Івана Іванавіча Забалоцкага
  │     │  │  │  ├─Іван Іванавіч «Мяшок» Булгакаў
  │     │  │  │  ├─Міхаіл Іванавіч «Голіца» Булгакаў, † 1558
  │     │  │  │  │  └─Нашчадкі — князі Галіцыны.
  │     │  │  │  ├─Андрэй Іванавіч «Курака» Булгакаў, † пасьля 1521
  │     │  │  │  │  └─Нашчадкі — князі Куракіны.
  │     │  │  │  └─Дзьмітры Іванавіч Булгакаў
  │     │  │  └─Даніла Васільевіч «Шчэня», † пасьля 1515
  │     │  │     Паводле іншай гіпотэзы, ён сын князя Васіля Карэцкага.
  │     │  │     х княжна N. Іванаўна, дачка князя Івана Васільевіча «Гарбатага»
  │     │  │     └─Нашчадкі — князі Шчаняцевы.
  │     │  ├─Іван Юр’евіч Патрыкееў, * раней 1430, † пасьля студзеня 1499
  │     │  │  х Еўдакія Хоўрына, дачка баярына Ўладзімера Рыгоравіча Х.
  │     │  │  ├─Міхаіл Іванавіч «Калышка» Патрыкееў, † Каломна 12 чэрвеня 1495
  │     │  │  ├─Васіль Іванавіч «Касы» Патрыкееў, † пасьля 1531
  │     │  │  └─Н. Патрыкеева
  │     │  │     х князь Сямён Іванавіч Рапалоўскі «Малады»
  │     │  └─Алена Юр’еўна Патрыкеева
  │     │     х Іван Міхайлавіч Сьвіблаў
  │     ├─Фёдар Патрыкеевіч
  │     │  Зьехаў у Вялікае Княства Маскоўскае.
  │     │  Намесьнік Вялікага Князя Маскоўскага ў Ноўгарадзе Вялікім (1420), у Пскове (1424-1425).
  │     │  └─Васіль Фёдаравіч «Хавака»
  │     │     └─Нашчадкі — князі Хаванскія.
  │     └─Іван Патрыкеевіч
  ├─АЛЬҐЕРД, † травень 1377, □ Вільня, царква Найсьвяцейшай Багародзіцы
  │  Князь Віцебскі (1340). Вялікі Князь 1344 — 1377
  │  х1 Марыя, дачка Яраслава(?), князя Віцебскага
  │  ├─Вінґольт-Андрэй Полацкі, † бітва на Ворскле 12 жніўня 1399
  │  │  Князь Полацкі, Вялікі Князь Полацкі (1348—1377/8, 1386/7).
  │  │  Карыстаўся тытулам Вялікі Князь Полацкі, верагодна з 1377. Таксама скарыстоўваў тытул Караля.
  │  │  ├─Міхаіл Андрэевіч, † бітва каля Разані 1385
  │  │  ├─Сямён Андрэевіч, † пры аблозе Полацка князем Скірґайлам 1385/6
  │  │  │  └─Іван Сямёнавіч, † раней 1440/43
  │  │  │     Намесьнік Полацкі (1409).
  │  │  │     х Марына, княгіня Лукомская (1440/43)
  │  │  │     │  Нашчадкі — князі Лукомскія і Палубінскія. Падрабязьней глядзець у асобным артыкуле,
  │  │  │     │  тамака ж і пра ўсе лініі князёў Лукомскіх.
  │  │  │     ├─Васіль Лукомскі
  │  │  │     ├─Іван Лукомскі
  │  │  │     ├─Раман Лукомскі
  │  │  │     ├─Міхаіл Лукомскі, ён-жа Міхаіл Ратніцкі
  │  │  │     └─Андрэй Палубінскі
  │  │  └─Іван Андрэевіч, † пасьля 1437
  │  │     Намесьнік у Пскове (1389—1399).
  │  │     ├─Васіль Іванавіч
  │  │     │  Князь Полацкі (1432).
  │  │     └─Аляксандар Іванавіч, † Пскоў 1442
  │  │        Намесьнік у Пскове (1439—1442).
  │  ├─Дзьмітры Бранскі, † бітва на Ворскле 12 жніўня 1399
  │  │  Князь Бранскі (1372), Трубчаўскі і Старадубскі.
  │  │  x Ганна
  │  │  ├─Міхаіл Трубчаўскі
  │  │  │  └─Нашчадкі — князі Трубяцкія.
  │  │  └─Іван Трубчаўскі
  │  ├─Канстанцін, † пасьля 30 кастрычніка 1390
  │  │  Князь на Чартарыйску.
  │  │  ├─Васіль, згадваецца ў 1393.
  │  │  │  └─Нашчадкі — князі Чартарыскія.
  │  │  └─Глеб, згадваецца ў 1389-90.
  │  ├─Уладзімер, † пасьля кастрычніка 1398
  │  │  Князь Кіеўскі (1362?-1395), Капыльскі (1395) і Слуцкі.
  │  │  ├─Настасься (?), † 1396
  │  │  │  х Васіль ІІІ, князь Кашынскі, с. Вялікага Князя Міхаіла Аляксандравіча Цьвярскога.
  │  │  │    Яго першая жонка.
  │  │  ├─Алелька/Аляксандар, † 1454
  │  │  │  Князь Копыльскі і Слуцкі, Кіеўскі (1441).
  │  │  │  х княжна Анастасія Васільеўна, дачка Васіля І Дзьмітрыевіча, Вялікага Князя Маскоўскага
  │  │  │  └─Нашчадкі — князі Слуцкія.
  │  │  ├─Іван Уладзімеравіч
  │  │  │  Намесьнік Ноўгарадзкі (1445-6), князь Бельскі.
  │  │  │  х княжна Васіліса Гальшанская, (х2 князь Міхаіл Сямёнавіч)
  │  │  │  └─Нашчадкі — князі Бельскія.
  │  │  └─Андрэй Уладзімеравіч, † каля 1457
  │  │     Князь на Айне, Славенску, Магільне, Камянцу, Лагойску, Лемніцы і Палоннам.
  │  │     х Марыя
  │  │     ├─Глеб, † каля 1457
  │  │     └─Еўдакія
  │  │        х Іван Рагацінскі
  │  ├─Фёдар, † раней 1400
  │  │  Князь Ратненскі.
  │  │  x Вольга
  │  │  ├─Раман Кобрынскі
  │  │  │  Князь Кобрынскі (1387-1417).
  │  │  │  └─Нашчадкі — князі Кобрынскія.
  │  │  ├─Гурка, † паміж 1429 і 1433
  │  │  │  Князь на Красьнічыне.
  │  │  │  х сястра жонкі князя «Носа»
  │  │  │  ├─Януш Гурковіч, † пасьля 1466
  │  │  │  │  Князь на Лісятычах.
  │  │  │  └─Аляксандар Гурковіч, † пасьля 1466
  │  │  │     Князь на Лісятычах.
  │  │  └─Сангушка
  │  │     Князь Ратненскі (1433-1443)
  │  │     └─Нашчадкі — князі Сангушкі.
  │  ├─N.
  │  │  х Іван, князь Навасільскі і Адоеўскі
  │  ├─Агрыпіна-Марыя, † 1393
  │  │  x Барыс Канстанцінавіч, Вялікі Князь Ніжагародзкі
  │  х2 Ульяна, дачка Аляксандра Міхайлавіча, Вялікага Князя Цьвярскога
  │  ├─Кена-Яанна, * 1351, † 27 красавіка 1367
  │  │  x Казімеж IV (V) («Казько»), князь Паморскі (на Слупску)
  │  ├─Ефрасіньня, * 1353/4
  │  ├─Скірґайла-Іван, * 1354/5, † Кіеў 11 студзеня 1397, □ Кіеў, Пячэрскі манастыр, Усьпенскі сабор
  │  │  Князь Троцкі (1382), Полацкі (1387), Кіеўскі (1383/4), Вялікі князь Кіеўскі (1397).
  │  ├─Алена, * 1356/7, † 15 верасьня 1438
  │  │  x Уладзімер Андрэевіч «Храбры», князь Бароўскі і Серпухаўскі
  │  ├─Карыбут-Дзьмітры, * 1358/9, † пасьля 1404
  │  │  Князь Ноўгарад-Северскі (1386-92/3)
  │  │  x Настасься, (х1 князь Дзьмітры Друцкі), дачка Алега Іванавіча, Вялікага Князя Разанскага
  │  │  ├─Іван, † 1431
  │  │  │  х N. (х2 князь Барыс Глінскі)
  │  │  ├─Настасься
  │  │  │  х Васіль ІІІ, князь Кашынскі, с. Вялікага Князя Міхаіла Аляксандравіча Цьвярскога.
  │  │  │    Яго другая жонка.
  │  │  ├─Жыґімонт, † 1435
  │  │  │  Прэтэндэнт на трон Чэскага Каралеўства (1422-1427).
  │  │  ├─Алена, † пасьля 2 сакавіка 1449
  │  │  │  х Ян ІІ, князь Раціборскі
  │  │  ├─Марыя
  │  │  │  х князь Фёдар Варатынскі
  │  │  └─Федка Нясьвіскі, † 1435
  │  │     └─Юры Фядковіч Нясьвецкі, † пасьля 1467
  │  │        х Настасься, дачка Івана Мушаці           
  │  │        ├─Васіль Фядковіч / Васіль Збараскі
  │  │        │  ├─Васіль Васілевіч Збараскі
  │  │        │  │  └─Нашчадкі — князі Збаражскія. Падрабязьней глядзець у асобным артыкуле.
  │  │        │  │     Ад князёў Збараскіх паходзяць князі Вішнявецкія, Варанецкія і Порыцкія.
  │  │        │  ├─Сямён Васілевіч Нясьвіскі / Збараскі
  │  │        │  │  х княжна Марыя Ровенская
  │  │        │  │  └─Настасься
  │  │        │  │     х князь Сямён Гальшанскі
  │  │        │  └─Солтан-Сямён Васілевіч Збараскі
  │  │        │     └─Невядомыя па імю дочкі.
  │  │        └─Іван Нясьвіскі / Перадзяльніцкі, † пасьля 1467
  │  │           х Ярохна Быбельская
  │  │           ├─Ячко Перадзяльніцкі, † пасьля 1478
  │  │           └─Міхаіл, † пасьля 1478
  │  ├─Фядора, * 1360/1
  │  │  x Сьвятаслаў Цітавіч, князь Карачаўскі і Зьвенігародзкі
  │  ├─ЯГАЙЛА (Ягайла-Якаў-Ўладзіслаў), * 1362/3, † 1 чэрвеня 1434
  │  │   Вялікі Князь 1377 – 1381, 1382 – 1392, Кароль Польшчы 1386 – 1434 пад імём Ўладзіслаў II
  │  │  x1 Ядвіга д’Анжу, Каралева Польшчы, дачка Людвіга д'Анжу, караля Вугоршчыны і Польшчы
  │  │  ├─Эльжбэта-Баніфацыя, * 22 чэрвеня 1399, † 13 ліпеня 1399
  │  │  x2 Ганна, дачка Вільгельма, графа Цыльлі 
  │  │  ├─Ядвіга, * 8 красавіка 1408, † 8 сьнежня 1431
  │  │  x3 Эльжбэта, дачка Атона, пана на Пільчы
  │  │  x4 Соф’я, дачка Андрэя, князя Гальшанскага
  │  │  ├─Ўладзіслаў III «Варненчык», * 31 кастрычніка 1424, † 10 лістапада 1444
  │  │  │  Кароль Польшчы (1434-1444) і Вугоршчыны (1440-1444).
  │  │  ├─Казімер, * 16 траўня 1426, † 2 сакавіка 1427
  │  │  └─КАЗІМЕР «Ягелончык», * 30 лістапада 1427, † 7 чэрвеня 1492
  │  │     Вялікі Князь 1440 – 1492, Кароль Польшчы 1446 – 1492 як Казімеж IV.
  │  │     Далей Вялікія Князі Літоўскія ідэнтычны з Каралямі Польскімі.
  │  │     х Эльжбета фон Габсбурґ, дачка Альбрэхта V, Караля Аўстрыі, Ўгоршчыны (з 1437)
  │  │     │ і Чэхіі (з 1438), Імпэратара Сьвятой Рымскай Імпэрыі пад імём Альбрэхт II.
  │  │     └─Нашчадкі — як дынастыя Ягайлавічаў.
  │  ├─Лінґвень/Луґвень-Сямён, * 1364/5, † пасьля 19 чэрвеня 1431
  │  │  Князь у Ноўгарадзе Вялікім (1389-1392, 1406/7-1408, 1411-1412). Князь Мсьціслаўскі.
  │  │  x1 Марыя, дачка Дмітрыя Іванавіча «Данскога», Вялікага Князя Маскоўскага і Ўладзімерскага
  │  │  ├─Юры Сямёнавіч Мсьціслаўскі
  │  │  │  Князь у Ноўгарадзе Вялікім (1432-1440). Князь Мсьціслаўскі (1440-1444?).
  │  │  │  Князь у Ноўгарадзе Вялікім ад Масквы (1445).
  │  │  │  х Соф’я
  │  │  │  └─Нашчадкі — князі Мсьціслаўскія (Лінґвеньевічы).
  │  │  x2 N, дачка князя
  │  │  └─Яраслаў-Фёдар, * Капор’е, Наўгародзкая рэспубліка 1411, † 1435
  │  ├─Марыя, * 1366/7
  │  │  x1 Вайдыла (ці Войдат), кашталян Лідзкі
  │  │  x2 князь Давід Гарадоцкі. Князь у Давыд-Гарадку.
  │  ├─Віґант/Віґунт-Аляксандар, * 1367/8, † 28 чэрвеня 1392, □ Вільня, катэдральны касьцёл
  │  │  Князь Кернаўскі.
  │  │  х Ядвіга, дачка князя Ўладзіслава Апольскага
  │  ├─Карыґайла-Казімер, † 1390, □ Вільня, катэдральны касьцёл
  │  │  Намесьнік Мсьціслаўскі (1386-1390).
  │  │  x Ядвіга, * 1367, дачка Ўладзіслава, князя Апольскага
  │  ├─Мініґайла, * 1370/1, † раней лістапада 1382
  │  ├─Аляксандра, * 1371/2, † 19 чэрвеня 1434
  │  │  x Семавіт IV, князь Мазавецкі
  │  ├─Кацярына-Вільґейда, * 1372/3, † пасьля 4 красавіка 1422
  │  │  x Ёган II, герцаг Маклембург-Швэрын
  │  ├─СЬВІДРЫҐАЙЛА (Сьвідрыґайла-Леў-Баляслаў), * 1375/6, † 17 лютага 1452,
  │  │  □ Вільня, катэдральны касьцёл
  │  │  Князь Падольскі (1400-1402), Чарнігаўскі (1419-1430). Вялікі Князь 1430 – 1432.
  │  │  x Ганна, дачка Івана Іванавіча, Вялікага Князя Цьвярскога
  │  └─Ядвіга, * раней 1375, † пасьля 1407
  │     x Ян III, князь Асьвенцымскі
  ├─ЯЎНУТА-ІВАН, † пасьля 1366
  │  Вялікі Князь 1341 – 1344.
  │  х N., дачка князя
  │  ├─Сямён, † пасьля 1390
  │  └─Міхаіл, † бітва на Ворскле 26 траўня 1399
  │     Князь Заслаўскі (1386).
  │     ├─Юры Заслаўскі, † сярэдзіна 15 ст.
  │     │  Князь Заслаўскі.
  │     │  └─Нашчадкі — князі Заслаўскія (Яўнуцьевічы) і Мсьціслаўскія (Яўнуцьевічы).
  │     └─Андрэй Заслаўскі
  ├─КЕЙСТУТ, † Крэва 15 жніўня 1382
  │  Вялікі Князь 1381 – 1382
  │  х1 N.   
  │  ├─Пацірґ, згадваецца ў 1348-65.
  │  ├─Войшвіл, † раней 1387
  │  ├─Войдат, † пасьля 1362
  │  │  Князь Наваградзкі.
  │  │  ├─Юры
  │  │  │  Князь Наваградзкі (1384).
  │  │  └─Вайдута, † пасьля 1380 альбо пасьля 1389
  │  ├─Бутаў-Генрык, † пасьля 1380
  │  х Бірута
  │  ├─ВІТАЎТ (Вітаўт-Віґанд-Аляксандар), * 1354/5, † 27 кастрычніка 1430,
  │  │  □ Вільня, катэдральны касьцёл
  │  │  Вялікі Князь 1392 – 1430.
  │  │  x1 (?) Марыя, дачка князя Лукомскага (??)
  │  │  x2 Ганна, дачка Сьвятаслава Іванавіча, князя Смаленскага
  │  │  ├─(?)Іван, † 1385 альбо 1392
  │  │  ├─(?) Юры, † 1385 альбо 1392
  │  │  ├─Соф’я, † 15 чэрвеня 1453
  │  │  │  x Васіль I, Вялікі Князь Маскоўскі
  │  │  x3 Ульяна, (х1 князь Іван Карачаўскі), дачка Міхаіла, князя Гальшанскага
  │  ├─Андрэй «Гарбаты», † пасьля 1381
  │  │  Намесьнік Полацкі ад бацькі (з 1377/8?).
  │  ├─N., † 1384
  │  │  x Судэмунт, князь Эйшыскі
  │  ├─N., † 1384
  │  │  x князь Леў Друцкі
  │  ├─ЖЫҐІМОНТ, * 1358/60, † Трокі 20 сакавіка 1440
  │  │  Князь Троцкі, Мажэцкі (1383), Старадубскі (1407). Вялікі Князь 1432 – 1440.
  │  │  x1 (?) N., дачка князя Андрэя Адзінцэвіча
  │  │  ├─Міхаіл-Баляслаў, * раней 1406, † раней 10 лютага 1452, □ Вільня, катэдральны касьцёл
  │  │  │  x1 (?) Эўфімія, дачка Баляслава (III), князя Мазавецкага
  │  │  │  x2 Катажына, дачка Семавіта IV, князя Мазавецкага
  │  │  x2 Офка, дачка N., князя Мазавецкага
  │  ├─Таўцівіл-Конрад, † верасень 1390
  │  │  Князь Наваградзкі.
  │  │  └─Ядвіга, † пасьля 1 сьнежня 1405
  │  │     х Барнум V, князь Паморскі на Слупску
  │  ├─Міклоўса-Марыя, * 1360/1, † 30 кастрычніка 1404 альбо 1405
  │  │  x Іван Міхайлавіч, Вялікі Князь Цьвярскі
  │  ├─Данута-Ганна, * 1362, † 25 траўня 1448
  │  │  x Януш I, князь Мазавецкі
  │  └─Рынґала (у праваслаўі Марына?), † 1433
  │     x Аляксандар, гаспадар Мультанскі
  x3 Еўна, дачка князя Смаленскага (? альбо Леаніда) (ЕўнаКарыят-Міхаіл, † пасьля 1358
  │  Князь Наваградзкі.
  │  ├─Юры, † каля 1374
  │  │  Князь Падольскі. Гаспадар Мультанскі (1374).
  │  ├─Аляксандар, † каля 1380
  │  │  Князь Уладзімерскі (1366-1379). Князь Падольскі (1375).
  │  ├─Канстанцін, † каля 1390
  │  │  Князь Падольскі  (1385).
  │  │  └─Міхаіл Канстанцінавіч Пінскі / Міхаіл Курцэвіч, † пасьля 1452
  │  │     Староста Ўладзімерскі (1446-1451, ад Сьвідрыґайлы)
  │  │     х Марыя
  │  │     ├─Фёдар Міхайлавіч Курцэвіч Бурэмскі, † пасьля 1464
  │  │     │  └─Нашчадкі — князі Бурэмскія.
  │  │     └─Васіль Курцэвіч, † пасьля 1486
  │  │        └─Нашчадкі — князі Курцэвічы.
  │  ├─Фёдар, † раней 1416
  │  │  Князь на Мункачу ва Ўгоршчыне (1360), (1403), князь Падольскі (к. 1392-1393).
  │  │  Комес Марамараша і Берага (Угоршчына) (1408).
  │  │  ├─Ганна, † пасьля 1455
  │  │  │  х Імрэ Марцалі (Marczali), сын Семігродзкага ваяводы Міклаша Марцалі
  │  │  └─Марыя, згадваецца ў 1416.
  │  ├─Леў, † бітва на Ворскле 12 жніўня 1399
  │  ├─Васіль, згадваецца ў 1403.
  │  └─Дзьмітры, † бітва на Ворскле 12 жніўня 1399
  │     х княжна Любоў Іванаўна, дачка Івана ІІ Іванавіча, Вялікага Князя Маскоўскага
  ├─Любарт-Дзьмітры, † 1384
  │  Князь Уладзімерскі і Луцкі (1379).
  │  x1 Ганна, дачка Андрэя, князя Ўладзімерскага (альбо Аграфена [Анна=Аграфена?];
  │  │  альбо N, дачка Льва, князя Луцкага)
  │  x2 Вольга, дачка Канстанціна Васільевіча, князя Растоўскага
  │  └─Фёдар Любартавіч, * каля 1351, † жнівень 1431
  │     Князь Уладзімерскі і Луцкі (1400-30?), Жыдачоўскі, Луцкі (1431).
  ├─Марыя, † 1349
  │  х Дзьмітры Міхайлавіч «Грозныя Вочы», Вялікі Князь Цьвярскі
  ├─Альдона-Ганна, * 1309/10, † 26 траўня 1339
  │  x Казімеж III Вялікі, Кароль Польшчы
  ├─Елізавета / Эльжюэта, † 1364
  │  х Вацлаў (Ванько), князь Плоцкі
  ├─Яўхімія, † 5 лютага 1342
  │  x Баляслаў-Юры II, князь Галіцкі і Ўладзімерскі
  └─Аўгуста-Анастасія, † 11 сакавіка 1345
     x Сямён Іванавіч «Горды», Вялікі Князь Маскоўскі

Паводле альфабэту:

Паводле генэалягічнага старшынства:

Паходжаньне князёў Друцкіх паводле досьледаў Алеся Белага. Паходжаньне князёў Лукомскіх і Палубінскіх паводле досьледаў Ўладзіслава Вяроўкіна-Шэлюты.




#Article 51: Максім Гарэцкі (1674 words)


Максі́м Іва́навіч Гарэ́цкі (, в. Малая Багацькаўка, Амсьціслаўскі павет, Магілёўская губэрня — 10 лютага 1938, Вязьма) — беларускі пісьменьнік, дзяяч беларускага нацыянальна-дэмакратычнага адраджэньня, літаратуразнаўца, лексыкограф, фальклярыст. Брат Гаўрылы Гарэцкага.

Карыстаўся літаратурнымі псэўданімамі Максім Беларус, М. Б. Беларус, М. Г., А. Мсьціслаўскі, Дзед Кузьма, Мацей Мышка, Мізэрыус Монус і іншымі; у сваіх творах таксама выступаў як Кузьма Батура і Лявон Задума.

Максім Гарэцкі нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Меў трох братоў — Гаўрылу, Парфіра і Івана — і сястру Ганну, зь якімі хадзіў у школу ў суседнюю вёску Вялікая Багацькаўка. У 1919 годзе ў Вільні пабраўся шлюбам. Жонка, Леаніла Ўсьцінаўна Чарняўская-Гарэцкая, працавала настаўніцай у I Віленскай беларускай гімназіі, працавала над складаньнем чытанак «Родны край». Першае, напісанае ёй апавяданьне, — «Мікітка» (Вільня), стала аўтарам малога зборніка «Дзяціныя гульні».

Сын Леанід, загінуў у баях пад Ленінградам (1944). Вядомыя ягоныя «Пісьмы з фронту» да сям’і. Дачка Галіна (1921—2006) — захавальніца літаратурнага архіву сям’і Гарэцкіх, аўтарка шэрагу працаў, прысьвечаных жыцьцю і творчасьці бацькі і маці, успамінаў пра іх і пра свайго дзядзьку — акадэміка Гаўрылу Гарэцкага.

Першую навуку Максім Гарэцкі спасьцігаў у школе граматы ў вёсцы Вялікая Багацькаўка. Потым некалькі гадоў ён вучыўся ў сяле Вольша Аршанскага павету ў царкоўна-прыходзкай школе. Ужо ў той час Гарэцкі пачынае цікавіцца беларускай літаратурай і пачынае сьвядома карыстацца беларускай мовай. У 1908 годзе Гарэцкі скончыў вучобу ў Вольшы і атрымаў магчымасьць быць настаўнікам, вучыць грамаце сялянскіх дзяцей. У кастрычніку 1908 году прыехаў у Горкі, каб рыхтавацца да паступленьня ў вучэльню. Там займаўся з рэпэтытарам Крэерам. У 1909 годзе Максім Гарэцкі паступіў у каморніцка-агранамічную вучэльню ў Горы-Горках, якую скончыў у 1913 годзе.

Чарцёжнік, каморнік землеўпарадкавальных камісіяў Віленскай губэрні (Вільня, 1913—1914). На пасадзе каморніка Гарэцкі правёў толькі адзін год. Ён меў намер авалодаць замежнымі мовамі, атрымаць атэстат сталасьці і паступіць на гісторыка-філялягічны факультэт. Аднак, яму не ўдалося зьдзейсьніць гэтыя пляны. На той час адтэрмінаваньне ад вайсковай службы каморнікам ужо скасавалі. Каб не ісьці на службу звычайным салдатам на 3 гады, Гарэцкі пачынае адбываньне вайсковай павіннасьці ў якасьці «вольнапісанага» царскай арміі ў 1914 годзе. Гэта супала з пачаткам Першай сусьветнай вайны. Гарэцкі ўдзельнічаў у кравапралітных баях ва Ўсходняй Прусіі, дзе быў цяжка паранены. Доўга лячыўся ў вайсковых шпіталях Вільні, Масквы, Магілёва. Пасьля выздараўленьня Гарэцкі працягнуў свае вандроўкі зь месца на месца. Некаторы час ён працаваў чарцёжнікам у Маскве. У 1916 годзе вучыўся ў Паўлаўскім ваенным вучылішчы ў Петраградзе. Атрымаўшы чын прапаршчыка, праходзіў службу спачатку ў Іркуцку, а потым у Гжацку.

У канцы 1916 апынуўся на фронце ў Пінскіх балотах. Там быў прызначаны ў камісію па рэквізыцыі сена ў сялянаў, але не любіў гэтай працы і адпрасіўся ў акопы. Цяжка захварэў, быў адасланы ў тыл на лячэньне (Жалезнаводзк, 1917), потым зусім звольнены з войска.

Пераехаў у Смаленск, паступіў у Смаленскі археалягічны інстытут (1917), але хутка кінуў яго, бо не было часу хадзіць на лекцыі. Кастрычніцкія падзеі сустрэў тамсама, хутка пасьля таго — на савецкай службе, у Смаленскім савеце (адзначаецца яго добрае знаёмства з В. Кнорыным). Працуе камэндантам жыльлёвага аддзелу ў Смаленску (1918), паралельна, потым і стала супрацоўнічаў у мясцовых газэтах «Известия Смоленского Совета», «Западная коммуна», «Звязда» (з жніўня 1918, запрошаны на сталую працу ў «Звязду» Кнорыным пасьля абвяшчэньня БССР). Супрацоўнічаў з газэтай «Дзяньніца».

Разам з рэдакцыяй «Зьвязды» пераехаў у Менск, потым у Вільню (пачатак студзеня 1919). Пры раптоўным захопе Вільні польскім войскам (канец красавіка 1919) апынуўся на акупаванай тэрыторыі. Настаўнік Віленскай беларускай гімназіі і беларускіх настаўніцкіх курсаў. Супрацоўнічаў у газэце «Беларускія ведамасьці», «Беларускі звон». Рэдактар і выдавец газэты «Наша думка» (сьнежань 1920 — ліпень 1921), «Беларускія ведамасьці» (зь верасьня 1921).

У студзені 1922 году, перад выбарамі ў Віленскі сойм, быў арыштаваны польскімі ўладамі як цяжкі палітычны злачынца. Быў абвінавачаны ў прыналежнасьці да партыі камуністаў, арганізацыі замаху на дзяржаўную ўладу, друкаванай і вуснай агітацыі, атрымліваньні грошай ад камуністаў. Такія дзеяньні паводле польскага КК маглі карацца сьмерцю або катаргай. Зьняволены ў Лукіскай турме ў Вільні. У выніку пратэстаў за мяжой супраць масавых арыштаў беларускіх і летувіскіх дзеячоў прымусова высланы ў Беларусь. У канцы кастрычніка 1923 году пераехаў зь сям’ёй зь Вільні ў Менск.

Выкладчык мовы і літаратуры (у тым ліку ў БДУ, Камуністычным унівэрсытэце БССР, Менскім вэтэрынарным тэхнікуме, Горацкай сельгасакадэміі (з 1 лютага 1926). Загадчык катэдры беларускай мовы, літаратуры і гісторыі Горацкай сельгасакадэміі. Правадзейны сябра Інбелкульту, навуковы сакратар Літаратурнай камісіі (да 10 чэрвеня 1925), вучоны спэцыяліст (2 кастрычніка 1928) Інстытуту навуковай мовы Інбелкульту. Удзельнік Беларускай акадэмічнай канфэрэнцыі, дакладчык па пытаньнях мастацкай літаратуры (1926).

Разам зь іншымі беларускімі дзеячамі стаў аб’ектам кампаніі «крытыкі» ў друку (1929).

Арыштаваны (19 ліпеня 1930) па абвінавачаньні ў прыналежнасьці да Саюза вызваленьня Беларусі, у красавіку — траўні 1931 засуджаны да высылкі на пяць гадоў у горад Вятку. У Вятцы працаваў чарцёжнікам (17 жніўня 1931 — 1 сакавіка 1932), тэхнікам-каштарысьнікам мясцовага ФУП і землеўладкавальнікам. З 1 верасьня 1935 настаўнік расейскай мовы і літаратуры ў сярэдняй школе пасёлку Пясочня. Увесь гэты час займаўся літаратурнай працай.

Арыштаваны (4 лістапада 1937), пазьней расстраляны па прысудзе «тройкі» НКУС (прысуд прыведзены ў выкананьне 10 лютага 1938 году а 15-й гадзіне; жонцы паведамілі, што памёр ад кровазьліцьця ў мозаг 20 сакавіка 1939 году). Рэабілітаваны 15 лістапада 1957. Першая публікацыя паводле сапраўдных фактаў расстрэлу 10 лютага 1938 году ў Вязьме зьявілася ў кастрычніку 1992 году ў газэце «Літаратура і мастацтва».

Пасьля рэпрэсіяў 1930-х гадоў і далейшага замоўчваньня, публікацыі і дасьледаваньні творчасьці пісьменьніка былі ўзноўленыя ў 1960-х гадах. У іх ліку — манаграфіі Дзьмітрыя Бугаёва «Максім Гарэцкі» (Менск, 1968), А. Адамовіча «Браму скарбаў сваіх адчыняю…» (Менск, 1980), І. Чыгрына «Паміж былым і будучым» (Менск, 1994), артыкулы і прадмовы да выданьняў Дз. Бугаёва, М. Лужаніна, М. Мушынскага, Ю. Пшыркова, І. Чыгрына і інш.

У наш час Максім Гарэцкі прызнаецца клясыкам беларускай літаратуры. Фактычна, пачынальнік твораў маральна-этычнай праблематыкі ў беларускай літаратуры. Адзін з пачынальнікаў эпічнага жанру, інтэлектуальна-філязофскай, лірычнай, дакумэнтальнай прозы ў беларускай літаратуры. Пачынальнік дасьледаваньняў гісторыі беларускай літаратуры. Адзначаецца шмаграннасьць здольнасьцяў пісьменьніка — літаратурных, матэматычных, музычных.

Ваенныя творы Гарэцкага былі заўважаны крытыкай за мяжой, напрыклад, Т. Н. Браран (Н.Рандаў) у НДР. У вышыні антываеннага духу апавяданьні «Генэрал» і «Рускі» параўноўваюцца крытыкамі з творамі Васіля Быкава «Мёртвым не баліць» і «Адна ноч», аповесьць «На імпэрыялістычнай вайне» — з ваеннымі творамі Рэмарка, Барбюса, Дзюамеля.

Літаратурная творчасьць Гарэцкага пачалася зь невялічкіх твораў, нататак, фэльетонаў, якія друкаваліся на старонках «Нашай Нівы». Падпісваўся тады Гарэцкі такімі псэўданімамі: М. Б., Беларус, М. Беларус, Максім Беларус. Першая такая нататка зьявілася ў «Нашай Ніве» 26 верасьня 1912 году. Першыя фэльетоны выявілі талент Гарэцкага як сатырыка, аднак, у сваёй далейшай творчасьці ён рэдка вяртаўся да гэтага.

Першае апавяданьне Гарэцкага «У лазьні» было зьмешчанае ў «Нашай Ніве» 25 студзеня 1913 году пад псэўданімам Максім Беларус. Напісанае было 31 сьнежня 1912 году. Пасьля яго пачалі зьяўляцца ўсё новыя і новыя мастацкія творы: апавяданьні «Стогны душы», «Роднае карэньне», «У панскім лесе», драматычны абразок «Атрута». Усё гэта было апублікавана на працягу 1913 году ўсё ў той жа «Нашай Ніве» пад псэўданімамі Максім Беларус і М. Г.. Сваім сапраўдным прозьвішчам Гарэцкі падпісаўся толькі ў 1914 годзе, калі Беларускім выдавецкім таварыствам у Вільні была выдадзеная кніга «Рунь».

Гарэцкі востра адчуваў патрэбы літаратурнага разьвіцьця беларусаў, аб чым сьведчаць яго артыкулы «Наш тэатар» і «Развагі і думкі», апублікаваныя ў 1913-14 гг. У іх аўтар выявіў сябе як тэарэтык, публіцыст, зацікаўлены праблемамі разьвіцьця нацыянальнай культуры, мовы, тэатру.

У 1918 годзе Максім разам з братам Гаўрылам працаваў над «Руска-беларускім слоўнікам», які быў выдадзены ў Смаленску ў 1918 годзе, а ў 1921 годзе ў Вільні. Гэта быў першы беларускі слоўнік такога тыпу, надрукаваны пасьля кастрычніцкага перавароту, і першы вопыт самога пісьменьніка ў галіне лексыкаграфіі. Яшчэ Гарэцкаму належыць «Невялічкі беларуска-маскоўскі слоўнік», выдадзены ў Вільні ў 1919 годзе, які меў тры выданьні, апошняе пад назвай «Беларуска-расійскі слоўнічак» выйшла ў Савецкай Беларусі ў 1925 годзе. На год раней у Менску зьявіўся складзены Гарэцкім разам з Байковым «Практычны расійска-беларускі слоўнік», які ахоплівае каля 20000 словаў.

На працягу 1919—1923 гг. ён напісаў больш за 20 твораў: апавяданьні, аповесьць «Дзьве душы», крытычныя артыкулы. Зьвяртаўся да жыцьця беларускіх перасяленцаў у Сыбіры («Сыбірскія абразкі», апавяданьні «Хадзяка», «Моцнае каханьне», «Хоцімка» і інш.). У групе апавяданьняў, створаных у 1921—1922 гг., Гарэцкі наблізіўся да асэнсаваньня вобразу інтэлігента як усьвядомленага суб’екта ў гістарычным быцьці свайго народу. Здарылася гэта пад уплывам вайны, якая ў 1914 годзе абрынулася на беларускія землі, рэвалюцыяў 1917 году, абвастрэньняў нацыянальнай барацьбы ў краі.

У 1926 годзе ў Менску быў выдадзены зборнік апавяданьняў «Досьвіткі». У гэты час Гарэцкі прымаў удзел у розных дыскусіях, выступаў з навуковымі дакладамі па літаратуразнаўстве і фальклярыстыцы, друкаваў артыкулы пра творчасьць многіх савецкіх пісьменьнікаў, рабіў фальклёрныя запісы. У 1928 годзе выйшаў зборнік «Народныя песьні з мэлёдыямі», падрыхтаваны Гарэцкім у суаўтарстве з кампазытарам Ягоравым. Там зьмешчана 318 беларускіх песень, запісаных Гарэцкім ад маці. У канцы 20-х гадоў пісьменьнік займаўся таксама перакладамі мастацкай прозы: «Разгром» Фадзеева, апавяданьні Горкага «Канавалаў», «Чалкаш». Пераклады былі падпісаныя псэўданімам А. Мсьціслаўскі, але іх прыналежнасьць Гарэцкаму не выклікае сумненьня. У 1928 годзе Гарэцкі падрыхтаваў да выданьня вялікую кнігу сваіх выбраных твораў, нанова адрэдагаваўшы некаторыя зь іх. Гэтая кніга не пабачыла сьвет.

Гарэцкі зьвяртаўся да праблемы ўзаемаадносінаў інтэлігента і народу, да ролі і місіі інтэлігенцыі ў нацыянальным разьвіцьці (аповесьць «Мэлянхолія», апавяданьні «Фантазія» і інш.). Расцэньваў ролю беларускага літаратара як надзвычай адказную і патрабавальную да грамадзянскай і нацыянальнай сьвядомасьці. Выступаў супраць правінцыйнай замкнёнасьці маладой беларускай літаратуры.

У творчасьці Гарэцкага вызначаюцца наступныя пэрыяды (так, як іх акрэсьліў Г. Гарэцкі ў лісьце да А. Адамовіча):

Кнігі Гарэцкага выдаваліся на расейскай, украінскай, польскай, нямецкай мовах.

Пасьля высылкі М. Гарэцкага ў Вятку ён атрымліваў ад жонкі матэрыялы па пошце, а ў канцы чэрвеня 1932 году ў Вятку быў прывезены і архіў цалкам. Архіў пасьля 4 сьнежня 1937 году перахоўвала жонка Гарэцкага (у Пясочні, Кіраве, Ленінградзе). 12 сакавіка 1971 году амаль усе рукапісы былі перададзеныя ў Фундамэнтуальную бібліятэку Акадэміі навук БССР (архіў № 7, 119 адзінак захаваньня). Рэшта рукапісаў знаходзіцца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музэі літаратуры і мастацтва.

У 1993 годзе ў роднай вёсцы да 100-годзьдзя зь дня народзінаў пісьменьніка, што адзначалася таксама ў рамках Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў па пытаньнях адукацыі, навукі і культуры, адчынілі музэй. З 1997 году дзейнічае Міжнародны фонд братоў Гарэцкіх. Ягонае імя носяць бібліятэка ў Горках, вуліцы ў Менску, Амсьціславе і Горках. У Менску і Вязьме пастаўленыя помнікі. З 1992 году рэгулярна ладзяцца Гарэцкія чытаньні.

У 2012 годзе пры падрыхтоўцы да рэспубліканскага сьвята «Дажынкі» ў Горках, нягледзячы на пратэсты грамадзтва, быў зьнесены дом, у якім у 1926—1928 гг. жыў Максім Гарэцкі. Гэта быў адзіны дом, які захаваўся ад Гарэцкага на тэрыторыі сучаснай Беларусі.

Дысэртацыі:




#Article 52: Грэцкая мова (449 words)


Грэ́цкая мо́ва ( — элініка) — індаэўрапейская мова, на якой цяпер размаўляюць каля 12 мільёнаў чалавек у Грэцыі і на высьпе Кіпр. Грэцкая мова мае адзін з найбагатшых лексыконаў сярод усіх моваў сьвету — каля 600 тыс. словаў.

Клясычная (або старажытная) і сучасная грэцкая мова досыць моцна адрозьніваюцца, хаця некаторыя дасьледчыкі падкрэсьліваюць вялікае падабенства паміж імі. Ужо з 14 стагодзьдзя да н. э. існавала сыстэма пісьма «лінейная Б» (linear B), якая была ўпершыню расшыфраваная толькі ў 1953 годзе. Пасьля «лінейнай Б» выдзяляюць яшчэ некалькі пэрыядаў у разьвіцьці грэцкай мовы. Падчас гэтак званага элінскага пэрыяду грэцкая мова была фактычна lingua franca для жыхароў Рымскай імпэрыі, а потым — Бізантыі. На ёй была створаная багатая літаратура.

Падчас дамінацыі Атаманскай імпэрыі грэцкая мова апынулася ў заняпадзе і пацярпела шмат зьменаў.

Ад 1834 да 1976 году праводзілася моўная палітыка па ўвядзеньні Καθαρεύουσα (катарэвуса), «правільнай» грэцкай мовы, якая базуецца на клясычнай, але нарэшце ў 1976 годзе Δημοτική (дымотыкі) — народная гаворка — была прызнаная грэцкім урадам як de facto i de jure стандарт сучаснай грэцкай мовы. Катарэвус у адрозьненьне ад народнай гаворкі меў скамплікаваную сыстэму дыякрытыкі: тры тыпы націску (востры, тупы, аблегчаны) і два тыпы асьпірацыі (тонкае і густое), а таксама сымбаль трэма. Дымотыка ж мае толькі адзін дыякрытык для азначэньня націску.

Цягам стагодзьдзяў лексычны склад грэцкай мовы пацярпеў нязначныя зьмены. Шматлікія словы былі запазычаныя ў лаціну, італьянскую, нямецкую, ангельскую ды іншыя мовы. Грэцкая мова зьяўляецца крыніцай міжнароднай грамадзкай і навуковай тэрміналёгіі: «астраномія», «дэмакратыя», «граматыка», «філязофія», «антрапалёгія».

Грэцкія назоўнікі маюць пяць склонаў (назоўны, родны, давальны, вінавальны, клічны), тры роды (мужчынскі, жаночы, ніякі) і тры лікі (адзіночны, двайны і множны). У народнай гаворцы (дымотыка) давальны склон практычна не ўжываецца. Дзеясловы маюць чатыры лады , тры станы , тры асобы ды некалькі іншых формаў. Грэцкая мова, у адрозьненьне ад большасьці іншых індаэўрапейскіх моваў, мае сынтэтычны  пасіў.

Галоўнае адрозьненьне паміж клясычнай і сучаснай грэцкай фанэтыкай — спрашчэньне сыстэмы галосных гукаў, і зьмена зычных гукаў да фрыкатыўных. У старажытнай грэцкай былі пяць кароткіх галосных, сем даўгіх, і шмат дыфтонгаў. Цяпер жа ў грэцкай мове засталіся 5 галосных. Што датычыць зычных, b, d, g сталі вымаўляцца як [v], [dh], [gh]. А зычныя ph, th, kh страцілі асьпірацыю і сталі вымаўляцца як [f], [th], [kh].

Грэцкі альфабэт мае 24 літары.

На першым месцы ідзе старажытнае вымаўленьне, затым — сучаснае.

Назвы некаторых краінаў па-грэцку.

Біблія (Мацей 6:9-13):
Πάτερ ἡμῶν ὁ ἐν τοῖς οὐρανοῖς ἁγιασθήτω τὸ ὄνομά σου·
ἐλθέτω ἡ βασιλεία σου· γενηθήτω τὸ θέλημά σου, ὡς ἐν οὐρανῷ καὶ ἐπὶ τῆς γῆς·
τὸν ἄρτον ἡμῶν τὸν ἐπιούσιον δὸς ἡμῖν σήμερον·
καὶ ἄφες ἡμῖν τὰ ὀφελήματα ἡμῶν, ὡς καὶ ἡμεῖς ἀφίεμεν τοῖς ὀφειλέταις ἡμῶν·
καὶ μὴ εἰσενέγκῃς ἡμᾶς εἰς πειρασμόν, ἀλλὰ ρῦσαι ἡμᾶς ἀπὸ τοῦ πονηροῦ.
Ὅτι σοῦ ἐστιν ἡ βασιλεία καὶ ἡ δύναμις καὶ ἡ δόξα εἰς τοὺς αἰῶνας·
ἀμήν.




#Article 53: Linux (2063 words)


Linux (GNU/Linux, ) — вольная UNIX-падобная апэрацыйная сыстэма, заснаваная на сыстэмных праграмах, распрацаваных у рамках праекту GNU, і на ядры Linux. Усе крынічныя коды апэрацыйнай сыстэмы цалкам адкрытыя для выкарыстаньня, мадыфікацыяў і распаўсюджаньня.

Першапачаткова Linux распрацоўваўся і выкарыстоўваўся асобнымі аматарамі на сваіх пэрсанальных кампутарах. Але цяпер Linux падтрымліваюць такія вялікія карпарацыі, як IBM, Hewlett-Packard і Novell, а таксама гэтую АС эфэктыўна выкарыстоўваюць у сэрвэрнай сфэры і, апошнім часам, як настольную апэрацыйную сыстэму. Linux выкарыстоўваюць і ў супэркампутарах, і ў мабільных тэлефонах. Аналітыкі лічаць асноўнымі прычынамі посьпеху гэтай апэрацыйнай сыстэмы яе бясьпеку, нізкі кошт, свабоду выкарыстаньня і распаўсюджваньня.

Да апэрацыйнай сыстэмы GNU/Linux таксама часта адносяць праграмы, якія дапаўняюць гэтую апэрацыйную сыстэму, і дастасоўныя праграмы, што робіць яе паўнавартасным шматфункцыянальным апэрацыйным асяродзьдзем.

У адрозьненьне ад большасьці іншых апэрацыйных сыстэмаў, Linux ня мае адзінае «афіцыйнае» камплектацыі. Замест гэтага Linux пастаўляецца ў вялікай колькасьці так званых дыстрыбутываў, у якіх праграмы GNU аб’ядноўваюцца зь ядром Linux і іншымі праграмамі. Найбольш вядомымі дыстрыбутывамі Linux зьяўляюцца адзін з самых старых дыстрыбутываў Slackware, амэрыканская Red Hat Linux і яе нашчадак Fedora, нямецкая SuSE, міжнародны дыстрыбутыў Debian, параўнальна малады Gentoo, які актыўна разьвіваецца, дыстрыбутыў Ubuntu і яе вэрсія Kubuntu, які выкарыстоўвае абалонку KDE замест GNOME. Паводле некаторых крыніц, папулярныя таксама дыстрыбутывы Arch Linux, CentOS, mageia, Linux Mint ды PCLinuxOS.

У 1983 годзе Рычард Столман заснаваў Праект GNU, мэтай якога было стварэньне паўнавартаснай UNIX-падобнай апэрацыйнай сыстэмы, якая б зьяўлялася да таго ж свабоднай. У пачатку 1990-х гадоў праект GNU ўжо меў амаль усе неабходныя складнікі гэтай сыстэмы — бібліятэкі, кампілятары, тэкставыя рэдактары, UNIX-падобную абалонку каманднага радка — акрамя галоўнага, ядра. Праект GNU пачаў распрацоўку ядра Hurd у 1990, заснаванага на мікраядры Mach, але распрацоўка гэтай канцэпцыі цягнулася вельмі марудна.

Тым часам, у 1991 годзе, студэнт Хэльсынскага унівэрсытэту Лінус Торвальдс пачаў напісаньне іншага ядра. Спачатку гэта быў аматарскі праект. Торвальдс на той час карыстаўся АС Minix, спрошчанай UNIX-падобнай сыстэмай, напісанай Эндру Танэнбаўмам у навуковых мэтах. Аднак Танэнбаўм не дазваляў іншым людзям зьмяняць сваю апэрацыйную сыстэму, і менавіта гэты факт прымусіў Торвальдса пачаць напісаньне свайго ядра.

Спачатку Лінус назваў сваё ядро «Freax». Назву ж «Linux» прыдумаў Ары Лемке (, адміністратар сэрвэра FTP, на якім разьмяшчаліся першыя вэрсіі ядра; ён даў гэты назоў тэчцы, зь якой упершыню можна было сьцягнуць файлы гэтага ядра.

Першапачаткова для настаўленьня і ўстанаўленьня Linux быў неабходны кампутар, які працаваў бы на Minix. Да таго ж, першыя вэрсіі Linux не маглі загружацца з цьвёрдага дыску самастойна, без дапамогі іншай АС, аднак пазьней былі напісаныя адмысловыя праграмы стартаваньня Linux. Сыстэма Linux хутка пераўзышла Minix па функцыянальнасьці; Торвальдс і іншыя першыя распрацоўнікі ядра Linux адаптавалі яго для працы з кампанэнтамі GNU, каб стварыць закончаную поўнафункцыянальную свабодную апэрацыйную сыстэму.

У наш час Торвальдс працягвае кіраваць распрацоўкай ядра Linux, у той жа час іншыя складнікі апэрацыйнай сыстэмы — кампанэнты GNU — зьяўляюцца асобнымі праектамі і распрацоўваюцца іншымі людзьмі (распрацоўка ядра Linux не зьяўляецца часткай Праекту GNU). Адмысловыя групы карыстальнікаў і камэрцыйныя кампаніі аб’ядноўваюць усе неабходныя складнікі апэрацыйнай сыстэмы Linux і дастасоўныя праграмы ў дыстрыбутывы.

Ядро Linux першапачаткова працавала толькі на мікрапрацэсарах Intel 80386, але цяпер яно падтрымлівае шэраг апаратных архітэктур. Linux — адна з самых пераносных апэрацыйных сыстэмаў, якая можа выконвацца і на кішэнных кампутарах на базе ARM-працэсараў, iPAQ, і на мэйнфрэймах IBM System z9. Адмысловыя дыстрыбутывы існуюць нават для рэдкіх апаратных плятформаў.

Ядро Linux і большасьць праграмаў GNU распаўсюджваюцца на ўмовах ліцэнзіі GPL. Ліцэнзія GPL дазваляе зьмяняць праграму як заўгодна з той толькі ўмовай, што атрыманы зьменены прадукт будзе таксама распаўсюджвацца на ўмовах гэтай ліцэнзіі. У 1997 годзе, Лінус Торвальдс сказаў, што «тое, што я пачаў распаўсюджваць Linux пад ліцэнзіяй GPL, стала адной зь лепшых рэчаў, якія я калі-небудзь рабіў». Аднак некаторыя важныя складнікі апэрацыйнай сыстэмы Linux ужываюць іншыя ліцэнзіі; шматлікія бібліятэкі карыстаюцца ліцэнзіяй LGPL, менш патрабавальнай вэрсіяй GPL, а сыстэма вокнаў X ужывае ліцэнзію MIT.

У ЗША назва Linux зьяўляецца гандлёвай маркай, зарэгістраванай на імя Лінуса Торвальдса.

У 1992 годзе Л. Торвальдс патлумачыў, як вымаўляецца слова Linux. З улікам беларускай фанэтыкі яго трэба вымаўляць як «лі́нукс».

Мэтай Праекту GNU ёсьць напісаньне UNIX-падобнай апэрацыйнай сыстэмы, якая б цалкам складалася са свабодных праграмаў. Большасьць дыстрыбутываў Linux засноўваецца на свабодных праграмах, напісаных у межах праекту GNU. Фонд Свабодных Праграм разглядае гэтыя дыстрыбутывы як «варыянты» сыстэмы GNU і патрабуе называць такія апэрацыйныя сыстэмы GNU/Linux ці сыстэма GNU на аснове Linux. Хаця некаторыя дыстрыбутывы пагадзіліся з такой назвай, але большасьць дыстрыбутываў не зьмяшчаюць літары «GNU» ў сваіх назвах. Лінус Торвальдс назваў патрабаваньне называць Linux-сыстэмы словаспалучэньнем-абрэвіятурай GNU/Linux «бязглузьдзіцай».

У сакавіку 2003 году, SCO Group пачала судовую справу супраць IBM, абвінаваціўшы карпарацыю IBM у выдачы абароненага аўтарскім правам праграмнага коду SCO праекту распрацоўкі ядра Linux, што забаронена ліцэнзіяй на выкарыстаньне UNIX, якую дала SCO Group карпарацыі IBM. Прадстаўнікі SCO Group адправілі лісты ў шматлікія кампаніі, пагражаючы ім судовымі справамі за далейшае (незаконнае, на іх думку) выкарыстаньне ядра Linux. Аднак гэтыя карпарацыі аб’ядналі свае высілкі і, са свайго боку, таксама распачалі судовыя справы супраць SCO Group. Гэта былі такія карпарацыі як DaimlerChrysler (справа закрытая ў 2004), AutoZone, Red Hat і іншыя. Больш таго, пад пытаньнем цяпер і правы SCO Group: карпарацыя Novell распачала судовую справу, аспрэчваючы правы SCO Group на гандлёвую марку UNIX.

Дагэтуль (2006) Група SCO не перадала ў судовыя інстанцыі ніводнага доказу парушэньня заканадаўства з боку IBM і іншых абвінавачаных карпарацыяў.

Апэрацыйная сыстэма Linux вельмі хутка распрацоўваецца энтузіястамі з усяго сьвету. У 2001 годзе было праведзенае дасьледаваньне праграмнага коду апэрацыйнай сыстэмы Red Hat Linux 7.1. Яно паказала, што каля 71% праграмнага коду гэтай апэрацыйнай сыстэмы напісана на C, але таксама выкарыстоўваліся іншыя мовы: C++, Lisp, Perl, Python, Ruby і г. д.

У адрозьненьне ад Microsoft Windows, Mac OS (OS X) ды камэрцыйных UNIX-падобных сыстэмаў, Linux ня мае геаграфічнага цэнтру распрацоўкі. Няма і арганізацыі, якая валодала бы гэтай сыстэмай; няма нават адзінага каардынацыйнага цэнтру. Праграмы для Linux — вынік працы тысячаў праектаў. Некаторыя з гэтых праектаў цэнтралізаваныя, некаторыя каардынуюцца фірмамі, але большасьць аб’ядноўваюць праграмістаў па ўсім сьвеце, знаёмых толькі па перапісцы. Стварыць свой праект або далучыцца да праекту, які ўжо існуе, можа любы і, у выпадку посьпеху, вынікі працы стануць вядомыя мільёнам карыстальнікаў. Карыстальнікі прымаюць удзел у тэставаньні вольных праграмаў, маюць зносіны з распрацоўнікамі напроста, што дазваляе хутка знаходзіць і выпраўляць памылкі і рэалізоўваць новыя магчымасьці.

Менавіта такая гнуткая і дынамічная сыстэма распрацоўкі, немагчымая для праектаў з зачыненым кодам, вызначае выключную эканамічную эфэктыўнасьць Linux. Нізкі кошт вольных распрацовак, адладжаныя мэханізмы тэставаньня і распаўсюджваньня, прыцягненьне людзей з розных краінаў, якія валодаюць розным бачаньнем праблемаў, абарона кода ліцэнзіяй GPL — усё гэта паспрыяла посьпеху вольных праграмаў.

Вядома, такая высокая эфэктыўнасьць распрацоўкі не магла не зацікавіць буйныя фірмы, якія сталі адчыняць свае праекты. Так зьявіліся Mozilla кампаніі (Netscape, AOL), OpenOffice.org кампаніі (Sun Microsystems), вольны клён Interbase кампаніі (Borland) — Firebird, SAP DB. IBM спрыяла пераносу Linux на свае мэйнфрэймы.

Зь іншага боку, адчынены код значна зьніжае сабекошт распрацоўкі зачыненых сыстэмаў для Linux і дазваляе зьнізіць кошт рашэньня для карыстальніка. Вось чаму Linux стала плятформаю, якую часта рэкамэндуюць для такіх прадуктаў, як Oracle Database, DB2, Informix, SyBase, SAP R3, Domino.

Супольнасьць Linux падтрымлівае сувязь пасродкам групаў карыстальнікаў Linux.

Гістарычна Linux выкарыстоўваўся як сэрвэрная апэрацыйная сыстэма, але яе нізкі кошт, пераноснасьць і магутнасьць UNIX дапамаглі пашырыцца гэтай АС і на іншыя, раней неўласьцівыя ёй задачы. Linux зьяўляецца адным з галоўных складнікаў канцэпцыі папулярнай сэрвэрнай плятформы «LAMP» (Linux, Apache, MySQL, Perl/PHP/Python).

Дзякуючы нізкаму кошту і высокаму ўзроўню пераноснасьці Linux часта выкарыстоўваюць у якасьці базавай плятформы для ўбудаваных сыстэмаў, напрыклад, тэлебачаньня, мабільных тэлефонаў, кішэнных кампутараў. Linux зьяўляецца галоўным канкурэнтам Symbian OS у сфэры мабільнай тэлефаніі, а таксама спрабуе заняць сваё пачэснае месца на рынку апэрацыйных сыстэмаў для кішэнных кампутараў, ствараючы альтэрнатыву Windows CE і Palm OS.

Linux таксама шырока выкарыстоўваецца для стварэньня прадуктаў абслугоўваньня сетак (брандмаўэр, роўтар) з-за яе нізкага кошту і стабільнасьці працы.

Linux зьяўляецца самай распаўсюджанай апэрацыйнай сыстэмай для супэркампутараў. У лістападзе 2005 году ў сьпісе наймагутнейшых супэркампутараў сьвету TOP500 два найхутчэйшыя супэркампутары сьвету працавалі на базе Linux. З 500 сыстэмаў гэтага сьпісу, 371 (74,2%) выкарыстоўвалі розныя вэрсіі Linux, у тым ліку сем зь дзесяці найлепшых супэркампутараў.

Sony ўжо пастаўляла праграмны збор Linux, які кожны ўладальнік Sony Playstation 2 мог устанавіць на сваю кансоль. Распрацоўнікі гульняў, напрыклад, Atari і id Software, апошнім часам пачалі выпускаць вэрсіі сваіх вядомых гульняў пад АС Linux.

Linux выкарыстоўваецца ў якасьці аднаго са складнікаў дыстрыбутываў Linux. Дыстрыбутывы Linux ствараюцца кампутарнымі аматарамі, закрытымі супольнасьцямі, камэрцыйнымі і грамадзкімі арганізацыямі па ўсім сьвеце. У склад дыстрыбутыву акрамя ядра Linux дадаюць сыстэмныя і дастасоўныя праграмы, сыстэму ўстаноўкі, інтэграваную сыстэму кіраваньня ўстаноўленымі праграмамі і іншае. Дыстрыбутывы ствараюць з абсалютна рознымі мэтамі: падтрымка адмысловай кампутарнай архітэктуры, лякалізацыя праграм, падтрымка праграмаў рэальнага часу выкананьня, для ўбудаваных сыстэмаў і іншага. Шмат дыстрыбутываў ня ўтрымліваюць несвабодных кампанэнтаў, якія могуць замінаць свабоднаму распаўсюджваньню і выкарыстаньню праграмаў.

Тыповы дыстрыбутыў агульнага прызначэньня ўключае:

Большасьць карыстальнікаў для ўсталёўкі Linux выкарыстоўваюць дыстрыбутываў. Дыстрыбутыў — гэта ня проста набор праграмаў, а шэраг рашэньняў для розных задачаў карыстальнікаў, аб’яднаных адзінымі сыстэмамі ўсталёўкі, кіраваньня і абнаўленьня пакетаў, а таксама наладаў і падтрымкі.

Апроч пералічаных, існуе мноства іншых дыстрыбутываў, частка зь якіх базуецца на пералічаных, частка створаных з нуля і часьцяком прызначаных для выкананьня абмежаванай колькасьці задачаў (напрыклад, Scientific Linux). Кожны дыстрыбутыў мае сваю канцэпцыю, свой набор пакетаў, свае перавагі і недахопы. Ні адзін дыстыбутыў ня можа задаволіць усіх карыстальнікаў, а таму побач зь лідэрамі пасьпяхова існуюць іншыя фірмы і суполкі праграмістаў, якія прапануюць свае рашэньні, свае дыстрыбутывы, свае паслугі. Раней была вядомая француская Mandriva (ранейшая назва Mandrake). Існуе мноства LiveCD, якія дазваляюць запускаць Linux непасрэдна з кампакт-дыска, без усталёўкі на цьвёрды дыск. Адным з найбольш папулярных LiveCD зьяўляецца Knoppix.

Для тых, хто жадае дасканала разабрацца з Linux, падыдзе любы з дыстрыбутываў, аднак даволі часта для гэтае мэты выкарыстоўваюцца так званыя source-based дыстрыбутывы, якія прадугледжваюць самастойную зборку ўсіх (або часткі) кампанэнтаў з зыходных кодаў, такія як LFS, Gentoo Linux або CRUX.

Высокі ўзровень доступу да ўнутраных мэханізмаў працы Linux паспрыяў стварэньню міту пра тэхнічную арыентацыю Linux у параўнаньні зь яго канкурэнтамі на пэрсанальных кампутарах. Linux і іншыя свабодныя праграмы часта крытыкуюць за цяжкасьці выкарыстаньня гэтых праграмаў.

Аднак у апошнія гады сытуацыя карэнна зьмянілася. Цяпер Linux можна лёгка карыстацца, ня ведаючы спэцыфіку ўнутраных працэсаў гэтай апэрацыйнай сыстэмы, дзякуючы графічнаму інтэрфэйсу карыстальніка, падобнаму на інтэрфэйсы іншых апэрацыйных сыстэмаў. Хаця ў некаторых сфэрах для Linux яшчэ ня створаныя паўнавартасныя аналягі спэцыялізаваных праграмаў зь іншых апэрацыйных сыстэмаў (гульні, мадэляваньне), аднак большасьць неабходных кожнаму карыстальніку праграм ужо напісана і эфэктыўна выкарыстоўваецца. Да таго ж, шмат карпарацыяў абвесьцілі пра падтрымку Linux у наступных вэрсіях сваіх праграмных прадуктаў (Opera пачынаючы з вэрсіі 26, Autodesk, MathWorks, Wolfram Research, Waterloo Maple). Усё гэта дазваляе зрабіць выснову, што Linux ужо амаль гатовы для паўсюднага выкарыстаньня і на пэрсанальных кампутарах.

Хаця для Linux існуе шмат праграмаў для наладкі сыстэмы, панэляў кіраваньня і іншага (напрыклад, CompizConfig, sugar-settings-manager, Xfce settings), але дагэтуль вельмі актыўна падтрымліваюцца магчымасьці наладкі сыстэмы шляхам рэдагаваньня адпаведных тэкставых файлаў настаўленьня.

Згодна з дасьледаваньнямі рынку, якія правяла кампанія IDC, 25% сэрвэраў і 2,8% настольных кампутараў працуюць пад кіраваньнем Linux (2004). Рынак Linux хутка павялічваецца, а таму прагназуецца, што ў 2008 годзе рынак напісаньня і абслугоўваньня праграмных прадуктаў для Linux дасягне $35,7 млрд.

Самы распаўсюджаны мэтад устаноўкі Linux на пэрсанальны кампутар — устаноўка з кампакт-дыску. Звычайна вобразы такіх дыскаў можна свабодна сьцягнуць зь сеціва і запісаць на свой носьбіт.

Некаторыя вытворцы кампутарнай тэхнікі пастаўляюць на рынак кампутары з ужо ўстаноўленай і наладжанай АС Linux. Сярод такіх вытворцаў можна выдзяліць Hewlett-Packard, Dell, Asus і Acer Inc.

Альтэрнатывай устаноўкі стандартнай настольнай апэрацыйнай сысэтмы зьяўляецца магчымасьць устаноўкі на кампутары тонкага кліента. Гэты мэтад дазваляе загрузку апэрацыйнай сыстэмы з аднаго зь сеткавых кампутараў. Такая загрузка зьмяншае каштарыс аднаго кампутарызаванага працоўнага месца.

Таксама даволі распаўсюджаная практыка загрузкі паўнавартаснай і гатовай для выкарыстаньня апэрацыйнай сыстэмы Linux з аптычнага дыску (LiveCD). Такую загрузку падтрымліваюць шматлікія дыстрыбутывы (Knoppix, Ubuntu і іншыя).

Збор кампілятараў GNU (GCC) зьяўляецца стандартным для АС Linux. GCC падтрымлівае мовы праграмаваньня C, C++, Java, Фартран і інш. Большасьць дыстрыбутываў таксама падтрымліваюць інтэрпрэтатары Perl, Python. Апошнім часам распрацоўнікі дыстрыбутываў пачалі пастаўляць і кампілятар C# ад праекту Mono.

Для Linux існуе шэраг інтэграваных асяродзьдзяў распрацоўкі, у тым ліку KDevelop, Anjuta, NetBeans, Eclipse, але ўсё роўна тэкставыя рэдактары Emacs і Vim застаюцца вельмі папулярнымі ў праграмісцкай супольнасьці. Дзьве асноўныя графічныя бібліятэкі стварэньня інтэрфэйсу для Linux: Qt і GTK+.

Акрамя свабодных кампілятараў і іншых праграмаў распрацоўкі існуюць і закрытыя, якія выпускаюць такія карпарацыі: Intel, PathScale і Група Portland.

Тэхнічную падтрымку карыстальнікаў Linux забясьпечваюць камэрцыйныя кампаніі і зацікаўленыя групы карыстальнікаў Linux.

Бізнэс-мадэль камэрцыйных кампаніяў звычайна заключаецца ў атрыманьні грошай за абслугоўваньне сваіх дыстрыбутываў, якія распаўсюджваюцца бясплатна. Некаторыя дыстрыбутары таксама бяруць грошы за выкарыстаньне сваіх дыстрыбутываў, а ня толькі падтрымку. Яны дадаюць у дыстрыбутыў закрытыя праграмы і такім чынам абмяжоўваюць правы карыстальнікаў на распаўсюд.




#Article 54: Грэцыя (2253 words)


Грэ́цкая рэспу́бліка () альбо Грэ́цыя () — дзяржава ў Паўднёвай Эўропе, на Балканскім паўвостраве й шматлікіх астравах (найбуйнейшыя — Крыт, Эўбэя, Родас, Лесбас) у Эгейскім і Іянічным марах, ва ўсходняй частцы Міжземнага мора. Насельніцтва каля 11 мільёнаў, каля 95% зь іх — грэкі. Сталіца — Атэны.

На поўначы Грэцыя мяжуе з Баўгарыяй і Паўночнай Македоніяй, на паўночным захадзе з Альбаніяй, на паўночным усходзе з Турэччынай. Мае дзевяць гістарычных абласьцей: Македонію, Цэнтральную Грэцыю, Пэляпанэс, Тэсалію, Эпір, Эгейскія астравы, Тракію, Крыт і Іянічныя астравы. Знаходзіцца на 11-м месцы ў сьвеце паводле працягласьці берагавой лініі — 13 676 км. Грэцыі належаць больш за 2000 астравоў, каля 170 зь якіх населеныя.

Шмат хто лічыць Грэцыю «калыскай» сучаснай заходняй цывілізацыі. Тут зарадзіліся дэмакратыя, заходняя філязофія, Алімпійскія гульні, заходняя літаратура, гістарыяграфія, паліталёгія, базавыя навуковыя й матэматычныя прынцыпы і драма (у тым ліку трагедыя й камэдыя). Культурніцкія й тэхналягічныя дасягненьні Грэцыі аказалі значны ўплыў на сьвет, распаўсюдзіліся на Ўсход праз заваёвы Аляксандра Вялікага, а на Захад праз інкарпарацыю ў Рымскую імпэрыю і наступную Бізантыю. Грэцкая праваслаўная царква таксама распаўсюдзіла грэцкія традыцыі на шырэйшы праваслаўны сьвет. Багатая спадчына Грэцыі захавалася ў ейных 17 аб’ектах Сусьветнай спадчыны. Незалежнасьць дзяржавы была абвешчаная ў 1830 року пасьля вайны Грэцыі за незалежнасьць ад Асманскай імпэрыі.

Цяпер Грэцыя — дэмакратычная разьвітая дзяржава з разьвітай эканомікай, высокімі якасьцю і стандартамі жыцьця. Краіна зьяўляецца адной з заснавальніцаў ААН, дзясятай далучылася да Эўрапейскіх супольнасьцяў (прадвесьнік Эўразьвязу), з 2001 року ўваходзіць у Эўразону. Зьяўляецца сябрам міжнародных арганізацыяў, такіх як Рада Эўропы, НАТО, АЭСР, АБСЭ і СГА.

Саманазва краіны — Эляс (Hellas) або Эляда (Ellada), аднак на іншых мовах краіна называецца інакш. Тэрмін Грэцыя паходзіць ад лацінскага Graecia, што літаральна азначае «зямля грэкаў» (ад ).

Грэцыя была заселеная зь незапамятных часоў. Рэшткі старажытных архантрапаў узростам ў 270 тыс. гадоў знойдзены ў пячоры Пэтралоне. Вядомыя таксама астанкі неандэртальцаў, якія жылі 40 тыс. гадоў таму на тэрыторыі Пэляпанэсу.

Дагрэцкая эгейская цывілізацыя датуецца XXX-XII стагодзьдзямі да н. э.

Першая культура на тэрыторыі Грэцыі, дзе дамінуе ўласна грэцкае насельніцтва — гэта Мікенская культура, якая аб’яднала ў сабе дасягненьні ранейшых эгейскіх культураў.

Традыцыйна ўласна старажытнагрэцкі пэрыяд пачаўся зь першых Алімпійскіх гульняў у 776 да н. э. і працягваўся да сьмерці Аляксандра Македонскага ў 323 да н. э.

Эліністычны пэрыяд гісторыі Грэцыі працягваўся ад сьмерці Аляксандра Македонскага да далучэньня Пэляпанэскага паўвострава і грэцкіх астравоў да Рыма ў 146 да н. э.

Рымская Грэцыя — пэрыяд грэцкай гісторыі пасьля перамогі Рыма над карынцянамі ў бітве пры Карынце ў 146 да н. э. да перайменаваньня гораду Бізантыя ў 330 у Новы Рым, пазьней Канстантынопаль, рымскім імпэратарам Канстантынам I і пераносу ў яго сталіцы Рымскай імпэрыі.

У складзе Бізантыі значэньне Грэцыі зноў павышаецца. У XIV стагодзьдзі гэты пэрыяд заканчваецца з далученьнем Грэцыі да імпэрыі турак-асманаў. Большая частка Грэцыі зьяўлялася часткай Асманскай імпэрыі да абвяшчэньня незалежнасьці ў 1821.

Першым кіраўніком незалежнай Грэцыі быў Яан Кападыстрыя.

Аднак на тэрыторыі незалежнай Грэцыі тады пражывала толькі каля 1/6 часткі грэкаў Міжземнамор’я (каля 0,8 млн з 5 мільёнаў). Таму да 1970-х гадоў галоўным вэктарам ўнутранай і зьнешняй палітыкі былі пляны па аднаўленьні грэцкага адзінства, якія атрымалі ў XIX стагодзьдзі назву Вялікай ідэі (), а на сумежных грэцкіх тэрыторыях узьнік тэрмін энозіс, або імкненьне да ўзьяднаньня з Грэцыяй.

Пасьля стварэньня Турэцкай Рэспублікі Грэцыя ўцягнулася ў 1919—1922 гадах у вайну супраць яе і прайграла. У 1941—1944 гадах акупаваная італьянска-нямецкімі войскамі. У 1944—1949 гадах у Грэцыі ідзе грамадзянская вайна паміж камуністамі і раялістамі, аднак манархія будзе скасаваная толькі ў 1973 сіламі ваенных.

Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел Грэцыі ўключае ў сабе 13 адміністрацыйных акругаў (вобласьцей, або пэрыфэрыяў ()), якія затым падзяляюцца на 54 номы, або прэфэктуры. Дадаткова да гэтых акругаў існуе адзін аўтаномны рэгіён — Аян-Орас ( — «Сьвятая Гара») у раёне гары Атон.

Грэцыя — парлямэнцкая рэспубліка. Кіраўніком дзяржавы зьяўляецца прэзыдэнт, які выбіраецца парлямэнтам на пяцігадовы тэрмін. Існуючая канстытуцыя была зацьверджаная парлямэнтам і ўведзена ў дзеяньне ў 1975 годзе, пасьля падзеньня вайсковай хунты, захапіўшай уладу з 1967 да 1974 году. З таго часу канстытуцыя зьмянялася ў 1986, 2001 і 2008 гадах. Канстытуцыя ўтрымлівае 120 параграфаў, якія падзяляюць дзяржаўную ўладу на заканадаўчую, выканаўчую і судовую і дае пашыраныя гарантыі грамадзкім свабодам і правам.

Згодна з канстытуцыяй, выканаўчая ўлада належыць прэзыдэнту рэспублікі і ўраду. Пасьля папраўкі 1986 году прэзыдэнцкія абавязкі былі значна паменшаныя і зараз прэзыдэнт зьяўляецца хутчэй пратакольнай асобай. Абавязкі прэм’ер-міністра выконвае лідэр партыі, якая мае, на бягучы момант, большасьць у парлямэнце. Прэзыдэнт фармальна пазначае прэм’ер-міністра і па яго рэкамэндацыям міністраў. Прэм’ер-міністар валодае большай часткай палітычнай улады, і згодна з папраўкай 1986 году яму была перададзена большая частка прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў.

Заканадаўчая ўлада належыць парлямэнту, які складаецца з 300 дэпутатаў. Законы прынятыя парлямэнтам павінны зацьвярджацца прэзыдэнтам. Парлямэнцкія выбары праходзяць кожныя чатыры гады, але прэзыдэнт мае права распусьціць парлямэнт па прапанове кабінэта міністраў. Прэзыдэнт таксама можа распусьціць парлямэнт пасьля таго як апазыцыя зможа арганізаваць вотум недаверу.

Судовая ўлада незалежная ад выканаўчай і заканадаўчай і складаецца з трох вярхоўных судоў: Касацыйны Суд (Άρειος Πάγος), Дзяржаўны Савет (Συμβούλιο της Επικρατείας) і Эканамічны Суд (Ελεγκτικό Συνέδριο). Судовая ўлада уключае яшчэ і грамадзянскія суды, якія разглядаюць адміністрацыйныя, грамадзянскія і крымінальныя справы.

Грэцкі паўвостраў, разьмешчаны на паўднёвым усходзе Эўропы, займае плошчу 131 957 км². Грэцыя разьмешчаная ў паўднёвай частцы Балканскага паўвострава і на прылеглых да яго і да ўзьбярэжжа Малой Азіі астравах. Мяжуе з Альбаніяй, Македоніяй, Баўгарыяй і Турэччынай. Абмываецца: Міжземным морам, у тым ліку: Іянічным, Эгейскім морамі, а паўднёвае ўзьбярэжжа Крыта — Лівійскім морам. У склад Грэцыі ўваходзіць каля 2 тысячаў астравоў, на якія прыходзіцца каля 20 % усёй краіны. Тэрыторыя Грэцыі падзеленая на тры часткі. У матэрыковую Грэцыю ўваходзяць: Македонія — паўночная вобласьць Грэцыі, межная з Альбаніяй (Яніна, Ігуменіца), Баўгарыяй (Радопі) і Паўночнай Македоніяй (Касторыя, Халькідыкі); Тракія — паўночна ўсходняя вобласьць, межная з Баўгарыяй і Турэччынай (Александропаль, Каматыні); Эпір — паўночна заходняя вобласьць, межная з Альбаніяй (абмываецца Іянічным морам); Тэсалія — найболей раўнінная вобласьць, з усходу абмываецца Эгейскім морам (Лярыса, Воляс, Трыкала); Цэнтральная Грэцыя — цэнтральная частка Грэцыі (Халькіда, Лямія, Амфіса); Атыка — вобласьць вакол Атэнаў; Пэляпанэс — самы вялікі паўвостраў Грэцыі (плошча — 21,4 тыс. кв. км), злучаны з матэрыковай часткай вузкім Карынтскім перашыйкам (шырыня 5 км), празь які ў канцы XIX стагодзьдзя быў прарыты канал (даўжынёй 6500 м, шырыня 23,5 м, глыбіня 40 м). Трэці раён утвараюць астравы Эгейскага мора: Эўбэя — другая па велічыні, пасьля Крыта, востраў Грэцыі (3,9 тыс.кв.км), злучаны з кантынэнтам мастом; Лесбас — адзін з буйных астравоў Грэцыі (1,6 тыс.кв.км); Паўночныя Спарады — астравы Скірас, Скапелас, Юра, Іліадрамія і інш. у паўночна-заходняй часткі Эгейскага мора; Кіклады — «кіклас» па-грэцку — утвараючы кольца, архіпэляг у цэнтральнай і паўднёвай частцы Эгейскага мора (астравы Аморгас, Андрас, Сыфнос, Сантарыні, Тымас, Кітнас і інш.); Паўднёвыя Спарады — Дадэканэс — архіпэляг з 12 астравоў у паўднёваўсходняй часткі Эгейскага мора, ва ўзьбярэжжа Турэччыны (астравы Родас, Самас, Астыпалея, Калімнас, Карпатос, Лерас і інш.).

Грэцкі ляндшафт — гэта чаргаваньне скалістых, звычайна бязьлесных гор, густанаселеных далінаў, шматлікіх астравоў, праліваў і бухтаў. Маляўнічыя скалы, пляжы, экзатычныя гроты падаюць велізарныя магчымасьці для адпачынку на моры і горнага турызму. Шырокае распаўсюджваньне вапнякоў, асабліва ў заходняй частцы краіны, прывяло да фармаваньня карставых варонак, пячораў, якія надаюць ляндшафту своеасаблівае дзікае аблічча і што прываблівае аматараў выпрабаваць свае сілы ў спэлеалёгіі. Горныя масівы займаюць амаль чвэрць паверхні тэрыторыі краіны. Гэта пераважна сярэдняй вышыні горы (да 1200—1800 м). Найвышэйшы пункт Грэцыі — гара Алімп (2917 м). Вышэй 2000 мэтраў паднімаюцца таксама Пінд, Парнас, горны ланцуг на поўначы Пэляпанэса і Тайгет. Раўнін мала, засяроджаныя яны ва ўсходняй палове краіны, за выключэньнем Пэляпанэса, дзе раўніны пераважаюць на заходнім узьбярэжжы. Пад лесам і хмызьняком каля 30,9 % тэрыторыі. Нацыянальныя паркі: Вікас-Аос, Мікра-Прэспа, Эта і інш.

На вузкім і гарыстай Грэцкай паўвысьпе не маглі ўтварыцца вялікія рачныя сыстэмы. Пераважаюць горныя рэкі, кароткія, бурныя, з маляўнічымі парогамі і вадаспадамі, часта бягучыя да мора ў вузкіх каньёнах. Самая доўгая рака Грэцыі — Альякмон (амаль 300 км). Іншыя буйныя рэкі — Эбрас, Нэстас, Стрымон, Вардар, Ахелас. Рэкі не прыдатныя для суднаходзтва, але гуляюць даволі вялікую ролю як крыніцы энэргіі.

У Грэцыі налічаецца больш за 20 азёраў плошчай 10—100 км². Самыя буйныя і глыбокія зь іх тэктанічнага паходжаньня. Да іх прыналежаць азёры Трыхоніс (95,5 км²), Волві (75,6 км²), Вэгарытыс (72,5 км²). Шмат карставых азёраў. Яны, як правіла, невялікія, сілкуюцца ў асноўным падземнымі водамі. Найбуйнае з іх — Яніна (22 км²).

У склад Грэцыі ўваходзіць больш за 2000 астравоў, ад буйных (Крыт, Эўбэя) да дробных (Патмас, Хрысі, Кастэлярыза). На іх долю прыпадае каля 20 % усёй грэцкай тэрыторыі (24,8 тыс кв. км.).

Усе астравы падзяляюцца на некалькі груп:

Грэцыя не валодае значнымі запасамі якіх-небудзь карысных выкапняў. Найбольш распаўсюджаным і здабываемым зьяўляецца лігніт, або слабавуглефікаваны буры вугаль. Ён зьяўляецца галоўным паліўным рэсурсам Грэцыі. У канцы XX стагодзьдзя ў Эгейскім моры былі знойдзеныя нязначныя запасы нафты і газу. Вядзецца іх распрацоўка.

Адносна багатая Грэцыя руднымі карыснымі выкапнямі. Сярод іх жалезныя, марганцавыя, нікелевыя, хромавыя, медныя і полімэталічныя руды. Значныя запасы баксытаў, або алюмінавых руд. Паводле ацэнак геолягаў у нетрах Грэцыі залягаюць каля 650 млн.т. гэтай каштоўнай руды, што робіць Грэцыю адным з найбуйнейшых яе здабытчыкаў ў Эўропе.

На тэрыторыі Грэцыі захавалася няшмат відаў дзікіх жывёлаў і папуляцыі іх невялікія. Гэта зьвязана са шматтысячагадовай гісторыяй гэтай краіны — больш за 8000 гадоў людзі актыўна палявалі на жывёлаў і вынішчалі расьліны на тэрыторыі Грэцыі. Найбольш распаўсюджаныя тут невялікія жывёлы: зайцы, барсукі і розныя віды мышэй.

З прыкладна 5000 відаў расьлінаў Грэцыі найбольш распаўсюджаныя невялікія расьліны і кусты. На паўвысьпе Халкідыкі часта сустракаюцца хваёвыя лясы. Распаўсюджаныя кіпарысы і плятаны. Узрост некаторых дасягае некалькіх тысячаў гадоў. Вельмі распаўсюджаная аліва — адно з каштоўных дрэваў Грэцыі і ўсяго Міжземнамор’я.

У цэлым бедная расьліннасьць Грэцыі тлумачыцца шырокім распаўсюджваньнем коз у Старажытнай Грэцыі, якія абгрызалі кару дрэваў, з прычыны чаго тыя гінулі, а дробныя расьліны проста вытоптваліся. Існуе нават прымаўка — «Грэцыю зьелі козы».

У 1981—1990 гадах у Грэцыі адбыліся значныя эканамічныя пераўтварэньні і пачаўся хуткі эканамічны рост краіны. Зь сельскагаспадарчай краіны Грэцыя перанакіравала сваю эканоміку на сфэру паслугаў (у асноўным транспарт), турызм, гандаль і фінансы. Важную ролю адыграла і сяброўства з 1981 году ў Эўрапейскім Зьвязе, а таксама дапамога зь яго боку. З 1985 да 1991 году Грэцыя атрымлівала штогод 2,5 млрд даляраў ЗША у рамках так званага інтэграцыйнага пляну, сярэднегадавы прырост СУП у 1987—1990 гадах складаў 1,6%. У 2017 годзе 79,1% нацыянальнага прыбытку ствараюць паслугі, 16,9% — прамысловасьць, 4,1% — сельская гаспадарка.

У прамысловасьці асноўнае разьвіцьцё атрымала лёгкая і харчовая галіны. Паводле ацэнкі, у 2015 годзе ў прамысловасьці былі занятыя 15% працаздольнага насельніцтва. Вядзецца здабыча баксытаў, пірытаў, нікелю, магнэзытаў. Разьвітая і мэталюргічная прамысловасьць, яле ў адпаведнасьці з рашэньнем ЭЗ, вытворчасьць сталі скарочаная на 30%. Адным з найбольшых прадпрыемстваў каляровай мэталюргіі было «Біёхалко». Існуюць прадпрыемствы машынабудаўнічай, нафтахімічнай і дрэваапрацоўчай галінаў эканомікі. У горадзе Волас разьмешчана самая буйная ў сьвеце фабрыка цэмэнту. Пад грэцкім флягам рэгіструецца шмат караблёў, у выніку чаго, фармальна Грэцыя валодае самым буйным у сьвеце грамадзянскім флётам. Значную ролю, традыцыйна, мае рыбная лоўля. У Грэцыі 1308 гандлёвых караблёў (22 месца ў сьвеце).

У сельскай гаспадарцы разьвіцьцё атрымала вытворчасьць садавіны і гародніны. Асноўнымі сельскагаспадарчымі культурамі зьяўляюцца масьліны, вінаград, дыні, пэрсікі, апэльсіны і памідоры.

Штогод Грэцыя прымае каля 10 млн турыстаў, што дае значную долю грашовага прыбытку краіны.

Паводле перапісу 1966 года, у Грэцыі жылі 8,74 чалавек. У 1977 годзе ў Грэцыі жылі 9280 тыс. чалавек. У 1988 годзе насельніцтва Грэцыі ацэньвалася ў 9,9 млн чалавек. У 1995 годзе ў Грэцыі пражывалі 10,5 млн чалавек. У 2006 годзе насельніцтва Грэцыі складала 11,3 млн чалавек. Паводле ацэнкі ў 2020 годзе насельніцтва Грэцыі складае  чалавек. Большасьць насельніцтва Грэцыі складаюць грэкі (80—90%), але гэтыя зьвесткі часта аспрэчваюцца, у выніку недаўліку нацыянальных меншасьцяў, асабліва моўным. Афіцыйная статыстыка Грэцыі не вядзе ўліку насельніцтва па нацыянальнасьцям. Па зьвесткам навукоўцаў-этнаграфаў, у Грэцыі існуюць наступныя нацыянальныя меншасьці: туркі (0,8%), памакі (баўгарамоўныя мусульмане — 0,3%), цыганы-мусульмане (0,1%), альбанцы (1-5%), арамуны (1,1%), праваслаўныя цыганы (1,8%), сэрбы (0,3%), арабы (0,3%), армяне (0,3%), габрэі (0,05%) і інш.

Для Грэцыі характэрная дыспрапорцыя гарадзкога расьсяленьня: пераразьвітая аглямэрацыя Атэнаў (з агульным насельніцтвам звыш 4 млн чалавек — 7-я па памерах аглямэрацыя ў ЕС) і невялікія іншыя гарады (толькі 4 зь іх, што не ўваходзяць у атэнскую аглямэрацыю, маюць насельніцтва звыш 100 тыс. чалавек).

Паводле перапісу 2011 году буйнейшымі гарадамі Грэцыі зьяўляюцца:

Паводле афіцыйных ацэнак, 81-90% грэкаў зьяўляюцца чальцамі грэцкай праваслаўнай царквы.

У праведзеным Эўрастатам у 2010 року апытаньні 79% грамадзянаў Грэцыі адзначылі, што «вераць у існаваньне Бога».

Грэцкая кухня прадстаўляе сабой прыклад тыповай міжземнаморскай або балканскай кухні. Але шмат у чым кухня грэкаў адрозная ад кухняў яе бліжэйшых суседзяў — Баўгарыі, Альбаніі і Італіі. Перш за ўсё спэцыі: іх грэкі дадаюць у сваю ежу часьцей за іншых у Эўропе. Разам з тым грэцкая кухня не зьяўляецца вострай.

Другая адметная асаблівасьць грэцкай кухні гэта мноства аліўкавага алею. Ён дадаецца практычна ва ўсе стравы і выкарыстоўваецца ня толькі як духмяная прыправа, але і падчас тэрмічнай апрацоўкі ежы. Яшчэ адным незаменным кампанэнтам зьяўляецца лімон.

Асаблівы гонар грэкаў — сыр. У Грэцыі яго вырабляецца ня менш за 50 гатункаў (у кожным рэгіёне свой асаблівы рэцэпт). Грэкі спажываюць сыру больш за ўсіх у сьвеце — больш за 25 кг у год на чалавека. Самы папулярны гатунак носіць назву «фэта»: менавіта ён выкарыстоўваецца ў прыгатаваньні знакамітага «грэцкага салату», які ў самой Грэцыі называецца «харыятыкі» (вясковы).

Ня менш папулярнае ў Грэцыі мяса. Перавага аддаецца сьвініне, бараніне і казьляціне. Мусака — адна з самых вядомых страваў, прыгатаваная з дадаваньнем як мяса, так і традыцыйнай для Грэцыі агародніны. Вельмі папулярныя рыба, малюскі і іншыя морапрадукты.

У Грэцыі сьвяткуюць наступныя сьвяты

У 2006 годзе Атэны прымалі ў сябе конкурс песьні Эўрабачаньне пасьля перамогі на папярэднім конкурсе сьпявачкі Хэлены Папарызу.

Грэцыя — радзіма Алімпійскіх гульняў. Спорт папулярны тут з часоў гарадоў-дзяржаваў. Пра значнасьць спорту ў Грэцыі кажа той факт, што на час правядзеньня алімпійскіх гульняў перапыняліся ўсе войны паміж грэкамі.

У сучаснай Грэцыі спорт таксама не згубіў актуальнасьці. У 1896 годзе ў Атэнах былі праведзеныя першыя Алімпійскія гульні сучаснасьці, дзе ўдзельнічалі 13 краінаў.

У 2004 годзе Грэцыя ізноў прыняла ў сябе Алімпійскія гульні. У іх удзельнічала ўжо 211 дзяржаваў. Былі пабудаваныя новыя спартовыя збудаваньні з прымяненьнем найноўшых тэхналёгіяў.

Сёньня найбольш папулярнымі відамі спорту зьяўляюцца футбол, баскетбол і плаваньне. У 2004 годзе Грэцыя стала чэмпіёнам Эўропы па футболе, саступіўшы толькі ў адным матчы сборнай Расеі.




#Article 55: Рыгор Рэлес (139 words)


Рыго́р (Гірша) Льво́віч Рэлес ( — 19 верасьня 2004) — пісьменьнік і паэт, які пісаў на ідыш.

Нарадзіўся 23 красавіка 1913 году ў горадзе Чашнікі Віцебскай вобласьці (тады ў Лепельскім павеце). Скончыў Віцебскі пэдагагічны тэхнікум (1933), вучыўся на жыдоўскім аддзяленьні літаратурнага факультэта Менскага пэдагагічнага інстытуту. Упершыню выступіў у друку зь вершам у 1931 годзе (газэта «Юнгер арбайтэр» — «Малады рабочы»). Пісаў на ідыш і па-расейску. Выдаў зборы вершаў на мове ідыш «Пачатак» (1939), «Вершы» (1941) і кнігу апавяданьняў «Пад мірным небам» (Масква, 1983). У перакладзе на беларускую мову выйшла кніга вершаў «Бяроза пад акном» (1961), на расейскую — «Стихи» (Масква, 1974). Стала друкаваўся на старонках жыдоўскага часопіса «Саветыш Геймланд» («Савецкая Радзіма», Масква). Выступаў і ў галіне прозы. Першая аповесьць «Пра тое, чаго не ведаюць вучні» надрукаваная ў 1955 годзе ў перакладзе на беларускую мову (часапіс «Полымя»).

Сярод перакладчыкаў вершаў Рэлеса — Фэлікс Баторын.




#Article 56: Франсуаза Саган (108 words)


Франсуа́за Сага́н альбо Франсуаза Саґан () (21 чэрвеня 1935 — 24 верасьня 2004) — француская пісьменьніца. Сапраўднае прозьвішча Куарэ ().

Франсуаза Саган навучалася ў Сарбонскім унівэрсытэце, але ня скончыла яго. Свой першы раман «Вітаю цябе, сум» (Bonjour Tristesse) яна напісала у 18 гадоў — гэты раман быў надрукаваны ў 1954 годзе і адразу зрабіў яе знакамітай. Ён быў перакладзены на 22 мовы, і выдадзены агульным накладам больш як 5 мільёнаў асобнікаў.

Француаза Саган зьяўляецца аўтаркай больш як 50 кніг (раманы, п'есы, аповесьці). Многія зь іх былі экранізаваныя.

У дзень яе сьмерці прэзыдэнт Францыі Жак Шырак сказаў, што яна была «вядучай прадстаўніцай свайго пакаленьня», якая дапамагла вызваленьню францускай жанчыны.




#Article 57: Сыстэма зьлічэньня (315 words)


Сыстэма зьлічэньня — спосаб запісу лікаў пры дапамозе лічбаў. Яна прызначана для прадстаўленьня пэўнага шэрагу лікаў (напрыклад цэлыя лікі) у пісьмовай форме і наадварот, для ўяўленьня велічыні ліку па яго напісаньню, а таксама дзеля адлюстраваньня некаторых уласьцівасьцяў і структуры лікаў.

Найпрасьцейшая і самая старажытная сыстэма зьлічэньня — адзінкавая сыстэма зьлічэньня. Напачатку людзі занатоўвалі лікі пры дапамозе зарубак на дрэве, вузлоў на вяроўцы, драпінах на скуры, ігд. Колькі адзінак (зарубак, вузлоў, драпін) — такі і лік. Напрыклад, ||||||| азначае лік 7 (калі прыняць сымбаль | за адзінку). Гэтая сыстэма ўжывальна толькі для малых натуральных лікаў. Складаньне і адніманьне ў гэтай сыстэме выконваецца вельмі проста, але ўжо памнажэньне і дзяленьне даволі складаныя. Напрыканцы мiнулага стагоддзя зьявiлася абазначэнне лiкаў ад 0 да 1 у адзінкавай сыстэме зьлічэньня не толькi з дробавай рысай, а i з дробавай коскай. У наш час яна ўжываецца ў некаторых навуках: інфарматыцы, геамэтрыі (мінуты і сэкунды пры вымярэньні вуглоў), альгебры (ступені вытворных).

Больш прыдатнымі зьяўляюцца сыстэмы, якія ўжываюць нейкі варыянт скарачэньня запісу. Пры гэтым ужываюць адмысловыя знакі ня толькі для адзінкі, але і для больш буйных лікаў, звычайна — ступеням ліка 10. Астатнія лікі ўтвараюцца пры дапамозе сумаваньня значэньняў тых знакаў. На такіх прынцыпах пабудаваныя рымскія лічбы і альфабэтныя сыстэмы зьлічэньня.

Яшчэ лепшымі зьяўляюцца так званыя пазыцыйныя сыстэмы зьлічэньня — найбольш вядомай зь якіх ёсьць дзесятковая, якой карыстаюцца амаль паўсюдна. Асноўныя прынцыпы такіх сыстэмаў: зададзены фіксаваны набор лічбаў, і пазыцыя лічбы ў запісу ліку пазначае ступень асновы сыстэмы, на якую трэба памножыць гэтую лічбу. Сума такіх здабыткаў і ўтварае значэньне ліку. 
Напрыклад, у дзесятковай сыстэме 10 лічбаў 0, 1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9 — іх колькасьць дае назоў сыстэме зьлічэньня: дзесятковая, 10 — аснова. Так, значэньне ліку 702 ёсьць: 7*10^2 + 0*10^1 + 2*10^0 = 7*100 + 0 + 2. Пазыцыя лічыцца ад 0 справа налева.
Арыфмэтычныя апэрацыі ў пазыцыйных сыстэмах больш простыя, да таго ж для запісу адвольна вялікага ліку патрабуецца абмежаваны (концы) набор знакаў (лічбаў).




#Article 58: Эўрапейскі Зьвяз (1771 words)


Эўрапе́йскі Зьвяз (Эўразьвя́з) — эканамічнае і палітычнае аб’яднаньне краінаў Эўропы, у якое цяпер уваходзяць 27 дзяржаваў кантынэнту. Зьвяз накіраваны на рэгіянальную інтэграцыю, зьвяз быў юрыдычна замацаваны Маастрыхцкай дамовай у 1992 годзе на прынцыпах Эўрапейскіх супольнасьцяў. Агульнае насельніцтва ЭЗ складае 500 млн чалавек, што прыкладна адпявядае 7,3% насельніцтву ўсёй плянэты.

З дапамогай стандартызаванай сыстэмы законаў, якія дзейнічаюць ва ўсіх краінах зьвяза, быў створаны агульны рынак, які гарантуе свабодны рух людзей, тавараў, капіталу і паслуг, уключаючы адмену пашпартнага кантролю ў межах Шэнгенскай зоны, у якую ўваходзяць як краіны-сябры , гэтак і іншыя эўрапейскія дзяржавы. Эўразьвяз прымае законы (дырэктывы, заканадаўчыя акты і пастановы) у сфэры правасудзьдзя і ўнутраных справаў, а таксама выпрацоўвае агульную палітыку ў галіне гандлю, сельскай гаспадаркі, рыбалоўства і рэгіянальнага разьвіцьця. 19 краінаў зьвяза ўвялі ў зварот адзіную валюту, эўра, утварыўшы эўразону.

Зьяўляючыся суб’ектам міжнароднага публічнага права, Эўразьвяз мае паўнамоцтвы на ўдзел у міжнародных адносінах і складаньне міжнародных дамоваў. Сфармаваная агульная зьнешняя палітыка і палітыка бясьпекі, якая прадугледжвае правядзеньне ўзгодненай зьнешняй і абароннай палітыцы. Па ўсім сьвеце заснаваны сталыя дыпляматычныя місіі ЭЗ, дзейнічаюць прадстаўніцтвы ў Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў, СГА, Вялікай васьмёрцы і Групе дваццаці. Дэлегацыі ЭЗ узначальваюцца амбасадарамі ЭЗ.

ЭЗ зьяўляецца міжнародным утварэньнем, якое спалучае прыкметы міжнароднай арганізацыі і дзяржавы, аднак фармальна ён не зьяўляецца ні тым, ні іншым. У пэўных галінах рашэньні прымаюцца незалежнымі наднацыянальнымі інстытутамі, а ў іншых — ажыцьцяўляюцца з дапамогай перамоваў паміж дзяржавамі-чальцамі зьвязу. Найбольш важнымі інстытутамі ЭЗ зьяўляюцца Эўрапейская камісія, Рада Эўрапейскага зьвязу, Эўрапейская Рада, Суд Эўрапейскага зьвязу і Эўрапейскі цэнтральны банк. Эўрапейскі парлямэнт абіраецца кожныя пяць гадоў грамадзянамі ЭЗ.

Пасьля Другой сусьветнай вайны рух да эўрапейскай інтэграцыі пачаў разглядацца многімі палітыкамі як уцёкі ад скрайніх формаў нацыяналізму, якія абрынуліся на кантынэнт. У годзе 1948 на Гаагаўскім кангрэсе былі створаныя Эўрапейскі фэдэральны рух і Каледж Эўропы, месца, дзе будучыя лідэры Эўропы маглі жыць і навучацца разам. У 1952 годзе ўступіла ў сілу Парыская дамова, якая была падпісаная яшчэ ў 1951 годзе, паводле якой было створанае Эўрапейскае аб’яднаньне вугалю й сталі, што было абвешчана першым крокам у фэдэралізацыі Эўропы. Галоўнай мэтай стварэньня гэтага аб’яднаньня была ліквідацыя магчымасьці пачатку войнаў паміж дзяржавамі-чальцамі шляхам аб’яднаньня нацыянальнай цяжкай прамысловасьці кожнай з краінаў у адну агульную. Сябрамі й заснавальнікамі супольнасьці сталі Бэльгія, Францыя, ФРН, Італія, Люксэмбург і Нідэрлянды.

У 1957 годзе шэсьць краінаў-заснавальніцаў падпісалі Рымскі дагавор, што прывяло да павелічэньня раней існага супрацоўніцтва ў рамках Эўрапейскага аб’яднаньня вугалю і сталі (ЭАВС). Паводле дамовы была створана Эўрапейская эканамічная супольнасьць (ЭЭС), якая была накіравана на стварэньне мытнага зьвязу. У той жа дзень было падпісана пагадненьне аб стварэньні Эўрапейскай супольнасьць па атамнай энэргіі (Эўратам) для супрацоўніцтва ў разьвіцьці ядзернай энэргетыкі. Абодве дамовы ўступілі ў сілу ў 1958 годзе. У 1992 годзе паводле Маастрыхсцкай дамовы 15 удзельніцаў Эўразьвязу істотна падвысілі палітычны статус свайго аб’яднаньня, пагадзіўшыся праводзіць агульную абаронную, фінансавую й эканамічную палітыку. Базавая структура Эўразьвязу ўключае ў сябе Эўракамісію (своеасаблівая Рада міністраў), эўрапейскі парлямэнт і суд. Асноўныя кіраўнічыя структуры Эўразьвязу знаходзяцца ў Брусэлі.

У 1973 годзе да Зьвязу далучыліся Вялікабрытанія, Данія й Ірляндыя. У 1981 годзе — Грэцыя. Грэнляндыя, якая атрымала пэўны сувэрэнітэт ад Даніі у 1979 годзе, пакінула Эўразьвяз у 1985 годзе па правядзеньні рэфэрэндуму. У 1986 годзе да Зьвязу далучыліся Гішпанія й Партугалія. У 1995 годзе чальцамі ЭЗ сталі Аўстрыя, Фінляндыя, Швэцыя. 1 траўня 2004 году да Эўразьвязу далучыліся яшчэ 10 новых сябраў: Вугоршчына, Кіпр, Латвія, Летува, Мальта, Польшча, Славаччына, Славенія, Чэхія й Эстонія. Па стане на 1 студзеня 2007 году Румынія й Баўгарыя сталі сябрамі ЭЗ. У тым жа годзе, Славенія прыняла эўра. У 2008 годзе на адзіную эўрапейскую валюту перайшлі Кіпр і Мальта, Славаччына — у 2009 годзе, Эстонія — 2011 годзе й Латвія — у 2014 годзе. У чэрвені 2009 году адбыліся выбары ў Эўрапейскі парлямэнт, што прывяло да стварэньня другога кабінэту міністраў Жузэ Барозу. Да ліпеня 2009 году афіцыйную заяўку на ўступ накіравала Ісьляндыя, але з тых часоў перамовы былі прыпыненыя.

У 2012 годзе Эўрапейскі Зьвяз атрымаў Нобэлеўскую прэмію міру за ўнёсак у разьвіцьцё міру і замірэньня, дэмакратыі і правоў чалавека ў Эўропе. Па стане на 1 ліпеня 2013 году Харватыя стала 28-м чальцом ЭЗ. 8-я выбары ў Эўрапарлямент, якія прайшлі ў траўні 2014 году, паказалі рост эўраскептыцызму. Бягучыя кандыдаты на ўступленьне ў Эўразьвяз: Турэччына, Сэрбія й Паўночная Македонія.

З пачаткам 2010-х гадоў згуртаванасьць Эўрапейскага Зьвязу была правераная некалькімі пытаньнямі, у тым ліку пазыковым крызісам у некаторых краінах эўразоны, узмацненьнем міграцыі з Афрыкі і Азіі і выхадам Вялікабрытаніі з ЭЗ. У 2016 годзе ў Вялікабрытаніі адбыўся рэфэрэндум аб ейным чалецтве ў Эўрапейскім Зьвязе, на якім 51,9% удзельнікаў прагаласавалі за выхад краіны са зьвязу. Вялікабрытанія афіцыйна паведаміла Эўрапейскую раду аб сваім рашэньні пакінуць зьвязу 29 сакавіка 2017 году, распачаўшы фармальную працэдуру выхаду. Аднак, выхад адбыўся толькі 31 студзеня 2020 году, хаця большасьць абласьцей заканадаўства ЭЗ па-ранейшаму будуць прымяняцца да Вялікабрытаніі на працягу пераходнага пэрыяду, які скончыцца не раней за канец 2020 году.

Эўрапейскі зьвяз мае сем асноўных установаў, як то Эўрапейскі парлямэнт, Рада Эўрапейскага зьвязу, Эўрапейская камісія, Эўрапейская рада, Эўрапейскі цэнтральны банк, Суд Эўрапейскага зьвязу і Эўрапейская падліковая палата. Заканадаўчае права зь іх маюць Эўрапейскі парлямэнт, які непасрэдна абіраецца дзяржавамі Эўрапейскага зьвязу, і Рада Эўрапейскага зьвязу, у якую ўваходзяць міністры ўрадаў усіх чальцоў зьвязу. Выканаўчыя функцыі ўскладзены на Эўрапейскую камісію і ў абмежаваным аб’ёме на Эўрапейскую раду (ня блытаць з вышэйзгаданай Радай Эўрапейскага зьвязу). Грашова-крэдытная палітыка ў эўразоне рэгулюецца Эўрапейскі цэнтральным банкам. Тлумачэньне і прымяненьне права ЭЗ забясьпечваецца Судом Эўрапейскага зьвязу. Бюджэт ЭЗ старанна правяраецца падліковай палатай, якая таксама называецца Эўрапейскім судом аўдытараў. Існуюць таксама шэраг дапаможных органаў, якія кансультуюць ЭЗ або працуюць у пэўнай вобласьці.

Праз пасьлядоўнае павелічэньне Эўрапейскі зьвяз вырас з шасьці краінаў-заснавальнікаў (Бэльгія, Францыя, Заходняя Нямеччына, Італія, Люксэмбург і Нідэрлянды) да цяперашніх 28 краінаў. Дзяржавы, якія маюць далучыцца да Зьвязу і стаць удзельнікам устаноўчых дамоваў, атрымліваюць некаторыя прывілеі і абавязацельствы сяброўства ў ЭЗ. Гэта цягне за сабой частковае дэлегаваньне сувэрэнітэту інстытутаў у абмен на прадстаўніцтва ў гэтых установах. Гэтая практыка, часьцяком згадваецца як «аб’яднаньне сувэрэнітэтаў».

Для таго, каб стаць сябрам, краіна павінна адпавядаць Капэнгагенскім крытэрам, вызначаным на нарадзе 1993 году Эўрапейскай радай у Капэнгагене. Такія краіны павінны мець стабільную дэмакратыю, паважаць правы чалавека і вяршэнства закону, дзе функцыянуе рынкавая эканоміка. Таксама краіна павінна прыняцт абавязацельства сяброўства, у тым ліку заканадаўства ЭЗ. Ацэнка выкананьня краіны крытэраў зьяўляецца адказнасьцю Эўрапейскай рады. Лісабонская дамова, між тым, зараз утрымлівае пункт у адпаведнасьці з артыкулам 50, які прадугледжвае выхад краіны-чаьца з ЭЗ.

На сёньня маюцца чатыры краіны, якія складаюць Эўрапейскую асацыяцыю вольнага гандлю (ЕАСГ), якія не зьяўляюцца чальцамі ЭЗ, але часткова прынялі правілы ЭЗ: Ісьляндыя, Ліхтэнштайн і Нарвэгія, якія зьяўляюцца часткай адзінага рынку ў рамках Эўрапейскай эканамічнай зоны, і Швайцарыя, якая мае аналягічныя сувязі праз двухбаковыя дамовы. Адносіны малых эўрапейскіх краінаў, то бок Андоры, Манака, Сан-Марына і Ватыкану, ўключаюць выкарыстаньне імі эўра і сувязі ў іншых галінах супрацоўніцтва.

Зьнешняя палітыка супрацоўніцтва паміж чальцамі адносіцца да часу стварэньня супольнасьці ў 1957 годзе, калі дзяржавы-чальцы выступалі адзіным блёкам у міжнародных гандлёвых перамовах у рамках агульнай гандлёвай палітыкі. Крокі да больш шырокамаштабнай каардынацыі ў зьнешніх адносінах пачаліся ў 1970 годзе са стварэньнем эўрапейскага палітычнага супрацоўніцтва, які прывёў да выкарыстаньня неафіцыйнага працэсу кансультацыяў паміж дзяржавамі-чальцамі з мэтай фармаваньня агульнай зьнешняй палітыкі. Аднак, гэтае супрацоўніцтва набыла афіцыйны статус толькі ў 1987 годзе, што было дасягнута шляхам прыняцьця адзінага эўрапейскага акту. Эўрапейскае палітычнае супрацоўніцтва было пераназвана ў агульную зьнешнюю палітыку і палітыку бясьпекі паводле Маастрыскай дамовы.

Мэтамі агульнай зьнешняй палітыцы і палітыцы бясьпекі зьяўляюцца прасоўваньне як уласных інтарэсаў зьвязу, гэтак і інтарэсы міжнароднай супольнасьці ў цэлым, уключаючы разьвіцьцё міжнароднага супрацоўніцтва, павагі да правоў чалавека, дэмакратыі і вяршэнства права. Гэтая палітыка патрабуе аднагалоснасьці сярод дзяржаваў-чальцоў на адпаведную палітыку, каб прытрымлівацца якой-небудзь канкрэтнай праблемы. Адсутнасьці аднагалоснасьці і іншыя супярэчнасьці часам прыводзяць да рознагалосьсяў, якія, да прыкладу, мелі месца падчас вайны ў Іраку.

Каардынатарам і прадстаўніком агульнай зьнешняй палітыцы і палітыцы бясьпекі зьяўляецца вярхоўны прадстаўнік Эўразьвязу па пытаньнях агульнай палітыкі і бясьпекі, які выступае ад імя ЭЗ па пытаньнях зьнешняй палітыкі і абароны, і ставіць перад сабой задачу фармуляваньня пазыцыяў, выказаных дзяржавамі-чальцамі ў гэтых галінах палітыкі. Вярхоўны прадстаўнік узначальвае эўрапейскую службу зьнешніх справаў, унікальны ворган ЭЗ, які быў сфармаваны 1 сьнежня 2010 году з нагоды першай гадавіны ўступленьня ў сілу Лісабонскай дамовы. Гэты ворган служыць у якасьці міністэрства замежных справаў і дыпляматычнага корпусу Эўрапейскага зьвязу.

Акрамя гэтага міжнародны ўплыў ЭЗ таксама мае месца праз палітыку пашырэньня. Адчувальныя перавагі стаць чальцом зьвязу стымулюе краіны да палітычных і эканамічных рэформаў, якія жадаюць выканаць крытэры ўступу ў ЭЗ. Такі ўплыў на ўнутраныя справы іншых краінаў, як правіла, называюць палітыкай «мяккай сілы», у адрозьненьне ад ваеннай «цьвёрдай сілы».

Дэпартамэнт гуманітарнай дапамогі і грамадзянскай абароны пры Эўрапейскай камісіі аказвае гуманітарную дапамогу для разьвіваных краінаў. У 2012 годзе бюджэт гэтага дэпартамэнту склаў 874 млн эўра. 51% ад бюджэту пайшлі ў Афрыку і 20% у Азію, Лацінскаю Амэрыку, краіны Карыбскага басэйну і Ціхага акіяну, і 20% у краіны Блізкага Ўсходу і Міжземнамор’я.

Фінансавую палітыку рэгулюе Эўрапейскі цэнтральны банк. Найважнейшыя рашэньні прымаюцца на самітах кіраўнікоў дзяржаваў-удзельніц зьвязу.

ЭЗ мае адзіны рынак на тэрыторыі ўсіх сваіх чальцоў. 19 дзяржаваў зь ліку зьвязу далучыліся таксама да валютнага зьвязу, вядомай як эўразона, дзе выкарыстоўваецца эўра ў якасьці адзінай валюты. У 2012 годзе ЭЗ меў сукупнага СУП у 16 трлн даляраў, маючы 20% дзель ад сусьветнага валавога ўнутранага прадукта з пункту гледжаньня парытэту пакупніцкай здольнасьці.

Са сьпісу 500 найбуйнейшых карпарацыяў паводле велічыні прыбытку 161 зь іх мае свае штаб-кватэры ў ЭЗ. У 2007 годзе ўзровень беспрацоўя ў ЭЗ складаў 7%, у той час як інвэстыцыі складалі 21,4% СУП, інфляцыя была на ўзроўні 2,2%, а сальда рахунку бягучых апэрацыяў мела паказчык -0,9% СУП, што значыць невялікая перавага імпарту перад экспартам. У 2012 годзе ўзровень беспрацоўя ўжо складаў 11,4%.

Існуе значная розьніца ў СУП на душу насельніцтва ў межах асобных дзяржаваў ЭЗ. Гэты паказчык вагаецца паміж 11 300 і 69 800 эўра. Розьніца паміж самым заможным і самым бедным рэгіёнамі вагалася, у 2009 годзе, з 27% ад сярэдняга для Эўрапейскага Зьвязу ў Паўночна-заходнім рэгіёне Баўгарыі да 332% ад сярэдняга ў Лёндане ў Вялікабрытаніі. Акрамя Лёндану высокі паказчык СУП на душу насельніцтва маюць Люксэмбург (62 500 эўра) і Брусэль (52 500 эўра), у той час як найбольш беднымі рэгіёнамі зьяўляюцца Паўночна-заходні (6 400 эўра), Паўночна-ўсходні (6 900 эўра), Паўночна-цэнтральны (6 900 эўра) і Паўднёва-цэнтральны (7 200 эўра).

Стварэньне адзінай эўрапейскай валюты стала афіцыйнай мэтай Эўрапейскай эканамічнай супольнасьці ў 1969 годзе. Аднак, толькі пасьля складаньня Маастрыхцкай дамовы ў 1993 годзе дзяржавы-чальцы былі юрыдычна абавязаныя зладзіць валютны зьвяз не пазьней за 1 студзеня 1999 году. У гэты дзень эўра быў прадстаўлены сусьветнаму фінансаваму рынку ў якасьці разьліковай валюты 11 з 15 на той момант краінаў-чальцоў зьвязу. 1 студзеня 2002 году былі ўведзеныя ў наяўны зварот банкноты й манэты ў 12 краінах ЭЗ, якія склалі, такім чынам, гэтак званую Эўразону. На сёньня Эўразона ўлучае ў сабе 19 краінаў, апошняй зь якіх зьяўляецца Летува, якая перайшла да ўжытку эўра 1 студзеня 2015 году.




#Article 59: Ода да радасьці (137 words)


У гэтай одзе драматург выразіў важнейшыя бакі свайго сьветаўспрыманьня, веру ў чалавека, любоў да жыцьця і упэўненасьць у тым, што лепшыя пачаткі павінны трыўмвафаць над злом. З гэтым гімнам Шылер выходзіць за рамкі індывідуалістычнае лірыкі асабістых перажываньняў, якая была характэрная для тагачаснае буржуазнае літаратуры. Верш задуманы як харавая песьня, якая выражае калектыўныя эмоцыі супольнасьці аднадумцаў, у якіх, па думцы паэта, ужо патэнцыйна прысутнічае пачуцьцё будучага вызваленьня чалавецтва.

Ода была зьмененая ў 1793 і пакладзеная на музыку Людвігам ван Бэтговэнам, у апошняй чацьвёртай частцы 9-й сымфоніі.

Ода «Да радасьці» зьяўляецца гімнам Эўрапейскага Зьвязу. Афіцыйную аранжыроўку напісаў Гербэрт фон Караян.

У 2003 годзе кіраўніцтва Эўрапейскага Зьвязу вырашыла, што афіцыйным гімнам зьяўляецца толькі мэлёдыя Бэтховэна, бяз словаў на нямецкай мове, дзеля раўнапраўя нацыянальных моваў Эўразьвязу.
На беларускую мову твор пераклалі Алег Лойка і Кацярына Тычына (апошні пераклад дасюль не апублікаваны).




#Article 60: Мікола Гусоўскі (277 words)


Міко́ла Гусо́ўскі (, ; прыкладна 1470 — прыкладна пасьля 1533) — паэт Вялікага Княства Літоўскага; у сучасным літаратуразнаўстве — беларускі і польскі паэт-гуманіст і асьветнік эпохі Адраджэньня, прадстаўнік новалацінскай усходнеэўрапейскай школы паэзіі.

Нарадзіўся верагодна ў вёсцы Уса (Усава) цэнтральнай Беларусі, дакладнае месцазнаходжаньне якой дагэтуль нявысьветленае за нястачаю дакумэнтальных крыніцаў. Паходзіў зь сям’і паляўнічага.

Авалодаў пісьмом у катэдральнай або царкоўна-прыходзкай школе. Працягваў навучаньне ва ўнівэрсытэтах Балёньні, Вільні, Кракава.

Быў у складзе пасольства Вялікага Княства Літоўскага і Каралеўства Польскага на чале з Эразмам Вітэліюсам у Рым. На замову Папы Рымскага Льва Х напісаў паэму: «Песьня пра зубра». Арыгінальная назва: «Carmen de statura feritate ac venatione Bisontis» («Песьня пра аблічча, дзікасьць зубра і паляваньне на яго»). Калі паэт заканчваў пісаць паэму, чума прыйшла на Апэнінскі паўвостраў. Уражаны трагічнымі падзеямі, Гусоўскі стварае верш-малітву «Да сьвятога Сэбастыяна». Памерлі і папа Леў X і біскуп Вітэліюс. Без апекуноў ён ня змог надрукаваць свой твор у Рыме, але толькі ў 1523 годзе ў Кракаве, пры дапамозе вялікай княгіні літоўскай і каралевы польскай Боны Сфорца, ён змог надрукаваць свой верш-малітву.

Беларуская дасьледніца Жанна Вацлаваўна Некрашэвіч-Кароткая лічыць, што адшукала ў першым выданьні паэмы аўтэнтычную выяву, на якой адлюстраваны Мікола Гусоўскі. Аднак М. Касьцюковіч зьвяртае ўвагу, што тая ж выява зьмешчаная ў мностве іншых выданьняў Віетора, прычым кніга Гусоўскага сярод іх — ня першая храналягічна; выглядае, такім чынам, што гэта проста марка друкара, натхнёная, гледзячы па ўсім, пэрсанальнай эмблемай Эразма Ратэрдамскага.

На беларускай мове існуе тры пераклады «Песьні пра зубра», якія належаць пяру Язэпа Семяжона, Уладзімера Шатона і Натальлі Арсеньневай. Акрамя беларускай яна перакладзеная на польскую, летувіскую, расейскую і ўкраінскую мовы.

У 1980 годзе ЮНЭСКО з нагоды 500-годзьдзя паэта ўключыла імя Міколы Гусоўскага ў каляндар міжнародных датаў выдатных дзеячоў сусьветнае культуры.




#Article 61: Мікола Шчакаціхін (555 words)


 
Міко́ла Шчакаці́хін (Мікалай Мікалаевіч Шчакаціхін; 13 кастрычніка 1896 — 1940) — беларускі мастацтвазнавец, гісторык і тэарэтык мастацтва, пэдагог. «Бацька» беларускага мастацтвазнаўства.

Нарадзіўся ў Санкт-Пецярбургу. Зь дзяцінства размаўляў на 4 мовах, пазьней вывучыў яшчэ некалькі (паводле розных зьвестак, ведаў 12 моваў).

У 1914 годзе скончыў гімназію А. Флёрава ў Маскве. З 1914 па 1918 вучыўся ў Маскоўскім унівэрсытэце. Працаваў у Расеі: Маскве, Арле, а ў 1920 годзе пераводзіцца ў Харкаў, дзе парацуе адначасова навуковым супрацоўнікам музэю, загадчыкам перакладчыцкай калегіі і чальцом рэпэртуарнай камісіі пры навукова-тэарытычным аддзяленьні Наркамасьветы Ўкраіны. Зьяўляўся чальцом праўленьня Ўсеўкраінскага Саюзу пісьменьнікаў.

У 1921 годзе пераяжджае ў Менск. З 1922 году працуе асыстэнтам катэдры гісторыі мастацтва БДУ, распрацоўвае і выкладае курс па гісторыі беларускага мастацтва. У 1924 годзе атрымаў званьне дацэнта. Адначасова з 1925 году працуе ў Інбелкульце ў якасьці навуковага сакратара Сэкцыі беларускага мастацтва і стыль-рэдактара выдавецкага аддзела. Пры Інбелкульце вучоны стварае Камісію гісторыі мастацтва, у якой зьбірае менскіх і пэрэфэрыйных, пераважна, віцебскіх, мастацтвазнаўцаў, мастакоў, жывапісцаў і графікаў.

У лісьце да Ўладзімера Пічэты ён з адчаем піша: «Я ня мару цяпер ні аб чым больш, не імкнуся ў буйныя цэнтры; мяне задаволіла б самая маленькая, самая сьціплая навуковая работа дзе заўгодна ў правінцыі, — хоць самым малодшым супрацоўнікам; гатоў хоць зноў пачынаць навуковую кар’еру з асыстэнта, як 17 гадоў назад — абы толькі зноў мець магчымасьць цалкам аддацца любімай навуковай прцы. Я яшчэ не стары — мне толькі сорак два гады».

У 1937 годзе сталінскія ўлады прысуджаюць яму яшчэ адзін тэрмін. У 1940 годзе Мікола Шчакаціхін памірае ў Белябеі ад сухотаў, якія ён набыў пасьля чарговага «прафілактычнага» арышту да чарговага камуністычнага сьвята. Рэабілітаваны ў 1956 годзе.

Сфэра навуковых інтарэсаў Шчакаціхіна была надзвычай шырокай. Найперш ён займаўся вывучэньнем беларускай архітэктуры ХІ—ХІХ стагодзьдзяў: сакральнай і абарончай. Шмат высілкаў ахвяраваў дасьледваньню беларускай гатычнай архітэктуры, у тым ліку мураваных замкаў ВКЛ далюблінскага часу. Пачаў распрацоўку пытаньня абарончай храмавай архітэктуры ў ВКЛ. Акрамя архітэктуры дасьледваў выяўленчае мастацтва, ў тым ліку жывапіс полацкіх храмаў XVII—XVIII стагодзьдзяў, старажытныя беларускія гравюры, мастацтва кніг Ф. Скарыны. Засваеньне нацыянальных мастацкіх традыцый Шчакаціхін бачыць перадумовай пасьпяховага разьвіцьця сучаснай яму творчасьці, на падставе практыкі асобных творцаў арыентуе моладзь на стварэньне нацыянальнай мастацкай школы.

Акрамя прыкладных праблемаў займаўся распрацоўкай канцэпцыі беларускага мастацтва, асноўных яго кірункаў і пэрыядызацыю. Увёў ва ўжытак паняткі «беларускае адраджэньне», «беларуская готыка», «беларускае барока». Уздымае пытаньне пра неабходнасьць стварэньня ў Беларусі вышэйшай мастацкай школы (акадэміі), рупіцца аб згуртаваньні творчых сілаў ва Ўсебеларускую мастацкую асацыяцыю. Дзейсна ўдзельнічаў у арганізацыі і афармленьні музэйных збораў у Беларусі. У 1926 годзе выступае як адзін з арганізатараў 1-й Усебеларускай мастацкай выставы: складае каталёгі, робіць крытычныя агляды паказаных твораў.

Сваю асноўную задачу, так бы мовіць звышзадачу, дасьледчык бачыў у стварэньні цэласнай гісторыі разьвіцьця мастацкай думкі, мастацкіх формаў у Беларусі. У 1928 годзе выйшаў першы том ягонай кнігі «Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва», дзе ён паспрабаваў абагульніць свае напрацоўкі беларускім мастацтве. За першым томам мусілі выйсьці наступныя чатыры. Гэтаму, аднак, перашкодзілі сталінскія рэпрэсіі.

У 1930-я гады да працы былі падрыхтаваны рукапісы «Тапаграфія кладаў з літоўскімі манетамі на тэрыторыі старажытнай Літоўскай дзяржавы», «Некаторыя варыянты літоўскіх манет», «Нарыс гісторыі літоўскай манеты XVI—XVII ст.», якія захоўваюцца цяпер у Эрмітажы. Іншыя працы ў рукапісным варыянце ня выяўлены.

У 1968 годзе Арсень Ліс напісаў і выдаў біяграфічную кнігу «Мікола Шчакаціхін», якая стала першым крокам па вяртаньні памяці аб выдатнейшым беларускім навукоўцы. У 1993 годзе 1-ы том «Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва» з ініцыятывы Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны быў перавыдадзены.

 

 

 




#Article 62: Стэк (467 words)


Стэк — (у праграмаваньні) структура зьвестак, што арганізаваная згодна прынцыпу LIFO (last in — first out): апошні прыйшоў — першы выйшаў. Прыклад такое арганізацыі: талеркі складзеныя адна на адну. Пакласьці новую на стос можна толькі зьверху, узяць таксама можна толькі зьверху — акурат апошнюю пакладзеную. Элемэнт, што знаходзіцца зьверху, называецца top element — вяршыня, галоўны ці бягучы элемэнт. 

Асноўныя апэрацыі са стэкам: 

Дадатковыя апэрацыі (прысутнічаюць не ва ўсіх рэалізацыях стэка): 

Правы зрух зьмяшчае верхні элемэнт на N-ю пазыцыю, другі — на першую, трэці — на другую й г.д. — як стрэлка гадзіньніка.
Прыклад правага зруху на 4 элемэнта: 
  аа      бб
  бб      вв
  вв === гг
  гг      аа
  дд      дд
  ...     ...
Левы зрух зьмяшчае верхні (першы) элемэнт на месца другога, другі — на месца трэцяга, ... а N-ы элемэнт апынаецца на вяршыне (становіцца першым) — супраць хады стрэлкі гадзіньніка.
Прыклад левага зруху на 4 элемэнта: 
  аа      гг
  бб      аа
  вв === бб
  гг      вв
  дд      дд
  ...     ...
Зрух на два элемэнта роўны апэрацыі swap. Зрух на адзін элемэнт не зьмяняе стэка.

На нізкім узроўні стэкі рэалізаваныя як шэраг пранумараваных рэгістраў або як азначаны абсяг памяці (дзе зьмешчаны элемэнты стэка) і адмысловай зьменнай (ці рэгістра) дзе захоўваецца індэкс ці адрас вяршыні стэка. 
На высокім узроўні рэалізацыя стэка можа быць зроблена праз масіў ці сьпіс. 

Для захаваньня элемэнтаў стэка рэзэрвуецца масіў пэўнага памеру і зьменная, дзе будзе зьмешчаны індэкс бягучага элемэнта. 

 record stack
 {
   var object[1..N] data;
   var int pointer = 0;
 }

Апэрацыі push і pop зьмяняюць індэкс — павялічваюць ці зьмяншаюць. 
 function stack.push( object element )
 {
   data[++pointer] = element;
 }
 
 function stack.pop()
 {
   return data[pointer--];
 }

Прыклад ужываньня
 var int a;
 var stack st = new stack();
 
 st.push(3);
 st.push(4);
 
 a = st.pop(); // a == 4

У гэтым выпадку выкарыстоўваецца структура, што зьмяшчае элемэнт стэка і працяг стэка — спасылку на такую ж структуру. Гэта нагадвае сьпіс у мове праграмаваньня Lisp (лісп). 
 record stack
 {
   object top;
   stack  rest;
 }

Апэрацыя push стварае новы элемэнт сьпісу, які будзе новай вяршыняй, функцыя top вяртае бягучую вяршыню, pop дае спасылку на стэк бязь верхняга элемэнта: 
 function stack.push( object element )
 {
   var stack newStack = new stack();
   newStack.top = element;
   newStack.rest = this; // працяг новага стэка — гэта бягучы стэк
   return newStack;
 }
 
 function stack.top()
 {
   return top;
 }
 
 function stack.pop()
 {
   return rest;
 }

Прыклад ужываньня
 var int a;
 var stack st = new stack();
 
 st = st.push(3);
 st = st.push(4);
 
 a = st.top(); // a == 4
 st = st.pop();

Стэк ужываецца ў альгарытмах, што рэалізуюць зваротную польскую натацыю. Мовы праграмаваньня выкарыстоўваюць стэкі для захоўваньня інфармацыі пра тое, якая функцыя/працэдура была выкліканая, а таксама стэкі для перадачы парамэтраў. Мова праграмаваньня Forth (форт) цалкам пабудаваная на стэках. Шмат якія рэкурсіўныя альгарытмы могуць быць ператвораныя ў просты цыкл, пры гэтым стан ітэрацыяў звычайна захоўваецца ў стэцы.




#Article 63: Чарга (396 words)


Чарга́ — працэс, арганізаваны згодна прынцыпу FIFO (first in — first out): першы прыйшоў — першы выйшаў. Такая арганізацыя найбольш пашыраная пры абслугоўваньні кліентаў: той хто раней прыйшоў, атрымае паслугу раней.
У праграмаваньні чарга — структура зьвестак, што мадэлюе такія працэсы. Сярод усіх элемэнтаў чаргі выдзяляюцца два: першы і апошні.

Асноўныя апэрацыі ў чарзе:

Дадатковыя, службовыя апэрацыі:

Рэалізацыя чаргі можа быць зроблена праз масіў ці сьпіс.

Для захаваньня элемэнтаў чаргі рэзэрвуецца масіў пэўнага памеру і дзьве зьменных, якія зьмяшчаюць індэкс першага элемэнту і памер (даўжыню) чаргі.

 record queue
 {
   object[0..N-1] data;
   int top = 0;
   int size = 0;
 }

Апэрацыя push павялічвае памер чаргі, а pop павялічвае індэкс першага элемэнту і зьмяньшае памер чаргі.
   function queue.push( object element )
   {
      if ( size  0 )
      {
        var object element = data[top];
        top = ( top + 1 ) mod N;
        size--;
        return element;
      }
      else
         throw queue.underflow;
   }

Функцыі top і size вяртаюць значэньні адпаведных зьменных, функцыя clear абнуляе іх.

Прыклад ужываньня
 var int a;
 var queue q = new queue();
 
 q.push(3);
 q.push(4);
 
 a = q.pop(); // a == 3

У гэтым выпадку выкарыстоўваецца просты аднабаковы сьпіс, які зьмяшчае элемэнты чаргі і дзьве зьменныя, што захоўваюць спасылкі на першы і апошні элемэнты сьпіса.
   record list
   {
      object head; 
      list tail;
   }
   
   record queue
   {
      list top;
      list last;
   }

Апэрацыя push стварае новы элемэнт сьпісу, і дадае яго ў канец чаргі, пасьля бягучага апошняга. pop вяртае бягучы першы элемэнт і рухае спасылку пачатковага элемэнта на другі:
   function queue.push( object element )
   {
      var list newElement = new list();
      newElement.head = element;
      newElement.tail = null;
      if ( top == null )
      {
         top = newElement; 
         last = newElement; 
      }
      else
      {
         last.tail = newElement;
         last = newElement;
      }
   }
   
   function queue.pop()
   {
      if ( top == null )
         throw queue.underflow;
      var object first = top.head;
      top = top.tail;
      return first;
   }

Прыклад ужываньня
 var int a;
 var queue q = new queue();
 
 q.push(3);
 q.push(4);
 
 a = q.pop(); // a == 3

Чэргі ўжываецца ў альгарытмах, што мадэлююць працэсы, арганізаваны згодна прынцыпу FIFO. Напрыклад, пры апрацоўцы клявіатуры: коды націснутых клявіш зьмяшчаюцца ў чаргу; працэсар кампутара мае чаргу каманд, пакуль выконваецца першая, у канец чаргі з памяці дадаюцца наступныя; праграмы, што пабудаваныя на апрацоўцы падзей (event driven, кіраваныя падзеямі) маюць чаргу, дзе захоўваюцца зьвесткі пра новыя падзеі пакуль выконваецца рэакцыя на першую падзею.
Мова праграмаваньня Oroogu выкарыстоўвае чаргу як адзіную структуру дадзеных.




#Article 64: Эльфрыдэ Елінэк (152 words)


Эльфрыдэ Елінэк () (нарадзілася 20 кастрычніка 1946) — аўстрыйская пісьменьніца і драматург габрэйскага паходжаньня, якая піша пераважна на фэміністычныя тэмы.

Нарадзілася Елінэк у аўстрыйскім мястэчку Мюрцушлаг, яе бацька, габрэй, паходзіць з Чэхіі, а маці — зь Вены. Елінэк атрымала музычную адукацыю ў Венскай кансэрваторыі. Ейны літаратурны дэбют адбыўся ў 1967 годзе, калі яна выдала сваю першую кнігу паэзіі. Елінэк піша прозу, вершы і п’есы. Паводле рамана Елінэк «Піяністка» рэжысэр Міхаэль Ханэке зьняў фільм, які атрымаў Гран-пры на Канскім кінафэстывалі 2001 году. Сярод іншых твораў пісьменьніцы — раманы «Пажадлівасьць» (Lust) і «Каханкі» (Die Liebhaberinnen). У 2004 годзе Елінэк атрымала Нобэлеўскую прэмію ў галіне літаратуры «за музычныя плыні галасоў і контар-галасоў у яе раманах і п’есах, якія з выключнай моўнай стараннасьцю дэманструюць абсурднасьць грамадзкіх клішэ і іхнюю прыгнятальную сілу». Асноўныя тэмы ейнай творчасьці: жаночая сэксуальнасьць, вайна паміж жанчынай і мужчынам.

На беларускую мову Нобэлеўскую лекцыю Елінэк пераклаў Альгерд Бахарэвіч, урывак з рамана «Дзеці мёртвых» — Вольга Гронская.




#Article 65: Міхась Забэйда-Суміцкі (1554 words)


Міха́сь Іва́навіч Забэ́йда-Сумі́цкі (, в. Шэйпічы Пружанскага раёну — 21 сьнежня 1981, Прага) — беларускі сьпявак, тэнар. Сьпявак імкнуўся выконваць усе творы ў арыгінале і на памяць, каб як найбольш прыблізіць выканальны твор да слухача і як найбольшы сьлед пакінуць у яго душы. Акрамя клясычнага рэпэртуару М. Забэйда-Суміцкі абавязкова ўключаў у кожнае сваё выступленьне народныя песьні і вакальныя творы беларускіх кампазытараў. Папулярызаваў беларускую народную песьню ў сьвеце.

Нарадзіўся сьпявак 14 чэрвеня 1900 году, як сам расказваў, у адной з трох вёсак — Шэйпічы (цяпер Пружанскі раён), Падароск ці Несьцеравічы. Ахрышчаны ў Сядзельніцкай царкве каля Падароску.

Двайное прозьвішча (узяў ужо ў сталым веку) у яго ад бацькі (па мячы) — Івана (Яна) Андрэевіча Забэйды зь вёскі Несьцяровічы, і маці (па кудзелі) — Аляксандры Феліксаўны Суміцкай зь вёскі Шэйпічы. Дзяцей у сям’і было сямёра, але выжыў толькі Міхась, брат Валодзя памёр ад сухотаў у 22 гады. Калі Міхалу было паўтара году, памёр яго бацька. Паводле расказаў вяскоўцаў, Іван Андрэевіч добра сьпяваў.

Гадоў з 8—9 Міхась пачаў працаваць у панскім маёнтку. Скончыў Зельзінскую аднаклясную школу, потым двухклясную царкоўна-прыхадзкую вучэльню ў Галоўчыцах, якую скончыў у 1914 годзе.

У тым жа 1914 годзе ён паступае ў Маладэчанскую настаўніцкую сэмінарыю. Праз год, калі набліжаўся фронт першай сусьветнай вайны, сэмінарыя эвакуявалася ў Смаленск, куды пераехаў таксама Міхась Забэйда. Скончыў сэмінарыю ў 1918 годзе і паехаў працаваць у Сыбір, куды эвакуявалі маці.

У 1920 годзе ў выніку грамадзянскае вайны Забэйда-Суміцкі апынуўся ў Харбіне, на станцыі Вэйшахэ Кітайскай усходняй чыгункі, потым — у Вэйшахэ. У Харбіне ён пачаў вучыцца музыцы. Яго настаўніцай была Ю. К. Платніцкая, былая супрацоўніца Шаляпіна, добрая артыстка і пэдагог. У 1929 годзе пасьпяхова скончыў юрыдычны факультэт Харбінскага расейскага ўнівэрсытэту з дыплёмам другой ступені і правам атрыманьня дыплёму першае ступені. Аднак жыць бязь сьпеваў ня змог і замест прапанаванага месца ў асыстэнтуры зрабіўся салістам Харбінскай опэры. У гэты час у яго ўжо ёсьць вопыт і пяяньня ў дзіцячых хорах, і самастойнага авалодваньня музычнымі інструмэнтамі (скрыпка, гітара, мандаліна, балалайка, губны гармонік). Дэбютаваў у ролі Ленскага ў опэры «Яўген Анегін» Пятра Чайкоўскага. За тры гады, аддадзеных Харбінскай опэры, ён выканаў 15 партыяў: Фаўста ў «Фаўсьце» Ш. Гуно, Альфрэда ў «Травіяце», Герцага ў «Рыгалета», Уладзімера ў «Князі Ігары» А. Барадзіна і іншых, — а ўсяго падрыхтаваў пятнаццаць партыяў, прычым нязьменна сьпяваў на мове арыгіналу. Пры гэтым яшчэ працаваў у школе. Крытыка добра прыняла маладога сьпевака, ён паверыў у сябе, захацеў удасканаліць свае здольнасьці і зьехаў у Мілян.

У 1932 годзе, атрымаўшы візу, пераехаў у Італію. Вучыўся ў маэстра Фэрнанда Карпі, які раней канкураваў з Каруза і іншымі славутымі сьпевакамі. Тут Міхась Забэйда-Суміцкі ўпершыню пачуў Ф. Шаляпіна, пазнаёміўся зь Леанідам Собінавым. Пасьпяхова выступаў у Мілянскай опэры, сьпяваў на 16 мовах. Канцэртуе ў Мілянскай кансэрваторыі, гастралюе па Італіі, выконвае тэнаровыя партыі ў опэрах «Травіята», «Рыгалета», «Сэвільскі цырульнік» на сцэне «Ля Скаля». Яму прадказвалі вялікую артыстычную будучыню.

Але ў гэты час сьпявак атрымаў з Шэйпіч вестку, што ягоная маці, зь якой ён ня бачыўся 16 гадоў, моцна хварэе і хоча яго бачыць. Так у 1935 годзе Міхал Іванавіч пераяжджае ў Заходнюю Беларусь. Цягам 1935—1936 гадоў М. Забэйда-Суміцкі выступае ў беларускіх гарадох (Ружаны, Беласток, Баранавічы, Берасьце, Горадня), па ўсёй Польшчы (Варшава, Познань) і далей, шырэй — Летува, Латвія, Чэхаславаччына. Ягоны першы канцэрт з нагоды прыезду на бацькаўшчыну адбыўся ў Ружанах, блізкіх з Шэйпічамі, роднай вёскай сьпевака. У канцэрце сярод клясычных твораў прагучала і беларуская калыханка, якую калісьці сьпявала яго маці. Ад яе ён і ўзяў тады другую частку прозьвішча — Суміцкі.

На 1935—1936 гады заключыў кантракт з познанскім опэрным тэатрам. Там сьпяваў усё па-польску. Пашырыў свой рэпэртуар новымі опэрамі: «Выкраданьне з Сэралю» В. Моцарта, «Юлій Цэзар» Г. Ф. Гендэля, «Барыс Гадуноў» М. П. Мусаргскага і інш. Хаця на працягу сэзону ён блішчэў у галоўных партыях опэр «Галька» С. Манюшкі, «Яўген Анегін» П. І. Чайкоўскага і іншых, адносіны дырэктара опэры зь Міхасём Іванавічам былі ня лепшыя. Канфлікт паўстаў на глебе нацыянальнага пытаньня: Міхась Забэйда-Суміцкі ніяк не жадаў называць сябе вялікім польскім сьпеваком, прызнаючы толькі адно права — звацца беларускім. На ягоныя ролі часьцей сталі ставіць палякаў. З гэтае прычыны на другі год сьпявак ад далейшага супрацоўніцтва з тэатрам адмовіўся і пераехаў у Варшаву.

У 1936 годзе прэзэнтацыі клясычнага беларускага рэпэртуару адбыліся ў культурнай сталіцы краю — Вільні — на запрашэньне Рыгора Раманавіча Шырмы. Тут Забэйда-Суміцкі пазнаёміўся з Максімам Танкам. Сумесныя канцэрты М. Забэйды і хору Р. Шырмы адбыліся: першы — у рамках вечару беларускай паэзіі і песьні 15 сакавіка, другі — на сьвяце «Дня беларускай культуры» 13 сьнежня. «Віленскія гастролі» Забэйды адбыліся і ў 1937 годзе.

З 1937 працаваў салістам на Варшаўскім радыё. Займаўся актыўнай канцэртнай дзейнасьцю, гастраляваў па гарадах Польшчы (у тым ліку Заходняй Беларусі), Латвіі, Эстоніі. Акрамя клясычнага рэпэртуару М. Забэйда-Суміцкі абавязкова ўключаў у кожнае сваё выступленьне народныя песьні і вакальныя творы беларускіх кампазытараў. Польскае радыё не жадала прапускаць беларускія песьні менавіта як беларускія, яны маглі гучаць толькі пад назвай «палескія», «рэгіянальныя», «людовыя». Цэнзураваньне рэпэртуару выдатнага сьпевака не аднойчы прыводзіла да выкрэсьліваньня з канцэртных праграм «Лявоніхі», «Маладога дубочку» і іншых, часьцяком не пакідаючы ніводнай беларускай песьні.

Менавіта ў гэты пэрыяд сьпеваку ўдалося наладзіць у польскім аддзяленьні фірмы «Odeon» запіс першай з шэрагу грампласьцінак з апрацоўкамі беларускіх народных песень «Малады дубочак», «Чаму ж мне ня пець», «Ляціць сарока», «Конь бяжыць, зямля дрыжыць», «Шчука, рыба ў моры», «Ой, рана-рана куры запелі», «Рабіна-рабіначка», «Як памёрла матулька», «Ой, у лесе, лесе», «Лявоніха». Аднак ужо з канца 1938 году яго нацыянальна-асьветніцкая дзейнасьць усё болей і болей абмяжоўвалася польскімі ўладамі. У сьнежні быў забаронены канцэрт сьпевака ў Вільні. Выступленьне ўдалося арганізаваць ва ўнівэрсытэцкай «Зале Сьнядэцкіх» толькі з дапамогаю Беларускага студэнцкага саюза Ўнівэрсытэту імя Стэфана Баторы, які скарыстаў права «экстэрытарыяльнасьці» віленскага ўнівэрсытэту. Напярэдадні Другой сусьветнай вайны канцэртная дзейнасьць М. Забэйды-Суміцкага на тэрыторыі польскай дзяржавы спынілася.

У 1939 годзе плянавалася турнэ сьпевака па Эўропе і Амэрыцы, але перашкодзіў пачатак ваенных дзеяньняў, якія пачаліся з бамбаваньняў у першую чаргу Варшавы. Падчас бамбардаваньня гітлераўцамі Варшавы Міхась Забэйда быў кантужаны. Стрыечны брат сьпевака Язэп Урбановіч з адным са сваіх таварышаў прабраўся цераз акружэньне і спрабаваў вывесьці Забэйду-Суміцкага з Варшавы, але той быў настолькі хворы, што ня здолеў ісьці зь імі. Там ён пражыў да траўня 1940 году.

Вясною, атрымаўшы запросіны ад Народнага тэатру з Прагі, пераехаў туды.

З траўня 1940 году і да канца жыцьця родным горадам для яго воляю лёсу стала Прага. М. Забэйду-Суміцкага запрашаюць на сталую працу ў Нацыянальны тэатар. 12 кастрычніка 1940 году адбыўся першы канцэрт беларускага сьпевака ў Празе. Вымушаны ён быў канцэртаваць, ня маючы сродкаў да жыцьця. Пазьней яшчэ выкладаў сьпевы ў музычнай акадэміі.

А рэпэртуар М. Забэйды-Суміцкага на той час ужо складала і сусьветная клясыка (Моцарт, Шубэрт, Бэтговэн, Чайкоўскі, Манюшка), і творы чэскіх кампазытараў (Дворжак, Новак, Сьметана), і сваіх суайчыньнікаў (Мікалай Аладаў, Канстанцін Галкоўскі, Рыгор Пукст, Аляксей Туранкоў, Мікалай Чуркін), і беларускі ды ўкраінскі фальклёр. Ён сьпяваў на 16 мовах, а на працягу аднаго канцэрту нярэдка выконваў песьні на дзесяці мовах, прычым ніколі не дазваляў сабе зазіраць у тэксты.

Але Бэрлін глядзеў на трыюмф М. Забэйды інакш. Сьпеваку прапанавалі як беларусу ўзначаліць беларускія радыёперадачы з Бэрліну на Савецкі Саюз (тады Нямеччына ўжо распачала вайну з СССР). Міхаіл Іванавіч адмовіўся.

Апошні падчас вайны канцэрт быў у віленскім Гарадзкім тэатры ў 1944 годзе. Пасьля вяртаньня ў Прагу Міхал Іванавіч быў выкліканы ў гестапа па даносе, што ён — бальшавіцкі агент. Нават выдалі распараджэньне выселіць сьпевака з Прагі як непажаданую асобу. Але здароўе сьпевака моцна пагоршылася, з дапамогаю дактароў ён трапіў у шпіталь, хоць гестапаўцы забралі яго і адтуль. Сядзеў у  — «гнязьдзе гестапа», у Панкрацкай турме, урэшце апынуўся ў Бэнешаве. Абвінавачваўся ў тым, што сьпяваў расейскія і беларускія творы. Быў вызвалены адтуль у 1945 годзе з прыходам Чырвонай арміі. І адразу ж КДБ распачаў на яго палітычную справу, абвінавачваючы ў супрацы з фашыстамі. Абвінавачаньне было афіцыйна скасаванае толькі ў 1950 годзе.

Па вайне славуты геній сцэны застаўся жыць у Чэхаславаччыне, выступаў з канцэртамі, запісваўся ў студыях, займаўся выкладчыцкай дзейнасьцю. Выконваў беларускія, чэскія, славацкія, украінскія, расейскія песьні. Многія творы савецкіх кампазытараў упершыню прагучалі ў Празе ў ягоным выкананьні.

Толькі адзін раз, падчас хрушчоўскай адлігі ў 1963 годзе, яго запрасілі ў Савецкую Беларусь. Яго апекуны клапаціліся, каб у касах практычна не было квіткоў, і тады ў паўпустыя залі прыводзілі салдатаў тэрміновай службы. І ўсё-ткі гэта быў проста фурор: аншлягавыя канцэрты ў Менску, Горадні, Ваўкавыску, Слоніме, Лідзе, Баранавічах, Віцебску, Магілеве, Гомлі.

У кастрычніку 1965 году мастак езьдзіў на Беласточчыну па запрашэньні Галоўнага праўленьня Беларускага грамадзка-культурнага таварыства ў Польшчы (ГП БГКТ) з мэтай правядзеньня канцэртаў у беларускім асяродзьдзі. Сьпявак прыехаў са сваім акампаніятарам чэхам Здэнкам Кожынам. У канцэртнай залі Варшаўскай філярмоніі з спэцыялістамі «Польскіх награнь» і акампанэмэнтам славутай лодзінскай капэлы мандаліністаў пад кіраўніцтвам Эдуарда Цюкшы запісвалі грампласьцінку беларускіх народных песень у выкананьні Забэйды па заказе ГП БГКТ, выдадзеную чэскай фірмай Suprafon у 1968.

Цяжка і доўга хварэў. У Празе яго наведвалі: Максім Танк, Янка Брыль, Уладзімер Караткевіч, Алег Лойка, А. Гарадзіцкі, Сяргей Грахоўскі. Ён ліставаўся зь Янкам Брылём, Уладзімерам Караткевічам, Нілам Гілевічам. І ўвесь час марыў пра Беларусь, хацеў дажыць век на роднай зямлі. Не дазволілі.

Памёр у Празе 21 сьнежня 1981 году. Пахаваны на праскіх Альшанскіх могілках побач зь Пётрам Крэчэўскім і Васілём Захаркам — прэзыдэнтамі Беларускай Народнай Рэспублікі. На магіле помнік з надпісам на чэскай і беларускай мовах.

Свой багаты архіў ён разам зь бібліятэкаю паводле запавету пакінуў Беларусі. Цяпер некалькі тысячаў дакумэнтаў, зьвязаных з жыцьцём і творчасьцю Забэйды, захоўваюцца ў Беларускім дзяржаўным архіве літаратуры й мастацтва. Вялікая калекцыя грамплястынак і магнітафонных запісаў зь песьнямі, рамансамі, арыямі ў выкананьні Забэйды-Суміцкага на беларускай, расейскай, чэскай, украінскай, польскай, нямецкай, італьянскай, гішпанскай, фінскай і ангельскай мовах захоўваюцца ў фондах Беларускага дзяржаўнага архіву кінафотафонадакумэнтаў (БДАКФФД).

У гонар Забэйды-Суміцкага названая вуліца ў Маладэчне, дзе ён скончыў настаўніцкую сэмінарыю.




#Article 66: Мабільныя ТэлеСыстэмы (178 words)


Мабільныя ТэлеСыстэмы (, , ) — найбуйнейшы апэратар мабільнай сувязі GSM у Расеі й краінах СНД, які абслуговае больш за 74,16 мільёну абанэнтаў. Таксама МТС на цяперашні момант зьяўляецца найбуйнейшым апэратарам мабільнай сувязі ў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе.

Выручка кампаніі за 2006 год па US GAAP вырасла на 35,5 % да $6,38 млрд, OIBDA — на 52,9 % да $3,23 млрд, чысты прыбытак — на 15,5 % да $1,25 млрд, які быў ініцыяваны для ўводзін скразнога брэнда для кампаніі «Сыстэма Тэлеком» (падпадзяленьні АФК «Сыстэма»), якая, у тым ліку, уключае ў сябе апэратара мабільнай сувязі «МТС». Новы лягатып МТС уяўляе сабой два чырвоныя квадраты, разьмешчаныя побач. На правым квадраце белымі літарамі напісана назва брэнда, а на левым — скразны малюнак белага яйка, якое павінна сымбалізаваць прастату й геніяльнасьць.

Беларуска-расейскае сумеснае ААТ «Мабільныя ТэлеСыстэмы» (МТС; ) — беларускі апэратар мабільнай сувязі. Падае паслугі сувязі стандарту GSM 900/1800. Заснавальнікамі кампаніі зьяўляюцца РУП «Белтэлеком» (Беларусь) (51 % статутнага капіталу) і ААТ «Мабільныя ТэлеСыстэмы» (Расея) (49 %). Кампанія пачала камэрцыйную дзейнасьць 27 чэрвеня 2002 году, стаўшы другім мабільным апэратарам стандарту GSM у Беларусі.




#Article 67: Слонім (1283 words)


Сло́нім — места ў Беларусі, на рацэ Шчары пры ўтоку ў яе ракі Ісы. Адміністрацыйны цэнтар Слонімскага раёну Гарадзенскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год — 49 441 чалавек. Знаходзіцца за 143 км на паўднёвы ўсход ад Горадні; чыгуначная станцыя на лініі Баранавічы — Ваўкавыск. Аўтамабільныя дарогі зьвязваюць места з Баранавічамі, Івацэвічамі, Ружанамі, Зэльвай, Зьдзецелам.

Слонім — даўняе магдэбурскае места, цэнтар гістарычнага рэгіёну (частка Наваградчыны), старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага. Росквіт паселішча адбыўся ў XVIII ст. за часамі Міхала Казімера Агінскага, які заснаваў тут некалькі ўстановаў (капэлу, балетную і музычную школы, опэрны тэатар) і прамысловых прадпрыемстваў, а таксама збудаваў Агінскі канал. Высокі культурны статус Слоніму прычыніўся да таго, што сучасьнікі звалі яго «Палескімі Атэнамі». Да нашага часу тут захаваліся меская ратуша, аўстэрыя Агінскіх, палац Пуслоўскіх у Альбэртыне, комплексы кляштараў бэрнардынак з касьцёлам Беззаганнага Зачацьця Найсьвяцейшай Панны Марыі і бэрнардынаў з касьцёлам Найсьвяцейшай Тройцы, касьцёл Сьвятога Андрэя, капліца Сьвятога Дамініка, кляштар бэнэдыктынак і сынагога, помнікі архітэктуры XVII—XIX стагодзьдзяў. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаліся палац і тэатар Агінскіх, комплекс кляштару дамініканаў з касьцёлам Сьвятога Міхала, помнікі архітэктуры XVII—XVIII стагодзьдзяў, зруйнаваныя расейскімі ўладамі, а таксама касьцёл Божага Цела пры кляштары канонікаў лятэранскіх, помнік архітэктуры XVII ст., зруйнаваны савецкімі ўладамі.

Тапонім Слонім хутчэй за ўсё паходзіць ад славянскага слова «заслона» (бар’ер, фарпост) — у значэньні засланіць, абараніць. Паводле археалягічных дасьледаваньняў, у ХІ ст. на месцы сучаснага Слоніму існавалі два ўмацаваныя гарадзішчы на абодвух берагах Шчары, якія, магчыма, і прычыніліся да ўзьнікненьня назвы. Відаць, у XII і XIII стагодзьдзях места выконвала важную вайсковую ролю: яно было аб’ектам спрэчак паміж ліцьвінамі і кіеўскімі князямі. Менш імаверным выглядае паходжаньне тапоніму ад балцкага найменьня нізіны.
 
Напісаньне назвы места ў найбольш даўніх пісьмовых крыніцах: Услонім і Васлонім.

У ХІІ—ХІІІ стагодзьдзяў старажытны Слонім () быў горадам з высокай матэрыяльнай культурай, разьвітымі рамёствамі і гандлем. Ужо ў ХІІ ст. на Замчышчы (правы бераг Шчары), імаверна, існаваў драўляны замак.

Паводле некаторых дасьледнікаў, першы магчымы пісьмовы ўпамін пра Слонім мае зьвязкі зь бітвай паміж паўднёварускімі дружынамі і мясцовымі абаронцамі і датуецца 1102 годам. Аднак згодна з сучаснымі энцыкляпэдычнымі даведнікамі, паселішча ўпершыню ўпамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1252 годам. Менавіта ад гэтай даты места афіцыйна вядзе сваю гісторыю. У пэрыяд гэтага стагодзьдзя ўяўляў сабою цэнтар аднаго з удзельных княстваў былога Гарадзенскага княства.

У 2-й пал. ХІІІ ст. Слонім далучыўся да Вялікага Княства Літоўскага. Пад 1281 годам упамінаецца «князь васлонімскі» Васілька. За Гедымінам аднесены да ўладаньняў ягонага сына Манівіда, але праз чатыры гады па сьмерці Гедыміна Слонім трапляе ў склад заходняй часткі ВКЛ, кіраванай Кейстутам.

Па складаньні Люблінскай (1569 год) і Берасьцейскай (1596 год) уніяў у Слоніме зьявіліся рымска-каталіцкія манаскія ордэны — бэрнардыны, бэрнардынкі, бэнэдыктынкі, францішканы, дамініканы, езуіты і іншыя, вялося актыўнае кляштарнае будаваньне. 4 студзеня 1591 году кароль і вялікі князь Жыгімонт Ваза зацьвердзіў мескі герб: «залаты леў з падвойным срэбным крыжом са стрэлкай на блакітным полі».

У 1597—1685 гадох у Слоніме праводзіліся перадсоймавыя генэральныя соймікі Вялікага Княства Літоўскага. У 1605 годзе Леў Сапега заснаваў у месьце першы ткацкі цэх. У вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай ў верасьні 1655 году маскоўскія захопнікі пад камандай А. Трубяцкога зруйнавалі Слонім, забілі або ўзялі ў палон каля паловы месьцічаў. На пэўны час места заняпала.

Па аднаўленьні ўчыненых у часе войнаў разбурэньняў, у XVIII ст. распачаўся эканамічны і культурны ўздым Слоніму, зьвязаны зь дзейнасьцю гетмана вялікага Міхала Казімера Агінскага (1728—1800), які заснаваў тут рэзыдэнцыю і адкрыў друкарню. У гэты час у месьце пачалі працаваць прадпрыемствы-вытворцы ядвабовых тканін, дываноў і шэраг іншых, прыстань для рачных судоў. У 1784 годзе адкрылася Слонімская габэленавая мануфактура.

З 1765 году ў Слоніме дзейнічалі капэла і тэатральная трупа, пры якой працавалі балетная і музычная школы. У 1775 годзе кароль і вялікі князь Станіслаў Аўгуст Панятоўскі запрасіў ансамбль мясцовай опэры на выступы ў Варшаву. У 1777—1788 гадох з ініцыятывы М. К. Агінскага ў месьце збудавалі «Дом Опэры» («Опэрнгаўз») (зруйнаваны расейскімі ўладамі па 1804 годзе).

У 1767—1783 гадох з ініцыятывы і на сродкі М. К. Агінскага вялося будаваньне Агінскага каналу, працягласьць якога складала 47 км (разам з Выганашчанскім возерам — 54 км). Канал злучыў Шчару з Ясольдай (вялікі канал), а ў межах Слоніму выпраставаў рукаў Шчары (малы канал). На 1771 год на канале Агінскага функцыянаваў «плывучы» тэатар на баржах.

На канец XVIII ст. кампаноўку Слоніму вызначаў Замкавы пляц (цяпер плошча Льва Сапегі) з радыяльнымі трактамі на Менск, Вільню (Моўчадзкі тракт) і Горадню (з XV ст. Замкавы, потым Дзярэчынскі тракт, злучаў зь мескім цэнтрам праз масты на Шчары левабярэжную частку Слоніму і прымескую вёску Панасоўку).

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Слонім апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе стаў цэнтрам губэрні (з 1801 году — цэнтар павету Гарадзенскай губэрні). У 1796 годзе ў Слоніме ўжо існавалі і значыліся на мескім пляне будынкі палацавага комплексу М. К. Агінскага. У 1804 годзе на Агінскім канале распачалося суднаходзтва. У 1806 годзе Войцех Пуслоўскі заснаваў папяровую фабрыку «Альбэртын». На 1810 год у Слоніме было 658 жылых дамоў (у тым ліку 4 мураваныя), на 1825 год — 700 дамоў (14 мураваных), на 1857 год — 811 дамоў (66 мураваных). У 1886 годзе праз Слонім прайшла чыгунка Баранавічы — Беласток, пры будаваньні якой цалкам зрэзалі замкавае ўзвышша на правым беразе Шчары і суседні юдэйскі могільнік (найстарэйшы ў месьце).

Паводле вынікаў перапісу 1897 году, у Слоніме было 1312 жылых дамоў, у тым ліку 333 мураваныя; працавалі 5 піваварных, 4 ганчарныя 2 гарбарныя заводы, 2 канатныя фабрыкі, некалькі млыноў; дзейнічалі 2 клясная павятовая, прыходзкая і пачатковая габрэйская вучэльні, а таксама прыватны жаночы пансіён; 2 касьцёлы, 2 царквы, 7 сынагогаў, мячэт. У пачатку XX ст. адкрыліся слонімскія гімназіі і Слонімская рэальная вучэльня. Вялікую ролю ў разьвіцьці прамысловасьці места адыгралі буйныя зямяне графы Пуслоўскія, якія ў прадмесьці Слоніму — Альбэртыне адкрылі медную, дывановую лесапільную мануфактуры, Альбэртынскую суконную фабрыку і інш.

За часамі Першай Сусьветнай вайны ў верасьні 1915 году Слонім занялі войскі Нямецкай імпэрыі. 

У Слоніме працуюць 10 сярэдніх, базавая і музычная школы, 20 дашкольных установаў. Дзейнічае кадэцкі корпус, утвораны ў 1997 годзе.

Мэдычнае абслугоўваньне насельніцтва ажыцьцяўляцюь 2 лякарні і 4 паліклінікі.

Дзейнічаюць 7 бібліятэк, кінатэатар.

У 1981 годзе завяршылася ўзьвядзеньне новага будынка Слонімскага дому культуры. У ім дзейнічае каля 20 розных мастацкіх сэкцыяў і гурткоў, аркестар народных інструмэнтаў, фотамайстэрня, мастацкі гурток, музычны калектыў. У будынку разьмяшчаецца адкрыты па 1989 Слонімскі драматычны тэатар.

У Слоніме ёсьць некалькі спартовых аб’ектаў: 3 стадыёны, 2 басэйны й 28 спартовых заляў. Працуюць 2 спартовыя школы.

Раней у месьце існаваў прафэсійны футбольны клюб «Камунальнік». Тройчы (у 1997, 1998 і 2000 гадох) каманда знаходзілася ў вышэйшай лізе чэмпіянату Беларусі. Цяпер у першай лізе чэмпіянату Беларусі выступае каманда «Слонім-2017». У першынстве сярод юнакоў «Крыштальны мяч» — каманда ДЮСШ м. Слоніму. Акрамя ДЮСШ № 1, у месьце функцыянуе і футбольная ДЮСШ «Альбэртынаў».

З урбананімічнай спадчыны Слоніму да нашага часу гістарычныя назвы захавалі вуліцы Агінскага, Баранавіцкая, Берасьцейская, Вакзальная, Віленская, Опэрная, Ружанская, Студэнцкая, Фабрычная і Школьная, а таксама завулкі Аптэчны і Жыровіцкі, тракты Косаўскі і Менскі. Гістарычны Замкавы пляц на Замосьці ў наш час атрымаў назву ў гонар Льва Сапегі.

У інвэнтарах 1652 і 1754 гадоў упамінаецца Мікольская вуліца. У XVI—XVII стагодзьдзях каля Рынку існавала Вялікая вуліца, якую дасьледнікі дагэтуль не лякалізавалі.

Гістарычныя мясцовасьці Слоніму: Абалонь, Альбэртын, Замосьце, Панасоўка, Школьны Двор.

У Слоніме больш за 20 прадпрыемстваў машынабудаваньня і мэталаапрацоўкі, мэблевай, цэлюлозна-папяровай, харчовы, лёгкай і іншых галінаў прамысловасьці.

Слонім — пэрспэктыўны цэнтар турызму міжнароднага значэньня. Места ўваходзіць у турыстычна-экскурсійныя маршруты «Мураваны летапіс Панямоньня», «На радзіму Тадэвуша Касьцюшкі», «Архіпэляг Сапегаў», «Сядзібы, палацы, замкі», «Архітэктурныя помнікі Слоніму».

Дзейнічае Слонімскі раённы краязнаўчы музэй імя І. Стаброўскага, этнаграфічны музэй-майстэрня «Беларускае мястэчка», музэй кнігі Слонімскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Якуба Коласа. Спыніцца можна ў гасьцініцы «Шчара», працуе санаторы-прафілякторы «Сонечны».

Слонім — старажытны цэнтар мастацкага ткацтва.

Могілкі ў Слоніме знаходзяцца ў трох месцах. Найстарэйшыя — Ружанскія, могілкі на Лабазоўцы й могілкі ў Альбэртыне, на іх пахаваныя каталікі і праваслаўныя. Ад юдэйскіх могілак сёньня засталося некалькі мацэваў і агароджаная тэрыторыя каля вуліцы Берасьцейскай. Юдэйскія могілкі існавалі таксама за сынагогай, на месцы сёньняшняга рынку. Мусульманскія могілкі (татарскі мізар) знаходзяцца ў лесе, прыкладна за пяць кілямэтраў на поўнач ад места.




#Article 68: Ліда (1056 words)


Лі́да — места ў Беларусі, на рацэ Лідзеі. Адміністрацыйны цэнтар Лідзкага раёну Гарадзенскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год — 101 616 чалавек. Вузел чыгунак і аўтамабільных дарог на Вільню, Баранавічы, Горадню, Маладэчна.

Ліда — даўняе магдэбурскае места, цэнтар гістарычнага рэгіёну (частка Віленшчыны), старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага. Да нашага часу тут захаваўся замак вялікага князя Гедзіміна, выдатны помнік гісторыі і абарончай архітэктуры. Апроч таго, у месьце знаходзяцца Фарны касьцёл у стылі віленскага барока і комплекс былога кляштару піяраў з касьцёлам Сьвятога Язэпа ў стылі клясыцызму, помнікі архітэктуры XVIII—XIX стагодзьдзяў. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаліся меская ратуша і касьцёл пры кляштары кармэлітаў, помнікі архітэктуры XVIII ст., зруйнаваныя расейскімі ўладамі.

Тапонім «Ліда», відаць, утварылася ад балцкага lydimas — высечка, блізкага да тэрміну «ляда». Менш імаверным зьяўляецца зьвязак назвы места зь летувіскім lydis — ход, плынь. Часам тапонім памылкова прымяркоўваюць да імя Ліда, якое зьявілася ў гэтых мясьцінах значна пазьней.

Найбольш раньнія археалягічныя матэрыялы, выяўленыя на тэрыторыі Ліды, датуюцца пачаткам XIV ст. Афіцыйна адлік гісторыі места вядзецца ад 14 верасьня 1323 году — пачатку будаваньня вялікім князем Гедзімінам Лідзкага замка, вакол якога паступова вырасла паселішча.

У XIV ст. Ліда беспасярэдне належала вялікім князям Гедзіміну, Кейстуту, Альгерду, Ягайле, Вітаўту. У гэты час места ўваходзіла ў склад Троцкага ваяводзтва і неаднаразова цярпела ад нападаў крыжакоў. У 1360-я гады ў Лідзе існавала францішканская місія, а ў 1387 годзе Ягайла заснаваў тут адзін зь першых касьцёлаў у Вялікім Княстве Літоўскім. У 1396—1398 гадох у Лідзе жыў з сваім дваром выгнаны Тымурам хан Залатой Арды Тахтамыш, а ў 1411—1412 гадох — ягоны сын Джэлал ад-Дзін, які камандаваў татарскімі аддзеламі войска Вялікага Княства Літоўскага ў Грунвальдзкай бітве. З 1413 году места знаходзілася ў складзе Віленскага ваяводзтва.

У XV—XVI стагодзьдзях Ліда была значным цэнтрам рамяства і гандлю, зьвязаным зь Вільняй, Наваградкам, Менскам, Полацкам. У гэты час места складалася з Рынка і 4 вуліцаў, таксама існавала прадмесьце Зарэчча. У сярэдзіне XVI ст. у Лідзе зьявіліся кальвіністы, прычым іхная колькасьць неўзабаве так павялічылася, што мескі касьцёл некаторы час ня дзейнічаў празь недахоп вернікаў.

Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў Ліда стала цэнтрам павету. 17 верасьня 1590 году кароль і вялікі князь Жыгімонт Ваза надаў месту Магдэбурскае права і герб: «поле шчыта расьсечанае на дзьве часткі: правая — чырвоная з залатым ільвом, левая — блакітная з двума залатымі скрыжаванымі ключамі».

За часамі Крывавага патопу (1654—1661) у 1659 годзе маскоўскае войска І. Хаванскага штурмам узяла замак і спаліла яго. У 2-й палове XVII ст. у выніку войнаў з Маскоўскай дзяржавай і Швэцыяй Ліда прыйшла ў заняпад, толькі зь сярэдзіне XVIII ст. пачалося гаспадарчае ажыўленьне. У 1672 годзе тут заснавалі кляштар кармэлітаў.

У 1756—1834 гадох у Лідзе існавала сярэдняя навучальная ўстанова — піярскі калегіюм, выпускнікі якога пакінулі прыкметны сьлед у навуцы і літаратуры. У калегіюме навучаўся будучы прафэсар Віленскага ўнівэрсытэту Станіслаў Юндзіл. На 1792 год у месьце было 242 будынкі.

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Ліда апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе стала цэнтрам павету Слонімскай губэрні (з 1797 году ў складзе Літоўскай, з 1801 году — Гарадзенскай, з 1842 году — Віленскай губэрні). На 1837 год у месьце было 324 будынкі.

У 1863 і 1873 гадох у Лідзе збудавалі 2 бровары, у 1870—1880-я гады — гарбарныя прадпрыемствы, тытунёвую фабрыку, крухмальны завод. У 1884 годзе празь места праклалі чыгуначную лінію Вільня — Лунінец, у 1907 годзе — Маладэчна — Масты. У 1899 годзе ў Лідзе адкрылася лякарня на 25 ложкаў. У 1901 годзе адбыўся запуск чыгуналіцейнага, у 1903 годзе — лесапільнага, у канцы XIX — пачатку XX стагодзьдзяў — 2 цагельных заводаў.

На 1904 год у Лідзе было 1000 жылых дамоў (зь іх 275 мураваных), 14 дробных прадпрыемстваў (400 работнікаў), 170 рамесных майстэрань, 4 лякарні на 115 ложкаў, 6 пачатковых навучальных установаў (700 вучняў). На 1914 год у месьце працавала каля 40 прадпрыемстваў. У Першую сусьветную вайну ў верасьні 1915 году Ліду занялі нямецкія войскі.

Н. Орда, 1873 г.

У 1939 годзе Ліда ўвайшла ў БССР, дзе 15 студзеня 1940 году стала цэнтрам раёну Баранавіцкай вобласьці (з 20 верасьня 1944 году ў складзе Гарадзенскай вобласьці). З 27 чэрвеня 1941 да 9 ліпеня 1944 году места знаходзілася пад нямецкай акупацыяй.

У 1989 годзе ў Лідзе адбылося ўрачыстае адкрыцьцё помніка Адаму Міцкевічу, у 1993 годзе — помніка Францішку Скарыну. У 2010 годозе ўпершыню з часоў падзеяў 1939 году ў цэнтральную частку Ліды вярнуліся назвы, беспасярэдне зьвязаныя з дасавецкай гісторыяй места: Грунвальдзкая і Замкавая вуліцы, а таксама бульвар імя вялікага князя Гедзіміна.

Нацыянальны склад (паводле перапісу 1999 году, %): беларусы — 44,2, палякі — 38,3, расейцы — 14,0, украінцы — 2,6. Агулам у месьце жывуць прадстаўнікі каля 50 нацыянальнасьцяў.

Рэлігійнае жыцьцё прадстаўляюць 22 супольнасьці 6 канфэсіяў, у тым ліку 7 праваслаўных, 5 рымска-каталіцкіх, 1 грэка-каталіцкая, 1 мусульманская, 1 юдэйская, 1 эвангелічна-лютэранская і 6 пратэстанцкіх. Дзейных сакральных будынкаў у месьце — 8, у тым ліку 4 касьцёлы, 2 царквы і 2 малітоўныя дамы на ўсіх пратэстантаў.

Сыстэма адукацыі ў Лідзе — гэта 16 сярэдніх, няпоўная сярэдняя школы, гімназія, ліцэй, 33 дашкольныя і 10 пазашкольных установаў, Лідзкі каледж, музычны каледж, 2 прафэсійна-тэхнічныя вучэльні, прафэсійны ліцэй, дзіцячы дом творчасьці, школа мастацтваў і музычная школа.

Да паслугаў месьцічаў — лякарня на 1155 месцаў, 5 паліклінік, 3 дыспансэры, 24 пункты аховы здароўя, станцыі хуткай дапамогі і пераліваньня крыві; 11 аптэчных пунктаў, 9 аптэчных шапікаў розных формаў уласнасьці.

У сыстэму ўстановаў культуры ўваходзяць 3 дамы культуры, 7 бібліятэк, гістарычна-мастацкі музэй, 1 кінатэатар, 46 калектываў мастацкай самадзейнасьці.

У Лідзе працуе 3 спарткомплексы, 2 ФАКі, стадыён, плавальны басэйн, 12 міні-басэйнаў, 27 спартовых заляў, 6 стралковых ціраў, 64 прыстасаваныя памяшканьні, 79 плоскасьцевых будынкаў.

Гістарычныя мясцовасьці Ліды: Вісманты, Выган, Дварцовая Слабада, Дзяканка, Закасанка, Зарэчча, Каменка, Кузьмішкі, Куроўшчына, Маргі, Мастоўшчына, Навапрудцы, Пастаўшчына, Расьлякі, Сойкішкі, Стругі, Фэрма, Школьны Двор.

Ліда — буйны прамысловы цэнтар. У месьце працуюць прадпрыемствы машынабудаваньня, харчовай, хімічнай, дрэваапрацоўчай, будаўнічых матэрыялаў, абутковай прамысловасьці.

У будаўнічы комплекс Ліды ўваходзяць 17 будаўнічых і рамонтна-будаўнічых арганізацыяў, найбуйнейшай зь якіх зьяўляецца ААТ «Будаўніча-мантажны трэст № 19».

Да паслугаў насельніцтва і гасьцей места маецца 480 аб’ектаў раздробнага гандлю і грамадзкага харчаваньня ўсіх формаў уласнасьці, шэраг прадпрыемстваў побытавага абслугоўваньня. Дзейнічаюць 2 стацыянарныя і 4 міні-рынкі.

Ліда — чыгуначны вузел. Таксама маецца аўтобусная станцыя, якая абслугоўвае каля 10 міжмескіх маршрутаў і каля 30 мясцовых маршрутаў. Мескі грамадзкі транспарт улучае 13 аўтобусных маршрутаў і 12 маршрутаў маршрутных таксі.

Грузавыя і пасажырскія перавозкі ў Лідзе ажыцьцяўляюць ААТ «Лідатрансаўта», ААТ «Лідаспэцаўтатранс», «Ілона», грузавая аўтастанцыя ААТ «Горадняінтэртранс», аўтобусны парк № 2 і чыгуначны вузел.

Ліда — цэнтар турызму дзяржаўнага значэньня. У месьце працуе Лідзкі гістарычна-мастацкі музэй. Спыніцца можна ў гасьцініцы «Ліда» або ў трохзоркавым гатэлі «Кантынэнт».

Найбольш вядомая славутасьць Ліды — Замак Гедзіміна, збудаваны вялікім князем у 1330-я. Іншыя выдатныя мясьціны:




#Article 69: Слуцак (2064 words)


Слу́цак — места ў Беларусі, на рацэ Случы. Адміністрацыйны цэнтар Слуцкага раёну Менскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год — 61 818 чалавек. Знаходзіцца за 105 км на поўдзень ад Менску. Вузел чыгунак на Асіпавічы, Баранавічы, Салігорск. Аўтамабільныя дарогі на Менск, Бабруйск, Івацэвічы, Салігорск.

Слуцак — магдэбурскае места, цэнтар  гістарычнага рэгіёну (частка Наваградчыны), старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага. Колішняя рэзыдэнцыя князёў Алелькавічаў, якая за Радзівіламі стала цэнтрам вытворчасьці шаўковых паясоў, аднаго з сымбаляў беларусаў. У 1920 годзе ў ваколіцах Слуцку адбылося ўзброенае выступленьне ў абарону незалежнасьці Беларусі. Да нашага часу захаваліся барокавыя царква Сьвятога Міхала Арханёла і жылы корпус кляштару бэрнардынаў, клясыцыстычныя будынкі шляхецкага сходу, Трайчанскага манастыра і кальвінскай гімназіі, помнікі архітэктуры XVIII—XIX стагодзьдзяў. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаліся мескія ўмацаваньні з трыма мураванымі брамамі, зруйнаваныя расейскімі ўладамі, а таксама царква Сьвятой Тройцы, касьцёл Сьвятога Антонія, кальвінскі збор і сынагога, помнікі архітэктуры XVII—XIX стагодзьдзяў, зьнішчаныя савецкімі ўладамі. Апроч таго, у месьце знаходзілася вялікая колькасьць помнікаў традыцыйнай беларускай драўлянай архітэктуры.

Тапонім «Слуцак» утварыўся ад назвы ракі Случы. У сваю чаргу, гідронім зьяўляецца вытворным ад слова «лука» — выгін ракі, лукавіна (злуч, злучына). Варыянты напісаньня назвы места ў гістарычных крыніцах: Случеск, Слуцек.

У сучаснай беларускай мове (клясычны правапіс) старажытны тапонім аформіўся з устаўным «а» ў канцавым спалучэньні -цк — Слуцак, што адпавядае традыцыйнаму вымаўленьню мясцовых жыхароў. Пісьмовае выкарыстаньне гэтай формы пачалося ў канцы XIX ст. у новым беларускім правапісе, які грунтаваўся на фанэтычным прынцыпе. Пазьней у 1920-я гады форма «Слуцак» як нарматыўная пачала шырока ўжывацца ў БССР да палітычнай рэформы беларускага правапісу 1933 году, а таксама ў Заходняй Беларусі да падзеяў 1939 году. Складальніца афіцыйнага даведніка «Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь» мовазнаўца Валянціна Лемцюгова прызнае, што форма «Слуцак» ужываецца ў вуснай мове беларусаў на працягу многіх стагодзьдзяў. Разам з тым яна сьцьвярджае, што гэтая форма не вытлумачваецца фанэтычнымі законамі беларускай мовы. Тым часам мовазнаўца Юрась Бушлякоў паказваў на тое, што ўстаўны гук [а] у назвах местаў адпавядае ўстаўным гукам [э] і [о] у шэрагу беларускіх словаў: Зьміцер, вецер, вузел, журавель, карабель, бабёр, віхор і іншых. Цяперашняе афіцыйнае напісаньне назвы места — Слуцк ().

Першым пісьмовым упамінам пра Слуцак традыцыйна лічыцца запіс у «Аповесьці мінулых гадоў»: «В лѣто . Приходи Володимеръ на Глѣба; Глѣбъ бо бѧше воевалъ Дрѣговичи и Случескъ пожегъ…». Між тым, у некаторых гістарычных крыніцах існуюць ўпаміны Слуцку, ранейшыя за 1116 год, якія ня маюць спасылак на дакумэнты: паводле зьвестак кіеўска-пячэрскага архімандрыта Ёсіфа Трызны (XVII ст.), Уладзімер Сьвятаславіч надаў Тураўскай япархіі ў 1005 годзе разам зь іншымі гарадамі і Слуцак.

У 1160 годзе Слуцак стаў сталіцай удзельнага Слуцкага княства, першым князем якога быў Уладзімер Мсьціславіч, унук Уладзімера Манамаха. Княжаньне яго доўжылася два гады, па чым яго зрынула група князёў, ачоленых Расьціславам Мсьціславічам, ягоным братам і кіеўскім князем. На кароткі час Слуцкае княства ўвайшло ў склад Тураўскага, але ў 1190-я гады канчаткова адасобілася ад іншых.

У першай палове XIV ст. Слуцкае княства далучылася да Вялікага Княства Літоўскага. Уладзімер Альгердавіч, брат Ягайлы, замест Кіеўскага княства атрымаў меней магутнае Слуцкае. Алелькавічы, нашчадкі Ўладзімера Альгердавіча, валодалі княствам у 1395—1612 гадох.

У XV ст. Слуцак стаў адным з буйных фэадальных гарадоў. Тут існавалі Верхні, Ніжні і Новы замкі. Узрасла роля Слуцку ў палітычным жыцьці Вялікага Княства Літоўскага. У 1433 годзе места было цэнтрам выступленьня незадаволеных фэадалаў супраць вялікага князя Жыгімонта Кейстутавіча. У 1481 годзе тут сплянавалі і распачалі выступленьне ўжо супраць Казімера Ягайлавіча.

У грамаце 1441 году кароль і вялікі князь Казімер пералічыў 15 найбольшых местаў Вялікага Княства Літоўскага, сярод якіх значыўся Слуцак. 21 красавіка 1441 году трэцім зь местаў сучаснай Беларусі яму надалі Магдэбурскае права паводле граматы. Слуцак таксама стаў першым прыватнаўласьніцкім местам, які атрымаў права на самакіраваньне, бо ўсе папярэднія належалі да дзяржаўнага скарбу. Органам самакіраваньня зьяўляўся магістрат, ачолены войтам і бурмістрамі.

Улетку 1502 году адбыўся першы набег татараў на Слуцак. Князь Сямён Алелькавіч з ваяводам падольскім Янам Бучацкім разьбілі загон татараў колькасьцю 150 чалавек (паводле зьвестак Хронікі Літоўскай і Жамойцкай — 1500) на рацэ Вушы пад Бабруйскам. У Хроніцы Быхаўца ёсьць зьвесткі на гэты конт:

З 1507 году Слуцак увайшоў у склад Наваградзкага ваяводзтва, у гэты час тут існавалі замкавы суд і паспалітае рушаньне. У 1508 годзе князь Міхал Львовіч Глінскі ўчыніў фэадальны мяцеж, у час якога Слуцак быў спалены, акрамя замка. З прычыны разбурэньня места і зьнішчэньня большай часткі ягонага насельніцтва татарамі, а таксама паўстаньня князь слуцкі Сямён Алелькавіч адклікаў права на самакіраваньне.

Па сьмерці Юрыя Алелькавіча (1578 год) у 1582 годзе Слуцак падзялілі паміж сабой тры ягоныя сыны на тры часткі: Старое Места, Новае Места і Востраў (прадмесьце па-за мескімі ўмацаваньнямі) — у кожнай зь якіх быў свой князь і войт. Такім чынам, места кіравалася трыма князямі і трыма войтамі. Слуцак быў зноў аб’яднаны ў 1592 годзе: па сьмерці Юрыя ў траўні 1586 году, Аляксандра — у чэрвені 1591 году і Яна Сямёна — у сакавіку 1592 году ўся спадчына дасталася малалетняй дачцы Ю. Алелькавіча Соф’і, якую апякаў спачатку Юры, а потым яго брат Геранім Хадкевіч.

Соф’я Алелькавіч, апошняя прадстаўніца роду Алелькавічаў, памерла 19 сакавіка 1612 году ў час родаў, нарадзіўшы нежывое дзіця, па чым ўся маёмасьць перайшла да яе мужа Януша VI Радзівіла.

У траўні 1617 году ў Слуцку заклалі кальвінскую гімназію, якую адкрылі ў 1624 годзе. Таго ж году таксама адкрылася школа для месьцічаў. У 1630—1640 гады Багуслаў Радзівіл ператварыў Слуцак у места-фартэцыю; пры княскім двары вёўся Слуцкі летапіс, існавала бібліятэка, на падставе кніг і летапісу якой напісаў сваю «Хроніку» Мацей Стрыйкоўскі

На просьбу жыхароў Слуцку, перададзеную Багуславам Радзівілам каралю 27 жніўня 1652 году, места паўторна атрымала Магдэбурскае права, пацьверджанае 24 сакавіка 1653 году соймам Рэчы Паспалітай. Згодна з прывілеем, Слуцку таксама надалі герб. Паводле адных зьвестак, гэта была «Пагоня» («у чырвоным полі на белым кані збройны рыцар імчыцца ўлева»). Згодна зь іншымі крыніцамі, места атрымала герб «Пагоньчык» («у блакітным полі срэбны конь з крыламі; на чырвонай гуньцы пад княскай каронай манаграма Radzivil Dux»; таксама разглядаецца вэрсія, што манаграма расшыфроўваецца як ), што таксама пацьвярджаецца знаходжаньнем гэтага гербу на мескай пячатцы ў XVII—XVIII стагодзьдзях.

У вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) маскоўскія войскі некалькі разоў спрабавалі захапіць места, але здабыць яго так і ня здолелі. Хоць сам Слуцак ня быў разбураны, аднак захопнікі спалілі і зруйнавалі ягоныя прадмесьці. У той час грамадзка-палітычная сытуацыя ў Слуцку была нестабільнай, што прыводзіла да выступленьняў супраць уладаў места. Гэтак, у 1661 годзе мяшчанаў незадаволіла ўвядзеньне новага гандлёвага падатку. У 1684, 1685, 1695 і 1699 гадох адбыліся выступленьні жыхароў.

З 1672 годзе ў Слуцку працавала друкарня, перавезеная сюды зь Мітавы. На ёй друкаваліся як кнігі рэлігійнага зьместу, гэтак і сьвецкая літаратура, календары, геаграфічныя даведнікі. У 1673—1687 гадох з друкарні выйшла 23 кнігі агульным накладам . Аднак у 1705 годзе яе перавезьлі ў Каралявец.

У Вялікую Паўночную вайну Слуцак тройчы наведваў маскоўскі гаспадар Пётар I, а 12 траўня 1706 году ў месьце спыняўся швэдзкі кароль Карл XII. У гэты час тут праходзіў Генэральный сынод пратэстантаў Вялікага Княства Літоўскага.

На 1683 год у Слуцку працавала 16 рамесных цэхаў (у 1777 годзе — 18). У 1730—1740-я гады ў месьце ўзьніклі суконная, палатняная мануфактуры, Слуцкая мануфактура шаўковых паясоў. У XVII ст. у Слуцку зьявілася першая на тэрыторыі сучаснай Беларусі аптэка.

У лістападзе 1791 году на базе Слуцкага княства ўтварыўся Случарэцкі павет у складзе Наваградзкага ваяводзтва.

Па падпісаньні канвэнцыі аб другім падзеле Рэчы Паспалітай  году Слуцак разам зь іншымі местамі Вялікага Княства Літоўскага апынуўся пад уладай Расейскай імпэрыі, дзе ў якасьці павятовага цэнтру ўвайшоў у склад Менскай губэрні. Новыя ўлады пайшлі на паступовае выкараньне практыкі прыватнаўласьніцкіх местаў і мястэчак, што было неўласьціва самой Расеі. Працэс набыцьця дзяржавай Слуцку цягнуўся амаль паўстагодзьдзя. Дамінік Радзівіл, уласьнік Слуцку ў пачатку XIX ст., прапанаваў міністру ўнутраных справаў  адкласьці выплату доўгу на 15 гадоў з дазволам набыць Слуцак. Але ў вайну 1812 году Д. Радзівіл перайшоў на бок Напалеона і ўдзельнічаў у кампаніі супраць Расейскай імпэрыі. Улетку 1813 году расейскія ўлады сэквэстравалі ўсю ягоную ўласнасьць, а 11 лістапада на бітве пад Ханаў Д. Радзівіл загінуў. У 1814 годзе ўсю маёмасьць вярнулі ягоным сваякам — дачка Стэфанія атрымала Слуцак і Капыль.

Па сьмерці Стэфаніі Радзівіл у 1832 годзе ўся маёмасьць, у тым ліку і Слуцак, перайшла да яе мужа — Людвіга Вітгенштэйна. Па некалькіх гадох ліставаньня 10 сьнежня 1846 году места набылі ў дзяржаўны скарб за  срэбрам.

У 1823 годзе быў складзены плян забудовы Слуцку, які прадугледжваў упарадкаваньне вулічнай сеткі, будаваньне новых будынкаў, зьліцьцё цэнтру з ускраінамі. У 1831 годзе завяршылася будаваньне дзялянкі Маскоўска-Варшаўскай шашы, што праходзіла праз Слуцак і павет (работы на самой шашы скончыліся ў 1846 годзе).

У 1896 годзе распачалося будаваньне чыгуначнай лініі Асіпавічы — Слуцак, але на 1904 год лінію давялі толькі ад Асіпавічаў да Ўрэчча. Работы на чыгунцы скончыліся толькі ў 1915 годзе. Таксама існавала вузкакалейная чыгунка да Ляхавічаў. Да гэтага пасажыры перавозіліся ў адных зь першых на тэрыторыі сучаснай Беларусі аўтобусах. У часе выбараў у 1909 годзе ў мескую раду абралі 10 праваслаўных, 4 каталікоў і 1 юдэя.

За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 году Слуцак занялі войскі Нямецкай імпэрыі. Таго ж году ў месьце дзейнічаў Беларускі нацыянальны камітэт, адкрылася беларуская гімназія.

У лістападзе — сьнежні 1920 году на Случчыне адбылося ўзброенае антыбальшавіцкае паўстаньне, мэтай якога была абарона незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі; Слуцкі збройны чын жорстка здушыла Чырвоная Армія. У 1924 годзе Слуцак стаў цэнтрам акругі і раёну. 27 верасьня 1938 году ён атрымаў статус места абласнога падпарадкаваньня. У Другую сусьветную вайну з 27 чэрвеня 1941 да 30 чэрвеня 1944 году места знаходзілася пад нямецкай акупацыяй, у час якой дзейнічалі 3 лягеры сьмерці. Агулам нацысты зьнішчылі больш за 25 тысячаў чалавек, а жыдоўскае насельніцтва Слуцка было амаль цалкам зьнішчанае.

Слуцак знаходзіцца ў цэнтры паўднёвай часткі Беларусі, усярэдзіне Слуцкай раўніны. Стаіць на рацэ Случы і яе прытоку Бычку. Сярэдняя вышыня над узроўнем мора складае 156 м.

Клімат характаразуецца пераходам ад кантынэнтальнага да морскага, адметнага мернай цеплатою і павышанай вільготнасьцю. У сярэднім за год Слуцак мае 580 мм ападкаў.

На 1 верасьня 2009 году ў Слуцку было 11 агульнаадукацыйных школаў і 2 гімназіі (сярэдняя школа №7 пераўтварылася ў гімназію №2), 4 сярэдне-спэцыяльныя адукацыйныя ўстановы.

Мэдычнае абслугоўваньне насельніцтва ажыцьцяўляюць лякарня і паліклініка, стаматалягічная і дзіцячая паліклінікі, жаночая кансультацыя, скурна-вэнэралягічны і супрацьсухотны дыспансэры, санітарна-эпідэміялягічная станцыя, станцыя пераліваньня крыві, цэнтар здароўя, дом дзіцяці, звыш 20 пунктаў аховы здароўя.

Дзейнічаюць 4 бібліятэкі і дом культуры.

Слуцак мае стадыён на 700 месцаў, дзіцячую спартовую школу і іншыя спартовыя аб’екты. Плянавалася пабудова лядовага палацу на 280 месцаў да 2014 году. У месьце існуюць дзьве футбольныя каманды: «Слуцак» (гуляе ў вышэйшай лізе чэмпіянату Беларусі) і «Аграсэрвіс» (гуляе ў першай лізе чэмпіянату Менскай вобласьці).

Гістарычна складзеная структура Слуцку значна зьмянілася. Сучасная забудова вядзецца згодна з плянам 1988 году. У цэнтральнай частцы радыкальна-кальцавая, у сумежных з цэнтрам — прастакутныя сеткі вуліцаў (разам з завулкамі іх больш за 280). У цэнтры места ў асноўным малапавярховыя забудовы, у мікрараёнах — шматпавярховыя. Тэрыторыя Слуцку падзяляецца на жыльлёвую, прамысловую і зялёную зоны.

З урбананімічнай спадчыны Слуцку да нашага часу гістарычныя назвы захавалі вуліцы Віленская (гістарычная назва часткі сучаснай вуліцы — Трайчанская), Зімняя (Зімная), Капыльская, Красная і Садовая. Таксама ў Слуцку існавалі вуліцы Бачковая, Вайтоўская (у пачатку XX ст. Бабруйская), Глінская, Затыльная (з XVIII ст. Мікольскі завулак), Зуеўская, Кавальская, Крывасельская, Крыжовая Завальская (пазьней Гузенная, Гузенская, Кручковая, Гузінскі завулак), Мыльніцкая, Надрэчная, Новая Польная (Навапольная), Прозараўская (пазьней Новая Саская, Лютэранская), Саская, Спаская (пазьней Прозараўскі завулак), пляцы Замкавы і Лютэранскі, завулкі Гарбарскі і Кажамяцкі.

Гістарычныя мясцовасьці Слуцку: Старое Места, Новае Места, Востраў, Трайчаны, Сёлкі, Крывасёлкі, Выгода, Ямпаль, Пупарава, Горкі, Калёнія, Школішча.

Прадпрыемствы харчовай, лёгкай, дрэваапрацоўчай, мэталаапрацоўчай прамысловасьці. У 2004 годзе ў месьце працавала 21 прамысловае прадпрыемства, зарэгістраваныя 126 прадпрыемстваў недзяржаўнай формы ўласнасьці. Харчовая і перапрацоўчая прамысловасьць прадстаўленая 8 прадпрыемствамі. Тавары лёгкай прамысловасьці вырабляюцца на прамыслова-гандлёвым прадпрыемстве «Ландыш», тэкстыльнай фабрыцы і рэспубліканскім унітарным прадпрыемстве мастацкіх вырабаў «Слуцкія паясы». Значнае пашырэньне маюць дрэва- і мэталаапрацоўчая галіны («Слуцкая мэблевая фабрыка», «Слуцак-Модуль», «Ямполь»).

Праз Слуцак праходзяць аўтамабільныя дарогі Менск — Мікашэвічы , Івацэвічы — Старыя Дарогі , Асіпавічы — Баранавічы  і іншыя. Аўтавакзал абслугоўвае прымескія і міжмескія маршруты.

Адзіным відам грамадзкага транспарту, што працуе ў Слуцку, зьяўляюцца аўтобусныя перавозкі. У месьце налічваецца 22 рэгулярныя маршруты, якія злучаюць яго розныя пункты. Рухомы склад зьмяшчае шараговыя мадэлі МАЗ, Нёман-5201 і іншыя, якія былі перададзеныя ў Слуцак у час падрыхтоўкі да сьвята дажынак у 2005 годзе і пазьней з мэтай абнаўленьня састарэлага рухомага складу.

Слуцак зьяўляецца вузлом чыгуначнай лініі Асіпавічы — Баранавічы. У пачатку XX ст. тут збудавалі вузкакалейную чыгунку да Ляхавічаў, але ў грамадзянскую вайну яе разабралі. Ад Слуцку таксама адыходзіць лінія Слуцак — Салігорск, збудаваная ў другой палове XX ст. каб ажыцьцяўляць пастаўкі прадукцыі прадпрыемства Белкалій. Пасажырскі вакзал абслугоўвае маршруты ў населеныя пункты СНД, Летувы і Эстоніі.

Слуцак мае больш за 280 вуліцаў, агульная даўжыня якіх складае 90,3 км.

Працуе Слуцкі краязнаўчы музэй. Спыніцца можна ў гасьцініцы «Слуцк».




#Article 70: Клецак (716 words)


Кле́цак — места ў Беларусі, на рацэ Лані. Адміністрацыйны цэнтар Клецкага раёну Менскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год — 11 483 чалавекі. Знаходзіцца за 140 км на паўднёвы захад ад Менску; чыгуначная станцыя на лініі Асіпавічы — Баранавічы. Аўтамабільныя дарогі злучаюць места зь Нясьвіжам, Баранавічамі, Слуцкам.

Клецак — магдэбурскае места гістарычнай Наваградчыны, колішняя сталіца княства і радзівілаўскай ардынацыі, старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага. Да нашага часу тут захаваўся комплекс кляштару дамініканаў з касьцёлам Зьвеставаньня Найсьвяцейшай Панны Марыі ў стылі барока, помнік архітэктуры XVII ст. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаліся Фарны касьцёл (рэнэсанс, XVI ст.) і Вялікая Сынагога (барока, XVIII ст.), зруйнаваныя савецкімі ўладамі.

На думку географа В. Жучкевіча, тапонім «Клецак» утварыўся ад асновы клець, або старога дыялектнага слова «клеч» — бярозавы парасьнік. Варыянты напісаньня назвы места ў гістарычных крыніцах: Кльчьск, Клеческ.

У сучаснай беларускай мове (клясычны правапіс) старажытны тапонім аформіўся з устаўным «а» ў канцавым спалучэньні -цк — Клецак, што адпавядае традыцыйнаму вымаўленьню мясцовых жыхароў. Пісьмовае выкарыстаньне гэтай формы пачалося ў канцы XIX — пачатку XX стагодзьдзяў у новым беларускім правапісе, які грунтаваўся на фанэтычным прынцыпе. Пазьней у 1920-я гады форма «Клецак» як нарматыўная пачала ўжывацца ў БССР да палітычнай рэформы беларускага правапісу 1933 году, а таксама ў Заходняй Беларусі да падзеяў 1939 году. Цяперашняе афіцыйнае напісаньне назвы места — Клецк ().

Паводле археалягічных зьвестак, неўмацаванае паселішча дрыгавічоў існавала тут яшчэ ў сярэдзіне ХІ ст. Аднак першы пісьмовы ўпамін пра Клецак датуецца 1127 годам у зьвязку з выправай кіеўскіх князёў на Полацкае княства, у якім удзельнічала дружына Вячаслава Яраславіча «ис Клечьска». У гэты час горад быў сталіцай удзельнага княства.

У 1258 годзе войскі хана Бурундая захапілі і спустошылі Клецак у час іхнай выправы на Наваградзкую зямлю.

У ХIV ст. Клецкае княства далучылася да Вялікага Княства Літоўскага. Пад 1398 годам упамінаецца князь клецкі Ямант Тулунтавіч. У 1401 годзе вялікі князь Вітаўт перадаў места свайму брату Жыгімонту Кейстутавічу, у 1404 годзе — князю Раману Фёдаравічу. У 1433 годзе пад Клецкам войскі Жыгімонта Кейстутавіча разьбілі прыхільнікаў Сьвідрыгайлы Альгердавіча. Каля 1492 году вялікі князь Казімер перадаў места і княства Івану Яраславічу, які пакінуў іх у спадчыну свайму сыну Фёдару.

У 1503 годзе Клецак спалілі крымскія татары. 5 жніўня 1506 году каля места адбылася бітва, у выніку якой войскі Вялікага Княства Літоўскага на чале з князем Міхалам Глінскім разьбілі татараў. Вялікі князь Аляксандар выдаў Клецку прывілей на адзін кірмаш у год. У 1522—1556 гадох места знаходзілася ў валоданьня вялікай княгіні Боны Сфорца.

У 1550 годзе Андрэй Маствілоўскі фундаваў у Клецку Траецкі (Фарны) касьцёл. На 1552 год у месьце было 137 двароў, дзейнічалі 4 царквы, манастыр і касьцёл. У 1553 годзе тут пачаў дзейнічаць адзін зь першых на Беларусі кальвінскіх збораў, дзе ў 1560—1563 гадох служыў прапаведнікам Сымон Будны. У 1559 годзе вялікі князь Жыгімонт Аўгуст выдаў месту прывілей на 2 штогадовыя кірмашы. У 1586 годзе ўтварылася Клецкая ардынацыя Радзівілаў. На 1626 год у месьце было 448 двароў, пад 1641 годам упамінаецца Клецкая бібліятэка Радзівілаў.

За часамі Вялікай Паўночнай вайны ў 1706 годзе швэдзкі аддзел разьбіў пад Клецкам расейскае войска. Кароль і вялікі князь Аўгуст Моцны паўторна надаў месту прывілей на 2 кірмашы штогод. На 1713 год тут было 152 двары.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Клецак апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе стаў цэнтрам воласьці Случарэцкага павету. Статус паселішча панізілі да мястэчка, якое стала вядомым у рэгіёне цэнтрам гандлю. У 1796 годзе ў Клецку збудавалі харальную сынагогу. Па здушэньні вызвольнага паўстаньня (1830—1831) у 1832 годзе расейскія ўлады ліквідавалі кляштар дамініканаў, а па здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня (1863—1864) — гвалтоўна перарабілі касьцёл пад царкву Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскага патрыярхату). 3 траўня 1917 году местачкоўцы ўпершыню змаглі ўрачыста адзначыць гадавіну прыняцьця Канстытуцыі 3 траўня.

За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 году Клецак занялі войскі Нямецкай імпэрыі.

У 1939 годзе Клецак увайшоў у БССР, дзе ў 1940 годзе стаў цэнтрам раёну. У Другую сусьветную вайну з 26 чэрвеня 1941 — да 4 ліпеня 1944 году места знаходзілася пад нямецкай акупацыяй. 6 кастрычніка 1941 году нацысты расстралялі каля 4 тысячаў жыдоў. У 1953 годзе савецкія ўлады ўзарвалі Фарны касьцёл, помнік архітэктуры рэнэсансу.

У Клецку працуюць 3 сярэднія, музычная, дзіцяча-юнацкая спартовая школы і селькагаспадарчы прафэсійны ліцэй.

З усёй урбананімічнай спадчыны Клецку да нашага часу гістарычную назву захавала толькі вуліца Панкратаўская. У тэлефонным даведніку 1939 году ўпамінаюцца Сялянская вуліца, Радзівілімонтаўскі і Сіняўскі тракты.

Прадпрыемствы харчовай (малочная, масласыраробная, кансэрвавая, камбікормавая), дрэваапрацоўчай, лёгкай прамысловасьці.

Дзейнічае Клецкі гістарычна-этнаграфічны музэй. Спыніцца можна ў гасьцініцы «Клецак».




#Article 71: Жак Дэрыда (207 words)


Жак Дэрыда () ( — ) — францускі філёзаф габрэйскага паходжаньня, які нарадзіўся ў Альжыры. Дэрыда найбольш вядомы як распрацоўшчык канцэпцыі дэканструкцыі. Дэрыда тлумачыць у сваім «Лісьце да японскага сябра», што францускае слова «deconstruction» сталася спробай перакласьці і перахапіць тэрміны Гайдэґера «Destruktion» ды «Abbau». Работы Дэрыды таксама аказалі ўплыў на літаратурную тэорыю, хаця ягоная тэорыя дэканструкцыі была прынятая далёка ня ўсімі крытыкамі. Дэрыда таксама дасьледваў праблемы фэномэналёгіі, постструктуралізму і іншыя адгалінаваньні сучаснай філязофскай навукі.

Дэрыда нарадзіўся і гадаваўся ў Эль-Біяры (Альжыр). Сям’я пераехала ў Францыю ў 1949 годзе, калі яму было 19 гадоў. З 1952 вывучаў філязофію ў элітнай школе École Normale Superieure, потым працаваў лектарам у Лувэне (Бэльґія). Падчас вайны Альжыра за незалежнасьць у 1957—1959 гадох ён паехаў у Альжыр, дзе працаваў дзіцячым настаўнікам францускай і ангельскай мовы ў францускай арміі. З 1964 па 1984 выкладаў у École Normale Superieure. У 1966 пачаў выкладаць ва Ўнівэрсытэце Джона Гопкінса, а потым і ў іншых унівэрсытэтах Амэрыкі. З 1986 году Дэрыда быў прафэсарам у Ірвінскім унівэрсытэце ў Каліфорніі. Дэрыда атрымаў ступень ганаровага доктара з Кембрыджу, Калюмбійскага ўнівэрсытэту, Унівэрсытэту Эсэкса, Лувэнскага ўнівэрсытэту. У 2002 годзе ў Амэрыцы выйшаў фільм, прысьвечаны ягонай творчасьці. У 2003 годзе ў яго знайшлі рак падстраўнікавай залозы. Анкалягічная хвароба і сталася прычынай сьмерці 8 кастрычніка 2004 году.




#Article 72: Нясьвіж (1237 words)


Нясьві́ж — места ў Беларусі, каля вытокаў ракі Вушы на балтыйска-чарнаморскім водападзеле. Адміністрацыйны цэнтар Нясьвіскага раёну Менскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год — 15 808 чалавек. Знаходзіцца за 112 км на паўднёвы захад ад Менску, за 14 км ад чыгуначнай станцыі Гарадзея (лінія Менск — Баранавічы), аўтамабільныя дарогі злучаюць места з Баранавічамі, Клецкам, Наваградкам і шашай Менск — Слуцак.

Нясьвіж — даўняя рэзыдэнцыя магнацкага роду Радзівілаў, магдэбурскае места гістарычнай Наваградчыны, старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага. Да нашага часу тут захаваліся выдатныя помнікі дойлідзтва: палацава-замкавы комплекс Радзівілаў, улучаны ў Сьпіс сусьветнай спадчыны ЮНЭСКО, Фарны касьцёл — першы ў колішняй Рэчы Паспалітай і другі ў Эўропе твор архітэктуры стылю барока, плябанія, Замкавая вежа, Слуцкая брама, меская ратуша, «Дом на Рынку», комплекс кляштару бэнэдыктынак з касьцёлам Сьвятой Яўхіміі і жылы корпус кляштару бэрнардынаў. Сярод тутэйшых славутасьцяў вылучаліся палац Альба, рэнэсансавы калегіюм езуітаў і барокавы комплекс кляштару бэнэдыктынаў з касьцёлам Сьвятога Крыжа, помнікі архітэктуры XVII—XVIII стагодзьдзяў, зруйнаваныя расейскімі ўладамі, а таксама барокавыя комплекс кляштару дамініканаў з касьцёлам Сьвятога Яна, касьцёл Сьвятой Кацярыны пры кляштары бэрнардынаў і капліца Сьвятога Ізыдора, помнікі архітэктуры XVI—XVIII стагодзьдзяў зруйнаваныя савецкімі ўладамі. Большую частку нясьвіскіх збораў Радзівілаў (ювэлірныя вырабы, скульптура, творы малярства, кнігі і інш.) у канцы XVIII — XIX стагодзьдзях разрабавалі і вывезьлі ў Расею, у 1950 годзе савецкія ўлады падаравалі Польшчы абсалютную большасьць партрэтаў (63 адзінкі) зь Нясьвіскай галерэі.

На думку географа В. Жучкевіча тапонім «Нясьвіж» утварыўся ў выніку супрацьпастаўленьня з адмоўнай часьцінкай не-, дзе аснова «сьвідзь» — сьвідзіна, зарасьнік хмызьняку каля ракі або возера. Гэтая ж аснова прысутнічае ў назвах ракі Сьцьвіга і возера Сьвідна.

Згодна з сучаснымі энцыкляпэдычнымі даведнікамі першы пісьмовы ўпамін пра Нясьвіж датуецца 1446 годам, калі вялікі князь Казімер перадаў яго Мікалаю Яну Неміровічу. Тым часам традыцыйна адлік гісторыі места вядзецца ад 1223 году — паведамленьня пра князя Юрыя Нясьвіскага, які браў удзел у бітве на Калцы. Магчыма, ягонымі нашчадкамі былі князі нясьвіскія Рыгор і Іван, памянёныя ў 1388 годзе. Аднак факт існаваньня самога паселішча ў гэты час не пацьвярджаецца археалягічнымі зьвесткамі.

З 1492 году Нясьвіжам валодаў род Кішкаў. У 1513 годзе дачка гетмана вялікага Станіслава Кішкі — Ганна — пабралася шлюбам з Янам Радзівілам «Барадатым». У 1533 годзе места канчаткова перайшло ў валоданьне Радзівілаў, якія збудавалі тут драўляны замак.

У XVI ст. Нясьвіж быў адным з галоўных цэнтраў Рэфармацыі (кальвінізму) у Вялікім Княстве Літоўскім. Імёны дзеячоў таго часу, што жылі тут, набылі шырокую вядомасьць — Сымон Будны, Лаўрэн Крышкоўскі, Мацей Кавячынскі, Салямон Рысінскі, Даніла Набароўскі і інш. пісьменьнікі, паэты, філёзафы. У 1547 годзе Мікалай Радзівіл «Чорны» атрымаў тытул князя Сьвятой Рымскай імпэрыі, у выніку чаго места стала цэнтрам княства. У 1562 годзе ён заснаваў тут друкарню, у якой выйшлі першыя на тэрыторыі сучаснай Беларусі кнігі на старабеларускай мове.

Да канца XVI ст. Радзівілы ператварылі Нясьвіж ў фартэцыю. Места рэарганізавалі паводле заходнеэўрапейскіх прынцыпаў: прастакутны плян з 2 мураванымі брамамі на восі галоўнай вуліцы (пазьней зьявілася яшчэ некалькі брамаў), у цэнтры — прастакутны Рынак з ратушай; места атачалі ўмацаваны вал і роў. За Слуцкай брамай, на супрацьлеглым беразе Вушы ўтварылася прадмесьце Новае Места (у 1626 годзе тут збудавалі езуіцкую капліцу Сьвятога Ізыдора), а ў 1625 годзе на паўночна-заходнім баку ад Старога Места — прадмесьце Казімер.

У 1625 годзе Нясьвіж зьведаў вялізны мор, што паспрыяла адкрыцьцю тут у 1627 годзе аптэкі, у 1651 годзе мор паўтарыўся. За часамі вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) двойчы ў 1654 і 1659 гадох места руйнавалі казакі і маскоўскія войскі, аднак замак здолеў вытрымаць аблогі. У 1672 годзе ў Нясьвіжы заснавалі дамініканскі кляштар. На 1673 год у месьце было 366 дымоў. У 1681 годзе кароль і вялікі князь Ян Сабескі сваім прывілеем заснаваў Нясьвіскі кірмаш. За часамі Вялікай Паўночнай вайны (1700—1721) у 1706 годзе места разрабавалі швэдзкія войскі.

Адбудова Нясьвіжу вялася ў 1720-я гады, калі вакол муроў узьвялі новыя валы. У 1724 годзе Радзівілы ўтварылі ў замку капэлу, а ў 1740 годзе з ініцыятывы Ф. У. Радзівіл, пачаў дзейнічаць прыдворны тэатар. У 1740-я гады М. К. Радзівіл «Рыбанька» заклаў мануфактуру шаўковых паясоў (пазьней пераведзеная ў Слуцак), у 1747 годзе — кадэцкі корпус, а ў 1752 годзе — дывановую і суконную мануфактуры. У прадмесьці Альба, дзе з канца XVI ст. знаходзілася замеская рэзыдэнцыя, Радзівілы ўзьвялі мураваны палац «Эрмітаж», іншыя пабудовы, уладкавалі набярэжныя каналаў.

У XVIІІ ст. Нясьвіж быў значным культурным цэнтрам, тут дзейнічалі кадэцкі корпус для прыватнага войска Радзівілаў і школа флёцкіх афіцэраў (у Альбе), балетная і музычная школы, капэла і тэатар Радзівілаў. У 1750—1791 гадох у месьце працавала друкарня, дзе выдаваліся падручнікі і мастацкія творы на польскай і лацінскай мовах. У 1755 годзе ў парку «Альба» збудавалі летні палац пад назвай «Кансаляцыя».

Двойчы ў 1764 і 1768 гадох расейскія войскі акупавалі Нясьвіж у выніку палітычнага супрацьстаяньня Кацярыны II і Караля Станіслава Радзівіла. А ў 1772 годзе расейскія акупанты канфіскавалі гістарычныя і мастацкія каштоўнасьці замка, бібліятэку (10 тыс. кніжак) вывезьлі ў Пецярбург і разьмеркавалі ў Акадэмію навук. У 1773 годзе з утварэньнем Адукацыйнай камісіі ў Нясьвіжы адкрылася павятовая падакруговая школа. У 1792 годзе расейскія войскі зноў акупавалі места.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Нясьвіж апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе ў 1795 годзе стаў цэнтрам павету Менскай губэрні (з 1796 году пазаштатнае места Слуцкага павету). У вайну 1812 году места як уладаньне Дамініка Радзівіла, які з аддзелам дзейнічаў у складзе войскаў Напалеона, занялі царскія войскі. Улады Расейскай імпэрыі канфіскавалі каштоўнасьці замка: калекцыі мэдалёў і манэтаў адправілі ў Харкаўскі ўнівэрсытэт, сакральныя прадметы — у Маскву, іншыя старажытнасьці — у розныя расейскія музэі і зборы. У 1813 годзе зь сьмерцю Д. Радзівіла спынілася ў мужчынскім пакаленьні тутэйшая галіна роду.

Па здушэньні вызвольнага паўстаньня ў 1835 годзе расейскія ўлады закрылі дамініканскую школу. У 1875 годзе ў яе будынках адкрылася Нясьвіская настаўніцкая сэмінарыя. Паводле вынікаў перапісу 1897 году, у Нясьвіжы дзейнічалі 2 касьцёлы, царква, сынагога, 7 юдэйскіх малітоўных дамоў. 

За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 году Нясьвіж занялі нямецкія войскі.

У 1939 годзе Нясьвіж увайшоў у БССР, ад гэтага часу радзівілаўская ардынацыя спыніла сваё існаваньне. У 1940 годзе места стала цэнтрам раёну Баранавіцкай вобласьці. У Другую сусьветную вайну з 28 чэрвеня 1941 да 2—4 ліпеня 1944 году Нясьвіж знаходзіўся пад нямецкай акупацыяй. У 1944 годзе савецкая ўлада пераўтварыла колішні замак Радзівілаў у санаторыю.

У 1993 годзе ўтварыўся гістарычна-культурны музэй-запаведнік «Нясьвіж», у 1995 годзе адкрыўся Нясьвіскі гістарычна-краязнаўчы музэй. У 1996 годзе адбыўся першы Фэст камэрнай музыкі «Музы Нясьвіжу». У 1997 годзе ў Нясьвіжы прайшло сьвята — Дзень беларускага пісьменства. У 2006—2011 гадох праводзілася рэканструкцыя замка Радзівілаў, якую беларускія архітэктары крытыкуюць за недастатковую навуковасьць і прафэсіяналізм, вынікам чаго стаўся разбуральны характар «рэстаўрацыйных» працаў.

У Нясьвіжы працуюць 4 сярэднія, вячэрняя, музычная і дзіцяча-юнацкая спартовая школы, 7 дашкольных установаў.

Мэдычнае абслугоўваньне насельніцтва ажыцьцяўляюць меская лякарня, паліклініка і радзільны дом.

Дзейнічаюць цэнтральная раённая, дзіцячая і меская бібліятэкі, кінатэатар, дзіцячая школа мастацтваў.

З урбананімічнай спадчыны Нясьвіжу да нашага часу гістарычную назву захавала толькі вуліца Слуцкая. Паводле перапісу 1874 году, у месьце таксама існавалі завулак Віленскі, вуліцы Завальная, Могілкавая, Навамеская і Цырульніцкая. У перапісу ўласьнікаў 1905—1906 гадоў у Старым Месьце таксама ўпамінаюцца Гарадзейская, Нямецкая, Падвальная, Паштовая, Царкоўная і Школьная вуліцы, Паштовы і Школьны завулкі, у Новым Месьце — Броварная, Загуменная, Зарэцкая, Ізыдорская, Калодзезная, Лазарная, Рынкавая, Слаўкаўская, Сьвіная, Сьвятакрыская і Сэнатарская вуліцы.

Гістарычныя мясцовасьці Нясьвіжу: Старое Места, Новае Места, Альба, Беразблота, Заазер’е, Загуменьне, Казімер, Ліпа, Міхалішкі, Пагулянка, Прасмыкаўшчына, Фальварак, Школішча.

Прадпрыемствы мэдычнай (завод мэдычных прэпаратаў), харчовай, швацкай прамысловасьці.

Нясьвіж — пэрспэктыўны цэнтар турызму міжнароднага значэньня. Спыніцца можна ў гасьцініцы «Нясьвіж», турыстычныя паслугі надае сядзіба «Нясьвіская».

У месьце працуе Нясьвіскі гістарычна-краязнаўчы музэй. У 1996 годзе ўтварыўся Нацыянальны гістарычна-культурны музэй-запаведнік «Нясьвіж». З 1995 году ў месьце праводзіцца нацыянальны фэстываль старажытнай і камэрнай музыкі «Музы Нясвіжа».

Нясьвіж усталяваў сяброўскія дачыненьні зь местамі Азэрбайджану, Армэніі, Італіі, Летувы, Нямеччыны, Польшчы, Расеі, Турэччыны і Ўкраіны.




#Article 73: Гусьлі (946 words)


Гу́сьлі — шматструнны народны музычны інструмэнт, шырока ўжываны па ўсім балцкім рэгіёне: скандынаўскія краіны, краіны Прыбалтыкі, паўночна-заходняя Расея, паўночная Польшча і г. д. з 11 стагодзьдзя па сярэдзіну 20 стагодзьдзя. На гусьлях калісьці даўно гралі таксама і продкі сучасных беларусаў, збольшага на поўначы, у рэгіёнах, якія прымыкаюць да Латгаліі.

Ёсьць тры асноўныя вэрсіі паходжаньня гусьляў:

Першыя простыя зьвесткі пра гусьлі (ня ўзгадкі назвы, а зьвесткі дакладна пра гусьлі, якія мы разглядаем) датуюцца 11 стагодзьдзем. Гэта найранейшая археалягічная знаходка — гусьлі «Славіша» (Ноўгарад).

Аднак, як музычны інструмэнт, гусьлі былі распаўсюджаны на тэрыторыях Беларусі, Расеі, Украіны, Летувы, Латвіі, Эстоніі, Польшчы, Фінляндыі і некаторых іншых эўрапейскіх краінаў.

Словам «гусьлі» ў мінулыя часы ў рознай мясцовасьці называліся розныя інструмэнты, але цяпер у беларускай мове гэтая назва замацавалася за шматструнным шчыпковым інструмэнтам.

На Беларусі першыя ўскосныя зьвесткі пра гусьлі датуюцца 12 стагодзьдзем (працы Кірылы Тураўскага).

Пры дасьледаваньні беларускай этнаграфіі напрыканцы 19 стагодзьдзя этнографы крануліся толькі прывіда традыцыі, які зьнік у стагодзьдзях. Тым ня менш, у Расейскім этнаграфічным музэі Пецярбургу існуе як мінімум два інструмэнты, што пазначаныя як беларускія і беларуска-латыскія гусьлі (апошнія інструмэнты пачатку 20 ст. зь Віцебскай губэрні) з калекцыяў беларускага фальклярыста Еўдакіма Раманава і пецярбургскага навукоўца Мікалая Прывалава (у беларускіх музэях падобных экспанатаў па-просту няма).

Гусьлярская традыцыя праіснавала ў Беларусі да пачатку 20 стагодзьдзя.

Канструкцыйная прыкмета:

У канструкцыі кожнага асобнага экзэмпляру магчымыя асаблівасьці, выключэньні, але пералічаныя чатыры часткі звычайна прысутнічаюць.

Форма струнатрымальніка: ашэстак струнатрымальніка замацаваны ў вуціцах. Гэта пераходная форма паміж архаічнай, якая сустракаецца на лірападобных смычковых і шчыпковых (ашэстак струнатрымальніка трымаецца на скураных рамянях, замацаваных на корпусе), і больш позьняй формай струнатрымальніка, унікальнай гусельнай, якая не сустракаецца на іншых музычных інструмэнтах (драўляны клямар з ашэсткам струнатрымальніка).

Калковы шэраг: разьмешчаны пад пэўным скосам (кутом) да струнатрымальніка, паступова кароцячы струны ад басоў да вярхоў (у адрозьненьне ад лірападобных інструмэнтаў, дзе даўжыня ўсіх струнаў адносна роўная). Калковы шэраг не ва ўсіх інструмэнтах разьмешчаны па прамой лініі, часта выгнуты дугой. Вельмі дужа нагадвае калковы шэраг шлемападобных гусьляў (ужо распаўсюджаных у 11—13 стст.).

Веер струнаў: тыповы гусельны, то бок струны ідуць не паралельна, а адлегласьць паміж струнамі бліжэй да калкоў павялічваецца.

Корпус і рэзанатар: корпус дзяўбаны, зачынены з боку струнаў рэзанатарнай дошкай, але рэзанатар не даходзіць да калковага шэрагу. Між корпусам і калковым шэрагам знаходзіцца вобласьць гульнёвага вакна. Яна дасягае ў некаторых асобніках 1/3 даўжыні струны. Гэтая канструкцыйная асаблівасьць уласьцівая лірам, але ня гусьлям. Аднак, у адрозьненьне ад многіх лірападобных інструмэнтаў, вірбельбанк (пляцоўка для ўкручваньня калкоў) і апоры вірбельбанка (бакі гульнёвага вакна) зьяўляюцца часткай корпуса (зробленыя з корпусам з аднога кавалка дрэва).

Гэты тып гусьляў вядомы ва ўсіх прыбалтыйскіх краінах і Фінляндыі, як адна з самых раньніх формаў дзяўбаных гусьляў. Верагодна, што такія гусьлі існавалі на Беларусі, але зьвестак пра гэта ня знойдзена. Першыя археалягічныя знаходкі гусьляў такога тыпу датуюцца 16 стагодзьдзем (Фінляндыя). Але з упэўненасьцю казаць, што гусьлі такога тыпу маладзей за крылападобныя або шлемападобныя — нельга.

На такіх гусьлях магло быць ад 5-і да 9-і струнаў. Калі больш за 9 струнаў — атрымліваем прынцыпова іншы гук, іншую традыцыю музыцыяваньня й іншую тэхналёгію вырабу, хай зьнешняе падабенства з інструмэнтам застаецца. Матэрыял корпуса — бяроза, матэрыял дэкі (галасной дошкі) — елка.

Інструмэнт зроблены з улікам асаблівасьцяў формы, тэмбру і манеры граньня на гусьлях-кантэле, якія сустракаліся ў Віцебскай вобласьці па 19 — пач. 20 стагодзьдзя. Ніжняя мяжа гэтага пэрыяду невядомая, хаця спасылаючыся на меркаваньне Н. І. Прывалава, гэтую мяжу тэарэтычна можна паставіць ледзь не на пэрыяд перасяленьня славянаў (6—7 стст.). Не даказана, што кантэле былі распаўсюджаныя на тэрыторыі Беларусі, але перанясеньне асаблівасьцяў крылападобных гусьляў на кантэле можна лічыць добрым экспэрымэнтам. Цалкам жыцьцяздольным. У дачыненьні да гэных гусьляў можна ўжыць эпітэт «звончатыя», таму што гусьлі настроеныя высока (c#2 — d3) і напруга мэталічных струнаў гэтых гусьляў параўнальна вялікая. Строй: c#2, e2, f#2, g#2, a2, h2, c#3, d3.

Ёсьць падставы лічыць, што гусьлі такога тыпу былі вядомымі на «шляху з варагаў у грэкі» на працягу 9—14 стагодзьдзяў. Пакуль прамыя зьвесткі аб іх існаваньні знойдзены толькі ў Ноўгарадзе (Расея), Гданьску і Аполі (Польшча). Мяркуецца, што гэты інструмэнт ня мог абмінуць такія культурныя цэнтры, як Кіеў і Полацак. Гэты сьпіс мястэчак можна пашыраць далей. Калі ёсьць зьвесткі пра існаваньне гусьляў на тэрыторыі Беларусі яшчэ ў 12 ст. (Н. Прывалаў), то верагодна, што гэта маглі быць гусьлі ці шлемападобныя, ці лірападобныя (з гульнёвым вакном).

Такія гусьлі вядомыя з 14 стагодзьдзя (Наўгародскія раскопкі) па сёньняшні дзень захаваліся ў народнай традыцыі ў Латгаліі (Латвія), і Расеі (Наўгародская й Пскоўская вобласці). Былі распаўсюджаныя ў Беларусі (Віцебская вобласць), але ў першай полове 20 стагодзьдзя традыцыя прыпынілася.

Смычковы музычны інструмэнт, 13—14 стагодзьдзя, Пскоў, Ноўгарад. Лічыцца што гэты раньнеславянскі музычны інструмэнт агульны для ўсіх усходніх славянаў. Першыя ўспаміны: 5—6 стагодзьдзе. Адна мэлядычная струна, дзьве бурдонныя.

Раней гусьлі стваралі з розных парод дрэваў: ясеня, ліпы або дуба. Аднак для вырабу музычнага інструмэнта высокай якасьці лепш падыходзіць елка. Тэхналёгія вырабу звычайная.

Са словаў Алеся Чумакова: «Дрэва павінна высахнуць добра, дошка магла проста на вуліцы ляжаць».

Зь цягам часу выпрацавалася гусельная манера граньня — гусьлі на каленах, прытулены да жывата, а не на каленах пакладзеныя, як паказана на малюнку «Гусьляры» Віктара Міхайлавіча Васьняцова.

Існуе 2 манеры граньня на крылападобных гусьлях:

Таксама існуе 2 манеры граньня на лірападобных гусьлях:

Існуе разнавіднасьць тэхнікі, калі мезеным пальцам левай рукі дадаткова вядуць рытмічную бурдонную партыю на басовай струне.

Зьміцер прыехаў да латыскага майстра, вядомага вытворцы інструмэнтаў Донатса Вуцінса ў Латвію на стажыроўку. Як сапраўдны майстар, Донатс сьпярша дапускаў беларускага стажора адно працаваць у гародчыку й глядзець гаспадарку, і толькі празь некаторы час Зьміцер быў дапушчаны да сьвятае сьвятых — музычнай майстэрні. Гэтак на Беларусь трапіла страчаная тэхналёгія й была адноўленая музычная традыцыя.

Зараз ідзе новы віток адраджэньня гусельнай традыцыі. На беларускіх гусьлях граюць, іх майструюць, вывучаюць гісторыю і аднаўляюць рэпэртуар.

З пачатку 21 стагодзьдзя гусельная традыцыя ўваходзіць у новы этап адраджэньня — намаганьнямі майстра-музыкі Алеся Чумакова адноўлены выраб гусьляў розных тыпаў.

Беларускія музычныя гурты, што выкарыстоўваюць гусьлі:




#Article 74: Легенды Вялікага Княства — 2 (184 words)


Аўтар праекту: Арына Вячорка. Дызайн і мастэрынг: Уладзімер Давыдоўскі. Над альбомам таксама працавалі: В. Бяляеў, В. Кісьцень, Зьміцер Сасноўскі, Алесь Жура, А. Глушко, В. Дадзіёмава, Л. Салавей.

Праект гістарычнай музыкі «Старажытная зямля» зьяўляецца працягам праекту «Легенды Вялікага Княства», створанага ў 2000 годзе. У ім удзельнічаюць больш за дзесяць гуртоў і выканаўцаў з розных куткоў Беларусі (Менск, Полацак, Віцебск, Мазыр, Пінск, Баранавічы). Ён прэзэнтуе гісторыю беларускай музыкі ў розных яе жанрах, раскрывае творчасьць беларускіх гуртоў і выканаўцаў, якія працуюць у гэтай галіне.

Архаізаваны беларускі фальклёр агучаны ў лірніцкай песьні «Гаўрыла», у карагодзе «Мядуніца», у міталягічнай балядзе «Конь з арлом», гістарычных песьнях «Дунаю-Дунаю», «Песьня а князю Вітаўце», вайсковай песьні «Дубровачка». Выкананьне мэлёдыяў на копіях сярэднявечных інструмэнтаў яскрава ажыўляе музычную культуру вуліцаў і гарадоў Беларусі эпохі ВКЛ. Варган (дрымба), гусьлі (псалтыр), гатычная арфа, лютня, арганы, званы — рэдкія музычныя інструмэнты, якія былі папулярныя менавіта ў Сярэднявеччы. У часы Рэнэсансу ў Беларусі працавалі шмат якія вядомыя замежныя кампазытары. Амаль усе яны прадстаўлены ў «Легендах» — К. Клябан, В. Длугарай, В. Бакфарк, П. Жаліхоўскі, Д. Като. Гісторыя кожнага кампазытара — гэта ўнікальная старонка вялікакняскага двара ў Вільні й Горадні.




#Article 75: Мазыр (1088 words)


Мазы́р — места ў Беларусі, на рацэ Прыпяці. Адміністрацыйны цэнтар Мазырскага раёну Гомельскай вобласьці. Плошча 36,74 км². Насельніцтва на 2018 год — 111 733 чалавекі. Знаходзіцца за 133 км на паўднёвы захад ад Гомля. Аўтамабільныя дарогі злучаюць места з Гомелем, Бабруйскам і Оўручам (Украіна), у раёне Мазыра праходзіць нафтаправод «Дружба». Найбольшы ў Беларусі порт «Пхоў», чыгуначная станцыя на лініі Каленкавічы — Оўруч, аэрапорт.

Мазыр — магдэбурскае места, адзін з гістарычных цэнтраў Палесься, старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага. Да нашага часу тут захаваўся комплекс кляштару бэрнардынаў з касьцёлам Сьвятога Міхала Арханёла ў стылі барока, помнік архітэктуры XVIII ст., які пацярпеў ад маскоўскай перабудовы. У прадмесьці Кімбараўцы захаваліся комплексы жаночага з касьцёлам Сьвятога Міхала Арханёла і мужчынскага з касьцёлам Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі цыстэрыянскіх кляштараў (барока, XVIII ст.). Сярод мясцовых славутасьцяў таксама вылучаліся царква Сьвятой Параскевы Пятніцы і Фарны касьцёл.

На думку географа В. Жучкевіча, найбольш імаверна, што тапонім «Мазыр» мае этнанімічнае паходжаньне і ўтварыўся ад імя народнасьці мазур.

Варыянты напісаньня назвы ў гістарычных крыніцах: Мозър, Мозыр, Мозырь.

Мяркуецца, што паселішча, ад якога бярэ свой пачатак сучасны Мазыр, узьнікла ў VIII ст. ува ўрочышчы Кімбараўцы, дзе існавала ўмацаванае гарадзішча. У XI—XII стагодзьдзях умацаваны горад перанесьлі на Замкавую гару.

Першы пісьмовы ўпамін пра Мазыр датуецца 1155 годам, калі ён перайшоў ад Кіеўскага да Чарнігаўскага княства. Працяглы час Мазыр знаходзіўся ў складзе Тураўскага княства, князі і япіскапы якога называліся тураўскімі і мазырскімі. У 1240—1241 гадох места пацярпела ад татарскіх набегаў.

Зь сярэдзіны XIV ст. Мазыр далучыўся да Вялікага Княства Літоўскага. У XIV—XVIII стагодзьдзях тут існаваў драўляны замак.

У 1471 годзе Мазыр увайшоў у склад Кіеўскага ваяводзтва. У XVI ст. места стала цэнтрам гродавага староства, з правядзеньнем адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформы 1565—1566 гадоў — сталіцай павету. Па Люблінскай уніі (1569 год) і пераходу Кіеўскага ваяводзтва да Каралеўства Польскага з ініцыятывы мясцовай шляхты Мазырскі павет далучыўся да Менскага ваяводзтва.

У пачатку XVI ст. Мазыр складаўся з трох частак — цэнтральнай з астрогам, неўмацаванага пасаду і Рынку. За часамі вайны Маскоўскай дзяржавы зь Вялікім Княствам Літоўскім у 1534—1537 гадох усходнія захопнікі зруйнавалі Мазыр. На 1552 год у месьце існавалі цэрквы Сьвятога Спаса, Сьвятога Мікалая, Прачыстай Багародзіцы, на 1571 год — 550 будынкаў, дзейнічалі 5 цэркваў, працавалі шпіталь і 44 крамы, на 1576 год — 293 мяшчанскія двары.

У 1609 годзе Мазыр пацярпеў ад вялізнага пажару. Аднак ужо ў 1613 годзе коштам ахвяраваньняў завяршылася аднаўленьне ўмацаваньняў і места было «…абнесена высокім валам з 7 вежамі, або фортамі». У 1616 годзе староста Б. Стравінскі заснаваў у Мазыры касьцёл. З пачаткам вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) у 1655 годзе маскоўскія войскі на чале з Валконскім захапілі і спустошылі места.

У 1-й палове XVIII ст. у Мазыры збудавалі базылянскі манастыр, каля места — Кімбараўскія цыстэрыянскія кляштары. З 1752 году пачаў дзейнічаць кляштар марыявітак. У 1723—1773 гадох пры Фарным касьцёле існавала місія езуітаў. У 1726 годзе адкрылася езуіцкая школа (у 1773 годзе яе пераўтварылі ў сьвецкую вучэльню). У 1750 годзе казакі спустошылі кляштар цыстэрыянак ува ўрочышчы Кімбараўцы.

На 1724 год у Мазыры існавалі Кіеўская, Оўруцкая, Сьвідоўская, Нагорная, Гончая і іншыя вуліцы. У месьце было два замкі — Верхні (Стары), які месьціўся на Замкавай гары, і Ніжні. У падножжа Замкавай гары быў Рынак, на паўночным захадзе ад яго знаходзіліся меская ратуша, пякарня і стайня. Гандаль вёўся ў 56 крамах, якія атачалі пляц. Тамака ж быў шпіталь. Паводле мескага пляну (1769), — Пятніцкая, Слуцкая, Кіеўская, Жытомірская вуліцы і Рынак; у месьце было 211 двароў, 6 цэркваў і касьцёлаў, ратуша, 2 майстэрні для абпалу цэглы.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Мазыр апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе стаў цэнтрам павету Менскай губэрні. У 1796 годзе царскія ўлады даравалі месту новы расейскі герб. На 1825 год тут было 530 драўляных і 3 мураваныя будынкі, дзейнічалі 2 кляштары, працавалі 22 крамы і 27 корчмаў. У 1834 годзе ў Мазыры адкрылася шляхецкая вучэльня, ператвораная ў 1859 годзе ў прагімназію, потым — у гімназію. На 1862 год — 491 будынак, дзейнічалі 4 цэрквы, касьцёл і 2 юдэйскія малітоўныя дамы, працавала 71 крама; штогод з 6 да 27 студзеня і з 6 да 28 жніўня праводзіліся кірмашы. Месьцічы актыўна ўдзельнічалі ў нацыянальна-вызвольным паўстаньні (1863—1864).

На 1878 год у Мазыры дзейнічалі 3 царквы (у тым ліку мураваная, гвалтоўна пераробленая царскімі ўладамі з бэрнардынскага касьцёла), касьцёл і сынагога. У 1879 годзе тут заснавалі тэлеграфную станцыю, а ў 1885 годзе — запалкавую фабрыку «Маланка». Пракладаньне Палескіх чыгунак у 1880-х гадох паспрыяла далейшаму эканамічнаму разьвіцьцю Мазыру. Паводле вынікаў перапісу 1897 году, у месьце было 628 двароў, дзейнічалі 4 царквы, 2 капліцы, сынагога, 4 юдэйскія малітоўныя дамы, працавалі лякарня, прагімназія, 1-клясная прыходзкая і прыватная жаночая 2-клясная вучэльні, паштова-тэлеграфная кантора, бровар, майстэрня апрацоўкі скураў, 3 крупадзёркі, маслабойня, 170 крамаў, 13 заезных двароў, 8 корчмаў, 3 вінныя крамы. На 1904 год — 1210 жылых дамоў, у тым ліку 102 мураваныя, 50 газавых ліхтароў, водаправод, 2 друкарні, аптэка, 2 бібліятэкі, лясьніцтва. У верасьні 1913 году тут адбылася I сельскагаспадарчая і прамысловая выстава. Напярэдадні Першай сусьветнай вайны ў Мазыры было 1210 жылых будынкаў, 3 фабрыкі, 16 майстэрняў, 5 навучальных установаў, земская лякарня, мэтэастанцыя, друкарня і 2 кнігарні. У лютым 1918 году места занялі нямецкія войскі.

У 1948 годзе аднавіў працу Мазырскі краязнаўчы музэй. У 1953 годзе адбыўся ўвод у эксплюатацыю рамонтава-экскаватарнага, у 1963 годзе — кабэльнага заводу. У 1958 годзе пачаўся рух на мосьце праз раку Прыпяць. У 1975 годзе адбыўся пуск першай чаргі Мазырскага нафтаперапрацоўчага заводу. У 1988 годзе пачаўся рэгулярны трамвайны рух.

У Мазыры працуюць будаўнічы тэхнікум, вучэльні — геалёгіі, будаўнічая, мэдычная і музычная, 15 сярэдніх і 4 музычныя школы, 35 дашкольных установаў.

Установа вышэйшай адукацыі — Мазырскі дзяржаўны пэдагагічны ўнівэрсытэт імя І. П. Шамякіна.

Дзейнічаюць кінатэатар «Мір», Мазырскі драматычны тэатар імя Івана Мележа, Мазырская філярмонія, парк культуры «Перамога». У 1990 годзе адкрыўся Палац культуры МНПЗ.

Жыхароў места абслугоўваюць больш за 50 бібліятэк. У Мазыры ёсьць краязнаўчы музэй, музэй прыкладнай творчасьці, меская выстаўная заля.

У кабэльнай сетцы Мазыру вяшчае мясцовы тэлеканал. Таксама места мае ўласныя друкаваныя выданьні — газэты «Жыцьцё Палесься» і «На свае вочы».

Асноўныя спартовыя аб’екты: басэйн, 3 стадыёны, гарналыжны комплекс, школа алімпійскага рэзэрву Беларусі. Мясцовая футбольная каманда — ФК «Славія-Мазыр».

Архітэктурна-плянавальную сыстэму Мазыру абумовіў складаны рэльеф (рака Прыпяць, мноства яраў). Культурны і гістарычны цэнтар места — плошча Леніна — геаграфічна знаходзіцца на ўскраіне, на беразе Прыпяці. Уздоўж ракі праходзіць вуліца Савецкая, пэрпэндыкулярна да якой рэчышчам і схіламі яраў у глыб места падымаюцца іншыя вуліцы.

З урбананімічнай спадчыны Мазыру да нашага часу гістарычныя назвы захавалі толькі вуліцы Кіеўская і Нагорная.

Мазыр — цэнтар нафтаперапрацоўчай прамысловасьці. Працуюць прадпрыемствы машынабудаваньня і мэталаапрацоўкі, дрэваапрацоўчай, лёгкай, харчовай прамысловасьці (вытворчасьць кухоннай солі).

У Мазыры, акрамя аўтобусаў, працуе трамвайны транспарт. Даўжыня лініі — больш за 20 кілямэтраў. Дзейнічае адзін маршрут.

Празь места праходзяць турыстычныя маршруты: «Мазыр старадаўні», «Палескі край, ягоныя традыцыі і побыт», «Мазыр даўні і сучасны», «Сьвятыні Мазыршчыны». Працуе Мазырскі аб’яднаны краязнаўчы музэй культуры.




#Article 76: Шклоў (768 words)


Шклоў — места ў Беларусі, на правым беразе Дняпра. Адміністрацыйны цэнтар Шклоўскага раёну Магілёўскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год — 16 300 чалавек. Знаходзіцца за 30 км на поўнач ад Магілёва. Чыгуначная станцыя на лініі Ворша — Магілёў.

Шклоў — магдэбурскае места гістарычнай Аршаншчыны (частка Віцебшчыны), колішняя сталіца графства, старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага. Да нашага часу тут захаваліся меская ратуша, касьцёл Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла і Вялікая сынагога, помнікі архітэктуры XVII—XIX стагодзьдзяў. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаліся комплекс дамініканскага кляштару (барока, XVII ст.), зруйнаваны расейскімі ўладамі і царква Ўваскрасеньня Хрыстова (магілёўскае барока, XVII ст.), зьнішчаная савецкімі ўладамі.

Паводле пашыранага меркаваньня тапонім «Шклоў» утварыўся ад слова шкло.

Варыянт напісаньня назвы места лацінай на мапе 1595 году — Sklou.

Першы пісьмовы ўпамін пра Шклоў зьмяшчаецца ў «Запісках» З. Гербэрштэйна і датуецца 1520 годам. Даўняе паселішча знаходзілася на месцы сучасных вёсак Стары Шклоў і Хоцімка. У XVI—XVІI стагодзьдзях у Шклове існаваў магутны замак і мескія ўмацаваньні. З 2-й паловы XVI стагодзьдзя места стала сталіцай графства. У 1619 годзе ваявода троцкі Аляксандар Хадкевіч фундаваў у Шклове кляштар дамініканаў. На 1643 год у месьце налічвалася 850 дамоў, на 1650 год — 1220.

Упершыню маскоўскія войскі спалілі Шклоў у 1535 годзе. У Інфлянцкую вайну захопнікі тройчы (у 1562, 1564 і 1581 гадох) палілі места. У пачатку вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай у 1654 годзе жыхары Шклова вытрымалі маскоўскую аблогу, але пазьней здалі места; улетку 1655 году ў Шклове разьмясьцілася часовая стаўка маскоўскага гаспадара Аляксея Міхайлавіча. Толькі ў 1660 годзе войска Вялікага Княства Літоўскага вызваліла места, аднак неўзабаве ягоныя жыхары вытрымалі яшчэ адну маскоўскую аблогу. На 1661 год у Шклове засталося толькі 490 будынкаў. У 1666 годзе маскоўскія войскі зноў захапілі Шклоў (акупацыя працягвалася да 1667 году), мясцовую шляхту за «здраду» прымусова вывезьлі ў Казань.

У выніку ваенных спусташэньняў у канцы XVI стагодзьдзя адбыўся перанос Шклова на цяперашняе месца (паводле гісторыка М. Ткачова ў 1580 годзе або, паводле іншых зьвестак, па 1668 годзе).

За часамі Вялікай Паўночнай вайны (1700—1721) у 1708 годзе расейскія войскі зруйнавалі Шклоў за дапамогу швэдам. У 1731 годзе места перайшло ў валоданьне Чартарыйскіх. На 1739 год тут дзейнічалі 2 царквы. 10 красавіка 1762 году кароль і вялікі князь Аўгуст Сас надаў Шклову Магдэбурскае права, пячатку і герб: «у блакітным полі рука, якая трымае срэбны бязьмен». У 1769 годзе па тым, як вялікі пажар зьнішчыў амаль 300 дамоў Старога Места, пачалося ўзьвядзеньне Новага Места (сучасная тэрыторыя Шклова).

У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772 год) Шклоў апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе ў 1773 годзе стаў цэнтрам павету Магілёўскай правінцыі, пазьней губэрні. Аднак у 1777 годзе расейскія ўлады панізілі статус паселішча да мястэчка, якое стала цэнтрам воласьці Магілёўскага павету. У 1778 годзе колішняе магдэбурскае места перадалі ў валоданьне расейскаму вайскоўцу С. Зорычу, які заснаваў тут музычныя школы. У канцы XVIII стагодзьдзя ў Шклове працавалі шаўковая мануфактура (38 работнікаў у 1797 годзе) і гадзіньнікавая фабрыка, а таксама канатнае (у 1790—1799 гадох), парусінавае (у 1794—1845 гадох), гарбарнае (53 работнікі ў 1796 годзе) і суконнае (108 работнікаў у 1797 годзе) прадпрыемствы. У трупе прыгоннага тэатру (існаваў у 1788—1800 гадох) былі сьпевакі, танцоры, драматычныя акторы і музыкі-інструмэнталісты. На пачатак ХІХ стагодзьдзя Шклоў быў важным гандлёвым цэнтрам, прыстаньню на Дняпры. У 1827 годзе тут штогод праводзіліся 2 кірмашы. З другой паловы 1820-х гадоў мястэчка пачынае губляць сваё ранейшае эканамічнае значэньне.

На 1848 год у Шклове было 1158 двароў, мураваныя 2-павярховы жылы дом, мужчынскі манастыр і будынак былога дамініканскага кляштару, драўляныя царква і касьцёл, на 1861 год — 1515 дамоў, штогод праводзіліся 3 кірмашы. У 1864 годзе з мэтай маскалізацыі краю расейскія ўлады адкрылі народную вучэльню. У 1870-я гады працавалі крупадзёрка, цагельны завод, завод вытворчасьці шроту, 5 ткацкіх прадпрыемстваў. На пачатак 1880-х гадоў у Шклове было 872 дамы, у тым ліку 11 мураваных, 203 крамы (154 мураваныя), 7 ткацкіх, 2 цагельныя, вінакурнае і воўнаткацкае прадпрыемствы, кафельны завод, аптэка. Насельніцтва займалася кавальскім, кравецкім і шавецкім промысламі. У 1898 годзе А. Крывашэін заснаваў кардонавую фабрыку. У пачатку ХХ стагодзьдзя празь места прайшла чыгунка Ворша — Магілёў, каля яе ў 1906 годзе пачаў працаваць лесапільны завод «Дняпро».

У Шклове працуюць 3 сярэднія школы, школа мастацтваў, спэцшкола, цэнтар разьвіцьця і рэабілітацыі, сацыяльны прытулак.

Дзейнічаюць дом культуры, бібліятэка.

У месьце выдаецца газэта «Ўдарны фронт».

Сучасная меская тэрыторыя выцягнулася ўздоўж Дняпра. Забудова галоўным чынам сядзібнага тыпу. У цэнтры і жылых масівах узводзяцца 2—5-павярховыя будынкі. Захаваўся фрагмэнт пабудоваў XVIII ст. Ёсьць паркавая зона.

Прадпрыемствы харчовай, папяровай, камбікормавай прамысловасьці.

Шклоў уваходзіць у турыстычныя маршруты «Гістарычна-культурная спадчына Магілёўскага краю» і «Айчыны славутыя імёны». Спыніцца можна ў гасьцініцы «Крынічка».

У Шклове знаходзіцца геалягічны помнік прыроды дзяржаўнага значэньня Ніжнінскі роў.

На паўднёвай ускраіне места (в. Рыжкавічы) месьціцца археалягічны комплекс ХІV—XVIIІ стагодзьдзяў, які складаецца з замчышча, рэштак касьцёла і кляштару дамініканаў і руінаў царквы Ўваскрасеньня Хрыстова.




#Article 77: Казімер Сьвёнтак (648 words)


Казіме́р Сьвё́нтак (21 кастрычніка 1914, Вальк — 21 ліпеня 2011, Пінск) — кардынал, арцыбіскуп-мітрапаліт Менска-Магілёўскі, апостальскі адміністратар Пінскае дыяцэзіі, старшыня Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі.

Нарадзіўся ў польскай сям’і ў мястэчку Вальк (цяпер Валга ў Эстоніі), меншая частка якога — Валка — з 1920 году знаходзіцца ў Латвіі). У якой частцы мястэчка жыла радзіна Сьвёнткаў — выявіць не ўдалося. Меў таксама старэйшага на два гады брата Эдварда. Яго маці — Вэраніка з Крамплеўскіх — паходзіла з Браслаўшчыны, з парафіі Салокі каля Дукштаў, зь мясцовай зьбяднелай шляхты, якая ў пошуках лепшага жыцьця пакінула родныя мясьціны для працы на чыгунцы ў Вальку. Ягоны бацька Ян Сьвёнтак паходзіў зь Піньчава. Ён ня змог цешыцца з нараджэньня сына Казімера, бо з пачаткам Першай сусьветнай вайны быў мабілізаваны ў расейскае войска. Дзеля адсутнасьці на той час касьцёлу ў Вальку, родны брат маці Казімер Крамплеўскі павёз свайго пляменьніка хрысьціць у Рыгу. Там, у касьцёле Маці Божай Балеснай, Казімер Сьвёнтак быў ахрышчаны 2 лістапада 1914 году (паводле старога стылю). Пасьля захопу ўлады ў Расеі бальшавікамі, у канцы 1917 або на пачатку 1918 году, Вэроніка Сьвёнтак з малалетнімі сынамі Эдвардам і Казімерам разам з сем’ямі свайго бацькі і брата Казімера Крамплеўскіх, якія працавалі на чыгунцы, вымушаныя былі ў пошуках лепшых варункаў жыцьця выехаць спачатку на Ўкраіну, а адтуль ў Сыбір, у ваколіцы Томску. Бацька загінуў у 20 красавіка 1919 году ў баях за Вільню, ваюючы ў легіёнах Пілсудзкага супраць бальшавікоў. Быў пахаваны ў Вільні на Росах на вайсковых могілках.

Па сканчэньні вайны і пасьля падпісаньня Рыскай мірнай дамовы, з траўня 1921 году сям’я Сьвёнткаў і Крамплеўскіх пачала рабіць захады для рэпатрыяцыі з Савецкай Расеі і вяртаньня ў родныя мясьціны. Спачатку перабраліся з Сыбіру ў цэнтральную Расею, а затым, прыкладна праз год, атрымаўшы права на рэпатрыяцыю, прыехалі ў Дукшты, дзе ў Браслаўскім старастве атрымалі дакумэнты аб польскім грамадзянстве. У касьцёле сьв. Станіслава Косткі ў Дукштах Казімер і Эдвард Сьвёнткі прыступілі да Першай камуніі. Там жа, у Дукштах, Казімер Сьвёнтак распачаў навуку ў школе.

У ліпені 1926 Вераніка Сьвёнтак з сынамі і сям’ёй Крамплеўскіх у пошуках працы пераехала ў чыгуначны цэнтар Баранавічы, які тады пачаў актыўна разьвівацца, дзе будучы сьвятар Казімер Сьвёнтак у 1928 скончыў мясцовую гімназію імя Тадэвуша Рэйтана. Кожнага ранку Казімер Сьвёнтак разам з братам Эдвардам прыслугоўваў як міністрант у мясцовым касьцёле Ўзвышэньня Сьвятога Крыжа. Адразу пасьля здачы іспытаў у гімназіі, падаў дакумэнты на паляністыку ў Віленскім унівэрсытэце Стэфана Баторыя. Аднак летняя вандроўка з былымі сябрамі-гімнзістамі ў Пінск рэзка зьмяніла пляны Казімера Сьвёнтка, і ён вырашыў забраць дакумэнты і пайсьці ў духоўную сэмінарыю. Восеньню 1933 году ён распачаў навучаньне і фармацыю Вышэйшай духоўнай сэмінарыі ў Пінску. У сэмінарыі быў адным зь лепшых і прыкладных навучэнцаў, хоць аднойчы за дробную правіну падачс адпачынку з калегамі-сэмінарыстамі ледзь ня быў выключаны зь яе.

Пасьля далучэньня Заходняй Беларусі да БССР заставаўся ў Пружанах і служыў вернікам у сваёй парафіі. Падчас казаньняў асуджаў бязбожніцтва і атэізм. 21 красавіка 1941 году на сваёй плябаніі быў арыштаваны мясцовым НКВД і дастаўлены ў турму ў Берасьце. Пасьля вельмі цяжкага сьледзтва, пра якое ніколі не хацеў пазьней узгадваць, яго абвінавацілі па чатырох артыкулах карнага кодэксу ў антысавецкай прапаганьдзе і «шпіянажы» ды асудзілі на сьмерць. У камэры сьмяротнікаў у турме НКВД у Берасьці ён чакаў выкананьня выроку, але 22 чэрвеня 1941 году пачалася вайна і ён застаўся жывы. Пасьля акупацыі Берасьцейшчыны нямецкімі войскамі ў ходзе Другой сусьветнай 30 чэрвеня 1941 Казімер Сьвёнтак вярнуўся да сваіх парафіянаў у Пружаны й заставаўся зь імі аж да зыходу немцаў. Ізноў стаў ахвярай сталінскіх рэпрэсіяў: 17 сьнежня 1944 савецкія ўлады арыштавалі яго ў другі раз і засудзілі на 10 гадоў лягераў. Адбываў тэрмін у Комі АССР і Сыбіры: 2 гады ў Марыінску, 7 гадоў у Інце каля Варкуты, рэшту — у сыбірскай тундры.

У чэрвені 1954 Сьвёнтак вярнуўся ў Беларусь, стала асеў у Пінску, служыў у францішканскім храме (цяпер катэдральны касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Дзевы Марыі). Ня быў рэабілітаваны, таму піша ў анкетах, што мае судзімасьць. Меў магчымасьць пераехаць у Польшчу, але застаўся ў Беларусі.




#Article 78: Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел Беларусі (227 words)


Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел Беларусі — гэта падзел тэрыторыі Рэспубілікі Беларусь на пэўныя часткі ў мэтах эфэктыўнай арганізацыі дзяржаўнага кіраваньня і мясцовага самакіраваньня.

Адміністрацыйна-тэрытарыяльнымі адзінкамі Беларусі зьяўляюцца тэрыторыі, у тэрытарыяльных межах каторых ствараюцца і дзейнічаюць мясцовыя саветы дэпутатаў, выканаўчыя і распарадчыя органы.

Тэрыторыя Рэспублікі Беларусь падзяляецца на тэрыторыю сталіцы і тэрыторыі абласьцей. Тэрыторыя вобласьці падзяляецца на тэрыторыю раёнаў і гарадоў абласнога падпарадкаваньня. Тэрыторыя раёну падзяляецца на тэрыторыю сельсаветаў, мястэчкаў і гарадоў раённага падпарадкаваньня.

Тэрыторыі населеных пунктаў, якія не зьяўляюцца адміністрацыйна-тэрытарыяльнымі адзінкамі, і якія ўваходзяць разам зь іншымі тэрыторыямі ў прасторавыя межы сельсаветаў, складаюць іх тэрыторыю.

Тэрытарыяльнымі адзінкамі Беларусі зьяўляюцца населеныя пункты, у якіх не ствараюцца мясцовыя саветы дэпутатаў, выканаўчыя і распарадчыя органы, а таксама тэрыторыі адмысловага рэжыму выкарыстаньня (запаведнікі, нацыянальныя паркі, заказьнікі, тэрыторыі памятнікаў прыроды, тэрыторыі нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасьцяў і зоны іх аховы, тэрыторыі абарончага прызначэньня і інш.).

Улік і рэгістрацыя адміністрацыйна-тэрытарыяльных і тэрытарыяльных адзінак РБ ажыцьцяўляецца ў адзіным рэестры як складовай часткі Дзяржаўнага зямельнага кадастру.

Тэрытарыяльна Беларусь падзяляецца на тэрыторыі 6 абласьцей і тэрыторыю сталіцы — гораду Менск:

Коды 1—7, пазначаныя на нумарах аўтамабіляў, азначаюць адпаведную адміністрацыйна-тэрытарыяльнаю адзінку, дзе гэты аўтамабіль зарэгістраваны.

Тэрыторыя вобласьці падзяляецца на тэрыторыі раёнаў і гарадоў абласнога падпарадкаваньня. Па стане на 1 студзеня 2009 году колькасьць раёнаў складала 118, зь якіх 16 раёнаў знаходзіліся ў Берасьцейскай вобласьці, 21 — у Віцебскай, 17 — у Гарадзенскай, 21 — у Гомельскай, 22 — у Менскай, 21 — у Магілёўскай.




#Article 79: Менская вобласьць (939 words)


Ме́нская во́бласьць — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў Беларусі. Плошча вобласьці складае 40,2 тыс. км². Насельніцтва на 2018 год — 1 426 525 чалавек. Адміністрацыйны цэнтар — места Менск.

Менская вобласьць разьмешчаная ў цэнтральнай частцы Беларусі. Максымальная працягласьць тэрыторыі з поўначы на поўдзень — 315 км, а з усходу на захад — 240 км. Тэрыторыя вобласьці, з улікам Менску, складае 40,8 тыс. км² (19,4% тэрыторыі Беларусі).

На ўсходзе Менская вобласьць мяжуе з Магілёўскай, на поўначы — зь Віцебскай, на захадзе — з Гарадзенскай, на паўднёвым захадзе — зь Берасьцейская, на поўдні — з Гомельскай абласьцямі. Менская вобласьць, адзіная ў Беларусі, не мяжуе зь іншымі дзяржавамі, але дзякуючы таму, што па яе тэрыторыі праходзяць найважнейшыя транспартныя калідоры, тут ёсьць добрыя магчымасьці для ажыцьцяўленьня выгодных эканамічных сувязяў з краінамі блізкага і далёкага замежжа.

У цяперашні час Меншчына — адзін з найбольш эканамічна разьвітых рэгіёнаў Беларусі. Надзвычай выгоднае геаграфічнае становішча, наяўнасьць прыродна-рэсурсавага патэнцыялу вызначаюць фактары сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця вобласьці.

Рэльеф раўнінны і ўзгорысты. Пераважаюць вышыні 150—200 м над узроўнем мора. На паўночным захадзе — Менскае ўзвышша, на поўначы — Нарачанска-Вялейская і Верхнебярэзінская нізіны, на паўночным усходзе — Аршанскае ўзвышша, на ўсходзе — Цэнтральнабярэзінская раўніна, на поўдні — Стаўпецкая раўніна, Капыльская града, ускраіна Палескай нізіны.

У паўночна-заходняй частцы вобласьці знаходзіцца найвышэйшы пункт Беларусі — гара Сьвятая (345 м). Найніжэйшая кропка Менскай вобласьці — 130 м (раён ракі Арэсы).

Менская зямля багатая такімі карыснымі выкапнямі, як калійная і каменная солі, торф, гліна, бузы, пяскова-жвіровыя матэрыялы, жалезная руда, гаручыя лупнякі, мінэральная вада і іншыя.

Клімат умерана-кантынэнтальны. Сярэдняя тэмпэратура студзеня ад –6,1 °С да -7,4 °С, ліпеня 17,3 — 18,4 °С. Вэгетацыйны пэрыяд 186—195 дзён. Ападкаў выпадае 580—670 мм за год.

У межах Менскай вобласьці разьмешчаная частка Бярэзінскага біясфэрнага запаведніку, якому нададзены статус міжнароднага, прыродны нацыянальны парк Нарачанскі і шэраг іншых. Агульная плошча асабіста ахоўных тэрыторыяў дзяржаўнага значэньня складае 49,2 тыс. га або 1,23% ад агульнай плошчы вобласьці. Апроч гэтага створаныя 42 заказьнікі мясцовага значэньня плошчай 54,2 тыс. га. Узятыя пад ахову 198 помнікаў прыроды.

Па тэрыторыі Меншчыны праходзіць водападзел паміж рэкамі Балтыйскага і Чорнага мораў — Нёманам і Дняпром. Вобласьць займае другое месца ў Беларусі па колькасьці вадаёмаў і вадацёкаў і налічвае больш за 450 рэчак агульнай даўжынёй звыш 10 тыс. км, каля 500 вадаёмаў, якія маюць плошчу люстэрка вады ў памеры 246,2 км², 28 штучных вадасховішчаў. Большасьць азёраў рэгіёну ледавіковага паходжаньня. Яны складаюць неад’емную частку ляндшафтаў вобласьці.

Найбуйнейшыя рэкі: Нёман, Вяльля, Бярэзіна, Гайна, Сьвіслач, Пціч, Случ, Лань. Вялейска-Менская водная сыстэма. Азёры: Нарач, Сьвір, Мястра, Баторына, Балдук, Глубля, Глубелька, Сялява, Пялік. Вадасховішчы: Заслаўскае, Салігорскае, Любанскае і іншыя.

У вобласьці створаная разгалінаваная сетка аўтамабільных шляхоў, якая дазваляе забясьпечваць сувязь практычна з усімі населенымі пунктамі вобласьці і краіны. Менская вобласьць разьмешчана на скрыжаваньні асноўных транспартных маршрутаў, якія злучаюць дзяржавы Заходняй Эўропы з Усходам, рэгіёны Чарнаморскага ўзьбярэжжа з краінамі Балтыйскага мора.

Аўтамабільная дарога Гомель — Менск — Вільня — Клайпеда — Каралявец мае працягласьць па тэрыторыі Беларусі 468 км і забясьпечвае выйсьце з абласьцей Усходняй Украіны і Цэнтральнай Расеі да спэцыялізаваных марскіх партоў Клайпэды, Вэнтсьпілса і Калінінграда. Аўтамабільная дарога Берасьце — Менск — мяжа Расейскай Фэдэрацыі зьяўляецца ўдзельнікам Крыцкага калідору II, які злучае Нямеччыну, Польшчу, Беларусь і Расею.

Спрыяльныя ўмовы для перавозкі грузаў і пасажыраў стварае чыгуначная сетка Менскай вобласьці. Найболей значныя чыгуначныя вузлы — Менск, Маладэчна. Па тэрыторыі вобласьці праходзіць чыгуначная лінія Берасьце — Менск — мяжа Расеі працягласьцю 615 км, якая забясьпечвае рух грузавых цягнікоў з хуткасьцю да 100 км/гадз. і пасажырскіх — да 160 км/гадз. Асноўныя транспартныя струмені праходзяць у напрамку на Ўсход — у Расею і краіны Азіяцкага рэгіёну, на поўнач — у парты Балтыйскага мора, на захад — у краіны Эўропы і на поўдзень — у краіны Чарнаморскага рэгіёна. Добрым прыкладам на рынку транспартных паслугаў могуць служыць: спэцыялізаваныя цягнікі «Усходні ветравей» Бэрлін — Берасьце — Менск — Масква, «Расея экспрэс» Нямеччына — Польшча — Беларусь — Расея, Ратэрдам — Бэрлін — Варшава — Менск — Масква/Санкт-Пецярбург і іншыя.

Прамысловасьць вобласьці носіць шматгаліновы характар, у значнай ступені грунтуецца на выкарыстаньні мясцовых прыродна-сыравінных рэсурсаў. У яе структуры высокую ўдзельную вагу займае прадукцыя машынабудаваньня, хімічнай прамысловасьці. Прадпрыемствы машынабудаваньня арыентаваныя на вытворчасьць кар’ерных самаскідаў, станкоў, прыладаў, тэхнічнага абсталяваньня, прадукцыі электратэхнічнай і радыёэлектроннай прамысловасьці. Наймагутнейшае прадпрыемства вялікагрузных самаскідаў — ПА «Беларускі аўтамабільны завод» у месьце Жодзіне. Найбуйнейшае прадпрыемства хімічнай прамысловасьці — ПА «Беларуськалій» у месьце Салігорску. Сярод прадпрыемстваў будаўнічых матэрыялаў — 6 заводаў жалезабэтонных вырабаў, а таксама заводы зборнага жалезабэтону і іншыя. У вобласьці працуе 5 мэблевых фабрыкаў, 7 ільнозаводаў, 4 фабрыкі мастацкіх вырабаў, 2 шклозавода. Найвялікшыя прадпрыемствы лёгкай прамысловасьці — філіі менскіх вытворчых аб’яднаньняў. Акрамя гэтага, у рэгіёне атрымалі значнае разьвіцьцё вытворчасьці па перапрацоўцы сельскагаспадарчай сыравіны. Вобласьць займае першае месца ў краіне па вытворчасьці прадукцыі харчовай, мукамольна-крупяной і камбікармавой прамысловасьці. На тэрыторыі вобласьці разьмяшчаецца шэраг цэхаў і філіяў менскіх прадпрыемстваў. Значная ўдзельная вага прамысловасьці вобласьці засяроджана ў местах: Салігорску — 25,5%, Барысаве — 19,8%, Жодзіне — 13,95%, Слуцку — 7,2%, Маладэчна — 6,0%.

У большасьці сельскагаспадарчых раёнаў разьвітая малочна-мясная жывёлагадоўля, сьвінагадоўля, вырошчваньне бульбы ды льну, а на паўднёвым захадзе — вырошчваньне буракоў. Вакол Менску і каля іншых буйных местаў сельскагаспадарчыя прадпрыемствы дадаткова спэцыялізуюцца на вырошчваньні гародніны і садавіны, тут таксама дзейнічаюць буйныя птушкагаспадаркі й птушкафабрыкі.

Найбуйнейшыя сельскія населеныя пункты вобласьці (больш за 3 тысячы чалавек): Бальшавік, Бараўляны, Гатава, Дружны, Ждановічы, Калодзішчы, Краснае, Лошніца, Лясны, Міханавічы, Навінкі (цяпер частка Менску), Ратамка, Чысьць.

Вобласьць налічвае 22 раёны, 24 месты, 19 мястэчак.

Прадстаўнічая ўлада: абласная Рада дэпутатаў — 1, раённыя Рады дэпутатаў — 22, меская Рада дэпутатаў — 1; мескія Рады дэпутатаў местаў раённага падначаленьня — 2, местачковыя Рады дэпутатаў — 17, сельскіх Рады дэпутатаў — 294.

Выканаўчая ўлада: абласны выканаўчы камітэт — 1, раённыя і мескія выканаўчыя камітэты — 23, выканаўчыя камітэты местаў раённага падначаленьня — 2, местачковыя і сельскія выканаўчыя камітэты — 311.




#Article 80: Магілёўская вобласьць (804 words)


Магілёўская во́бласьць — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў Беларусі. Плошча вобласьці складае 29 тыс. км². Насельніцтва на 2018 год — 1 058 746 чалавек. Адміністрацыйны цэнтар — места Магілёў.

На 2010 год у Магілёўскай вобласьці налічвалася 190 сельсаветаў. 3 сьнежня 2013 году Магілёўскі абласны Савет дэпутатаў зацьвердзіў Рашэньне аб зьменшэньні іх ліку са 171 да 155. У вобласьці было 203 аграгарадкі 190 сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, зь якіх прынамсі адно знаходзілася ў кожным сельсавеце.

Магілёўская вобласьць разьмешчаная на ўсходзе Беларусі. Максымальная працягласьць тэрыторыі з поўначы на поўдзень — 150 км, а з усходу на захад — больш за 300 км. Тэрыторыя вобласьці займае 29 тыс. км².

На поўдні мяжуе з Гомельскай вобласьцю, на захадзе — зь Менскай, на поўначы — зь Віцебскай абласьцямі Беларусі, на ўсходзе — са Смаленскай, на паўднёвым-усходзе — з Бранскай абласьцямі Расеі.

Паверхня вобласьці пераважна раўнінная. Усходнюю частку займае Аршанска-Магілёўская раўніна, заходнюю — Цэнтральнабярэзінская раўніна. На паўночным захадзе разьмешчаная частка Аршанскага ўзвышша, на паўночным усходзе знаходзяцца Горацка-Амсьціслаўская раўніна і частка Смаленскага ўзвышша, дзе разьмешчаны найвышэйшы пункт вобласьці — 239 м над узроўнем мора. Пераважаюць вышыні 150—200 мэтраў, найніжэйшая адзнака Магілёўскай вобласьці — 126 мэтраў (абалона ракі Сож, ніжэй за вёску Гайшын Прапойскага раёну). Перапад вышыняў паміж найвышэйшым і найніжэйшым пунктамі вобласьці складае ўсяго 113 мэтраў.

На тэрыторыі рэгіёну знаходзяцца радовішчы разнастайных карысных выкапняў, у тым ліку ўнікальных для Беларусі — фасфарытаў. У вобласьці сканцэнтраваныя найбуйнейшыя ў краіне запасы цэмэнтавай сыравіны (крэйда, мэргель, гліны і суглінкі цэмэнтавыя), буйныя запасы будаўнічых і сылікатных пяскоў, пяскова-жвіровых сумесяў, торфу, бузаў, мінэральных водаў. Ва ўсходняй частцы вобласьці (на тэрыторыі Хоцімскага раёну) знаходзяцца вялізныя запасы мінэральнай сыравіны — трэпэла, які характарызуецца высокімі тэхналягічнымі ўласьцівасьцямі.

Клімат умерана-кантынэнтальны. Сярэдняя тэмпэратура студзеня ад −8,2 °C на паўночным усходзе да −6, °С на паўднёвым захадзе, у ліпені ад +17,8 °C на паўночным усходзе да +18,7 °C на паўднёвым захадзе. Вэгетацыйны пэрыяд працягваецца 180—190 дзён. За год выпадае 575—675 мм ападкаў, 70% зь іх прыпадае на красавік-кастрычнік.

Лес займае 37% тэрыторыі вобласьці, у асноўным гэта іглічныя пароды (54,9%), ёсьць таксама яловыя і бярозавыя па 15,1%, алешнікавыя 5,6%, дубовыя 5,4%. Плошча дзяржаўнага ляснога фонду складае больш за 1 млн га. Захаваліся ўнікальныя абалонавыя дубровы ў далінах Бярэзіны і Дняпра.

На тэрыторыі вобласьці разьмешчаныя гідралягічныя заказьнікі дзяржаўнага значэньня Заазер’е і Астравы Дулебы, 72 заказьнікі мясцовага значэньня. Аддаленасьць заказьнікаў ад местаў павялічвае іх рэкрэацыйную каштоўнасьць. Унікальныя азёры ў гэтых заказьніках маюць ледавіковае паходжаньне.

Тэрыторыя Магілёўшчыны належыць басэйну Дняпра, які перасякае вобласьць з поўначы на поўдзень. Яго найбуйнейшыя прытокі Лахва, Друць, Бярэзіна (праваруч), Сож (леваруч). Найбуйнейшыя прытокі Бярэзіны — Сьвіслач, Ольса, Ала; Друці — Восьлік, Вабіч, Грэза; Сажа — Лабжанка, Волчас, Проня з Басяй і Растай, Бесядзь з Суравам і Жадунькай; на паўднёвым захадзе цячэ рака Пціч (прыток Прыпяці).

Найбуйнейшыя вадасховішчы — Чыгірынскае (на рацэ Друць) і Асіпавіцкае (на рацэ Сьвіслач).

Тэрыторыю вобласьці перасякаюць чыгункі Віцебск — Ворша — Магілёў — Жлобін, Жлобін — Бабруйск — Менск, Ворша — Крычаў — Унеча, Крычаў — Магілёў — Асіпавічы. Іх працягласьць звыш 800 км. Найбольш важныя вузлы Магілёў, Бабруйск, Асіпавічы, Крычаў.

Асноўныя аўтамагістралі: Санкт-Пецярбург — Кіеў, Рослаў (Расея) — Бабруйск — Берасьце, Магілёў — Менск, Магілёў — Бабруйск. Дарогі зь цьвёрдым пакрыцьцём складаюць 8 тыс. км. Даўжыня эксплюатуемых водных шляхоў (Дняпро, Бярэзіна, Сож) больш за 400 км.

Магілёўшчына мае вялікі прамысловы патэнцыял. Тут выпускаецца 100% шынаў для аўтамабіляў і сельгасмашынаў, ліфтаў, цюлю-гардынных вырабаў, магнітафонаў, 76% хімічных валокнаў і нітак, 67% гумовага абутку, 52% электрарухавікоў. Асноўныя прамысловыя прадпрыемствы сканцэнтраваныя ў Магілёве і Бабруйску. Гэтыя месты зьяўляюцца шматгаліновымі цэнтрамі. У вобласьці функцыянуе вольная эканамічная зона «Магілёў».

Агульная плошча сельскагаспадарчых земляў складае 50,3% тэрыторыі вобласьці. За 1986—1991 гады зь сельгаззвароту выведзеныя 47 тыс. га забруджаных земляў. Глебы ў асноўным дзярнова-падзолістыя, тарфяна-балотныя, суглінкавыя, супясковыяыя, пясковыя. 18% пад лугамі, у большасьці сваёй — нізіннымі. Вядучую ролю ў аграпрамысловым комплексе грае расьлінаводзтва. Жывёлагадоўля мае малочна-мясны кірунак. У шэрагу раёнаў спэцыялізаваныя гаспадаркі займаюцца футравым зьвераводзтвам, разьвядзеньнем рыбы. Ёсьць птушкафабрыкі. У цяперашні час праводзіцца рэфармаваньне сельскагаспадарчага комплексу. Ствараюцца вытворчыя каапэратывы, АТ, працуюць калгасы, саўгасы, фэрмэрскія й дапаможныя гаспадаркі.

Колькасьць насельніцтва Магілёўскай вобласьці складае 1137,5 тысячаў чалавек. У тым ліку ў сельскай мясцовасьці пражывае 290,5 тысячаў чалавек, у местах — 847 тысячаў. У Магілёўскай вобласьці 602,9 тысячы жанчын і 534,6 тысячы мужчын. Колькасьць дзяцей ва ўзросьце да 18 гадоў складае 288,1 тысячаў, людзей старэй за працаздольны ўзрост — 267,3 тысячаў.

Сярэдняя колькасьць працаўнікоў народнай гаспадаркі Магілёўскай вобласьці 385 тысячаў чалавек. У тым ліку на прадпрыемствах і ў арганізацыях сельскай гаспадаркі працуюць 49,2 тысячаў чалавек, у прамысловасьці — 115 тысячаў, у адукацыі — 54 тысячы, у ахове здароўя — 29,8 тысячаў, у сфэры сацыяльнага забесьпячэньня — 2,7 тысячы.

Нацыянальны склад насельніцтва (перапіс 2009 году): беларусы — 88,7%, расейцы — 7,8%, украінцы — 1,2%, іншыя — 2,3%.

На тэрыторыі Магілёўскай вобласьці дзейнічае 157 рэлігійных суполак, 16 канфэсіяў і веравызнаньняў, праваслаўнае эпархіяльнае ўпраўленьне, праваслаўны жаночы манастыр.

Сярод іх 69 суполак Беларускай праваслаўнай царквы, 17 — Рымска-каталіцкага касьцёлу, 6 — Стараверскай царквы, 1 — Грэка-каталіцкай царквы, 29 — Эвангельскіх хрысьціянаў-баптыстаў, 4 — Рады цэркваў ЭХБ, 31 — Хрысьціянаў веры Эвангельскай, 3 — Адвэнтыстаў 7-га Дня, 2 — Наваапостальской царквы, 1 — Хрысьціянаў Поўнага Эвангельля, 1 — Царквы Хрыстовай, 1 Сьведак Еговы, 3 — Юдайскай рэлігіі, 2 — Прагрэсіўнага юдаізму, 1 — Мусульманскай рэлігіі, 2 — Крышнаітаў.

Вобласьць налічвае 21 раён, 17 местаў, 6 мястэчак, 3120 вёсак.




#Article 81: Гарадзенская вобласьць (928 words)


Гарадзе́нская во́бласьць — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў Беларусі. Плошча вобласьці складае 25 000 км². Насельніцтва на 2018 год — 1 043 681 чалавек. Адміністрацыйны цэнтар — места Горадня.

Гарадзенская вобласьць знаходзіцца ў паўночна-заходняй частцы Беларусі. Максымальная працягласьць тэрыторыі з поўначы на поўдзень — 247 км, з захаду на ўсход — 213 км. Тэрыторыя вобласьці складае 25 000 км² (12% тэрыторыі Беларусі).

На паўночным захадзе Гарадзенская вобласьць мяжуе зь Віцебскай, на захадзе — зь Менскай, на поўдні — зь Берасьцейскай абласьцямі Беларусі, на захадзе — з Падляскім ваяводзтвам Польшчы, на поўначы — зь Летувой.

Рэльеф у асноўным раўнінны, пераважаюць вышыні ў 120—180 м. Значную частку вобласьці займаюць Нёманская і Нарачанска-Вялейская нізіны, Лідзкая раўніна (да 170 мэтраў). Сустракаюцца марэнавыя ўзвышшы — Гарадзенскае, Ваўкавыскае, Слонімскае, Наваградзкае і Ашмянскае.

У паўночна-заходняй частцы вобласьці, пры выйсьці Нёману за межы краіны знаходзіцца найніжэйшае месца Беларусі — 80 мэтраў над узроўнем мора. Найвышэйшы пункт вобласьці — гара Замкавая (323 мэтры) знаходзіцца на Наваградзкім узвышшы.

Вобласьць мае паклады жалезных рудаў (Навасёлкаўскае радовішча ільмэніт-магнэтытавых рудаў у Карэліцкім раёне і шэраг рудапраяваў уздоўж мяжы зь Летувой у Гарадзенскім раёне), торфу (пераважна на Нёманскай нізіне), крэйды, цаглянай і дахоўчатай гліны, цэмэнтавай сыравіны (галоўныя радовішчы ў Ваўкавыскім раёне), сылікатных пяскоў, вапнавай сыравіны, пяскова-жвіровага матэрыялу.

Клімат умерана-кантынэнтальны, у параўнаньні з усходнімі раёнамі Беларусі больш вільготны, зь цёплай зімой і прахалодным летам. Значна ўзьдзейнічаюць на клімат Гарадзенскай вобласьці паветраныя масы Атлянтыкі. Сярэдняя тэмпэратура студзеня ад −6,6°С у Карэліцкім і Наваградзкім раёнах да −5°С на паўднёвым захадзе ў Бераставіцкім і Сьвіслацкім раёнах, у ліпені тэмпэратура дасягае 17—18,2°С. Вэгетацыйны пэрыяд 188—200 дзён. Ападкаў выпадае 520—640 мм за год (у Наваградку — 706 мм), 71% іх прыпадае на красавік — кастрычнік.

Сярэдняя лясістасьць складае 33%, ад 10—12% у Бераставіцкім і Зэльвенскім раёнах да 50% у Сьвіслацкім. Лясы пераважна іглічныя (68,8%) і яловыя (11%), менш бярозавых, чарнаалешнікавых, дубовых, грабавых, ясянёвых. Захаваліся буйныя лясныя масівы — пушчы: Налібоцкая, Ліпічанская, Графская, часткова Белавеская.

Пераважаюць нізінныя балоты, яны займаюць 6,6% тэрыторыі вобласьці, вялікая іх частка асушаная. Пад лугі занятыя 14,4% тэрыторыі, 2/3 зь іх — нізінныя. На тэрыторыі вобласьці знаходзіцца 10 прыродных заказьнікаў дзяржаўнага значэньня, 50 помнікаў прыроды.

Практычна ўся тэрыторыя вобласьці належыць да басэйну Нёману і яго прытокаў: Бярэзіне, Гаўі, Дзітве, Лебядзе, Котры (праваруч), Вушы, Сэрвачы, Шчары, Ласосьне (леваруч). На паўночным усходзе працякае рака Вяльля (з Ашмянкай). На паўночным захадзе пачынаецца рака Нараў — прыток ракі Вісла.

На тэрыторыі вобласьці знаходзіцца вядомы Аўгустоўскі канал, які злучыў басэйны Нёману і Віслы.

Найвялікшыя азёры: Белае, Рыбніца, Малочнае, Сьвіцязь (у межах Сьвіцяскага ляндшафтнага заказьніку), Сьвір і Вішнеўскае (на мяжы зь Менскай вобласьцю).

Тэрыторыю вобласьці перасякаюць чыгуначныя шляхі: Менск — Маладэчна — Смаргонь — Вільня (Летува), Вільня — Ліда — Баранавічы, Маладэчна — Ліда — Масты — Горадня, Вільня — Горадня — Беласток (Польшча), Баранавічы — Слонім — Горадня. Буйныя чыгуначныя вузлы Ліда, Горадня, Слонім, Ваўкавыск. Галоўныя аўтамагістралі вобласьці ідуць на Менск, Вільню, Баранавічы, Берасьце. Праз тэрыторыю вобласьці праходзіць адзін з трансмагістральных шляхоў Эўразіі, што спрыяе шырокаму міжнароднаму супрацоўніцтву. Дзякуючы выгоднасьці свайго геаграфічнага становішча, Гарадзенская вобласьць — эфэктыўнае інтэгруецца ў гандаль дзяржаваў Заходняй і Цэнтральнай Эўропы, краінаў СНД і Азіі. На кастрычнік 2013 году УП «Горадняаблдарбуд» абслугоўвала 10 631 км аўтадарог, зь іх 4914 км (46%) з гравійным пакрыцьцём і 4578 км (43%) асфальтаваных, а таксама звыш 1500 км сельскіх вуліцаў. На мясцовых дарогах Гарадзенскай вобласьці налічвалася каля 2800 аўтобусных прыпынкаў, зь іх каля 1000 (36%) з аўтапавільёнамі.

Водны транспарт зьяўляецца складовай часткай транспартнага комплексу вобласьці, суднаходнымі зьяўляюцца рэкі Нёман і Шчара.

Па тэрыторыі вобласьці праходзіць адгалінаваньні газаправодаў Дашава (Украіна) — Менск — Івацэвічы — Ліда — Вільня (Летува), Івацэвічы — Слонім — Горадня.

Памежнае становішча вобласьці спрыяе разьвіцьцю яе эканамічных сувязяў з Польшчай, Летувай, Расеяй (Калінінградзкая вобласьць) у рамках эўрарэгіёну «Нёман». У чэрвені 1997 году на канфэрэнцыі ў польскім месьце Сувалкі адбылося падпісаньне дамовы пра стварэньне і статус трансьмежнага зьвязу «Эўрарэгіён „Нёман“». У яго склад увайшлі Гарадзенская вобласьць, Мар’ямпальскі і Аліцкі паветы Летувы і Падляскае ваяводзтва Польшчы.

Кіроўныя пазыцыі ў эканоміцы Гарадзенскай вобласьці займае хімічная прамысловасьць. Найвялікшыя прадпрыемствы гэтай галіны разьмешчаныя ў местах Горадня і Ліда. Гэта вытворчыя аб’яднаньні «Азот» і «Хімвалакно», акцыянэрнае таварыства «Лакафарба». Больш за траціну прамысловай прадукцыі выпускаецца на прадпрыемствах харчовай прамысловасьці і машынабудаваньня. Шырокую вядомасьць набыла прадукцыя шклозавода «Нёман», разьмешчанага ў месьце Бярозаўцы Лідзкага раёну.

Вобласьць мае высокаразьвітую сельскагаспадарчую вытворчасьць. Тут распаўсюджаныя малочна-мясная жывёлагадоўля, сьвінагадоўля, вырошчваньне бульбы ў спалучэньні з вырошчваньнем ільну на ўсходзе і вырошчваньнем цукровых буракоў на захадзе. Пашыраныя пасевы зерневых культураў, а вакол буйных местаў разьвітыя птушкагадоўля і агародніцтва.

На тэрыторыі Гарадзенскай вобласьці жыве (на 1 студзеня 2003 году) 1 млн 150 тыс. чалавек, зь іх: 63,6% — у местах, 36,4% — у вёсках.

У вобласьці жыве 552,8 (47,1%) — мужчынаў і 621,1 (52,9%) — жанчын. Колькасьць насельніцтва ва ўзросьце да 19 гадоў складае 312 тыс. чалавек, 20—59 гадоў — 622,5 тыс., 60 гадоў і старэй — 239,4 тыс.

Паводле нацыянальнага складу (перапіс 2009 году): беларусы — 66,7%, палякі — 21,5%, расейцы — 8,2%, украінцы — 1,4%, іншыя — 2,2%.

На тэрыторыі вобласьці дзейнічае 451 рэлігійная суполка, у тым ліку 184 праваслаўныя, 170 каталіцкіх, 82 пратэстанцкія, 8 мусульманскіх, 3 юдэйскія. У вобласьці разьмешчаны 451 культавы будынак, сярод якіх 216 — каталіцкіх храмаў, 212 — праваслаўных, 18 — пратэстанцкіх, 4 — мячэты і 1 сынагога. Працуюць два праваслаўныя эпархіяльныя ўпраўленьні й 1 каталіцкае, дзейнічаюць два каталіцкія брацтвы і адно праваслаўнае сястрыцтва, чатыры каталіцкія кляштары і 2 праваслаўныя манастыры.

У Гарадзенскай вобласьці функцыянуюць 20 нацыянальна-культурных аб’яднаньняў, 8 нацыянальных супольнасьцяў.

У вобласьці налічваецца 645 аб’ектаў спадчыны (на 15 чэрвеня 2005 году, зьвесткі Міністэрства культуры), улучаных у Дзяржаўны рэестар гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі, у тым ліку аб’ектаў архітэктуры — 210 (будынкі, якія маюць гістарычную значнасьць), гісторыі — 87 (братэрскія магілы жаўнераў і ахвяраў ваенных падзеяў, магілы вядомых людзей, мэмарыяльныя комплексы), мастацтва — 28 (прадметы інтэр’еру, манумэнтальныя творы, фрэскавы жывапіс), археалёгіі — 320 (курганы, стаянкі, паселішчы, гарадзішчы, мескі культурны пласт). Нацыянальны парк Белавеская пушча і Мірскі замак улучаны ў Сьпіс сусьветнай культурнай і прыроднай спадчыны ЮНЭСКО.

Вобласьць узначальваецца Гарадзенскім абласным выканаўчым камітэтам. Вобласьць налічвае 17 раёнаў, 12 местаў, 21 мястэчка.




#Article 82: Гомельская вобласьць (1148 words)


Го́мельская во́бласьць — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў Беларусі. Плошча вобласьці складае 40,4 тыс. км². Насельніцтва на 2018 год — 1 415 749 чалавек. Адміністрацыйны цэнтар — места Гомель.

Гомельская вобласьць разьмешчаная ў паўднёва-ўсходняй частцы Беларусі. Тэрыторыя вобласьці складае 40,4 тыс. км².

На захадзе вобласьць мяжуе зь Берасьцейскай, на паўночным захадзе — зь Менскай, на поўначы — з Магілёўскай абласьцямі Беларусі, на ўсходзе — з Бранскай вобласьцю Расеі, на паўднёвым захадзе — з Чарнігаўскай, на поўдні — з Кіеўскай, Жытомірскай і Ровенскай абласьцямі Ўкраіны.
 

Гомельская вобласьць разьмешчаная ў паўднёва-заходняй частцы Ўсходне-Эўрапейскай раўніны. Заходняя частка вобласьці займае Прыпяцкае Палесьсе — моцна забалочаная і залесеная нізіна, разьмешчаная на вышыні 120—140 м над узроўнем мора. У правабярэжжы Прыпяці сустракаюцца моцна размытыя марэнавыя ўзгоркі і ўзвышшы, найбуйнейшыя зь іх — Мазырская града (вышыня 206 м). З усходу да Палескай нізіны далучаецца Прыдняпроўская нізіна. На ўсходзе і паўночным усходзе ад Дняпра нізіна паступова падвышаецца і пераходзіць у Чачэрскую раўніну.

Зямныя нетры Гомельшчыны багатыя карыснымі выкапнямі. Найбольш значныя — паліўна-энэргетычная сыравіна: торф, нафта, спадарожны газ, каменны і буры вугаль, гаручыя лупнякі.

Першая ў Беларусі прамысловая нафта была здабытая ў 1964 годзе каля Рэчыцы. Аднак запасы ўласнай нафты невялікія і пакрываюць толькі да 4% патрэбаў краіны ў гаруча-змазвальных матэрыялах.

Штогадовая здабыча торфу складае каля 1 млн тон (17% ад усяго торфу, што здабываецца ў Беларусі). Распрацавана каля 1500 тарфянішчаў. Найбуйнейшыя тарфяныя масівы знаходзяцца ў Жлобінскім, Рэчыцкім, Брагінскім і Шацілавіцкім раёнах.

Выведаныя два радовішчы лупнякоў, якія маюць прамысловае значэньне, — Любанскае (0,9 млрд т) і Тураўскае (2,7 млрд т). Запасы бурага вуглю ў Жыткавіцкім і Брынёўскім радовішчах ацэньваюцца ў 99,3 млн т.

Амаль ва ўсіх раёнах вобласьці ёсьць сыравіна для будаўнічых матэрыялаў: цэмэнтавыя і легкаплаўкія гліны, сылікатныя і будаўнічыя пяскі, крэйда, будаўнічае каменьне. Запасы будаўнічага каменьню складаюць 8,5 млн тыс. м³. На іх базе пабудаваны друзавы завод «Глушкавічы». Гліны для вытворчасьці цэглы і дахоўкі здабываюцца ў 17 раёнах вобласьці.

На базе такіх радовішчаў працуюць 11 заводаў па выпуску цэглы. Найбуйнейшае ў рэспубліцы радовішча тугаплаўкіх глінаў і суглінкаў «Гарадок» з запасамі 30,6 млн т забясьпечвае працу Рэчыцкага камбінату будматэрыялаў, а радовішчы легкаплаўкіх глінаў, запасы якіх складаюць 33,5 млн м³, — Петрыкаўскага керамзытавага заводу. Выведаныя тры радовішчы шкляных і фармовачных пяскоў з агульнымі прамысловымі запасамі ў 89,9 млн т. На базе аднаго зь іх створаны абагачальны камбінат у в. Папоўка.

Запасы калійных соляў ацэньваюцца ў 236 млн т, крэйды — у 3533 тыс. т. Даўсанітавыя руды радовішча «Заазёрнае» могуць даць сыравіну, якая замяняе ўвазныя з Расеі і Ўкраіны алюмін і кальцынаваную соду.

Наладжваецца прамысловае засваеньне радовішча «Дыябазавае», руды якога неабходныя для вытворчасьці бэрылію і рэдказямельных элемэнтаў царыявай групы; працягваецца распрацоўка радовішчаў дыямэнтаў (Жлобінска-Рагачоўская дзялянка Паўноча-Прыпяцкай нізіны); рыхтуецца прамысловае засваеньне новых відаў сыравіны (гіпсу, базальтавых валокнаў, мінэральных сарбэнтаў, ёдабромных расолаў).

Мазырскае, Давыдаўскае і Старобінскае радовішчы ўтрымліваюць больш за 22 млрд т каменнай солі (прамысловыя катэгорыі). Вядомая ўсім харчовая соль «Экстра» вырабляецца Мазырскім солевыварочным камбінатам з запасаў Мазырскага радовішча.

Каля месцаў знаходжаньня мінэральных водаў адкрытыя санаторыі і прафілякторыі. Наладжана бутыляваньне мінэральных водаў.

Клімат у рэгіёне ўмерана кантынэнтальны, зь цёплым летам і мяккай зімой. Сярэдняя тэмпэратура студзеня — мінус 6 °C, ліпеня — плюс 18 °C.

Узімку пераважаюць паўднёвыя ветравеі, улетку заходнія і паўночна-заходнія. Хуткасьць ветравею ў сярэднім за год складае каля трох мэтраў у сэкунду. Сярэднегадовая колькасьць ападкаў вагаецца ў межах 550—660 мілімэтраў.

У вобласьці адзін з самых працяглых у краіне вэгетацыйных перыядаў (191—209 дзён). Клімат спрыяе вырошчваньню цукровых буракоў, кукурузы, хуткасьпелых гатункаў вінаграду і іншых культураў.

Пад лесам занятыя 45% тэрыторыі (хваёвыя, бярозавыя, чорнаалешнікавыя, дубовыя). Балоты займаюць 13% плошчы. На тэрыторыі вобласьці разьмешчаныя Прыпяцкі нацыянальны парк, Палескі радыяцыйна-экалягічны запаведнік, 11 біялягічных, 5 ляндшафтавых заказьнікаў нацыянальнага значэньня. Зарэгістраваныя 17 батанічных і 71 геалягічны помнік прыроды.

Усе рэкі рэгіёну належаць басэйну Дняпра, які праходзіць па тэрыторыі вобласьці з поўначы на поўдзень на працягу 400 км. Найбуйнейшыя суднаходныя прытокі Дняпра — Прыпяць, Бярэзіна (праваруч), Сож (леваруч). Буйныя прытокі Прыпяці — Случ, Пціч, Трэмля, Іпа (леваруч), Сьцьвіга, Убарць, Славечна, Жалонь (праваруч). Найвялікшае возера — Чырвонае, у абалонах рэчак сустракаюцца невялікія азёры-старыцы. Створаная шчыльная сетка мэліярацыйных каналаў.

Асноўны цяжар наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС прыйшоўся менавіта на Гомельскую вобласьць.

З найбольш забруджаных тэрыторыяў у чыстыя раёны краіны адселеныя больш за 135 тысячаў чалавек з 470 населеных пунктаў, у тым ліку з 295 населеных пунктаў Гомельшчыны.

За гады, якія мінулі пасьля аварыі, створаная і функцыянуе сыстэма радыяцыйнага кантролю і маніторынгу, якая распрацаваная і фінансуецца за кошт дзяржаўнага бюджэту. Дзейнічае сыстэма правядзеньня ахоўных захадаў у аграпрамысловай вытворчасьці, што дазваляе трымаць пад кантролем вытворчасьць сельскагаспадарчай прадукцыі, зьдзяйсьняецца комплекс захадаў па падвышэньні ўзроўню мэдыцынскага абслугоўваньня пацярпелага насельніцтва, дзейнічае, хоць і ня ў поўным аб’ёме, сыстэма сацыяльнай абароны ўсіх катэгорыяў пацярпелага насельніцтва. Створаная заканадаўчая і нарматыўна-прававая база па ўсіх кірунках пераадоленьня наступстваў катастрофы.

Транспартны комплекс вобласьці мае дастаткова магчымасьцяў для забесьпячэньня патрэбаў прадпрыемстваў і насельніцтва ў перавозках і паслугах.
 
Праз тэрыторыю вобласьці праходзяць важныя міжнародныя чыгуначныя лініі Санкт-Пецярбург — Жлобін — Адэса, Вільня — Менск — Жлобін — Корасьцень — Кіеў, Берасьце — Гомель. Іх агульная працягласьць — 1859,4 км. У транспартным абароце агульная вага чыгуначнага транспарту складае больш за 90%, у пасажырскім абароце — 50%. Найбуйнейшыя вузлы: Гомель, Жлобін, Каленкавічы.

Галоўныя аўтамагістралі вобласьці  Санкт-Пецярбург — Гомель — Кіеў — Адэса,  Менск — Гомель,  Бранск — Гомель — Пінск — Берасьце. Даўжыня дарог зь цьвёрдым пакрыцьцём 9,7 тыс. км.

Па Дняпры, Прыпяці, Беразіне, Сожу зьдзяйсьняецца суднаходзтва. У Гомелі і Мазыры ёсьць аэрапорты.

У адзінай транспартнай сыстэме трубаправодны транспарт прадстаўлены міжнароднай нафтаправоднай магістральлю «Дружба», Мазырскім магістральным прадуктаправодам, газаправодамі міжрэспубліканскага і мясцовага прызначэньня.

У Гомельскай вобласьці паслугі сувязі робяць два дзяржаўныя прадпрыемствы: «Гомельаблтэлекам» і «Гомельаблпошта», у склад якіх уваходзяць адасобленыя падразьдзелы, што дзейнічаюць ва ўсіх раёнах вобласьці.

У гаспадарчым комплексе вобласьці галоўнае месца займае прамысловасьць. Яна спэцыялізуецца на вытворчасьці сталі і пракаце, машынабудаваньні, хімічнай, лясной, дрэваапрацоўчай, лёгкай і харчовай галінах. Вырабляюцца прадукты нафтаперапрацоўкі, серная кіслата, фосфарныя ўгнаеньні, кормаўборачныя камбайны, падшыпнікі, станкі, шкло, папера, кардон, шпалеры, будматэрыялы, мэбля, кухонная соль, мыла, перапрацоўваецца сельскагаспадарчая прадукцыя. Каля траціны вырабаў экспартуецца ў 70 краінаў сьвету. Дзейнічае вольная эканамічная зона «Гомель-Ратон». Справавыя сувязі з суседнімі краінамі разьвіваюцца ў рамках эўрарэгіёну «Дняпро».

Роля сельскагаспадарчай вытворчасьці ў вобласьці ў цэлым зьнізілася пасьля чарнобыльскай катастрофы. Паменшыліся плошчы палёў (цяпер 35,3% тэрыторыі), скарацілася пагалоўе жывёлін. Асноўная спэцыялізацыя — мяса-малочная жывёлагадоўля, вырошчваньне зерневых (пераважаюць жыта, ячмень), бульбы. У прымескіх гаспадарках разьвітая птушкагадоўля.

Асноўныя прадпрыемствы вобласьці:

У Гомельскай вобласьці на 1 студзеня 2005 году пражывала 1 млн 495 тыс. чалавек, 30% зь якіх — у сельскай мясцовасьці. Адміністрацыйны цэнтар вобласьці — места Гомель — па колькасьці насельніцтва (492 тысячы чалавек) займае ў краіне другое месца пасьля Менску. Колькасьць працоўных рэсурсаў складае ў рэгіёне каля 920 тысячаў чалавек. Асобы працаздольнага ўзросту складаюць 61,3% усяго насельніцтва. З агульнай колькасьці, занятыя ў народнай гаспадарцы, 63,2% — працоўныя, астатнія — службоўцы. Каля 118 тысячаў чалавек складаюць тыя, што маюць вышэйшую адукацыю (у тым ліку пяць тысячаў працоўных). Сярэднюю спэцыяльную адукацыю маюць 139 тыс. чалавек. Прафэсійна-тэхнічная адукацыя — 115 тыс. чалавек. У дзяржаўным сэктары эканомікі занятыя 374 тыс. чалавек, на прадпрыемствах прыватнай і замежнай формаў уласнасьці — 260 тыс. чалавек. З агульнай колькасьці занятага насельніцтва, у прамысловасьці працуе — 27,5%, сельскай гаспадарцы — 10,8%, гандлю і грамадзкім харчаваньні — 12,2%, адукацыі — 10,9%.

Нацыянальны склад насельніцтва разьмяркоўваецца наступным чынам (перапіс 2009 году):

Найбуйнейшыя сельскія населеныя пункты вобласьці (больш за 3 тысячы чалавек): Яроміна, Азершчына, Козенкі, Краснае, Прыбыткі, Пакалюбічы.

Вобласьць падзяляецца на 21 раён:

Таксама налічвае 17 местаў, 18 мястэчак, 2608 вёсак.




#Article 83: Віцебская вобласьць (751 words)


Ві́цебская во́бласьць — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў Беларусі. Плошча вобласьці складае 40,1 тыс. км². Насельніцтва на 2018 год — 1 180 202 чалавекі. Адміністрацыйны цэнтар — места Віцебск.

Віцебская вобласьць разьмешчаная ў паўночнай частцы Беларусі. Максымальная працягласьць тэрыторыі з поўначы на поўдзень — 300 км, а з усходу на захад — 175 км. Тэрыторыя вобласьці займае 40,8 тыс. км².

На ўсходзе мяжуе са Смаленскай, на поўначы — з Пскоўскай абласьцямі Расеі, на паўночным захадзе — з Латвіяй, на захадзе — зь Летувой і Гарадзенскай вобласьцю, на поўдні — зь Менскай і Магілёўскай абласьцямі Беларусі.

Амаль уся тэрыторыя вобласьці разьмешчаная ў межах Беларускага Паазер’я. У цэнтральнай частцы і на захадзе Полацкая, на паўночным усходзе Сураская, на ўсходзе Лучоская нізіны, на поўдні Чашніцкая раўніна і Верхнебярэзінская нізіна. Узвышшы (Гарадоцкае, Віцебскае, Аршанскае, часткова Смаленскае, Вушацка-Лепельскае) і грады (Браслаўская і Сьвянцянскія) займаюць чвэрць тэрыторыі вобласьці і пераважаюць на яе ўскраінах.

Выведаныя радовішчы далямітаў, частка іх прамыслова распрацоўваецца. Ёсьць паклады цэмэнтавых і легкаплаўкіх глінаў і суглінкаў, шмат торфу, будаўнічых пяскоў. У азёрах сустракаюцца мінэральныя воды й бузы.

Клімат умерана-кантынэнтальны. Сярэдняя тэмпэратура студзеня ад −6,6 °С на паўднёвым захадзе да −8,4 °С на паўночным усходзе, ліпеня каля 17—18 °С. Вэгетацыйны пэрыяд 180—190 дзён. Ападкаў выпадае ад 600 мм у рок на раўнінах да 750 мм на ўзвышшах.

Лясы займаюць 37,4% усёй тэрыторыі. Яны ў асноўным хваёвыя і яловыя. Ёсьць таксама бярозавыя, алешнікавыя, асінавыя. Пад балотамі — каля 6%, палова зь іх асушаная.

На Віцебшчыне вялікае значэньне надаецца захаваньню прыродных помнікаў, Нацыянальны парк «Браслаўскія азёры» сумесна зь Бярэзінскім біясфэрным запаведнікам улучаныя ў праект Вольнай эканамічнай зоны «Залатое кольца Беларусі». Таксама створаныя 26 заказьнікаў дзяржаўнага значэньня, узятыя пад ахову каля 80 аб’ектаў прыроды.

Вобласьць займае першае месца ў Беларусі паводле шчыльнасьці рачной сеткі, па колькасьці і агульнай плошчы азёраў. Яе рэкі належаць басэйну Дзьвіны (80%), а таксама Дняпра, Нёману, Ловаці. Найвялікшыя — Заходняя Дзьвіна з прытокамі Усьвяча, Обаль, Палата, Дрыса, Каспля, Лучоса, Вула, Вушача, Дзісна, і Дняпро. Тут бяруць пачатак яго прытокі Бярэзіна і Друць. У вобласьці больш за 2,8 тыс. азёраў, буйнейшыя Асьвейскае, Лукомскае, Дрысьвяты, Дрывяты, Няшчэрда, Снуды, Езярышча, Струста, Абстэрна.

Па тэрыторыі вобласьці праходзяць чыгуначныя міжнародныя магістралі Масква — Ворша — Менск — Варшава, Санкт-Пецярбург — Віцебск — Ворша — Кіеў, Смаленск — Віцебск — Полацак — Рыга. Важнае значэньне маюць таксама лініі Ворша — Унеча, Невель — Полацак — Маладэчна, Ворша — Лепель, Каралеўшчына — Паставы і далей у Летуву. Найбуйнейшыя вузлы — Ворша, Віцебск, Полацак. Эксплюатацыйная даўжыня чыгунак складае звыш 1 210 км.

Галоўныя аўтамагістралі, якія перасякаюць вобласьць: Масква — Ворша — Менск — Берасьце, Санкт-Пецярбург — Віцебск — Ворша — Кіеў, Смаленск — Віцебск — Полацак — Дзьвінск, Віцебск — Лепель — Менск. Дарогі зь цьвёрдым пакрыцьцём складаюць звыш 3,6 тыс. км. Суднаходзтва зьдзяйсьняецца па Заходняй Дзьвіне ад Вяліжа да Полацку і па Дняпры ніжэй за Воршу.

У Віцебску ёсьць аэрапорт.

Па тэрыторыі вобласьці праходзіць адгалінаваньне нафтаправода «Дружба», пракладзены газаправод «Зьзяньне Поўначы».

Асноўная спэцыялізацыя — вытворчасьць электраэнэргіі, перапрацоўка нафты, нафтахімія, машынабудаваньне, лёгкая і харчовая галіны. Тут вырабляюць усе льняныя тканіны, поліэтылен, палову беларускіх нафтапрадуктаў і электраэнэргіі, каля 40% дываноў, больш за 30% панчошна-шкарпэткавых вырабаў. Выпускаюцца станкі, абутак, будаўнічыя матэрыялы, алей, мясныя і малочныя кансэрвы. Дзейнічае самая магутная ў Беларусі Лукомальская ДРЭС. Найбуйнейшыя спэцыялізаваныя прадпрыемствы засяроджаныя ў Віцебску, Полацкіам прамысловым вузьле, Воршы. Функцыянуе вольная эканамічная зона «Віцебск». Вобласьць уваходзіць у эўрарэгіён «Азёрны край».

Сельская гаспадарка спэцыялізуецца на вырошчваньні зерневых і кармавых культураў, а таксама льну. Разьвітыя азёрна-рыбныя гаспадаркі. Глебы сельскагаспадарчых земляў пераважна дзярнова-падзолістыя, дзярнова-забалочаныя, тарфяныя, займаюць 40,5% вобласьці. Для іх характэрная мазаічнасьць і камяністасьць. Працуюць калектыўныя сельгаспрадпрыемствы і каапэратывы, каля 400 фэрмэрскіх гаспадарак.

Насельніцтва вобласьці паводле перапісу (1999) склала 81% колькасьці даваенных рокаў, або 1377,2 тыс. чалавек, у тым ліку ў мескіх паселішчах — 923,1 (67%), у сельскіх — 454,1 тыс. чалавек (33%).

За пэрыяд з 1959 па 1999 рок мескае насельніцтва павялічылася ў 2,3 разы, сельскае за гэты жа час паменшылася на 48%.

Працягласьць жыцьця дасягнула да канца 80-х рокаў ХХ ст. 71,3 году, але пасьля гэтага стала пасьлядоўна зьніжацца, і ў 2002 року склала 67,5 году, у тым ліку ў мужчын — 61,9 году, у жанчын — 73,6.

У вобласьці налічваецца 6480 сельскіх населеных пунктаў, зь іх 366 — без насельніцтва. Сярод сельскіх населеных пунктаў пераважаюць невялікія селішчы — зь лікам жыхароў да 10 чалавек. Такіх населеных пунктаў на пачатак 2006 року было 4718, або 73% ад агульнай колькасьці. У іх пражывае 19% сельскага насельніцтва. Асноўная дзель вяскоўцаў пражывае ў 116 населеных пунктах з колькасьцю больш за 500 чалавек у кожным зь іх. Найбуйнейшымі зьяўляюцца — аг. Акцябарская і аг. Ноўка Віцебскага, в. Фарынава Полацкага, в. Каралеўшчына Докшыцкага, в. Бароўка Лепельскага, в. Бабінічы і в. Андрэеўшчына Аршанскага раёнаў. У сярэднім у адным сельскім населеным пункце вобласьці пражывае 58 чалавек. Найбольш малалікія селішчы разьмешчаныя ў Браслаўскім, Мёрскім і Пастаўскім раёнах, а шчыльнанаселеныя — у Аршанскім і Віцебскім.

Вобласьць налічвае 21 раён, 19 местаў, 19 мястэчак, 6400 вёсак.




#Article 84: Берасьцейская вобласьць (670 words)


Берасьце́йская во́бласьць — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў Беларусі. Плошча вобласьці складае 32,8 км². Насельніцтва на 2018 год — 1 384 476 чалавек. Адміністрацыйны цэнтар — места Берасьце.

Берасьцейская вобласьць разьмешчаная ў паўднёва-заходняй частцы Беларусі. Максымальная працягласьць тэрыторыі з поўначы на поўдзень — 166 км, а з усходу на захад — 300 км. Тэрыторыя вобласьці складае 32,791 км² (15,7% тэрыторыі Беларусі).

На ўсходзе Берасьцейская вобласьць мяжуе зь Менскай, на поўначы — з Гарадзенскай, на поўдні — з Ровенскай і Валынскай абласьцямі Ўкраіны, на паўднёвым захадзе — зь Люблінскім, на захадзе — з Падляскім ваяводзтвамі Польшчы.

Найбуйнейшыя сельскія населеныя пункты вобласьці (больш за 3 тысячы чалавек): Альшаны, Рубель, Моталь, Пінкавічы, Дзівін, Новыя Засімавічы, Жамчужны, Манькавічы.

Рэльеф раўнінны і нізінны. Пераважаюць вышыні 140—200 м над узроўнем мора. Паўднёва-заходнюю частку займае раўніннае Берасьцейскае Палесьсе, усходнюю — нізіннае Прыпяцкае Палесьсе, паміж імі знаходзіцца падобная на плято раўніна Загародзьдзе; на паўночным захадзе вялікая частка Прыбужанскай раўніны, на поўначы Баранавіцкая раўніна і частка Наваградзкага ўзвышша.

Найвышэйшы пункт вобласьці — 267 мэтраў — разьмешчаны на паўднёвых схілах Наваградзкага ўзвышша. Найніжэйшае месца — 121 м — разьмешчанае ў даліне ракі Заходні Буг на мяжы з Польшчай.

Вобласьць мае карысныя выкапні, якія зьяўляюцца асновай для разьвіцьця прамысловай вытворчасьці з выкарыстаньнем мясцовых прыродных рэсурсаў. Гэта, перш за ўсё, будаўнічае каменьне, легкаплаўкія й тугаплаўкія гліны, шкляныя, фармовачныя і будаўнічыя пяскі, торф, бузы, жвір, выяўленыя паклады гаручых сланцаў і бурага вугалю.

Клімат умерана-кантынэнтальны. Сярэдняя тэмпэратура студзеня ад −4,4°С у Берасьці да −6°С у Баранавічах, ліпеня 18 — 18,8°С. Для вобласьці характэрная цёплая зіма з частымі адлігамі. Працягласьць вэгетацыйнага пэрыяду вагаецца ад 258—260 дзён на паўднёвым захадзе — да 240—245 дзён на паўночным усходзе. Ападкаў выпадае 550—645 мм у год.

Лясы (хваёвыя, бярозавыя, чорнаалешнікавыя) займаюць каля 36% тэрыторыі. Захаваліся буйныя лясныя масівы — Белавеская, Ружанская і Шарашоўская пушчы. Балоты пераважна нізінныя, займаюць каля 20% тэрыторыі.
 
У вобласьці шмат унікальных прыродных комплексаў і помнікаў прыроды. Прырода стварыла і пранесла скрозь стагодзьдзі да нашых дзён непаўторную прыгажосьць ляндшафтаў і незвычайную шматстатнасьць выглядаў жывёлін і расьлінаў. Найбольш каштоўныя прыродныя тэрыторыі і аб’екты ўзятыя пад ахову. У вобласьці вылучаныя 117 асабіста ахоўных тэрыторыяў і аб’ектаў. Зь іх: 1 нацыянальны парк — 57,4 тыс. га (Дзяржаўны нацыянальны парк Белавеская пушча); 19 заказьнікаў нацыянальнага значэньня — 327,2 тыс. га; заказьнікаў мясцовага значэньня — 36,7 тыс. га; 37 помнікаў прыроды нацыянальнага значэньня; 31 помнік прыроды мясцовага значэньня. Акрамя таго, перададзеныя пад ахову землекарыстальнікам 579 месцаў пасяленьня (гадаваньня) 77 рэдкіх відаў жывёлін і расьлінаў, занесеных у Чырвоную кнігу Беларусі.

Рэкі належаць да басэйнаў Дняпра (Прыпяць з прытокам Пінай), Нёману (Шчара), Заходняга Бугу (Мухавец). Дняпроўска-Бускі, Агінскі, Мікашэвіцкі каналы. Найбуйнейшыя азёры — Выганашчанскае, Чорнае, Спораўскае, Бабровіцкае. Вадасховішчы — Локтышы, Сялец, Пагост.

Разам — 44 возеры і 30 вадасховішчаў, працякае больш за 80 рэчак.

Па тэрыторыі вобласьці праходзіць транзытны калідор Бэрлін — Варшава — Берасьце — Менск — Масква, разгалінаваная сетка чыгуначных і аўтамабільных шляхоў, просты шлях у Вільню і Кіеў, што стварае спрыяльныя ўмовы для перавозак пасажыраў і грузаў з эўрапейскіх краінаў у Расею, Украіну і іншыя краіны. Асноўныя чыгуначныя вузлы вобласьці — Берасьце, Баранавічы, Лунінец, Жабінка. Галоўныя аўтамагістралі вобласьці: Берасьце — Менск, Берасьце — Гомель. На 2012 г. у Берасьцейскай вобласьці налічвалася 2200 км дарог рэспубліканскага значэньня, 70% якіх мелі міжрамонтны тэрмін звыш 30 гадоў пры патрэбе капітальнага рамонту прынамсі кожныя 17 гадоў.

У вобласьці (горад Берасьце) маецца міжнародны аэрапорт 1-й катэгорыі, які дазваляе прымаць і абслугоўваць цяжкія самалёты тыпу «Боінг-747». Па рэках Прыпяць, Піна, Мухавец, Стыр, Гарынь, Дняпроўска-Бужанскім канале зьдзяйсьняецца суднаходзтва. Мікашэвіцкі канал служыць для вывазу прадукцыі РУП «Граніт» на р. Прыпяць і далей на Дняпро. Па тэрыторыі вобласьці праходзяць таксама нафтаправод «Дружба» і газаправоды Таржок — Менск — Івацэвічы і Кобрынь — Берасьце — Варшава.

Асноўнымі галінамі спэцыялізацыі прамысловасьці зьяўляюцца харчовая, лёгкая, машынабудаваньне. На іх долю прыходзіцца амаль 2/3 усяго аб’ёму прамысловай вытворчасьці. Разьвітыя таксама электраэнэргетыка, лясная, дрэваапрацоўчая, цэлюлозна-папяровая, мукамольна-крупяная і камбікормавая прамысловасьць. На тэрыторыі вобласьці працуе Бярозаўская ГРЭС. Агульнарэспубліканскае значэньне мае РУП «Граніт» па здабычы будаўнічага каменьня ў Мікашэвічах. Інвэстыцыі для мадэрнізацыі вытворчых магутнасьцяў прадпрыемства «Граніт» склалі 3,5 млн дал. ЗША — гэта найбуйнейшы сумесны праект зь Летувой.

Сельская гаспадарка спэцыялізуецца на мясной і малочнай жывёлагадоўлі, вырошчваньні бульбы, зерневых, цукровага бураку, гародніны. Прадпрыемствы харчовай прамысловасьці выкарыстоўваюць мясцовую сыравіну — мяса, малако і цукар у Жабінцы, Бярозе і іншых. Гародніна і садавіна перапрацоўваецца ў Ляхавічах, Пружанах, Янаве, Маларыце.

Вобласьць налічвае 16 раёнаў, 21 места, 8 мястэчак, 2178 вёсак.




#Article 85: Банглядэш (2034 words)


Наро́дная Рэспу́бліка Банглядэ́ш () — дзяржава ў Паўднёвай Азіі па ўсім пэрымэтры акружаная Індыяй, за выключэньнем невялікіх вучасткаў мяжы з М’янмай на паўднёвым усходзе і Бэнгальскім залівам. Разам з сучасным індыйскім штатам Заходні Бэнгал утварае этналінгвістычны рэгіён Бэнгалія. Назва Банглядэш на афіцыйнай мове бэнгалі азначае «Краіна Бэнгалія».

Сучаснае становішча мяжы было зафіксавана ў ходзе падзелу Бэнгаліі і Індыі ў 1947 годзе, калі пад назвай Усходні Пакістан рэгіён увайшоў у склад створанай дзяржавы Пакістан. Палітычная і моўная дыскрымінацыя, роўна як і ўшчамленьне ў эканамічнай сфэры прывялі да ўзмацненьня сэпаратысцкіх настрояў супраць Пакістану, і ў выніку Вайны за незалежнасьць 1971 году была створана незалежная дзяржава Банглядэш. Пасьля здабыцьця незалежнасьці маладая дзяржава сутыкнулася з голадам, прыроднымі катаклізмамі, жахлівай беднасьцю, палітычнай нестабільнасьцю і ваеннымі пераваротамі. Аднаўленьне дэмакратычных інстытутаў стала магчыма ў 1991 годзе ў пэрыяд зацішша палітычнай барацьбы і эканамічнага росту. Па стане на сёньняшні дзень Банглядэш зьяўляецца сьвецкай дэмакратычнай дзяржавай.

Банглядэш ёсьць дзявятай краінай у сьвеце па колькасьці насельніцтва і ўваходзіць у сьпіс найболей густанаселеных краінаў сьвету з высокім узроўнем беднасьці. Аднак СУП па парытэце пакупніцкай здольнасьці падвоіўся з 1975 году і ўзровень беднасьці зьнізіўся на 20 адсоткаў з пачатку 1990-х гадоў. Банглядэш уваходзіць ва ўмоўную «Групу адзінаццаці» краінаў з хуткім ростам, па ацэнцы аналітыка Goldman Sachs, сталіца Банглядэш Дака і іншыя буйныя населеныя пункты краіны паслужылі цэнтрамі росту эканамічнага разьвіцьця.

Першая пісьмовая згадка пра існаваньне дзяржавы на тэрыторыі цяперашняй Банґлядэш адносіцца да V—IV стагодзьдзяў да н. э. У наступныя стагодзьдзі Ўсходняя Бэнгалія была часткай імпэрый Маур’яў і Гуптаў, зьяўлялася цэнтрам імпэрыі Палаў і дзяржавы Сенаў, уваходзіла ў склад Дэлійскага султанату і імпэрыі Вялікіх Маголаў. З 1757 да 1947 году Ўсходняя Бэнгалія нахадзілася ў складзе Брытанскай Індыі. У выніку падзелу Індыі па рэлігійным прынцыпе Ўсходняя Бэнгалія адышла да Пакістану, і на ейнай тэрыторыі была створаная правінцыя Ўсходні Пакістан. У сьнежні 1970 году на ўсеагульных выбарах, якія адбыліся ў адзіным Пакістане перамагла партыя «Народная ліга» (НЛ), што выступала з праграмай наданьня Ўсходняму Пакістану рэгіянальнай аўтаноміі. Спроба пакістанскіх уладаў сілай не дапусьціць прыходу НЛ да ўлады прывяла да абвяшчэньня незалежнасьці Банґлядэш 26 сакавіка 1971 году і да пачатку ўзброенай барацьбы, у якой узброеныя фармаваньні прыхільнікаў незалежнасьці атрымалі ваенную падтрымку з боку Індыі. Вызваленчая вайна завяршылася 16 сьнежня 1971 году капітуляцыяй усходне-бэнгальскай групоўкі ўзброеных сілаў Пакістану. За гады незалежнасьці адбылося 4 дзяржаўныя перавароты, зьмянілася 14 прэзыдэнтаў, двое зь якіх былі забітыя. Звыш 8 гадоў краіна жыла ва ўмовах ваеннага рэжыму, уплыў вайскоўцаў па-ранейшаму надзвычай высокі.

Банглядэш разьмешчаны ў дэльце рэк Брахмапутры і Гангу. Дэльта ўтворана ў месцы зьліцьця рэк Гангу, Брахмапутры і Мэгхны і іхных прытокаў. Ганг зьліваецца з Джамунай і затым, зьліўшыся з Мэгхнай, упадае ў Бэнгальскі заліў. Адклады рэк ствараюць у дэльце найбольш урадлівыя плянтацыі ў сьвеце. Банглядэш мае 58 трансгранічных рэк і пытаньні, якія ўзьнікаюць пры выкарыстаньні водных рэсурсаў, зьяўляюцца вельмі вострымі пры абмеркаваньні зь Індыяй. Большая частка краіны разьмешчана на 12 мэтраў ніжэй за ўзровень мора і ёсьць здагадка, што 50 адсоткаў краіны будзе затоплена пры павышэньні ўзроўню мора на 1 мэтар.

На паўднёвым усходзе краіны з 1960-x гадоў праводзяцца працы па ўзьвядзеньні дамбаў, што разам з абложанымі наносамі прыводзіць да зьяўленьня новых вучасткаў сушы. У канцы 1970-х гадоў пры садзейнічаньні інвэстыцыйных фондаў Нідэрляндаў урад Банглядэш пачаў распрацоўваць гэтыя ізноў створаныя вучасткі. Гэтыя намаганьні прывялі да бурнага росту будаўнічай галіны на гэтым напрамку, у тым ліку будаўніцтва дарог, водаправодаў, набярэжных, загараджальных насаджэньняў, вадасховішчаў, туалетаў і перадачу зямель жыхарам.

Найвышэйшай кропкай Банглядэш зьяўляецца гара Маўдок вышынёй у 1052 мэтры над узроўнем мора на плято Чытагонг Гіл Тракт на паўднёвым усходзе краіны. На поўдзень ад Чытагонга раскінуўся самы доўгі пляж у сьвеце — Кокс-Базар, які распасьціраецца на 120 кілямэтраў.

Праз краіну праходзіць Паўночны тропік, з прычыны чаго ў Банглядэш пануе трапічны клімат зь мяккай зімой з кастрычніка па сакавік і гарачым, вільготным летам з сакавіка па чэрвень. Гарачы і вільготны сэзон мусонаў працягваецца з чэрвеня па кастрычнік, у ходзе якога выпадае вялікая колькасьць ападкаў. Краіна стала падвяргаецца ўзьдзеяньню стыхійных бедзтваў, як то паводкі, трапічныя цыклёны, тарнада і боры, якія ўзмацьняюцца эфэктам абязьлесеньня, размываючы глебы. У 1991 годзе ад наступстваў цыклёну загінула парадку 140 тысячаў чалавек.

Банґлядэш ёсьць унітарнай рэспублікай з парлямэнцкай формай кіраваньня. Дзейнічае Канстытуцыя ад 1972 году з наступнымі зьменамі. Кіраўнік дзяржавы — прэзыдэнт (ад 14 сакавіка 2013 году — Абдул Хамід), які абіраецца парлямэнтам на тэрмін 5 гадоў.

З кастрычніка 2001 году па кастрычнік 2006 году кааліцыйны ўрад чатырох-партыйнага альянсу («Нацыяналістычная партыя Банґлядэш», «Джамаат-і-Ісламі», «Аб’яднаны Ісламскі блёк» і «Нацыянальная партыя») узначальвала прэм’ер-міністар спадарыня Шэйх Хасіна Вазэд. У адпаведнасьці з Канстытуцыяй за тры месяцы да правядзеньня парлямэнцкіх выбараў, то бок 29 кастрычніка 2006 году, выканаўчая ўлада была перададзеная «пазапартыйнаму» пераходнаму ўраду, якое ўзначальвае Фахрудын Ахмэд.

Парлямэнт — аднапалатная Нацыянальная асамблея (Джат’я Шангшад), якая складаецца з 345 дэпутатаў, 300 дэпутатаў зь якіх абіраюцца на аснове мажарытарнай сыстэмы па аднамандатных акругах, а 45 месцаў рэзэрвуюцца для жанчын-парлямэнтарыяў па адмысловай квоце. Тэрмін паўнамоцтваў парлямэнта — 5 гадоў. Абраны ў кастрычніку 2001 году парлямэнт распушчаны ў кастрычніку 2006 году ў сувязі з заканчэньнем тэрміна паўнамоцтваў. Бліжэйшыя парлямэнцкія выбары заплянаваныя на канец 2008 году.

У краіне дзейнічае звыш 100 палітычных партыяў — ад фундамэнталісцкіх да ўльтралевых. Найболей уплывовымі зьяўляюцца «Нацыяналістычная партыя Банґлядэш» (НПБ) і «Народная Ліга» (НЛ). НПБ заснаваная ў 1978 годзе, у 1978—1982, 1991—1996 і 2001—2006 гадох партыя знаходзіліся ва ўладзе. Кіруецца ідэямі «банґлядэскага нацыяналізму». У цяперашні час фактычна падзеленая на дзьве фракцыі. НЛ, узначаленая Шэйхам Хасінам, была заснаваная ў 1949 годзе, у 1972—1975 і 1996—2001 гадах партыя знаходзіліся ва ўладзе. Выступае, у цэлым, з сэкулярысцкіх, шмат у чым — цэнтрысцкіх пазыцыяў.

Абмежаваны ўплыў захоўвае «Нацыянальная партыя» былога прэзыдэнта і дыктатара Хусэйна Мухамада Эршада, заснаваная ў 1986 годзе, урад якога сышоў пад ціскам масавых выступаў у сьнежні 1990 году. Прыкметным уплывам сярод кансэрватыўнай часткі насельніцтва карыстаецца рэлігійная партыя «Джамаат-і-Ісламі», якая ўваходзіла ва ўрад Халеды Зіі. Сярод партыяў левага толку, аб’яднаных у 11-партыйны альянс, найбуйнейшыя — Працоўная і Камуністычная партыі.

Дзьве радыкальныя тэрарыстычныя арганізацыі «Джаграта Мусьлім джаната Банглядэш» і «Джамаатул-муджахедын Банглядэш» былі забароненыя на тэрыторыі краіны ў лютым 2005 году. У выніку правядзеньня шэрагу тэрарыстычных актаў, якія мелі месца з 1999 году, былі затрыманыя падазраваныя чальцы і лідэры гэтых арганізацыяў у 2006 годзе. Кіраўнікі былі асуджаныя і прыведзеныя ў выкананьне сьмяротная кара. Правядзеньне антытэрарыстычных апэрацыяў урадам Банглядэш выклікала станоўчы водгук кіраўнікоў іншых дзяржаваў.

У выніку прыняцьця 11 студзеня 2007 году экстранай пастановы пры падрыхтоўку новага выбарчага сьпісу, барацьбы супраць карупцыі, падтрыманага ваеннымі коламі краіны, часовы ўрад пад кіраўніцтвам Фахрудына Ахмада 22 студзеня 2007 году прыпыніў выбары. Ваенныя аказалі падтрымку часоваму ўраду ў барацьбе з карупцыяй, у выніку якой Банглядэш перамясьціўся з самага нізу на 147 месца ў «Індэксе карупцыйнасьці», складзенаму Transparency International. «Вялікі Альянс» атрымаў безумоўную перамогу на выбарах 29 сьнежня 2008 году, узяўшы ў парлямэнце 230 месцаў з 300.

Банґлядэш ёсьць чальцом ААН з 1974 году, была ініцыятарам стварэньня ў 1985 годзе Асацыяцыі рэгіянальнага супрацоўніцтва краін Паўднёвай Азіі (СААРК), а ў 2006—2007 гадох старшынствавала ў Асацыяцыі. Зьяўляецца таксама чальцом Садружнасьці, узначаленай Вялікабрытаніяй, Руху недалучэньня, Арганізацыі Ісламская Канфэрэнцыя, Групы 77-і, арганізацыі «Ісламская васьмёрка», паўднёва-азіяцкага «чатырохкутніка росту», групы эканамічнага супрацоўніцтва БІМСТЭК (Банглядэш, Індыя, М’янма, Шры-Ланка, Тайлянд, Нэпал, Бутан) і Дыялёгу па супрацоўніцтве ў Азіі. У 2005 годзе краіна стала ўдзельнікам Азіяцкага рэгіянальнага форуму (АРФ).

Зьнешнепалітычны курс Дакі сфакусіраваны на задачы забесьпячэньня спрыяльных міжнародных умоваў для пераадоленьня сацыяльна-эканамічнай адсталасьці краіны сродкам максымальнага прыцягненьня інвэстыцыяў, замежнай дапамогі (каля 1,2 млрд даляраў штогод), захаваньні і набыцьці гандлёвых палёгак. Асноўны прынцып зьнешняй палітыкі — «сяброўства з усімі, варожасьць ні з кім». Банґлядэш выступае за захаваньне ролі ААН як галоўнага гаранта падтрыманьня міру і бясьпекі, за ўзмацненьне ролі Рады Бясьпекі ААН і ягонага права разглядаць у індывідуальным парадку пытаньні ўжываньня сілы. Дака супраць павелічэньня ліку сталых чальцоў СБ ААН, а пры разглядзе пытаньня аб пашырэньні складу нясталых чальцоў выступае за захаваньне геаграфічнай прапорцыі пры разьмеркаваньні месцаў. З 1988 году банґлядэскія вайскоўцы прымаюць удзел у апэрацыях ААН па падтрыманьні міру.

Банґлядэш актыўна працуе ў фармаце Канфэрэнцыі па раззбраеньні, рэгулярна падае інфармацыю ў Рэестар звычайных узбраеньняў ААН, падтрымлівае ініцыятывы па раззбраеньні і кантролю над узбраеньнямі. Зьяўляючыся ўдзельніцай усіх буйных адпаведных міжнародных дагавораў (ДВЗЯД, ДНЯЗ, КЗХЗ, КБТЗ і інш.), імкнецца да захаваньня і ўмацаваньня наяўных рэжымаў нераспаўсюду. Салідарная з высілкамі сусьветнай супольнасьці на антытэрарыстычным напрамку, Дака, у тым ліку і на рэгіянальным узроўні (у рамках БІМСТЭК і СААРК), будуе свае падыходы ў рэчышчы выкананьня рэзалюцый СБ ААН №1373 і №1624. Зьяўляецца ўдзельніцай усіх 13 міжнародных антытэрарыстычных канвэнцыяў, далучыўшыся ў траўні 2007 году да Канвэнцыі ААН па прадухіленьні ядзернага тэрарызму. У лютым 2008 году Дака далучылася да Канвэнцыі ААН супраць карупцыі.

Бангладэш — унітарная дзяржава, адміністратыўна падзеленая на сем абласьцей (па-бэнгальску: «бібгаґ»). Абласнымі цэнтрамі зьяўляюцца гарады:

Паводле клясыфікацыі ААН Банґлядэш уваходзіць у лік найменш разьвітых краінаў сьвету. Гадавы прыбытак на душу насельніцтва — 520 даляраў ЗША. У Банґлядэш маюцца радовішчы прыроднага газу, (запасы ацэньваюцца ад 360 млрд м³ да 657 млрд м³), нафты, каменнага вугля, вапняку. Гідраэнэргетычныя рэсурсы выкарыстоўваюцца практычна поўнасьцю. Аб’ём СУП у 2007 годзе склаў 78 млрд дал. (у 2006 годзе — 64 млрд), золатавалютныя запасы — 5,5 млрд даляраў. Дзяржаўная запазычанасьць краіны складае 22 млрд даляраў. Аб’ёмы экспарту ў 2007 годзе склалі 12,8 млрд даляраў, па імпарту — 16 млрд даляраў. Інфляцыя ў 2007 годзе знаходзілася на ўзроўні 11,5%.

Вядучая галіна эканомікі — сельская гаспадарка, у якой занята каля 65% насельніцтва. Апроч некалькіх мікрадзяржаваў і краінаў-астравоў, Банґлядэш мае самую высокую шчыльнасьць насельніцтва ў сьвеце. Па гэтай прычыне безьзямельле зьяўляецца адною з найвялікшых праблем краіны. Безьзямельныя сяляне часта перасяляюцца ў гарады, асабліва Даку, дзе цяжка знайсьці працу і жытло. Іншыя незаконна перабіраюцца ў Індыю. Збор зерневых (рыс, пшаніца) не перавышае 20 млн тонаў і не задавальняе ўнутраных патрэбаў краіны, таму харчовы дэфіцыт пакрываецца за кошт імпарту. Удзельная вага прамысловасьці, у якой занята 14% насельніцтва, складае 12%. Ейная аснова — тэкстыльныя, швачныя, джутавыя і гарбарныя прадпрыемствы.
 
Асноўныя экспартныя тавары Банґлядэш — швачныя вырабы і трыкатаж, а таксама марожаныя морапрадукты, абутак, кераміка, джут і вырабы зь яго, гарбата, мэдыкамэнты. У наменклятуры імпарту пераважаюць энэрганосьбіты, машыны і абсталяваньне, сыравіна і розныя спажывецкія тавары. Найбуйнейшыя імпартэры банґлядэскай прадукцыі — ЗША, Вялікабрытанія, Нямеччына і Францыя, а асноўныя пастаўшчыкі тавараў у Банґлядэш — Індыя, Японія, Кітай, ЗША.

З пачатку 1990-х урад Банґлядэш праводзіць палітыку заахвочваньня прыватнага капіталу, у тым ліку замежнага, які ўжо заняў трывалыя пазыцыі ў тытунёвай, фармацэўтычнай, хімічнай, гарбарнай прамысловасьці, а таксама ў энэргетыку і газаздабычу. Асабліва спрыяльныя ўмовы для замежных капіталаўкладаньняў створаныя ў свабодных экспартных зонах, колькасьць якіх павялічваецца з кожным годам. На канец 2007 году іх налічвалася дзевяць.

У этнічным пляне насельніцтва Банглядэш зьяўляецца амаль аднародным. Бэнгальцы складаюць 98% насельніцтва. У астатнія 2% ўваходзяць выхадцы зь Індыі, якія гавораць на мове урду, а таксама мангалойдныя плямёны, якія жывуць пераважна на паўднёвым усходзе краіны. Бэнгальцы гавораць на бэнгальскай мове, якая належыць да індаарыйскай групы індаэўрапейскай сям’і. У бэнгальскай мове існуюць шматлікія мясцовыя дыялекты, носьбіты якіх не заўсёды могуць разумець адзін аднаго, не карыстаючыся стандартызаванай бэнгальскай мовай. Некаторыя лінгвісты лічаць адзін з гэтых дыялектаў, якім карыстаюцца на паўночным усходзе Банглядэш, асобнаю, сылецкаю моваю.

Большасьць насельніцтва Банглядэш (прыкладна 83%) складаюць мусульмане. Бэнгальцы пачалі масава прымаць іслам у XIII стагодзьдзі. Але 16% насельніцтва захавала ранейшую веру — індуізм. У Банглядэш таксама жывуць будысты, хрысьціяне ды анімісты.

Бангладэш самастойна выпускае каля 80 фільмаў у год, аднак вялікай папулярнасьцю ў насельніцтва карыстаюцца таксама і фільмы суседняй Індыі. Агульная колькасьць пэрыядычных выданьняў складае звыш 1,5 тысячы, у тым ліку больш за 200 штодзённых газэт на бэнгальскай і ангельскай мовах. Найбуйнейшыя бэнгаламоўныя штодзённыя газэты — «Ітэфак», «Джанаконтха», «Інкілаб», англамоўныя — «Банґлядэш абзэрвэр», «Індэпэндэнт». На пэрыяд надзвычайнага становішча ўведзеныя абмежаваньні на крытыку дзейнасьці кіраўніцтва краіны. Маюцца тры дзеючыя інфармацыйныя агенцтвы: дзяржаўнае Бі-Эс-Эс, а таксама прыватныя Ю-Эн-Бі і «Бі-Дзі-Ньюс 24».

Дзяржаўнае тэлебачаньне і радыёвяшчаньне маюць па адным канале, якія вяшчаюць на бэнгальскай і часткова на ангельскай мовах. Існуе 10 прыватных кабэльных тэлеканалаў і 6 радыёстанцыяў. З прычыны масавай непісьменнасьці насельніцтва Банґлядэш дзяржава прымае меры па ейнай хутчэйшай ліквідацыі. Створана асобнае міністэрства ўсеагульнай пачатковай адукацыі, дадзены дазвол на дзейнасьць у краіне шматлікіх банґлядэскіх і замежных няўрадавых грамадзкіх арганізацыяў у сфэры адукацыі.

Адмысловае месца займаюць духоўныя ісламскія навучальныя ўстановы, афіцыйная колькасьць якіх перавышае 12 тысячаў. У краіне налічваецца некалькі дзясяткаў дзяржаўных і прыватных ВНУ, якіх у краіне больш за 60 тысячаў. Вялікая частка зь іх разьмешчаная ў сталіцы краіны Даке. Празьмерна актыўны ўдзел студэнтаў і выкладчыкаў у палітычнай дзейнасьці адмоўна адбіваецца на навучальным працэсе. Недахоп навучальнай і навуковай базы і невысокі прэстыж банґлядэскіх дыплёмаў у іншых краінах змушае студэнтаў працягваць сваю адукацыю за мяжой.




#Article 86: Іван Шамякін (143 words)


Іва́н Пятро́віч Шамя́кін (30 студзеня 1921 — 14 кастрычніка 2004) — беларускі пісьменьнік. Народны пісьменьнік Беларусі (1972).

Іван Шамякін нарадзіўся ў вёсцы Карма Добрускага раёну (цяпер Гомельская вобласьць). Скончыў Гомельскі тэхнікум будаўнічых матэрыялаў (1940). У 1940—1945 гадах служыў у Чырвонай Арміі — удзельнічаў у баях пад Мурманскам, у вызваленьні Польшчы, у баях на рацэ Одра. У 1945—1948 гадах настаўнічаў у вёсцы Пракопаўка Церахоўскага раёну (зараз Чарацянскі сельсавет Гомельскага раёну). З 1946 году вучыўся на завочным аддзяленьні Гомельскага пэдынстытуту. Працаваў старшым рэдактарам Беларускага дзяржаўнага выдавецтва, галоўным рэдактарам альманаху «Советская Отчизна». З 1954 году — намесьнік старшыні, з 1966 году — сакратар, з 1968 году — другі сакратар, з 1971 году — першы намесьнік старшыні, у 1976—1980 гадах — першы сакратар праўленьня Саюзу пісьменьнікаў БССР.

У 1958 годзе разам з шэрагам іншых літаратараў Беларусі выступіў з асуджэньнем «здрадніцкіх паводзінаў» Барыса Пастарнака, ухваліўшы рашэньне аб пазбаўленьні аўтара раману «Доктар Жывага» «званьня савецкага пісьменьніка» — мовазнавец.




#Article 87: Камянец (680 words)


Камяне́ц, Ка́менец — места ў Беларусі, на рацэ Лясной. Адміністрацыйны цэнтар Камянецкага раёну Берасьцейскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год — 8360 чалавек. Знаходзіцца за 39 км ад Берасьця, за 28 км ад чыгуначнай станцыі Жабінка (лінія Баранавічы — Берасьце); на аўтамабільнай дарозе Берасьце — Каменюкі.

Камянец — магдэбурскае места гістарычнай Берасьцейшчыны, старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага. Да нашага часу тут захаваўся выдатны помнік архітэктуры раманскага стылю — абарончая вежа, найбольшая вышынёю і ступеньню захаванасьці сярод іншых будынкаў падобнага кшталту.

Тапонім «Камянец» утварыўся ад мясцовай мураванай («каменнай») вежы, вакол якой узьнікла паселішча. 

У 1795—1940 гадох места мела афіцыйную назву Камянец Літоўскі дзеля адрозьненьня ад украінскага Камянцу Падольскага. 13 кастрычніка 1996 году жыхары ўкраінскага Каменя-Кашырскага заўчасна адсьвяткавалі 800-гадовы юбілей свайго места, памылкова атаясаміўшы гістарычную назву Камень з Камянцом, які паводле некаторых зьвестак упершыню ўпамінаецца пад 1196 годам. То бок фактычна яны адзначылі юбілей Камянца.

Першы пісьмовы ўпамін пра Камянец зьмяшчаецца ў Іпацьеўскім летапісе і датуецца 1276 годам (у пэўных крыніцах можна сустрэць больш раньняе памылковае датаваньне — 1196 год), калі князь валынскі Ўладзімер Васількавіч заклаў тут мураваную вежу:

У 1289 годзе князь дарагічынскі Юры Львовіч разбурыў горад.

У 1366 годзе Камянец далучыўся да Вялікага Княства Літоўскага, дзе знаходзіўся ў валоданьні вялікіх князёў. Неаднаразова (у 1375, 1378 і 1379 гадох) места цярпела ад нападаў крыжакоў. У 1382—1383 гадох Камянец знаходзіўся пад уладай зяця Кейстута, князя Януша Мазавецкага. У 1409 годзе кароль польскі Ягайла прыняў тут паслоў ад папы рымскага Аляксандра V. У гэты час у месьце існаваў палац-замак.

Жыхары Камянца бралі актыўны ўдзел у Грунвальдзкай бітве. У 1413 годзе места стала сталіцай Камянецкага павету Троцкага ваяводзтва, яно знаходзілася на гандлёвым шляху зь Берасьця ў Горадню і з Кракава ў Вільню.

У XVI стагодзьдзі ў Камянцы было 3—4 тыс. жыхароў. У XVII—XVIII стагодзьдзях тут існаваў замкава-палацавы комплекс, працавала тэкстыльная мануфактура Радзівілаў. У вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай маскоўскія захопнікі спалілі места. З прычыны ўчыненых разбурэньняў у 1661 годзе сойм Рэчы Паспалітай вызваліў камянецкіх мяшчанаў ад усіх падаткаў тэрмінам на 4 гады. У 1673 годзе пры Васкрасенскай царкве заснавалі манастыр. У 2-й палове XVII ст. у Камянцы было 13 вуліцаў. У 1723 годзе тут збудавалі касьцёл.

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Камянец апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе ўвайшоў у склад Берасьцейскага павету Гарадзенскай губэрні. У сярэдзіне ХІХ стагодзьдзя ў месьце было 597 двароў.

У канцы ХІХ стагодзьдзя ў Камянцы дзейнічалі царква, касьцёл і юдэйскі малітоўны дом. Паводле вынікаў перапісу 1897 году — 1186 будынкаў, працавалі лячэбніца і царкоўна-прыходзкая школа. На 1914 год працавала 7 дробных прадпрыемстваў.

У 1939 годзе Камянец увайшоў у БССР, дзе ў 1940 годзе атрымаў афіцыйны статус пасёлку гарадзкога тыпу і стаў цэнтрам раёну. У Другую сусьветную вайну з 23 чэрвеня 1941 да 22 ліпеня 1944 году мястэчка знаходзілася пад нямецкай акупацыяй. 24 чэрвеня 1983 году Камянец зноў атрымаў статус места.

У Камянцы працуюць 2 агульнаадукацыйныя школы, гімназія, музычная школа, 2 дашкольныя дзіцячыя ўстановы.

Мэдычнае абслугоўваньне насельніцтва ажыцьцяўляюць мескія лякарня і паліклініка.

Дзейнічаюць 2 дамы культуры, клюб, кінатэатар, 2 бібліятэкі.

Для правядзеньня спартовых мерапрыемстваў у Камянцы ёсьць стадыён «Колас», прыстасаваны да гульні ў футбол і правядзеньня лёгкаатлетычных спаборніцтваў, пляцоўкі для гульні ў баскетбол і валейбол, месца для зімовага катка. Ёсьць павільён для настольных гульняў: настольны тэніс, більярд. Пры стадыёне знаходзіцца адміністрацыйна-сацыяльны будынак з прыбіральнямі, апранальнямі, душавымі. Апроч таго, у Камянцы дзейнічае фізкультурна-спартовы клюб, дзіцячая і моладзевая спартовая школа «Пушча», футбольны клюб «Камянец». Штогод праводзіцца каля 50 спартовых мерапрыемстваў.

У паўднёвай частцы Камянца сфармаваўся мікрараён, забудаваны 4—5-павярховымі жылымі дамамі. Аўтамагістраль Берасьце — Камянюкі падзяляе места на ўсходнюю і заходнюю часткі. Асновай яго плянавальнай структуры зьяўляецца няправільная радыяльная сетка вуліцаў. Галоўная вуліца — Берасьцейская (дзялянка аўтамабільнай дарогі Берасьце — Камянюкі). На ёй склаўся адміністрацыйна-грамадзкі цэнтар. Пэрспэктыву вул. Берасьцейскай замыкае сквэр і будынак сярэдняй школы № 1. Пераважае аднапавярховая індывідуальная забудова. Прамысловая зона знаходзіцца ў паўднёва-ўсходняй частцы.

З урбананімічнай спадчыны Камянца да нашага часу гістарычную назву захавала толькі вуліца Берасьцейская. Тым часам гістарычныя Рынак, Бажнічая, Замкавая, Крывая і Могілкавая вуліцы, Купальны заезд і Надрэчны праезд цяпер ня маюць афіцыйных назваў.

Гістарычныя мясцовасьці Камянца: Замосты (Замлыны), Кладуча.

Прадпрыемствы харчовай прамысловасьці.

Праз Камянец праходзіць аўтамабільная дарога Берасьце — Каменюкі і чыгунка Высокае — Чаромха, да Берасьця — каля 40 км.

Дзейнічае філія Берасьцейскага абласнога краязнаўчага музэю — «Камянецкая вежа».




#Article 88: Давыд-Гарадок (721 words)


Давы́д-Гарадо́к — места ў Беларусі, на рацэ Гарыні. Цэнтар гарсавету Столінскага раёну Берасьцейскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год — 5851 чалавек. Знаходзіцца за 32 км на паўночны ўсход ад Століну, за 39 км ад чыгуначнай станцыі Гарынь (лінія Лунінец — Сарны). Рачная прыстань.

Давыд-Гарадок — магдэбурскае места гістарычнай Піншчыны (частка Берасьцейшчыны, на захадзе Палесься), старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага. Да нашага часу тут захавалася царква Сьвятога Юрыя, помнік архітэктуры XVIII ст.

У аснове тапоніму Давыд-Гарадок уласнае імя ягонага заснавальніка. Лічыцца, што ім быў яцьвяскі князь, які прыняў хрысьціянства і па хрышчэньні пачаў звацца Давыдам. Таксама існуе меркаваньне, што Давыд-Гарадок заснаваў князь уладзімер-валынскі Давыд Ігаравіч, у гонар якога горад нібыта атрымаў назву. Згодна зь мясцовай легендай Давыд-Гарадок узьвёў нейкі тураўскі князь, які ў хрышчэньні ўзяў імя Давыд. Назва «Гарадок» сьведчыць пра існаваньне тут невялікага замка (гораду).

Першая назва места — Гарадок, пазьней Гарадок Давыдаў.

Афіцыйна Давыд-Гарадок (Гарадок) вядзе сваю гісторыю ад 1100 году. Тым часам паводле сучасных энцыкляпэдычных даведнікаў першы пісьмовы ўпамін пра яго датуецца 1382 годам. Археалягічныя зьвесткі сьведчаць, што паселішча ўзьнікла ў XII ст. Яно месьцілася на насыпной гары з правага (усходняга) берагу ракі Гарынь. У XIV — пачатку XVІІІ стагодзьдзяў тут існаваў драўляны замак. У канцы XIV ст. Давыд-Гарадок стаў сталіцай княства. У 1503 годзе войска Вялікага Княства Літоўскага разьбіла непадалёк ад места крымскіх татараў.

У 1509 годзе Давыд-Гарадок увайшоў у склад Пінскага княства. З 1522 году местам валодала вялікая княгіня Бона Сфорца. У 1558 годзе вялікі князь Жыгімонт Аўгуст перадаў яго ваяводу віленскаму Мікалаю Радзівілу Чорнаму. На 1559 год тут дзейнічалі 4 царквы. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў паселішча ўвайшло ў склад Пінскага павету Берасьцейскага ваяводзтва, а з 1586 году — Клецкай ардынацыі.

У XVII—XVIII стагодзьдзях Давыд-Гарадок быў значным асяродкам гандлю. Паводле ўскосных зьвестак, паселішча мела Магдэбурскае права. На 1653 год тут было 29 рамесьнікаў 17 прафэсіяў. З пачаткам вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) 26 верасьня 1655 году маскоўскія захопнікі пад камандаю Д. Валконскага на рачных суднах, што выйшлі з Кіева, разьбілі аддзел шляхты (400 чал.) і мяшчанаў (300 чал.) і на кароткі час захапілі Давыд-Гарадок, які спалілі. Пазьней места зноў трапіла пад акупацыю. У пачатку 1660 году літоўскія войскі на чале з С. Аскеркам і Д. Мурашкам вызвалілі Давыд-Гарадок. На 1663 год тут было 362 дымы, на 1675 год дзейнічалі 2 царквы і 1 касьцёл, на 1691 год працавалі 52 рамесьнікі. У 1791 годзе места ўвайшло ў Запінскі павет.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Давыд-Гарадок апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе ў 1795—1796 гадох быў цэнтрам павету. У 1796 годзе статус паселішча панізілі да мястэчка Мазырскага павету, якое 22 студзеня таго ж году атрымала герб: «у чорным полі срэбная рака з прыстаньню і залатым суднам з таварамі». На 1890 год у Давыд-Гарадку дзейнічалі 2 царквы, касьцёл, 3 юдэйскія малітоўныя дамы.

За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 году Давыд-Гарадок занялі войскі Нямецкай імпэрыі.

У 1939 годзе Давыд-Гарадок увайшоў у БССР, дзе 15 студзеня 1940 году зноў атрымаў статус места і стаў цэнтрам раёну (з 1961 году ў Столінскім раёне). У Другую сусьветную вайну з 7 ліпеня 1941 да 9 ліпеня 1944 году места знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху.

Асаблівасьцю ваколіцаў Давыд-Гарадка сярод іншых мясьцінаў Прыпяцкага Палесься зьяўляюцца ўрадлівыя дзярнова-карбанатавыя глебы, з прычыны чаго места знаходзіцца ў цэнтры сукупнасьці некалькіх буйных вёсак. Лясістасьць мясцовасьці невялікая.

Апроч Гарыні, якая з 1980-х гадоў цячэ новым (штучным) рэчышчам, у межах места знаходзяцца старыцы: Гарынь (старое рэчышча), Сежка, Язда і Копанец. У гістарычных крыніцах упамінаецца яшчэ Няпраўда.

Клімат мерна кантынэнтальны, з значным уплывам атлянтычнага марскога паветра. Лета цёплае. Зімы мяккія, з частымі адлігамі.

У склад сыстэмы адукацыі Давыд-Гарадку ўваходзіць 2 сярэднія школы. Працуюць таксама музычная і дзіцяча-юнацкая спартовая школы, дом дзіцячай творчасьці.

У месьце працуе тэрытарыяльнае мэдычнае аб’яднаньне, у складзе якога дзейнічаюць 2-я раённая лякарня на 200 ложкаў, паліклініка і 2 аптэкі.

Культурна-асьветніцкая праца ажыцьцяўляецца мескім домам культуры, кінатэатрам «Сьвітанак», 2 бібліятэкамі.

З урбананімічнай спадчыны Давыд-Гарадку да нашага часу гістарычныя назвы захавалі вуліцы Замкавая, Лучнікаўская, Набярэжная, Радзіцкая і Рыбацкая. Гістарычныя Стары і Новы Рынак у наш час ня маюць афіцыйных назваў. У тэлефонным даведніку 1939 году ўпамінаюцца Вайсковая, Завальная, Зарэчная, Рымарская і Садовая вуліцы. Таксама ў месьце існавала Школьная вуліцы.

Прадпрыемствы машынабудаўнічай, харчовай прамысловасьці.

Жыхароў места абслугоўваюць 13 крамаў Давыд-Гарадоцкай філіі раённага спажывецкага таварыства, 3 фірмовыя і сетка камэрцыйных крамаў, сталоўка і кавярня. Аддзяленьні ААТ «Беларусбанк», Белтэлекам.

Спыніцца можна ў мескай гасьцініцы.

У Давыд-Гарадку захаваліся селішча і бескурганныя могільнікі зарубінецкай і мілаградзкай культураў.




#Article 89: Капыль (766 words)


Капы́ль — места ў Беларусі, на рацэ Мажы. Адміністрацыйны цэнтар Капыльскага раёну Менскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год — 9489 чалавек. Знаходзіцца за 120 км ад Менску, за 9 км ад чыгуначнай станцыі Цімкавічы (лінія Баранавічы — Асіпавічы).

Капыль — магдэбурскае места гістарычнай Случчыны (частка Наваградчыны), колішняя сталіца ўдзельнага княства, старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага. Да нашага часу тут захаваўся касьцёл Сьвятога Апостала Пятра і Паўла, помнік архітэктуры XIX ст., часткова зруйнаваны савецкімі ўладамі.

На думку географа В. Жучкевіча, аснова тапоніму «Капыль» ужывалася для пазначэньня адной з прыладаў апрацоўкі зямлі накшталт матыкі або кіркі. У беларускай мове слова «капыл» захавалася галоўным чынам для пазначэньня верхняй часткі шавецкай калодкі, а часам аднаго з тыпаў малатка (балцкае kople). Захавалася і мянушка Капыл — упарты, незгаворлівы чалавек.

Паводле пашыранага меркаваньня назва «Капыль» утварылася ад слова «капыльле» — поле, апрацаванае матыкай. Аднак некаторыя дасьледнікі мяркуюць, што назва паселішча ўтварылася ад слова «капальня» — часткі паганскай бажніцы.

Першы пісьмовы ўпамін пра Капыль зьмяшчаецца ў Галіцка-Валынскім летапісе з нагоды вайны галіцкага і холмскага князя Льва зь літоўскім князем Трайдзенам і датуецца 1274 годам.

Непадалёк ад сучаснага месца ёсьць гарадзішча, якое ў VIII—XI стагодзьдзях належала дрыгавічам. У XI—XIII стагодзьдзях тут разьмяшчаўся дзядзінец, дзе жыў князь з сваёй дружынай.

У 1320-я гады Капыль далучыўся да Вялікага Княства Літоўскага. У XIV—XVIII стагодзьдзях на тэрыторыі гарадзішча (у цэнтры сучаснага места) існаваў драўляны замак. У 1395 годзе Капыль стаў цэнтрам княства ў валоданьні Алелькавічаў. У 1439 годзе сын вялікага князя Жыгімонта Кейстутавіча намесьнік літоўскі Міхал збудаваў тут драўляны касьцёл (у 1859 годзе на ягоным месцы ўзьвялі новы мураваны). У 1506 годзе слуцкія і капыльскія баяры, якіх сабрала князёўна Анастасія, разьбілі тут крымскіх татараў, што адыходзілі па разгроме пад Клецкам.

Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў Капыль увайшоў у склад Наваградзкага ваяводзтва. У 1508 годзе, учыніўшы фэўдальны мяцеж, места захапіў М. Глінскі, які аднак ня здолеў узяць замак. За часамі паўстаньня С. Налівайкі 25 лістапада 1595 году каля Капылю адбыўся бой паміж казацкім загонам на чале з палкоўнікам Марцінкам і войскай К. Радзівіла, у якім Марцінак загінуў, а казакі адступілі. У канцы XVI ст. дзейнічалі кальвінскі збор і царква.

У 1612 годзе па сьмерці апошняй прадстаўніцы роду Алелькавічаў, князёўны Соф’і, Капыль перайшоў да Радзівілаў. 27 жніўня 1652 году кароль і вялікі князь Уладзіслаў Ваза надаў месту Магдэбурскае права і герб: «у залатым полі чорны паляўнічы рог». Ад гэтага часу жыхары абіралі магістрат з 2 бурмістраў, 4 радцаў, мескага пісара, войта і 4 лаўнікаў. Апроч таго, яны атрымалі на кірмашы і штотыднёвыя таргі ў пятніцы. У XVII ст. дзейнічала 6 цэхаў: шавецкі, кравецкі, шапачны, рэзьніцкі і ганчарны. У 1695 годзе паміж аддзеламі Сапегаў і Радзівілаў адбыліся баі за валоданьне Капылем. У Вялікую Паўночную вайну (1700—1721) пажар зьнішчыў у месьце больш за 60 дымоў.

У сярэдзіне XVIII ст. у Капылі было 12 вуліцаў, 136 дымоў хрысьціян і 53 — юдэяў. На 1750 год упамінаюцца 244 рамесьнікі, 98 краўцоў, 55 ткачоў, 39 прадзільніц, 7 апрацоўнікаў мэталаў (разам 20 прафэсіяў). У 1791 годзе места ўвайшло ў склад Случарэцкага павету.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Капыль апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Слуцкім павеце. На 1795 год у месьце дзейнічалі 2 касьцёлы і царква, працавалі 3 млыны і карчма. На 1800 год — 175 двароў. Пазьней статус паселішча панізілі да мястэчка, якое ў 1832 годзе перадалі ў валоданьне Вітгенштэйнам. У 1833 годзе па судовым працэсе, распачатым жыхарамі Капылю, іх вызналі асабіста вольнымі, але зямлю пакінулі ў валоданьні зямяніна. На 1859 год у мястэчку было 257 двароў, дзейнічалі касьцёл, царква, збор і 2 юдэйскія малітоўныя дамы, працавалі 2 вадзяныя млыны і 6 крамаў. На 1861 год — 357 двароў, у 1886 годзе дзейнічалі касьцёл, царква і збор, працавалі 4 юдэйскія малітоўныя школы, бровар, млын, 6 заезных дамоў, 87 крамаў.

Паводле вынікаў перапісу 1897 году, у Капылі дзейнічалі касьцёл, царква, кальвінскі збор і 2 юдэйскія малітоўныя дамы; працавалі 3 школы (у тым ліку 2 жыдоўскія), бровар, 2 млыны, 3 ганчарныя заводы, прадпрыемства прахаладжальных напояў, 92 крамы, аптэка, заезны дом, 7 корчмаў. На 1909 год — 1178 двароў. Улетку 1911 году ў мястэчку з спэктаклем выступіла трупа Ігната Буйніцкага. 

За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 году Капыль занялі войскі Нямецкай імпэрыі.

У Другую сусьветную вайну з 29 чэрвеня 1941 да 1 ліпеня 1944 году Капыль знаходзіўся пад акупацыяй Трэцяга Райху.

У Капылі працуюць 6 дашкольных установаў, 3 сярэднія, 2 дзіцяча-юнацкія спартовыя школы, дзіцячая школа мастацтваў.

Мэдычнае абслугоўваньне насельніцтва ажыцьцяўляюць лякарня і стаматалягічная паліклініка.

Дзейнічаюць 2 бібліятэкі, цэнтар культуры.

З урбананімічнай спадчыны Капылю да нашага часу гістарычную назву захавала толькі вуліца Замкавая.

У Капылі існавалі гістарычныя мясцовасьці: Яцкоўшчына, Засьценак, Малая Байкоўшчына, Вялікая Байкоўшчына, Шусьціна, Салаўёўшчына, Грыцава гара, Падзамча, Клебаншчына, Каменшчына, Старына, Рэпішкі.

Прадпрыемствы харчовай, дрэваапрацоўчай прамысловасьці.

Дзейнічае Капыльскі краязнаўчы музэй. Спыніцца можна ў гасьцініцы «Капыль».




#Article 90: Субота (166 words)


Субо́та — дзень тыдня паміж пятніцай і нядзеляй. У габрэйскай мове, дзе дні тыдня проста пранумараваныя, субота мае сваю назву — Sabbath (שבת, шабат). Адсюль пайшла назва гэтага дня ў беларускай і многіх іншых мовах. Назва яго на лаціне Saturni Dies (дзень Сатурна) адпавядае богу Сатурну. Вацлаў Ластоўскі прапанаваў назву , ад бога Ладона.

Згодна юдэйскай традыцыі ў суботу сьвяткуюць шабаш. Паводле Бібліі, сьвяткаваньне Суботы ўсталяванае Богам у памяць аб 7-м дні Стварэньня (Кніга Роду, 2, 1-3). Яно пацьверджанае выбранаму народу пад час Зыходу як 4-е зь Дзесяці Прыказаньняў Божых — Дэкалёгу. (Зыход, 20, 8-11). Паводле хрысьціянскай традыцыі, у сувязі з выратавальнай ахвярай Езуса Хрыста сьвяткаваньне суботы перанесенае на дзень Яго ўваскрасення ( нядзелю). Адвентысты сёмага дня, як і габрэі (юдаісты), не прызнаюць гэтай рэформы.

Субота — першы з выходных дзён. Большая частка прадпрыемстваў не працуе, хаця школьнікі і студэнты могуць навучаюцца. У Савецкім Саюзе была традыцыя камуністычных суботнікаў, якая застаецца жывой і ў сучаснай Беларусі.

У некаторых дыялектах назва гэтага дня тыдня вымаўляецца як сыбота.
 




#Article 91: Сьпіс (368 words)


Сьпіс (у праграмаваньні) — структура зьвестак, якая зьмяшчае лінейна ўпарадкаванае мноства элемэнтаў. Кожны элемэнт мае спасылку на зьвесткі і адну ці дзьве спасылкі на наступны і папярэдні элемэнты. У сьпіс можна дадаваць/выдаляць элемэнты ў любым месцы за пастаянны час, але немагчымы адвольны доступ, толькі пасьлядоўны.

Адназьвязаны сьпіс — найпрасьцейшы варыянт. У мове Lisp, дзе сьпісы — асноўная структура зьвестак, такі сьпіс уяўляе сабой пару: галава (спасылка на зьвесткі: head) і хвост (працяг сьпісу: tail, або іншымі словамі, спасылка на наступны элемэнт: next), які можа быць пустым (роўны null). Гэта выглядае ў кропачнай натацыі:
 ( галава . хвост )
Адназьвязны сьпіс з трыма элемэнтамі A, null, 21 можа быць запісаны: (A . (null . (21 . null)))  ці ў  скарочаным выглядзе: (A null 21). Графічна гэта паказана на наступным малюнку (перакрэсьлены квадрат азначае пустую спасылку — null):

Каб указаць адназьвязны сьпіс, напрыклад, перадаць у якасьці парамэтру ў працэдуру, дастаткова пазначыць адрас яго першага элемэнту. Усе іншыя элемэнты можна атрымаць паступова, калі рухацца па спасылках, пачынаючы ад першага.

Двузьвязаны сьпіс — больш складаны варыянт адназьвязанага сьпісу. Кожны элемэнт мае дзьве спасылкі — ня толькі на наступны элемэнт (next), але і на папярэдні (prev). Той жа самы сьпіс (A null 21):

У такім сьпісе магчымы рух у абодвух напрамках: ад першага да апошняга элемэнту і наадварот.

У цыклічным сьпісе апошні элемэнт мае спасылку не на null, а на першы, ствараючы цыкль, колца. Цыклічным можа быць і двузьвязаны сьпіс, у такім разе дадаткова і prev-спасылка першага элемэнту ўказвае на апошні элемэнт. Каб указаць адназьвязны цыклічны сьпіс пазначаюць адрас апошняга элемэнта, таму што празь яго можна лёгка атрымаць першы, пры гэтым застаецца магчымасьць хутка дадаваць новыя элемэнты пасьля апошняга ці перад першым.

Часам сьпісы маюць спэцыяльныя дапаможныя элемэнты-вартавыя перад першым і/ці пасьля апошняга. Яны не зьмяшчаюць зьвесткі, але прызначаны для спрашчэньня ці паскарэньня апрацоўкі сьпісу. Наяўнасьць такіх элемэнтаў гарантуе, што кожны элемэнт мае наступніка/папярэдніка, і што ў кожным сьпісе, нават пустым, ёсьць першы і апошні элемэнт.

Сьпіс адрозьніваецца ад масіваў тым, што дазваляе дадаваць і выдаляць элемэнты (масівы, акрамя дынамічных — звычайна статычныя, колькасьць элемэнтаў у іх нязьменна), устаўляць новыя элемэнты паміж ужо існуючых бяз руханьня іншых элемэнтаў, але доступ да элемэнтаў сьпісу — толькі пасьлядоўны, а не па індэксе, як у масіве.




#Article 92: Шчучын (921 words)


Шчу́чын — места ў Беларусі, на рацэ Тураўцы. Адміністрацыйны цэнтар Шчучынскага раёну Гарадзенскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год — 15 475 чалавек. Знаходзіцца за 57 км на ўсход ад Горадні, за 7 км ад чыгуначнай станцыі Ражанка (лінія Ваўкавыск — Ліда).

Шчучын — даўняе магдэбурскае мястэчка гістарычнай Лідчыны (частка Віленшчыны), лякальны цэнтар асьветы, навукі і дабрачыннасьці. Да нашага часу тут захаваліся клясыцыстычныя комплекс кляштару піяраў з касьцёлам Сьвятой Тэрэзы, могілкавая капліца і палац Друцкіх-Любецкіх, помнікі архітэктуры XIX стагодзьдзя, а таксама эклектычная забудова гістарычнага Рынку.

На думку географа В. Жучкевіча, тапонім «Шчучын» утварыўся ад прозьвішча Шчука.

У розныя часы дзеля адрозьненьня ад аднайменнага места на Падляшшы насіў прыдомкі Шчучын Літоўскі, Шчучын Лідзкі, Шчучын Наваградзкі.

Першы пісьмовы ўпамін пра Шчучын датуецца 1436 (або 1430) годам, калі ваявода троцкі Пётар Лелюш разам з А. Вязовічам і І. Прасьціловічам заснаваў тут драўляны касьцёл Сьвятога Якуба. У XV—XVIII стагодзьдзях паселішча ўваходзіла ў склад Лідзкага павету Віленскага ваяводзтва.

У 2-й палове XV—XVI стагодзьдзях Шчучын знаходзіўся ў валоданьні Кучукаў, Кішкаў, Радзівілаў, з пачатку XVII ст. — Лімантаў. У 1-й трэці XVI ст. паселішча атрымала статус мястэчка. У 1537 годзе Шчучын упамінаецца ў Літоўскай мэтрыцы ў зьвязку з тым, што мясцовы жыхар Станіслаў Альшанскі пераехаў у Масты, якія ў той час знаходзіліся ў валоданьні вялікай княгіні Боны Сфорцы. Мястэчка значна пацярпела ад маскоўскіх войскаў І. Хаванскага і казацкіх загонаў В. Залатарэнкі ў вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667), а таксама ад войскаў Карла XII у Вялікую Паўночную вайну (1700—1721).

У XVIII ст. Шчучын перайшоў у валоданьне маршалка дворнага Юзэфа Сцыпіёна. 23 траўня 1761 году кароль і вялікі князь Аўгуст Сас надаў паселішчу Магдэбурскае права і герб: «у блакітным полі срэбная манаграма I(gnatus) S(cipion) пад залатой каронай». У 1726 годзе ў Шчучыне адкрыўся калегіюм манаскага ордэну піяраў. Заснавальнікам навучальнай установы лічыцца полацкі войт Юры Хлябніцкі-Юзэфовіч. Некаторы час тут працавала сэмінарыя для ордэнскай моладзі (ці навіцыят), дзе выкладалі ў тым ліку ўсходнія мовы. У 1755 годзе калегіюм узначальваў рэктар Лукаш Расоцкі, выкладалі Кант Выкоўскі (прафэсар усходніх моваў і гісторыі), Юзэф Шаняўскі (тэалёгія), Яўстах Куроўскі (філязофія і этыка), Вінцэнт Клос (прыродазнаўчыя дысцыпліны), Юзэф Кентржынскі (лёгіка і мэтафізыка), Войцех Камароўскі (паэзія і красамоўства). У 1773—1775 гадох з утварэньнем у Рэчы Паспалітай Адукацыйнай камісіі, што праводзіла рэфармаваньне сыстэмы асьветы, Шчучынскую піярскую навучальную ўстанову рэарганізавалі ў 3-клясную падакруговую школу. У 1782—1783 гадох яна налічвала 119 вучняў, 5 настаўнікаў. У 1785—1786 гадох у школе выкладаў Станіслаў Юндзіл, пазьней доктар філязофіі, прафэсар батанікі і заалёгіі Віленскага ўнівэрсытэту. У 1742 годзе ў Шчучыне адкрыўся шпіталь, а ў 1773 годзе — аптэка. У 2-й палове XVIII ст. на паўночнай ускраіне мястэчка збудавалі палац. У 1785 годзе Станіслаў Юндзіл заклаў школьны батанічны сад, адзін зь першых на Беларусі.

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Шчучын апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе сьпярша ўваходзіў у склад Лідзкага павету Літоўскай, потым Гарадзенскай (з 1801), а з 1843 году — Віленскай губэрняў. У 1803 годзе ў выніку чарговай рэарганізацыі тутэйшая школа піяраў атрымала статус 6-кляснай павятовай з гімназічным курсам навук і ўвайшла ў Віленскую навучальную акругу. У 1822—1828 гадох (паводле іншых зьвестак у 1826—1829) у мястэчку збудавалі мураваны касьцёл Сьвятой Тэрэзы. На 1829 год у Шчучыне было 47 будынкаў (17 хрысьціянскіх і 30 юдэйскіх). Па здушэньні вызвольнага паўстаньня ў 1832 годзе расейскія ўлады зачынілі школу разам зь іншымі піярскімі навучальнымі ўстановамі. На 1833 год у мястэчку было 40 будынкаў, на 1863 год — 94, на 1866 год — 123 двары, валасная ўправа, касьцёл, капліца, царква, сынагога, юдэйскі малітоўны дом, аптэка, паштовая станцыя, 2-клясная школа (адкрылася ў 1833 годзе; у 1885 годзе навучаліся 78 хлопчыкаў і 6 дзяўчынак), вінакурня, цагельня і прадпрыемства вырабу вапны, 29 крамаў, 5 піцейных дамоў. Праз Шчучын праходзілі гандлёвыя шляхі на Наваградак і Ліду. У 1888 годзе пачаў працаваць дрэваапрацоўчы завод, які вырабляў паркет, фанэру, шпон (на 1890 год — 30 работнікаў, зьявілася паравая машына). У Першую сусьветную вайну ў жніўні 1915 году Шчучын занялі нямецкія войскі.

Увосень 1918 году сфармавалася Шчучынская самаабарона — мясцовая вайсковая арганізацыя, якой мэтай была абарона мястэчка ад бальшавікоў. Арганізаваў яе старшы лейтэнант Баляслаў Лісоўскі. Самаабарона пасьпяхова зьнішчала бальшавіцкую актыўнасьць у навакольлі Шчучына. Хоць у пачатку 1919 году мястэчка занялі бальшавікі, аднак неўзабаве яго адбіла польскае войска. 7 чэрвеня 1919 году Шчучын увайшоў у склад Віленскай акругі Грамадзянскай Управы Ўсходніх Земляў — часовай польскай адміністрацыйнай адзінкі. Улетку 1920 году мястэчка зноў занялі бальшавікі, але ўжо ў верасьні яго зноў адбілі польскія войскі. Паводле Рыскай мірнай дамовы 1921 году Шчучын апынуўся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе стаў цэнтрам гміны Наваградзкага ваяводзтва. У гэты час у мястэчку было 239 будынкаў, побач знаходзіўся фальварак Шчучынак (5 пабудоваў). У 1931 годзе Шчучын атрымаў статус места і стаў цэнтрам павету, у гэты час тут працавалі лякарня, настаўніцкая сэмінарыя і пошта.

Па далучэньні Заходняй Беларусі да БССР (1939 год) Шчучыну скасавалі статус места, а 15 студзеня 1940 году ён стаў цэнтрам раёну Баранавіцкай вобласьці. У гэты час працавалі электрастанцыя (магутнасьць 36 кВт), паравы млын, фабрыкі вырабу крупы і фанэры, лесапільны завод (тартак), лякарня на 70 ложкаў, радзільня на 25 ложкаў, амбуляторыя, вэтэрынарны пункт, аптэка, кінатэатар, пошта і тэлеграф, гімназія, ліцэй, 3 няпоўныя сярэднія школы. У Другую сусьветную вайну з 25 чэрвеня 1941 да 13 ліпеня 1944 году мястэчка знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху. 20 верасьня 1944 году Шчучынскі раён увайшоў у склад Гарадзенскай вобласьці. 31 жніўня 1962 году Шчучын зноў атрымаў статус места.

У Шчучыне працуюць 3 сярэднія школы, 6 дашкольных установаў.

Дзейнічаюць 2 бібліятэкі, 2 дамы культуры.

Выдаецца раённая газэта «Дзянніца».

Прадпрыемствы машынабудаваньня, сельскагаспадарчага і трактарнага машынабудаваньня, харчовай прамысловасьці.

Шчучын уваходзіць у турыстычна-экскурсійны маршрут «Літаратурныя шпацыраваньні над Нёманам». Працуе музэй баявой славы (у будынку ПТВ № 198).

Шчучын мае 3 месты-сябры ў некалькіх краінах.




#Article 93: Крычаў (715 words)


Кры́чаў — места ў Беларусі, на рацэ Сажы. Адміністрацыйны цэнтар Крычаўскага раёну Магілёўскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год — 26 007 чалавек. Знаходзіцца за 104 км на ўсход ад Магілёва. Чыгуначны вузел на Воршу, Магілёў, Унечу і Рослаў; на аўтамабільнай дарозе Бабруйск — Рослаў.

Крычаў — магдэбурскае места гістарычнай Амсьціслаўшчыны, колішняя сталіца графства, старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага. Да нашага часу тут захаваліся руіны замка на Замкавай Гары, палац Пацёмкіна — Галынскіх і цэрквы Сьвятога Мікалая і Ўваскрасеньня Хрыстова, помнікі гісторыі і архітэктуры XIV—XIX стагодзьдзяў. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаўся нэагатычны касьцёл Беззаганнага Зачацьця Найсьвяцейшай Панны Марыі, помнік архітэктуры XIX ст., зьнішчаны савецкімі ўладамі.

Існуе некалькі вэрсіяў паходжаньня тапоніму «Крычаў». Паводле адной зь іх, ён утварыўся ад слова «крычнае» (што азначае прафэсію) або «крыца», «крычнае жалеза» — назваў балотнай жалезнай руды, якой было багата ў навакольлі. Іншая вэрсія зьвязвае назву места з крывічамі. Апроч таго, існуе шэраг легендаў і паданьняў пра назву і абставіны заснаваньня Крычава.

Варыянты напісаньня назвы места ў гістарычных крыніцах: Крэчут.

Першы пісьмовы ўпамін пра Крычаў зьмяшчаецца ў статуце князя смаленскага Расьціслава Мсьціславіча і датуецца 1136 годам. У ХІІ — сярэдзіне ХІV стагодзьдзя места знаходзілася ў складзе Смаленскага княства.

У 1358 годзе Крычаў далучыўся да Вялікага Княства Літоўскага, дзе ўвайшоў ў склад Амсьціслаўскага княства. У ХІV—ХVІІІ стагодзьдзях існавалі Крычаўскія мескія ўмацаваньні. З канца ХV стагодзьдзя места ўвайшло ў склад Віленскага ваяводзтва, дзе стала цэнтрам воласьці, уладаньня вялікіх князёў. У 1507 і 1508 гадох маскоўскія захопнікі безвынікова намагаліся авалодаць Крычавам. За часамі Інфлянцкай вайны (1558—1582) у 1564 годзе яны зноў двойчы спрабавалі захапіць места.

Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў Крычаў увайшоў у склад Амсьціслаўскага ваяводзтва. З ХVІІ стагодзьдзя ён стаў цэнтрам староства, якое знаходзілася ў валоданьні Радзівілаў. У ХVІІ—ХVІІІ стагодзьдзях аснову плянавальнай кампазыцыі Крычава складаў замак, ад якога цягнуліся вуліцы; было 8 цэркваў, касьцёл, сынагога. Сфармаваўся другі цэнтар места — Рынак.

У 1614 годзе маскоўскія захопнікі спалілі Крычаў і разрабавалі староства. У 1633 годзе ён зноў моцна пацярпеў ад нападу маскоўскіх войскаў: амаль усіх жыхароў (2000 чал.) гвалтоўна вывезьлі ў Маскоўскую дзяржаву, а само места спалілі. 23 жніўня 1633 году за гераізм і адданасьць радзіме кароль і вялікі князь Уладзіслаў Ваза надаў Крычаву Магдэбурскае права і герб: «у чырвоным полі залаты крыж, побач зь якім срэбны меч».

З пачаткам вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) Крычаў вытрымаў 2-месячную маскоўскую аблогу, аднак потым мусіў здацца. Па вызваленьні ў 1661 годзе сойм Рэчы Паспалітай на пэўны час скасаваў для места выплату падаткаў.

Паводле інвэнтару, на 1671 год у Крычаве было 375 дымоў, на 1682 год — 456 дымоў. У Вялікую Паўночную вайну (1700—1721) улетку 1708 году непадалёк ад места разьмяшчаўся лягер расейскіх войскаў на чале з царом маскоўскім Пятром I. На 1720 год у Крычаве было 233 жылыя дамы, на 1747 год — 429 дымоў, на 1779 год — 470 дымоў.

У 1743—1744 гадоох у Крычаве й ваколіцах разгарэлася сялянскае антыфэўдальнае паўстаньне пад кіраўніцтвам Васіля Вашчылы, якое было жорстка задушанае войскам Гераніма Флярыяна Радзівіла.

У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772 год) Крычаў апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Магілёўскай губэрні. Статус паселішча панізілі да мястэчка. У 1776 годзе Кацярына II падаравала Крычаўскае староства графу Р. Пацёмкіну. На 1779 год у Крычаве было 470 двароў. У канцы XVIII ст. мястэчка стала важным цэнтрам мануфактурнай прамысловасьці, тут працавалі суднавэрф, а таксама вінакурны, цагельны, шкляны, гарбарны і медналіцейны заводы, млыны.

На 1847 год у Крычаве было 630 двароў, дзейнічалі 6 цэркваў і касьцёл, працавала малітоўная школа, штогод праводзіліся 3 кірмашы. Паводле вынікаў перапісу 1897 году, у мястэчку было 972 двары, дзейнічалі 7 цэркваў, касьцёл і 5 сынагогаў, працавалі 2 народныя вучэльні, 3 гарбарныя і мылаварны завод, 4 крупадзёркі, 4 маслабойні, паштова-тэлеграфная кантора, хлебазапасны магазын, 125 крамаў, 5 заезных двароў, штогод праводзілася 4 кірмашы.

У 1962—1965 гадох Крычаў уваходзіў у склад Амсьціслаўскага раёну.

У Крычаве працуюць 9 школаў і 11 дашкольных установаў.

Мэдычнае абслугоўваньне насельніцтва ажыцьцяўляюць 3 лякарні і 6 паліклінік.

Дзейнічаюць 4 дамы культуры, 4 бібліятэкі, краязнаўчы музэй.

Шаша Бабруйск — Масква падзяляе Крычаў на дзьве часткі. Найбольш разьвітая зь іх — паўднёвая, якая прылягае да Сожа, у ёй разьмяшчаюцца адміністрацыйныя, культурна-побытавыя і гандлёвыя прадпрыемствы. У паўночнай частцы забудоўваецца мікрараён Сож. Места мае 5 паркаў і 2 сквэры.

У Крычаве існавалі гістарычныя мясцовасьці Забялышчын і Загарадзішча.

Прадпрыемствы будматэрыялаў, хімічнай, дрэваапрацоўчай, харчовай прамысловасьці.

У Крычаве ёсьць чыгуначная станцыя і аўтобусны парк, які абслугоўвае 6 мескіх, 9 мясцовых і 2 міжмескія маршруты.

Дзейнічае Крычаўскі краязнаўчы музэй. Спыніцца можна ў гасьцініцы «Крычаў».




#Article 94: Сьнежань (151 words)


Сьне́жань — апошні, дванаццаты месяц году ў грэгарыянскім календары. Мае 31 дзень. У Паўночнай паўкулі — зімовы месяц, у Паўднёвай — летні.

Назва гэтага месяца ў многіх эўрапейскіх мовах паходзіць ад лацінскай December (дзясяты месяц), бо ў рымскім календары пэўны час было толькі 10 месяцаў, студзень і люты былі даданыя пазьней.

У выданьнях Францішка Скарыны падаецца народная назва — прасинецъ, у «Храналёгіі» Андрэя Рымшы (1581) згадваецца як просинецъ. Сучасная назва, ужываная ў літаратурнай мове, паходзіць ад словаў сьнег, сьнежны ды ўзьнікла ў асяродзьдзі газэты «Наша ніва» і набыла больш-менш канчатковую форму ў 1912, калі ў календары «Нашай нівы» былі пададзеныя прапанаваныя назвы месяцаў з тлумачэньнямі. Пасьлядоўна ў «Нашай ніве» ўжываліся варыянты назвы: у 1907 — грудзень, у 1908 — грудзень (дзекабр), у 1909 — сьнежань (дзекабр), у 1910—1912 — сьнежань; у далейшым — сьнежань («ад сьнегу»).

Галоўныя сьвяты ў сьнежні: Каляды і Новы год.

У Паўночнай паўкулі ў сьнежні адбываецца зімняе сонцастаяньне — найкарацейшы сьветлавы дзень; у Паўднёвай паўкулі — летняе сонцастаяньне.




#Article 95: Браслаў (919 words)


Бра́слаў — места ў Беларусі, на паўночным беразе возера Дрывятаў. Адміністрацыйны цэнтар Браслаўскага раёну Віцебскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год — 9829 чалавек. Знаходзіцца за 220 км ад Віцебску, за 40 км ад чыгуначнай станцыі Друя (лінія Варапаева — Друя). Аўтамабільныя дарогі злучаюць места з Друяй, Мёрамі, Шаркоўшчынай, Відзамі і Дзьвінскам.

Браслаў — даўняе магдэбурскае места, цэнтар гістарычнага рэгіёну (частка Віленшчыны), старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага. Да нашага часу тут захаваўся касьцёл Нараджэньня Найсьвяцейшай Панны Марыі, помнік архітэктуры XIX ст.

Паходжаньне тапоніму Браслаў звычайна зьвязваюць зь імем князя полацкага Брачыслава, за якім тут збудавалі мескія ўмацаваньні. На думку географа В. Жучкевіча, гэтае меркаваньне ёсьць даволі спрэчным з тае прычыны, што паселішча існавала яшчэ да Брачыслава. Паводле дасьледніка, тапонім варта тлумачыць праз балцкую аснову «брасла», што азначае «брод». На карысьць гэтага меркаваньня сьведчыць геаграфічнае разьмяшчэньне паселішча ля пераходу пры азёрнай затоцы.

Варыянты напісаньня назвы ў гістарычных крыніцах — Браславль, Браславль Завельскі.

Паводле зьвестак археалягічных раскопак яшчэ ў ІХ ст. на месцы сучаснага Браслава існавала старажытнае паселішча латгалаў і крывічоў. У пачатку ХІ стагодзьдзя на месцы спаленага паселішча паўстаў памежны горад Полацкага княства. Умацаваны валам вышынёй ад 3 да 9 м, дзядзінец старажытнага Браслава разьмяшчаўся на пярэсмыку паміж азёрамі Дрывяты і Навята на Замкавай гары, побач знаходзіўся пасад. У ХІ—ХІV стагодзьдзях насельніцтва займалася ў асноўным сельскай гаспадаркай, паляваньнем, рамёствамі, гандлем.

Першы пісьмовы ўпамін пра Браслаў зьмяшчаецца ў Хроніцы Быхаўца і Хроніцы М. Стрыйкоўскага пад 1065 годам у зьвязку зь мітычным нападам на яго літоўскіх князёў братоў Кернуса і Гімбута. 

З пачатку ХІV стагодзьдзя Браслаў знаходзіўся ў валоданьні вялікіх князёў і згодна з тэстамэнтам Гедыміна перайшоў да ягонага сына Яўнута. Дзяржаўцамі Браслава былі Сапегі, Масальскія, Скумін-Тышкевічы. У пачатку ХV стагодзьдзя места стала цэнтрам павету Віленскага ваяводзтва. Павятовыя соймікі зьбіраліся на Замкавай гары, тут жа, паводле пастановы вальнага сойму 1590 году, збудавалі дом для паседжаньняў суду і зьбераганьня архіву. У гэты ж час на сродкі ваяводы віленскага і старосты браслаўскага В. Манівіда ў месьце збудавалі касьцёл.

У ХVІ—ХVІІ стагодзьдзях вялікую ролю меў Браслаўскі замак, які ўпершыню ўпамінаецца пад 1514 годам. На 1554 год паводле інвэнтару ў месьце было 5 вуліцаў, 110 дамоў, зь іх 65 дамоў знаходзілася на вуліцы Вялікай, што праходзіла ўздоўж возера Дрывятаў. На гэтай жа вуліцы разьмяшчаліся царква, касьцёл, лякарня, сядзіба князёў Масальскіх. Існавалі таксама кляштар, 40 корчмаў. Месьцічы займаліся пераважна земляробствам, часткова гандлем і рамёствамі. У 1579 годзе С. Пахалавіцкі пазначыў Браслаў на сваёй мапе як паселішча на высьпе. За часамі вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай у 1661 годзе маскоўскія войскі поўнасьцю зруйнавалі Браслаў. Вальны сойм вызваліў места ад усіх падаткаў на 4 рокі.

У 1787 годзе адбыўся апошні соймік Браслаўскага павету. 2 чэрвеня 1792 году кароль і вялікі князь Станіслаў Аўгуст Панятоўскі надаў месту герб: «у блакітным полі залатое сонца, на якім блакітны трыкутнік з чалавечым вокам — вокам Боскага наканаваньня». Неўзабаве згодна з пастановаю Гарадзенскага сойму 1793 году Браслаў стаў сталіцаю ваяводзтва. На 1794 год тут было 68 будынкаў, з прычыны пазьнейшага пажару цэнтар ваяводзтва перанесьлі ў Відзы. 11 траўня 1794 году на вуліцах места адбыўся бой паміж паўстанцамі Т. Касьцюшкі і расейскімі карнымі войскамі.

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Браслаў апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе стаў цэнтрам павету Віленскай губэрні (з 1797 году — у Літоўскай, а з 1801 году — у Віцебскай губэрні). Статус паселішча панізілі да мястэчка. У 1843 годзе яго далучылі да Новааляксандраўскага павету Ковенскай губэрні.

У сярэдзіне ХІХ стагодзьдзя ў Браславе было 60 двароў; працавалі лякарня, вучэльня, піваварня; дзейнічалі касьцёл і сынагога. На 1913 год у мястэчку працавалі лякарня, сельская вучэльня, вінакурны завод.

У Першую сусьветную вайну ў канцы 1915 — лютым 1918 году каля Браслава праходзіла лінія фронту. У лютым 1918 году мястэчка занялі нямецкія войскі.

Панарама з Замкавай гары, 1944 г.

У 1939 годзе Браслаў увайшоў у БССР, дзе ў 1940 годзе стаў цэнтрам раёну Вялейскай вобласьці (з 1944 году ў Полацкай, з 1954 году — Маладэчанскай, а з 1960 году — Віцебскай вобласьці). У Другую сусьветную вайну з 27 чэрвеня 1941 да 6 чэрвеня 1944 году места знаходзілася пад нямецкай акупацыяй. 6 красавіка 1944 году каля Браслава савецкая партызанская брыгада імя Жукава зьнішчыла аддзел Арміі Краёвай пад камандай Казімера Краўзэ «Ваўжэцкага». Саветы забілі 21 польскага жаўнера, дабілі параненых.

У Браславе працуюць гімназія, 3 сярэднія школы, школа мастацтваў, спартовая школа.

Дзейнічаюць 2 бібліятэкі, дом культуры, народны тэатар. У 1984 годзе ўтварылася Браслаўскае музэйнае аб’яднаньне.

У месьце выдаецца раённая газэта «Браслаўская звязда» — орган Браслаўскага раённага выканаўчага камітэту і раённага Савету дэпутатаў (друкуецца ў КПУП «Наваполацкая друкарня»)

Генэральны плян Браслава зьявіўся ў 1972 годзе, у 1981 годзе яго скарэктавалі. Архітэктурна-плянавальную структуру места вызначаюць Замкавая гара і ўзгоркавая мясцовасьць вакол яе. У старой частцы Браслава, якая далучаецца да Замкавай гары, захаваліся фрагмэнты забудовы ХІХ — пачатку ХХ стагодзьдзяў. Старая частка мае найбольш шчыльную забудову, грамадзкі цэнтар знаходзіцца ў заходняй частцы. Места разьвіваецца ў паўночна-ўсходнім кірунку.

У гістарычных крыніцах сустраюцца назвы вуліц Радзкая, Іказьненская, Замкавая, Станіслаўская, Старамеская і Дзьвінская, а таксама Ратушны пляц, якіх аднак пакуль немагчыма прымеркаваць да сучасных аб’ектаў.

Прадпрыемствы харчовай, лёгкай прамысловасьці і сацыяльна-побытавага абслугоўваньня.

Праз Браслаў праходзяць аўтамабільныя дарогі  (Лагойск — Глыбокае — граніца Латвіі),  (Полацак — Браслаў) і  (Браслаў — Мядзел).

Места мае рэгулярнае аўтобуснае злучэньне з Рыгай, Менскам, Віцебскам, Полацкам, Мёрамі, Глыбокім. Мескі транспарт налічвае 3 аўтобусныя маршруты.

Да 1964 году праз Браслаў праходзіла вузкакалейная чыгуначная лінія Друя — Дукшты. Дагэтуль захаваўся будынак вакзалу.

Мясцовае музэйнае аб’яднаньне улучае Браслаўскі гістарычна-краязнаўчы музэй і Браслаўскі музэй традыцыйнай культуры. Турагенцкую і турапэратарскую дзейнасьць ажыцьцяўляюць турыстычна-аздараўленчае прыватнае даччынае УП (ТАПДУП) «Браслаўскія азёры» (турыстычныя комплексы: «Дрывяты», «Золава», «Слабодка») і дзяржаўная прыродаахоўная ўстанова «Нацыянальны парк „Браслаўскія азёры“».

У Браславе маецца 2 гатэлі, у тым ліку «Заезны двор». Дзейнічаюць дамы паляўнічага «Абаб’е», «Браслаў», дом рыбака «Лявошкі», агратурыстычная сядзіба «На Браслаўскіх азёрах».




#Article 96: Паставы (1056 words)


Паста́вы — места ў Беларусі, на рацэ Мядзелцы. Адміністрацыйны цэнтар Пастаўскага раёну Віцебскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год — 19 881 чалавек. Знаходзяцца за 250 км на захад ад Віцебску. Чыгуначная станцыя на лініі Віцебск — Вільня. Вузел аўтамабільных дарог на Браслаў, Глыбокае, Шаркоўшчыну, Мядзел, Кабыльнік і іншыя.

Паставы — даўняе мястэчка гістарычнай Ашмяншчыны (частка Віленшчыны). Адна з рэзыдэнцыяў шляхецкага роду Тызэнгаўзаў, якія зрабілі значны ўнёсак у разьвіцьцё паселішча. Да нашага часу тут захаваліся клясыцыстычны палац Тызэнгаўзаў і барокавы ансамбль гістарычнага Рынку, помнікі архітэктуры XVIII—XIX стагодзьдзяў. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаліся збудаваныя ў стылі клясыцызму царква і гандлёвыя рады, помнікі архітэктуры XIX стагодзьдзя, зруйнаваныя савецкімі ўладамі.

Існуе некалькі вэрсіяў паходжаньня тапоніму Паставы. Звычайна назва места тлумачыцца ад слова «стаў», што азначае «запруда». Існуюць зьвесткі, што ў ХІІІ стагодзьдзі жыхары Пасадніка збудавалі на рацэ плаціну і вадзяны млын і такім чынам ўтварылі стаў вады. Згодна зь іншай вэрсіяй, тапонім паходзіць ад слова «постаў», якое азначае пару жорнаў у млыне для памолу збожжа. Паводле гістарычных крыніцаў пастаўскі млын меў два поставы. Трэба зазначыць і тое, што ў беларускай мове паставом завецца кавалак (рулён) палатна або якогасьці іншага матэрыялу. Пры гэтым асобна вылучаецца меркаваньне краязнаўцы Алеся Адамковіча, які сьцьвярджае, што тапонім мае балцкае паходжаньне і суадносіцца з назвамі азёраў у сумежных зь Беларусяй раёнах Летувы. Усе адпаведныя гідронімы маюць зьвязак з наяўным у летувіскай мове словам pа́stovis — «глыбокае месца ў рацэ, дзе павольна цячэ вада», адсюль «стаячая вада, якая не цячэ».

Паводле археалягічных зьвестак, старажытнае паселішча на месцы Паставаў існавала яшчэ ў канцы 3-га — пачатку 2-га тысячагодзьдзя да н. э. на паўночным беразе Задзеўскага возера. У часе раскопак тут знайшлі крамянёвыя скрабкі, наканечнікі стрэлаў, нажы, часткі керамічных вырабаў. Першы меркаваны пісьмовы ўпамін пра Паставы (пад назвай Пасаднік) датуецца 996 годам. Расейскі гісторык С. Фёдараў у сваёй працы «Поселения Северо-Западного края Великого княжества Литовского», выдадзенай у Пецярбургу, пісаў: «Селение возникло в 996 году. Деспот Зенович, приезжий магнат, облюбовал это место и основался в 1005 году». Імаверна, у 1409 годзе вялікі князь Вітаўт перавёў Пасаднік у шэрагі мястэчак.

Аднак паводле сучасных энцыкляпэдычных даведнікаў, першы пісьмовы ўпамін пра Паставы як мястэчка Ашмянскага павету Віленскага ваяводзтва датуецца 1552 годам. Мястэчка знаходзілася ў валоданьні магнатаў Дэспат-Зяновічаў, якія збудавалі тут драўляны касьцёл Маці Божай. У Інфлянцкую вайну вялікі князь Стэфан Баторы накіроўваў з Паставаў плыты з артылерыяй да Полацку. На 1628 год у цэнтры Паставаў быў Рынак. На ім стаялі касьцёл з плябаніяй, карчма, 6 двароў рамесьнікаў і гандляроў. На вуліцах-дарогах, што вялі на Мядзел, Глыбокае і Друю, было 26 двароў. За ракой Мядзелкай разьмяшчалася прадмесьце Зарэчча, якое мела 17 двароў. Існавалі таксама 2 пасады (8 і 9 двароў). Агулам у Паставах было 66 двароў. За межамі мястэчка знаходзіўся сядзібны комплекс. У 1640 годзе на паўночны захад ад цэнтру Паставаў, на высьпе, утворанай ракой Мядзелкай і каналам, збудавалі касьцёл і кляштар францішканаў. У вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай мястэчка спустошылі маскоўскія захопнікі, засталося толькі 5 двароў. На 1692 год колькасьць двароў узрасла да 142.

У 2-й палове XVІІI ст. Паставы перайшлі ў валоданьне Тызэнгаўзаў. З ініцыятывы Антонія Тызэнгаўза тут пачалі працаваць фабрыкі (папяровая — заснаваная ў 1728 годзе, палатняная, паясоў), некалькі млыноў, гарбарня. Апроч таго, ён правёў карэнную рэканструкцыю мястэчка паводле рэгулярнага пляну. Цэнтрам стаў Рынак. У яе плянаваньні ўдзельнічаў італьянскі архітэктар Дж. Сака. На паўднёвай ускраіне Паставаў, на левым беразе Мядзелкі, узьвялі палац, на ўсход ад якога разьбілі пэйзажны парк. На Рынку ўтварыўся ансамбль з мураваных дамоў рамесьнікаў, лекара, аўстэрыі, гандлёвых радоў. Ад пляцу ў радыяльных кірунках адыходзілі 4 вуліцы — Віленская (на поўдзень), Браслаўская (на поўнач), Зарэчная (на ўсход), Задзьвейская (на захад). Кварталы пэрыфэрыі забудавалі драўлянымі дамамі, на захадзе й поўдні знаходзіліся гумны. У 1775 годзе зь Мядзелу ў Паставы перавялі гродзкі суд. У 1782—1785 гадох у мястэчку дзейнічала тэатральная школа Тызэнгаўза, перавезеная з Горадні. У 1791 годзе Паставы атрымалі статус места і сталі цэнтрам Завілейскага павету.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Паставы апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе сталі цэнтрам павету. 22 студзеня 1796 году новыя ўлады даравалі месту герб: «у блакітным полі рыбацкая мярэжа, уверсе тры залатыя рыбы, накіраваныя галовамі да долу». Неўзабаве статус паселішча панізілі да мястэчка і цэнтру воласьці Дзісьненскага павету. У 1814—1853 гадох Паставы знаходзіліся ў валоданьні К. Тызэнгаўза, які заснаваў тут арніталягічны музэй і мастацкую галерэю, дзе на 1840 год налічвалася больш за 60 твораў малярства. У 1-й палове ХІХ ст. працавалі папяровая фабрыка, 2 млыны, сукнавальня, было 111 двароў; штогод праводзіліся 7 кірмашоў.

У 1842 годзе Паставы зноў сталі цэнтрам павету. У 1880 годзе маёнтак перайшоў у валоданьне Пшазьдзецкіх. У 1880—1987 гадох у мястэчку збудавалі мураваны касьцёл. У 1897 годзе адкрылася аднайменная чыгуначная станцыя на лініі Каралеўшчына — Пабродзьдзе.

Згодна з умовамі Рыскай мірнай дамовы 1921 году Паставы апынуліся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе сталі цэнтрам павету і зноў атрымалі статус места. У канцы 1920-х гадоў у месьце працавалі 2 лесапільныя заводы (належалі Пэргамэнту й Зінгеру) і цагельня (належала Райхелям), паравы млын, бровар, пякарня і інш.

У 1939 годзе Паставы ўвайшлі ў БССР, дзе ў 1940 годзе сталі цэнтрам раёну Вялейскай, з 1944 году Маладэчанскай, з 1960 году Віцебскай вобласьці. У Другую сусьветную вайну з 6 ліпеня 1941 да 5 ліпеня 1944 году места знаходзілася пад нямецкай акупацыяй.

У Паставах працуюць прафэсійна-тэхнічны каледж, 5 сярэдніх, мастацкая школы, гімназія.

Дзейнічаюць краязнаўчы музэй, раённы і мескі дамы культуры, 4 бібліятэкі, кінатэатар.

Выдаецца раённая газэта «Пастаўскі край» (да 1991 году — «Звязда»).

Рака падзяляе места на 2 раёны: заходні і ўсходні. Першы паваенны генэральны плян Паставаў зьявіўся ў 1962 годзе. Забудоўваецца места паводле генэральнага пляну 1976 году і праекту дэталёвага плянаваньня Ўсходняга жылога раёну, распрацаванага ў 1978 годзе. Адміністрацыйны, грамадзкі і культурны цэнтар гістарычна склаўся ў заходнім раёне. 2—3-павярховыя жылыя дамы будуюць у паўночна-заходняй частцы. Прамысловая зона разьмяшчаецца ўва ўсходнім раёне. Паводле карэктаваньня генэральнага пляну 1994 году ў сучасным месьце перавага аддаецца малапавярховай забудове.

Прадпрыемствы харчовай, лёгкай, дрэваапрацоўчай прамысловасьці, друкарня.

Праз Паставы праходзяць аўтамабільныя дарогі  (Браслаў — Мядзел) і  (Глыбокае — Лынтупы).

У месьце працуе Пастаўскі краязнаўчы музэй, праводзіцца фэст народнай музыкі «Зьвіняць цымбалы і гармонік». Спыніцца можна ў мескай гасьцініцы. Дзейнічае дом паляўнічага.

На паўднёвай ускраіне Паставаў, на паўночным беразе возера Задзеўскага (на краі першай надгюймавай тэрасы) захавалася старажытнае паселішча — помнік археалёгіі. Даўжыня 50—70 м, шырыня каля 20 м. Адкрыў і дасьледаваў у 1980 годзе Э. Зайкоўскі (ускрыў 112 м² плошчы; культурны пласт каля 0,5 м; сярод знаходак крамянёвыя скрабкі, нажы, наканечнікі стрэлаў, праколкі, кераміка нарвенскай і паўночнабеларускай культураў і культуры тыповай грабеньчата-ямкавай керамікі). Паселішча належыць да эпохі позьняга нэаліту і раньняга бронзавага веку, датуецца канцом 3 — пачаткам 2-га тысячагодзьдзя да н. э.




#Article 97: Сакавік (160 words)


Сакаві́к — трэці месяц году ў грыгарыянскім календары. Мае 31 дзень. 20—21 сакавіка адбываецца веснавое раўнадзенства. У Паўночнай паўкулі пачынаецца астранамічная вясна, у Паўднёвай — восень.

Беларуская назва «соковикъ» зафіксаваная ў слоўніку Івана Насовіча (1870) і праілюстраваная прыказкаю «Які сакавік, такі і красавік».

У выданьнях Францішка Скарыны падаецца старадаўняя назва месяцу — марець, у «Храналёгіі» Андрэя Рымшы (1581) ён называецца марецъ. У газэце «Наша Ніва» ўжываліся варыянты марац (1907—1909); сакавік (март) (1910—1912); далей — сакавік, хоць сустракалася і назва марац (1913—1915).

Назва гэтага месяца ў многіх эўрапейскіх мовах паходзіць ад лацінскага Martius (ад Марса, бога вайны).

Напачатку сакавік быў першым месяцам году ў рымскім календары. У 45 годзе да н. э. Юлі Цэзар увёў рэформу календара, і першым месяцам году стаў студзень. Пры ўмове, што сакавік — першы месяц году, атрымаем, што кожны дзень году мае пастаянны нумар, незалежна ці ў высакосны ці ў просты год. А цяпер, калі год пачынаецца ў студзені, 1 сакавіка мае нумар 60 у простым годзе, але 61 у высакосным.




#Article 98: Красавік (107 words)


Красаві́к — чацьвёрты месяц году ў грыгарыянскім каляндары. Другі месяц вясны ў паўночным паўшар’і. Мае 30 дзён.

У выданьнях Ф. Скарыны падаецца народная назва красавіка — кветень, таксама яна згадваецца ў «Храналёгіі» А. Рымшы (1581). Назва, ужываная ў сучаснай беларускай літаратурнай мове, узьнікла ў асяродзьдзі газэты «Наша ніва» і набыла больш-менш канчатковую форму ў 1912, калі ў календары «Нашай нівы» былі пададзеныя прапанаваныя назвы месяцаў з тлумачэньнямі. Пасьлядоўна ў «Нашай ніве» ўжываліся варыянты назвы: у 1907—1908 — апрыль, у 1909 — апрэль, у 1910—1912 — красавік (апрыль); з 1913 — красавік.

Назва гэтага месяца ў лаціне Aprilis паходзіць або ад слова aperire (адчыняць, раскрываць — расьліны распускаюцца) або ад этрускага імя Apru багіні Афрадыта.




#Article 99: Травень (146 words)


 
Тра́вень (май) — пяты месяц году ў грэгарыянскім календары. Мае 31 дзень.

Назва зьявілася яшчэ ў старажытнаславянскія часы, бо ў гэты час зьяўлялася зялёная трава. Вядомыя таксама назвы песеньнік, грымотнік, траўнік. Пазьней пад уплывам бізантыйскай традыцыі месяц атрымаў назву «май» () паводле імя старажытнарымскай багіні вясны Маі.

Назва травень існуе ў украінскай (), а таксама існавала ў старапольскай мове (), а ў харвацкай travanj (саст. traven) азначае красавік.

У старажытнабеларускіх творах часьцей фіксавалася форма «май», «маі»:

Праславянскае слова травень выяўленае ў творах старабеларускай мовы двойчы: у Полацкім Эвангельлі ХІІІ ст. і слоўніку (1627) Памвы Бярынды.

У сучаснай беларускай літаратурнай мове амаль ад пачатку назва месяцу існавала ў форме «май». «Наша Ніва» пачатку XX стагодзьдзя ўжывала форму травень (май) толькі ў 1910—1912 гадах. Больш шырокае ўжываньне слова травень займела за часам беларусізацыі (1920—30-я гг.), пасьля чаго прызнаецца састарэлым. У афіцыйным ужытку слова травень аднаўляецца ў 1990-я гады.




#Article 100: Верасень (192 words)


Ве́расень — дзявяты месяц году ў грэгарыянскім каляндары. Мае 30 дзён. 22 верасьня адбываецца восеньскае раўнадзенства. Пры канцы месяца пачынаецца бабіна лета.

Назва месяцу (паводле Брукнэра) паходзіць ад квітнеючага ў гэтым месяцы верасу.

У выданьнях Францішка Скарыны ўжываецца назва вресень, яна ж згадваецца і ў «Храналёгіі» Андрэя Рымшы (1581). Назва, ужываная ў сучаснай беларускай літаратурнай мове, паўстала ў асяродзьдзі газэты «Наша Ніва» і набыла больш-менш канчатковую форму ў 1912, калі ў календары «Нашай Нівы» былі пададзеныя прапанаваныя назвы месяцаў з тлумачэньнямі. Пасьлядоўна ў «Нашай Ніве» ўжываліся варыянты сенцябр (верасень), сенцябр, верасень (сенцябр) і ўрэшце верасень.

Лацінская назва September паходзіць ад слова septem — сёмы, паколькі ў рымскім календары, які пачынаўся ад сакавіка, гэты месяц меў сёмы парадкавы нумар. Пасьля каляндарнай рэформы перад сакавіком былі дададзеныя студзень і люты, аднак ранейшая назва месяцу захавалася. Да юліянскае рэформы верасень меў 29 дзён, пасьля — 30.

Старажытныя грэкі называлі верасень бедраміён.

Шторок верасень і сьнежань пачынаюцца ў адзін дзень тыдню, паколькі паміж 1 верасьня і 1 сьнежня 91 дзень, лік, які дзеліцца на 7 (колькасьць дзён у тыдні).

Ніякі іншы месяц году не сканчаецца ў той самы дзень, што й верасень. Такой уласьцівасьцю валодаюць толькі верасень ды травень.




#Article 101: Лістапад (155 words)


Лістапа́д — адзінаццаты месяц году ў грыгарыянскім каляндары. Мае 30 дзён. Апошні месяц каляндарнай восені ў Паўночным паўшар’і, вясны ў Паўднёвым.

Назва месяцу (паводле Брукнэра) паходзіць ад падаючага лісьця, што тыпова ў гэтую пару ў цэнтральнаэўрапейскім клімаце.

У выданьнях Францішка Скарыны падаецца народная назва грудень, яна ж згадваецца і ў «Храналёгіі» Андрэя Рымшы (1581). Назва, ужываная ў сучаснай беларускай літаратурнай мове, паўстала ў асяродзьдзі газэты «Наша Ніва» і набыла больш-менш канчатковую форму ў 1912, калі ў календары «Нашай Нівы» былі пададзеныя прапанаваныя назвы месяцаў з тлумачэньнямі. Пасьлядоўна ў «Нашай Ніве» ўжываліся варыянты наябр, лістапад (наябр) і ўрэшце лістапад.

Лацінская назва November паходзіць ад слова novem — дзявяты, паколькі ў рымскім календары, які пачынаўся ад сакавіка, гэты месяц меў дзявяты парадкавы нумар. Пасьля каляндарнай рэформы перад сакавіком былі дададзеныя студзень і люты, аднак ранейшая назва месяцу захавалася.

Шторок лістапад пачынаецца ў адзін дзень тыдню зь лютым (акрамя высакосных) і сакавікок, а сканчаецца ў адзін дзень тыдню з жніўнем.




#Article 102: Хвіліна (233 words)


Хвілі́на (ці міну́та) — гэта:

Словы хвіліна і мінута — раўнапраўныя ў беларускай мове ў значэньні 60-й часткі гадзіны ці 60 сэкундаў.

Мінута — назоўнік лацінскага паходжаньня, у даслоўным перакладзе — «маленькая, дробная». У сярэднявечнай лаціне было спалучэньне pars minūta prima «першая малая частка (гадзіны)». У старабеларускай мове минута ўжывалася ня толькі ў часавым сэнсе, але й на абазначэньне кароткай выпіскі, копіі. Да прыкладу, у тэксьце 1495 году чытаем: минуту, выписаную съ тыхъ книгъ, передъ нами вказывали. Для народнай беларускай мовы 19 – 20 стагодзьдзяў мінута й яе фанэтычны варыянт мінюта характэрныя ўжо толькі ў часавым значэньні. Сорак мінют прайшло, а яе няма, — гэты зэльвенскі сказ з «Слоўніка беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча».

Слова мінута мае шматвяковую традыцыю ўжываньня ў нашай мове. У нас яно, дарэчы, зьявілася на пару стагодзьдзяў раней, чымся ў расейскай мове. Тым ня менш часта ў літаратурным маўленьні мы сьвядома дыстанцыюемся ад мінуты, аддаем перавагу слову, якога няма ў расейскім лексыконе, — назоўніку хвіліна. Яго вытокі — у старажытнаверхненямецкім слове hwīl (hwīla) – даслоўна «час, гадзіна, імгненьне».

Акрамя вымярэньня часу, слова мінута ўжываецца і для вымярэньня вуглоў. Тут 1 мінута = 1/60 градуса = 60 (вуглавых) сэкунд. Для скарочаннага запісу мінуты выкарыстоўваецца знак  ′  (U+2032, ′) або проста апостраф  '  (U+0027, amp;apos;). Напрыклад, у геамэтрыі: вугал роўны 20 градусаў і 30 мінут ці 20° 30′; пры пазначэньні вуглавых каардынатаў на мапе Зямлі: 53° 17′ паўночнай шырыні.




#Article 103: Вацлаў Ластоўскі (515 words)


Ва́цлаў Юсты́навіч Ласто́ўскі ( — 23 студзеня 1938) — беларускі пісьменьнік, гісторык, літаратуразнавец, публіцыст і палітычны дзяяч, адзін з пачынальнікаў нацыянальнага адраджэньня. Псэўданімы і крыптанімы: Власт; Wlast; Васіль Люцьвяг) у сям’і безьзямельнага шляхціца. Скончыў на радзіме Пагосцкую пачатковую школу. Пасьля сканчэньня непрацяглы час вывучаў лацінскую мову ў свайго дзядзькі Франціша Ластоўскага.

У 1896 годзе, прайшоўшы пехатой 70 вёрстаў да чыгункі, Ластоўскі зьехаў у Вільню. Працаваў хлопчыкам на паслугах у віннай лаўцы, канцылярыстам у Шаўлях (Летува), бібліятэкарам у студэнцкай бібліятэцы ў Санкт-Пецярбургу, дзе наведваў лекцыі ва ўнівэрсытэце. Уступіў у Польскую сацыялістычную партыю. Рабіў канторшчыкам на таварнай станцыі ў Рызе. Далучыўся да беларускага нацыянальнага грамадзкага і культурнага руху. У 1906—1908 гадах уваходзіў у Беларускую сацыялістычную грамаду. У 1906 годзе быў арыштаваны за сацыялістычную прапаганду і сядзеў некалькі месяцаў у турме.

Ад 1909 — сакратар рэдакцыі «Нашай Нівы» і загадчык першай беларускай кнігарні (па адрасе ў Вільні Завальная, 7), у 1916—1917 — рэдактар газэты «Гоман», у 1918 выдаваў газэту «Krywičanin». У канцы 1918 году ўзначаліў прадстаўніцтва ўраду БНР пры літоўскай Тарыбе, быў беларускім аташэ пры літоўскім пасольстве ў Бэрліне. З 1919 — у партыі беларускіх эсэраў, са сьнежня 1919 да красавіка 1923 узначальваў Раду міністраў БНР (быў прэм’ерам),.

Удзельнічаў у арганізацыі антыпольскага партызанскага руху ў Заходняй Беларусі, быў старшынём Сувязі нацыянальна-дзяржаўнага вызваленьня Беларусі. Быў зьняволены польскімі ўладамі, у 1920 яму дазволена выехаць ў Летуву. У красавіку 1923 году выйшаў з ураду БНР і адышоў ад актыўнай палітычнай дзейнасьці. Выдаваў у Коўні літаратурна-навуковы часопіс «Крывіч» (1923—1927).

У красавіку 1926 пераехаў у БССР. У 1927 урад БССР дазволіў яму вярнуцца ў Менск. Працаваў дырэктарам Беларускага дзяржаўнага музэю. Ад 1928 году Вацлаў Ластоўскі — акадэмік і сакратар Інбелкульта і Акадэміі навук БССР.

У 1930 годзе, падчас экспэдыцыі ў Сыбір, Ластоўскага арыштавалі па справе «Саюзу вызваленьня Беларусі», пазбавілі званьня акадэміка і саслалі на 5 гадоў у Саратаў. Там ён працаваў загадчыкам аддзелу рэдкай кнігі ва ўнівэрсытэцкай бібліятэцы. Паўторна арыштаваны ў 1937, прыгавораны да вышэйшай меры пакараньня. 23 студзеня 1938 году яго расстралялі. Па першым прыгаворы рэабілітаваны 10 чэрвеня 1988, па другім — у 1958.

Крытыцы В. Ластоўскага прысьвечаныя некалькі нумароў часопіса Беларуская думка (галоўны рэдактар В. Гігін). У нумары № 3 за 2009 год публіцыст Алег Ліцкевіч выказвае меркаваньне, што Ластоўскі склаў шэраг песень, якія выдаў за аўтэнтычныя фальклёрныя, у тым ліку вядомую песьню пра бітву пад Воршай («Слава Воршы ўжо ня горша…»).

У нумары № 2 за 2008 год гісторык А. Гронскі сьцьвярджае, што менавіта Ластоўскі «прыдумаў Каліноўскаму імя „Кастусь“», ігнаруючы той факт, што ў адпаведнасьці з гістарычнымі дакумэнтамі дадзеная форма імя ўжывалася ў сям’і К. Каліноўскага. У гэтым жа артыкуле Гронскі выкрывае падкрэсьлена ненавуковую, публіцыстычную працу В. Ластоўскага, прыводзячы скажэньні арыгінальнага тэксту твору Каліноўскага:

У Ластоўскага:

На гэтай падставе Гронскі сьцьвярджае, што «зьвяртаючыся да сялянаў ён [К. Каліноўскі] не называў іх беларусамі», тым часам у шырока вядомых Лістах з-пад шыбеніцы К. Каліноўскі пісаў: «…а пісьмо аддрукуйце, каб знаў свет Божы, як мужыкі Беларусы глядзяць на маскалёў і паўстанне польскае, чаго яны хочуць і чаго па сваей сіле дабіваціся будуць».

У 2012 годзе разам зь іншымі выбітнымі ўраджэнцамі Глыбоччыны ў Глыбокім быў усталяваны бюст Вацлава Ластоўскага.

Выступаў як паэт, празаік, публіцыст, крытык і літаратуразнавец. Выдаваў часопісы і газэты.




#Article 104: Крамбамбуля (гурт) (149 words)


Крамбамбу́ля — беларускі гурт, які выконвае музыку ў зьмяшаным стылі пад уплывам року ды поп-фольку. Заснаваны ў 2001 годзе Лявонам Вольскім ды музыкамі гурту Hasta la Fillsta. Выпусьціў чатыры студыйныя альбомы, зборнік найлепшых песень ды два інтэрнэт-самотнікі. Песьні пераважна па-беларуску, а таксама па-польску ды па-азэрбайджанску (сьпеў Гюнэш Абасавай). Назва гурту паходзіць ад назвы аднайменнага напою. У 2005 годзе ў «Кліп-марафоне» песьня «Турысты» перамагла ў намінацыі «Анімацыйныя кліпы», а «Абсэнт» — у намінацыі «Лірыка». У 2007 годзе гурт прыняў удзел у пазаконкурснай частцы фэстывалю Басовішча-2007. Удзельнічалі ў фэсьце «Кубак Піва». У 2010 склад гурту цалкам абноўлены (ад першага складу застаўся толькі Лявон Вольскі). У новым складзе гурт запісаў новы самотнік «Раз-два-тры — усе за стол!». 2011 год адзначаны альбомам «Драбадзі-драбада» з кавэрамі на папулярныя народныя песьні сьвету. Кружэлка вылучаецца выразным рокавым гучаньнем. Песьні гурту гучалі ў кароткамэтражным фільме «Колер каханьня» і стужцы 2010 году «Дастыш фантастыш».

Былыя ўдзельнікі:

Запрошаныя выканаўцы:

Іншыя ўдзельнікі:




#Article 105: Вераніка Чаркасава (248 words)


Вераніка Анатольеўна Чаркасава (12 студзеня 1959 — 20 кастрычніка 2004, Менск) — беларуская журналістка.

Маці, Дыяна Чаркасава, працавала ў газэце «Голас Радзімы», бацька, Анатоль Чаркасаў, таксама быў журналістам і пісьменьнікам, займаўся перакладамі. У апошніх клясах Чаркасава друкавалася ў «Голасе Радзімы» са сваімі першымі нататкамі.

Пасьля сканчэньня журфаку БДУ (кірунак «радыё і тэлебачаньне»), пачала працаваць у моладзевай рэдакцыі БТ. Займалася дакумэнталістыкай. Самыя знакамітыя дакумэнтальныя фільмы — пра Максіма Багдановіча, пра Сяргея Мяржынскага, а таксама пра бацьку, Анатоля Чаркасава. Пэўны час яна разам з будучым мужам Дзьмітрыем Філімонавым працавала над праграмай «Крок».

На пачатку 1990-х Чаркасава разьвіталася з БТ і прыйшла ў «Голас Радзімы». Потым працавала ў незалежных выданьнях: «Имя», «Белорусская деловая газета», «Наша Свабода», потым у «БелГазеце» (1995—2003), друкавалася ў расейскіх часопісах «Новое время» і «Ъ-Огонек», апошні год працавала ў незалежнай газэце «Салідарнасць».

Яна праводзіла журналісцкія расьсьледаваньні, пісала на сацыяльныя (пра выбітных землякоў, праблемы «простага чалавека», экалёгіі, сэкты, цыганскую меншасьць і пад.), гістарычныя, палітычныя тэмы, стан тэлебачаньня), значнай сталася сэрыя артыкулаў пра незаконны гандаль зброяй паміж Беларусьсю й Іракам

За ўсё жыцьцё яна займала ўсяго адну кіраўнічую пасаду — намесьніцы галоўнага рэдактара ў «БелГазете».

У 2009 г. ГА БАЖ абвесьціла аб правядзеньні творчага конкурсуімя В. Чаркасавай. Вынікі конкурсу былі падведзеныя 12 студзеня 2010 — у дзень нараджэньня журналісткіУ журы конкурсу ўвайшлі беларускі паэт, былы старшыня Дзяржтэлерадыё Генадзь Бураўкін, маці Веранікі Дыяна Чаркасава, старшыня Камісіі па этыцы БАЖ Анатоль Гуляеў, беларуская журналістка, рэдактарка рэсурсу «Заўтра тваёй краіны» Марына Загорская, а таксама былая выкладчыца Інстытуту журналістыкі БДУ і адна з укладальнікаў кнігі «Красным по белому» Натальля Кулінка.




#Article 106: Амсьціслаў (1218 words)


Амсьці́слаў — места ў Беларусі, на рацэ Віхры. Адміністрацыйны цэнтар Амсьціслаўскага раёну Магілёўскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год — 10 343 чалавекі. Знаходзіцца за 95 км ад Магілёва, за 19 км ад чыгуначнай станцыі Ходасы (лінія Ворша — Крычаў). Вузел аўтамабільных дарог на Магілёў, Горкі, Крычаў, Чавусы, Хаславічы.

Амсьціслаў — магдэбурскае места, цэнтар гістарычнага рэгіёну, старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага. Да нашага часу тут захаваліся гарадзішчы Дзявочая і Замкавая горы, фрагмэнты даўняга Тупічэўскага манастыра (зруйнаваны савецкімі ўладамі), барокавы комплекс езуіцкага калегіюма з касьцёлам Сьвятога Міхала, клясыцыстычныя Траецкая і Спаская цэрквы і перабудаваны ў маскоўскім стылі колішні касьцёл Найсьвяцейшай Панны Марыі Анёльскай пры кляштары бэрнардынаў. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаецца касьцёл Найсьвяцейшай Панны Марыі пры кляштары кармэлітаў, помнік архітэктуры віленскага барока з унікальнымі фрэскамі, прысьвечанымі гвалту над мірным насельніцтвам з боку маскоўскіх захопнікаў у 1654 годзе. Гэты і іншыя архітэктурныя помнікі Амсьціслава з савецкіх часоў знаходзяцца ў занядбаным стане і патрабуюць неадкладнай кансэрвацыі і рэстаўрацыі.

Тапонім Амсьціслаў утварыўся ад імя Мсьціслаў (імаверна, ад асновы мост — масьціць). Летапісны заснавальнік места, князь смаленскі Расьціслаў Мсьціславіч, унук Уладзімера Манамаха, ушанаваў у ягонай назьве памяць пра свайго бацьку Мсьціслава Вялікага. Варыянты напісаньня назвы места ў гістарычных крыніцах: Мстислав, Мстиславль.

У сучаснай беларускай мове (клясычны правапіс) старадаўні тапонім і вытворны ад яго прыметнік аформіўся з устаўным галосным «а»: Амсьціслаў — амсьціслаўскі, што адпавядае традыцыйнаму вымаўленьню мясцовых жыхароў. Цяперашняе афіцыйнае напісаньне назвы места — Мсціслаў, тым часам у нарматыўным даведніку «Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь» форма Амсціслаў фіксуецца як варыянтная. Гэта значыць, што пры жаданьні мясцовых жыхароў і ўладаў яна можа стаць нарматыўнай. Мовазнаўца Валянціна Лемцюгова паказвае на тое, што форма Амсьціслаў адлюстроўвае адну з характэрных фанэтычна-артаграфічных асаблівасьцяў беларускай мовы (наяўнасьць прыстаўных галосных) і таму зусім заканамерна можа прэтэндаваць на нарматыўную. Разам з тым яна аддае перавагу форме Мсьціслаў з прычыны большай блізкасьці да старажытнай марфалягічнай формы (Мстиславль), што дазваляе рэканструяваць паходжаньне назвы места. Тым часам мовазнаўца Вінцук Вячорка паказвае на тое, што зьбег зычных у пачатку назвы ўсё ж вымагае прыстаўнога галоснага — дзеля мілагучнасьці і зручнасьці вымаўленьня. У якасьці абгрунтаваньня слушнасьці назвы Амсьціслаў ён прыводзіць наяўную ў мясцовых гаворках спрошчаную форму Амці́слаў, прычым гэтая форма (як і асноўная назва Амсьціслаў) ужываецца незалежна ад таго, на які гук (зычны або галосны) сканчаецца папярэдняе слова.

Першы пісьмовы ўпамін пра Амсьціслаў зьмяшчаецца ў грамаце князя смаленскага Расьціслава, якая датуецца 1136—1150 гадамі, хоць у пазьнейшай летапіснай крыніцы падаецца больш раньняя дата заснаваньня паселішча — 1135 год.

Пад 1156 годам Амсьціслаў упамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе як горад Смаленскага княства. Старажытнае паселішча ўзьнікла на Замкавай гары (дасьледнікі ў 1959—1969 гадох выявілі тут культурны пласт з прадметамі ХІІ—XVІІ стагодзьдзяў, драўлянымі пабудовамі, маставымі) і складалася з замка, умацаванага ровам і валамі, і вакольнага места. У 2-й палове ХІІ ст. Амсьціслаў, імаверна, быў другой рэзыдэнцыяй смаленскіх князёў. У 1180 годзе Раман Расьціслававіч адпісаў паселішча ў валоданьне свайму сыну Мсьціславу, які пераўтварыў яго ў сталіцу ўдзельнага княства. Расьціслаў Раманавіч — першы князь амсьціслаўскі.

У сярэдзіне XІV ст. вялікі князь Альгерд выдзяліў Амсьціслаў з Смаленскага княства і далучыў да Вялікага Княства Літоўскага, дзе места засталося ў валоданьні тутэйшай княскай дынастыі. Тагачаснае Амсьціслаўскае княства яднала ў сваім складзе воласьці ўздоўж сярэдняй плыні Сажа і Дняпра: Магілёў, Цяцерын, Княжыцы, Дрокаў, Крычаў, Папова Гара і Мглін, а таксама далучаную Вітаўтам воласьць Малохву ўздоўж правага берага ракі Віхры і яе прытока Малохвы.

У XІV—XV стагодзьдзяў Амсьціслаў быў гандлёва-рамесным цэнтрам, цесна зьвязаным эканамічна з Магілёвам, Вільняй, Кракавам, Ноўгарадам, Разаньню і іншымі местамі. У 1359 годзе вялікі князь Альгерд пасадзіў у Амсьціславе свайго намесьніка, а пазьней перадаў места свайму сыну Лугвену, заснавальніку роду князёў Мсьціслаўскіх. У 1386 годзе каля места адбылася . 15 ліпеня 1410 году мясцовая харугва ўзяла ўдзел у Грунвальдзкай бітве.

У 1501 годзе пад Амсьціславам адбылася бітва паміж войскамі ВКЛ і Масковіі, у якой перамогу атрымалі маскоўскія войскі. Апошнія, аднак, ня здолелі захапіць горад. На той жа час прыпадае згасаньне роду Лугвенавічаў, а Амсьціслаўскае княжаньне праз шлюбныя зьвязкі перайшло да заслаўскіх князёў. З 1527 году Амсьціслаў праз згасаньне роду Заслаўскіх перайшоў у валоданьне вялікага князя Жыгімонта Аўгуста і стаў цэнтрам староства. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў места атрымала статус сталіцы Амсьціслаўскага ваяводзтва, у склад якога ўвайшла тэрыторыя колішняга Амсьціслаўскага княства, Крычаўскай воласьці і прыватных маёнткаў, папярэдне вылучаных зь іхнага складу. У 1614 годзе ў Амсьціславе збудавалі першы касьцёл з фундацыі старосты Пятра Паца.

У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772 год) Амсьціслаў апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе стаў цэнтрам правінцыі (з 1773 году цэнтар павету Магілёўскай губэрні). У гэты час тут дзейнічалі 6 мураваных цэркваў, 4 каталіцкія кляштары і адна драўляная царква. У 1781 годзе расейскія ўлады даравалі месту новы герб: у ніжняй часцы шчыта знаходзілася выява чырвонай лісіцы «якіх зьвяроў у ваколіцах гэтага места вельмі шмат маецца» (), у верхняй частцы — палова гербу Расейскай імпэрыі, аднак у 1797 годзе імпэратрыца расейская Кацярына II унесла зьмены ў герб: «чырвоны воўк галава ўлева» (). На 1785 год у Амсьціславе было 502 двары, у 1791 годзе адкрылася шляхецкая, а ў 1810 годзе — духоўная вучэльня. У 1802 годзе ў месьце збудавалі сьвечачны завод.

На 1852 год у Амсьціславе працавалі двухклясная народная вучэльня, дваранская вучэльня, прыватная жаночая школа і 2 жыдоўскія вучэльні. У 1861 годзе працавалі вапнавы завод (з 1830 году), 2 плісавыя мануфактуры, фабрыка баваўняных тканін (з 1833 году) і крупадзёка, з 1865 году пачала працаваць гарбарня, з 1867 году — цагельня, з 1874 году — маслабойня. Дзейнічала паштовая станцыя на тракце Ворша — Клімавічы — Касьцюковічы, якая ў 1880 годзе мела 10 коней. У 1883 годзе адкрылася тэлеграфная станцыя, працавалі 136 крамаў, штогод праводзіліся 4 кірмашы.

Паводле перапісу 1897 году, у Амсьціславе дзейнічалі меская, духоўная і прыходзкая вучэльні, 17 дробных прадпрыемстваў, 3 лякарні. На 1914 год тут было 1048 будынкаў, зь іх 25 — мураваныя, працавалі 28 фабрыкаў і заводаў з агульнай колькасьцю ў 120 работнікаў, якія перапрацоўвалі сельскагаспадарчую сыравіну (вінакурня, паравы і вадзяны млыны, крупадзёрні, маслабойні, ваўначоска, мылаварня, цагляныя і ваннавыя прадпрыемствы, шкіпідарна-дзягцярны завод). У месьце была адна лякарня на 28 месцаў, амбуляторыя, аптэка, тры аптэкарскіх магазыны, 3 лекары, 4 аптэкары, 6 акушэрак і 6 фэльчараў на ўвесь павет. Колькасьцю шынкоў Амсьціслаў займаў другое месца ў губэрні пасьля Магілёва. Места асьвятлялася 82 газавымі ліхтарамі, вадой жыхары карысталіся з ракі і студняў. У 1899—1900 гадох выходзіла штотыднёвая газэта «Белорусский Комиссионер», у 1902 годзе — газэта «Белорусский корреспондент».

У Амсьціславе працуюць ліцэй, каледж, 2 сярэднія, спартовая, некалькі спэцыялізаваных школ, школа мастацтваў імя М. Чуркіна.

Мэдычнае абслугоўваньне насельніцтва ажыцьцяўляюць лякарня і паліклініка.

Дзейнічаюць раённы цэнтар культуры і народнай творчасьці, раённы дом рамёстваў, 2 бібліятэкі (цэнтральная і дзіцячая), раённы навукова-мэтадычны цэнтар. З 2001 году ў месьце штогод праходзіць Беларускі фэст камэрнай музыкі.

У Амсьціславе захаваўся гістарычны плян, у структуру якога ўваходзяць помнікі архітэктуры XVII—XIX стагодзьдзяў, а таксама помнікі археалёгіі (Траецкая, Замкавая і Дзявочая горы). Забудова галоўнай восі — 2—3-павярховыя дамы, цэнтру — 2—5-павярховыя. На вольных тэрыторыях уздоўж Магілёўскай шашы ўзводзяцца шматпавярховыя будынкі. У 1985 годзе зьявіўся праект рэгенэрацыі гістарычнага цэнтру, які прадугледжвае захаваньне старога пляну, яго рэканструкцыю з мэтай наданьня месту значэньня турыстычнага цэнтру.

З урбананімічнай спадчыны Амсьціславу да нашага часу гістарычныя назвы часткова захавалі вуліцы Кармэліцкая і Пірагоўская (афіцыйна гэтыя назвы вярнулі 2 верасьня 2016 году). Гістарычны Рынак атрымаў назву ў гонар Пятра Мсьціслаўца.

Прадпрыемствы харчовай, лёгкай прамысловасьці.

Дзейнічае Амсьціслаўскі гістарычна-археалягічны музэй. З 2008 году ў месьце штогод праводзіцца сьвята сярэднявечнай культуры — «Рыцарскі фэст». Спыніцца можна ў мескім гатэлі.

У ХІІ—ХІХ стагодзьдзяў Амсьціслаў стаў буйным цэнтрам ганчарных рамёстваў і архітэктурна-дэкаратыўнай керамікі.

Помнікі: Пятру Мсьціслаўцу (1986 год, каля езуіцкага касьцёла; 2001 год, на гістарычным Рынку)

Каля падножжа Замкавай гары знаходзіцца крыніца Кагальны калодзеж — гідралягічны помнік прыроды мясцовага значэньня.




#Article 107: Зьміцер Сідаровіч (108 words)


Зьмі́цер Яўге́навіч Сідаро́віч (2 кастрычніка 1965, Менск, БССР — 17 траўня 2014, Менск, Беларусь) — беларускі музыка, дудар, былы лідэр гурту «Камэлот», аўтар і выканаўца песень, зьбіральнік фальклёру.

Дзед Зьмітра Сідаровіча — Мечыслаў Вікенцьевіч — у 1938 пераехаў у Менск зь вёскі Скірмантава пад Койданавым. Зьміцер Сідаровіч па прафэсіі — інжынэр-будаўнік, кандыдат навук. Песьні пісаў ад 1980 году. Па-беларуску пачаў пісаць у 1984-м, пасьля паездкі на Падляшша. У 1991 стварыў гурт «Камэлот». Выпусьціў кнігу вершаў «Тры жалуды». Аўтар-складальнік даведніка «Вялікія музыкі ХХ стагодзьдзя». Акрамя бардаўскай песьні актыўна займаўся фальклёрам. Адраджаў дуду. У 2000 удзельнічаў у альбоме «Вір» гурту «Стары Ольса». У 2008 г. заснаваў капэлю «На таку», якая ладзіць вечарыны традыцыйнага танцу




#Article 108: Генрых Дмахоўскі (225 words)


Дмахо́ўскі Ге́нрых (Генрык Дмухоўскі; 26 кастрычніка 1810 — 26 траўня 1863) — скульптар і палітычны дзяяч. Вядомы таксама як Генры Д. Сандэрс.

Пасьля сканчэньня прыродазнаўчага факультэта Віленскага ўнівэрсытэту далучыўся да паўстанцаў у Рэчы Паспалітай, а пасьля паразы паўстаньня эміграваў у Францыю.

У 1846 удзельнічае ў вулічных баях у Львове. У 1852 ён апынаецца ў Злучаных Штатах Амэрыкі пад імем Генры Д. Сандэрс. Для будынка кангрэсу (у Вашынгтоне) ён стварае бюсты Джорджа Вашынгтона, Томаса Джэфэрсана, Бенджаміна Франкліна, Тадэвуша Касьцюшкі. Гэтыя бюсты і сёньня ўпрыгожваюць памяшканьне Кангрэсу ЗША.

У гэты час ён робіць мэдальён з сылюэтамі пакараных сьмерцю дзекабрыстаў, бюст Л. Кошута, скульптурную групу «Гарыбальдзі з воінамі». Але лёс не пашкадаваў яго сям’ю — паміраюць жонка і дзеці. Пахаваны яны ў Філядэльфіі, дзе над магіламі асірацелы Генрых паставіў помнік, выкананы са сьнежна-белага мармуру.

Па сьмерці родных, у траўні 1861 (4 гады цягнулася бюракратычная валакіта — пакуль яму далі дазвол вярнуцца) Генрых Дмахоўскі адкрывае скульптурнае атэлье ў Вільні. Сярод найлепшых твораў, зробленых у гэты час, — мадэль надмагільнага помніка Барбары Радзівіл, фігура сьвятога Ўладзіслава для віленскай катэдры, помнік Уладзіслава Сыракомлі. Ягоны талент і веды атрымоўваюць прызнаньне, грамадзтва абірае правадзейным чальцом Віленскай археалягічнай камісіі.

Падчас паўстаньня 1863—1864 гадоў Дмахоўскі стаў паўстанцкім камісарам Дзісенскага павету. Ён загінуў 26 траўня 1863 году каля фальварку Парэчча пад Докшыцамі ў адным зь першых баёў з царскімі войскамі. Пахаваны на старажытных могілках каля аднайменнай вёскі (цяпер — Бірулі Докшыцкага раёну).




#Article 109: Амсьціслаўскі раён (132 words)


Амсьцісла́ўскі раён — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў складзе Магілёўскай вобласьці Беларусі.

У 1918 годзе ў Амсьціслаўскі павет уваходзіла 10 валасьцей: Асьлянская, Бахоцкая, Казімерава-Слабацкая, Любавіцкая, Манастыршчынская, Піранская, Соінская, Старасельская, Хіславіцкая, Шамаўская. 26 красавіка павет адышоў да Смаленскай губэрні.

Амсьціслаўскі раён створаны 17 ліпеня 1924 году.

У 1937 годзе Малькаўскі сельсавет пераўтвораны ў нацыянальны літоўскі, які 20 красавіка 1939 году быў далучаны да Доўгавіцкага сельсавету. Рылаўшчынскі сельсавет пераўтвораны ў Чырвонагорскі.

У выніку новага адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу Амсьціслаўскі раён з 20 лютага 1938 году ўвайшоў у склад Магілёўскай вобласьці.

На 1 студзеня 1941 году раён уключаў: места Амсьціслаў і 16 сельсаветаў: Доўгавіцкі, Забалацкі, Чырвонагорскі, Курманаўскі, Мазалаўскі, Падсолтаўскі, Пячкавіцкі, Пячонкаўскі, Старасельскі, Тарашчынскі, Хлышчоўскі, Шамаўскі, Шыркаўскі, Янаўскі.

На 1 студзеня 1997 году ў складзе раёну места Амсьціслаў і 13 сельсаветаў: Доўгавіцкі, Забалацкі, Капачоўскі, Лютненскі, Мазалаўскі, Мушынскі, Падсолтаўскі, Разьдзельскі, Ракшынскі, Сапрынавіцкі, Сялецкі, Ходасаўскі, Чырвонагорскі.




#Article 110: Шчучынскі раён (304 words)


Шчу́чынскі раён — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка на паўночным захадзе Гарадзенскай вобласьці Беларусі. Плошча раёну складае 1,9 тыс. км². Насельніцтва на 2018 год — 39 375 чалавек. Адміністрацыйны цэнтар — места Шчучын.

Шчучынскі раён мяжуе на поўначы зь Летувой, на захадзе з Гарадзенскім, на ўсходзе і поўдні зь Вярэнаўскім, Зьдзецельскім, Лідзкім і Мастоўскім раёнамі Гарадзенскай вобласьці.

Шчучынскі раён разьмяшчаецца ў паўночна-заходняй частцы Гарадзенскай вобласьці, на захадзе Ўсходне-Эўрапейскай раўніны. Значная частка тэрыторыі раёну знаходзіцца ў межах Лідзкай раўніны, паўднёвая ўскраіна — у межах Верхнянёманскай нізіны. Паверхня раёну плоскахвалістая, зь дзялянкамі марэнавых узгоркаў і шырокімі забалочанымі далінамі рэчак. Найвышэйшы пункт тэрыторыі раёну 196 м над узроўнем мора (каля вёскі Вялікае Мажэйкава), найніжэйшая адзнака — 109 м (зрэз Нёману) на поўдні раёну.

Карысныя выкапні: торф, пяскова-жвіровы матэрыял, крэйда, будаўнічыя пяскі, цагляная сыравіна, бузы, гліна.

Клімат умерана кантынэнтальны. Сярэдняя тэмпэратура студзеня −5,5 °C, ліпеня 17,7 °C. Сярэднярочная колькасьць ападкаў складае 663 мм. Працягласьць вэгетацыйнага пэрыяду 196 дзён.

Лясы (33% тэрыторыі раёну) пераважна іглічныя і бярозавыя. Буйны масіў лесу — Катранская пушча знаходзіцца на паўночным захадзе раёну. Ляндшафтавыя заказьнікі дзяржаўнага значэньня: Котра, Ліпічанская пушча і Азёры (абодва часткова).

Найбольшая рака — Нёман з прытокамі Лебяда, Котра. Буйныя азёры — Берштаўскае, Доўгае.

Утвораны 15 студзеня 1940 году ў складзе Баранавіцкай вобласьці. З 20 верасьня 1944 году перападпарадкаваны Гарадзенскай вобласьці.

Згодна зь перапісам 2009 року, беларусы складаюць 45% ад усяго насельніцтва, палякі — 46,4%, расейцы — 6,4%. У невялікай колькасьці на тэрыторыі раёну пражываюць таксама ўкраінцы, летувісы, татары і прадстаўнікі іншых нацыянальнасьцяў.

Сельскагаспадарчую галіну Шчучынскага раёну (грамадзкі сэктар) прадстаўляюць 8 сельскагаспадарчых вытворчых каапэратываў, 3 унітарныя сельскагаспадарчыя прадпрыемствы, адкрытае акцыянэрнае таварыства «Васілішкі», 3 экспэрымэнтальныя базы, племпттушкапрадуктар, 28 фэрмэрскіх гаспадарак. Асноўны вытворчы кірунак сельскагаспадарчай галіны раёну — мяса-малочны, з вырошчваньнем збожжавых, бульбы і цукровых буракоў.
 
Прадпрыемствы харчовай, машынабудаўнічай і дрэваапрацоўчай прамысловасьці. Найбольш буйныя зь іх — адкрытыя акцыянэрныя таварыствы «Шчучынскі завод „Аўтапровад“» і «Шчучынскі масласырзавод».

Па тэрыторыі раёну праходзяць чыгунка Масты — Ліда, аўтамабільныя дарогі Горадня — Ліда, Масты — Шчучын — Астрына — Радунь.

Захаваліся помнікі архітэктуры:




#Article 111: Клецкі раён (311 words)


Кле́цкі раён — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка на паўднёвым захадзе Менскай вобласьці Беларусі. Плошча раёну складае 1 тыс. км². Насельніцтва на 2018 год — 27 323 чалавекі. Адміністрацыйны цэнтар — места Клецак.

Мяжуе з Ганцавіцкім і Ляхавіцкім раёнамі Берасьцейскай вобласьці, Нясьвіскім, Капыльскім і Салігорскім раёнамі Менскай вобласьці.

Паўночную частку раёну займае Капыльская града, цэнтральную — Клецкая раўніна, паўднёвая — разьмяшчаецца ў межах Прыпяцкага Палесься. Пераважаюць вышыні 150—180 м, максымальная вышыня 232 м (на поўнач ад вёскі Ліскава).

Клімат умерана кантынэнтальны. Сярэдняя тэмпэратура студзеня -6,3 °С, ліпеня 17,8 °С. Сярэдняя колькасьць ападкаў складае 670 мм. Вэгетацыйны пэрыяд — 192 дні.

Лясы (25% тэрыторыі) пераважна іглічныя і бярозавыя.

Рака Лань з прытокамі Начай, Цапрай. На мяжы з Капыльскім раёнам рака Морач і Чырвонаслабадзкое вадасховішча, на поўдні вадасховішча Лактышы.

Сельская гаспадарка спэцыялізуецца на мяса-малочнай жывёлагадоўлі, сьвінагадоўлі, вырошчваньні буракоў; таксама вырошчваюць зерневыя і кармавыя культуры, бульбу, гародніну.

Прадпрыемствы харчовай, радыёэлектроннай, мэблевай прамысловасьці.

Па тэрыторыі раёну праходзіць чыгунка Асіпавічы — Баранавічы, аўтамабільныя дарогі Слуцак — Івацэвічы, Нясьвіж — Лунінец і іншыя.

Захаваліся помнікі архітэктуры й садова-паркавага мастацтва: Сьвята-Ўсьпенская царква (1863) у в. Бабічы, Сьвята-Петра-Паўлаўская царква (1891), брама-званіца (1788), галубятня і капліца (1809) у в. Галынка, вятрак (пачатак XIX ст.), сядзіба (канец XIX ст. — пачатак XX ст.) у в. Даматканавічы, Сьвята-Пакроўская царква (1801) у в. Ёдчыцы, Сьвята-Дыянісаўская царква (2-я палова XIX ст.) у в. Заастравечча, касьцёл з кляштарам дамініканцаў (XVII ст.) і царква (канец XIX ст.) у месьце Клецак, палацава-паркавы комплекс (ХІХ ст.) у в. Радзівілімонты (в. Чырвоная Зорка), царква (пачатак XIX ст.) у в. Межная Слабада, касьцёл Узьнясеньня Крыжа Панскага (пачатак XX ст.) у в. Нагорнае, будынак паштовай станцыі (1-я палова XIX ст.) у в. Сіняўка, Сьвята-Багародзіцкая царква (1911) у в. Салаўі, сядзіба (1901) у в. Стралкова, Сьвята-Яна-Прадцечанская царква (пачатак XIX ст.) і сядзібна-паркавы ансамбль (2-я палова XIX ст.) у в. Туча, вятрак (канец XIX ст. — пачатак XX ст.) у в. Шайкі, сядзіба (1772) у в. Янавічы.




#Article 112: Флярыян Ждановіч (315 words)


Флярыя́н Па́ўлавіч Ждано́віч (1884; Менск, цяпер Беларусь — 1937, Менск) — адзін з заснавальнікаў прафэсійнага тэатру, актор, рэжысэр і грамадзкі дзяяч. Псэўданімы: Алесь Крэсік, Іван Карась. Брат Антона Ждановіча.

Нарадзіўся ў Менску ў сям’і службоўца банка. Быў першынцам з 6 дзяцей. Скончыў Менскую рэальную вучэльню. У 1902 годзе скончыў Варшаўскую драматычную школу. Працаваў акторам у польскіх тэатрах Беларусі. У 1907 г. вярнуўся ў Менск, дзе выступаў у тэатральнай трупе пры польскім спартовым таварыстве «Сокал» зь вершамі Янкі Купалы і Якуба Коласа. Далучыўся да беларускага культурніцкага руху. 15 жніўня 1913 у Радашкавічах адбылася прэм’ера знакамітай п’есы «Паўлінка». Ставіў спэктакль Менскі драматычны гурток, якім кіраваў Флярыян Ждановіч, а сярод гледачоў быў і сам аўтар — Янка Купала. Падрыхтаваў мастацкую праграму «Беларускі кірмаш». Арганізаваў драматычны гурток, які пасьля паказу ў вёсцы Старое Сяло пад Менскам спэктакля «Па рэвізіі» М. Крапіўніцкага быў забаронены ўладамі. Каб пазьбегнуць арышту, выехаў у Крым, дзе выступаў на рускай сцэне.

Да Лютаўскай рэвалюцыі 1917 працаваў у Менскай гарадзкой думе. У 1917 мастацкі кіраўнік Першага таварыства драмы і камэдыі ў Менску. У складаных умовах нямецкай і польскай акупацыі ствараў беларускі нацыянальны тэатар. У 1919 г. паставіў у Вільні п’есу Янкі Купалы «Раскіданае гняздо». У 1920 быў мастацкім кіраўніком Першага беларускага таварыства драмы й камэдыі. 14 верасьня 1920 пад яго кіраўніцтвам у Менску адкрыўся Беларускі дзяржаўны тэатр (БДТ-1; цяпер Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Я. Купалы). Адначасова ў Наркамаце асьветы БССР курыраваў беларускія тэатры, быў рэжысэрам Беларускага савецкага тэатру, ставіў спэктаклі ў БДТ-3. З 1922 у акторскім складзе БДТ-1.

Ждановіч зрабіў шмат першых пастановак клясыкі беларускае драматургіі — Купалы, Коласа, Аляхновіча, Галубка, Каганца. Ён сам перакладаў на беларускую творы польскай, расейскай і ўкраінскай клясыкі.

У 1929 г. пакінуў Беларусь. У 1930 г. пераехаў зь сям’ёй у Саратаў (Расейская СФСР), дзе ўладкаваўся рэжысэрам-пэдагогам тэатральнай вучэльні. 18 ліпеня 1930 году яго арыштавалі па справе «Саюзу вызваленьня Беларусі» й прысудзілі да 5 гадоў ссылкі, якую ён адбываў на Беламорканале. Але й пасьля яму не далі вярнуцца ў Беларусь.




#Article 113: Капыльскі раён (426 words)


Капы́льскі раён — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка на паўднёвым захадзе Менскай вобласьці Беларусі. Плошча раёну складае 1,6 тыс. км². Насельніцтва на 2018 год — 27 901 чалавек. Адміністрацыйны цэнтар — места Капыль.

Мяжуе з Салігорскім, Слуцкім, Стаўпецкім, Нясьвіскім, Узьдзенскім і Клецкім раёнамі Менскай вобласьці.

Рэльеф раёну пераважна раўнінны. З захаду на ўсход яго перасякае Капыльская града. Пераважаюць вышыні 160—200 м, максымальная 243 м (каля в. Нізкавічы).

Сярод карысных выкапняў Капыльскага раёну пераважае торф, агульным запасам 26 млн т. Радовішча крэйды «Загуменьне» запасам 218 тыс. т. Ёсьць таксама радовішчы жвіру і пяску з агульным запасам 25 млн м³.

Клімат умерана кантынэнтальны. Сярэдняя тэмпэратура студзеня −6,3 °С, ліпеня 17,8 °С. Ападкаў 611 мм Вэгетацыйны пэрыяд — 192 дні.

Лясы займаюць 19% тэрыторыі (хваёвыя, яловыя, бярозавыя).

Па тэрыторыі раёну цячэ 28 малых рэчак і праходзіць рыбапрапускны канал. На поўначы цячэ рака Нёман, але яе працягласьць у межах раёну невялікая — каля 4 км. На рацэ Морачы разьмяшчаецца Чырвонаслабадзкое вадасховішча.

Малочна-мясная жывёлагадоўля, сьвінагадоўля. Пасевы зерневых і кармавых культураў, цукровага бураку, бульбы. Прадпрыемствы харчовай, паліўнай прамысловасьці, па вытворчасьці будаўнічых матэрыялаў.

Тэрыторыю раёну перасякаюць чыгунка Баранавічы — Асіпавічы, аўтамабільныя дарогі Бабруйск — Слуцак — Берасьце, Асіпавічы — Баранавічы.

Захаваліся помнікі архітэктуры й садова-паркавага мастацтва: парк у в. Бабоўня, Сьвята-Прачысьценская царква (2-я палова XIX ст.) у в. Васільчыцы, царква (2-я палова XIX ст.) у в. Карачаўшчына, Сьвята-Ўзьнясенская царква (2-я палова XIX ст.) у в. Кіявічы, царква (сярэдзіна XIX ст.) у в. Комсічы, Сьвята-Георгіеўская царква (пачатак XX ст.) у в. Лешня; касьцёл (XIX ст.) у в. Савічы, царква (2-я палова XIX ст.) у в. Семежаў, капліца ў в. Цімкавічы, Сьвята-Траецкая царква ў в. Цялядавічы, сядзіба (XIX ст.) і Касьцёл у Гонар Зьняцьця з Крыжа Збавіцеля ў в. Грозаў, сядзібы (XVIII ст. — XIX ст.) у вёсках Вялікая Раеўка, Гразавок, Дунаева, Сунаі, Сьвінка і інш.; сыраварня (ХІХ ст.) у в. Чырвоная Дуброва.

Выдаецца газэта «Слава працы». Вёска Семежаў вядомая сьвяткаваньнем Цары Каляды, уключаным у Сьпіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЭСКО. Сыстэма адукацыі складаецца з 48 установаў адукацыі, 67 установаў культуры, 9 народных самадзейных калектываў, узорны самадзейны народны калектыў «Цары». 80 спартовых збудаваньняў. Працуе Копыльская дзіцяча-юнацкая спартовая школа, Дзіцяча-юнацкая спартовая школа АФП РК прафсаюзу работнікаў АПК. У Капылі ды ў Цімкавічах працуюць дзіцячыя школы мастацтваў (філіялы ў вёсках Слабада-Кучынка, Семежаў, Быстрыца, Канюхі, Старыца).

Вёска Думічы — радзіма дзяржаўнага дзеяча Беларусі Аляксандра Ёсіфавіча Сташэўскага (1889—1938), в. Сьвінка — беларускага пісьменьніка Васіля Сташэўскага (1895—1937), в. Слабада-Кучынка — беларускага пісьменьніка і крытыка Адама Бабарэкі (1899—1938), в. Быстрыца — дзяржаўнага дзеяча Беларусі Івана Варвашэні (1904—1957), в. Жабчава — беларускага пісьменьніка Кузьмы Чорнага (1900—1944), в. Пясковае — беларускіх паэтаў Анатоля Астрэйкі (1911—1978) і Адама Русака (1904—1987), в. Труханавічы — беларускага пісьменьніка Яна Скрыгана (1905—1992), в. Вуглы — беларускага паэта Аляксея Коршака (1920—1945), в. Канюхі — беларускага пісьменьніка Алеся Адамовіча (1927—1994).




#Article 114: Менскі дзяржаўны лінгвістычны ўнівэрсытэт (279 words)


Менскі дзяржаўны лінгвістычны ўнівэрсытэт (МДЛУ) — вядучая лінгвістычная вышэйшая навучальная ўстанова Беларусі, адзін з галоўных пэдагагічных унівэрсытэтаў краіны.

Менскі дзяржаўны пэдагагічны інстытут замежных моваў утвораны ў лістападзе 1948 году на базе факультэту замежных моваў Менскага дзяржаўнага пэдагагічнага інстытуту. У 1993 годзе ператвораны ў Менскі дзяржаўны лінгвістычны ўнівэрсытэт.

За час свайго існаваньня (з 1948 году) унівэрсытэт падрыхтаваў больш за 25 тысячаў настаўнікаў і 2,5 тысячы перакладчыкаў-рэфэрэнтаў.

На лістапад 2011 г. ВНУ мела 58 катэдраў, на якіх працавалі 1186 выкладнікаў.

На базе ўнівэрсытэту дзейнічаюць 5 прафэсійных асацыяцыяў: Беларускія асацыяцыі выкладчыкаў ангельскай, францускай і нямецкай моваў, Беларуская асацыяцыя камунікатыўнай лінгвістыкі, Беларуская асацыяцыя амэрыканскіх дасьледаваньняў.

Ва ўнівэрсытэце дзейнічае шэраг інфармацыйных цэнтраў (беларускай, гішпанскай, турэцкай ды кітайскай моваў і культураў).

Унівэрсытэт мае 52 дзейныя дамовы аб супрацоўніцтве з замежнымі партнэрамі і зьяўляецца ўдзельнікам 19 міжнародных праграмаў. МДЛУ разьвівае сувязі з вышэйшымі навучальнымі ўстановамі Расеі, Аўстрыі, Францыі, Бэльгіі, Польшчы, Гішпаніі, Італіі, Вялікабрытаніі, мае сумесныя праграмы з ВНУ Канады, ЗША, Кітаю, Турцыі.

Ва ўнівэрсытэце навучаюцца 275 замежных студэнтаў з 33 краінаў сьвету. У 2001 годзе ўнівэрсытэт зьяўляўся арганізатарам і месцам правядзеньня ў Беларусі Эўрапейскага году моваў. На базе МДЛУ дзейнічае катэдра ЮНЭСКО.

У студзені 2010 году пры спрыяньні Пастаяннага прадстаўніцтва Рэспублікі Беларусь пры ААН унівэрсытэт падпісаў мэмарандум аб узаемаразуменьні з сакратарыятам ААН. МДЛУ стаў 16-й вышэйшай навучальнай установай сьвету, зь якой сакратарыят ААН падпісаў такі дакумэнт. Мэмарандум прадугледжвае садзейнічаньне ў падрыхтоўцы кандыдатаў для ўдзелу ў конкурсным адборы на суісканьне пасады вуснага або пісьмовага перакладчыка для ААН. Выкладчыкі МДЛУ атрымалі права рыхтаваць спэцыялістаў да экзамэну ў ААН, а таксама карыстацца любымі матэрыяламі ААН для навучальнага працэсу. Для падпісаньня мэмарандуму ў Беларусь з працоўным візытам прыбыў намесьнік генэральнага сакратара ААН па пытаньнях Генэральнай Асамблеі і канфэрэнцыйным абслугоўваньні Мухамад Шаабан.




#Article 115: Палітычная культура (117 words)


Паліты́чная культу́ра (тэрмін прапанаваў у 18 стагодзьдзі Гердэр) — сыстэма ўстойлівых перакананьняў і мадэляў паводзінаў, што склаліся гістарычна і выяўляюцца ў непасрэднай дзейнасьці суб’ектаў палітыкі: у іхных адносінах да адзін да аднаго, да саміх сябе і да палітычнай сыстэмы, у межах якой яны існуюць.

Палітычная культура выяўляецца ня толькі ў палітыцы, але і пры ўзаемадзеяньні эканомікі ды палітыкі, палітыкі і права, палітыкі і маралі.

Ідэнтыфікатары праяваў палітычнай культуры:

Паказьнікі, па якіх можна меркаваць пра палітычную культуру краіны:

У 1960-я гады амэрыканцы Г.Алмонд і С.Вэрба ў сваёй працы «Грамадзянская культура. Палітычныя адносіны і дэмакратыя ў пяці краінах» (на прыкладзе ЗША, Вялікай Брытаніі, Італіі, Францыі ды Мэксыкі) прапанавалі наступную клясыфікацыю палітычнай культуры:

Але ў большасьці выпадкаў існуюць, натуральна, зьмяшаныя тыпы.




#Article 116: Хуткасьць сьвятла (227 words)


Хуткасьць сьвятла ў вакуўме (in vacuo) ёсьць фундамэнтальнай фізычнай канстантай і роўная дакладна 299 792 458 м/с (прыкладна 300 000 км/с). У сучаснай фізыцы гэтая фізычная велічыня ня ёсьць вынікам вымярэньня, гэта — яе дэфініцыя, паколькі якраз-ткі стандарт мэтру вызначаецца праз хуткасьць сьвятла (з 1983 году). Хуткасьць сьвятла ў вакуўме ў фізычных формулах абазначаецца лацінскай літарай c.

Хуткасьць сьвятла ня ў вакуўме (у паветры, нейкім газе, іншым матэрыяле) заўсёды меншая, чым c. У спэцыяльных матэрыялах, якія маюць высокую аптычную шчыльнасьць, напрыклад, у кандэнсаце Базэ—Айнштайна, можна значна запаволіць сьвятло. У экспэрымэнтах 1999 году навукоўцы запаволілі сьвятло да 17 м/с, а ў 2003 годзе камандзе з Гарвардзкага ўнівэрсытэту і расейскага Фізычнага інстытуту акадэміі навук (ФІАН) наагул здолелі спыніць сьвятло ў спэцыяльна падрыхтаваным нагрэтым газе рубідыю.

Оле Крыстэнсэн Рэмэр упершыню прадэманстраваў у 1676 годзе, што сьвятло рухаецца з канчатковай хуткасьцю, вывучаючы бачны рух спадарожніка Юпітэра Іо. У 1865 годзе Джэймз Кларк Максўэл прапанаваў лічыць сьвятло электрамагнітнай хваляй, і, такім чынам, стварыў тэорыю электрамагнэтызму. У 1905 годзе Альбэрт Айнштайн выказаў здагадку, што хуткасьць сьвятла адносна любой інэрцыяльнай сыстэмы адліку зьяўляецца сталай велічынёй і не залежыць ад руху крыніцы сьвятла. Ён дасьледаваў наступствы гэтага пастулату, выводзячы тэорыю рэлятыўнасьці.

Канстанта c мае фундамэнтальнае значэньне для электрадынамікі і наагул для ўсяе фізыкі. Гэта хуткасьць, зь якой распаўсюджваецца электрамагнітнае выпраменьваньне. Гэта хуткасьць, зь якой пашыраецца гравітацыя. Нарэшце, гэта максымальная хуткасьць, зь якой можа распаўсюджвацца інфармацыя.




#Article 117: Алесь Разанаў (303 words)


Але́сь Раза́наў (нарадзіўся 5 сьнежня 1947) — беларускі паэт і перакладчык.

Нарадзіўся ў сям’і служачых ў вёсцы Сялец Бярозаўскага раёну Берасьцейскай вобласьці. Бацька — Сьцяпан Разанаў, паходзіць з Тамбоўскай вобласьці, прыехаў з геадэзічнай экспэдыцыяй да вайны ў Беларусь, дзе і застаўся. У 1966 годзе Алесь Разанаў скончыў Сялецкую сярэднюю школу. У тым жа годзе паступіў на філялягічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, паралельна працаваў ліцейшчыкам на Менскім заводзе ацяпляльнага абсталяваньня.

У кастрычніку 1968 студэнты БДУ (сярод лідэраў студэнцкай групы былі Разанаў і Віктар Ярац) зьвярнуліся ў ЦК КПБ з патрабаваньнем вярнуць навучаньне на беларускай мове. Мясцовыя лідэры кампартыі праводзілі курс на татальную русіфікацыю беларускага грамадзтва; беларуская мова разглядалася як непатрэбная і любы выступ у яе абарону расцэньваўся як нацыяналістычны выклік. Вось чаму справе студэнтаў-філёлягаў быў дадзены ход. На іх было павешана таўро нацыяналістаў, што само па сабе было страшным словам-праклёнам па тых часах. Але кіраўніцтва ЦК КПБ баялася грамадзкага рэзанансу, таму справе рашылі не надаваць палітычную афарбоўку — Разанава і Яраца папросту выключылі з унівэрсытэту.

Дзякуючы падтрымцы Максіма Танка, Уладзімера Калесьніка, які на той час займаў пасаду загадчыка катэдры беларускай мовы і літаратуры ў Берасьцейскім пэдагагагічным інстытуце, ды рэктара БПІ Сяргея Гусака, Разанаву пашчасьціла працягнуць вучобу на філялягічным факультэце Берасьцейскага пэдінстытуту, які ён скончыў у 1970 годзе.

У 1970—1971 гадах працаваў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры ў Кругельскай сярэдняй школе Камянецкага раёну, дзе разам з вучнямі заснаваў літаратурны гурток. З 1972 году на прафэсійнай літаратурнай працы.

Працаваў у «ЛіМе» і «Роднай прыродзе» (1972—1974), выдавецтве «Мастацкая літаратура» (1974—1986), часопісе «Крыніца» (1994—1999). Віцэ-прэзыдэнт Беларускага ПЭН-цэнтру (з 1989). Жыў некаторы час у Нямеччыне й Аўстрыі. Цяпер жыве ў Беларусі.

Яго творы перакладаліся на ангельскую амэрыканскай пісьменьніцай Джасьцін Ралей з Паўночнай Караліны.

Зборнікі паэзіі:

Робіць пераклады зь летувіскай, баўгарскай, сэрбскахарвацкай, ангельскай ды іншых моваў. Сярод іх пераклад п’есы Ўільяма Шэксьпіра «Сон у Іванаву ноч». Пераклаў на беларускую мову хоку Мацуа Басё.




#Article 118: Ігар Бабкоў (154 words)


Ігар Бабкоў (нарадзіўся 2 чэрвеня 1964 году, Гомель) — беларускі паэт, філёзаф і куратар кніжнай сэрыі «Галярэя Б».

Нарадзіўся ў 1964 годзе ў Гомелі. У 1986 годзе скончыў Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт (аддзяленьне філязофіі) і тамсама асьпірантуру. Працуе ў інстытуце філязофіі Акадэміі навук Беларусі і займаецца сучаснай посткаляніяльнай тэорыяй і гісторыяй філязофіі. Выкладае ва ўнівэрсытэтах Менску й Вільні.

Пры канцы 80-х быў сябрам літаратурных суполак «Бабілён» і «Тутэйшыя». Браў удзел у аднаўленьні газэты «Наша Ніва» на пачатку 90-х, быў адным з заснавальнікаў Беларускага калегіюму, выдаваў і рэдагаваў часопіс «Фрагмэнты».

Апавяданьні, вершы й эсэ Ігара Бабкова перакладзены на польскую, украінскую, нямецкую, чэскую й вугорскую мовы. Зьяўляецца аўтарам тэкстаў да песень гурту «Новае Неба».

Як адзначае Алесь Бельскі, галоўным тэматычным стрыжнем паэзіі І. Бабкова зьяўляецца тэма філязофіі быцьця. Паэт заглыбляецца ў агульначалавечыя і філязофскія пытаньні: сэнс існаваньня, душа і вечнасьць, сусьвет і зямны лёс, Бог і пошук духоўнага апірышча. Дасьледнік называе паэзію аўтара «суб’ектнадухоўнай плыньню думак і пачуцьцяў».




#Article 119: Сымон Будны (1172 words)


Сымо́н Бу́дны (каля 1530 — 13 студзеня 1593) — пратэстанцкі царкоўны дзяяч, вучоны-філёзаф, пісьменьнік, публіцыст і кнігавыдавец Вялікага Княства Літоўскага. Надрукаваў Новы Запавет з камэнтарамі і заўвагамі, што стала першаю ў сусьветнай літаратуры спробаю радыкальна рацыяналістычнае крытыкі Эвангельля.

Адзін зь першых ідэёлягаў разьвіцьця беларускае культуры на роднай мове, праз што залічваецца да беларускіх пэрсаналіяў.

Дакладнае месца і час нараджэньня Сымона Буднага дагэтуль ня высьветленыя. На пачатку XX стагодзьдзя польскі дасьледнік Гэнрык Мэрчынг выказаў здагадку, што Будны нарадзіўся недзе на тэрыторыі Мазовіі. Пазьней гэтую тэорыю разьвівалі Станіслаў Кот, Мсьціслаў Аляхновіч і іншыя польскія аўтары. Гіпотэзу пра мазурскае паходжаньне Буднага пераняў і беларускі дасьледнік Сямён Падокшын, які ў 1966 годзе ў біяграфічным нарысе пра Буднага напісаў: «Нарадзіўся ён у вёсцы Буды (Мазовія)».

Зрэшты, ніякіх дакумэнтальных зьвестак пра мазурскае паходжаньне Буднага не існуе і лінгвістычны аналіз ягоных польскамоўных твораў не выяўляе мазурскага лексычнага закрасу, а, як адзначае Вітаўт Тумаш, наадварот, мае ў сабе некаторыя слоўныя элемэнты беларускае мовы, як «swar», «szczyry», «pomirzyli», «uczyciel», «miesca», «szyroko», «inszy», «Christianski», «po kraioch» і многія іншыя (гл. далей: Моўныя адметы С. Буднага). У 1934 годзе гісторык польскай мовы і культуры Аляксандар Брукнэр у адной з сваіх рэцэнзіяў таксама ставіў пад сумнёў наяўнасьць мазурскга пласта ў дзейнасьці Сымона Буднага:

Адзінаю крыніцаю, якою кіраваліся раньнія дасьледнікі паходжаньня Сымона Буднага зьяўляецца кароткі запіс ў мэтрыцы Кракаўскага ўнівэрсытэту за 19 кастрычніка 1544 г., дзе напісана: «Simon Alberti de Budny dioc Plocensis 1 gr. s.». Адгэтуль Станіслаў Кот зрабіў вывад, што прозьвішча «de Budny» зьяўляецца паказьнікам паходжаньня ягонага носьбіта з «Буды», аднак, як адзначае Вітаўт Тумаш, толькі ў межах пасьляваеннай БССР налічвалася каля 140 селішчаў з назовамі Буда, Буды, а, улічваючы этнічную тэрыторыю расьсяленьня беларусаў па-за межамі рэспублікі, колькасьць населеных пунктаў з назваю «Буды» павялічваецца да некалькіх сотняў.

Уважаючы дакумэнтальную адсутнасьць па даным пытаньні, скарыназнаўца Вітаўт Тумаш адзначае, што з факту абазнанасьці Буднага ў некаторых нутраных справах і падзеях 1530-х гадоў блізкага ад Беластоку Супрасьлеўскага манастыра (гл. Дабравешчанская царква (Супрасьль)), падзеях з часоў ягонага маленства і зьвязаныя з учынкамі архімандрыта Сяргея Кімбара, можна дапусьціць, што Будны паходзіў зь недалёкае ад манастыра мясцовасьці, недзе зь земляў беларускага Падляшша.

Каля 1544 Будны паступіў на факультэт свабодных мастацтваў Кракаўскага ўнівэрсытэту, дзе атрымаў грунтоўную гуманітарную і багаслоўскую адукацыю. Магчыма, пасьля Кракава ён працягваў вучобу ў Базэльскім пратэстанцкім унівэрсытэце.

У 1558 Будны прыехаў у Вільню, дзе заняў пасаду катэхізіста (настаўніка пратэстанцкай суполкі) з абавязкам выкладаць асновы кальвінісцкага вучэньня дзецям і дарослым. У выніку гэтае дзейнасьці, якая працягвалася два гады, у 1562 годзе выходзіць яго «Катэхізіс».

Ідэяй адукацыі «простых людзей» Сымон Будны захапіўся ў 1560 годзе ў часе працы на пасадзе прапаведніка ў Клецку. Сумесна зь нясьвіскім прапаведнікам Мацеем Кавячынскім, яго братамі, кальвінісцкім прапаведнікам Лаўрэнціем Крышкоўскім Будны заснаваў у Нясьвіжы друкарню. Грашовую дапамогу на яе ўтрыманьне аказалі Мікалай Радзівіл «Чорны» і будучы канцлер вялікі літоўскі Астафей Валовіч. На загад апошняга зь Вільні былі перавезеныя шрыфты Францішка Скарыны, што паскорыла зьяўленьне «Катэхізіса» ўжо ў чэрвені 1562 году.

Аўтарамі гэтай кнігі фармальны былі С. Будны, М. Кавячынскі і Л. Крышкоўскі, аднак галоўная роля ў яе напісаньні належала Буднаму. Катэхізіс уяўляе сабой кароткія пытаньні на рэлігійную тэму і разгорнутыя адказы. Спэцыфіка мовы заключалася ў тым, што побач з рускаю моваю прыводзяцца вялікія цытаты на царкоўна-славянскай мове, якія нічым не абазначаюцца. Такім парадкам Будны пайшоў далей за Францішка Скарыну на шляху збліжэньня пісьмовае мовы рэлігійных твораў і жывое беларускае мовы.

У кастрычніку 1562 году ў Нясьвіскай друкарні выйшаў другі беларускі твор таго ж аўтарскага калектыву «Пра апраўданьне грэшнага чалавека перад Богам». Ён, аднак, да нашага часу не захаваўся.

Сымон Будны зьяўляўся прыхільнікам дыялектыкі:

Будны належаў да памяркоўнай рэлігійна-рэфармацыйнай плыні, блізкай да кальвінізму, якая на Беларусі і ў Літве называлася эвангелічнай. Але ў пач. 1560-х гадоў у яго ўзьніклі сумненьні наконт трактоўкі асноўных палажэньняў хрысьціянскай дагматыкі — дагмата Тройцы і прыроды Хрыста. Спробай пераацэнкі хрысьціянскага веравучэньня тлумачыцца зварот Будны да вывучэньня патрыстычнай літаратуры, г.зн. рэлігійнай філязофіі таго пэрыяду, калі хрысьціянства яшчэ не было дагматызавана. У 1564 сумесна з Крышкоўскім Будны пераклаў на польскую мову і выдаў у Нясьвіжы «Гутаркі сьвятога Юсьціна, філёзафа і пакутніка з Трыфанам-іудзеем».

У сярэдзіне 1560-х гадоў Будны — адзін з ідэолягаў антытрынітарызму, радыкальнай плыні беларуска-літоўскай Рэфармацыі. Ён удзельнічаў у рабоце сынодаў — зьездаў беларускіх, літоўскіх і польскіх арыян (антытрынітарыяў), або літоўскіх і польскіх братоў, дзе ў вострых дыскусіях абараняў сваё рэлігійна-філязофскае і сацыяльна-палітычнае вучэньне. У 1565, пасьля сьмерці Мікалая Радзівіла Чорнага, Будны пакінуў Клецак і пераехаў у Холхла, куды яго запрасіла Ганна Кішка — удава віцебскага ваяводы.

У 1572 пісьменьнік з Холхла пераехаў у Заслаўе (пад Менскам). У гэтым жа годзе ў поўным аб’ёме пабачыла сьвет Біблія Сымона Буднага (ці Нясьвіская Біблія). У гэты пэрыяд у лёсе асьветніка адбыўся пералом. Ён знайшоў новага мэцэната ў асобе беларускага магната-арыяніна Яна Кішкі. Восеньню 1573 апошні прапанаваў яму пасаду міністра (прапаведніка) у Лоску, заснаваў там друкарню і аддаў яе ў поўнае ягонае распараджэньне. У 1574 у Лоскай друкарні выйшаў Новы запавет з прадмовай і камэнтарамі Буднага, што былі апушчаны ў нясьвіска-ўзьдзенска-заслаўскай Бібліі.

Вялікае значэньне Будны надаваў прапагандзе сваіх рэлігійна-філязофскіх ідэй і на Захадзе. На працягу 1574 ён выдаў у Лоскай друкарні на лацінскай мове некалькі твораў: «Аб дзьвюх прыродах Хрыста», «3 нагоды аргумэнтаў Сімлера», «Кароткі доказ, што Хрыстос не зьяўляецца такім жа богам, як бацька» і інш.

У 1576 у Лоску выйшаў у сьвет галоўны рэлігійна-філязофскі твор Буднага «Пра найважнейшыя палажэньні хрысьціянскай веры», у якім ён абагульніў свае радыкальныя ідэі. Трактат Буднага «Пра найбольш важнейшыя палажэньні хрысьціянскай веры» пераважна палемічны. У ім аўтар дыскутуе ня толькі з трынітарыямі, але і з прыхільнікамі дытэізму (двухбожжа) — Пятром з Гонядзі і Станіславам Фарноўскім. У гэтым творы ён распрацоўвае ўнітарную канцэпцыю Бога і натуралістычную вэрсію паходжаньня Хрыста. Паводле Буднага, богам зьяўляецца толькі Бог Айцец, Сьвяты Дух — сіла боская. Хрыстос жа наогул ня мае ніякіх адносінаў да боскай супольнасьці паколькі па сваім паходжаньні ён натуральны чалавек, узьведзены ў боскі сан дзякуючы сваім высокім маральным якасьцям і заслугам у прапагандзе хрысьціянства. Гэта была не тэалягічная, а тыповая філязофска-рацыяналістычная інтэрпрэтацыя, якая разбурала традыцыйны асноватворны хрысьціянскі дагмат.

Апошнія гады Будны жыў пры дварах выпадковых мэцэнатаў. Да 1956 дакладная дата сьмерці Буднага не была вядома. Яе ўстанавіў Станіслаў Кот. У каралеўскай бібліятэцы Капэнгагену ён знайшоў выдадзены ў 1603 у Вільні Міхалам Алясьніцкім твор, накіраваны супраць антытрынітарыяў. Аўтар піша: «Сьмерць Сымона Буднага, правадыра і кіраўніка перахрышчэнцаў Літвы, якая наступіла 13 студзеня 1593 у Вішневе, была жудаснай і агіднай. Ужо за два гады да сьмерці ён зусім звар’яцеў, не хацеў нічога чуць і ведаць пра Бога і Хрыста. Нават за тры дні да сьмерці раздаваўся яго страшэнны крык, які напаўняў двор пана Льва Маклока і яго суседзяў. А калі цівун пан Віткоўскі пераконваў яго, каб у апошнія свае дні ён зьвярнуўся да Бога, ён злавіў яго руку і сказаў: „Клянуся, я ня ведаю ніякага Бога і ніякага Хрыста“». Прыблізна тое ж самае пра сьмерць Буднага паведамляе Марцін Лашч (Жаброўскі). Паведамленьні гэтыя, аднак, выключна тэндэнцыйныя, паколькі належаць яго ідэйным праціўнікам.

Катэхізіс Сымона Буднага перавыдаваўся 2 разы. Першы раз у Стакгольме ў 1628 годзе, а другі — у Менску ў 2005. Да 2005 году бібліятэкі Беларусі ня мелі ніводнага асобніку гэтай кнігі, а з кнігай маглі пазнаёміцца толькі дасьледчыкі, у аддзеле рэдкай кнігі Нацыянальнай бібліятэкі і толькі з ксэракопіяй. У Беларусі дагэтуль няма арыгіналу гэтай кнігі.




#Article 120: Ільля Капіевіч (148 words)


Ільля́ Фё́даравіч Капіе́віч (каля 1651, Ляхавічы, ВКЛ — 23 верасьня 1714, Масква, Маскоўскае княства) — друкар, асьветнік, пісьменьнік беларускага паходжаньня.

Нарадзіўся хутчэй за ўсё на Случчыне. Навучаўся ў слуцкай кальвінісцкай школе. З прычыны зямельных спрэчак зь езуітамі мусіў зьехаць з Княства. Трапіў у Галяндыю, дзе заняўся выдавецкай дзейнасьцю. У Галяндыі сустракаўся зь Пятром I. Пад час вялікага расейскага пасольства ў Галяндыі, як знаўца многіх моваў быў настаўнікам Пятра I.

З пачатку XVIII стагодзьдзя жыў у Маскве.

Вялікая ягоная заслуга ў распрацоўцы графалягічнай сыстэмы, якая была зробленая на аснове шрыфта Скарыны з улікам літараў лацінскай абэцэды. Да гэтага часу ёй карыстаюцца беларусы, расейцы, украінцы, баўгары, сэрбы і македонцы.

З 1699 па 1706 гады ў Амстэрдаме Капіевіч выдаў каля 20 кніг асьветніцкага характару, якія ўпершыню выйшлі рускай мовай: арытмэтыку, руска-лаціна-нямецкі, руска-лаціна-галяндзкі слоўнікі, падручнікі.

Склаў канкарданс да Бібліі, пераклаў Катэхізыс. Пераклаў і выдаў байкі Эзопа. Аўтар першай на рускай мове мапы зорнага неба.




#Article 121: Ёган Готфрыд Гэрдэр (302 words)


Ёган Го́тфрыд Гэ́рдэр () ( — ) — нямецкі паэт, літаратурны крытык, багаслоў, філёзаф. Ён быў эстэтыкам і гісторыкам культуры.

Нарадзіўся ў Марунгэне, невялікім мястэчку ва Ўсходняй Прусіі, у сям’і школьнага настаўніка. Па заканчэньні школы, знаёмы расейскі вайсковы хірург пераканаў яго заняцца мэдыцынай і адвёз у Кёнігсбэрг. Але Гэрдэр прыняў іншае рашэньне і ў 1762 паступіў на багаслоўскі факультэт Кёнігсбэрскага ўнівэрсытэту. Там ён слухаў лекцыі магістра філязофіі Імануіла Канта. Кант меў вялікі ўплыў на Гэрдэра, аднак іхнія погляды на філязофію і культуру не супадалі.

Пасьля Кёнігсбэргу Гэрдэр пераязджае ў Рыгу, спалучаючы дзейнасьць сьвятара з пэдагагічнай працай і літаратурнымі заняткамі. Празь пяць гадоў ён пераязджае ў Парыж, дзе знаёміцца з ідэямі Шарля дэ Мантэск’ё, Жана Д’Алямбэра і Дэні Дыдро. У 1770-я гады ён вяртаецца ў Нямеччыну, стварае трактат «Пра паходжаньне мовы», атрымоўвае прэмію ў Бэрлінскай Акадэміі навук.

З 1784 па 1791 Гэрдэр выдае сваю асноўную працу па культуралёгіі — «Ідэі да філязофіі гісторыі чалавецтва».
 
Гэрдэр памёр у 1803 у Ваймары.

Яго асноўная праца называецца «Ідэі да філязофіі гісторыі чалавецтва». У ёй Гэрдэр ставіць пытаньне: што такое культура, у чым яе сэнс і ці спрыяе яна шчасьцю чалавецтва. Як асьветнік ён лічыць галоўнай асаблівасьцю чалавека яго разумнасьць, якая адрозьнівае людзей ад жывёльнага сьвету. Розум — не прынароджаная якасьць, але ён разьвіваецца ў працэсе жыцьцядзейнасьці; разумнасьць дасягаецца. Разьвіцьцё розуму адбываецца ў грамадзтве, а сувязі чалавека зь іншымі людзьмі забясьпечвае слова, якое ён лічыў найважнейшай асновай культуры.

Увогуле, ён выдзяляе тры фундамэнты культуры: розум, грамадзтва і мову. Да гэтага дадаюцца мастацтва, рамёствы, сям’я, дзяржава, рэлігія. Гэрдэр разумеў культуру вельмі шырока. Ён падкрэсьлівае значэньне нацыянальных культураў і мовы як паказальніка нацыянальнай спэцыфікі культуры.

Сэнс культуры ён бачыць у тым, што яна «мусіць спрыяць разьвіцьцю рэлігіі і гуманнасьці».

Гэрдэр адным зь першых назваў чалавека царом прыроды. У разуменьні культуры ён надаваў вялікае значэньне духоўным фактарам, прыцягваў увагу да неабходнасьці вывучэньня нацыянальных культураў.




#Article 122: Імануіл Кант (434 words)


Імануіл Кант () (22 красавіка 1724 – 12 лютага 1804) — нямецкі філёзаф з Прусіі, заснавальнік нямецкай клясычнай філязофіі.

Кант нарадзіўся і жыў у Кёнігсбэргу (Прусія, цяпер Калінінград, Расея), выкладаў у Кёнігсбэргскім унівэрсытэце. Вядомы як стваральнік канцэпцыі трансцэдэнтальнага ідэалізму. Шмат у чым згаджаўся з Русо, цікавіўся праблемамі маралі, зьвязваў культуру з узроўнем маральнасьці.

Кант зьяўляецца заснавальнікам вучэньня аб маральных каштоўнасьцях. Ён адрозьнівае Розум практычны (мараль) і Розум тэарэтычны.

Па ягоным азначэньні, чалавек — істота, што адрозьніваецца ад зьявы (фэномэну). Падзяляе фэномэны і ноўмэны — сьвет прыроды і сьвет свабоды (ноўмэн — істота, якая мысьліць). Чалавек часткова належыць да прыроды, але ён становіцца сапраўдным чалавекам, калі імкнецца перайсьці са сьвету прыроды ў сьвет свабоды. А культура, паводле Канта, і ёсьць шляхам са сьвету прыроды ў сьвет свабоды.

Кант напісаў працу «Крытыка здольнасьці разважаць». Ён сфармуляваў свой катэгарычны імпэратыў: абыходзься зь іншым так, як ты хацеў бы, каб ён абыходзіўся з табой (падобная думка была яшчэ ў Канфуцыя, таксама ў Бібліі сустракаюцца падобныя словы: «І вось усё, што хочаце, каб рабілі вам людзі, тое і вы рабіце ім», Мацьвей 7:12). Кант сьцьвярджае, што гэты закон выходзіць ад Абсалюту, гэта значыць, ён аб'ектыўны, і чалавек мусіць яго засвоіць.

Чалавек — мэта, а ня сродак. У гэтым сэнс маральных законаў.

Кант разьдзяляе культуру і цывілізацыю і кажа, што «мы цывілізаваныя, але маральна недасканалыя». Ідэі маральнасьці ўласьцівыя культуры, цывілізацыя — толькі падабенства гэтай ідэі.

Бог — «абсалютна неабходная існасьць». Шчыра верыць у Бога — значыць быць добрым і ўвогуле па-сапраўднаму маральным. У філязофіі Канта маральнае злучана з ідэяй боскага. Царква, зыходзячы з ідэалу веры, ёсьць усеагульнае і неабходнае маральнае злучэньне ўсіх людзей і ўяўляе сабой царства Божае на зямлі. Імкненьне ж да дамінаваньня маральнага сьветапарадку ў зямным і пачуцьцёвым жыцьці, ёсьць найвышэйшае дабро.

Уяўная мараль — тая, якая заснаваная на прынцыпах карыснасьці, прыемнасьці, інстынкту, зьнешнім аўтарытэце і рознага кшталту пачуцьцяў.

Пра наяўнасьць у чалавека маральных пачуцьцяў ці дастойнасьцяў можна судзіць па таму, як чалавек свае асабістыя інтарэсы ці ўвесь дастатак жыцьця падпарадкоўвае маральнаму абавязку — патрабаваньням сумленьня.

Чалавек, які імкнецца да дабрачыннасьці, меў душы пэўны прарыў, волю, якая штурхае яго да добрых справаў. Гэта чыстая, добрая воля. Яна разумна, бо мае ў сабе здольнасьць дзейнічаць згодна ўяўленьня аб тым, як ўсе мусіць быць, — то бок аб законе правільнасьці. Чалавек выяўляе сваё стаўленьня да закона праз ступень павагі. Павага, як пачуцьцё ўласьцівае чалавеку, цалкам залежыць ад розуму і можа быць выказанае ў форме жаху ці схільнасьці. Неабходнасьць дзеяньня праз павагу да маральнага закона ёсьць абавязак.

Абавязак выказвае альбо пэўныя схільнасьці індывіда, якія зьяўляюцца прыемнымі, выгоднымі альбо адлюстроўвае маральныя ўяўленьні няхай нават і супярэчлівыя эмпірічным інтарэсам індывіда.

Некаторыя публікацыі Канта:




#Article 123: Беларуская мова (1228 words)


Белару́ская мо́ва — загрожаная мова ўсходняе групы славянскае галіны індаэўрапейскае сям’і моваў, на якой размаўляюць беларусы і частка прадстаўнікоў этнічных мяншыняў Беларусі. Выкарыстоўваецца ў Рэспубліцы Беларусь, сумежных дзяржавах і беларускай дыяспары. У 2001 годзе налічвала прынамсі 6,7 млн носьбітаў. На 2011 год уваходзіла ў 100 найбольш ужывальных з амаль 400 высокаразьвітых пісьмовых літаратурных моваў сьвету.

Паводле перапісу насельніцтва Беларусі 2009 году, зьяўлялася роднай для абсалютнай большасьці жыхароў краіны (5058,4 тыс. чалавек; 53,2%). Пры гэтым была мовай зносінаў толькі 23% насельніцтва (2227,2 тыс. чалавек). Паводле перапісаў 1999 і 2009 гадоў за 10 гадоў праз русіфікацыю болей чым на 20 адсоткавых пунктаў (з 73% да 53%) зьнізілася доля жыхароў, чыя родная мова была беларускай, на 14 адсоткавых пунктаў (з 37% да 23%) стала менш беларускамоўных. Праз такія перамены ў 2009 годзе Арганізацыя Аб’яднаных Нацыяў па пытаньнях адукацыі, навукі і культуры залічыла беларускую мову да ліку загрожаных.

У 1990—2000-х гадох фактычна аформілася існаваньне дзьвюх беларускіх моўных правапісных нормаў: афіцыйнай (наркамаўкі) і клясычнай (тарашкевіцы).

Да ўтварэньня Вялікага Княства Літоўскага, якое ўжо ў ХІІІ стагодзьдзі аб’яднала практычна ўвесь арэал будучага беларускага этнасу, кожнае ўсходнеславянскае племя адзначалася наяўнасьцю ўласных дыялектаў. З гэтага ж стагодзьдзя на аснове гаворак, што паходзілі ад дыялектаў дрыгавічоў, паўднёва-ўсходніх крывічоў, а таксама часткова радзімічаў і севяранаў пачынае складвацца беларуская мова. Працэс працягваўся цягам XIII—XV стагодзьдзяў у якасьці мовы дзяржаўнага справаводзтва Вялікага Княства Літоўскага, якой заставалася да 1696 году.

Сучасная беларуская мова была перабудавана на аснове народных гаворак старой беларускай мовы, якія захоўваліся ў межах этнічнага пражываньня беларусаў XIX стагодзьдзя. У канцы XVIII стагодзьдзя, у часы падзелаў Рэчы Паспалітай, зьяўляецца вызначаная мяжа паміж старой беларускай мовай і ейным сучасным варыянтам.

Да канца XVIII стагодзьдзя старая беларуская мова была па-ранейшаму пашырана сярод дробнай шляхты ў Вялікім Княстве Літоўскім. Ян Чачот у 1840-х гадох адзначаў, што ягоныя дзяды аддавалі перавагу выкарыстаньню старой беларускай мовы. Паводле зьвестак Аляксандра Пыпіна, беларуская мова шырока ўжывалася ў некаторых рэгіёнах сярод дробнай шляхты і ў XIX стагодзьдзі. Народная форма мовы была пашырана сярод мяшчанаў і сялянаў. Выкладаньне на беларускай мове праводзілася ў асноўным у школах базылянаў.

Разьвіцьцё беларускай мовы ў XIX стагодзьдзі праходзіла пад моцным уплывам палітычных канфліктаў на тэрыторыі былога ВКЛ, паміж расейскай імпэрскай уладай, якая спрабавала ўмацаваць сваё панаваньне над далучанымі тэрыторыямі, і палянізаванай шляхтай, якая спрабавала вярнуць стан папярэдне падзелаў. Адным з важных праяваў гэтага канфлікту было змаганьне за ідэалягічны кантроль над сыстэмай адукацыі. Польская і расейская мовы былі ўведзеныя ў якасьці моваў выкладаньняў, але агульны стан адукацыі насельніцтва заставаўся на нізкім узроўні да самага развалу Расейскай імпэрыі.

Сумарна, у першыя два дзесяцігодзьдзі XIX стагодзьдзя назіраўся беспрэцэдэнтны росквіт польскай мовы і культуры ў землях былога ВКЛ, у гэтую эпоху жылі і працавалі такія вядомыя «беларусы паводле паходжаньня, але палякі на свой выбар», як Адам Міцкевіч і Ўладзіслаў Сыракомля. У гэтую эпоху скончылася палянізацыя дробнай шляхты, далейшае скарачэньне галіны ўжываньня сучаснай беларускай мовы, а таксама фальклярызацыі беларускай культуры.

Зь сярэдзіны 1830-х гадоў пачалі зьяўляцца этнаграфічныя працы, якія датычацца беларускай мовы, збудзіўся такім чынам інтарэс да вывучэньня мовы. Зьявілася найноўшая беларуская літаратурная традыцыя, якая абапіралася на народную мову. Сярод прадстаўнікоў беларускіх літаратараў таго часу былі Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Ян Чачот, Ян Баршчэўскі і іншыя. У 1846 годзе этнограф Шпілеўскі падрыхтаваў беларускую граматыку, якая выкарыстоўвала кірылічнае пісьмо, на аснове народных дыялектаў Менскай вобласьці. Тым ня менш, расейская Акадэмія навук адмовілася друкаваць ягоны твор, на той падставе, што ён ня быў падрыхтаваны ў дастатковай навуковай форме.

На 1863 год у межах Расейскай імпэрыі беларуская была асноўнай мовай зносінаў насельніцтва ўсіх 6 губэрняў Паўночна-Заходняга краю (Віленская, Віцебская, Гарадзенская, Ковенская, Магілёўская і Менская) і Смаленскай губэрні.

Ва ўжытак моваў, якія мяжуюць з арэалам беларускае мовы, гістарычна траплялі сынтаксічныя, лексычныя, марфалягічныя або фразэалягічныя канструкцыі, першапачаткова ўласьцівыя беларускай мове, у апошнія часы з пашырэньнем у Беларусі часьцяком гвалтоўнае русіфікацыі і, адпаведна, пашырэньнем выкарыстаньня ў краіне расейскае мовы гэтыя элемэнты засвойваюцца таксама варыянтам расейскае мовы Беларусі. Усе гэтыя моўныя элемэнты абагульняюцца пад тэрмінам беларусізмы.

Паводле перапісу насельніцтва Беларусі 1999 году, агулам з 8,159 мільёнаў беларусаў у межах Рэспублікі Беларусь назвалі сваёй роднай мовай беларускую 85,6% (каля 7 мільёнаў чалавек), і 41,3% — мовай, якой яны карыстаюцца дома. Апрача таго, сваёй роднай мовай прызналі беларускую 67,1% з 395,7 тысячаў палякаў, якія пражываюць у Беларусі, 57,6% зь іх размаўляюць дома па-беларуску, паводле зьвестак перапісу.

Умоўным часам пачатку гісторыі сучаснай беларускай літаратурнай мовы лічыцца пачатак XIX стагодзьдзя.

Гісторыя разьвіцьця беларускае мовы ўмоўна падзяляецца на наступныя пэрыяды:

Глядзіце падрабязьней: Узьнікненьне старабеларускай мовы

Глядзіце падрабязьней: Гісторыя старабеларускай мовы

Глядзіце падрабязьней: Гісторыя сучаснай беларускай мовы

На тэрыторыі Беларусі вызначаюць два дыялекты — паўночна-ўсходні і паўднёва-заходні, якія разьдзяляюцца паласой пераходных сярэднебеларускіх гаворак, што палеглі ў аснову літаратурнае мовы пачатку ХХ ст. і большасьці твораў беларускае літаратуры пэрыяду новае гісторыі.

Серад беларускіх дыялектаў як у межах, так і па-за ейнымі межамі адзначаюцца падляскія дыялекты і тудаўлянскія гаворкі. Адзначаецца існаваньне асаблівага крэалізаванага маўленьня — трасянкі.

У аснове літаратурнай беларускай мовы (ці сучаснай літаратурнай беларускай мовы) ляжаць сярэднебеларускія гаворкі жывой гутарковай беларускае мовы, у якіх сумяшчаюцца асобныя рысы, уласьцівыя для суседніх гаворак паўночна-ўсходняга і паўднёва-заходняга дыялектаў.

Беларуская літаратурная мова прайшла ў сваім разьвіцьці два асноўныя этапы:

З 26 студзеня 1990 году да 14 траўня 1995 году (5 год, 3 месяцы і 19 дзён) беларуская мова была адзінай дзяржаўнай мовай Беларусі паводле ейнае Канстытуцыі. Да 23 ліпеня 1998 году (8 год, 5 месяцаў і 28 дзён) заставалася адзінай дзяржаўнай паводле Закону аб мовах. Афіцыйны правапіс рэгулюецца Законам ад 23 ліпеня 2008 году «Аб Правілах беларускай артаграфіі і пунктуацыі».

У 5 гмінах Падляскага ваяводзтва Польшчы беларуская мова зьяўляецца дапаможнай паводле прынятай у краіне Эўрапейскае хартыі рэгіянальных моваў або моваў меншасьцяў: у сельскай гміне Гайнаўка і горадзе, гміне Орля, гміне Чыжы і гміне Нараўка. Дапаможнай мовай у Польшчы зьяўляецца мова меншасьці, якая часткова афіцыйна дапушчаная да ўжываньня побач з афіцыйнай мовай. Жыхары гміны маюць права зьвяртацца ў органы гміны на дапаможнай мове і пры яўна выказаным жаданьні атрымліваць на ёй жа адказ. Мова можа выкарыстоўвацца ў якасьці дапаможнай толькі ў гмінах, дзе ня менш як 20% жыхароў вызначаюць яе як мову сваёй нацыянальнай меншасьці, і калі гміна занесеная ў Афіцыйны рэестар гмінаў міністрам па справах веравызнаньня і нацыянальных і этнічных меншасьцяў, які зьяўляецца адказным за яго вядзеньне, на падставе заявы рады гміны. Гмінаў, дзе больш за 20% насельніцтва адносяць сябе да беларусаў, у Польшчы цяпер налічваецца 12, але на 2012 год толькі 5 зь іх былі занесеныя ў рэестар гмінаў, дзе выкарыстоўваецца дапаможная мова.

Ва Ўкраіне беларуская мова зьяўляецца мовай нацыянальнай меншасьці. Апрача гэтага, згаданая паводле Закону «Пра захады дзяржаўнай моўнай палітыкі», згодна зь якім пералічаныя ў законе мовы трапляюць пад дзеяньне Эўрапейскай хартыі рэгіянальных моваў або моваў меншасьцяў, прынятай Украінай.

З 2013 году дапаможны статус беларускай мове нададзены таксама ў Чэхіі, што дазваляе выкарыстоўваць мову ў адукацыі й пры кантактах з уладамі.

Афіцыйна ўжываецца толькі кірылічны беларускі альфабэт. У мінулым выкарыстоўвалася лацінка, якая цяпер ужываецца вельмі абмежаваным колам носьбітаў беларускай мовы. Таксама ў мінулым татары Вялікага Княства Літоўскага пісалі на беларускай мове арабскім пісьмом — арабіцай.

Сучасная беларуская артаграфія будуецца на двух галоўных прынцыпах: фанэтычным і марфалягічным.

Глядзіце таксама: Рэформа беларускага правапісу 1933 году, беларуская фанэтыка

Некаторыя прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі (напрыклад, Ян Станкевіч) ужывалі ў дачыненьні да беларускай мовы іншыя назвы, у прыватнасьці, крывіцкая, вялікалітоўская. Ян Чачот у першай палове XIX ст. выкарыстоўваў назву «славяна-крывіцкая мова».

Згодна з этнаграфічнымі дасьледаваньнямі на Меншчыне ў 1886 годзе мяшчане называлі беларускую мову літоўскай.

Паводле стандарту ISO 639 беларуская мова мае коды be і bel. Таксама два найбольш распаўсюджаныя правапісы беларускае мовы маюць асобныя моўныя тэгі IETF: be-tarask для клясычнага правапісу і be-1959acad для афіцыйнага правапісу паводле кадыфікацыі 1959 году.




#Article 124: Экзыстэнцыялізм (192 words)


Экзыстэнцыялі́зм стаў адным з найбольш уплывовых і прадуктыўных культурагенных фактараў 20 стагодзьдзя.

Адрозьніваюць рэлігійны экзыстэнцыялізм (Яспэрс, Бярдзяеў, Шастоў, Бубэр) і атэістычны экзыстэнцыялізм (Сартр, Камю, дэ Бавуар, Гайдэгер). Ключавым паняцьцем зьяўляецца экзыстэнцыя.

Экзыстэнцыялісты крытычныя ў сваіх адносінах да папярэдняй рацыяналістычнай філязофіі, філязофіі рэфлексыўнага аналізу. Яны бачаць сваю задачу ў дэскрыпцыі фактычнага жыцьця суб'ектыўнасьці, у апісаньні структуры, зьместу, мэханізмаў і рэжымаў працы індывідуальнай сьвядомасьці. 

Замест рацыяналісцкай пазыцыі de jure прыходзіць пазыцыя de facto (Сартр, Мэрлё-Панці: “фенаменалягічны пазытывізм”). 

Ідэя “першапачатновага сынтэзу” досьведу. Экзыстэнцыялізм дасьледуе канстытутыўную дзейнасьць аб'ектыўнасьці (ажыцьцяўляецца на дарэфлексыўным узроўні, у “наіўным” кантакце чалавека зь сьветам, у непасрэдным перажываньні ім сваёй “закінутасьці” ў сьвет, непасрэдным разуменьні сябе і сваёй сытуацыі як “быцьця-ў-сьвеце”). Уся наступная рэфлексыўная дзейнасьць чалавека – вытворная, другасная, яна мае карані ў ягоным іррэфлексыўным досьведзе – канчатковым, канкрэтным, які ажыцьцяўляецца “тут-і-зараз”.

Чалавек здольны разрываць бесьперапыннасьць каўзальных сэрыяў сьвету, трансцэндаваць (пераўзыходзіць, выходзіць за межы) дадзенага яму і – праз уласны праект свайго спосабу быць у сьвеце — самавызначацца, “даючы сабе факты”, беручы іх “на сябе”.

Калі чалавек разумее фундамэнтальную спэцыфічнасьць свайго месца, статуса і значэньня ва ўнівэрсуме, то ён прыходзіць да “трывогі”, “страху”.

Чалавек у — “авантура”, якая “мае найбольшыя шанцы скончыцца дрэнна”.




#Article 125: Рэформа беларускага правапісу 1933 году (596 words)


Рэфо́рма белару́скага пра́вапісу 1933 го́ду была праведзеная пастановай СНК БССР (апублікаваная 26 жніўня 1933 году). Уводзіўся збор правілаў граматыкі (выдадзены ў 1934 годзе), які дзейнічаў да 1959 году.

Нягледзячы на заўважны русіфікацыйны ўхіл акадэмічнага праекту 1933 году, ён не задаволіў кіраўніцтва СССР праз занадтую памяркоўнасьць у справе набліжэньня беларускай мовы да расейскай. Да таго ж, новы этап барацьбы зь беларускім нацыяналізмам задаў артыкул «Под фальшиво-национальным флагом», надрукаваны 3 лютага 1933 году ў маскоўскай газэце «Правда». Спэцыяльны карэспандэнт выданьня А. Давідзюк паведаміў зь Менску:

Адразу пасьля дадзенай публікацыі Акадэмічны праект пасьпешліва разгледзелі і абмеркавалі і ў Наркамаце асьветы пад кіраўніцтвам новапрызначанага (замест рэпрэсаванага) народнага камісара, Аляксандра Чарнушэвіча, і ў Пэдагагічным інстытуце, і ў розных савецкіх і партыйных арганізацыях. У выніку чаго да дакумэнту былі дададзеныя выразна русіфікацыйныя прапановы, што мела сьведчыць пра ляяльнасьць, «правільную ідэалягічную арыентацыю» і стваральнікаў, і абмеркавальнікаў Праекту. Але, нягледзячы на гэта, дакумэнт быў цалкам перапрацаваны.

Ужо да 21 ліпеня выйшла пастанова Бюро ЦК КП(б)Б, якая сьведчыла пра сканчэньне працы над праектам рэформы: «Згадзіцца з прапановай т. Чарнушэвіча аб перасылцы проэктаў новага беларускага правапісу на разгляд культпропа ЦК УсеКП(б)». 26 жніўня дакумэнт зацьверджаны пастановаю Саўнаркаму БССР, а 27 жніўня — рашэньнем беларускага ЦК. Такім чынам, праект быў прыняты без аніякага грамадзкага абмеркаваньня.

Пастанова мела назву — «Аб зьменах і спрашчэньні беларускага правапісу», аднак у сапраўднасьці артаграфічныя зьмены не прынесьлі спрашчэньня. Некаторыя з уведзеных рэформаю правілаў прапаноўвалася зьмяніць ужо ў наступных правапісных праектах (1939 і 1951 гг.), і гэта зрабілі практычна адразу ж у выніку зьмены палітычнага рэжыму — пасьля «разьвянчаньня культу асобы» (1956)

Дакумэнт пераняў усе прапановы Акадэмічнага праекту 1933 году, якія прадугледжвалі збліжэньне з расейскаю моваю. Пры гэтым дадзеная частка дакумэнту тэхнічна падрыхтаваная значна лепей за наваствораныя разьдзелы, у якіх сустракаюцца шматлікія супярэчнасьці, фактычныя й мэтадалягічныя памылкі ды недагляды.

Збор правілаў граматыкі ўлучаў 84 правілы. Асноўныя адрозьненьні парэформавага правапісу (наркамаўкі) ад дарэформавага (тарашкевіцы):

Апроч гэтага:

Увогуле, у выніку рэформы ў беларускую мову было ўведзена больш за 30 фанэтычных і марфалягічных асаблівасьцяў, уласьцівых расейскай мове, якія зьяўляліся чужымі і дагэтуль неўжыванымі ў беларускай мове і былі проста перанесеныя ў яе з расейскай.

Правапісная рэформа 1933 году закранула ня толькі фанэтычныя і марфалягічныя асаблівасьці, але таксама і лексыку беларускае мовы. Так, напрыклад, калі дарэформавы «Расейска-беларускі слоўнік» С. Некрашэвіча і М. Байкова (1928) для перакладу расейскага слова «государство» прапаноўваў сынонімы «дзяржава», «гаспадарства», «панства», то пасьлярэформавы «Руска-беларускі слоўнік» А. Александровіча (1937) — толькі «дзяржава», тым жа словам перакладалася і расейскае «держава», эквівалентам расейскага «город» у першым слоўніку былі «места», «горад», а ў другім — толькі «горад».

Пра мэтанакіраваную працу па далейшай русыфікацыі беларускіх слоўнікаў сьведчыць апошні пункт (№ 27) Пастановы СНК «Аб зьменах і спрашчэньні беларускага правапісу»:

Такім чынам рэформа правапісу была скіраваная на зьліцьцё народаў і культураў у адну культуру з адзінай мовай і адлюстравала ня столькі нацыянальную спэцыфіку беларускай мовы, як асаблівасьці расейскай мовы, у адпаведнасьці зь якой праводзіліся зьмены артаграфічных і граматычных прынцыпаў і нават лексыкі беларускай мовы.

Скрайняя непасьлядоўнасьць, і русіфікацыйныя мэты рэформы прызнаваліся за відавочныя яшчэ за часамі г.зв. «Хрушчоўскай адлігі»:

Рэформа 1933 выклікала крытыку ўжо з пачатку яе правядзеньня. Пад назовам «рэформа правапісу» крылася рэформа ня толькі правапісу, але адначасова граматыкі і марфалёгіі беларускай мовы, бо паняцьце «правапіс» мае на ўвазе форму напісаньня, а не адвечнага спосабу вымаўленьня. Рэформай ахоплена 25 моўных асаблівасьцяў, зь якіх у 24 выпадках маем адначасова дачыненьне з граматыкай і правапісам, і толькі адна зьмена (пункт 4) датычыць выключна правапісу.

Як зазначыў Янка Станкевіч з нагоды рэформы, «нідзе, дзе няма НКВД, Беларусы іхнае зьмены ня прынялі».

Сучасныя беларускія філёлягі паказваюць на тое, што рэформа 1933 году скажала ўсталяваныя нормы беларускай літаратурнай нормы шляхам штучнага, ненатуральнага і прымусовага накладаньня на іх правілаў расейскай мовы.




#Article 126: Камянецкі раён (566 words)


Камяне́цкі раён — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка на захадзе Берасьцейскай вобласьці Беларусі. Плошча  км². Насельніцтва на 2018 год — 34 954 чалавекі, у тым ліку гарадзкога 13,4 тысячы чалавек. Цэнтар раёну — горад Камянец.

Раён уключае горад Высокае і 234 сельскія населеныя пункты, якія адносяцца да 13 сельскіх саветаў: Агародніцкі, Белавескі, Відамлянскі, Войскі, Воўчынскі, Вярховіцкі, Дзьмітравіцкі, Камянюцкі, Навіцкавіцкі, Пелішчанскі, Расьнянскі, Ратайчыцкі, Рэчыцкі.

Камянецкі раён мяжуе з Пружанскім і Кобрынскім раёнамі Берасьцейскай вобласьці на ўсходзе, з Жабінкаўскім раёнам на паўднёвым усходзе, зь Берасьцейскім раёнам на поўдні, а таксама з Польшчай на захадзе і поўначы.

У паўночнай частцы Камянецкага раёну знаходзіцца нацыянальны парк «Белавеская пушча».

Раён утвораны 15 студзеня 1940 году і падзелены 12 кастрычніка гэтага ж году на 14 сельсаветаў: Агародніцкі (у 1962—1964 — 1-ы Агародніцкі), Відамлянскі, Войскі, Дварцоўскі, Дзьмітравіцкі, Мікалаеўскі, Навіцкавіцкі, Падбельскі, Пашукоўскі, Пелішчанскі, Прускаўскі, Ратайчыцкі, Рэчыцкі, Турнаўскі. Пасьля склад раёну зьмяняўся наступным чынам:

Камянецкі раён разьмешчаны на захадзе Берасьцейскай вобласьці. Тэрыторыя раёну складае  км² (% тэрыторыі вобласьці).

На ўсходзе раён мяжуе з Пружанскім і Кобрынскім раёнамі, на паўднёвым усходзе — з Жабінкаўскім раёнам, на поўдні — зь Берасьцейскім раёнам Берасьцейскай вобласьці, на захадзе і поўначы — з Польшчай.

Рэльеф плоска-хвалісты з агульным нахілам з поўначы на поўдзень. Пераважаюць вышыні 140—170 м над узроўнем мора. Раён разьмешчаны ў межах Прыбужанскай раўніны.

Найвышэйшы пункт раёну — 198 м над узроўнем мора — разьмешчаны за 5 км на паўночны захад ад в. Войская.

У нетрах раёну існуюць паклады торфу, гліны, будаўнічых пяскоў, пясчана-жвіровых матэрыялаў.

Асноўнымі воднымі артэрыямі раёну зьяўляюцца Заходні Буг і яго прытокі Лясная і Пульва.

Сярэдняя тэмпэратура студзеня -4,6°С, ліпеня +18,4°С.

Лясы займаюць 27% тэрыторыі, балоты — 1,1%. На поўначы раёну знаходзіцца частка ўгодзьдзяў нацыянальнага парку «Белавеская пушча», у тым ліку адміністрацыйны цэнтар парку (в. Каменюкі).

У 2009 годзе насельніцтва складала  тысячаў чалавек, у тым ліку гарадзкога 13,8 тысячаў чалавек (%), у тым ліку беларусаў — 83,2%, украінцаў — 7,4%, расейцаў — 6,7%, палякаў — 1,7%, іншых — 1%. Сярод усяго насельніцтва раёну ў працаздольным узросьце 56,3%, маладзейшых за працаздольны ўзрост 17,5%, старэйшых за працаздольны ўзрост 26,2%. На сьнежань 2013 году ў Камянецкім раёне знаходзілася 234 паселішчы, сярод якіх было 175 вёсак з насельніцтвам менш за 50 жыхароў у кожнай.

На тэрыторыі раёну працуюць прадпрыемствы харчовай, дрэваапрацоўчай прамысловасьці, вытворчасьці будаўнічых матэрыялаў. У тым ліку ААТ «Белавескія сыры», Камянецкі філіял ААТ «Савачкаў прадукт», ААТ «Вярховіцкі крухмальны завод».

Працуюць 18 сельскагаспадарчых прадпрыемстваў пераважна арыентаваных на малочна-мясную жывёлагадоўлю. У тым ліку ААТ «Белавескі», «Агра-Зарэчча» і «Камянецкая пушча».

Па тэрыторыі раёну праходзіць чыгунка Берасьце — Высокае — Беласток, аўтадарогі Берасьце — Камянец — Каменюкі (), Высокае — Пружаны — Слонім (), Камянец — Жабінка (), Кобрынь — Камянец — Высокае (), Берасьце — Высокае ().

На тэрыторыі раёну дзейнічаюць гімназія, 18 сярэдніх, 8 базавых, 3 пачатковыя школы, 5 школ-садкоў, 2 школы-інтэрнаты, 4 дзіцячыя музычныя школы і школа мастацтваў, сельска-гаспадарчы прафэсійна-тэхнічны каледж, 20 дзіцячых дашкольных установаў, 5 пазашкольных установаў (у тым ліку рэсурсны цэнтар карэкцыйна-разьвіваючай адукацыі і рэабілітацыі, рэсурсны цэнтар інфармацыйных тэхналёгіяў, дзіцячы сацыяльны прытулак).

Працуе 21 дом культуры, 11 сельскіх клюбаў, 43 бібліятэкі. Дзейнічае Музэй прыроды Белавескай пушчы (у в. Каменюкі), філіял абласнога краязнаўчага музэю «Камянецкая вежа», музэй хлебу (у в. Расна). У 2003 годзе ў Белавескай пушчы адкрылася рэзыдэнцыя беларускага Дзеда Марозу.

У сыстэме аховы здароўя ў раёне дзейнічаюць 5 шпіталяў, у тым ліку раённы ў Камянцы і Высокаўскі гарадзкі, 4 амбуляторыі, 21 фэльчарска-акушэрскі пункт, 11 аптэк і аптэчных кіёскаў. Таксама на тэрыторыі раёну знаходзяцца абласная тубэркулёзная бальніца «Вярховічы», здраўніца «Белая вежа».




#Article 127: Столінскі раён (118 words)


Сто́лінскі раён — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў складзе Берасьцейскай вобласьці Беларусі. Адімністрацыйны цэнтар — горад Столін. Столінскі раён мяжуе з Лунінецкім і Пінскім раёнамі Берасьцейскай вобласьці, з Жыткавіцкім і Лельчыцкім раёнамі Гомельскай вобласьці. Самы вялікі раён Беларусі.

Створаны 15 студзеня 1940 году.

Адміністрацыйна Столінскі раён падзелены на 19 сельсаветаў. Агульная колькасьць населеных пунктаў у раёне — 98 (у тым ліку гарады Столін, Давыд-Гарадок, рабочы пасёлак Рэчыца).

На тэрыторыі раёну знаходзіцца заказьнік «Альманскія балоты» — найбуйнейшы ў Эўропе комплекс верхавых, пераходных і нізінных балотаў, які захаваўся да нашых дзён у натуральным стане.

Найбуйнейшыя сельскія населеныя пункты раёну (больш за 3 тысячы чалавек): Альшаны (самая вялікая вёска ў вобласьці), Рубель, Манькавічы. На сьнежань 2013 году ў Столінскім раёне налічвалася 98 вёсак.




#Article 128: Кобрынскі раён (177 words)


Ко́брынскі раён — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў складзе Берасьцейскай вобласьці Беларусі. Кобрыншчына мяжуе зь Бярозаўскім, Дарагічынскім, Жабінкаўскім, Камянецкім, Маларыцкім і Пружанскім раёнамі Берасьцейскай вобласьці, на поўдні Кобрынскі раён мяжуе з Валынскай вобласьцю Ўкраіны.

У склад Кобрынскага раёну ўваходзяць 11 сельсаветаў: Астроміцкі, Батчынскі, Бухавіцкі, Гарадзецкі, Дзівінскі, Залескі, Кіселявецкі, Навасёлкаўскі, Павіцьцеўскі, Тэвельскі, Хідрынскі.

Створаны 15 студзеня 1940 году. У сучасных межах з 25 сьнежня 1967 году.

Рэкі: праз тэрыторыю раёну нясуць свае воды Мухавец, Трасьцяніца, Кобрынка.

Каналы: Дняпроўска-Бужанскі канал, Казацкі канал, канал Бона.

Азёры: Бамаўскае, Вярхі (Каташоўскае), Любань, Сьвінарэй.

На адлегласьці 10 кілямэтраў ад Кобрыня знаходзіцца возера Бамаўскае, якое ўзьнікла ў выніку будаўніцтва аўтамабільнай трасы Берасьце — Менск.

У Кобрынскім раёне на сёньняшні час налічваецца 162 населеныя пункты. Адміністрацыйна Кобрынскі раён падзелены на 11 сельскіх саветаў.

Праз Кобрынскі раён праходзіць нафтапровад «Дружба», 3 ніткі газапроваду, дзьве лініі Беларускай чыгункі — з захаду на ўсход і з поўначы на ўсход. Тут таксама ляжаць аўтамабільныя дарогі Менскага, Пінскага, Ковельскага, Гарадзенскага, Берасьцейскага кірункаў. Па Дняпроўска-Бужанскім канале ажыцьцяўляецца судаходзтва. Для пасажырскіх перевозак ў горадзе Кобрынь задзейнічана 9 гарадзкіх аўтобусных маршрутаў. Праз Кобрынскі раён праходзіць Палеская чыгунка.




#Article 129: Нясьвіскі раён (305 words)


Нясьві́скі раён — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка на паўднёвым захадзе Менскай вобласьці Беларусі. Плошча раёну складае 0,9 тыс. км². Насельніцтва на 2018 год — 39 022 чалавекі. Адміністрацыйны цэнтар — места Нясьвіж.

Мяжуе з Клецкім, Капыльскім, Стаўпецкім раёнамі Менскай вобласьці, Карэліцкім раёнам Гарадзенскай вобласьці, Баранавіцкім і Ляхавіцкім раёнамі Берасьцейскай вобласьці.

Працягласьць з поўначы на поўдзень складае 25 км, з захаду на ўсход — 38 км.

Паўночная частка раёну разьмяшчаецца ў межах Стаўпецкай раўніны, паўднёвая — на Капыльскай градзе. Пераважаюць вышыні 180—200 м, максымальная 230 м на поўдзень ад Нясьвіжу.

Клімат умерана кантынэнтальны. Сярэдняя тэмпэратура студзеня −6,4 °C, ліпеня 17,8 °C. Сярэдняя колькасьць ападкаў складае 630 мм Вэгетацыйны пэрыяд — 195 дзён.

Лясы (12% тэрыторыі раёну) пераважна хваёвыя, яловыя, бярозавыя.

Найбуйнейшыя рэкі — Вуша і Тур’я (басэйн Нёману), Лань з Цапрай (басэйн Прыпяці).

Сельская гаспадарка спэцыялізуецца на мяса-малочнай жывёлагадоўлі, сьвінагадоўлі, вырошчваньні буракоў. Разьвіта птушкагадоўля. Пасевы зерневых і кармавых культураў, бульбы, ільну. Рыбная гаспадарка «Альба».

Прадпрыемствы харчовай, паліўнай (тарфяны), швацкай, тэкстыльнай, па першаснай апрацоўцы льну, мэблевай прамысловасьці.

Па тэрыторыі раёну праходзяць чыгунка і аўтамабільная дарога Менск — Берасьце, аўтамабільныя дарогі Баранавічы — Асіпавічы, Нясьвіж — Наваградак, Нясьвіж — Клецак.

Захаваліся помнікі архітэктуры: касьцёл (1773) і сядзіба (канец ХVIII — пачатак XIX ст.) у в. Вялікая Ліпа, Сьвята-Крыжаўзьвіжанская царква (1915) у в. Вялікая Лысіца, Спаса-Праабражэнская царква (1808) у м.-ку Гарадзея, сядзібны будынак (XIX ст.) у в. Заазер’е, сядзібна-паркавы комплекс (2-я палова XVIII — пачатак XIX ст.) у в. Завушша, Сьвята-Дабравешчанская царква (канец XIX ст.) у в. Кунаса, Сьвята-Пакроўская царква (1842) у в. Лань, Сьвята-Мікалаеўская царква (XIX ст.) у в. Мацылёўшчына, сядзібны будынак (сярэдзіна XIX ст.) у в. Новы Сноў, палацава-замкавы комплекс князёў Радзівілаў (XVI—XVIII стагодзьдзі), Ратуша (XVI ст.), Слуцкая Брама (XVI ст.), Фарны касьцёл (XVI ст.), кляштары бэнэдыктынак (XVIІ ст.) і бэрнардынцаў (XVIІ ст.), Дом на Рынку (XVIІІ ст.) у месьце Нясьвіж, Сьвята-Георгіеўская царква (1834) у в. Астраўкі, касьцёл (XIX ст.) у в. Салтанаўшчына, касьцёл (XVIІІ ст.) і Казьма-Даміянаўская царква (XVIІІ ст.), палацава-паркавы ансамбль (пач. XIХ ст.) у в. Сноў.




#Article 130: Яўхім Карскі (525 words)


Яўхі́м Фё́даравіч Ка́рскі ( — 29 красавіка 1931) — філёляг-славіст, заснавальнік беларускага навуковага мовазнаўства і літаратуразнаўства, этнограф, фальклярыст, палеограф. Акадэмік Пецярбурскай Акадэміі навук, чалец Інстытуту беларускай культуры, Чэскай Акадэміі навук.

Паходзіць зь вёскі Лаша Гарадзенскага павету Гарадзенскай губэрні. Вучыўся ў Менскай духоўнай вучэльні, Нежынскім гістарычна-філялягічным інстытуце (сучасная Ўкраіна). З 1893 году працаваў у Варшаве. За працы па беларусазнаўстве ў 1894 годзе ўзнагароджаны вялікім залатым мэдалём Расейскага геаграфічнага таварыства. У 1896 годзе атрымаў навуковую ступень доктара філялёгіі ў Маскоўскім унівэрсытэце. У 1901 годзе атрымаў Ламаносаўскую прэмію. У 1905 годзе ўзначаліў часопіс «Русский филологический вестник», у тым жа годзе стаў першым абраным рэктарам Варшаўскага ўнівэрсытэту. У 1915—1916 гадох працаваў у Растове-на-Доне, куды быў эвакуяваны Варшаўскі ўнівэрсытэт. Потым працаваў у Менску (1919—1920 гады), Петраградзе. Прафэсар філялягічнага факультэту.

У 1964 годзе ў будынку сярэдняй школы ў в. Лаша быў адкрыты музэй Карскага.

Нарадзіўся ў сям’і настаўніка Фёдара Навіцкага й дачкі праваслаўнага дыякана Магдалены Карскай. Нарадзіўся перад шлюбам бацькоў і прозьвішча меў па маці. Разам з бацькамі правёў дзіцячыя гады на Наваградчыне (в. Ятра і в. Бярозавец) і на Меншчыне.

На пачатку 1870-х гадоў вучыўся ў народнай вучэльні в. Ятра Наваградзкага павету. З 1874 да пачатку 1880-х гадоў вучыўся ў Менскай духоўнай школе, а потым у Менскай сэмінарыі. У 1881 годзе зацікавіўся этнаграфіяй, кінуў сэмінарыю і паступіў у Нежынскі гістарычна-філялягічны інстытут.

У 1877 годзе ажаніўся з дачкою сьвятара Соф’яй Мікалаеўнай Сьцепуржынскай, а пазьней, у 1894 годзе, у іх нарадзілася дачка Натальля.

Аднавіцца на ранейшых пазыцыях Карскі так і ня здолеў, 29 красавіка 1931 году ён памёр. Пахаваны на Смаленскіх праваслаўных могілках у Ленінградзе.

Карскі быў аўтарам больш за 100 значных навуковых працаў. Найбольш значныя зь іх пералічаны ніжэй. Варта заўважыць, што ў выпадку старых публікацыяў, сапраўдная дата можа адрозьнівацца ад той, што пазначаная на вокладцы.

Рэдагаваў «Поўны збор рускіх летапісаў». Падтрымліваў выдавецтва «Наша ніва». Быў старшынём камісіі па адкрыцьці ў Менску Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту.

Фундамэнтальная сямітомная праца Карскага «Беларусы» лічыцца «энцыкляпэдыяй беларускага мовазнаўства, унікальнай па ахопе і глыбіні матэрыялу» (М. С. Дзяржавін)«непараўнальнай паводле вычарпальнасьці з кожным іншым дасьледваньнем славянскіх народаў» (А. Ляпуноў). Гэтая праца ўпершыню навукова зьняпраўдзіла канцэпцыю моўнае ідэнтычнасьці расейскай і старабеларускай моваў, упершыню навукова пацьвердзіла існаваньне і адметнасьць уласна беларускай нацыі, паказала сьвету багацьце беларускай традыцыйнай культуры. Гэтая праца «адкрыла вочы беларусам, дазволіла ім убачыць сябе сапраўднай нацыяй», паставіла беларусаў у пач. 20 ст. «нечакана на чале ўсіх славянскіх народаў у навуковых ведах пра сваю мову» (гісторык В. Тумаш).

Погляды Карскага на беларускія этнічныя гісторыю і тэрыторыю пераглядаліся В. Бандарчыкам (каля 1998—1999). Значныя дапаўненьні да выкладзенай Карскім гісторыі вуснага фальклёру былі зроблены А. Фядосікам (каля 1998) і іншымі.

За заслугі ў пэдагагічнай і навуковай дзейнасьці атрымаў чын «сапраўднага стацкага саветніка». Узнагароджаны ордэнамі Сьв. Станіслава 3-й ст. (1889) і 2-й ст. (1899), Сьв. Ганны 3-й ст. (1895) і 2-й ст. (1903), Сьв. Уладзімера 4-й ст. (1911), рознымі мэдалямі. Атрымаў вялікі залаты мэдаль Расейскага геаграфічнага таварыства (1894), 2 залатыя мэдалі імя Бацюшкава Расейскай Акадэміі навук (1898, 1902), малы прыз імя Ламаносава Расейскай Акадэміі навук (1901), акадэмічны прыз імя Бацюшкава (1910), акадэмічны прыз імя Ахматава (1913).

На радзіме, у вёсцы Лаша, створаны мэмарыяльны музэй. Імем Я. Карскага названыя Гарадзенская абласная бібліятэка, вуліца ў Горадні.

У 1990 годзе ўрад Беларусі ўстанавіў 8 стыпэндыяў імя Яўхіма Карскага.




#Article 131: Восіп Кавалеўскі (395 words)


Во́сіп Кавале́ўскі (, Вялікая Бераставіца — , места Варшава) — філёляг, выдатны усходазнаўца, адзін з заснавальнікаў манголазнаўства ў Расеі. Акадэмік Пецярбурскай АН (1847), прафэсар (1834).

Сын Міхала Кавалеўскага, беларускага ўніяцкага сьвятара. У сям’і сьвятара, акрамя Юзафа, было яшчэ два сыны — Юльян і Тэадозій. У 1808—1817 навучаўся ў Сьвіслацкай гімназіі, дзе ўдзельнічаў у таемнай арганізацыі «Таварыства аматараў навукі і айчыннай славеснасьці». Працягваў адукацыю на гістарычна-філялягічным факультэце Віленскага ўнівэрсытэту, які скончыў у 1821.

Выкладаў польскую, лацінскую і грэцкую мовы ў Віленскай гімназіі. Удзельнічаў у таемных таварыствах філяматаў і філярэтаў. 24 кастрычніка 1825 расейскія ўлады арыштавалі яго разам з Я. Чачотам, Т. Занам і А. Міцкевічам.

На высылцы, у Казанскім унівэрсытэце вывучаў усходнія мовы (арабскую, пэрсыдзкую і татарскую).

У 1827 выехаў ў Іркуцк, дзе ўдасканальваў валоданьне мангольскай мовай. Падарожнічаў па Манголіі, у 1830 быў у Пэкіне. У 1833 вярнуўся ў Казанскі ўнівэрсытэт.

У 1856—1860 быў рэктарам Казанскага ўнівэрсытэту.

У 1862 перавёўся дэканам гістарычна-філялягічнага факультэту ў Варшаўскі ўнівэрсытэт. Кавалеўскаму не ўдалося ўпісацца ў Варшаве ў польскія грамадзкія і навуковыя колы 1860-х гадоў. Ён не падтрымаў паўстаньне 1863 г. Гэта прывяло да добрых стасункаў з расейскімі ўладамі, але і да непрыязных адносінаў з боку часткі польскай інтэлігенцыі. Аднак вальналюбства часоў філяматаў не пакідала прафэсара Кавалеўскага: зь яго дзёньнікаў вынікае, што ён быў чытачом герцэнаўскай газэты «Колокол», перапісаў ён сабе і знакаміты ліст Бялінскага Гогалю і іншыя забароненыя тэксты.

Ажаніўся Восіп Кавалеўскі ў Казані. Жонка яго была расейскага паходжаньня, праваслаўнага веравызнаньня. Вядома толькі яе імя — Ганна. Двое яго старэйшых сыноў сталі даволі вядомымі асобамі. Мікалай Кавалеўскі (1840—1891) — лекар, прафэсар-фізыёлаг, стаў у 1880 годзе рэктарам Казанскага ўнівэрсытэту. Павал Кавалеўскі (1843—1903) — мастак-баталіст, акадэмік жывапісу ў Пецярбургу. Акрамя старэйшых сыноў, сярод малодшых дзяцей у крыніцах згадваецца яшчэ й дачка Марыя. Дзеці Восіпа Кавалеўскага, як і іх маці, былі праваслаўнага веравызаньня.

Сам жа Восіп Кавалеўскі пасьля скасаваньня Уніі ня стаў праваслаўным, а да канца свайго жыцьця заставаўся каталіком. Пасьля яго сьмерці жонка перадала ў 1883 годзе ўсе паперы, што засталіся, у бібліятэку Віленскага ўнівэрсытэту.

Памёр 7 лістапада 1878 году. Пахаваны 12 лістапада ў Варшаве на могілках Павонзкі.

Імем Восіпа Кавалеўскага названая адна з вуліцаў у Вялікай Бераставіцы.

Сабраў багатую калекцыю матэрыялаў і рукапісаў на мангольскай, тыбэцкай, кітайскай, маньчжурскай мовах.

У 1835 выдаў «Кароткую граматыку мангольскай кніжнай мовы», у 1836—1837 — «Мангольскую хрэстаматыю» (т. 1—2); у 1844—1849 — «Мангола-расейска-францускі слоўнік» (т. 1—3), за які атрымаў Дзямідаўскую прэмію.

Выступаў у друку з артыкуламі на філялягічныя тэмы, перакладаў на польскую мову антычную клясыку.




#Article 132: Жан-Поль Сартр (738 words)


Жан-Поль Сартр (; 21 чэрвеня 1905 — 15 красавіка 1980) — францускі філёзаф-экзыстэнцыяліст, літаратар. Сартр быў адным з самых вядомых і ўплывовых мысьляроў сучаснасьці. У творах Сартра злучаюцца літаратурны і філязофскі погляды. У сваіх раньніх філязофскіх працах ён засяроджваецца на эмоцыях, зьяве прыроднай асабістасьці. Ён быў адной з ключавых фігураў філязофіі экзыстэнцыялізму і фэнамэналёгіі і адной зь вядучых фігураў францускае філязофіі і марксізму XX стагодзьдзя. Ягоныя працы таксама паўплывала на сацыялёгію, крытычную тэорыю, посткаляніяльную тэорыю і літаратуразнаўства, а таксама працягвае ўплываць на гэтыя дысцыпліны.

Жан-Поль Сартр нарадзіўся 21 чэрвеня 1905 году ў Парыжу. Ён быў адзіным дзіцем Жана-Батыста Сартра, марскога інжынэра, які памёр ад трапічнай ліхаманкі, калі хлопчыку не было й году. Маці — Ганна-Мары Сартр, народжаная Швэйцэр, зь сям’і вядомых эльзаскіх навукоўцаў, была стрыечнай сястрой Альбэрта Швэйцэра. Дзед хлопчыка, прафэсар Шарль Швэйцэр, філёляг-германіст, заснаваў у Парыжу інстытут сучаснай мовы.

Пасьля Сартр успамінаў: «У дзяцінстве я жыў зь аўдавелай маці ў бабулі зь дзядулем. Бабуля была каталічка, а дзядуля — пратэстант. За сталом кожны зь іх пасьмейваўся над рэлігіяй іншага. Усё было нязлосна: сямейная традыцыя. Але дзіця судзіць прастадушна: з гэтага я зрабіў выснову, што абое веравызнаньні нічога не стаяць». Нядзіўна, што, выступіўшы адным са стваральнікаў вучэньня экзыстэнцыялізму, Сартр разьвіваў яго атэістычную галіну.
Скончыўшы Эколь Нармаль, Сартр некалькі гадоў выкладаў філязофію ў адным зь ліцэяў Гаўра. У 1933—1934 гадох стажыраваўся ў Нямеччыне, па вяртаньні ў Францыю займаўся ў Парыжы выкладчыцкай дзейнасьцю.

Літаратурная дзейнасьць Сартра пачалася з рамана «Млоснасьць» (; 1938). Гэта раман лічыцца лепшым творам Сартра, у ім ён узьнімаецца да глыбінных ідэяў Эвангельля, але з атэістычных пазыцыяў. У 1964 годзе Жан-Поль Сартр быў удастоены Нобэлеўскай прэміі па літаратуры «за багатае ідэямі, пранізанае духам свабоды і пошукамі ісьціны творчасьці, якое аказала агромністы ўплыў на наш час». Ён адмовіўся прыняць гэтую ўзнагароду, заявіўшы пра сваёй нежаданьне быць чым-небудзь ававязаным якому-небудзь сацыяльнаму інстытуту і паставіць пад сумнеьне сваю незалежнасьць. Акрамя таго, Сартра за бянтэжыла «буржуазная» і яскрава выражаная антысавецкая арыентацыя Нобэлеўскага камітэта, які абраў, паводле яго словаў, няўдачны момант для прысваеньня прэміі — прэмія была прысуджаная, калі Сартр адкрыта крытыкаваў СССР.

Сёлета ж Сартр заявіў пра сваю адмову ад літаратурнай дзейнасьці, ахарактарызаваўшы літаратуру як сурагат дзейнага пераўтварэньня сьвету.

Сьветабачаньне Сартра склалася пад уплывам, перша за ўсё, Бэргсана, Гусэрля, Дастаеўскага і Хайдэгера. Захапіўся псыхааналізам.

На беларускую мову прозу і драматургію Сартра перакладаў З. Колас.

На ягоны экзыстэнцыялізм моцна ўплывае фэнамэналёгія Гусэрля, Гегеля, а пазьней марксізм. Як і Камю, Сартр пісаў п’есы ды раманы, дзякуючы чаму экзыстэнцыялізм стаў, асабліва ў Францыі, моднай плыньню.

Першы асноўны трактат Сартра «Быцьцё й нішто», спроба фэнамэналягічнае анталёгіі, прысьвечаны пытаньню быцьця. Ён адрозьнівае быцьцё-ў-сабе, незалежнае ад сьвядомасьці быцьцё рэчы, і быцьця-для-сябе — вызначэньне быцьця чалавека, які існуе дзякуючы сьвядомасьці. Быцьцё-ў-сабе не засноўваецца ані на самім сабе, ані на чымсьці іншым. Быцьцё-для-сябе мае здольнасьць негацыяцыі, «нішто» зьяўляецца толькі зь сьвядомасьцю чалавека.

Гэта вызначальнае для людзкой экзыстэнцыі. Яна зьмяшчае ў сабе пярэчаньне сабе, то бок зьяўляецца супярэчліваю: быцьцё «зьяўляецца тым, чым яно ня ёсьць, і ёсьць ня тым, чым яно ёсьць». Гэта значыць, што чалавек — гэта быцьцё, якое праектуе сябе празь цяперашнюю сучаснасьць, што ў значнай меры вызначаецца яе мажлівасьцямі. Дзякуючы гэтаму праекту чалавек падымаецца над сабою, ёсьць тым, кім яшчэ ня ёсьць. Чалавек — ня толькі тое, што ён ёсьць, але й тое, кім сябе стварае.

Аснова быцьця чалавека — гэта свабода, паколькі чалавек мусіць самавызначацца, то бок ствараць сябе такім, якім ён ёсьць; ён вырачаны на свабоду.

Свабода — гэта негацыяцыя быцьця-ў-сабе з дапамогаю праекту.

Фактычная дадзенасьць (напрыклад, рэчы, астатнія людзі, фізычныя целы) не зьнішчае свабоду, паколькі свабода адкрывае гэтыя межы; абмежаваньні існуюць толькі ўнутры канкрэтнага праекту жыцьця.

Паколькі, паводле канцэпцыі Сартра, Бога, які вызначае існаваньне чалавека, няма, чалавек самастойна вызначае сваё існаваньне. Чалавек нясе за сябе поўную адказнасьць. Хоць ён таксама можа быць непраўдзівым з самім сабой.

Вялікае значэньне мае дасьледаваньне адносінаў чалавека зь Іншым. Сартр распрацоўвае структуру быцьця-для-іншага шляхам аналізу погляду (які не абмяжоўваецца толькі вокам). Бачнасьць Іншым азначае, што быцьцё індывіда пастаянна фармуецца ў прысутнасьці іншых. Толькі сам на сам з сабою асобны індывід аддаецца непасярэднай дзейнасьці, ён ня бачыць сябе ў сваёй сьвядомасьці як такога, якім ён ёсьць падчас дзеяньня. У бачаньні Іншага ён паўстае аб’ектам, які ацэньваецца Іншым. Сартр тлумачыць гэта на прыкладзе «таго, хто падглядае». Аддаўшыся сваёй цікавасьці, ён, не ўсьведамляючы свайго Я, распушчаецца ў сваіх дзеяньнях. Неспадзявана яго застае хтосьці іншы: у тую хвіліну ён той, кім ёсьць насамрэч: зайздросны падглядач.

Каб зразумець, хто ён ёсьць, патрэбны Іншы. Падпаданьне пад уладу Іншага можна пазьбегнуць, калі індывід сьвядома акрэсьліць свае магчымасьці. Тады ён спасьцігае самасьвядомасьць без уваходжаньня ў ролю Іншага.




#Article 133: Культура (404 words)


Культура ( — апрацоўка, урабляньне) — спалучэньне рэчыўных і духоўных каштоўнасьцяў, што ствараюцца людзьмі ў ходзе цялеснай і разумовай працы для задавальненьня сваіх патрэбаў і перадаюцца з пакаленьня ў пакаленьне. Уплывае на сьветапогляд і паводзіны чалавека, які ёсьць яе творцам, захавальнікам і распаўсюднікам. Зьяўляецца спосабам ладжаньня і разьвіцьця чалавечай жыцьцядзейнасьці, прадстаўленым у вырабах рэчыўнай і духоўнай працы, спалучэньні грамадзкіх правілаў ды ўстановаў, як і ў спалучэньні стаўленьня людзей да прыроды, саміх сябе і дачыненьняў між сабой. Абазначае спалучэньне галіновых дасягненьняў, роўню і ступені разьвіцьця.

Культура разглядаецца як цэнтральны панятак у галіне антрапалёгіі, які ахоплівае шырокае кола зьяваў, якія перадаюцца праз сацыяльнае навучаньне ў чалавечых грамадзтвах. Да культуры можна аднесьці некаторыя аспэкты чалавечых паводзінаў, сацыяльныя практыкі, а таксама выразныя формы, як то мастацтва, музыка, танцы, рытуалы, рэлігія і тэхналёгіі, выкарыстаньне інструмэнтаў, прыгатаваньне ежы, абсталяваньне і стварэньне прытулку і адзеньня. То бок такія рэчы называюць культурнымі ўнівэрсаламі, якія можна знайсьці ўва ўсіх чалавечых грамадзтвах. Панятак матэрыяльнай культуры ахоплівае фізычныя праявы культуры, як то тэхналёгіі, архітэктуру і мастацтва, у той час як духоўныя праявы культуры ўключаюць у сябе прынцыпы сацыяльнай арганізацыі, як то практыку палітычнай арганізацыі і сацыяльныя інстытуты, міталёгію, філязофію, літаратуру і навуку, што ў выніку складае нематэрыяльную культурную спадчыну грамадзтва.

Масавая культура ставіцца да масавай вытворчасьці і масавых апасродкаваных формах спажывецкай культуры, якія ўзьніклі ў XX стагодзьдзі. Некаторыя школы філязофіі, такія як марксізм і крытычная тэорыя, сьцьвярджаюць, што культура часта выкарыстоўваецца як палітычны інструмэнт эліты маніпуляваньня ніжэйшых клясай, што стварае ілжывую сьвядомасьць.

Мае наступнае значэньне ў жыцьцядзейнасьці:

Відавочна, што ёсьць пэўная сутнасная сувязь паміж паняткамі «культура» ды «культ». Бярдзяеў пісаў: «Культура нарадзілася з культу, вытокі як сакральныя…»

Нямецкі філёзаф Вільгэльм Вунт выводзіў слова «культура» з лацінскага дзеяслова «colere», што азначае апрацоўваць, абрабляць. Адсюль і пайшло «cultus agri» — сельская гаспадарка. Значэньня панятку культура з лацінскае мовы Вунтам перакладаецца як клопат, скіраваны на паляпшэньне жыцьця.

Культуру таксама вызначаюць як «другую прыроду». Гэтае азначэньне паходзіць са Старажытнай Грэцыі, калі Дэмакрыт лічыў культуру «другой натурай».

Культура — гэта прастора, што вакол чалавека і адначасова ўнутры яго. Культура — гэта негенэтычная памяць, тое, што не перадаецца аўтаматычна, а ствараецца. Мамардашвілі ахарактэрызаваў культуру як «намаганьне чалавека быць». Культура — гэта сьвет ілюзыяў, які супрацьстаіць рэальнасьці (у сьвеце ілюзыяў чалавек можа знайсьці паратунак ад рэальнасьці).

Існуюць некалькі падыходаў да дасьледаваньня культуры:

На пачатак 2013 году ў галіне культуры Беларусі працавала 65 000 чалавек, зь іх 19 % складалі кіраўнікі. Сярэдні заробак у галіне складаў каля 62 % ад сярэдняга па краіне.




#Article 134: Вільгэльм Вунт (201 words)


Вільгэ́льм Макс Вунт (1832, цяпер Мангайм, зямля Бадэн-Вюртэмбэрг, Нямеччына — 1920, в. Грасботэн, зямля Саксонія, Нямеччына) — нямецкі фізыёляг, псыхоляг, філёзаф і мовазнаўца. Адзін з заснавальнікаў псыхалёгіі, які першым назваўся псыхолягам. Акрэсьліў псыхалёгію ў якасьці асобнай ад біялёгіі навукі. У 1879 годзе заснаваў у Ляйпцыскім ўнівэрсытэце першую працоўню псыхалягічных дасьледаваньняў, што зрабіла псыхалёгію незалежнай галіной вывучэньня. У працоўні акрэсьліў душэўныя разлады і выявіў пашкоджаныя вобласьці мозга. У 1883 годзе заснаваў першы псыхалягічны часопіс «Філязофскія дасьледаваньні» ().

Выводзіў сьвядомасьць з душэўнай прычыннасьці, а паводзіны — з успрыманьня. Вылучыў 3 ступені пазнаньня: пачуцьцёвае (паўсядзённага жыцьця), разважнае (асобных навук, якія ўвасабляюць розныя погляды на адзін прадмет), разумнае (спалучэньне ведаў у мэтафізыцы).

Нарадзіўся ў сям’і лютэранскага сьвятара Максімільяна Вунта. Быў 4-м дзіцём. Дзед па мячы Фрыдрых Вунт (1742—1805) працаваў прафэсарам геаграфіі і быў пастарам у Віблінгене (цяпер акруга ў Гайдэльбэргу).

Вывучаў мэдыцыну ва ўнівэрсытэтах Тубінгену, Гайдэльбэргу і Бэрліну. У 1857 годзе стаў выкладчыкам, а з 1864 году — прафэсар Гайдэльбэрскага ўнівэрсытэту, у 1874 годзе — прафэсар філязофіі Цюрыскага ўнівэрсытэту; у 1875—1917 гадах — ардынарны прафэсар Ляйпцыскага ўнівэрсытэту (у 1889—1890 гадах — ягоны рэктар).

У этнапсыхалягічным дасьледаваньні «Псыхалёгія народаў» (т. 1—10, 1900—1920 гг.) зьмясьціў псыхалягічнае тлумачэньне вераваньняў, мастацтва і паданьняў.

Памёр у Грасботэне, што каля Ляйпцыгу.




#Article 135: Ігнат Дамейка (1599 words)


Ігна́т Даме́йка (; ; 31 ліпеня 1802, Вялікая Мядзьвядка — 23 студзеня 1889, Сант’яга, Чылі) — філямат, удзельнік паўстаньня 1830—1831 гадоў, беларускі, польскі і чылійскі навуковец-дасьледнік, геоляг, мінэроляг, рэктар Чылійскага ўнівэрсытэту, Нацыянальны герой Чылі.

Займае важнае месца ў гісторыі навукі і культуры Беларусі, Чылі, Польшчы і Летувы. 2002 год у сувязі з 200-годзьдзем нараджэньня Дамейкі UNESCO назвала «Годам Ігната Дамейкі». Імя Дамейкі носіць у тым ліку вульканічны ланцуг гораў у Андах (Cordillera Domeyko); мінэрал дамейкіт (domeykite, Cu3As); фіялкавая кветка (віёла дамейкона, Viola domeykana); малая плянэта 2784 Domeyko; шэраг аб’ектаў тапанімікі і грамадзкіх установаў па ўсім сьвеце.

Нарадзіўся ў маёнтку Мядзьвядка (сустракаецца таксама варыянт Недзьвядка) Наваградзкага павету Менскай губэрні (цяпер у Карэліцкім раёне за 15 км на захад ад Міру) у сям’і старшыні Наваградзкага земскага суда Іпаліта Дамейкі (1764—1809) і Караліны з роду Анцутаў (памерла ў 1832). Дзяцінства Ігнася прайшло ў беларускай вёсцы.

У сем гадоў малы Ігнась страціў бацьку. Маці засталася пасьля яго сьмерці з трыма сынамі і дзьвюма дочкамі. На дапамогу ёй прыйшлі бацькавы браты. Адзін зь іх — Ігнат Дамейка, які меў агранамічную адукацыю, узяў на выхаваньне свайго малога цёзку да сябе ў маёнтак Жыбуртоўшчына ў Лідзкім павеце, што за 12 вёрст ад паштовай станцыі Наваельня. Дзядзька прывучаў малога Ігнася гаспадарыць на зямлі.

Другі дзядзька — Юзаф Дамейка, які атрымаў асьвету ў Нямеччыне, у славутай фрайбурскай Горнай акадэміі і меў у сваім доме немалую калекцыю мінэралаў і прыродазнаўчых кніг, імкнуўся зацікавіць пляменьніка дакладнымі навукамі і ў першую чаргу сваёй любімай мінэралёгіяй і прафэсіяй геоляга. Дзеля гэтага ён вырашыў аддаць Ігнася ў школу айцоў-піяраў у Шчучыне, дзе шмат увагі надавалася прыродазнаўчым навукам, бо школьную праграму для яе склаў былы яе выкладчык, вядомы батанік і мінэроляг Станіслаў Юндзіл. У школе піяраў быў добры мінэралягічны музэй, багатая бібліятэка.

З 1812 году разам з старэйшым братам Адамам Дамейкам Ігнат навучаўся ў школе ордэну піяраў у Шчучыне. Па сканчэньні школы ў 1816 годзе паступіў на фізыка-матэматычны факультэт Віленскага ўнівэрсытэту.

З 1820 году ўдзельнічаў у Таварыстве філяматаў разам зь Янам Чачотам, Адамам Міцкевічам. Меў кансьпіратыўнае імя Жэгота (пад гэтым імём яго ўвасобіў у сваёй паэме «Дзяды» А. Міцкевіч). Браў удзел у дзейнасьці даччыных арганізацыяў філяматаў — таварыства філядэльфістаў, прамяністых, загадваў бібліятэкай філяматаў.

У лістападзе 1823 году арыштаваны. Разам з большасьцю арыштаваных яго заключылі ў сьценах базылянскага манастыра Сьвятой Тройцы ў Вільні. Дзякуючы намаганьням сваякоў у студзені альбо лютым 1824 году Ігнат Дамейка быў вызвалены. Вырак суду, замацаваны імпэратарам 14 жніўня і абвешчаны 16 верасьня 1824 году, быў, у параўнаньні з выракамі, напрыклад, Тамаша Зана альбо Яна Чачота, мяккім: судовае рашэньне прадпісвала жыць пад наглядам паліцыі ў сямейным маёнтку бяз права куды-небудзь выяжджаць альбо займаць дзяржаўныя пасады.

І. Дамейка пасяліўся ў в. Запольле на Лідчыне, а потым у в. Жыбуртоўшчына паблізу Зьдзецелу. Зрабіў пераклад на польскую мову песьні Асіяна і Каран (разам са сьвятаром Дыянізам Хлявінскім). Распачаў досьледы па вырошчваньні жывёлы на навуковай аснове, укараняў сельскагаспадарчыя навінкі, будаваў млыны, вінакурні, тартакі. Аднак, жыцьцё абшарніка ня вабіла. Пазьней Міцкевіч у паэме «Дзяды» паказаў Дамейку ў вобразе агранома Жэготы (так называлі яго сябры па ўнівэрсытэце).

У 1829 годзе паліцэйскі нагляд з Ігната Дамейкі быў зьняты. Гэта дазволіла браць удзел у легальнай грамадзкай дзейнасьці. У 1830 годзе ён быў абраны ў гарадзенскі соймік.

У тым жа 1830 годзе ўпершыню выехаў зь Літвы (Беларусі). Наведаў Варшаву, дзе сустрэў Яўхіма Лялевеля. Калі ён вярнуўся на радзіму, пачалося паўстаньне 1830—1831 гадоў у Польшчы і Беларусі. Дамейка ўзяў у ім удзел, ваяваў ў атрадах ген. Дэзыдэрыя Хлапоўскага, адзін час разам з Эміліяй Плятэр і яе стрыечнымі братамі Ц. і В. Плятэрамі. Пасьля прайгранай бітвы пад Шаўлямі ўлетку 1831 году разам зь іншымі паўстанцамі адступіў у Прусію, дзе быў інтэрнаваны.

У канцы таго ж, 1831 году, атрымаў дазвол на выезд і ў пачатку 1832 году выехаў у Дрэздэн. У Дрэздэне І. Дамейка зноў сустрэўся з Адамам Міцкевічам. Выяжджаў у Саксонію, Швайцарыю, наведаў Фрайбург, дзе пазнаёміўся з Горнай акадэміяй.

У жніўні 1832 году разам з А. Міцкевічам і іншымі эмігрантамі перабраўся ў Парыж, які на той час быў цэнтрам жыцьця эмігрантаў з тэрыторыі Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў.

Удзельнічаў у жыцьці розных эмігранцкіх аб’яднаньняў. Дапамагаў Міцкевічу перапісваць паэму «Пан Тадэвуш». Наведваў лекцыі ў вышэйшай школе горнай справы Сарбонскага ўнівэрсытэту і ў Францускай калегіі, займаўся ў Батанічным садзе, удзельнічаў у геалягічных экскурсіях.

У 1834 годзе паступіў у Горную школу (франц. École des Mines). У 1837 годзе склаў геалягічную, гідраграфічную і гаспадарчую мапы былой Рэчы Паспалітай і напісаў да яе вялікі камэнтар (мапа і камэнтар не былі выдадзеныя, матэрыялы выкарыстоўваліся ў іншых выданьнях). У 1837 годзе атрымаў дыплём горнага інжынэра.

У 1837 годзе прыняў прапанову чылійскага ўраду і падпісаў кантракт на пасаду выкладчыка горнай школы Ля Сэрэна ў г. Какімба (за тры месяцы вывучыў гішпанскую мову). У 1838 годзе атрымаў званьне прафэсара. У г. Какімба Дамейка выкладаў да 1846 году (цяпер тамтэйшы ўнівэрсытэт носіць яго імя).

Праводзіў разнастайныя дасьледаваньні. Камплектаваў мінэралягічныя калекцыі, заснаваў фізычную лябараторыю, навуковую бібліятэку, заалягічную калекцыю. У 1845 годзе выдаў кнігу на гішпанскай мове з апісаньнем побыту, культуры, мовы, індзейцаў араўканаў, у далейшым перакладзеную на некалькі моваў.

Па заканчэньні кантракту пераехаў у Сант’яга. У 1847 годзе атрымаў катэдру хіміі ў Чылійскім унівэрсытэце (гішп. Universidad de Chile) (адрэдагаваў праект рэформаў унівэрсытэту і школаў). У сьнежні 1848 году атрымаў чылійскае грамадзянства.

У 47-гадовым узросьце Ігнат Дамейка пазнаёміўся ў сакавіку 1850 году з 16-гадовай чылійкай Энрыкетай Сотамаёр Гусман (1834—1870) і 7 ліпеня 1850 году пабраўся зь ёй шлюбам, пражыўшы разам яшчэ дваццаць гадоў.

У 1852 годзе Ігнат Дамейка быў прызначаны кіраўніком дэлегатуры па справах вышэйшай школы і з таго часу пачаў актыўна займацца арганізацыяй адукацыі і навуковых установаў Чылі. У заснаванай зь яго ініцыятывы Горнай школе былі падрыхтаваныя чылійскія нацыянальныя кадры выкладчыкаў горнай справы, геолягаў, мінэролягаў.

Ігнат Дамейка ўвёў у Чылі мэтрычную сыстэму мераў і вагі. Арганізаваў мэтэаралягічную службу ў Сант’яга-дэ-Чылі.

У 1867 годзе быў абраны рэктарам Чылійскага ўнівэрсытэту і пераабіраўся чатыры разы. Да 1883 году быў рэктарам унівэрсытэту. Ад рэктарскай пасады адмовіўся ў знак пратэсту супраць захопніцкай вайны Чылі з суседняй Пэру.

Працягваў займацца мінэралягічнымі дасьледаваньнямі. Адзін зь першых дасьледнікаў Атакамы — самай сухой пустыні сьвету. Вывучаў знойдзены ў Атакаме мэтэарыт, дасьледаваў абарыгенаў Паўднёвай Амэрыкі. Арганізаваў вывучэньне мінэралёгіі і геалёгіі Андаў. Займаўся будаўніцтвам шахтаў і капальняў па здабычы медзі, срэбра, золата. У гарах адкрыў паклады невядомага навуцы альгамату срэбра — аркерат, арганізаваў золатаздабычу і здабычу салетры. Яго вучань Ніколас Нарньё знайшоў багатую срэбраную жылу, якую назваў імем свайго настаўніка — «Міна дэ Дамейка».

Навуковыя працы, якіх налічваецца каля 130, пісаў пераважна па-француску і гішпанску. Стварыў падручнікі па хіміі, мінэралёгіі (на гішпанскай ды францускай мовах). Некалькімі выданьнямі выйшаў яго падручнік і разам з тым навуковая праца Elementos de mineralojia (1854, 1860, 1879), зь некалькімі дадаткамі.

Падтрымліваў сувязі з унівэрсытэтамі Варшавы і Кракава, пасылаючы туды свае працы і іншыя выданьні, якія выходзілі ў Чылі. Клапаціўся пра стварэньне ў Кракаве мінэралягічнага музэю. Стаў сябрам многіх эўрапейскіх навуковых таварыстваў.

У 1884 годзе Дамейка накіраваўся ў Эўропу. З сабою Дамейка таксама вёз вялікую мінэралягічную калекцыю — падарунак некалькім эўрапейскім унівэрсытэтам. Улетку разам з сынамі прыбыў у Бардо. У Парыжы сустрэўся зь сябрамі юнацтва Ўладзіславам Ласковічам і Язэпам Багданам Залескім, наведаў сям’ю Ўладзіслава Міцкевіча, сына знакамітага паэта. У Кракаве быў з энтузіязмам прыняты навуковай грамадзкасьцю. Пабываў у Варшаве і Вільні. Наведаў Мядзьведку, Мір, Наваградак і Крашын (увогуле, у сучаснай Беларусі ёсьць 17 населеных пунктаў, зьвязаных з імем Ігната Дамейкі), пакланіўся бацькоўскім магілам. У Крашыне пасадзіў дубок. Гэтае падарожжа было лягічным завяршэньнем жыцьцёвага шляху. Зусім не выпадкова ён пісаў у свой час Адаму Міцкевічу з Чылі: 

Увосень вярнуўся ў Парыж. У 1885 годзе спыняўся ў Рыме (атрымаў аўдыенцыю ў Папы Рымскага Леона XIII) і Нэапалі, затым зноў наведаў Кракаў, адкуль зь Пятром Сямёненкам накіраваўся ў паломніцкае падарожжа па Сьвятой зямлі. Вярнуўся ў Парыж, затым зноў кароткачасова вярнуўся на радзіму і правёў там два зь лішнім гады, ненадоўга зрэдку выяжджаючы.

У красавіку 1887 году Кракаўскі Ягелонскі ўнівэрсытэт прысвоіў Дамейку ступень ганаровага доктара мэдыцыны.

Улетку 1888 году накіраваўся ў Чылі. Па дарозе цяжка захварэў. Памёр 23 студзеня 1889 году ў Сант’яга. Быў пахаваны на сродкі чылійскага ўраду. Дзень яго пахаваньня быў абвешчаны ў Чылі днём нацыянальнай жалобы, а сам ён быў абвешчаны нацыянальным героем.

Імя Ігната Дамейкі носіць вульканічны ланцуг гораў у Андах (Cordillera Domeyko); мінэрал дамейкіт (domeykite, Cu3As), выяўлены самім дасьледнікам; фіялкавая кветка (віёла дамейкона, Viola domeykana) — новы від адкрыты на поўначы Чылі; малая плянэта 2784 Domeyko, адкрытая чылійскім астраномам Карлам Торэсам ў 1975 годзе.

Ammonites Domeykanus Dufr — аманіт Дамейкі — від аманіту, адкрыты Дамейкам у фармацыі юрскага пэрыяду ў ваколіцы Chanarcillo. Andiela Domeykoi — новы від каўчуканосу. Azylea Domeyki — aзалія Дамейкі — гатунак азаліі, выгадаваны варшаўскім садоўнікам у 1845 г. Trigonia Domeykoana — від сьлімака. Nautilus Domeykus d’Orb — від акамянелых малюскаў, адкрыты Дамейкам у 1841 годзе.

У Чылі ёсьць невялікае мястэчка Дамейка у адміністрацыйным рэгіёне Атакама, паміж гарадамі Ла-Сэрэна і Вальенар, у якім жыве каля 1 тыс. жыхароў. Пуэрта-Дамейка (Puerto Domeyko) — порт Дамейкі на паўднёва-заходнім беразе возера Льянкіуэ (Llanquihue) — другога па велічыні возера ў Чылі. Lugarejo Domeyko — пасёлак каля порта Дамейка.

У Сант’яга стаіць помнік «Грандэ Эдукатору» («Вялікаму Асьветніку»).

У яго гонар названыя ўнівэрсытэт і нацыянальная бібліятэка ў Сант’яга; вуліцы ў Сант’яга-дэ-Чылі, Вальпараіса і яшчэ ў васьмі гарадах Чылі, а таксама ў Вільні, Менску і Наваградку.

Польская бібліятэка ў Буэнас-Айрэсе (гішп. Biblioteca Polaca Ignacio Domeyko), некалькі ліцэяў, іншых навучальных і навуковых установаў Чылі.

На месцы родавай сядзібы Дамейкаў у Вялікай Мядзьвядцы (Карэліцкі раён) ўсталяваны памятны валун. У школе вёскі Крупава Лідзкага раёну створаны музэй, у якім на дадзены час сабрана каля 500 экспанатаў, у тым ліку кніга І. Дамейкі «Мае падарожжы», выдадзеная пры жыцьці навукоўца ў Вільні. Да 200-годзьдзя Ігната Дамейкі ў вёсцы пасаджана алея ў яго гонар.

У Карэлічах традыцыйна праходзяць чытаньні, прысьвечаныя жыцьцю і дзейнасьці Ігната Дамейкі.

Нацыянальны Банк Рэспублікі Беларусь ў 2002 годзе выпусьціў памятную манэту ў гонар Ігната Дамейкі. У яго гонар выпускаліся манэта ў Польшчы, паштовыя маркі ў Польшчы і Чылі, паштовая картка з арыгінальнай маркай у Летуве.




#Article 136: Каспар Бекеш (295 words)


Каспар Бекеш (кл. 1520—1579 гг.) — ваенны, палітычны дзяяч, атэіст і матэрыяліст.

Паходзіў з старадаўняга вугорскага роду. У 1557 г. служыў у Сямігродзьдзі пры двары Яна Жыгімонта Заполі. У 1565 г. узначальваў пасольства ў Канстантынопаль, каб атрымаць ваенна-палітычную дапамогу ад турэцкага султана супраць цэсара Сьвяшчэннай Рымскай імпэрыі. Падтрымліваў нацыянальна-вызваленчы рух у цэсарскай Вугоршчыне. Пасьля сьмерці свайго патрона супернічаў са Стэфанам Баторыям за вугорскі трон, аднак у 1575 г. ягоныя войскі ўшчэнт разьбітыя, досыць значныя зямельныя ўладаньні канфіскаваныя, а сам ён уцёк ад перасьледу у Рэч Паспалітую.

Пасьля абраньня Стэфана Баторыя на трон Рэчы Паспалітай ён замірыўся са сваім старым супернікам, і Бекеш стала асеў у Рэчы Паспалітай. Ваеннымі талентамі і асабістай мужнасьцю вызначыўся ў абароне Эльблёнгу ў 1577 г. і ў полацкай кампаніі 1579 г.

Па хадайніцтве мясцовай шляхты ў 1579 г. атрымаў шляхецтва Вялікага Княства Літоўскага, дадатковыя маёнткі, у тым ліку ў Гарадзенскім павеце. Пазьней Бекеш даслужыўся да пасады ваяводы.

Відаць, яшчэ ў Сяміградьдзі Бекеш далучыўся да антытрынітарызму, бо ў Рэч Паспалітую ён прыехаў ужо перакананым арыянінам (антытрынітарыям), а ужо тут стаў атэістам.

Памёр у Горадні. Ніводная царква не пагадзілася, каб Бекеша як атэіста хавалі на могілках. Тады па загадзе караля нябожчыка перавезьлі ў Вільню і пахавалі на Лысай гары, якая у далейшым атрымала назоў «гара Бекеша».

У сваім тэстамэнце Бекеш загадаў напісаць на яго надмагільлі наступныя радкі: «Усё сам маю: ня веру ў Бога, ня прагну яго неба, не баюся пекла, не спадзяюся на ягоную міласэрнасьць і ня вызнаю ягоны суд. Я ня маю грахоў, і нікому я ні ў чым ня вінны. Заўжды я спадзяваўся на сябе і ў жыцьці быў працавіты. Мяне не клапоціць лёс майго цела і яшчэ меней лёс маёй душы. Яна памерла разам са мною, і я гэта сьмела сьцвярджаю. У мяне ня будзе працы, якую прыдумалі сабе іншыя: пасьля ўваскрасеньня зь мёртвых шукаць свае душы».




#Article 137: Стэфан Баторы (512 words)


Стэ́фан Бато́ры (, , ; 27 верасьня 1533, Жыладзішомльё ў Трансыльваніі, цяпер Шымлеў-Сылваніэй, Румынія — 12 сьнежня 1586, Горадня) — кароль польскі і вялікі князь літоўскі (1576—1586), князь трансыльванскі (1571—1576).

Паходзіў са знакамітага вугорскага роду Баторых, зь лініі Шомліа (). Сын сямігародзкага (трансыльванскага) князя Стэфана IV. Муж Ганны Ягелонкі, дачкі Жыгімонта I.

З 15 гадоў знаходзіўся на вайсковай службе ў караля Чэхіі і Вугоршчыны Фэрдынанда. Разам зь ім быў у Італіі, навучаўся ў Падуі.

Служыў у сямігродзкага князя Януша Зыгмунда Запольі, быў паслом пры імпэратары Максыміліяне Другім. Пасьля разрыву адносінаў паміж гэтымі краінамі немцы тры гады трымалі яго закладнікам.

Пасьля сьмерці Я. З. Запольі ў 1571 зрабіўся князем Сямігродзя. Калі кароль польскі і вялікі князь літоўскі Генрык Валезы ўцёк у Францыю, Стэфан Баторы выставіў сваю кандыдатуру на трон Рэчы Паспалітай і быў абраны ў сьнежні 1575 году, каранаваны 1 траўня 1576 году. З чэрвеня 1576 году — вялікі князь літоўскі.

Граматай ад 29 ліпеня 1579 вызнаў, што Каралеўства Польскае і Вялікае Княства Літоўскае зьяўляюцца раўнапраўнымі дзяржавамі ў складзе фэдэратыўнай дзяржавы, таксама абавязаўся захоўваць самастойнасьць ВКЛ, пашыраць яго межы, не прызначаць літоўскімі вайскаводамі палякаў, агульныя соймы склікаць паводле чаргі, то ў Вялікім Княстве, то ў Кароне.

Прывілеем ад 1 красавіка 1579 пераўтварыў Віленскі езуіцкі калегіюм ў акадэмію. Таксама выдаў дазволы на заснаваньне езуіцкіх калегіюмаў у Полацку (1581), Рызе (1580) і Дорпаце (1584). Яму належыць ініцыятыва адкрыцьця езуіцкага калегіюму ў Горадні.

Імкнуўся да мірнага разьвязваньня ідэалягічных канфліктаў. Падтрымліваў сяброўскі адносіны з ваяводам і вальнадумцам Каспарам Бекешам.

Сваю рэзыдэнцыю Стэфан Баторы трымаў у Горадні, у Старым замку. Тут ён прыймаў пасольствы маскоўскае (1581), ангельскае (1584), правёў раду сэнатараў для разгляду дамаганьняў Швэцыі (1582). Месьцічам надаў пэўныя палёгкі, выдаў прывілей для саборнай Прачысьценскай царквы. Пры ім у Горадні праходзіў кожны трэці сойм.

Як кароль Польшчы пайшоў на значныя саступкі шляхце, падтрымваў езуітаў. Замест каралеўскага суду як найвышэйшай судовай інстанцыі зацьвердзіў шляхецкія выбарныя трыбуналы. За ягоным кіраваньнем польскі ўрад зрабіў спробу зьнішчыць Запароскую Сеч. У красавіку 1578 выйшаў каралеўскі ўнівэрсал, які забараняў пускаць запарожцаў «на воласьць» і гандляваць зь Сеччу зброяю і порахам. У верасьні-сьнежні 1578, рыхтуючыся да вайны з Маскоўскаю дзяржаваю і намагаючыся выкарыстаць у ёй казацтва, Стэфан Баторы павялічыў колькасьць рэестравых казакаў да 500 чалавек, а ў 1583 — да 600 чалавек і надаў ім шэраг прывілеяў.

У 1579—1582 Рэч Паспалітая брала ўдзел у Лівонскай вайне 1558—1583. У выніку складаных манэўраваньняў атрымаў шэраг перамог над расейскімі войскам, вярнуў Полацак і захапіў Вялікія Лукі. Аблога Пскова скончылася безвынікова, аднак паскорыла складаньне Ям-Запольскага міру. Пасьля складаньня перамір’я Інфлянты адыйшлі да Рэчы Паспалітай.

Мудры палітык, выдатны дзяржаўны дзяяч і здольны военачальнік, Стэфан Баторы зрабіў значны ўнёсак ва ўмацаваньне Рэчы Паспалітай, спрыяў падняцьцю ейнага аўтарытэту ў Эўропе.

Памёр у Горадні падчас падрыхтоўкі наступнае вайны з Масквой. У зьвязку з тым, што паміж прыдворнымі мэдыкамі ўзьнікла спрэчка пра прычыны яго сьмерці, 14 сьнежня 1586 году ў Горадні правялі першае на тэрыторыі Ўсходняй Эўропы анатамаваньне ягоных парэшткаў.

Адна з цэнтральных вуліцаў Горадні носіць імя Стэфана Баторага.

Некаторыя легенды, якія распаўсюдзіліся на тэрыторыі Беларусі, сьцьвярджаюць тое, што Стэфан Баторы даваў найменьні беларускім паселішчам. У тым ліку, напрыклад, вёскам Саланое і Мільча, якія знаходзяцца ў Вялейскім раёне Менскай вобласьці.




#Article 138: Міхал Казімер Агінскі (563 words)


Міхал Казімер Агінскі (1730 — 31 траўня 1800, Варшава) — дзяржаўны і вайсковы дзяяч Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай; кампазытар, паэт і мэцэнат. Чашнік вялікі (1744—1748), генэрал-маёр войска Вялікага Княства Літоўскага і пісар польны (1748—1764), ваявода віленскі (1764—1768), гетман вялікі (1768—1793).

Быў старостам слонімскім. Кавалер ордэнаў Сьвятога Станіслава (1765), Белага Арла, расейскіх Андрэя Першазваннага і Аляксандра Неўскага, прускага Чорнага Арла.

Міхал Казімер Агінскі — ініцыятар і фундатар будаваньня Агінскага канала.

Прадстаўнік старэйшай княскай лініі роду Агінскіх: ягоны бацька, Юзэф, быў ваяводам троцкім; маці, Ганна, — з роду магнатаў Вішнявецкіх.

Рана страціў бацьку, спачатку гадаваўся пад апякунствам дзеда — гетмана Вішнявецкага, пазьней пад наглядам віцебскага ваяводы Марцыяна Міхала Агінскага, і, урэшце, канцлерам Міхалам Фрыдэрыкам Чартарыйскім. Вядома, што ён вывучаў музыку і жывапіс, меў здольнасьці да мастацтва. Пазьней талент Агінскага ўхваліць у сваіх мэмуарах францускі літаратар і энцыкляпэдыст Дэні Дыдро і папросіць яго напісаць артыкул «Арфа» для францускай «Энцыкляпэдыі».

У 1744 атрымаў урад чашніка вялікага, у 1748 — пісара польнага літоўскага. Абіраўся паслом на соймы ад Пінскага (1746) і Старадубскага паветаў (1748). У 1748—1764 быў генэрал-маёрам войска Вялікага Княства Літоўскага.

У 1754—1761 знаходзіўся ў Францыі, служыў у войску. Ажаніўся з дачкою канцлера вялікага літоўскага Міхала Фрыдэрыка Чартарыйскага Аляксандрай, атрымаў Слонімскую эканомію. Жыў у Пецярбургу, разглядаўся як адзін з кандыдатаў на сталец Рэчы Паспалітай.

У 1764 атрымаў урад выяводы віленскага і стаў адным з кандыдатаў на сталец ад Расейскай імпэрыі. Быў сябрам Вайсковай Камісіі Вялікага Княства Літоўскага ў 1764. Браў удзел у Радамскай канфэдэрацыі (1767).

У 1768 стаў вялікім гетманам літоўскім. У 1771 перайшоў на бок Барскай канфэдэрацыі, аднак пацярпеў паразу ад Суворава ў бітве пад Сталовічамі. Эміграваў, жыў у Вене і Парыжы. Тамака здабыў сабе вядомасьць як музыка.

У 1775 атрымаў амністыю і вярнуўся ў Слонім, дзе заснаваў шэраг мануфактураў, друкарню, тэатар, капэлу, балетную школу і знакаміты Агінскі канал, які злучаў басэйны Балтыйскага і Чорнага мораў. Праз палескія балоты намаганьнямі князя былі адноўленыя пракладзеныя раней два гасьцінцы, што злучылі Пінск са Слонімам і Валыньню. Адчыненая балетная школа мела назву «Дэпартамент балетных дзяцей», у якой акрамя танцаў вучылі чытаньню і пісьму дзяцей прыгонных сялянаў. Для свайго тэатра гетман уласнаручна напісаў чатыры опэры.

У 1781 прызначаны намесьнікам Літоўскай правінцыі.

У 1782 зноў выехаў за мяжу, быў у Бэрліне, Брусэлі, Амстэрдаме, потым у Ангельшчыне. Прасіў дапамогі ў прускага караля Фрыдрыха Вільгельма II, каб вярнуць канфіскаваныя маёнткі ў Расейскай імпэрыі.

У часе Чатырохгадовага Сойму далучыўся да патрыятычных колаў. Аднак у 1791 перадаў амаль усе свае маёнткі далёкаму сваяку Міхалу Клеафасу Агінскаму з умовай, што той выплаціць ягоныя пазыкі, і адыйшоў ад палітычнай дзейнасьці.

Па скасаваньні Канстытуцыі 3 траўня адмовіўся ад гетманскай булавы, выехаў у Вену. Падчас паўстаньня Касьцюшкі знаходзіўся ў Вільні. У 1795 годзе прысягнуў на вернасьць Кацярыне II. Будучы цяжка хворым, па-ранейшаму займаўся музыкай і наладзіў сяброўства з Францам Ёзэфам Гайднам. У канцы 1795 пераехаў у Варшаву, дзе і памёр.

Выявіў здольнасьці музыкі-віртуоза, аўтар палянэзаў, опэраў і песень на ўласныя вершы. Пад псэўданімам «Słonimski» напісаў шэраг літаратурных твораў. Для ўласнага тэатру ў Слоніме напісаў опэры «Цыганы», «Елісейскія палі», «Сілы сьвету», «Становішча станаў». Выдатна выконваў на розных інструмэнтах свае скрыпічныя і іншыя музычныя творы, за што сярод сучасьнікаў атрымаў мянушку «гетман-клярнэт».

Выдаў паэтычныя зборнікі «Кніжка ў вялікую актаву» (; Львоў, 1781), «Гістарычныя і маральныя аповесьці» (; Варшава, 1782), «Байкі і ня-байкі» (; Варшава, 1788).

Як мэцэнат Міхал Казімер зрабіў багатыя ахвяраваньні для кляштару і касьцёла ў Сьмілавічах, а таксама заснаваў дабрачынны фонд для студэнтаў Віленскага ўнівэрсытэту.

Імя Міхала Казімера Агінскага носіць вуліца ў Слоніме.




#Article 139: Курапаты (4789 words)


Курапа́ты — лясны масіў на паўночным ускрайку Менску (Беларусь), дзе былі выяўленыя масавыя пахаваньні людзей, расстраляных НКВД у 1937—1941 гадох. Колькасьць ахвяраў на сёньняшні дзень дакладна невядомая і, паводле розных ацэнак, можа складаць: да 7 тысячаў чалавек (паводле Генэральнага пракурора Беларусі А. Бажэлкі), ня менш за 30 тысячаў чалавек (паводле Генэральнага пракурора БССР Г. Тарнаўскага), да 100 тысячаў чалавек (паводле даведніка «Беларусь»), ад 102 да 250 тысячаў чалавек (паводле артыкула Зянона Пазьняка ў газэце «Літаратура і мастацтва»), 250 тысячаў чалавек (паводле прафэсара Ўроцлаўскага ўнівэрсытэту Зьдзіслава Віньніцкага) і болей (паводле брытанскага гісторыка Нормана Дэвіса).

З 1993 году ўрочышча Курапаты занесенае ў Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь як месца пахаваньняў ахвяраў палітычных рэпрэсіяў 1930—1940-х гадоў. Курапаты маюць статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці першай катэгорыі, што паводле Закону Рэспублікі Беларусь «Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны» адпавядае катэгорыі «найбольш унікальных каштоўнасьцяў, духоўныя, эстэтычныя і дакумэнтальныя вартасьці якіх уяўляюць міжнародную цікавасьць».

Зьяўляюцца найбольш вядомым сярод прынамсі васьмі месцаў масавых расстрэлаў, якія ажыцьцяўляў НКВД на тэрыторыі Менску.

Пасьля зьяўленьня артыкула былі праведзеныя першыя павярхоўныя раскопкі і выяўлены факт таемнага масавага пахаваньня людзей каля вёскі Цна-Ёдкава. Пасьля гэтага пахаваньне атрымала сусьветную вядомасьць пад назвай «Урочышча Курапаты».

Да зьяўленьня згаданага артыкула ў 1988 годзе рэшткі расстраляных людзей былі выяўленыя прарабам будаўніча-мантажнай управы трэсту «Белспэцмантаж» Аляксандрам Пятровічам Шляхціным падчас пракладкі газапроваду праз урочышча Курапаты. Аднак начальства Шляхціна загадала закапаць парэшткі, а на звароты ў міліцыю рэакцыі па сутнасьці не было.

На падставе надрукаванага артыкула 14 чэрвеня 1988 году Пракуратурай БССР была заведзеная крымінальная справа. Падчас сьледзтва на тэрыторыі каля 30 гектараў былі выяўленыя 510 пахаваньняў памерамі 2×3, 3×3, 4×4, 6×8 мэтраў і большыя. Падчас выбарачнай эксгумацыі былі выяўленыя чалавечыя парэшткі (313 чарапоў, косткі шкілетаў, 340 зубных пратэзаў з жоўтага і белага мэталяў), асабістыя рэчы (грабянцы, зубныя шчоткі, мыльніцы, гаманцы, абутак, рэшткі вопраткі), а таксама 177 гільзаў і 28 куляў. 164 рэвальвэрныя гільзы і 21 куля стрэляныя з рэвальвэра сыстэмы «Наган», 1 гільза — зь пісталета «ТТ» — штатнай зброі супрацоўнікаў НКВД. Таксама былі знойдзеныя некалькі стрэляных гільзаў зь пісталетаў сыстэмаў «Браўнінг» і «Вальтэр», зброя гэтых сыстэмаў выпускалася ў тым ліку і да 1941 году, нярэдка такой зброяй узнагароджваўся кіроўны склад НКВД. 55 сьведак зь вёсак Цна-Ёдкава, Падбалоцьце, Дроздава засьведчылі, што ў 1937—1941 гадох супрацоўнікі НКВД прывозілі ў Курапаты людзей на закрытых машынах і расстрэльвалі іх. Таксама існуюць сьведчаньні і супрацоўнікаў НКВД, што ва ўрочышчы праводзіліся расстрэлы.

Першае сьледзтва па факце масавых расстрэлаў скончылася ў лістападзе 1988 году і вызначыла колькасьць забітых у ня менш за 30 тысячаў чалавек. Лічба была агучаная Генэральным пракурорам БССР Георгіем Тарнаўскім. Пасьля сканчэньня сьледчых дзеяньняў Генэральнай пракуратурай БССР была абнародаваная пастанова пра спыненьне крымінальнай справы, датычнай Курапатаў: «…Дакладна даказана, што расстрэлы пакараных ажыцьцяўляліся супрацоўнікамі камэндатуры НКУС БССР… Беручы пад увагу, што вінаватыя ў гэтых рэпрэсіях кіраўнікі НКВД БССР і іншыя асобы прыгавораныя да сьмертнага пакараньня або да гэтага часу памерлі, на падставе вышэйзгаданага, кіруючыся арт. 208, п. 1 і арт. 5 п. 8 КПК БССР, крымінальная справа, заведзеная па факце выяўленьня пахаваньняў у лясным масіве Курапаты, спыненая. Знойдзеныя падчас эксгумацыі пахаваньняў прадметы вопраткі, абутку і да т. п. як рэчы, што ня маюць каштоўнасьці, зьнішчыць».

Апублікаваньне вынікаў сьледзтва пра ажыцьцяўленьне расстрэлаў супрацоўнікамі НКВД выклікала хвалю абурэньня вэтэранаў Другой сусьветнай вайны і іншых нязгодных з вынікамі сьледзтва людзей, якія напісалі шэраг лістоў у ЦК КПСС у Маскву пра магчымыя фальсыфікацыі вынікаў расьсьледаваньняў. Камісіі з Генэральнай пракуратуры СССР двойчы прыяжджалі для праверкі фактаў правядзеньня расстрэлаў органамі НКВД і знаходзілі ім пацьверджаньне.

Цягам 1990-х гадоў сьледзтва па справе некалькі разоў узнаўлялася. Зьявіліся сьцьверджаньні, што расстрэлы былі арганізаваныя нямецкімі захопнікамі падчас Вялікай Айчыннай вайны, але ўсе яны былі аспрэчаныя пазьней.

У падтрымку вэрсіяў пра «нямецкі сьлед» была ўтвораная грамадзкая камісія па расьсьледаваньні злачынстваў у Курапатах пад кіраўніцтвам Корзуна, якая ў чэрвені 1991 году накіравала ў пракуратуру СССР сабраныя ёю матэрыялы, якія нібыта даказвалі, што ў Курапатах знаходзяцца рэшткі ахвяраў нямецкіх захопнікаў. Аднак факты, выкладзеныя ў звароце грамадзкай камісіі, не знайшлі пацьверджаньня. У лютым 1992 году на патрабаваньне грамадзкай камісіі сьледзтва было ўзноўленае зноў, але па выніках працы яно пацьвердзіла высновы дзяржаўнай камісіі.

У 1993 годзе грамадзкая камісія ў чарговы раз зьвярнулася ў Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь з прапановай перагледзець высновы дзяржаўнай камісіі пры расьсьледаваньні падзеяў у Курапатах, у выніку чаго было праведзенае яшчэ адно расьсьледаваньне. Сярод іншых разглядалася вэрсія расстрэлаў габрэяў нямецкімі захопнікамі. У мэтах праверкі гэтай вэрсіі былі зробленыя запыты ў ерусалімскі Інстытут Галакосту «Яд ва-Шэм», дзе сабраная найбольш поўная інфармацыя пра рэпрэсіі ў дачыненьні да габрэяў. У якасьці месцаў расстрэлу габрэйскага насельніцтва Менск, Дразды, Масюкоўшчына, Курапаты, Цна-Ёдкава, Зялёны Луг ня значыліся. Таксама не было зьвестак пра расстрэлы ў Курапатах і ў нямецкіх архівах. Паводле высноваў нямецкіх экспэртаў мэтад пахаваньняў у Курапатах не зьяўляецца гітлераўскім: тыя звычайна капалі вялікія магілы — да 50—60 мэтраў у даўжыню, у ахвяраў пры гэтым забіралі вопратку і асабістыя рэчы, здымалі залатыя каронкі.

У сярэдзіне 1990-х гадоў генэральны пракурор Беларусі Алег Бажэлка заявіў, што ў выніку новага расьсьледаваньня выяўлена, што ў Курапатах загінулі ня больш за 7 тысячаў чалавек.

У 1998 годзе было прынятае рашэньне пра пачатак новага, чацьвертага расьсьледаваньня, якое праводзілася з мэтай праверкі высноваў папярэдніх камісіяў. Расьсьледаваньне было даручанае старэйшаму памочніку вайсковага пракурора Беларусі Віктару Сомаву. Разьбіральніцтва скончылася ў 1999 годзе. Яно пацьвердзіла, што масавыя расстрэлы ў Курапатах зьдзяйсьняліся органамі НКВД з другой паловы 1930-хгадоў да пачатку савецка-нямецкай вайны 1941—1945 гадоў. Вэрсія пра расстрэлы насельніцтва нямецкімі захопнікамі зноў не знайшла пацьверджаньня. Падчас сьледзтва было выяўленае найбуйнейшае з усіх знойдзеных у Курапатах пахаваньняў, дзе былі рэшткі больш за 300 чалавек. Упершыню за ўсю гісторыю раскопак у Курапатах былі знойдзеныя рэчавыя доказы з канкрэтнымі датамі і прозьвішчамі, якія сьведчылі пра тое, што расстрэлы ажыцьцяўляліся да вайны. У пахаваньні N30 былі знойдзеныя турэмныя квітанцыі пра адабраньне каштоўных рэчаў падчас арышту, якія былі выдадзеныя 10 чэрвеня 1940 году Моўшы Крамэру і Мардыхаю Шулескесу.

Тым ня менш, паводле кандыдата гістарычных навук Андрэя Мяцельскага, апошняе дасьледаваньне Курапатаў, праведзенае ў 1997 годзе гісторыкамі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, супрацоўнікамі пракуратуры, КДБ і грамадзкасьці, па выніках якога была прынятая адзінагалосная выснова пра тое, што расстрэлы ў Курапатах ажыцьцяўляў НКВД, не атрымала адпаведнай публічнасьці. Мяцельскаму давялося бачыць ліст з Генпракуратуры ў Адміністрацыю прэзыдэнта Беларусі з прапановай «матэрыялы сьледзтва не абнародаваць і да ведама грамадзкасьці не даводзіць».

Колькасьць ахвяраў у Курапатах дакладна ня высьветленая: архівы КДБ Беларусі, датычныя Курапатаў, зьяўляюцца засакрэчанымі. Існуюць розныя вэрсіі і ацэнкі.

У артыкуле «Шумяць над магілай сосны…» Зянона Пазьняка, надрукаванага ў газэце «Літаратура і мастацтва» 16 верасьня 1988 году, пасьля правядзеньня ўласных раскопак і дасьледаваньняў аўтар робіць выснову, што колькасьць ахвяраў можа складаць 102 тысячы чалавек. Пазьняк зазначае, што сапраўдная лічба пахаваных у Курапатах можа дасягаць 220—250 тысячаў чалавек, бо існуюць магілы, большыя па памерах за дасьледаваныя, а таксама мноства магілаў зьнікла падчас пракладаньня Менскай кальцавой дарогі ў канцы 1950-х — пачатку 1960-х гадоў і газатрасы і высечкі лесу вакол яе ў сакавіку-траўні 1988 году, а таксама, магчыма, у час высечкі і пасадкі лесу на гэтым месцы ў 1940-х гадох. Раскопкі, праведзеныя ў ліпені 1988 году, на аснове якіх рабілася гэтая ацэнка колькасьці ахвяраў, зьяўляюцца першай вядомай эксгумацыяй у Курапатах. Разам з гэтым дасьледчыкі ў сваёй справаздачы зьвяртаюць увагу на тое, што да гэтых раскопак у Курапатах ужо праводзілася эксгумацыя і пэўныя часткі пахаваньняў ужо былі выбраныя, што выяўляецца ў значным разыходжаньні паміж колькасьцю знойдзеных чарапоў і колькасьцю выяўленых параў сьцегнавых касьцей. Пры папярэдняй эксгумацыі зь ямаў быў выбраны значны аб’ём пахавальнага пласта нябожчыкаў, але пахаваньні былі засыпаныя ў недастатковай ступені малой колькасьцю грунту, у выніку ўсе 510 выяўленых магілаў мелі западзіны глыбінёй ад 0,18 да 0,65 м ад лініі краёў магілы. Паводле меркаваньня Пазьняка, частка трупаў магла быць выбраная з Курапатаў пасьля загаду вышэйшага кіраўніцтва СССР у 1940-х — 1950-х гадох, калі выпадак расстрэлаў польскіх афіцэраў у Катыні органамі НКВД атрымаў вядомасьць.

Першае сьледзтва па факце масавых расстрэлаў скончылася ў лістападзе 1988 году, і па яго выніках Генэральны пракурор БССР Г. Тарнаўскі паведаміў, што ў Курапатах пахаваныя ня менш за 30 тысячаў чалавек. Да такой самай лічбы можна прыйсьці, аналізуючы вынікі комплекснай судова-мэдычнай і крыміналістычнай экспэртызы, якая выявіла, што ў 6 дасьледаваных пахаваньнях былі знойдзеныя рэшткі ня менш за 356 чалавек. Улічваючы, што колькасьць пахаваньняў складае 510, можна зрабіць выснову, што колькасьць пахаваных у Курапатах людзей складае ня менш за 30 тысячаў чалавек.

Паводле даведніка «Беларусь», выдадзенага ў 1995 годзе, колькасьць ахвяраў складала да 100 тысячаў чалавек.

У сярэдзіне Генэральны пракурор Беларусі Алег Бажэлка на падставе новага расьсьледаваньня 1997—1998 гадоў, падчас якога былі праведзеныя раскопкі 23 меркаваных месцаў пахаваньняў, і толькі ў 9 зь іх выяўленыя чалавечыя парэшткі, зрабіў заяву, што ў Курапатах пахаваныя ня больш за 7 тысячаў чалавек.

Прафэсар Уроцлаўскага ўнівэрсытэту Зьдзіслаў Віньніцкі сьцьвярджае, што колькасьць ахвяраў у Курапатах складае 250 тысячаў чалавек. Брытанскі гісторык Норман Дэвіс адзначае, што ахвяраў можа быць нават больш.

Пра сацыяльнае і нацыянальнае паходжаньне расстраляных можна меркаваць толькі па выніках праведзеных дасьледаваньняў.

З вынікаў раскопак 1988 году вядома, што ўсе пахаваныя належалі да цывільнага насельніцтва. Пахаваныя характарызуюцца розным бытавым узроўнем, але большасьць пахаваных належала да ніжэйшых дэмакратычных пластоў насельніцтва (рабочыя, сяляне, дробныя службоўцы, вясковая інтэлігенцыя). Сярод пахаваных таксама былі выяўленыя прадстаўнікі інтэлігенцыі і жанчыны.

Выяўлена, што пахаваныя паходзілі з розных мясьцінаў Беларусі. Значная частка пахаваных была з Заходняй Беларусі, далучанай да БССР ў 1939 годзе. У пэўных дасьледаваных магілах былі выяўленыя рэшткі адзеньня і абутку савецкай вытворчасьці, у іншых — заходняй, таксама быў знойдзены абутак вытворчасьці краінаў Прыбалтыкі. У адной з магілаў значная колькасьць абутку была самаробнай.

Разам з тым пацьверджана, што, апроч беларусаў, сярод забітых у Курапатах былі таксама польскія грамадзяне. Падчас аднаго з дасьледаваньняў у Курапатах быў знойдзены мужчынскі грэбень, з аднаго боку якога на польскай мове было напісана «Цяжкія хвіліны вязьня. Менск 25 04.1940. Думка пра вас даводзіць мяне да шаленства» (), а зь іншага — «26 IV Расплакаўся — цяжкі дзень» ().

Дакладных зьвестак, адкуль паходзіць назва «Курапаты», няма. Да 1988 году на тапаграфічных мапах такая назва адсутнічае, урочышча называлася «Брод». Існуе вэрсія, што ўжо ў час расстрэлаў Курапатамі мясцовыя жыхары называлі невялікі ўчастак бору, які прыходзіўся на спусьцістую горку. Участак быў абнесены высокім, ня менш за 3 мэтры плотам, па версе якога быў працягнуты калючы дрот, а за самім плотам знаходзілася ахова з сабакамі.

Зянон Пазьняк, які разам зь Яўгенам Шмыгалёвым напісаў артыкул «Курапаты — дарога сьмерці», зазначае, што ня думаў, што гэтай назвай уводзіць новае слова ў беларускую мову і новы тэрмін у беларускую гісторыю. Пазьняк адзначае, што пачуў гэтае слова з вуснаў маладых хлопцаў, якія тлумачылі, што курапатамі называюцца белыя веснавыя кветкі, якія растуць у траўні на магілах ва ўрочышчы. Звычайна такія кветкі ў Беларусі называюцца белымі пралескамі.

Паводле іншага меркаваньня, курапатамі мясцовыя сяляне называлі палявыя кветкі.

У 1988 годзе ў Курапатах адбылася масавая антысавецкая дэманстрацыя і першае шэсьце да месца пахаваньняў пад лёзунгамі асуджэньня ідэяў сталінізму. Шэсьце было разагнанае ўнутранымі войскамі з ужываньнем сьлезацечнага газу, што выклікала рэакцыю абурэньня ў грамадзтве і падвысіла ступень увагі да Курапатаў.

З таго часу штогод ладзяцца шэсьці ў Курапаты з мэтай ушанаваньня памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў.

На Дзяды ў 1989 годзе ў Курапатах быў усталяваны сямімэтровы «Крыж Пакуты». Курапаты зрабіліся сымбалем барацьбы за незалежнасьць Беларусі, супраць камуністычнай ідэалёгіі. Палітызацыя праблемы стала адной з прычынаў, якія перашкаджаюць аб’ектыўнаму расьсьледаваньню і ацэнцы доказаў па гэтай справе.

У 1994 годзе ўрочышча Курапаты наведаў прэзыдэнт ЗША Біл Клінтан і падараваў мэмарыяльны знак «Ад народу ЗША народу Беларусі дзеля памяці» — гранітную лаўку, якая пазьней атрымала назву «лава Клінтана». Помнік неаднакроць быў разламаны невядомымі вандаламі, але кожнага разу аднаўляўся наноў. Таксама Курапаты наведаў прэзыдэнт Польшчы Лех Валэнса.

Да Дзядоў 2002 году мастак Аляксей Марачкін падрыхтаваў абраз «Маці Божай Курапацкай усіх нявінна расстраляных», які быў асьвечаны ў Курапатах 2 лістапада 2002 году. Арыгінал абраза быў падараваны Чырвонаму касьцёлу, а на Дзяды ў 2003 годзе ў Курапатах была ўсталяваная каплічка з рэпрадукцыяй абраза маці Божай Курапацкай. Каплічка была зробленая паводле эскізу Аляксея Марачкіна.

У канцы 2008 году прадстаўнікі грамадзкасьці накіравалі ў Адміністрацыю прэзыдэнта і Савет Міністраў Беларусі ліст з прапановай унесьці ўрочышча Курапаты ў Сьпіс сусьветнай культурнай і прыроднай спадчыны ЮНЭСКО. Ліст падпісалі старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч, старшыня Беларускай асацыяцыі ахвяраў палітычных рэпрэсіяў Зінаіда Тарасевіч і навуковы кіраўнік гісторыка-культурнай каштоўнасьці «Курапаты» Мая Кляшторная. У адказе на ліст Міністэрства культуры Беларусі адмовілася прадставіць Курапаты для ўнясеньня ў Сьпіс аб’ектаў сусьветнай спадчыны ЮНЭСКО на падставе Канвэнцыі ЮНЭСКО 2005 году. Антон Астаповіч адзначыў, што Канвэнцыя дапушчае ўключэньне ў Сьпіс сусьветнай спадчыны аб’ектаў, якія аказалі моцны ўплыў на гістарычнае разьвіцьцё, якім і зьяўляюцца Курапаты.

У верасьні 2010 году ўрочышча наведалі 127 польскіх матацыклістаў у межах прабегу «Катынскі шлях», які адбываўся на тэрыторыях Летувы, Беларусі, Украіны і Расеі. Разам зь імі Курапаты наведалі прадстаўнікі польскай амбасады і намесьнік міністра замежных справаў Беларусі Валер Варанецкі.

Новы штуршок у тэме Курапатаў адбыўся ў пачатку 2000-х гадоў, калі было прынятае рашэньне пра пашырэньне Менскай кальцавой аўтамабільнай дарогі зь дзьвюх палосаў руху да шасьці, пасьля чаго сытуацыя ў Курапатах абвастрылася. Варыянт дарогі ў абыход Курапатаў паводле праекту 1993 году быў адхілены. Узімку 2001—2002 году прадстаўнікі шэрагу дэмакратычных аб’яднаньняў арганізоўвалі мітынгі і дзяжурствы ва ўрочышчы, перашкаджаючы дарожным работам і вінавацячы ўлады ў намеры правесьці аўтадарогу непасрэдна праз пахаваньні. У выніку ў Курапаты дзеля разгону пратэстуючых былі сьцягнутыя сілы міліцыі, адбываліся сутычкі. Удзельнікі акцыяў пратэсту намагаліся недапушчэньня пашкоджаньня мэмарыялу будаўнічай тэхнікай. Таксама існавалі сьведчаньні, што Менская кальцавая аўтадарога першапачаткова ўжо была пабудаваная на месцы пахаваньняў. У сваю чаргу ўдзельнікі акцыяў пратэсту былі абвінавачаныя ў выкарыстаньні тэмы Курапатаў ў палітычных мэтах на падставе вынікаў археалягічных раскопак 1987, 1992 і 1998 гадоў, а таксама заключэньня Інстытуту гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, якія сьведчылі пра тое, што пахаваньні знаходзяцца ўбаку ад меркаванага маршруту дарогі і пачынаюцца за 75—80 мэтраў ад фронту будаўніцтва. На гэтай падставе ў Курапатах час ад часу адбываліся сутычкі ўдзельнікаў акцыі пратэсту з Атрадам міліцыі адмысловага прызначэньня (АМАП) МУС Беларусі.

Агулам ахова Курапатаў працягвалася зь верасьня 2001 году да ліпеня 2002 году. Ва ўрочышчы ўсталёўваліся новыя крыжы, пачаліся перамовы, кансультацыі. Да тэмы Курапатаў была прыцягнутая ўвага міжнароднай супольнасьці, праблема Курапатаў пачала шырэй асьвятляцца ў друку. У выніку Менская кальцавая дарога была пашыраная ў боку Курапатаў на пару дзясяткаў мэтраў, але пайшла іначай, чым плянавалася першапачаткова.

У канцы 2002 году Менскі раённы выканаўчы камітэт адвёў прылеглае да Курапатаў поле пад забудову катэджнага пасёлка пад назвай «Сонечны» ў непасрэднай блізкасьці ад месцаў масавых пахаваньняў. Будаўнічая кампанія, займаючыся адводам зямлі, не замаўляла праект ахоўных зонаў вакол Курапатаў і самастойна без дазволу вызначыла мяжу ахоўнай зоны па сваім праекце на адлегласьці 80 мэтраў ад Курапатаў, пасьля чаго былі пазначаныя межы будаўніцтва і завезеныя будаўнічыя матэрыялы. У сувязі з гэтым будаўніцтвам сярод грамадзкасьці ўзьнікла хваля абурэньня, прадстаўнікі Праектнага інстытуту самайстойна распрацавалі праект ахоўных зонаў, які пасьля прыкладаньня намаганьняў грамадзкасьці ў рэшце рэшт зацьвердзіла Навукова-мэтадычная Рада пры Камітэце аховы гістарычнай спадчыны і культурных каштоўнасьцяў у траўні 2003 году. У красавіку 2003 году старшыня Менскага аблвыканкаму Мікалай Дамашкевіч загадаў Менскаму райвыканкаму скасаваць дамову на арэнду зямлі пад будаўніцтва на тэрыторыі, прылеглай да Курапатаў. 28 красавіка 2003 году Выканкам Менскай вобласьці пастановай №308 абавязаў Дарожную рамонтна-будаўнічую ўправу №113 (ДРБУ-113) аднавіць Курапаты за кошт спагнаньня з таварыства з дадатковай адказнасьцю «ВігЭўраБуд». 13 траўня Выканкам Менскага раёну пастановай №383 скасаваў дамову зь «ВігЭўраБудам» аб будаўніцтве ў Курапатах катэджаў. У чэрвені 2003 году будаўніцтва спынілі, будаўнічую пляцоўку ліквідавалі, а ўсе матэрыялы вывезьлі. Зямля вакол Курапатаў была закансэрваваная да вызначэньня і зацьверджаньня Саветам Міністраў Беларусі ахоўнай зоны мэмарыялу.

Паводле праекту ахоўных зонаў, распрацаванага ў 2002 годзе, шырыня ахоўнай зоны складала ад 200 да 500 мэтраў вакол Курапатаў. У 2004 годзе Міністэрства культуры Беларусі прыняла пастанову пад назвай «Аб зонах аховы матэрыяльнай нерухомай гісторыка культурнай каштоўнасьці — Месца згубы ахвяраў палітычных рэпрэсіяў 1930-40 гадоў ва ўрочышчы Курапаты», якая скарачала шырыню ахоўнай зоны да 110—250 мэтраў. Скарачэньне ахоўнай зоны тлумачылася адсутнасьцю нарматыўнага дакумэнту ў справе мэмарыялізацыі Курапатаў.

У сувязі з будаўніцтвам забаўляльнага цэнтру «Бульбаш-хол» у ахоўнай зоне непасрэдна за 50 мэтраў ад мэмарыялу Курапаты, праваабаронцы і грамадзкія актывісты, удзельнікі круглага стала «Абаронім Курапаты» накіравалі зварот у дзяржорганы аб недапушчальнасьці згаданага будаўніцтва. 25 лістапада 2012 году актывісты атрымалі адказ зь Міністэрства культуры, дзе сьцьвярджалася пра выяўленыя парушэньні пры будаўніцтве і далейшае спыненьне будаўніцтва. 27 лістапада таго ж году адпаведнае прадпісаньне выдала й Генэральная пракуратура Рэспублікі Беларусь. Аднак 1 сьнежня 2014 году Міністэрства культуры скараціла ахоўную зону Курапатаў са 120 да 50 мэтраў, і будаўніцтва забаўляльнага цэнтру было ўзаконенае, а знос пабудоваў так і не адбыўся. Далейшыя пратэсты грамадзкасьці і звароты ў суд і пракуратуру плёну не прынесьлі. Дзяяч беларускай палітычнай эміграцыі Зянон Пазьняк ахарактаразаваў згаданае будаўніцтва і паводзіны ўладаў як «абразу нацыянальнага гонару і зьнічтажэньне нацыянальнай сьвятыні». Палітык адзначыў, што нельга ладзіць «канкан на труне».

У чэрвені 2018 году ў будынках «Бульбаш-холу» адкрылася рэстарацыя пад іншай назвай. Грамадзкасьць распачала пратэсты. Паводле стану на 19 чэрвеня 2018 году на пікетоўцаў рэстарацыі было складзена больш за 40 пратаколаў аб адміністрацыйных правапарушэньнях. Напрыканцы кастрычніка 2018 году стала вядома, што ўладальнікі рэстарацыі падалі заяву ў міліцыю аб завядзеньні крымінальнай справы супраць абаронцаў Курапатаў.

У сьнежні 2018 году стала вядома, што расейскі забаўляльны тэлеканал рабіў здымкі перадачы ў гэтай рэстарацыі.

Паводле стану на 21 студзеня 2019 году, пікетаваньне рэстарацыі адбываецца штодзённа.

Раніцай 4 красавіка 2019 году ва ўрочышчы Курапаты на мяжы з рэстарацыяй паводле рашэньня ўладаў дэмантавалі драўляныя крыжы, якія раней актывісты ўсталявалі на знак памяці ахвяраў сталінскіх расстрэлаў. Былі зьнесеныя 70 крыжоў. 15 актывістаў затрыманыя міліцыяй. Дырэктар Бараўлянскага спэцлясгасу Аляксандар Мірановіч пракамэнтаваў падзеі ў Курапатах дзяржаўнаму агенцтву БелТА, назваўшы крыжы «незаконнымі збудаваньнямі», якія дэмантуюць у межах «другога этапу добраўпарадкавання» тэрыторыі ўрочышча. Пасьля зносу крыжоў прыкладна на іх месцы пачалося ўсталяваньне агароджы паміж урочышчам і рэстарацыяй, а таксама ўздоўж шашы. Разгубленасьць, боль і трывогу з нагоды зносу крыжоў у Курапатах выказаў дэпутат палаты прадстаўнікоў Валеры Варанецкі. Прэс-сакратар Лукашэнкі Натальля Эйсмант з нагоды зносу крыжоў адзначыла: «Падчас Вялікай размовы кіраўніком дзяржавы было абяцана, што ў Курапатах будзе наведзены парадак, даручэньне заняцца гэтым было дадзенае адпаведным ведамствам.».

У лютым 2017 году журналісты «Радыё Свабода» выявілі, што ля Курапатаў скарацілі ахоўную зону, каб на яе месцы пабудаваць бізнэс-цэнтар. Зьмяненьне межаў было зацьверджанае пастановай Міністэрства культуры №70 ад 1 сьнежня 2014 году. Будаўніцтва бізнэс-цэнтру на былой ахоўнай зоне Курапатаў пачала кампанія «Белрэканструкцыя», а замоўнік будаўніцтва — кампанія «Кіпрэканструкцыя». Паводле інфармацыі парталу 1863x.com, галоўны ініцыятар згаданага будаўніцтва ля Курапатаў — адзін з самых багатых людзей Беларусі Ігар Анішчанка. Мясцовыя жыхары і актывісты «Маладога фронту» распачалі акцыю па спыненьні будоўлі. Актывісты паставілі намёт. Па стане на 21 лютага 2017 году супрацьстаяньне актывістаў і будаўнікоў працягвалася. Да акцыі далучыўся Алесь Лагвінец. 22 лютага каля 13:00 міліцыяй быў затрыманы актывіст «Маладога фронту» Павал Старавойтаў. Паводле інфармацыі лідэра актывістаў Зьмітра Дашкевіча, супрацоўнікі міліцыі склалі некалькі адміністрацыйных пратаколаў у дачыненьні да актывістаў за блякаваньне будаўнічай тэхнікі. Каля 3-й гадзіны ночы на 23 лютага на актывістаў, якія трымалі вахту пратэсту на будоўлі ля мэмарыяльнага комплексу «Курапаты», напалі паўтара дзясятка невядомых у масках і з завостранымі драўлянымі палкамі. Нападнікі выкрыквалі «Слава Расеі!» і «Белая раса!». Больш за ўсіх пацярпеў ад нападу Алесь Кіркевіч. Яго ўдарылі драўлянай бітай па скроні, з галавы ішла кроў. У іншых няма сур’ёзных пашкоджаньняў. Актывіст Юрась Лукашэвіч паехаў у міліцыю пісаць заяву. Міліцыянт, які быў на пляцоўцы ўночы, некуды адышоў за гадзіну-дзьве да нападу, пасьля бойкі міліцыя прыехала, апытала актывістаў і зьехала. Па інфармацыі аднаго з абаронцаў лягера Паўла Вінаградава, раніцай лягер ля будоўлі быў адноўлены. Таксама раніцай на месца пратэсту прыехалі старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч і лідэр «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч. На 18:00 23 лютага быў анансаваны вялікі сход мясцовых жыхароў супраць будоўлі. Павел Вінаградаў запэўніў, што праз напад скасоўваць сход ня будуць. На той момант на актывістаў склалі сумарна 6 адміністрацыйных пратаколаў . На вечар 23 лютага жыхары сабралі 600 подпісаў пад зваротам супраць будоўлі. Паперу накіравалі ў пракуратуру і Палату прадстаўнікоў. Лягер пратэстоўцаў павялічыўся, стаяць ужо два наметы. На зборы прысутнічала прыкладна паўсотні чалавек разам з журналістамі. Сярод прысутных — Павал Севярынец, Зьміцер Дашкевіч, Алесь Кіркевіч, Алесь Лагвінец, Аляксей Янукевіч, Антон Матолька. Актывісты паведамілі, што заява ў міліцыю наконт начнога нападу прынятая. На 18:15 сабралася ўжо блізу сотні жыхароў. Паводле Зьмітра Дашкевіча, абарона Курапатаў ад будаўніцтва будзе працягвацца .

У гэты ж дзень у рэдакцыі афіцыйнай газэты Адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі «СБ. Беларусь сегодня» прайшоў круглы стол, прысьвечаны Курапатам. Удзельнікі круглага стала адзначылі, што Курапаты павінныя стаць месцам нацыянальнага яднаньня беларусаў.

На 26 лютага каля будаўнічай пляцоўкі стаялі шэсьць намётаў. Адзін зь іх ператвораны ў прадуктовы склад. Жыхары сталіцы з сымпатыяй паставіліся да пратэстоўцаў, нясуць актывістам ежу і пітво.

Раніцай 27 лютага будаўнікі сыйшлі з будаўнічай пляцоўкі. Актывісты віталі іх воплескамі. 27 лютага Камісія па разглядзе вынікаў грамадзкіх слуханьняў у адміністрацыі Першамайскага раёну ў складзе 15 чалавек сышла з залі, сарваўшы пасяджэньне, на якім павінныя былі быць перагледжаныя вынікі грамадзкіх слуханьняў у справе будоўлі каля Курапатаў. Апроч прадстаўнікоў камісіі, у залю прыйшлі каля 30 мясцовых жыхароў і прадстаўнікоў грамадзкасьці, сярод якіх Аляксей Янукевіч, Юры Беленькі, Павал Севярынец. Намесьнік адміністрацыі раёну Васіль Касавец адмовіўся пачынаць паседжаньне, пакуль там шмат людзей. Пазьней Камісія па разглядзе вынікаў грамадзкіх слуханьняў зацьвердзіла зьмены, паводле якіх канфліктная пляцоўка, дзе нядаўна пачалося будаўніцтва бізнэс-цэнтру, не ўваходзіць у ахоўную зону. Прадстаўнік «Мінскграда» прадставіў плян, спыніўшыся на некаторых аб’ектах, якія знаходзяцца ў Першамайскім раёне — установе аховы здароўя і паркоўках. Пра будаўніцтва бізнэс-цэнтру нічога не было сказана. 9 чалавек прагаласавалі «за», 1 — «супраць», 1 — устрымаўся. Такім чынам, дэталёвы плян быў зацьверджаны. У адказ на «слуханьні» ў адміністрацыі Першамайскага раёну ўвечары 27 лютага актывісты зладзілі мітынг. На сайце kurapaty.by пачаўся збор сродкаў на падтрымку лягера.

Раніцай 1 сакавіка праціўнікаў будоўлі каля Курапатаў у складзе Марат Гаравы (ад экспэртаў), Юры Сьцепанішчаў (ад мясцовых жыхароў), Аляксей Янукевіч (Партыя БНФ), Павал Севярынец (БХД) прыняў старшыня Менгарвыканкаму Андрэй Шорац. Падчас гутаркі старшыня Менгарвыканкаму паабяцаў, што як мінімум тыдзень будаўніцтва ня будзе весьціся, а пытаньне будзе далей вывучацца ў профільных ведамствах.

У выніку будаўніцтва бізнэс-цэнтру было спыненае.

У ліпені 2018 году актывіст Зьміцер Дашкевіч з паплечнікамі сутыкнуўся зь перашкодамі міліцыі і Бараўлянскага лясгасу падчас замены старых спарахнелых крыжоў на новыя. Пасьля таго, як Дашкевіч дамогся ўсталяваньня крыжоў, газэта «Советская Белоруссия» апублікавала на яго ананімны пасквіль пад назвай «З асаблівым цынізмам».

Раніцай 4 красавіка 2019 году ва ўрочышчы Курапаты паводле рашэньня ўладаў дэмантавалі драўляныя крыжы, якія раней актывісты ўсталявалі на знак памяці ахвяраў сталінскіх расстрэлаў. Былі зьнесеныя 70 крыжоў. 15 актывістаў затрыманыя міліцыяй. Дырэктар Бараўлянскага спэцлясгасу Аляксандар Мірановіч пракамэнтаваў падзеі ў Курапатах дзяржаўнаму агенцтву БелТА, назваўшы крыжы «незаконнымі збудаваньнямі», якія дэмантуюць у межах «другога этапу добраўпарадкавання» тэрыторыі ўрочышча. Пасьля зносу крыжоў прыкладна на іх месцы пачалося ўсталяваньне агароджы паміж урочышчам і рэстарацыяй, якая мяжуе з урочышчам і была адкрытая ў чэрвені 2018 году нягледзячы на пратэсты грамадзкасьці. Разгубленасьць, боль і трывогу з нагоды зносу крыжоў у Курапатах выказаў дэпутат палаты прадстаўнікоў Валеры Варанецкі. Прэс-сакратар Лукашэнкі Натальля Эйсмант з нагоды зносу крыжоў адзначыла: «Падчас Вялікай размовы кіраўніком дзяржавы было абяцана, што ў Курапатах будзе наведзены парадак, даручэньне заняцца гэтым было дадзенае адпаведным ведамствам.».

На нарадзе 14 траўня кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка даў даручэньне пабудаваць Нацыянальны выставачны цэнтар да 2021 году. Пляцоўкай будаўніцтва вызначанае поле ля ўсходняга ўскрайку ўрочышча Курапаты. Прэс-служба Лукашэнкі назвала будаўніцтва выставачнага цэнтру «нацыянальным праектам». Адзначаецца, што для будаўніцтва разглядалася пляцоўка ў Малінаўцы на скрыжаваньні МКАД і Берасьцейскай шашы. Яе адхілілі, бо «гэта магло закрануць інтарэсы людзей, якія там жывуць».

У 2005 годзе грамадзкія аб’яднаньні «Дыярыуш» і «Беларуская асацыяцыя ахвяраў палітычных рэпрэсіяў», міжнароднае грамадзкае аб’яднаньне «Беларуская пэрспэктыва» і міжнароднае гісторыка-асьветніцкае, дабрачыннае і праваабарончае аб’яднаньне «Мэмарыял» абвясьцілі адкрыты грамадзкі конкурс па стварэньні тэксту для мэмарыяльнага знаку ахвярам палітычных рэпрэсіяў 20 стагодзьдзя ў Беларусі. У палажэньні аб конкурсе арганізатары адзначалі, што дзяржава дэманструе поўную абыякавасьць да сытуацыі ў Курапатах.

У канцы 2005 году археоляг Мікола Крывальцэвіч зазначаў: «Курапаты — па-за ўвагай афіцыйных органаў. Ужо ніхто ніколі з афіцыйных асобаў туды не ўскладае кветкі, нават у памінальныя дні, як гэта было раней».

У 2008 годзе на Менскай кальцавой аўтамабільнай дарозе каля зьезду ў бок Курапатаў быў усталяваны прыдарожны ўказальнік: «Месца гібелі ахвяраў палітычных рэпрэсіяў ва ўрочышчы Курапаты 1930—1940 гадоў».

У 2009 годзе мэмарыяльная сэкцыя Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры накіравала зварот у Савет Міністраў Беларусі з нагаданьнем пра неабходнасьць выкананьня пастановы Савету Міністраў БССР. У адказе на зварот дырэктар Інстытуту гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктар гістарычных навук прафэсар Аляксандар Каваленя адказаў, што ўвекавечаньне памяці ахвяраў сталінізму — трагедыя беларускага народу і ўсенародная справа, якая патрабуе шырокага абмеркаваньня і прыняцьця рашэньня на заканадаўчым узроўні.

У 2009 годзе намесьнік старшыні Менскага гарадзкога выканаўчага камітэту Міхаіл Ціцянкоў паведаміў, што гарадзкія ўлады «лічаць магчымым разгледзець пытаньне аб стварэньні помніка ахвярам палітычных рэпрэсіяў і добраўпарадкаваньні ўрочышча Курапаты», аднак толькі пасьля таго, як будзе скончанае стварэньне мэмарыяла «Трасьцянец» і добраўпарадкаваньне былых Менскіх братэрскіх вайсковых могілак Першай сусьветнай вайны.

Увосень 2009 году ў газэце Адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі «Советская Белоруссия» быў надрукаваны артыкул «Курапаты: мір пад соснамі», дзе ўрочышча было названае «могілкамі агульнанацыянальнага маштабу», а за паўгады да гэтага — арганізаваны «круглы стол» з дыскусіяй на тэму Курапатаў. Гісторык Ігар Кузьняцоў зазначыў, што гэта важны крок для грамадзкасьці, якога даўно чакалі, а на думку археоляга Міколы Крывальцэвіча, праблема прызнаньня-непрызнаньня Курапатаў дзяржавай была палітычная, але сам факт прызнаньня варты ўвагі.

Разам з тым, тэма Курапатаў у падручніках, выдадзеных у Беларусі ў 2000-х гадох, ня згадвалася ўвогуле.

Як стала вядома ў канцы ліпеня 2010 году, у Курапатах павалілася памятная шыльда: драўляныя слупы, на якіх яна стаяла, згнілі.

Наданьне Курапатам статусу «гісторыка-культурнай каштоўнасьці першай катэгорыі» ў 1993 годзе зьяўлялася, сярод іншага, вымушанай мерай абароны магілаў ад рабаўнікоў. Ужо ў лістападзе 1994 году міністар унутраных справаў Юры Захаранка пасьля атрыманьня чарговых паведамленьняў пра рабаваньне пахаваньняў аддаў загад на зьдзяйсьненьне неабходных мерапрыемстваў па ўрочышчы Курапаты ў адпаведнасьці з патрабаваньнямі беларускага заканадаўства. Нягледзячы на гэта, увесну 1995 году рабаўнікі раскапалі больш за 10 магілаў, а чалавечыя парэшткі былі раскіданыя наўкол. Увосень 1998 году з закапанай магілы былі выцягнутыя косткі, перапахаваныя пасьля эксгумацыі магілаў прадстаўнікамі сьледчай камісіі. У красавіку 1999 году рабаўнікамі былі раскапаныя 6 магілаў, у кастрычніку 1999 году — яшчэ чатыры. Некаторыя з магілаў выкопваліся рабаўнікамі да глыбіні ў 1,8 м на плошчы да 4—5 м². Побач з магіламі ў пяску ляжалі парэшткі і фрагмэнты асабістых рэчаў расстраляных. Як зазначыў археоляг Мікола Крывальцэвіч, характар распрацоўваньня магілаў сьведчыў пра добра арганізаваную і падрыхтаваную акцыю.

Пашкоджаньні памятных знакаў і крыжоў у Курапатах невядомымі ў Курапатах зьдзяйсьняліся дзясяткі разоў, прычым у значнай ступені — з другой паловы 1990-х гадоў: дагэтуль выпадкі вандалізму былі адзінкавымі. Па фактах зьнішчэньня памятных крыжоў крымінальныя справы заводзіліся тройчы, але па іх ніхто так і ня быў пакараны.

У канцы 1990-х гадоў была зламаная мэталічная шыльда з надпісам «Пакутнікам Беларусі» на Крыжы Пакуты. У траўні 2003 году ў Курапатах былі зламаныя 10 крыжоў. У 2004 годзе з закладнога каменя была зьнятая памятная дошка з рашэньнем Савету Міністраў БССР пра неабходнасьць стварэньня помніку ў Курапатах. Дошка была адноўленая ўвосень 2005 году, але праз тыдзень зьнікла ізноў. У чарговы раз памятная шыльда з тэкстам пастановы была адноўленая ў 2007 годзе намаганьнямі грамадзкасьці.

У сьнежні 2005 году невядомыя двойчы апаганілі свастыкай і сатанінскімі надпісамі курапацкія крыжы, помнік загінулым ва ўрочышчы габрэям і выяву Маці Божай Курапацкай.

У 2007 годзе быў павалены крыж «Пакутнікам Беларусі». У красавіку 2007 году былі зламаныя 6 крыжоў і некалькі пашкоджаныя. У кастрычніку 2007 году «Крыж пакуты», усталяваны ў 1989 годзе, быў зьнішчаны. Да Дзядоў 2007 году «Крыж Пакутаў» быў адноўлены наноў. У сакавіку 2008 году невядомыя зламалі 36 крыжоў. Вясной 2009 году ў Курапатах былі раскапаныя дзьве магілы: зь ямы на паверхню былі выкінутыя чалавечыя косткі і старыя рэчы. У красавіку 2009 году былі зламаныя яшчэ 6 крыжоў. У сьнежні 2009 году невядомыя зламалі некалькі крыжоў, у тым ліку крыж-капліцу з копіяй абраза Маці Божай Курапацкай.

Па стане на 2009 год мэмарыяльная «лава Клінтана» (памятны знак «Ад народу ЗША народу Беларусі дзеля памяці»), усталяваная ў 1994 годзе, дванаццаць разоў цярпела ад выпадкаў вандалізму. З гэтай нагоды амбасада ЗША ў Беларусі выступіла з адмысловай заявай. На пачатку 2019 году лава Клінтана была разбураная вандаламі ізноў. Амбасада ЗША заклікала беларускія ўлады правесьці расьсьледаваньне і прыцягнуць вінаватых да адказнасьці.

У лістападзе 2010 году ў Курапатах былі зламаныя 38 крыжоў. Па гэтым факце была распачатая крымінальная справа па артыкуле «Хуліганства» Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь.

Нягледзячы на частыя акты вандалізму ва ўрочышчы Курапаты, да актыўнага пошуку праваахоўнымі органамі злачынцаў справа звычайна не даходзіць. Толькі аднойчы ў лістападзе 2008 году актывістам КХП БНФ удалося злавіць 2 непаўналетніх вандалаў і перадаць міліцыі. Была заведзеная крымінальная справа, але рэальна іх не пакаралі: артыкул Крымінальнага кодэксу «Апаганьваньне гістарычна-культурных каштоўнасьцяў» быў перакваліфікаваны ў «Злоснае хуліганства», у выніку чаго абвінавачаныя трапілі пад амністыю. Гэта быў першы выпадак, калі сьледзтва прад’явіла абвінавачваньне канкрэтным асобам па факце зьдзяйсьненьня актаў вандалізму ў Курапатах.

Для аднаўленьня мэмарыяльнага комплексу ва ўрочышчы традыцыйна ладзяцца талокі: людзі прыбіраюць і ўпарадкоўваюць тэрыторыю, рамантуюць крыжы.

Урочышча Курапаты знаходзіцца непасрэдна за Менскай кальцавой дарогай на поўнач ад цэнтру гораду (52-і км МКАД). Адміністрацыйна Курапаты належаць да тэрыторыі Бараўлянскага сельсавету Менскага раёну.

Зь Менску ў Курапаты можна трапіць ад ДС «Зялёны Луг» (прыпынак аўтобусаў 13, 13д, 24, 87, 109а; тралейбусаў 1, 46, 53), перайшоўшы празь пераход пад МКАД, разьмешчаны за 500 м на паўночны захад ад дыспэтчарскай станцыі; ад выстаўнога цэнтру «Экспабел», які знаходзіцца за 700 м на паўднёвы ўсход ад урочышча; альбо на аўтобусах 109, 109а, 109в (прыпынак «Курапаты») з ДС «Карбышава».

Курапаты знаходзяцца прыблізна за 1,2 км на паўночны ўсход ад Цнянскага вадасховішча. Трапіць ва ўрочышча можна праз адзін зь некалькіх падземных пераходаў пад Менскай кальцавой дарогай.

У 1990 годзе кампазытар Кім Цесакоў стварыў сымфонію №4 «Курапаты». 30 ліпеня 2004 году Выканкам Менску пастановай №1520 перайменаваў вуліцу Бэзавую (Цна) у Курапацкую.




#Article 140: Філязофія антычнасьці (280 words)


Філязо́фія анты́чнасьці

Калыска заходняе філязофіі — грэцкія калёніі на ўзьбярэжжы Міжземнага мора, у Іяніі (Малая Азія) і ў Паўднёвай Італіі. Жвавы гандаль з усім вядомым на той час сьветам ня толькі забясьпечвае грэцкім полісам заможнае жыцьцё, але і знаёміць іх зь ведамі, здабытымі іншымі народамі: матэматыкай, астраноміяй, геаграфіяй, храналёгіяй (календаром), манетнай справай, карыстаньнем паперай (папірусам). Гэта заахвочвае цікаўнасьць і пашырае кругагляд грэкаў.

Характэрнай адзнакай таго часу зьяўляецца пачатак пераходу ад панаваньня родавай арыстакратыі да іншых палітыкапалітычных формаў жыцьця (тыраніі, дэмакратыі) і зьвязаныя з гэтым нутрыпалітычныя крызісныя зьявы. У той час духоўнай пераарыентацыі адбываецца паварот «ад міту да лёгасу». Замест тлумачэньня рэчаіснасьці з дапамогай антрапаморфных багоў цяпер адбываецца пошук натуральных, рацыянальных прынцыпаў, якія маглі б патлумачыць будову сьвету і месца чалавека ў ім.

Але гэты пераход ня быў раптоўным, таму міталягічнае мысьленьне праглядаецца яшчэ на працягу даволі доўгага пэрыяду, асабліва ў дасакратыкаў і нават у Плятона.

Асноўныя прынцыпы антычнай філязофіі:

Лічыцца, што філязофія антычнасьці ўзьнікла ў 7 ст. да нашай эры, але некаторыя крыніцы кажуць, што ў 582 год да нашай эры было вядома пра сем мудрацоў (філёзафаў). Заканчэньнем пэрыяду антычнай філязофіі лічаць 529 год нашай эры, калі выйшаў загад рымскага імпэратара Юстыніяна аб закрыцьці ўсіх філязофскіх школаў як ератычных.

Гісторыя Стоі падзяляецца на тры пэрыяды:

Заснавальнік другой школы эліністычнай філязофіі — Эпікур, ідэі якога пераказваюць у сваіх творах рымскія паэты Лукрэцый і Гарацый.

Іншыя кірункі эліністычнае думкі — скептыцызм, які ставіць пад сумнеў усю філязофію як сыстэму (Пірон з Эліды) і эклектызм, які яднае розныя вучэньні (напрыклад, Цыцэрон).

Найбольшы ўплыў маюць школы: акадэмікаў, заснаваная Плятонам, і першапатэтыкаў, заснаваная Арыстотэлем.

У неаплятанізьме антычная філязофія зноў перажывае росквіт.

Хрысьціянская філязофія, што пачала фармавацца ўжо ў позьнюю антычную эпоху (Аўгустын і патрыстыка), разглядаецца звычайна як сярэднявечная.




#Article 141: Мілецкія натурфілёзафы (173 words)


Мілецкія натурфілёзафы

Першыя філязофскія тэорыі абумоўленыя думкаю, што ва ўсяго існага ёсьць адзіны супольны першапачатак (архэ), які ў якасьці адзінай першаматэрыі ляжыць у аснове рэчаў і як першапрычына абумоўлівае досьведна пазнаваныя працэсы.

Першым філёзафам лічыцца Фалес зь Мілету (каля 624 – 547 гг. да н.э.), які лічыў гэтай першаматэрыяй ваду. То бок усё складаецца з вады і, паколькі архэ лічыцца жывым і рухомым, зьяўляецца жывым.

Акрамя таго Фалес пакінуў свой сьлед у матэматыцы (тэарэма Фалеса) і астраноміі.

Яго вучань Анаксімандр (каля 610 – 546 гг. да н.э.) вызначае першапрынцып больш абстрактна – як апэйрон, то бок няскончанае, бязьмежнае і нявызначанае. Зь яго палярнымі парамі выходзяць усе рэчы сьвету і зноў у яго вяртаюцца.

У Анаксімена (каля 585 – 525 гг. да н.э.) першапачатак таксама вызначаецца як матэрыяльны – ён лічыць ім паветра. Калі паветра становіцца больш шчыльным, узьнікае халоднае (да прыкладу, вада, зямля, каменьне), калі яно становіцца больш рэдкім – цёплае (да прыкладу, агонь). Такім чынам якасныя вызначэньні ён тлумачыць колькаснымі зьменамі. Людзі таксама падлягаюць таму прынцыпу, паколькі і душа складаецца з паветра.




#Article 142: Пітагарэйская школа (522 words)


Пітагарэ́йцы — вучэньне заснаванай Пітагорам (каля 570—500 гадоў да н. э.) школы, сябры якой у Кратоні (Паўднёвая Італія) утваралі абшчыну манастырскага тыпу, засярэджвае ўвагу на значэньні лікаў.

Выходзячы, імаверна, з тэзы, што інтэрвалы музычнае гамы можна патлумачыць рацыянальна з дапамогай лічбавай узаемазалежнасьці паміж вібруючымі струнамі, пітагарэйцы разьвілі ідэю, што ў аснове ўсяго існага ляжаць лікі. Яны ствараюць парадак у космасе, вызначаючы і абмяжоўваючы нявызначанае (апэйрон). Рэчы лічацца адлюстраваньнямі лікаў, іхная сутнасная прырода адбіваецца ў іхнай матэматычнай структуры.

Сярод лічбаў існуюць заканамернасьці: так, адзінка стаіць над лічбамі і лічыцца іхным першапачаткам. Няпарны лік разглядаецца як абмежаваны і дасканалы, парны — як неабмежаваны і недасканалы.

Пітагарэйцы надалі тэорыі лічбаў завершаную форму ў розных сфэрах:

У матэматыцы яны дасягнулі сыстэматызацыі і распрацоўвалі аксыёмы. Тэарэма Пітагора вядзе да адкрыцьця іррацыянальных лічбавых заканамернасьцяў.

Па іхных уяўленьнях пра прыроду космасу, нябесныя сьвяцілы рухаюцца па арбітах у форме кола, падзеленых на пэўныя інтэрвалы, вакол нерухомага цэнтру.

Нягледзячы на навуковыя дасьледаваньні ў матэматыцы й тэорыі музыкі, усё ж такі ў пітагарэйскай школе пераважалі рэлігійная і містычная аснова. Гэта асабліва праяўляецца ў іхным вучэньні пра перасяленьне душаў: душа зьяўляецца сапраўднаю сутнасьцю чалавека, якая мусіць быць пазбаўленая ад усяго цялеснага шляхам ачышчэньня.

Эмпэдокл (каля 492—432 гг. да н. э.) лічыць асновай усяго існага чатыры элемэнты, што прыводзяцца ў рух сіламі любові й нянавісьці: вада, зямля, агонь і паветра.

У абсалютнай любові яны ўтвараюць гамагенную еднасьць, а з-за нянавісьці разьядноўваюцца. Калі змагаюцца гэтыя супрацьлеглыя сілы, то шляхам зьмешваньня элемэнтаў узьнікаюць канкрэтныя рэчы.

Для Анаксагора (каля 500—425 гг. да н. э.) існуе бязьмежная колькасьць якасна розных сыходных элемэнтаў. Адметнасьць кожнай рэчы вызначаецца характэрнымі суадносінамі тых элемэнтаў, якія ёсьць у кожнай зь яе нават якіх заўгодна малых частак. Элемэнты прыводзяцца ў рух і плянамерна ўпарадкуюцца розумам.

Ляўкіп (5 ст. да н. э.) лічыцца заснавальнікам атамістыкі, якую пераказаў і разьвіў далей ягоны вучань Дэмакрыт. Усё складаецца зь непадзельных (а-томас) часткаў, якія поўнасьцю падобныя да рэчыва, зь якога складаюцца, і адрозьніваюцца толькі формай ды разьмяшчэньнем у прасторы.

Атамы пастаянна рухаюцца, мэханічна ціснучы ды штурхаючы адзін аднаго. Паміж імі ёсьць толькі пустая прастора. Адрозныя рэчы ўзьнікаюць толькі дзякуючы групаваньню атамаў. У Ляўкіпа можна знайсьці фармулёўку закону прычыннасьці: «Ніводная рэч не ўтвараецца бяз мэты, а толькі адпаведна сэнсу і ў сувязі зь неабходнасьцю».

Дэмакрыт (каля 460—370 гг. да н. э.) разьвівае атамістычнае вучэньне Ляўкіпа ў матэрыяльную сыстэму. Рэчы складаюцца з комплексаў атамаў і маюць першасныя, аб’ектыўныя ўласьцівасьці: запаўненьне пэўнае прасторы, інэртнасьць, шчыльнасьць і жорсткасьць, тады як колер, пах, смак і г. д. зьяўляюцца другаснымі, суб’ектыўнымі ўласьцівасьцямі, якія вынікаюць толькі з успрыняцьця.

Пачуцьцёвае ўспрыняцьце тлумачыцца як успрыняцьце вобразаў, якія выпраменьваюцца рэчамі.

Душа таксама складаецца з тонкіх (вогненых) атамаў, якія прыводзяцца ў рух выпраменьваньнямі тых вобразаў, і адсюль вынікае пачуцьцёвае ўражаньне. Адпаведна таму Дэмакрыт тлумачыць усю разумовую дзейнасьць чалавека як матэрыяльны, атамарны працэс.

Этыка Дэмакрыта лічыць мэтай чалавека правільную будову душы, якая палягае ва ўраўнаважанасьці ды спакоі і дасягаецца дзякуючы розуму, памяркоўнасьці, стрыманасьці ў пачуцьцёвых асалодах і прагненьні духоўных каштоўнасьцяў. «Дух мусіць навучыцца чарпаць свае радасьці ў сабе самім».

Ксэнафан — першы прадстаўнік заснаванай у Элеі (Паўднёвая Італія) школы элеатаў. Галоўная яго мэта — барацьба з антропамарфізацыяй багоў, як іх выяўлялі Гамэр і Гэсіёд, а таксама разьвіцьцё ідэі пра адзінага бога: «Адзін Бог, найвялікшы сярод багоў і людзей, ні целам, ні думкамі непадобны да сьмяротных».




#Article 143: Verbum (115 words)


Старыя мэлёдыі на даўно забытых інструмэнтах, старыя словы даўно змоўклых моваў пераносяць у гарады і замкі сярэднявечнай Беларусі, дзе чутны гоман ратушнай плошчы, тлум прыдворнага балю, задуменныя баляды і ўзьнёслыя паэмы.

У дыску запісаныя ўрыўкі са старажытных шэдэўраў беларускай пісьмовасьці: «Слова пра паход Ігаравы» (на стараславянскай мове пад гусьлі), «Песьня пра зубра» (на лацінскай пад лютню), «Статут Вялікага княства Літоўскага» (на старабеларускай пад дуды), а таксама «Пан Тадэвуш» (на польскай пад колавую ліру). Вашай увазе таксама беларуская музыка XVI стагодзьдзя: творы Войцеха Длугарая і «Ягелонскі рукапіс». Частка альбома складаецца з канцэртных аранжыровак сярэднявечных танцаў пры рэдкім спалучэньні старых інструмэнтаў — лютня і дуда, варган і мандаліна, дуда і гусьлі, гусьлі і лютня, і шмат іншага.




#Article 144: ULIS (129 words)


ULIS (вымаўляецца: Улі́с) — беларускі рок-гурт. Заснаваны ў 1988 годзе.

Утвораны ў 1988 годзе Сяргеем Краўчанкам, Славам Коранем, Валерам Цініцкім, Фэліксам Аксёнцавым, Кірылам Шэвандо і Андрэем Патрэем.

У 1993 годзе адбыўся раскол гурту, падчас якога з ULIS сышлі ўсе музыкі, апроч Славы Кораня, які ўзяў на сябе функцыі вакаліста і аўтара тэкстаў, што даволі неадназначна ўспрыняла навакольле. ULIS набраў новы склад, які неаднаразова мяняўся.

У 2001 годзе па выніках выступу на «Басовішчы» гурт атрымоўвае прэмію ад галаўнога офіса «Беларускага Радыё Рацыя».

ULIS — адзіны зь беларускіх гуртоў, які выступаў з сэрыяй канцэртаў у Лёндане. Музыкі выступалі таксама ў Нямеччыне, Польшчы, Эстоніі, Расеі, Украіне. Гурт ладзіў супольныя канцэрты з The Stranglers, Kaoma, Havana Black, Leningrad Cowboys, Echo and The Bunnymen, Nitzer Ebb, Marillion, Mecca, Band of Holy Joy, Jethro Tull і іншымі.




#Article 145: Арганізацыя Аб’яднаных Нацыяў па пытаньнях адукацыі, навукі і культуры (1868 words)


Арганіза́цыя Аб’ядна́ных На́цыяў па пыта́ньнях адука́цыі, наву́кі і культу́ры (ААНАНК) — міжурадавая арганізацыя, заснаваная ў лістападзе 1946 году ў Парыжы (Францыя).

Сярод пытаньняў, якія ахоплівае дзейнасьць арганізацыі: праблемы дыскрымінацыі ў галіне адукацыі і непісьменнасьці; вывучэньне нацыянальных культураў і падрыхтоўка нацыянальных кадраў; праблемы сацыяльных навук, геалёгіі, акіянаграфіі і біясфэры. У цэнтры ўвагі ЮНЭСКО знаходзяцца Афрыка і гендэрная роўнасьць.

Паводле 1-га артыкула Статуту ААНАНК, «мэтай Арганізацыі ёсьць спрыяньне міру і бясьпецы шляхам падтрымкі міжнароднай супрацы праз асьвету, навуку і культуру, каб садзейнічаць усеагульнай павазе да правасудзьдзя, вяршэнства права, правоў і асноўных свабодаў чалавека, якія зацьверджаныя для ўсіх народаў сьвету без адрозьненьня расы, плоці, мовы або веры Хартыяй ААН». Каб ажыцьцявіць гэтую мэту, ААНАНК мела 3 задачы:

Асноўныя напрамкі дзейнасьці прадстаўлены ў пяці праграмных сэктарах: адукацыя, натуральныя навукі, сацыяльныя і гуманітарныя навукі, культура, камунікацыя і інфармацыя. Існуе таксама шэраг скразных тэмаў, якія зьяўляюцца складовай часткай усіх кірункаў. З 2008 году скразнымі тэмамі абвешчаныя Афрыка і гендэрная роўнасьць.

ЮНЭСКО лічыць адукацыю сваім прыярытэтным напрамкам дзейнасьці з моманту заснаваньня арганізацыі. Пасьля вайны арганізацыя займалася аднаўленьнем разбураных школаў і наладжваньнем перапыненых кантактаў у сфэры адукацыі ў Заходняй Эўропе. У 1950-х гадох арганізацыя стала таксама займацца абаронай правоў чалавека ў галіне адукацыі. У 1960 годзе была прынята Канвэнцыя аб барацьбе з дыскрымінацыяй у галіне адукацыі. Да гэтага моманту дзейнасьць у дачыненьні да краінаў, якія разьвіваюцца была бессыстэмнай і ў асноўным накіравана на паведамленьне элемэнтарных зьвестак з розных абласьцёў. Пасьля таго, як у пачатку 1960-х гадоў у арганізацыю ўступілі новыя афрыканскія дзяржавы, асноўная ўвага ЮНЭСКО стала надаваць краінам, якія разьвіваюцца.

У 1990 годзе Праграма разьвіцьця ААН, ЮНЭСКО, ЮНФПА, ЮНІСЭФ і Сусьветны банк правялі ў Джамт’ене, Тайлянд, Сусьветную канфэрэнцыю па адукацыі для ўсіх, на якой прынялі рашэньне «унівэрсалізаваць сыстэму пачатковай адукацыі і скараціць непісьменнасьць» да 2000 году. Праект атрымаў назву «Адукацыя для ўсіх», ягоную аснову складаюць аднайменныя нацыянальныя праекты, ЮНЭСКО зьяўляецца каардынатарам, займаецца пошукам крыніцаў фінансаваньня і рыхтуе штогадовыя справаздачы аб працы праграмы. У 2000 годзе ў Дакары, Сэнэгал, праходзіў Сусьветны форум па адукацыі, таксама арганізаваны па ініцыятыве шэрагу арганізацыяў у сыстэме ААН. На форуме была праведзена ацэнка праграмы, якая базуецца на нацыянальных справаздачах, якая канстатавала, што нягледзячы на ​​некаторы прагрэс, ні адна з мэтаў дасягнутая не была. У далейшым на форуме былі сфармуляваны асноўная стратэгія і мэты праграмы «Адукацыя для ўсіх» да 2015 году. Мэты ўключаюць наяўнасьць абавязковай бескаштоўнай пачатковай адукацыі, роўнасьць прадстаўнікоў розных плоцяў у пачатковай і сярэдняй школе, павышэньне якасьці адукацыі, комплексныя меры па выхаваньні дзяцей малодшага ўзросту, задавальненьне адукацыйных патрэбаў моладзі і дарослых, а таксама павышэньне пісьменнасьці дарослых. Першыя дзьве мэты ўваходзяць таксама ў сьпіс мэтаў разьвіцьця ААН.

У справаздачы, прадстаўленай ЮНЭСКО 25 лістапада 2008 году, арганізацыя асудзіла абыякавасьць палітычных сыстэмаў да праблемаў адукацыі і выказалася аб магчымым правале праграмы. Першая вызначаная мэта, забесьпячэньне гендэрнай роўнасьці да 2005 году, гэтак і не была дасягнутая. Улічваючы бягучае становішча справаў, існуе сумнеў у дасягненьні другой мэты, ўсеагульнай пачатковай адукацыі да 2015 году. Высновы аб немагчымасьці дасягненьня мэтаў праграмы «Адукацыя для ўсіх» пацьверджаны і ў справаздачы ад 1 сакавіка 2011 году. Дадатковай праблемай, пазначанай у дакумэнце, зьяўляецца ўцягнутасьць школьнікаў ва ўзброеныя канфлікты. У прыватнасьці, былая прэзыдэнт Ірляндыі і камісар ААН па правах чалавека Мэры Робінсан адзначыла, што са зьменай прыроды ўзброеных канфліктаў, дзеці сталі аб’ектам наўмысных і сыстэматычных нападаў.

ЮНЭСКО зьяўляецца адзіным падразьдзяленьнем ААН, у якога навукі вынесены ў назву. У адпаведнасьці з гэтым арганізацыя разглядае натуральныя навукі ў кантэксьце міждысцыплінарнага ўзаемадзеяньня з адукацыяй і культурай. ЮНЭСКО стаяла ля вытокаў такіх міжнародных праектаў як Эўрапейскі цэнтар ядзерных дасьледаваньняў і Міжнародны зьвяз аховы прыроды. У цяперашні час у сваёй дзейнасьці ў навуковым кірунку ЮНЭСКО абапіраецца на высновы Сусьветнай сустрэчы па ўстойліваму разьвіцьцю, якая прайшла ў 2002 годзе ў Яганэсбурзе, і Сусьветнай канфэрэнцыі па навуцы, якая прайшла ў 1999 годзе ў Будапэшце.

Пытаньнямі навукі займаюцца рэгіянальныя бюро ў Найробі, Джакарце, Вэнэцыі, Каіры і Монтэвідэо, а таксама 23 офісы арганізацыі. Напрамак падтрымліваецца Інстытутам ЮНЭСКО па воднай адукацыі ў Дэльфце і Міжнародным цэнтрам тэарэтычнай фізыкі імя Абдуса Салама ў Трыесце.

Сярод праграмаў ЮНЭСКО ў вядзеньні адукацыйнага напрамку знаходзяцца Міжнародная гідралягічная праграма, Міжурадавая акіянаграфічная камісія, праграма «Чалавек і біясфэра» (Сусьветная сетка біясфэрных рэзэрватаў), Міжнародная геанавуковая праграма (Сусьветная сетка нацыянальных геапаркаў)і міжнародная праграма фундамэнтальных навук.

Місіяй ЮНЭСКО ў галіне сацыяльных і гуманітарных навук зьяўляецца прасоўваньне ведаў, стандартаў і інтэлектуальнай каапэрацыі, накіраваных на сацыяльныя пераўтварэньні, правы і свабоды чалавека. Акрамя асноўнай мэты, ажыцьцяўленьня ў жыцьцё палажэньняў Усеагульнай дэклярацыі правоў чалавека, арганізацыя працуе з такімі аспэктамі як роўнасьць сярод прадстаўнікоў розных плоцяў і наяўнасьць права на адукацыю. ЮНЭСКО займаецца вызначэньнем бягучай сытуацыі ў грамадзтве, пэрспэктыўнымі дасьледаваньнямі і філязофіяй, а таксама задае вэктар разьвіцьця.

Праца арганізацыі ў гэтай галіне падзелена на чатыры сэкцыі: этыка (біяэтыка, навука і тэхналёгіі, адукацыя ў галіне этыкі), правы чалавека (гендэрная роўнасьць, выкараненьне беднасьці, дэмакратыя, філязофія, барацьба з дыскрымінацыяй), сацыяльныя пераўтварэньні (міграцыя, урбаністычныя дасьледаваньні, моладзь)і спорт (фізычная адукацыя і праблемы допінгу).

Сярод праграмаў ЮНЭСКО ў вядзеньні сацыяльнага і гуманітарнага кірунку знаходзяцца праграма МОСТ (кіраваньне сацыяльнымі пераўтварэньнямі)і праграма па біяэтыцы.

Асновай працы ЮНЭСКО ў галіне культуры зьяўляецца садзейнічаньне культурнай разнастайнасьці, заснаванае на чалавечых узаемаадносінахаў. Гэты падыход быў пацьверджаны ў 2001 годзе з прыняцьцем Усеагульнай дэклярацыі аб культурнай разнастайнасьці. Ад аховы сусьветнай культурнай і прыроднай спадчыны, якая прадстаўляе каштоўнасьць для ўсяго чалавецтва, арганізацыя перайшла да абароны розных формаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны, шэдэўраў вуснай творчасьці. Яшчэ адным момантам у працы ЮНЭСКО ў галіне культуры зьяўляецца захаваньне культурных аб’ектаў у зоне ўзброеных канфліктаў, аснову гэтага напрамку дзейнасьці складае Гаагская канвэнцыя 1954 году.

Пытаньнямі культуры займаюцца рэгіянальныя бюро ў Вэнэцыі і Гаване. Сярод праграмаў ЮНЭСКО ў вядзеньні культурнага напрамку знаходзяцца такія праграмы, як то Сусьветная спадчына, Нематэрыяльная культурная спадчына, Падводная культурная спадчына.

ЮНЭСКО выпрацоўвае падыходы і мэтады вырашэньня праблемаў, вызначае шляхі далейшага разьвіцьця і не займаецца аказаньнем фінансавай дапамогі. У сувязі з гэтым бюджэт арганізацыі выглядае даволі сьціпла. Бюджэт ЮНЭСКО засьцьвярджаецца кожныя два гады на Генэральнай канфэрэнцыі. Ён адлюстроўвае сярэднетэрміновую стратэгію арганізацыі, вырабленую на шэсьць гадоў, і разьмеркаваньне сродкаў па асноўных напрамках дзейнасьці на працягу наступных двух гадоў.

Рэгулярны бюджэт арганізацыі складаецца з узносаў дзяржаваў-чальцоў. Памеры ўзносаў ўсталёўваюцца на Генэральнай канфэрэнцыі па адпаведнай шкале. Шкала заснавана на аналягічнай шкале для дзяржаваў-чальцоў ААН у той жа пэрыяд з улікам адрозьненьняў у складзе чальцоў, у прыватнасьці ўстанаўліваюцца аналягічныя максымальныя і мінімальныя стаўкі, а таксама велічыня акругленьня. У справаздачы, прадстаўленым Кангрэсу ЗША ў 2006 годзе, паказвалася, што шкала ў асноўным грунтуецца на сукупным унутраным прадукце. Пры гэтым адзначалася, што дадзеная шкала не адлюстроўвае бягучае становішча краінаў, у прыватнасьці значны рост СУП Кітая. У справаздачы выказвалася прапанова аб выкарыстаньні іншых эканамічных паказчыкаў для вызначэньня шкалы, у прыватнасьці, парытэт пакупніцкай здольнасьці.

У ЮНЭСКО дзейнічае камбінаваная сыстэма выплаты ўзносаў, уведзеная на 24-й сэсіі Генэральнай канфэрэнцыі. Яна зьвязаная з ваганьнямі курсаў валют і ў цяперашні час дазваляе плаціць узносы ў далярах ЗША, эўра і іншых валютах. Магчымасьць выплаты ўзносаў у розных валютах залежыць ад патрэбаў арганізацыі ў гэтых валютах для правядзеньня розных праграмаў. Разьліковы курс эўра ў адносінах да даляра ЗША для такіх мэтаў усталёўваецца ЮНЭСКО.

Да ліку задачаў сакратарыята ЮНЭСКО ставіцца прыцягненьне пазабюджэтных сродкаў. Сродкі прыцягваюцца ў выглядзе добраахвотных ахвяраваньняў дзяржаваў-донараў і міжнародных арганізацыяў і дундацыящ, у тым ліку Праграмы разьвіцьця ААН, Фонду ААН для дзейнасьці ў галіне народанасельніцтва (ЮНФПА), Праграмы ААН па навакольным асяродзьдзі (ЮНЭП), Сусьветнага банка. Каітыра Мацуура ў інтэрвію часопісу «Міжнароднае жыцьцё», зьящляючыся генэральным дырэктарам ЮНЭСКО, назваў чатыры крыніцы пазабюджэтных сродкаў: міжнародныя агенцтвы, двухбаковыя донары, грамадзянская супольнасьць і прыватныя інвэстары.

Акрамя штаб-кватэры арганізацыі ў Парыжы, існуе цэлы шэраг рэгіянальных, клястарных і нацыянальных офісаў арганізацыі, створаных у рамках стратэгіі дэцэнтралізацыі і дзеля забясьпечаньня ейнай эфэктыўнай прысутнасьці ва ўсіх рэгіёнах і абласьцях, а таксама дзеля сувязі з агенцтвамі ААН і іншымі арганізацыямі-партнэрамі. Адміністрацыйную падтрымку сеткі забясьпечвае каардынацыйнае бюро ЮНЭСКО. Сувязь з ААН падтрымліваецца ў офісах арганізацыі ў Жэнэве і Нью-Ёрку.

Усе дзеючыя і асацыяваныя чальцы ЮНЭСКО арганізаваны ў пяць рэгіянальных групаў: Афрыка, Ліга арабскіх дзяржаваў, Азія і Ціхі акіян, Эўропа і Паўночная Амэрыка, Лацінская Амэрыка і краіны Карыбскага басэйну. Аснову дзяленьня складаюць геаграфічныя фактары, аднак ня толькі яны. Многія праграмы і тэматычныя напрамкі працы арганізацыі фармуюць рэгіянальныя сеткі, накіраваныя на вырашэньне праблемаў, спэцыфічных для рэгіёну. Дзейнасьць рэгіянальных сетак узгадняецца з нацыянальнымі прадстаўніцтвамі ЮНЭСКО, рэгіянальнымі бюро і штаб-кватэрай арганізацыі. Рэгіянальныя бюро ЮНЭСКО аказваюць спэцыялізаваную падтрымку клястарным і нацыянальным офісам арганізацыі. Аснову структуры ЮНЭСКО складае клястарная сыстэма.

На 2020 год ААНАНК мела 53 сядзібы за мяжой, у тым ліку па 19 у Афрыцы, 18 у Азіі, 7 у Паўночнай Амэрыцы, 5 у Паўднёвай Амэрыцы, 3 Эўропе і 1 у Акіяніі. Сярод іх 4 сувязныя сядзібы працавалі: у Этыёпіі (Адыс-Абэба) пры Афрыканскім зьвязе, у ЗША (Нью-Ёрк) пры ААН, у Бэльгіі (Брусэль) пры Эўразьвязе і ў Швайцарыі (Жэнэва). Таксама было 13 рэгіянальных сядзібаў, зь якіх 6 месьціліся ў Афрыцы:

Налічвалася 10 асобных клястарных сядзібаў міжкраёвага прызначэньня: 5 у Азіі — Індыя (Новы Дэлі), Іран (Тэгеран), Казахстан (Алматы), Катар (Доха) і Кітай (Пэкін); 2 у Паўночнай Амэрыцы — Коста-Рыка (Сан-Хасэ) і Ямайка (Кінгстан); па 1 у Акіяніі на Самоа (Апія), у Афрыцы — у Марока (Рабат) і ў Паўднёвай Амэрыцы — у Эквадоры (Кіта). Таксама працавала 26 краёвых сядзібаў:

З 6 верасьня 1946 году падрыхтоўчая камісія па стварэньні ЮНЭСКО, а затым і сама арганізацыя знаходзіліся ў гатэлі «Мажэстык» у Парыжы. Будынак на авэню Клебэр быў сьпешна адноўлены. Сакратары арганізацыі працавалі ў спальнях, а супрацоўнікі сярэдняга зьвяна — у ванных пакоях, выкарыстоўваючы для захоўваньня дакумэнтаў ванную.

Сучасная штаб-кватэра ЮНЭСКО была адчынена 3 лістапада 1958 году. Будынак па форме нагадвае лацінскую літару Y і ​​пабудаваны на 72 бэтонных калёнах. У ім разьмешчана бібліятэка арганізацыі. Комплекс на плошчы Фонтэнуа дапаўняе будынак, названае «акардэонам», у авальнай зале якога праходзяць плянарныя пасяджэньні Генэральнай канфэрэнцыі, будынак у форме куба і будынак з шасьцю зялёнымі ўнутранымі панадворкамі, на якія выходзяць вокны службовых кабінэтаў. Архітэктарамі будынкаў сталі прадстаўнікі розных краінаў: Марсэль Брэер (ЗША), П’ер Люіджы Нэрві (Італія) і Бэрнар Зэрфюс (Францыя).

Усе будынкі адкрыты для наведваньня, у іх знаходзяцца творы Паблё Пікаса, Жана Базэна, Жаана Міро, Антоні Тапіеса і многіх іншых мастакоў, якія сымбалізуюць мір.

У цяперашні час афіцыйнымі мовамі арганізацыі зьяўляюцца ангельская, арабская, гішпанская, кітайская, расейская і француская мовы. З моманту заснаваньня ў 1946 годзе афіцыйнымі мовамі сакратарыята, генэральнай канфэрэнцыі і выканаўчай рады ЮНЭСКО былі ангельская і француская. У 1950 годзе да моваў генэральнай канфэрэнцыі дадалася гішпанская, а ў 1954 годзе — расейская. У тым жа 1954 годзе абедзьве мовы сталі афіцыйнымі для выканаўчай рады. Асноўныя органы кіраваньня арганізацыяй уключылі арабскую мову ў сьпіс афіцыйных ў 1974 годзе. Кітайская была далучана да гэтага сьпісу ў 1977 годзе для выканаўчай рады і ў 1980 годзе для генэральнай канфэрэнцыі.

Са жніўня 2013 году Нацыянальную камісію Беларусі ў справах ААНАНК узначальваў міністар замежных справаў Беларусі Ўладзімер Макей. На 2017—2021 гады ў Выканаўчую раду ААНАНК абралі прадстаўніка ад ураду Беларусі, якім стаў Ігар Фісенка.

У 2010 годзе ўрад ЗША ўнёс $80 млн, якія склалі 22% бюджэту ААНАНК.

У 2013 годзе ў арганізацыі налічвалася 195 дзяржаваў-чальцоў і 8 чальцоў-супрацоўнікаў, то бо тэрыторыяў, якія не нясуць адказнасьць за зьнешнюю палітыку. 182 дзяржавы-чальцы разьмяшчалі сталыя прадстаўніцтвы пры арганізацыі ў Парыжы, дзе таксама знаходзяцца чатыры сталыя назіральнікі і дзевяць наглядальных місіяў міжурадавых арганізацыяў. У склад арганізацыі ўваходзіла больш за 60 бюро і падразьдзяленьняў, разьмешчаных у розных частках сьвету. Налічвалася 10 рэгіянальных бюро арганізацыі, якія працуюць у галінах адукацыі, навукі і культуры. 27 клястарных офісаў арганізацыі працавалі са 148 краінамі-чальцамі і ўзаемадзейнічалі краінамі ў клястары, са структурамі ААН па ажыцьцяўленьні сумесных праектаў, а таксама зь іншымі офісамі арганізацыі. 27 нацыянальных офісаў, закліканых абслугоўвалі 9 самых густанаселеных краінаў сьвету, а таксама пост-канфліктныя зоны.




#Article 146: Рэлігія (1231 words)


Рэлі́гія (ад  — «быць злучаным з чымсьці») — сыстэма вераваньняў, заснаваная на тым, што чалавек адчувае нейкую сувязь з «чымсьці» альбо з «кімсьці» вышэйшым. «Штосьці» можа ня мець дакладнага азначэньня сілаю (духі прыроды, вышэйшы розум). «Хтосьці» — гэта нейкая нематэрыяльная асоба (Бог, Элагім, Яхвэ, Саваоф, Ягова, Алаг, Буда, Крышна, Кандзі).

Згодна з рэлігійным сьветапоглядам, рэчаіснасьцю кіруюць нейкія звышнатуральныя сілы. У паганстве гэтыя сілы часта падобныя на людзей зьнешне, а таксама/альбо паводзінамі (гэты падыход называецца антропамарфізмам). У монатэістычных рэлігіях (пачынаючы зь юдаізму) Бог не антрапаморфны, хаць некаторыя канфэсіі монатэістычных рэлігіяў і выкарыстоўаюць антропаморфныя вобразы па тых ці іншых прычынах.

Ранейшыя формы рэлігійнага сьветапогляду характэрызаваліся політэізмам (сін. шматбожжа, паганства, ідалапаклонства. Кожны бог (дух, ідал і г. д.) у такой сістэме адказвае за штось сваё, яны адрозьніваюцца адзін ад аднаго цэлым шэрагам характарыстык і іх адносіны між сабою нярэдка нагадваюць узаемаадносіны ў чалавечым грамадстве (напрыклад, паганскія богі часта б’юцца паміж сабою, інтрыгуюць і г. д.). Рэлігіі, якія лічаць, што Бог існуе толькі адзін, завуцца монатэістычнымі. Сьветапоглядная сістэма, якая лічыць, што Бога (багоў) увогуле няма й ўсё ільга растлумачыць матэрыяльнымі прычынамі, называецца атэізм.

На працягу гісторыі чалавецтва рэлігіёзныя погляды паступова трансфармаваліся, пераходзячы ад прымітыўнага абажэньня прыродных зьяваў і аб’ектаў да абстрактных канцэпцыяў Вярхоўнага Бажаства, якое нельга ані цалкам зразумець, ані дасягнуць. Чалавек на шляху разуменьня навакольнага сьвету адчувае неадалімую прагу растлумачыць усё незразумелае ў якіхсьці больш-менш прызвычайных тэрмінах, у выніку чаго такія зьявы, як маланка, вецер, вулканіныя вытокі й г.д. у старажытныя (і нават адносна нядаўнія) часы тлумачыліся дзейнасьцю нейкіх уяўных істотаў, зьнешне падобных да жывёл або людзей, але вялікшых памераў і неверагоднае моцы. Напрыклад, яшчэ ў XIX стагодзьдзі шматлікія хрысьціяне верылі, нібыта маланка адбываецца таму, што Прарок Ілля едзе па небе ў сваёй калясніцы і гоніць перад сабою бесаў з дапамогаю маланак. Гэтыя ўяўленьні, канешне, ні ў якой ступені не выцякаюць з вучэньняў Хрысьціянства, хутчэй тут можна заўважыць спадчыну паганства (калісь славяне верылі ў бога маланак Перуна, а ўжо потым яго «замянілі» на Прарока Ільлю). Калі ж мы возьмем адну з астатніх па часе фармаваньня сусьветных рэлігіяў (напрыклад іслам), дык убачым, што тут Бог дэкларуецца як абсалютна недасягальная, неабсяжная Існасьць, Стваральнік Сусьвету, які існуе па-за межамі часу і прасторы, вышэй за людзкую прагу зразумець Яго. «Богу належаць Усход і Заход; куды б Вы ні зьвярнуліся, дык там Аблічча Божае; Бог — Усёаб’емлючы, Усёведаючы» (Каран ІІ, 109).

Антрапаморфная існасьць ідалаў натуральным чынам лічыць, што дасягнуць іх дабразычлівасьці можна матэрыяльнымі сродкамі — падарункамі (у тым ліку чалавечымі й іншымі ахвярамі), угаворамі (то бок зьвярнуцца да іх з малітваю, якая, у тым ліку, можа мець характар самаўхваленьня ці нават падману) альбо асобымі ўчынкамі, якія б спадабаліся ідалу. Адной з самых складаных і дасканала распрацаваных сістэм політэістычнага сьветапогляду была рэлігія Старажытнай Грэцыі, якую з цягам часу перанялі рымляне. У старажытных грэкаў існаваў шматлікі, але строга акрэслены пантэон чалавекападобных багоў (Зэўс, Апалён, Афрадыта, Арэс, Аід і г. д.) і паўбагоў (герояў), і знутры гэтага пантэона дзейнічала жорсткая герархія. Старажытнагрэцкія багі й паўбагі паводзяць сябе таксама, як і людзі, і, у залежнасьці ад іх паступкаў, адбываюцца тыя ці іншыя здарэньні.

Упершыню канцэпцыя адзінабожжа была сфармулявана ў юдаізме (першым Прарокам якога можна лічыць Адама). Галоўны прарок у юдаізме, Майсей (משה), атрымаў ад Бога 10 запаветаў на гары Сынай. Гэтыя дзесяць маральных прынцыпаў, праектаваўшыся потым на хрысьціянства, сталі моцным фундамэнтам цывілізацыі, якую прынята цяпер называць «эўрапейскаю». Наколькі гэта было даўно, дае ўяўленьне габрэйскі каляндар. Увогуле, любая монатэістычная рэлігія распачынае ўласны каляндар, які звычайна пачынаецца зь пераломнага для дадзенай рэлігіі моманту. Згода з асноўнымі сусьветнымі рэлігіямі, хрысьціянскаму 2005 году ад Раства (Нараджэньня) Хрыстова адпавядаюць: юдаізм — 5765 год ад Стварэньня Сьвету, іслам — 1426 год Хіджры, будызм — 2549 год эры Нірвана.

Юдаізм узьнік не сам па сабе, зь нічога, а ўвабраў у сябе ўяўленьні папярэдніх рэлігійных канцэпцыяў. У яго ўваходзілі ўсе бакі жыцьця чалавечага. Іудзей — гэта адначасова і рэлігійная, і нацыянальная прыналежнасьць (габрэй), і абавязковасьць следаваць зводу санітарна-гігіенічных правілаў, які апісвае ўсё штодзёньнае жыцьцё чалавека (кашрут). Юдаізм звычайна адносяць да сусветных рэлігіяў (збольшага таму, што зь ім маюць крэўную сувязь Хрысьціянства й Іслам), хоць у ім і няма некаторых неабходных дзеля акрэсленьня сусьветнае рэлігіі рысаў: адносная нешматлікасьць вернікаў; у юдаізм цяжка перайсьці, дамінуючая большасьць вернікаў належыць да яго ад нараджэньня. Тое ж самае можна сказаць і адносна некаторых іншых рэлігіяў, якія часам залічваюць да сусьветных (напрыклад, Зораастрызм), аднак жа пры надаваньні статусу таго ці іншага вучэньня трэба ўлічваць усю сукупнасьць яго характарыстык, у тым ліку і пройдзены ім гістарычны шлях. Той жа зораастрызм калісьці быў адкрыты дзеля людзей любой нацыянальнасьці. Тым не менш, першай сапраўды сусьветнаю рэлігіяю стала, безумоўна, Хрысьціянства.

Хрысьціянства, якое першапачаткова лічылася сектаю знутры юдаізму, аддзяліла ўласна рэлігію ад супутных культурных фактараў, і, такім чынам, зьяўляецца наступным этапам развіцця рэлігійнага мысленьня. Для хрысьціянства «няма ні эліна, ні жыда», у тым сэнсе, што Хрысьціянства, у адрозненьне ад юдаізму, не цікавіць нацыянальная прыналежнасьць чалавека. Няма ў ім і амаль ніякіх санітарна-гігіенічных прадпісаў кшталту кашруту. Узяўшы з юдаізму толькі саму сьветапоглядную канцэпцыю адзінабожжа, Хрысьціянства адкінула ўсе архаізмы, што не тычацца непасрэдна рэлігіі, а гэтым, у сваю чаргу, зняўшы з верніка шмат абмежаваньняў, што і дазволіла еўрапейскай цывілізацыі паступова прагрэсаваць.

Адной з найважнейшых навацыяў хрысьціянства трэба лічыць зьмену канцэпцыі служэньня Богу з досыць фармальнай ідэі прынясеньня матэрыяльных дароў і ахвяр (дарэчы, у юдаізме яшчэ захаваўся звычай прыносіць у ахвяру жывёлаў альбо іншыя матэрыяльныя каштоўнасьці) на ідэю асабістай ахвяравасьці. Хрыстос атаясамляў сябе з ахвярным ягняткам («агнцам»), які традыцыйна прыносяць на алтар прававернымі іудзеямі з мэтаю заваяваць большую схільнасьць Усявышняга. Гэтым Ён прадэманстраваў, што ня трэба «адкупляцца» ад Бога, але неабходна прысвяціць служэньню Богу ўсяго сябе без рэшты. Гэтая ідэя з’яўляецца фундаментальнаю ў Хрысьціянстве.

Іслам узнік на Арабійскай паўвыспе, дзе ў той час валадарыла паганства. Некаторыя заходнія рэлігіяведы схільныя сьцвярджаць, што Мухамад (Мухамед) шмат што пазычыў з юдаізму і хрысьціянства, аднак гэты пункт гледжаньня ўяўляецца на дадзены момант даволі хісткім. Хоць да VII стагодзьдзя нашае эры хрысьціянства ўжо распаўсюдзілася на велізарную тэрыторыю, у тым ліку і паўднёвае ўзбярэжжа Міжземнага мора, на тэрыторыі Аравійскага паўвострава яго паслядоўнікі былі ня вельмі шматлікія. Адзінае хрысьціянскае царства — Йемен — якім на момант нараджэньня Мухамада валадарылі эфіопы-монафізіты, пры чым падчас станаўленьня Ісламу перайшло пад уладу персаў-маздэанцаў. З іншага боку, кланы і плямёны аравіі жылі побач з габрэямі і хрысьціянамі на працягу некалькіх стагодзьдзяў, і былі добра знаёмыя з ідэяй монатэізму. Прыкладам, Варака, стрыечны брат Хадыджы, жонкі Мухамада, быў хрысьціянінам. Монатэісты ці людзі з монатэістычнымі схільнасьцямі ў сьветапоглядзе былі ў той час вядомыя як «ханіфы». Лічылася, што яны ёсьць вернікамі Аўраама, што б гэта не значыла. Аднак ніякія ханіфы, што жылі ў Мецы або ў яе асяроддзях, не ўплывалі істотна на вобраз мысляў жыхароў гэтага гораду.

Іслам прызнае ў якасьці Прарокаў заснавальнікаў усіх папярэдніх монатэістычных рэлігіяў, упершыню ўводзячы канцэпцыю прарэсуючага Адкравеньня:

Уласна слова «Алаг» — гэта арабская форма вымаўленьня габрэйскага слова «Элохім» (אלוהים), што ў перакладзе значыць Бог (а не імя Бога, як гэта няправільна пазнчана ў шматлікіх крыніцах). З лінгвістычнага гледжаньня слова Элохім значыць «Богі», хоць і мае рэальна значэньне «Бог» у адзіночным ліку. «Ім» (ים) — гэта прыстаўка, якая азначае множны лік (мужчынскага роду), таму ў ісламе яна й адкінута, і, у выніку, атрымаўся «Элох», у арабскім вымаўленьні «Алаг». З юдаізму ў Іслам перайшлі некаторыя нормы кашруту — напрыклад, абразаньне і забарона на ўжываньне сьвініны, што магчыма, зьвязана са сходнасьцю кліматычных умоў Ізраіля і Аравіі. Кашрут увайшоў у Іслам толькі часткова, таму прававерны мусульманін можа есьці кашэрную ежу габрэяў, а вось юдэй мусульманскую ежу — не. Але ёсьць адна ўласьцівасьць, прысутная Ісламу, але непрысутная юдаізму. Гэта строгая забарона на ўжываньне спіртных напояў. Акрамя таго, у Ісламе ўведзены вельмі жорсткія нормы, якія накіраваныя супраць няшлюбных палавых сувязяў.

Усходнія:

Гістарычныя:




#Article 147: Іслам (483 words)


Іслам (, што значыць «пакорнасьць Боскай волі») — манатэістычная рэлігія, другая ў сьвеце па колькасьці прыхільнікаў. Апошнія, каторыя называюцца мусульманамі, мусяць верыць у абсалютную еднасьць Бога і тое, што Бог даслаў людзям настаўленьні праз прарокаў Мухамада, Ісуса, Майсея, Давіда, Аўрама, Ноя, Адама і іншых. Паводле мусульманскай веры, тыя настаўленьні Бога, што былі дасланыя прароку Мухамаду праз анёла Гаўрылу, сабраныя ў сьвятую кнігу Каран.

Іслам зьяўляецца самай хуткарослай асноўнай рэлігіяй у сьвеце. Налічваецца больш за 1,8 млрд вернікаў, што складае каля 24,1% ад агульнай колькасьці насельніцтва. Мусульмане складаюць большасьць насельніцтва ў 50 краінах.

Мусульмане лічаць, што іслам зьяўляецца поўнай і ўнівэрсальнай вэрсіяй першапачатковай веры, якая была паказана шмат разоў праз Адама, Абрагама, Майсея і Ісуса. Што тычыцца Карану, мусульмане лічаць яго нязьмененным і канчатковым адкрыцьцём Бога. Як і ў іншых абрамічных рэлігіях, іслам мае канцэпцыю ўзнагароджаньня раем і пакараньне пеклам. Іслам уключае ў сябе пяць слупоў, якія зьяўляюцца абавязковымі актамі для любога верніка і спалучаюцца зь ісламскім правам, якое закранае практычна ўсе аспэкты жыцьця грамадзтва ад банкаўскай справы і дабрабыту да жанчынаў і навакольнага асяродзьдзя. Мэка, Мэдына і Ерусалім лічацца месцам трох сьвятых месцаў ісламу.

Як мяркуецца, іслам паўстаў на пачатку VII стагодзьдзя ў Мэцы, а ўжо ў і VIII стагодзьдзі дзякуючы халіфату Амэядаў рэлігія значна пашырылася ад Ібэрыі на захадзе да ракі Інд на ўсходзе. Ісламскі залаты век ставіцца да пэрыяду, які традыцыйна датуецца з VIII па XIII стагодзьдзі, за часам існаваньня халіфату Абасыдаў, калі большая частка мусульманскага сьвету перажывала навуковы, эканамічны і культурны росквіт. Пашырэньню рэлігіі спрыялі розныя халіфаты і імпэрыі, гандаль і місіянэрская дзейнасьць.

Большасьць мусульманаў адносяцца да адной з двух плыняў, як то сунітаў (75-90% ад агульнай колькасьці) або шыітаў (10-20%). Каля 13% мусульманаў жывуць у Інданэзіі, найбуйнейшай мусульманскай краіне, 31% ад агульнай колькасці насельніцтва мусульманаў у сьвеце жывуць у Паўднёвай Азіі, 23% — на Блізкім Усходзе і Паўночнай Афрыкі, дзе іслам зьяўляецца дамінуючай рэлігіяй, і 15% — у краінах Афрыкі на поўдзень ад Сахары. Значныя мусульманскія суполкі таксама маюцца ў Паўночнай і Паўднёвай Амэрыцы, на Каўказе, у Сярэдняй Азіі, Кітаі, Эўропе, Паўднёва-Ўсходняй Азіі, на Філіпінах і ў Расеі.

Каран вучыць мусульман верыць

Практыка іслама аснаваная на пяці стаўпох:

  Скажы: ён — Бог адзіны
  Бог вечны, абсалютны
  Не нарадзіў і ня быў нараджоны
  І ніхто ня быў зь ім параўнімы
                   — Каран, 112:1-4

Мусульмане веруюць, што дазнацца аб якасьцях Бога можна па яго імёнах. Імя Бога, якое мусульмане ўжываюць часьцей за ўсё — Алаг. Гэтае слова ў перакладзе з арабскай мовы азначае «Бог». Арабскія хрысьціяне разам з мусульманамі ўсяго сьвету называюць Бога гэтым імем. Усяго мусульмане налічваюць 99 Боскіх імёнаў. Яны ўключаюць у сабе т. зв. «Імёны прыгажосьці», такія, як Найміласэрнейшы, Найдабрэйшы, Мір, Самы Даруючы, Найласкавейшы, і «Імёны вялікасьці», такія як Наймацнейшы, Кароль, Вымушаючы.

Паводле ісламскай веры, Бог — Творца, Усеведаючы, Усечуючы, Усебачачы — бясконца ўзвышаны над усім тварэньнем. Але ён адначасова вельмі блізкі да чалавека: «Я сапраўды блізкі, я слухаю ўзываньне кожнага ўзываючага, калі ён да Мяне ўзывае…» (Каран:2:186).




#Article 148: Ашмянскі раён (324 words)


Ашмя́нскі раён — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка на паўночным усходзе Гарадзенскай вобласьці Беларусі. Плошча раёну складае 1,2 тыс. км². Насельніцтва на 2018 год — 30 796 чалавек. Адміністрацыйны цэнтар — места Ашмяны.

Ашмянскі раён знаходзіцца на паўночным усходзе Гарадзенскае вобласьці, мяжуе з Астравецкім, Іўеўскім і Смаргонскім раёнамі Гарадзенскае вобласьці, з Валожынскім раёнам Менскае вобласьці, а таксама зь Летувой.

Раён разьмяшчаецца ў межах Ашмянскага ўзвышша, пераважаюць вышыні 220—250 м, максымальная — 311 м (каля в. Цюпішкі).

Карысныя выкапні: торф, гліны, пяскова-жвіровы матэрыял.

Клімат умерана кантынэнтальны. Сярэдняя тэмпэратура студзеня −6,6 °С, ліпеня 17,1 °С. Сярэдняя колькасьць ападкаў складае 605 мм. Працягласьць вэгетацыйнага пэрыяду 190 дзён.

Лясы пераважаюць іглічныя, сустракаюцца драбналістыя (бяроза, асіна, алешына). Лясы займаюць 34,5% тэрыторыі раёну. Глебы пераважаюць дзярнова-падзолістыя, дзярнова-падзолістыя забалочаныя. Агульная плошча балотаў 7,3 тыс. га.

Асноўныя рэкі — Ашмянка, Гальшанка, Клява.

Агульная плошча сельскагаспадарчых земляў складае 65,7 тыс. га, зь іх асушаных 8,4 тыс. га. Асноўныя галіны сельскай гаспадаркі: мяса-малочная жывёлагадоўля, сьвінагадоўля, вырошчваньне льну. Пасевы збожжавых, кармавых культураў, бульбы, рапсу, гародніны.

Прадпрыемствы: харчовая (сыраробная, крухмальная, мясная, малочная — вытворчасьць сухога абястлушчанага малака) прамысловасьць, мэталаапрацоўка (дакладнае ліцьцё, інструмэнтальная вытворчасьць), прыладабудаўніцтва (радыётэхніка), лёгкая (ільновалакно, абутковая), камбікармавая і дражджавая, вытворчасьць будаўнічых матэрыялаў, торфапрадпрыемствы.

Па тэрыторыі раёну праходзіць чыгуначная галіна Менск — Вільня і аўтамабільныя дарогі Менск — Вільня і Астравец — Горадня.

Створаны 15 студзеня 1940 году. Першапачаткова ўваходзіў у склад Вялейскай вобласьці. 20 лістапада 1960 году ўключаны ў склад Гарадзенскай вобласьці.

Найбольш цікавым пунктам раёну з турыстычнага пункту гледжаньня зьяўляецца Гальшанскі замак. Акрамя таго, увагу могуць прыцягнуць касьцёлы з кляштаровымі карпусамі ў вёсках Баруны і Гальшаны, а таксама магіла Францішка Багушэвіча ў Жупранах. Акрамя гэтага, захаваліся: Сьвята-Георгіеўская царква ў в. Гальшаны, царква ў в. Гароднікі, касьцёл сьвятых апосталаў Пятра і Паўла ў в. Граўжышкі, касьцёл сьвятых апосталаў Пятра і Паўла ў в. Жупраны, сядзіба ў в. Міхайлоўшчына, касьцёл Найсьвяцейшай Панны Марыі і будынак друкарні ў в. Мураваная Ашмянка.

У вёсцы Цюпішкі знаходзіцца пункт Дугі Струвэ, якая ўваходзіць у сьпіс Сусьветнай спадчыны ЮНЭСКА як частка аб’екту № 1187.

Гарады: Ашмяны.

Буйныя вёскі: Баруны, Гальшаны, Граўжышкі, Гродзі, Жупраны, Мураваная Ашмянка, Цудзенішкі.




#Article 149: Слонімскі раён (506 words)


Сло́німскі раён — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка на поўдні Гарадзенскай вобласьці Беларусі. Плошча раёну складае 1,47 тыс. км². Насельніцтва на 2018 год — 64 117 чалавек. Адміністрацыйны цэнтар — места Слонім.

Разьмешчаны на поўдні вобласьці й мяжуе на захадзе з Зэльвенскім, на поўначы — зь Зьдзецельскім раёнамі Гарадзенскай вобласьці, на ўсходзе і поўдні — з Баранавіцкім, Івацэвіцкім і Пружанскім раёнамі Берасьцейскай вобласьці.

Заходняя частка раёну разьмешчаная ў межах Слонімскага ўзвышша, паўночна-ўсходняя — на ўскраіне Наваградзкага ўзвышша, паўночная — у Нёманскай нізіне, усходняя і паўднёвая часткі — на Баранавіцкай раўніне. Значная частка раёну знаходзіцца на вышыні 180—200 мэтраў над узроўнем мора. У паўночна-ўсходняй частцы знаходзіцца найвышэйшы пункт — 223 мэтры.

На тэрыторыі раёну разьмешчаны паклады торфу, крэйды, пяскова-жвіровага матэрыялу, глінаў, прызначаных для глыбокай керамікі, будаўнічых пяскоў і бузаў.

Клімат умерана кантынэнтальны. Сярэдняя тэмпэратура студзеня -5,4 °С, ліпеня 17,8 °С. Сярэднярочная колькасьць ападкаў складае 592 мм. Працягласьць вэгетацыйнага пэрыяду 196 дзён.

Працякае рака Шчара з прытокамі Грыўда, Бяроза, Іса, на мяжы з Зэльвенскім раёнам — Зальвянка.

Каля 35% тэрыторыі раёну займаюць лясы: іглічныя, бярозавыя, яловыя, дубовыя. На тэрыторыі Слонімскага раёну знаходзіцца дзяржаўны батанічны заказьнік дзікарослых лекавых расьлінаў дзяржаўнага значэння, 2 ляндшафтавыя геамарфалягічныя заказьнікі прыроды мясцовага значэньня, маецца 13 помнікаў прыроды.
 

У сыстэме адукацыі ў раёне 26 дашкольных установаў (12 — агульнага развіцьця, 12 — з тэматычнай скіраванасьцю, 1 адмысловая ўстанова для дзяцей з асаблівасьцямі псыхафізычнага развіцьця, цэнтар разьвіцьця дзіцяці), 31 установа агульнай сярэдняй адукацыі, 8 пазашкольных установаў, 3 адмысловыя ўстановы, 2 вучэбна-вытворчыя камбінаты.

На сёньняшні дзень насельніцтва раёну абслугоўвае 78 установаў культуры: 37 бібліятэк, раённы Дом культуры (працуе 22 творчыя калектывы, 7 маюць званьне «народны», 1 «узорны», у раёне 14 калектываў са званьнем «народны» і «ўзорны»), раённы Дом рамёстваў, 27 клюбаў і Дамоў культуры, 2 клюбы фальклёру, 4 Дамы сацыяльна-культурных паслугаў, раённы краязнаўчы музэй імя І. І. Стаброўскага, 3 дзіцячыя музычныя школы і 2 школы мастацтваў. З 1990 року ў месьце адчыненая дзяржаўная ўстанова культуры «Слонімскі драматычны тэатар». Жыхароў места абслугоўвае кінатэатар «Мір», відэасалён.

У раёне месьцяцца 2 стадыёны, 2 басэйны, 30 спартовых заляў, 6 спартовых дзіцяча-юнацкіх школаў (2 маюць статус школаў Алімпійскага рэзэрву), дзе культывуецца 10 відаў спорту (бокс, мастацкая гімнастыка, гандбол, футбол, веславаньне на байдарках і каноэ, лёгкая атлетыка, каратэ, більярд, картынг, шашкі).

Пад сельскагаспадарчыя ўгодзьдзі занятыя 51,3% тэрыторыі. Асноўнымі галінамі сельскай гаспадаркі зьяўляюцца: мяса-малочная галіна, птушкагадоўля, вырошчваньне збожжавых і кармавых культураў, бульбы, ільну. У раёне 4 раённыя ўнітарныя сельскагаспадарчыя прадпрыемствы, 10 сельскагаспадарчых вытворчых каапэратываў, фэрмэрская гаспадарка, птушкафабрыка.

Сучасны Слонім — места з даволі разьвітай прамысловасьцю. Тут працуе 21 прамысловае прадпрыемства. Асноўныя прадпрыемствы: ААТ «Слонімскі мясакамбінат», ААТ «Слонімскі кардонна-папяровы завод Альбярцін», ААТ «Слонімская камвольна-прадзільная фабрыка», ААТ «Слонімскі льнозавод», УДП «Слонімскі вінаробны завод», філія «Слонімскі хлебазавод», ААТ «Слонімскі завод сухога абястлушчанага малака» і іншыя.

Галоўныя прадпрыемствы экспартэры — ААТ «Слонімскі завод сухога абястлушчанага малака», ААТ «Слоніммэбля». Экспартна-імпартныя апэрацыі ажыцьцяўляюцца з 29 краінамі сьвету. Асноўнымі гандлёвымі партнэрамі зьяўляюцца: Расея, Украіна, Кыргыстан, ЗША, Польшча, Нямеччына, Чэхія і іншыя.

На тэрыторыі раёну праходзіць чыгуначная лінія Баранавічы — Ваўкавыск, аўтадарогамі Слонім зьвязаны з Баранавічамі, Івацэвічамі, Ружанамі, Ваўкавыскам, Лідай. Дзейнічае Слонімскі раённы вузел электрасувязі, які зьяўляецца структурным падпадзелам Гарадзенскай філіі дзяржаўнага ўнітарнага прадпрыемства электрасувязі «Белтэлекам».




#Article 150: Дынама Менск (футбольны клюб) (2181 words)


Старшынём праўленьня ЗАТ «Дынама-Менск» зьяўляецца адзін з самых заможных людзей Беларусі й кіраўнік фірмы «Трайпл» Юры Чыж. Апошнія ня зусім добрыя вынікі выступаў клюбу многія спэцыялісты зьвязваюць са сталай зьменай галоўных трэнэраў, якія за апошнія дзесяць гадоў ня здолелі правесьці на гэтай пасадзе больш за год.

Днём нараджэньня менскага «Дынама» прынята лічыць дату першага дакумэнтальна пацьверджанага матча каманды. Ён адбыўся 18 чэрвеня 1927 году ў Смаленску, дзе менчукі сустрэліся зь мясцовымі аднаклюбнікамі й атрымалі першую ў сваёй гісторыі перамогу зь лікам 2:1.

У тым жа 1927 годзе «Дынама» паклала ў сваю скарбонку й першы трафэй, атрымаўшы перамогу ў чэмпіянаце БССР. Цікава, што першапачаткова ўдзел у гэтым спаборніцтве прымалі каманды гарадоў. Сярод іх была й зборная Менску, якая заваявала пуцёўку ў фінальны турнір, дзе сталічным футбалістам супрацьстаялі зборныя Гомлю й Віцебску. Аднак у фінале гуляла ўжо ня зборная Менску, а футбольная каманда «Дынама». Справа ў тым, што калектыў практычна цалкам складаўся з «дынамаўцаў», якія й настаялі на тым, каб выступаць пад такой назвай. Нежаданьне выступаць пад сьцягам гораду выклікала абуранасьць з боку грамадзкасьці. Футбалістаў вінавацілі ў паводзінах, нявартым савецкіх грамадзян, у схільнасьці ўплыву буржуазных спартовых грамадзтваў. «Дынама» ў бліскучым стылі расправілася з супраціўнікамі й заваявала званьне чэмпіёна БССР.

Спачатку з рахункам 4:1 былі пераможаныя гаспадары фінальнага турніру зборная Гомелю. Затым быў цяжкі матч зь Віцебскам, перапынены пры рахунку 1:1 з-за цемры. Пераігроўка выдалася ня мянш зацятай, матч скончыўся зь лікам 2:2 у асноўны час, і толькі на 9-й хвіліне трэцяга дадатковага тайма менчук Ціхаміраў прынёс перамогу сваёй камандзе. На наступны год «дынамаўцы» ня здолелі паўтарыць свой посьпех, паколькі ва Ўсебеларускай спартакіядзе зноўку выступала зборная Менску, сфармаваная з футбалістаў трох найлепшых камандаў рэспублікі, а ня толькі з гульцоў «Дынама». Сталічныя футбалісты скончылі свой выступ на стадыі паўфіналу, саступіўшы камандзе Полацку.

Галоўнай падзеяй футбольнага жыцьця СССР у 1928 годзе стала правядзеньне Ўсесаюзнай спартакіяды ў Маскве, удзел у якой прыняла й зборная БССР, якая заняла пятае месца. Найлепшым бамбардзірам беларускай каманды стаў «дынамавец» Ціхаміраў, які забіў 4 мячы. Яшчэ гэты год быў знамянальны тым, што спартовае таварыства «Дынама» прыступіла да будаўніцтва новага спартовага стадыёну на месцы былога іпадрому.

У пачатку 1930-х гадоў у менскага «Дынама» зьявіўся свой стадыён. Разьмяшчаўся ён там, дзе сёньня знаходзіцца паркавая частка сучаснага стадыёну, быў драўляным і зьмяшчаў 10 тысячаў гледачоў. Характэрна, што кожны з дынамаўцаў зрабіў свой унёсак у будаўніцтва спартовай арэны, бескарысьліва адпрацаваўшы па 100 гадзінаў. Дагэтуль футбол стаў ужо самым папулярным відам спорту ў СССР. Не была выключэньнем і Беларусь. Футбалісты менскага «Дынама» хадзілі ў кумірах у сталічнай публікі. Шмат у чым паспрыяў гэтаму выхад на экраны ў 1936 годзе мастацкага фільму «Брамнік». Каб трапіць на яго, у менскіх кінатэатраў выбудоўваліся велізарныя чэргі.

У 1936 годзе прайшоў першы чэмпіянат СССР. Аднак менскае «Дынама» ўдзел у розыгрышы ня брала. Менчукі, якія яшчэ ня мелі статусу каманды майстроў, гулялі на першынстве рэспублікі, у якім у чарговы раз перамаглі ў 1937 годзе. Толькі праз два гады сталічная каманда стала камандай майстроў. У 1940 годзе яна была ўлучана ў склад пятнаццаці камандаў, якія на наступны год атрымалі магчымасьць выступаць у найвышэйшай лізе саюзнага чэмпіянату.

Вайна засьпела футбалістаў «Дынама» ў Менску. Праз два дні яны былі адпраўленыя ў Маскву, дзе фармавалася Асобная мотастралковая брыгада адмысловага прызначэньня (АМСБАП). У склад брыгады былі залічаны і менскія футбалісты. АМСБАП несла патрульную службу, удзельнічала ў стварэньні абарончых рубяжоў, мінаваньню важных аб’ектаў, ажыцьцяўляла выведвальныя і дывэрсійныя дзеяньні на акупаванай ворагам тэрыторыі.

Касьцяк каманды пры гэтым захаваўся, і пасьля перамогі пад Сталінградам з гульцоў зноўку сфармавалі футбольную каманду, якая некаторы час выступала ў першынстве Масквы пад назвай «Вайсковая частка маёра Іванова». Затым каманду перайменавалі ў «Дынама-2». У 1944 годзе дынамаўская каманда ўжо брала ўдзел ў Кубку СССР, прычым дайшла да паўфіналу.

Чэмпіянаты краіны 1946—1949 гадоў прайшлі для менчукоў няўдала. У іх каманда вырашала задачу захаваньня прапіскі ў найвышэйшай лізе. У сэзоне 1947 году клюб вярнуўся на зноўку адбудаваны стадыён «Дынама».

У 1950 годзе «Дынама» і зусім апусьцілася ў клясу «Б». Але ўжо ў 1951 годзе «бела-блакітныя» вярнулі сабе месца сярод наймацнейшых камандаў клясы «А». Аднак з-за няздольнасьці супрацьстаяць найлепшым камандам Саюзу, сталічная дружына паводле вынікаў сэзону зноўку адправілася ў клясу «Б». Такая сытуацыя не задавальняла кіраўніцтва рэспублікі. Таму было прынята рашэньне ствараць калектыў, здольны ня толькі вярнуць прапіску ў найвышэйшай лізе, але і трывала там замацавацца. З гэтай мэтай у каманду быў запрошаны знакаміты галкіпэр Аляксей Хоміч. Актыўна ўводзілася ў склад таленавітая моладзь, Іван Мозэр, Уладзімер Нуждын, Вячаслаў Арцёмаў, Юры Прохараў. У 1953 годзе абноўленае «Дынама» вярнулася ў групу наймацнейшых.

У 1954 годзе загадам Упраўленьня па фізычнай культуры і спорце Міністэрства адукацыі БССР каманда была перайменаваная ў «Спартак». У пачатку сэзону клюб паказваў яскравую гульню. Былі абыграны лідэры савецкага першынства: маскоўскія «Спартак» (2:1), ЦСКА (1:0) і «Дынама» (1:0). Менскі «Спартак» лідыраваў у чэмпіянаце. Далей мінчане страцілі лідэрства, аднак здолелі сабрацца. Былі здабытыя важныя перамогі ў матчах з «Крыламі Саветаў» (2:0), «Зэнітам» (2:0), «Тарпэда» (2:1) і кіеўскім «Дынама» (3:2). У тым годзе каманда ўпершыню ў гісторыі заваявала бронзавыя мэдалі чэмпіянату СССР.

У наступным сэзоне каманда страціла сваю гульню і, заняўшы апошняе месца, апусьцілася ў клясу «Б». Праз год зноўку вярнулася ў найвышэйшы дывізіён, аднак і на гэты раз таксама страціла месца ў эліце.

У 1960 годзе ў гонар рэспублікі ў чэмпіянаце СССР прадстаўніцтва Беларусі даверылі камандзе пад назвай «Беларусь». Яе склалі гульцы менскага «Спартака» і «Ўраджаю». Былі запрошаны гульцы зь іншых камандаў найвышэйшай лігі. Старт «Беларусі» ў чэмпіянаце выдаўся фэерычным — пяць перамогаў запар. Сярод клюбаў, якія трывалі паразу ад беларускага клюбу, былі маскоўскі «Спартак» і кіеўскае «Дынама». За ўсё першае кола менчукі пацярпелі ўсяго дзьве паразы — ад алматынскага «Кайрату» (0:2) і ЦСКА (0:3) — і займалі першае месца ў сваёй групе. Аднак потым каманда збавіла абароты і скончыла сэзон на адзінаццатым радку. Чэмпіянаты 1961 і 1962 гадоў «Беларусь» скончыла на 19 месцы.

У 1963 годзе клюб вярнуўся да назвы «Дынама». У гэтым жа сэзоне была заваявана другая бронза чэмпіянату. У сэзонах з 1964 па 1973 гады менчукі ўзысьці на п’едэстал ня здолелі. Больш за тое, у сэзоне 1973 году, заняўшы 15 месца, апусьціліся ў першую лігу. У гэты час завяршыў гульнявую кар’еру найлепшы бамбардзір у гісторыі каманды Эдуард Малафееў. Цырымонія провадаў гульца зь вялікага футболу адбылася 21 кастрычніка 1971 году на менскім стадыёне «Дынама».

Два гады сталічны клюб правёў у першай лізе. Вярнуўся ў эліту ў 1976 годзе. Гэты год для савецкага футболу выдаўся незвычайным. У сувязі з удзелам зборнай СССР у чэмпіянаце Эўропы і Алімпійскіх гульнях было праведзена два чэмпіянаты краіны — вясновы і восеньскі. У вясновай частцы чэмпіянату менчукі выглядалі цалкам годна, заняўшы 9-е выніковае месца, а вось на восень сілаў у іх ужо не хапіла. Атрымаўшы ўсяго дзьве перамогі, «Дынама» разьмясьцілася на апошнім 16-м месцы і пакінула найвышэйшую лігу. Няўдалы выступ пацягнуў за сабой чарговую зьмену кіраўніцтва. На чале каманды ўстаў Алег Базілевіч, які працаваў раней з кіеўскім «Дынама», аднак працаваў новы штаб паўтара году. Каманда ня здолела паказаць яскравай гульні, і ў сярэдзіне сэзону 1978 году галоўным трэнэрам стаў Эдуард Малафееў. Каманда здолела аднавіцца і, заняўшы 3 месца, вярнулася ў найвышэйшую лігу. Больш «Дынама» ў першы дывізіён не вылятаў.

Новы трэнэр стаў будаваць новую каманду. Малафееў патрабаваў ад гульцоў яскравай гульні, шчырых эмоцыяў, футболу, які падабаўся б гледачам. «Дынама» камплектавалася выхаванцамі беларускага футболу. Ужо ў чэмпіянаце 1979 году гульня менчукоў забліскала новымі фарбамі. Каманда дзейнічала сьмела, са сталым акцэнтам на напад. Аднак, адчувалася, што тактычныя схемы яшчэ да канца не адпрацаваны. Як сьледзтва, толькі 6-е выніковае месца.

У наступным сэзоне высокіх вынікаў дамагчыся не атрымалася. Клюб заняў толькі 9-ю пазыцыю. Пры гэтым «Дынама» ў кожнай сустрэчы дзейнічала тэмпэрамэнтна, неардынарна, чым прыцягвала сымпатыі заўзятараў.

Чэмпіянат 1982 году менчукі пачалі актыўна. Гулялі ў атакуючы футбол і ў хатніх сустрэчах, і ў гасьцёх. Дзейнічалі сьмела і вынікова. Такім чынам аднаасобнае лідэрства менскага «Дынама» пасьля дзесяці тураў нікім не ўспрымалася, як выпадковасьць. Тым часам беларуская дружына ўсё далей сыходзіла наперад і ў пачатку другога кола нашмат апярэджвала фаварытаў. Тыя накіраваліся ў пагоню. Першымі ня вытрымалі тэмпу гонкі тбіліскія дынамаўцы. За два туры да фінішу канчаткова страцілі шанец на «золата» спартакаўцы. Толькі кіеўскі клюб да апошняга спрабаваў нагнаць менскіх аднаклюбнікаў, якім таксама не ўдалося пазьбегнуць гульнявых зрываў. Але менчукі праявілі характар​​, майстэрства, камандны дух і здолелі захаваць за сабой першы радок у турнірнай табліцы. У заключным туры, перамогшы маскоўскі «Спартак» на выезьдзе (4:3), менскае «Дынама» ўпершыню ў сваёй гісторыі заваявала званьне чэмпіёна Савецкага Саюзу.

Посьпех менчукоў быў адзначаны яшчэ трыма ганаровымі трафэямі. Паводле вынікаў сэзону менскаму «Дынама» былі ўручаны прыз імя Рыгора Фядотава, Кубак прагрэсу, прысвоена званьне «агрэсіўнага госьця».

У «залаты склад» каманды ўвайшлі Юры Курненін, Аляксандар Пракапенка, Віктар Янушэўскі, Міхаіл Вяргеенка, Сяргей Бароўскі, Пётар Васілеўскі, Юры Пудышаў, Людас Румбуціс, Андрэй Зыгмантовіч, Георгі Кандрацьеў, Віктар Шышкін, Віктар Сокал, Сяргей Алейнікаў, Ігар Гурыновіч, Ігар Бялоў, Юры Курбыка, Юры Трухан, Сяргей Гоцманаў.

У наступным сэзоне «Дынама» дэбютавала ў Кубку эўрапейскіх чэмпіёнаў. Лёсаваньне вызначыла ў супраціўнікі менчукоў швайцарскі «Грасгопэрс». Зь цяжкасьцю, але дынамаўцы пераадолелі бар’ер (1:0 дома, 2:2 у гасьцёх). Затым у 1/8 фіналу была пройдзеная вугорская «Раба ЭТО» (6:3, 3:1). Менчукі дэманстравалі добрую гульню, аднак ў 1/4 ня здолелі адолець па суме двух матчаў бухарэсцкае «Дынама» (1:1, 0:1). У гэтым жа сэзоне былі заваяваны бронзавыя мэдалі, трэція па ліку, у чэмпіянаце СССР.

Гэты посьпех дазволіў дынамаўцам ў 1984 годзе выступіць ў другім па значнасьці эўратурніры — Кубку УЭФА. У 1/32 фіналу «Дынама» разграміла фінскі ХІК (4:0, 6:0). У 1/16 фіналу прызь лёсаваньне беларусы атрымалі ў супраціўнікі партугальскі «Спортынг». Лісабонцы трывалі паразу толькі ў сэрыі пэнальці ў хатнім матчы — 5:4 (пасьля 0:2 у гасьцёх, 2:0 дома). У 1/8 фінале менчукі прайшлі польскі «Відзэў» (2:0, 0:1), у 1/4 прайгралі югаслаўскаму «Жалезьнічару» (0:2 у гасьцёх, 1:1 дома).

У 1987 годзе менскае «Дынама», як фіналіст Кубка СССР, дэбютавала ў Кубку уладальнікаў кубкаў. На стадыі 1/16 фіналу быў пераможаны турэцкі «Генчлербірлігі» (2:0, 2:1). У 1/8 фіналу пройдзены гішпанскі «Рэал Сасьедад» — 1:1, 0:0. У 1/4 фінале, аднак, клюб зь беларускай сталіцы ня здолеў перагуляць бэльгійскі «Мэхэлен» (0:1, 1:1). Гэтыя чвэрцьфіналы трох самых прэстыжных турніраў Старога сьвету па сёньняшні дзень застаюцца найбуйнейшым дасягненьнем клюбу на эўрапейскай арэне.

У 1992 годзе стартаваў першы чэмпіянат сувэрэннай Беларусі, сярод удзельнікаў якога было і менскае «Дынама», кіраваў якім вядомы ў мінулым галкіпэр «бела-блакітных» Міхаіл Вяргеенка. У камандзе выстапалі наймацнейшыя на той момант футбалісты рэспублікі, таму клюб фактычна не сустракаў аніякай канкурэнцыі і за відавочнай перавагай атрымліваў перамогу ў чэмпіянаце раз-поразу. У пэрыяд з 1992 па 1995 гады менчукі пяць разоў запар станавіліся чэмпіёнамі краіны. Да канца 1990-х «Дынама» страціла чэмпіёнскі ход. Паступова завяршалі гульнявую кар’еру вэтэраны, шматлікія вядучыя футбалісты адпраўляліся ў замежныя чэмпіянаты. Супернікі з кожным годам станавіліся мацней.

У сьнежні 1999 году зьмяніўся ўласьнік клюбу — старшынём праўленьня ЗАТ «Дынама-Менск» стаў кіраўнік фірмы «Трайпл» Юры Чыж. Пад ягоным кіраўніцтвам «Дынама» толькі аднойчы заняло першае месца ў чэмпіянаце. У апошні на дадзены момант раз чэмпіёнам Беларусі сталічны клюб станавіўся ў 2004 годзе. Да залатых мэдалёў каманду прывёў Юры Шуканаў.

Многія сэзоны «Дынама» спрабавала вярнуцца ў асноўную сетку эўрапейскіх турніраў, аднак непераадольнымі бар’ерамі станавіліся 2-і і 3-і кваліфікацыйныя раўнды. У сэзоне 2010—2011 гадоў Лігі Эўропы менчукі спыніліся за крок ад групавога этапу. Былі абыграны эстонскі «Калеў» (5:1, 5:0) і ізраільскі «Макабі» (3:1, 0:1). Аднак у плэй-оф «Дынама» не знайшло ключ да бэльгійскага «Бруге» (2:3, 1:2). У той момант камандай кіраваў Уладзімер Гольмак. Сэзон 2010 году чэмпіянату Беларусі сталічная каманда скончыла на 4 месцы.

Ад свайго пачатку яшчэ ў часы СССР клюб прымаў супраціўніка на стадыёне «Дынама», які месьціцца ў самым цэнтры Менску. Урачыстае адкрыцьцё стадыёну адбылося ў 1934 годзе. Аднак, яму было наканавана двойчы перажыць сваё нараджэньне. У гады гітлераўскай акупацыі стадыён быў цалкам разбураны, але пасьля вызваленьня Менску жыхары ізноў аднавілі яго, і ўжо ў 1945 годзе стадыён прыняў першых удзельнікаў чэмпіянату СССР па футболе і першых гледачоў.

Стадыён «Дынама» быў адным зь месцаў правядзеньня спаборніцтваў падчас Алімпійскіх гульняў 1980 году, перад якімі была зроблена рэканструкцыяў, у выніку якой зьявіўся невялікі брыль, сэктар прэсы, а зьмяшчальнасьць стадыёну была павялічаная да 50 тысячаў. Крыху пазьней з-за дрэннага тэхнічнага стану другі ярус быў зачынены, а зьмяшчальнасьць зьнізілася да 34 тысячаў. Пасьля атрыманьня незалежнасьці стадыён застаўся ў камунальнай уласнасьці, але «Дынама» карысталася стадыёнам на правах арэнды. Акрамя таго, спартовы аб’ект зьяўляўся хатняй арэнай нацыянальнай зборнай Беларусі па футболе. У 2012 годзе стадыён «Дынама» быў зачынены на рэканструкцыю, аднак яшчэ з сэзону 2009 году свае хатнія матчы клюб праводзіў на стадыёне «Дынама-Юні» ў мікрараёне Кунцаўшчына на захадзе сталіцы, які напачатку кастрычніка 2008 году быў выкуплены ў футбольнага клюбу «Дарыды». Новы клюбны стадыён меў зьмяшчальнасьць у 4500 чалавек. У студзені 2013 году аднак і гэты стадыён быў зачынены на рэканструкцыю.

Свае хатнія матчы футбольны клюб «Дынама» на сёньня праводзіць на сталічным стадыёне «Трактар». Гэты стадыён каманда ўжо выкарыстоўвала ў 1960-я гады, калі выступала пад назовам «Беларусь» і ў канцы 1970-х, калі стадыён «Дынама» быў зачынены на рэкантрукцыю ў сувязі з падрыхтоўкаў да Алімпійскіх гульняў 1980 году. Варта заўважыць, што стадыён «Трактар» не дае права на правядзеньне матчаў эўракубкаў са стадыі 3 кваліфікацыйнага раўнду, таму менчукі свае хатнія матчы на гэтай стадыі праводзілі спачатку на стадыёне ў Берасьці, а з сэзону 2014—2015 гадоў на «Барысаў-Арэне».

 Чэмпіянат Беларусі

Кубак Беларусі

Турнір дублёраў чэмпіянату Беларусі

Чэмпіянат СССР (Найвышэйшая ліга)

Чемпионат СССР (Першая ліга)

Кубак СССР

Кубак Футбольнага саюзу СССР

Чэмпіёнат БССР

Кубак БССР

Чэмпіянат Беларусі (з 1992)

Кубак Беларусі (з 1992)

Эўракубкі

Чэмпіянат СССР (1941—1992)

Кубак СССР (1936—1992)




#Article 151: Няміга (629 words)


Няміга — рака ў Менску, правы прыток ракі Сьвіслачы. Дала назву вуліцы і гістарычнай мясцовасьці вакол яе.

Упершыню рака Няміга ўпамінаецца ў «Слове пра паход Ігараў» у апавяданьні пра бітву паміж сынамі кіеўскага князя Яраслава Мудрага і полацкім князем Усяславам Чарадзеем, які «разшибе славу Ярославу, скочи влъкомъ до Немиги съ Дудутокъ. На Немизѣ снопы стелютъ головами, молотятъ чепи харалужными… Немизѣ кровави брезѣ не бологомъ бяхуть посѣяни, посѣяни костьми рускихъ сыновъ». У зьвязку зь бітвай рака таксама ўпамінаецца ў Аповесьці мінулых часоў пад 1067 годам. Тоеснасьць падзеяў, апісаных у «Слове» і «Аповесьці», бясспрэчная, аднак месца знаходжаньня летапіснай Нямігі пэўны час выклікала сумневы. Першыя выдаўцы «Слова» ўслед за расейскім гісторыкам Васіліем Тацішчавым атаясамлівалі Нямігу зь Нёманам. Такой жа думкі прытрымліваўся Мікалай Карамзін. Існавалі і іншыя здагадкі, Уладзімер Ператц, напрыклад, дапускаў, што Няміга — адна з рэк каля Пінску. Нарэшце, у 1821 годзе Зарыян Даленга-Хадакоўскі атоесьніў Нямігу з пратокай у Менску. Неўзабаве да такой жа думкі прыйшлі іншыя дасьледнікі.

Да XIX ст. Няміга моцна зьмялела, рэчышча высахла і назва стала ўжывацца да вуліцы. Але яшчэ ў першай палове XIX ст. пад Няміскай вуліцай, у накрытай драўляным насьцілам канаве працякаў ручай — рэштка высмаглай ракі. Гэты ручай па ліўневых дажджах, а таксама ўвесну і ўвосень разьліваўся, затапляў вуліцу і найбліжэйшы пляц. Дзеля прадухіленьня паводак мескія ўлады пастанавілі заключыць Нямігу ў бэтонныя трубы. У 1926 годзе раку ў яе ніжняй плыні ўзялі ў калектар, на Няміскай вуліцы паклалі брукаванку, ходнікі заасфальтавалі. У 1955 годзе ў калектар заключылі дзялянку верхняй плыні ракі, якая праходзіла ў раёне Грушаўскай вуліцы. У час пракладкі другой лініі мэтро Нямігу перанакіравалі ў ліўневы калектар «Цэнтар», які ўпадае ў Сьвіслач у раёне стадыёну Дынама. Старое вусьце, якое часта памылкова завуць вусьцем калектара Няміга, у наш час выкарыстоўваецца дзеля адводу вады з дрэнажнай сыстэмы станцыі мэтро «Няміга».

У падземным пераходзе аднайменнай станцыі мэтро 30 траўня 1999 году адбылася масавая таўкатня, у якой загінула 53 чалавекі і 196 чалавек атрымалі цяжкія траўмы.

Да нашага часу не захавалася дакладных зьвестак пра першапачатковае разьмяшчэньне рэчышча Нямігі на ўсім яго працягу, таксама невядомыя дакладныя месцы вытоку і вусьця Нямігі. Існуюць некалькі меркаваных месцаў вытоку Нямігі. Магчыма, гэта тлумачыцца тым, што выток з часам высыхаў і перасоўваўся ніжэй па плыні. Паводле адной з вэрсіяў, першапачатковы выток Нямігі месьціўся ўва ўрочышча Добрых Мысьляў ў паўночнай частцы Вірскай вуліцы. На карысьць гэтай вэрсіі кажа сама назва вуліцы Вірскай, якая магчыма ўтварылася ад слова вір. Паводле іншай вэрсіі, выток знаходзіўся далей на паўднёвы ўсход, у месцы, дзе цяпер знаходзяцца Палац чыгуначнікаў. Яшчэ ў пачатку XX ст. у гэтым месцы было шырокае Францішканскае балота.

Дакладна вядома, што Няміга цякла ўздоўж Разінскага завулка, дзе дагэтуль захаваліся сьляды рэчышча і забалочанае месца, якое таксама зьяўляецца адным зь меркаваных вытокаў Нямігі. Рака перасякала вуліцу Грушаўскую, потым рабіла крук у 90 градусаў і пэрпэндыкулярна перасякала Рамізьніцкі завулак поруч з будынкам гарадзкога ДАІ. Далей рэчышча пралягала праз тэрыторыю Менскай друкарні, перасякала чыгуначныя шляхі. Рака цякла паміж сучасных вуліцаў Мясьнікова і Нямігі, потым уздоўж вуліцы Няміскай. За Петрапаўлаўскай царквой Няміга расьцякалася на два рукавы, абцякаючы Замкавую гару. Правы рукаў упадаў у Сьвіслач у раёне моста на вуліцы Багдановіча, левы рукаў агінаў Замчышча з поўначы і ўпадаў у Сьвіслач недалёка ад Гарбатага моста (цяпер гэта мост на Востраве сьлёз).

У наш час словам «Няміга» жыхары Менску завуць раён, які пачынаецца ад гістарычнага Нізкага Рынку ўздоўж аднайменнай вуліцы. Часта гэта назва выкарыстоўваецца як агульная назва мясцовасьці, якая ўлучае ў сябе абодва берагі Сьвіслачы насупраць Траецкага прадмесьця, пляцы на праспэкце Пераможцаў аж да Палаца спорту. Калектар, у якім у наш час цячэ «Няміга», зьяўляецца папулярным месцам для менскіх дыгераў. У час залеваў вуліцу Нямігу і прылеглую тэрыторыю часта падтапляе. Дзеля прадухіленьня гэтых затапленьняў ўлады Менску плянуюць у найбліжэйшай будучыні збудаваць новы калектар «Няміга», аднак пакуль не паведамляецца будзе гэта збудаваньне дадаткам да існага, або заменіць існы калектар, збудаваны яшчэ ў 1926 годзе.




#Article 152: Гіём Апалінэр (123 words)


Гіём Апалінэ́р (сапраўднае імя Вільгельм Апалінары Кастраві́цкі, ; 26 жніўня 1880, Рым, Італія — 9 лістапада 1918, Парыж, Францыя) — францускі паэт, пісьменьнік і крытык. Стрыечны пляменьнік беларускага празаіка Каруся Каганца.

Сапраўднае імя — Гіём Альбэрт Уладзімер Аляксандар Апалінары Кастравіцкі (Wilhelm Albert Vladimir Apollinaris Kostrowicki).

Радавы маёнтак Кастравіцкіх, Дарожкавічы пад Наваградкам, быў канфіскаваны за іхны ўдзел у паўстаньні 1863—1864 гадоў. Дзед Апалінэра, Міхаіл Апалінары Кастравіцкі, эміграваў у Італію, дзе і прайшло дзяцінства паэта. Адным з сыноў дзедавага брата, Карла Самуілавіча Кастравіцкага, быў беларускі празаік Казімер Кастравіцкі, больш вядомы пад творчым псэўданімам Карусь Каганец. Ён прыходзіўся Гіёму стрыечным дзядзькам.

У 1899 годзе Апалінэр пераехаў у Парыж. Удзельнічаў у Першай сусьветнай вайне.

Памёр у 1918 годзе. Пахаваны ў Парыжы на могілках Пэр-Ляшэз.

Літаратурную дзейнасьць пачаў у 1901 годзе.




#Article 153: Найвышэйшая ліга чэмпіянату Беларусі па футболе (393 words)


Вышэйшая ліга чэмпіянату Беларусі па футболе — спаборніцтва паміж найлепшымі прафэсійнымі футбольнымі клюбамі Беларусі, якое праводзіцца ў межах чэмпіянату Беларусі па футболе. Пераможца вышэйшай лігі аб’яўляецца чэмпіёнам Беларусі па футболе.

Першы чэмпіянат Беларусі быў разыграны ў 1992 годзе. У ім удзельнічалі прадстаўнік БССР у вышэйшай лізе чэмпіянату СССР менскае «Дынама», яшчэ пяць камандаў, якія гулялі ў іншых лігах саюзнага чэмпіянату, і дзесяць камандаў з чэмпіянату БССР. Паколькі было прынята рашэньне аб тым каб перайсьці ад прынятага ў СССР футбольнага календара, калі чэмпіянат пачынаўся ўвесну, а сканчаўся восеньню на «эўрапейскую» сыстэму «восень-вясна», то першы чэмпіянат быў разыграны ў адно кола. Розыгрыш чэмпіянату такім чынам працягваўся да сэзону 1994—1995 гадоў, пасьля чаго зноў перайшлі на «вясну-восень».

Колькасьць камандаў, якія гулялі ў лізе вагалася паміж 14 і 16 (у сэзоне 1992—1993 гадоў іх было 17), пакуль у 2010 годзе ліга не была скарочана да 12 клюбаў. У сэзонах 2010—2012 гадоў кожны клюб гуляў з кожным іншым тры разы: на полі якога суперніка будзе праходіць адзін матч з трох, а на якім два вырашаецца падчас лёсаваньня. У сэзоне 2013 году фармат спаборніцтваў быў зьменены на двухэтапны. У першых дзьвюх колах 12 камандаў гулялі два разы кожная з кожнай, пасьля чаго падзяляліся на дзьве шасьцёркі (6 найлепшых і 6 найгоршых), у якіх яшчэ ў два колы разыгрывалі месцы з 1 па 6 у першай шасьцёрцы і з 7 па 12 у другой. За кожную перамогу клюбу налічваюцца тры пункты, за нічыю — адзін, за паразу — нуль. У канцы сэзону клюб з найменшай колькасьцю пунктаў пераходзіў у першую лігу, а яе пераможца пераходзіў у вышэйшую лігу. З 2010 году некалькі клюбаў з вышэйшай і першай ліг гулялі ў турніры за права выступаць у наступным годзе ў вышэйшай лізе. Пасьля сэзону 2014 году вышэйшая ліга ізноў была пашыраная да 14 камандаў, якія згулялі паміж сабой у два колы, а з сэзону 2016 году ліга была пашыраная да 16 камандаў.

З 2004 году для атрыманьня права на ўдзел у вышэйшай лізе клюбы павінныя прайсьці працэс ліцэнзаваньня ад БФФ.

Пераможца лігі атрымлівае залатыя мэдалі чэмпіянату Беларусі па футболе і права прадстаўляць у наступным сэзоне Беларусь у Лізе чэмпіёнаў. Прызэры гуляюць у Лізе Эўропы. Клюб, які стаў чэмпіёнам лігі пяць разоў (не абавязкова запар), мае права зьмясьціць выяву залатой зоркі на сваёй эмблеме.

Зьвесткі па заканчэньні чэмпіянату 2017 году.

Тоўстым шрыфтам вылучаныя каманды, якія гралі ў вышэйшай лізе ў сэзоне 2018 году.




#Article 154: Шахцёр Салігорск (421 words)


Амаль адразу са стварэньнем працоўнага паселішча Новастаробінск на рэгулярнай аснове праходзілі футбольныя спаборніцтвы сярод працоўных калектываў. Увосень 1961 году была створана зборная паселішча, якая ў першым жа матчы разграміла каманду раённага цэнтру, гораду Старобін, зь лікам 5:0. Пасьля чаго была прынята рашэньне аб стрварэньні клюбу «Шахцёр», які адразу быў заяўлены ў чэмпіянат Менскай вобласьці. У 1964 годзе дзякуючы перамозе на абласным узроўні клюб атрымаў запрашэньне на ўдзел у чэмпіянаце БССР.

У 1968 годзе сьпіс удзельнікаў другой лігі папоўніла яшчэ адна каманда з Салігорску — «Гарняк», якая аднак адразу стала адным з аўтсайдэраў турніру, у той час як «Шахцёр» заняў першы радок ня толькі ў сваёй зоне, але й у наступным пераходным турніры, прабіўшыся такім чынам у вышэйшую лігу чэмпіянату БССР. Наступны сэзон у галоўнай лізе рэспублікі стаўся няўдалым, то бок клюб заняў перадапошняе месца й вылецеў у другі дывізіён.

У 1970 годзе ў чэмпіянаце другой лігі БССР удзел узялі ўжо 24 клюбы, таму ўсе каманды былі разьмеркаваны на дзьве зоны. «Шахцёр» і «Гарняк» узялі ўдзел у розных зонах, але абодва калектывы занялі месца ў сярэдзіне турнірнай табліцы сваіх зонаў. На наступны год дзеля падвышэньня вынікаў футболу ў горадзе былі аб’яднаныя абодва салігорскія клюбы ў адзін пад назовам «Шахцёр». У выніку клюб заняў 3-і радок у сваёй зоне. Сэзон 1972 году клюб скончыў на 5-м месцы. У 1973 годзе клюб зноўку заняў трэцяе месца, пры гэтым доўгі час «Шахцёр» трымаўся ў групе лідэраў, аднак ня здолеў утрымацца, прапусьціўшы наперад маладэчанскую «Сэлену» і менскую «Арбіту». У 1974 годзе быў скасаваны падзел чэмпіянату БССР на дзьве лігі, то бок усе 30 клюбаў з былых двух лігаў былі падзелены на 3 зоны па 10 клюбаў у кожнай. «Шахцёр» правёў вельмі няўдалы сэзон, не атрымаўшы ніводнай перамогі ў сэзоне і заняў апошняе месца ў сваёй зоне і ў чэмпіянаце агулам. Праз дрэнныя вынікі клюб быў адлучаны ад удзелу ў чэмпіянаце на два гады, правёўшы гэты час у чэмпіянаце Менскай вобласьці. У 1977 годзе салігорцы на год вярнуўся ў чэмпіянат БССР, аднак зноўку вылецелі, заняўшы апошняе 11-ы радок у сваёй зоне. Аднак, ужо на сэзон 1979 год клюб зноўку вярнуўся ў чэмпіянат БССР, дзе ў першым сэзоне пасьля вяртаньня калектыў заняў 9-е месца ў сваёй зоне, а праз год — 10-е.

Атрымоўваючы значныя посьпехі ў нацыянальных спаборніцвах, што, як вынік, ёсьць атрыманьне срэбраных узнагародаў айчыннага чэмпіянату трэці год запар, камандзе стала не шанцуе ў міжнародных турнірах, дзе каманда ня можа пераадолець першы раўнд. Паводле словаў дырэктара клюбу Юрыя Вяргейчыка, бюджэт каманды ў 2012 годзе складаў 5,5 млн даляраў.

Чэмпіянат Беларусі (з 1992).

Кубак Беларусі (з 1992).

Эўракубкі:




#Article 155: Генрых Глябовіч (119 words)


Ге́нрых Глябо́віч (1 ліпеня 1904 — 9 лістапада 1941) — беларускі ксёндз, прафэсар тэалёгіі ўнівэрсытэту Стэфана Баторыя ў Вільні.

Нарадзіўся ў Горадні. З 1936 году — пробашч парафіі ў Троках. Кожная праца і кожнае асяродзьдзе былі для яго магчымасьцю прыцягваць душы да Божай справы. Ксёндз Генрых быў незвычайна ахвярным душпастырам, харызматычным кіраўніком у веры, апосталам еднасьці хрысьціянаў, сябрам для ўсіх, хто шукаў праўду. Сваім служэньнем аказаў вялікі ўплыў на студэнцкае асяродзьдзе Вільні і архідыяцэзіі. 3 траўня 1941 году склаў акт адданьня Богу свайго жыцьця як ахвяру за ратаваньне 
веры ў моладзі. За душпастырскае служэньне на Беларусі быў расстраляны гестапа ў Барысаве.

У 1999 г. Папа Ян Павал ІІ бэатыфікаваў Генрыха Глябовіча разам зь іншымі 108 мучанікамі Другой сусьветнай вайны.




#Article 156: Ясір Арафат (392 words)


Ясір Арафат  (24 жніўня 1929 — 11 лістапада 2004) — шматгадовы кіраўнік Палестынскай аўтаноміі й сымбаль палестынскага супраціву. Поўнае імя Магамэт Абдэль-Рауф Арафат Аскудва аль-Гусэйні. Таксама вядомы як Абу Амар. Зь дзяцінства Арафат быў вядомы са сваёй мянушкі Ясір, што азначае «лёгкі» па-арабску.

Ясір Арафат пакінуў па сабе складаную спадчыну на Блізкім Усходзе. Ён стварыў Арганізацыю вызваленьня Палестыны, якую Ізраіль быў вымушаны прызнаць, але ня здолеў цягам свайго жыцьця стварыць незалежную палестынскую дзяржаву, што лічыў сваёй асноўнай мэтай. Вось што сам Арафат казаў на гэты конт: «Я — палестынскі салдат. Я буду ўжываць маю зброю, каб абараніць не сябе аднаго, але кожнае палестынскае дзіця, мужчыну і жанчыну, каб абараніць існаваньне Палестыны».

Ясір Арафат нарадзіўся ў 1929 годзе. Адныя біёграфы цьвердзяць, што ён нарадзіўся ў Эгіпце 4 жніўня, іншыя — што ў Ерусаліме альбо ў сэктары Газа 24 жніўня.

У Каіры, у веку 17 гадоў, ён пачаў таемна правозіць зброю, каб ужыць яе супраць брытанцаў і габрэяў. Ён працягваў правоз зброі нават у свае студэнцкія гады, у 1950-х гадах.

У 1958 ён стаў адным з заснавальнікаў Аль-Фатах, арганізацыі, якая складалася зь сеткі сакрэтных ячэек. Калі Ізраіль перамог арабскія дзяржавы ў шасьцідзённай вайне 1967 году, «Фатах» Арафата выявіўся самай моцнай Палестынскай арганізацыяй — і пазьней Арафат ачоліў выканаўчы камітэт АВП.

Першая палова 1990-х была пэрыядам збліжэньня паміж Ізраілем і Палестынай, быў мірны працэс у Осла і Нобэлеўская прэмія міру, якую Ясір Арафат падзяліў з ізраільскім прэм’ер-міністрам Іцхакам Рабінам і міністрам замежных справаў Ізраілю Шымонам Пэрэсам.

У 2000 годзе Арыэль Шарон падняўся на сьвятую для палестынцаў і арабаў Храмавую гару ў Ерусаліме, і гэта паслужыла падставаю для другой палестынскай «інтыфады». І «інтыфада» — паўстаньне палестынцаў — доўжыцца да сёньня.

Зь цягам часу Ізраіль і ЗША абышлі Арафата як нешта лішняе. У чэрвені 2002 году прэзыдэнт ЗША Джордж Буш адкрыта заклікаў палестынцаў абраць сабе новага лідэра.

У апошнія гады Арафат быў зьмешчаны ізраільскімі вайскоўцамі фактычна пад хатні арышт у сваёй рэзыдэнцыі на Заходнім Беразе. Акружаны ізраільскімі жаўнерамі і танкамі, Арафат сказаў, што адсюль ён нікуды не кранецца, бо баяўся, што Ізраіль ня пусьціць яго назад у сваю рэзыдэнцыю. У кастрычніку 2004 году, калі стан яго здароўя рэзка пагоршыўся, яго перавезьлі ў францускі вайсковы шпіталь.

Ясір Арафат памёр 11 лістапада 2004 году ва ўзросьце 75 гадоў у вайсковым шпіталі недалёка ад Парыжу (Францыя), куды быў дастаўлены самалётам 29 кастрычніка са сваёй рэзыдэнцыі Рамала на Заходнім беразе Ярдану.




#Article 157: 8 красавіка (142 words)


 1525 — пераўтварэньне Тэўтонскага ордэна ў герцагства Прусія
 1766 — у ЗША запатэнтавалі пажарную драбіну
 1783 — Кацярына II выдала маніфэст аб далучэньні Крыму да Расеі
 1820 — грэцкі селянін з выспы Мілёс адкапаў славутую статую Вэнэры (на выяве)

 1848 — абвяшчэньне роўнасьці моваў у Аўстра-Вугоршчыне
 1861 — імпэратар Франц Ёзэф I выдаў талеранцыйны патэнт, які ўраўноўваў пратэстанцкія цэрквы ў Аўстрыі з каталіцтвам
 1904 — Вялікабрытанія і Францыя падпісалі пагадненьне аб Эгіпце, Марока і іншых каляніяльных уладаньнях, якое атрымала неафіцыйную назву «Сардэчная згода» (Антанта).
 1924 — утварэньне Беларускае вайсковае акругі
 1944 — пачатак Крымскай апэрацыі, у ходзе якой Крым быў вызвалены ад нямецка-румынскай акупацыі
 1946 — у Жэнэве прайшло апошняе паседжаньне Лігі Нацыяў
 1956 — адкрыцьцё Беларускага дзяржаўнага тэатра юнага гледача
 1986 — кіраўнік СССР Міхаіл Гарбачоў у часе свайго візыту ў Тальяці ўпершыню ўжыў слова «перабудова»
 2010 — ЗША і Расея падпісалі ў Празе дамову аб скарачэньні наземных ядзерных узбраеньняў




#Article 158: 9 траўня (197 words)


 1633 — новаабраны кароль Рэчы Паспалітай Уладзіслаў IV з-пад Варшавы павёў войска на дапамогу абложанаму Смаленску
 1877 — Румынія атрымала незалежнасьць
 1901 — у Мэльбурне адбылося першае паседжаньне парлямэнту Аўстраліі
 1918 — I Сусьветная вайна: нямецкія войскі адбілі спробу брытанцаў заблякаваць порт у Астэндзе
 1920 — парад польскага войска на Крашчаціку ў Кіеве
 1927 — парлямэнт Аўстраліі пераехаў у новую сталіцу — Канбэру
 1929 — пачатак працы камісіі ЦК ВКП(б) па вывучэньні практыкі правядзеньня новай нацыянальнай палітыкі ў БССР
 1936 — Італія анэксавала Этыёпію пасьля захопу 5 траўня Адыс-Абэбы
 1936 — Бітва за Атлянтыку: брытанцы захапілі нямецкую падводную лодку U-110 разам з шыфравальнай машынкай Энігма

 1950 — утварылася Эўрапейская супольнасьць вугалю і сталі (прадвесьнік Эўрапейскага Зьвязу)
 1950 — заснаваная гішпанская аўтамабільная кампанія SEAT
 1953 — у Менску выйшаў першы нумар часопісу «Маладосьць»
 1971 — запуск зонду Mariner 8 скончыўся аварыяй ракетаносьбіту Atlas-Centaur
 1974 — адкрыцьцё праскага мэтрапалітэну
 1974 — Ўотэргейцкі скандал: распачатыя слуханьні і працэс імпічмэнту амэрыканскага прэзыдэнта Рычарда Ніксана
 1987 — катастрофа Іл-62 у лесе пад Варшавай, загінулі 183 чалавекі
 1994 — Нэльсан Мандэла стаў пешым чарнаскурым прэзыдэнтам Паўднёвай Афрыкі
 1995 — адкрыцьцё Амсьціслаўскага гістарычна-археалягічнага музэю
 2002 — апублікаваны канчатковы варыянт Рамкавай канвэнцыі ААН па зьмене клімату
 2003 — запуск японскага касьмічнага зонду Хаябуса
 2012 — 45 чалавек загінулі ў авіякатастрофе летаку Sukhoi Superjet 100 на Яве (Інданэзія)




#Article 159: Троіца (гурт) (794 words)


Утварылася ў 1996 годзе намаганьнямі Івана Кірчука, Зьмітра Лук’янчыка і Віталя Шкілёнка. Іван Кірчук у той час выкладаў у менскім мастацкім вучылішчы на аддзяленьні фальклярыстыкі. Да гэтага моманту ён ужо ўдзельнічаў у этнаграфічных экспэдыцыях, запісваў некалькі праграмаў на радыё, а таксама ў 1983 годзе заснаваў фальклёрны ансамбль «Дзіва». Зьміцера Лук’янчыка раней не цікавіў фольк, у 1980-я гады ён граў у рок-гуртах, аднак зацікавіўся ім, навучаючыся ў тым жа вучылішчы, дзе працаваў Іван. Віталя Шкілёнка з Іванам Кірчуком пазнаёміў Зьміцер Лук’янчык.

З 1995 году пачаліся першыя рэпэтыцыі будучай «Троіцы». У 1996 годзе Віталь і Зьміцер разам з ансамблям Івана Кірчука «Дзіва» прадставілі сумесную праграму. Першы выступ гурта адбыўся на конкурсе альтэрнатыўных выканаўцаў «Уступі дарогу», які праводзіўся фондам Сораса. Назва гурта ўзьнікла як імкненьне музыкаў прытрымлівацца даўніх беларускіх традыцый «траістых» музыкаў. З аднаго боку, гэта выяўляла адданасьць творцаў старажытным народным звычаям, а зь іншага — паказвала колькасьць саміх выканаўцаў. На конкурсе трыё чакаў посьпех, што стала поўнай нечаканасьцю. Паколькі па правілах пераможца атрымліваў магчымасьць бясплатнага запісу ў студыі, то ўжо ў 1996 годзе зьявіўся дэма-запіс і некалькі сьпеваў на касэтах, выдадзеных накладам у 100 асобнікаў. Адна з касэтаў трапіла да лідэра расейскага гурту «ДДТ» Юрыя Шаўчука. У той час ён займаўся зборам музычнага матэрыялу для свайго пецярбурскага фэсту «Песьні канца XX стагодзьдзя» (1997). «Троіцы» удалося трапіць у лік яго ўдзельнікаў. Хаця гурт выступаў пасьля такіх камандаў, як «Аліса» і «ДДТ», публіка добра ўспрыняла выканаўцаў. У 1997 годзе яны змаглі паўдзельнічаць і на канцэрце этнічнай музыкі, прысьвечанай 850-годзьдзю Масквы. У гэтым годзе музыкам удалося трапіць у Нідэрлянды, дзе іх зноў чакаў посьпех: замест заплянаваных трох канцэртаў, гурт змог адыграць усе дзевяць. Галяндцаў вельмі зацікавіла манера сьпеву, тэксты, а таксама інструмэнты калектыву, большасьць зь якіх была рарытэтамі з уласнай калекцыі Івана Кірчука.

З гэтага году пачынаюцца актыўныя канцэрты практычна па ўсёй Эўропе. Гурт наведаў Аўстрыю, Нямеччыну, Вугоршчыну, Партугалію, Польшчу, Харватыю, Славенію, аднак на радзіме выступаў няшмат, што было зьвязана зь невялікай цікаўнасьцю да фальклёру ў тыя гады.

У 1998 годзе ў Нідэрляндах выходзіць першы паўнавартасны студыйны альбом «Троіца». У тым жа годзе пачынаецца разладзьдзе ў калектыве. На глебе творчага рознагалосься гурт пакідае спачатку Віталь Шкіленак, а потым і Зьміцер Лук’янчык. Іван Кірчук застаўся адзін падтрымліваць творчасьць былога гурту. У 1998 годзе ён адзін выступіў у ВУгоршчыне, а потым і ў Босьніі. Падчас канцэртаў Іван паказвае таксама пастаноўкі «Батлейкі» — лялечнага беларускага тэатру.

Па вяртаньні на радзіму Іван спрабуе працягнуць творчасьць «Троіцы». У гурт паступова ўваходзяць гітарыст Юры Дзьмітрыеў і барабаншчык Юры Паўлоўскі з калектыву «Князь Мышкін». Перапрацаваўшы старую праграму, музыкі ствараюць таксама некалькі новых кампазыцый.

Да сярэдзіны 1999 году ўжо новы гурт, зьмяніўшы назву шляхам даданьня да «Троіцы» двух словаў «этна-трыа», адправіўся ў Эўропу. У гэты пэрыяд было запісана жывое выступленьне калектыву на галяндзкім фэсьце Оеrоl (Урэл). Альбом, па меркаваньні гурту, нельга назваць паўнавартасным, ён быў толькі пробай сіл. Этна-трыё пачынае працу над новымі песьнямі для будучага альбому.

У 2000 годзе ў Галяндыі выходзіць сольная праца Івана Кірчука пад назвай «Спадчына загінулых вёсак». Гэты альбом змог убачыць сьвет дзякуючы аднаму галяндзкаму прадусару, які выпадкова пачуў сольны выступ Івана. Ён адразу прапанаваў яму запіс у студыі. На працягу некалькіх дзён Іван запісвае каля сарака песень для свайго альбому. Падчас працы з-за нізкіх тэхнічных магчымасьцяў ён вымушаны выкарыстоўваць мінімум інструмэнтаў, а часам толькі голас.

Увесь 2000 год гурт выступае ў Эўропе, даючы канцэрты ў Галяндыі, Нямеччыне і краінах Балканскага рэгіёна. Таксама ў 2000 годзе этна-трыё Троіца пасьпяхова выступіла ў жывым этэры праграмы Антрапалёгія (НТВ, Масква).

У студзені 2001 году пачалася праца па запісу другога студыйнага альбому «Журавы». Усё праходзіла ў галяндзкай студыі. На гэты раз умовы для запісу былі добрыя, што адбілася на якасьці гука альбому. Новыя ўдзельнікі, зразумела, прыўнесьлі новыя ўплывы ў творчасьць калектыву.
 
У 2002 годзе альбом «Журавы» быў перавыдадзены спэцыяльна для Беларусі, так як галяндзкі дыск распаўсюджваўся толькі ў Эўропе. У тым жа годзе “Троіца” запісала адну кампазыцыю для шырока рэклямаванага альбома-прысьвячэньня гурту «Depeche Mode» і таксама выступіла на вялікім этнічным фэсьце ў Малайзіі («Rain Forest World Music festival»).

У 2003 годзе гурт выступае ў Беларусі, а таксама ў Польшчы, Вугоршчыне, Летуве, Латвіі, Босьніі і Эстоніі.

Ў студзені-лютым 2011 году гурт запісаў наступны альбом — «Зімачка». Дыск запісаны і зьведены на польскай студыі TR-Studios (Варшава). Гукарэжысёрам зьяўляўся Томаш Рагула. Этна-трыё было прызнана «гуртом 2011 году» ў Беларусі па вэрсіі нацыянальнай прэміі Ліра, якую праводзіць Міністэрства культуры Беларусі і тэлеканал СТБ.

Ў пэрыяд з 2012 па 2018 год падоўжыліся канцэрты гурта на буйнейшых фэстах Эўропы (Гішпанія, Нямеччына, Летува, Швайцарыя, Польшча, Украіна, Чылі, Бэльгія, Вялікабрытанія, Партугалія і Беларусь). Ў 2016 годзе этна-трыё прымала ўдзел ў буйнейшым ў сьвеце фэсьце Womad ў Чылі і ў Вялікабрытаніі. У лістападзе 2018 году выйшаў сёмы альбом «Цар-агонь», праца над якім вялася 6 гадоў.

Вялікабрытанія

Бэльгія

Чылі

Беларусь

Расея

Украіна

Нямеччына

Гішпанія

Нідэрлянды

Славенія

Польшча

Босьнія і Герцагавіна

Вугоршчына

Малайзыя

Малдова

Эстонія

Летува

Латвія




#Article 160: Вінцэнт Гадлеўскі (411 words)


Ві́нцэнт Гадле́ўскі (псэўданім В. Скаліманоўскі; 16 лістапада 1888 — 24 сьнежня 1942) — каталіцкі сьвятар, грамадзкі дзяяч, публіцыст.

Нарадзіўся ў вёсцы Шурычы Ваўкавыскага павету. Скончыў Віленскую каталіцкую духоўную сэмінарыю (1912) і Пецярбурскую каталіцкую духоўную акадэмію (1916). Адзін зь першых пачаў служыць у касьцёле па-беларуску.

У сакавіку 1917 году абраны ў Беларускі нацыянальны камітэт, удзельнік Усебеларускага зьезду 1917. У траўні 1917 удзельнічаў у Зьезьдзе беларускага каталіцкага духавенства ў Менску, дзе выступіў з прамовамі «Палітычна-народная акцыя каталіцкага духавенства на Беларусі» і «Стварэньне каталіцкай партыі». Пасьля абвяшчэньня БНР (сакавік 1918) уваходзіў у склад яе Рады. У 1921 выдаў беларускамоўныя казаньні XIX стагодзьдзя.

Адзін з заснавальнікаў і лідэраў Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі, рэдагаваў газэту «Крыніца». Выкладаў у Нясьвіскай беларускай сэмінарыі. З 1924 пробашч касьцёла ў мястэчку Жодзішкі Сьвянцянскага павету. У 1925 і 1927 арыштаваны польскімі ўладамі, у 1927 асуджаны на 2 гады турмы.

З 1929 жыў у Вільні, у 1930 часткова пераклаў на беларускую мову Новы Запавет (4 Эвангельлі і Апостальскія дзеі выдадзены адной кніжкай у Вільні ў 1939). Быў аўтарам падручніка «Гісторыя сьвятая, або Біблейная Новага Закону» (1932). Выступіў зь ініцыятывай стварэньня Беларускага нацыянальнага фронту. Выдаваў газэту «Беларускі фронт».

З пачаткам ІІ сусьветнай вайны пераехаў у Коўна, з чэрвеня 1940 у Варшаве. Заснаваў напрыканцы 1939 Беларускую незалежніцкую партыю. У чэрвені 1941 увайшоў у створаны ў Бэрліне Беларускі нацыянальны цэнтар. Зь верасьня 1941 у Менску. У час нямецкай акупацыі быў прызначаны галоўным школьным інспэктарам пры генэральным камісарыяце Беларусі (кастрычнік 1941), кіраваў працай па падрыхтоўцы праграм навучаньня для беларускіх пачатковых школаў, адначасова быў сябрам Цэнтралі Беларускай народнай самапомачы. Правіў службу ў Чырвоным касьцёле ў Менску.

Ад пачатку быў вялікім прыхільнікам немцаў, лічыў, што па сканчэньні вайны немцы аддадуць беларусам усё кіраўніцтва на Беларусі, спрабаваў выкарыстаць супрацоўніцтва зь немцамі для мабілізацыі беларускіх патрыятычных сілаў. Гадлеўскі разам зь Янам Станкевічам спрабаваў наладзіць у Беларусі культурна-асьветную працу, але іх пляны былі перапыненыя нямецкім кіраўніцтвам, генэральны камісарыят нават забараніў ксяндзу зносіцца непасрэдна са школьнымі аддзеламі акругі. Быў адным з падпісантаў вядомае адозвы да беларускага народу, якая заклікала беларусаў змагацца супраць бальшавіцкай Расеі.

Неўзабаве Гадлеўскі пачаў крытыкаваць нямецкую палітыку ў дачыненьні да беларускага народу. Быў арыштаваны нямецкай паліцыяй у Менску ў ноч на 24 сьнежня 1942 году. Акупанты прапанавалі яму працу ў Рызе, але той адмовіўся. Неўзабаве закатаваны ў Трасьцянцы (пад Менскам).

Ідэалёгія Гадлеўскага — гэта беларускі кансэрватызм, угрунтаваны на гістарычнай памяці, мове, культуры, традыцыях. У ролі нацыянальнай эліты, здольнай скансалідаваць і павесьці за сабой нацыю, Гадлеўскі бачыў інтэлігенцыю. Кансэрватыўны падыход гарманічна злучаўся ў яго з хрысьціянскім пэрсаналізмам — увагай да асобы.




#Article 161: Плошча (248 words)


Плошча — матэматычная і фізычная велічыня, якая вымярае памер аб’екта на роўніцы. Плошча фігуры можа быць вымераная шляхам параўнаньня квадратаў фігураў фіксаванага памеру. У Міжнароднай сыстэме адзінак (СІ), стандартная адзінка вымярэньня плошчы ёсьць квадратны мэтар (запісваецца ў выглядзе м²); 1 м² зьяўляецца плошчай квадрату, бакі якога роўныя аднаму мэтру. Фігура з плошчай у 3 м² будзе мець тую ж плошчу, што тры такіх квадратаў плошчай у 1 м².

Ёсьць некалькі вядомых формул для вызначэньня плошчы простых фігураў, як то трыкутнікаў, прастакутнікаў і акружынаў. Выкарыстоўваючы гэтыя формулы, плошчу любога шматкутніка можна знайсьці шляхам дзяленьня шматкутніка на трыкутнікі. Для фігураў з выгнутымі межамі, падлік звычайна патрабуе вылічыць плошчу. Сапраўды, праблема вызначэньня плошчы такіх фігураў было асноўнай матывацыяй для гістарычнага разьвіцьця вылічэньня.

Плошча паверхні вымярае сумарную плошчу ўсіх вонкавых бакоў (паверхі) аб’екта. Формулы для вылічэньня плошчы паверхні простых фігураў былі вылічаныя яшчэ старажытнымі грэкамі, але вылічэньне плошчу паверхні больш складаных фігураў, як правіла, патрабуе шматпарамэтрычнага падліку.

Плошча гуляе важную ролю ў сучаснай матэматыцы. У дадатак да відавочнай важнасьці ў геамэтрыі і матэматычным аналізе, плошча зьвязана з вызначэньнем дэтэрмінанту лінейнай альгебры, і зьяўляецца асноўнай уласьцівасьцю паверхняў у дыфэрэнцыяльнай геамэтрыі. У аналізе, плошча падмноства плоскасьці вызначаецца з выкарыстаньнем меры Лебэга, хоць і не ўсякае падмноства можа быць вымерна. У цэлым, плошча ў вышэйшай матэматыцы разглядаецца як прыватны выпадак аб’ёму для двухмерных вобласьцей.

Плошча можа быць вызначана шляхам выкарыстаньня аксіёмаў, вызначаючы яе як функцыю набору пэўных плоскіх фігураў на мностве рэчаісных лікаў. Можна даказаць, што такая функцыя існуе.

Вось некаторыя меры плошчы:

Немэтрычныя меры плошчы:




#Article 162: Каляндар (406 words)


Калянда́р (лацінская: calendae, першыя дні месяцу) — сыстэма лічэньня часу, якая заснаваная на пэрыядычных зьявах прыроды: зьмене дня і ночы, зьмене пораў году (сонечны каляндар), зьмене фазаў Месяцу (месяцовы каляндар). Выдзяляюць таксама юліянскі каляндар («стары стыль») і грыгарыянскі каляндар («новы стыль») у хрысьціянскай традыцыі. Каляндар, таксама, уяўляе сабой выраз ўнутраных асаблівасьцяў, якімі адна культура адрозьніваецца ад іншай. Натуральна, што стаўленьне да часу ўнутры асобна ўзятай культуры адбіваецца перш за ўсё праз каляндар. Аднак каляндар зьяўляецца не толькі рытмам часу, але й рытмічнай памяцьцю чалавецтва. Старажытныя календары, як то сонечны каляндар Старажытнага Эгіпта або сонечна-месяцовы каляндар Бабілёна зь іхнай пэрыядычна паўтаральнымі цыклямі рэлігійных сьвятаў, заўсёды перасьледвалі мэту быць надзейнымі захавальнікамі памяці аб тым, што ляжала ў глыбокім фундамэнце кожнай з культур.

З прыняцьцем хрысьціянства ў многіх краінах рабіліся спробы суаднесьці біблейскую храналёгію зь існуючымі каляндарнымі сыстэмамі і вызначыць дакладную дату нараджэньня Ісуса Хрыста. У 525 годзе рымскі манах Дыянісыюс Малы вызначыў, што Хрыстос нарадзіўся ў 753 годзе ад заснаваньня Рыму, або ў 284 годзе эры Дыяклетыяна. Зь цягам часу гэтая сыстэма летазлічэньня («нашая эра») зацьвердзілася ў краінах Заходняй і Цэнтральнай Эўропы.

У Бізантыйскай імпэрыі было распрацаванае летазлічэньне «ад стварэньня сьвету» (пачатак — 5508 годзе да н. э.), год пачынаўся 1 верасьня. 3 хрышчэньнем Русі ў канцы X стагодзьдзя ва ўсходніх славянаў распаўсюдзіўся бізантыйскі каляндар, аднак за пачатак году браўся дзень 1 сакавіка. Розьніца ў паўгады паміж старажытнарускім і бізантыйскім каляндарамі выклікала існаваньне на Русі дзьвюх асноўных сыстэмаў летазлічэньня: сакавіцкай (рускі год адстае ад бізантыйскага на паўгады) і ультрасакавіцкай (рускі год абганяе бізантыйскі на паўгады). Верасьнёўская сыстэма спачатку на Русі ўжывалася слаба. Зьберагліся сьляды знаёмства ўсходніх славянаў зь іншымі сыстэмамі летазлічэньня, як то антыяхійская эра (пункт адліку — 1 верасьня 5968 год да н. э.), александрыйская эра (25 сакавіка 5493 год да н. э.), баўгарская эра (5504 год да н. э.) і іншыя. Маскоўскі царкоўны сабор 1492 году пастанавіў лічыць пачаткам году 1 верасьня.

Сучасны сонечны каляндар, то бок грыгарыянскі каляндар, быў створаны ў 1582 годзе і прыняты рымскім папам Грыгорыюсам XIII, і ў розных краінах уводзіўся ў розны час. Даўжыня году ў ім складае 365,2425 содняў. Пры гэтым дні з 5—14 кастрычніка 1582 году былі выкінутыя з календару. Розьніца паміж грыгарыянскім і юліянскім календарамі ў XVI—XVII стагодзьдзях складала 10 содняў, аднак зь цягам часу адставаньне юліянскага календару ад грыгарыянскага парастала. У Беларусі грыгарыянскі каляндар дзейнічаў да 1796 году, калі тэрыторыя Беларусі была захоплена Расейскай імпэрыяй і ўведзены юліянскі каляндар. Але ў 1918 годзе грыгарыянскі каляндар быў вернуты.




#Article 163: Юліянскі каляндар (101 words)


Юлія́нскі калянда́р («стары стыль») — каляндар, уведзены пры Юліі Цэзары (46 год да н. э.) з дапамогай александрыйскага астранома Сазігена. Складаецца з трох гадоў па 365 содняў («звычайных») і чацьвертага (нумар якога дзеліцца на чатыры, «вісакоснага») у 366 содняў. Адставаньне юліянскага календару ад сонечнага складае 24 гадзіны за 128 гадоў. Гэтая недакладнасьць была выяўленая ў 1324 годзе. Але новая сыстэма зьлічэньня была ўведзеная толькі ў 16 стагодзьдзі (1582) — ёю стаў грэгарыянскі каляндар. Пасьля падзелаў Рэчы Паспалітай у другой палове 18 стагодзьдзя ў Беларусі аднавілі юліянскі каляндар праз захоп Расейскай імпэрыяй. Выкарыстоўваўся да замены бальшавікамі на грыгарыянскі ў лютым 1918 г.




#Article 164: Грыгарыянскі каляндар (135 words)


Грыгарыя́нскі калянда́р («новы стыль») — каляндар, уведзены ў 1582 годзе папам Грыгорыюсам VIII, які перасунуў зьлічэньне на 10 содняў наперад (наступным днём пасьля 4 кастрычніка 1582 году стала 15 кастрычніка 1582 году), каб улічыць пагрэшнасьць, якая назьбіралася ў Юліянскім календары. У грыгарыянскім календары гады, якія заканчваюцца на 00, сталі лічыць высакоснымі толькі ў тым выпадку, калі лік, што складаецца зь першых дзьвюх лічбаў, дзеліцца на чатыры (1600 — высакосны, 1900 — звычайны, гэтым ён розьніцца ад старога стылю). Адставаньне грыгарыянскага календару ад сонечнага складае 24 гадзіны за 3300 гадоў.

Табліца датаў пераходу на грыгарыянскі каляндар у розных краінах:

У адрозьненьне ад Юліянскага календару, у Грыгарыянскім высакосныя гады разьмяркоўваюцца іншым чынам:

У выніку, сярэдняя працягласьць году складае 365,2425 дня:

Зь цягам часу ў Юліянскім календары накопліваецца значна большая памылка — адны суткі за 128 гадоў. Адсюль разыходжаньне ў каляндарных датах:




#Article 165: Насельніцтва (117 words)


Насе́льніцтва — супольнасьць людзей, якія пражываюць у пэўным месцы, у межах асобнай тэрыторыі, кантынэнту, краіны. Дасьледаваньнем дынамікі зьменаў насельніцтва займаецца навука дэмаграфія.

Напрыканцы палеаліту (прыблізна 15 тысячаў гадоў да н. э.) колькасьць насельніцтва Зямлі сягала 3 мільёнаў чалавек; напрыканцы нэаліту (2 тысячы гадоў да н. э.) — 50 мільёнаў чалавек; у нулявым годзе — каля 230 мільёнаў чалавек; у 1000 годзе — 275 мільёнаў чалавек; у 1900 — 1,6 мільярду чалавек, у 1993 годзе — 5,5 мільярду чалавек, у 2004 годзе каля 6,4 мільярду.

На 2004 год Кітай займаў першае месца на плянэце па колькасьці насельніцтва — 1,3 мільярду чалавек. На другім месцы Індыя — 1,1 мільярду чалавек. На трэцім — Злучаныя Штаты Амэрыкі з 293 мільёнамі.




#Article 166: Джон Рональд Руэл Толкін (789 words)


Джон Ро́нальд Ру́эл То́лкін (; 3 студзеня 1892, Блюмфантэйн, Аранжавая Свабодная дзяржава — 2 верасьня 1973, Борнмут, Вялікабрытанія) — брытанскі пісьменьнік і мовазнаўца, найбольш вядомы сваімі клясычнымі эпічнымі фэнтэзійнымі творамі «Хобіт», «Уладар пярсьцёнкаў» і «Сыльмарыліён». Кавалер ордэну Брытанскай імпэрыі (1972). У 2008 року найменаваны «The Times» шостым у сьпісе 50 найвялікшых брытанскіх пісьменьнікаў з 1945 року.

Пэўны час Толкін быў блізім сябрам з Клайвам Льюісам — яны былі сябрамі нефармальнай літаратурнай суполкі, вядомай пад назвай Інклінгі.

Джон Рональд Руэл Толкін нарадзіўся ў Блюмфантэйне ў Аранжавай Свабоднай дзяржаве, якая на сёньня зьяўляецца часткай Паўднёва-афрыканскай Рэспублікі, у сям’і банкаўскага службоўца Артура Толкіна ды Мэйбл Толкін (дзявочае прозьвішча Сафілд). Артур Толкін паходзіў з саксонскіх немцаў, што пераехалі ў Ангельшчыну ў 18 стагодзьдзі. Сям’я пераехала ў Афрыку, калі ён атрымаў прызначэньне кіраўніком Блюмфантэйнаўскае філіі Брытанскага банку.

У 1894 годзе нарадзіўся малодшы брат Толкіна, Гілары Артур Руэл. У хуткім часе Мэйбл разам зь дзецьмі перабралася да сваякоў у Ангельшчыну. Артур зьбіраўся паехаць сьледам за імі крыху пазьней, але нечакана памёр ад рэўматычнае ліхаманкі. Гэта пакінула сям’ю амаль бяз сродкаў да існаваньня, і Рональд жыў з бабуляй і дзядуляй, пакуль маці не перавезла дзяцей у 1896 року ў вёску пад Бірвінгэм. Мэйбл уласнаручна займалася адукацыяй дзяцей, прывіўшы Рональду любоў да расьлінаў; малады Толкін любіў маляваць краявіды і дрэвы, аднак ягонымі ўлюбёнымі заняткамі сталі ўрокі моваў. Ён навучыўся чытаць у 4-хгадовым узросьце, а маці навучыла яго лаціне.

У 1900 годзе Мэйбл прыняла каталіцтва, моцна сапсаваўшы гэтым адносіны са сваімі сваякамі-пратэстантамі, якія перасталі падтрымліваць іх фінансамі. Яна памерла ад дыябэту ў 1904 годзе ў 34-гадовым узросьце, бо інсулін быў адкрыты толькі праз два дзесяцігодзьдзі. Перад сьмерцю Мэйбл прызначыла апекуном над дзецьмі свайго духоўніка, айца Фрэнсыса Ксаўера Моргана, які меў выхаваць іх добрымі каталікамі.

У школьныя гады Толкін сустрэў Эдыт Брэт і закахаўся ў яе. Айцец Морган, непакоячыся, каб гэта не паўплывала на пасьпяховасьць хлопчыка ў навучаньні, а таксама на пратэстанцкае вызнаньне дзяўчынкі, забараніў ім сустракацца, размаўляць і нават ліставацца да 21-гадовага ўзросту. У 1911 Толкін паступіў у Эксэтэрскі коледж Оксфардзкага ўнівэрсытэту і сур’ёзна заняўся мовамі. За сваё жыцьцё Толкін вывучыў вялікую колькасьць моваў, у тым ліку валійскую, старажытнаангельскую, гоцкую.

У свой 21-ы дзень нараджэньня Толкін напісаў Эдыт Брэт ліст з прызнаньнем у каханьні і прапановай сваёй рукі. Эдыт, якая была ўжо заручаная, вярнула свайму жаніху пярсьцёнак і абвясьціла, што зьбіраецца выйсьці замуж за школьнага сябра і навярнуцца ў каталіцтва. 22 сакавіка 1916 году Толкін нарэшце ажаніўся з Эдыт Брэт. У 1917 у іх нарадзіўся сын Джон, у 1920 — Майкл, у 1924 — Крыстафэр, у 1929 — дачка Прысцыла.

У 1915, скончыўшы з адзнакаю коледж, Джон Толкін запісаўся ў поўк Ланкашырскіх стралкоў. Пасьля бітвы пры Соме 27 кастрычніка 1916 Толкін цяжка захварэў на акопную ліхаманку і быў адпраўлены назад у Ангельшчыну.

У 1920 годзе Толкін атрымаў месца выкладчыка ва Ўнівэрсытэце Лідса, ў 1925 годзе вярнуўся ў Оксфард у якасьці прафэсара старажытнаангельскае мовы. З 1945 году да выхаду на пэнсію ў 1959 быў прафэсарам ангельскае мовы ды літаратуры ў Мэртан-коледжы, Оксфард. Сярод ягоных студэнтаў быў Ўістан Г’ю Одэн. Падчас выкладчыцкае працы Толкін ўваходзіў у клюб Інклінгаў, пасябраваў з Клайвам Льюісам.

Памёр у горадзе Борнмут 2 верасьня 1973 году. Пахаваны на могілках ў Оксфардзе побач з жонкаю.

Толкін-пісьменьнік вядомы перш за ўсё як аўтар кнігаў пра сьвет Сярэдзінных Земляў. Складаць гэтыя разнастайныя па форме ды памеры творы ён пачаў у юнацтве ды займаўся гэтым усё жыцьцё, несупынна зьмяняючы і рэдагуючы зробленае раней. Першыя легенды, што складалі так званую «Кнігу страчаных паданьняў», Толкін напісаў падчас Першае сусьветнае вайны. Але выданыя яны ў той час не былі, і знаёмства чытачоў зь Сярэдзіннымі Землямі пачалося нашмат пазьней, ў 1937, калі пабачыў сьвет іншы (і зусім непадобны) твор гэтага цыклю, казка «Хобіт». Казка адразу набыла вялікую папулярнасьць, і выдавец зьвярнуўся да Толкіна з просьбаю напісаць працяг. Той пагадзіўся, але справа зацягнулася на доўгія гады. Вынікам стаў трохтомны «Ўладар пярсьцёнкаў», які быў надрукаваны ў 1954—1955 і прынес аўтару сусьветную славу.

Тым ня менш, вартыя ўвагі й іншыя творы Толкіна, паміж якімі казкі, вершы ды паэмы. Значная частка твораў Толкіна выйшла ўжо пасьля ягонае сьмерці пад рэдакцыяй ягонага сына Крыстафэра.

На творчасьць Толкіна моцна паўплывала яго прафэсійнае захапленьне сярэдневечнай эўрапейскай літаратурай, у прыватнасьці стараангельскай паэзіяй. Так, у «Хобіце» і ва «Ўладары пярсьцёнкаў» можна знайсьці адсылкі да «Бэавульфа», некаторыя сюжэты «Сыльмарыліяна» натхнёныя «Калевалай», шматлікія паэтычныя творы Толкіна напісаныя стараангельскім алітэраваным вершам.

Толкін удзельнічаў ва ўкладаньні Оксфардзкага слоўніка ангельскае мовы і ў падрыхтоўцы выданьняў шэрагу сярэднявечных паэмаў. Дасьледваў стараангельскую і сярэднеангельскую літаратуру. Ягоныя працы па паэме «Бэавульф» — асабліва знакамітая лекцыя «» — шырока цытуюцца да цяперашняга часу.

Пішучы кнігі пра Сярэдзінныя Землі, Толкін стварыў некалькі штучных моваў для прыдуманых ім народаў. Найбольш вядомыя і прапрацаваныя з гэтых моваў — квэнья і сындарын. Стварэньню моваў як роду мастацкае творчасьці прысьвечанае ягонае эсэ «Тайная загана» (1930).

Сярэднеангельскія і стараангельскія словыі выразы ў назвах артыкулаў дадзеныя безь перакладу.




#Article 167: Аксамітная рэвалюцыя (287 words)


Аксамі́тная рэвалю́цыя (, ) — падзеі, якія адбываліся ў Чэхаславаччыне ў лістападзе-сьнежні 1989 году і прывялі да параўнальна мірнага падзеньня камуністычнага рэжыму ды ўсталяваньня дэмакратыі.

Пачаткам сталася дэманстрацыя студэнтаў у Браціславе (Славаччына) 16 лістапада 1989 году, а потым, на наступны дзень, дэманстрацыя пратэсту студэнтаў у Празе (Чэхія). Дэманстрацыя ў Браціславе прайшла мірна, а ў Празе паліцыя жорстка разагнала студэнтаў, якія са сьвечкамі і вянкамі выйшлі ўспомніць пра сваіх папярэднікаў, і ў прыватнасьці студэнта Яна Оплэтала, які быў у 1939 годзе пакараны нацыстамі.

На наступны дзень праскія тэатры абвясьцілі, што здымаюць усе спэктаклі й аддаюць свае сцэны для публічных дыскусіяў. Прадстаўнікі чэскай апазыцыі, царквы, студэнцтва, сабраўшыся ў адным з тэатраў, абвясьцілі пра стварэньне Грамадзянскага форуму і запатрабавалі зьменаў ва ўладзе, свабоды слова і сходаў, вызваленьня палітычных вязьняў.

Камуністычная партыя Чэхаславаччыны тэрмінова зьмяніла сваіх кіраўнікоў Мілаша Якеша — на Карла Ўрбанка. Улады пайшлі на дыялёг з прадстаўнікамі Форуму, а прэзыдэнт Густаў Гусак даў загад вызваліць вядомых палітвязьняў.

Дзьве дэманстрацыі студэнтаў атрымалі нечакана вялікі рэзананс. Студэнты спантанна вынесьлі на вуліцы тыя патрабаваньні дэмакратычных свабодаў, якія даўно высьпелі ў грамадзтве, на якія дзесяцігодзьдзямі перад тым працавалі шматлікія грамадзянскія ініцыятывы, такія як «Хартыя-77» і яе пазьнейшая спадкаемца — ініцыятыва «Некалькі сказаў».

Крызіс самой камуністычнай партыі быў настолькі глыбокі, што ўлада фактычна выпала зь яе рук. Дысыдэнты, якія першапачаткова разьлічвалі на дыялёг з уладай і зьмякчэньне палітычнага рэжыму, фактычна атрымалі саму ўладу.

Падзеі напрыканцы 2003 году ў Грузіі, калі ў выніку пратэстаў быў вымушаны пайсьці ў адстаўку Эдуард Шэварднадзэ, таксама многімі былі названы «аксамітнай рэвалюцыяй» (рэвалюцыя ружаў). 4 студзеня 2004 году новым прэзыдэнтам Грузіі стаў празаходні лідэр апазыцыі Міхаіл Саакашвілі.

У выніку выбараў ў лістападзе-сьнежні 2004 году ва Ўкраіне да ўлады прыйшоў Віктар Юшчанка. Гэтыя выбары і падзеі вакол іх таксама лічацца «аксамітнай рэвалюцыяй» (Аранжавая рэвалюцыя).




#Article 168: Гільбэрт Кійт Чэстэртан (175 words)


Гі́льбэрт Кійт Чэ́стэртан (; 29 траўня 1874 — 14 чэрвеня 1936) — брытанскі пісьменьнік, журналіст, літаратуразнаўца ды апалягет хрысьціянства, у грамадзка-палітычным жыцьці — прыхільнік і абаронца дыстрыбутызму.

Нарадзіўся 29 траўня 1874 году ў Лёндане. У 1901 годзе ажаніўся з Фрэнсіс Блог. Сябраваў з Хілэрам Бэлакам, а таксама з айцом Вінсэнтам МакНэбам. У канцы зямнога жыцьця Чэстэртана менавіта МакНэб прымаў ягоную апошнюю споведзь. У 1922 годзе перайшоў з англіканства ў каталіцтва. Памёр 14 чэрвеня 1936 году ў Бікансьфілдзе.

Аўтар раманаў «Напалеон Нотынгхільскі» (The Napoleon of Notting Hill, 1904), «Чалавек, які быў чацьверам» (The Man Who Was Thursday, 1908), «Шар ды крыж» (The Ball And The Cross, 1910, 1927) ды іншых. Сусьветна вядомы ягоны цыкл дэтэктыўных апавяданьняў пра патэра Браўна. Вялікае месца ў творчасьці Чэстэртана займае хрысьціянская апалягетыка, найбольш значны твор па гэтай тэматыцы — кніга «Адвечны чалавек» (The Everlasting Man, 1925). Акрамя таго, Чэстэртан — аўтар літаратуразнаўчых працаў «Роберт Браўнінг» (Robert Browning, 1903), «Чарлз Дыкенз» (Charles Dickens, 1906), «Джордж Бернард Шоў» (George Bernard Shaw, 1909), «Роберт Луіс Стывенсан» (Robert Louis Stevenson, 1927) ды «Чосэр» (Chaucer, 1932).




#Article 169: Клайв Стэйплз Льюіс (491 words)


Клайв Стэйплз Лью́іс  (, ці больш ужывальная форма C. S. Lewis, таксама вядомы сярод сяброў як Jack; 29 лістапада 1898 — 22 лістапада 1963) — ірляндзкі пісьменьнік, літаратурны крытык, хрысьціянскі апалягет, акадэмік, навуковец, радыё-дыктар і эсэіст. Ён асабліва вядомы сваімі хрысьціянска-апалягетычнымі творамі «Лісты круцяля» і «Проста хрысьціянства», фантастычнай сэрыяй «Касьмічная трылёгія», а таксама казкамі-фэнтэзі «Хронікі Нарніі».

Льюіс быў блізкім сябрам Джона Толкіна, аўтара «Ўладара Пярсьцёнкаў». Абодва аўтары зьяўляліся вядучымі постацямі на ангельскім факультэце Оксфардзкага ўнівэрсытэту і ў нефармальным оксфардзкім літаратурным гуртку, вядомым як «Інклінгі». Згодна зь яго духоўнымі мэмуарамі «Зьдзіўлены радасьцю», Льюіс быў хрышчоны па нараджэньні ў Царкве Ірляндыі, але ў падлеткавым узросьце адышоў ад веры. Пад уплывам Толкіна й іншых сяброў ва ўзросьце каля 30 гадоў ізноў навярнуўся да хрысьціянства, пры гэтым быў па ягоным уласным сьцьверджаньні «зусім звычайным, шараговым чальцом англіканскай царквы, не занадта „высокай“, не занадта „нізкай“ і ўвогуле не занадта якой». Яго навяртаньне мела значны ўплыў на яго дзейнасьць, а радыёперадачы на тэму хрысьціянства, якія ён вёў падчас Другой сусьветнай вайны, зрабілі яго шырока вядомым. Ужо напрыканцы свайго жыцьця пісьменьнік пазнаёміўся і ажаніўся з амэрыканскай пісьменьніцай Джой Грэшам, якая праз 4 гады ва ўзросьце 45 гадоў памерла ад раку касьцей.

Працы Льюіса былі перакладзеныя на болей чым 30 моваў сьвету і выдаваліся мільённымі накладамі цягам доўгага часу. Кнігі, якія ствараюць «Хронікі Нарніі», прадаваліся найбольш, па іх ставіліся спэктаклі, рабіліся экранізацыі ў кіно і на тэлебачаньні. Сярод гэтага тэлевізійная сэрыя на BBC 1998 году, экранізацыя кнігі «Леў, вядзьмарка і адзежная шафа» 2005 году і экранізацыя кнігі «Прынц Касьпіян» 2008 году.

Клайв Стэйплз Льюіс нарадзіўся ў Бэлфасьце (Ірляндыя) 29 кастрычніка 1898 году. Яго бацькам быў Альбэрт Джэймз Льюіс (1863—1929), салісітар, бацька якога, Рычард, пераехаў у Ірляндыю з Уэльсу ў сярэдзіне XIX ст. Яго маці была Флорэнс (Флора) Аўгуста Льюіс уроджаная Гамільтан (1862—1908), дачка сьвятара Царквы Ірляндыі (Супольнасьць англіканскіх цэркваў). У яго быў старэйшы брат Ўорэн Гамільтан Льюіс (Ўорні). Ва ўзросьце 4 гадоў, у кароткім часе пасьля гібелі яго сабакі Джэксі, Льюіс абвясьціў, што яго імя цяпер Джэксі. Першы час пасьля гэта не адзываўся ні на якое іншае імя, але неўзабаве згадзіўся на імя Джэк, пад якім ён быў вядомы сярод знаёмых і родных усё астатняе жыцьцё. Калі Льюісу было 7 гадоў, яго сям’я пераехала ў «Маленькі Лі» (Little Lie), дом, які яго бацька пабудаваў для маці ўва ўсходнім Бэлфасьце.

Кнігай «Леў, вядзьмарка і адзежная шафа» К. С. Льюіс разам са сваім сябрам Дж. Р. Р. Толкінам заклаў падваліны жанру «фэнтэзі». Паводле сюжэту, у час Другой сусьветнай вайны чацьвярых дзяцей эвакуююць углыб Ангельшчыны. Яны пасяляюцца ў доме старога прафэсара. Малодшая зь дзяцей, Люсі, падчас гульні ў хованкі знаходзіць у шафе-гардэробе праход у чароўную краіну — Нарнію. Там ужо 100 год зіма, якую начаравала Белая Вядзьмарка. Казка нязьменна ўваходзіць у рэйтынгі самых чытаных і самых улюбёных дзіцячых кніг. Экранізацыя гісторыі, створаная кампаніямі Disney і Walden Media, стала адным з самых папулярных фільмаў 2005 году.

У 2000-х пераклад першай кнігі «Пляменьнік чарадзея» на беларускую мову зрабіў Алесь Квіткевіч. Пераклад так і ня быў апублікаваны.




#Article 170: Джэфры Чосэр (954 words)


Джэ́фры Чо́сэр (, каля 1343, Лёндан, Ангельшчына — 25 кастрычніка 1400, Ангельшчына) — вядомы ангельскі паэт Сярэднявечча, лічыцца бацькам ангельскай літаратуры й першым паэтам, які быў пахаваны ў Куту паэтаў у Ўэстмінстэрскім абацтве. У часы свайго жыцьця праславіўся як літаратар, філёзаф, альхімік і астраном, які склаў навуковы трактат па Астралябіі для свайго дзесяцігадовага сына Льюіса, Чосэр таксама падтрымліваў актыўную кар’еру на дзяржаўнай службе ў якасьці чыноўніка, прыдворнага й дыплямата. Сярод ягоных шматлікіх працаў, якія ўключаюць такія творы, як то «Кніга герцагіні», «Дом славы», «Легенда аб добрых жанчынах» і «Траіл і Крэсыда». На сёньня ён зьяўляецца шырока вядомым перш за ўсё дзякуючы «Кэнтэрбэрыйскім апавяданьням». Чосэр зьяўляўся галоўнай фігурай у разьвіцьці легітымнасьці мясцовай ангельскай гаворкі, сярэднявечнай ангельскай мовы, у той час, калі дамінуючымі літаратурнымі мовамі ў Ангельшчыне былі француская й латынь.

Лічыцца, што Чосэр нарадзіўся паміж 1340 і 1344 гадамі ў Лёндане. Джон Чосэр, бацька Джэфры, быў пасьпяховым гандляром віна, а таксама займаў пасаду памочніка каралеўскага краўца ў Саўтгэмптане. Першы запіс, які тычыцца Джэфры, быў знойдзены ў расходнай кнізе Элізабэт, графіні Ольстэрскай, жонкі прынца Лаянэла, аднаго з сыноў Эдуард III. Гэты запіс датуецца 1357 годам. Аб Джэфры тамака згадваецца як пра пажа, якому была куплена новая сукенка. Верагодна, да прызначэньня ў пажы хлопчык вучыўся ў лёнданскай школе: яму трэба было ўмець чытаць і вырабляць простыя вылічэньні, роўна як і мець некаторыя веданьні з латыні й нават, магчыма, у францускай мовы. На службе ў прынца Лаянэла сыстэматычная адукацыя хлопчыка была працягнутая на шляхецкі кшталт, бо яму трэба было надаваць асаблівую ўвагу мастацтвам, больш грунтоўней вывучаць францускую й латынь, а таксама ўдасканальвацца ў высакародных занятках.

У 1359—1360 гады Чосэр служыў у ангельскім войску ў Францыі, то бок Стогадовая вайна зь перапынкамі працягвалася на працягу ўсяго ягонага жыцьця. Ён трапіў у палон непадалёк ад сучаснага Рэймса, у пачатку 1360 году за яго быў заплачаны значны выкуп, то бок 16 фунтаў стэрлінгаў, і ён змог вярнуцца ў Ангельшчыну. У тым жа годзе Чосэр зноў адправіўся ў Францыю, зьяўляючыся па-ранейшаму на службе ў прынца Лаянэла, але зараз ужо як кур’ер. Гэта была першая зь ягоных многіх дыпляматычных місіяў. Затым ягонае імя прыкладна на сем гадоў зьнікла з кронікаў. Мабыць, за гэты час Чосэр ажаніўся зь Філіпай Роўт, якая ўваходзіла ў сьвіту графіні Ольстэрскай, а на момант вясельля — у сьвіту каралевы, ейная сястра Кэтрын Сўінфард была вядомай палюбоўніцай, а затым трэцяй жонкай Джона Гонта , чацьвёртага сына Эдўарда III.

Чосэра наведваў, мабыць, лёнданскую вышэйшую юрыдычную школу, якая давала й добрую агульную адукацыю. Там ён навучыўся працаваць над тым, што неўзабаве стала галоўнай справай ягонага жыцьця, — над пытаньнямі літаратуры. Незважаючы на тое, што гэта немагчыма праверыць, сучасныя біёграфы пішуць, што ён вывучаў клясыкаў, то бок Вэргіліюса, Статыюса, Лукіяна, Дантэ Аліг’еры, Кляўдыяна («Выкраданьне Празэрпіны»), Гарацыюса й Ювэнала, але асабліва захапляўся Авідыюсам, кінігі якога, як то «Мэтамарфозы» й «Гераіды», сталі ягонымі каханымі кнігамі. Вывучаў ён, вядома, таксама патрыстычную й сярэднявечную лацінскую літаратуру й творы карыфэяў схалястычнай навукі, якія вельмі яму спатрэбіліся, калі яму трэба было забясьпечваць навуковымі ведамі сваіх герояў. Пераклад Баэтыюса, папулярнага ў схалястаў, як і больш позьні трактат пра Астралябію адлюстроўваў гэтыя інтарэсы. Але больш, чым клясыкамі, і больш, чым бацькамі царквы й схалястаў, Чосэр захапляўся сучаснымі францускімі паэтамі. Тут было ўсяго патроху: эпасу, лірыкі, бачаньня, алегорыі ўсіх відаў. Ён аддаў значную даніну ўплыву гэтай літаратуры ў той раньні пэрыяд сваёй дзейнасьці, калі перакладаў «Раман пра Розу», пісаў невялікія паэмы й лірычныя вершы.

У 1367 годзе імя Чосэра зноўку зьяўляецца ў дакумэнтах; гэтым разам ён згадваецца як каралеўскі камэрдынэр; згадваецца таксама, што ён атрымліваў ад кароны пэнсію. Пасьля гэтага імя Чосэра пачынае сустракацца больш часта: каралеўскія падарункі яму й ягонай жонцы, чарговая дапамога, новыя прызначэньні, дыпляматычныя паездкі. Зафіксавана й надзвычай важнае для гісторыі літаратуры даручэньне Чосэру ў 1372 годзе весьці перамовы з герцагам Генуі. Гэтым прызначэньнем датуецца першая паездка паэта ў Італію (дакладней, першая, якая была зафіксавана), што мела, разам з другой, у 1378 годзе, якая зрабіла вялікі ўплыў на творчасьць Чосэра.

У 1374 годзе Чосэра атрымаў у бязвыплатнае карыстаньне будынак у Олдгэйце й быў прызначаны інспэктарам мытні Лёнданскага порту. Пазьней, у 1382 годзе, Чосэр быў прызначаны таксама інспэктарам Малой мытні. У 1375 годзе яму быў падараваны нагляд над графствам Кент зь пералікам на ягоную карысьць розных штрафаў, якія былі прызначаныя мытняй. З 1376 па 1381 гады Чосэру дазвалялася пакідаць намесьніка на час адсутнасьці ў Лёндане, што паказвае на важнасьць ягонага службовага становішча. Філіпа па-ранейшаму карысталася каралеўскім упадабаньнем, і, мабыць, Джэфры дзяліў зь ёй гэты посьпех аж да ейнай сьмерці каля 1387 году.

Аднак існуюць відавочныя сьведчаньні таго, што яшчэ да сьмерці Філіпы Чосэр нечакана апынуўся ў бядзе. У 1386 годзе ён застаўся бяз дома ў Олдгэйце й абодвух інспэктарскіх пасадаў, акрамя таго, у 1387—1389 гадох адсутнічаюць запісы аб субсыдыях, выплачаных паэту, затое неаднаразова зафіксаваныя судовыя загады аб выплаце ім запазычанасьці.

У 1389 годзе Чосэр быў прызначаны Дазорцам каралеўскіх працаў і заставаўся на гэтай пасадзе на працягу двух гадоў. Хутчэй за ўсё, Чосэр сам пажадаў выйсьці ў адстаўку, паколькі служба патрабавала сталых разьездаў, а паэт быў ужо немалады. Няма чыньнікаў меркаваць, што ён быў звольнены, не справіўшыся з працай: паэт адразу ж атрымаў сваё апошняе прызначэньне — пасаду памочніка лясьнічага Каралеўскага лесу ў Норт-Пітэртане. Пра наступныя гады жыцьця Чосэр вядома некалькі менш. Запісы аб выплаце жалаваньня нерэгулярныя, то бок, верагодна, паэту неабходна было браць пазыкі ў дзяржаўнай казьне. Аднак у 1399 годзе ён здолеў арандаваць на 53 гады дом каля Ўэстмінстэрскага абацтва. У гэтым доме Джэфры Чосэр і памёр 25 кастрычніка 1400 году. Джэфры Чосэр быў пахаваны ў Ўэстмінстэрскім Абацтве. У 1566 годзе ягоную могілку перанесьлі ў новае месца на тых жа могілках на месца, вядомае цяпер як Кут Паэтаў.

Джэфры Чосэр зьяўляецца аўтарам паэмаў «Кэнтэрбэрыйскія апавяданьні», «Траіл і Крэсыда». Акрамя таго, ён пераклаў на ангельскую мову «Суцяшэньне філязофіяй» Баэтыюса. Творчасьць Чосэра лічыцца своеасабліваю мяжою паміж сярэднявечнай ды новай брытанскай літаратурай.




#Article 171: Умбэрта Эка (124 words)


Умбэ́рта Э́ка (; 5 студзеня 1932 — 19 лютага 2016) — італьянскі вучоны-мэдыевіст, сэміётык, філёзаф ды пісьменьнік. Аўтар шэрагу раманаў, навуковых твораў па сэміётыцы, па культуры Сярэднявечча, і вялікае колькасьці эсэ на грамадзка-палітычныя тэмы. Атрымаў Эўрапейскую літаратурную прэмію ў 2001 годзе.

Нарадзіўся  5 студзеня 1932 году ў горадзе Алесандрыя, Італія. У 1980 годзе быў надрукаваны ягоны першы мастацкі твор — раман «Імя ружы», які адразу набыў сусьветную вядомасьць. З таго часу Эка напісаў ды выдаў яшчэ пяць раманаў.

Умбэрта Эка займаў пасаду прафэсара сэміётыкі ва ўнівэрсытэце гораду Балёньні. Ён актыўна ўдзельнічаў ў грамадзкім і палітычным жыцьці Італіі, зьвяртаў шмат увагі на праблему развіцьця Сусьветнага Сеціва, у якім бачыў сродак, каб зрабіць інфармацыю агульнадаступнай. З гэтае нагоды Ўмбэрта Эка зьяўляўся каардынатарам праекту «Мультымэдыйная аркада» — унікальнага інтэрнэт-цэнтру ў Балёньні.




#Article 172: Інклінгі (182 words)


І́нклінгі (, The Inkling Club) — літаратурны клюб, першапачаткова заснаваны ў Оксфардзе ў 1931 годзе студэнтам Тэнджы Лінам. Сам Лін, скончыўшы каледж, пакінуў клюб. Празь некаторы час назва «Інклінгі» замацавалася за невялікаю суполкаю пісьменьнікаў, многія зь якіх выкладалі ў Оксфардзе.

Вядомасьць Інклінгі набылі дзякуючы таму, што доўгі час сябрамі клюбу былі пісьменьнікі Джон Толкін ды Клайв Льюіс. У 1939 годзе да іх далучыўся яшчэ адзін вядомы пісьменьнік — Чарлз Ўільямз. Акрамя таго, у клюб уваходзілі Оўэн Барфілд, Г’юга Дайсан ды іншыя. Трэба адзначыць, што ў клюбе ніколі не было фармальнага сьпісу ўдзельнікаў, і фактычна ён заставаўся проста колам сяброў, якія сыстэматычна зьбіраліся разам.

Інклінгі сустракаліся па аўторках у пабе «Арол ды дзіця», а па чацьвяргах ладзіліся літаратурныя чытаньні ў Льюіса, дзе сябры клюбу знаёмілі адзін другога з тым, над чым яны працавалі. У прыватнасьці, у клюбе чыталіся «Уладар пярсьцёнкаў» Толкіна ды «Хронікі Нарніі» Льюіса.

Фактычным лідэрам клюбу быў Льюіс, і пасьля ягонага пераезду ў 1954 годзе ў Кембрыдж клюб пачаў зьбірацца радзей, а пасьля сьмерці Льюіса цалкам спыніў сваё існаваньне.

Гісторыі клюбу і жыцьцю яго сяброў прысьвечаная кніга Гамфры Карпэнтэра «Інклінгі» (1979).




#Article 173: Антон Саванюк (181 words)


Антон Саванюк (сапраўднае імя Андрэй Саванюк; 7 сакавіка 1921 — 6 лістапада 2005) — былы беларускі паліцыянт, які праз 55 гадоў быў асуджаны за ваенныя злачынствы ў Вялікабрытаніі, і такім чынам набыў вядомасьць.

Нарадзіўся ў мястэчку Дамачава Берасьцейскай вобласьці Беларусі.

У 1941 годзе, калі прыйшлі немцы, уступіў у паліцыю. У чэрвені 1944 году ў складзе ўкраінскіх СС адправіўся служыць у Італію. У сьнежні таго ж году перайшоў да палякаў, што змагаліся супраць немцаў. У сярэдзіне 1945 пераехаў у Вялікабрытанію, дзе атрымаў прытулак. Працаваў у будаўнічым аддзеле шпіталя, а з 1961 — кантралёрам на Брытанскай чыгунцы.

Саванюк спакойна жыў на паўднёвым усходзе Лёндану, аднак прывярнуў увагу брытанскіх ўладаў, калі ў 1988 годзе КДБ СССР перадаў ім свае матэрыялы па антысавецкай дзейнасьці ў час другой сусьветнай вайны. Стаў адным з 376 падазроных пад Актам аб Ваенных злачынствах 1991 году. У 1997 годзе абвінавачаны ў забойстве жыдоў падчас службы ў паліцыі. У 1999 годзе суд прызнаў яго вінаватым у забойстве 18 беларускіх габрэяў, і Саванюк атрымаў два пажыцьцёвыя тэрміны.

Брытанская паліцыя паведаміла, што Антон Саванюк памёр у турме ў Норыджу 6 лістапада 2005 году.




#Article 174: Кірыліца (246 words)


Кіры́ліца (кірылічны альфабэт, кірылічная абэцэда або кірылічная азбука) — альфабэт, якім паслугуюцца шэсьць славянскіх моваў — баўгарская, беларуская, македонская, расейская, сэрбская і ўкраінская, а таксама некалькі дзясяткаў іншых моваў былога СССР і краінаў Азіі.

Кірыліца разьвілася з глаголіцы, якую ў IX стагодзьдзі распрацавалі два браты Кірыла і Мятод. У адрозьненьне ад глаголіцы кірыліца мае значна больш падабенства да грэцкага альфабэту. Што да гісторыі стварэньня кірыліцы, навукоўцы пакуль не прыйшлі да канчатковага кансэнсусу. Найбольш верагодным стваральнікам кірыліцы лічыцца Клімэнт з Охрыду, вучань братоў Кірылы і Мятода.

У IX стагодзьдзі баўгарскі цар Сімэон I Вялікі, працягваючы культурна-палітычны курс свайго бацькі Барыса I, замовіў новы баўгарскі альфабэт, раньні кірылічны альфабэт, які быў падрыхтаваны ў Прэслаўскай кніжнай школе. Новы альфабэт замяніў глаголіцу, падрыхтаваную раней Сьвятымі Кірылам і Мятодам і тымі ж вучнямі, якія стварылі новую славянскую сыстэму запісу ў Баўгарыі. Ужываньне кірыліцы ў Баўгарыі стала афіцыйным у 893 годзе. Новы альфабэт стаў базісам для альфабэтаў, якія выкарыстоўваюцца ў розных мовах, асабліва праваслаўна-славянскіх, і неславянскіх мовах, на якія ў значнай ступені маўплывала расейская мова. Па стане на 2019 год каля 250 мільёнаў жыхароў Эўразіі выкарыстоўваюць кірыліцы як афіцыйны альфабэт для сваіх нацыянальных моваў, прычым прыблізна палова зь іх складае Расея. З далучэньнем Баўгарыі да Эўразьвязу 1 студзеня 2007 году кірыліца стала трэцім афіцыйным альфабэтам гэтае арганізацыі пасьля лацінкі і грэцкага альфабэту.

Як беларускі, апрача:

Як беларускі, апрача:

Як беларускі, апрача:

Як беларускі, апрача:

Як беларускі, апрача:

Акрамя вышэй названых шасьці славянскіх моваў, нейкай формай кірылічнага альфабэту карыстаюцца (або карысталіся) наступныя мовы:




#Article 175: Беларускі калегіюм (111 words)


Белару́скі кале́гіюм — навучальныя ўстанова, заснаваная ў лістападзе 1997 году з ініцыятывы шэрагу няўрадавых беларускіх арганізацыяў і прыватных асобаў і, як адукацыйны праект, рэалізуецца з 1 кастрычніка 1998 году. Праводзіць навучаньне на трох аддзяленьнях: найноўшая гісторыя, філязофія/літаратура, журналістыка. Працягласьць навучаньня — 3 гады. Існуюць 2 асноўныя формы навучаньня: студэнт і вольны слухач.

У межах БК рэалізавана некалькі праектаў:

Заняткі праводзяцца ў Бібліятэцы імя Янкі Купалы па адрасе Менск, вул. Веры Харужай, д. 16. Навучаньне ажыцьцяўляецца ў супрацы з Польскім інстытутам у Менску, выкладнікамі Варшаўскага і Львоўскага ўнівэрсытэтаў. Кірункі навучаньня па спэцыялізацыях ажыцьцяўляюць Цэнтар эўрапейскага супрацоўніцтва «Эўрафорум» (філязофія/літаратура), Беларускі гуманітарны фонд «Наша Ніва» і Інстытут Цэнтральна-ўсходняй Эўропы (найноўшая гісторыя), Беларуская асацыяцыя журналістаў (журналістыка).




#Article 176: Жаргон (1157 words)


Жарго́н (або жарґон) — слова паходзіць з  і першапачаткова абазначала ў францускай мове сапсаваную мову. Цяпер пад жарґонам разумеюць любое маўленьне, якое адрозьніваецца ад літаратурнага і характарызуе пэўныя сацыяльныя слаі, напрыклад людзей, аб’яднаных прафэсіяй, родам заняткаў, захапленьнямі. Існуюць, напрыклад, жарґоны ваенных і маракоў, актораў і фізыкаў, паляўнічых і карцёжнікаў, моладзі і рок-музыкантаў.

На адным полюсе знаходзяцца жарґоны, якія набліжаюцца да прастамоўя: гэта аб’яднаньні словаў, што выкарыстоўваюцца найчасьцей у неафіцыйных сытуацыях, сярод сяброў: словы, якія маюць значную долю жарту, эмоцыяў і экспрэсіі. Такія жарґоны выкарыстоўваюцца найперш для ажыўленьня маўленьня, стварэньня асобага моўнага калярыту. Яркім прыкладам такіх жарґонаў служыць жарґон моладзі (маладзёвы слэнґ). Яго носьбітаў аб’ядноўвае толькі ўзрост, і часта жарґонныя слоўцы ў мове моладзі як бы гавораць: я — «свой». Крыху іншы характар маюць прафэсійныя жарґоны, г. зн. жарґоны людзей адной прафэсіі. Яны адрозьніваюцца ад маладзёвага жарґону найперш складам лексыкі: большая частка іх — словы, якія абазначаюць розныя прадметы і зьявы пэўнай прафэсійнай дзейнасьці. Там, дзе звычайны чалавек скажа хвост, паляўнічы назаве больш за дзесяць словаў, якія абазначаюць розныя віды хвастоў жывёлаў; у сталяра кожны інструмэнт мае сваю назву, якая адрозьніваецца ад літаратурнай; паліґрафісты даюць сваё найменьне розным відам памылак, браку друкаванай прадукцыі.

Найбольш старажытныя паводле паходжаньня жарґоны трэцяга тыпу: мовы вандроўных рамесьнікаў, гандляроў, жабракоў Расеі, Украіны, Беларусі 18-19 стагодзьдзяў, а таксама жарґон злачынцаў. Да гэтых жарґонаў у большай ступені падыходзіць назва ўмоўныя (або тайныя) мовы. Гандляры і рамесьнікі, ідучы на заробкі далёка ад родных мясьцінаў, дамаўляліся пры неабходнасьці гаварыць так, каб сярод чужых ніхто ня мог іх зразумець. Ствараліся ня проста асобныя словы, а цэлыя лексыка-сэмантычныя сыстэмы — мовы, на якіх складалі песьні, частушкі, прымаўкі, вершы. Лексыка ўмоўных моваў багатая і разнастайная. Тут ёсьць усе паўназначныя часьціны мовы (назоўнікі, прыметнікі, лічэбнікі, дзеясловы, прыслоўі). Службовыя ж часьціны мовы браліся звычайна з агульнанароднай мовы.

Да ліку беларускіх умоўных моваў адносяцца катрушніцкі лемезень (мова шапавалаў с. Дрыбіна Магілёўскай губэрні); па́рушніцкі ле́мез (мова шклоўскіх краўцоў і шапавалаў); адве́рніцкая гаворка (мова рамесьнікаў Крычава Магілёўскай губэрні); мова шапавалаў Навазыбкава і краўцоў Жыздры (цяпер у Бранскай і Калускай абласьцях Расейскай Фэдэрацыі, але іх трэба аднесьці да беларускіх); любе́цкі ле́мент (мова жабракоў Амсьціслаўскага, Чавускага, Клімавіцкага, Чэрыкаўскага паветаў Магілёўскай губэрні, а таксама Чарнігаўскага, Імглінскага і Бранскага паветаў); мова семежаўскіх жабракоў з в. Семежава Слуцкага павету Менскай губэрні; выцірня́цкі гаўры́днік — мова ла́бараў — прафэсійных зьбіральнікаў ахвяраваньняў на патрэбы царквы, а першапачаткова і касьцёлаў (м. Іванава Кобрыньскага павету Гарадзенскай губэрні).

Храналяґічна першым зьяўляецца ўпамінаньне аб адверніцкай гаворцы крычаўскіх мяшчанаў — краўцоў і шаўцоў у «Апісаньні Крычаўскага графства ці былога староства 1786 году» А. Меера (апублікаваная Е. Р. Раманавым у 1901 годзе). Меер прыводзіць 6 выразаў, 35 назоўнікаў і 5 дзеясловаў гэтай гаворкі. У 1853 годзе С. Мікуцкі апублікаваў кароткі слоўнічак любецкай мовы (мовы сьляпых жабракоў, старцаў). Слоўнік уключаў 65 словаў, сярод якіх былі такія, як хира 'рука', троить 'есьці', сапи 'маўчы', карыга 'дзеўка', галость 'соль'.

Умоўная мова лабараў зь мястэчка Янава (Іванава) была апісаная Ф. Стаўровічам у 1869 годзе. Калісьці янаўцы належалі польскім каралям і карысталіся пэўнымі прывілеямі. Пасьля мястэчка пераходзіла ад аднаго пана да другога, але прывілеі (напрыклад, вызваленьне ад паншчыны) заставаліся. Менавіта гэта, а таксама недастатковая колькасьць зямлі і прывялі сялянаў Янава да лабарства. Амаль увесь год лабары вандравалі па краіне з царкоўнымі кнігамі, у якія яны запісвалі ахвяраваныя сумы. Аднак акрамя гэтага яны займаліся яшчэ жабрацтвам і проста махлярствам.

Лабары мелі і сваю асобую мову, якой карысталіся ў прысутнасьці чужых людзей. Стаўровіч прыводзіць колькі словаў зь іх мовы: хлюса 'царква', Охвес 'бог', Корх 'сьвятар', ставер 'крыж', хирганица 'чалавек', ребсанька 'кніга для запісу ахвяраваньняў', либерская гавридня 'лабарская размова', хрущ 'рубель', хлюсный ставер 'царкоўны крыж'. Некаторыя з гэтых словаў запазычаныя з грэцкай мовы, напрыклад тэос — бог, стаўрос — крыж, эклезіа — царква. Аднак на пытаньне дасьледчыка, адкуль вы навучыліся гэтай мове, «адзін са старых лабараў адказаў, што яны навучыліся яе ад рускіх, г. зн. напэўна ад афеняў».

Любецкі лемент быў апісаны Е. Р. Раманавым. З розных тыпаў жабракоў (ці, як яны сябе называлі, старцоў, калек, сьляпых) Раманаў лепш за ўсё вывучыў найбольш распаўсюджаны тып: жабракоў-песьняроў. Гэта ў асноўным сьляпыя жабракі, якія хадзілі з павадырамі — хлопчыкамі 8-15 гадоў. Просячы міласьціну, жабракі сьпявалі псальмы, якія яны вывучвалі за невялікую плату звычайна ў «майстра» — таксама сьляпога жабрака. З даўніх часоў у старцаў існавала асобае самакіраваньне, якое вырашала многія пытаньні, у тым ліку і пытаньні «абароны» старцаў ад «зьнешняга сьвету». Гэтымі ж прычынамі (схаваць свае намеры ад чужых) тлумачыцца і наяўнасьць у іх любецкага лемента.

Е. Р. Раманаў запісаў каля 1000 словаў любецкага лемента ў Амсьціслаўскім, Клімавіцкім, Чэрыкаўскім і Чавускім паветах Магілёўскай губэрні. Сярод іх, напрыклад, такія, як дылька 'вада', сиянка 'сонца', кудень 'дзень', лох 'мужык, мужчына', шусцяни́н 'мешчанін', тройман 'твар', лыкша 'каша', настыжник 'спадніца', клюжать 'ляжаць', явлыда 'карова', лапуха 'капуста', учинятца 'маліцца', клёвый 'добры', і г. д.

Нарэшце, у апублікаванай у 1912 годзе ў «Беларускім зборніку» (9 выпуск) «Спробе слоўніка ўмоўных моваў Беларусі» Е. Р. Раманаў зьмясьціў звод усіх вывучаных да таго часу беларускіх умоўных моваў. Раманаў спрабаваў высьветліць паходжаньне гэтых моваў разам з гісторыяй узьнікненьня саміх моваў. Так, ён лічыў, што пасьля падзеньня Бізантыі на Русь хлынулі натоўпы грэцкіх і афонскіх манахаў, якія зьбіралі ахвяраваньні на храмы і манастыры; пасьля гэтага і зьявіліся на нашай зямлі «кубракі» і «лабары» з такімі ж мэтамі, мова якіх была часткова падобнай на афонскую («афінскую»). Усе гэтыя лемезьні, лементы, гаўрыднікі мелі, на думку Раманава, агульнае паходжаньне. Ён прыводзіць цэлыя выразы на ўмоўных мовах, напрыклад: Гурь маньку́ хавбо́в 'Дай мне грошай' (Дрыбін); Похли́м ке́ро ке́рить 'Пайшлі піва піць' (тамсама); Клёво хве́сить 'Добра сьпявае' (Шклоў). Навукоўца адзначае і перамены, якія адбываліся ва ўжываньні ўмоўных моваў: напрыклад, было заўважана, што жабрацкая моладзь («любкі» Магілёўскай губэрні) з усё меншай ахвотай вывучала любецкі лемент, аддаючы перавагу адверніцкай гаворцы, г. зн. звычайнай беларускай мове, але з дабаўленьнем або ўстаўкай у словы пэўных гукавых элемэнтаў (хер, ку, шу, ша, це, уймуд і г. д.). Такая гаворка, напрыклад, поўнасьцю выцесьніла «лемент» з мовы жабракоў Слуцкага павету Менскай губэрні. Е. Р. Раманаў параўнаў беларускія ўмоўныя мовы з расейскімі й польскімі. У другой палове XX стагодзьдзя спробу параўнаць ўсходнеславянскія ўмоўныя мовы зрабіў В. Д. Бандалетаў.

Лексыка беларускіх умоўных моваў (іх таксама называюць арго або арґо) часткова запазычаная з грэцкай, нямецкай і іншых моваў, часткова створаная на базе беларускай. Напрыклад, былі запазычаныя такія словы: мелюс 'мёд', макрый 'малы', петрус 'камень' (з грэцкай), штэк 'палка', цигаль 'каза', шнейдэр 'кравец' (зь нямецкай ці ідыш), сьвяно 'сьвята', девент 'дзевяць' (з польскай), басать 'рэзаць' (з татарскай). Шмат словаў у гэтых арґо і з адверніцкай гаворкі, г. зн. мовы, словы якой уяўляюць сабой скажоныя (перастаноўкай складоў ці ўстаўкай іншых гукаў) словы беларускай мовы: куба́куцька 'бацька', шуха́шута 'хата', кувясна́ 'вясна'. Урэшце, у складзе гэтых гаворак былі словы, створаныя на базе беларускай мовы з дапамогай розных словаўтваральных сродкаў: хадырки 'ногі', касьляты 'яблыкі', рыкуха 'карова', кругляки 'яйкі'.

Цікавым зьяўляецца і разьмеркаваньне лексыкі ўмоўных моваў па тэматычных ґрупах. Так, у «Беларускім зборніку» Е. Р. Раманаў выдзяляе наступныя прадметна-паняційныя групы словаў:

Цяпер умоўныя мовы практычна выйшлі з ужытку: адышлі ў мінулае сацыяльныя ўмовы, што спарадзілі іх. Асобныя слоўцы са старых умоўных моваў захаваліся яшчэ ў дыялектах або перайшлі ў жарґоны новага тыпу, напрыклад у маладзёвы жарґон: клёва 'добра', хаз (хаза) 'дом' ('кватэра'), лох 'дурань' і г. д. Элемэнты жарґонаў (жарґанізмы) часам выкарыстоўваюцца ў мастацкіх творах дзеля таго, каб дадаць адметнасьць мове пэрсанажа.




#Article 177: Бэўвульф (480 words)


Хаця па-беларуску назву паэмы (і імя героя) найчасьцей пішуць і вымаўляюць як «Бэавульф» ці «Беавульф», трэба заўважыць, што ў стараангельскай мове спалучэньне літар eo чыталася як дыфтонг [eo] ці [eʊ]. Адпаведна, найбольш дакладная перадача арыінальнага вымаўленьня — Бэўвульф.

Магчымая дата стварэньня паэмы строга абмежаваная зьнізу пачаткам 6 стагодзьдзя (час згаданай у тэксьце гібелі конунга Хігелака), а зьверху — першаю чвэрцю 11 стагодзьдзя (не пазьней гэтага часу быў створаны вядомы нам манускрыпт паэмы). У гэтых, даволі шырокіх, рамках на карысьць кожнага стагодзьдзя выказваліся пэўныя аргумэнты. Калі распаўсюджаная датыроўка паэмы 8 стагодзьдзем слушная, то найбольш верагоднае месца яе стварэньня — Нартумбрыя ці Мэрсія.

Адзіны рукапіс паэмы, які дайшоў да нас, датуецца прыблізна 1000 годам і створаны, відавочна, двума перапішчыкамі. Разам з рукапісам паэмы Юдыт і некалькімі празаічнымі тэкстамі ён уваходзіць у гэтак званы кодэкс Cotton Vitellius A. xv, які захоўваецца зараз у Брытанскай бібліятэцы. У 1731 годзе рукапіс, які захоўваўся тады ў Котанавай бібліятэцы, быў значна пашкожданы пажарам. У 1786 годзе ісьляндзкі дасьледчык Грымур Ёнсан Торкэлін перапісаў тэкст паэмы і замовіў яшчэ адну копію перапішчыку. З таго часу рукапіс паэмы быў дадаткова разбураны (працягвалі абсыпацца пашкоджаныя агнём часткі аркушаў), таму сёньня копіі Торкэліна зьяўляюцца важнаю дадатковаю крыніцаю тэксту паэмы.

Паэма апісвае ўчынкі геацкага героя Бэўвульфа (ягонае імя перакладаецца, верагодна, як «пчаліны воўк», г.зн. «мядзьведзь»).

Пачынаецца паэма з таго, як дацкі конунг Хродгар загадаў збудаваць вялікі харом Хэарат для баляваньняў. Шум весялосьці, музыка й песьні ў палацы разьюшылі Грэндэля, пачварнага людажэра, які жыў непадалёк. Грэндэль пачынае нападаць на Хэарат, пажыраючы воінаў. Даны ня могуць зладзіць з пачвараю ды пакідаюць палац. Пачуўшы пра гэта, малады Бэўвульф, пляменьнік геацкага конунга Хігелака, прыходзіць са сваімі воінамі на дапамогу данам. Ён абяцае адолець Грэндэля голымі рукамі, і гэта аказваецца шчасьліваю здагадкаю, бо той заварожаны супраць зброі. Бэўвульф адрывае людажэру руку, і той ледзьве зьбягае прэч. Радасьць данаў з нагоды гэтае перамогі аказваецца заўчаснай: Грэндэлева жудасная маці прыходзіць помсьціць за сына і забівае аднога з райцаў конунга. Малады герой згаджаецца спусьціцца ў падводны дом пачвараў, і там забівае маці Грэндэля. Там жа ён знаходзіць памёрлага ад раны Грэндэля, і забірае з сабою ягоную галаву.

Шчодра адораны Хродгарам, Бэўвульф вяртаецца на радзіму і праз пэўны час робіцца конунгам свайго народу. Праз шмат гадоў, у часы Бэўвульфавай старасьці, нейкі неразумны вор выкрадае залатую чашу са скарбніцы магутнага цмока. Разьюшаны цмок пачынае зьнішчаць усё вакол, і Бэўвульф разам са сваімі воінамі выходзіць біцца зь ім. Толькі адзін з дружыньнікаў, Віглаф, аказваецца дастаткова стойкім, каб разам з гаспадарам выйсьці супраць цмока. Разам два воіны забіваюць пачвару, але Бэўвульф і сам памірае ад ранаў. Ягоная сьмерць прадвяшчае заняпад геатаў.

Першы пераклад паэмы (на лацінскую мову) быў выкананы Торкэлінам. На ангельскую мову паэма перакладалася ня менш як сотню разоў, у тым ліку Шэймасам Гіні. Па-беларуску невялікія ўрыўкі ў перакладзе Антона Францішка Брыля выходзілі ў часопісе «Наша Вера», №46; пазьней некалькі першых разьдзелаў паэмы друкаваліся ў часопісе «Дзеяслоў», №38 (у абодвух выпадках пад загалоўкам «Бэўвульф»).




#Article 178: Культуралёгія (101 words)


Культуралё́гія (ад культура +  — вучэньне) — галіна соцыягуманітарных ведаў; навуковая дысцыпліна пра сутнасьць і віды культуры, яе сацыяльныя функцыі, заканамернасьці і дынаміку гістарычнага разьвіцьця. Тэрмін культуралёгія ўвёў у навуковы ўжытак амэрыканскі культурантраполяг Лесьлі Ўайт ў 1949 годзе. Як асобная навуковая і навучальная дысцыпліна яна яшчэ знаходзіцца ў стадыі афармленьня, вызначэньня паняткава-катэгарыяльнага апарату.

У многіх заходніх краінах праблемы культуралёгіі вывучаюцца найперш этналёгіяй і культурнай антрапалёгіяй. Культуралёгія ўяўляе сабой адзінства тэорыі і гісторыі культуры, разглядае ва ўзаемасувязі матэрыяльную культуру, духоўную культуру і культуру чалавечых зносінаў. Выкарыстоўвае і мадыфікуе мэтады дасьледаваньня, катэгорыі і паняткі, уласьцівыя іншым гуманітарным навукам — філязофіі, гісторыі, сацыялёгіі, этналёгіі, мастацтвазнаўству і г. д.




#Article 179: Этналёгія (148 words)


Этналёґія ( — народ + вучэньне) — навука, якая вывучае народы (этнасы) і іншыя этнічныя супольнасьці, іх генэзіс, побыт, культурна-гістарычныя асаблівасьці. Станаўленьне этналёґіі адбывалася ў другой палове 19 стагодзьдзя і было зьвязанае з эвалюцыйнай школай (Э. Таймлер, Л. Морган і інш.), якая сыходзіла з ідэяў адзінства культуры чалавецтва. З канца 19 стагодзьдзя дасьледуе рэгіянальныя ўплывы і ўзаемаўплывы (дыфузіянізм, культурна-гістарычная школа).

Разьвіцьцё тэарэтычнай этналёґіі ў 20 стагодзьдзі зьвязанае з канцэпцыямі Э.Дзюркгейма, З.Фройда, Л.Леві-Бруля, Б.Маліноўскага, А.Радкліф-Браўна, К.Леві-Строса і інш.

Асноўны прадмет этналёґіі — адметныя рысы традыцыйнай культуры этнасаў, г.зв. звычаі, народнае мастацтва, пасяленьне, жыцьцё, адзеньне, прылады працы, промыслы, рамёствы і да т. п. Этналёґія вывучае матэрыяльную і духоўную культуру, этнічную самасьвядомасьць, мэнтальнасьць, нацыянальны характар, лад жыцьця розных народаў і інш.

У той час, як этнаграфія пазначае апісальную дысцыпліну, этналёгія — агульнатэарэтычная навука, якая часьцяком займаецца вырашэньнем агульных народазнаўчых праблемаў. Аднак, пэўна, этналёгія можа дастасоўваць мэтады збору й апісаньня, як і этнаграфія не выключае абагульненьяў тэарэтычнага пляну.




#Article 180: Культурная антрапалёгія (711 words)


Культу́рная антрапалёгія, культурантрапалёгія () — навуковы кірунак, які фармаваўся на працягу XIX — першай паловы XX стагодзьдзяў у краінах Заходняй Эўропы і ЗША. Яе заснавальнікам зьяўляецца амэрыканскі этноляг нямецкага паходжаньня  (1851—1942). Для культурнай антрапалёгіі характэрная падвышаная ўвага да аналізу духоўных працэсаў і фэномэнаў і адпаведна меншая ўвага да матэрыяльных артэфактаў і сыстэмаў сацыяльных адносінаў. Да ліку асноўных праблемаў культурнай антрапалёгіі адносяцца дынаміка разьвіцьця культуры, мэханізмы перадачы культурных каштоўнасьцяў ад пакаленьня да пакаленьня. У рамках культурнай антрапалёгіі ўлічваецца зьменлівасьць сутнасьці чалавека ў канкрэтна-гістарычнай разнастайнасьці культураў, што прадугледжвае пры аналізе чалавека абапірацца ня толькі на яго біялёгію і псыхалёгію, але і на гісторыю, сацыялёгію, тэалёгію, мастацтвазнаўства і іншыя гуманітарныя навукі.

Вялікае значэнне для станаўлення тэарэтычнае праграмы доследу чалавека і культуры мелі працы Тэйлара «Першапобытавая культура», «Уводзіны да вывучэння чалавека і цывілізацыі (Антрапалёгія)», «Дагістарычны побыт чалавецтва і пачатак цывілізацыі» і інш., у якіх ён з пазіцыяў эвалюцыянізму даў антрапалягічнае тлумачэньне культуры, паклаўшы тым самым пачатак культураантрапалягічным досьледам. У рэчышчы эвалюцыянізму развіваліся даследаваньні Фр. Фрэзера, Дж. Мак-Ленана, Дж. Лябока, Ю. Ліперта, К. Д. Кавеліна, М. М. Ковалеўскага, М. І. Кулішэра, Н. Н. Міклуха-Маклая, Д. Н. Анучына, У. Г. Багараза і інш.

Антрапалёгія — вобласьць навуковага веданьня, у межах якой вывучаюцца фундаментальныя праблемы існаваньня чалавека ў прыродным і штучным асяродку.
Культурная антрапалёгія — адмысловая вобласьць навуковых досьледаў, якая канцэнтруе ўвагу на працэсе ўзаемаадносінаў чалавека і культуры. Гэтая вобласьць веданьня склалася ў эўрапейскай культуры ў XIX ст. і канчаткова аформілася ў апошняй чвэрці XIX ст.

У замежнай літаратуры існуюць розныя падыходы да вылучэньня прадметнага поля гэтай навукі. Разуменьне культурнай антрапалёгіі выкарыстоўваецца дзеля пазначэньня адносна вузкай вобласьці, што звязаная з вывучэннем людскіх звычаяў, параўнальнымі доследамі культураў і супольнасцяў, навукаю аб чалавецтве, якая імкнецца да абагульненьняў паводзінаў людзей і да самага поўнага магчымага разуменьня разнастайнасці чалавецтва.

Культурная антрапалогія канцэнтруе ўвагу на праблемах генэзісу чалавека як творцы і твору культуры ў філагенетычным і антагенетычным плане. Галоўныя праблемы культурнаантрапалагічных доследаў звязаныя са станаўленнем чалавека як феномену культуры: культураванне асноўных інстынктаў чалавека, узнікненне адмыслова чалавечай канстытуцыі, будова цела чалавека ў ягонай сувязі з культурным асяродкам, паводзіны чалавека, станаўленне нормаў, забаронаў і табу, якія зьвязаныя з залучанасцю чалавека ў сістэму сацыякультурных зносінаў, працэсы інкультурацыі, уплыў культуры на палавы дымарфізм, сям’ю й шлюб, каханьне як культурны феномен, станаўленьне светаадчуваньня і светапогляду чалавека, міталёгія як культурная зьява і інш. Ня менш важныя ў сучасную эпоху пытаньні экалогіі чалавека і культуры, досьлед заканамернасці функцыянаваньня экакультурасістэмаў, паколькі станаўленьне чалавека як носьбіта культуры ня можа не ўключаць у сябе адзнаку ягонага месца і ролі ў захаваньні прыроды і культуры сучаснасьці.

Пасьля Другой сусьветнай вайны дасьледчыкі зьвяртаюцца да мэтадалёгіі структурна-функцыянальнага аналізу, што прыводзіць да зьяўленьня антрапалёгіі сацыяльнай (Маліноўскі, Радкліф-Браўн і іншыя). Новыя далягляды ў гэтай навуцы расчыніліся ў аналізе аспэктаў сацыяльных паводзінаў чалавека. Сацыяльная антрапалёгія, паводле прызнаньня заходніх навукоўцаў, прыйшла на месца этналёгіі як цэнтральная, «асяродачная» вобласьць антрапалёгіі культурнай.

Сацыяльная антрапалёгія дасьледуе станаўленьне чалавека як сацыяльнай істоты, а таксама асноўныя структуры і інстытуты, якія спрыяюць працэсу сацыялізацыі чалавека, і шэраг іншых пытаньняў. Ідэі сацыяльнай антрапалёгіі разьвівалі Маліноўскі, які разумеў культуру як сукупнасьць інстытутаў, што служаць задавальненьню першасных (фізыялягічных і псыхічных) і другасных, спароджаных самой культурай, патрэбаў людзёў; Радкліф-Браўн сьцьвярджаў, што сучасная антрапалёгія зьяўляецца функцыянальна абагульняючай і сацыялягічнай, гэтая навука параўнальная сацыялёгіі. Сацыяльная антрапалёгія надавала ўвагу працэсам узаемадзеяньня чалавека і культуры на стадыі цывілізацыі (гэта і цікавасьць да ўрбаністычнай культуры ў працах амэрыканскага дасьледчыка Р. Рэдфілда, што збольшага зьвязанае з пранікненьнем у культураантрапалягічны кірунак мэтадалёгіі структурна-функцыянальнага аналізу, з узмацненьнем уплыву сацыёлягаў — Дзюркгейма, Парсонса).

Л. Уайт яшчэ ў 1939 годзе прапанаваў стварыць адмысловую навуку культуралёгіі як агульнатэарэтычную дысцыпліну, зафіксаваў тагачасны крызіс культурнай антрапалёгіі; ейнае адрозненьне ад культуралёгіі Уайт бачыў у тым, што антраполагі замкнуліся ў экзатычным сьвеце бяспісьменнага мінулага, як у сховішча ад пякучых праблемаў сучаснасьці. Культуралёгія разумелася ім як агульнатэарэтычная і метадалягічная база для антрапалягічных досьледаў і як магчымасьць новага этапу развіцьця і асучасніваньня антрапалёгіі культурнай.

Далейшая эвалюцыя культурнай антрапалёгіі ўскладненая зьяўленнем кампрамісных мэтадалягічных усталёвак, зьвязаных з уплывам фрэйдызму на амэрыканскую культурантрапалёгію (Кардынер і ягоная школа «вывучэньня культуры і асобы») і з імкненьнем Эванс-Прычарда перафармуляваць структурна-функцыянальную мэтадалёгію ў тэрмінах «значэньняў» элемэнтаў культуры і ягоныя спробы зьліцьця антрапалёгіі з гісторыяй. У пасьляваенны пэрыяд у антрапалёгіі пачынаюць пераважаць кірункі, якія арыентаваныя на разуменьне значэньняў «іншых» культураў і прыцягненьне ў антрапалёгію мэтадаў лінгвістыкі (структурная лінгвістыка Ф. дэ Сасюра, фаналёгія Н. З. Трубяцкога, Р. Якабсана), што звязвалася з выпрацоўкай на гэтай аснове прыёмаў фармальнага аналізу фэномэнаў культуры. У навуцы зьяўляецца шмат варыянтаў сымбалічнай антрапалёгіі (Леві-Строс, Э. Ліч, У. Тэрнер і інш.).




#Article 181: Ў (933 words)


Ў, у нескладовае — 22-я літара беларускага кірылічнага альфабэту, якая адсутнічае ў іншых кірылічных славянскіх альфабэтах, хоць літара ёсьць і ва ўкраінскай мовазнаўчай літаратуры, а таксама ўжываецца ў некалькіх мовах народнасьцяў былога СССР, для якіх савецкімі мовазнаўцамі былі распрацаваныя варыянты кірылічнай азбукі (узбэцкая, дунганская, асэтынская, эскімоская мовы).

Гук [ў] уяўляе сабой звонкі паўгалосны гук ().

Лічыцца, што падставай зьяўленьня гуку [ў] на месцы этымалягічнага [в] (кроў, праўда) была наяўнасьць у старабеларускіх дыялектах губна-губнога [ў] супраць губна-зубнога [в] у расейцаў і палякаў, а прычынаю — заняпад [ъ], [ь]. Дакладна невядома, калі адбыўся дадзены пераход, але ўжо ў грамаце 1229 году пісалася: оутвєрдять; уздоумалъ; оу ризє; оу роусе; оустоко (усток); оу смольнєскь; оузяти; наоуспять і г.д.

Даўней [у] пісалася амаль так, як і прынята ў сучаснай беларускай мове — пасьля зычных — у складовае: будучи дей у мене (Акты, 1600 г.), а пасьля галосных в замест у нескладовага: добре в парсуну познавши (Акты, 1569 г.); злого вмыслу (Акты, 1569 г.).

, «Немец»  — гук [ў] пазначаны літарай ŭ
Выгляд знаку ў паходзіць ад зьядняньня іжыцы з гакам (Іереѵ̆ская власть, пучина Егеѵ̆ская і да т. п.), што выкарыстоўвалася ў некаторых старабеларускіх выданьнях XVI — пачатку XVII стагодзьдзя. Пазьней гэты знак ужываўся ў румынскай кірыліцы, адкуль яе ў 1837 годзе запазычылі складальнікі зборкі ўкраінскай паэзіі «Русалка днѣстровая». У прадмове аўтары, між іншым, пісалі:«…мы прынялі сэрбскае џ… і валоскае ў…». У гэтай кнізе ў выкарыстоўвалі, у асноўным, на месцы этымалягічнага [л], там, дзе гэты гук ужо ператварыўся ў гук [ў] ва ўкраінскай мове.

Упершыню ў сучаснай беларускай мове асобная літара для гука [ў] зьявілася ў сярэдзіне XIX стагодзьдзя ў беларускай лацінцы ў розных варынтах — ú, курсіўнае u, u з гачыкам (ǔ), w̆, ŭ. У вершаванай брашуры Яна Чачота «Da milych mužyczkoú», якая была выдадзеная ў 1846 годзе, літара выглядала як u з рыскай — ú. У Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча выкарыстоўваецца курсіўнае u (у адрозьненьне ад звыклага u для галоснага гука [u], напрыклад: jon umieu). Звычайная u на месцы нескладовай зьмешчаная ў выданьнях Кастуся Каліноўскага 1862—1863 гадоў. Сустраканыя таксама варыянты u з гачыкам (ǔ). W з гакам (w̆) выкарыстоўваў Браніслаў Эпімах-Шыпіла (1889). У 1897 выдаецца першы том «Люду беларускага» этнографа Міхала Федароўскага; ва ўсім шматтомніку багата запісаў, запісаных Федароўскім беларускай лацінкай. У гэтых запісах у пазыцыі пасьля галосных гук [ў] (у нескладовае) перадаецца як u̯ (напрыклад: kazau̯; pierapau̯zła; jak u̯ziau̯ by u̯ ruku; uhledzieu̯) , у той час як ŭ выкарыстоўвалася для вельмі кароткага (і ў шпаркай мове выпадаючага) [у] (напрыклад, pakazŭwaj; padwiazŭwaje; panakruczŭwała, dziakŭwać Bohu). І толькі ў Багушэвіча літара набывае свой сучасны выгляд — ŭ. Яна ўжытая ў кракаўскім выданьні Францішка Багушэвіча «Dudka Białaruskaja» 1891 году.

У беларускую кірыліцу літара ў трапляе таксама ў сярэдзіне 19 стагодзьдзя. У 1852 годзе Уладзімер Даль у сваім артыкуле 'О наречиях русского языка' атаясамлівае смаленскую гаворку зь беларускай мовай і, заўважаючы пераход 'в' і 'л' пасьля галосных у 'ў', прапануе пісаць над 'у' дужку ('кратку'), як у літары 'й'. У 1870 годзе выкарыстоўваць камбінацыю у з гакам як адпаведнік лацінкавай ŭ для беларускай мовы прапанаваў расейскі дасьледчык фальклёру Пётар Бяссонаў (ён таксама выкарыстоўвае ў у кнізе Белорусские песни, выданьня 1871, напрыклад: я чуў, шоўкову хустку, скарбу жаловаў, а нашаму пану ўсё повялося). У 1874 этнограф Павал Шэйн выдае кнігу Белорусские народные песни, у якой аўтарскі тэкст на расейскай мове, але перадача аўтэнтычных тэкстаў беларускіх песень па-беларуску. Тут пасьлядоўна ўжываецца літара ў, напрыклад: не даў, слаўны, жоўтымъ зярномъ, а ўзяў вутку, заўтра раненька, нясуць намъ бутэлькі поўненькі. Ужываецца ў і ў Смаленскім этнаграфічным зборніку В.Н. Дабравольскага, выдадзеным у 1891 у Санкт-Пецярбургу: мужикъ параіў, пра то ня вѣдаў, даўжок, узяў, яны ня ўси. Сярод раньніх выпадкаў ужываньня кірылічнай літары ў — апублікаваная ў Санкт-Пецярбургу ў 1895 годзе брашура зь вершам — A.J. (Александр Ельский) «Сынокъ! Расказъ зъ праўдзиваго здарэньня… 1895 року». Ёсьць літара ў і ў пасьмяротным выданьні Янкі Лучыны «Вязанка» (1903). Да 1907 году ў пачало ўжывацца ў беларускай кірыліцы больш-менш пасьлядоўна.

У першай трэці XX стагодзьдзя, у сувязі з правядзеньнем палітыкі беларусізацыі ў БССР, вакол правапісу беларускай мовы вяліся працяглыя нарады, сярод іншых, ставілася пытаньне наконт мэтазгоднасьці пазначэньня ці не пазначэньня на пісьме літары  ў. Супраць пазначэньня скарачэньня на пісьме літары выказваўся, у прыватнасьці, Язэп Лёсік. У выніку правапісная камісія 1926 году пастанавіла: не пазначаць у пісаньні пазыцыйнага чаргаваньня і/й (даволі й гэтага - даволі і гэтага), але пазначаць чаргаваньне у/ў (за выняткам пазычаных словаў ды ўласных найменьняў). Гэтыя пастановы ў 1933 годзе былі ўнесеныя ў новы правапіс, т.зв. «наркамаўку».

Пасьля галосных літара у заўсёды пераходзіць у літару ў: хлеб увесь — хлеб зьелі ўвесь; улез у хату — увайшлі ў хату. Літара ў можа знаходзіцца ў пачатку, у сярэдзіне і ў канцы слова: праўда, даў, воўк, поўны, доўга, ішоў, быў, на ўлоньні. Гук [ў] пішацца і вымаўляецца замест гуку [в] пасьля галосных перад зычнымі: галава — галоўка. У адпаведных выпадках гук [ў] пераходзіць таксама ў гук [л]: казала — казаў; падобныя пераходы адзначаюцца і на ўзроўні праславянскай этымалёгіі (напрыклад, пр.-слав. *вьлкъ  воўк). Літара ў не ўтварае самастойнага складу, таму і завецца — у нескладовае (або у кароткае).

Літара ў этымалягічна зьяўляецца пасьля галосных пры чаргаваньні:

Чаргаваньне у з ў адбываецца (за выключэньнем некаторых выпадкаў):

Чаргаваньне не адбываецца ў клясычным і акадэмічным правапісах беларускай мовы:

Чаргаваньне адбываецца ў большасьці славянскіх і неславянскіх словаў: лаўка, кроў, маўр, Аўрора.

Чаргаваньне адбываецца ў большасьці славянскіх словаў і некаторых неславянскіх словах: воўк, моўчкі, паўмэтры.

Ў прысутнічае таксама ў некаторых неславенскіх кірылічных альфабэтах.

У верасьні 2003 году падчас дзясятых сьвяткаваньняў «Дня беларускага пісьменства» полацкія гарадзкія ўлады ўстанавілі ў найстарэйшым месьце Беларусі помнік у гонар гэтай унікальнай літары. Першапачатковая ідэя помніка належыць беларускаму каліґрафу прафэсару Паўлу Семчанку, які шмат гадоў вывучае мастацкія шрыфты.

Стандартная раскладка беларускай клявіятуры мае выгляд:

У HTML вялікая літара Ў запісваецца amp;#1038;(amp;#x40E;), маленькая ў — amp;#1118;(amp;#x45E;).




#Article 182: Станіслаў Шушкевіч (390 words)


Станісла́ў Станісла́вавіч Шушке́віч (нарадзіўся 15 сьнежня 1934 у Менску) — беларускі навукоўца і палітык, дэпутат Вярхоўнага савету 12-га і 13-га скліканьня, чалец-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук, першы кіраўнік незалежнай Беларусі, адзін з трох удзельнікаў падпісаньня Белавескіх пагадненьняў аб юрыдычным замацаваньні распаду СССР. Сын беларускага пісьменьніка Станіслава Пятровіча Шушкевіча.

Нарадзіўся 15 сьнежня 1934 у Менску. Маці пісьменьніца Гэлена Раманоўская. Бацька Станіслаў Пятровіч Шушкевіч, таксама пісьменьнік, быў пазьней рэпрэсаваны савецкімі ўладамі. Бацькі былі дзецьмі беларускіх сялянаў і, як потым стала вядома, зьбяднелай шляхты. Падчас Другой Сусьветнай вайны жыў у Беларусі. У 1951 годзе з мэдалём скончыў сярэднюю школу. У 1956 годзе скончыў фізыка-матэматычны факультэт БДУ. У 1956—1959 — асьпірант Інстытуту фізыкі АН БССР. У 1956—1960 — малодшы навуковы супрацоўнік Інстытуту фізыкі АН БССР. Ад 1960 да 1961 старэйшы інжынэр на Менскім радыёзаводзе. Пад час працы на радыёзаводзе навучаў расейскай мове верагоднага забойцу прэзыдэнта ЗША Джона Фіцжэральда Кенэдзі Лі Гарві Освальда. Ад 1961 да 1967 — старшы інжэнэр, галоўны інжэнэр, загадчык сэктару лябараторыі ядзернай фізыкі БДУ. У 1963 годзе абараніў кандыдацкую дысэртацыю. У 1966 годзе прызначаны прарэктарам па навуковай працы Менскага радыятэхнічнага інстытуту. У 1971—1973 — выканаўца абавязкаў прафэсара, прафэсар, выканаўца абавязкаў загадчыка катэдры ядзернай фізыкі БДУ.Ад 1973 да 1990 — загадчык катэдры ядзернай фізыкі БДУ, адначасова ад 1986 да 1990 — прарэктар па навуковай працы БДУ.У 1990 абраны першым намесьнікам старшыні Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь 12-га скліканьня; быў чальцом канстытуцыйнай камісіі . Ад 1991 да 1994 — старшыня Вярхоўнага савету Рэспублікі Беларусь. У 1991 годзе абраны чальцом-карэспандэнтам Нацыянальнай акадэміі навук па спэцыяльнасьці радыёспэктраскапія. Ад 1994 — дырэктар Цэнтру палітычных і эканамічных дасьледаваньняў Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту (зачынены ўлетку 2004). Лідэр партыі Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада. У 2007 Лех Валэнса высунуў Станіслава Шушкевіча на атрыманьне Нобэлеўскай прэміі міру.

У 1989 годзе абраны народным дэпутатам СССР. Кандыдатам у дэпутаты Вярхоўнага Савету БССР у 1989 годзе Шушкевіча высунулі супрацоўнікі катэдры ядзернай фізыкі фізычнага факультэта БДУ, якую ён у той час узначальваў. Ён апынуўся кандыдатурай на пасаду старшыні Вярхоўнага Савету, бо займаў нэўтральную пазыцыю да апазыцыі БНФ і адначасова заставаўся сябрам КПСС. У красавіку 1992 году было прынята заключэньне ЦВК РБ аб рэфэрэндуме. У гэты час якраз праходзіла сэсія Вярхоўнага Савету, на якой заставалася толькі прызначыць дату рэфэрэндума. Станіслаў Шушкевіч распускае сэсію, і паўгода Вярхоўны Савет не зьбіраецца. Рэфэрэндум забаранілі. У 1994 годзе балятаваўся на пасаду Прэзыдэнта Беларусі, але саступіў у першым туры. У 1995 годзе абраны дэпутатам Вярхоўнага Савету Беларусі 13 скліканьня. У 1998 годзе аднавіў Беларускую сацыял-дэмакратычую Грамаду.




#Article 183: Мадэрн (200 words)


Мадэ́рн (,  — сучасны), таксама ар-нуво́ (), югендшты́ль () — мастацкі стыль, які атрымаў вялікую папулярнасьць у Эўропе й ЗША канца XIX — пачатку XX ст. Зьяўляецца папярэднікам мадэрнізму і стылю ар-дэко.

Стыль сфармаваўся прыблізна ў канцы 80-х гадоў пад уплывам рамантызму й сымбалізму папярэдніх дзесяцігодзьдзяў. Для мадэрну характэрны пошук новых і пераасэнсаваньне звыклых формаў, імкненьне зламаць старыя традыцыі, сынтэз эпохаў, формаў, мэтадаў і прыёмаў. У мадэрне зьмешваюцца антычная клясыка, готыка, ракако, мастацтва Кітая й Японіі ды шмат іншых мастацкіх формаў, але пры іх спалучэньні ставіцца мэта дасягнуць аднароднасьці, унутранае цэласнасьці твораў. Мадэрну ўласьцівы культ вельмі складаных, вытанчаных лініяў ды фігураў: выгнутых, падобных на сьцеблы расьлінаў (Францыя, Бэльгія, Англія…), альбо строга геамэтрычных (Аўстрыя, Шатляндыя…)

Мадэрн ахапіў усе без выключэньня віды мастацтва. У жывапісу ды графіцы мадэрну заўважная сэнтымэнтальнасьць, уцёкі ад рэальнасьці, дэкадэнцкія настроі. Скульптуры ўласьцівы дынамізм, незавершанасьць формаў. Архітэктура мадэрну надзвычай багатая ды разнастайная па формах, асноўныя яе прыкметы — цэласны выгляд будынкаў, дзіўныя формы, часам блізкія да скульптурных, вельмі багаты ды складаны зьнешні дэкор. У інтэр’ерах — багатае абсталяваньне, нязвыклыя формы і лініі, спалучэньне несумяшчальных матэрыялаў, прычым усе гэтыя прыёмы выкарыстоўваюцца, каб дасягаць адчуваньне камфорту ды спакою. На пачатку XXI стагодзьдзя ў сьвеце назіраецца адраджэньне цікаўнасьці да мадэрну ў інтэр’еры ды дэкаратыўным мастацтве.




#Article 184: Дэкаданс (111 words)


Дэкада́нс (ад францускага decadence — «заняпад») — агульная арыентацыя шматлікіх напрамкаў у амэрыканскім ды эўрапейскім мастацтве канца XIX – пачатку XX стагодзьдзяў.

Тэрмін узьнік у Францыі ў 80-х гадох XIX стагодзьдзя. Асноўныя матывы дэкадансу — адчуваньне безнадзейнасьці, страта сэнсу быцьця, крызіс ідэалаў, тэмы сьмерці, адзіноцтва, «зыходу ў сябе». Характэрныя змрочныя настроі, культ вытанчанай, згасаючай прыгажосьці, часта грэбаваньне нормамі грамадзтва й маралі, эскапізм, індывідуалізм, ідэя свабоды творчасьці дзеля творчасьці. Дэкаданс праявіўся ва ўсіх відах мастацтва і ў розных стылях. У літаратуры ён найбольш выражаны ў творчасьці Э. По, О. Ўайльда, Ш. Бадлэра, французскіх сымбалістаў (П. Верлэн, А. Рэмбо ды інш.), таксама дэкаданс прыметны ў жывапісу ды графіцы стылю мадэрн (напр., О. Бёрдслэй).




#Article 185: Алесь Гарун (564 words)


Алесь Гарун (сапр. імя Алякса́ндар Уладзі́меравіч Прушы́нскі;  — 28 ліпеня 1920) — беларускі паэт, празаік, публіцыст, дзяяч беларускага Адраджэньня пачатку XX стагодзьдзя.

Нарадзіўся 11 сакавіка 1887 году ў фальварку Новы Двор (цяпер у межах Менску) у сям’і чорнарабочага. Скончыў гарадзкую прыходзкую вучэльню ў Менску (1897), вучыўся ў рамесьніцкай вучэльні. З 1902 году працаваў сталяром у розных майстэрнях і на мэблевай фабрыцы ў Менску.

У 1904 годзе ўступіў у партыю эсэраў і актыўна ўключыўся ў падпольную рэвалюцыйную дзейнасьць. У 1907 годзе быў арыштаваны. 26 лютага 1908 году Віленская судовая палата прыгаварыла Алеся Гаруна да чатырох гадоў астрогу, як непаўналетняга. Аднак пракурор апратэставаў пастанову судовай палаты, і ў ліпені 1908 г. Алесь Гарун быў асуджаны на катаргу. 6 лістапада катарга была заменена на дзевяцігадовую высылку ў Сібір. Высылку паэт адбываў у Кірэнскім павеце Іркуцкай губэрні, дзе займаўся сталярнай і цясьлярнай працай. У 1914 годзе працаваў на Лене вадалівам. З 1915 году — на залатых капальнях у Бадайбо, дзе сустрэў Лютаўскую рэвалюцыю. Там быў абраны дэпутатам Савету Ленінскай золатапрамысловай акругі.

У Менск Гарун вярнуўся ў верасьні 1917 году. У 1918 годзе, падчас нямецкай акупацыі, рэдагаваў газэту «Беларускі шлях». У 1919 годзе, пасьля заняцьця Менску палякамі, стаў сябрам Беларускай вайсковай камісіі. У жніўні 1919 году ўзначаліў Часовы беларускі нацыянальны камітэт, які ўключаў радных Рады БНР.

У ліпені 1920 году, пасьля паразы палякаў на Бярэзіне, БВК зьехала зь Менску ў Ваўкавыск. Тамака Алесь Гарун разам зь сябрамі БВК зьеў вішняў, якія прадавалі мясцовыя сяляне, пасьля выпіў некалькі кубкаў зімнае вады. Увечары яму стала блага. Дохтар вызначыў крываўку і параіў перадаць хворага на бліжэйшы санітарны цягнік. Францішак Кушаль і Антон Аўсянік завезьлі на фурманцы Гаруна на станцыю. Санітарны цягнік вывез яго ў Кракаў.

Увосень 1920 БВК, якое знаходзілася ў Лодзі атрымала польскі ўрадавы ліст з вайсковага шпіталя, у якім паведамлялася, што Аляксандар Прушынскі памёр ад дызэнтэрыі і падавалася дакладнае месца яго пахаваньня. Памёр 28 ліпеня 1920 г. Пахаваны ў Кракаве на вайсковых Ракавіцкіх могілках.

БВК выправіла ў Кракаў Паўліну Мядзёлку, якая атрымала ў Кракаўскім вайсковым шпіталі ўсю інфармацыю і бачыла месцазанаходжаньне магілу Гаруна, якая была пазначана простым драўляным крыжыкам з таблічкай.

У 1947 годзе быў сярод іншых беларускіх літаратараў абвешчаны «здраднікам беларускаму народу», да 1980-х гадоў яго творы не выдаваліся.

У 1980-я закінутую магілу на Ракавіцкіх могілках адшукаў Алег Латышонак. 24 верасьня 1988 на месцы пахаваньня Гаруна быў усталяваны надмагільны помнік.

Пісаць пачаў зь дзяцінства. У друку дэбютаваў вершам «Маці-Беларусі» ў 1907 годзе (газэта «Наша Ніва»). Шмат вершаў ды апавяданьняў публікаваліся ў газэтах «Наша Ніва», «Беларус», «Вольная Беларусь», у калектыўных зборніках і календарах, атрымлівалі станоўчыя водгукі з боку крытыкаў (у прыватнасьці, М. Багдановіча й Я. Купалы). Галоўная тэма творчасьці Гаруна — Радзіма, барацьба за свабоду і шчасьце, але таксама ён стварыў шмат выдатных узораў пэйзажнае лірыкі. У паэзіі Гаруна прыметны адначасовы ўплыў сымбалізму ды народных традыцыяў.

Выйшаў зборнік паэзіі «Матчын дар» (меўся быць выдадзены ў Вільні ў 1914 годзе, але праз вайну выйшаў толькі ў 1918, перавыданьне 1929, факсымільнае выданьне ў 1988), таксама зборнік «Жывыя казкі» (1920), куды ўвайшлі тры п’есы для дзіцячага тэатру: «Хлопчык у лесе» (ставілася ў Вільні ў 1921 годзе), «Шчасьлівы чырвонец» і «Дзіўны лапаць, або Ня ўсё тое порах, што ў пораху ляжыць». У Вільні асобным выданьнем выйшла паэма «Мае каляды» (пад псэўданімам «А. Сумны», 1920). Выступаў у друку як публіцыст.

У Менску адна з вуліцаў носіць імя Алеся Гаруна (Фрунзэнскі раён).

Песьні на вершы А. Гаруна напісалі барды Андрэй Мельнікаў («Чалавечая кроў», «Край няволі»), Міхаіл Рубін («Ноч»).

 




#Article 186: Хілэр Бэлак (137 words)


Джо́зэф Хі́лэр П'ер Рэнэ́ Бэ́лак (па-ангельску: Joseph Hilaire Pierre René Belloc) (27 ліпеня 1870 – 16 ліпеня 1953) — брытанскі паэт і празаік, грамадзкі і палітычны дзеяч, адзін з раньніх тэарэтыкаў дыстрыбутызму.

Бэлак нарадзіўся ў францускім мястэчку Ля Сэль-Сэн-Клод недалёка ад Парыжу ў сям'і француза Луі Бэлака і англічанкі Элізабэт Рэйнз Паркз. Луі Бэлак памёр у 1872, і маці забрала маленькага Хілэра і ягоную сястру Мары́ у Англіі. 

Бэлак сябраваў з Гільбэртам Чэстэртанам і нязьменна выступаў зь ім адным фронтам ва ўсіх дыскусіях, так што Бэрнард Шоў нават ахрысьціў іх зьбіральным іменем «Чэстэрбэлак».

Бэлак — адзін з найбольш пладавітых брытанскіх пісьменьнікаў пачатку 20 стагодзьдзя. Ягоная спадчына ўключае эсэ, гістарычныя біяграфіі і вершы, у тым ліку дзіцячыя. Сярод ягоных немастацкіх твораў найбольш вядомая кніга «Рабская дзяржава» (1912).

З 1906 па 1910 Бэлак быў Сябрам Парлямэнту ад Лібэральнай партыі.




#Article 187: Сымбалізм (208 words)


Сымбалі́зм:

Сымбалізм як мастацкі стыль узьнік у сярэдзіне XIX стагодзьдзя як альтэрнатыва рэалізму ды натуралізму. Непасрэднымі яго папярэднікамі лічацца Шарль Бадлер ды Эдгар Алан По, першымі сымбалістамі — францускія паэты Поль Вэрлен, Арцюр Рэмбо, Стэфан Малярмэ. У 1886 годзе Жан Марэа апублікаваў «Маніфэст сымбалізму», у якім дэкляруе непрыманьне простага апісаньня фактаў, імкненьне адлюстраваць ідэальнае, знайсьці форму, якая здолее максымальна раскрыць гэты ідэал. Тэксты паэтаў-сымбалістаў шматзначныя, багатыя на мэтафары, у іх часта сустракаюцца містычныя матывы, тэмы сьмерці, нематэрыяльнага сьвету. Першым сымбалістам уласьцівая дэкадэнцкая эстэтыка, у пазьнейшых аўтараў гэта менш прыкметна. 

Да сымбалізму належыць, альбо адчула яго моцны ўплыў, творчасьць такіх аўтараў, як М. Мэтэрлінк, Э. Вэрхэрн, П. Адам, Ў. Блэйк, О. Ўайлд, Ў. Ейтс, Т. Эліёт, К. Бальмонт, В. Брусаў, Д. Меражкоўскі, А. Блок і шмат іншых. Рысы сымбалізму можна заўважыць у творчай спадчыне беларускіх паэтаў — Янкі Купалы, Максіма Багдановіча, Алеся Гаруна.

Нарадзіўшыся ў межах літаратуры, сымбалізм пранік і ў іншыя галіны мастацтва. Вядомыя мастакі-сымбалісты — Г. Маро, А. Рэдон, А. Фантэн-Лятур, Л. Бакст. Да сымбалізму часам адносяць скульптуру А. Радэна і жывапіс Э. Мунка. У музыцы адбітак сымбалізму нясуць творы К. Дэбюсі, Р. Вагнэра. У першыя гады XX стагодзьдзя сымбалізм паступова губляе папулярнасьць, і да пачатку першай сусьветнай вайны (1914) фактычна саступае месца новым, мадэрністычным мастацкім плыням.




#Article 188: Хрысьціянства (1467 words)


Хрысьція́нства — монатэістычная і абрамістычная рэлігія, заснаванай на жыцьці і вучэньні Ісуса Хрыста, прадстаўленыя ў кананічных эвангельлях і іншых новазапаветных пісаньнях. Прыхільнікі хрысьціянскай веры вядомыя як хрысьціяне. Асновай хрысьціянскай веры зьяўляецца тое, што Ісус ёсьць Сын Божы, маючым боскую і чалавечую прыроду, і выратавальнікам чалавецтва, як прадказана ў Старым Запавеце. З гэтае прычыны хрысьціяне звычайна ставяцца да Ісуса як да Хрыста ці Мэсіі.

Аснова хрысьціянскай тэалёгіі выяўляецца ў першых экумэнічных веравызнаньнях, якія прымаюцца пераважнай колькасьцю пасьлядоўнікаў хрысьціянскай веры. Сьцьвярджаецца, што Ісус пакутаваў, памёр, быў пахаваны і пасьля ўваскрос зь мёртвых для таго, каб даць вечнае жыцьцё тым, хто верыць у Яго і давярае яму дараваньне сваіх грахоў (збаўленьня). Акрамя таго, паводле вучэньня Ісус цялесна ўзьнёсься на неба, дзе ён кіруе і валадарыць з Богам Айцом. Большасьць хрысьціянскіх канфэсіяў прытрымліваюцца меркаваньня, што Ісус вернецца, каб судзіць усіх людзей, жывых і мёртвых, і даруе адвечнае жыцьцё сваім пасьлядоўнікам. Ён лічыцца прыкладам дабрадзейнага жыцьця, і ягонае служэньне, сьмерць і ўваскрасеньне часта называецца дабравесьцем ().

Хрысьціянства зьявілася як габрэйская сэкта ў сярэдзіне I стагодзьдзя. Паўстаўшы ў Леванце, рэгіёне Блізкага Ўсходу, яно хутка распаўсюдзіўся ў Сырыі, Мэсапатаміі, Малой Азіі і Эгіпце. Уплыў хрысьціянства павялічваўся на працягу некалькіх стагодзьдзяў, і да канца IV стагодзьдзя яно стала афіцыйнай дзяржаўнай рэлигияй Рымскай імпэрыі, замяніўшы іншыя формы рэлігіяў, якія практыкаваліся пад рымскім панаваньнем. У Сярэднявеччы, большая частка Эўропы была зьвернутая ў хрысьціянства, хрысьціянамі былі таксама часам вялікія рэлігійныя меншасьці на Блізкім Усходзе, у Паўночнай Афрыцы, Этыёпіі і некаторых частках Індыі. Пасьля эпохі Вялікіх геаграфічных адкрыцьцяў, празь місіянэрскую працу і калянізацыю, хрысьціянства распаўсюдзілася ў Паўночнай і Паўднёвай Амэрыцы, Аўстраліі, Афрыцы на поўдзень ад Сахары, і астатні сьвет. Хрысьціянства згуляла важную ролю ў фармаваньні заходняй цывілізацыі.

Ва ўсім сьвеце налічваецца тры найбуйнейшыя групы хрысьціянскіх пасьлядоўнікаў, як то Рымска-Каталіцкая царква, Праваслаўная царква, а таксама розных канфэсіі пратэстантызму. Рымска-каталіцкая і праваслаўная патрыярхаты былі падзелены ў 1054 годзе падчас Вялікай схізмы, а пратэстантызм зьявіўся падчас пратэстанцкай Рэфармацыі XVI стагодзьдзя ў Эўропе, як адчапленьне ад Рымска-каталіцкай царквы. У пачатку XXI стагодзьдзя, хрысьціянства мае каля 2,2 млрд пасьлядоўнікаў. Хрысьціяне складаюць каля траціны насельніцтва сьвету, што дазваляе хрысьціянству быць найбуйнейшай рэлігіяй у сьвеце. Гэтая рэлігія зьяўляецца культураўтваральным фактарам для Эўропы, Амэрыкі, асобных тэрыторыяў Блізкага Ўсходу й Каўказу.

Хрысьціяне ўсіх канфэсіяў вераць у адзінага, простага, асабовага (як правіла, ў трох асобах — Айцец, Сын, Сьвяты Дух), абсалютна добрага Бога — стваральніка ўсяго Сусьвету, прызнаюць Ісуса Хрыста Сынам Бога, вераць, што Ён выратаваў чалавецтва ад граху ды сьмерці Сваёй сьмерцю на крыжы ды паўстаньнем зь мёртвых, вераць у богападобнасьць чалавека, у несьмяротнасьць чалавечае душы, у пасьмяротную ўзнагароду за добрыя ўчынкі ды пакараньне за злыя, чакаюць на канец Сусьвету й будучае вечнае жыцьцё. Сьвятою кнігаю хрысьціяне прызнаюць Біблію.

Хрысьціянства зарадзілася ў I стагодзьдзі на юдэйскіх землях у кантэксьце мэсіянскіх рухаў юдаізму. Ужо ў часы Нэрону хрысьціянства было ўжо вядома ў шматлікіх правінцыях Рымскай імпэрыі.

Карані хрысьціянскага веравучэньня зьвязаныя зь юдаізмам і вучэньнем Старога запавету (у юдаізьме — Танах). Паводле эвангельлям і царкоўнаму паданьню, Ісус выхоўваўся як юдэй, выконваў Тору, наведваў сынагогу ў Шабат (суботу), выконваў сьвяты. Апосталы і іншыя першыя пасьлядоўнікі Ісуса былі габрэямі. Але ўжо празь некалькі гадоў пасьля заснаваньня царквы хрысьціянства пачало пашырацца сярод іншых народаў.

Па сьведчаньні новазапаветнага тэксту Дзеі апосталаў (Дзеян.11:26), назоўнік «Χριστιανοί» — хрысьціяне, прыхільнікі (або пасьлядоўнікі) Хрыста, упершыню ўвайшло ва ўжываньне для пазначэньня прыхільнікаў новай веры ў сырыйска-эліністычным горадзе Антыёхія ў I стагодзьдзі.

Першапачаткова хрысьціянства распаўсюджвалася ў асяродзьдзі габрэйскай Палестыны і міжземнаморскай дыяспары, але, ужо пачынальна зь першых дзесяцігодзьдзяў, дзякуючы пропаведзям апостала Паўла яно набывала ўсё больш пасьлядоўнікаў сярод іншых народаў («паганцаў»). Пасьля першаснага фармацыйнага пэрыяду рушыў усьлед пэрыяд дзейнасьці раньніх біскупаў, якіх хрысьціяне лічаць пераемнікамі апосталаў Хрыста. З 150 году настаўнікі-хрысьціяне пачалі вырабляць тэалягічныя і апалягетычныя творы, накіраваныя на абарону веры. Гэтыя аўтары вядомыя як Айцы Царквы, а іхныя вучэньні маюць назву патрыстыка. Вядомымі раньнімі айцамі былі Ігнац Антыёскі, Палікарп Сьмірнскі, Юстын Філёзаф, Ірэнэй Ліёнскі, Тэртуліян, Клімэнт Александрыйскі і Арыген. На працягу I—II стагодзьдзяў у розных рэгіёнах імпэрыі адбываліся лякальныя перасьледы хрысьціянаў з боку ўладаў, якія падтрымлівалі паганства. У III стагодзьдзі (асабліва пры імпэратарах Максыміяне ды Дыяклетыяне) хрысьціянства было строга забароненае ва ўсіх імпэрскіх уладаньнях, шмат вернікаў былі пакараныя. Да V стагодзьдзя распаўсюджваньне хрысьціянства адбывалася галоўным чынам у геаграфічных межах Рымскай імпэрыі, а таксама ў сфэры ейнага культурнага ўплыву (Армэнія, усходняя Сырыя, Этыёпія), у наступным, то бок у асноўным у другой палове 1 тысячагодзьдзя) — сярод германскіх і славянскіх народаў, пазьней (да XIII—XIV стагодзьдзяў) — таксама сярод балтыйскіх і фінскіх народаў. У новы і найноўшы час распаўсюджваньне хрысьціянства па-за Эўропай адбывалася за рахунак каляніяльнай экспансіі і дзейнасьці місіянэраў.

У 312 годзе імпэратар Канстантын Вялікі спыніў перасьлед хрысьціянства, а пазьней сам прыняў хрысьціянскую веру і фактычна зрабіў хрысьціянства дзяржаўнай рэлігіяй. У Сярэднявеччы хрысьціянскай дзяржавай заставалася Бізантыя, таксама ў хрысьціянства зьвярнуліся правадыры барбарскіх дзяржаваў, што ўзьніклі на руінах Заходняй Рымскай імпэрыі. Напрыканцы 1 тысячагодзьдзя атрымалі хрышчэньне славянскія і скандынаўскія народы, і такім чынам уся Эўропа зрабілася хрысьціянскай.

Дагматыка хрысьціянскай Царквы дакладна фармулявалася і зацьвярджалася на Сусьветных саборах (IV—VIII стагодзьдзяў). На іх былі асуджаныя разнастайныя гарэзіі, што ўзьнікалі ў Царкве ў тыя часы, прыняты Сымбаль Веры і дадатковыя дагматычныя і кананічныя азначэньні. Не прыняўшы саборных вырашэньняў, ад сусьветнай царквы адпалі нэстарыяне, Армянская і Копцкая цэрквы і некаторыя іншыя абшчыны. У 1054 годзе адбыўся Вялікі раскол паміж усходняй і заходняй часткамі Царквы, які быў выкліканы як непагадненьнямі ў дагматыцы, гэтак і прычынамі палітычнага характару. Заходняя царква прыняла назву Каталіцкай, усходняя — Праваслаўнай. Раскол канчаткова замацаваўся пасьля ўзяцьця крыжакамі Канстантынопалю ў 1204 годзе. У 1596 годзе была складзена Берасьцейская унія, паводле якой істотная частка праваслаўных Рэчы Паспалітай перайшлі пад юрысдыкцыю рымскага папы, утварыўшы Грэка-каталіцкую (уніяцкую) царкву.

У XVI стагодзьдзі ў каталіцкіх краінах пачаўся рэфармацыйны рух, які абвяшчаў Біблію адзінай крыніцай веравучэньня і адмаўляў неабходнасьць Царквы дзеля выратаваньня душы. Узьніклі і ўступілі ў барацьбу з каталіцтвам такія плыні, як англіканства, лютэранства, кальвінізм, гусіцтва. У наступныя стагодзьдзі ад вялікіх пратэстанцкіх канфэсіяў аддзялілася незьлічоная колькасьць дробных суполак са сваімі веравучэньнямі, як то мэтадысты, баптысты, розныя эвангелічныя і пяцідзясятніцкія суполкі і гэтак далей. У другой палове XX стагодзьдзя ўзьніклі філязофскія плыні і рэлігійныя суполкі (гэтак званае «лібэральнае хрысьціянства») і нават таталітарныя сэкты, як то «Царква Хрыста», адэпты якіх называюць сябе хрысьціянамі, аднак іхная ідэалёгія і практыка ня мае нічога агульнага з вучэньнем Хрыста. Усходнія цэрквы пазьбеглі дагматычных расколаў, аднак, напрыклад, у гісторыі Расейскай праваслаўнай царквы мелі месца расколы па кананічных (XVII стагодзьдзе) і палітычных (XX стагодзьдзе) матывах.

Хрысьціянства ад пачатку разьвівалася пад ганеньнямі. У Старажытнасьці найбольш шырокім ганеньням хрысьціяне падвяргаліся пад уладай рымскага імпэратара Нэрона (54-68). Стаўшыся найбольш пашыранай на сьвеце хрысьціянская супольнасьць застаецца найбольш гнанай. На 2012 рок перасьледу за хрысьціянскае веравызнаньне падвяргалася звыш 200 мільёнаў чалавек у 60 краінах сьвету. 75% забітых за выравызнаньне складалі хрысьціяне. Найбольшую пагрозу несьлі камуністычныя фанатыкі ва ўладзе. Цягам апошняга стагодзьдзя штогод за хрысьціянскае веравызнаньне забівалі прынамсі 150 тыс. вернікаў (450 штодня). Найбольш у СССР і Кітаі. У падсавецкай Беларусі за ўдзел у набажэнстве Камітэт дзяржаўнай бясьпекі пазбаўляў працаўладкаваньня і зьнявольваў хрысьціянаў. У Паўночнай Карэі за вызнаньне хрысьціянства на 2012 г. у зьняволеньні знаходзілася звыш 50 тыс. чалавек. Апошнім часам мусульманскія фанатыкі Інданэзіі зьнішчылі больш за 500 цэркваў. Найбольш шырокі перасьлед хрысьціянаў працягваецца ў Кітаі, Бангладэшы, Індыі, Пакістане, Віетнаме, Аб’яднаных Арабскіх Эміратах, Судане, Сырыі ды Іране.

На ўсім сьвеце налічваецца каля 2 мільярдаў вернікаў, якія падзеленыя на 3 асноўныя галіны хрысьціянства: каталіцтва, пратэстанцтва і праваслаўе. Хрысьціянства зьяўляецца найбуйнейшай рэлігіяй у сьвеце. Хрысьціянская доля насельніцтва зямнога шара складае апошнія 100 гады каля 33%, што азначае, што кожны трэці жыхар Зямлі ёсьць прыхільнікам хрысьціянскай веры. Колькасьць вернікаў павялічваецца кожны дзень на, прыкладна, 23 тысячы чалавек, у пераважнай большасьці, дзякуючы насельніцтву краінаў трэцяга сьвету, у той час як у разьвітых краінах назіраецца істотнае зьніжэньне колькасьці прыхільнікаў на, прыкладна, 7,6 тысячаў чалавек у дзень. Але хрысьціянства па-ранейшаму зьяўляецца дамінуючай рэлігіяй у Эўропе, Амэрыцы й Паўднёвай Афрыцы. У Азіі хрысьціянства зьяўляецца дамінуючай рэлігіяй у Грузіі, Армэніі, Усходнім Тыморы і Філіпінах.

Хрысьціянства трывала зацьвердзілася на вялікай частцы сьвету, асабліва ў Афрыцы, Лацінскай Амэрыцы й Азіі. Вядучы арабійскі мусульманскі лідэр шэйх Ахмад аль-Катані ў інтэрвію каналу Аль-Джазіра паведаміў аб тым, што кожны дзень 16 тысячаў афрыканскіх мусульманаў зьвяртаюцца ў хрысьціянства. Ён сьцьвярджае, што іслам штогод губляе каля 6 мільёнаў афрыканскіх вернікаў на карысьць хрысьціянства, у тым ліку мусульманаў у Альжыры, Францыі, Індыі, Марока, Расеі і Турэччыны. Ён таксама паведаміў, што хрысьціянства зьяўляецца папулярным сярод людзей самага рознага паходжаньня ў Індыі, Малайзіі, Манголіі, Нігерыі, Паўночнай Карэі і Віетнаме.

У большасьці разьвітых краінах наведваньне царкваў сярод людзей, якія па-ранейшаму лічаць сябе хрысьціянамі, значна скарацілася за апошнія некалькіх дзесяцігодзьдзяў. Некаторыя крыніцы бачаць у гэтым проста адыход ад традыцыйных інстытутаў сяброўства, у той час як іншыя зьвязваюць яго з прыкметамі зьніжэньня ролі веры й рэлігіі ў цэлым у грамадзтве.

Хрысьціянства, у той ці іншай форме, зьяўляецца адзінай дзяржаўнай рэлігіяй у наступных краінах: Коста-Рыка (Рымска-каталіцкая), Данія (Эвангеліцка-лютэранская), Сальвадор (Рымска-каталіцкая), Ангельшчына (Англіканская), Фінляндыя (Эвангеліцка-лютэранская й праваслаўная), Грузія (Грузінская праваслаўная), Грэцыя (Грэцкая праваслаўная), Ісьляндыя (Эвангеліцка-лютэранская), Ліхтэнштайн (Рымска-каталіцкая), Мальта (Рымска-каталіцкая), Манака (Рымска-каталіцкая), Нарвэгія (Эвангеліцка-лютэранская) і Ватыкан (Рымска-каталіцкая).




#Article 189: Сэкта (386 words)


Сэ́кта (ад лацінскага sectare — «адсякаць»):

Сэкты вылучаліся ў гісторыі бадай што са ўсіх дастаткова ўплывовых рэлігіяў. I стагодзьдзе да нараджэньня Хрыстова — II стагодзьдзе па нараджэньні Хрыстовым — час росквіту сэктаў гнастычнае накіраванасьці ў межах паганства. У юдаізме таго ж часу вядомая сэкта назарэяў; на палажэньні сэкты апынулася толькі што створаная хрысьціянская Царква. У XI стагодзьдзі надзвычай моцны ўплыў на поўдні Эўропы мела сэкта катараў, у той жа час у Багдадзкім халіфаце была моцнай сэкта гашышынаў (асасінаў). У Расейскай Імпэрыі існавалі сэкты малакан, духабораў, хлыстоў.

Тэрмін таталіта́рная сэ́кта (таксама ўжываецца тэрмін нэаку́льт) узьнік у другой палове XX стагодзьдзя ў дачыненьні да асаблівага тыпу рэлігійных арганізацыяў, колькасьць якіх няўхільна ўзрастае з канца другой сусьветнай вайны. Таталітарным сэктам уласьцівы жорсткі ўціск і кантроль ва ўсіх сфэрах жыцьця адэптаў з боку лідэраў сэкты, прымушэньне адэптаў да поўнага падпарадкаваньня. Таталітарныя сэкты часьцей за ўсё ствараюцца дзеля атрыманьня багацьця ды ўлады, рэлігійны складнік у іх зьяўляецца другасным — кіраўнікі сэкты могуць зьмяняць яе веравучэньне па ўласным жаданьні, могуць нават самі не прымаць гэтага веравучэньня. У таталітарных сэктах, як правіла, мае месца так званы «эзатэрычны разрыў»: новым вернікам недаступная поўная інфармацыя пра ідэялёгію й дзейнасьць сэкты, некаторымі зьвесткамі валодае толькі кіруючае кола сэкты. Карыстаючыся агрэсіўнымі спосабамі ўзьдзеяньня на псыхіку, лідэры таталітарных сэктаў фарміруюць у адэптаў варожы настрой да людзей па-за сэктай, гатоўнасьць выконваць любыя загады лідэра. Ад вернікаў амаль заўжды патрабуюць ахвяраваць сэкце ўсю сваю маёмасьць (адразу ці паступова) ды быць гатовымі аддаць здароўе ці жыцьцё дзеля дабрабыту сэкты й яе кіраўнікоў. Людзям, якія ўцяклі з таталітарных сэктаў, патрэбная шматгадовая рэабілітацыя ды псыхалягічная дапамога. Сярод сэктантаў назіраецца вялікая колькасьць самагубстваў.

У лістападзе 1978 году вялікі рэзананс выклікала масавае самагубства сэкты «Народны храм» у Гаяне, у 1993 годзе — сэкты «Галіна Давіда», пазьней — сэктаў «Храм Сонца» ды «Нябесныя вароты». У сакавіку 1995 году сэкта «Аум Сінрыкё» зьдзейсьніла тэрарыстычны акт у мэтро гораду Токіё з ужыцьцем хімічнае зброі, плянаваўся яшчэ шэраг тэрактаў, якія былі папярэджаныя японскімі ўладамі. 17 сакавіка 2000 году на загад лідэркі сэкты «Рух за адраджэньне дзесяці запаведзяў Бога» (Уганда) былі забітыя больш за 500 сэктантаў. Сёньня ў шматлікіх цывілізаваных краінах таталітарныя сэкты забараняюцца ды перасьледуюцца законам. Найбольш вядомыя ва ўсім сьвеце таталітарныя сэкты: мармоны (гістарычна першая суполка гэтага тыпу, сёньня найбольш сацыялізаваная зь іх), «Царква саенталогіі», «Рух аб’яднаньня» С. Муна, «Міжнародае таварыства сьвядомасьці Крышны», «Трансцэндэнтальная мэдытацыя» Махарышы, «Царква Хрыста».




#Article 190: Аляксей Хвасьценка (257 words)


Аляксе́й Хвасьце́нка (сцэнічны псэўданім Хвост; 14 лістапада 1940 — 30 лістапада 2004) — расейскі паэт, бард, сцэнарыст, мастак, скульптар, прыметная постаць у ленінградзкім андэграўндзе 60-х — 70-х гадоў, «дзядуля расейскага року», аўтар такіх вядомых песень, як «Рай» (музыка Франчэска дэ Мілана, выконваў Барыс Грабеншчыкоў), «Арляндына».

Нарадзіўся 14 лістапада 1940 году ў Сьвярдлоўску. Вучыўся ў Ленінградзе ў Вышэйшай школе мастацтваў ды ў Тэатральным інстытуце. Сябраваў з Іосіфам Бродзкім, разам зь ім у 1965 годзе судзіўся за дармаедзтва ды трапіў на паўгады ў псыхіятрычны шпіталь. Быў шырока вядомы ў андэграўндных колах Ленінграду пры поўнай адсутнасьці афіцыяльнага прызнаньня. Ладзіліся кватэрныя канцэрты Хвасьценкі, безь яго не абыходзілася ніводнае значнае мерапрыемства ў андэграўнднай культуры.

У 1977 годзе Хвасьценка эмігруе ў Парыж. Там, нарэшце, выдаюцца яго кнігі («Падазрыцель», «Паэма эмігрантаў», «Краіна Дэталія» ды іншыя). Майстэрня Хвасьценкі ў Парыжы робіцца своеасаблівым клюбам, дзе часта адбываюцца канцэрты вядомых музыкантаў ды літаратараў. Ён стварае незалежны тэатр «Сымпазыён», для якога сам піша сцэнарыі. Зьяўляецца ўдзельнікам асацыяцыі «Performing right Society, Ltd.»

У 1992 годзе Хвасьценка разам зь пецярбурскім рок-гуртом «Аукцыон» запісвае альбом «Чайнік віна», а ў 1995 годзе — альбом «Жыхар вяршыняў» на вершы Веліміра Хлебнікава. Таксама былі выдадзеныя яго сольныя запісы — «Вопыт пабочнага творчага працэсу» ды «Рэпетыцыі», ён браў удзел у запісах «Міцькоў», супрацоўнічаў з саксафаністам Анатолем Герасімавым.

У студзені 2004 году Хвасьценка атрымаў нарэшце расейскае грамадзянства, пасьля чаго даў шэраг канцэртаў у Расеі. У лістападзе ў Маскве была наладжаная выстава яго скульптуры «Кола часу», яшчэ адна выстава мелася быць адкрытая 7 сьнежня. 30 лістапада 2004 году ў 61-м маскоўскім шпіталі Хвасьценка памёр ад сардэчнае недастатковасьці.




#Article 191: Санэт (180 words)


Санэ́т (ад  — песенька) — адна з так званых цьвёрдых форм лірычнай паэзіі. Зьявіўся ў Італіі ў XIII стагодзьдзі, першыя санэты стварыў Гвітонэ Дарэцца, найбольшую вядомасьць набылі санэты Франчэска Пятраркі.

Санэт складаецца з 14 радкоў па 11 складоў у кожным, са строгай рытмічнай ды лягічнай структурай. Вылучаюць некалькі асобных формаў санэту. Італьянскі санэт складаецца зь дзьвюх частак: першая з васьмі радкоў (у ёй фармулюецца праблема твору), другая з шасьці (вырашэньне праблемы). Парадак рыфмаў — a-b-a-b a-b-b-a c-d-e-c-d-e (ці c-d-c-c-d-c), 9-ы радок вылучаецца інтанацыйна. Нязначна адрозьніваецца ад яго францускі санэт са схемай a-b-b-a a-b-b-a c-d-d c-e-e. У Англіі XVI стагодзьдзя склалася альтэрнатыўная форма санэту (вядомая як «шэксьпіраў санэт») з рыфмамі a-b-a-b c-d-c-d e-f-e-f g-g. У паэзіі мадэрнізму санэтамі часта называюцца вершы з чатырнаццаці радкоў больш вольнай структуры.

Санэт зьяўляецца базаю для больш буйной вершаванай формы — вянку санэтаў (15 санэтаў, у санэтах зь 2-га па 14-ы першы радок супадае з апошнім радком папярэдняга санэту, 15-ы санэт — магістрал — складаецца з запісаных па парадку першых радкоў 1-га — 14-га санэтаў).

У беларускай літаратуры першы ўжыў форму санэту Максім Багдановіч, шырока вядомыя санэты Янкі Купалы (выдаваліся асобнай кнігай).




#Article 192: Віскі (287 words)


Ві́скі ( — вада) — моцны алькагольны напой, які атрымліваецца шляхам перагонкі зброджанага сусла са збожжа (ячменнага соладу альбо зерня) з наступнай вытрымкай сьпірту ў дубовых бочках. Падчас вытрымкі мае моцнасьць 60—80%, прадаецца разбаўленым да 40—50%. Упершыню згадвадваецца ў 15 стагодзьдзі ў Ірляндыі і Шатляндыі.

Як і ўсе моцныя эўрапейскія напоі, віскі ўзыходзіць да часоў Крыжовых паходаў (XII стагодзьдзе). У манастырах Брытанскіх астравоў «ваду жыцьця» (акавіту) пачалі вырабляць пад уплывам італьянскіх тэхнічных дасягненьняў. На Раство Хрыстова 1405 г. у Ірляндыі віскі ўпершыню пісьмова згадваецца ў  1627 году (цяпер графства , правінцыя Ленстэр), дзе апісваецца сьмерць правадыра ад «празьмернага прыёму акавіты» ( — вада жыцьця). У 1494 г. у Шатляндыі першае пісьмовае сьведчаньне аб вытворчасьці віскі ўпершыню сустракаецца ў , дзе апісваецца пасылка соладу «брату Джону Кору, паводле загаду караля, для вырабу акавіты» ( — вада жыцьця) аб’ёмам на 500 пляшак.

Спачатку напой выкарыстоўваўся як лекавы сродак, але зь цягам часу ўжываньне віскі пашыралася, ды ў XVI—XVII стагодзьдзях набыло велізарныя памеры. У 1579 годзе шатляндзкі парлямэнт дазволіў гнаць віскі толькі дваранству, а ў 1642 годзе кароль увёў манаполію на вытворчасьць алькаголю. Віскі афіцыйна выраблялі толькі 8 буйных перагонных заводаў, але ў вёсках узьнікалі падпольныя вінакурні. Якасьць віскі падпольнае вытворчасьці паступова ўзрастала, як і попыт на яго, і ў 1823 годзе дробныя вінакурні былі ўзаконеныя. У Амэрыцы вытворчасьць віскі () пачалася фактычна з узьнікненьнем брытанскіх калёніяў (амэрыканскі віскі часьцей называюць словам бурбон), зь цягам часу ствараюцца буйныя перагонныя заводы. Сёньня большасьць вінакурняў Шатляндыі належаць амэрыканскім алькагольным канцэрнам, якія ў сваёй краіне вырабляюць бурбоны невысокае якасьці. Для ірляндзкага віскі можа выкарыстоўвацца адрознае напісаньне па-ангельску: whiskey.

У Шатляндыі вылучаюцца чатыры рэгіёны з істотна адрознымі тыпамі віскі: Гайлэнд, Лоўлэнд, Спэйсайд ды Айлэй.

У 2011 г. у Беларусі выпусьцілі 20,3 тыс. дэкалітраў віскі.




#Article 193: Сон (333 words)


Сон — працэс адпачываньня ў людзей і іншых жывёлаў, які адзначаецца той ці іншай ступеньню страты сьвядомасьці й зьніжаным узроўнем рэакцыі на навакольны сьвет.

Сон адбываецца цыклічна, з пэрыядам прыблізна 24 гадзіны, хаця ўнутраны біялягічны гадзіньнік чалавека звычайна мае пэрыяд 24,5—25,5 гадзінаў. Гэты цыкль рэстартуецца штодня (то бок кожныя 24 гадзіны) шляхам пэўных узбуджальнікаў, відавочны прыклад — сонечнае сьвятло. Цыкль сну таксама карэлюе з узроўнем мэлятаніну ў крыві — яго павышаная канцэнтрацыя выклікае санлівасьць.

У некаторых краінах ёсьць звычай спаць двойчы кожныя 24 гадзіны (пасьляабедзенны сон, сіеста).

Сон адзначаецца пэўнай ступеньню страты сьвядомасьці й адсутнасьцю ўсьведамленьня пра навакольле. Ёсьць і іншыя станы, якія маюць гэтую характарыстыку — кома і сьмерць. Але ў адрозьненьне ад іх, сон:

Сон чалавека звычайна падзяляюць на пяць стадыяў паводле электраэнцэлаграфічных (ЭЭГ) запісаў.

Сон адбываецца з чаргаваньнем фазы хуткага руху вачэй (REM) і фазы павольнага руху вачэй (NREM). Мы можам бачыць сны толькі падчас стадыі REM.

У розных жывёлаў працягласьць сну адрозьніваецца досыць моцна: ад 2 гадзінаў у дзень (жырафы) да 20 гадзінаў у дзень (кажаны). Агульнае правіла: чым большая вага целы, тым менш сну патрабуе арганізм жывёлы. Кошкі адныя зь нешматлікіх жывёлаў, якія сьпяць не адзін раз у содні, а даволі раўнамерна разьбіваюць свой сон на шмат кавалкаў. Марскія коцікі і дэльфіны «сьпяць» то адным, то другім паўшар’ем мозгу. Марскім коцікам гэта неабходна для таго, каб арганізм усплываў на паверхню за паветрам нават падчас сну. Сон характэрны ня толькі для сысуноў, але і іншых жывёлаў; сьпяць нават рыбы і мушкі-дразафілы.

Некаторыя жывёлы таксама ўпадаюць у зімовую сьпячку (гібэрнацыю). Існуе таксама эстывацыя — летняя сьпячка для таго, каб схавацца ад летняй сьпякоты (напрыклад, некаторыя віды салямандры).

Функцыя сну ў чалавека ўсё яшчэ зьяўляецца тэмай навуковых спрэчак. Раней лічылася, што асноўная функцыя ёсьць адпачынкам для цела і мозгу, але апошнія экспэрымэнты не пацьвярджаюць гэтага (што датычыць мозгу). Лічыцца, што адна з асноўных функцый сну — кансалідацыя і аптымізацыя памяці і ўспамінаў ў мозгу чалавека.

Недахоп сну прыводзіць да непаўнацэннага функцыянаваньня арганізму ў псыхалягічным і фізычным плянах. Недахоп сну накапліваецца кумулятыўна.




#Article 194: Сьпірт (177 words)


Сьпі́рт — арганічнае хімічнае спалучэньне, утворанае з вуглевадароднага радыкалу ды адной ці некалькіх гідраксыльных групаў (-OH). У залежнасьці ад колькасьці гідраксыльных групаў вылучаюцца аднаатомныя (алькаголі), двухатомныя (гліколі), трохатомныя і шмататомныя сьпірты. Сьпірты, якія ўтрымліваюць бэнзольнае ядро, называюцца араматычнымі (напрыклад, фэноль). Ніжэйшыя сьпірты — вадкасьці, вышэйшыя — цьвёрдыя рэчывы. Сьпірты зьяўляюцца слабымі кісьлямі, могуць утвараць солі (алькагаляты). Вытворнымі ад сьпіртоў зьяўляюцца этэры, тлушчы.

У агульным ужытку часьцей за ўсё пад словам «сьпірт» разумеецца этаноль (CH3–CH2–OH), які атрымліваецца пры браджэньні цукру ды зьяўляецца асноваю алькагольных напояў, таксама шырока ўжываецца ў тэхніцы ды мэдыцыне. У хімічнай прамысловасьці выкарыстоўваюцца мэтаноль, гліцэрын, фэноль, этыленгліколь ды іншыя сьпірты. Некаторыя шмататомныя сьпірты ўваходзяць у склад замяняльнікаў цукру.

Сьпірты зьяўляюцца вялікай і разнастайнай клясай злучэньняў, то бок яны шырока распаўсюджаныя ў прыродзе і часта выконваюць важныя функцыі ў жывых арганізмах. Сьпірты зьяўляюцца важнымі злучэньнямі з пункту гледжаньня арганічнага сынтэзу, і ня толькі цікавыя як мэтавыя прадукты, але і як прамежкавыя рэчывы, якія валодаюць унікальнымі хімічнымі уласьцівасьцямі. Акрамя гэтага, сьпірты зьяўляюцца важнымі прамысловымі прадуктамі і маюць шырокае выкарыстаньне як у прамысловасьці, гэтак і ў паўсядзённым спажываньні.




#Article 195: Афрадыта (226 words)


Афрады́та (; Понтыя, Лімэнія, Анадыямена, Кіпрыда) — першапачаткова багіня ўрадлівасьці, затым багіня каханьня.

Афрадыта абуджае каханьне ў сэрцах багоў і людзей. Дзякуючы гэтаму яна пануе над сьветам. Ніхто ня можа пазьбегнуць ейнай улады. Толькі Атэна, Гестыя і Артэміда не падначаленыя ейнай магутнасьці. Афрадыта — увасабленьне прыгажосьці і вечнай маладосьці.

Культ Афрадыты шырока распаўсюджаны ў Старажытнай Грэцыі, Малой Азіі ды на выспах Міжземнага мора, у Сыцыліі і асабліва на Кіпры.

Зьяўлялася ўлюбёным пэрсанажам антычных мастакоў.

Паводле імені Афрадыты названы астэроід 1388 Афрадыта.

Па раньняй вэрсіі нарадзілася з марское пены і кропляў крыві Ўрана каля выспы Кіфера, а ласкавы Зэфір прынёс яе на выспу Кіпру, там яе атачылі Оры і адвялі на Алімп. У клясычнай вэрсіі Афрадыта зьяўляецца дачкой Зэўса і Дыёны.

Жыў на Кіпры адзін мастак Пігмаліён, жыў у адзіноцтве, пазьбягаючы шлюбу, бо не падабалася яму аніводная дзяўчына. І зрабіў зь белай слановай косьці дзяўчыну незвычайнай прыгажосьці, ды так зрабіў, што, здавалася, яна вось зараз працягне руку яму, або зрушыць зь месца. Закахаўся мастак у яе, і стаў падносіць ёй розныя падарункі: прыгожыя каралі, запясьці, завушніцы. Падчас чарговых сьвятаў у гонар Афрадыты, Пігмаліён, каб не абурыць гнеў багоў на сябе, ня стаў прасіць у Афрадыты ажыўленьня статуі, таму папрасіў каб багіня даравала дзяўчыну падобную на абточаную ім косьць. Вярнуўшыся дадому, замест абточанай косьці — дзяўчыны, Пігмаліёна ўжо чакала сапраўдная прыгажуня. Вось так багіня каханьня Афрадыта даравала мастаку Пігмаліёну сапраўднае каханьне.




#Article 196: Прагрэсіў-рок (154 words)


Прагрэ́сіў-рок () — кірунак у рок-музыцы (галоўным чынам, эўрапейскай), які вылучаецца манумэнтальнасьцю кампазыцыяў, складанасьцю тэкстаў, эклектычнасьцю, разнастайнымі экспэрымэнтамі з мэлёдыямі, рытмамі, вакальнымі партыямі. Узьнік у Вялікабрытаніі ў другой палове 1960-х гадоў, пік папулярнасьці прыпадае на пачатак 1970-х гадоў, але й да сёньняшняга дню ў сьвеце існуе шмат гуртоў, творчасьць якіх належыць да прагрэсіў-року альбо мае яго асобныя рысы. Больш вузкія напрамкі ў межах прагрэсіў-року — арт-рок, сымфанічны рок, прагрэсіў-мэтал, сымфа-мэтал.

Прагрэсіў-рок узьнік на першай хвалі пратэсту супраць поп-культуры ды спажывецкага грамадзтва напрыканцы 1960-х гадоў. Усе музыкі гэтага напрамку грэбавалі радыйным фарматам ды пажаданьнямі масавай аўдыторыі, імкнуліся да больш поўнага самавыражэньня, да складанасьці клясычнае й джазавае музыкі пры захаваньні асноўных рысаў року. Большасьць альбомаў прагрэсіў-рок-гуртоў канцэптуальныя, аб’яднаныя нейкай адзінай ідэяй (прыклады — «The Wall» Pink Floyd, «Tales from Topographic Oceans» Yes, «Thick as a Brick» Jethro Tull, «Still Life» Van der Graaf Generator); існуюць нават нізкі альбомаў з агульнай канцэпцыяй (як у гурта King Crimson).




#Article 197: Ірляндыя (813 words)


Рэспу́бліка Ірля́ндыя (, ) — дзяржава, што пакрывае прыкладна пяць шостых вострава Ірляндыі. Прыкладна шостая частка вострава вядомая пад назвай Паўночная Ірляндыя, і зьяўляецца часткай Злучанага Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірляндыі.

Канстытуцыя абвяшчае, што назва дзяржавы «Éire, альбо па-ангельску, Ireland». Назва Рэспубліка Ірляндыя зьяўляецца афіцыйным апісаньнем дзяржавы, паводле Акту аб Рэспубліцы Ірляндыя.

Асноўныя артыкулы: Гісторыя Ірляндыі, Гісторыя Рэспублікі Ірляндыя

Ад 1 студзеня 1801 году да 6 сьнежня 1922 году Ірляндыя была часткай Злучанага Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірляндыі. У 1919 годзе шмат ірляндзкіх парлямэнтараў, абраных падчас брытанскіх усеагульных выбараў 1918 году, адмовіліся ад сваіх месцаў у брытанскі парлямэнт. Замест яны абвесьцілі сябе першым ірляндзкім урадам, які называўся Dáil Éireann [да́ўіл э́йрайн]. Ён у студзені 1919 году выпусьціў Аднабаковую Дэклярацыю аб Незалежнасьці , якая абвяшчала Ірляндзкую Рэспубліку. Ірляндыя больш не была часткай Брытанскай Імпэрыі. З-за малога прызнаньня ў сьвеце была скліканая Парыская мірная канфэрэнцыя 1919 году. Гэта адбылося з-за моцнай  пазыцыі Вялікабрытаніі на канфэрэнцыі. Пасьля Англа-Ірляндзкай вайны (таксама вядомай як Ірляндзкая вайна за незалежнасьць) Брытанскае кіраўніцтва і Кабінэт міністраў () Ірляндзкай Рэспублікі падпісалі Англа-Ірляндзкую дамову, паводле якой Ірляндыя атрымала статус дамініёну.

Ірляндыя — гэта парлямэнцкая рэспубліка. Прэзыдэнт краіны выбіраецца на сямігадовы тэрмін і можа перавыбірацца толькі адзін раз. Нягледзячы на тое, што прэзыдэнт зьяўляецца збольшага намінальным кіраўніком краіны, ён валодае некаторымі канстытуцыйнымі паўнамоцтвамі, напрыклад кіруе Дзяржаўным Саветам, які зьяўляецца кансультатыўным органам. Taoiseach (прэм’ер-міністар) прызначаецца прэзыдэнтам, па прапанове парлямэнта. Звычайна прэм’ер-міністры зьяўляюцца лідэрамі палітычных партыяў, якія маюць большасьць у парлямэнце. Прэм’ер-міністар прызначае міністраў і ў апошнія гады (з 1989 году) кабінэт міністраў складаецца на кааліцыйнай аснове.

Двухпалатны парлямэнт Ірляндыі складаецца з Сэнату (Seanad Éireann) і Палаты Прадстаўнікоў (Dáil Éireann). Сэнат складаецца з 60 сэнатараў, зь якіх 11 прызначаюцца прэм’ер-міністрам, 6 выбіраюцца двума ўнівэрсытэтамі і 43 выбіраюцца на ўсеагульных выбарах. Палата прадстаўнікоў складаецца з 166 дэпутатаў, якія выбіраюцца на выбарах на прапарцыянальнай аснове. Паводле канстытуцыі выбары ў парлямэнт павінны праводзіцца не радзей аднаго разу ў 7 гадоў.

Паводле канстытуцыі, ва ўрад уваходзяць 15 членаў. Ня болей двух міністраў могуць быць прызначаны з Сэнату, а намесьнік прэм’ер-міністра і міністар фінансаў павінны быць прызначаны з Палаты Прадстаўнікоў.

Ірляндыя ўвайшла ў Эўрапейскі Зьвяз у 1973 годзе, ратыфікавала Шэнгенскае пагадненьне ў 2000 годзе, але да нашых дзён не ўвайшла ў Шэнгенскую зону. Грамадзяне Вялікабрытаніі маюць права ўезду на тэрыторыю Ірляндыі без паспарту згодна з дамовай аб Агульнай Транспартнай Зоне паміж краінамі, але некаторыя формы ідэнтыфікацыі патрабуюцца ў аэрапартах і марскіх партах.

Ірляндыя мае 26 графстваў, якія ўзьніклі згодна з культурнымі і гістарычнымі асаблівасьцямі рэгіёнаў краіны. Аднак некаторыя гістарычныя графствы былі аб’яднаныя ў новыя адміністрацыйныя адзінкі, у той час як графства Дублін было падзелена на тры новыя адміністрацыйныя адзінкі ў 1990-х а графства Тыпэрары было падзелена на дзьве часткі ў 1890-х. Усё гэта прывяло да таго, што ў цяперашні час краіна мае адміністрацыйны падзел, які складаецца з 26 адміністрацыйных графстваў і пяць асобных гарадоў. Пяць гарадоў (Дублін, Корк, Лімерык, Голўэй і Ўотарфорд) адміністрацыйна выдзелены ў асобныя адзінкі. Яшчэ пяць гарадоў (Клонмэль, Драгхеда, Кілкэньні і Ўэксфорд) маюць асобную аўтаномію ў межаў сваіх графстваў.

Агульная плошча вострава Ірляндыя складае 84 421 км², зь якіх 83% належаць Рэспубліцы Ірляндыя (70 280 км²), астатняя частка выспы належыць Вялікабрытаніі. Выспа Ірляндыя знаходзіцца ў паўночнай частцы Атлянтычнага акіяна. На ўсходзе ад выспы знаходзіцца Ірляндзкае мора, якое злучаецца з акіянам праз пратоку Канал сьв. Георга і Кельцкае мора. Усходняе ўзьбярэжжа характэрызуецца пераважна адвеснымі скаламі, узвышшамі і невялікімі гарамі (зь якіх самай высокай зьяўляецца гара Караўнтухіл, вышынёй 1 038 м). Унутраныя раёны краіны маюць раўнінны рэльеф, які перасякаецца рэкамі (самай вялікай зь якіх зьяўляецца рака Шэнан) і некалькімі невялікімі азёрамі (). Цэнтральная частка краіны адносіцца да вадазбору ракі Шэнан, тут знаходзяцца балоты на якіх вядзецца здабыча торфу. На ўзьбярэжным шэльфе Ірляндыі знаходзяцца радовішчы нафты і прыроднага газу.

Тэмпэратура паветра выспы знаходзіцца пад уплывам Атлянтычнага акіяну і вызначаецца ўмеранымі паказчыкамі. Сярэдняя тэмпэратура паветра летам складае +29 °C, зімой −6 °C. Клімат Ірляндыі адзначаецца значнай колькасьцю ападкаў, у некаторых раёнах краіны яны адбываюцца 275 дзён у годзе.

Эканоміка Ірляндыі ў апошнія гады была хутка пераарыентавана з сельскай гаспадаркі на сучасную навукаёмістую, якая спэцыялізуецца на абслугоўваньні высокатэхналягічнай прамысловасьці. Ірляндзкая эканоміка залежыць ад гандлю, прамысловасьці і інвэстыцыяў. Эканамічны рост краіны ў 1995—2000 г.г. склаў у сярэднім 10%, у 2001—2004 г.г. прыкладна 7%.

Прамысловасьць забясьпечвае каля 46% нацыянальнага прыбытку і каля 80% прадукцыі прамысловасьці экспартуецца. Прыкладна 29% працаздольнага насельніцтва занята ў сельскай гаспадарцы. Экспарт грае фундамэнтальную ролю эканамічнага росту Ірляндыі.

Паміж 1841 і 1851 гадамі колькасьць насельніцтва паменшылася з 8,2 мільёнаў да 6,5 мільёнаў чалавек. Прычынай такога моцна спадку насельніцтва была сьмерць ад голаду й эміграцыя, пераважна да Вялікабрытаніі, а таксама да Злучаных Штатаў Амэрыкі. У 2007 годзе Ірляндыя зьяўлялася краінай з самым хуткім ростам насельніцтва ў Эўропе. Прырост у 2006 годзе быў 2,5%, а тры пяпярэднія гады каля 2%. У гэты час па-за межамі выспы жыве ад 12 да 16 мільёнаў этнічных ірляндцаў. Ірляндыя вядомая на ўвесь сьвет сваімі аўтэнтычнымі танцамі. Агульнанацыянальнай традыцыяй зьяўляюцца сьпевы і музыка. Ірляндыя ўдзельнічае ў конкурсе песьні Эўрабачаньне.




#Article 198: Mozilla Firefox (867 words)


Mozilla Firefox (, «Мазіла Файрфокс», «Вогнеліс»), раней вядомы як Phoenix і Firebird — найпапулярнейшы ў Эўропе на 2009 год і другі па папулярнасьці ў сьвеце браўзэр, які распаўсюджваецца пад вольнай ліцэнзыяй. Першы браўзэр з адкрытым зыходным кодам, які дамогся такой папулярнасьці. Firefox зьяўляецца нашчадкам праекту Mozilla. Вызначаецца гнуткай канфігурабельнасьцю, вялікай колькасьцю дадаткаў для вырашэньня розных задачаў карыстальніка. Мае дадаткі для фільтрацыі непажаданага зьместу, он-лайнавага перакладу, вывярэньня правапісу, узаемадзеяньня з блог-рухавікамі ды іншыя.

Існуюць вэрсіі для Windows, Mac OS X, Linux, OS/2, FreeBSD, NetBSD, OpenBSD, Solaris і іншых апэрацыйных сыстэмаў.

Хоць Firefox — невялікі паводле памеру браўзэр, ён зьяўляецца адным з найбольш гнуткіх браўзэраў, мае шырокія магчымасьці наладаў: карыстальнік можа ўсталёўваць дадатковыя тэмы, якія зьмяняюць зьнешні выгляд праграмы, і дадаткі, якія дадаюць новую функцыянальнасьць.

Сярод адметных асаблівасьцяў можна вылучыць:

Варта адзначыць, што пералічаныя асаблівасьці зьяўляюцца адметнымі, у першую чаргу, паводле словаў саміх аўтараў Firefox. Правільнасьць найменьня некаторых асаблівасьцяў «адметнымі» (эксклюзіўнымі для гэтага браўзэра, або ўпершыню ўжытыя менавіта ў ім) зьяўляецца чыньнікам спрэчак ды інтэрнэт-дыскусіяў. З убудаваным у браўзэр блякаваньнем усплывальных вокнаў карыстальнікі маглі пазнаёміцца ў Internet Explorer 6 (напрыклад, усталяваўшы абнаўленьне Service Pack 2 для Windows XP) і пры выкарыстаньні Internet Explorer 7. Выкарыстаць укладкі (некалькі старонак у адным акне) можна было яшчэ ў браўзэры Opera, а з дапамогаю дадатковых модуляў і ў Internet Explorer 6, сёмая вэрсія якога таксама забясьпечвае гэтую магчымасьць безь неабходнасьці ўсталёўваць дадатковыя модулі. З ростам папулярнасьці Firefox і павышэньнем цікавасьці хакераў, заяўленая стваральнікамі павышаная бясьпека стала нярэдка аспрэчвацца (зрэшты, некаторыя гучныя заявы на небясьпечнасьць апынуліся фікцыяй). Убудаваная панэль пошуку маецца ў Internet Explorer з вэрсіі 4.0.

За выключэньнем адладчыка DOM, здольнага паведаміць карыстальніку пра памылку ў сынтаксісе загружанае старонкі і паказаць нумар радка, якая зьмяшчае памылку, прыладаў для вэб-распрацоўніка ў базавай канфігурацыі Firefox няма. Аднак, існуе мноства пашырэньняў, якія рэалізуюць неабходную функцыянальнасьць для вэб-распрацоўнікаў. У прыватнасьці:

Карыстальніку інтэрнэт, у якога зьявілася цікавасьць да загрузкі і ўсталёўкі Firefox на сваім кампутары, варта назваць ня толькі плюсы, але і мінусы гэтай праграмы, якія ёсьць у яго гэтаксама, як і ў любой іншай праграмы, нават калі рэкляма сьцьвярджае зваротнае. У параўнаньні з галоўным яго канкурэнтам — Internet Explorer — у Firefox ёсьць як моцныя, так і слабыя бакі. Адлюстраваньне кантэнту адразу дазваляе камфортна працягваць сэрфінг нават пры няпоўнай загрузцы старонкі, што асабліва прыкметна пры марудным злучэньні і вялікай колькасьці ўкаранёных аб’ектаў. Пры распрацоўцы Firefox адмысловая ўвага надавалася падтрымцы стандартаў W3C.

Адкрыты зыходны код прадукта дае яму дадатковыя плюсы для карыстальніка — напрыклад магчымасьць упэўніцца (пры наяўнасьці пэўнага досьведу) у адсутнасьці «закладкаў», перарабіць браўзэр «пад сябе», і нават самастойна выправіць памылкі.

Першапачаткова рухавік Gecko прызначаўся для браўзэра Netscape 6 у якасьці замены старога рухавіка Netscape Communicator 4, які выкарыстоўваўся з 1997 году. Для адладкі рухавіка была створаная адкрытая праграма Mozilla Suite, на якой і адладжвалі Gecko. У 2004 годзе Mozilla Suite была разабраная на браўзэр Mozilla Firefox, кліент электроннае пошты Mozilla Thunderbird, WYSIWYG HTML рэдактар NVU, каляндар Sunbird і IRC-кліент Chatzilla, які быў выпушчаны ў выглядзе дадатку да браўзэра Mozilla Firefox. На сёньняшні дзень стабільнай зьяўляецца вэрсія рухавіка Gecko 34.0, яе нумар адпавядае вэрсіям Mozilla Firefox, Mozilla Thunderbird і SeaMonkey 2.30, і вядзецца распрацоўка рухавіка новага пакаленьня Gecko 31.0.

Напярэдадні рэлізу вэрсіі 1.0 9 лістапада 2004 году браўзэр атрымаў ухвалу ад шматлікіх мэдыявыданьняў, у тым ліку «Форбс» і «The Wall Street Journal». У першыя 99 дзён пасьля выпуску Firefox, яго спампавалі больш як 25 мільёнаў чалавек, пасьля чаго Firefox стаў адным з самых папулярных вольных прыкладаньняў з адкрытым кодам, асабліва сярод хатніх карыстальнікаў. 19 кастрычніка 2005 году Firefox быў загружаны ў стомільённы раз, усяго толькі праз 344 дня пасьля выпуску вэрсіі 1.0. Па стане на лістапад 2005 Firefox займаў ужо 9,4% на сусьветным рынку інтэрнэт-браўзэраў, а да сярэдзіны 2006 году доля Mozilla Firefox складала, паводле розных зьвестак, ад 11 да 15%, моцна пацясьніўшы пазыцыі браўзэра Internet Explorer, які выкарыстоўвае большасьць карыстальнікаў.

Мазіла спыніла падтрымку другога выданьня 19 сьнежня 2008 году.

Гэта вэрсія выйшла 17 чэрвеня 2008 году. За першыя суткі праграму загрузілі 8 002 530 чалавек, што сталася сусьветным рэкордам, які засьведчылі прадстаўнікі выданьня «Сусьветныя рэкорды Гінэса». Колькасьць запамповак выданьня 3.0.11 за першыя суткі, 16 чэрвеня 2009 году, пераваліла за 150 мільёнаў. Для новае вэрсіі значна перапрацавалі рухавік, на зьмену Gecko 1.8.1 прыйшла вэрсія 1.9, якая праходзіць тэст Acid2. У новай вэрсіі:

Наступнай галоўнай вэрсіяй пасьля 3.6 стала вэрсія 4.0, якая была выпушчаная 22 сакавіка 2011 г.

Firefox вэрсіі 6 выйшаў 16 жніўня 2011. У шостай вэрсіі пачаў падсьвечвацца дамэн у адрасным радку. Паменшаны час запуску з выкарыстаньнем Panorama.

Firefox вэрсіі 7.0 выйшаў 27 верасьня 2011. Палепшаная апрацоўка памяці. Дададзены новы мэханізм рэндэрынгу для паскарэньня апэрацыяў з канвой у сыстэмах, якія працуюць пад Windows. Зьмены закладак ды пароляў цяпер амаль імгненна сынхранізуюцца, калі выкарыстоўваецца Firefox Sync. Цяпер прэфікс URL па змоўчаньні схаваны. Дададзеная падтрымка для text-overflow: ellipsis. Дададзеная падтрымка для спэцыфікацыі Web Timing. Палепшаная падтрымка MathML. Пратакол WebSocket абноўлены ад вэрсіі 7 да вэрсіі 8. Дададзеная сыстэма добраахвотнай перадачы інфармацыі пра хуткадзейнасьць Mozilla для паляпшэньня наступных вэрсіяў Firefox. Выпраўленыя некалькі праблем са стабільнасьцю.

Выйшла 8 лістапада 2011. Адключаная падтрымка ад-онаў, усталяваных іншымі праграмамі, па змоўчваньні.

З 2 лістапада 2003 году, ад выданьня 0.7, ажыцьцяўляўся саматужны пераклад праграмы на беларускую мову. З чэрвеня 2007 году, ад выданьня 2.0.0.4, яна афіцыйна падтрымліваецца па-беларуску. З студзеня 2017 году, ад выданьня 51.0, яна афіцыйна не падтрымліваецца па-беларуску.




#Article 199: Навінкі (газэта) (246 words)


Заснаваная напачатку 1998 актывістамі анархічнай групоўкі «Чырвоны Жонд».

Стылістыка — жорсткі трэшавы сьцёб з палітычных рэаліяў, кліпавы мантаж, палітычная карыкатура на грані непрыстойнасьці, максымальна ангажаваная падача навінаў, сатырычныя коміксы, палітычныя і культуралягічныя правакацыі. За правобраз газэты была ўзятая газэта «Навіны», назва і лягатып якой былі нязначна зьмененыя такім чынам, што новая назва супала з распаўсюджанай назвай рэспубліканскай клінічнай псыхіятрычнай бальніцы «Навінкі», якая знаходзіцца ў аднайменным пасёлку пад Менскам.

Канцэпцыя — сплаў традыцыяў польскай «Nie!», «Памаранчовай альтэрнатывы», францускай Charlie Hebdo, савецкага «Кракадылу» ў мэтах вынаходніцтва новага беларускага контаркультурнага дыскурсу.

Люты 1998 — студзень 1999 — выходзіць штомесяц накладам 299 асобнікаў, на правах самвыдату чорна-белым друкам. Фармат А4. Зь лютага 1999 афіцыйна зарэгістраваная, пераходзіць на фармат А3, двухкаляровы друк. Зь сярэдзіны 2001 году ў газэце зьяўляецца аналітычная ўкладка, прысьвечаная міжнароднай палітыцы, беларускім сацыяльным праблемам. У траўні 2003 году выхад газэты прыпынены на тры месяцы пасьля двух запар папярэджаньняў міністэрства інфармацыі РБ «за парушэньне маральных нормаў грамадзтва» і «абразу прэзыдэнта». Пасьля заканчэньня тэрміну прыпыненьня выхаду заключыць дамову на выданьне не атрымалася з аніводнай беларускай друкарняй. З канца 2003 году выходзіць нерэгулярна накладам 299 асобнікаў у фармаце глянцавага каляровага часопісу.

Пад дахам рэдакцыі «Навінак» створаныя дадатковыя культурныя праекты, у тым ліку «Навінкі Home Video», на рахунку якога — поўнамэтражная палітычная камэдыя «Случай з пацаном» (2001), «Александрыя Шклоўская» (2004) — «гоблін-рымэйк» брэндавай «Анастасыі Слуцкай», а таксама відэакомікс «Гудбай, Бацька!» (2006) — кавэр-вэрсія нямецкай мастацкай стужкі «Гудбай, Ленін!» (быў прэзэнтаваны 26 траўня).

Пры ўдзеле рэдакцыі зарганізаваныя рок-фэсты «Раздавім фашысцкую гадзіну!» і «Рок-гільятына» (2001), а таксама Беларускі Сацыяльны Форум (2004).




#Article 200: Беларуская маладзёжная (газэта) (110 words)


Беларуская маладзёжная (1994 - 2002) - беларуская газэта, дадатак да аднайменнай радыёстанцыі. 

Зарэгістраваная ў сакавіку 1994 году. У ёй друкаваліся расшыфроўкі радыйных гутарак, анонсы этэраў і ўсё, што не зьмяшчалася ў радыёфармат. Калі радыёстанцыю зачынілі, газэта засталася. 

Галоўны рэдактар — Тацьцяна Мельнічук.

Традыцыйны фармат — 8 старонак А3.

Газэта асьвятляла нараджэньне й разьвіцьцё палітычнай апазыцыі сярэдзіны-канца 1990-х, дзейнасьць незарэгістраваных моладзевых аб'яднаньняў з усіх бакоў палітычнага сьпектру, сачыла за разьвіцьцём й актуальным станам альтэрнатыўнай моладзевай культуры Беларусі.

З 1995 па 1998 рэдакцыя газэты праводзіла у Менску вулічны рок-фэст «Купальле з Беларускай маладзёжнай».

Апошні нумар выйшаў у чэрвені 2002 году. У кастрычніку 2003 году пасьведчаньне аб рэгістрацыі было скасаванае міністэрствам інфармацыі РБ.




#Article 201: Мэлатрон (232 words)


Мэлатро́н () — клявішны музычны інструмэнт, які для кожнай клявішы мае магнітную галоўку ды адрэзак магнітнай стужкі, што прайграваецца пры націсканьні гэтай клявішы. На стужках звычайна запісаныя адпаведныя клявішам ноты, узятыя на розных акустычных інструмэнтах (флейце, скрыпцы, трубе і іншых), але таксама гэта могуць быць рытмічныя ўзоры ці гукавыя спэцэфэкты.

Мэлатрон быў створаны ў Бірмінгэме (Вялікабрытанія) на пачатку 1960-х гадоў у выніку перапрацоўкі чэмберлэну (інструмэнту амэрыканскае вытворчасьці, што працаваў на вельмі падобным прынцыпе). Першыя мадэлі мелі 18 нязьменных набораў стужак з працягласьцю гучаньня прыкладна па 8 сэкундаў; у найбольш пашыранай мадэлі M400 можна было ўсталяваць тры зьменныя наборы гукаў. Мэлатрон даваў магчымасьць імітаваць гучаньне аркестру ў студыйных умовах, таксама ствараць паліфанічныя мэлёдыі з электронна сынтэзаваных гукаў у час, калі існавалі толькі монафанічныя сынтэзатары.

Упершыню ўжыў мэлатрон у гуказапісу гурт The Beatles у 1967 годзе. Пасьля інструмэнт выкарыстоўвалі такія сусьветна вядомыя гурты, як Moody Blues, The Rolling Stones, Led Zeppelin. Але найбольшую папулярнасьць ён набыў у межах прагрэсіў-року — мэлатрон стаў адным з асноўных інструмэнтаў у гуртах Yes, King Crimson, Genesis, яго гучаньне зрабілася неад’емнай прыкметай стылю.

Самым вялікім недахопам мэлатронаў быў вельмі высокі кошт. Таксама яны былі прыдатныя толькі для працы ва ўмовах студыі — яны шмат важылі, пры транспартыроўцы галоўкі хутка разладжваліся, часта ірваліся магнітныя стужкі. У 80-х гадох на зьмену мэлатрону прыйшлі больш танныя й мабільныя электронныя сэмплэры, аднак некаторыя музыкі дагэтуль ужываюць мэлатрон, каб перадаць спэцыфічную атмасфэру прагрэсіў-року 70-х.




#Article 202: Віктар Юшчанка (282 words)


Ві́ктар Андрэ́евіч Ю́шчанка (, , нарадзіўся 23 лютага 1954 году) — трэці прэзыдэнт Украіны (2005—2010). Былы прэм’ер-міністар Украіны (1999—2001), лідэр палітычнага блёку «Наша Ўкраіна», лідэр «Аранжавай рэвалюцыі».

Віктар Юшчанка нарадзіўся на поўначы Ўкраіны ў Сумскай вобласьці ў сям’і вясковых настаўнікаў. Па сканчэньні сярэдняй школы Юшчанка паступіў у Тарнопальскі фінансава-эканамічны інстытут, які скончыў у 1975 годзе па спэцыяльнасьці бугальтарскі ўлік. Пасьля гэтага працаваў калгасным бугальтарам. Праз год ён ужо перайшоў на працу ў мясцовае аддзяленьне Дзяржбанку СССР, адкуль яго перавялі ў Кіеў у 1985 годзе ў аддзел крэдытаваньня і фінансаваньня сельскай гаспадаркі.

У 1989 годзе Юшчанка стаў намесьнікам старшыні праўленьня «Агропромбанку» (у 1990 годзе перайменаваны ў банк «Україна»).

У 1993 годзе, пасьля атрыманьня Ўкраінай незалежнасьці, ён узначаліў Нацыянальны банк Украіны. Ён кіраваў увядзеньнем нацыянальнай валюты, украінскай грыўны, што ўважаецца за немалую эканамічную перамогу. Таксама лічыцца, што менавіта дзякуючы Юшчанку ўкраінская грыўна не абвалілася падчас сусьветнага фінансавага крызісу ў 1998 годзе.

У 1999 годзе Леанід Кучма прызначыў Віктара Юшчанку прэм’ер-міністрам Украіны, з ухвалы Міжнароднага валютнага фонду й іншых заходніх установаў. Урад Юшчанкі атрымаў вотум недаверу ў 2001 годзе, пасьля чаго ён заснаваў кааліцыю партыяў «Наша Ўкраіна» («Наша Україна»).

У 2004 годзе Віктар Юшчанка выставіў сваю кандыдатуру на пасаду прэзыдэнта. Прэзыдэнцкая гонка была надзвычай доўгая (тры туры) і поўная скандалаў. 5-6 верасьня Віктар Юшчанка праўдападобна быў атручаны нейкімі хімічнымі рэчывамі, верагодна дыяксінамі (атручэньне моцна паўплывала на твар Віктара Юшчанкі). Ва ўпартай і працяглай барацьбе, у выніку трох галасаваньняў (Вярхоўны суд Украіны загадаў правесьці паўторнае галасаваньне другога туру з прычыны фальсыфікацыяў) Віктар Юшчанка нарэшце перамог свайго супраціўніка — тагачаснага прэм’ер-міністра Віктара Януковіча. Перагаласаваньне было прызначана пасьля таго, як украінцы распачалі масавыя вулічныя акцыі пратэстаў на майдане Незалежнасьці ў Кіеве і іншых гарадох. Гэтыя пратэсты атрымалі назву «Памаранчавая рэвалюцыя».




#Article 203: Яна Дзягілева (751 words)


Я́на Станісла́ваўна Дзя́гілева (больш вядомая як Янка; 4 верасьня 1966 — 9 траўня 1991) — расейская паэтка, сьпявачка, удзельніца гуртоў «Великие Октябри» й «Коммунизм».

Нарадзілася 4 верасьня 1966 году ў Новасыбірску. Бацька, Станіслаў Іванавіч, па прафэсіі цеплаэнэргетык; маці, Галіна Дзяменцеўна, — інжынэр прамысловай вентыляцыі. Вучылася ў новасыбірскай школе №42, якую скончыла ў 1983 годзе. Зь дзяцінства цікавілася літаратураю; займалася ў музычнай школе па клясе фартэпіяна, але праз год кінула, пазьней навучылася граць на гітары. Ужо ў першым клясе пісала вершы, якія, хутчэй за ўсё, не захаваліся.

У 1984 годзе Янка паступіла ў Новасыбірскі інстытут інжынэраў воднага транспарту, дзе правучылася толькі да другога курсу. Там яна ўдзельнічае ў ансамблі палітычнай песьні «АМИГО», зь якім езьдзіць па вобласьці з канцэртамі. 1985-м годам датуюцца першыя вядомыя вершы Янкі. У сьнежні таго ж году на адным з кватэрных канцэртаў, наладжаных І. Ляцяевай, яна знаёміцца з А. Башлачовым. Яго песьні наклалі адбітак на пазьнейшую творчасьць Янкі; менавіта з гэтага часу яна пачынае сыстэматычна пісаць, некаторыя свае вершы кладзе на музыку.

У красавіку 1987 году на І Новасыбірскім рок-фэстывалі Янка пазнаёмілася зь Ягорам Летавым (лідэр панк-гурта «Гражданская оборона») ды закахалася ў яго; наступныя паўтара году яны вандруюць і граюць разам. У ліпені 1987 году сыбірскія музыкі меліся выступаць на фэсьце ў падмаскоўным Падольску, але выступленьне было забароненае. Усю другую палову году Летаў езьдзіць па розных гарадох, хаваючыся ад перасьледу, і Янка зь ім разам. Пры кожнай магчымасьці яны даюць канцэрты; песьні Янкі выклікаюць цікаўнасьць у публікі, да яе прыходзіць вопыт, упэўненасьць ва ўласных сілах.

У 1987—1988 гадох напісана большасьць песень Янкі. Яна ўдзельнічае ў праектах Летава — «Гражданская Оборона» ды «Коммунизм». Песьні самой Янкі ўпершыню былі запісаныя ў канцы 1987 году ў Омску Ю. Шарстабітавай на партатыўны японскі магнітафон. Першы сапраўдны альбом Янкі — «Не положено» — быў запісаны ў студзені 1988 году (пакладзены ў аснову выдадзенай у 1992 годзе кружэлкі з такою ж назваю).

Першае выступленьне Янкі перад вялікай аўдыторыяй адбылося на «Фэстывалі альтэрнатыўнай і леварадыкальнай музыкі» ў Цюмені (чэрвень 1988) — яна выступала адна, грала на электрычнай гітары; у залі быў аншляг. За два тыдні да канцэрту быў запісаны альбом «Деклассированным элементам» з утвораным пры ўдзеле Летава гуртом «Великие Октябри». У тым жа годзе адбыліся яшчэ два вялікія электрычныя канцэрты — у Цюмені і ў Кургане, ладзяцца кватэрныя канцэрты ў Кіеве, Вільні, Ленінградзе, Маскве. Увосень Янка запісвае тры песьні з новасыбірскім гуртом «Закрытое предприятие» (запіс выдадзены ў 1999 годзе, разам з альбомам «Деклассированным элементам»).

У 1989 годзе Янка з «Октябрями» дае шэраг электрычных канцэртаў у Маскве й Новасыбірску, удзельнічае ў зборных канцэртах памяці Башлачова ў Маскве (19 лютага) ды Ленінградзе (20 лютага); кватэрныя акустычныя канцэрты адбываюцца ў вялікай колькасьці ў розных гарадох СССР, шмат зь іх былі запісаныя на стужку. Янка ўступае разам з «Обороной» у Ленінградзкі рок-клюб, але так там і не прыжываецца. Запісаны акустычны альбом «Продано!», а пазьней — два электрычныя: «Ангедония» і «Домой!»; на канцэпцыю электрычных альбомаў моцна паўплываў Летаў, яны гучаць вельмі падобна да запісаў «Обороны» таго ж году. Запісы Янкі пасьпяхова распаўсюджваюцца ў народзе, як у СССР, так і ў эмігранцкім асяродзьдзі ў Эўропе.

У 1989—1990 гадох Янку ўсё часьцей заўважаюць у змрочным настроі, у яе вершах часьцей сустракаюцца матывы падзеньня, сьмерці; ў размовах зь сябрамі яна зрэдку выказвае намер пайсьці з жыцьця. Свае апошнія песьні (якія потым увайшлі ў кружэлку «Стыд и срам») Янка запісала ў Новасыбірску ў лютым 1991 году. Яна больш не давала канцэртаў, рэдка выходзіла з хаты, згубіла цікаўнасьць да людзей. Бацька Яны, яго другая жонка Ала Віктараўна ды яе сын Сяргей Шчуракоў падтрымлівалі яе, як маглі. Аднак 23 красавіка Сяргей Шчуракоў памірае ў шпіталі. Перажытае гора толькі пагоршыла становішча Янкі.

Сапраўдная вядомасьць прыйшла да Янкі пасьля сьмерці. Намаганьнямі Летава былі выдадзеныя вінілавыя кружэлкі «Не положено» ды «Стыд и срам», а пазьней і іншыя студыйныя й канцэртныя запісы. Песьні, якія прысьвечаны Дзягілевай альбо адсылаюць да яе творчасьці, стварылі музыканты Д. Равякін, Н. Маркава, В. Арэф’ева, Я. Фёдараў, З. Рамазанава і іншыя; існуюць спробы перапеву песень Янкі (гурты «Пилот», «Ковчег»). У 1992—1994 гадох у Маскве ладзіліся штогадовыя фэсты памяці Янкі, аднак потым былі прыпыненыя. У 2001 годзе выйшла кніга ўспамінаў «Янка».

Творчая спадчына Яны Дзягілевай — 28 песень і 51 верш. Асноўныя іх матывы — сусьветная несправядлівасьць, страта чалавечнасьці; гучыць заклік да вяртаньня «дамоў», да сапраўднага жыцьця. Першая кніга вершаў Дзягілевай выйшла толькі пасьля яе сьмерці, хоць творы для яе Янка падрыхтавала яшчэ пры жыцьці, набраўшы на друкарскай машынцы. У 1991 годзе іркуцкія сябры Янкі дапоўнілі рукапіс ілюстрацыямі ды адтыражавалі на капіявальным апараце; у 2003 годзе выйшла факсымільнае выданьне кнігі. Зборнік тэкстаў і нотаў песень Янкі быў выдадзены ў 2002 годзе ў сэрыі «30 песень».

Выдадзеныя запісы Янкі:




#Article 204: Просты лік (356 words)


Просты лік — натуральны лік, які мае роўна 2 дзельнікі: самога сябе ды 1. Лікі, што маюць больш за 2 дзельнікі, называюцца складовымі. Паводле асноўнае тэарэмы арыфмэтыкі, кожны лік, большы за 1, можна прадставіць у выглядзе здабытку простых лікаў, прытым толькі адным спосабам (ня ўлічваючы перастаноўкі множнікаў).

Пачатак пасьлядоўнасьці простых лікаў: 2, 3, 5, 7, 11, 13, 17, 19, 23, 29, 31, 37, 41, 43, 47, 53, 59, 61, 67, 71, 73, 79, 83, 89, 97, 101, 103, 107, 109, 113... Простых лікаў бясконца шмат (даказаў Эўклід: хай колькасьць простых лікаў канечная, але тады ніводзін зь іх ня дзеліць іх здабытак плюс 1, што немагчыма). Леанард Ойлер паказаў, што сума лікаў, адваротных простым, разьбягаецца. Вядома, што колькасьць простых лікаў, меншых за n, ёсьць . Для кожнага натуральнага n ёсьць просты лік p, ня меншы за n і ня большы за 2n (пастулат Бэртрана). У арытмэтычнай прагрэсіі a, a + q, a + 2q, a + 3q,..., дзе a і q узаемна простыя, існуе бясконца шмат простых лікаў (тэарэма Дырыхле). Найбольшы вядомы цяпер просты лік зьяўляецца лікам Мэрсэна M24036583, у яго дзесятковым запісе 7235733 лічбаў.

Самы просты мэтад пабудовы сьпісу простых лікаў да нейкага значэньня — рэшата Эратасфэна. Для задачы праверкі, ці зьяўляецца зададзены лік простым, доўгі час практычна ўжываліся толькі імавернасныя альгарытмы (напрыклад, тэст Мілера-Рабіна). У 2002 годзе быў знойдзены дэтэрмінаваны альгарытм полінаміяльнай складанасьці. Для больш вузкіх клясаў лікаў існуюць спэцыфічныя тэсты на простасьць (напрыклад, тэст Люка-Лемэра для лікаў Мерсэна).

На практыцы простыя лікі ўжываюцца ў крыптасыстэмах з адкрытым ключом, у генэратарах псэўдавыпадковых пасьлядоўнасьцяў.

Просты лік p называецца простым лікам Сафі Жэрмэн калі лік 2p + 1 таксама зьяўляецца простым. Гэтыя лікі прыцягнулі ўвагу, таму што Сафі Жэрмэн (Sophie Germain, француская вучоная-матэматык, 1 красавіка 1776 — 27 чэрвеня 1831)) даказала, што Апошняя тэарэма Фэрма выконваецца для такіх лікаў. Першыя простыя лікі Сафі Жэрмэн:

Пасьлядоўнасьць {p, 2p + 1, 2(2p + 1) + 1, ...} простых лікаў Сафі Жэрмэн называецца ланцуг Канігана (Cunningham chain) першага парадку. Кожны элемэнт гэтай пасьлядоўнасьці (акрамя першага і апошняга) ёсьць адначасова просты лік Сафі Жэрмэн і бясьпечны просты (safe prime, гэта просты лік у выглядзе 2p + 1, дзе p таксама просты).




#Article 205: Дранікі (122 words)


Дра́нікі — страва беларускай кухні, невялікія праснакі з таркаванай бульбы ды мукі, з начыньнем або безь яго.

Цеста для дранікаў складаецца з таркаванай сырой бульбы, мукі і яек. У яго склад таксама могуць уваходзіць цыбуля, морква, сьмятана, сыракваша. У якасьці начынкі можа ўжывацца мяса, грыбы, вараныя яйкі. Дранікі смажацца на алеі ці сьвіным тлушчы, пасьля чаго альбо адразу спажываюцца, альбо запякаюцца ў гаршчку з салам, сьмятанай, цыбуляй, грыбамі.

Дранікі зьяўляюцца адной з самых вядомых беларускіх страваў, аднак у беларускую кухню яны прыйшлі ў першай палове XIX стагодзьдзя зь нямецкай кухні пры пасярэдніцтве жыдоўскай, дзе яны вядомыя як «латкес». Пісьмовы рэцэпт (blinki kartoflane) упершыню падаецца ў кнізе Яна Шытлера «Кухар добра навучаны» (1830). Гэтая страва таксама вядомая ў нямецкай, чэскай, украінскай і летувіскай кухнях.




#Article 206: Сяргей Войчанка (269 words)


Сярге́й Во́йчанка (15 лістапада 1955 — 9 сьнежня 2004) — беларускі мастак і дызайнэр, які працаваў разам з Уладзімерам Цэсьлерам, вядомы сваімі дасьціпнымі рэклямнымі постэрамі й плякатамі на сацыяльныя тэмы.

Сяргей Войчанка нарадзіўся ва Ўкраіне, у Марыюпалі ў сям’і марака. Сям’я пераехала ў Менск (дзе жылі іх родныя), калі яму было чатыры гады. Усе родзічы па маці паходзілі зь Беларусі.

У 1969 годзе перайшоў у менскую мастацкую школу на аддзяленьне скульптуры. Навучаньне моцна паўплывала на станаўленьне Войчанкі як мастака — у школе сфармаваўся ягоны густ у мастацтве, архітэктуры, кіно, музыцы.

У 1974 годзе ён скончыў мастацкую школу, а ў 1975 годзе паступіў на факультэт дызайну Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута (БДТМІ) (цяпер Беларуская акадэмія мастацтваў), дзе і спаткаў свайго будучага партнэра Ўладзімер Цэсьлера (працуюць разам з 1978 году). У 1984 годзе абараніў дыплём сэрыяй плякатаў «Гісторыя Менску», у тым жа годзе за гэтую сэрыю плякатаў атрымаў сваю першую ўзнагароду.

Аўтар плякатаў «Нержавеющий Сталин», «1939, начало войны в Польше», «Карл Маркс 1990-х», «Афганистан», «Good morning, Belarus!», «От международного года мира — к миру без войн и оружия», «Война несет людям…», «Афган, Forbidden Fruit», «Contemporary art+centre „VITA NOWA“», Made in NEW RUSSIA, «Эх, в яблочко…». Плякат «Вудсток. 30 лет. — Levi`s» зьберагаецца ў калекцыі Люўра.

Работы Цэсьлера і Войчанкі выстаўляліся на шматлікіх выставах і атрымлівалі ўзнагароды ў многіх краінах Эўропы: Польшчы, Фінляндыі, Расеі, Францыі й іншых. Атрымаў больш за 40 узнагарод міжнародных конкурсаў, біенале і фэстываляў плякату.

Увосень 2004 году Сяргею Войчанку была праведзеная апэрацыя шунтаваньня сэрца, але нягледзячы на апэрацыю ён памёр праз два месяцы ў выніку сардэчнага прыступу. За месяц да сьмерці Войчанкі адбылася іхная выстава на Манмартры ў Парыжы.




#Article 207: Уладзімер Тэраўскі (265 words)


Уладзі́мер Тэ́раўскі ( — 10 лістапада 1938) — беларускі дырыгент, кампазытар, фальклярыст.

Нарадзіўся ў мястэчку Раманава Слуцкага павету Менскай губэрні (цяпер вёска Леніна Слуцкага раёну Менскай вобласьці). У 1889 годзе скончыў Слуцкую духоўную вучэльню. У 1892—1895 служыў у войску. У другой палове 1890-х жыў на Ўрале, кіраваў аматарскімі харавымі калектывамі. Сьпяваў у капэле Дз. Агрэнева-Славянскага.

Вярнуўся ў Беларусь у пачатку 1900-х. Узначальваў царкоўны хор Старажоўскай царквы, аматарскі хор Менскага таварыства цьвярозасьці; выкладаў сьпевы ў пачатковых школах. У 1914 годзе стварыў Менскі беларускі хор, які ў 1917 годзе ўвайшоў у склад Першага Беларускага таварыства драмы і камэдыі. У 1918—1919 кіраваў харавой капэлай у Беларускім савецкім тэатры; уваходзіў у склад Таварыства працаўнікоў беларускага мастацтва.

Улетку 1920 году арыштаваны польскімі акупацыйнымі ўладамі ў Асіпавічах. Пасьля ўтварэньня Беларускага дзяржаўнага тэатру ў Менску (БДТ-1) яго галоўны хормайстар.

Арыштаваны ЧК у 1921 годзе разам з У. Фальскім; прысуджаны да расстрэлу, замененага 5-гадовым зьняволеньнем. У 1923 вызвалены.

Кіраваў харавымі калектывамі БДУ, МБПТ, саюзу паштавікоў-тэлеграфістаў. Стварыў музыку да спэктакляў БДТ-1: «Бязьвінная кроў» У. Галубка (1918), «Каваль-ваявода» Е. Міровіча (1925) і інш. Найбольш вядомай стала музыка да спэктакля «На Купальле» Міхася Чарота (1921), у прыватнасьці, да песьні «Купалінка». Напісаў песьні і рамансы на словы Янкі Купалы, Якуба Коласа, Зьмітрака Бядулі, Міхася Чарота і іншых. Запісваў і гарманізаваў народныя песьні, частка якіх апублікавана ў зборніках «Беларускі сьпеўнік з нотамі на тры галасы паводле народных мэлёдыяў» (1921), «Беларускі лірнік» (1922), «Вайсковы зборнік» (1926). Браў удзел у рабоце музычнай сэкцыі Інбелкульту.

Пасьля 1930 году звольнены з працы, абвінавачаны ў нацыянал-дэмакратызьме. Служыў у царкоўным хоры Старажоўскай царквы Менску. Арыштаваны 17 жніўня 1938.

Расстраляны ў НКВД Менску. Рэабілітаваны ў 1957 годзе.




#Article 208: Янка Юхнавец (182 words)


Я́нка Юхнаве́ц (сапраўднае імя Іва́н Юхнаве́ц; псэўданімы: Я.Юхна, К.Юхневіч; крыптонім Я. Ю.; 21 лістапада 1921 — 6 студзеня 2004) — беларускі паэт, пісьменьнік, драматург, мастак, скульптар.

Нарадзіўся ў вёсцы Барадок пад Бягомлем (цяпер Докшыцкі раён Віцебскай вобласьці) у сялянскай сям’і. Да Вялікай Айчыннай вайны скончыў сярэднюю школу. Бацькоў ды пецярых малодшых братоў спалілі карнікі-летувісы ў гады вайны, сам Янка Юхнавец быў арыштаваны СД і вывезены ў Нямеччыну. Трапіў у лягер перамешчаных асобаў, вучыўся ў Беларускай гімназіі імя Янкі Купалы. Жыў у Баварыі, працаваў на сельскай гаспадарцы. У 1949 годзе скончыў Вольны ўнівэрсытэт у Мюнхэне па спэцыяльнасьці заходнеэўрапейскае права. У гэтым жа годзе зьехаў у ЗША. Большую частку жыцьця правёў у эміграцыі. У сакавіку 2004 году Фундацыяй Крэчэўскага заснаваная Літаратурная прэмія імя Янкі Юхнаўца з мэтаю ўшанаваньня памяці выбітнага пісьменьніка ды спрыяньня разьвіцьцю літаратуры, яна прысуджаецца ў дзень нараджэньня пісьменьніка — штогод 3 лістапада.

У эміграцыі пачаў пісаць вершы ды прозу (першыя вершы апублікаваныя ў 1947 годзе ў часопісе «Шыпшына» ды ў 1948 годзе ў часопісе «Сакавік»). Аўтар апавяданьняў, навел, гістарычнай аповесьці-ўспамінаў «Яно». Не зазнаў уплыву беларускай савецкай літаратурнай традыцыі.

Творы аўтара за савецкім часам былі забароненыя.




#Article 209: Рыгор Крушына (101 words)


Рыго́р Крушына (сапраўднае імя Рыго́р Каза́к; 3 сьнежня 1907 — 27 сакавіка 1979) — беларускі паэт, празаік, крытык.

Нарадзіўся ў вёсцы Бязьверхавічы пад Слуцкам. Ягоны першы зборнік вершаў пад назвай «Паэзія чырвонаармейца» выйшаў у Менску ў 1931 годзе. У 1935 годзе Крушына скончыў Маскоўскі інстытут кінэматаграфістаў. У часе вайны апынуўся ў акупаваным Менску, адкуль патрапіў у эміграцыю, дзе працягваў сваю творчасьць, выпускаючы паэтычныя кнігі. Працаваў Рыгор Крушына і на Радыё Свабода, стаў адным з заснавальнікаў Беларускага Інстытуту навукі й мастацтва ў Нью-Ёрку, а таксама — першым беларусам-сябрам Міжнароднага ПЭН-цэнтру. Памёр у ЗША.

Сем зборнікаў вершаў, апублікаваных пры жыцьці:

А таксама пасьмяротныя ўжо на Беларусі:




#Article 210: Руслана Лыжычка (200 words)


Русла́на Сьцяпа́наўна Лыжы́чка (; сцэнічны псэўданім — Руслана; нарадзілася 24 траўня 1973, Львоў) — вядомая ўкраінская сьпявачка, танцорка і прадусарка.

У 2004 годзе Руслана перамагла ў конкурсе «Эўрабачаньне» зь песьняй «Wild Dances». За год да гэтага яе альбом «Дикі танці» ва Ўкраіне быў прададзены накладам больш як 100 000 асобнікаў і стаў плацінавым.

Руслана нарадзілася і гадавалася ў Львове. Яшчэ дзіцём сьпявала ў гурце «Орион», а потым у дзіцячым ансамблі «Усмішка». Скончыла музычную вучэльню і паступіла на дырыгенцкі факультэт Львоўскай кансэрваторыі. Прафэсійна грае на фортэпіяна. У 1993 Руслана і Аляксандар Ксэнафонтаў (з кім яна пабралася шлюбам праз два гады) асноўваюць рэклямную студыю «Люксэн». Руслана агучвае шматлікія радыёрэклямы, у тым ліку фірмаў Oriflame і Coca-Cola. У сярэдзіне 90-х бярэ ўдзел у некалькіх музычных праектах, перамагае на ўкраінскіх песенных конкурсах. У 1998 годзе Руслана выдае свой першы альбом «Мить весни» («Імгненьне вясны»), які набывае папулярнасьць. У 1999 годзе Руслана ўдзельнічае ў запісу каляднага мюзіклу «Останнє Різдво 90-х» («Апошнія каляды 90-х»), які атрымвае ўзнагароду «Фільм году» ва Ўкраіне. У 2003 годзе ейны альбом «Дикі танці» ва Ўкраіне становіцца плацінавым — было прададзена больш як 100 000 асобнікаў. 16 траўня 2004 году Руслана перамагае ў музычным конкурсе «Эўрабачаньне», які праходзіў у Стамбуле (Турэччына) зь песьняй «Wild Dances».




#Article 211: Вялікая тэарэма Фэрма (320 words)


Вялікая тэарэма Фэрма — адна з самых вядомых тэарэмаў у гісторыі матэматыкі. Тэарэма сьцьвярджае:

П’ер дэ Фэрма сфармуляваў тэарэму ў 1637 годзе на палях кнігі «Арытмэтыка» Дыяфанта з заўвагай, што знойдзены ім цудоўны доказ гэтай тэарэмы задаўгі для таго, каб умясьціць яго на палях кнігі (арыгінал па-лацінску Cuius rei demonstrationem mirabilem sane detexi hanc marginis exiguitas non caperet).

Пазьней Фэрма апублікаваў доказ для выпадку , дзе ён ні словам ня згадвае агульны доказ для ўсіх лікаў, а гэта азначае, што ён праўдападобна альбо ня меў доказу для агульнага выпадку, альбо за гэты час знайшоў памылку ў ім.

Для поўнага доказу трэба давесьці, што тэарэма верная для выпадку  і для выпадкаў, калі n — няцотны просты лік.

Нягледзячы на шматгадовыя высілкі многіх вядомых матэматыкаў доказ тэарэмы не маглі знайсьці больш як 350 гадоў. Верагодна, гэтая тэарэма мае найбольшую колькасьць запрапанаваных няправільных доказаў.

Крыху пазьней сам Фэрма апублікаваў доказ тэарэмы для , а Ойлер даказаў тэарэму ў выпадку . Выпадак  быў даказаны ў 1825 годзе Дырыхле і Лежандрам. А  быў даказаны ў 1839 годзе Gabriel Lamé.

Нарэшце, у 1994 годзе Эндру Ўайлз (Andrew Wiles) разам са сваім былым вучнем Рычардам Тэйларам (Richard Taylor) знайшлі доказ. Ён быў надрукаваны ў часапісе Annals of Mathematics у 1995 годзе і займае 129 старонак. Нават ня ўсе прафэсійныя матэматыкі здольныя зразумець лягічны ланцуг гэтага доказу. Гісторыя работы над доказам амаль настолькі ж таямнічая, як і сама тэарэма. Эндру Ўайлз працаваў над ім сем гадоў у поўным сакрэце. Калі ён прэзэнтаваў свой доказ цягам трох лекцыяў у Кэмбрыджскім унівэсытэце 21-23 чэрвеня 1993 году, аўдыторыя была ўражаная колькасьцю ідэяў і канструкцыяў. На жаль, пасьля больш глыбокага вывучэньня была знойдзеная сур'ёзная памылка, якая ламала ўвесь доказ. Уайлз разам з Тэйларам патрацілі цэлы год, спрабуючы ажывіць доказ. У верасьні 1994 году яны нарэшце здолелі выратаваць гэты доказ, скарыстаўшы адкінуты кавалак, з ранейшых спробаў Уайлза давесьці тэарэму.

Эндру Ўайлз упэўнены, што Фэрма ня меў доказу: «Гэта немагчыма, гэта доказ 20-га стагодзьдзя».




#Article 212: Эспэранта (4385 words)


Эспэра́нта (саманазва: Esperanto) — міжнародная, штучная (пабудаваная) мова, найбольш пасьпяховая і пашыраная сярод усіх штучных моваў. Была распачатая Людвікам Замэнгофам у 1887. Назва яе паходзіць ад псэўданіму «doktoro Esperanto» (той, хто спадзяецца), пад якім быў апублікаваны першы падручнік. Аўтар спадзяваўся на тое, што гэтая мова будзе добрым сродкам для паразуменьня ўсіх народаў. Мэта эспэранта — стаць не адзінай, а другой, дадатковай (пасьля роднай) і дапаможнай у зносінах зь іншымі людзьмі. Колер надзеі — зялёны, яго маюць сымбалі эспэранта: зорка і сьцяг.

У наш час гэтая мова ўжываецца ў шматлікіх сфэрах чалавечага жыцьця, найперш у турызьме, ліставаньнях, культурным і літаратурным абмене, пры навучаньні мовам. Акрамя перакладной, эспэранта мае арыгінальную літаратуру, пэрыядычныя выданьні, музыкальныя творы, радыёперадачы, існуюць грамадзкія і прафэсійныя арганізацыі, праводзяцца курсы мовы.

Альфабэт мовы пабудаваны на аснове лацінскага. У ім 28 літараў: A, B, C, Ĉ, D, E, F, G, Ĝ, H, Ĥ, I, J, Ĵ, K, L, M, N, O, P, R, S, Ŝ, T, U, Ŭ, V, Z, якія адпавядаюць 28 гукам — пяці галосным, двум паўгалосным і 21 зычнаму.
У альфабэце літары называюцца так: зычныя — зычны+о, галосныя — проста галосны:

і г. д.

Кожнай літары адпавядае адзін гук (фанэматычнае пісьмо). Чытаньне літараў не залежыць ад яе становішча ў слове.
Націск заўсёды падае на перадапошні склад.

Пра вымаўленьне большай часткі гукаў магчыма здагадацца без спэцыяльнай падрыхтоўкі (M, N, K і інш.), вымаўленьне іншых трэба запомніць:

Спэцыфічныя  літары эспэранта з надрадковымі знакамі (дыякрытыкай) сярод стандартных шматмоўных раскладак, даступных для распаўсюджаных апэрацыйных сыстэм, могуць быць атрыманыя пры дапамозе націсканьня на адпаведную літару пасьля мёртвай клявішы ў канадзкай раскладцы, таксама існуе шмат спэцыяльных праграмаў для хуткага набору гэтых літараў (Ek!); макрасы для Microsoft Word. Існуюць раскладкі пад Linux: у прыватнасьці, у стандартных варыянтах Ubuntu і Mandriva Linux.

Большасьць сайтаў Інтэрнэту (уключаючы і разьдзел Вікіпэдыі на эспэранта) аўтаматычна пераўтварае сымбалі з набранымі ў постпазвцыі іксамі (ікс не ўваходзіць ў альфабэт эспэранта, і можа разглядацца як службовы сымбаль) у сымбалі з дыякрытыкай (напрыклад са злучэньня jx атрымліваецца ĵ). Аналягічныя сыстэмы набору сымбаляў з дыякрытыкай (дзьве пасьлядоўна нажатыя клявішы набіраюць адзін знак) існуюць і для іншых моваў — напрыклад, у «канадзкай шматмоўнай» раскладцы для набору францускай дыякрытыкі.

Таксама можна карыстацца клявішай Alt і лічбамі (на лічбавай клявіятуры). Спачатку пішуць адпаведную літару (напрыклад C для Ĉ), потым націскаюць Alt і набіраюць 770, і над літарай зьяўляецца цыркумфлекс. Калі ж набраць 774, то зьявіцца знак для ŭ.

У якасьці замены дыякрытыкі таксама выкарыстоўваецца літара h (дадзены спосаб зьяўляецца «афіцыйнай» заменай дыякрытыкі, паколькі ён прапанаваны ў «Асновах эспэранта»: «Тыпаграфіі, якія не маюць літар ĉ, ĝ, ĥ, ĵ, ŝ, ŭ могуць у першы час выкарыстоўваць ch, gh, hh, jh, sh, u»), але гэты спосаб робіць артаграфію нефанэматычнай і абцяжарвае аўтаматычную сартыроўку і перакадыраваньне. З распаўсюджваньнем Юнікоду гэты спосаб (як і іншыя, узору дыякрытыкі ў постпазыцыі — g'o, g^o і падобныя) сустракаюцца ў тэкстах усё радзей.

Большая частка слоўніку складаецца з раманскіх і германскіх каранёў, а таксама з інтэрнацыяналізмаў лацінскага і грэцкага паходжаньня. Ёсьць невялікая колькасьць асноваў запазычаных з славянскіх (польская і расейская) моваў ці празь іх пасярэдніцтва. Словы, якія пазычаюцца, прыстасоўваюцца да фаналёгіі эспэранта і запісваюцца фанэматычным альфабэтам (гэта значыць, зыходная артаграфія мовы-крыніцы не захоўваецца).
 

Агулам, лексычная сыстэма эспэранта выяўляе сябе як аўтаномная, якая неахвотна запазычвае асновы. Для новых паняцьцяў звычайна ствараецца новае слова з ужо існых у мове элемэнтаў, чаму садзейнічаюць разнастайныя магчымасьці словаўтварэньня. Яскравым прыкладам тут можа быць параўнаньне зь беларускай мовай:

Такая асаблівасьць мовы дазваляе зьвесьці да мінімуму колькасьць каранёў і афіксаў, неабходных для валоданьня мовай.

У размоўным эспэранта ёсьць тэндэнцыя да замены словаў лацінскага паходжаньня словамі, створанымі з эспэранта-каранёў паводле апісальнага прынцыпу (паводка — altakvaĵo замест слоўнікавага inundo, залішні — troa замест слоўнікавага superflua як у прыказцы la tria estas superflua — трэці лішні і г. д.).

Граматыку эспэранта магчыма выкласьці ў выглядзе 16 правілаў без выключэньняў (менавіта ў выглядзе 16 правілаў быў выдадзены першы падручнік мовы), для напісаньня выкарыстоўваецца фанэматычны альфабэт (гэта значыць з аднасэнсоўным двухбаковым адпавяданьнем напісаньня й вымаўленьня словаў) на лацінскай аснове. Мова адрозьніваецца рэгулярнасьцю: кожная асноўная частка мовы мае свой канчатак: напрыклад, -о у назоўнікаў, -а у прыметнікаў, -і у дзеясловаў у нявызначанай форме, -е — у вытворных прыслоўяў

У сыстэме эспэранта-дзеяслову тры часы:

Ва ўмоўным ладзе дзеяслоў мае толькі адну форму (mi irus я пайшоў бы). Загадны лад утвараецца пры дапамозе фарманту -u: iru! ідзі!. Паводле гэтай парадыгмы спрагаецца нават дзеяслоў «быць» (esti) які нават у некаторых штучных мовах бывае «няправільным» (увогуле, парадыгма спражэньняў эспэранта ня мае выключэньняў).

У сыстэме склонаў маецца ўсяго два склоны: назоўны (намінатыў) і вінавальны (акузатыў). Астатнія адносіны перадаюцца пры дапамозе разнастайнай сыстэмы прыназоўнікаў зь фіксаваным сэнсам. Назоўны склон не маркіруецца асаблівым канчаткам (vilaĝo — вёска), паказчыкам -n (vilaĝon — вёску).

Вінавальны склон (як і ў беларускай мове) выкарыстоўваецца таксама для вызначэньня кірунку: en vilaĝo — у вёсцы en vilaĝon — у вёску, post krado за краты post kradon — за кратамі.

У эспэранта два лікі: адзіночны і множны. Адзіночны не маркіруецца (infano — дзіця), а множны маркіруецца паказчыкам множнасьці -j: infanoj — дзеці. Тое ж самае і для прыметнікаў — прыгожы — bela, прыгожыя — belaj. Калі адначасова выкарыстоўваецца вінавальны склон і множны лік, паказчык множнасьці ставіцца ў самым пачатку: «прыгожых дзяцей» — belajn infanojn.

Граматычнай катэгорыі роду ў эспэранта няма. Маюцца займеньнікі li — ён, ŝi — яна, ĝi — яно (для неадушаўлённых назоўнікаў, а таксама жывёл у выпадках, калі плоць невядомая ці ня мае значэньня).

Дзеепрыметнікі і дзеепрыслоўі ўтвараюцца шляхам даданьня суфіксу да асновы дзеяслову: для дзеепрыметнікаў — -а, а для дзеепрыслоўяў — -е, для субстанаваных дзеепрыметнікаў — -о. Такім чынам, дзеепрыслоўі маюць тыя ж формы і спосабы іх утварэньня, што і прыметнікі, дзепрыслоўі — што і прыслоўі. Тут прыведзена табліца суфіксаў.

Ступені параўнаньня перадаюцца дадатковымі словамі. Вышэйшая ступень — pli — больш, malpli — менш, найвышэйшая ступень — la plej — самы.

Прыклад:

Мова мае некалькі дзясяткаў прыставак і суфіксаў, якія маюць пастаянны сэнс і дазваляюць утвараць зь нешматлікай колькасьці каранёў мноства новых словаў.

Некаторыя суфіксы:
 

Пры дапамозе гэтых суфіксаў магчыма ад каранёў arb-, dom-, skrib-, bel-, rus-, kuir- (дрэў-, дом-, піс-, прыгож-, рус-, вар-) утварыць словы:

Таксама, ёсьць суфіксы, якія дазваляюць утвараць ад назваў рэчаў і рэчываў назвы ёмістасьцяў для іх (inko — чарнілы, inkujo — чарнільніца), частку цэлага (-er-), рэч; ёсьць прыстаўкі са значэньнямі: сваяцтва праз шлюб (bo-), абедзьве плоці (ge-), антонім да дадзенага слова (mal-).

Яшчэ адна зручная сыстэма ў эспэранта прапануе сувязь займеньнікаў і асобных прыслоўяў пры дапамозе іх падзелу на структурныя элемэнты: з 5 тыпаў сказаў і 10 прыслоўяў простым зьліцьцём атрымліваецца 50 словаў.

Стваральнік эспэранта Л. Заменгоф вольна гаварыў на некалькіх мовах, дзьве зь якіх былі славянскімі (расейская і польская). Сярод першых перакладаў, заклаўшых асновы літаратурнага стылю эспэранта, былі творы расейскіх пісьменьнікаў: «Рэвізор» Гогаля, «Завея» Пушкіна, «Княжна Мэры» Лермантава і інш.

Што тычыцца славянскага ўплыву на фаналягічным узроўні можна сказаць, што ў эспэранта няма ніводнай фанэмы, якой не было б у расейскай ці ў польскай мовах. Альфабэт эспэранта нагадвае чэскі, славацкі, харвацкі, славенскі альфабэты (адсутнічаюць сымбалы q, w, x актыўна выкарыстоўваюцца сымбалі з дыякрытыкай: ĉ, ĝ, ĥ, ĵ, ŝ і ŭ).

У лексыцы за выключэньнем словаў, якія абазначаюць чыста славянскія рэаліі (barĉo — боршч і інш.), з 2612 каранёў, пададзеных «Universala Vortato» (1894), толькі 29 маглі быць узятыя з расейскай ці польскай мовы. Але славянскі ўплыў у лексыцы праяўляецца ў актыўным ужываньні прыназоўнікаў у якасьці прыставак (напрыклад sub — пад, auskulti — слухаць subaŭskulti — падслухоўваць). Падваеньне асноваў ідэнтычна такому ў расейскай мове: plen-plena — полным-полно, finfine — в конце концов. Асобныя славянізмы першых гадоў існаваньня эспэранта былі нівэляваныя: напрыклад, дзеяслоў elrigardi (el-rigard-i) — выглядаць быў заменены новым — aspekti.

У сынтаксісе асобных прыназоўнікаў і злучнікаў захоўваецца славянскі ўплыў, які раней быў яшчэ большым (kvankam teorie…sed en la praktiko… — хаця ў тэорыі…, але на практыцы…). Паводле славянскай мадэлі ажыцьцяўляецца і ўзгадненьне часоў (Li diris, ke li jam faris tion — Ён сказаў, што ўжо зрабіў гэта, Li diris, ke li estos tie — Ён сказаў, што будзе там).

Можна сказаць, што ўплыў славянскіх моваў (найперш расейскай) на эспэранта значна мацнейшы, чым гэта прынята лічыць, і пераўзыходзіць уплыў раманскіх і германскіх моваў. Сучаснае эспэранта пасьля «расейскага» й «францускага» пэрыядаў уступіла ў гэтак званы «міжнародны» пэрыяд, калі асобныя этнічныя мовы ўжо не аказваюць значнага ўплыву на яе далейшае разьвіцьцё.

Існуюць дзясяткі галіновых аб’яднаньняў эспэрантыстаў. Так, станам на красавік 2013 году ў UEA (Сусьветнай асацыяцыі эспэрантыстаў) уваходзілі як калектыўныя чальцы 63 галіновых аб’яднаньняў. Большасьць з гэтых аб’яднаньняў вядзе й дапаўняе тэрміналягічныя слоўнікі ў сваёй галіне. Амаль усе слоўнікі выкладзены ў інтэрнэт і рэгулярна абнаўляюцца пры вольным, бясплатным доступе. Важнейшыя галіны (напрыклад, інфарматыка, фізыка, электроніка) маюць па некалькі вэрсіяў слоўнікаў, якія вядуць розныя калектывы.

Як і ў эспэранта ўвогуле, у тэрміналёгіі таксама прымаюцца меры для пазбаўленьня ад двухсэнсоўнасьцяў. Напрыклад, момант часу вызначаецца словам momento. Але фізычныя велічыні вярчальнага руху, які ня маюць вымернасьці часу — момант інэрцыі, момант імпульсу — вызначаюцца словам momanto.

Замэнгоф нарадзіўся і правёў дзяцінства ў Беластоку — шматнацыянальным месьце, і менавіта канфлікты паміж прадстаўнікамі розных нацыяў падштурхнулі яго да ідэі міжнароднай мовы. Ён марыў і спадзяваўся, што агульная для ўсяго чалавецтва мова дапаможа вырашыць усе праблемы варожасьці паміж людзьмі. Ён вывучыў шэраг нацыянальных моваў, а таксама лацінскую, але прыйшоў да высновы, што яны ня здольныя дапамагчы, таму што залішне складаныя для вывучэньня і ўжываньня. Тады ён вырашыў стварыць штучную мову.

Будуючы мову, Замэнгоф выбраў зь вядомых яму моваў найбольш агульныя, карысныя ўласьцівасьці, ня толькі словы, але й структуру мовы. Базавы слоўнік складаецца з каранёў індаэўрапейскіх моваў. Граматыка простая, вымаўленьне амаль фанэтычнае (адна фанэма — адна літара), слоўваўтварэньне лягічнае і дае багатыя магчымасьці, што дазваляе пазьбегнуць завялікага слоўніка.

Перад тым, як апублікаваць вынікі сваёй працы, Замэнгоф доўга выпрабоўваў усе элемэнты, правяраў здольнасьці выражаць розныя стылі, формы. Ён перакладаў і прозу, і паэзію, ствараў арыгінальныя творы. У 1887 выйшала першая кніга: «Lingvo internacia. Antaŭparolo kaj plena lernolibro» (Міжнародная мова. Прадмова і поўны падручнік). Мова пачала пашырацца, ствараліся гурткі, арганізацыі, выдаваліся газэты.

У 1905 у францускім горадзе Булёнь-сюр-Мэр адбыўся першы ўсясьветны кангрэс эспэранта. Ён быў важны як дэманстрацыя, што мова пасьпяхова функцыянуе як сродак зносінаў паміж людзьмі розных народаў. На гэтым кангрэсе адбылося прыняцьце «Дэклярацыі эспэранта», дзе былі абазначаныя мэты эспэранцкага руху, а таксама зацьверджаны шлях разьвіцьця мовы: адзіная абавязковая і нязьменная база мовы ёсьць «Fundamento de Esperanto» (Фундамэнт мовы). Галоўны прынцып: мова можа зьмяняцца, пашырацца, разьвівацца, але ня згодна рашэньню нейкіх арганізацыяў, уладаў ці аўтарытэтаў, а ў выніку рэальнага ўжываньня ўсімі яе карыстальнікамі. Пры гэтым у яе ядро (фундамэнт) ніхто, нават сам аўтар, ня мае права ўносіць ніякія зьмены. Больш таго, Замэнгоф адмовіўся ад усіх правоў на гэтую мову: эспэранта належыць яе карыстальнікам, чалавецтву. Менавіта гэта лічыцца адным з галоўных посьпехаў мовы ў параўнаньні зь іншымі штучнымі мовамі і праектамі моваў, якія перажылі шматлікія рэформы, удасканаленьні, зьмены. 

Эспэранта таксама зазнала шэраг рэформаў, расколаў. Найбольш небясьпечным было стварэньне мовы іда ў 1907, калі амаль 10% эспэрантыстаў пакінулі эспэранта на карысьць іда. Значную шкоду эспэранта-руху нанесьлі першая і другая сусьветныя войны. Але мова вытрымала ўсе выпрабаваньні і дайшла да нашых дзён у непарушаным стане. Гэта не азначае, што яна не зьмянілася, разьвіцьцё мовы адбываецца пастаянна. Але яе аснова засталася нязьменнай.

Эвалюцыя эспэранта адбываецца ў многіх галінах мовы: 

У сучасным сьвеце, калі ўсё больш увагі надаецца правам меншасьцяў, і моўнай разнастайнасьці, таксама часьцей зьвяртаюцца і да ідэі міжнароднай мовы. Недзяржаўныя арганізацыі і асацыяцыі настойваюць, каб дыскусіі пра міжнародную мову праводзілі ААН і Эўрапейскі зьвяз.
Сярод вядомых людзей, якія цікавяцца ці цікавіліся эспэранта, ёсьць ляўрэат Нобэлеўскай прэмііі Рэінхарт Сэлтэн, чэмпіёнка сьвету па шахматах Юдыт Полгар, Тывадар Сорас — бацька фінансіста Джорджа Сораса, беларускія пісьменьнікі Сяргей Новік-Пяюн, Янка Маўр.

Стваральнік эспэранта Лазар Людвіг Заменгоф, спадзеючыся на распаўсюджваньне мовы, надаў ёй мінімальную граматыку і абмежаваны слоўнік. Сёньня аднак, эспэранта зьяўляецца разьвітай мовай, зь вялікай колькасьцю асобаў, якія ўжываюць гэту мову, і жывучых у шмат якіх краінах сьвету.

Спачатку эспэранта складаўся з каля тысячы каранёў, зь якіх было магыма стварыць 10 — 12 тысячаў словаў. Сучасныя слоўнікі эспэранта складаюцца з 15-20 тысячаў каранёў, зь якіх магчыма ўтварыць сотні тысячаў словаў. За актуальнымі тэндэнцыямі разьвіцьця мовы назірае Акадэмія эспэранта.

Сучасная эспэранта ёсьць вынік калектыўнай працы вялікай колькасьці філёлягаў, паэтаў, пісьменьнікаў, і некалькіх пакаленьняў яго карыстальнікаў. На працягу больш чым 120 гадоў былі створаны тысячы словаў, выразаў, мэтафараў, моўных фігураў, выпрацаваныя таксама слоўнікі для розных навук.

Нягледзячы на лёгкасьць граматыкі, некаторыя асаблівасьці мовы эспэранта выклікаюць крытыку. Напрацягу ўсяго існаваньня эспэранта сярод яго прыхільнікаў зьяўляліся людзі, якія жадалі зьмяніць мову ў лепшы, паводле іх разуменьня, бок. Але, паколькі ўжо існавалі г. зв. асновы эспэранта, мову было немагчыма рэфармаваць — толькі ствараць новыя плянавыя мовы, якія адрозьніваліся ад эспэранта. Такія мовы атрымалі ў інтэрлінгвістыцы імя эспэрантоіды ці эспэрантыды. Гісторыя эспэрантыдаў пачынаецца ў 1907 годзе, калі была створаная мова іда. Пасьля стварэньня новай мовы частка эспэрантыстаў стала прыхільнікамі іда. У падобнай сытуацыі апынулася й іда, пасьля зьяўленьня «палепшанай іда» — мовы навіяль. Іншыя мовы — нэа, эспэрантыда цяпер практычна не ўжываюцца ў жывых зносінах. Мовы, створаныя пад уплывам эспэранта, паўстаюць і ў наш час.

Паводле зьвестак лінгвістычнага парталу Ethnologue, агульная колькасьць людзей, якія валодаюць эспэранта, складае 2 мільёны, зь якіх для 2000 гэтая мова зьяўляецца роднай (галоўным чынам гэта дзеці бацькоў з розных народаў, якія ўжываюць у паўсядзённым жыцьці эспэранта). Гэтая лічба была атрыманая амэрыканскім эспэрантыстам Сыдні Кубрыкам, які не раскрыў мэтад яе падліку. Маркус Сыкошак лічыць гэтую лічбу перабольшанай. Паводле яго думкі, калі б у сьвеце было каля мільёну эспэрантыстаў, то ў яго горадзе, Кёльне, павінна б было быць прынамсі 180 эспэрантыстаў. Але Сыкошак знайшоў толькі 30 чалавек, якія гавораць на эспэранта ў Кёльне, і такую ж невялікую колькасьць эспэрантыстаў у іншых вялікіх гарадах. Ён таксама адзначыў, што сябрамі розных арганізацыяў па ўсім сьвеце зьяўляецца толькі 20 тысячаў чалавек.

Паводле меркаваньня фінскага лінгвіста Й. Лціндстэла, экспэрта па эспэрантыстах «з нараджэньня», прыкладна для 1000 чалавек ва ўсім сьвеце эспэранта зьяўляецца роднай мовай, яшчэ каля 10 тысячаў здольныя вольна размаўляць на гэтай мове, і каля 100 тысячаў здольныя актыўна яе выкарыстоўваць

Найбольшая колькасьць эспэрантыстаў жыве ў ЭЗ, там жа адбываецца большасьць зь мерапрыемстваў з нагоды эспэранта. Па-за межамі Эўропы актыўны эспэранта-рух ёсьць у Бразыліі, Віетнаме, Іране, Кітаі, ЗША, Японіі і некаторых іншых краінах. Практычна няма эспэрантыстаў у арабскіх краінах і, напрыклад, у Тайляндзе. Пачынаючы з 1990-ых гадоў пастаянна ўзрастае колькасьць эспэрантыстаў у Афрыцы, асабліва ў такіх краінах як Бурундзі, Дэмакратычная Рэспубліка Конга, Зімбабвэ і Тога. Сотні эспэрантыстаў ёсьць у Непале, Філіпінах, Інданэзіі, Манголіі і іншых азіяцкіх краінах.

Сусьветная асацыяцыя эспэранта (UEA) налічвае найбольшую колькасьць сябраў у Бразыліі, Нямеччыне, Францыі і ЗША, што можа быць паказчыкам актыўнасьці эспэрантыстаў паводле краінаў, хоць магчыма адлюстроўвае і іншыя фактары (такія, як, напрыклад, больш высокі ўзровень жыцьця, які дазваляе эспэрантыстам з гэтых краінаў плаціць штогадовы ўзнос).

Экспэрымэнты і нефармальныя назіраньні паказалі, што папярэдняе вывучэньне эспэранта пазытыўна ўплывае на вывучэньне іншай мовы (г.зв. прапэдэўтычны эфэкт). Было праведзена некалькі дасьледаваньняў гэтага фэномэну: напрыклад, група вучняў вывучала цягам аднаго году эспэранта, а потым цягам трох гадоў францускую мову. Гэтая група мела лепшыя вынікі за вынікі кантрольнае групы, якая вывучала францускую мову цягам чатырох гадоў. Падобныя вынікі былі тады, калі другой мовай была японская, ці працяг экспэрымэнту быў скарочаны напалову. Але ў гэтым дасьледаваньні не гаворыцца, ці прыносіла карысьць папярэдняе вывучэньне якой-небудзь іншай мовы, напрыклад лаціны.
Хаця выкладаньне эспэранта існуе і ва ўнівэрсытэтах (напрыклад ва ўнівэрсытэце імя Масарыка ў Брно, Чэхія), большасьць асобаў вывучае мову самастойна, падчас курсаў (напрыклад у мясцовых клюбах), у сеціве. падручнікі і дапаможнікі для вывучэньня мовы існуюць больш за сто год.

Эспэранта не зьяўляецца афіцыйнай мовай у якой-небудзь дзяржаве, але ў пачатку ХХ стагоддзя існавалі пляны зрабіць з нэўтральнай тэрыторыі Морэснэт першую эспэрантысцкую дзяржаву, і на штучным востраве Ружы існавала кароткі час у 1968 годзе «нацыя», што ўжывала эспэранта як афіцыйную мову. Эспэранта ўжываюць у сваёй дзейнасьці некалькі недзяржаўных арганізацыяў (большай часткай эспэрантысцкіх). Эспэранта зьяўляецца першай штучнай літургічнай мовай у каталіцызьме.

У 1954 годзе ЮНЭСКА прызнала, што мэты, дасягнутыя эспэранта, супадаюць з мэтамі ЮНЕСКА. Гэта дало пачатак паміж ЮНЭСКА і Сусьветнай асацыяцыяй эспэранта, якая была зарэгістраваная як арганізацыя ўзроўню Б. У 1985 годзе Генэральная асамблея ЮНЭСКА заклікала дзяржавы-чальцы ўжываць эспэранта ў міжнародных зносінах. Сусьветная асацыяцыя эспэранта мае зносіны з ААН, ЮНІСЭФ, Радай Эўропы.

Паводле пастановы мэрыі, з 11-га ліпеня нямецкі горад Герцбэрг афіцыйна называецца горадам эспэранта, што зьвязана з культурнымі й асьветніцкімі мерапрыемствамі зьвязанымі з эспэранта. Герцбэрг мае партнэрскія зносіны з польскім горадам Гура, у зносінах паміж гэтымі гарадамі ўжываецца эспэранта.

На становішча эспэранта ў грамадзтве значна ўплывалі палітычныя падзеі ХХ стагодзьдзя, у першую чаргу стварэньне, разьвіцьцё і наступнае зьнікненьне камуністычных рэжымаў у СССР і краінах Усходняй Эўропы, усталяваньне нацысцкага рэжыму ў Нямеччыне, падзеі Другой сусьветнай вайны. У СССР эспэранта актыўна распаўсюджвалася ў 1920-я гады, дзякуючы прапанове Троцкага, гэтая мова шырока вывучалася як «мова сусьветнай рэвалюцыі». Эспэранта шырока выкарыстоўвалі ў сетцы «рабкораў» (працоўных карэспандэнтаў), на гэтай мове шырока вялося радыёвяшчаньне (у тым ліку і ўнутранае). У гэты час нават надпісы на паштовых канвэртах рабіліся на дзьвюх мовах, расейскай і эспэранта (паводле асобных сьведчаньняў такія паштоўкі выходзілі і потым — напрыклад, у 1946 годзе). Але зь сярэдзіны 1930-х гадоў супраць носьбітаў эспэранта пачаліся рэпрэсіі, іх абвінавачвалі ў «трацкізьме», «шпіянажы» і «тэрарызьме». Шмат хто з савецкіх эспэрантыстаў адышоў ад актыўнай дзейнасьці. У нацысцкай Нямеччыне таксама перасьледавалі прыхільнікаў эспэранта. У выніку, рух эспэрантыстаў у гэтых краінах фактычна спыніў сваё існаваньне.

У 1950-я гады, калі рух эспэрантыстаў пачынае адраджацца, найбольш уплывовай дзяржавай сталі ЗША, у выніку месца міжнароднай мовы фактычна займае ангельская, што значна ўскладняе распаўсюджваньне эспэранта. Падзеньне камуністычных рэжымаў у СССР і краінах Усходняй Эўропы ў 1980-1990-х гадах і ўзьніклыя ў выніку гэтага эканамічныя цяжкасьці пазбавілі эспэранта арганізацыі эканамічнай базы, а шмат каго зь іх чальцоў вымусілі пакінуць рух, заняўшыся пошукам сродкаў да існаваньня. У сувязі з гэтым рост колькасьці прыхільнікаў запаволены (напрыклад, колькасьць індывідуальных чальцоў Сусьветнай асацыяцыі эспэранта (UEA) нават скарацілася з 8071 чалавека ў 1991 годзе да 5657 у 2002 годзе, памяншэньне колькасьці асацыяваных чальцоў у 1991 годзе — з 25 да 19 тысячаў, асабліва рэзкім было ў Баўгарыі і Вугоршчыне). Разьвіцьцё інтэрнэту значна палегчыла сувязі паміж эспэрантыстамі, спрасьціла доступ да літаратуры, музыкі і фільмам на гэтай мове, садзейнічала разьвіцьцю дыстанцыйнага навучаньня.

Асноўныя праблемы, зь якімі сутыкаецца эспэранта, зьяўляюцца характэрнымі для большасьці дыспэрсна пражываючых грамадзтваў, якія не атрымліваюць фінансавай дапамогі з боку дзяржаўных органаў. Адносна невялікія сродкі эспэранта-арганізацыяў, якія складаюцца большай часткай з ахвяраваньняў, адсоткаў па банкаўскіх укладах, і таксама прыбыткаў ад некаторых камэрцыйных прадпрыемстваў (пакеты акцыяў, здаваньне ў арэнду нерухомасьці), не дазваляюць весьці шырокую рэклямную кампанію, інфармуючы грамадзтва пра эспэранта і магчымасьці гэтае мовы. У выніку нават шмат хто з эўрапейцаў ня ведаюць пра існаваньне гэтай мовы, ці абапіраюцца на недакладныя зьвесткі, уключаючы нэгатыўныя міты. У сваю чаргу адносна малая колькасьць эспэрантыстаў спрыяе ўмацаваньню ўяўленьняў пра гэту мову, як пра няўдалы праект.

Адносна малая колькасьць і дыспэрснае пражываньне эспэрантыстаў абумоўлівае адносна малыя тыражы пэрыядычных і кніжных выданьняў на гэтай мове. Самы вялікі тыраж маюць часопіс Esperanto, афіцыйнае выданьне Сусьветнай асацыяцыі эспэранта (5500 экзэмпляраў) і грамадзка-палітычны часопіс Monato (1900 экзэмпляраў). Большасьць з пэрыядычных выданьняў на эспэранта даволі сьціпла аформлены. Тым жа часам шэраг часопісаў — такія як «La Ondo de Esperanto», «Beletra almanako» вылучаюцца высокім узроўнем паліграфічнага выкананьня, не саступаючы лепшым нацыянальным узорам. З 2000-х гадоў шмат якія з выданьняў распаўсюджваюцца таксама і ў выглядзе электронных вэрсіяў — больш танных, апэратыўных і добра аформленых. Некаторыя выданьні распаўсюджваюцца толькі такім чынам, у тым ліку бясплатна (напрыклад, выдаючыся ў Аўстраліі «Mirmekobo»). Тыражы кніжных выданьняў на эспэранта за рэдкім выключэньнем невялікія, мастацкія творы рэдка друкуюцца тыражом большым за 200—300 экземпляраў і з-за гэтага іх аўтары ня могуць прафэсійна займацца літаратурнай творчасьцю (прынамсі толькі на эспэранта). Да таго ж для пераважнай большасьці эспэрантыстаў гэтая мова зьяўляецца другой, і ступень валоданьня ёю не заўсёды дазваляе свабодна ўспрымаць ці ствараць складаныя тэксты — мастацкія, навуковыя і гэтак далей.

Ёсьць прыклады, калі творы, першапачаткова створаныя на адной нацыянальнай мове, перакладаліся на іншую мову пры пасрэдніцтве эспэранта

У эспэранта супольнасьці асабліва папулярная ідэя пра ўвядзеньне эспэранта ў якасьці дапаможнай мовы Эўрапейскага зьвязу. Прыхільнікі гэтай пункту гледжаньня лічаць, што гэта зробіць міжмоўныя зносіны ў Эўропе больш раўнапраўным і эфэктыўным і адначасова вырашыць праблему эўрапейскай ідэнтыфікацыі. З прапановамі пра больш сур’ёзны разгляд эспэранта на эўрапейскім узроўні выходзілі некаторыя эўрапейскія палітыкі і цэлыя партыі, прынамсі прадстаўнікі Транснацыянальнай радыкальнай партыі. Акрамя таго, існуюць прыклады ўжываньня эспэранта ў эўрапейскай палітыцы (напрыклад эспэрантамоўныя вэрсіі інфармацыйнага бюлетэню «Conspektun rerum latinus» падчас старшынства ў ЭЗ Фінляндыі. Падчас выбараў на эўрапейскім узроўні ўдзельнічае невялікая палітычная партыя «Эўропа — Дэмакратыя — Эспэранта», якая набрала 41 тысячу галасоў падчас выбараў у Эўрапарлямэнт у 2009 годзе.

Кожны год выдаюцца сотні новых перакладных і арыгінальных кнігаў на эспэранта. Эспэранта-выдавецтвы ёсьць у Расеі, Чэхіі, Італіі, ЗША, Бельгіі, Нідэрляндах і іншых краінах. Сярод кніжных інтэрнэт-крамаў найбольшай папулярнасьцю карыстаецца сайт Сусьветнай арганізацыі эспэранта, у каталёгу якога на 2013 год прапанавана 7145 розных тавараў, уключаючы 6369 найменьняў кніжных выданьняў (ня лічачы 2283 букіністычных выданьняў).

Вядомы пісьменьнік-фантаст Гары Гарысан сам валодаў эспэранта і актыўна прапагандаваў яго ў сваіх творах. Напрыклад, у апісаным сьвеце будучыні ў цыклях «Сталёвы пацук» і «Свет сьмерці» жыхары Галяктыкі размаўляюць у асноўным на эспэранта.

Таксама на эспэранта выдаецца каля 250 газэтаў і часопісаў, многія з раней выдадзеных нумароў магчыма бясплатна загрузіць са спэцыялізаванага сайту. Большасьць з выданьняў прысьвечаныя дзейнасьці арганізацыяў, якія займаюцца іх выданьнем (у тым ліку спэцыяльных — аматараў прыроды, чыгуначнікаў, нудыстаў, геяў і г. д.), але існуюць таксама грамадзка-палітычныя выданьні (Monato, Sennaciulo і інш.), літаратурныя (Beletra almanako, Literatura Foiro і інш.).

Існуе інтэрнэт-тэлебачаньне на эспэранта. У адных выпадках гаворка ідзе пра бесьперапыннае вяшчаньне, у іншых — пра сэрыі відэаролікаў, якія карыстальнік можа выбіраць і праглядаць. На сайце YouTube выкладвае новыя ролікі група Esperanto. З 1950-х гадоў зьяўляюцца мастацкія і дакумэнтальныя фільмы на эспэранта, а таксама субтытры на эспэранта да многіх фільмаў на нацыянальных мовах. Бразыльская студыя Imagu-Filmo ужо выпусьціла два мастацкія фільмы на эспэранта — «Gerda malaperis» i «La Patro».

На эспэранта вяшчае некалькі радыёстанцыяў: Міжнароднае радыё Кітая (CRI), радыё Radio Havano Kubo, Радыё Ватыкану, Parolu, mondo! (Бразылія) і Польскае радыё (з 2009 году — у выглядзе інтэрнэт-падкасту), 3ZZZ (Аўстралія).

Існуюць навінавыя й мэтэаралягічныя, кампутарныя, турыстычныя парталы, існуе мажлівасьць, у прыватнасьці, выбраць у інтэрнэце гатэль у Ратэрдаме, Рыміні, Беластоку ды іншых гарадах, навучыцца гульні ў покер. Міжнародная акадэмія ў Сан-Марына выкарыстоўвае эспэранта ў якасьці адной са сваіх працоўных моваў, тут можна атрымаць ступень магістра ці бакаляўра карыстаючыся эспэранта. У польскім горадзе Быдгашч з 1996 году працуе навучальная ўстанова, дзе рыхтуюць спэцыялістаў у галіне культуры і турызму, а выкладаньне вядзецца на эспэранта.

Патэнцыял эспэранта выкарыстоўваецца і ў мэтах міжнароднага бізнэсу, значна спрашчаючы зносіны паміж яго ўдзельнікамі. Прыкладам можна даць італьянскага прадаўца кавы і шэраг іншых кампаніяў. З 1985 году дзейнічае Міжнародная камэрцыйная і эканамічная група пры сусьветнай арганізацыі эспэранта.

Са зьяўленьнем новых інтэрнэт-тэхналёгіяў, такіх як падкастынг, многія эспэрантысты атрымалі магчымасьць самастойнага вяшчаньня ў Інтэрнэце. Адным з самых папулярных падкастаў на мове эспэранта зьяўляецца Radio Verda (Зялёнае Радыё), якое рэгулярна вяшчае з 1998 году. Расьце папулярнасьць Muzaiko — першага эспэранта-падкасту з кругласутачным вяшчаньнем. У Калінінградзе запісваюцца перадачы іншага папулярнага падкасту — Radio Esperanto (19 выпускаў на год, у сярэднім 907 праслухоўваньняў на выпуск). Папулярны і эспэранта-падкасты зь іншых краінаў: Varsovia Vento з Польшчы, La NASKa Podkasto з ЗША, Radio Aktiva з Уругваю.

На эспэранта ствараецца шмат песень; ёсьць музычныя калектывы, якія сьпяваюць на эспэранта (напрыклад, фінскі рок-гурт «Dolchamar»). З 1990 году дзейнічае кампанія Vinilkosmo, якая выдае музычныя альбомы на эспэранта ў розных стылях: ад поп-музыкі, да цяжкага року і рэпу. Інтэрнэт-праект Vikio-kantaro на пачатку 2010 году зьмяшчаў больш за 1000 песень і працягваў папаўняцца. Зьнятыя дзясяткі відэакліпаў эспэранта-выканаўцаў.

Ёсьць шэраг кампутарных праграмаў, спэцыяльна напісаных для эспэрантыстаў. Многія праграмы маюць вэрсіі на эспэранта — офіснае прыкладаньне OpenOffice.org, браўзэр Mozila Firefox, комплекс праграмаў SeaMonkey і іншыя. Папулярная пошукавая сыстэма Google таксама мае эспэранта-вэрсію, якая дазваляе шукаць інфармацыю як на эспэранта, так і на іншых мовах. З 22 лютага 2012 году эспэранта стала 64-й мовай, якую падтрымлівае Google Translate. Са жніўня 2012 году эспэранта-клявіятура даступная для тэлефонаў з апэрацыйнай сыстэмай Android.

Эспэрантысты адкрыты для міжнародных і міжкультурных кантактаў. Многія зь іх падарожнічаюць з мэтай наведваньня кангрэсаў і фэстываляў, на якіх эспэрантысты сустракаюць старых сяброў і заводзяць новых. Многія з эспэрантыстаў маюць карэспандэнтаў у розных краінах сьвету і часта гатовыя прапанаваць на некалькі дзён жытло эспэрантысту-вандроўніку. Нямецкі горад Герцбэрг з 2006 году мае афіцыйны дадатак да назвы — «эспэранта-горад». Шмат таблічак, шыльдаў, інфармацыйных стэндаў выкананыя тут на дзьвюх мовах — нямецкай і эспэранта. Блогі на эспэранта ёсьць на многіх вядомых сэрвісах, асабліва іх шмат (больш за 2000) на Ipernity. У знакамітай інтэрнэт-гульні Second Life існуе эспэранта-супольнасьць, якая рэгулярна сустракаецца на пляцоўках Esperanto-Lando і Verda Stelo, тут выступаюць эспэранта-пісьменьнікі і актывісты, дзейнічаюць лінгвістычныя курсы. Павялічваецца папулярнасьць спэцыялізаваных сайтаў, якія дапамагаюць эспэрантыстам знайсьці спадарожніка жыцьця, сяброў, працу.

Не абышлі ўвагай эспэранта і рэлігіі, як традыцыйныя, так і новыя. На эспэранта перакладзеныя ўсе асноўныя сьвятыя кнігі. Біблію пераклаў яшчэ сам Л. Заменгоф (La Sankta Biblio). Londono. ). Выданы пераклад Карану — La Nobla Korano. Kopenhago 1970. Па будызьме — выданьне La Instruoj de Budho. Tokio. 1983. .

На эспэранта вядзе вяшчаньне Радыё Ватыкану. З 1910 году актыўна дзейнічае Міжнароднае каталіцкае аб’яднаньне эспэрантыстаў, а з 1990 году дакумэнтам Norme per la celebrazione della Messa in esperanto Сьвяты Сталец афіцыйна дазволіў выкарыстоўваць эспэранта падчас багаслужбы — адзіную з плянавых моваў. 14 жніўня 1991 году Папа Рымскі Ян Павал II упершыню зьвярнуўся да больш чым мільёну юных слухачоў на эспэранта. У 1993 годзе ён даслаў сваё апостальскае блаславеньне 78-му Сусьветнаму кангрэсу эспэранта. З 1994 году папа рымскі, віншуючы каталікоў сьвету на Вялікдзень і Каляды, сярод іншых моў зьвяртаўся да вернікаў на эспэранта. Яго пераемнік Бэнэдыкт XVI працягваў гэтую традыцыю. Існуе міжнародная арганізацыя праваслаўных эспэрантыстаў — Kristana ortodoksa rondo esperantista (KORE).

Аятала Хамэйні заклікаў мусульманаў усяго сьвету вывучаць эспэранта і ўхваліў мову як сродак найлепшага ўзаемапаразуменьня паміж народамі розных рэлігіяў. Пасьля таго як ён прапанаваў замяніць ангельскую мову на эспэранта ў якасьці міжнароднай лігва-франка, эспэранта стала выкарыстоўвацца ў сэмінарыі Куму, рэлігійнага цэнтру Ірану. Неўзабаве пасьля гэтага быў апублікаваны пераклад Карану на эспэранта.

У 1981 годзе выкарыстаньне эспэранта ў Іране стала менш папулярным, калі стала відавочным, што пасьлядоўнікі багаі таксама праяўляюць зацікаўленасьць да эспэранта і выдаюць літаратуру на гэтай мове.

Узьніклая ў Іране рэлігія багаі заклікае да выкарыстаньня міжнароднай дапаможнай мовы. Асобныя пасьлядоўнікі багаі лічаць, што эспэранта валодае вялікім патэнцыялам для гэтай ролі. Лідыя Замэнгоф, малодшая дачка стваральніка эспэранта, зьяўлялася пасьлядоўніцай веры багаі і пераклала на эспэранта найбольш важныя творы Бага-Ўлы і Абдул-Бага.

Асноўным з тэзісаў японскага рэлігійнага кірунку аамота-кё зьяўляецца лозунг «Unu Dio, Unu Mondo, Unu Interlingvo» («Адзіны Бог, Адзіны Свет, Адзіная мова зносін»). Стваральнік эспэранта Людвіг Замэнгоф у аамота лічыцца сьвятым-камі. Мову эспэранта ўвёў як афіцыйную ў аамота адзін зь яго стваральнікаў Анісабура Дэгуці.

Вон-будызм — новы кірунак будызму, які ўзьнік у Карэі, актыўна выкарыстоўвае эспэранта, удзельнічае ў міжнародных сэсіях эспэранта, асноўныя сьвятыя тэксты вон-будызму перакладзены на эспэранта.

Таксама актыўна выкарыстоўвае эспэранта хрысьціянскі сьпірытуалістычны рух «Ліга добрай волі» і шэраг іншых.

Patro nia (Ойча наш) 

Patro nia, kiu estas en la ĉielo, 
Via nomo estu sanktigita.
Venu Via regno,
plenumiĝu Via volo,
kiel en la ĉielo, tiel ankaŭ sur la tero.
Nian panon ĉiutagan donu al ni hodiaŭ.
Kaj pardonu al ni niajn ŝuldojn,
kiel ankaŭ ni pardonas al niaj ŝuldantoj.
Kaj ne konduku nin en tenton,
sed liberigu nin de la malbono.




#Article 213: Зэмфіра Рамазанава (681 words)


Зэмфі́ра Талга́таўна Рамаза́нава (, ; нарадзілася 26 жніўня 1976) — расейская пост-рок-сьпявачка, аўтарка музыкі й тэкстаў песень.

Нарадзілася ва Ўфе 26 жніўня 1976 году. Маці паводле прафэсіі лекарка, бацька — выкладчык гісторыі. Музыкай цікавілася зь дзяцінства, у музычную школу пайшла ва ўзросьце 5 гадоў, займалася па клясе фартэпіяна. Пазьней самастойна навучылася граць на гітары, зарабляла грошы, граючы на вуліцах. Таксама ў школьныя гады актыўна займалася баскетболам, гуляла за маладзёвую зборную Башкартастану. Скончыўшы базавую школу, паступіла ва Ўфімскую навучальню мастацтваў, адразу на другі курс. У 1996 годзе скончыла навучальню са спэцыяльнасьцю «эстрадная вакалістка». Працавала апэратарам на радыёстанцыі «Европа плюс», таксама сьпявала ў рэстаранах і клюбах гораду. Падчас працы на радыё пачынае запісваць свае ўласныя песьні на студыйным кампутары.

На пачатку 1998 году сьпявачка арганізуе гурт «Zемфира». Першы канцэрт гурта адбыўся на сьвяце гораду 19 чэрвеня 1998 году. У тым жа годзе Зэмфіра займае грошы на паездку ў Маскву. Амаль выпадкова касэта зь яе песьнямі трапляе да прадусара гурта «Мумий Тролль» Л. Бурлакова. Песьні спадабаліся, Бурлакоў запрашае гурт у Маскву дзеля запісу альбома.

З амаль 30 песень, запісаных ва Ўфе, у кружэлку ўвайшлі 14; на працягу сьнежня яны былі перазапісаныя на студыі «Мосфильм», зьвядзеньне фанаграмы праводзілася на пачатку 1999 году ў Лёндане. У лютым 1999 году песьні «СПИД», «Ракеты», «Ариведерчи» пачынаюць гучаць па радыё, на тэлебачаньні зьяўляецца кліп «Ариведерчи». Альбом пад назвай «Земфира» паступіў у продаж 10 траўня 1999 году. Ужо праз два месяцы было прададзена больш за 300 000 дыскаў і касэтаў. У ліпені-жніўні таго ж году Зэмфіра з гуртом працуе над песьнямі да другога альбома, на гэты раз адмовіўшыся ад паслугаў прадусараў.

У студзені 2000 году выходзіць другая кружэлка Зэмфіры — «Прости меня, моя любовь». З 24 сакавіка ўзнаўляюцца канцэрты гурта, якія зьбіраюць усё больш гледачоў. Пра Зэмфіру піша бадай што кожная газэта: зьвяртаюць на сябе ўвагу сутычкі сьпявачкі зь нядобрасумленнымі арганізатарамі канцэртаў, рэзкія адповедзі журналістам.

Па выніках 1999 году Зэмфіра атрымвае 8 красавіка 2000 прэмію музычнага часопіса «Fuzz» у трох намінацыях. 1 красавіка адбыўся вялікі сольны канцэрт гурта ў маскоўскім спарткомплексе «Алімпійскі»; выступленьнямі Зэмфіры завяршаюцца фэстывалі «Максидром» (20 траўня) і «Нашествие» (20 жніўня). 26 жніўня віцэ-прэм’ер Башкартастану ўручыў ёй дзяржаўную маладзёвую прэмію ў галіне культуры імя Ш. Бабіча.

У 2001 годзе Зэмфіра не выступала, поўнасьцю зьнікла з публічнага жыцьця. Пачынаецца праца над трэцім яе альбомам, у запіс якога, паводле яе словаў, былі ўкладзеныя ўсе грошы, атрыманыя за папярэднія два гады. 11 верасьня прэзэнтаваная песьня Зэмфіры «Трафик», таксама быў зьняты кліп на гэтую песьню — але яго ніводзін тэлеканал, апроч MTV, ня ўзяў у ратацыю, палічыўшы «парнаграфічным».

Каб скончыць працу над альбомам, Зэмфіры даводзіцца перанесьці здачу экзамэнаў ва ўнівэрсытэце на люты–сакавік. Кружэлка, нарэшце, была прэзэнтаваная 1 сакавіка. Першапачатковая назва альбома «Нефть» («Нафта»), але ў продаж альбом паступіў пад назваю «Вендетта». Сьпявачка абвясьціла, што ў гэтым жа годзе плянуе выдаць яшчэ адзін дыск зь песьнямі, якія ў альбом не ўвайшлі.

На пачатку 1998 году разам з Зэмфіраю гралі: Р. Ахмадзіеў (бас-гітара), С. Міралюбаў (клявішныя), С. Созінаў (бубны); пасьля першага канцэрту ва Ўфе да іх далучыўся В. Салаўёў (гітара). У запісе першага альбома ўдзельнічалі музыкі гурта «Мумий Тролль» А. Пунгін ды Ю. Цалер. Падчас гастрольнага туру 2002—2003 гадоў рытм-сэкцыя гурта складаецца з І. Сёміна (бас) ды І. Джавад-Задэ (бубны, раней удзельнічаў у гуртах «Nautilus Pompilius», «Арсенал», «А-Студио»); у 2003 годзе абодва зыходзяць з гурта. Альбом «Вендетта» Зэмфіра пачынала запісваць у супрацоўніцтве з маскоўскім кампазытарам І. Удовіным, бязь іншых музыкаў; пазьней у працы над альбомам узялі ўдзел Цалер, Пунгін ды Карней (музыкант, кружэлку якога Зэмфіра спрадусавала ў 2004 годзе).

У прэсе Зэмфіра часта згадваецца як поп-сьпявачка, але гэтую характарыстыку нельга лічыць дакладнай: сама Зэмфіра заўсёды адмяжоўвалася ад поп-культуры. Музычны стыль яе першых двух альбомаў можна збольшага азначыць як мэлядычны рок з элемэнтамі джазу й электроннае музыкі, трэцяга — як пост-рок, гучаньне гурта на канцэртах бліжэйшае да гард-року. Песьні, што ўзьніклі ў 2004 годзе, плянавалася запісаць у электронным выглядзе; аднак у альбоме «Вендетта» зьявіліся таксама гард-рокавыя аранжыроўкі, элемэнты пост-року, былі ўжытыя мэлатрон ды арган Гаманда, папулярныя ў 70-х гадох. Тэкстам Зэмфіры ўласьцівая нескладаная мова, вобразнасьць, імкненьне перадаць эмоцыі, імгненныя ўражаньні. Альбом «Вендетта» можна лічыць першым сапраўдным канцэпт-альбомам сьпявачкі.

Альбомы:

Сынглы:

Удзел у супольных праектах:

Відэакліпы:




#Article 214: Граматыка эспэранта (1485 words)


Эспэранта — штучная аглютынатыўная мова, якая ня мае катэгорыі граматычнага роду. Назоўнікі і прыметнікі зьмяняюцца па двух склонах: назоўны і вінавальны, і двух ліках: адзіночны і множны; прыметнікі і назоўнікі павінны дапасоўвацца адзін да аднаго ў ліку і склоне. Скланеньне дзеясловаў — рэгулярнае, не залежыць ад асобы, ліку, роду дзейніка. Вінавальны склон можа ўжывацца для указаньня мэты ці кірунку дзеяньня, руху. Эспэранта мае вольны парадак словаў у сказе, як у славянскіх мовах, у лацінскай ці грэцкай.

Большасьць каранёў у эспэранцкім слоўніку запазычаны з моваў індаэўрапейскай сям’і (у асноўным з ангельскай, грэцкай, лацінскай, нямецкай, польскай, расейскай і францускай моваў).

Эспэранта мае адносна рэгулярную граматыку, фанэтычны альфабэт (усе словы прамаўляюцца як пішуцца і наадварот), і вельмі лягічную структуру (усе словы адной часьціны мовы маюць адзін і той жа канчатак). Альфабэт эспэранта пабудаваны на аснове лацінскіх літараў. Усё гэта робіць эспэранта больш лёгкай для вывучаньня і ўжываньня, чым іншыя мовы сьвету, нават для прадстаўнікоў неэўрапейскіх моваў.

Эспэранта выкарыстоўвае лацінскі альфабэт за выключэньнем літараў q, w, x, y, затое ёсьць літары з дыякрытычнымі знакамі: ĉ, ĝ, ĥ, ĵ, ŝ, ŭ, агулам 28 літараў: 

Эспэранцкія гукі вымаўляюцца гэтаксама як і ў беларускай мове. Словы чытаюцца, як і пішуцца: адна літара — адзін гук. Націск заўжды на перадапошнім складзе слова. Гукі [j] і [ŭ] лічацца зычнымі і складаў не ствараюць, а абразуюць дыфтонг з папярэдняй ці наступнай галоснай. Беларусам трэба пазьбягаць аканьня, яканьня, дзеканьня ды цеканьня, камбінацыі di і ti можна чытаць як ды і ты. 

Назвы зычных літараў утвараюцца пры дапамозе канчатку -o (як назоўнікі, гл. ніжэй), галосныя называюцца сваім гукам. 

Для запісу і адлюстраваньня спэцыфічных эспэранцкіх літар з дыякрытыкамі выкарыстоўваюць юнікод (Unicode). Тыя, хто карыстаецца праграмамі, якія не падтрымліваюць юнікод, запісваюць эспэранцкія літары пры дапамозе дыграфаў. Найбольш пашыраныя: 

Існуе спроба стварыць кірылічную азбуку для эспэранта ().

Усе назоўнікі маюць канчатак -o. Множны лік фармуецца пры дапамозе канчатку -j, які пішацца пасьля канчатку назоўніка. Акрамя назоўнага склону існуе толькі вінавальны (akuzativo), які ўтвараецца пры дапамозе канчатку: -n (пішацца пасьля канчатку -o або -oj). Вінавальны (або прадметны) склон абазначае прамое дапаўненьне ці мэту, напрамак руху. 
Прыклад: 

Іншыя склоны перадаюцца пры дапамозе прыназоўнікаў (гл. ніжэй). 

Уласныя назоўнікі (што абазначаюць назвы, асобаў, імёны і т.п.) пішуцца зь вялікай літары. Найбольш вядомыя і пашыраныя імёны маюць свае адпаведнікі на эспэранта (Petro, Ŝekspiro, Varsovio, Dnepro). Астатнія альбо запісваюць пры дапамозе эспэранцкага альфабэту (эспэрантызуюць) з магчымым даданьнем канчатку назоўніка, альбо пакідаюць у арыгінальнай форме і пазначаюць прыкладнае вымаўленьне пры дапамозе эспэранцкіх літар: 
Henrу Becque (Anri' Bek), mi vizitis Mazyr-on (я наведаў Мазыр). 
Жаночыя імёны дапушчальна пісаць з канчаткам -a: Alona, Janka, Maria. 

Канчатак -o можа быць заменены на апостраф  ' . Пры гэтым колькасьць складоў скарачаецца, але націск у слове застаецца на той самай літары (то бок ужо не на перадапошнім, а на апошнім складзе). Гэта часта выкарыстоўваецца ў паэзіі, дзеля захаваньня рытму, рыфмы. Ho mia kor', ne batu maltrankvile (О, маё сэрца, ня біся трывожна)

Прыметнікі маюць канчатак -a. Яны зьмяняюцца па ліках (множны лік — канчатак -j), і склонах (вінавальны склон — канчатак -n). Прыметнік заўжды дапасуецца да адпаведнага назоўніка ў ліку і склоне, што робіць магчымым вольны парадак словаў у сказе (прыметнік можа быць перад назоўнікам, пасьля яго, ці нават на некаторай адлегласьці). 
Прыклад: 

Ступені параўнаньня прыметнікаў утвараюцца пры дапамозе службовых словаў. 
Вышэйшaя cтупeнь: pli ... ol ... — больш ... чым ..., ці malpli ... ol ... — менш ... чым ...
Найвышэйшая ступень: la plej ... el ... — найбольш ... з ..., la malplej ... el ... — найменш ... з ...

У эспэранта існуе адзін артыкль — азначальны артыкль la. Ён ужываецца перад назоўнікам (назоўным прыметнікам, займеньнікам), каб абазначыць, што гаворка ідзе пра ўжо вядомыя аб'екты ці пэрсоны. 
Літара a артыкля (як і канчатак назоўніка) можа быць заменена на апостраф  '  — для мілагучнасьці або ў паэтычных творах. 

Вытворныя прыслоўі маюць канчатак -e. Некаторыя зь іх, што абазначаюць месца, могуць прымаць канчатак вінавальнага склону -n і абазначаць напрамак. Прыслоўі могуць утварацца ад назоўнікаў, прыметнікаў, займеньнікаў, лічэбнікаў і інш. Прыклады: 
bona — добры, bone — добра
vendredo — пятніца, vendrede — у пятніцу
unu — адзін, unue — па-першае
mi — я, mie — па-мойму
hejmo — дом, hejme — дома, hejmen — дадому, дахаты. 

Невытворныя прыслоўі ня маюць характэрных канчаткаў і не зьмяняюцца. Прыклады: 

Ступені параўнаньня прыслоўяў утвараюцца гэтаксама, як і прыметнікаў: пры дапамозе словаў (mal)pli, (mal)plej:
bone — добра, pli bone — лепш, plej bone — найлепш.

Усе згаданыя займеньнікі скланяюцца як назоўнікі, у вінавальным склоне пры дапамозе канчатку -n, іншыя склоны пры дапамозе прыназоўнікаў: min — мяне, al ŝi — ёй, per si — сабою.

У гэтай табэлі зьмешчаны займеньнікі і займеньнікавыя прыслоўі, якія ўжываюцца, каб задаваць і адказваць на пытаньні: хто, як, дзе. Для лягчэйшага запамінаньня яны зьмешчаны ў табліцу: 

З гэтымі займеньнікамі ўжываюцца словы ajn для прыданьня большай неакрэсьленасьці, і :ĉi для абазначэньня большай блізасьці: 

Займеньнікі з пытальнага слупка ужываюцца і як пытальныя і як адносныя: 

Пытальныя займеньнікі могуць граць ролю злучнікаў (conjunction):

Займеньнікі і займеньнікавыя прыслоўі могуць спалучацца з прыназоўнікамі: 

Таблічныя займеньнікі і прыслоўя, якія маюць канчаткі -u, -o, -a скланяюцца як назоўнікі і прыметнікі: у множны лік пазначаецца пры дапамозе -j, вінавальны склон -n.

Прыназоўнік — часьціна мовы, якая ставіцца перад часткаю сказа, каб паказваць яе ролю ў сказе. Частка сказу з прыназоўнікам можа граць ролю дапаўненьня дзеяслова або апісаньня іншай часткі сказу, у беларускай мове гэтыя функцыі акрамя прыназоўнікаў выконваюць яшчэ і склоны. 

Пералік прыназоўнікаў эспэранта з тлумачэньнем іх значэньня і прыкладамі ўжываньня зьмешчаны ў артыкуле прыназоўнікі эспэранта.

Колькасныя лічэбнікі:

Астатнія ўтвараюцца пры дапамозе словаскладаньня: 

Колькасьць дзясяткаў і сотняў пішацца перад словамі dek і cent, і разам зь імі, націск у такой камбінацыі стаіць як і заўжды на перадапошнім складзе. Усё астатняе (тысячы, мільёны ігд) пішацца асобна. 

Для перадачы больш вялікіх лікаў ужываюцца словы:

Парадкавыя лічэбнікі фармуюцца з колькасных пры дапамозе канчатку прыметнікаў: -a, і зьмяняюцца па ліках і склонах, як прыметнікі: 
La sepan tagon de la semajno Dio elektis, ke ĝi estu pli sankta, ol la ses unuaj tagoj. — 
Сёмы дзень тыдня Гасподзь выбраў, каб той быў больш сьвяты за шэсьць першых дзён. 
Складаныя парадкавыя лічэбнікі пішуцца праз дэфіс, разам або асобна: 
dudek naŭa = dudeknaŭa = dudek-naŭa = 29-a. 
Калі ў сказе побач ідуць парадкавы і колькасны лічэбнік, парадкавы трэба ставіць наперад, каб не было блытаніцы: 
unuaj dek jaroj — першыя дзесяць гадоў. 
dek unuaj jaroj — магчыма зразумець як: адзінаццатыя гады. 

Дробавыя лічэбнікі ўтвараюцца пры дапамозе суфікса -on-:
duono — палова, tri kvaronoj — тры чвэрці, centono — адна сотая, адсотак. 
У запісе дзесятковых дробаў цэлая частка аддзяляецца ад дробнай коскай (а кропкай часам падзяляюць вялікія лікі на часткі па 3 лічбы): 

Кратныя лічэбнікі ўтвараюцца пры дапамозе суфікса -obl-:
duobla — двайны, trioble — тройчы. 

Зборныя лічэбнікі ўтвараюцца пры дапамозе суфікса -op-:
duope — удваіх, triopo — тройня.

Колькасныя лічэбнікі, якія ня ёсьць назоўнікамі, не зьмяняюцца па склонах і ліках, акрамя лічэбніка unu. Ён можа прымаць множны лік unuj — у значэньні «адны, некаторыя», і далей, у вінавальным склоне канчатак -n: 
unuj estis kun la Judoj, kaj aliaj kun la apostoloj — адны былі на баку Юдэяў, а другія на баку апосталаў;
Kaj unujn, kiuj ŝanceliĝas, indulgu; — і да адных, якія вагаюцца, будзьце літасьцівыя.

Але форма *unun* зьяўляецца няправільнай, магчыма толькі unu: 
Unu mi renkontis en Londono, alian en Parizo — Аднаго я сустрэў у Лёндане, другога ў Парыжы.

Назоўнікі і прыметнікі, зьвязаныя зь лічэбнікамі (акрамя unu), ставяцца ў множным ліку (з канчаткам -j): 
unu domo — адзін дом, du domoj — два дамы, kvin domoj — пяць дамоў, dudek unu domoj — дваццаць адзін дом, 
nul arboj (neniu arbo, neniuj arboj) — нуль дрэваў(ніводнае дрэва, ніводныя дрэвы).

Дзеясловы ў эспэранта не зьмяняюцца па ліках і па асобах. 

Загадны лад ужываецца:

Ветлівая просьба утвараецца пры дапамозе слова bonvolu (калі ласка) і інфінітыву: bonvolu helpi min — калі ласка, дапаможы мне. 

У беларускай мове дзеепрыметнікі бываюць незалежнага і залежнага стану. У эспэранта яны падзяляюцца на актыўныя (незалежны стан) і пасіўныя (залежны). Яны ўтвараюцца ад корня дзеяслова пры дапамозе суфіксаў (гл. табэлю) і канчатку прыметнікаў -a (таму скланяюцца як прыметнікі). 

Прыклады:

Дзеепрыслоўе ўтвараецца заменай канчатку прыметніка -a на канчатак прыслоўя -e: 

Складаныя формы дзеясловаў складаюцца з службовага дзеяслова esti у адпаведным ладзе і часе плюс дзеепрыметнік. Яны ўжываюцца каб падкрэсьліць зьмену стану: заканчэньне ці пачатак. 

Такія складаныя формы можна запісваць адным словам: mi estos leginta = mi legintos. 

Часам ужываюцца неафіцыйныя суфіксы -unt- і -ut-: legunta homo — чалавек які б чытаў, leguta libro — кніга, якую б чыталі.

Словаўтварэньне — важная частка граматыкі любой мовы. У эспэранта словаўтварэньне грае надзвычай важную ролю. Каб зрабіць вывучэньне і ўжываньне мовы больш лёгкім, сьпіс базавых слоў у эспэранта — вельмі невялікі (у першай апублікаванай вэрсіі было ўсяго каля 900 слоў). Але просты і багаты мэханізм словаўтварэньня дае амаль неабмежаваныя магчымасьці стварэньня новых слоў. 
Словаўтварэньне ў эспэранта адбываецца шляхам пераходу слова ў іншыя часьціны мовы, словаскладаньнем, і пры дапамозе прыставак і суфіксаў.

Пры ўжываньні ў сказе адмоўнага займеньніка вara прыслоўя часьціца ne нe ўжывaeццa: Neniu volis morti — Ніхто не хацеў паміраць. 




#Article 215: Славянскія мовы (353 words)


Cлавя́нскія мо́вы — галіна роднасных моваў у складзе індаэўрапейскай сям’і. Распаўсюджаныя на тэрыторыі Эўропы і Азіі. Агульная колькасьць носьбітаў — каля 400—500 мільёнаў чалавек. Традыцыйна вылучаюцца тры групы славянскіх моваў: заходнеславянская, паўднёваславянская, усходнеславянская, у склад апошняй, у прыватнасьці, далучаецца й беларуская мова. Сярод іншых індаэўрапейскіх моваў найбольш блізкія да славянскіх балцкія мовы, зь якімі часам аб’ядноўваюцца ў гіпатэтычную балта-славянскую групу моваў у складзе індаэўрапейскае моўнае сям’і.

Лічыцца, што ўсе славянскія мовы паходзяць ад агульнае прамовы — праславянскай, якая ўтварылася ў выніку распаду праіндаэўрапейскай мовы і праіснавала прынамсі з V да ІХ стст. н. э., распаўшыся пасьля гэтага на асобныя мовы. Шэраг моваў маюць няўстойлівы палітычны, лінгвістычны статус альбо структурна зьяўляюцца пераходнымі між іншымі, што дазваляе некаторым дасьледчыкам лічыць некаторыя мовы дыялектамі іншых (або наадварот). Апрача таго, на аснове жывых славянскіх моваў у былыя часы разьвіваліся кніжныя мовы зь вялікім даданьнем штучных элемэнтаў або элемэнтаў іншых славянскіх моваў, што нярэдка рабілася ў палітычных мэтах (вуграруская мова, славянасэрбская мова, язычча). Сярод славянскіх моваў таксама ёсьць мовы, якія ўяўляюць сабою піджыны (панашэму, цыгана-сэрбская, русенорск, кяхцінская) або ідыёмы, што зьяўляюцца зьмяшанымі формамі маўленьня між блізкароднаснымі славянскімі мовамі (трасянка, суржык). Апошнія ўзьнікалі ў выніку параўнальна нядаўніх глябалізацыйных працэсаў, таму да іх не адносяцца гістарычныя дыялекты, якія зьяўляюцца пераходнымі між блізкімі мовамі (палескія гаворкі, тарлацкія дыялекты).

Першая пісьмовасьць славянаў — глаголіца й кірыліца. Паводле колькасьці этнасаў пераважаюць славянскія народы, што выкарыстоўваюць лацініцу, лічбава — кірыліцу (перадусім за кошт расейцаў — найбольшага з славянскіх этнасаў). Лацініца мела крыху пазьнейшы распаўсюд сярод славянаў, першапачатковае ўжываньне мела кірыліца й глаголіца (гл. Кірыла і Мятод). Цягам некалькіх стагодзьдзяў славяне мелі агульную пісьмовую мову — стараславянскую (ня блытаць з праславянскай).

У сучаснай лінгвістыцы славянскія мовы прынята падзяляць на тры групы — заходнеславянскую, усходнеславянскую ды паўднёваславянскую. Паўднёва- й заходнеславянская, у сваю чаргу, драбяцца на падгрупы. Аб'яднаньне славянскіх моваў у групы грунтуецца на прыкмеце агульных рысаў (напрыклад, заходнеславянскія мовы бліжэй адна да адной, ніж да ўсходне- ці паўднёваславянскіх), прынцып групаваньня ў падгрупы грунтуецца на больш блізкім падабенстве ўнутры групы (напрыклад, мовы чэска-славацкай падгрупы бліжэйшыя адна да адной, чымся да астатніх заходнеславянскіх). Асобныя мовы адной групы могуць у некаторай ступені збліжацца зь іншай групай.

заходнеславянская група:

паўднёваславянская група:

усходнеславянская група:




#Article 216: Дэўтэр (255 words)


Дэўтэр (таксама дэўтэрый, дэйтэрый, сымбаль 2H альбо D; ад грэцкага Δευτερον і лацінскага Deuterium) — стабільны ізатоп вадароду з атамнай масай, роўнай двум (А = 2,01363). У прыродзе сустракаецца ў прапорцыі 0,0147% (прыблізна адзін атам дэўтэру на 7000 атамаў звычайнага вадароду).

Ядро дэўтэра складаецца з аднаго пратону і аднаго нэўтрону, тым часам як звычайны атам вадароду мае толькі адзін пратон. Такім чынам, ён мае ў два разы большую масу за прот (так часам называюць звычайны ізатоп вадароду, каб падкрэсьліць адрозьненьне ад дэўтэру і трыту), і з гэтай прычыны іхныя хімічныя ўласьцівасьці досыць моцна адрозьніваюцца. Хаця дэўтэр не зьяўляецца асобным хімічным элемэнтам яго часам абазначаюць літарай D (замест 2H).

У прыродзе дэўтэр сустракаецца як газ D2 (2H2).

Дэўтэр быў упершыню выяўлены ў 1931 годзе Гаральдам Клэйтанам Урэем, хімікам з Калюмбійскага ўнівэрсытэту. Урэй атрымаў Нобэлеўскую прэмію ў хіміі за сваю працу ў 1934 годзе.

Дэўтэр разам з трытам ёсьць вельмі карысным для рэакцыі ядравага сынтэзу, з-за вялікага выхаду энэргіі пры рэакцыі D-T:

Дэўтэр можа замяшчаць звычайны вадарод у малекулах вады і фармаваць цяжкую ваду (D2O). Менавіта цяжкая вада зьяўляецца найлепшым замядляльнікам у нэўтронаў. Для вытворчасьці 1 м³ цяжкае вады D2O неабходна каля 40000 м³ H2O.

Наяўнасьць дэўтэру ў зорках ёсьць моцным аргумэнтам у падтрымку тэорыі Вялікага выбуху (а не іншых тэорыяў узьнікненьня Сусьвету). Тэрмаядравыя рэакцыі ўнутры зорак зьнішчаюць дэўтэр. І фізыкам пакуль невядомая натуральная рэакцыя або працэс, апрача самога Вялікага выбуху, які б у выніку ствараў дэўтэр.

Дэўтэр шырока ўжываецца ў тэхніцы і мэдыцыне. Канада зьяўляецца найбуйнейшым вытворцам дэўтэру на плянэце, каб забясьпечваць функцыяваньне свайго рэактару CANDU.




#Article 217: Цяжкая вада (456 words)


Ця́жкая вада́ (хімічны сымбаль D2O або 2H2O) — аксыд дэўтэрыя, вада H2O, у якой звычайный атам вадароду (протый) замешчаны цяжкім ізатопам вадароду — дэўтэрыем, у якім у дадатак да пратону ёсьць яшчэ адзін нэўтрон.

Існуе таксама паўцяжкая вада HDO, з адным атамам дэўтэрыя.

Амэрыканскі хімік Гаральд Клэйтан Урэй у 1931 годзе апублікаваў апісаньне тэхналёгіі аддзяленьня дэўтэрыя ад звычайнага вадароду, а ў 1934 годзе Гільбэрт Ньютан Льюіс першым здабыў чыстыя ўзоры цяжкай вады.

Першы завод для камэрцыйнай вытворчасьці цяжкай вады быў пабудаваны ў Нарвэгіі ў 1934 годзе канцэрнам Norsk Hydro. Завод быў разьлічаны на выраб 12 тонаў цяжкай вады ў год. Падчас Другой сусьветнай вайны ў 1942—1943 гадах брытанцы некалькі разоў спрабавалі зьнішчыць завод, каб спыніць праграму распрацоўкі ядзернай зброі фашысцкай Нямеччыны. Нарэшце 20 лютага 1944 году яны зьнішчылі завод, скінуўшы каля 400 бомбаў (на падставе гэтай гісторыі быў зроблены фільм «Героі Тэлемарку» з удзелам Керка Дуґляса).

Цяжкая вада мае трохі меншую распушчальнасьць за звычайную ваду. Экспэрымэнты з мышамі паказалі, што спажываньне толькі цяжкай вады запавольвае працэс мітозу, дзяленьня клетак. Цяжкая вада ня лічыцца таксінам або атрутай, але некаторыя мэтабалічныя рэакцыі патрабуюць толькі звычайную лёгкую ваду, і таму спажываньне цяжкай вады чалавекам можа выклікаць пэўныя праблемы.

Адна з самых важных уласьцівасьцяў цяжкай вады гэта тое, што яна ў адрозьненьні ад звычайнай вады не паглынае нэўтроны, а таму яна выкарыстоўваецца ў некаторых тыпах атамных рэактараў для запавольваньня нэўтронаў (звычайная вада таксама добра запавольвае нэўтроны, але яна ў дадатак іх паглынае). Запавольваньне нэўтронаў патрэбнае для таго, каб яны маглі ўступаць у рэакцыю з уранам у рэактары. Такая тэхналёгія ўжываецца, напрыклад, у канадзкім рэактары CANDU.

У некаторых іншых мадэлях рэактараў ужываецца звычайная вада, але тады рэактару патрэбны ўзбагачаны ўран для дасягненьня ланцуговай рэакцыі. У мадэлях зь цяжкай вадой можна выкарыстоўваць неўзбагачаны ўран (напрыклад, 0,7% 235U у рэактары CANDU).

Яшчэ адзін прыклад выкарыстаньня — пошук нэўтрына. Садбурская абсэрваторыя нэўтрына ў Антарыё ўзяла на пракат 1000 тон цяжкай вады, якую памясьцілі ў спэцыяльны дэтэктар нэўтрына на глыбіні 3 кілямэтры пад зямлёю. Садбурская абсэрваторыя нэўтрына рэгіструе радыяцыю Чаранкова, калі нэўтрына пралятаюць праз рэзэрвуар зь цяжкай вадой.

Цяжкая вада таксама ўжываецца як ізатопны індыкатар у хіміі й біялёгіі.

На зямлі паўцяжкая вада HDO сустракаецца ў звычайнай вадзе ў прапорцыі 1 на 3200. Яна можа быць выдзеленая шляхам дыстыляцыі, шматступеннага электралізу, рэктыфікацыі вады, іённага абмену, рэктыфікацыі аміяку, а таксама з дапамогай іншых хімічных рэакцыяў, якія па-рознаму рэагуюць на протый і дэўтэрый. Як толькі HDO пачынае мець істотную прапорцыю ў вадзе, то пачынаюць зьяўляцца і малекулы цяжкай вады D2O, паколькі малекулы вады часта абменьваецца між сабой атамамі вадароду.

У сьвеце штогод вырабляюцца дзясяткі тысяч тон цяжкай вады. У асноўным яна патрэбныя для атамных электрастанцыяў, якія ўжываюць яе для запавольваньня нэўтронаў і як цепланосьбіт.

Найбуйнейшым вытворцам цяжкай вады ў сьвеце зьяўляецца Канада, на другім месцы — Індыя.




#Article 218: Трыт (316 words)


Трыт (сымбаль 3H альбо T ад лацінскага Tritium) — радыеактыўны ізатоп вадароду з атамнай масай, роўнай . Часам яго называюць звышцяжкі вадарод. Пры нармальным атмасфэрным ціску і тэмпэратуры трыт існуе ў выглядзе газу 3H2 (T2).

Ядро трыта складаецца з аднаго пратону і двух нэўтронаў, тым часам як звычайны атам вадароду, прот, мае толькі адзін пратон, а дэўтэр — адзін пратон ды адзін нэўтрон.

Упершыню трыт быў атрыманы з дэўтэра ў 1934 годзе Эрнэстам Рутэрфордам, які працаваў разам з Маркам Оліфантам і Полам Гартэкам.

Трыт — радыеактыўны элемэнт. У працэсе распаду пераўтвараецца ў гель 3He з выпраменьваньнем бэта-часьцінкі (сярэдняя энэргія 6,5 кэВ, максымальная - 18,6 кэВ). Пэрыяд паўраспаду — 12,3 гады. Слабое бэта-выпраменьваньне ня здольнае пранікаць праз чалавечую скуру і нясе небясьпеку чалавеку толькі, калі трыт трапляе ўсярэдзіну арганізму ў вялікай колькасьці. Як і ў выпадку з вадародам, трыт адносна нязручны для ўтрыманьня: ён у той ці іншай ступені можа пранікаць і праз плястык, і праз гуму, і праз сталь.

Трыт сустракаецца ў прыродзе, дзякуючы касьмічнай радыяцыі, калі нэўтроны з высокай энэргіяй сутыкаюцца з атамамі дэўтэра ў зямной атмасфэры.

Штучна атрымаць трыт мажліва, абстрэльваючы літ 6Li нэўтронамі ў атамным рэактары.

Вось некаторыя рэакцыі, шляхам якіх можна атрымаць трыт:

Трыт мае надзвычай важнае значэньне для рэакцыі тэрмаядзернага сынтэзу, паколькі рэакцыя дэўтэра з трытам мае добрае сячэньне і высокі выхад энэргіі:

Атамы ўсіх элемэнтаў складаюцца з пратонаў і нэўтронаў і адштурхоўваюць адзін аднаго, бо абодва маюць пазытыўны электрычны зарад. У выпадках надзвычай высокіх мільённых тэмпаратур, як напрыклад у ядры Сонца, некаторыя атамы набываюць такую хуткасьць, што могуць пераўзыйсьці сілы электрычнага адштурхоўваньня і зьліцца разам, фармуючы больш цяжкія атамы. Дэўтэр і трыт - найлепшыя кандыдаты для такой рэакцыі, бо маюць усяго па адным пратоне.

Апрача патэнцыяльнага выкарыстаньня ў тэрмаядзерным рэактары, трыт цяпер выкарыстоўваецца ў біялёгіі й мэдыцыне як радыяактыўны маркер.

У індустрыі ён ужываецца ў малых колькасьцях разам з фосфарам пры вырабе самаасьвятляючых паверхняў (стрэлкі гадзіньнікаў, дарожныя знакі і г.д.)




#Article 219: Марыя Складоўская-Кюры (609 words)


Мары́я Складо́ўская-Кюры́ (, ; 7 лістапада 1867, Варшава, Царства Польскае — 4 ліпеня 1934, Пасі, Францыя) — выбітная вучоная, фізык і хімік, дасьледчыца радыяактыўнасьці, двойчы ляўрэат Нобэлеўскай прэміі. Яна была першай жанчынай-прафэсарам ва ўнівэрсытэце ў Парыжы, а ў 1995 годзе стала першай жанчынай, пахаванай у Пантэоне ў Парыжы.

Складоўская-Кюры стала першай жанчынай, якая атрымала Нобэлеўскую прэмію, і зьяўляецца адзінай жанчынай на сёньняшні дзень, якая атрымала гэтую ўзнагароду ў дзьвюх галінах.

Ейныя дасягненьні ўключаюць тэорыю радыяактыўнасьці, мэтады вылучэньня радыяактыўных ізатопаў, а таксама адкрыцьцё двух элемэнтаў, палён і рад. Пад ейным кіраўніцтвам былі праведзены першыя дасьледаваньні ў сьвеце ў галіне лячэньня раку з выкарыстаньнем радыяактыўных ізатопаў. Яна заснавала Інстытут Кюры ў Парыжы й Варшаве, якія застаюцца найбуйнымі цэнтрамі мэдычных дасьледаваньняў сёньня.

Марыя Складоўская-Кюры нарадзілася ў шматдзетнай настаўніцкай сям’і ў Варшаве, у тагачасным Царстве Польскім. Бацька быў выпускніком Пецярбурскага ўнівэрсытэту, працаваў настаўнікам фізыкі і матэматыкі. Маці таксама атрымала добрую адукацыю, кіравала школай для дзяўчынак. Марыя пачала сваю навукова-практычную падрыхтоўку ў Варшаве. У 1891 годзе ва ўзросьце 24 гадоў яна ўсьлед за сваёй старэйшай сястрой Браніславай зьязджае ў Парыж, дзе становіцца студэнткай факультэту прыродазнаўства Сарбоны. У выніку напружанай працы праз тры гады яна атрымлівае два дыплёмы ліцэнзіяту — па фізыцы і па матэматыцы. На працягу вучобы ва ўнівэрсытэце Марыя знаёміцца зь П’ерам Кюры, кіраўніком навуковай лябараторыі ў Школе фізыкі ды хіміі пры Сарбоне. У 1895 годзе адбываецца іх вясельле, і Марыя пачынае працаваць у лябараторыі П’ера. 12 верасьня 1897 году нарадзілася іх першае дзіця — дачка Ірэн.

У 1897 годзе Марыя Кюры пачынае вывучаць зьяву радыяактыўнасьці, якую ўпершыню выявіў у 1896 годзе Антуан Анры Бэкерэль. Яна вызначае, што крыніцай радыяактыўнасьці ў дасьледаваных злучэньнях зьяўляюцца атамы ўрану і тору. У ходзе экспэрымэнтаў выяўляецца, што некаторыя мінэралы з вокісам урану маюць значна большую радыяактыўнасьць, чым сам уран. Марыя Кюры высоўвае гіпотэзу, што прычынай гэтага ёсьць прысутнасьць у злучэньнях дагэтуль невядомага навуцы высокарадыяактыўнага рэчыва. У гэты час да дасьледаваньня далучаецца і П’ер Кюры. Здагадка знаходзіць пацьвярджэньне: далейшая праца прыводзіць да вылучэньня ў 1898 годзе двух новых элемэнтаў — палёна (названы ў гонар радзімы Марыі Польшчы) і рада. Нягледзячы на цяжкае матэрыяльнае становішча, П’ер і Марыя вырашаюць не патэнтаваць тэхналёгію здабыцьця раду, а пакінуць яе адкрытай для навуковай грамадзкасьці.

З гэтага часу П’ер і Марыя Кюры становяцца сусьветна вядомымі вучонымі. Яны працягваюць працу над вывучэньнем уласьцівасьцей раду і спосабаў яго прамысловай вытворчасьці. У Сарбоне адкрываецца катэдра фізыкі, загадчыкам якой робіцца П’ер Кюры. Марыя працягвае выкладаньне ў Вышэйшай нармальнай школе для дзяўчын у Сэўры. Да таго ж, 6 сьнежня 1904 году ў іх нараджаецца другая дачка — Эва. Але 19 красавіка 1904 году ў выніку нешчасьлівага выпадку П’ер Кюры памірае.

Пасьля нечаканай сьмерці мужа Марыя Кюры становіцца на чале заснаванай для яго катэдры фізыкі і атрымоўвае ступень прафэсара Сарбоны. Яна працягвае дасьледваньні, выкладае ў Сарбоне і ў Сэўры. Распрацоўвае першы і на той час адзіны ў сьвеце курс лекцыяў па радыяактыўнасьці, рэдактуе і выдае «Працы П’ера Кюры», выдзяляе эталён раду. З 1909 году яна ўзначальвае лябараторыю радыяактыўнасьці ў новаадчыненым Інстытуце раду. У 1911 годзе Марыя Кюры зноў становіцца ляўрэтам Нобэлеўскай прэміі, гэтым разам па хіміі, — першы ў гісторыі выпадак, калі адзін чалавек двойчы атрымаў гэтую ўзнагароду. У час сусьветнай вайны яна стварае «радыялягічную службу», арганізоўвае курсы падрыхтоўкі сясьцер-радыёлягаў, абсталёўвае 220 мабільных рэнтгенаўскіх установак. Пасьля вайны яна актыўна ўдзельнічае ў грамадзкім жыцьці, уваходзіць у склад шэрагу міжнародных арганізацыяў, стварае Інстытут раду на сваёй радзіме — у Варшаве.

Гады працы з радыяктыўнымі рэчывамі не прайшлі бясьсьледна для вучонай. Яшчэ ў маладосьці яна атрымала апёкі кісьцей рук. Да гэтага часу лябараторныя сшыткі П’ера і Марыі Кюры захоўваюць высокі ўзровень радыяктыўнасьці. А 4 ліпеня 1934 году Марыя Складоўская-Кюры памерла ад невядомай тады яшчэ хваробы — леўкеміі. Праз год выйшла апошняя кніга, якую яна пасьпела скончыць перад сьмерцю — фундамэнтальная праца «Радыяактыўнасьць».




#Article 220: Нобэлеўская прэмія (730 words)


Но́бэлеўская прэ́мія — адна з найбольш прэстыжных узнагародаў, якая ўручаецца штогод за найбольш значныя дасягненьні ў навуцы і тэхніцы, культуры, грамадзкай дзейнасьці.

Нобэлеўская прэмія была ўкладзеная па наказе Альфрэда Нобэля, швэдзкага прамыслоўцы, вынаходніка дынаміту. Упершыню прэмія была ўручаная ў 1901 годзе ў Стакгольме; з 1902 году ўзнагароды ўручае кароль Швэцыі. Урачыстае ўручэньне прэміі адбываецца 10 сьнежня, у гадавіну сьмерці Нобэля, хоць імёны ляўрэатаў звычайна абвяшчаюцца загадзя. Прэмія ўручаецца ў пяці галінах: фізыка, хімія, фізыялёгія альбо мэдыцына, літаратура, прэмія міру. Памер узнагароды на пачатку XXI стагодзьдзя складае каля 10 мільёнаў швэдзкіх кронаў; пасьмяротна прэмія не ўручаецца. У 1968 годзе Дзяржаўным банкам Швэцыі была заснаваная прэмія ў галіне эканомікі памяці Нобэля, якая ўручаецца разам з Нобэлеўскімі прэміямі, хоць да іх і не адносіцца.

У іншых галінах навукі й культуры існуюць свае прэміі, такія ж славутыя, як Нобэлеўская: Абэлеўская (матэматыка), Цьюрынгаўская (кампутарныя тэхналёгіі), Прыцкэраўская (архітэктура) і іншыя. Уручаецца таксама парадыйная Ігнобэлеўская прэмія — за самыя непатрэбныя навуковыя досьледы.

Першае цырыманіяльнае ўручэньне гэтай прэміі адбылося ў Каралеўскай Акадэміі Музыкі ў Стакгольме ў 1901 г. Нобэлеўскую прэмію міру атрымаў Жан Анры Дзюнан, заснавальнік Чырвонага Крыжа і Фрэдэрык Пасі. Пачынаючы з 1902 г. Узнагароды афіцыйна ўручаюцца каралём Швэцыі.

Кожны зь пераможцаў атрымлівае залаты мэдаль і дыплём павагі. Нобэлеўская прэмія таксама ўключае фінансавы аспэкт. Ляўрэат атрымлівае суму грошай, якая ў цяперашні час складае 10 млн швэдзкіх крон, з мэтай каб ляўрэат змог працягнуць сваё навучаньне або працу, безь неабходнасьці садзейнічаньня фонду.

Кожны год, з 1901 г. Нобэлеўская Прэмія прысуджаецца ў наступных вобласьцях:

З 1968 г. Банкам Швэцыі ўстаноўлена Нобэлеўская прэмія па эканоміцы, імя Альфрэда Нобэля.

У параўнаньні зь іншымі ўзнагародамі, намінацыя на Нобэлеўскую прэмію, а затым працэс выбару зьяўляецца доўгім і строгім. З-за гэтага прэмія стала самай прэстыжнай у сьвеце.

Так напрыклад, правілы Нобэлеўскага фонду кажуць, што Нобэлеўская прэмія міру можа прызначацца толькі наступным асобам:

Чальцы парлямэнта і мясцовых урадаў, чальцы міжнародных судоў, рэктары ўнівэрсытэтаў, прафэсары гуманітарных навук, гісторыі, філязофіі, права і тэалёгіі, дырэктары навукова-дасьледчых інстытутаў сьвету і інстытутаў вонкавай палітыкі, ляўрэаты Нобэлеўскай прэміі міру і г. д.
 
Аналягічныя патрабаваньні распаўсюджваюцца на іншыя вобласьці.

Крайні тэрмін для вызначэньня кандыдатураў зьяўляецца 31 студзеня.

У адрозьненьне ад іншых прэміяў, кандыдатуры на атрыманьне Нобэлеўскай прэміі, невядомыя грамадзтву на працягу 50 гадоў. Пасьля заканчэньня апошняга тэрміна, Камітэт праводзіць свае паседжаньні і адбірае каля 200 кандыдатаў.

Гэты сьпіс накіроўваецца выбранным экспэртам, якія выбіраюць толькі 15 чалавек. Камітэт накіроўвае свае рэкамэндацыі, у залежнасьці ад выгляду ўзнагародаў у Акадэмію або адпаведны інстытут, члены якога галасаваньнем выбіраюць пераможцаў.

Працэс выбару ляўрэатаў трохі адрозьніваецца ў залежнасьці ад дысцыпліны. Так, напрыклад, Нобэлеўская прэмія ў вобласьці літаратуры рэдка прысуджаецца групе людзей, у адрозьненьне ад прэміяў у іншых вобласьцях.

Пасьмяротныя ўзнагароды не дапушчаюцца. Гэта выклікае ў навуковым грамадзтве бурную хвалю крытыкі. У двух выпадках прэмія была прысуджана пасьмяротна, калі патэнцыйныя пераможцы памёрлі да аб’яўленьня вынікаў. Атрымальнікамі ўзнагародамі зьяўляюцца: Генэральны сакратар Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў Даг Хамаршольд (1961, Нобэлеўская прэмія міру) і Эрык Карлфэльдт (1931, прэмія ў вобласьці літаратуры).

Нобэлеўская прэмія міру крытыкуецца нарвэскім грамадзкім дзеячам Фрэдэрыкам Хафэрмэхам, па яго меркаваньню прэмія прысуджаецца насуперак дэрэктывам самаго Нобэля, асабліва тыя прэміі, якія былі ўручаныя пасьля 1945 г. Хафэрмэх лічыць, што вялікае значэньне ў выбары ляўрэатаў адыгрываюць пэрсанальныя прэфэрэнцыі чальцоў камітэта.

Пасьля аналізу 118 прэмій Хафэрмэхл прызнаў, што да 1945 г., 85% узнагароджаных адпавядалі дырэктывам заснавальніка («абяззбройваньне, памяншэньне ваеных патэнцыялаў і працэс прадухіленьня ўзброеных канфліктаў»). Пасьля 1945 г. выконвалася ледзь 45%.

Крытыцы Хафэрмэхла падвергліся такія дзеячы, як Ясір Арафат, Шымон Перэс, Іцхак Рабін.

Ёсьць шмат верагодных прычынаў, з-за якіх Альфрэд Нобель не стварыў узнагароду для матэматыкаў. Воля Нобэля адносілася да «вынаходніцтваў і адкрыцьцяў», што прыносяць чалавецтву найвялікшыя выгады практычна, а не тэарэтычна. Матэматыка не лічылася Нобэлем навукай, якая магла прынесьці чалавецтву практычную карысьць.

Часта зьяўляліся чуткі, што Нобэль адмовіў прызнаньням матэматычнай узнагароды, паколькі яго жонка мела раман з матэматыкам Магнусам Мітаг-Лефлерам. Аднак гэта ня можа быць праўдай, паколькі Нобэль ніколі ня быў жанаты.

У 2001 г. урад Нарвэгіі заснаваў Прэмію Абэля, як дапаўненьне адсутнай прэміі Нобэля ў галіне матэматыкі.

Прысутнасьць найбольшага ліку нобэлеўскіх ляўрэатаў у сваіх кадрах для вышэйшых навучальных установаў вельмі важна, мае прэстыжнае значэньне ў акадэмічным асяродзьдзі і ўяўляе адно з галоўных крытэраў у распрацоўцы унівэрсытэцкіх рэйтынгаў.

У жніўні 2009 г. Савет міністраў Рэспублікі Беларусь закупіў 4 камплекты 67-томнага поўнага збору навуковых і грамадзкіх працаў нобэлеўскіх ляўрэатаў у галіне фізыкі, хіміі, фізыялёгіі, мэдыцыны, эканомікі, літаратуры і міру з 1901 па 2000 год. Іх атрымалі Нацыянальная бібліятэка Беларусі, Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа, прэзыдэнцкая бібліятэка Беларусі і Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт. Яшчэ тры камплекты пазьней атрымалі Рэспубліканская навукова-тэхнічная бібліятэка, Магілёўская абласная бібліятэка і Гарадзенская навуковая бібліятэка.




#Article 221: Радыяактыўнасьць (667 words)


Радыяакты́ўнасьць ( — выпраменьваю, activus — дзейны) — радыяактыўны распад, працэс, шляхам якога нестабільныя ядры некаторых атамаў распадаюцца з выпраменьваньнем альфа-, бэта- ці гама- промняў або спантанна дзеляцца.

Выяўлена, што радыяктыўнымі зьяўляюцца ўсе хімічныя элемэнты з парадкавым нумарам, большым за 82 (то бок пачынаючы з бісмута), і многія больш лёгкія элемэнты (прамэт і тэхнэц ня маюць стабільных ізатопаў, а ў некаторых элемэнтаў, такіх як інд, каль ці вапень Ca, частка прыродных ізатопаў стабільныя, іншыя ж зьяўляюцца радыяктыўнымі).

Распад, які суправаджаецца выпусканьнем альфа-часьцінак, назвалі альфа-распадам; распад, які суправаджаецца выпусканьнем бэта-часьцінак, быў названы бэта-распадам (у цяперашні час вядома, што існуюць тыпы бэта-распаду без выпусканьня бэта-часьцінак, аднак бэта-распад заўсёды суправаджаецца выпусканьнем нэўтрына ці антынэўтрына). Тэрмін «гама-распад» прымяняецца рэдка; выпусканьне ядром гама-квантаў называюць звычайна ізамэрным пераходам.

Радыяактыўнасьць упершыню выявіў і пачаў вывучаць францускі навукоўца Антуан Анры Бэкерэль у 1896 годзе. Таксама фэномэн радыяактыўнасьці вывучалі Марыя Складоўская-Кюры, П’ер Кюры, Эрнэст Рэзэрфорд.

Падчас Другой сусьветнай вайны пачалася распрацоўка ядзернай зброі. У 1945 годзе на Хірасіму і Нагасакі ЗША скінула ядзерныя бомбы.

У 1986 годзе адбылася Чарнобыльская катастрофа.

Распад радыяактыўнага рэчыва адбываецца паводле наступнай формулы:

Час, за які колькасьць радыяактыўнага рэчыва меншае ўдвая, называецца пэрыядам паўраспаду:

Радыяактыўнае рэчыва можа мець пэрыяд паўраспаду ад доляў сэкунды да мільярдаў гадоў. Вонкавыя ўмовы на хуткасьць працэсу не ўплываюць.

Радыяактыўныя элемэнты, якія сустракаюцца ў прыродзе: ізатоп урану 238U (пэрыяд паўраспаду 4.47×109 гадоў), ізатоп урану 235U (пэрыяд паўраспаду 7.04×108 гадоў), ізатоп тору 232Th (пэрыяд паўраспаду 1.41×1010 гадоў).

Пэрыяды паўраспаду некаторых іншых элемэнтаў:

Выдзяляюць наступныя тыпы радыяактыўнага распаду: альфа-распад, бэта-распад, спантаннае дзяленьне, электронны захоп, ізамерны пераход. Падчас альфа-распаду ядро выпраменьвае альфа-часьцінку і ператвараецца ў ядро, зарад якога меншы на 2, а масавы лік — на 4. Падчас бэта-распаду выпраменьваецца электрон (альбо пазытрон) і антынэўтрына (альбо нэўтрына). Падчас электроннага захопу ядро захоплівае электрон з арбіты. Выпрамененныя бэта-часьцінкі маюць непарыўны спэктар энэргіі. Пры альфа- і бэта-распадзе пачатковае і канчатковае ядро часам знаходзяцца ва ўзбуджаным стане. Пераход зь яго ў стан зь меншай энэргіяй суправаджаецца гама-выпраменьваньнем. Калі час знаходжаньня ядра ва ўзбуджаным стане большы за 10−10 сэкунды, стан называюць ізамерным пераходам. Спантаннае дзяленьне — адвольнае расшчапленьне ядра на два аскепкі прыблізна роўнай масы; суправаджаецца выпраменьваньнем 2—3 нэўтронаў. Падчас аднаго акту спантаннага дзяленьня вылучаецца энэргія каля 160 МэВ, а пры іншых радыяактыўных ператварэньнях — ад дзясяткаў кэВ да некалькіх МэВ. Адзінка вымярэньня — распад у сэкунду, кюры.

Формулы распаду

Бэта-выпраменьваньне:

Электронны захоп:

Выпраменьне пазытрону:

α-распадам называюць спантанны распад атамнага ядра на даччынае ядро і α-часьцінку (ядро атам 4He).

α-распад, як правіла, адбываецца ў цяжкіх ядрах з масавай лічбай А≥140 (але ёсьць некалькі выключэньняў). Унутры цяжкіх ядраў за кошт уласьцівасьці насычэньня ядзерных сілаў утвараюцца адасобленыя α-часьцінкі, якія складаюцца з двух пратонаў і двух нэўтронаў. α-часьцінка, якая ўтварылася, зьяўялецца падвержанай вялікаму ўзьдзеяньню кулёнаўскіх сілаў адшутрхваньня ад пратонаў ядра, чым асобныя пратоны. Адначасова α-часьцінка адчувае меншае ядзернае прыцягненьне да нуклёнаў ядра, чым астатнія нуклёны. Альфа-часьцінка, якая ўтварылася на мяжы ядра, адлюстроўваецца ад патэнцыйнага бар’еру ўнутр, аднак зь некаторай верагоднасьцю яна можа пераадолець яго і выляцець вонкі. З памяншэньнем энэргіі альфа-часьцінкі пранікальнасьць патэнцыйнага бар’еру экспанэнцыйна памяншаецца, таму працягласьць жыцьця ядраў зь меншай даступнай энэргіяй альфа-распаду большая пры астатніх роўных умовах.

Правілы зрушэньня Соды для α-распаду:

Узор:

У выніку α-распаду элемэнт зрушваецца на 2 клеткі да пачатку табліцы Медзялеева, масавая лічба даччынага ядра памяншаецца на 4.

Бэта-распад — гэта працэс, пры якім ядро выпраменьвае дзьве часьцінкі. З-за наяўнасьці другога кампанэнту распаду спэктар энэргіі прадуктаў распаду непарыўны.

Амаль усе ядры маюць, акрамя асноўнага квантавага стану, дыскрэтны набор узбуджаных станаў з большай энэргіяй (выключэньнем зьяўляюцца ядры 1H, ²H, ³H и ³He). Узбуджаныя станы могуць засяляцца пры ядзерных рэакцыях альбо радыёактыўным распадзе іншых ядраў. Большасьць узбуджаных станаў маюць вельмі малую працягласьць жыцьця (менш за нанасэкунду). Аднак існуюць і дастаткова доўгажывучыя станы (працягласьць жыцьця каторых вымяраецца мікрасэкундамі, суткамі ці гадамі), якія называюцца ізамэрнымі, хоць мяжа паміж імі і кароткажывучымістанам вельмі ўмоўная. Ізамэрныя станы ядраў, як правіла, распадаюцца ў асноўны стан (часам празь некалькі прамежкавых станаў). Пры гэтым выпраменьваюцца адзін ці некалькі гама-квантаў; узбуджэньне ядра можа здымацца таксама пасродкам вылету канвэрсыйных электронаў з атамнай абалонкі. Ізамэрныя станы могуць распадацца таксама і пасродкам звычайных бэта- і альфа-распаду.

Атамныя рэактары, мэдыцына, хімія, ядзерная зброя.




#Article 222: Канстанцін Шышэя (186 words)


Шышэя, Канстанці́н (Шышэя, Касту́сь) (1921 — 11 сьнежня 2004) — змагар за беларускую незалежнасьць, антысавецкі дзеяч, камандзір Беларускай краёвай абароны падчас Другой сусьветнай вайны, ахвяра сталінскіх рэпрэсіяў.

Нарадзіўся ў вёсцы Шчорсы, каля Наваградка. Заможная сялянская сям’я з надзеламі ўласнай зямлі пазбавілася ўсяго нажытага падчас прыходу «саветаў» у 1939 годзе. Родныя згінулі ў вязьніцах, бацька расстраляны ў 1939, а 17-гадовы Канстанцін уратаваўся цудам.

У 1943 годзе падчас стварэньня беларускага батальёну пад кіраўніцтвам Барыса Рагулі стаў ягоным актыўным шарагоўцам у змаганьні з савецкімі партызанамі й чырвонымі, а потым і ад’ютантам Барыса Рагулі. За ад’ютанцтва ў батальёне Барыса Рагулі й антыкамуністычную прапаганду быў асуджаны й адбыў 10 гадоў у сталінскіх лягерах.

Жонка Лёдзя Шышэя адбывала лягер за сяброўства ў Саюзе беларускай моладзі. У бараках Інты й Караганды (Казахстан) склалася кола беларусаў-патрыётаў, повязь зь якімі не парывалася цягам усяго жыцьця. Гуртавала гэтую беларускую лучнасьць паэтка Ларыса Геніюш. Яна пазнаёміла Канстанціна Шышэю з будучай жонкай Лёдзяй. Пасьля вызваленьня Шышэі пасяліліся ў Вільні, бо ў БССР да палітзьняволеных ставіліся вельмі недобразычліва. Многія паліэмігранты й палітвязьні да апошніх дзён былі частымі гасьцямі віленскай кватэры Шышэяў.

Пахаваны Кастусь Шышэя 14 сьнежня на Эўфрасіньеўскіх могілках у Вільні.




#Article 223: Лацінская мова (263 words)


Лаці́нская мо́ва, лаці́на (саманазва: Lingua Latina) — мёртвая мова лаціна-фаліскай групы італійскай галіны індаэўрапейскай сям'і моваў, якая ў часы свайго росквіту, спрычыненага ранейшай да гэтага раманізацыяй Заходняй Эўропы, учыніла вялікі ўплыў на многія мовы сьвету.

Афіцыйная мова Ватыкану, Мальтыйскага ордэну і часткова каталіцкай царквы. Выкарыстоўваецца ў біялёгіі і мэдыцыне. Альфабэт — лацінскі. Паводле граматычнага ладу — флектыўная.
 
На лаціне размаўляла племя лацінаў у вобласьці Ляцыюм (Latium), у заходняй частцы сярэдняй Італіі. Першыя старажытныя пісьмовыя помнікі датуюцца 6-м стагодзьдзем да нашай эры. Напрыканцы ІІ ст. да н.э. стала дзяржаўнай мовай Рымскай рэспублікі (пазьней аднайменнай імпэрыі), у тым ліку заваяваных тэрыторыяў — Брытаніі, Дакіі, дзе як дзяржаўная мова ўплывала на тамтэйшыя мясцовыя мовы (кельцкія, ібэрыйскія, германскія і г.д.). У выніку на пэрыфэрыі Рымскай імпэрыі фармаваліся дыялекты лацінскай мовы (вульгарная лаціна), якія ў некаторых рэгіёнах выцесьнілі папярэднія карэнныя мовы (напрыклад, у Галіі і Дакіі) і разьвіліся ў новыя мовы на аснове лацінскай. Гэтыя мовы аб’ядноўвае агульнае паходжаньне ад лаціны, яны аб’ядноўваюцца як мовы раманскай групы. Найбольш прадстаўнічымі раманскімі мовамі зьяўляюцца гішпанская, француская, партугальская, італьянская ды румынская мовы.

У Сярэднявеччы лаціна сталася ў Эўропе міжнароднай мовай навукі, адукацыі, філязофіі й дыпляматыі. На ёй пісалі Ісак Ньютан, Томас Мор, Мікалай Капэрнік, Мікола Гусоўскі. Яе добра ведалі Францішак Скарына і Сымон Будны. У часы Адраджэньня беларуская моладзь Вялікага Княства Літоўскага вучылася ва ўнівэрсытэтах Заходняй Эўропы, вывучаючы ў іх лацінскую мову.

Пра ўплыў лацінскай мовы на беларускую сьведчаць шматлікія запазычаныя словы: адукацыя, аркуш, водар, гонар, літара, мэта, статут і г.д.

Па сёньняшні дзень лацінская мова выкарыстоўваецца для абазначэньня дыягназаў, лекаў у мэдычнай дакумэнтацыі, для абазначэньня біялягічных відаў. Лацінскія афарызмы часам выкарыстоўваюцца ў кніжнай мове.




#Article 224: 22 сакавіка (134 words)


 1623 — кароль і вялікі князь Жыгімонт Ваза надаў Себежу Магдэбурскае права і герб

 1675 — кароль Ангельшчыны Карл II заснаваў Каралеўскую абсэрваторыю ў Грынвічы
 1864 — на віленскім Лукіскім пляцы расейскія ўлады пакаралі сьмерцю на шыбеніцы Кастуся Каліноўскага
 1894 — першая хакейная гульня на Кубак Стэнлі

 1921 — у Вільні выйшаў першы нумар газэты «Беларускі звон»
 1935 — Пэрсія афіцыйна зьмяніла назву на Іран

 1957 — Амэрыканская асацыяцыя лекараў абвясьціла, што цыгарэтны дым выклікае рак
 1963 — выйшаў альбом «Please Please Me» брытанскага гурту «The Beatles»
 1991 — утварэньне Нацыянальнага алімпійскага камітэту Беларусі
 1993 — Intel прэзэнтаваў свой першы арыгінальны працэсар Pentium
 1995 — пасьля 438 содняў, праведзеных на станцыі «Мір», на Зямлю на «Саюзе ТМ-20» вярнуўся касманаўт Валеры Палякоў
 1997 — камэта Гэйла — Бопа наблізілася на мінімальную адлегласьць да Зямлі
 2004 — зь ізраільскага вэрталёту забіты Ахмэд Ясін, адзін з заснавальнікаў палестынскага руху Хамас




#Article 225: Старабеларуская мова (21212 words)


Ста́рабелару́ская мова (гістарычна ру́ская, літоўская, простая мова) — усходнеславянская мова, дзяржаўная і пісьмовая мова Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай, а таксама Малдаўскага княства, у аснову якой, на думку некаторых дасьледнікаў, лягла тагачасная народная беларуская мова, разглядаецца таксама як храналягічны этап у разьвіцьці беларускай мовы ў адрозьненьне ад сучаснай беларускай мовы. Мела значнае пашырэньне на землях Вялікага Княства Літоўскага да канца XVII стагодзьдзя, калі пачала саступаць месца польскай, захоўвалася ўва ўжытку (прынамсі юрыдычным) да другое траціны XIX стагодзьдзя, пакуль яе канчаткова ня выціснула расейская.

Першыя ўсходнеславянскія дыялектныя рысы, якія пазьней палеглі ў аснову асобных усходнеславянскіх моваў, пачынаюць узьнікаць з канца ХІ ст. Ужо пад пачатак ХІІІ ст. дзякуючы гэтым рысам у пісьмовых помніках выразна адрозьніваюцца тры ўсходнеславянскія мовы, а ў дачыненьні да беларускай яны канчаткова набліжаюцца да сучасных каля XVI ст. Гэтыя рысы ўжо з ХІІІ ст. ляглі ў аснову старабеларускай дзелавой мовы, якая была параўнальна блізкай да народнай з прычыны патрэбы абслугоўваньня ёй практычных народных патрэбаў. З канца XIV ст. пісьмовае выкарыстаньне гэтае мовы пашыраецца на ўсёй беларускай этнічнай тэрыторыі, а з канца XV ст. некалькі адрозныя пісьмовыя формы беларускай мовы кладуцца ў аснову першых сьвецкіх твораў. Канчатковага ўздыму старабеларуская мова дасягае ў сярэдзіне XVI ст., калі яе вельмі дэмакратычны, блізкі да дзелавога варыянт, становіцца трывалай мовай сьвецкіх і рэлігійных твораў, а ў самой мове ўва ўсіх яе жанрах уніфікуецца пісьмовасьць, якая паводле тых часоў становіцца надзвычай блізкай да жывога маўленьня. Адначасна, канчаткова складаецца наддыялектнае кайнэ з пэўнымі старабеларускімі рысамі, што было ў пэўнай ступені пазбаўлена беларускіх рысаў і што, такім чынам, дазволіла карыстаць мову на ўсёй прасторы ВКЛ, г. зн. і на этнічна ўкраінскіх землях. З канца XVI ст. у сувязі з царкоўнай палемікай выкарыстаньне мовы звужаецца з боку царкоўнаславянскае мовы, тады ж узьнікаюць першыя прыкметы палянізацыі, якія разам сталі сыстэматычнымі каля другой траціны XVII ст. Гэты працэс адзначыў сваё заканчэньне стратай беларускай мовай статусу мовы афіцыйных актаў ВКЛ у 1696 г.

Азначэньне «старабеларуская мова» ўвёў філёляг-славіст, дасьледнік беларускай этнаграфіі Я. Карскі (1893) на падставе яе роднаснай блізкасьці з народнымі беларускімі гаворкамі XIX ст.

У сучаснай беларускай гістарычнай і мовазнаўчай літаратуры часьцей за ўсё выкарыстоўваецца тэрмін старабеларуская мова, радзей замест яго выступае тэрмін беларуская мова; гэтыя ж тэрміны сустракаюцца ў беларускамоўнай навуковай літаратуры эпохі СССР. У дарэвалюцыйнай і сучаснай расейскай гістарычнай і лінгвістычнай практыцы найбольш часта ўжываецца тэрмін заходнеруская мова (), поруч зь якім выкарыстоўваецца таксама тэрмін руская мова (). Ва ўкраінскай гістарычнай і мовазнаўчай практыках часьцей ужываецца тэрмін стараўкраінская мова (), які звычайна датычыць азначэньня пісьмовай мовы ВКЛ цалкам. У заходнеэўрапейскай мовазнаўчай намэнклятуры старабеларуская мова, разам з паняцьцем стараўкраінская мова, разглядаецца як частка агульнага ідыёму і акрэсьліваецца тэрмінам руская мова (), да якой прылічваюць літаратурную мову ўсіх усходнеславянскіх тэкстаў, якія немагчыма пэўна прылічыць да царкоўнаславянскіх, і якія паходзяць з ВКЛ і Рэчы Паспалітай XIV—XVIII стагодзьдзяў. Гэтая думка падтрымліваецца польскай і летувіскай навуковымі школамі. У згаданых краінах, а таксама ў працах асобных аўтараў могуць ужывацца тэрміны пісьмовая мова ВКЛ, канцылярская мова ВКЛ і да т. п.

Гістарычныя назвы старабеларускае мовы з боку яе носьбітаў і замежнікаў-сучасьнікаў ускладняліся цяжкой сытуацыяй выкарыстаньня раду харонімаў і адсутнасьцю ў поўнай ступені нацыянальнай ідэнтыфікацыі ў сучасным разуменьні ва ўмовах тагачаснага фэўдальнага грамадзтва. Пэўныя парасткі рэнэсанснай зацікаўленасьці да этнічных працэсаў збольшага не паўплывалі на гэты працэс, а ў XVII ст. неадназначнасьць тэрмінаў у дачыненьні да адной мовы канчаткова разьвязалася карпаратыўнай, станавай дыфэрэнцыяцыяй.

З ХІІІ стагодзьдзя ў межах ВКЛ на базе гаворак, што паходзілі ад пляменных дыялектаў дрыгавічоў, паўднёва-ўсходніх крывічоў, часткова радзімічаў і севяранаў пачынае складвацца тагачасная беларуская мова, прычым у яе фармаваньні бралі ўдзел некаторыя з дыялектаў паўднёвых плямёнаў усходніх славянаў, але ў цэлым пачатак вылучэньня асобных рысаў сучасных усходнеславянскіх моваў можа быць аднесены на ХІ—ХІІ стагодзьдзі З гэтага ж пэрыяду, на думку шэрагу дасьледнікаў гісторыі Беларусі, адлічваецца пачатак этапу фармаваньня беларускага этнасу. Існуюць таксама і гіпотэзы, якія адносяць на пэрыяд XIII ст. канец утварэньня беларускага этнасу. У геаграфічным дачыненьні тагачасны арэал беларускага этнасу ахапіў тэрыторыі, абмежаваныя з усходу і захаду канцавінаю Смаленскае зямлі і басэйнам Бугу адпаведна, на поўначы і поўдні — Наўгародзкай зямлёй, верхавінамі Волгі ды басэйнам Прыпяці адпаведна, што суправаджалася разрывам між будучымі межамі этнічных арэалаў арэалу крывічоў, які ў выніку распаўся на паўднёва-заходнюю частку (частку будучага беларускага арэалу) і расейскую паўночна-ўсходнюю. Такім чынам, канец аб’яднаньню этнічных беларускіх земляў у складзе ВКЛ — дзяржавы, дзе тагачасная беларуская пісьмовая культура атрымала перавагу — быў скончаны ўключэньнем у склад ВКЛ Смаленскае зямлі (пра што гл. ніжэй).

Існуе меркаваньне, якое разглядае старабеларускую мову як выключна пісьмовую, якая мае царкоўнаславянскія або наогул штучныя карані, на якія ўплывалі мясцовыя беларускія і ўкраінскія гаворкі (З. Зінкявічус, Ё. Палёніс); погляд на старабеларускую мову як такую, што мела стараславянскую аснову з польскім і часткова ўсходнеславянскім уплывам выказвалася францускім лінгвістам А. Мартэлем. Прадстаўленае меркаваньне, згодна зь якім беларуская і ўкраінская этнічная тэрыторыі мелі мову агульнае прыроды.

Прынятая ў Расейскай імпэрыі афіцыйная канцэпцыя сьцьвярджала, што старабеларуская (беларуская) мова паходзіць з адзінай старажытнарускай прамовы, як і самі яе носьбіты разам з расейцамі і ўкраінцамі — з старажытнарускага этнасу. Але шэраг дасьледнікаў (С. Смаль-Стоцкі, Р. Піўтарак, В. Грыцкевіч і інш.) паказваюць на самастойнае паходжаньне кожнай з усходнеславянскіх моваў з агульнаславянскай прамовы. На карысьць гэтага паказваюць адлюстраваньне фанэтычных, граматычных і лексычных рысаў жывога беларускага маўленьня ўжо ў фактычна першых арыгінальных тэкстах, створаных на беларускай этнічнай тэрыторыі — граматах смаленскага князя Мсьціслава Давыдавіча з Рыгай і Гоцкім берагам (1229), полацкага япіскапа Якава (1300), вялікай княгіні Ўльяны царкве ў Азярышчах (1377) і інш. Але істотнай выяўляецца старажытнаруская моўная аснова гэтых помнікаў, выразна беларускія рысы гэтых помнікаў яшчэ не складаюць нормы, хоць помнікі масавага маўленьня — берасьцяныя граматы розных частак усходнеславянскае тэрыторыі — паказваюць на выразнае разбурэньне першай як літаратурнай нормы (гл. ніжэй). Тым ня менш, у навуцы палажэньне пра старажытнарускую мову як пра мову-продка і мову, што ўжывалася ўсходнімі славянамі да XIV ст., зьяўляецца агульнапрынятым, што датычна грамадзка-сацыяльнай, палітычнай і культурнай роляў старабеларускае мовы ў шэрагу галінаў пісьмовае дзейнасьці дапаўняецца пэўным суіснаваньнем (гл. ніжэй) пісьмовае культуры, што яўна засноўвалася на народным маўленьні (перадусім актавая пісьмовасьць), асацыяваным зь беларускім этнасам, і пісьмовае культуры, заснаванай на відавочна ўсходнеславянскіх і разам з тым вызначана небеларускіх сродках мовы (найранейшае летапісаньне ў ВКЛ). Нарэшце, вылучэньне старажытнарускае мовы з праславянскай і далейшы распад старажытнарускай ня сталі раўнамерным мэханічным працэсам: па ўсёй бачнасьці, старажытнаруская мова ўспадкавала шэраг праславянскіх дыялектызмаў, што потым знайшлі сваё адлюстраваньне ва ўсходнеславянскіх мовах (напрыклад, розныя формы дзеясловаў 1 асобы множнага ліку ці трэцяй асобы адзіночнага), некаторыя зь іх узьнікалі на будучай беларускай або ўкраінскай этнічных тэрыторыях ужо з ХІ—ХІІ стагодзьдзяў (гл. далей).

Найранейшай пісьмовай фіксацыяй старабеларускай мовы можна лічыць дагавор Полацку з Рыгай, складзены ў 1330 годзе. У гэты ж час дзяржаўныя пераўтварэньні аддзяляюць тагачасныя ўсходнеславянскія гаворкі сучасных Беларусі і Ўкраіны ад усходнеславянскіх гаворак цяперашняе Расеі. Полацкія і смаленскія дакумэнты гэтай эпохі сьведчаць пра пачатак працэсу складваньня тагачасных формаў беларускае мовы; адносна ўласна працэсу адасабленьня беларускіх гаворак з старажытнарускае мовы, на якіх была заснаваная старабеларуская пісьмовая мова, адметна, што мову берасьцяных граматаў асобных рэгіёнаў (у прыватнасьці, Віцебску) нельга адносіць да старажытнарускае літаратурнае традыцыі з прычыны амаль поўнай адсутнасьці ў іх царкоўнаславянскіх рысаў. Зь іншага боку, у пытаньні дзелавой мовы беларускай этнічнай тэрыторыі як паказьніку, што адлюстроўваў пісьмовую культуру на народнай моўнай аснове, мове актаў нельга аддаваць выключную ўвагу з прычыны падтрыманьня старажытнарускае мовы ў гэтай жа галіне (напрыклад, дзеяньне ў асобных рэгіёнах Рускай Праўды.

Нягледзячы на фармаваньне беларускага этнасу каля ХІІІ ст., на беларускай этнічнай тэрыторыі існавала два цэнтры палітычнае кансалідацыі: раньняе ВКЛ і палітычнае аб’яднаньне Полацкага ды Смаленскага княстваў. Гэтая адасобленасьць у сутнасьці захавалася і далей празь першапачаткова фэўдальны, г.зн. фэдэрацыйны характар ВКЛ, хоць у цэлым этнічная кансалідацыя беларусаў нават паскорылася (што асабліва важна на фоне існаваньня беларускай моўнай традыцыі на грунце смаленска-полацкіх гаворак). Тым ня менш, працяглая цэнтралізацыя, а таксама кансалідацыя пры дапамозе ўсходнеславянскага фэўдальнага права ў ВКЛ у асноўным скончылі працэс складаньня ВКЛ як фэўдальнае дзяржавы з ужыванай старабеларускай мовай. Усходнеславянскі этнічны кампанэнт у ВКЛ з часу яго паўстаньня быў большным колькасна і тэрытарыяльна, паралельна гэтаму працэсу балты ВКЛ засвойвалі ўсходнеславянскае фэўдальнае права, што падмацоўвалася эканамічнай моцай усходнеславянскіх земляў краіны.

Як меркаваў нарвэскі славіст К. Станг, на тэрыторыі ВКЛ з канца XIV ст. існавала некалькі тыпаў актавай старабеларускай мовы, якія адрозьніваліся адна ад адной граматычнымі і артаграфічнымі рысамі. Такія тыпы ўключалі ў сябе моўную форму Полацку, Віцебску і Смаленску, мову канцылярыі Вітаўта, мову граматаў Казімера, а таксама канцылярскую мову часоў Аляксандра. На думку Е. Курашкевіча, А. Сабалеўскага і К. Станга, дадаткова існавалі галіцкія і малдаўскія (агульнапаўднёвамаларускія) і валынскія ды беларускія граматы. У сваю чаргу, нават дэмакратычныя ў сваім напісаньні помнікі актавага пісьма засноўваліся на старажытнарускай традыцыі, хоць і адбывалася іх паступовае набліжэньне з народнаю мовай (гл. «Ступені дэмакратызацыі пісьма»), бо адносна старабеларускае мовы як зьявы пісьмовае культуры большае часткі яе існаваньня выяўляецца яе аснова зь беларускіх народных гаворак.

У моўнай форме Віцебску, Смаленску ды Полацку вылучалася цоканьне (зьмяшэньне гукаў  ды ), зьмяшэньне е ды і, а таксама зьвязка есме ў пэрфэкце. Такіх рысаў няма ў мове канцылярыі Вітаўта, якая падзяляе некаторыя характарыстыкі з моваю ўкраінскіх канцылярыяў. У пісьмовасьці часоў Казімера паўднёвавалынскі ўплыў зьмяншаецца, у выніку чаго форма мовы стала належыць да паўночнавалынскага або паўднёвабеларускага тыпу (пры гэтым тагачасныя граматы паходзяць у асноўным зь беларускіх рэгіёнаў, маючы, напрыклад, супадзеньне е і яць ва ўсіх пазыцыях). Пры Аляксандры мова стандартызуецца і дасягае стабільнай формы, а за часоў Жыгімонта Аўгуста зьнікае паўднёвы (украінскі) тып актавае мовы; тагачасная канцылярская мова ВКЛ выступала ўжо як мова, блізкая да беларускіх гаворак каля Вільні. У гэтай жа мове паступова распусьцілася і полацка-смаленская форма старабеларускай мовы.

На думку Янкі Станкевіча, з XIV стагодзьдзя літаратурная старабеларуская мова засноўвалася на гаворках паўднёвай Полаччыны. З XV стагодзьдзя ўплыў павялічылі гаворкі паўночнага ўсходу, але гэты працэс быў спынены літоўска-маскоўскімі войнамі, пасьля чаго літаратурная аснова мовы перасунулася на заходнія гаворкі цэнтральнага дыялекту. Урэшце, літаратурныя функцыі паступова замацаваліся за мескім кайнэ Вільні, у прыватнасьці, акты мяжы XVI—XVII стагодзьдзяў выступаюць як адзіныя ў моўным дачыненьні нягледзячы на паходжаньне з розных частак ВКЛ, а таксама Варшавы ці Кракава. Гэта паслужыла адным з чыньнікаў кансэрватыўнасьці пісьмовае старабеларускае мовы, г.зн. вымушала ўнікаць найбольш выразных беларускіх рысаў дзеля выкарыстаньня актаў ды іншых помнікаў на этнічна ўкраінскіх тэрыторыях.

Як устанавіў Я. Карскі, на народным грунце паступова выпрацавалася досыць штучная мова, якая стала выкарыстоўвацца як у дзяржаўных галінах дзейнасьці, так і ў іншых (напрыклад, сьвецкіх творах). На думку І. Лапа, вялікую ролю ў фармаваньні старабеларускай літаратурнай мовы адыгралі ня толькі фактары літаратуры, але і патрэбы дзяржаўных функцыяў. Тым ня менш, мова сялянства зьяўлялася досыць далёкай ад пісьмовай мовы, але да яе было бліжэйшым маўленьне вышэйшае клясы дзяржавы. Адметным зьяўляецца таксама той факт, што ў дзелавой літаратуры тых часоў уплыў мясцовых гаворак адбіваецца менш, чымся ў рукапіснай рэлігійнай літаратуры.

З часоў Крэўскай уніі пачынаецца працэс выцясьненьня старабеларускае мовы польскай. З XV ст. у сувязі з збліжэньнем з Польшчай царкоўнаславянская мова выцясьняецца спачатку з жыціяў, на замену якой прыходзіць старабеларуская мова, у пачатку наступнага стагодзьдзя старабеларуская мова займае нішу кананічных рэлігійных тэкстаў. У часы свайго найбольш актыўнага выкарыстаньня старабеларуская мова мела статус афіцыйнае мовы Вялікага Княства Літоўскага і ўжывалася як сродак зносінаў між тагачаснымі беларусамі і іншымі этнічнымі групамі краіны (летувісамі-аўкштайтамі, жамойтамі, латгаламі, татарамі, габрэямі, цыганамі, караімамі і інш.). Старабеларуская мова адзначаецца сучасьнікамі на мяжы XV—XVI стагодзьдзяў як паўсюдная прэстыжная мова летувісаў у ВКЛ. Ужо паводле стану на 1557 г. (рэфэрат пра мусульманаў ВКЛ, напісаны літоўскім татарынам асманскаму султану Сулейману) адзначаецца родны характар тагачаснае народнае беларускае мовы для большасьці літоўскіх татараў, хоць паланёныя татары ў бітве пад Клецкам (1506) мусілі захоўваць уласныя дыялекты. У прыватнасьці, не пазьней як у XVII ст. на старабеларускую мову быў перакладзены Каран, хоць верагодна, што старабеларуская мова выкарыстоўвалася ў літаратуры літоўскіх татараў з XV ст.

Эпохай росквіту дзелавой пісьмовасьці на старабеларускай мове можна лічыць XVI стагодзьдзе, калі на мове выйшла тры Статуты ВКЛ (1529, 1566, 1588), складаліся афіцыйныя дакумэнты агульнадзяржаўнага і мясцовага ўзроўню. У Другім літоўскім Статуце мова атрымала афіцыйнае замацаваньне. Пісьмовыя помнікі гэтага ж стагодзьдзя сьведчаць на карысьць складаньня на той час усіх характэрных асаблівасьцяў мовы, якія сталі ўласьцівымі і ў тым ліку сучаснай беларускай мове. Далей, як лічыцца, адбывалася паступовае разьмеркаваньне тых або іншых лінгвістычных рысаў паводле асобных дыялектаў мовы. Адначасна, з 1441 г. у Мэтрыцы ВКЛ фіксуецца корпус актаў на шэрагу іншых моваў (у прыватнасьці, на польскай і лаціне). Так, напрыклад, аддзел дакумэнтаў на лаціне канцылярыі ВКЛ ў другой палове 1530-х гг. узначальваўся двума пісарамі, а ўжываньне мовы як сродку перадачы афіцыйных зносінаў у ВКЛ ня стала поўнасьцю агульнадзяржаўным празь нярэдкае карыстаньне лаціны ў актах, выдадзеных пераважна этнічна летувіскім землям, а з канца XV ст. лаціна выкарыстоўвалася ў ВКЛ у актах фундацыі касьцёлаў, хоць выкарыстаньне старабеларускае мовы ў актах фундацыі касьцёлаў ВКЛ было прыкметным нават у канцы XVI ст. Урэшце, лаціна выкарыстоўваецца ва ўсіх агульназемскіх прывілеях ВКЛ з 1387 г. па другую палову XVI ст.

Да пачатку XVII стагодзьдзя на тэрыторыях этнічнага арэалу ўсходніх славянаў, у тым ліку і ў ВКЛ, дзейнічаў стан дыглясіі з удзелам царкоўнаславянскае і старабеларускае моваў, што прычынялася да выкарыстаньня абедзьвюх моваў у розных галінах грамадзтва і недапушчэньня іх ужываньня ў адной і той жа галіне. Дыглясія прыводзіла да выкарыстаньня аднаго і таго ж тэрміну датычна адразу старабеларускай і царкоўнаславянскай моваў. Летапісныя традыцыі ў пэўнай, хоць і меншай паводле маштабу ступені абумоўлівалі дыглясію старабеларускай ды старажытнарускай моваў, значна меншым і спэцыфічным было ўзаемадзеяньне старабеларускае мовы з польскай, расейскай і стараўкраінскай. Сукупнасьць генэтычна беларускіх моўных рысаў, супрацьпастаўленых наратыўным крыніцам і літургічным помнікам стала вынікам арыентацыі на іншую літаратурную мадэль, якая стала іншай у выніку своеасаблівага культурнага падтэксту першых паасобных уласнабеларускіх паводле мовы літургічных твораў (гл. ніжэй). У выніку, уласна тагачасная беларуская мова ў рознай ступені свайго праяўленьня была ўключана ў схему «рэлігійная і навуковая царкоўнаславянская літаратура — сьвецка-мастацкія помнікі з старажытнарускімі і старабеларускімі элемэнтамі — некананічная, бліжэйшая да жывой мовы літаратура — найбліжэйшая да народнай мовы дзелавая пісьмовасьць». Існаваньне гэтае схемы прыкладна да другой паловы XVI ст. суправаджалася паступовым вывадам зь пісьма старажытнарускае мовы.

У часы пашырэньня царкоўнаславянскае мовы ў галіне праваслаўных літургічных тэкстаў уласна царкоўнаславянская мова, у сваю чаргу, зазнавала ўплыў з боку старабеларускае мовы, што надае падставы шэрагу дасьледнікаў вылучаць асобны звод царкоўнаславянскае мовы ВКЛ. Гэты ўплыў, у прыватнасьці, вядомы з 1480-х гг., калі ў Кракаўскай друкарні, заснаванай магнатамі ВКЛ, выйшлі Трыёдзь каляровая (1483), Актоіх, Часаслоў, Псалтыр, Трыёдзь постная, Трыёдзь Каляровая (1491). Беларускі звод царкоўнаславянскае мовы таксама зафіксаваны дзякуючы помнікам ерэтычнага пісьменства мяжы XV—XVI стагодзьдзяў (гл. ніжэй). Нярэдка падобная беларусізацыя гэтага зводу адбывалася не стыхійна, а цалкам пасьлядоўна. Зрэшты, гэты працэс спыніўся зь сярэдзіны XVI ст., калі канчаткова акрэсьліліся галіны дзейнасьці старабеларускае і царкоўнаславянскае моваў, а значна менш беларусізаваная царкоўнаславянская мова атрымала падмацаваньне дзякуючы перадрукоўцы маскоўскіх твораў і рэлігійнаму змаганьню, якое прычынілася да росту інтарэсу да царкоўнаславянскай мовы ў канцы XVI ст. Гэтае функцыянальнае разьмежаваньне ў выніку фактычна аддало ў прэрагатыву старабеларускае мовы сьвецкую пісьмовасьць, царкоўнаславянскай — літургічную.

Пачынаючы зь сярэдзіны XVII ст. у сувязі зь міграцыяй шэрагу дзеячоў культуры ВКЛ у Маскоўскую дзяржаву ўплыў старабеларускае рэдакцыі царкоўнаславянскае мовы зьведала і царкоўнаславянская мова Масквы.

Падобнае ўзьдзеяньне, да прыкладу, зазнавала таксама польская мова (напрыклад, адметна старабеларускія запазычваньні ў дыярыюшах Мацея Стрыйкоўскага). Зь цягам палянізацыі арыстакратыі ВКЛ беларусізмы пранікалі ў вымаўленьне, лексыку, словаўтварэньне, што адлюстроўваюць лісты Жыгімонта Аўгуста, Сапегаў і Радзівілаў.

Дзякуючы пранікненьню ў ВКЛ ідэяў Рэнэсансу, Рэфармацыі і гуманізму адбываўся зрух з царкоўнаславянска-старабеларускай дыглясіі да сытуацыі білінгвізму, што, на думку, Б. Усьпенскага, стала вынікам капіяваньня сытуацыі лацінска-польскага білінгвізму ў Польшчы, якая на той момант выступала як пасрэднік пры атрыманьні ВКЛ ідэяў Заходняй Эўропы. На карысьць узьнікненьня білінгвізму ў ВКЛ і таго, што гэтая зьява зьявілася дзякуючы польскаму ўплыву, сьведчаць пераклады рэлігійных (але некананічных) твораў, у прыватнасьці «Страсьцяў Хрыстовых», «Аповесьці аб трох каралёх-валхвох» і «Жыціе Аляксея, чалавека Божага», ажыцьцёўленыя ў каталіцкім асяродзьдзі. Пачатак старабеларуска-царкоўнаславянскаму білінгвізму ў ВКЛ паклала ідэя перакладу Бібліі Скарынам, пры гэтым, аднак, у выданьнях Скарыны назіраецца сынтэз старабеларускіх і царкоўнаславянскіх элемэнтаў зь перавагай апошніх.

Актывізацыі ў XVI ст. беларускамоўнага разьвіцьця літургіі спрыяў рост увагі да народнае мовы як паказьніку грамадзкіх інтарэсаў у сувязі з інстытуцыяналізацыяй саслоўнае сыстэмы ВКЛ і ростам уплыву Рэфармацыі, што адбывалася на фоне зьяўленьня іншых славянскіх Бібліяў: так, у 1488 г. была выдадзеная поўная друкаваная чэская Біблія, зь сярэдзіны XV ст. узьнікае поўны польскі рукапісны пераклад. Працэс ня быў рэзкім і адбываўся пасьлядоўна: так, уплыў старабеларуска-царкоўнаславянскае дыглясіі назіраўся ў старабеларускіх тэкстах Сымона Буднага. Адзначаецца, што царкоўнаславянская мова мела ролю сымбалю непарушнасьці існых культурных установак, што прывяло да негатоўнасьці прыняцьця новых моўных ідэяў у асяродку праваслаўнае грамадзкасьці ВКЛ. Нягледзячы на тое, што працэс адмаўленьня ад дыглясіі збольшага быў закладзены Скарынам, у гэтую эпоху ўжо не назіраецца зьмяшэньня тэрмінаў адносна царкоўнаславянскай і старабеларускай: напрыклад, абноўлены, інавацыйны варыянт кірыліцы, якім друкаваліся выданьні Скарыны, акрэсьліваліся выдаўцом тэрмінам, асобным ад тэрміну для царкоўнаславянскае мовы (рускими словами а словенским языком), хоць наогул такія спробы назіраюцца ўжо на мяжы XV—XVI стагодзьдзяў. Тым ня менш, нягледзячы на перавагу царкоўнаславянскае лексыкі ды іншых элемэнтаў у творах Ф. Скарыны, ён акрэсьліваў мову шэрагу сваіх выданьняў як руский языкъ, што найлепш тлумачыцца этнічнай прыналежнасьцю патэнцыяльных іх адрасатаў. Разам з тым, гэты тэрмін Скарынам усё-ткі не выкарыстоўваўся ў дачыненьні да твораў зь меншаю колькасьцю беларусізмаў (Псалтыр, Апостал, Малая падарожная кніжыца). Сама ідэя існаваньня і складаньня падобных мяшаных твораў узьнікла праз зразумеласьць пэўных царкоўнаславянскіх формаў шэраговым чытачам у сувязі з пашырэньнем царкоўнаславянскае літаратуры. Захоўвалася таксама і ідэя царкоўнаславянскае мовы як паказьніку адзінае праваслаўнае культуры. У выніку, гэта прычынялася нават да шырокага зьмешваньня словаў тыпу власъ, врагъ, глава — волосъ, ворогъ, голова.

У гэты ж пэрыяд Васілём Цяпінскім зьдзяйсьняецца пераклад і выданьне Эвангельля на старабеларускай мове. Пры гэтым ужо з канца XIV ст. прасочваюцца пачаткі працэсу паступовай замены царкоўнаславянскіх і старажытнарускіх формаў на старабеларускія, які адбываўся стыхійна і адбіваўся нават на рэлігійных тэкстах. Непасрэдныя пераклады хрысьціянскіх тэкстаў на старабеларускую мову пачалі зьяўляцца, імаверна, з канца XV ст., але дагэтуль дайшлі толькі пэўныя тэксты пачатку XVI ст. (у прыватнасьці, «Ёў», «Рут», «Эклезіяст», «Прытчы Салямонавы», «Плач Ераміі», «Кніга Данііла Прарока», «Эсьфір»). Шэраг іх перакладзены з габрэйскіх ці заходнеславянскіх тэкстаў, пры гэтым адзін зь іх, «Песьня песень», часам неабгрунтавана адносіцца да ўкраінскіх. Шэраг іх адлюстроўвае як рысы, што збліжалі іх з мовай актавае пісьмовасьці, так і кардынальна інавацыйныя для тагачаснага традыцыйнага пісьма рысы Аднак, нават гэтыя помнікі ўтрымліваюць царкоўнаславянізмы.

Амаль не перакладаўся на старабеларускую мову Новы Запавет (вядомыя два пераклады Эвангельля), што, відаць, тлумачыцца яго вузкаспэцыялізаваным выкарыстаньнем, дзе пераважалі царкоўнаславянская мова (праваслаўе) або лаціна (каталіцызм).

Адначасова з ХІІ ст. існавала арыгінальнае летапісаньне на будучай беларускай этнічнай тэрыторыі, што доўжылася да XVI ст. і вядомае ў асобных сьпісах (Віленскі, Увараўскі, Супрасьльскі, Акадэмічны, гл. беларуска-літоўскія летапісы) альбо ў якасьці часткова захаваных фрагмэнтаў. Іх мова ў сутнасьці ўяўляе сабой у большасьці выпадкаў старажытнарускую, што датычыць перапісаных летапісаў, хоць часам яны маюць пэўную колькасьць беларусізмаў. Зь дзелавой пісьмовасьці, што адлюстроўвала стан тагачаснае беларускае мовы ў маўленьні большасьці яе носьбітаў, а таксама арыгінальныя літоўскія практыкі пісьма, у гэтыя помнікі летапісаньня адбывалася інфільтрацыя спэцыфічных артаграфічных прыёмаў. Інфільтрацыя беларусізмаў праяўлялася таксама ў наяўнасьці лексычных беларусізмаў, сынанімічных беларуска-старажытнарускіх параў, спэцыфічных старабеларускіх запазычваньняў. У якасьці інфільтраваных беларусізмаў або ступені іх насычанасьці можна разглядаць розную частасьць лексычных беларусізмаў і розную частасьць спэцыфічных прыкметаў г.зв. другога паўднёваславянскага ўплыву.

У другой палове XVI стагодзьдзя выкарыстаньне старабеларускае мовы пашыраецца дзякуючы пранікненьню мовы ў канфэсійную галіну, адбывалася разьвіцьцё дзелавой камунікацыі на гэтай мове. Пашырэньне выкарыстаньня старабеларускае мовы цягнула за сабою яе стабілізацыю з прычыны павелічэньня колькасьці пісьмовых узораў мовы; рост прэстыжу старабеларускае мовы засьведчаны дзякуючы перакладам на мову літургічных дакумэнтаў неславянскіх этнасаў ВКЛ (татараў, габрэяў). Падобны рост статусу старабеларускае мовы зьвязваецца з зьнікненьнем уплыву царкоўнаславянскае мовы, таксама на гэтае ж стагодзьдзе прыпадае выпрацоўка нормаў лексыкі, артаграфіі і граматыкі дзелавой старабеларускай мовы, прычынаю чаго, імаверна, стала ўзьдзеяньне народнае мовы або імкненьне да набліжэньня да яе. Самай прагрэсіўнай галіной графікі старабеларускай дзелавой мовы выявілася графіка, дзе адбылося адкіданьне дублетных графічных сродкаў.

Недастатковае разьвіцьцё культурнай, этнічнай, грамадзкай ідэнтыфікацыі беларускага насельніцтва ВКЛ, манаполія царквы на шэраг галінаў культурнае дзейнасьці прычыніліся да таго, што ў пэрыяд ХІІІ—XV ст. сьвецкая і рэлігійная літаратура сілкавалася пераважна з старажытных крыніцаў, г.зн. у строгім дачыненьні не адносілася да помнікаў старабеларускае мовы. Аднак з пашырэньнем у ВКЛ актавага пісьменства старабеларуская мова пакрысе інфільтравалася ў іншыя галіны культурнае дзейнасьці, што ў XV ст. выявілася ў выглядзе зьяўленьня перакладаў такіх твораў як «Пакуты Хрыста», «Жыціе Аляксея, чалавека божага», «Аповесьць аб трох каралёх-валхвох» (гл. ніжэй), хоць гэты працэс ішоў павольна да сярэдзіны XVI ст. і адзначаўся існаваньнем вялікага корпусу арыгінальных літоўскіх летапісаў, напісаных на старажытнарускай мове (гл. вышэй). Што ж датычыць сьвецкай арыгінальнай літаратуры, то да ўкладаньня поўных зводаў этапнай зьявай стала «Аповесьць пра Падольле», чыя старабеларуская, дастаткова дэмакратычная мова тлумачыцца сьвецкім асяродзьдзем аўтара. Традыцыі беларускамоўнага летапісаньня пасьля неўзабаве напісанай «Хронікі Вялікага Княства Літоўскага і Жамойцкага» прадоўжыліся дзякуючы складаньню «Хронікі Быхаўца».

З пачатку XVI ст. старабеларуская мова стала прадметам школьнага навучаньня, хоць пра гэта захаваліся пераважна ўскосныя зьвесткі. З канца таго ж стагодзьдзя гэтае вывучэньне ўзрастае ў брацкіх школах (якіх у ВКЛ існавала больш за дваццаць), што ўзьніклі як рэакцыя на Берасьцейскую царкоўную унію і ставілі на мэце падрыхтоўку адукаваных палемістаў. Вывучэньне мовы тлумачылася патрэбаю перакладу хрысьціянскіх тэкстаў на старабеларускую мову і яе пэўнай роляй як паказьніку культурнай ідэнтычнасьці ў супрацьвагу росту асыміляцыі. У сваю чаргу, дзеля папулярызацыі рэлігійнага ўплыву іншых канфэсіяў вывучэньне мовы было разгорнута ў каталіцкіх і ўніяцкіх школах.

Далейшае павелічэньне корпусу літаратуры на старабеларускай мове абумоўлівалася распачатым з XVI ст. працэсам адасабленьня карпарацыйных інтарэсаў, узмацненьнем сэкулярызацыйных поглядаў і зьмяншэньнем манаполіі царквы на культурную дзейнасьць, што ў цэлым закладала глебу для ўспрыманьня ідэяў Адраджэньня і Рэфармацыі, і каталізавалася кантактамі з заходнеэўрапейскай культурай; гэтыя ж культурныя плыні вялі да дэмакратызацыі ўласна моўнае культуры і пашырэньня ўжываных жанравых сродкаў. Гэты працэс прычыняўся да адчуваньня патрэбы ў перакладных творах, што прывяло да напісаньня «Гісторыі Троі», «Александрыі», «Аповесьці аб Трышчане» і г.д. Актывізацыя Рэфармацыі і пранікненьне яе ідэяў у ВКЛ спараджалі далейшае разьвіцьцё літаратуры шляхам патрэбы прасоўваньня гэтых ідэяў, згодна зь іх дактрынай, сярод простага насельніцтва, што прычынілася да дзейнасьці Буднага. Досьвед ранейшых адзінкавых схізматычных перакладаў твораў на беларускую народную мову таго часу стварыў падставу для складаньня арыгінальных царкоўных твораў, пачатак чаго зьвязаны з выданьнем Сымонам Будным Катэхізісу (1562 г.) і «Апраўданьня грэшнага чалавека перад Богам» (1562 г., не захаваўся). Каля 1580 г. Васілём Цяпінскім-Амельяновічам было перакладзена Эвангельле, што пасьля Псалтыру зноў азнаменавала тэндэнцыю да перакладу найвядомых хрысьціянскіх твораў, але ў неправаслаўных плынях пранікненьне старабеларускае мовы ў рэлігійную літаратуру ў пэўнай ступені спынілася праз папулярнасьць пратэстантызму пераважна сярод фэўдалаў, што спарадзіла згортваньне выданьня блізкае да народнае мовы рэфармацкае літаратуры. Адначасова, у 1556-1561 гг. зьявілася ўкраінскае Эвангельле, але яно адлюстроўвае ў цэлым большую ўвагу ва ўкраінскіх ваяводзтвах ВКЛ да спадчыны царкоўнаславянскае мовы. Аднак у выніку ключавой асаблівасьцю Рэфармацыі ў ВКЛ у параўнаньні з рэфармацыйнымі працэсамі ў астатніх краінах Эўропы ў этнакультурным дачыненьні стала параўнальна шырокае выкарыстаньне ў рэфармацкай пропаведзі немясцовых моваў (у прыватнасьці, польскай), а таксама адсутнасьць сацыяльнае базы Рэфармацыі, што, такім чынам, не прыводзіла да істотнага пашырэньня выкарыстаньня старабеларускае мовы. Стараўкраінская мова ў сутнасьці яшчэ не пераадолела дыглясіі з удзелам царкоўнаславянскае мовы, што паглыбіла разьмежаваньне яе з старабеларускай.

Разам з тым, структурна старабеларускімі зьяўляюцца пераклады канца XV ст. твораў «Пакуты Хрыста», «Жыціе Аляксея, чалавека божага», «Аповесьць аб трох каралёх-валхвох», зробленыя ў каталіцкім асяродзьдзі, хутчэй за ўсё, не з царкоўнаславянскіх сьпісаў і асобамі, мала знаёмымі з царкоўнаславянскай традыцыяй.

Побач з комплекснай перабудовай схемы галінаў, дзе выкарыстоўвалася старабеларуская мова, зь сярэдзіны XVI ст. пасьля стабілізацыі лексыкі, граматыкі і артаграфіі мова ўваходзіць у стан наддыялектнае нівэліроўкі. Помнікі пісьма розных рэгіёнаў ВКЛ практычна ня маюць дыялектных рысаў, што падтрымлівалася, у прыватнасьці, перапісваньнем кніг. У сваю чаргу, пэўная нівэліроўка адбылася ў літаратурнай мове адносна яе дыялектнай асновы.

На мяжы XVI—XVII стагодзьдзяў на старабеларускай мове пачынаюць складацца палемічныя творы, што было прычынена падзеямі Берасьцейскай уніі; друкаваныя тэксты гэтае галіны мелі больш архаічны характар з прычыны ранейшага выкарыстаньня царкоўнаславянскае мовы ў друку, у той час як рукапісныя палемічныя творы былі больш набліжаныя да народнага маўленьня. Тым ня менш, выкарыстаньне тагачаснае старабеларускае мовы ў рэлігійным дачыненьні было частковым і найчасьцей было пашырана ў пропаведзях і тлумачэньнях рэлігійных твораў. Інтарэс да царкоўнаславянскае мовы — афіцыйнае мовы праваслаўнае літургіі — стаў зноў падвышацца дзякуючы змаганьню ідэолягаў праваслаўя і каталіцызму, што ўзнавіла пранікненьне царкоўнаславянскіх рысаў у старабеларускую пісьмовасьць. З 1596 г. па сярэдзіну XVII ст. назіраецца імкненьне да інстытуцыяналізаванага вывучэньня ў ВКЛ царкоўнаславянскае мовы, друк на апошняй значна перавысіў беларускі (гл. ніжэй), хоць у пэўнай ступені ўласна беларускамоўная адукацыя падтрымлівалася як брацкімі школамі, так і іх ідэалягічнымі апанэнтамі ў каталіцкім і ўніяцкім асяродзьдзі. Віленская кангрэгацыя 1636 г., у прыватнасьці, забавязала ўніяцкіх прапаведнікаў выкарыстоўваць беларускую мову ў набажэнстве. Старабеларускае пісьменства ў сутнасьці дасягае найвышэйшага стану разьвіцьця дзякуючы замацаваньню наддыялектнага кайнэ, уніфікацыі пісьма ў актавай пісьмовасьці (пры гэтым побач з уніфікацыяй у пісьмо часам пранікалі ўсё большыя спробы адлюстраваньня народнага вымаўленьня, пра што гл. ніжэй) і стварэньню перакладных твораў, маўленьне якіх таксама надзвычай блізкае да народнага (аповесьць пра Трыстана, аповесьць пра Баву, гісторыя аб Атыле, кніга пра Тундала), пры гэтым апошнія не былі зьвязаныя з архаізаванымі пратографамі

Да сярэдзіны XVII стагодзьдзя ўсё мацней пачала праўляцца тэндэнцыя да дыфэрэнцыяцыі старабеларускай мовы і тагачасных формаў украінскае мовы. Акрамя таго, структурныя адрозьненьні, а таксама сьведчаньні сучасьнікаў гавораць на карысьць яўнага разьмежаваньня паміж старабеларускай і тагачаснай расейскай мовамі. Ва ўласна Маскоўскай дзяржаве існаваў тэрмін «беларускае пісьмо», пад якім разумелі лексычныя і графічныя рысы афіцыйнай мовы ВКЛ, што адрозьнівалі яе ад пісьмовае мовы Масквы (гл. вышэй). Усьведамленьне блізкімі паводле мовы расейцамі старабеларускае мовы як асобнай выяўлялася нават у перакладзе беларусізмаў у зьмяшаных беларуска-царкоўнаславянскіх тэкстах (напрыклад, у расейскім сьпісе «Арыстотэлевых варотаў» пачатку XVII ст.). На мяжы XVI—XVIІ стагодзьдзяў паралельна гэтаму працэсу адбылося канчатковае разьмежаваньне сьвецкіх твораў як твораў, дзе ўжывалася старабеларуская мова, і твораў літургіі, дзе ўжывалася царкоўнаславянская, што было падрыхтавана існым на той час досьведам рознага выкарыстаньня дзьвюх памянёных моваў, іх адасобленага ўяўленьня і ростам цікаўнасьці да рэлігійных твораў у сувязі з ростам Контррэфармацыі, адказам на якую стаў спэцыфічны ўздым праваслаўнае культуры (гл. вышэй).

На думку К. Станга, паступовы працэс звужэньня карыстаньня старабеларускае мовы на карысьць польскай адлічваецца прыкладна з 1480 г.. Працэс заняпаду ня стаў строга дыяхранічным і суправаджаўся мясцовымі або вузкагаліновымі дыфузнымі ўплывамі цягам практычна ўсёй маштабнай пісьмовай гісторыі мовы, але найбольшы ўздым атрымаў толькі паступова і пасьля 1569 г. па складаньні Люблінскай уніі, калі былі закладзеныя больш трывалыя і інстытуцыяналізаваныя перадумовы для сыстэматычнага выцісканьня мовы з грамадзкага ўжытку. У навастворанай дзяржаве Рэчы Паспалітай адбывалася паступовая палянізацыя мясцовага насельніцтва ВКЛ, перш за ўсё буйных магнатаў і шляхты, з гэтай прычыны старабеларуская пісьмовая мова зазнала заняпад і ўрэшце была выведзеная з справаводзтва 29 жніўня 1696 г.. Працэс выцясьненьня старабеларускае мовы і згасаньня дзейнасьці на ёй нельга ўспрымаць лінейна і аднабакова, бо адначасна рост антыпалянізацыйных імкненьняў у праваслаўным асяродзьдзі міжволі прычыняўся да выцясьненьня старабеларускае мовы царкоўнаславянскай, г. зн. у пэўнай ступені ішоў працэс, адваротны таму, што адбываўся да сярэдзіны XVI ст.

Скарачэньне ўжываньня старабеларускае мовы намецілася ўжо прыкладна ў сярэдзіне XV стагодзьдзя (гл. вышэй), і ў мэтах прадухіленьня працэсу палянізацыі, у другім і трэціх статутах ВКЛ быў упершыню замацаваны статус старабеларускай мовы як афіцыйнай мовы ў княстве. Гэтыя захады знаменавалі сродкі, ужываныя ў часе абмеркаваньня дзяржаўнае уніі між ВКЛ і Польшчай магнатэрыяй ВКЛ, якая мела імкненьні па захаваньні асобнасьці ВКЛ. Ранейшае ўжываньне старабеларускае мовы ў афіцыйным унутрыпалітычным жыцьці ВКЛ разумелася ў сьвятле традыцыйных уяўленьняў.

Асобнае рэгіянальнае значэньне, мала зьвязанае ў сваіх пачатках з агульным працэсам палянізацыі на большай частцы беларускай этнічнай тэрыторыі, мела палянізацыя на Падляшшы. Палянізацыя Падляшша гістарычна не зьвязаная зь Люблінскай уніяй і сыходзіць да часоў актыўнае міграцыі ў рэгіён мазавецкае шляхты, асабліва ў Дарагічынскую зямлю. Пра маштабы палянізацыі ў гістарычнай рэтраспэктыве гаворыць тое, што пасьля наданьня польскага права Дарагічынскай зямлі мясцовая шляхта запатрабавала перакладу помнікаў польскага заканадаўства з лаціны на старабеларускую мову (параўн. з тэмпамі польскае калянізацыі ў той жа пэрыяд на Падляшшы). Прывілей 1516 г. загадваў дасылаць скаргі ў земскія суды падляскіх земляў на лаціне, а 1530-х гг. старабеларуская мова з кніг земскіх судоў Падляшша зьнікае.

Палянізацыя афіцыйнага жыцьця і шляхты як палітычна правамоцнага насельніцтва рэгіёну падтрымлівалася існаваньнем там даўняе грамады з нашчадкаў польскіх перасяленцаў з Мазовіі; на мясцовым узроўні польская мова часам выкарыстоўвалася і да 1569 г.. Яшчэ да Люблінскай уніі падляская шляхта на сойміках ВКЛ скіроўвала просьбы аб тым, каб вялікакняская канцылярыя ВКЛ выдавала гэтай шляхце акты па-польску ці на лаціне, абгрунтоўваючы гэта неразуменьнем «рускага пісьма». У прыватнасьці, ужо на сойме 1547 г. падляская шляхта ад імя вялікага князя стала атрымліваць «рэспонсы» (т.б. адказы) па-польску. Гэты працэс сустракаў супрацьдзеяньне з боку магнатэрыі ВКЛ, скіраванай на захаваньне асобнасьці дзяржавы, з чым быў павінен лічыцца вялікі князь, і ў выніку просьба падляскіх зямянаў на Віленскім сойме 1565—1566 гг. аб выданьні Падляшшу вялікакняскіх актаў на польскай мове ці лаціне засталіся незадаволенымі, такі ж вынік мела просьба дарагічынскае шляхты ў 1568 годзе.

Агульныя, комплексныя падмуркі для ўспрыманьня палянізацыі ў ВКЛ закладаліся таксама на ўзроўні ўсёй краіны ў выглядзе палітычнае кан’юнктуры ў зносінах шляхты і буйной арыстакратыі. Першая была фармальна ўраўнаваная з панствам у 1413 і 1447 гг., што актывізавала ў ВКЛ змаганьне гэтых дзьвюх арыстакратычных груповак, у выніку чаго шляхта з 1560-х гг. у якасьці сродку палітычнага змаганьня выказала прыхільнасьць абмеркаваньню абнаўленьня уніі з Польшчай. Нягледзячы, аднак, на ўзьнікненьне ў пэўнай ступені спрыяльнае глебы да збліжэньня з Польшчай у выглядзе падтрымкі шляхтай перагляду уніі, неўзабаве яе ўмовы, што поўнасьцю ўраўноўвалі палякаў і літвінаў, паслужылі на карысьць далучэньня шляхты да антыпольскай магнацкай апазыцыі, хоць пазьнейшыя зьвесткі відавочна адлюстроўваюць, што гэта не спыніла пачаткі палянізацыі сярод пэўных колаў грамадзтва краіны.

З 1449 г. за Маскоўскім княствам была прызнаная першая частка беларускай этнічнай тэрыторыі — Ржэўская зямля. Цягам чатырох войнаў ВКЛ і Маскоўскае дзяржавы ў пэрыяд 1492—1522 гг. ад ВКЛ на карысьць Масквы пасьлядоўна перайшлі Вязьма; Бранск, Белы, Старадуб; Смаленск. Вывучэньне мовы маскоўскага пэрыяду найбуйнейшае з гэтых тэрыторыяў — Смаленскае зямлі — ускладненае амаль поўнай стратай актаў за пэрыяд 1514—1611 гг.. Захаваныя акты мясцовага справаводзтва і чалабітныя Смаленскай зямлі 1609—1611 гг. укладзеныя па-расейску.

Да заняпаду старабеларускае мовы значна прычынілася складаньне Люблінскай уніі 1569 году, хоць фармальнага афіцыйнага становішча мовы яна не зьмяніла. Іншымі чыньнікамі заняпаду старабеларускае мовы сталі вайсковыя канфлікты на тэрыторыі ВКЛ другой паловы ХVII — пачатку XVIII стагодзьдзяў, што прыводзілі да скарачэньня насельніцтва; а таксама дэзынтэграцыя насельніцтва краіны паводле сацыяльна-рэлігійнае прыналежнасьці.

Адметны фактар заняпаду старабеларускае (стараўкраінскай, «рускай» мовы) у выніку Люблінскай уніі, уплыў якога быў працяглым і сыстэмным, замацаваным у часе і дапоўненым шэрагам прыкметных культурных і грамадзкіх зьяваў, выявіўся ў працэсе паступовага далучэньня трох этнічна ўкраінскіх ваяводзтваў і Падляшша беспасярэдне да Каралеўства Польскага як адной з умоваў уніі. У выніку шэрагу няўдалых перамоваў арыстакратычных колаў ВКЛ і Польшчы адносна ўмоваў уніі, што доўжыліся з 1562 г., Польшча адмовілася ад плянаў інкарпарацыі ўсяго ВКЛ і засяродзілася на тэрытарыяльных прэтэнзіях на шэраг земляў, у прыватнасьці, Валынь. Па заканчэньні гэтых падзеяў 5 сакавіка 1569 г. быў выдадзены прывілей аб далучэньні Падляскага ваяводзтва да Польшчы, 26 траўня — аб далучэньні Валыні. У апошні прывілей на просьбу мясцовай арыстакратыі было дададзена палажэньне аб захаваньні «рускай» мовы ў судох і ўстановах, пры гэтым на той жа мове прадпісвалася выдаваць у тым ліку акты каралеўскай канцылярыі і каралеўскіх ураднікаў; прэрагатыва польскае мовы адносна Валыні скарацілася толькі да актаў местам Валыні. У большасьці сваёй захоўвалася і дзеяньне Статуту ВКЛ. 2 чэрвеня валынскі прывілей быў пашыраны і на Брацлаўскае ваяводзтва. У траўні пачалося далучэньне Кіеўскага ваяводзтва, што прычынілася да выданьня рэгіёну прывілею такое ж сутнасьці. Аналягічныя моўныя правы ў прывілеі такога ж характару, выдадзеным Падляшшу, ня згадваюцца. У сілу гэтае ж уніі старабеларуская мова ўкраінскіх ваяводзтваў стала зазнаваць спробы выцісканьня і палянізацыю. Гэты працэс ня стаў пасьлядоўным і ў вядомай ступені запавольваўся як зазначанымі прывілеямі тром украінскім ваяводзтвам, так і выключна мясцовымі фактарамі. Так, за Стэфана Баторыя брацлаўская шляхта настойвала на выкананьні палажэньня аб афіцыйным статусе «рускае» мовы, пра гэта згадвала і кіеўская шляхта. На беларускай этнічнай прасторы — на Падляшшы — палянізацыя адбывалася крыху хутчэй, чым у ВКЛ. Зь іншага боку, пра складанасьць этнакультурных уяўленьняў сьведчыць прыхільнасьць дарагічынскага і бельскага мяшчанства і дробнае валынскае шляхты ў пытаньні далучэньня да Польшчы.

Урэшце, пастановы Люблінскага сойму 1569 г., а таксама наступныя прывілеі манархаў Рэчы Паспалітай гарантавалі выкарыстаньне мясцовае мовы, але гэты парадак стаў парушацца манаршай канцылярыяй, якая ня рупілася пра пераклад актаў. Да таго ж, ужо разьдзел ІІІ артыкулу 32 ІІІ Статуту ў пэўных умовах дазваляў выкарыстоўваць польскую мову ў справаводзтве найвышэйшых колаў каталіцкае царквы ў ВКЛ, хоць фармальна гэты працэс не працякаў аднастайна: так, соймавая канстытуцыя 1581 г. пацьвердзіла вядзеньне ў ВКЛ справаводзтва на старабеларускай мове. Апошнія захады падтрымліваліся магнатэрыяй, што рупілася пра захаваньне асобнасьці ВКЛ ад Польшчы, што побач з пачаткам пранікненьня польскае мовы ў актавую дзейнасьць прычынілася да абароны старабеларускае мовы паводле ІІ і ІІІ Статутаў.

Ужо В. Цяпінскім у прадмове да ўласнага перакладу Эвангельля (1580) адзначаная страта нацыянальнай ідэнтычнасьці ў найвышэйшых колаў грамадзтва ВКЛ, што ім тлумачылася заняпадам адукацыі і маралі духавенства. Пасьля Люблінскай уніі ў асяродзьдзі этнічна балтыйскае знаці складаецца пэўная апазыцыя супраць выкарыстаньня старабеларускае мовы, што праяўлялася ў імкненьні да нібыта роднаснай летувіскай мове лаціны, што падмацоўвалася міталягічнымі палажэньнямі аб паходжаньні балтаў ВКЛ ад лацінаў (гл. Палямон). Адным з адметных прадстаўнікоў гэтай апазыцыі сярод балтаў ВКЛ стаў тагачасны гісторык Міхалон Літвін, які ў 1550 г. выразіў думку, што старабеларуская мова не адпавядала плянам па культурным разьвіцьці літоўскае знаці і не спрыяе разьвіцьцю грамадзкіх пачуцьцяў, у сувязі з чым прапаноўвалася адмова ад старабеларускае мовы, што стала ў ВКЛ першым такім поглядам. Іншым прыхільнікам падобных ідэяў стаў тагачасны віленскі войт Аўгустын Ратундус, які ў 1576 г. у сваім перакладзе Статуту ВКЛ адзначыў быццам бы роднасны для балтаў характар лаціны і зьвярнуў увагу на падабенства старабеларускае мовы да мовы тады варожай Маскоўскае дзяржавы, а таксама некаторую неўнармаванасьць старабеларускае мовы, прапагандуючы ўвядзеньне лаціны нават у гутарковым асяродзьдзі і вітаючы адкрыцьцё школы езуітаў у Вільні, уважаючы, што пераход на лаціну нібы прызнаў Ісус Хрыстос. Гэтыя захады на знаць балцкага паходжаньня, аднак, не паўплывалі.

У 1585—1595 гг. сярод шляхты часткова пранікае мода падпісваць свае імёны і прозьвішчы ў актах па-польску з даданьнем зваротаў ręką własną, ręką swą, у пачатку наступнага стагодзьдзя яна амаль пашыраецца сярод усёй найвышэйшай знаці і сярод уніяцкага ды праваслаўнага духавенства. З пачатку XVII ст. пачынаюць зьяўляцца польскамоўныя акты, якія фармальна не парушалі нормы ІІІ Статуту дзякуючы напісаньню традыцыйных пачатковых і канчатковых формулаў на старабеларускай мове. Зь сярэдзіны таго ж стагодзьдзя акты нярэдка мелі дадатковы кароткі выклад на польскай, а поўнасьцю беларускія акты сталі рэдкімі. Існавалі акты з традыцыйнымі беларускімі фармулярамі і асноўным тэкстам на лаціне. Пра тэмпы палянізацыі ў тагачасным этапе гісторыі ВКЛ дае гісторыя перавыданьняў ІІІ Статуту: у 1614, 1619, 1648 гг. яны адбываліся па-польску.

Польская мова ўжо пад канец XVI ст. адчувальна пранікла ў царкоўную палеміку, хоць тады ж апалягеты уніі і каталіцызму ў прапагандысцкіх мэтах карысталі старабеларускую мову. Польская мова часткова пранікала і ў асабісты ўжытак у выглядзе мовы мэмуарнае літаратуры з пачатку XVII ст.. Палянізацыю зазнавалі і некаторыя іншыя жанры літаратуры ўжо ў другой палове XVI ст. (напрыклад, паэзія). Адметна, аднак, што ў першай палове XVII ст. існаваў пэўны попыт на старабеларускую перакладную літаратуру (хронікі М. Стрыйкоўскага, А. Гваньіні, «Вялікая хроніка»). Нягледзячы на імкненьне да супрацьстаяньня каталіцызацыі і палянізацыі сярод праваслаўнага насельніцтва ВКЛ пасьля Люблінскай і асабліва Берасьцейскай уніі, памянёны працэс прычыніўся да імкненьня пашырыць вывучэньне царкоўнаславянскае мовы, што назіралася з канца XVI па сярэдзіну XVII стагодзьдзя («Граматыка» Л. Зізанія-Тустаноўскага, 1596 г.; «Лексыкон» П. Бярынды, 1653 г.). У прыватнасьці, канец XVI — пачатак XVII стагодзьдзяў адзначыліся ростам колькасьці друкарняў у ВКЛ, і ў выніку з пачатку XVI да канца XVII стагодзьдзя ў літоўскіх друкарнях выйшла звыш 260 кніг, зь іх толькі каля 40 на старабеларускай, некаторыя зь іх мелі старабеларускія прадмовы, далей гэтая дынаміка расла: у Супрасьльскай друкарні цягам XVII—XVIII 80% твораў было выдадзена на польскай мове. Пашырэньне царкоўнаславянскае мовы падтрымлівалася часткай праваслаўных сьвятароў, што выступалі супраць рэфармацкіх ідэяў аб сьвятых тэкстах на народнай мове, і ў выніку выданьне царкоўнаславянскіх Бібліяў узнавілася («Эвангельле Вучыцельнае», 1569, Еўе), што ў мэтах умацаваньня незалежнасьці ВКЛ у процівагу Польшчы падтрымаў гетман ВКЛ Хадкевіч. Увага з боку праваслаўных дзеячоў да царкоўнаславянскае мовы ў пачатку XVII ст. выяўлялася і ў адмаўленьні паўнавартасьці выкарыстаньня старабеларускае мовы ў культурнай дзейнасьці. У сваю чаргу, з канца XVI па сярэдзіну XVII стагодзьдзя адбываецца пэўнае зьбядненьне друкаванае старабеларускае літаратуры з прычыны перавагі ў ёй павучальнае і прапаведніцкае літаратуры, палемічныя творы гэтае ж канфэсіі з 1620-х гг. становяцца пераважна польскамоўнымі, аднак гэты працэс зноў не праводзіўся пасьлядоўна дзякуючы існаваньню рукапісных спробаў перакладу Бібліі, агіяграфічных твораў і г. д. Апошнія нярэдка цяжка паддаюцца ідэнтыфікацыі як старабеларускія альбо стараўкраінскія з прычыны адсутнасьці пазначэньня месца іх складаньня, хоць цікаўнасьць уяўляе іх датыроўка (Зборнік № 82 з Куцеіну: року а̃хѯѳ (1659), Зборнік RKF-255 зь Вільні: року а̃хоз (1667). Блізкая зьместам рукапісная літаратура зазнавала дэградацыю зь сярэдзіны XVII ст. у выглядзе звужэньня яе корпусу, друкаваная — за кошт яе звужэньня да канфэсійнага жанру і перавагі царкоўнаславянскіх твораў сярод гэтых старадрукаў. Адначасна, з другой паловы XVII ст. тэматыка палянізацыі закранаецца ва ўласна літаратуры («Прамова Мялешкі», другая траціна XVII ст.; «Ліст да Абуховіча», 1655 г.), што пэўным чынам сьведчыць пра згаданы працэс з пункту гледжаньня гэтых твораў як крыніцаў па этнакультурных працэсах на беларускай этнічнай тэрыторыі таго часу.

З 1620-х гг. у актах канцылярыі ВКЛ старабеларуская мова істотна саступае польскай, а з 1630-х гг. акты на ёй з канцылярыі выдаюцца эпізадычна.

У час вайны Рэчы Паспалітай і Маскоўскае дзяржавы 1654—1661 гг. да 1655 г. была захопленая практычна ўся этнічна беларуская частка тагачаснага ВКЛ. На захопленай тэрыторыі справаводзтва вялося на расейскай мове. Шляхта земляў ВКЛ на захад ад Бярэзіны атрымала прывілеі на захаваньне літоўскага заканадаўства ва ўласным судаводзтве. Паводле Андрусаўскага замірэньня на карысьць Расеі былі пакінуты ўсход беларускай этнічнай тэрыторыі (Смаленскае ваяводзтва) і левабярэжная Ўкраіна. Левабярэжная Ўкраіна да канца XVIII ст. захоўвала стараўкраінскую мову як мову мясцовага справаводзтва, і тэрыторыя былога Старадубскага павету, што ўвайшла ў склад аўтаномнай казацкай Украіны, захоўвала ў актах уласную мову да 1782 г. Акты мясцовага справаводзтва і мясцовыя прыватнаправавыя акты складаліся на аснове старой літаратурнай традыцыі з улікам мясцовых гаворак, што дазваляе аднесьці гэтую мову да старабеларускай.

З часу XVII—XVIII стагодзьдзяў вядомая страта старабеларускае мовы ў асяродзьдзі літоўскіх габрэяў, прычынаю чаго паслужыла павелічэньне міграцыі габрэяў зь нямецкіх дзяржаваў, якія выкарыстоўвалі ідыш. З XVII ст. пад уплывам палянізацыі польская мова пачала выцясьняць зь літургіі літоўскіх татараў старабеларускую мову, што прычынілася да яе поўнага зьнікненьня ў памянёнай галіне ў XVIII ст., хоць пераклад Карану на польскую мову зьявіўся ўжо ў часы сучаснае беларускае мовы (1857). Прыкладна да сярэдзіны XVII ст. старабеларуская мова захоўвала функцыі мовы актавага справаводзтва на тэрыторыі этнічнае Летувы, г.зн. захоўвала ранейшую надэтнічную функцыю прэстыжнае мовы (гл. вышэй).

Разам з тым, нягледзячы на агульны заняпад старабеларускае мовы і скарачэньне яе галінаў карыстаньня мова працягвала захоўвацца як традыцыйны сродак дыпляматычнага кантактаваньня між Рэччу Паспалітай і Масковіяй, хоць у 1646 годзе ў сувязі з дапушчэньнем памылак у тытулятуры маскоўскага цара паслы Рэчы Паспалітай прапаноўвалі адмовіцца ад выкарыстаньня старабеларускае мовы на карысьць польскай.

Зь сярэдзіны XVII ст. акрэсьліваецца выразная традыцыя ўяўленьня нізкага сацыяльнага прэстыжу мовы, што, зь іншага боку, прычынілася да ўжываньня тагачаснае беларускае мовы ў г.зв. інтэрмэдыях; беларускае маўленьне запісвалася польскім альфабэтам і падавалася ў пэяратыўным кантэксьце. Першы твор з падобнымі ўстаўкамі складзены ў ВКЛ у 1651 г.. Гэтая традыцыя, а таксама шэраг вершаў і корпус асобных твораў іншых жанраў («Руская пропаведзь» 1697 г.) працягвала існаваньне ў канцы таго ж стагодзьдзя, а таксама ў XVIII ст. поруч зь вершамі ранейшае старабеларускае пісьмовасьці, літаратура старабеларускай пісьмовай традыцыі фрагмэнтарна існавала і ў другой палове таго ж стагодзьдзя. Роля старабеларускае мовы ў літаратуры звузілася таксама праз выкарыстаньне ў другой палове XVII — XVIII стагодзьдзі царкоўнаславянскае мовы.

Разам з гэтым, уплыў польскай мовы выявіўся практычна на ўсіх узроўнях старабеларускае мовы, што было зьвязана палітычным уплывам і зьяўленьнем новых паняцьцяў. Нягледзячы на гэта, цягам усяго XVIII стагодзьдзя старабеларуская мова знаходзіла выкарыстаньне ў іншых галінах (напрыклад, у якасьці рэплік у тагачасных камэдыях, дзе рэплікі на старабеларускай мове надаваліся галоўным чынам простым пэрсанажам з мэтаю асьмейваньня мовы; у пэўнай ступені на актавую пісьмовасьць не пашыралася пастанова 1696 г.). У мове гэтай галіны дзейнасьці сустракаюцца беларускія простамоўныя словы (якія нярэдка супадаюць зь лексыкай сучаснай беларускай мовы), дыялектызмы, русізмы і палянізмы, у пісьмовасьці гэтага пэрыяду вылучалася збліжэньне этымалягічнага правапісу з фанэтычным (як у сучаснай беларускай мове). Маўленьне гэтага пэрыяду ў цэлым заклала асновы новай беларускай літаратурнай мовы, гэтыя варыянты старабеларускае мовы былі зьвязаныя з народнымі гаворкамі. Помнікі беларускага маўленьня гэтага пэрыяду былі абмежаваныя пераважна корпусам тэкстаў камэдыйна-драматычнага жанру, што праз падобную жанравую звужанасьць абумовіла разрыў між старабеларускай і сучаснай беларускай моўнымі традыцыямі, хоць у дзелавой пісьмовасьці і сьвецкіх літаратурных творах (Прамова Мялешкі, Ліст да Абуховіча) ранейшых часоў складваліся перадумовы да пераходу да новае літаратурнае традыцыі. Асобнае параўнальнае значэньне з прычыны маленькае колькасьці тагачасных старабеларускіх мае апошні вядомы беларускі старадрук, «Збор выпадкаў кароткі» (1722, Супрасьлеўскі манастыр). Твор адлюстроўвае ўзмацненьне арыентацыі на царкоўнаславянскую традыцыю і істотна большую колькасьць царкоўнаславянізмаў як у лексыцы, так і ў афармленьні граматычных формаў. Наогул між старабеларускай мовай і беларускай мовай сучаснага пэрыяду пераемнасьць не адзначаецца. Разрыў між старабеларускай пісьмовай мовай і новай літаратурнай беларускай мовай выклікаўся найбольшым ужываньнем першай у актах, што, такім чынам, крытычна скараціла абсяг ужываньня мовы праз палянізацыю знаці ВКЛ. Іншая прастора старабеларускае мовы захоўвалася ў канфэсійнай, мастацкай і гістарычнай літаратуры, якія ў ХІХ ст. ужо не ўжываліся, будучы выцесьненымі паэзіяй і публіцыстыкай. Старабеларускія помнікі часьцяком існавалі ў адзінкавых экзэмплярах і апыналіся ў архівах ды бібліятэках толькі зь сярэдзіны ХІХ ст. У выніку, для наступных беларускіх аўтараў досьвед старабеларускае мовы выявіўся непатрэбным і нават фізычна недаступным. Падобны пераход да народнае мовы ў літаратурнай творчасьці ў XVIII ст. адбыўся і ў дачыненьні да стараўкраінскае мовы.

Цягам ХІ—XIV стагодзьдзяў адбылося падзеньне рэдукаваных старажытнарускіх ь, ъ, што пазьней адлюстравалася ў тым ліку і на лексычным і марфалягічным узроўнях мовы.

Некаторыя з асаблівасьцяў мовы пачынаюць адлюстроўвацца ўжо ў пісьмовых дакумэнтах ХІІІ—XIV стагодзьдзяў, складзеных на тэрыторыі этнічнага арэалу будучага беларускага этнасу. Сярод іх у фанэтыцы пераход ѣ  е (ехати, тобе, мне, у дворе, хотелъ, терпети), выпадзеньне ініцыяльнага и (шолъ), пераход е  o пасьля шыпячых (бочокъ, пришолъ, хочомъ), паляталізацыя заднянёбных г, к, х  з, ц, с (в Різѣ), цоканьне (толькі ў смаленска-полацкіх гаворках, гл. вышэй). Тэксты часоў ХІІІ стагодзьдзя паказваюць існаваньне пераходу в  у (у Ризе, уздумал). Адначасова безнаціскное  зазнавала пераход у  пасьля зьмякчэлых зычных, а таксама зацьвярдзелых ж, ч, ш, ц. Гэтая зьява, а таксама згаданы пераход    таксама адлюстраваны ў пісьмовых помніках, складзеных у Смаленскім і Полацкім княствах XIII—XIV стагодзьдзяў (ажо, сельце, въдѣ, хълопу). Паралельна гэтаму, зацьвярдзеньне шыпячых, відавочна, адбывалася ў значнай ступені павольна і скончылася параўнальна позна, бо перад шыпячымі не наглядаецца згаданага пераходу   , які адбываўся толькі ў пазыцыі пасьля мяккага зычнага і перад цьвёрдымі зычнымі (параўн. суч. нясеш, мяцеш, цешча). З гэтага ж часу ў якасьці ўласьцівасьці старабеларускае мовы пісьмовыя помнікі фіксуюць разьвіцьцё доўгага  ў пазыцыях перад дзьвюма насавымі зычнымі або доўгімі насавымі (каменны, румены). Прасочваецца адлюстраваньне на пісьме ѣ як е перад складамі зь ненаціскным  (седить, детина), ъ у прэфіксах перад йь як ы (зыйдеть, падыйметь, падыйдеть), адлюстраваньне ненаціскнога я як е (светы, месец, паметь, поес, любеть, любечы). Ліст рыскага магістрату да віцебскага князя, датаваны 1271—1280 гг., адлюстроўвае пераход націскнога ѣ  е, уласьцівы паўночна-ўсходняму дыялекту беларускае мовы, у той час як на астатняй частцы этнічнай беларускай тэрыторыі пад ѣ па-ранейшаму разумелася дыфтангічнае вымаўленьне (захоўвае гэты характар, напрыклад, у граматыцы Яна Ўжэвіча 1643 г. у выглядзе блытаньня лацінскіх i/ie пры перадачы кірылічных тэкстаў: мыслѣте — mysliete, у той час як украінскае ѣ  i ім перадавалася церазь и: слузи, дузи, черзи. Параўн. таксама імаверную асаблівую паўднёва-заходнюю рэфлексацыю яць у «Дыярыюшы» А. Філіповіча ў назоўніках рознага тыпу меснага склону: в мѣсти, на дереви, в кїеви. Насуперак пазьнейшаму выданьню Ўжэвіча, творы Скарыны, насычаныя беларусізмамі, паказваюць на зьліцьцё ѣ ды е з прычыны іх блытаніны на пісьме (дрѣво, лѣнъ, полѣ замест належных напісаньняў з этымалягічным е; вера, гнездо, место зь е замест ѣ). Урэшце, мажлівая адсутнасьць адзінага вымаўленьня ѣ у старажытнарускую эпоху, пасьля чаго ўжо каля ХІ ст. ѣ стаў рэалізоўвацца як и або е. Верагодна, што найраней зьнікненьне ненаціскнога яцю адбылося на нейкай частцы будучай беларускай этнічнай тэрыторыі каля ХІ—ХІІ стст. у сувязі з узьнікненьнем новага тыпу націску (гл. ніжэй), на што паказвае параўнальна позьняе пашырэньне неадрозьненьня ѣ ды е з Смаленска-Полацкага рэгіёну на расейскія землі. Пасьля страты каля ХІІІ ст. ô ў смаленска-полацкім дыялекце ў ім жа яць зьнікнуў поўнасьцю, што, мажліва, адбылося пасьля пераходу    перад цьвёрдымі зычнымі, пасьля чаго яць стаў зьнікаць па ўсёй беларускай тэрыторыі. Паралельна гэтаму, яшчэ да падзеньня рэдукаваных у гаворках будучае ўкраінскае мовы поруч з будучымі паўднёва-заходнімі беларускімі адбылося падаўжэньне о ды е перад ерамі ў слабых пазыцыях, якія пасьля зьведалі манафтангізацыю (гл. спарадычныя выпадкі адлюстраваньня гэтых рысаў у старабеларускай пісьмовасьці).

Меркавана да ХІ ст. на поўдні ўсходнеславянскае тэрыторыі пачалося зацьвярдзеньне . Пад канец XIV ст. узьнікаюць узоры напісаньня цьвёрдага  у помніках з тэрыторыі тых беларускіх дыялектаў, дзе гэтая зьява існавала (сентебра, терать, Дрысы, шэраг прывілеяў 1395—1399 гг.). Эпіцэнтрам зацьвярдзеньня гуку, хутчэй за ўсё, сталі гаворкі захаду беларускай этнічнай тэрыторыі на поўнач ад Прыпяці.

З ХІІ ст. помнікі будучай украінскай этнічнай тэрыторыі адлюстроўваюць зацьвярдзеньне зычных у сярэдзіне слова перад зычнымі па зьнікненьні ь, на беларускай этнічнай тэрыторыі гэта адлюстроўвае адзін з прывілеяў 1398 г. (земълю). Тады ж або пазьней адбывалася зацьвярдзеньне канцавога паўмяккага м у творным склоне назоўнікаў мужчынскага роду адзіночнага ліку, прыметнікаў, займеньнікаў, лічэбнікаў, у месным склоне мужчынскага і ніякага родаў тых жа часьцінаў мовы, у першай асобе адзіночнага ліку цяперашне-будучага часу атэматычных дзеясловаў, не падтрыманага аналёгіяй іншых мяккіх формаў. Ва ўкраінскай мове гэты працэс пашырыўся дзякуючы зацьвярдзеньню губных перад ’а і ўзьнікненьню ёту, гэты працэс ахапіў і паўднёва-заходні дыялект беларускае мовы (пйац’, мйаса, рабйаты).

У згаданай катэгорыі смаленска-полацкіх помнікаў паказанае адлюстраваньне націскнога е як о пасьля шыпячых перад цьвёрдымі (шолъ, пришолъ, пошолъ, оу чомь), пры гэтым у іншых пазыцыях падобнае не назіраецца з прычыны немажлівасьці перадачы тагачаснымі сродкамі пісьма  пасьля мяккіх зычных (што спарадзіла захаваньне этымалягічных напісаньняў кшталту оутеклъ, путемъ). З прычыны этымалягічнага характару правапісу ўзьніклае аканьне параўнальна часта выяўлялася ў блытаньні на пісьме этымалягічных е ды о (хочом, можемъ, аже, ажо, княжо), пры гэтым смаленскае еще паводле стану на ХІІІ ст. фіксуецца толькі ў формах празь е. Нягледзячы на разьвіцьцё пераходу    ў падобных да слова еще канцавых пазыцыях у цяперашнім паўночна-ўсходнім дыялекце беларускае мовы, формы тыпу еще рэалізоўваліся праз  прынамсі да XVII ст., што адлюстравана, у прыватнасьці, бліжэйшымі да народнага маўленьня Аль-Кітабамі (пра што гл. ніжэй) гэтага ж стагодзьдзя (напрыклад, аналягічныя сучасным формы [майо́], [твайо́], [свайо́], [чыйо́] існуюць побач з [майэ́], [твайэ́], [свайэ́], [чыйэ́]). Пазыцыйны пераход    ў канцы ХІІІ ст. (ліст рыскага магістрату 1271—1280 гг.) адлюстроўваўся пераважна заменай на пісьме в на оу (с тобою оу витебьсце, стояли ту оу дворе, поехалъ оу витьбескъ, онъ оуборзѣ), найбольш яскрава гэтая зьява стала адлюстроўвацца па падзеньні зычных у сувязі зь лягчэйшай у выніку гэтага зьменай зычнага ў . Урэшце, мажлівае ўзьнікненьне гэтае зьявы на паўднёвым захадзе ўсходнеславянскае тэрыторыі яшчэ ў старажытнарускі пэрыяд. Пазыцыйны пераход    у полацка-смаленскіх помніках таго ж часу адлюстроўваўся ў напісаньнях накшталт дѣтьское свое пославъ, ты имъ выдавъ розбоиника. Пасьля пераходу моцных ераў ъ, ь  о, е пэўны час захоўвалася традыцыйнае напісаньне, што ў смаленскіх помніках ХІІІ — пач. XIV стст. прычынялася да гіпэркарэкцыі (со великою, со собою, со гостемъ поруч з с ними, с коньми, с темь; миро замест миръ, путь чисто замест путь чистъ), у той час як рэдукаваныя палі каля ХІІ—ХІІІ стст. Адначасова дыялектам Смаленскае зямлі часам прыпісваюць існаваньне выбухнога  да XV ст. і (існае раней) адрозьненьне галосных о ды ô.

У сваю чаргу, аканьне магло разьвіцца яшчэ ў праславянскую эпоху, з часоў якой было захавана ў старабеларускай мове. Зь іншага боку, імаверная магчымасьць узьнікненьня гэтае зьявы першапачаткова ў цэнтральнай частцы беларускай этнічнай тэрыторыі, зь якой аканьне пазьней ахапіла ўсю памянёную тэрыторыю. Яно выяўлялася яшчэ з канца ХІІІ ст. у выглядзе гіпэркарэкцыі (памылковае выпраўленьне на чаканую граматычную ці пісьмовую форму на месцы напісаньня іншай этымалёгіі): так, у згаданым лісьце магістрату Рыгі належнае, этымалягічнае а слова скарлат (назва гатунку тканіны) заменена на о (дали ему скорлата порть), нягледзячы на паходжаньне слова ад . Тып аканьня ў народнай тагачаснай мове вызначаўся ў розных варыянтах, але назіраньні за захаванымі помнікамі найбольш верагодна паказваюць на моцны (поўны) тып аканьня. Дзякуючы гіпэркарэкцыі ўскосна адлюстраванае зацьвярдзеньне  (котории замест належнага этымалягічнага которыи).

Крыху пазьней у адрозьненьне ад аканьня, адлюстроўваецца яканьне (при вѧлико[и] дарозѧ, кніга маршалкоўскага суду 1510—1517 гг.).

У той жа катэгорыі помнікаў (смаленская грамата 1229 г.) знайшло сваё адлюстраваньне асыміляцыйнае азванчэньне глухіх зычных. З XIV ст. на пісьме адлюстроўваецца аглушэньне на канцы словаў і перад глухімі, што тлумачыцца не пазьнейшым узьнікненьнем гэтае заканамернасьці, а хутчэй уплывам граматычных формаў тыпу [дуп] ~ [дуба]. Зрэшты, на ўсім поўдні і паўднёвым усходзе, а таксама часткова на паўночным захадзе, паўночным усходзе і цэнтры беларускага этнічнага арэалу існуюць гаворкі з захаваньнем звонкасьці, крыху больш пашырана захоўваецца звонкасьць у сярэдзіне слова.

Параўнальна позна (на ўзоры стараўкраінскае мовы — не раней XVII ст.) узьнікае пратэтычнае  перад о, и, значна больш пашыраным і адлюстраваным істотна раней (зь сяр. ХІІІ ст.) ва ўсіх усходнеславянскіх дыялектах стала пратэтычнае  ці . Аднак нават ужываньне апошніх было найбольш пасьлядоўным на паўднёвым захадзе ўсходнеславянскіх земляў, поруч зь імі значна старэйшае паходжаньне можа мець і пратэтычнае , якое ў якасьці асноўнага арэалу мела Палесьсе.

Адпаведна асаблівасьцям паўночна-ўсходняга дыялекту, з ХІІІ ст. назіраецца мена ч/ц (цоканьне): мець «меч», черньчи, доконцанъ, немчи, што захоўвалася і далей у літаратурнай форме старабеларускае мовы паўночнага ўсходу пазьнейшага ВКЛ (пра што гл. вышэй). Нават па зацьвярджэньні і паступовым асталяваньні ў старабеларускай мове стандартаў іншых гаворак у XV ст. сыстэматычныя апіскі полацкіх пісцоў захоўвалі рысы тыпу цоканьня, мены ж-з, ш-с. Зь іншага боку, гэтая рыса не зьяўляецца адметна старабеларускай з прычыны яе існаваньня яшчэ ў старажытнарускую эпоху, прычым у дыялектах, што пазьней будуць падзеленыя этнічнымі межамі (смаленска-полацкі, пскоўскі, наўгародзкі).

Па падзеньні рэдукаваных усходнеславянская тэрыторыя была падзеленая новай ізаглёсай, на паўночны ўсход ад якой у асабовых дзеяслоўных формах і прыметніках назоўнага склону адзіночнага ліку мужчынскага роду выкарыстоўваліся канчаткі -oj, -ej, на паўднёвы захад ад яе — -ўі, -ĭі, хоць з XIV ст. апошнія сталі пашырацца і ў расейскай мове.

Спарадычна на пісьме адбіваюцца прыстаўныя  перад зьбегамі зычных на  (к орши, ильнѧными, иржа). Побач з гэтым дастаткова шырокае мяшаньне формаў прыназоўніка-прыстаўкі з/с з и і безь яе (ис нимъ, из братомъ, але зѧславъ, с полоцка).

Пасьля гэтае зьявы, а таксама зьнікненьня паўмяккіх і зацьвярдзеньня  і губных і не пазьней за зацьвярдзеньне шыпячых, хутчэй за ўсё, адбылося падваеньне зычных перад j, што пачало адллюстроўвацца ў старабеларускай пісьмовасьці з XIV ст. і асабліва з XV ст.

Спарадычна старабеларуская пісьмовасьць адлюстроўвае зьвязаны яшчэ з старажытнарускім этапам меркаваны пераход ’а  е ў выніку звужэньня галосных пасьля зьмякчэньня паўмяккіх зычных у ХІІІ—XIV стст. (непреетелю, Чэцьця 1489 г.; неприетеля, Катэхізіс Буднага 1562 г.), хоць у асноўным яны тлумачацца як артаграфічны прыём (гл. ніжэй). Прыкладна з ХІІ ст. у гаворках будучае ўкраінскае мовы адбывалася зацьвярдзеньне зычных перад е ды і і страчваньне адрозьненьня мяккіх і паўмяккіх, што скончылася ў ХІІІ ст. і часткова закранула тагачасныя беларускія гаворкі, у прыватнасьці, заходнепалескія. Па зьнікненьні паўмяккіх зычных, прынамсі не пазьней XIV ст. узьніклі афрыкаты  (цеканьне і дзеканьне), якія спарадычна адлюстроўваюцца з пачатку XV ст. (людзи, прывілей 1409 г.; сець, ԝцецъ, выцесал), больш пасьлядоўна таксама ў пазьнейшай пісьмовасьці.

На думку У. Анічэнкі, колькасьць падобных прыкладаў была параўнальна маленькай, аднак у будучыні яны выступілі ў якасьці ўзораў пісьма. Існыя крыніцы пэрыяду XV—XVII стст. нярэдка адлюстроўваюць, аднак, значна большае трыманьне артаграфічных канонаў старажытнае пісьмовасьці і наадварот, імавернае адлюстраваньне іншых рысаў, што ўскладняе мэтадалёгію вывучэньня тых ці іншых рысаў з улікам таго, што напісаньне тэкстаў не заўсёды можа быць зьвязана з карэнным жыхаром рэгіёну.

Дастаткова шырока ў старабеларускім пісьменстве адбіваюцца розныя тыпы асыміляцыі зычных (оддати, блиские, мнозство). Дзякуючы балтыйскаму ўплыву ўзьніклі пазыцыйная мяккасьць зычных і ётацыя пры зьбегах галосных.

З XIV ст. у старабеларускіх помніках зрэдчас адлюстроўваецца існаваньне другога паўнагалосься (городость, моланья, Чэцьця 1489 г.; тороговля, Тайна тайных XVI ст.), але гэтая зьява не складала фанэтычнае заканамернасьці і рэдкая ў тым ліку і ў сучаснай беларускай мове. Гэтая рыса агульная, імаверная, для крывічоў і наўгародзкіх славенаў з VIII ст. і стала больш выразнай па падзеньні рэдукаваных. Іншыя дасьледаваньні адносяць іх да паўночнарускіх асаблівасьцяў, што зьяўляюцца запазычанымі ў іншыя беларускія гаворкі і ўкраінскую мову. Да прыватных асаблівасьцяў падзеньня рэдукаваных у фармаваных гаворках беларускае мовы адносяцца розныя пазыцыі моцных і слабых ераў у назоўным і ўскосным склоне, праз што моцныя і слабыя еры выраўноўваліся ў назоўным склоне на ўзор ускоснага. Падобны да рэдукаваных ераў характар мелі рэдукаваныя ы, и (густый, шиꙗ, лий), якія, у адрозьненьне ад ераў, у беларускай і ва ўкраінскай праясьніліся ў падобныя ж ы, и (параўн. суч. густы́, шыя, лі; густий, шия, лий).

На працягу XIV—XVI стагодзьдзяў у тагачаснай старабеларускай мове разьвіваюцца такія фанэтычныя рысы, як зацьвярдзеньне , пераход гістарычна паляталізаваных  у паляталізаваныя афрыкаты  (цеканьне і дзеканьне) і да т. п. Старым формам украінскай мовы старабеларуская разам з расейскай была супрацьпастаўленая дзякуючы пашырэньню аканьня (гл. вышэй), пераходу    ў становішчы перад цьвёрдай зычнай і пасьля мяккай зычнай, супадзеньню праславянскага *ě з  (гл. вышэй) і аглушэньню звонкіх зычных на канцы словаў. Разам з тым, тагачасныя формы ўкраінскай і беларускай моваў былі супрацьпастаўленыя расейскай праз разьвіцьцё ў першых дзьвюх паляталізацыі ў давальным і месным склонах (параўн. суч. назе, руцэ, , але ); надзвычай пашыранае (у параўнаньні з расейскай) выкарыстаньне фрыкатыўнага ; пераход праславянскіх напружаных рэдукаваных галосных у ы пры існаваньні ў наступнай пазыцыі *j (у адрозьненьне ад расейскага о: адсюль узьнікненьне спалучэньняў ый, ий); пераход спалучэньняў ръ, рь, лъ, ль  ры, лы ў выніку складаўтварэньня ў іх па падзеньні рэдукаваных (раскрывавленья, прывілей 1432 г.; на кристе, хрищон); пераход пачатковага ненаціскнога и  й выпадзеньне першага ў пачатку (з лѣсомъ, з лугами, стомился); частае разьвіцьцё пратэтычных ; пераход гістарычных в, л   у спалучэньнях *tъlt, *tьlt, у дзеяслоўных формах мінулага часу адзіночнага ліку (пивъ і г. д.) і ў асобных словах з складамі на л; падваеньне зычных між галоснымі ў выніку асыміляцыі наступнага ; амаль усе зь іх сталі вынікам падзеньня рэдукаваных зычных. У часы існаваньня рэгіянальных формаў старабеларускае мовы існавалі пэўныя дыялектныя адрозьненьні, якія адлюстроўваліся на пісьме. Адначасова на XV ст. у старабеларускай пісьмовасьці прыпадаюць першыя адлюстраваньні падваеньня зычных тыпу brat’t’a і пераход ky, gy, xy  k’i, g’i, x’i, хоць рэшткі першага варыянту вымаўленьня існуюць у шэрагу сучасных беларускіх гаворак. Пачатак гэтае зьявы сыходзіць у старажытнарускі пэрыяд (ХІІ — першая пал. ХІІІ стст.) і ў якасьці першапачатковага рэгіёну мела басэйн Дняпра.

Каля XV ст. адбываецца зацьвярдзеньне ц, пра што сьведчыць адсутнасьць перад ім пераходу   .

Зацьвярдзеньне  выяўляецца асобна дзякуючы гіпэркарэкцыі пры напісаньні словаў з гэтым гукам і ў пазьнейшых помніках (ԝбрюсъ, мирю, душю, залежѧть, кажють, хочю, Катэхізіс Буднага). У катэхізісе Буднага прадпрынятая адна зь першых спробаў перадаваньня пераходу    у выглядзе пашырэньня ў адпаведных пазыцыях в (навчанïе, вже, вживати), там жа ўпершыню зьдзейсьненая спроба пасьлядоўнага перадаваньня зацьвярдзеласьці шыпячых (горшый, маючы, иншыи), пасьля чаго ўжо пры канцы таго ж стагодзьдзя спробы перадачы гэтых дзьвюх рысаў сталі параўнальна сыстэматычнымі на фоне іншых помнікаў мовы.

У XVII ст. адбылося пашырэньне  на запазычваньні замест выбухнога  (жекгнати, фикгура, кгвалтъ  жегнати, фигура, гвалтъ).

Падзеньне рэдукаваных на поўдні ўсходнеславянскае тэрыторыі каля ХІІ ст. і на поўначы ў ХІІІ ст., суправаджалася на беларускіх ды ўкраінскіх землях выцясьненьнем старога інтанацыйнага націску эксьпіраторным, пра што сьведчаць зьвесткі Смаленскае граматы 1229 г..

У акцэнталягічным дачыненьні паказвае важнасьць «Хранограф» пачатку XVII ст., дзе дзякуючы пасьлядоўнасьці пазначэньня націску адлюстраваныя ўнікальныя для захаванай выключна ў пісьмовай форме нормы мовы (вельми́, ка́менье, зе́млю). Асаблівыя націскі выяўляюць таксама праваслаўныя беларускія старадрукі з пачатку XVII ст., што адлюстравана ў асобных лексэмах (бе́сѣда, за́ходный, това́ришство), так і ў граматычных катэгорыях (приноси́ти, во́ду, на́лѣпшïй, на́ сторону, гледѧчи́). Аднак вусная форма літаратурнае мовы была малаўжыванай, што робіць такія напісаньні спрэчнымі, а палеаграфічныя ўласьцівасьці шэрагу помнікаў дазваляюць тлумачыць такія напісаньні як вынік другога паўднёваславянскага ўплыву. Зрэшты, пэўныя напісаньні, асабліва XVI—XVII стст. сапраўды могуць зьяўляцца вынікам адлюстраваньня на пісьме нейкіх дыялектных рысаў (гл. ніжэй).

Марфалягічны лад зазнаў вялікі рад зьменаў у параўнаньні з старажытнарускай мовай: так, старабеларускай мове было ўласьцівае аб’яднаньне назоўнікаў у тыпы скланеньня паводле радоў, што кардынальна адрозьнівалася ад ранейшых формаў; вялікая колькасьць дзеяслоўных часоў (аорыст, імпэрфэкт і часткова плюсквампэрфэкт) былі выцесьненыя пэрфэктам, які стаў асноўным сродкам выражэньня мінулага часу дзеясловаў, што было зьвязана з афармленьнем выражэньня дзеяслоўнага трываньня, пры гэтым згодна з традыцыяй зьніклыя часы некаторы пэрыяд захоўваліся і далей.

Да ХІІІ—XIV стагодзьдзяў адбылася страта некаторых старых тыпаў скланеньня (прыкладам, з старажытнай асновай на зычную і *ū), узаемаўплыў цьвёрдага і мяккага відаў скланеньня на *ŏ ды *ā, што прыводзіла да іх уніфікацыі, а таксама ўзаемаўплыў склонавых флексіяў унутры адной парадыгмы; разьвіўся шырокі ўплыў флексіяў жаночага роду ў множным ліку на парадыгмы мужчынскага і жаночага радоў, што прывяло да фактычнае страты адрозьненьня ў тыпах скланеньня назоўнікаў у множным ліку, атрымала разьвіцьцё катэгорыя адушаўлёнасьці—неадушаўлёнасьці. Было страчана скланеньне кароткіх прыметнікаў, якія захавалі толькі формы назоўнага склону адзіночнага і множнага лікаў.

З ХІІІ ст. (смаленская грамата 1229 г.) адлюстроўваецца абагульненьне асноваў на заднеязычныя тыпу на вълъцѣ, березѣ, оу Ризѣ. Пазьней валынска-беларускія граматы ў адрозьненьне ад галіцкіх паказваюць выцясьненьне асноваў на сьвісьцячыя асновамі на заднеязычныя (свѣдци, намѣстци, але свѣдки, намѣстки), хоць у парным ліку сучасных беларускіх гаворак існуюць формы тыпу дзьве руце, дзьве назе.

ХІІІ—XIV стагодзьдзямі датуецца зьнікненьне парнага ліку, які выкарыстоўваўся для адрозьненьня парных прадметаў, што значна перабудавала парадыгмы назоўнікаў, прыметнікаў і дзеясловаў. Пашырылася значэньне пратэтычнага в і інтэрвакальнага дж у дзеяслове першай асобы адзіночнага ліку, узьнікла супрацьпастаўленьне назваў жывёлаў у вінавальным склоне аналягічным расейскім формам у родным склоне, узьнікненьне шыпячых зычных у загадным ладзе дзеясловаў з асновай на заднеязычны, пашырылася выкарыстаньне дзеепрысловаў на -учи/-ючи, -ачи/-ячи (хоць у згаданым лісьце рыскага магістрату 1271—1280 гг. прасочваецца блытаньне е/о ў дзеепрыслоўях: пиюче, выскочивше, оуведавше, емъшо), клічныя формы назоўнікаў, пры гэтым пералічаныя формы былі ўласьцівыя і стараўкраінскай мове. Некаторыя старабеларускія асаблівасьці ў марфалёгіі (напрыклад, клічны склон, ступені параўнаньня прыметнікаў і прыслоўяў з прыназоўнікам за, асобная форма загаднага ладу для выслаўленьня супольнасьці) маюць балтыйскае паходжаньне.

У пісьмовых дакумэнтах з XIV стагодзьдзя ў марфалягічным дачыненьні пачалі адлюстроўвацца замена суфіксальнага л у дзеясловах мужчынскага роду мінулага часу ў в (оубоявся), замена прыназоўніку в на у перад зычнымі і такая ж замена прыстаўкі в- (у витьбескъ, у чомъ, у томъ, улюбилъ, оузяти), пашырэньне канчатку -у ў дачыненьні да роднага склону рэчыўных, абстрактных і, радзей, канкрэтных назоўнікаў мужчынскага роду адзіночнага ліку (воску), пашырэньне канчатку -ы (-и) пры дапасаваньні з колькаснымі лічэбнікамі два, тры, чатыры (берковескы, копи), пашырэньне канчатку -и ў мяккіх асновах назоўнікаў меснага склону (у клети), пераход -ѣ  -и, -ы ў каранёх неасабовых займеньнікаў ва ўскосным склоне (тымъ, чимъ), у лексыцы — пачашчэньне выкарыстаньня лексэмаў, што маюць паралелі зь лексэмамі сучаснае беларускае мовы (жито, кривда, ыстобъка, боронити, ведати). Аналягічна з адлюстраваньнем фанэтыкі ў дакумэнтах гэтага ж пэрыяду (гл. вышэй), гэтыя пісьмовыя прыклады сталі ўзорамі для пазьнейшых складальнікаў старабеларускіх дакумэнтаў.

Найбольш унармаваным і блізкім да народнай беларускай мовы стала адлюстраваньне марфалёгіі ў актавай пісьмовасьці. Так, пашырыўся канчатак -у назоўнікаў мужчынскага роду з асновай на -о шэрагу разнастайных сэмантычных катэгорыяў (бору, дому, году, року, кгвалту, доводу, замку, мосту, звѣру), адушаўлёныя назоўнікі мужчынскага роду ў давальным склоне адзначаліся канчаткамі -у, -ю (брату, войту, гостю, чоловеку), пры гэтым пазьней ён быў выцесьнены канчаткамі -ови/-еви ва ўласных імёнах). Нягледзячы, аднак, на панаваньне гэтае формы, а таксама запазычаньне ўкраінска-польскага -ови, давальны склон у полацка-смаленскіх помніках ХІІІ ст. яшчэ адлюстроўваў пэўную розьніцу між -u- i -o- асновамі, што прычынялася да існаваньня таксама і канчаткаў -ови/-еви ў давальным склоне (ко князю, герлаху, ильбранту, к смоленску, але гостеви, к мостови, к манастыреви). У гэтым жа склоне жаночага роду назіраецца адрозьненьне паводле мяккасьці ці цьвёрдасьці канцавога зычнага асновы (личбе, але воли, узоры пазьнейшага часу). Адбывалася пашырэньне формаў роднага склону ў вінавальны ў адушаўлёных назоўніках без значэньня асобы (имаеть вѣпрѧ, ꙋжа подасть, видѣлъ смока), з XV ст. раз-пораз гэтыя формы пашыраліся і на неадушаўлёныя формы (листа просити і да т. п.), што паказвае на сучасны гэтым помнікам працэс фармаваньня склонавае сыстэмы. Назоўнікі жаночага роду з асновамі на -і ў творным склоне на пісьме мелі выключна форму -ью (волостью, давностью, печатью, данью), хоць у некаторых помніках іншых галінаў літаратурнай дзейнасьці захоўваўся стараславянскі канчатак -ию. Творны склон тых жа назоўнікаў іншых асноваў практычна не зафіксаваны з формамі -ой/-ей. У мужчынскім родзе таго ж склону канчаткі разьмяркоўваліся паводле цьвёрдай і мяккай асноваў, -омъ ды -емъ адпаведна. Апошняя форма згодна з этымалягічным правапісам почасту пашыралася на назоўнікі з асновамі на зацьвярдзелыя (мечемъ, господаремъ, пальцемъ). Назоўнікі з асновамі на -о почасту захоўвалі канчатак -е, хоць часьцей за яго ўжо ўжываўся канчатак -у, нават у назоўніках з асновамі на незаднеязычныя, у якіх у сучаснай беларускай мове існуюць амаль толькі канчаткі -ы/-і, -э/-е (аналягічныя сучасным формы у Белску, у Менску, на рынку, в меху, але в делу, в листу, у бору, у выпису). Рукапісныя помнікі праваслаўнай і ўніяцкай літаратуры першай паловы XVII ст. паказваюць, аднак, варыяцыйнасьць канчаткаў -у/-ю ды -ы/-и ў месным склоне адзіночнага ліку мужчынскага роду (ԝ концу, в монастырю, на столцу, але ԝ концы, в монастыри, на столцы) (параўн. з зьвесткамі 1229 г.). Гэты канчатак пашыраўся за межы асноваў на заднеязычны таксама ў ніякім родзе (пры то[м] дереву, ꙋ везенью, на ԝно[м] мѣстцꙋ). Помнікі розных жанраў паказваюць на незакончанасьць фармаваньня канчатку назоўнікаў жаночага роду множнага ліку, якія ў мяккай аснове маглі мець як архаічнае -и, так і інавацыйнае -ѧ (наша господарынѧ, але боярини гс͡дрская). Рэлікты памянёнай архаічнай формы ў сучаснай мове гавораць на карысьць гэтае зьявы як падтрыманай з боку народнай тагачаснай мовы. Параўнальную стабільнасьць мелі назоўнікі адзіночнага ліку ніякага роду, што пазначаліся канчаткамі -а/-я (ԝ[т] слова, неба, полѧ). Зь іх выключэньне складалі назоўнікі з асновай на былы -n-, што мелі -и або архаічны -е (лвяте, жеребѧти). Адбывалася іх уніфікацыя з папярэднім тыпам (именѧ), якая ня скончылася дагэтуль (параўн. суч. [няма] імені).

Захоўваліся, асабліва ў назоўніках мужчынскага і жаночага роду, формы клічнага склону (мужику, пане, воеводо, господарине, кнѧже), у той час як дзякуючы аканьню з формамі назоўнага склону зьліліся клічныя формы тыпу жено, матко, слуго, хоць часам яны, як вынікае з гэтага, паказваліся на пісьме.

Множны лік назоўнікаў у гэтых жа тыпах помнікаў утвараўся пры дапамозе канчаткаў -ы/-и (купцы, попы, кнѧзи), якія захоўваліся нават поруч зь нязьмененымі асновамі на заднеязычныя, якія ў стараславянскіх і старажытнарускіх помніках маглі мяняцца ў сьвісьцячыя (врѧдники, потужники, слуги), канчаткі множнага ліку назоўнікаў на -инъ з былымі асновамі на зычны аналягічна сучаснай беларускай мове мелі канчатак -е (дворане, мещане). Адначасна, канчатак -и блізу з гэтага ж часу пашырыўся ў назоўніках роднага склону множнага ліку зь мяккімі асновамі на -’а (купли, державци, тещи) і ў назоўным склоне назоўнікаў множнага ліку з тымі ж асновамі, а таксама з асновамі на -’о (князи, гаи, вулицы). Засьведчаныя і дыялектныя паўднёва-заходнія формы на -е (богаче, короле, муже). Для параўнаньня, канчаткі назоўнікаў аніякага роду множнага ліку назоўнага і вінавальнага склонаў з асновамі на -о пад уплывам мужчынскага і жаночага родаў атрымалі канчатак -ы/-и яшчэ ў часы фармаваньня беларускага этнасу. Родны склон назоўнікаў асновы на -і- множнага ліку меў форму *-ьjь  -ии (людии), пазьней іх выціснуць аналягічныя сучасным (параўн. суч. «людзей») па аналёгіі з -е давальнага і меснага склонаў. Назоўнікі ніякага роду ў множным ліку ў назоўным і вінавальных склонах досыць працяглы час захоўвалі канчатак -а (дерева, лѣта, ԝзера), хоць пазьней ён быў выцесьнены з народных формаў беларускае мовы канчаткам -ы, а ў родным склоне яны спарадычна сталі фіксавацца пад уплывам мужчынскіх формаў у формах тыпу слововъ, чудовъ. Назоўнікі з асновамі на -о ў множным ліку роднага склону атрымалі новыя, адпаведныя народнай мове, формы -овъ/-евъ, хоць аналягічна сучаснай беларускай мове захавалася форма годъ (братовъ, вижовъ, пословъ, ратаевъ, але пять год, ԝсмь год), і паралельна адзначаецца, што родны склон у множным ліку часьцей выцясьняў вінавальны склон у расейскай мове, толькі ў XVII ст. у старабеларускай мове пашыраюцца формы тыпу за других товарышов, врядниковъ поставити. Тыя ж назоўнікі мяккай або зацьвярдзелай асновы мелі пераважна канчатак -ей, але паралельна ён суіснаваў з канчаткам -овъ/-евъ (лосей, мужей, месѧцей ~ лосе[в], мужовъ, месѧцовъ). Старажытнарускія формы з нулявым канчаткам тут амаль зьніклі, а новыя канчаткі пашыраліся нават на назоўнікі на -инъ (трояно[в], хрестіановъ, мещано[в]). У розных тыпах канчаткаў мужчынскага роду множнага ліку давальнага склону захоўвалі традыцыйныя канчаткі -омъ/-емъ (дворомъ, земяномъ, счадкомъ), пры гэтым падобныя формы на -охъ/-ехъ (в домехъ, на местцохъ, у боехъ), вядомыя з XIV ст., заставаліся ў дзелавой пісьмовасьці нават пазьней. Творны склон множнага ліку пераважна адзначаны, відаць, яшчэ аналягічнымі народнай мове формамі на -ы/-и (з двораны, з бурмистры, с седлы, с товарыши). У пачатку XVI ст. адбывалася замена канчаткаў множнага ліку творнага склону -ы/-и на -ами/-ми, што адлюстроўваюць адныя зь першых беларускіх перакладаў хрысьціянскіх тэкстаў з Зборніку #262 (зубами, мурами, сынми, путми, але побач з тым псы, снопы, корабли). Канчатак -а назоўнікаў ніякага роду назоўнага склону множнага ліку (ԝзера, гумна, лета) быў уласьцівы пісьмовасьці канца XVI ст., але не адпавядаў народнай мове. Гэта ж датычыць да канчаткаў -охъ/-ехъ меснага склону множнага ліку і -омъ у давальным склоне множнага ліку (конемъ, посломъ, тивуномъ). Творны склон множнага ліку спарадычна яшчэ захоўвае, напрыклад, у ІІ Статуце формы тыпу тыми бортиники, правными доводы, великими почты. Падобная дваістасьць была ўласьцівая таксама вінавальнаму склону жаночага роду ў множным ліку, дзе ранейшыя формы на -ы/-и выцясьняліся пад уплывам катэгорыі адушаўлёнасьці формамі на -овъ/-евъ, -ей/-ий; у меншай ступені — формам ніякага роду множнага ліку, дзе -ы/-и зрэдку выцясьняліся формамі -ами/-ями.

Узоры ўжываньня пераважна назоўнікаў жаночага роду адлюстроўваюць традыцыйнае захаваньне на пісьме актаў мяжы XV—XVI стагодзьдзяў формаў парнага ліку (две версте, две копе, ԝбедве стороне), хоць існаваньне поруч зь імі назоўнікаў жаночага роду ў множным ліку побач з тымі ж лічэбнікамі (две девки, две косы), а таксама адсутнасьць формаў парнага ліку ў падобных жа формах назоўнікаў мужчынскага роду (два годы, три чоловеки, чотыри дни) адлюстроўвае адміраньне гэтае зьявы ў жывой тагачаснай беларускай мове. Яшчэ актыўней парны лік выцясьняўся множным у мужчынскім родзе, што адлюстроўваюць помнікі ўжо з XIV ст. (два конѧ, але два городы). У пэўнай ступені часьцейшымі гэтыя формы заставаліся ў ніякім склоне. Нашмат менш парныя формы ўжываліся ў родна-месным і давальна-творным склонах, але перагуканьне іх з сучаснымі рэліктавымі формамі тыпу пацямнела ў ваччу, зазьвінела ў вушшу паказваюць на падтрымку гэтых формаў на пісьме з боку тагачаснай народнай мовы.

Зь мяжы XVI—XVII ст. у канцылярскай пісьмовасьці асталёўваецца запазычаны канчатак -ове ў множным ліку назоўнага склону замест беларускіх -и/-ы (боярове, фундаторове, панове), адзіночнага ліку давальнага склону — -ови (войтови, костелови, скарбови), хоць спарадычна (часам нават у выглядзе факультатыўнае нормы) яны сустракаліся і раней, а ў кантэкстуальных умовах ён можа тлумачыцца як незалежны ад польскага ўплыву дыялектызм. Лацінізмы на -тъ, што ў арыгінале маюць канчатак -um, у назоўным і вінавальным склонах множнага ліку там жа маюць канчатак -а (акта, декрета, документа).

Займеньнікам з ХІІІ ст. па канец XV ст. была ўласьцівая пэўная варыяцыйнасьць і прадаўжэньне іх зьменаў побач з шэрагам дыялектных адрозьненьняў. Так, у адрозьненьне ад захаду Полацкае зямлі і рэшты этнічнага беларускага арэалу, з формы мъйь разьвіўся ўказальны займеньнік тый, у той час як на захадзе Полацкай зямлі шляхам рэдуплікацыі тъ разьвіўся займеньнік тот, у больш паўднёвых частках беларускага арэалу па аналёгіі з формамі мой, то разьвілася форма той (параўн. з суч. літаратурным). З ХІІІ ст., аднак, у пытаньні прыметніку помнікі беларускай этнічнай тэрыторыі былі аб’яднаныя дзякуючы такой інавацыі як поўныя займеньнікавыя формы прыметнікаў.

З XV ст. фіксуецца новая этапная зьява, а менавіта рэдукцыя канчаткаў роднага склону жаночага роду адзіночнага ліку -ое/-ее ў -ой/-ей (великой ѡпатриности, рэчы посполитой, параўн. з прыкладамі далей), але старыя формы былі захаваны як у пісьмовай мове, так і ў тагачаснай народнай мове ў родным склоне адзіночнага ліку прыналежных прыметнікаў з значэньнем жонкі або дачкі (панее якꙋбовое, братовое цорки, королевое ее мл̃сти).

Помнікі дзелавой пісьмовасьці з канца XV ст. дэманструюць унармаванасьць канчаткаў прыметнікаў, парадкавых лічэбнікаў і займеньнікаў некаторых разрадаў у назоўным склоне адзіночнага ліку, адлюстроўваючы толькі формы -ый/-ий (власный, другий, который, лепшый). Прыкладна ў канцы XV — пачатку XVІ стагодзьдзя ў гэтых формах амаль заўсёды выкарыстоўваўся канчатак -ого/-его, які замяняўся царкоўнаславянскім -аго ў прыметніках з вызначаным стылізаваным кантэкстам (божьяго тела, индикта четвертаго). Нягледзячы на істотны ўплыў на канчаткі прыметнікаў і неасабовых займеньнікаў адзіночнага ліку меснага склону з боку канчаткаў творнага склону ў народнай мове, захоўваліся канчаткі меснага склону -омъ/-емъ (параўн. у великомъ селе, на моем властномъ поли, в другом листе, у старом дворе, але  суч. «у вялікім сяле», «на маім уласным полі», «у другім лісьце», «у старым двары»). Па ўсёй бачнасьці, адлюстраваньне гэтае нормы суправаджалася выцясьненьнем у народнай мове гэтых канчаткаў формамі творнага склону. Побач зь імі паказальны займеньнік згодна з рысамі паўночна-ўсходніх гаворак цэнтральнае Беларусі меў форму тот «той» (гл. вышэй). Прыметнікі, парадкавыя лічэбнікі і суадносныя зь імі займеньнікі жаночага роду роднага склону адзіночнага ліку адзначаліся толькі канчаткамі -ое/-ее (волное жонки, земское потребы, пѧтое недѣли). У назоўным і вінавальным склонах прыметнікаў множнага ліку вядомыя формы на -ыи/-ии (путныи люди, бобровыи гоны, многии шкоды), хоць у той жа час адзначаюцца ў тым ліку і формы на -ые/-ие (новые, тые, вядомыя ў паўночна-ўсходніх гаворках цэнтральнае часткі беларускай этнічнай тэрыторыі, што недалёка ад Віцебскага павету, дзе складаліся акты гродзкіх судоў з памянутымі формамі на -ыи/-ии). У пачатку XVI ст. дзякуючы беларусізмам у творах Ф. Скарыны назіраецца тэндэнцыя да пашырэньня на прыметнікі ўсіх родаў назоўнага і вінавальнага склону канчатку мужчынскага роду і імкненьне да выраўноўваньня ўсіх формаў канчаткам назоўнага і вінавальнага склонаў жаночага роду, што відно ў скарынавых творах: стары жаночы канчатак -ые/-ие вельмі часта пашыраецца на мужчынскі род (годные дары, пресные хлебы, красные слова), часам мужчынскія канчаткі -ыи/-ии пашыраныя на прыметнікі жаночага роду (высокии речи, лепшии ризы). Творны склон жаночага роду адзіночнага ліку прыметнікаў, амаль адпаведна назоўніку тых жа формаў, у большасьці выпадкаў фіксуецца з канчаткам -ою/-ею.

Кароткія формы прыметнікаў адзіночнага ліку згасаюць у XV—XVI стагодзьдзях, хоць існуюць пэўныя прыклады іх выкарыстаньня ў акавай пісьмовасьці; з XVI ст. у сьвецка-мастацкую і рэлігійную пісьмовасьць выцясьняецца кароткая форма множнага ліку прыметнікаў. У выніку, кантэкстуальна далейшае выкарыстаньне гэтых формаў тлумачыцца царкоўнаславянскім, старажытнарускім або польскім арыгіналам. Наогул прыметнікі ў дзелавой пісьмовасьці часьцей за ўсё мелі займеннае скланеньне ў атрыбутыўнай функцыі, рэшткі іменнага скланеньня захоўваліся пазьней у прыметніках жаночага роду ў вінавальным склоне (бортную землю, семую суботу, великую речъ, ѡсочную службу), але прэдыкатыўнай форме ўласьцівай часьцей за ўсё была кароткая форма (есми тепер не дуж, ѡни з города ехали пьяни, брат тво’ здоров), аднак адміраньне гэтае зьявы (гл. вышэй) паказвае на адсутнасьць яе падтрымкі з боку народнае мовы. Побач з згаданымі прыметнікамі, формы сучасных прыналежных займеньнікаў «мае», «свае», «твае» не былі вядомыя ў помніках старабеларускае пісьмовасьці, замест чаго ва ўсіх родах выступалі формы мои, твои, свои. У адрозьненьне ад сучаснае беларускае мовы, згодна з тагачаснымі асаблівасьцямі паўночна-ўсходніх гаворак цэнтральных рэгіёнаў беларускай этнічнай тэрыторыі, прыметнік «увесь» у назоўным склоне множнага ліку ўтвараў форму вси. Усім прыналежным прыметнікам яшчэ з раньняга старабеларускага пэрыяду быў уласьцівы пераход ад іменнага скланеньня да поўных яго формаў, і ў выніку асноўным суфіксам дзеля ўтварэньня прыналежных прыметнікаў стаў -ый/-ий (лꙋпежь бараній, кгва[л]т пророчій, ѡбра[з] нево[л]ничи[и]). Поўныя іх формы з канчаткамі -ого/-его пранікаюць у пісьмовасьць зь XV ст.. Даволі старажытнае (мажліва, з кіеўскага пэрыяду) паходжаньне маюць уласьцівыя старабеларускім і стараўкраінскім помнікам займеньнікавыя формы прыналежных прыметнікаў дзеля пазначэньня жонкі і дачкі (его королевая Ядвига, прывілей 1393 г.; мы кн̃гины Олександровая Настася Киевская (грамата 1378 г.). Відаць, пад XVI ст. у народнай мове адміраюць іменныя формы прыналежных прыметнікаў меснага склону мужчынскага і ніякага родаў (по рож̃стве [б]̃жии, о кр[с]̃тѣ х[с]̃ве), бо раней выкарыстоўваліся таксама ў актавай пісьмовасьці. Прыкладна тады ж вымірае форма з элемэнтам на -j- (учи[н]кы ч̃лвчи измены, сынове Святославли). Урэшце, нормай на працягу ўсяго існаваньня пісьмовае мовы сталі формы на -ов, -ев, -ин, -ый/-ий.

З пачатку XVII ст. у канцылярскай пісьмовасьці пашыраюцца адпаведныя народнаму вымаўленьню напісаньні прыметнікаў без канцавога -й (поменены, шляхетны, други), але іх кантэкстуальная сутнасьць патрабуюць іх аднясеньня да польскіх кніжных запазычваньняў.

Ступені параўнаньня ўжо цягам старажытнарускага пэрыяду зьведвалі зьмены (так, у атрыбутыўнай функцыі перасталі ўжывацца кароткія формы прыметнікаў вышэйшае ступені). У старабеларускай мове знайшлі адлюстраваньне старажытныя вышэйшыя формы кароткіх прыметнікаў мужчынскага і ніякага родаў тыпу больше, ширши, лепши. Поўныя простыя формы практычна паўсюдна засьведчаныя з суфіксам -ш- (вышьшее, простшіи, гла[д]шие), але поруч існаваў суфікс -ейш- (шлехетнейший, слꙋшъне[й]шы[и], силнѣйшимъ). Найвышэйшая ступень утваралася дзякуючы прыстаўцы наи-, радзей выступае сьцягнутая форма най- (на[и]моцне[й]шого, найго[р]шꙋю). Рэдкай як у пісьмовасьці, так і ў сучаснай ёй народнай мове стала апісальная форма з удзелам прыметніку самый (на[д] самы[х] го[р] вы[с]ши[х] і да т. п.).

Пазьнейшыя дакумэнты сьведчаць пра захаваньне ў тагачаснай беларускай народнай мове энклітычных займеньнікавых формаў ми «мне», мя «мяне» з прычыны захаваньня іх у вытрымках паказаньняў сьведак у актах гродзкіх судоў (бороду ми вырвалъ, узяли ми два волы, звалъ мя зрадцою, ѡн мя збилъ). Гэтыя ж формы засьведчаныя ў тым ліку і ў канцы XVI ст. у вінавальным склоне (тотъ ми выдасьть, поможи ми, знаю те, «Эвангельле» Цяпінскага). Аднак захаваньне гэтых кароткіх формаў не было аднолькавым: цягам XIV—XV адмірала форма ти, у XVI ст. — ми. Зьведвалі зьмены і іншыя займеньнікі: так, прынамсі з XIV ст. былая старажытнаруская тэрыторыя падзялілася на дзьве зоны, у адной зь якіх — паўднёва-заходняй (беларуска-ўкраінскай) — стары займеньнік язъ быў выцесьнены сучасным я. У час XV—XVII стагодзьдзяў дыфэрэнцыяцыя сягае большага маштабу дзякуючы выцясьненьню ў расейскай мове формаў тобѣ, собѣ формамі тебе, себе. У сваю чаргу, пэўныя дыялектныя зьявы існавалі ўласна на беларускай этнічнай тэрыторыі, якія адлюстраваліся на пісьме (так, у Смаленскай зямлі вядомыя рэшткі старых ны, вы замест намъ, вамъ).

Дзелавыя помнікі мяжы XV—XVI стагодзьдзяў на фоне іншых жанраў пісьмовасьці вылучаюцца наяўнасьцю дробавых лічэбнікаў тыпу полтретѧ «дзьве з паловай», полпѧта «чатыры з паловай», полпѧтнадцать «чатырнаццаць з паловай», полсемадесеть «шэсьдзясят пяць», полтретѧста «дзьвесьце пяцьдзясят», полсемаста «шасьцьсот пяцьдзясят» і г. д., што тлумачыцца балцкім уплывам (гл. вышэй).

Дзеяслоўныя канчаткі ў актавай пісьмовасьці канца XV — пачатку XVI стагодзьдзя адзначаюцца трывалай інфінітыўнай формай на -ти з націскам на аснове (ховати, возити, кликати).

Практычна паўсюдна там жа выкарыстоўваўся канчатак -ть у трэцяй асобе цяперашняга часу адзіночнага (робить «робіць», держить, велить) і множнага (ведають, ждуть, мають) лікаў, пры гэтым з прычыны ўплыву паўночнабеларускіх гаворак гэты канчатак пашырыўся нават у І спражэньні (будеть «будзе», живеть «жыве», хочеть «хоча»). Першы канчатак, хутчэй за ўсё, паходзіць ад адпаведнага дыялектызму старажытнарускага часу, другі тып параўнальна часта адзначаецца таксама ў старажытнарускі пэрыяд. Пазьней, каля ХІІІ—XIV стагодзьдзяў абсяг выкарыстаньня толькі -ть у памянёнай форме склаў асобны дыялектны рэгіён, які не пашыраўся ні на будучую ўкраінскую тэрыторыю (дзе -ть і -т суіснавалі), ні на паўночнарасейскую, але пашыраўся на паўднёварасейскія землі. Разам зь ім, параўнальна старажытнай зьяўляецца бесфлектыўная форма (накшталт буде, може, стане, гл. далей).

Пад пэўным уплывам паўночнабеларускіх гаворак усталяваліся формы множнага ліку першай асобы на -мъ (ведаемъ, рухаемъ, чинимъ). Для параўнаньня, блізкія геаграфічна гаворкі паўночнага ўсходу цэнтральнае часткі беларускай этнічнай тэрыторыі прычыніліся да ўзьнікненьня ў старабеларускай пісьмовай мове падзелу тэматычных і атэматычных дзеясловаў паводле канчаткаў: першыя атрымлівалі згаданы канчатак, у той час як атэматычныя дзеясловы вядомыя з канчаткам -мо (есмо «мы ёсьць», дамо), пры гэтым пазьней апошні канчатак пашыраўся пад украінскім уплывам (гл. ніжэй). Адпаведна паўночна-ўсходняму дыялекту, з ХІІІ ст. вядомая форма есме (гл. вышэй) замест паўднёва-заходняга есмо і маскоўскай ды наўгародзкай есмя. Гэты ж канчатак у ІІ спражэньні можа быць растлумачаны таксама як адлюстраваньне рысаў тагачасных паўднёва-заходніх гаворак беларускае мовы. Дзеясловы гэтага ж спражэньня часам адзначаліся заменай на пісьме тэматычнага -и- на -е- (чинемъ, терпѣмъ, находемъ). Спарадычна адзначаецца -мо як у атэматычных, так і ў тэматычных дзеясловах, існавалі даволі раньнія выпадкі ўжываньня -мы (есмы дали, чинимы, граматы 1347 і 1349 гг.). Нарэшце, у помніках канца XVI ст. у дзеясловах першай асобы множнага ліку формы на -мо сталі факультатыўнымі або нават пераважнымі. Паралельна гэтаму працэсу, у жывой мове (што неўзабаве адбілося на пісьме) у складзе іменнага выказьніка на ўсе асобы адзіночнага і множнага лікаў пашыраецца зьвязка трэцяй асобы есть (теды[м]я есть сы[н] твой, хто[с] ты есть). Зь іншых дыялектных (прынамсі, з параўнальна ненарматыўных) найбольш выразнае патрапленьне дыялектных формаў дзеясловаў першай асобы множнага ліку тыпу будо[м] «будзем», мого[м] «можам» (Зборнік біблейскіх камэнтароў пачатку XVII ст.). Нейкае дыялектнае паходжаньне па ўсёй бачнасьці мела ў шэрагу выпадкаў -мо, якое складае адзіную дыялектную зону з адпаведнай украінскай рысай.

Пісьмовасьць г.зв. Зборніку № 262 (гл. вышэй пра пераклады тэкстаў «Ёў», «Песьня песень» і да т. п.), што адносіцца да пачатку XVI ст., адлюстроўвае асобную цікаўную зьяву ў пісьме, а менавіта рэдкія выразна фанэтычныя напісаньні тыпу помолиссѧ, свариссѧ, надѣетца, паствитца. Зь імі збліжаецца Эвангельле Цяпінскага, дзе вядомыя формы тыпу судитца, противитца.

ІІ, ІІІ Статуты ўпершыню замацоўваюць амаль паўсюдна напісаньне інфінітыву на -ть (брать, казать, меть), гэтыя ж інфінітывы часам сустракаюцца ў актавых помніках мяжы XVI—XVII стагодзьдзяў. У апошняй катэгорыі помнікаў пісьмовае афармленьне дзеясловаў у цэлым захоўвае старэйшыя традыцыі, апісаныя вышэй, хоць заўважаныя таксама формы трэцяй асобы адзіночнага ліку цяперашняга часу на -тъ (пишетъ, хочетъ, чынитъ) або формы наогул без канчатку на зычны (буде, може, стане). У цэлым такое ж афармленьне на пісьме ў дачыненьні да дзеяслова захоўвае і мастацкая літаратура гэтага часу. У мастацкай літаратуры пэрыяду мяжы XVI—XVII стагодзьдзяў прадстаўлены інфінітыў на -ть у тым ліку і ў пазыцыях пасьля зьбегаў зычных (поднесть, звесть, погресть), што адпавядае стану шэрагу паўночна-ўсходніх гаворак.

Будучы час дзеясловаў утвараўся праз даданьне дапаможнага дзеяслову быти да інфінітыўнай формы (буду бити, будемъ говорити), хоць засьведчаная таксама форма будучага складанага ІІ часу, што ўтвараўся даданьнем гэтага ж дзеяслову да дзеясловаў мінулага часу (не ведаю, если будетъ ему княз тыи пенези заплатилъ). Г.зв. «будучы ІІ» ужываўся пераважна ў даданых дапаўняльных і ўмоўных сказах у актах XV—XVI стагодзьдзяў, дзеепрыметнік у такіх формах пераважаў у форме закончанага трываньня. Гэтыя формы ўяўлялі сабою рэшткі старажытнае часавае сыстэмы. Формы такога ж тыпу пазьней ужываліся ў перакладах з польскае мовы або ў творах, якім былі ўласьцівыя палянізмы. У мастацкай літаратуры канца XVI — пачатку XVII стагодзьдзяў гэтыя ж формы зьвязаныя з польскім уплывам.

Мінулы час выражаўся толькі пэрфэктам, пры гэтым у першай асобе ўжывалася постпазыцыйная трансфармаваная зьвязка есми (брал есми, вчинил есми, казал есми, поткал есми), а традыцыйны канчатак -л у гэтых формах, нягледзячы на захаваньне на пісьме, ужо перайшоў у ; гэтыя ж формы з асновай на зычны, адлюстроўваючы стан народнай тагачаснай беларускай мовы, выкарыстоўваліся наогул без л (побегъ, взрос, несъ), але ў літаратуры іншых жанраў яны традыцыйна захоўвалі л і ў гэтых дзеясловах. Множны лік мінулага часу дзеясловаў таксама адзначаўся наяўнасьцю зьвязкі (видели есмо, казали есмо, пришли есмо, спытали есмо). Трэцяя асоба адзіночнага і множнага ліку мінулага часу ўжываецца без падобных зьвязак, хоць яны часам вядомыя ў гэтым палажэньні ў іншых жанрах літаратуры, а сама зьява існаваньня гэтых зьвязак працягвала захоўвацца ў народнай мове. Адначасова зьвязка ў трэцяй асобе пэрфэкту ўжо на пачатку XVI ст. звычайна не ўжывалася, яна зьнікла яшчэ ў часы існаваньня старажытнарускае мовы.

Усьлед за падзеньнем рэдукаваных адбыўся пераход    у дзеясловах мужчынскага роду мінулага часу, але, кіруючыся паходжаньнем у іншых часьцінах мовы гуку  таксама без удзелу рэдукаваных, можна меркаваць, што ў дзеясловах гэты пераход адбыўся з уплывам дзеепрыметнікавых формаў мужчынскага роду адзіночнага ліку цяперашняга стану на -въ. Толькі ў актавай пісьмовасьці засьведчаныя формы мінулага часу з значэньнем мнагакратнасьці (биривалъ «браў», робливалъ «рабіў», служивали «служылі», кормливали «кармілі»). У дзелавой пісьмовасьці і ў шэрагу помнікаў іншых жанраў з канца XIV ст. спарадычна сустракаюцца формы пэрфэкту першай і другой асобаў адзіночнага і множнага ліку зь зьвязкай, зьлітай у адно слова зь дзеепрыметнікам на -л па тыпе быломъ «быў», хотеломъ «захацеў», виделисмо «пабачылі», слышелисте «чулі», што можна абгрунтаваць як палянізм альбо самастойную рысу народнае беларускае мовы. З польскім уплывам зьвязаныя таксама выключна кніжныя формы першае паловы XVII ст. у выглядзе зьліцьця дзеяслова-зьвязкі зь дзеясловамі на -л (далесь, будовалемъ, пришлисмо, реклисмы, зажилихмо, часам зьліваліся зь першым самастойным словам).

Помнікі актаў мяжы XV—XVI стагодзьдзяў, у адрозьненьне ад сьвецкай мастацкай або рэлігійнай літаратуры, паказваюць пашырэньне дзеепрыметнікаў цяперашняга часу на -учи/-ючи, -ачи/-ѧчи (бачачи, дбаючи, едучи), дзеепрыслоўі мінулага часу адзначаліся формамі на -ши (втекши, положивши «паклаўшы», пришодши), адпаведна, сьвецкай мастацкай і рэлігійнай літаратуры было ўласьціва захаваньне старых формаў на -а/-ѧ і бяз -ши.

Загадны лад другой асобы множнага ліку ў тагачасных паўднёва-заходніх гаворках меў форму -ец’е, што адлюстравана ў зьмяшанай беларуска-царкоўнаславянскай Чэцьці (1489 г.) у выглядзе замены канчатку гэтай жа формы -ите дзеясловаў зь мяккай асновай (веселѣтесѧ, покажѣте, скажѣте). Рысы гэтых жа гаворак адлюстроўвае загадны лад першай асобы множнага ліку ў дзеясловах з асновай на зычны ці ёт на -мо (будьмо, даймо, разумѣймо). У паўночна-ўсходніх гаворках тагачаснае народнае беларускае мовы ў аглютынацыйных формах множнага ліку загаднага ладу адсутнічала -и-, што паказваюць творы Ф. Скарыны. Да іншых скарынавых паўночна-ўсходніх рысаў адносяцца адсутнасьць -ѣте і існаваньне -ите пад націскам (гледьте, ходьте, чинте, але возмите, идите, навчите). Увогуле ж загадны лад у тагачаснай народнай мове неўзабаве па падзеньні рэдукаваных зычных страціў  (сѧдте, видте, подьте), што адлюстроўвае згаданы Зборнік № 262. Урэшце, зь цягам часу ў гэтых формах адбывалася ўніфікацыя: канчатак -ѣте атрымаў перавагу і пашырыўся на дзеясловы ранейшае мяккае асновы ў паўднёва-заходніх гаворках, тады як у паўночна-ўсходніх іх выцесьніў канчатак -ите. Аднак у мастацкай літаратуры мяжы XVI—XVII стагодзьдзяў выкарыстаньне абедзьвюх памянёных формаў у цэлым раўнапраўнае.

Аддзеяслоўныя назоўнікі ў актавых дакумэнтах з гэтага пэрыяду мелі амаль выключна канчаткі -нье, [н]е, -ніе (будованье, дозволенье, панова[н]е, положе[н]е). Раней існыя напісаньні накшталт писание/писанье замест аналягічным сучасным тыпу пісаньне падтрымлівалася формамі, дзе падваеньня не адбылося (зверие, купие, зверье і да т. п.). Стварэньне аддзеяслоўных назоўнікаў стала вельмі прадукцыйным у рэлігійнай пісьмовасьці першае паловы XVII ст..

Беларуска-літоўскае летапісаньне (гл. вышэй) дзякуючы пранікненьню туды шэрагу беларусізмаў ускосна адлюстроўвае іншыя важныя рысы граматычнага ладу тагачаснае беларускае мовы, а таксама яе зьмены ў кантэксьце паступовага адасабленьня ад старажытнарускіх дыялектаў і паасобных усходнеславянскіх моваў. У гэтых помніках мовы існуе штучнае, неабгрунтаванае выкарыстаньне пэрфэкту, аорысту, імпэрфэкту; асаблівая рэдкасьць аорысту ў тых частках сьпісаў, што апавядаюць пра храналягічна бліжэйшыя падзеі, поўная адсутнасьць імпэрфэкту ў тых жа месцах. Формы аорысту тыпу поведе «павёў», поиде «пайшоў» графічна супалі з формамі будучага часу тагачаснага паўднёва-заходняга дыялекту беларускае мовы («павядзе», «пойдзе»), у выніку да арыгінальнага аорысту перапісчыкі дадавалі канчатак -ть, што падтрымлівалася існай у народнай мове тэндэнцыяй да замены мінулага часу будучым. Гэтая зьява прасочваецца ў цэлым шэрагу памянёных сьпісаў.

Нягледзячы на існую ў старабеларускай пісьмовасьці спарадычную замену дзеепрыметнікаў, старабеларускай пісьмовасьці яны былі характэрныя, у прыватнасьці, на -ч- (жïвучимъ, сеючий, маючий, Эвангельле Цяпінскага). Наогул жа такія формы, аналягічна сучаснай беларускай народнай мове, не былі ўласьцівыя і тагачаснаму народнаму маўленьню, і такія формы, імаверна, разьвіліся штучна як беларускае фанэтычнае прыстасаваньне да перадачы адпаведнае царкоўнаславянскае лексыкі. Зь іншага боку, іх нязьменныя формы (тыпу шли за нимъ два слепыхъ верещачи ï мовечï, есьли хто умреть не маючи детей) успрымаліся як дзеепрыслоўі, проціпастаўленыя дзеепрыметнікам. Кніжнікі пазьнейшага часу ў прыватнасьці перакладалі іх у тым ліку і даданымі азначальнымі сказамі. Адхіленьні ў цяпінскавым перакладзе Эвангельля сьведчаць і пра адсутнасьць дзеепрыметнікаў на -ш-, -вш-, -ом-, -ем-, -им-. Крыху пачашчаецца замена -ч- на -щ- у пісьмовай праваслаўнай і ўніяцкай літаратуры першай паловы XVII ст. (прагнущый, ходящый, царствующый), што тлумачыцца аднолькаваю далёкасьцю гэтых формаў ад народнае мовы і, адпаведна, лёгкасьцю іх узаемазамяняльнасьці.

На час існаваньня старабеларускае мовы паказваецца заканчэньне фармаваньня прыслоўя і атрыманьне ім функцыяў акалічнасьці.

Тыповымі для старабеларускай мовы раньняга пэрыяду былі суфіксы для ўтварэньня прыслоўяў -де, -амо (-амъ), -уды (-уда, -уду, -уде), -гды (-гда, -где), -ако (-акъ), -ль (-ли, -лѣ). Першыя тры формы, далучаючыся да ўспадкаваных з старажытнарускага стану формаў къи/кыи, и/йь, инъ, овъ, сь, онъ, тъ, вьсь утваралі прыслоўі з значэньнем месца або кірунку (где, где кольве, всюды). Ужо ў старажытнарускі пэрыяд акрэсьліўся дыялектызм у выглядзе прыналежнасьці толькі суфіксу -уды замест -уда да гаворак будучай беларускай мовы. Утварэньне прыслоўяў адбывалася і пры дапамозе запазычанай з польскай мовы часьціцы кольвекъ.

У прыватнасьці, у старабеларускі пэрыяд акрэсьліваецца выцясьненьне прыслоўем где ранейшага старажытнарускага кде і атрыманьне ім дадатковага значэньня куды (напрыклад, коли мы сами где своею головою потѧгнемъ). Шырока ўжываным стала прыслоўе инде «у іншым месцы, дзе-небудзь», паўсталае як яднаньне старога инъ з суфіксам де (не было палено и[н]де, иньде искати, вкупѣ се ту[т] и и[н]де). Успадкаваным ад старажытнарускага пэрыяду і даволі частым нават у актавай пісьмовасьці было прыслоўе зде «канкрэтнае неаддаленае месца» (поиди семо здѣ кнѧзь) або ягоныя формы здеся, здесе, сезде, сезде. Акрамя памянёных прыслоўяў, дзелавая пісьмовасьць ХІІІ ст. фіксуе захаваньне старажытнага прыслоўя ту (годно ту тѧжетьсѧ, а тоу были, товаръ былъ ту), якое пазьней стала ўжывацца, па ўсёй бачнасьці, толькі пад уплывам царкоўнаславянскай і польскай моваў. Пазьней старабеларускія кніжнікі ўсьведамлялі гэтае прыслоўе як патрэбны для перакладу царкоўнаславянізм і замянялі яго на народныя формы тутъ, туто, тута, тутаки. Іншым старажытным прыслоўем стала везде «усюды» (богъ везде естъ; вездѣ, гдѣ бы ни было; ли[ст] нашъ везде пꙋбликованъ), якое, аднак стала саступаць прыслоўю всюды. Аднак перавага апошняга стала параўнальна нязначнай, што гаворыць пра роўнаўжыванасьць гэтых прыслоўяў у тагачаснай народнай мове. Пытальна-адносныя і ўказальныя прыслоўі ў старабеларускай мове часьцей за ўсё ўтвараліся пры дапамозе суфіксу -уды (туды, сюды, куды), але помнікі паказваюць на пэўнае пашырэньне ў народнай мове і формы на -уда (куда хоче[т] еха[т]). Зь першым суфіксам утваралася і прыслоўе инуды «у іншае месца, у іншым месцы» (если инуды посмотры[ш], инꙋуды пошла).

Стракатая карціна адлюстроўваецца пры выкарыстаньні прыслоўных суфіксаў -ле, -ли, -ля, -ль: утвораныя празь іх прыслоўі маглі мець як народны ці ўспадкаваны з старажытнарускага пэрыяду характар, так і зьяўляцца царкоўнаславянскімі запазычаньнямі, што часам абумоўлівалася кантэкстуальна. Сярод іншага, гэтыя суфіксы пераважалі ў розных тыпах асноваў: у асновах на -у/-ю пераважае -ль (отусюль), у асновах на -о/-е — -ле, -ль (отселе). Выключэньні (ԝ[т]коуле), аднак, маглі складаць і вынік уплыву народных формаў. Аналягічны лёс мелі прыслоўі з прыстаўкамі -до, -по. У сваю чаргу, іх частасьць крыху скарачалася дзякуючы паралельнаму ўжываньню з покуль прыслоўя поки.

Спэцыфічным у параўнаньні з сучаснай беларускай мовай стала ўжываньня прыслоўя коли, функцыя якога як неазначальнага (у значэньні сучаснага «калі-небудзь») пераважала над адносным тыпу есьті имъ не было коли.

Часавае значэньне мелі захаваныя з часу старажытнарускае мовы адзайменікавыя прыслоўі тогды, (на/за)всегды, завседы, иногды, оногды, овогды. Дыяхранічна іх розныя формы мелі неаднолькавае ўжываньне: завсегды фіксуецца ў актавай пісьмовасьці з XV ст. і пашыраецца ў XVII ст., тоесная сучаснай формы завседы зафіксавана толькі адзін раз у помніку XVII ст. (zawsiody ia tam mnoho wyczytain (sic!), ліст да Абуховіча). Аднак над імі яўна пераважае фіксаванае з XV ст. завжды. У значэньні сучаснага часам ужывалася иногды (иногды не бывалъ у васъ), але з пачатку XVI ст. поруч зь ім выступае часомъ, якое становіцца часьцейшым з другой паловы XVI ст.

Прыслоўі спосабу дзеяньня мелі выгляд такъ, какъ, якъ, инакъ, сякъ. Нягледзячы на тое, што іх формы з канцавым -о замест ера тлумачацца як царкоўнаславянскі ўплыў, формы якъ ды яко былі практычна роўнаўжыванымі, прычым апошняя нават крыху пераважала і падтрымлівалася з боку польскае мовы. У радзе помнікаў з XV ст. яны пераважаюць над какъ. Ад займеньніка инъ утвараліся формы инакъ, иначей з пэўнай перавагай апошняй.

Адпрыметнікавае ўтварэньне прыслоўяў мела значэньні спосабу дзеяньня, меры, ступені. Аналягічна старажытнарускаму пэрыяду яны ўтвараліся як формы на -о ды -е (напрыклад, непорушно ~ непорушне). Апошнія формы ў старабеларускай пісьмовай мове сталі пераважаць, але яны, асабліва з XVI ст., тлумачацца як палянізмы. Тым ня менш, іх дакладнае разьмежаваньне як народных, кніжных або запазычаных прадстаўляе вялікую цяжкасьць. Некаторыя з палянізмаў падобнага роду зьведвалі фанэтычную адаптацыю (неотволочно, заровно, прудко). Паводле частасьці ім наступавалі формы прыслоўяў, што супадалі з формамі кароткіх прыметнікаў роднага склону, зь якіх найчасьцейшыя — з прыстаўкамі з-, за-, до- (здавна, допозна, засветла), у раньняй дзелавой пісьмовасьці выступаюць таксама формы на из-/ис- (исперва, издавна). Крыху радзейшымі сталі прыслоўі з прыстаўкай по- і суфіксам у-, суадносныя з давальным склонам (постарому, порану, подолгу), а з другой паловы XVI ст. асаблівае пашырэньне атрымліваюць падобныя ж формы, але суадносныя з кароткімі прыметнікавымі формамі (по-литовску, по-руску, по-хрестиянску), пры гэтым паралельна зь ёю пад уплывам, па ўсёй бачнасьці, дыялектных формаў існавалі аналягічныя формы з суфіксамі -и/-ы (по хрс̃[т]ьянски, по кроле[в]ски). Да іх прымыкалі формы спосабу дзеяньня на -о, суадносныя з назоўным склонам (братерско, жолнерско, людско). У сваю чаргу, з формамі на прыстаўку по- і суфікс -и/-ы нельга блытаць кніжныя формы, суадносныя з творным склонам тыпу всячески.

Адназоўнікавыя прыслоўі паўставалі праз выкарыстаньне асноваў назоўнікаў і дапасаваньне іх у пэўным склоне ў залежнасьці ад першапачатковага слова (напрыклад, з родным склонам суадносіліся прыслоўі додому, зненацку, изначала). Канчатак ускоснага склону мог адпадаць, а сувязь прыслоўя зь ім губляцца (дармо, потай, посполъ). Большая частка падобных прыслоўяў знаходзіла падтрымку з боку народнае мовы і захавалася дагэтуль, але рад беспрыставачных прыслоўяў, перадусім з значэньнем часу або месца, дасюль не дайшлі (вечере, низе, ночы). Вялікая іх частка мела тэндэнцыю замены на памянёныя тыпы прыслоўяў.

Параўнальна нешматлікімі сталі адлічэбнікавыя прыслоўі, пры гэтым простыя іх формы ўтвараліся ад першых трох парадкавых і колькасных лічэбнікаў. Зь іх у помніках розных жанраў да XV ст. ужываюцца архаічныя формы перво, первое, второе, третее, одново, неоднова, одинова. Першыя дзьве формы паступова выцясьняліся формай (на)первей або, з XVI ст., перше(й). Урэшце, больш прадуктыўнымі, суадноснымі з народнай мовай і ўжыванымі ў помніках розных жанраў сталі прыставачныя формы на -в/-у, по-, на-, за- (вдвохъ, попершому, начетверо, заодно). Прыслоўі з значэньнем паўтаральнасьці цесна ўзаемадзейнічалі як з народнымі, так і з царкоўнаславянскімі формамі: так, да XV ст. царкоўнаславянскія суфіксы -жды і -кратъ ужываюцца нават у актавай мове. У народнай мове ім адпавядалі спалучэьні тыпу «лічэбнік+раз», якія часам пранікалі ў пісьмовую мову (разъ на день… дрꙋги[и] ра[з] на день). З XVI ст. шырока ўжываюцца прыслоўі спосабу дзеяньня з суфіксам -ако/-яко (двоѧко, четворако, седморако).

Аддзеяслоўныя прыслоўі прадстаўленыя яшчэ радзей, яны звычайна мелі малую колькасьць тыпаў, характарызаваліся адсутнасьцю ўнутранай варыяцыйнасьці. Большая іх частка ўтваралася ад дзеепрыметнікаў залежнага стану паводле мадэлі адпрыметнікавых прыслоўяў на -о/-е, некаторыя, мажліва, ужо ад ад’ектывізаваных дзеепрыметнікаў. Зь іх пераважаюць формы на -н- (неотступно), радзей сустракаюцца на -м- (неисходимо), але абодва мелі кніжны характар. Рысы прыслоўя набылі былыя дзеепрыслоўі на -а/-я (нехотѧ), але падобныя ўтварэньні таксама зьяўляліся рэдкімі. Дзеяслоўнае паходжаньне мелі таксама прыслоўі навстычъ, наотсечъ, наповалъ.

Вышэйшая ступень параўнаньня прыслоўяў утваралася пры дапамозе суфіксаў -ей, -ш (глыбей, большъ), зь іх утвараліся і кантамінаваныя формы (болшей, вышшей, лепшей). Найвышэйшая ступень, за выняткам польскага пісьмовага запазычаньня на- і царкоўнаславянскага пре-, мела ўтварэньне праз прыстаўку най- (найменшъ, найзычливей, найсилней).

Старабеларуская цягам пэрыяду свайго існаваньня як пастаянна карыстанай літаратурна-пісьмовай мовы характарызавалася радам устойлівых пісьмовых прыёмаў, якія не адпавядалі народнай мове і, такім чынам, уводзіліся ў яе штучна, пад уплывам іншамоўных рэсурсаў. Рад зь іх быў спарадычным і тлумачацца кантэкстуальна, тады як пэўныя зь іх часьцяком мелі сыстэматычны характар.

Украінскім уплывам тлумачыцца пашырэньне дзеяслоўнага канчатку -мо ў помніках тэрыторыі Беларусі, дзе падобны канчатак адсутны (терпимо, спимо, идемо, пожадаемо, прагнемо), формаў назоўнага і вінавальнага склону множнага ліку назоўнікаў на ѣ (вѣршѣ складати). Кантакты адразу з стараўкраінскай і польскай мовамі прычыніліся да ўзьнікненьня з XVII стагодзьдзя ў пісьмовых помніках безасабовых канструкцыяў дзеепрыметніку на -но/-то; канчаткаў -ови/-еви назоўнікаў мужчынскага роду множнага ліку ў давальным склоне (лебедеви), утварэньне загаднага ладу на -ете і формы прыметнікаў жаночага роду адзіночнага ліку ў вінавальным склоне на -ои (жаднои речи, покорнои мудрости). Да ўкраінізмаў трэба адносіць таксама дзеяслоўны канчатак інфінітыву на -ти, які пад уплывам украінскае мовы выцясьняў канчатак -ть, што стаў у пэўнай ступені нарматыўным з пачатку XVII ст. Для дзелавой пісьмовасьці XV—XVI стагодзьдзяў быў уласьцівы пісьмовы палянізм у выглядзе пэрфэктных паводле паходжаньня мінулых формаў, дзе дзеяслоўная зьвязка зьлівалася ў адно слова зь дзеепрыметнікам на -л або прымыкала да першага знамянальнага слова фразы (видело[м] завжды ча[с], ԝдное[м] речи проси[л], которого[м] терпѣлъ). Падобная рыса, у выглядзе дзеяслова на -омъ адзіночнага ліку мінулага часу першай асобы, становіцца заўважнай у актавай пісьмовасьці пачатку XVII ст. Перапісаныя ў той жа час копіі ранейшых актаў характарызуюцца канчаткам -мы ў дзеясловах першай асобы множнага ліку.

Сынтаксіс старабеларускае мовы ў яе дыяхранічным разуменьні адзначаўся спалучэньнем пераважна беларускіх рысаў з даданьнем іншамоўных характарыстык на пісьме. Што да асобных пэрыядаў існаваньня мовы, наглядаецца пэўнае адпадзеньне старажытных сродкаў у сынтаксісе.

Зьвесткі пісьмовых помнікаў старабеларускае мовы дэманструюць шэраг інавацыяў у тым ліку і ў галіне сынтаксісу, сярод якіх адзначаліся, у прыватнасьці, пашырэньне выкарыстаньня складаназалежных сказаў і замена прыназоўнікавымі канструкцыямі беспрыназоўнікавых; шырокае ўжываньне поўных формаў прыметніку ў функцыі выказьніку; дапасаваньне лічэбнікаў «два», «тры», «чатыры» з назоўнікамі ў множным ліку роднага склону (тры столы і да т. п.); канструкцыі тыпу лепшъ за его, вышелъ от всих, пошолъ до дому, сталося ему; адпаведнікі ўласна беларускіх злучнікаў у складаных сказах («што», «нібы», «калі», «як» і г. д.), «ці/чы». Асобныя інавацыі адзначаныя ў ХІІІ ст.: так, імаверна, узьніклыя пад уплывам фіна-вугорскіх і балтыйскіх моваў назоўнікі на -а/-я перад інфінітывам у Смаленскай праўдзе 1229 г. замяняюцца на -у/-ю (такова правда оузѧти роусину, але таковоу правдоу възѧти роусиноу), але першая форма працягвала існаваць у XIV—XVII ст. як у полацка-смаленскай, так і ў пісьмовасьці іншых паўночных беларускіх рэгіёнаў (Вільня, Трокі, Маладэчна). Для сынтаксісу старабеларускае пісьмовасьці былі ўласьцівыя як малалікія адрозьненьні ад іншых славянскіх моваў, так і існаваньне шэрагу замацаваных прыёмаў, уласьцівых як перакладам, так і арыгінальнай творчасьці.

У сынтаксісе старажытнарускае мовы існавала канструкцыя «давальны самастойны», якая пачала разбурацца пасьля спыненьня зьмены дзеепрыметнікаў цяперашняга і мінулага часу. У выніку, у народнай беларускай мове дзеепрыметнік у складзе такой канструкцыі замест формы давальнага склону мужчынскага роду пачаў ужывацца ў форме назоўнага або давальнага склонаў жаночага роду, чым фактычна пераўтварыўся ў дзеепрыслоўе (и седши ему, и выходечи ему). Аднак шэраг арыгінальных і перакладных помнікаў няактавае пісьмовасьці другой паловы XVI ст. паказваюць на малую ўласьцівасьць такога звароту народнай мове таго часу. У пэўных народных гаворках гэтая зьява, аднак, захоўвалася, што дэманструе «Дыярыюш» Філіповіча (стоячому мнѣ на мл̃твѣ стра[х] мя таки’ обнялъ, выѣждзаючи мнѣ з села того великая тлуща люде’ вышла). Быў адлюстраваны іншы дыялектызм старажытнарускага часу, а менавіта суіснаваньне злучнікаў а ды и (Корачов а Слоним, я а ты, толико царѧ а мене). У якасьці дыялектызму тлумачыцца таксама спарадычна існая канструкцыя «ёсьць + родны склон назоўніка» (у Смаленскай праўдзе 1229 г., у грамаце хана Тахтамыша 1392—1393 гг.).

Вылучаецца сынтаксіс актавае пісьмовасьці ў параўнаньні зь іншымі жанрамі пісьма дзякуючы наяўнасьці ў першай аднародных частак, зьвязаных падпарадкавальнымі зносінамі.

Дзякуючы перакладным помнікам літаратуры мяжы XVI—XVII ст. адлюстроўваюцца такія зьявы як захаваньне вінавальнага склону ў дачыненьні да адушаўлёных асобаў (корол позвал лѣкары, послал тогды послы) і дзеепрыметнікаў залежнага стану ніякага роду ў ролі выказьніка безасабовых зваротаў (его прыведено, Атылю королем обрано).

Параўнальна рана ў старабеларускай пісьмовасьці адзначаецца існаваньне двухсастаўных недапасаваных канструкцыяў (дано опочинок, ер̃слимъ взято, а той ярлыкъ писано у Ордѣ), але паралельна зь іх утвараліся аднасастаўныя безасабовыя (голову его у озеро укинено, дано им таблицю). З XVII ст. на пісьме ў сынтаксісе часам існавалі дваістыя спосабы выражэньня: назоўнік і прыметнік у прэдыкатыўнай функцыі маглі мець формы назоўнага або творнага склону (чаровникъ быль — чаровнико[м] бы[л], суть балваны — суть балванами, бу[д] же вдячный — бу[д] же вдячны[м]); прыметнікі ў той жа функцыі — кароткія альбо поўныя формы (выхованъ бы[л] — выхованый бы[л], бы[л] впроваженъ — бы[л] впроваженый); дзеясловам мінулага часу няпэўна-асабовых сказаў часам адпавядалі дзеепрыметнікі залежнага стану мінулага часу ніякага роду (зложили — зложено, повѣдали — поведано, дали ей имя — дано ей имя). У сваю чаргу, наяўнасьць падобных безасабовых сказаў з выказьнікам у форме дзеепрыметніку залежнага стану мінулага часу ніякага роду на -то/-но ў кантэкстуальных умовах можа тлумачыцца польскім уплывам («Гістарычныя запіскі» Ф. Еўлашоўскага). Наогул старабеларускі сынтаксіс часам мог мець царкоўнаславянскія, старажытнарускія, чэскія, сэрбскія ўплывы. Урэшце, спрадвечны або запазычаны характар не ўсталяваны для шэрагу сынтаксічных зьяваў, у прыватнасьці, выкарыстаньне альбо (по[д] да[х] албо оу подворье албо оу до[м]).

Аналягічна іншым славянскім мовам, бальшыню лексычнага фонду мовы складалі лексэмы славянскага паходжаньня, асабліва ўсходнеславянскага.

Існавала пашырэньне лексэмаў, якія раней зьяўляліся агульнавядомымі для славянаў, але мелі статус дыялектызмаў, у якасьці агульнаўжываных у мове. На аснове славянскіх каранёў было мажлівым утварэньне новых словаў, пры гэтым асноўным шляхам была афіксацыя з прыцягненьнем суфіксаў і прыставак. У пісьмовай старабеларускай мове шэраг такіх шляхоў быў рэдкім: так, Баркулабаўскі летапіс канца XVI ст. прадстаўляе практычна выключную значнасьць дзякуючы адлюстраваньню ў ім памяншальных формаў тыпу матухно, панюшко, зезулюхно.

Да агульнаславянскае лексыкі ў старабеларускай пісьмовасьці, адносяцца, у прыватнасьці, гнездо, братъ, мѧсо, верити, хотети, ходити, богатый, далекий, веселый. Побач вылучаецца лексыка агульнаславянскага паходжаньня, што атрымала спэцыфічнае беларускае разьвіцьцё (вышинѧ, початокъ, подлога, боронити, лаѧти, привитати, даремный, шаленый, дробный, борзо, доловъ, лепей), уласнае фанэтычнае аблічча (ночь, тысѧча, сторона), спэцыфічнае словаўтварэньне (местце, покоуса, таемность, выбавити, заспевати, выславити). Адзначаецца ўласна беларуская лексыка (блискавица, збавенье, змова, прѧгнути, закликати, вчинити, добрый, пекельный, тлустый, даремне, первей, поки), асобная іх частка (колы, погинути, частина) прадстаўленыя ў дзелавых помніках этнічнае беларускае тэрыторыі з ХІІІ ст., а з пэрыяду Кіеўскае Русі ў старажытнарускай мове вылучаюцца «заходнерускія» дыялектызмы (цѣрь, веребей) або дыялектызмы, што пазьней будуць сустракацца толькі ў адной усходнеславянскай мове побач з старабеларускай або ва ўсіх трох гэтых мовах і часткова ў адной з трох (пуща, крыница, ролья, небогъ  небожчикъ). Выразнаю рысаю лексычных кніжных прыёмаў у першай палове XVII ст. становіцца вольны зварот з польскай, беларускай і царкоўнаславянскай лексыкай дзякуючы рознай частасьці карыстаньня моўных сродкаў (чынити — дѣяти, завжды — присно, гледети — смотрети і г. д.). Што ж датычыць уласна дыялектнае лексыкі, разыходжаньні павялічваюцца з XIV ст. дзякуючы росту дыялектных зьяваў у гэтай галіне, але ў выпадку старабеларускай і стараўкраінскай моваў яны не прывялі да параўнальна значнага разьмежаваньня.

Сярод запазычваньняў адзначаліся палянізмы, лацінізмы, германізмы (у прыватнасьці, з скандынаўскіх моваў), царкоўнаславянізмы, літуанізмы, цюркізмы (гл. таксама татарская мова ў Беларусі), элінізмы (запазычваньні з грэцкае мовы), уралізмы (запазычваньні з уральскіх моваў).

Для пісьмовае старабеларускае мовы пэрыяду замацаваньня або прынамсі зьяўленьня беларускіх рэлігійных тэкстаў адпаведным творам была ўласьцівая вялікая разнастайнасьць лексычных сродкаў у выглядзе народных словаў і палянізмаў пры тлумачэньні царкоўнаславянізмаў у перакладзе (рещи — речи; мовити — вымовити; поношенье — поношенье, ганьба, наруганье; риза — риза, шата, шатина, оденье), што стала як вынікам большага багацьця старабеларускае мовы, так і пэўнае неўнармаванасьці слоўніку ў пэрыяд выцясьненьня зь літургіі царкоўнаславянскае мовы. Акрамя запазычваньня царкоўнаславянскай агаласоўкі ў пісьмовым афаріленьні словаў, існаваў слой уласна царкоўнаславянскіх запазычваньняў (стража, мзда, храмъ).

Дзякуючы пісьмовым кантактам унутры ВКЛ, адукацыі ўраджэнцаў сучаснае Беларусі на этнічна ўкраінскіх землях ВКЛ і прытоку ўкраінскага духавенства ў Амсьціслаўскае ваяводзтва пасьля падпісаньня Берасьцейскай царкоўнай уніі ды прытоку пісьменьнікаў украінскага паходжаньня ў старабеларускую мову пранікалі запазычваньні ўкраінскага паходжаньня, якія рэалізоўваліся таксама ў перайманьні агаласоўкі слова (котрий, що, сокіра) і зьмяшэньня на пісьме и—ы (печаты |и|, влади |ы|-ка, риба, ріданіе), ѣ—и (види(ѣ)ти, терпи(ѣ)ти, исти хочѣ, свѣдитель, довтѣпъ). Гэтыя рысы сустракаюцца, як правіла, у помніках паўднёвага захаду сучаснае тэрыторыі Беларусі («Катэхізіс» С. Буднага, Прамова Мялешкі) і некаторых дакумэнтах зь іншых паўночных земляў ВКЛ. Шэраг як стараўкраінскіх, так і сумесных стараўкраінска-польскіх запазычваньняў фрагмэнтарна адзначаны таксама ў марфалягічным ладзе мовы (гл. вышэй). Іншыя ўкраінізмы рэалізоўваліся выключна ў пісьмовым выглядзе: часьцейшае выкарыстаньне этымалягічнага яць (въ грѣсѣ, моцьнѣйший, приѣхалъ); выкарыстаньне і ў спалучэньні перад галосным (каменіе, познанію, людіе); и або й у значэньні й пасьля галосных у сярэдзіне і асабліва канцы слова замест частага ў старабеларускай знаку паерык (берестеискыи, великий, тайны); замена o  ω, асабліва ў пачатку слова (ωстаночнои, ωчію, дармω); замена старабеларускага у ў пазыцыі пасьля цьвёрдых зычных на оу, ꙋ, радзей ѫ (широтоу, словѫ, послꙋшенства), у той жа час беларускае ꙋ магло замяняцца на оу, ѫ, беларускае оу магло адпавядаць ꙋ, ѫ, украінскае ѫ — беларускаму ю; параўнальна рэдкае ў параўнаньні зь іншымі беларускімі тэкстамі выкарыстаньне э ў значэньні ; перавага ў тэкстах ѧ замест ꙗ; часьцейшае ўжываньне літары s (зяло) у значэньні  (sвѣрей, ноsе, книsе); выкарыстаньне літары ґ для перадачы выбухнога  запазычваньняў (венґер, ґрековъ), пашырэньне пад паўднёваславянскім уплывам замены ъ  ь у канцы словаў (пророкь, своемь, низь); спарадычная замена знаку паерык на ъ, ь (мер’твые  мрътвыи, мает’ — маеть, ин’шихъ — иншихь), пры гэтым усе з гэтых пісьмовых адрозьненьняў мелі сыстэматычны характар.

Кантактам з балтыйскімі мовамі (або іх субстрату) прыпісваецца паходжаньне дробавых лічэбнікаў тыпу «паўтраця»; структурна-сэмантычнай блізкасьці некаторых займеньнікаў, прыслоўяў і прыназоўнікаў; агульнай валентнасьці паасобных дзеясловаў, канструкцыяў адмоўя ў спалучэньні з родным склонам, канструкцыяў зь дзеясловам «мець» і г. д.. Асобныя балцкія дыялекты (летувіская мова) абавязаныя такім запазычваньням як пуня, стодола, груца.

Старабеларускія тэксты кітабаў, адносячыся пераважна да рэлігійнага рэгістру мовы, праяўляюць наяўнасьць спэцыфічных арыенталізмаў з галіны рэлігійнай лексыкі ісламскага абраду: [дуа́] «малітва», [с’элам] «прывітаньне», [вас’ійат] «запавет».

Запазычаньні з польскае мовы праяўляліся як у зьмены агаласоўцы словаў у дзелавых помніках з канца XV ст. (влостный «валасны», постронний, ωбротити), так і ва ўласна лексычных палянізмах (вшелѧкий «усялякі», жаденъ «ніводны», кгды «калі» [у значэньні часу], росказати «загадаць»), але іх роля ў актавых дакумэнтах паказвае на карысьць пачатку працэсу інтэнсіўнага пранікненьня польскае лексыкі ў старабеларускую мову. Сярод палянізмаў вылучаліся як успрынятыя жывой мовай (жолнеръ, ланцугъ, моцъ), так і ўжываныя толькі ў пісьмовасьці (маетность, владность, вшетеченство). Да палянізмаў адносіцца таксама пласт пісьмовых формаў адушаўлёных назоўнікаў мужчынскага роду назоўнага склону, дзе аснова на заднеязычны ў множным ліку зьмянялася на сьвісьцячы, калі такія напісаньні (волцы, пророци, писменници) праз спэцыфіку помніку не тлумачацца як царкоўнаславянскія. Польскім жа ўплывам тлумачыцца замена на пісьме канчатку назоўнікаў жаночага роду роднага склону -и пад уплывам прыметнікаў у польскай мове тыпу королѧ арабіеи, пашырэньне канчатку -емъ на назоўнікі ніякага роду адзіночнага ліку з асновай на не зацьвярдзелы (пога[н]стве[м], сэрцэмъ). Працэс засваеньня палянізмаў старабеларускім пісьменствам па ўсёй бачнасьці скончыўся ў сярэдзіне XVII ст., бо тагачасныя помнікі (прыкладам, Статут Полацкага брацтва 1651 г.) паказваюць адсутнасьць новых палянізмаў.

Дзякуючы прамым кантактам зь нямецкай мовай, а таксама пасярэдніцтвам ідыш і польскае мовы, у прыватнасьці, з прычыны кантактаў поўначы ВКЛ зь Лівонскім і Тэўтонскім ордэнамі, а таксама Рыскім арцыбіскупствам, у тагачасную народную мову пранікалі германізмы, якія адтуль траплялі ў актавую пісьмовасьць (буда, крижъ, коштовати, кгвалтъ, барберъ, маршалокъ, рада, лаштъ) зь першай паловы XVI ст.

Асноўны аб’ём лацінізмаў у старабеларускай мове склалі нязьмененыя словы, словы зьмененага значэньня і ўласныя ўтварэньні на аснове лацінскіх каранёў. Невялікая колькасьць словаў, што зьмянілі сваё вымаўленьне пад уплывам трэцяе мовы, сьведчыць пра прыход асноўнай часткі лацінскай лексыкі непасрэдна з мовы-арыгіналу. Аднак асваеньне лацінскае лексыкі ў актавых помніках стала прыкметным толькі з канца XVI — пачатку XVII стагодзьдзяў. З часоў Люблінскай уніі ўзмацняецца прыток лацінізмаў, выкліканы ўзаемадзеяньнем актавае пісьмовасьці ВКЛ з актамі Польшчы, замацаваньнем лаціны ў дыпляматыі і навуцы, вывучэньнем лаціны як прэстыжнае міжнароднае мовы ў каталіцкіх і праваслаўных брацкіх школах. З XVII ст. дзякуючы ў тым ліку палянізацыі справаводзтва ВКЛ на старабеларускай мове насычаецца лацінізмамі, пры гэтым нярэдка шэраг іх вядомы толькі ў актавай мове, узьнікаюць нэалягізмы на лацінскай аснове (антецесоръ, прынцыпалъ, дыспонованье), хоць, да прыкладу, брацкая праваслаўная літаратура пачатку XVII ст. мае сьляды самастойнага іх запазычваньня. Нягледзячы на пачашчэньне лацінізмаў, побач з гэтым актавая пісьмовасьць гэтага часу практычна ня мае царкоўнаславянізмаў, што робіць яе мову надзвычай блізкай да народнай, гэты статус, такім чынам, ускосна падтрымліваўся дзяржаўнымі сродкамі. У цэлым важнае ўяўленьне пра агульную гісторыю лацінізмаў у пісьмовай старабеларускай мове надае «Дыярыюш» А. Філіповіча, бо нават у заангажаваным у падтрымку праваслаўнае культуры ВКЛ творы, дзе было б чаканым адумысьля адмаўленьне ад «лацінскага», лацінізмы ўжытыя шырока, што сьведчыць пра значнае ўбудаваньне іх у моўную практыку.

Пісьмовыя помнікі старабеларускага пісьменства пэрыяду XV—XVIII стагодзьдзяў сьведчаць пра захаваньне пры працэсе запазычаньня іншамоўных лексэмаў такіх зьяваў як перадаваньне сярэднеэўрапейскага l як л’ (люнаты, лабири [л’а], капаланъ [л’а], каппеллѧ [л’а]) і аналягічнае перадаваньне лексэмаў арабскага паходжаньня (корабеля), захаваньне цьвёрдага характару s, z (сындикъ, сынодъ, визытовати), перадаваньне грэцкіх β як б (дьѧбл-, барбар(ъ)) і θ — як т (аритметыка, ωртокграθеѧ). У адпаведнасьці з славянскай схемай будаваньня складу (цьвёрды зычны + галосны задняга раду) у лацінізмах мяжы XVI—XVII стагодзьдзяў частае ы пасьля зычных (видымусъ, композыцыя, юрыздыкцыя), аднак частае таксама і и. Напісаньні як першага, так і другога тыпу не разыходзіліся з жывым вымаўленьнем, але ы пасьля зубных у запазычаньнях досыць рэдкае і сустракаецца ў асноўным у эпоху пачатку засваеньня гэтых лексэмаў.

Дзякуючы пасярэдніцтву польскае мовы ў старабеларускую мову, у прыватнасьці, пранікалі запазычваньні з моваў Заходняй Эўропы, існаваў асобны слой уласна польскіх запазычваньняў. У тэкстах пэрыяду пасьля скасаваньня афіцыйнага статусу мовы — павелічэньне колькасьці палянізмаў, царкоўнаславянізмаў і русізмаў.

Многія запазычваньні зазнавалі ўласна беларускія фанэтычныя працэсы: дыстантную дысыміляцыю (перкгримъ  пелкгримъ), кантактную дысыміляцыю (брамка  бранка), мэтатэзу (мураръ  мураль  муляръ), спрашчэньне зьбегаў зычных (вспанялый  спанялый), мяшаньне с і ш (арестъ  арештъ, смалецъ  шмалецъ, стрихъ  штрихъ).

Адметная фразэалёгія зафіксаваная ўжо ў вышэйзгаданай смаленскай «праўдзе» (дамове) з Гоцкім берагам і Рыгай 1229 (люди с колы перавести). Фрагмэнтарна яна вядомая дзякуючы татарскім рукапісам арабіцай (галаву зьвесіць, сэрца баліць, чыніць паклон), крыніцаю яе пранікненьня ў пісьмовую мову была як народная беларуская мова (як свинья в болоте, ходити по людях), так і царкоўнаславянская мова (соль земли, глас божий).

У пісьмовай старабеларускай мове ў асноўным выкарыстоўваўся кірылічны альфабэт. Складам літараў і прынцыпам артаграфіі старабеларуская мова істотна адрозьнівалася ад сучаснай, маючы вялікі склад літараў і этымалягічны прынцып у правапісе, праз што старабеларуская пісьмовасьць значна разыходзілася з вуснай (у адрозьненьне ад сучаснай беларускай мовы). Адзначаецца зьвязанасьць пісьмовай традыцыі старабеларускае мовы з царкоўнаславянскай. Вызначаная ўнівэрсальнасьць і дагматычнасьць пісьма дазваляла выкарыстоўваць пісьмовую старабеларускую мову для тагачасных гутарковых варыянтаў як беларускай, так і ўкраінскай моваў. Як правіла, гэтыя каноны пашыраліся і на літаратуру сьвецкіх жанраў, але рэлігійнае паходжаньне гэтых правілаў пацьвярджаецца найбольшай увагай да гэтага прынцыпу менавіта ў помніках рэлігійнае галіны. Аднак ступень прытрымліваньня гэтых канонаў хісталася ў залежнасьці ад жанравай характарыстыкі тэксту і асабістых густаў складальніка. Найбольш адарванай ад пісьмовай традыцыі стала актавая мова, хоць і яна ў сілу абсорбцыі тагачасных стылявых прыёмаў і агульных паняцьцяў пра традыцыйнасьць ня стала поўным адлюстраваньнем тагачаснай беларускай мовы.

Выкарыстоўваліся таксама лацінскі альфабэт (эпізадычна, напрыклад Хроніка Быхаўца) і арабскае пісьмо (дакумэнты літоўскіх татараў, якія выкарыстоўвалі арабскае пісьмо для трансьлітарацыі старабеларускай пісьмовасьці).

Пры пераходзе на іншыя, менш традыцыйныя сыстэмы пісьма традыцыйнасьць, прынятая ў кірылічным запісе, зьнікала, што прыводзіла да больш дакладнае перадачы гукавага ладу мовы. Разам з тым, існавала пэўнае адхіленьне ад гэтых нормаў, што станавілася прычынай зьнікненьня некаторых літараў, што пазначалі ў старабеларускай адзіную фанэму (напрыклад, выкарыстаньне е на месцы этымалягічнага ѣ). З другой паловы XVI стагодзьдзя ў пісьмовай старабеларускай мове паўстала тэндэнцыя да перадачы выбухнога  шляхам літары г або спалучэньняў кг, гг; замены рэдукаваных старых усходнеславянскіх ъ, ь на о ды е адпаведна, вялікага юсу на у; перадачы ы перад р, ж, ч, ш, щ, ц; прыбраньня на пісьме ѣ і перадачы а як е пасьля мяккіх зычных (паметь «памяць», месец «месяц»). Аднак нормы так і не дасягнула адлюстраваньне дзеканьня і цеканьня ў адрозьненьне ад, прыкладам, зацьвярдзеньня шыпячых.

Акрамя адкіданьня графічных дублетаў і руху да паступовага збліжэньня традыцыйнай тэхнікі пісьма з жывым тагачасным вымаўленьнем беларускае мовы, адбываліся зьмены пісьма ў строгім сэнсе, г.зн. праводзіліся выключна ўтылітарныя падыходы ў выглядзе адаптацыі пісьма пад найбольш частыя патрэбы грамадзкага жыцьця. Гэта, а таксама фізычная разьмежаванасьць з этнічна расейскімі землямі, абумоўлівала паступовае аддаленьне ад ранейшых артаграфічных традыцыяў і складаньне ўласнае спэцыфікі кірылічнага альфабэту ў старабеларускай пісьмовасьці.

Так, цягам ХIII—XIV стагодзьдзяў была выцесьненая літара ѥ («е» ётаваная), якая замянялася пераважна на г.зв. «шырокае» е (ѥхати  таємница). З XVI ст. у старабеларускай пісьмовасьці ўзьнікае літара ε, што выступала ў абедзьвюх пазыцыях.

Помнікі старабеларускага пісьменства ХIII—XIV стагодзьдзяў паказваюць на захаваньне старажытнарускай традыцыі выкарыстаньня і (выкарыстоўвалася, адпаведна, рэдка і ў асноўным пасьля галосных). Аднак у XV ст. выкарыстаньне літары пашыраецца перад галоснымі пріехати, великіи, евноутіи, а зь першае паловы таго ж стагодзьдзя — у пачатку словаў перад галоснымі (іюда, іаковъ, іорданъ). Адначасова, у любой пазыцыі і ў канцы XVI — XVII стагодзьдзяў магла існаваць у пазычаньнях (архімандритъ, філософъ, абридлівость), у той час як акты той жа эпохі літару практычна ня ведаюць. У значэньні и, а таксама в і другога кампанэнту дыграфу оу вядомая літара іжыца ѵ (сѵмеонъ, тайноѵ, еѵхаристіа), але ў цэлым яе ўжываньне мінімальнае.

З XIV ст. разьмяжоўваюцца функцыі оу, у, ꙋ: першая ўжываецца ў пачатку (оу ригу, оустье), другая і трэцяя — у сярэдзіне і ў канцы (мꙋдрость, емꙋ, судити).

Практычна нязьменным засталося выкарыстаньне літараў а, ы, ю, адбывалася некаторае зьмяшэньне е ды о ў значэньні сучаснага ё (ленъ, медъ, песъ, але всо, слозы), але ўвогуле на заканамернасьць выкарыстаньня е таксама на месцы  пасьля мяккіх зычных гэта не паўплывала, пэўныя выпадкі пераадоленьня гэтае неадназначнасьці прадпрымаліся ў іншых выглядах (гл. далей).

Акрамя пашырэньня ераў у выніку другога паўднёваславянскага ўплыву (гл. вышэй), зь літарай ъ зьвязанае ўзьнікненьне адметна старабеларускай рысы: пастаноўкі ъ ды ь у сярэдзіне групы зычных (балъванъство, кгьвалтовъне, малъжонъка), з другой паловы XVI ст. ъ пашыраецца таксама між прыстаўкай і ётам (зъеханье, зъездъ, ԝбъявити).

Здаўна пераважна дзеля пазначэньня  прымянялася г у адрозьненьне ад дыграфаў зь яе ўдзелам.

У актах XVI—XVII стагодзьдзяў назіраецца выцясьненьне літары ф на карысьць ѳ, што зьяўляліся дублетамі і, такім чынам, несьлі аднолькавае гукавае значэньне. Вельмі рэдка і па-за межамі актавае пісьмовасьці ўжываліся літары «псі», «ксі» дзеля пазначэньня адпаведных зьбегаў зычных у запазычаных словах (ѱаломъ «псалом», алеѯандеръ «Аляксандар»).

Астатнія літары для пазначэньня зычных (б, в, д, ж, к, л, м, н, п, р, с, т, х, ц, ч, ш, щ) практычна захавалі традыцыі свайго ранейшага выкарыстаньня, хоць зь цягам набліжэньня пісьма да народнае мовы ўжытак некаторых зь іх мог хістацца.

Зь цягам разьвіцьця старабеларускага пісьменства, у прыватнасьці, па павелічэньні выкарыстаньня пісьма праз розныя грамадзкія патрэбы, выпрацоўваюцца пэўныя прыёмы ў бок набліжэньня пісьмовае мовы да народнай. Аднак гэты працэс стаў у вялікай ступені стрыманым (прынамсі нестыхійным), і запавольваўся як сувязьзю з старажытнай культурай пісьма, так і існым ва ўсіх мовах пэўнага «адставаньня» пісьма ад разьвіцьця тых ці іншых рысаў у мове. Разьвіваўся гэты працэс храналягічна і па-рознаму ў асобных жанрах, у выніку паводле ступені дэмакратызацыі вылучаюцца рэлігійныя пераклады, апакрыфічна-біблейскія тэксты, друкаваныя біблейскія тэксты, сьвецкія мастацкія творы, актавая і прыватнаправавая пісьмовасьць. Для параўнаньня, прыкладна ў такую ж схему ўпісваюцца розныя ступені існай раней старабеларуска-царкоўнаславянскай дыглясіі (гл. вышэй).

Некаторыя захаваныя кнігі Літоўскай Мэтрыкі ўжо з канца XV ст. адлюстроўваюць паступовае скарачэньне ўжываньня ѣ (напрыклад, напісаньне е ў словах вено, лесъ, сено замест этымалягічнага яць), хоць часам ён паўставаў на месцы этымалягічнага е (маетѣ, послѣ, тѣрпѣти). Ставіліся спробы адлюстраваньня пераходу    у шэрагу пазыцыяў шляхам напісаньня в (вказовати, встава, вжо, впросити) і яканьня шляхам замены этымалягічнага малога юса (ѧ) на е (деветь, седечи, присегнути), пры гэтым апошняя рыса сустракалася ў стараўкраінскай пісьмовасьці пад старабеларускім уплывам і незалежна — у помніках на паўднёвых дыялектах расейскае мовы XVII ст., прычым у апошнім выпадку такая практыка сустракалася пераважна ў тых жа лексэмах, што і ў старабеларускай пісьмовасьці. Зь іх адлюстраваньне ў памянёным выглядзе гуку  часьцей за ўсё праводзіцца ў дзеясловах мужчынскага роду мінулага часу, у іншых пазыцыях яно магло выражацца і як гіпэркарэкцыя л (почалъшы, далшы, взѧ[л]ши).

Пазьней пэўная дэмакратызацыя правапісных нормаў была прадоўжаная С. Будным, які досыць пасьлядоўна адлюстроўваў    і зацьвярдзеласьць шыпячых (гл. вышэй), вядомыя напісаньні дзеясловаў з постфіксам -ся як судитца, помолиссѧ і г. д. (гл. вышэй). Эвангельле Цяпінскага па сутнасьці скончыла этап стабілізацыі артаграфіі і выцясьненьня зь пісьма царкоўнаславянскіх сродкаў. Нягледзячы, аднак, на паступовае і ўсё большае збліжэньне амаль усіх помнікаў старабеларускае пісьменнасьці з народнай мовай, найбольш пасьлядоўнымі зь іх безадносна да храналёгіі стала актавая пісьмовасьць, якая, да таго ж, мела пэўнае кола сыстэматычна адлюстраваных рысаў: амаль поўная адсутнасьць царкоўнаславянскіх напісаньняў у агаласоўцы (врагъ і да т. п.), канчатку -аго ў аніякім і мужчынскім родах роднага склону прыметнікаў і дзеепрыметнікаў на -щ-, што зьвязана з шырокаўжываным, практычна скіраваным характарам такіх помнікаў. З таго ж часу ставяцца спробы адлюстраваньня ёту не перад галоснымі, які раней графічна не адрозьніваўся ад и, у выглядзе дыякрытычных знакаў над гэтай літарай або яе вынасам. Апошні прыём з пачатку XVI ст. стаў правобразам знаку паерык, які выкарыстоўваўся ў тым ліку і ў гэтым жа значэньні (гроше[и], але мате’, во’техъ, на’митъ. У канцы XVI ст. урэшце незалежна ад сучаснага паўстае знак й з тым жа значэньнем.

У XVI ст. параўнальна часта пачынаецца адлюстраваньне на пісьме дзеканьня і цеканьня (глаголець, поводзе, метаци, дзедзич, жеръдзье озеродное, Арцемъ).

Зь іншага боку, прыкладна пасьля сярэдзіны XVI ст., г.зн. пасьля зьвядзеньня да мінімуму царкоўнаславянскага ўплыву, канчатак дзеясловаў -ть, адпаведны народнай мове, на пісьме стаў замяняцца на -тъ. Згодна з старажытнарускай традыцыяй, не пазначалася мяккасьць л, с, з, д, т, н, але ў другой палове XVI — пачатку XVII стагодзьдзя ставяцца спробы яе адлюстраваньня (людьми, ганьба, запальчивость). Выключнай стала тэндэнцыя В. Цяпінскага ў ягоным «Эвангельлі» да пачашчэньня ь як сродку перадачы асыміляцыйнае мяккасьці зычных (сьвиренъ, есьть, часьть), падобная асыміляцыя спарадычна прыкладна адлюстроўвалася ў напісаньні аддзеяслоўных назоўнікаў (веселле, коренне, творенне). Аднак адначасна ў той жа пэрыяд часта наглядаецца паўсюдная замена ь  ъ (частъ, сеножатъ, денъ), што тлумачыцца ў цэлым большай частотнасьцю выкарыстаньня гэтага знаку ў старабеларускай мове.

Большасьць друкаванае прадукцыі з канца XVI ст. выдавалася на царкоўнаславянскай мове, і праз гэта стабілізацыя артаграфіі і граматыкі адбывалася на ўзор царкоўнаславянскае мовы. Гэта, у сваю чаргу, стала ўзорам для рукапіснае літаратуры, што зрабіла правапіс бліжэйшым да этымалягічнага.

Паралельна гэтаму працэсу ў актавай пісьмовасьці агульнадзяржаўнага карыстаньня (ІІ, ІІІ Статуты, тэкст Трыбуналу ВКЛ) праяўляюцца такія выдатныя рысы на пісьме як спроба перадачы на пісьме пратэтычнага  між прыназоўнікам у і перад пачатковым галосным наступнага слова (ув обозе, ув обороне, ув опеце), прыстаўны  мог адлюстроўвацца ў іншых становішчах (воко, вужа, пре[з] вугли, гіпэркарэкцыйнае озьмите), аднак традыцыйнае напісаньне падтрымлівалася адсутнасьцю прыстаўнога  у радзе паўднёва-заходніх гаворак. Зусім рэдкае ўжываньне на пісьме прыстаўнога  (гужи, гусеница, гето[т]). Уласна перадаваньне ув існуе з XIV ст., але зьнікае ў XVII ст. нават у актавай пісьмовасьці. У той жа частцы помнікаў спроба пасьлядоўнага, блізкага да жывога вымаўленьня адлюстраваньня афрыкаты  шляхам напісаньня дч (зъеждчатисе, наеждчати, приеждчати, хоць абодва напісаньні зрэдчас сустракаліся і раней. У ІІ ды ІІІ Статутах ужываецца літара э, хоць пазьней яна не выкарыстоўвалася наогул. У ІІ Статуце ў рукапісных сьпісах літара пачашчаецца, сустракаючыся нават ва ўласнабеларускіх словах (чэрэзъ, шэсть, ещэ), літара таксама частая ў Мэтрыцы С. Баторыя (мэтрыка, каштэлянъ, апэляцыя), у Мэтрыцы Радзівіла і фрагмэнтарна — Жыгімонта Вазы сустракаюцца напісаньні прыметнікаў без канцавога -й (поменены, шляхетны, други), але адсутнасьць апошніх у іншых помніках і складаньне гэтых кніг па-за межамі этнічнае беларускае тэрыторыі слушней гаворыць пра запазычаньне гэтых напісаньняў з польскае мовы. У цэлым адлюстраваньне на пісьме парадыгмаў назоўнікаў, прыметнікаў і дзеясловаў у актах канца XVI ст. аналягічная пісьмовасьці актаў мяжы XV—XVI стагодзьдзяў, хоць першыя маюць увогуле большую ўнармаванасьць. У гэтым дачыненьні зь імі збліжаюцца і іншыя помнікі той эпохі, але, напрыклад, яны маюць адметную рысу ў выглядзе замены щ на шч (ешче, пушча, мешчанин). Такую ж тэндэнцыю і, як вынік, падобную, параўнальна дэмакратычную сыстэму пісьма адлюстроўваюць перакладныя помнікі таго ж часу (аповесьць пра Трыстана, аповесьць пра Баву, гісторыя аб Атыле, кніга пра Тундала), аднак і яны маюць адметныя рысы (мяшаньне ѧ ды ꙗ: у шэрагу помнікаў у любых пазыцыях ужытая толькі адна з гэтых літараў: имꙗ, сченꙗ, рꙗдъ). З таго ж часу ў актах варыянтнай нормай стала адлюстраваньне зацьвярдзелага  і швпячых, у апошнім выпадку існавалі нават сьвядомыя выпраўленьні традыцыйных формаў на інавацыйныя. У той жа час, помнікі гэтай эпохі адлюстроўваюць дэмакратызацыю пісьма ня толькі ў кірунку набліжэньня яго да народнага вымаўленьня, але і на шляху адкіданьня графічных дублетаў: так, у актавай пісьмовасьці адмірае оу і застаюцца толькі у ды ꙋ, пасьля чаго гэтая тэндэнцыя пранікае і ў помнікі іншых жанраў.

Надзвычай пашыраным заставалася ўжываньне ф (ферт) ды ѳ (фіта) у запазычаньнях. Дастаткова рэдкія выпадкі іх замены на п, т, х (степанъ, пилипъ і да т.п.), адначасова параўнальна частымі сталі гіпэркарэкцыйныя напісаньні тыпу фороба «хвароба», ѳалити «хваліць».

З пачатку XVII ст. пазначаная традыцыя ў вялікай ступені прадаўжаецца ў праваслаўных старадруках (гл. вышэй), хоць часам яны дапускаюць пазначэньне зацьвярдзеласьці, часьцейшае ўжываньне амэгі ў сярэдзіне і ў канцы словаў пасьля зычных (мԝцъ, многԝ, нарԝдъ; у прыватнасьці, пад уплывам царкоўнаславянскае мовы літара пашыралася на шэраг прыметнікавых канчаткаў), выкарыстаньне асаблівага графічнага варыянту г замест кг, ïо для пазначэньня o пасьля мяккіх зычных (астролïокгъ, живïолъ, малïованый). Там жа ўпершыню ў назоўніках творнага склону жаночага роду асноваў на -і пасьлядоўна ўведзены канчатак -ю (горливостю, реч’ю, поволно[ст]ю). У сваю чаргу, у цэлым адпаведную актам тагачаснае пісьмовасьці артаграфію мелі палемічныя творы прыхільнікаў Берасьцейскай царкоўнай уніі, але часам яны з мэтаю большае блізкасьці да чытачоў паказваюць большае набліжэньне да народнае мовы; зрэшты, у іх пачашчаецца колькасьць пісьмовых палянізмаў у парадыгме. Рукапісная праваслаўная і ўніяцкая літаратура гэтага ж часу мае ў пэўнай ступені большую дэмакратычнасьць у пісьме, а менавіта пачашчэньне в замест л на канцы дзеясловаў мінулага часу.

Для першае паловы XVII ст. вядомы таксама зборнік камэнтароў да шэрагу кніг Бібліі таго ж часу (Зборнік 111 АН УССР), дзе назоўнікі жаночага і ніякага родаў з зацьвярдзелай асновай у давальным і месным склонах часта маюць канчатак -ы/-и (на моцы, по сути, в божницы). Там жа на пісьме ўпершыню параўнальна сыстэматычна праведзеная ўніфікацыя канчаткаў прыметнікаў мужчынскага і ніякага родаў творнага і меснага склонаў (ѡ вшеляки[м] пеклѣ, в новы[м] законѣ, при кажды[м] мѣстѣ). Адасоблены этап у далейшым працягу працэсу дэмакратызацыі пісьма мяжы XVI—XVII стагодзьдзяў паказаў Баркулабаўскі летапіс, дзе параўнальна нізкай стала пісьмовая палянізацыя парадыгмаў, што, аднак, паказвае на захаваньне пэўнае няўстойлівасьці ў пісьме. Зрэшты, адныя з храналягічна апошніх помнікаў старабеларускае мовы (другая палова XVII ст.) паказваюць у цэлым захаваньне складзенай артаграфічнай традыцыі, г. зн. адпаведнай мяжы XVI—XVII стагодзьдзяў.

З прычыны выключнай сутнасьці «Збору выпадкаў кароткіх…» ягоную артаграфію варта вылучыць асобна. Так, пэрфэкт трэцяй асобы перадаецца ў ім з -в на канцы (трымавъ, чувъ, бравъ), існуе перавага ѣ над и (пад націскам: нѣско, повѣнность, велѣкій; у інфінітыве: носѣти, робѣти, влѣти; не пад націскам: пѣсати, крывдѣти, пѣлновати), узьнікненьне ы/и на месцы ѣ (грыхи, згорило, оумили). Прыметнік і дзеяслоў маюць больш царкоўнаславянскіх рысаў у афармленьні іх зьменаў; у назоўніку жаночага роду, у прыватнасьці, больш пашыранае -ïю ў творным склоне (кровïю, пилностïю, солïю), у прыметніку — пачашчэньне канчатку -аго, побач з чым таксама пашырэньне дзеепрыметнікаў на -щ- (попелнѧющій, шлюбующій, мающій) альбо нават у поўнай форме въверзаѧй, палѧй, воскресый). Прыметнік, займеньнік, парадкавы лічэбнік жаночага роду роднага склону маюць ня толькі канчатак -ой (рочной интраты, слушной причины, доброй речи), але і -ыѧ/-ïѧ (кождыѧ працы, первыѧ ласки, власныѧ воли); у множным ліку назоўнага і вінавальнага склонаў — як -ыи, так і -ыѧ/-ïѧ (дни повшехныѧ, дѣти малыѧ, забавы свѣцкïѧ). Пісьмовае, а значыць, у пэўнай ступені штучнае карыстаньне мовы тлумачыць супадзеньне блізкага да народнае мовы дзеяслоўнага -въ з запазычаным у пісьмо польскімі канчаткамі тыпу оучинивемъ, бывесь. Аддзеяслоўны назоўнік на пісьме меў таксама царкоўнаславянскае афармленьне (оферованïе, читанïе, призволенïе). Выключным у параўнаньні зь сярэдзінай XVI—XVII стагодзьдзяў стала кантэкстуальнае ўжываньне аорысту, значна пашырылася ўжываньне царкоўнаславянізмаў (нават у выглядзе агаласоўкі: седмъ, дщеръ, помощь, глава).

Найбольш старажытнай і ўспадкаванай з старажытнарускага пэрыяду ў старабеларускай пісьмовасьці быў устаў, які да канца XIV ст. у кірыліцы быў практычна адзіным узорам пісьма. У другой палове таго ж стагодзьдзя ўстаў падзяляецца на полацкі тып і тып астатніх рэгіёнаў ВКЛ — апошні характарызаваўся пэўным рухам да далейшага спрашчэньня асноўных альгарытмаў малюнку літараў. Гэтыя заканамернасьці былі сыстэмнымі і рухаліся ў бок зьмяншэньня знакаў, іх меншай сымэтрычнасьці і геамэтрычнасьці і павелічэньня колькасьці памежных сыгналаў, у выніку чаго зьявіўся паўустаў. Яшчэ большыя тэндэнцыі ў гэтым кірунку праявіў узьніклы тады ж скорапіс (з прычыны свайго асобнага разьвіцьця ад расейскага вядомы як беларускі або віленскі). Гэтая канфігурацыя пісьма найбольшае пашырэньне атрымала ў актавай пісьмовасьці. З другой паловы XVI ст. вылучаецца яшчэ бліжэйшы да скорапісу «малодшы» паўстаў, хоць у гэтым жа стагодзьдзі скорапіс становіцца найбольш пашыранай тэхнікай пісьма ва ўсіх жанрах помнікаў. Скорапіс меў падабенства да формаў напісаньня лацінскіх літараў, што дасягнула найбольшае ступені ў XVII ст. у старадруках віленскіх друкарняў (напрыклад, выдадзены ў той жа час Эфімэрыёс). Яшчэ большае набліжэньне да формаў лацінскіх літараў у канцы XVII ст. зьдзейсьніў беларускі граматыст і дзяяч «брацтваў» Ільля Капіевіч, які прадпрыняў спробу рэформы напісаньня літараў шляхам наданьня ім большай акругленасьці і падабенства да лацінскага пісьма. Пашырэньне друкаванае кнігі з канца XVI ст. у ВКЛ адлюстравалася ў скарачэньні вынасу літараў. Асаблівы курсіўны шрыфт упершыню быў выкарыстаны ў друкарні Мамонічаў пры выданьні ІІ, ІІІ Статутаў, а таксама тэксту Трыбуналу ВКЛ, пры гэтым традыцыйны шрыфт не ўжываўся наогул.

Асобнае разьвіцьцё старабеларускае мовы, а таксама імкненьне да спрашчэньня працэсу пісьма прычыняліся да ўзьнікненьня на пісьме ўласных палеаграфічных асаблівасьцяў, у прыватнасьці, выкарыстаньне надрадковых напісаньняў у пэўных пазыцыях. Гэта, аднак, нярэдка зацямняе вывучэньне адлюстраваньня пэўных рысаў мовы, прыкладам, дыялектызмаў.

Ужо з ХІІІ ст. (Смаленская грамата 1229 г.) колькасьць вынасных літараў крыху пачашчаецца, але дагэтуль істотныя традыцыйныя спалучэньні скарачэньня і вынасу ў радзе традыцыйных словаў (еп[с]пъ «япіскап», цр[с]тво «царства», лігатурная т у прыназоўніку о[т]). Гэтыя прыёмы заставаліся нязьменнымі да сярэдзіны XV ст. Зь іншага боку, пакрысе праяўляецца вынас апошніх зычных з пропускам ераў (буде[т], да[л], кнѧ[з]) альбо зычных канцавых з пропускам наступнай галоснай (тие лю[д], сию грамо[т], ризько[г] горо[д]), радзей — вынас зычных у сярэдзіне (бра[т]ею), пры гэтым калі зычны месьціўся між дзьвюма аднолькавымі галоснымі, другая галосная апускалася (боу[д]щий). У XVI—XVII стагодзьдзі працягваецца скарачэньне і вынас адной зычнай у рэлігійнай лексыцы, але да іх дадаюцца ўжо тытулятура і звароты (г[с]дрь «гаспадар», мл[с]ть «міласьць», его к[р] м[л] «яго каралеўская міласьць»). У напісаньнях апошняга тыпу ставілася цітла, але яно ставілася таксама над літарай (групай літараў), калі літара мела лічбавае значэньне. Да скарачэньняў прымыкае знак камора ͡, ужываны, па ўсёй бачнасьці, замест ераў (ве͡лмі). Тую ж функцыю ў зьбегах зычных і ў канцы словаў, а таксама значэньне ёту меў паерык (гл. вышэй).

З XV ст. у выніку другога паўднёваславянскага ўплыву нават у актах пашыраецца практыка прастаноўкі грэцкага знаку прыдыханьня над є, ѡ, ꙗ, ы, и, оу ў пачатку словаў або ў канцы, але праз адсутнасьць іх практычнага значэньня гэтыя знакі амаль зьнікаюць у XVI ст. З XVI ст. пачынаецца пазначацца націск (гл. вышэй), але ён меў або паўднёваславянскае значэньне альбо ставіўся наогул бессыстэмна (которие́, го́лова, при́шолъ). З таго ж часу таксама неабгрунтавана ўводзяцца знакі оксія ’ і варыя ‘ , але з канца таго ж стагодзьдзя оксія ўжываецца для пазначэньня націску ў сярэдзіне слова, варыя — у адкрытых канцавых сказах. Але і тут існавалі пэўныя адхіленьні (тако́вый, дру́гий, але таковы́й, други́й).

Зь сярэдзіны XV ст. заканамерным стаў вынас зычных у сярэдзіне слова між галосным і зычным (пра[в]да, вше[д]ши, ко[л]ко). Гэты прыём актыўна выкарыстоўваўся ў XVI—XVII стагодзьдзях. У паўустаўным пісьме рэдка выносіліся р, ф, ѳ, ѯ, ѱ, найчасьцейшымі паводле вынасу сталі літары в, г, д, л, м, н, с, т, х, а літары д, ж, з, л, м, р, т, х набылі цітлападобны выгляд і сталі вынасіцца бязь цітлы.

З канца XV ст. над радком пашыраецца выкарыстаньне літараў т, л, х, м у дзеясловах трэцяй асобы; дзеясловах мінулага часу; у прыметніках і займеньніках роднага, давальнага, меснага склонаў множнага ліку; у назоўніках давальнага і меснага склонаў множнага ліку (знаиде[т], научаю[т], пыла[л], в ты[х], къ троко[м], в оны[х] оусе[х] сторона[х]). У XVI ст. пашыраецца вынас і скарачэньні ў прыметніках роднага склону адзіночнага ліку (добро[г], старо[г], вчорашне[г]) і інфінітывах (поклада[т], працова[т], чита[т]), зычнага перад групай «ь + галосны» (гл. аддзеяслоўныя назоўнікі).

З пункту гледжаньня ўзаемадзеяньня старажытнарускае і старабеларускае моўных традыцыяў у ВКЛ, што ўключала большую частку тагачаснай беларускай этнічнай тэрыторыі, адметнасьць паказваюць помнікі г.зв. беларуска-літоўскага летапісаньня (гл. вышэй), якія структурна адносяцца да помнікаў старажытнарускае літаратуры, але маюць пісьмовыя беларусізмы з шэрагу спэцыфічна літоўскіх прыёмаў пісьма, у прыватнасьці, вынас канцавых літараў для зычных (горо[д], кнѧ[з], коро[л]), першых зычных з двайнога ці шырэйшага зьбегу зычных у сярэдзіне слова (ве[л]ми, ви[л]нѧ, вите[б]скъ).

З ХІІІ—XIV стагодзьдзяў захаваўся вялікі корпус актавых помнікаў, якія адносяцца пераважна да Полацкага, Смаленскага і Віцебскага княстваў, у прыватнасьці, гэта дамова Смаленску з Рыгай і Гоцкім берагам 1229 г. (захаваная ў шасьці сьпісах), граматы полацкіх князёў Гердзеня (1264 г.), Ізяслава (~1265 г.), грамата смаленскага князя Фёдара (1284 г.), грамата полацкага эпіскапа Якава (1300 г.), грамата рыжанаў да віцебскага князя Міхаіла аб крыўдах (~1300 г.), дамова Полацку з Рыгай (~1330 г.), укладная грамата княгіні Ўльяны царкве ў Азярышчах (1377 г.). Пазьней да іх дадаюцца акты агульналітоўскага значэньня і акты іншых рэгіёнаў (дамова літоўскіх князёў з Польшчай і Мазовіяй 1349 г.), прысяга Дзьмітрыя Альгердавіча Ягайлу (1388 г.). Нягледзячы на беларускія рысы ў гэтых граматах, яны, аднак, яшчэ ня склалі тагачасную пісьмовую норму, а аснова граматаў была старажытнарускай.

Сярод помнікаў той жа эпохі ў праблеме параўнальнага ўсходнеславянскага мовазнаўства, сувязяў з старажытнанаўгародзкім дыялектам і паўночна-ўсходнім дыялектам беларускае мовы, гісторыі мажлівых шырокіх пскоўска-літоўскіх сувязяў, вызначэньня этнакультурнае сытуацыі славянскага насельніцтва Пскоўскае зямлі, а таксама пры пытаньні пасьлядоўнае іх русіфікацыі значнасьць мае вывучэньне пскоўскіх помнікаў XIV—XVII стагодзьдзяў і, у прыватнасьці, характэрных апісак у іхных рэлігійных творах у параўнаньні з сучаснымі пскоўскімі гаворкамі.

Адной з найважнейшых актавых крыніцаў старабеларускай мовы зьяўляюцца архівы Літоўскай Мэтрыкі, дакумэнты якой ствараліся ў вялікакняскай канцылярыі з канца XV ст. і якая ўтрымлівае пастановы вялікіх князёў літоўскіх, пастановы ўраднікаў ВКЛ, соймавыя пастановы, а таксама лісты службовых і прыватных асобаў, хоць большая частка арыгінальных дакумэнтаў у сувязі з частым выкарыстаньнем псавалася. Зь сярэдзіны XVI ст. асабліва павялічваецца структурна блізкі корпус актаў гродзкіх, земскіх судоў, інвэнтароў, актаў мескага кіраваньня. У прыватнасьці, пад канец ХІХ ст. фоны гэтых актаў у Вільні і Віцебску сягнулі амаль 20 тыс. адзінак захоўваньня. Сярод помнікаў актавае мовы вылучаюцца таксама паасобныя зборы: судовая кніга канцылярыі Жыгімонта Аўгуста, Мэтрыка Стэфана Баторыя, кніга канцылярыі Жыгімонта Вазы, кнігі канцлераў Лява Сапегі і Альбрэхта Станіслава Радзівіла, пры гэтым апошняя ўкладзеная за даволі позьні час, 1646—1648. На мяжы XVI—XVII стагодзьдзяў пачалася праца па перапісваньні актаў Мэтрыкі, з другой паловы XVII ст. яны пачалі перапісвацца польскім варыянтам лацінскага альфабэту і зазнаваць пазьнейшыя моўныя ўплывы.

На падставе ўскосных зьвестак мяркуецца існаваньне самастойных мастацкіх помнікаў, зь якіх захаваны толькі фрагмэнты, умоўна вядомыя як «Аповесьць аб паўстаньні чорных людзей», «Аповесьць аб Грунвальдзкай бітве», «Аповесьць аб Падольлі» і г. д.; перакладныя помнікі («Александрыя», «Траянская гісторыя»). Для двух апошніх, зрэшты, у цэлым уласьцівае захаваньне старажытнарускіх і царкоўнаславянскіх моўных элемэнтаў і сродкаў поруч з крыху большай беларусізацыяй гэтых помнікаў і пранікненьнем палянізмаў. Творы гэтае катэгорыі ўзьніклі, мажліва, ужо ў другой палове XV ст., зь іх першым стала «Прытча аб каралёх».

З пункту гледжаньня адлюстраваньня мажлівасьцяў існаваньня ў тагачасным беларускім культурным асяродзьдзі некалькіх моўных сыстэмаў, зьвязаных з гэтым мэнтальных і культурных установак адносна мовы і яе месца ў пэўных галінах дзейнасьці маюць асобнае месца эвангельлі і псалтыры, перапісаныя на беларускай этнічнай тэрыторыі. У іх зь XV—XVI стагодзьдзяў зрэдку трапляецца аканьне, пераход   , зьмяшэньне ѣ ды е, хоць у цэлым такія выпадкі на пісьме надзвычай рэдкія з прычыны крайняй кананічнасьці гэтых твораў. Творы павучальнага характару празь іх арыгінальны характар і, як вынік, адсутнасьць царкоўнаславянскіх пратографаў, а таксама празь імкненьне зрабіць тэкст даступнейшым зазнавалі беларусізацыю ўключна да стану зьмяшанага беларуска-царкоўнаславянскага тыпу, хоць колькасьць такіх помнікаў невялікая. Тыповым помнікам такога характару стала Чэцьця 1489 г., перапісаная ў Камянцы Літоўскім пісцом з Наваградку, пасьля чаго найбольш зьмястоўнымі і арыгінальнымі зь іх можна лічыць творчасьць Ф. Скарыны. Царкоўная літаратура зьмяшанага беларуска-царкоўнаславянскага тыпу пашырылася ў ВКЛ у часы XV—XVI стагодзьдзяў праз пашырэньне дзейнасьці г.зв. ерасі жыдоўствуючых («Лапатачнік», «Лёгіка», «Шастакрыл», «Касмаграфія», «Арыстотэлевы вароты»), да іх адносіліся таксама лёгіка-філязофскія, мэдыцынскія трактаты, касмаграфічныя і энцыкляпэдычныя творы. З пункту гледжаньня адлюстраваньня такіх жа адносінаў маюць значэньне праскія выданьні Бібліі Скарыны, дзе шэраг царкоўнаславянскіх словаў суправаджаецца глёсамі на тагачаснай беларускай мове. Параўнальна зь імі асаблівы характар маюць два зборнікі пачатку XVI ст. зь беларускімі рэлігійнымі перакладамі («Ёў», «Рут», «Песьня песьняў», «Эклезіяст», «Прытчы Салямонавы», «Ераміін плач», «Кніга Данііла прарока», «Эстэр».

З той жа прычыны, а таксама праз асобную гістарычную і мовазнаўчую адметнасьць маюць значэньне помнікі татараў ВКЛ, напісаныя арабскім пісьмом. Дасюль дайшло 24 рукапісы, што зыходзяць да XVI ст., адзін зь іх належыць да 1759 г. Большасьць зь іх мае рэлігійны зьмест і ўнікальныя дзякуючы найбольш пасьпяховаму адлюстраваньню стану фанэтыкі тагачаснае беларускае народнае мовы.

Эвалюцыю далейшых культурных уяўленьняў знаёмых зь пісьмовай культурай беларусаў і адлюстраваньне на ёй гэтых працэсаў цікавыя «Гістарычныя запіскі» («Дзёньнік») наваградзкага падсудка Ф. Еўлашоўскага (мяжа XVI—XVII стагодзьдзяў), які адметны дзякуючы надзвычай моцнай палянізацыі граматыкі пры адносна старым узроўні палянізмаў у лексыцы. У літаратурным дачыненьні зь ім аб’ядноўваецца корпус іншае мэмуарнае літаратуры мяжы XVI—XVII стагодзьдзяў («Дыярыюш» А. Філіповіча, Баркулабаўскі летапіс). Разам яны прымыкаюць да сьвецкіх гістарычных твораў, але спалучаюць розныя стылі (дзелавы, навуковы, рэлігійны) і праз розныя культурныя, грамадзкія і адукацыйныя ўяўленьні па-рознаму адбіраюць моўныя сродкі.

Са старабеларускіх старадрукаў канца XVI — сярэдзіны XVII стагодзьдзяў (пераважна павучальная і прапаведніцкая літаратура) важныя як арыгінальныя («Казаньне пахавальнае» М. Сматрыцкага, 1620, Вільня; «Два казаньні» Л. Карповіча, 1616, Еўе; «Навука аб сямі тайнах», 1620, Вільня; «Дыдаскалія», 1653, Куцеін) помнікі, якія, будучы арыгіналамі, адлюстроўваюць працэс разуменьня артаграфіі выдаўцамі незалежна ад іншых тэкстаў; так і перакладныя, што адлюстроўваюць прыёмы перакладу. Гэтыя помнікі разам з актавай пісьмовасьцю таго ж часу, а таксама палемічнымі ўніяцкімі творамі адлюстроўваюць найвышэйшы (г. зн., найбольш унармаваны і дасканалы) этап фармаваньня пісьмовае культуры, што пасьля стала пэўным узорам для яе.

Сярод помнікаў важкае асобнае месца ў гістарычным параўнальным кантэксьце вывучэньня мовы займае бэлетрызаваны твор летувіскага манаха ордэну канонікаў рэгулярных Міколаса Альшаўскаса «Брама, адчыненая ў вечнасьць» (Broma atwerta ing wiecznasti, 1753), напісаны на летувіскай мове, але ўтрымлівае каля напалову беларускую і польскую лексыку, з таго ж пункту гледжаньня асобнае месца маюць адныя з апошніх кірылічных твораў (з другой паловы XVII ст. па 1722 г.). Сярод іх найбольш адметныя — Статут Полацкага брацтва 1651 г. і супрасьлеўскі «Збор выпадкаў кароткі і духоўным асобам патрэбны»), што нясуць значнасьць як у пытаньні эвалюцыі артаграфічных у рознай ступені, а таксама іх разьвіцьця ў кантэксьце заняпаду актавае пісьмовасьці.

Адным зь першых дасьледнікаў старабеларускае мовы стаў Сымон Будны, які займаўся ў тым ліку вывучэньнем гісторыі старабеларускае мовы, а таксама фанэтыкі, лексыкі, марфалёгіі і роднасных сувязяў зь іншымі славянскімі мовамі. Лексыграфічную працу ў выглядзе глёсаў да незразумелых запазычваньняў, што ня мелі эквівалентаў у старабеларускай мове, у сваім перакладным Эвангельлі правёў В. Цяпінскі. З другой паловы XVI ст. агульная беларуска-ўкраінская традыцыя культурнай дзейнасьці ў праваслаўных брацтвах прычынілася да сыстэматызаванага, заснаванага на ранейшых крыніцах падыходу да лексыкаграфічнае працы, што выявілася ў складаньні лексыконаў-азбукоўнікаў («Лексіс…» Л. Зізанія, «Лексіс з талкаваньнем славенскіх моваў проста», «Сыноніма славенароская», «Лексыкон славенароскі» П. Бярынды). Да ўзроўню філялягічных досьледаў тагачаснай заходняй Эўропы падняў сваю працу «Граматыка словенская» (1643) Ян Ужэвіч, дзе была выкладзеная параўнальная граматыка тагачасных беларускай ды іншых славянскіх моваў.

Штуршок сучаснаму дасьледаваньню мовы паклаў К. Калайдовіч, які ў працы «Пра беларускую гаворку» падкрэсьліў важнасьць вывучэньня сучаснае беларускае мовы ў комплекснай сувязі з старабеларускай. Гэты кірунак актывізавала выданьне крыніцаў Віленскай археаграфічнай камісіяй і Віцебскім цэнтральным архівам.

На цяперашні час дасьледнікамі вызначаная пісьмовасьць мовы (так, напрыклад, з ХІХ стагодзьдзя пачынаючы з расейскага ўсходазнаўца А. Мухлінскага пачалося вывучэньне кітабаў), яе тыпалягічныя паказьнікі (фаналёгія, фанэтыка, марфалёгія, сынтаксіс, лексыка), а таксама функцыянальныя стылі, аднак у галіне дасьледаваньня мовы застаецца шэраг нявызначаных пытаньняў. Адным з падобных пытаньняў зьяўляецца пытаньне нацыянальнага і дзяржаўнага статусу ўсходнеславянскае мовы тагачаснае Беларусі і ВКЛ наогул, у сувязі з чым старабеларуская мова можа разглядацца як адзін з варыянтаў старажытнарускае мовы, як варыянт старажытнаўкраінскае мовы або як асобная мова ў дачыненьні да абедзьвюх.

Характар афіцыйнай мовы ВКЛ і тэндэнцыі ейнага разьвіцьця дасьледаваліся нарвэскім мовазнаўцам К. Стангам, якім увогуле было вывучана 268 пісьмовых дакумэнтаў на мове з канцылярыяў вялікіх князёў літоўскіх Альгерда, Вітаўта, Жыгімонта Кейстутавіча, Казімера Ягелончыка, Аляксандра, Жыгімонта Старога, Боны Сфорцы, Жыгімонта Аўгуста, Стэфана Баторыя і Жыгімонта Вазы. Пэрыядызацыйны аспэкт у дасьледаваньні старабеларускае мовы ўнёс Я. Карскі, які заклаў пачатак разьмежаваньня старажытнарускае і старабеларускае моваў, узяўшы ў якасьці крытэру для гэтага ступень адлюстраваньня беларускіх асаблівасьцяў, поруч з чым вылучыў падзелы Рэчы Паспалітай як храналягічную мяжу існаваньня старабеларускае мовы.

Датычна старабеларускай мовы пэрыяду да пачатку XVI ст. найбольш поўнае апісаньне мае мова актавых дакумэнтаў. Так, смаленска-полацкія граматы дасьледаваліся расейскім лінгвістам і палеографам А. Сабалеўскім, адмысловае дасьледаваньне полацкіх граматаў выканаў нарвэскі мовазнаўца К. Станг, ён жа дасьледаваў раньнюю старабеларускую актавую мову наогул.

Асобны пашыраны характар у навуцы набыло вывучэньне спадчыны Францішка Скарыны, у прыватнасьці, пытаньне моўнай асновы ягоных помнікаў. Так, як пачатак «літаратурнае мовы паўднёва-заходняе Русі» помнікі Ф. Скарыны характарызаваў адзін зь першых дасьледнікаў першадрукара П. Уладзімераў, пазьней гэтыя ж погляды ў цэлым падтрымалі Ц. Ломцеў і М. Алексютовіч. Гэты погляд адзначаў як значна перабольшаны Л. Шакун, з чым згадзіўся С. Ліндэ. Дадаткова гэтага ж палажэньня прытрымліваліся А. Сабалеўскі, Я. Воўк-Левановіч, А. Мартэль, А. Флароўскі. Што тычыць уласна моўных асаблівасьцяў, прапаноўвалася аднясеньне скарынавых твораў як да беларускіх або царкоўнаславянскіх, так і да старажытнарускіх, беларускіх з царкоўнаславянскім уплывам або царкоўнаславянскіх зь беларускім уплывам.

Узор тэксту з дамовы («праўды») 1229 году між Смаленскам і Рыгай ды Гоцкім берагам, у якой, як лічыцца, ужо праяўляюцца прыкметы беларускай мовы:

Апавяшчальны ліст аб увядзеньні ва ўладаньне («увязаньне») вялікага князя Казімера каменецкаму намесьніку Насуту, 1444 г., копія канца XVI ст.:

Прыклад аднаго з найранейшых ужываньняў старабеларускага тэксту ў рэлігійнай галіне з Зборніку № 262:

Прыклад ужываньня старабеларускай мовы — першы абзац з звароту падканцлера ВКЛ Льва Сапегі да Жыгмонта Вазы з нагоды прыняцьця Статуту Вялікага Княства Літоўскага, 1 сьнежня 1588 году, Берасьце:

Урывак з Баркулабаўскага летапісу, напісанага прынамсі не пазьней за пачатак XVII ст.:

Трансьлітарацыя сучасным запісам тэксту аднаго з кітабаў, 1631 г.:

Урывак з трэцяй, арыгінальнай часткі Хронікі Быхаўца (складзеная каля першай паловы XVI ст.; вядомая толькі ў вэрсіі мяжы XVII—XVIII стагодзьдзяў, перапісанай лацініцай):

Урывак з «Збору выпадкаў кароткіх», 1722 г.:




#Total Article count: 224
#Total Word count: 179960